Папярэдняя старонка: Мемуары

Дзітрыкі - згукі заснуўшай цывілізацыі 


Аўтар: Мікола Дзікевіч,
Дадана: 06-06-2016,
Крыніца: Лідскі летапісец №16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23-24, 25-26, 27-28, 29-30.



Першы перыяд: жыццё да 1935 года

Наваколле.

Дзітрыкі Ганчарскай воласці ў пачатку 20 стагоддзя: 192 жыхары (84 мужчыны і 108 жанчын), 225 дзесяцін зямлі, у сярэднім па 1,17 дзесяціны на аднаго жыхара.

Бацькаўшчына... Слова ёмістае, у якім аснова мужчынская, а адносіцца да жаночага роду. Яшчэ ў дзіцячыя гады, як помню сябе, граніцы яе былі недзе за выганам, альховым гаем, балотам з аерам...

Падрастаў і межы яе ўсё аддаляліся. Помню, як прасіўся ў мамы, каб узяла з сабою нядзелькай схадзіць у госці да дзеда з бабай. На цяперашні час шлях да Сяльца невялікі: шэсць кіламетраў. Але мае ўяўленні аб радзіме пашырыліся. На шляху невялічкая вёсачка Жомайзі. Чамусьці вяскоўцаў называлі "варонамі", а нас - "галасямі". Так і зараз не ведаю чаму? Магчыма мы больш былі галасістыя, чым яны. Вялікае ўражанне пакінула чыгунка. Мама, баючыся за мяне, дазволіла падняцца па ўскосу і паглядзець на поўдзень і поўнач уздоўж рэек. Бачылася чысціня і парадак: у раўчук каля рэек пакладзены каменьчыкі, яны былі пабелены. Відовішча такое, як быццам бясконца бяжыць белая лінія да гарызонту побач з рэйкамі. Падыходзячы да дзедавай хаты, можна было скараціць шлях праз луг з невялікім ручайком. Які тут быў парадак і прыгажосць! Здзіўляюся: няма тых кветак!

Цяпер пасля асушэння засталіся расці толькі люцікі. Не расце і трава, а раней сяляне накошвалі па некалькі стажкоў сена.

Наступным падарожжам стала Беліца. На той час лічылася мястэчкам. Там па серадах збіраўся рынак, дзе прадаваліся прадукты вясковай вытворчасці: збажына, жывёла, дзеравянны рыштунак і інш.

А самай займальнай з'явай для мяне была першая паездка ў горад Ліду. Яшчэ напрыканцы дня рыхтаваліся: рамантавалі воз, вупраж, назапашвалі корм для каня. Восенню і зімою выязджалі зацямна, а летам да ўсходу сонца. У горадзе прадавалі збожжа, жывёлу, куплялі гаспадарчы інвентар, часткі для яго, што небудзь з адзення.

Пазней у школе, вывучаючы геаграфію, склаў уяўленне аб Радзіме, як нейкім больш вялікім абшары зямлі з падобнымі на нашу вёску другімі паселішчамі, лугамі, рэчкамі, балотамі, лясамі і палямі.

Размяшчэнне вёскі. Вуліца.

Дзітрыкі. Назва вёскі ад той жа асновы, што і назва ракі Дзітва. Аснова сустракаецца ў тапаніміі Беларусі два разы (Здзітва). Верагодна аднаго паходжання. Значэнне асновы слова невядомы.

Добра памятаю, як настаўнік на ўроках геаграфіі гаварыў, што раней жыхары вёскі выраблялі дзіды. Праўда гэта ці не, але магчыма пайшла адсюль назва вёскі.

Вёска Дзітрыкі, дзе я нарадзіўся, пралягала з поўдня на поўнач. Хаты спачатку будаваліся на заходнім баку вуліцы. З такім разлікам, каб вокны скіроўваліся на ўсход і поўдзень. З раніцы да ночы сонца свяціла ў хату. Затым стала цесна і дамы будавалі на другім баку. Наша хата так і стаяла. Таму студня, хлявы і гумно былі на другі бок вуліцы.

З канца ў канец вуліца была выкладзена каменнямі. З правага і левага боку вуліцы пасля дажджу ручайком сцякала вада. Брук захаваўся дагэтуль. Раней, ступіўшы ў адным і другім канцы вёскі з бруку, восенню і вясною трапляў у гразь. Праўда, тады-сяды "шараваркам" высыпалі грэблю ў кірунку Жомайдзі і Саламянкі пяском ці каменнямі, сабранымі на полі. Кожны гаспадар супраць сваёй хаты падмятаў і прыбіраў вуліцу, таму яна мела прывабны выгляд, калі ўлічыць, што ўздоўж яе раслі рознай вышыні і відаў дрэвы і кусты.

Каля некаторых хатаў стаялі лаўкі, дзе вечарамі сядзелі дзядулі і бабулі, а мы гулялі, або слухалі іх гамонку.

Наогул вуліца была тым месцам, дзе перадавалі вясковыя навіны з канца ў канец вёскі. Раніцай, калі выганялі жывёлу на пашу, потым каля студняў з вадою. Можна пагутарыць, сустракаючы кароў з поля і выганяючы днём, а вечарам зноў. Бывала, так загаворацца суседкі, што дровы ў печы перагараць, выкіпіць саган з бульбай.

Сядзібы. Хаты.

Усе хаты будавалі па дзвюх схемах: хата-сені-камора, або хата-сені. Радзей пры ўваходзе ў хату дарабляўся крыты ганак. Тады ён быў з дзвюх стоек і стрэшкі. Паўсюдна каля дзвярэй клаўся вялікі роўны камень, або іх некалькі, якія з'яўляліся прыступкам у хату. Падмурак, таксама зроблена з вялікіх камянёў, падкочаных пазней пад падваліну, замазвалі звонку і ў сярэдзіне глінай, радзей пяском з вапнай, а больш багатыя гаспадары - з цыментам. На зіму падмурак абсыпалі да падваліны пяском. Хто не гультаяваў - той да вокнаў абкладваў шыльнікам з мохам. Вясной ён скарыстоўваўся на падсціл у хлявах.

У некалькіх хатах падлога была зроблена з дошак, у астатніх выкладзена з гліны. Пазы ў сценах замазвалі глінай, сцены бялілі раз у год, часцей перад Вялікаднем.

У адным з вуглоў віселі абразы. Была там як звычайна палічка, дзе ставіліся свечкі, кветкі, вярба асвеча-ная і другія культавыя рэлігійныя рэчы. На абраз у куце вешалі вышыты ручнік.

Тут у гэтым куце стаяў стол, за якім снедалі, абедалі і вячэралі. Абрусам засцілалі па нядзелях і святах. Лічылася, што гаспадыня была акуратнай, калі стол жоўты ад мыцця. Управа і ўлева ад стала стаялі доўгія і шырокія лавы.

Каля стала знаходзіўся зэдлік (лаўка). На лавах і зэдліку збіралася сям'я да дзесяці душ. Вечарам зэдлік прыстаўляўся да лавы і ўтвараў дадатковае месца на начны адпачынак. Для чаго клаўся вялікі мяшок, напханы сенам (так званы сяннік).

Пры сцяне, дзе не было вокнаў, стаялі два драўляныя ложкі. Матрацаў не было, таму ўтворанае дошкамі неглыбокае "карыта" засцілалі кулявой саломай. Яе часцяком мянялі. Бялізна на ложках была саматканай. Зімой укрываліся "пакулянкай". Гэта паміж двумя дзяругамі клаўся слой льняной кудзелі і прашываўся тоўстымі ніткамі. Падушкі запаўнялі драным курыным пер'ем. Ложкі прыстаўлялі да печы.

Печ, гэта тое месца, дзе зімовымі вечарамі збіралася ўся сям'я. Ставілі ці вешалі нафтавую лямпу (часцей 5-лінейку). Хто шыў, латаў адзенне, другія рамантавалі вупраж, хтось чытаў у голас. Хаты былі халоднымі, бо дубэльтаў (двайных вокнаў) не было. На вокнах намярзала на палец лёду. Дзеці на печы спалі, балазе што да яе прымайстроўвалі палаткі, а ніжэй - прыпечак - ляжак (палок).

Печы рабілі з цэглы-сырца, а скляпенне - з апаленай. Пліт было мала. На прыпечку ставілі трыножак-падстаўку і на ім варылі вячэру, або падагравалі другую ежу, што раніцай варылася ў печы.

Ад печы над ложкамі вісела доўгая гладкая жэрдка, на якой вешалі дробнае адзенне: рубашкі, кашулі і іншае. Кажухі, курткі і бурносы вешалі на цвікі жалезныя, або з дрэва, убітыя ў сцены.

Каля печы ў куце стаялі венік бярозавы, венік з сасны (так звязаны, каб ім можна было вымесці печ ад попелу і вугалю, перад тым як пячы хлеб на аеры, кляновых лістах, ці наогул на муцэ). Былі тут ухваты (вілкі) большы і меншы, качарга і другі рыштунак.

Злева ад дзвярэй стаяла невялічкая лаўка, дзе змяшчалася вядро з вадой і конаўка. Яны часцей былі драўляныя. Вышэй на сцяне вісела невялічкая палічка з лыжкамі (таксама драўлянымі), апалонікі і ліпяныя міскі, качалка таўчы бульбу. Вось і весь рыштунак для падрыхтоўкі ежы. Тут стаяў цэбар (пасудзіна ў выглядзе цяпераш-няй вываркі), куды злівалі брудную ваду, мыліся над ім. Зімой ён запаўняўся сечкай, якая запарвалася, а ноччу дзеці мачыліся. Каровы вельмі добра з'ядалі гэтую "запраўку".

Сялянская хата зімой была і прытулкам для жывёл. Зімы былі халоднымі. Часта прыносілі ягнят з авечкамі, каб яны абсохлі і падмацаваліся. Сушылі тут і цялят. Падлога земляная, падсцілалі яшчэ саломай. Паветра ў хаце было не вельмі прыемным, але людзі мірыліся з гэтым. Пагібель жывёлы значна зніжала даход у гаспадарцы. Куры ў марозлівыя дні жылі ў падпеччы. Бабуля раніцай правярала іх і тыя несліся ў яе на ложку. Там была салома. Накрывала іх рэшатам, каб не ўцякалі. Куры чамусці былі рахманыя. Бабуля іх хутка лавіла (а яны і не ўцякалі), адпускала, каб прадоўжылі дзяўбці зерне.

Помню і такі выпадак, калі нават конь знаходзіўся ў хаце, магчыма з тыдзень. Моцна хварэў, а зіма была марозлівая.

Калі ў сям'і былі малыя дзеці, тады да года або двух, яны спалі ў люльцы, якая вісела над ложкам. Ноччу, калі дзіця заплача, можна было не ўстаючы, пакалыхаць. Люлька мела выгляд авальнага круга абцягнутага палатном (радзюгай). Больш старэйшыя дзеці спалі з бацькамі або адны на печы ці прыпечку, на лаве на сянніку.

Гумны.

Весці гаспадарку ў той час без такой пабудовы як гумно было немагчыма.
Будавалася гумно з розных парод дрэў, але шулы (апоры) рабіліся з дубу і закопвалі іх у зямлю не меней, чым на 70-80 см. Паміж шуламі сцены закладвалі бярвеннямі з сасны, ёлкі, бярозы, альхі, асіны і інш. Падбіралі не тоўстыя, так, каб не трэба было абчэсваць. Клалі без моху і ўтвараліся шчыліны да 1-3 см з натуральнай вентыляцыяй. Велічыня гумна вызначалася па колькасці пар сох ад двух да чатырох і дзвярэй ад адных да чатырох. Сохі ставіліся на вялікія камяні, а ўверсе яны замацоўваліся ачэпамі, на якія вешалі крохвы. Паміж сохамі высцілалі ток з гліны і закладвалі старонкі з дошак. На таку малацілі збожжа, веялі яго, а старонкі затрымлівалі зерне, якое адскоквала пры малацьбе і веянні.
Гумны пакрываліся саломай. Не помню, каб у вёсцы на той час стрэхі былі з другога матэрыялу.
Над дзвярмі рабіўся надстрэшак, каб не засякаў дождж на ток, не моклі дзверы.
Злева і справа ад дзвярэй у надстрэшку складалі грачыху, люпін, каб хутчэй высыхалі і можна было змалаціць.
На таку заўсёды стаяў воз і знаходзілася збруя. Калі звозілі збожжа, сена ў гумно, тады там дзе на таку былі адны дзверы, павозку з канём прыходзілася здаваць назад. Коні чамусці "задні" рух выконвалі добра.

Хлявы

Забудовы на вёсцы якія мелі выгляд рознай планіроўкі. Хто на што быў здольны і ў залежнасці ад колькасці матэрыялаў хлявы будаваліся аднаасобна ад другіх будынкаў. Былі такія хлявы, калі трох - ці чатырохсценамі туліліся да хаты, або сяней і каморы. Утвараўся ланцуг забудовы да 50 м.
Помню, як аднойчы загарэлася адрына, самая апошняя ў гэтым шэрагу. Было гэта ноччу. Збегліся людзі, затым падмога з суседняй вёскі. Садралі салому з сяней і каморы, і так выратавалі хату. Мы дзеці адкідвалі салому, насілі ваду, сыпалі пясок. Не тое, што цяпер: людзі прыходзяць падзівіцца, як гарыць сусед.
Некаторыя гаспадары пры хлявах прыбудоўвалі свінушнікі і курнікі. Але ў асноўным свіней гадавалі ў агульным хляве, дзе былі загарадкі для каня, кароў і авечак. Там вясной, летам і восенню знайходзіліся куры. Ім прыбівалі жэрдкі ў якім небудзь куце. Калі зімы былі цёплымі, яны заставаліся там на ўвесь год. У хлявах столь майстравалі з жэрдак, пакладзеных так, каб праз іх не правальвалася салома. Салома з'яўлялася паглынальнікам вільгаці. Бывала і так, што вясной пры бяскорміцы яе рэзалі на сечку.

Свірны.

На ўсю вёску свірнаў было некалькі. Будавалі іх у выглядзе квадрата са сцяной даўжынёй ад 3 м да 4 м. Падваліны клалі па вуглах на вялікія камяні вышынёй не меней паўметра. Падлогу рабілі з тоўстых дошак або з палавінак бярвеннняў.
Пад падлогай вольна дзьмуў вецер і сушыў збожжа.
Засекі майстравалі з дошак так, каб не ўтваралі шчылін. У свірнах захоўвалі збожжа, муку, вотрубы.

Сені.

Сені прыбудоўвалі да хаты, а да іх камору. Так як свірнаў была мала, тады сені іх замянялі. Для захоўвання збожжа і мукі майстравалі вялікія скрыні на высокіх ножках і з добрымі накрыўкамі. Скрыні не прытулялі блізка да сцен і адну да другой. Каты вольна хадзілі паміж скрынямі.
Летам у сенях майстравалі месца, каб можна было спаць, а таксама ў гарачыя дні пасля абеду адпачыць, балазе тут было мала мух.
У сенях часцей за ўсё не было столі. Не хапала дошак.

Камора.

У тыя часы камора - цяперашні халадзільнік, склеп, кладоўка, хлебны кантэйнер і многае іншае. Вёска была пабудавана на нізіннай мясцовасці. Пракапаўшы на метр яму, у ёй з'яўлялася вада. Будаваць у такіх умовах склеп для сховішча бульбы - задума не з лепшых. Людзі па рознаму захоўвалі бульбу. На высокіх месцах воддаль ад вёскі капалі круглыя ямы, куды засыпалі бульбу на насенне.
Перад вайной бульбу на насенне захоўвалі таксама ў капцах. Выкопвалі прадаўгаватую яму глыбінёй паўметра, шырынёй два метры і даўжынёй у залежнасці ад колькасці бульбы. Па баках яму абкладвалі саломай. Насыпаўшы бульбу, зверху накрывалі яе таксама саломай. Затым салому засыпалі тонкім слоем зямлі. Калі надыходзілі маразы, яшчэ раз уцяплялі адным пластом саломы і засыпалі зямлёй. Наверх клалі яловыя галінкі для затрымання снегу. Цяпер такім спосабам захоўваюць бульбу ў калгасах.
Для бульбы ў штодзённым ужытку майстравалі штосці падобнае на склеп і свіран. У зямлі на паўметра ўглыб і паўметранад зямлёй сцены выкладвалі камянямі. Частку каменнай сцяны над зямлёй ўцяплялі пяском. Затым будавалі з бярвенняў чатырох-сценак. Яго ўцяплялі шыльнікам, мохам ці кастрыцаю. Клалі цёплую столь, якую пакрывалі двухсхільнай страхой з саломы. У такі склеп можна было зайсці праз дзверы збоку або праз лаз зверху па драбінах. Захоўвалі тут бульбу і агародніну. Калі чатырохсценак быў высокім, тады на столі ўтваралася каморка для розных рэчаў. Але такіх збудаванняў у вёсцы было некалькі, таму пад бульбу абсталёўвалі камору.
Сцены, дзе павінна захоўвацца бульба, абкладвалі кулявой саломай. Зімою зверху бульбу накрывалі старымі дзяругамі, мяшкамі і адзеннем. А калі наступалі вялікія маразы, тады ў камору раніцай і вечарам ставілі саган (чыгун) з гарачым вуглём. Такім чынам падымалі тэмпературу.
У каморы стаялі жорны. Збожжа, якое ішло на корм жывёлам, сушылі на печы, а затым малолі. Зерне на хлеб малолі ў суседняй вёсцы Істакі, дзе былі два вадзяныя млыны.
У каморы захоўвалі хлеб, стравы, калі патрэбна было іх халадзіць, капуста і
агуркі ў бочках, агародніна і іншае.
Помню, як некаторыя гаспадары бульбу на зіму захоўвалі ў хаце, калі не было каморы. Адгароджвалі невялікае месца з дошак або жэрдак на гэтую мэту. У сенях і каморы падлогай быў ток з гліны.

Сельскагаспадарчы інвентар і прылады.

Асноўнымі прыладамі для апрацоўкі глебы былі жалезны плуг і драўляная барана з жалезнымі зубамі. Помню, у аднаго гаспадара пад гумном вісела саха з жалезным нарогам і барана, сплеценая з лазовага галля і з дубовымі зубамі. Пазней перад вайной у гаспадарках з'явіліся пружыны (так называлі спрунжыноўкі або культыватары) на пяць і сем зубоў. Выраблялі іх у Лідзе на ліцейным заводзе Шапіры. У гэты час ва ўжытак увайшлі плужкі (асыпальнікі бульбы). Больш пачалі садзіць бульбы, а такая апрацоўка аблегчвала працу. Восенню бульбу выворвалі плугам і выбіралі яе з дапамогай матыкі. Так робіцца яшчэ і зараз.
У вёсцы некалькі гаспадароў купілі конныя прывады. Імі прыводзілі ў рух малатарні і сячкарні. Гэта быў прагрэс у працы. За тры - чатыры дні вымалочвалі жыта і ярыну. Але тут патрэбна дапамога суседзяў - пачаткі каперацыі ў працы. Прывадам рэзалі сечку на адзін-два тыдні. Зразумела, што патрэбна было мець арфу, якой ачышчалі зерне. Арфу прыводзілі ў рух рукамі.
Астанія гаспадары малацілі ўручную цапамі. Веялі на таку. Рабілі гэта так. Падбіраўся дзень, калі вецер дуў у дзверы. Драўлянай веялкай (цяперашні шуфлік для мукі) бралі патрэбную колькасць зерня і кідалі веерам у напрамку дзвярэй. Цяжкае зерне адлятала далей, лягчэйшае - бліжэй, мякіна яшчэ бліжэй. Мяккім венікам з зерня змяталі поўныя каласы. Затым рэшатам зкружвалі зярняты: пясок сыпаўся ўніз, рэшткі саломы і каласкі без зярнят заставаліся наверху, іх скідалі. Чыстае зерне ссыпалі ў мяшкі і адносілі ў скрыні для захоўвання.
Лён малацілі пранікамі. Рабілі іх з алешыны ці бярозы, радзей з асіны. У добрага гаспадара іх было некалькі: большыя і меншыя, цяжкія і лягчэйшыя. Апрацоўка лёну была справай выключна жаночай.

Сям'я. Школа.

У сям'і нараджалася ад 2-3 да 5-7 дзяцей. Да вайны не помню, каб хто з маіх равеснікаў паміраў. Затое чуў, што паміралі дзеці да 2-3 гадоў, часцей ад прастуды.
Галавой у сям'і з'яўляўся бацька. Калі падрастаў старэйшы сын і жаніўся, бацька абсталёўваў яму камору пад жыллё. Выразалі два або тры акны (у залежнасці ад памераў каморы) і ставілі печ, на яе комін. Багацейшы гаспадар будаваў новую хату. Калі ў сям'і былі адны дочкі, тады бацька, як гаварылі, браў у хату прымака, або выдаваў дачку замуж з добрым пасагам. У пасаг уваходзілі жывёлы (карова, конь, авечкі і інш.), а таксама куфар з сувоямі саматканага палатна, дзяруг зрэбных і паўсуконных. Хто меў больш зямлі, у пасаг выдзялялі ніву зямлі і кавалак сенажаці. Жаніліся ў асноўным са сваімі хлопцамі і дзяўчатамі. Усё такі кавалак зямлі бліжэй! Той, хто выходзіў замуж ці ў прымы ў другую вёску, лічылася, што гэта далёка, калі адлегласць была 15-25 км.
У нашай вёсцы была пабудавана драўляная школа з двума класнымі пакоямі і вялікім калідорам. Былі тут кватэры для настаўнікаў.
У школе працавалі два настаўнікі, адзін з іх выконваў абавязкі загадчыка (Kirownika). Школу наведвалі дзеці з суседніх вёсак: Жмайдзі, Барвічы, Жучкі. Наведванне школы было дрэнным. Восенню патрэбна дапамагаць ва ўборцы ўраджаю, пасвіць каровы. Зімою не было ў што апрануцца, потым разлівалася вада, дарогі дрэнныя і дабрацца ў школу не было як. Вясной патрэбна дапамагаць у гаспадарцы. Асабліва гэта тычылася дзяўчат: літары ведае, чытаць і лічыць да 100 можа, ды каля печы вялікай не патрэбна граматы, няхай прадзе, тчэ і збірае пасаг.
Мая мама распісвалася трыма крыжыкамі, чытаць не ўмела. Пазней мы яе навучылі пісаць першыя чатыры-пяць польскіх літар са свайго прозвішча пры атрыманні пенсіі.
Старэйшыя браты закончылі па 2 класы. Мяне здзіўляла тое, што яны на той час даволі пісьменна чыталі і пісалі па-польскі. Чыталі на беларускай і рускай мовах. Старэйшы брат нейкім чынам рашаў сыну задачы на квадратныя ўраўненні. Перад вайной вечарамі восенню і зімою яны хадзілі на заняткі з моладдзю. Вёў заняткі настаўнік Лагонда. Пасля вайны працаваў у Беліцкай СШ. Вучэбная праграма разлічана на сем гадоў, аднак лічылася, што вучань канчаў 4 класы. Школа адносілася да трэцяй ступені, у Ганчарах - другой, у Бярозаўцы - першай. Выглядала гэта так:

У школу пачыналі хадзіць пасля сямі-васьмі гадоў. У Дзітрыкаўскую школу я паступіў у 1932 годзе. Калі бацькі збіраліся пасылаць сына ці дачку вучыцца ў школу другой ступені, пісалі заяву і дзеці вучыліся ў трэцім і чацвёртым класах па аднаму году. У 1936 годзе я стаў вучнем Ганчарскай школы ІІ ступені. Перад вайной яе скончыў.

Звярталіся мы да настаўнікаў са словамі "Prosze pana, pani" (прашу пана, пані). Помню іх толькі прозвішчы: Цало -у ІІІ-ІУ класах, пані Пісовічова - загадчык школы. Іх імён напэўна і тады не ведаў. Так і засталася ў памяці вельмі ласкавая, уважлівая і сімпатычная "пані" у першым і другім класах. Парушэнне дысцыпліны цягнула за сабой па-каранне. У трэцім-чацвёртым класах наш настаўнік захоўваў на печцы бярозавыя дубчыкі, якімі мог, смяючыся, як бы гуляючы, пацягнуць па "мяккім месцы". "Давай лапу" - самае распаўсюджанае пакаранне, калі лінейкай б'юць па далоні. Грашыў гэтым бацюшка, які раз у два тыдні прыязджаў з Беліцкай царквы і выкладаў Закон Божы. Атрымаў я некалькі "арэхавых палак" ад мамы за тое, што ўцёк з сябрамі з уроку рэлігіі. А ўсё з-за незразумелага і нявывучанага на памяць трапара.

Апраналіся ў школу хто ў што мог: кажушкі новыя і старыя брата ці сястры, паўпаліты (капоты) на аўчыне, ваце, рэдка ў купленае ў магазіне. На ногі абувалі трэпы (падэшвы драўляныя, а верх са старых бацькавых ці матчыных ботаў або чаравікаў), пашытыя чаравікі ў вясковага шаўца. Восенню і вясной многія хадзілі босымі. Сшыткі, падручнікі і дапаможнікі насілі ў торбах, пашытых з палатна з доўгім поясам праз плячо. Пазней, калі з'явілася фанера, якая выраблялася ў Сяльцы на заводзе, з яе рабілі сумкі з ручкай. Хто хадзіў здалёк, насіў сумкі ў выглядзе ранца за плячамі.

Урокі пачыналі ў дзевяць гадзін на працягу ўсяго навучальнага года. У пачатку першага ўрока ўсе вучні стоячы хорам гаварылі малітву з пажаданнямі спорнай вучобы, поспехаў і паслухмянасці. Заняткі ў школе пачыналіся 1 верасня, заканчваліся 20 чэрвеня. Зімовыя канікулы доўжыліся з 24 снежня па 10 студзеня, а вясновыя прыпадалі на Вялікдзень - 10 дзён. Вучэбны працэс дзялілі на два паўгоддзі. Экзаменаў ў школе не праводзілі. У выпускных чацвёртым і сёмым класах паспяховасць за курс вучобы вызначалася па гадавых адзнаках. У класах была ідэальная чысціня, нават падлога націралася масцікай, была жоўтай, не пафарбаванай. У такіх умовах заўсёды старанна выціралі абутак: заходзіць у клас у брудным абутку лічылася дрэнным выхаваннем. Сцены бялілі і на іх нічога не вешалі, калі не лічыць класную дошку, крыж і арла.

Усе гэтыя ўпрыгожванні цяпер, што знайходзім у школах на сценах і вокнах, з'яўляюца збіральнікамі пылу. На ўрок настаўнік прыносіў тыя дапаможнікі, якія патрэбны па дадзенай тэме. Патрэбную табліцу вешалі на дрот, працягнуты папярок класа перад дошкай, пры дапамозе зашчэпак. Падчас тлумачэння новага матэрыялу настаўнік указкай перацягваў табліцу на сярэдзіну класа. Табліцы віселі да наступнага ўрока.

Падручнікі былі дарагімі. Цана іх даходзіла да двух злотых - кошта пуда жыта. Многія карысталіся сумесна, частку кніг выдавала школа. Падручнікамі карысталіся 8-10 гадоў.У пакоях сядзелі па два класы: першы і трэці, другі і чацвёрты. Настаўніку патрэбна было ў трэцім класе выкладаць больш складаны матэрыял з двухгод-камі. Тое-ж і ў чацвёртым класе з двухгодкамі і трохгодкамі. Настаўнікі добра спраўляліся са складанай задачай.

Абеды ў школе не выдавалі. Дзеці бралі з сабой лусту хлеба, хлеб паліты льняным алеем і пасыпаны соллю, хлеб з кусочкам сала ці каўбасы, параны боб або гарох. Помню, толькі адзін раз на Навагодняй ёлцы нас пачаставалі шклянкай гарбаты з цукеркамі. Ёлкі па ўбранні былі беднымі. Больш усяго цацак мы рабілі на ўроках працы. У канцы свята ўспыхвалі бенгальскія агні. У вучэбным працэсе значнае месца займалі экскурсіі. Настаўнікі часта вадзілі нас на тэматычныя экскурсіі ў поле і лес з мэтай вывучэння фаўны і флоры, рысавання з натуры. Фізічныя гульні ў лузе і полі. Хадзілі ў пешыя экскурсіі на шкляную гуту ў Бярозаўку, на фанерны, лесапільны заводы і млын у Сяльцы, правялі нас па чыгуначным мосце на другі бераг ракі Нёман, наведалі чыгуначны вакзал, дзоты на беразе ракі, байдарачную станцыю і лес на беразе Нёмана.

Густы яловы лес належаў французу Бертандэ. Ён правёў нас па лесе. Расказаў аб дрэвах, кустах, расліннасці. Цяжка было зразумець яго аповед. Польскай мовай ён валодаў дрэнна. Настаўнік потым нам тлумачыў больш падрабязна. Здарыўся такі выпадак на той экскурсіі. Гаспадар папярэдзіў, каб мы не ламалі галлё. З ім быў вялікі сабака. Адзін вучань наўмысня ці выпадкова зламаў галінку так, што пачуў трэск. Сабака тут-жа падскочыў і забурчаў перад ім, ашчэрыўшы зубы. Страху было многа! Толькі адзін раз нас падвезлі на концы са шкляной гуты да палавіны дарогі. Усе экскурсіі былі пешымі. Вельмі стамляліся, але назаўтра былі рады і з задавальненнем дзяліліся ўбачаным.

Сумесна з вучнямі Канюшанскай школы ездзілі ў Вільню. Група невялікая. У адзін бок ехалі чатыры з паловай гадзіны. Цягнік складаўся з 6-7 малых вагонаў, якія зараз убачыш у чыгуначным музеі ў Баранавічах. Вярнуліся дадому на чацвёрты дзень. Экскурсаводамі працавалі дзве гімназісткі. З імі правялі агульную экскурсію па горадзе, на параходзе да Кальварыі і там пешшу па ўсіх святых месцах. Наведалі цырк, банк, дзе захоўваюцца злотыя і золата, могілкі польскіх салдат Першай сусветнай вайны, касцёлы і цэрквы, падняліся на Замкавую гару, любаваліся суседняй гарой Трох крыжоў.

Класныя гадзіны ў школьнай практыцы не былі ў паміне. Заўсёды выхаваўчы момант настаўнік знайходзіў і выкарыстоўваў на кожным уроку. Выкладанне ўсіх урокаў вялі настўнікі на польскай мове. Бацюшка гаварыў на беларуска-царкоўна-руска-польскай мовах - "трасянцы" цяперашняй. А вось ксёндз з дзецьмі каталіцкай канфесіі размаўляў выключна па-польску. Урокі рэлігіі вяліся па дзве гадзіны раз у два тыдні. На ўроках фізкультуры, працы, малявання паміж сабою зносіліся толькі на беларускай мове. Настаўнікі забаранялі, але не так настойліва, і мы гэта разумелі. Ды і на іншых уроках таксама звярталіся адзін да другога на беларускай мове.

Восенню і вясной урокі фізкультуры праводзілі на школьнай пляцоўцы, зместам якіх з'яўляліся гульні з мячамі і іншымі прадметамі і з элементамі лёгкай атлетыкі. Гульні рухомыя і мала рухомыя ладзілі ў зале-калідоры зімой. Лыжаў у школе не было. Было іх некалькі самаробных пар на вёску. На той час школа была зручнай для ўсіх жыхароў нашай і суседніх вёсак. Яны вучыліся ў ёй. Цяжкая доля напаткала школу ў 1943 годзе. Спалілі яе чырвоныя партызаны. Цяпер там сядзіба Лукашэвіча Івана. Гаварылі, што немцы збіраюцца ў школе абсталяваць бункер. Немцы разабралі новы зруб хаты ў вёсцы Сялец і перавезлі яго ў Ганчары, дзе і быў пабудаваны бункер у лепшым стратэгічным месцы. Такі ж лёс напаткаў Ганчарскую школу. Згарэлі дзве пабудовы (старая і новая) ад рук партызанаў.

Праца мужчын і жанчын.

З далёкіх часоў вясковае жыццё цякло размерана, ціха і з рознымі сямейнымі парадкамі і традыцыямі. Мужчыны выконвалі пэўнае кола сваіх абавязкаў. Хлапчукамі вучыліся ў старэйшых араць, сеяць, баранаваць, касіць, малаціць. Рабіць даводзілася ўсё, каб замяніць матку ці сястру пры іх адсутнасці: падаіць карову, накарміць курэй і свіней. Маладыя не цураліся працы, бо ведалі, толькі такім чынам можна здабыць кавалак хлеба і да хлеба. Будучы гаспадар павінен быў умець накляпаць касу. Не кожны мог добра асвоіць кляпанне касы на гладкай бабцы. Нават і цяпер не ўсе наклеплюць касу на вострай бабцы, хаця працэс гэты намнога лягчэйшы.

Многа турбот прыносіла нарыхтоўка дроў. Летам сяк-так абыходзіліся сваім лесам. Яго было мала і той малады. Дроў атрымлівалі недастакова. На зіму рыхтавалі ў розных лясах. Калі ўсталёўвалася санная дарога і Нёман замярзаў так, што можна было праз яго праехаць, там ва ўласнікаў куплялі, або выконвалі санітарную чыстку. Зрэзаны лес забіралі, як плату за працу. Даводзілася і красці ў суседзяў з іншых вёсак. Было і такое, але рызыка вялікая.

Паліцыянты па просьбе гаспадароў знайходзілі лес, штрафавалі, ды і дровы забіралі. У дзяржаўным лесе набыць дровы за так не было магчымасці.

Знаходзіўся ён ад нас далёка і дорага каштаваў. Украўшы там дровы, можна было пайсці ў кутузку.
У абавязкі мужчын уваходзіла рэзка сечкі і нарыхтоўка трасянкі для жывёлы. На сечку пад запарку рэзалі жытнюю, аўсяную і ячменную салому, радзей пшанічную і скормлівалі яе раніцай. Такую сечку запарвалі ў вялікіх драўляных цэбрах на ноч, каб да раніцы разапрэла і змякчэла, а яшчэ падмешвалі да яе муку горшага гатунку.

З дабаўкай з грэцкай, гарохавай, вікавай і сырадэлевай саломы да жытняй рэзалі сечку, што засыпалася на ноч. Для каня - з дабаўкай з канюшыны. Восенню, калі патрэбна было працаваць ім, дабаўлялі рэзаныя снапы з неабмалочаным аўсом. На ноч жывёле давалі таксама трасянку. Мяккую травяністую салому драўлянымі віламі перамешвалі з сенам, граблямі збівалі ў маленькія пласты і рэзгінамі насілі ў хлеў.

Рэзгіны замянялі дзяругу. Рабілі іх з двух лучкоў, пераплеценых тонкімі вяроўкамі. Рэзгіны раскладвалі, і накладалі туды трасянку, сена або салому. Рэзгінамі выносілі сена з мокрых лугоў, дзе не заедзеш возам. Выносілі сена і пры дапамозе насілак, падсунуўшы іх пад капу.

У траўні або чэрвені, калі вырастала трава, коні пераставалі есці зімовы корм і мужчыны ездзілі, як гаварылі, на начлег. Апраналі бурносы, садзіліся на коней і ехалі пасвіць на лепшую траву. Па рознаму бавілі кароткую ноч да світанку. Хто паліў касцёр, грэўся і драмаў, хто спаў, падклаўшы галлё пад сябе. Коней путалі, на шыю, калі быў, вешалі званочак. Не абыходзілася без кур'ёзаў. Пра іх рассказвалі і доўга смяяліся. Адзін гаспадар вельмі любіў паспаць беспрабудным сном, улёгшыся на прывезены з сабою сяннік. Мужчыны занеслі яго ў другое месца. Прачнуўся ноччу: каня няма, месца невядомае. Давай шукаць каня, носячы з сабой сяннік. Так і зайшоў у суседнюю вёску.

Другі гаспадар путаў каня і прывязваў лейцамі да сваёй нагі. Хлопцы адвязалі каня, а лейцы прывязалі да куста. Прачнецца мужчына, патузае нагой за лейцы: конь ходзіць. Так і спаў да ўсходу сонца, а конь наеўся і сам прыйшоў дадому.

Самымі распаўсюджанымі спецыяльнасцямі на вёсцы сярод мужчын былі каваль, столяр, шавец, кравец. Чылек Міхась нават змайстраваў станок, якім выціскалі льняны алей. На ўсю вёску толькі Буйніцкі Рыгор займаўся кавальскай справай: каваў коней, рамантаваў плугі і бораны, абста-лёўваў вазы, а таксама рабіў малыя рэчы: капачы, матыгі, завесы, зашчэпкі, качэргі і іншае. Ён рабіў добрыя печы. У другіх спецыяльнасцях ніхто асабліва сябе не праявіў.

Аб паляванні тады не ішла гаворка. Стрэльбаў не было. Адзін мужчына меў нейкую старадаўнюю стрэльбу з самаробным прыкладам. Паляваў крадучыся, бо гміна не дазваляла, а ліцэнзія каштавала нямала.

Шмат турбот прыносіла мужчынам курэнне. За махорку і запалкі плацілі дорага. Папяросы і цыгарэты ніхто не курыў. Запалкі замяняла крэсіва. Сам працэс здабывання агню з дапамогай размочанай і высушанай губкі і крэсіва з крэменем для нас хлапчукоў выклікаў нейкую таямнічую павагу да дзядуляў. Цяжэй было з махоркай. З якой акуратнасцю і беражлівасцю насыпалі яе ў шматок паперы, якой таксама была недастача. З замілаванасцю скручвалі папяросу, паслюніўшы і прайшоўшы зубамі па краю паперы, заклейвалі. А вось з тытунём было зусім марна. Ухітраліся садзіць яго на сваёй жытнёвай ніве, ці дзе ў іншым месцы.

Паліцыянты, помню, хадзілі па агародах і палетках, каб знайсці "плантацыю" тытуню. Вялікі аб'ём працы выконвалі жанчыны. Уставалі рана-раненька, запальвалі печ і варылі ежу на ўсю сям'ю. Да снедання гаспадар і яго памочнікі кармілі жывёлу, малацілі, ці рабілі штось другое. Руплівы гаспадар яшчэ вечарам размяркоўваў па магчымасці абавязкі па хаце.

Кожная матка ганарылася, калі навучыла выданніцу розным заняткам. Будучая жонка павінна была ўмець рабіць многае. З маленства дзяўчынак вучылі рыхтаваць ежу, гадаваць меншых сястрычак і брацікаў. Багатай нявесткай лічылася тая, што мела куфар, застаўлены сувоямі палатна. А справа гэта была цяжкай, каб мець такі скарб. Праполваць лён, калі толькі прарасце, потым даглядаць, вырваць рукамі, высушыць, абмалаціць пранікам, разаслаць, даць магчымасць адляжацца, падняць і высушыць, звязаць у снапкі, высушыць у сушні, працерці, каб атрымаць першапачатковы сырэц-лён. Адтрапаць ад кастрыцы, прачасаць і толькі тады лепшы лён спрасці на палатно. Саткаць для нацельнай бялізны, горшы і пакулле - на дзяругі. Мяшкі, спадніцы, порткі, кімізэлькі. Усю гэтую працу патрэбна закончыць асеннімі і зімовымі днямі і доўгімі вечарамі.

Сушні на вёсцы не было. Дамаўляліся ў суседзяў з Супраўшчыны на вольны дзень. Везлі туды лён і дровы. Лён расстаўлялі каля столі на жэрдках. Печ напальвалі і начавалі там да раніцы.З раніцы жанчыны церніцамі аддзялялі кастрыцу ад валакон. Церніцу рабілі з трох паралельных дошак, а зверху паміж імі праходзілі разцы з двух дошак.

Калі быў час і хапала працаўніц, тады трапачкай выбівалі астаўшуюся пасля церніцы кастрыцу. Пакулле (кудзелю), што утваралася пасля трапання лёну, ішло на ўцяпленне ў хатах і хлявах.

Затым лён часалі на жалезнай (рэдкай і гусцей-шай) шчотцы. Шчотку прывязвалі да лаўкі, зэдліка або да церніцы, зняўшы разцы. У некаторых гаспадынь былі шарсцяныя (шчацінавыя) шчоткі для лепшай апрацоўкі. Адыходы - пакулле пры часанні лёну на шчотках пралі для мешкавіны.

Бабулі пралі лён і па-кулле верацяном (45 - 60 см даўжынёй). Малодшыя жанчыны перад вайной пралі колаўроткам, які прыводзіўся ў рух нагой. Спраўшы лён, з верацяна ці са шпулькі колаўротка ніткі пераматвалі ў маткі на спецыяльным прыстасаванні - матавіле.

Маткі ашпарвалі гарачай вадой, каб саступіліся ніткі. Кудзелю з лёну і пакулля прывязвалі да прасніцы. На яе садзіліся, каб зручна было прасці.

Наступны працэс быў вельмі важным: закладка асновы палатна. Маток накладвалі на крыжавалку, якую ладзілі на стойку спад трапачкі. Снуйніцу збіралі пасярэдзіне хаты. У залежнасці ад колькасці пражы і велічыні снуйніцы наматвалі пражу. Кожны раз нітку перакладвалі то зверху то знізу калочка.

Рабілася для таго, каб прапускаючы ніткі затым праз нічальніцы, не напутаць іх чаргаванне. Для лепшага чаргавання пры снаванні вязалі па дзесяць нітак зверху і знізу калочка. Некаторыя жанчыны снавалі па дзве ніткі адразу, чым паскаралі працэс, але тут патрэбна была другая крыжаванка пад маток. Помню, у 30-32 гады снавалі, ходзячы каля сцяны, навешваючы на калочкі ніткі. Праца нудная, за дзень так заходзіцца жанчына, што вечарам пачынае блытаць крыжаванне на калочку. У такіх выпадках дапамагалі суседкі.

Колькасць натканага палатна гаспадыня вызначала губіцамі (адлегласць ад стойкі да стойкі снуйніцы) або сценкамі (адлегласць ад калочка да калочка на сцяне). Пры снаванні ў мае абавязкі ўваходзіла сачыць за крыжаванкай, каб не запуталася нітка ці не саскакваў маток з калочкаў.

Кросны ставілі ў светлым месцы хаты. Аснову раўнамерна накручвалі на валік. Ніткі працягвалі праз нічальніцы (ніты), затым кручком праз бёрды, асноўны элемент у кроснах. Нічальніцы вязалі з тоўстых і моцных ільняных нітак.

Нічальніцы навешвалі на верхнюю і ніжнюю круглыя палкі. Нічальніц у камплекце было дзве, каб можна было рычагамі рассоўваць ніткі для праходу чаўнака з ніткай на цэўцы.

Бёрды з драўляных моцных лучынак даўжынёю 15-18 см і шырынёю 7-9 мм уверсе і ўнізе перавязвалі моцнай ніткай з дзвюмя паўкруглымі палачкамі. Перад вайной у практыку ўваходзілі бёрды з жалез-ных пласцінак. Бёрды ўстаўлялі ў ляды (набільна).

Чаўнок рабілі з цвёрдых парод дрэў. У яго укладвалі цэўку з ніткай. Цэўку наматвалі ніткай на сукале. Ніткі зматваліся з матка ад крыжаванкі.

Працягваючы рукой па круглай восі зверху ўніз, раскручвалі махавік, да якога на цвік прымацоўвалі цэўку. Нітку наматвалі раўнамерна справа налева і наадварот. Націскаючы нагамі на рычагі, якія злучаны з нічальніцамі, расшыралі аснову і ў прасвет прапускалі чаўнок з цэўкай, які не затрымліваўся ў аснове.

Акрамя палатна і зрэбніны, як гаварылі на вёсцы, ткалі паўсукно і сукно. Аснову паўсукна снавалі з ільняных тонкіх або купленых машынных нітак, а ўток быў суконны. З паўсукна шылі порткі, марынаркі, спадніцы. Снавалі аснову сукна і ткалі яго толькі суконнымі ніткамі. Каб сукно мела таварны выгляд і можна было з яго пашыць бурносы, паўкажушкі, патрэбна было яго зваляць. Валюш у вёсцы Руда Наваградскага раёна знаходзіўся за Нёманам. Грэлі ваду, залівалі ў вялікае выдзеўбанае з дрэва карыта, куды закладвалі сукно і павольна яго варушылі. Зверху на сукно падала стукала. Яно падымалася вялікім падліўным колам. Зараз там няма ні млына, ні валюша, ні возера. Вельмі падабалася мне вязаць нічальніцы і наматваць ніткі на цэўкі. Дзяўчынак у нашай сям'і не было, а таму даводзілася выконваць гэтыя даручэнні мне.

У мае абавязкі ўваходзіла адбельванне палатна. Спярша сатканае палатно намочвалі ў хлорцы, трымалі ў ёй з вечара да раніцы. Затым паласкалі і я адбіваў палатно на гладкай тоўстай дошцы пранікам і адносіў на росную траву пад цёплыя вясеннія праменні сонца. Працэс гэты паўтараўся некалькі разоў, тое ж самае паўтаралася без хлоркі, да той пары пакуль мама не палічыць, што палатно мае дастатковую бялізну.

Краўчыха - самая распаўсюджаная прафесія сярод дзяўчат на выданні ў вёсцы. Шылі многае: блюзкі, сукенкі, спадніцы, сачкі і іншыя жаночыя і дзіцячыя рэчы. Паўкажушкі, кажушкі і паліты для жанчын у асноўным шылі мужчыны. Каб купіць швейную машыну патрэбна было многа злотых - кошт каровы на той час. Затое пасаг павялічваўся ў некалькі разоў.

У даваенныя гады на вёсцы распаўсюджанымстала ткацтва дзяруг з узорамі. Працэс складаны і не кожная жанчына магла справіцца з ім, ды адна не зможа ткаць. Паміж валікам з асновай і нічальніцамі пры дапамозе дроцікаў набіраўся пэўны малюнак з льняной асновы, затым гладкай тонкай дошкай шырынёй 13-15 см памочніца падымала вызначаныя дроцікам ніткі: прасвет гатовы і ткачыха 8-10 разоў прапускала чаўнок з пафарбаванай льняной або шарсцяной ніткай, прыбіваючы бёрдамі. Ніткі розных колераў і розныя ўзоры: дзяругі атрымліваліся чароўнымі. Зараз у многіх хатах можна пабачыць цуда нашых жанчын! Ткалі дзяругі тады больш маладыя і здольныя жанчыны. Часцей ткалі ў складчыну. Дарагімі былі фарбавальнікі, ды і ўзоры дзяруг аднаму не адолець.

І апошняе, што павінна была ўмець дзяўчына: пашыць кашулю свайму будучаму нарачонаму. Раскрой быў простым. Папалам па даўжыні складваўся матэрыял, выразалася выемка пад рукавы і прарэз наперадзе для надзявання праз галаву. Шылі ўручную ільняной ніткай.

Дапамога ў гаспадарцы

На вёсцы не было гаспадароў, каб мелі цэлую "гаспадарку", як гаварылі, зямлі. Гэта дзесьці больш 20 га палеткаў, сенакосаў і хмызнякоў. Зразумела, і на "паўгаспадарцы", на якой жыло два, або больш чалавек, самім было не справіцца з вялікім аб'ёмам палявых работ. Таму вясной наймалі араць, сеяць і садзіць бульбу. Летам сенаваць, жаць і ўбіраць збожжа, затым восенню араць і сеяць жыта, капаць бульбу. Зімой абыходзіліся без падмогі: малацілі і даглядалі жывёлу. Малацілі таксама, гуртуючыся па двух, трох, чытырох. На другі дзень ішлі да суседа. Наймаючы працаўніка, плацілі яму збожжам ці злотымі, што практыкавалася радзей. Такія гаспадары без хлеба не бывалі, хапала да новага ўраджаю.
Цяжка было тым сем'ям, у якіх быў "трацяк", "чацвяртак" і менш зямлі. З работамі яны спраўляліся, але за сталом "спраўляліся" яшчэ хутчэй. Часта вясной не хапала хлеба і да хлеба. Было такое, калі недаспеўшае жыта жалі, сушылі, малацілі. Зноў сушылі, малолі і пяклі хлеб. Каштаваў і я яго. Саладкаваты, але ад недастачы - смачны.

Зусім цяжка жылося тым гаспадарам, хто не меў каня. Такіх было некалькі чалавек. Даводзілася адрабляць за каня: араць гаспадару і сабе, касіць, малаціць. Аднак яны куплялі праз нейкі час коніка і жыццё паляпшалася. Было б грэшна, каб хто з сям'і не працаваў на гаспадарцы. Мы, малыя дзеці, ранняй вясной збіралі камяні з канюшыны ў кучкі, затым вывозілі, насыпалі ў крушні, або ў гразь на дарогах. Перад вайной крушняў не стала. Каменні скарысталі пад фундаменты пры будове дамоў на хутарах і скляпоў пад бульбу і агародніну. Збіралі яшчэ камяні, а іх на нашых землях было вельмі шмат, з тых палеткаў, дзе сеялі гарох. Гарох вырастаў вялікім, клаўся на зямлю, і тады лепш яго касіць.
Даводзілася выконваць абавязкі "падпаска", пасвіць каня на межах паміж жытам, сеўшы верхам, вадзіць паміж радкамі бульбы пры абгонцы, выганяць свіней на выган і даглядаць іх там. Наогул, заняткаў было многа: ганяць курэй з агарода, карміць куранят, набраць лістоў аеру для выпечкі хлеба, сушыць сена, збіраць яго, зносіць і ставіць у дзесяткі збажыну, нарэзаць бручкі, рэдзькі, гарбузоў для кароў, сабраць дзікія грушы і насыпаць іх на гарышча, наабіраць бульбы на вячэру, падкладаць галлё пад трыножку з саганом, падмесці хату, пасыпаць жоўтым пяском ток і многае іншае.

Бабулі і дзядулі таксама мелі заняткі. Не сядзелі, як гаворыцца, "склаўшы" рукі, асабліва вясной і летам. Яны былі вартаўнікамі дома і каля дома, гадавалі маленькіх унукаў, даглядалі жывёлу. Мая бабуля вясной садзіла і палола агарод, даглядала яго, збірала ўраджай: фасолю, боб, малаціла іх пранікам; саліла агуркі. Пакуль добра бачыла, рамантавала адзенне, шыла ўручную дзяругі, мяшкі.

Агратэхніка і ўрадлівасць зямлі

Што-што, а нашы дзядулі добра ведалі катэгорыю зямлі, яе ўрадлівасць, капрызы надвор'я і з гэтых умоў атрымлівалі на той час неблагія ўраджаі. Усе лапінкі былі засеяны. Зжатае жыта лічылі копамі (60 снапоў). Калі з капы намалочвалі пяць пудоў, тады ўраджай быў дрэнным. Многае залежала ад велічыні снапа. Вялікія снапы дрэнна вымалочваліся. Патрэбна было іх развязваць і яшчэ раз абмалочваць. Збажыну чаргавалі на палетках. Бульба трапляла не раней чым на чацвёрты год на тое самае месца. Пасля бульбы сеялі ячмень, гарох, пшаніцу, авёс, жыта, і толькі потым садзілі бульбу. У пашане былі лубін, віка, грэчка, канюшына, сылядэра, таму стан надвор'я асабліва не ўздзейнічаў на ўраджай. Што небудзь ды вырасце, уродзіць! Без хлеба не былі, хаця і працавалі шмат. Пазычалі ў суседа, і так абыходзіліся.

Палетак пад пасадку бульбы рыхтаваўся загадзя. Яшчэ летам, сабраўшы жыта, пачыналі зябліць іржышча. Аралі чым памяльчэй, каб да восені прарасло пустазелле. У сонечны і цёплы дзень бараной або спрунжыноўкай, калі глеба была цвердаватай, знішчалі пустазелле. Ранняй вясной баранавалі. Калі падыходзіў час садзіць бульбу (раней 15-20 траўня ніхто не пачынаў), вывозілі за адзін-два дні гной, раніцай разбівалі і да абеду высаджвалі. Рабілася так, каб не высыхаў гной.

Бульбу садзілі ў загоны, г. зн. кідалі рэдка прыпасадцы ў кожную баразну. Асыпалі матыкамі (грасоўкамі). Перад вайной майстравалі конныя плужкі і бульбу апрацоўвалі, як цяпер. Гэта быў ужо прагрэс у гаспадарцы. "Без зямелькі, што птушка без крылаў, -- так гаварыў мужык, -- не паляціш. Зямля карміла, паіла. У яе ўладзе было зрабіць людзей шчаслівымі і багатымі, нешчаслівымі і беднымі".

Прачытаўшы цытату, некалі выпісаную з "Лідскай газеты", цяжка падумаць, як цяпер аграномы з вышэйшай адукацыяй дайшлі да ніжэй апавяданай "агратэхнікі".

Дзядулі ім за такую апрацоўку глебы не далі б на абед хлеба з вадой. Не магу зразумець: ведаюць яны ці не, што дзядулі, бацькі і мы аралі нівы ў загоны (склад) і ў роскід. Паглядзіце цяпер на некаторыя палеткі калгасных палёў. Уздоўж лясных масіваў утварыліся "акопныя" валы.

Трактарысты кожны раз палетак аруць у роскід. За 50 гадоў калгаснага гаспадарання, аручы толькі адзін раз у год, верхні слой (няхай у сярэднім захват плугоў толькі адзін метр) закінулі на 50 м у бок лесу. Месцамі вышыня вала даходзіць да 60-70 см і шырыня да 10 м. Частка вала зарасла лесам і плугамі не чапаецца. Пасярэдзіне ўтварыўся паніжаны ўчастак з камянямі і жоўтым пяском. Вясной і ў вялікі дождж стаіць вада. Раней там камянёў не было. Стагоддзямі збіраны перагной не адным пакаленнем людзей перакінулі плугамі ў "абарончы" вал на ўскрайку лесу. Чым не траншэі для абароны!

Яшчэ перлы цяперашняй агратэхнікі на палях: лебяда і пырнік. Раней я не бачыў такой лебяды. З яе можна было б варыць вячэру на прыпечку. Не было б бяды і ад пырніку, якім восенню выкладалі канёк на саламянай страсе. Гаспадар, ніва ў якога зарасла пырнікам, лічыўся дрэнным.

Жывёлы

Не даспіць, не паесць у час гаспадар, а каня дагледзіць. Іначай і паступаць не мог. Вельмі любілі мужчыны сваіх конікаў. Без каня - ты не чалавек і не гаспадар. Стойла павінна быць чыстым, цёплым, конь накормлены, і ў час дадзена вада. Калі ехалі на рынак, у царкву, у госці ці на вяселле, чысцілі каня скрэблам і шарсцяной шчоткай.

Любіў сёй-той гаспадар пафарсіць з канём. Пачысціць каня, змажа вупраж чорнай ваксай, памалюе дугу, прывяжа каню на галаве каляровую какарду і прычэпіць на шыю шаластуны. Зімой перакуе каня на чатыры нагі, летам - на пярэднія, пакладзе на сані ці воз два палукашкі, на драбіны, ўскладзе сядзенне, закруціць у каня хвост і возьме пугу ў руку: так пракоціць у канец вуліцы, такі падыме грукат па каменнях, шаластуны зазвоняць на розныя галасы, што выглядае праз вокны ўся вёска: а хто там едзе?
Конь-любімец даводзіў сяго-таго да бясхлебіцы. Зімой, падсыпаючы збожжа ў цэбар без меры і магчымасцяў, гаспадар "падмятаў" усе засекі. Дрэнны гаспадар з восені карміў каня абы як, не рэзаў сечку, конь таптаў салому пад ногі, у маразы паіў вельмі халоднай вадой, ды не ў час. Памятаю, былі і такія здарэнні, калі хадзілі мужчыны падымаць каня, падвешвалі яго на вяроўках.

На "паўгаспадарцы" трымалі па дзве каровы. Цялят гадавалі і прадавалі. Ой, як патрэбны былі злотыя! У першую чаргу заплаціць падатак, купіць абутак, хаця б па адной пары на чалавека. Той, хто жыў больш заможна, рэзаў цялят на мяса.

Для сям'і кароўка - карміцелька. З нецярпеннем чакалі яе цялення. Смачным было малодзіва, пакуль цялё падрастала. Праз месяц яго адлучалі і малако елі ўдосталь.

На вёсцы не абыходзілася без авечак. Непераборлівая жывёліна, а карысці дае многа. Найперш, мяса восенню і зімою - да капусты, са скуры шылі кажухі, адзінае адзенне зімою. І самае патрэбнае: з воўны атрымоўвалі матэрыял для вопратку.

Ну і думаю самае асноўнае, што без скваркі няма чаркі і гаспадаркі. Свіней трымалі усе: хто адно і больш, хто і свінаматкі. На вёсцы гаварылі, хто якую закалоў "каляду": ад шасці да дванаццаці пудоў, або сала на столькі пальцаў ці далонь і больш.

Нейкі час адзін гаспадар гадаваў козаў. Ці меў ад іх малако - не ведаю, а што яго выводзілі з душэўнапга стану, то праўда. Не толькі дзеці, падышоўшы да яго хаты, на ўсю моц мэкалі, а дарослыя вечарам ці ноччу прымушалі спускаць сабаку.

Як тут не ўспомніць пра курэй - галоўную хваробу гаспадыні. Птушка непрыхотлівая, а выручала ў харчовай праграме, як цяпер кажуць. Несліся рэдка, але вялікімі яйкамі. Зімой у маразы, калі куры знаходзіліся ў падпечку, яйкі заставаліся дома. Горш было вясной і летам. Таму, хто гадаваў курэй у прыбудове - куратніку, збіраў яйкі спраўна ў гнёздах. Жывучы ў хлявах з жывёламі, куры несліся дзе папала: у вугле загарадкі для каровы, у яе кармушцы і на вышках. Другі раз нанясе патрэбную колькасць яек, высядзіць і прывядзе гаспадыні куранят. Часценька сварыліся жанчыны: куры падралі агарод, певень забівае суседскага, курыца пачала несціся ў чужым хляве. Але цёшча з радасцю не абміне пахваліцца, як частавала зяця яечняй са скваркай.

Што прадавалі

Сапраўды, што можна было прадаць з гаспадаркі, калі цяжка было сцягнуць канцы з канцамі. Агародніну ніхто на той час не купляў. Кожны садзіў свае грады. У Беліцу не павязеш тую маласць, тым болей у Ліду. Там плацілі мала. Заставалася збожжа. Яго куплялі. Пуд жыта каштаваў два злотыя - цана адной бутэлькі гарэлкі. Авёс, ячмень, пшаніца, гарох, грэчка - кошт іх быў вышэйшым, але ў засекі засыпалі нямнога. Усё ішло на свае патрэбы.

Грошы патрэбныя, каб акрамя падаходнага падатку заплаціць за купчую. Падатак за даўно дадзеную дзядам, яшчэ пры цары зямлю. Плацілі страхоўку. Грошы немалыя, але нейк выходзілі са становішча. Гадавалі цялят, авечак, свіней на продаж. Праз год-два выгадоўвалі маладога коніка. На рынку заўсёды цаніўся.

Ішлі на заработкі да багацейшых у другія вёскі. Уладкоўваліся на працу ў шкляную гуту ў Бярозаўцы, на будаўніцтва і рамонт шасейных і чыгуначных дарог. Заработкі часовыя, але нейкі злотыз'яўляўся ў хаце.
Ідучы ў Беліцу на рынак гаспадыня брала некалькі дзесяткаў яек, масла, курыцу.

Куплялі ў асноўным габрэі. За выручаныя грошы прыносілі дамоў самае неабходнае: запалкі, соль, соду, селядцы, цукар і, абавязкова, невялікі гасцінец для дзяцей: белую булку, баранак, цукерку.
Прадавалі лішак аўчын, воўны, ільняных нітак, палатно. Чылек Міхась майстраваў цэбры, бочкі, што хутка куплялі на вёсцы ці на рынку.

Транспарт

Воз гаспадар бярог. Летам хаваў ад сонца пад адрынай або на таку ў гумне. На зіму разбіраў і вешаў колы і восі на сцяну ў гумне. На маёй памяці заставаліся два-тры вазы з дубовымі восямі. Перад вайной ва ўсіх гаспадароў былі вазы на жалезных восях з жалезнымі ўтулкамі (буксамі).

Да воза патрэбны розныя прыстасаванні ў залежнасці ад таго, пад што ці для чаго выкары-стоўваюцца. Найперш, да воза патрэбны дабротныя драбіны. Іх рабілі дзве пары з ёлкі: моцныя і лёгкія. Адны даўжэйшыя вазіць збожжа з поля, сена і салому. Другія карацейшыя для паездак у далёкую дарогу. Лічылася, што едучы з карацейшымі драбінамі, намнога аблегчвалі каня. Драбіны мацаваліся да ручак воза двума відамі клямараў: здымнымі ці пастаяннымі.

Здымнымі клямарамі рэгулявалі адлег-ласць задніх колаў ад пярэдніх, таму абыходзіліся без карацейшых драбінаў. Пазней рабілі камбінаванае замацоўванне драбін на возе. З пярэднімі ручкамі драбіны мацавалі нерухомымі клямарамі, а з заднімі - рухомымі ў залежнасці ад прызначэння паездкі.
Едучы па жыта на самы далёкі палетак Хаданіш-кі, сядаліся на дошкі (радзей на біла), ногі спускалі праз лёсткі ў драбінах так, каб не параніць іх пярэднімі коламі пры павароце. Па дарозе глядзелі на чыгуначную дарогу і рэдка праходзячыя цягнікі. На адваротным шляху мяне садзілі на воз. Калі жыта было мала, тады і брат узбіраўся наверх. Прыемна было глядзець зверху на нівы са збажыной, паразважаць, хто ўжо зжаў і сабраў жыта ці ярыну. Праз вёску Жомайдзі ехалі па вуліцы высланай камянямі, а дубовымі абадамі, падкаванымі ў жалезныя шыны, выклікалі грукат. Такіх паездак ад сілы можна было зрабіць не больш трох - адлегласць 5 км.

Павінен дадаць, што на воз клалі не больш дзвюх коп. Патрэбны былі пярэдніца з вяровак (лепш з ланцуга), жэрдка яловая моцная з барадой наперадзе і суком ззаду і вужышча (вяроўка) для ўціскання снапоў.

Не кожны мог скласці снапы на возе. Па дарозе здаралася губіў снапы, а бывае і зусім воз разваліцца. Спачатку я падаваў на воз снапы, пазней навучыўся складваць снапы, сена і салому.

Збіраючыся ў далёкую дарогу ў драбіны клалі сплеценыя з лазовых дубцоў палукашкі. У пярэдні складалі сена, мяшок з сечкаю каню, уладкоўвалі цялё, авечку ці свінню на продаж. У задні палукошак - салому і набіты сенам вялікі мяшок для сядзення. Рабілі сядзенне і з шырокай дошкі, якую мацавалі да біла драбінаў праз адтуліну.

Сёй-той майстраваў сядзенне з дошкі, спінкі і поручняў.Каменні, пясок, бульбу вазілі ў скрыні. Унізе і па баках воз выкладвалі дошкамі (гнаяркамі), па канцах - застаўкамі. Гной вазілі без заставак.

Наступны від транспарту - сані. На лета сані хавалі пад страху гумна, аглоблі здымалі. На палавіну меншыя сані называлі "сучкай". Скарыстоўвалі пры перавозцы доўгіх бярвенняў з лесу, пабудоў, сохаў. На капылы клалі "лісіцу" і толькі на яе бярвенні, што давала магчымасць ручкай паварочваць санкі. Вялікія сані прыстасоўвалі ў паездкі на рынак і другія дарогі. На капылы клалі мацаванне, на іх дошкі ўнізе і з бакоў (гнаяркі), пасярэдзіне палукашкі. Высцілалі саломай і павозка падрыхтавана. Возчык садзіўся бліжэй да каня, за ім жонка ды сусед з суседкай - і ў дарогу.

У некаторых гаспадароў былі вазкі на двух або трох чалавек. Прыгожа іх каваў каваль Калабук з суседняй вёскі Істакі.

Была ў вёсцы брычка. Не помню ў каго. Вось і весь вясковы транспарт да вайны 1939 года. На ўсю вёску - адзін мапед у мясцовага настаўніка Буйніцкага Канстанціна Іванавіча (працаваў каля Вільні - я насіў лісты бацьку з Ганчароў), і некалькі веласіпедаў.

Бачыў дырыжабль, што пралятаў нізка над вёскай у бок Ліды, і некалькі разоў, пад'язджаючы да Шайбакоў - двукрылы самалёт. Праз вёску ў Жомойдзі ехаў сын Урбановіча з Ліды на нейкім легкавым аўтамабілі. Паміж вёскамі заграз, штось зламалася, і доўга там стаяў. Мы, падлеткі, з цікавасцю наглядалі, як рамантаваліся, а затым з фырканнем паехалі.

Дзесьці ў 1934 - 1935 гадах у ваколіцах вёскі праходзілі манеўры польскага войска. Напрыканцы пад кіраўніцтвам гміны шарваркам правялі рамонт усіх драўляных мастоў (іншых не было). Па вёсцы правялі тэлефонныя драты, размясціўся на некалькі дзён штаб. Тады пабачылі некалькі машын і зброю: гарматы на коннай цязе, вайсковыя кароткія вазы на вялікіх колах. Затым жаўнеры пачалі наступаць з Саламянкі (цяпер на тым месцы няма пабудоў), дабеглі да школы, пастралялі з карабінаў з-за воза на падворку. Тэлефонную сувязь скруцілі, паклалі на воз і паехалі. Так і скончылася "вайна".

Добры воз, сані, прыгожы здаровы конь - радасць гаспадара. Сяды-тады яму шанцавала зарабіць сякі-такі злоты. Кухарскі Уладзя (Кандратаў па-вясковаму) падвозіў настаўнікаў у гміну, на сходы ў другую школу, на станцыю Нёман для паездкі цягніком у Ліду. Цёплаю парою курсаваў аўтобус на 15 чалавек паміж Беліцай і Лідай. Настаўнікі хадзілі да шашы пяшком.

Перападала зарабіць грошы на вывазцы лесу на лесапільны і фанерны заводы ў вёску Сялец. Пераехаўшы на хутары ў гаспадароў стала больш вольнага часу, але зарабіць злотыя ўсё менш было магчымасцяў. Апрача розных падаткаў гаспадарам вызначалася колькасць дзён шарварку: вазілі пясок, жвір, каменні на рамонт дарогі і мастоў. Той, хто не меў каня, павінен быў адпрацаваць сам.

Побыт

У асеннія і зімовыя доўгія вечары па рознаму бавілі час сяляне. Збіраліся ў некалькіх хатах. Старэйшыя мужчыны гулялі ў карты. Гулялі на запалкі. Цяпер гэта малыя грошы, а тады пераможца быў рады, калі пашчасціць выйграць вялікі "банк".
Жанчыны збіраліся па хатах і пралі лён. Спявалі, расказвалі розныя небыліцы, маглі часам паспрачацца і пасварыцца, але потым усё ладзілася. Такія "пасядзелкі" аблегчвалі нудную і аднастайную працу, а таксама давалі эканомію нафты. У наступны раз ішлі да другой гаспадыні.
Дзяўчаты пралі ў другой хаце. Тут было больш весялосці, бо да іх прыходзілі хлопцы-кавалеры. Чуліся жарты, спевы, показкі. У канцы працы кавалеры дапамагалі занесці прасніцу і калаўротак. Была магчымасць пафліртаваць, бліжэй пазнаёміцца, ахацца.
Мы, "падшпаркі" 13-18-ці гадоў, збіраліся ў хаце, дзе было шмат дзяцей. Кола зацікаўленасці ў нас рознае. Гулялі ў самаробныя шашкі (шахмат не ведалі), ладзілі канькі з бярозавых ці альховых паленцаў, падбіўшы іх дротам. Да нагі канёк прывязвалі вяроўкамі. Валодаючы адным каньком - адштурхоўваешся другой нагою ад лёду. Асалоду ад слізгання мог атрымаць, калі набудзеш другі канёк. Тады энергіяй руху з'яўляўся доўгі гладкі кій з вострым цвіком на канцы, якім адпіхваўся ад лёду паміж ног. Штосьці ў выглядзе ўдасканалення з'явілася майстра-ванне маленькіх нізкіх 10 см саначак (памерам 40 см х 40 см). На іх становішся і адштурхоўваешся доўгім кіем. Не патрэбны вяроўкі, а пры падзенні - менш траўмаў.
Як памятаю, зімы пачыналіся рана і лёду вакол вёскі хапала. Мы бавіліся там вечарамі. Старэйшыя хлопцы ладзілі "крутню" ("круцёлку"). Загадзя, там дзе быў гладкі і вялікай плошчы лёд, убівалі моцны дубовы кол. Ён замярзаў і на яго накідалі кола ад воза з драўлянымі восямі. Да кола прымацоўвалі доўгую жэрдку, на канцы якой былі санкі. Хтось садзіўся на іх, а некалькі хлопцаў, уставіўшы калы ў кола, пачыналі круціць. Санкі ляцелі з вялікай хуткасцю. Утрымацца было цяжка, таму часцяком яздок звальваўся і адлятаў па лёдзе вельмі далёка. Пашкоджанняў не было таму, што месца выбіралася без кустоў і другіх перашкод.
Працоўны дзень у вёсцы пачынаўся рана. Вясной аралі, сеялі і ўсё з конікам, які пасля зімы ахуднелы, слабы. Гаспадар часцей не снедаў, а ехаў у поле. Там падмацоўваўся хлебам, бульбяной кашай з малаком. Добра, калі ў гэты час была скварка, а, яшчэ лепей - засохшая каўбаса.
У чэрвені пачыналася сенакосная пара. Каля вёскі сена накошвалі мала.
Паплавы адпускаліся пад пашу. Асноўны травастой вырастаў на Сале (так называецца ўгоддзе на р. Дзітва). Ехалі туды вечарам, або рана-рана. Трава была вялікай, таму касілі ўвесь дзень. На трэці-чацвёрты дзень у залежнасці ад надвор'я з раніцы траву пераварочвалі. Пасля абеду зграбалі і ставілі ў копы. Паступова звозілі астатняе сена ў наступныя дні.
На вёсцы гаварылі: "Дзень год корміць". Таму ўсе і малыя, і старыя ўдзельнічалі ў працы. Асабліва гэтая дапамога патрэбна была ў час жніва.
Уставалі да ўсходу сонца. Жалі сярпамі. Днём у гарачыню адпачывалі ў цяньку каля дзесяткаў жыта, або асобных дрэў, якія раслі на межах. Жытнія снапы ставілі ў дзесяткі: дзевяць унізе і дзесятым у выглядзе "шапкі" накрывалі ніжнія. Ячмень, авёс, пшаніца ставілася па сем снапоў, а трыма - накрывалі.
Ужо ў лістападзе пасля палявых работ гаспадар пачынаў малацьбу жыта. Лічылася добра, калі абмалот заканчвалі да Каляд. Пазней мышы наносілі вялікую шкоду. Да снедання ўдваіх абмалочвалі паўкапы. Давалі есці жывёле і да абеду зноў змалочвалі адну капу. Пасля абеду - яшчэ паўкапы. Кармілі другі раз жывёлу і вечарам адпачывалі. Сёй-той ішоў да суседа пагаманіць ці пагуляць у карты.
Мужчыны выконвалі невялікія работы ў хаце: рамантавалі вупраж, плялі кошыкі, вязалі венікі. Той, хто мог майстраваць, меў здольнасці, рабіў драўляныя лыжкі, апалонікі, цэбры, вёдры, конаўкі. Ёмістасці сцягваліся лазовымі, або арэхавымі абручамі, радзей жалезнымі. Жанчыны рыхтавалі вячэру, пралі лён на палатно, мяшкі, дзяругі, а таксама воўну на вопратку.
Цікавую прывяду статыстыку. У каляндарным годзе 52 "тыдні" і гэтулькі дзён розных рэлігійных свят. Дзесьці кожны чацвёрты дзень непрацоўны ў простым сэнсе. Пра асеннія, зімовыя і вясеннія святы размова не можа ісці. Ніхто не працаваў, калі не лічыць кармленне і пасьбу жывёлы. У гэтыя дні ездзілі ў царкву, у госці, прымалі гасцей і адпачывалі. Моладзь ладзіла вечарыны,
дзеці, вольныя ад школы, бавілі час у гульнях. Толькі летам пасля абеду (калі канчалася святая імша ў царкве) у выключных нагодах можна прывезці сухое збожжа ці сена. Выходзіць, што толькі два-тры дні з чатырох вынікова працавалі: але як працавалі? З раніцы да позняга вечара ўсе былі ў працы: працавалі не спяшаючыся, дабротна, сумлен-на, і на радасць сабе, і ў спадчыну дзецям, унукам. І тыя недастачы, аб якіх апавядаў раней, не маглі зацямніць здаровы лад вясковага жыцця без алкагольнага чмуру і тытунёвага дыму.
І яшчэ адзін прыклад статыстыкі. Каля 95 дзён у годзе - посныя. Зноў жа той адзін дзень з чатырох, калі арганізм чалавека ачышчаўся ад шлакаў (так цяпер гавораць!).
Адзенне ў мужчын было сціплым. Зімою ў далёкую дарогу адзявалі доўгі кажух, а паверх яго - бурнос з башлыком ад дажджу і мокрага снегу. Каля дома і на працу ў лес - кароткі кажух, або паўкажу-шок на аўчыне ці ваце. Восенню і вясною адзявалі марынаркі з тонкага сукна на самаробнай падшэўцы. Порткі шылі з паўсукна на зіму і зрэбныя на лета. Летам хадзілі ў белых зрэбных кашулях. Старэйшыя мужчыны насілі цёплыя паўрукаўкі. Дастаткова мець добраякасныя боты і самаробныя валёнкі з галёшамі і на лета чаравікі, радзей туфлі. Каля хаты ў гразь адзявалі трэпы. Дзядулі хадзілі ў хадаках, але такіх было некалькі чалавек. На галаву шылі розныя шапкі са старой вопраткі, радзей насілі купленыя.
У апошні час хлопцам стала цяжка з вопраткай для вяселля. Не хацелася ім, каб пасля вяселля гаварылі, што ён жаніўся, адзеўшы чужы касцюм ці чаравікі. Адну чужую рэч можна было павязаць на вяселлі - гэта гальштук. Насілі хлопцы пакажушкі з купленага матэрыялу або паўсукна сваёй работы. Сёй-той насіў купленае паліто.
У жанчын гардэроб меў большы выбар, але не так вялікі, як цяпер. Зімою насілі ўцепленыя сачкі, паліто, кажушкі, летам - розныя блюзкі, сукенкі, спадніцы. На галаву завязвалі хусткі крамныя (купленыя ў краме), паркалёвыя, зімою - канапляныя. На ногі абувалі чаравікі, туфлі, сшытыя ў Беліцы ці ў Марцюка ў Жомайдзі. У гразь, даіць каровы абувалі трэпы. Галоўнай хваробай для бацькі былі дочкі. Кожны марыў як найлепш аддаць замуж. Заўсёды патрэбна сабраць багаты пасаг, прыгожа адзець і абуць. Вось і стараліся назапасіць палатна, сукна, лепшага адзення і абутку. Аддаўшы замуж дочак з чыстым сумленнем пакідаў на сыноў гаспадарку.
Да адзення ўсе адносіліся беражліва. Малодшыя данашвалі адзенне старэйшых, перашывалі з большага на меншае. Тое ж самае рабілі і з абуткам. Жанчыны, ды і мужчыны, ідучы ў царкву ці ў госці, усю дарогу неслі абутак у руках, а перад прыходам у канечны пункт - абувалі.
Абутак бераглі - што праўда, дык праўда. Не магу сказаць, як бераглі здароўе.
Умацоўвалі ці разбуралі. З ранняй вясны да капання бульбы многія хадзілі босымі: аралі, сеялі, баранавалі, касілі, збіралі збожжа і сена. Бывала так парэжаш і паколеш ногі, што ноччу не заснеш.
Эканомілі на ўсім: нават на запалках. Іх калолі на палавіну. Часта са старым трэснутым саганчыкам хадзілі з хаты ў хату ўзяць вуголля на агонь (дровы былі дробнымі і не заставалася вуголля да вечара). Нафту пазычалі ў літровай бутэльцы на вышыню ці шырыню запалкавай скрынкі. Хлеб таксама пазычалі і важылі бязменам на фунты. Пазычалі хлеб у той гаспадыні, якая пякла яго па смаку падобны на ваш. Пячы хлеб - значыць валодаць мастацтвам хлебапёка: дзежка, дабаўкі, мука і самае галоўнае - пакінутая ад папярэдняй выпечкі хлеба, закваска.
Ва ўсе часіны жылося людзям па рознаму: у горы, бядзе, шчасці і радасці. Калі аналізую прайшоўшы час да вайны, раблю выснову, што ніякія палітычныя змяненні не змаглі пахіснуць душэўны стан сялян. Гэта пласт народа, што цвёрда стаяў на зямлі, бо вырас з яе, быў тут яе каранямі. І праз больш як семдзесят гадоў сніцца і бачыцца тая невялічкая вёска з цяністай вуліцай, паўкругам закрытая ад поўначы альховым лесам і балотцамі з аерам, ранішнімі і вячэрнімі туманамі, крумканнем жабаў на розныя галасы. Калі бачыш сёння як разваліліся радавыя сувязі, калі ўнукі не ведаюць, як называўся дзед ці баба, не гаворачы пра прадзедаў, становіцца зразумелым, чаму збяднела наша любоў да Бацькаўшчыны.
Як не цяжка было, але жыццё працягвалася: жаніліся, радзілі, хрысцілі. Вяселле на вёсцы - падзея для ўсіх яе жыхароў. Дзеці не заставаліся ў баку. Нам перападала па цукерку ад дружкоў або сватоў.
Да вяселля папярэднічала сватаўство. Самым узорным лічылася вяселле, калі кавалер некалькі гадоў заляцаўся да дзяўчыны, і яны кахалі адзін другога. Бацькі былі згодныя на жаніцьбу і з кожнага боку давалі багаты пасаг.
Складаней праходзілі заручыны ў бяднейшых або ў багацеяў з беднымі і ў дадатак ганарлівымі. Вось тут сват павінен быў паказаць свае здольнасці: пры чарцы гарэлкі памірыць бакі і прывесці іх да згоды. Калі дамовіцца не здолелі, бацька дзяўчыны павінен быў вярнуць выпітую гарэлку свату. Зразумела, той не гараваў. У наступную суботу вёз кавалера да другой выданніцы, балазе гарэлка заставалася цэлай.
Пры ўдалым сватаўстве праз тыдзень бацькі маладой ехалі да маладога, каб паглядзець абставіны, дзе будзе жыць дачка і канчаткова дамовіцца пра вяселле.
Малады з маладою абгаворваюць з бацюшкам дзень і цану вянчання, якое залежала ад колькасці запаленых свечак, будзе спяваць увесь царкоўны хор, ці толькі дзяк. Вяселлі часцей гулялі ранняй вясной ці пасля вясенніх палявых работ. Гаспадар гаварыў: навошта на зіму лішні ядун, лепш каб на лета была жняя - падмога гаспадыні, ды і радзіць будзе зімою. На вяселле бацькі рэзалі ці калолі штосьці з жывёлы, назапашвалі гарэлкі, бярозавага соку ці квасу, падарункі родным і блізкім маладога.
Вяселле доўжылася тры дні. А калі аднесці сюды "вянкі" у маладога - тады ўсе
чатыры. Напрыканцы ў маладога вечарам музыкі ігралі звычайную вечарыну. Хлопцы і дзяўчаты танцавалі пасля напружанай працы. У гэтай вечарыны быў свой знак. Калі ў вёсцы быў кавалер, які сватаўся да маладой і яна яму адмовіла, або магчыма кахаліся, але бацькі яе ці яго не дазволілі жаніцца, хлопцы маглі ўпотай надзець яму вянок сплецены з любых галінак ці кветак. Быў гэты ўчынак як бы абразай. Па-рознаму адносіліся пакрыўджаныя: хто далей танцаваў з вянком, хто кідаў яго пад ногі, а мог і пабіць крыўдзіцеля.
У наступныя дні вяселле праходзіла па дамоўленасці. Яно пачыналася ў маладога з раніцы. Сват, малады і яго браты (дружкі`) з дру`жкамі выпівалі не болей на ўсіх паўлітра гарэлкі, перадаючы па чарзе, малымі дзвюмя чаркамі (болей бывала не было). Дру`жкі не пілі, а толькі прытулялі вусны да чаркі.
Калі маладая жыла ў нашай вёсцы, тады малады з музыкай і дружынай накіроўваўся да яе. Да маладой з другой вёскі ехалі вазамі і брычкамі. Коней упрыгожвалі папяровымі кветкамі і абавязкова ехалі з шаластунамі. Сядаліся, бацька абыходзіў вазы, жагнаў і пасыпаў жытам, віншаваў і жадаў шчаслівай дарогі да хаты маладой. Там іх садзілі за стол адно супраць другога. Па прапанове свата свацця, маладая і дружкі прышпілялі сваім мужчынам кветкі з галінкай мірту (шпарагусу).
Выпіўшы нямнога гарэлкі і закусіўшы, збіраліся ў царкву вянчацца. Маладая часцей усяго плакала, дзяўчаты і маладыя жанчыны спявалі песні аб долі замужам. Маці маладой брала абраз, жагнала маладых, яны цалавалі абраз. Свацця з абразом, пакрытым вышытым ручніком, садзілася на воз са сватам, на другі воз маладая з дружкай, на наступны - малады з братам (дружком), а затым - парамі астатнія. Гаварылі, што вяселле было вялікім: 7-9 вазоў дружыны.
Пасля шлюбу з царквы маладыя ехалі разам на другім возе за сватам са сваццю і затым дружына. Абвянчаўшыся, маладыя вярталіся да маладой. Моладзь да прыбыцця маладых майстравала браму з бярозак ці ёлак, пісала на дошцы ці фанеры віншаванні, сустракалі з прыказкамі, гумарам і атрымоўвалі ад свата паўлітра гарэлкі. У хаце маладых чакалі "цыганы". Даводзілася маладому з маладой выкупляць месца за сталом за цукеркі. Смех, жарты - хоць адбаўляй! Вечарам працягвалі гуляць у маладой. Моладзь тым часам танцавала з музыкамі да раніцы. Да іх далучаліся вясельнікі. Назаўтра раніцай дарылі маладую, абедалі і ехалі да маладога. Тут таксама моладзь сустракала каля брамы. Яе ўзнагароджвалі гарэлкай. "Цыганы" за сталом чакалі цукерак. У маладога абрад вяселля паўтараўся. Вячэралі, моладзь і вясельнікі танцавалі, на наступны дзень дарылі маладога, абедалі і раз'язджаліся па хатах.
Апісанае вяселле, можна сказаць, абрадавы рэгламент. Мяняўся яго ход, калі малады ішоў у прымы ў другую вёску. З царквы ехалі да маладой, або маладога ў залежнасці, хто бліжэй ці далей жыў ад яе, якая адлегласць паміж маладымі.
Распарадак вяселля ў маладых не мяняўся.
Аб раскошы вяселля чуў рознае. Першае: выпілі дзесяць літраў гарэлкі ў маладога ці маладой. А яшчэ: вяселле было на чатыры - шэсць сталоў. Горшае надва - тры сталы. Багатае - больш шасці. Не забывалі сказаць, хто і што падарыў брат ўсё вяселле заляцаўся да дружкі і з другімі не танцаваў, купіў ёй шмат цукерак.
Закуску рыхтавалі простую. Хлеб, адварвалі свініну і цяляціну (наразалі іх), сала, каўбаса і вантрабянка хатнія. Катлеты не пяклі. Да халоднага і селядцоў падавалі бульбу. Селядцы - адзіная ежа, купленая ў краме. Да соку і квасу пяклі сухарыкі, абаранкі і пірагі. Свацця ганарылася за свой удала спечаны каравай. Вясельнікі таксама прывозілі пірагі, а ад'язджаючы атрымоўвалі гасцінец пірага, спечаны іншай гаспадыняй.
Посуду на сталах не хапала. Лыжкі і відэльцы збіралі па хатах. Маладым і дружыне давалі відэльцы, а вясельнікам лыжкі. Маленькіх талерак (талежыкаў) не было. Дзве-тры чаркі на ножках з тоўстага шкла (кілішкі) на адзін стол.
Музыкі прыгожа ігралі ў складзе гарманіста, скрыпача, цымбаліста і барабаншчыка. На той час слыннымі ў ваколіцы былі Урбановічы з вёскі Жомайдзі. Бяднейшыя бралі гарманіста і барабаншчыка. Спачатку музыкі ігралі вясельнікам, падмацуюцца за сталом і ідуць у другую хату весяліць моладзь. Больш усяго танцавалі польку, кадрыль, кракавяк, вальс, абэрак і рэдка факстрот і танга.
Можна падумаць што вяселлі былі сумнымі. Гэта не так. Цяперашняе не можа ісці ў параўнанне. Паставіўшы "халадзільнікі" у малую хату, музыкі глумяць усякую весялосць у сабраўшыхся. Вясельнікі і музыкі спрабуюць нешта спяваць, але словы іх не зразумець у грукаце "дэцыбел". Родныя і блізкія не могуць пачуць адзін аднаго. А як хочацца, выпіўшы па чарцы, пагутарыць пад прыемную, дастаткова спакойную і ціхую музыку.
"Голь на выдумку хітра" - ёсць такая прымаўка. Можна падумаць, што на вяселлі зусім не пілі, параўняўшы з выпіванай гарэлкай сёння. Цяпер вып'е, і ўся ў яго думка, як утрымацца на нагах і не ўпасці. Жанчыны практычна не пілі: прыгалубіцца да чаркі і перадае далей. Мужчыны выпівалі болей, але галаву не "гублялі". Пілі і спявал: "Чарачка мая на золаце распісаная, каму чару піць - здароваму жыць!". Вып'юць і пачынаюць спяваць -ды як спявалі - заслухаешся! Жанчыны ім падпявалі і самы ведалі многа вясельных песень. Затым ішлі ў скокі, спявалі прыгаворкі.
Апавядаючы пра вяселлі, павінен зазначыць, што звычаі таго часу захаваліся і цяпер. Заўсёды музыкі ігралі марш, калі сядаліся і выходзілі з-за стала, калі прыязджалі і ад'язджалі ад маладых. Сёння сігналяць, а тады праз усю вуліцу музыкі ігралі на возе ці санях. Маладой пры ўваходзе ў хату маладога клалі палены. Калі яна іх адкіне ў бок - працавітая, калі не - ганарлівая жонка. Маладая абдорвала сям'ю маладога і родных. Музыкі ігралі вясельнікам і дружыне "добры дзень", а грошы аддавалі маладому. "Горка" крычалі толькі маладым. Цяпер вязуць да маладога толькі бялізну і падарункі, а тады яшчэ куфар. Вёз яго дружка-брат маладой. Грузілі куфар чатыры хлопцы. Гадалі, жартавалі, што цяжкі: мо каменні, ці што другое. У маладога тое-ж самае. На самой справе, калі на дне стаялі сувоі матэрыялу, куфар заўсёды быў цяжкім. Тады маладая больш плакала, цяпер наадварот - смяецца, але потым плача. І яшчэ, тады пайсці на вяселле і прасіць, каб далі гарэлкі - ганьба для кожнага хлопца.
Ну і сват - асноўная фігура на вяселлі. Ад яго разваротлівасці, умення
прыгожа з жартам мовіць, піць і не напівацца і выканаць вялікі аб'ём працы,
залежаў парадак і значны поспех вяселля.
Гулялі вяселлі - радзіліся дзеці. Пра раддомы ніхто не чуў. Не зналі дактароў. Мая бабка пад 90 гадоў хадзіла да парадзіх і прымала роды. Не помню, каб да вайны паміралі ад родаў. Рэдкія былі выпадкі, каб паміралі маленькія дзеці. Кум, кума і маці праз некаторы час ехалі ў прыходскую Беліцкую царкву хрысціць немаўлятка. Кум з кумою для дзіцяці куплялі падарункі. Рыхтавалі невялікі стол, збіраліся самыя блізкія з радні, выпівалі. Бабка атрымлівала падарунак: матэрыял на блюзку, панчохі ці іншае.
Бабулі і дзядулі ў вёсцы ціха заканчвалі свой век жыцця. Доўга не хварэлі.
Амаль да апошніх дзён тупалі каля хаты, штось рабілі і спакойна паміралі. На трэці дзень пасля смерці хавалі ўсёй вёскай. Напрыканцы вечарам жанчыны спявалі малітоўныя песні, доўга сядзелі каля труны, паміналі пражытыя нябожчыкам гады, гаварылі аб ім усё добрае. На-заўтра прывозілі бацюшку, часцей з Ганчароў, таму што намнога бліжэй, чым з Беліцы. Бацюшка маліўся ў хаце, затым праводзіў з аднавяскоўцамі (яны неслі нябожчыка) да крыжа ў канец вёскі. Труну ставілі на воз ці сані. Бацюшка памінаў нябожчыка апошні раз, людзі развітваліся з ім і разыходзіліся па хатах. На могілкі ішлі толькі родныя і блізкія. Могілкі знаходзіліся за 3 км ад вёскі. Дарога да іх была дрэннай, не лепш і цяпер. Кухарскі Уладзя з Дзітрыкаў гаварыў, што многа гадоў назад ішоў салдат пасля 25 гадоў службы ў войску. Яму стала дрэнна, упаў і памёр. Тут яго пахавалі. Здарылася гэта на граніцы зямель вёсак Супраўшчына і Жамойдзі. З той пары хаваюць там жыхароў вёсак Супраўшчына, Жамойдзі і Дзітрыкі. Калі правялі чыгунку, не заўсёды можна было туды праехаць. Пад чыгунным мастком збіраецца вада, пераезд і злева, і справа далёкі. Бацюшка па дамоўленасці і за грошы праводзіў нябожчыка на могілкі, дзе маліўся, асвячаў магілу, затым цела нябожчыка аддавалі зямлі.
Думаю, што могілкі на тым месцы нашыя дзяды не засноўвалі б, калі б ведалі, што пабудуюць тут чыгунку. Для іх можна было знайсці бліжэйшае і з лепшым пад'ездам месца. Можна меркаваць, што хавацца пачалі нашыя папярэднікі больш за 200 гадоў назад. Аб гэтым сведчыць аповед бабулі. Прыйшоў яе бацька з паншчыны з вёскі Істокі і сказаў, што больш туды не пойдзе. Будзем жыць самастойна, не залежаць ад памешчыка. Выходзіць, жылі ў вёсцы людзі да адмены паншчыны. Зараз могілкі зараслі вакол маладым лесам, і з боку іх не заўважыш.
Могілкі напаткалі два глуменні ў час вайны. Першае, калі жыхары вёскі Бяневічы рэзалі сосны таўшчынёй 70-80 см на дровы. Былі паломаны некаторыя крыжы. На тую пару было некалькі каменных і драўляных крыжоў і агароджаў.
Другі раз спакой нашых родзічаў патурбавалі савецкія лётчыкі. У 1944 годзе нейкая нямецкая вайсковая частка адступала і па дарозе з Агароднікаў у Супраўшчыну затрымалася каля могілкаў. Тут іх ноччу і патурбавалі дзвюмя бомбамі.

Хлеб і да хлеба.

Хлеб - усяму галава. Харчаванне без хлеба не магло існаваць. З хлебам елі ўсё. Мама гаварыла заўсёды, каб ужывалі хлеб нават да бульбы, кашы. Як памятаю, без хлеба не жылі. Тое, пра што пісаў, што перад летам жалі няспелае жыта для выпечкі хлеба, тлумачыцца няўменнем гаспадара разлічыць свае запасы: замнога прадаў, ці скарміў жывёлай. Акрамя жытняй у запасе заўсёды была ячменная і грэцкая мука, крупы ячменныя і грэцкія, гарох.
Да сказанага раней пра хлеб дадам, што акрамя рацэптаў выпечкі патрэбны сякі-такі інвентар. Да веніка, своеасабліва звязанага з хваёвых галінак для вымятання попелу, патрэбна яшчэ драўляная лапата велічынёй з бохан хлеба (25х35 см) з доўгім дзержаком. Яе пасыпалі мукой або пакрывалі аерам, дубовымі, кляновымі лістамі. Затым на іх накладвалі хлебнае цеста. Нейкім, толькі маме знаёмым, прыёмам лапатай цеста размяшчалася ў печы, ды так, каб умясціліся чатыры булкі. Намнога меншы такім жа спосабам вязалі другі венік. Калі печ напалена замнога, змочаным у вадзе венікам спырсквалі верхнюю скарынку. Спечаны хлеб даставалі і ўкладвалі верхняй скарынкай уніз на абрус, разасланы на ложку. Скарынка не адставала ад мякішу.
Часцяком карміліся чыстымі хлебнымі стравамі. У салодкае і халаднаватае са смятанай малако крышылі хлеб. (Адна з рэгіянальных назваў гэтай стравы "гармушка".) Хлеб намакаў і яго з апетытам з'ядалі. Або хлеб палівалі льняным алеем і пасыпалі соллю. І яшчэ хлеб смажылі ў тлушчы і елі з кавай. Каву рыхтавалі таксама з хлебных кавалкаў, абсмажаных на патэльні. На Вялікдзень і Каляды пяклі пірагі. Атрымлі-валіся белыя, шэрыя, смачныя, салодкія і не смачныя. Залежала ад мукі, дрожджаў і майстэрства гаспадыні. Пірагі пяклі ў старых пасудзінах, адсюль форма іх была рознаю. З астатняй пшанічнай мукі пяклі сяды-тады сухарыкі, рабілі макарону. Макарона заўсёды мела прывабны выгляд, смачная і з рознымі дабаўкамі. Пірагі елі з салодкім сырам і гатаваным малаком, кавай, радзей з кіслым малаком. Макарону варылі з малаком, дабаўлялі часам бульбу. Да мучных страваў адносіцца і зацірка з малаком. Пра галадуху гаварылі: "Ядуць пустую зацірку" (зацірка не прыпраўленая ні малаком, ні салам).
"З самага рання блінцы пякліся на сняданне" - пісаў Якуб Колас. І праўда - кожную нядзелю і святам пяклі аладкі. У гэтыя дні часцяком больш вольнага часу і ўся сям'я ў зборы. Пяклі аладкі з ячменнай змешанай з пшанічнай мукою, адной ячменнай ці грэцкай і з другіх розных камбінацый. Дабаўлялі сюды цёртую бульбу ці гарбуз. Аладкі пяклі на вялікіх патэльнях і патрэбна было майстэрства справіцца з гэтым на вуголлі ў печы. Для нас дзяцей хапала адной-двух аладак змазаных здорам, з печанымі скваркамі і яйкамі. Аладкі мачалі ў тлушч, елі з тварагом, разбаўленым смятанай, з адной смятанай, маслам і з мачанкай (верашчакай - закалотка з пшанічнай мукі з падсмажаным пакрышаным салам, мясам, бывае, з яйкамі).
Другім хлебам у хаце была бульба. Уваходзіла ў шматлікія стравы, і елі яе ў розных відах: бульба абіраная салёная, параная і печаная. Вараную салёную без лупін і печаную ўжывалі да баршчоў, параную абіралі ад лупін і тушылі з мясам на абед, як другую страву. З агародніны варылі баршчы і супы. Баршчы з капусты, буракоў - восенню, калі рэзалі авечак, а затым калолі каляду. Супы - увесь год з фасолі, морквы і бульбы, ячменных крупаў на малацэ. Круглы год дзеці елі сырую бручку, моркву, качаны ад капусты. Пры гэтым словаў боршч і суп не ведалі.Боршч звыкла называлі буракамі, суп - крупнікам.
На зіму нарыхтоўвалі па возу капусты. У адной кадушцы квасілі шаткаваную, у другой - цэлымі галоўкамі. Астатнюю захоўвалі зялёнай у каморы. Фасоля, боб, гарох, займалі годнае месца ў харча-ванні. Фасоля і гарох уваходзілі ў супы.
Боб і гарох варылі і затым падсмажвалі на масле. Парылі на вадзе, пражылі без вады, елі сухімі. На абед пяклі бабку з бульбы (перацёртая бульба, трохі мукі і дробна нарэзаная свініна ці сала).
Дарэчы ўспомніць прыказку: "Бульба, хлеб і каша - гэта яда наша". Кашу любілі малыя і старыя. Елі, толькі што стоўчаную, цёплую і прыпраўленую падсмажаным салам і цыбуляй, з кіслым малаком са смятанай. Дабаўлялі да кашы таксама сырыя яйкі. Бульбу і кашу елі з агуркамі, кіслай капустай, з агурэчным расолам, разбаўленым салодкім малаком са смятанай, з маслам, з сырым прымёрзшым салам. Рэшткі астыўшай кашы падсмажвалі з тлушчам да жоўтай скуркі. Успомню ячменную і гарбузовую з пшанічнай мукой кашы, звараныя таксама з дабаўкай малака. Чым не набор кашаў? Летам у час касьбы і жніва на лузе ці ў полі на першае падавалі халаднік з кветак агурэчных ці маладых агуркоў да кашы і хлеба. Затым - сушаны кумпяк, сала і суп малочны. Запівалі хлебным квасам.
Позняй восенню да старэйшых братоў прыходзілі іх сябры. Я з гарышча прыносіў кошык гнілых дзікіх груш. Хлопцы амаль усё з'ядалі. Вечарамі лушчылі гарбузовыя семачкі, елі параны гарох і боб. Сланечнік у нашых мясцінах вырошчвалі мала і з'ядалі яго дзеці часцей летам. Зямля ў вёсцы нізінная з асновай сівака, халодная і садовыя дрэвы раслі не ва ўсіх, але для сябе хапала.
Памятаю, нейкія мужчыны ў суправаджэнні нашага аднасяльчаніна познімі асеннімі вечарамі насілі па хатах сахарын. Бывала, гэтыя патаемныя людзі раздавалі літаратуру, якую мне не дазвалялі чытаць, і з хаты яна знікала. Сахарын куплялі і ўжывалі да кісялю на Каляды. Ён быў значна танейшы за цукар. Але як было не цяжка з грашыма, на вялікія святы ўсё ж куплялі цукар. У гандлі быў толькі кавалкавы і колаты. Да кісялю церлі добра размочаны мак, дабаўлялі яшчэ цукар. Летам малым дзецям давалі сусла з макам, каб добра спалі ў люльцы ў час жніва. Давалі і на ноч, каб дзіця і маці маглі адпачыць пасля працоўнага дня.
Раней пісаў, што на паўгаспадарцы трымалі па дзве дойныя каровы (было больш і менш). Усё малако заставалася дома. Куплялі толькі настаўнікі. Даводзілася малако скарыстоўваць для сябе. На першых днях самы смачны прадукт - малодзіва. Затым цяляткі не пакідалі малака. Праз месяц (не раней!) іх адлучалі ад каровы, але яшчэ доўга выпойвалі пойлам з малака і льнянога сем'я. Надойвалі малака па- рознаму, у залежнасці ад кармоў. Малако высокай тлустасці спажывалі сырадоем, кіслым, варылі ў супах, гатаваным. Сыроватка ішла для выпечкі аладак і хлеба. З тварагу рабім сыры, са смятаны - масла, маслёнку з'ядалі з бульбай. Дабаўлялі для выпечкі хлеба і для аладак. Горшай кармілі курэй і сабаку. Лішкі сыроў сушылі, масла - ператоплівалі.
Як бачым, харчаваліся не прысмакамі, але поўным наборам элементаў: вітаміны, тлушч, бялкі і вугляводы. Вясной і летам - больш малочныя стравы, восенню і зімою - з мясам. У год калолі аднаго парсюка, а то і два. Восенню рэзалі авечак і бараноў. Вясною - цёлак і бычкоў. У кожнай гаспадарцы вырошчвалі агародніну: капусту, моркву, буракі, рэдзьку, бручку, цыбулю, агуркі і іншае.
Уся гэтая праца выконвалася сумесна мужчынамі і жанчынамі.
Перад ядой мылі рукі. Па святах уся сям'я збіралася за сталом. Перажагнаўшыся, снедалі, размаўлялі мала. Калі дзеці вялі сябе дрэнна, маглі атрымаць драўлянай лыжкай ці апалонікам па лбе. На стол ставілі дзве вялікія міскі з ежай. Кожны са свайго боку зачэрпваў варыва, падстаўляў пад лыжку кавалак хлеба, каб не накапаць на стол, і падносіў да сябе. Відэльцаў для ўсіх не хапала.
Гаспадыня ежу на абед варыла з раніцы і ставіла ў печ, каб падаць яе цёплай. Вячэру варылі на трыножку на прыпечку. Летам у жніво абыходзіліся вечарам цёплым свежым малаком, або гарачай бульбай з кіслым.
Раскажу належным чынам пра агуркі. Не хавалі агародніну пад плёнку. Садзілі 15-20 траўня і раслі агуркі да замаразкаў. Першыя агуркі з'ядалі, потым засольвалі і да верасня скарыстоўвалі. На зіму салілі па адной або дзве 50-літровыя бочкі. Пры засолцы ўжывалі лісты дуба, хрэн, кроп і часнык.
Да спадобы былі стравы з сырой рэдзькі са смятанай. Поўнасцю налітыя каласы жыта, яшчэ не васахшыя, апальвалі на агні ад асцюкоў. Зярняты з'ядалі з апетытам. Па спелы гарох хадзілі ў поле. Рвалі яго. Клалі за кашулю на жывот і так хадзілі. Гаспадар сварыўся на нас, што бузавалі яго лепшы і раней выспеўшы гарох.
Да хутарызацыі ў 1934-1935 гадах пайшла гамонка, што вельмі смачнымі можна вырошчваць памідоры. Першыя памідоры дэгуставалі па рознаму: смачныя, непрыемныя, шкодныя. Калі пайшоў у Ганчарскую школу, там настаўнік Маліноўскі вёў урокі працы. Па графіку на канікулах патрэбна было даглядаць школьны агарод. Тут я пазнаёміўся з апрацоўкай і доглядам памідораў. Раслі здаровымі да кастрычніка - фітафтора не з'ядала іх. У верасні прыйшоўшы ў школу, мы атрымлівалі па некалькі памідораў. З'ядалі з хлебам, пасыпаўшы соллю. Такіх памідораў я цяпер не бачу. Ружова-чырвоныя з мякаццю, без вадкасці ў сярэдзіне, дыяметрам 10-12 см. Вось тады з таго насення я пачаў вырошчваць памідоры каля сваёй хаты.
Успомню яшчэ раз пра саладуху. Прадукт не ў кожнай гаспадыні атрымоўваўся смачным. Залежала ад тонка адсеянай мукі, яе запаркі, дабавак (цукар, мёд, ягады), бражання і хуткага астуджвання. Яшчэ лепшай атрымоўвалася саладуха з мукі змеленай з прарошчанага і высушанага жыта.
У навакольных лясах за 3-4 км сяды-тады збіралі грыбы. Баравікі сушылі на куццю. У сваім алешніку знаходзілі мізер дзікай маліны. Па чарніцы хадзілі за Нёман. На межах рвалі шчаўе. Некалькі пчаліных вулляў было ў вёсцы.
Калі прааналізаваць харчаванне сялян на працягу года, то складаўся рацыён. Распісаны па святах і буднях. Нічога лішняга. Можна вызначыць паслядоўнасць: восень з мясам, Калядны (Піліпаў) пост з саладухай і малаком, Калядныя святы з мясам, Вялікі пост з малаком і яйкамі, Вялікдзень і вясна з мясам і яйкамі,.
Пятроў пост са шчаўем і малаком, лета з малаком і агароднінай, Успенскі пост з агароднінай і садавінай.
На заканчэне раздзелу згадаю, як мужчыны, выслухаўшы настаўленні ксяндза з Ельні, што яны грашаць (не прытрымліваюцца пастоў), адказалі: "Нам не пацягнуць касу, не паеўшы сала". Тады ксёндз параіў: "Сала спячыце, скваркі ешце, а тлушч зліце на потым". Так і сталі рабіць, толькі тлушч з'ядалі ў нядзелю з аладкамі ці бульбай. Вось так і пасцілі. Дый цялячае мяса лічылася посным. Наогул перад вайной толькі бабулі прытрымліваліся пастоў. Маладзейшыя мужчыны, дзеці калі-нікалі пасцілі і толькі перад вялікімі святамі. І яшчэ, адсутнасць на той час халадзільнікаў прымушала сялян з'ядаць прадукты, не зважаючы на пасты.
Мой аповед тычыцца часоў да 1935-1936 гадоў, таму шмат у чым не магу пагадзіцца з краязнаўчым часопісам. "Земя лідска", які ў 1939 годзе пісаў: "Выклікае здзіўленне гэты часам галодны і абарваны чалавек, які ад цемры да цемры працуе на сваім полі, маючы часам для ежы некалькі бульбін і драбоксолі.
Вясковая хата складалася з аднаго пакоя, які адначасова быў кухняй, спальняй, а часам і хлявом, дзе ў маразы знаходзіліся цяляты і ягняты, а пад печчу зімавалі куры. З мэблі былі ложак, стол, некалькі лавак. Вялікая скрыня, а ў больш багатых была шафа. Харчаваліся гэтыя людзі бульбай і хлебам, якіх звычайна да вясны не хапала. Любімая страва - "мачанка" і яечня на сале.
Асобнага посуду не было. Елі з адной міскі, замест відэльцаў часта служылі пальцы.
Асабліва шырока былі распаўдсюджаны страўнікава-кішэчныя захворванні Большасць насельніцтва наогул не звярталася па лячэбную дапамогу ў бальніцу."
Жыццё ў наступныя перыяды хутарызацыі вёскі і на хутарах перад вайной карэнным чынам змяніла быт селяніна. Думаю, што мой аповед пра гэта ў далейшым пераканае чытачоў.

Культурнае жыццё.

Вядома, "культуру"па рознаму разумелі і разумеюць. Думаю, што кожны чалавек па рознаму ставіцца да культурнасці іншага чалавека. Пра сялян таго часу сказаў бы, як пра людзей высокай культуры душы. Кожны гаспадар зайздросціў багаццю, але ніколі не дазволіў бы сабе шлях да яго праз сілу ці гвалт. З дзяцінства старэйшыя гаварылі, сваім прыкладам паказвалі, што толькі працай і вучобай можна здабыць сабе багацце. Адсюль цанілі працу старэйшых у хаце і суседзяў.
Можна сказаць, што школа на той час была цэнтрам культурнага жыцця. Пры школе стварылі Гурток вясковай моладзі (Kolko mlodziezy wejskiej). Летам дзейнасць яго спынялася. Позней восенню адначасова з пачаткам вучобы моладзі вечарамі ў школе пачыналася дзейнасць моладзевага гуртка. Не памятаю, каб браты, прыйшоўшы са школы, гаварылі пра палітыку. Гамонка ішла пра прадстаўленні. Гэта асноўная работа маладзёвай арганізацыі. У самым вялікім класным пакоі майстравалі пераносную сцэну. За мізэрныя грошы мы дзеді хадзілі на прадстаўленні. З суседніх вёсак прыходзілі дарослыя мужчыны. Класны пакой заўсёды быў поўным і збіралася больш за сто чалавек. У вялікім калідоры загадчыца дазваляла ладзіць вечарыны з музыкамі, прысвечаныя польскім дзяржаўным святам. Іншыя вечарыны ладзілі на вёсцы ў гаспадароў, у якіх падлога была драўлянай. На вечарыны ў школу прыходзіла моладзь з суседніх вёсак.
Кнігі па польскай літаратуры выдавалі ў школе старэйшым вучням і сялянам, хто быў у гэтым зацікаўлены. Кніжны фонд быў небагатыым. Здараліся цікавыя гісторыі з падручнікамі і кнігамі. Віной таму з'яўляліся курцы. Яны патрошку пачыналі адрываць кавалачкі паперы з апошніх, затым першых лістоў падручнікаў і кніг на папяросы. Газет не было, а папера з кніг была глянцавай і для папярос не прыдатная, аднак за канікулы падручнік знікаў. Знікалі і спісаныя сшыткі.
Рэдка ў вёсцы чуў брудную лаянку. Часцей яе замянялі праклёнамі :"Каб ты здох!", "Дурны ты!". Калі сварка прынімала большы размах, тады - "Пайшоў у с...!". або "Пацалуй у с...!". "Жанчыны маглі падняць спадніцу і паказаць тое голае месца. Мужчыны ў выключных момантах прымянялі цяперашняе паўсямеснае мацюканне.
Ашчаднасць наглядалася ва ўсім. Лямпу запальвалі пасля "шарай гадзіны", калі ў хаце зусім сцямнее. "Шарай гадзінай" грэліся на печы, хто паспіць ці сходзіць да суседа пагаманіць. Пілі мала. Толькі па вялікіх святах, ці на выпадак вяселля, хрысцін, пахавання і памінак. Былі такія, што чарачку-другую вып'е, паехаўшы на рынак ў Беліцу прадаваць жавёліну. Пры куплі - продажы дамаўляліся, хто ставіць барыш паўлітра ці папалам на дваіх. Закуску мелі заўсёды з сабою. Тут на возе і выпівалі. З добрым настроем ехаў да хаты. Па дарозе запрашаў усіх падарожнікаў на воз, а калі збіралася іх шмат, сам злезе з воза і будзе ісці побач.
Пад'ехаўшы да дома, заспявае і гэтым дасць зразумець суседзям і асабліва жонцы, што гандаль удаўся.
Газеты ніхто не выпісваў. Чыталі толькі атрыманыя з другіх рук. Аб жыцці ў далёкіх мясцінах даведваліся ад людзей, што начавалі па хатах. Яны былі асуджаны за палітыку і павінны былі кожную ноч начаваць у другой вёсцы.
Прад'яўленыя дакументы солтыс забіраў, рабіў у іх адзнаку, а начлег назначаў па чарзе ў багацейшых і чысцейшых хатах.
А яшчэ памятаю, як па вёсцы хадзіў малады хлопец, гімназіст ці студэнт, і ў тоўстым сшытку зарысоўваў прадметы побыту. Хаты, хлявы, гумны. Я насіў бязмен.
Вельмі ўважліва зрысаваў яго. Затым паказваў тыя малюнкі ў сшытку.
Скончыўшы 5 класаў, я стаў чытаць беларускія кніжкі. Адна з першых - "Сымон - музыка" Якуба Коласа, рускія казкі (цяпер не памятаю якія). Казкі надрукаваны да першай сусветнай вайны.
Людзі верылі картам, цёмным сілам і снам. Як толькі з'яўляліся ў вёсцы цыганы, гэтую вестку хутка перадавалі ў другі канец. Якую праўду цыганкі наварожаць - невядома, але ўкрасці заўсёды здолеюць. У хату іх не пускалі, стараліся зачыніць або выйсці на падворак ды адправадзіць іх далей. Не ўсяму верылі нагаворанаму цыганкай, але другі раз супадала з далейшым жыццём. З'яўлялася гэта тэмай разважанняў на вячорках, раніцай пры першай сустрэчы з суседкай. На розныя лады тлумачылі змест слоў.
Былі людзі, што закручвалі "кудлы" на жыце. Жадалі яны свайму ворагу ўсяго дрэннага. Па-рознаму адносіліся сяляне да такіх учынкаў злоснікаў. Вырывалі і закопвалі, вырывалі і спальвалі. Але пасля не сталі звяртаць увагу. Ад недахопу дошак не ўва ўсіх былі нужнікі.
Спраўлялі свае патрэбы за хлявом ці гумном, паміж хлявамі. Рэдка звярталіся да доктара. А працаваў ён толькі ў Беліцы, Бярозаўцы і Лідзе, аптэкі - там жа. Лячыліся зёлкамі. У нашай бабулі пад печчу быў цэлы іх збор. Суседзі прыходзілі да яе па дапамогу. Ці лягчэй станавілася людзям - не ведаю. А вось што яна "выразала" лішаі, дык гэта праўда. У яе быў нож, дадзены ёй прабабкай, шчарбаты і тупы. Бабуля абводзіла некалькі разоў лішай, штось шаптала. Гаварыла "Аман" і ўбівала нож у сук лавы. Сук быў падзяўбаны так, што ўтварылася шмяціна. Паўторыць дзеянне яшчэ разоў два і лішай прападаў. А яшчэ замаўляла ўвярэджанне. Завязвала на нітцы вузялкі, зярняты збожжа і павязвала на руку ці нагу. Пра яе "акушэрскія" здольнасці я апавядаў раней.
Вясной і восенню з Беліцы прыязджаў доктар і правяраў здароўе вучняў. У многіх была трахома. Прыходзілася ў вызначаны дзень ехаць у Беліцу, дзе лячылі вочы.
Выпісваў доктар лякарства, але яно было дарагое і не ўсе куплялі.
Закончыўшы нашу школу Хрышчановіч Анатоль пайшоў вучыцца ў Беліцкую. Ён рос у мнагадзетнай сям'і. Пасля вайны завочна закончыў Віленскі чыгуначны тэхнікум.
Працаваў рабочым, брыгадзірам, майстрам, намеснікам ПЧ станцыі Ліда.
Старэйшы брат Іван закончыў Шчучынскую настаўніцкую семінарыю, карыстаючыся ільготамі. Служыў у польскай арміі, дзе прысвоілі вайсковае званне падхарунжы.
У час вайны 1939 года застаўся ў Польшчы, служыў у Войску Польскім, працаваў у Маскве ў польскім консульстве. Выйшаў у запас у званні палкоўніка. Другі брат Міхаіл працаваў на гаспадарцы. За Мішам рос Толя. Наступны брат Веньямін закончыў Лідскую педвучэльню і працаваў настаўнікам, Уладімір - дзяжурным на чыгуначнай станцыі "Нёман". Ніна закончыла таксама Лідскую педвучэльню, доўга працавала ў Жучкоўскай пачатковай школе. Яна адна засталася ў жывых і жыве цяпер у дачкі ў Баранавічах. Я памятаю, у якіх умовах яны жылі. Бацька Іосіф абсталяваў камору пад жыллё. Два маленькія акенцы, стол, лава, ложкі і печ Не магу сказаць, як склалася б іх жыццё, калі б не вызваленне з-пад "панскага" іга. Магу запэўніць, што не толькі Іван, але не адзін з гэтай сям'і сталі б годнымі людзмі. Жадання вучыцца і працаваць ім не трэба было ні ў каго пазычаць.
З нашай вёскі закончыў Шчучынскую настаўніцкую семінарыю адначасова з Хрышчановічам і Буйніцкі Канстанцін Іванавіч. Яны прыязджалі на канікулы. Ваня жыў у дзеда па маці праз плот ад нас. Пад вялікай ліпай змайстраваны быў столік і лаўкі. Тут яны летам вучыліся. Косця не зусім добра мог граць на скрыпцы. Нярэдка рэпеціравалі, а я сачыў праз плот іх намаганні граць па нотах. У Івана атрымоўвалася лепш і ён ці жартам, ці так стукаў Косцю смычком па лбе. Яны смяяліся, і я з імі.
Буйніцкі К. І. да вайны 1941 года працаваў настаўнікам дзесьці пад Вільняй, з 1941 па 1945 годы - у школах Лідскага раёна (Канюшанскай і Дзітрыкаўскай), пасля вайны - у Ганчарскай школе.
Рабіў я намаганні ў чытанні Бібліі, але змест на царкоўна-славянскай мове быў недастаткова зразумелым. Затое баптысты на той час не шкадавалі літаратуры і разносілі па хатах біблейскія каноны і законы на польскай мове. Чытаць - чыталі, было зразумелым. Але ніхто не перайшоў у іх веру.

Святы.

На працягу майго аповяду часткова расказваў пра святы, якую працу рабілі ў гэтыя дні. Павінен зазначыць, што святы я чакаў з нецярпеннем. Мусіць таму, напрацаваўшыся, хацелася змяніць напружаны рытм дня. Раніцай больш паспаць, паснедаць аладак, днём вольна пагуляць у дзіцячыя гульні, вечарам схадзіць да каталіцкага крыжа, што знаходзіўся ў сярэдзіне вёскі, выслухаць травеньскае богамаленне. У другую пару года вечарамі збіраліся па хатах: зімой на лёдзе, на снежнай горцы.
Моладзь напрыканцы свята ладзіла вечарыны (толькі не ў пост), паклікаўшы музыкаў з суседняй вёскі. На той час у нашай вёсцы музыкаў не было. У залежнасці ад сабраных грошай, хлопцы запрашалі тых ці іншых музыкаў. У дамове абгаворвалася, карміць музыкаў ці не, з гарэлкай ці без. Само сабой зразумела, што трэба было аддзякаваць гаспадара - часцей чаркай-другой гарэлкі. Хлопцы, патанцаваўшы спачатку гадзіну-паўтары, ішлі ў якую- небудзь хату па чарзе выпіць па чарцы: на чатырох пляшку, а то і на пецярых ці шасцярых. Чарачкі былі маленькімі і даводзілася кожнаму па дзве-тры. У гэты час дзяўчаты сядзелі на лавах, спявалі і чакалі музыкаў і кавалераў.
З прыходам музыкаў і хлопцаў пачыналася асноўная частка танцаў. Вальс і полька- грымелі доўга. Хлопцы і дзяўчаты: танцавалі да знямогі. Мы, дзеці, калі нам дазвалялі быць на вечарыне, сядзелі на печы, прыпечку, ці дзе-небудзь у куточку. З'явіся на сярэдзіне хаты - выскачыш "куляй" з тумаком за дзверы. Было адно месца, адкуль нас не выштурхоў-валі, гэта стаяць пад адчыненым акном у цёплую пару года. Прыходзілі на вечарыны і старэйшыя жанчыны і мужчыны. Яны не танцавалі, але ведаць яны хацелі ўсё, каб заўтра панесці вестку на вёсцы.
Ім цікава было ведаць, чаму той ці іншы хлопец не танцаваў, калі танцаваў, тады з кім. А прычыны ў яго ў асноўным былі дзве: жалоба і не ўнёс пэўную колькасць грошай за вечарыну. Зразумела, з дзяўчатамі справы былі іншыя.
Дзяўчына, у якой жалоба, зусім не ішла на вечарыну. Іншыя вялі сябе па рознаму. Спрытную дзяўчыну да танцаў запрашалі ўсе кавалеры. Але яна старалася дамовіцца з тым кавалерам, які добра танцуе. Тады яны разам маглі вечар пратанцаваць. Астатніх хлопцы запрашалі. Ганьба была таму, каму дзяўчына адкажа. Яна рызыкавала. Магло так здарыцца, што другія хлопцы пабаяцца пайсці прасіць яе рукі. Сядзець целы вечар на лаве было не ганарова. Дзяўчаты з дзяўчатамі не танцавалі.
Вечарыну ў нядзелю рабілі рэдка. Назаўтра раненька патрэбна ісці працаваць: араць, баранаваць, касіць ці жаць збажыну. Бацька і маці ў такім выпадку патураць не будуць.
Святамі са святаў лічыліся Каляды і Вялікдзень. Ні да аднаго са святаў так не рыхтаваліся, як да іх. Для нас дзяцей Каляды давалі магчымасць паесці свежаніну, пагуляць у марозныя дзянькі на санках і каньках. Перад вайной многія ладзілі ёлкі. Па ўбранню выгляд мелі бедны, бо цацкі рабілі самі.
Штуршком да гэтага была школьная ёлка. На ёй віселі ў асноўным купленыя цацкі і лепшыя, адабраныя і зробленыя вучнямі на ўроках ручной працы. Васковыя свечкі на спецыяльных зашчэпах гарэлі пад асаблі-вым наглядам нашай школьнай вартаўніцы. У руках трымала мяккі венік, а побач стаяла вядро з вадой. Перад канікуламлі ў нашай школе ставілася дзіцячая п'еса, прысвечаная нараджэнню Хрыста, з удзелам чорта і смерці, што выклікала ў нас нейкі страх, а потым радасць перамогі над злом. Першы дзень Калядаў лічыўся сямейным: з'ез-дзіць у царкву, памаліца, смачна паабедаць. Назаўтра, калі добрая санная дарога, ехалі ў госці да сватоў, кума ці кумы, сваіх дзяцей. Заўсёды ў гэты дзень вып'юць па чарцы. Едучы дамоў, гаспадар пастараецца пафарсіць і хутка пракоціць сваю гаспадыню. Бывае, сані перавернуцца і маладзіца паляціць у снег. Рэдка потым смяюцца, а больш сварацца.
Моладзь у гэты вечар ладзіла вечарыну, спявала песні і вадзіла гульні. Дзеці бавілі час на снезе і лёдзе, потым у хаце.
З нецярпеннем чакалі Вялікадня - свята цяпла, радасці і вясны. Напярэдадні свята гаспадар рыхтаваў воз: намазваў восі, рамантаваў драбіны палукашкі высцілаў мятай саломай. Набіраў у мяшкі сечку і сена. Да сечкі трохі дасыпаў зярнят. Калі добра сцямнее, ехалі ў Ганчарскую царкву. На ўсяночную бралі з сабою ў карзіну размалёваныя вараныя яйкі, каўбасу, вараныя кавалачкі сала і кумпяка, хлеб і пірог.
Жонку ды суседак садзіў на воз і адпраўляўся ў дарогу. У Ганчарах, калі былі блізка знаёмыя, пакідалі ў іх на падворку каня з возам, а самі ішлі ў царкву.
Сёй-той распрагаў каня каля царквы, вешаў яму торбу з сечкай на шыю.
Даводзілася сачыць за коньмі. Дамаўляліся на чарзе. Па-рознаму прыхаджане бавілі час да прыбыцця бацюшкі. На левй палавіне, напрацаваўшыся, бабулі драмалі. Мужчыны на сваёй палавіне стаялі ціха. Часам перагаворваліся паміж сабою. Сціхалі, калі чытальнік пачынаў аповед са святога пісання з жыцця Хрыста. Асабліва ўзнёсла, зразумела заварожвальна чытаў Віктар Іванавіч Савонь, жыхар вёскі Барвічы. У 1944 годзе ў жніўні ён выконваў абавязкі загадчыка Лідскага РАНА, а з верасня-дырэктара Нёманскай сямігадовай школы і затым працаваў у Вялічкаўскай школе.
На "гарах" малодшыя хлопцы і дзеці вялі сябе па- рознаму. Таму, хто засынаў, старэйшыя падносілі нашатырны спірт. Панюхаўшы, хутка падскокваў і на нейкі час цверазеў ад сонніцы.
Непаўторнае ўражанне пакідаў выгляд царквы з "гары". Ярка гарэла цэнтральнае люстра. Перад абразамі і на падстаўках таксама гарэлі свечкі. Вакол Плашчаніцы стаялі ў ганаровай варце хлопцы- пажарнікі з вёскі Ганцавічы. Кожныя паўгадзіны заступала наступная чацвёрка. Шоламы і пажарныя сякеркі былі начышчаны да бляску.
Пасля вялікага паста, Вербнай суботы і нядзелі хацелася з'есці нафарбаваныя цыбулевым шалупіннем яйкі, радзей размаляваныя. Бо казалася, што яны смачнейшыя за белыя. Набраўшы ў кішэні яек ішлі на вёску гуляць у "біткі". Гульня заключалася ў тым, каб забраць у таварыша яйка, разбіўшы шкарлупіну, стукаючы "носам" і "пяткай" яйка. Хадзілі і да дзеда Кандрата. Ён славуты "майстар" па гульні ў "біткі". Садзіўся на бярозавую калоду, прысланяўся да падпоры бэлькі. Падпора падтымлівала ў сярэдзіне хаты столь, каб не праламалася. Ставіў паміж ног сявеньку з яйкамі. Ён умела стукаў шкарлупінай аб пярэднія свае жоўтыя ад махоркі зубы і выбіраў яйка для гульні. Рэдка можна было выйграць у яго "біткі". Сявенька да вечара напаўнялася з верхам. А яшчэ гулялі з ім у "абмен". Дзед выбіраў з сявенькі яйка і мяняўся з намі. Вось тут ён часценька прайграваў. Не ведаў якое ў нас у руках яйка. Бо дазвалялася яму, толькі падрапаць шкарлупінне пазногцем.
Любімай гульнёй на Вялікдзень была "горка". Клалі з дошак жолаб (даўжынёй адзін метр) адным канцом на сцяну хаты ці на што- небудзь іншае. А другі канец - на зямлю. Выраўновалі зямлю, каб па ёй добра кацілася яйка і пачыналася гульня. Яйка клалі на жолаб у залежнасці ад таго, як далёка хочаш, каб яно пакацілася па зямлі. Наступныя гулякі выконвалі тое ж. І так па чарзе. Калі шкарлупінне разбівалася, яйка пераходзіла ва ўласнасць пераможцы.
Нельга было ўявіць Вялікдзень без валачобнікаў пасля першага дня вечарам. У нашай вёсцы іх было мала. Не маглі абысці ўсе хаты.
Хадзілі на запрашэнні гаспадароў. Пады-шоўшы пад акно, стукалі. Віншавалі са святам і прасілі дазволу праспяваць валачобныя песні. Першай спявалі царкоўную. "Вялік святы нам дзень настаў". За большую плату - іншыя песні.
Прыязджалі ў вёску валачобнікі і з Сяльца. З сабой бралі гармонік. Часам скрыпку і бубен. Уражанне непаўторнае. У ціхую цёплую ноч спеў і музыка разносілася на ўсю ваколіцу. Гаспадыні разлічваліся ўсім, чым была багата хата: яйкамі (пажадана сырымі), каўбасой, салам, вараным мясам, хлебам, булкай (пірагамі) і грашыма. Валачобнікі не адмаўляліся - балазе фурманка стаяла на вуліцы.
На другі дзень Вялікадня хрышчоныя бацька і маці дарылі дзецям пафарбаваныя яйкі. Радзей цукеркі, ці штось купленае ў краме. З нагоды выпівалі па чарцы. Кумачкі частаваліся зробленымі на свята прысмакамі. На трэці дзень адпачывалі.
А на чацвёрты, калі надвор'е спрыяла, выконвалі некаторыя работы на падворку і агародзе.
Значнае месца ў царкоўным каляндары займае Сёмуха. Запомнілася тым, што ў гэты дзень каровы ў абед ішлі з бярозавымі вянкамі на рагах. Пастухі так адзначалі святы дзень са сваім статкам. За гэта гаспадыні частавалі іх рознымі падарункамі: смачнай ядой, грашыма, чарачкай гарэлкі.
Добра помню Купалле. Пасля абедні ў царкве хлопцы ладзілі за вёскай арэлі. Расло там з дзесятак высокіх бяроз. Пры хутарызацыі гаспадары зрэзалі іх на дровы. Ніхто не хацеў пакідаць дрэвы іншаму гаспадару, бо з дрыўмі было цяжка.
Дык вось, хлопцы збіралі моцныя лейцы і ладзілі там арэлі. Пры дапамозе другіх лейцаў так разгойдвалі арэлі, што ўдзельнікі прасіліся знізіць вышыню палёту, сёй-той прывязваўся дзеля бяспекі.

Гульні, забавы, цацкі.

Вядучы аповед пра жыццё вёскі за перыяд да хутарызацыі, ускосна ўздымаў гэтую тэму. Цяпер хочацца затрымацца на тых момантах, што засталіся ў памяці, і адначасова расказаць аб гульнях і забавах у пазнейшыя часы да вайны. У вайну не памятаю, каб гулялі ў вольны час.
У хатніх умовах дзеці гулялі з мячамі, зробленымі з кусочкаў матэрыі. У сярэдзіну зашывалі пакулле. Пастухі вясной збіралі шэрсць з кароў і валялі невялікія мячыкі. Для дзяцей быў рэдкім падарункам гумовы мячык.
Як толькі сыдзе снег, гулялі ў "Хаванкі", "Класы" і "Клёк". У "Хаванках" выбіраўся вядовец, гэта называлася "плюшчыць". Вядовец "плюшчыў". Ён у вызначаным месцы закрываў вочы рукамі і прытуляўся лбом да сцяны. Нейкі час чакаў (лічыў да дамоўленага ліку), пакуль удзельнікі гульні схава-юцца, і затым гаварыў: "Раз, два, тры, чатыры, пяць - я іду шукаць". Знойдзены ўдзельнік гульні і заўважаны першым, "плюшчыў" у наступным туры, калі не "адаб'ецца" больш устаноўленай колькасці гульцоў. Той, хто "адбіўся" атрымліваў ачко. Хто больш усяго за ўсю гульню набіраў ачкоў, станавіўся пераможцам.
У "Класы" гулялі і гуляюць у мясцовасці па рознаму. Усім добра вядомая гульня.
Што не патрабуе тлумачэння.
"Клёк" - больш гульня хлопчыкаў. На адлег-ласці 10-12 метраў ад лініі кідкоў ставіцца "клёк" (калочак вышынёй 30 -40 см). Кідаюць палкі пачарзе, каб збіць "клёк". Вядовец павінен хутка паставіць "клёк" на месца і пастарацца закрануць удзельніка палкай у той час, калі яны забіраюць свае. Але ў гэты час яго могуць выручаць сябры, што знаходзяцца на полі, збіўшы "клёк".
Гулялі таксама ў "Ямкі" (гульня падобная на лапту з палкамлі).
Любілі качаць колцы з бярозавых калодак на падворку далей ад вакон хаты. Рысавалі дзве лініі на адлегласці па дамоўленасці. За лініямі размяркоўваліся каманды. Запускалі круг у камандзе па чарзе. Калі спаборная каманда з палакамі прапускае колца, тады супрацьлеглая каманда атрымлівае ачко. І так да конца гульні. Пераможца- каманда, якая набярэ больш ачкоў.
Перад вайной, калі з'явіліся надзімные мячыкі, пачалі гуляць у "Dwa ognia" ("Два капітаны" цяпер). Гульня праводзілася на валейбольнай пляцоўцы 9 м х 18 м, або большай ці меншай, падзеленай папалам. Гульня развівала лоўкасць, хуткасць кідкоў і лоўлі мяча.
Калі на канікулы прыязджаў семінарыст Буйніцкі Косця, ён па святах і вечарах у будні дзень вучыў гуляць у волейбол. Гульня новая, нашай моладзі невядомая.
Гулялі прымітыўна, без змены месцаў. Косця растаўляў іх па здольнасцях: на падачу, на пас, у нападзенне. Спачатку гулялі на школьным двары, але мяч часцяком залятаў на настаўніцкі агарод і давялося хлопцам абсталяваць пляцоўку на выгане. Мы, меншыя, радаваліся, калі возьмеш сапраўдны валейбольны мяч у рукі, патрымаеш і падкінлеш уверх. Хлопцы крычалі, каб хутчэй падавалі ім. Не заўсёды атрымлівалася і зноў гулі абурэнне на нашу няздольнасць. Вельмі былі задаволены нашы хлопцы, калі вярнуліся з Агороднікаў і выйгралі там у мясцовай каманды. Яны гулялі ў Гуце і атрымлівалі перамогі. Якой камандай выглядалі нашы хлопцы? Дабіраліся возам і двое хлопцаў на раварах. Гулялі, хто ў касцюме, хто ў чаравіках, хто босы, хто у шапцы. Адзін смех, дый годзе!.
Зімовымі вечарамі хлопчыкі з бацькам ладзілі маленькі воз - рыхтаваліся да вясны. Бацька дапамагаў сыну і прыгаворваў, што можна вазіць возам, ці шмат на яго пакладзеш, ды ці пацягне конь. А каня, ай, як патрэбна берагчы, бо без яго і не можа быць гаспадара. Так у малых бацька выхоўваў гаспадарчыя адносіны да зямлі і жывёлы.
Дзяўчынкі з розных кавалачкаў матэрыі шылі лялькі, апраналі і размаўлялі з імі, спавівалі і спявалі песні. З малых гадоў расла клапатлівая і лаская маці.
Запалкі па той час былі дарагімі, але мы стараліся займець скрынку ад іх. Гэта быў каштоўны матэрыял для вырабу розных цацак. У першую чаргу скрынкі ішлі на выроб вагонаў, паравоваў і машын. Колы рабілі з фанеры, цвёрдага кардону, адразалі ад рознай таўшчыні палак.
З высушанай і апрацаванай косці з ног свіней майстравалі "бурты". У косці пракручвалі дзве адтуліны, праз іх працягвалі моцную вяровачку. Па канцах падвойнай вяроўкі замацоўваліся палачкі, каб зручней было трымаць і скручваць, і раскручваць вяровачку, нацягваючы ў бакі. Костка круцілася то ў адзін, то ў другі бок і разносіўся характэрны гук.
А яшчэ з надутага і высушанага мачавога пухіра заколатай свінкі атрымлівалі лёгкі мячык. Форма яго авальная. Але мы бавілі час з ім у розныя гульні, пакуль не трапьць на востры прадмет і не лопне.
Майстравалі дудкі і дудачкі з вярбы, вольхі, сасны і саломкі. Самы лёгкі спосаб атрымаць свісцюльку са сцябла, калі жыта тольклі пачынае пускаць каласы. Патрэбна пацягнуць за першае звяно, а з другога павінна адарвацца мягкая трубачка. Затым адкусіць даўжынёй 4-5 см, лёгка сціснуць зубамі, каб атрымаўся сплюснуты канец, падуць у яго, пачуецца гук. Калі хочацца атрымаць акорд галасоў, дастаткова дадаць адну або дзве саломінкі. Праўда, доўга на такіх свісцюльках граць не будзеш: лопаюцца або высыхаюць.
Патрэбна праявіць умельства, каб зрабіць дудачку з вярбы або лазы. Канешне, без ножыка ніякай дудачкі не зробіш. Нож з дому не возьмеш. У хаце іх было адзін-два. Мы карысталіся самаробнымі рознай канструкцыі. Той, хто меў фабрычны ножык, быў шчасліўчыкам. У школу нож насіць не дазвалялі, а алоўкі ў школе вастрылі машынкай, якая знай-ходзділася ў настаўніка на стале. Дарослыя людзі ножыкі насілі ў кішэні на вяровачцы, прывязанай да папружкі.
Зразалі роўную без пашкоджанняў вярбовую галінку. Тую частку, з якой сцягвалі кару, з танчэйшага канца адразалі. У тым жа канцы выразалі на адлегласці 2-3 см ад краю адтуліну для праходжання паветра. Кара добра здымаецца пасля пастуквання па ёй ручкай нажа і пакручвання. няўшы кару, закрываем яе з двух канцоў коркамі з аголенай вярбовай палачкі. У залежнасці ад таго, якой таўшчыні галінка, дыяметра знятай кары, велічыні дзіркі, зрэзу на корку будзе атрымлівацца гучанне.

А вось трубу з вольхі зрабіць не кожнаму ўдаецца. Падбіраецца доўгая без сучкоў галіна. Асобным спосабам шрубай здымаецца кара пасля нарэзаў вузкай палоскай да больш шырокай на камлі галінкі.
Зрэзаная кара ад вузейшага канца скручваецца так, каб край кары заходзіў на другі. У шырокім канцы ў двух месцах дуда пратыкаецца калочкам. Каб не раскруцілася. У тонкі канец устаўляецца свісцюлька з вярбы або лазы. У месцах, дзе шмат праходзтць паветра, замазвалі пажаваным хлебам. Труба - дуда гатова! Надувай губы і дзьмі.
Раніцай пастухі, граючы ў дуду, давалі знаць гаспадыням, што пара выганяць каровы.
Не кожны мог зрабіць дудачку з сасновага маладога пабегу. Патрэбна дастаць сарцавіну з пабегу, папярэдне пастукаўшы па галіне палачкай каб размягчыць абалонку. Выразаўшы некалькі дзірачак зверху і закрыўшы коркамі канцы, як у дудачкі з вярбы, можна было перабіраць пальцамі і выканаць нескладаную мелодыю.
У час жніва з жытняй саломы вельмі хутка майстравалі вятрачок. Дуеш у саломку і перад табою шуміць "прапелер" Да вялікіх святаў рабілі "павукі". З выбранай саломкі можна змайстраваць рознай формы "павукоў": кубічныя, шасцігранныя і больш, у выглядзе зорак у спалучэнні з другімі. Заўсёды ад подыху паветра "павукі круціліся і ўносілі ў хату радасць і весялось.
На заканчэнне раздзелу хацелася б дапоўніць падзеямі, усплыўшымі ў памяці. Па вёсках хадзілі вандроўныя фокуснікі і цыркачы. За невялікія грошы выступалі перад сяльчанамі.
Адзін з іх паказваў фокусы з картамі. Угадваў іх, знікалі з калоды і іншае. Добра памятаю, паклаўшы калоду картаў на стол пачаў граць на губным гармоніку. Карты ў рытме музыкі спаўзалі з калоды і больш за дзесятак упала на падлогу.
Другі ў суседняй вёсцы Жомайдзі паказваў фокусы з дапамогай жонкі. У канцы выступлення рассыпаў шкло з пабітых бутэлек на стол. Лёг голай спіной, змазанай чымсьці, і трохі рухаўся ўлева і ўправа. Крыві на спіне не было. І самае галоўнае - паказ кінафільма. Першы раз у жыцці бачыў, як на экране рухаліся людзі. Апарат прыводзіўся ў рух ручным колаваротам. Гуку не было. Дзеянне на экране каментавала жонка. Днём, адзетая ў касцюм паяца, яна прайшла туды і назад па суседняй і нашай вёсцы са званочкам. Гучна заклікала на прадстаўленне.
Наогул, людзі, якія асуджаны былі на вандраванне з вёскі ў вёску, валодалі рознымі спецыяль-насцямі. Асабліва ў размовы яны не ўмешваліся. А вось змайстраваць што - небудзь, паказаць, адклікаліся са здавальненнем.
Аднойчы з мамай вечарам пайшлі да знаёмых. Там у іх сядзеў мужчына. Прапанаваў нам паказаць "фокус". Спачатку паказаў два белыя шарыкі. Затым заціснуў мне нос і сказаў дуць. Мне бачна было, як тыя шарыкі выкаціліся з рукава. Вось і ўвесь фокус!
Перад жнівом у вёску прыязджаў парма коньмі ад заможнага гаспадара Шайпукі з вёскі Ганцавічы парабак і клікаў жанчын жаць жыта па завышанай цане. Абедалі ў гаспадара. Жалі да заходу сонца. Два-тры дні і збажына зжата. Жанчыны атрымлівалі разлік вечарам.
Да вяселля малады з маладой у царкве падавалі на запавядзі. Перад вянчаннем па нядзелях бацюшка за грошы пасля абедні аб'яўляў пра шлюб, што мае быць.
Паўтаралася гэта разоў чатыры. Нейкі цяперашні тэрмін на раздумванне маладым.
Яўрэі з Беліцы, як іх называлі "балаголы", вазілі па вёсцы мыла, розную дробязь (ніткі, іголкі, напарст-кі), ваконнае шкло. Тут жа на возе выразалі алмазам шыбы, замацоўвалі цвікамі і замазвалі кітам. Разлічваліся па рознаму: злотымі, збожжам, курыцай, яйкамі, свіной шэрсццю і іншае.
Сярод хлопцаў знаходзіліся, што маглі граць на струнных інструментах. Мой старэйшы брат Ціхан сёе-тое мог сыграць на мандаліне, другія на балалайцы. Міцюкевіч Восіп і Сівіцкі Мікалай збіраліся і бавілі час - утвараўся вясковы ансамбль.

Кішэнныя і наручныя гадзіннікі - рэдкасць сярод сяльчан. У нашай хаце, з'явіўся насценны гадзіннік "зязюля" ў 1940 годзе. Прыводзіў у захапленне звон гадзінніка, які стаяў каля сцяны ў гаспадара і няведама адкуль дастаўся яму.

Другі перыяд - 1935 - 1937 годы. Хутарызацыя


Памятаю, як пачалі гаварыць на вёсцы, што будзе праводзіцца хутарызацыя. Не ведаю, які працэнт сялян павінен быў выказацца за пераход на хутары, але дома брат паведаміў пра хутарызацыю, што будзе у нашай вёсцы і Жамойдзі адначасова.
Справа ў тым, што палеткі, лугі і лясныя ўчасткі нашых вёсак перамяжоўваліся.
Каб правесці хутарызацыю, напачатку патрэбна было зрабіць меліярацыю, асушыць землі часткова адной вёскай немагчыма. Давялося б капаць равы на тэрыторыі другой вёскі.
У залежнасці ад колькасці зямлі ў гаспадара меліяратар вызначаў даўжыню рова, які патрэбна было рыдлёўкамі і шуфлямі выкапаць, а зямлю раўнамерна раскідаць з двух бакоў рова. За ўсёй працай сачыў майстар. Ён вызначаў глыбіню рова і дзе патрэбна было выкласці дзёрнам.
Адначасова з меліярацыяй ішоў абмер усёй зямлі, прасякалі граніцы з суседнімі вёскамі. На гэтай граніцы закопвалі камяні (50-60 см) з адтулінамі дыяметрам 3 см і глыбінёй 5-6 см. Ад колькасці зямлі гаспадары шукалі і рыхтавалі такія камяні, падвозілі ва ўказанае месца.
Названую працу выканалі за адзін год. Затым, калі каморнік склаў і нарысаваў мапу зямлі з дзяленнем па ўражайнасці, сходам ацанілі тыя дзялянкі ад 10 да 120 злотых за гектар. Цана была ўмоўнай, як і кошт усёй гаспадаркі. Вось тут і задумаліся гаспадары. Што лепей: менш зямлі, але больш урадлівай, ці шмат, але пясок і лясок?
У вёсцы засталіся багацейшыя гаспадары: Федзюкевіч Канстанцін Іванавіч, Сівіцкі Сцяпан Іванавіч, Мулінскі Аляксандр Аляксандравіч, Буйніцкі Іван. Ім адмералі самай лепшай зямлі побач з поплавам. Не патрэбна было перабудоўвацца.
Сяреднякі ўзялі зямлю лепшую, але воддаль ад вёскі. Бяднейшыя сяліліся ва ўгоддзі Хаданішкі. Няведома, хто прайграў бы ў будучым. У Хаданішках не было каля хутароў лугавой зямлі, але затое вырас бы лес. Ад яго мелі бы даход.
Напрыклад, на нашым хутары не рос лес, калі не лічыць невялікую лапіну алешніку за 2 км на сенажаці. Запускаць лесам пашу было не выгадна. Дзе пасвіць кароў і касіць сена? Былі хутары без сенакосаў. Гаспадары сеялі канюшыну, салядэру і навязвалі кароўку на ланцуг, але такіх былі адзінкі.
Жучкевіч Антон Іосіфавіч на свай пай атрымаў 30 га зямлі па 10-20 злотых. Зараз там расце лес 10 га, трэцяя частка засяваецца нават лёнам і пшаніцай. Думаю, ён не пакінуў бы горшую замельку: угнойваў бы, сеяў бы лубін, грэчку і жыта.
Хутарызацыя змяніла кірунак галоўных і пабочных дарог, таму выбар месца пад забудовы набыў важнейшае значэнне для сям'і. Калі забудовы ад шашы размяшчалі на любой адлегласці, то ад чыгункі - не бліжэй чым за 100 м. Паравозы палілі вуглём. Хаты, гумны і хлявы адно ад другога таксама сталі будаваць на дастатковай адлегласці паводле мераў пажарнай бяспекі. А яшчэ месца выбіралі пясчанае - шкода было лепшага кавалачка зямлі.
Не тое, што цяпер! Будаваліся і будуюцца там, дзе самая лепшая зямля. Калі гэта можна патлумачыць тым, што соткі каля хаты адзіны паратунак ад галадухі, то будаваць кароўнік у калгасе на самых лепшым нівах, а жыжу спускаць у чысценькае возера (у вёсцы Істакі), а адтуль рэчачкай у Нёман - не вытрымлівае ніякай крытыкі.
На хутары гаспадар затрымае каня, кучу калу з-пад яго скіне на палетак, што пра многае кажа. Наша зямелька вельмі "прагавітая": возьмеш у яе воз збажыны - два-тры вазы гною вярні назад. Калі яшчэ на палях трымаўся гумус ад зямляробства дзядоў і бацькоў, атрымоўвалі добрыя ўраджаі адносна нашых зямель. Зараз сып на пясок ці не сып салетру - бульба не расце. Калі вырасце, то як "мыла". З 50-х гадоў не ем смачнай бульбы. Была тады пахучай і рассыпчатай, а называлі яе "варшаўкай" Але вер-немся ў той даваенны неспакойны час Большасць забудоў крылі саломай. Працэс даволі складаны. Як толькі стала вядома, што вёска будзе расселена па хутарам, гаспадары сталі рыхта-вацца. У першую чаргу на пясчаных глебах зеленкаватае жыта зжалі нізка сярпамі, каб абмалаціўшы цапамі, можна было адбіраць кулявую (дахавую) салому. Спачатку абмалочаны сноп развязвалі, стукалі камлём аб ток так, каб ён выраўняўся. Потым, узяўшы сноп за каласы, страсалі траву і карацейшую салому. У руках заставалася доўгая і тонкая саломка, якая служыла ў страсе да 50 гадоў пры ўмове, калі радкі саломы грабесцінкамі будуць моцна сціснуты і лазовымі скручанымі дубцамі змацаваны з латамі.
Стрэсеную салому вязалі ў вялікія снапы і таксама, стукаючы аб ток, раўнавалі па зрэзу. Называўся такі сноп кулём, ад чаго і назва "кулявая салома". Кулі ставілі і так яны захоўваліся некалькі гадоў, мышы не вельмі жавалі.
Нашы пабудовы крыў Жучкевіч Антон. Слаўным быў майстрам гэтай справы. Я яму дапамагаў. Падаваў кулі, грабесцінкі, лазовыя дубцы. Залазіў па драбінах да яго на страху і расцілаў салому, завязваў дубцамі грабесціны. Напэўна і цяпер пры неабходасці накрыў бы любы будынак. Прышлося б толькі змайстраваць дахавую дошку 40 х 30 (см) з драўлянай ручкай і з касымі нарэзамі з другога боку, каб раўнаваць салому. Для зручнасці працы на страсе прывязвалі лейцамі да латаў даволі тоўстую жэрдку, па якой хадзілі і крылі страху, паступова падцягвоючы жэрдку ўверх.
Наогул, шмат мужчын асвоілі гэтую спецыяльнасць. Будаваліся ўсе і некалькі крытнікаў з гэтай работа не спраўляліся. Крылі таксама старой саломай, калі яна ляжала ў страсе мала часу і мела добрую якасць. Але яе патрэбна было з умельствам зняць. Рассякалі старыя дубцы, вызвалялі грабёціны. Пласт саломы скручвалі ў рулон, вязалі моцным саламяным перавяслам. На страсе акуратна раскручвалі. Трошкі падраўноўвалі дахавай дошкай і ўвязвалі дубцамі і грабесцінамі.
Пра тое, як залежала якасць страхі ад майстра, гаворыць наступны факт. У адзін з гадоў была моцная бура. Вецер за некалькі хвілін гумны суседзяў пакінуў без стрэх. Салому паразносіла па ўсяму полю. Страху з нашага гумна на чатыры пары сох і двое дзярэй вецер падняў і цэленькай паставіў на падворак. Вяскоўцы прыходзілі і дзівіліся. Давялося раскрываць і нанава ставіць кроквы, лаціць і крыць той жа саломай.
Праз год пасля гэтага, пабудаванае намі на хутары гумно згарэла. Было гэта ў чэрвені месяцы. Гумно падрыхтавалі пад новы ўраджай. Саломы і сена не было. Падмеценае і собранае смецце вынесена на падсціл. Брат Саня вынес увесь інвентар, выкаціў сячкарню, нават разабраў частку старонкаў каля тока.
Гаварыў, што ўверсе ўтварылася дзірка з шапку і гарэла салома. Былі б побач людзі і магчымасць залезці на страху, можна было салому скідаць уніз, дзе яе патушыць. Пайшоў дождж і дапамог бы весці барацьбу з агнём. Хата і хлявы не згарэлі, толькі ад маланкі раскалола капітальны комін і зламала журавель каля студні, а маму адкінула ад печы. Здарылася бы такое ў вёсцы - не думаю, што згарэла бы толькі нашае гумно. Побач страха з страхой стаялі суседскія.
У той дзень мы з братам ехалі з Сяльца. Над вёскай утварылася невялікая хмара, бліснула маланка, грымнуў гром. Да нас так і не дайшоў дождж, а дым у тым баку паваліў вялікі. Падязджаем да хаты, а гумна нашага няма...
Тым летам купілі новае гумно ў Бенявічах на тры пары сох і двое дзвярэй. Доўга потым яно служыла калгасу месцам для захоўвання і апрацоўкі лёну.
На той час, калі вяскоўцы пачалі перабудоўвацца я, хадзіў у Ганчарскую школу. Часцей пачыналі перабудову з гумнаў так, каб да ўборкі ўраджаю можна было накрыць. Да гумнаў, складзеных без моху, не патрабуецца вялікіх дабавак, калі дзе-нідзе замяніць падваліны. За першы дзень раскрывалі страху. Горшая салома выкарыстоўвалася на падсціл. Лепшай - крылі паўторна. На другі дзень гаспадары збіраліся, як гавораць, "талакой" з вазамі. Зазначалі бярвенні лічбамі, разбіралі, клалі на вазы і адвозілі на хутар. І ўсё гэта без асаблівых "барышоў", за так, таму што назаўтра патрэбна дапамагаць суседзям ці прасіць да сябе па дапамогу.
Ідзеш са школы і бачыш пустое добра вядомае месца, а на трэці дзень стаіць у полі гумно з паднятымісохамі. Застаецца прыбіць латы і накрыць саломай, што займала больш часу. Гэта залежала ад колькасці крытнікаў і магчымасцяў гаспадара. Гліны на нашых палетках хапала. Масці ток, і гумно гатова. Летам яно было за хату і ставілі тут жывёлу на той час, калі перабудоўвалі хату і хлявы.
Хлявы абнаўлялі паўсюдна. Дабаўлялі знізу тры - чатыры вянкі са здаровых паленаў. Фундамент выкладалі вялікімі камянямі і там, дзе гадавалі свіней, умацоўвалі цэментам. Хлявы будавалі больш вузкія з разлікам на раздзельнае ўтрыманне каня, кароў, вечак і свіней. З такіх хлявоў бліжэй і лягчэй выкідаць гной.
Хаты на хутарах пабудавалі большымі і святлейшымі. Вокны майстравалі з дубэльтамі на тры шыбы. У вёсцы яны былі меншымі і на шэсць шыб без дубэльтаў.
Планіроўка хат мела палепшаны выгляд. Чысты пакой, спальня (адгароджаная шафай, печкай-стаяком і занавескай), кухня, калідорчык, камора і ганак. Каб зрабіць такую перабудову, патрэбна было купіць нейкую колькасць лесу і пусціць пад будолю палены ад старых сяней. У многіх хатах мянялі да вокнаў усе палены або часткова падваліны, паедзеныя шашалем.
Вось такімі сталі будавацца хаты на хутарах. У хатах слалі падлогу з дошак, але ў сенях, каморы, у кухні супраць печы - з гліны. Зразумела, такая перабудова патрабавала ад гаспадара разваротлі-васці, умення. Накрыўшы хаты і хлявы, гаспадары стараліся да зімы "зляпіць", як гаварылі, печ і ўставіць вокны ў першую чаргу на кухні. Так і зімавалі ў цеснаце! Вясной закончвалі абсталёўваць застаўшуюся палову хаты: падлогу, столь, вокны, дзверы.
Сцены замазвалі глінай, праз год ці два, калі давалі асадку, выбівалі лучынай або дранай лазой і тынкавалі глінай з пяском і мякінай, часам пяском з вапнай.
Багацейшыя куплялі трэцясортную фанеру і абабівалі ёю сцены. Хаты сталі больш прывабнымі, стаялі на вышэйшым фундаменце з ганкам, ашалёваным да сярэдзіны сцяны, з чатырмя стойкамі і дзвюмя лаўкамі.
Другая большая палавіна стала святлейшай, гасцейнай. Дзялілі яе папалам. У спальні стаялі два ложкі, як гаварыў раней, адгароджаныя шафай і занавескай, або сцяной з дошак і лёгкімі дзвярыма. Ацяплялі зімой "грубкай", змайстраванай з кафлі радзей з цэглы.
Пакоі абставілі новай мэблай. Зніклі доўгія лавы. На іх месца паставілі зэдлікі, самаробныя канапы, крэслы, табурэткі, ложкі з матрацамі самаробнымі і купленымі.
Толькі наша сям'я і Урбана Аляксандра пабудалі новыя хаты на хутары. Нам спатрэбілася 40м3 "сотавага" лесу. Так называўся бракованы па заніжанай цане. Чатыры майстры з вёскі Фалькавічы за месяц абчасалі лес і пабудавалі хату пад саламяную страху. Не памятаю, колькі мама заплаціла за работу, але добра памятаю, як я хадзіў у краму ў Саламянцы (зараз там раскінуўся ладны палетак зямлі: няма ні знакамітага саду, ні адзінага каменьчыка ад фундамента) да Зыгмунта Качаноўскага і купляў "манапольку". Купіць гарэлку ўваходзіла ў дамову пабудовы. Першы раз выпілі дзве бутэлькі, калі паклалі падваліны, а ў куце грошы на шчасце і багацце. Другі раз - таксама дзе бутэлькі, калі былі пастаўлены крохвы і прыбіты латы, а да іх прыбіты крыжык з вяночкам. Начавалі майстры ў старой хаце ў вёсцы. Ішлі працаваць з усходам сонца. Снеданне я насіў адзін, а абед - з мамай . Вячэралі -дома.
На большасць вясковых хат не патрэбны былі дадатковыя матэрыалы, каб нанава перабудаваць на хутары. Сабяруцца мужчыны гуртам, перавязуць хату на новае месца, як заўсёды вып'юць невялікі барыш і едуць з песнямі дамоў.
Складана было з капаннем студні. Калі ў вёсцы два-тры гаспадары карысталіся адной студняй, то зараз давялося капаць кожнаму гаспадару. За 150-200 і больш метраў не находзішся! У гміне была форма для вырабу кругоў (трубаў, колцаў). За невямікія грошы бралі, як казалі, "на пракат", і білі кругі. Студня была другім "аб'ектам" перабудовы на хутар. Ваду са студні даставалі валікам з корбай і прывязаным да вядра ланцугом. Такое прыстасаванне замяніла "журавель".. Лесу свайго не было, а купляць абыходзілая дорага.
І яшчэ. Калі дазвалялі палены ў гумне, іх разразалі ў даўжыню папалам і такім чынам будавалі гумны большымі. Вось і мы з гумна на дзве пары сох пабудавалі на чатыры пары сох, з дзвумя дзвярыма. Саламяныя стрэхі прастаялі да калектывізацыі. Не стала кулявой саломы. Стрэхі пачалі крыць гонтай, дошчачкай і толлю, а затым шыферам.
На працягу двух гадоў 1936-1937 цалкам закончылі перабудову. Перыяд быў цяжкім. Гаспадарам, што засталіся ў вёсцы, патрэбна было даць магчымасць засеяць ці засадзіць тую колькасць зямлі на сваім хутары, якую займалі неперабудаваны хлеў, гумно ці хата. Каля сядзібаў садзілі садовыя дрэвы і кусты. У вёсцы садавіна была рэдкасцю.
Зіму 1936-1937 гадоў сяльчане жылі на сваім хутары: хто на кухні, хто цалкам у хаце. Вясну сустрэлі на сваім блізкім кусочку зямлі. Цяжкім здаўся 1937 год. Вясной патрэбна было выраўняць палеткі. Араць даводзілася і ўпапярок і наўскось старых загонаў. Загоны сталі шырэйшымі, не стала межаў. Землі на хутары падзялілі на палеткі, увялі чатырох-польную апрацоўку. Больш сеялі канюшыны, лубіну, салядэры, вікі, гароху, грэчкі. Грэчку сеялі на горшых дзялянках. Аладкі і каша з яе атрымоўваліся адмысловыя. Гаспадыні любілі таксама пячы аладкі з пшанічнай мукі, а кашу варыць з ячменных крупаў.

Неяк, наведваючы ў вёсцы ўдзельлніка Вялікай Айчыннай вайны Федзюкевіча Канстанціна Канстанцінавіча, нагадалі тых жыхароў, што жылі ў час хутарызацыі. Я вельмі яму ўдзячны. Памяць у яго светлая (хаця ён старэйшы за мяне), і ён успомніў усіх гаспадароў і асоб сем'яў.

Вось такую схему вёскі мы склалі ў тую паслявялікодную нядзелю сумесна з яго жонкаю Адальфінай. Зразумела, імя па бацьку, гады нараджэння мы не ўсіх запісалі - не ўспомнілі. А яшчэ імёны засталіся такімі, як яны гучалі на вёсцы ў гутарцы паміж сабою.

На той час у вёсцы жылі 42 сям'і ў 38 хатах. Чатыры сям'і жылі ў каморах, прыстасаваных пад жыллё (Урбановіча Боляся, Хрышчановіча Юзюка, Буйніцкага Вінцука і Жучкевіча Людвіка). Дзве сям'і жылі ў хаце на "два канцы" (Урбановіч Зося з сынам Антонам і другі сын Валодзя з сям'ёй). Жыло тады ў вёсцы 218 чалавек.

Цікавая атрымалася статыстыка. У вёсцы, дзе жыло 42 сям'і ў 38 хатах, у сярэднім у сям'і было чуць больш пяці душ (5,2). Не тое што цяпер: у вёсцы пятая хата пустая, трэцая - жыве адна бабулька, у астатніх дзед з бабай ды спіўшыся сын ці ўнук. Вось і падымай калгас да ўзроўню 1990 года!

Зразумела, нейкі час тую колькасць людзей у вёсцы можна было пракарміць, дзякуючы паляпшэнню агратэхнікі на хутарах, на што і разлічвала польская дзяржава. Паступова хутары дзялілі бы на меншыя, што прывяло бы да збяднення жыхароў. Патрэбен быў зыход рабочай сілы з вёскі ў прамысловасць, гандаль ці транспарт. Часткова гэта адбывалася. Бяднейшыя працавалі па найму ў багацейшых гаспадароў. Старэйшыя дзеці працавалі пастушкамі. У цёплы час многія рамантавалі шасейныя дарогі і чыгунку. Былі такія, хто атрымоўваў пенсію

Добра памятаю па расказах, як пасля 1-ай сусветнай вайны ў Амерыку паехаў Чылек Цімафей зарабляць грошы. Затым не вярнуўся, абзавёўся сям'ёй, а зямля засталася брату.

Пісаў лісты і пытаўся, дзе выдзелілі хутар брату. А значыць і яго там домя зямлі. Плямяннік не мог яму растлумачыць, чаму зямля дасталася калгасу. Што такое калгас і чаму без яго ведама зямлю забралі дарам.

Яшчэ раней Антон Лукашэвіч паехаў у Ліду. Уладкаваўся вучнем шаўца. Затым працаваў майстрам па найму. Майстэрняй загадвала жанчына - яўрэйка. Майстэрня размяшчалася ў падвале на правым баку вуліцы Лідскай нейкіх 50 м ад вуліцы Сувальскай у кірунку Раслякоў праз Лідзейку. Зарабіўшы нейкі капітал дзядзька Антон пабудаваў хату на Расляках, якая стаіць і цяпер.

Сёй-той паддаваўся агітацыі з-за мяжы і ўцякаў у СССР па лепшую долю. Буйніцкі Павел Міхайлавіч хадзіў у "Расею", але чамусьці вярнуўся. Застаўся пад "польскім ігам", арганізаваў, як цяпер кажуць, малы бізнес. Меў шопік на рынку ў Лідзе, дзе гандляваў усялякай дробяззю. Там жыў з жонкай на кватэры.

А вось Буйніцкі Серафім Іванавіч перайшоў савецкую мяжу і знік назаўсёды. Магчыма яго костачкі зараз у Курапатах варушаць дарожныя эскаватары.

Малодшага за іх Мулінскага Федзю Стафанавіча польскія пагранічнікі адлупілі дзягамі і адправілі дахаты.

Кухарскія Уладзімір і Міша парабкавалі ў Ціхановіча , які жыў каля брода на рацэ Дзітва. Пазней Міша працаваў на фанерным заводзе на станцыі. На гэтым заводзе Нёман Урбановіч Болесь Кізіміравіч варыў клей. Чыжык Іван Міхайлавіч у Сяльцы на лесапільным і мукамольным прадпрыемстве Шапіры працаваў машыністам. Людзі гаварылі, што затым у час вайны ён дапамог чырвоным партызанам гэты завод спаліць. Вось так падрывалі магутнасць акупантаў!

Чатыры сяльчане атрымлівалі пенсіі ад дзяржавы. Цікава тое: некаторыя пенсіі налічваллі не за польскія поспехі. Урбановіч Уладзімір Іванавіч атрымліваў 70 злотых за раненне ў 1-ю сусветную вайну і мая мама Ганна - 40 злотых па мужу, які загінуў пад Горадняй у 1914 годзе. Мулінскі Іосіф Стафанавіч - 18 злотых за палом нагі ў польскай арміі. Буйніцкі Іван Іванавіч - 60 злотых за працу кандуктарам на чыгунцы. У 1939 годзе пасля 17 верасня супрацоўнікі райсабесу забралі пенсійныя дакументы, але ніхто з названых не атрымаў абяцаныя пенсіі. Грошы не былі лішнімі раней не сталі бы такімі і пры тых "саветах".

Апрануўшы белую палатняную кашулю, вясной па святах гаспадары абыходзілі свае ўладанні. Рознакаляровымі з няроўнымі і рознымі фігурацыямі выглядалі палеткі падчас пераходу на хутары. Яшчэ праглядаліся загоны былых гаспадароў, ды і ўраджай быў нераўнамерным. Хапала і пырніку ад дрэнай папярэдняй апрацоўкі замлі. Можна сказаць, што хутарызацыя дала магчымасць любой глебе даць добры ўраджай, калі да яе адносіцца па-гаспадарску.

Добра гэта было бачна на вырошчванні бульбы. Першы раз абганялі чым глыбей, але вужэй. Гэта для таго, як мне гаварылі, каб паветра і першы дождж трапляў адразу пад карэнні. Другі раз абганялі, раставіўшы пашырэй, "крылы" ў плужка. Часамі абганялі трэці раз. Былі такія часы, што даводзілася бульбоўнік ламаць бараной, каб не "буяў".

Пра працу на зямлі я расказваў раней. Не змянілася яна і на хутары. Змянілася дачыненне да суседзяў. Ранейшыя сувязі распаліся. Бліжэй за вярсту мае равеснікі не жылі. Маміныя сяброўкі жылі за 1,5 і больш кіламетраў. Давялося ўстаўлёваць новыя адносіны. У некаторых суседзяў сардэчнымі яны так і не склаліся. Жанчыны радзей збіраліся на "пасядушкі": далёка ісці да ранейшай саброўкі, асабліва зімою; цяперашнія - не па гадах, або раней пасварыліся і яшчэ адна другой не прабачыла.

Мы падлеткі ў вольную часіну збіраліся пагуляць. У камандных гульнях волейбол і "Два капітаны", дзе патрэбна большая колькасць удзельнікаў, не сустракаліся. У нас з'явіліся малыя гумовыя мячыкі для забаваў. Гульня, якая не патрабуе вялікай пляцоўкі, а толькі гладкая сцяна і цёплае ды бязветра-нае месца каля будынка. Кідаючы мяч уверх, каб ён стукнуўся аб сцяну, патрэбна выканаць нейкае практыкаванне рукамі, нагамі ці тулавам і затым злавіць мяч.

Падчас вучобы ў Ганчарскай школе на той час я добра навучыўся гуляць у волейбол і "Два капітаны" ("Dwa ognia"). Волейбол стаў маёй любімай гульнёй на ўсё жыццё.

Дзяўчаты вельмі любілі гуляць у каменьчыкі. Каменьчыкі падбіралі памерамі чуць большымі за арэхі. Клалі падсцілку на зямлю. Каменьчык ці затым два і больш падкідвалі ўверх: той жа рукой хуценька бралі каменьчык ці затым больш і падхоплівалі той, што падаў. У гульні было шмат розных варыянтаў камбінацый з каменьчыкамі. Гульня вялася на ачкі.

Два перадваенныя гады сярэдні брат Саня служыў у Польскай арміі. Мне даводзілася шмат працаваць на гаспадарцы. Дапамагаў старэйшаму брату Ціхану. На той час я мог выконваць усе гаспадарскія справы: араць, касіць, сеяць, малаціць і іншае. Усё гэта спатрэбілася падчас вайны.

Аднаго разу вецер сарваў канёк са страхі на хляве. Гэта быў першы мой самастойны рамонт. Канёк выклаў высахшым пырнікам і замацаваў яго жэрдачкамі, збітымі накрыж.

А яшчэ навучыўся вязаць шчоткі для адзення і абутку. У падрыхтаванай дошцы пракручваў дзіркі у якія пучкі з шэрсці конскага хваста або са свінні зацягваў дротам ці моцнай дратвай. Затым ножніцамі раўняў жэрсце, а дрот і дратву пакрываў фанерай, прыбіўшы цвічкамі.

Не помню якім годам 1937-ым ці 1938-ым, бацюшка спрабаваў выкладаць рэлігію на польскай мове. Яму так загадалі. Нічога з гэтага не атрымалася, бо мы ўсе дружна гаварылі "па-простаму", г. зн. па-беларуску.

Тады прымусілі бацюшку маліцца ў дзень незалежнасці Польшчы 11 лістапада. Нас права-слаўных калонай накіроўвалі ў царкву. Знаходзілася яна за 100 м. ад затым спаленай у час вайны "чырвонымі" партызанамі, школы. З сялян нікога там не было - толькі дзяк. Бацюшка маліўся, не звяртаючы ўвагі на нас. Мы вялі сябе не лепшым чынам. У школе перад прыходам у царкву коратка тлумачылі аб мэце наведвання яе, а бацюшка зусім нічога пра гэта не гаварыў.

Асаблівым у школе быў дзень 19 сакавіка. Ніхто не хацеў заставацца дома. Справа ў тым, што наш дырэктар зваўся Ёзафам. Мы заўсёды віншавалі яго ў гэты дзень, за што прыносіў ён каляровы мяшок цукерак. Хапала для ўсіх вучняў. Настаўнікі ў той дзень былі добрымі, не каралі нас, не апытвалі - сапраўднае свята. Цікавае параўнанне: цяперашнія бедныя вучні збіраюць грошы на падарунак не вельмі забяспечнаму настаўніку.

Вучоба ў Ганчарскай школе зблізіла мяне, калі так можна сказаць, з палітыкай. Стаў прыслухоўвацца ўважліва да размоў старэйшых, чуць ад іх розныя погляды на жыццё і дзейнасць улад у СССР. Чуткі да старэйшых даходзілі рознымі шляхамі. Адны ўпотайкі слухалі весткі праз дэтэктарныя прыёмнікі, другія - ад членаў КПЗБ і іх агітатараў, з падпольнай літаратуры, чытаючы польскія газеты (у вёсцы не помню , каб хто іх выпісваў).

Было гэта ў 1937 ці 1938 гадах. Мяне папрасілі прачытаць у польскай газеце пра расстраляных савецкіх вайсковых начальніках. Былі змешчаны фатаграфіі на ўсю першую старонку газеты, дзесці чалавек 50. Сумнае ўражанне несла тая вестка. Па рознаму ставіліся сяльчане да дзеянняў НКУС: не ўсё так добра ў свабоднай суседкі? Усе сумненні сяляне выказвалі асцярожна, ды так, каб сена было цэлае і козы здаровыя.

У падручніках па геаграфіі, надруаваных гадоў таму пяць назад, сціпла расказвалася аб жыцці ў СССР: арганізавалі калгасы, працуюць супольна, аруць трактарамі і збіраюць ураджай камбайнамі. Змешчаны былі малюнкі тых трактароў і камбайнаў. Дарэчы, такімі я ўбачыў іх у калгасе Леніна, што быў арганізаваны ў Ганчарах у 1940 годзе. Паслядоўна апавядалася аб жыцці ў другіх краінах свету. Не замоўчвалі ні дрэнныя ці добрыя бакі гаспадаркі, побыту, культуры і т. п.

У школе асабліва не вялося патрыятычнае выхаванне, якое на нас звалілася пазней, пры савецкай уладзе. Але нейкі час палякі радаваліся, калі пры раздзеле Чэхаславакіі ім дастаўся кавалак зямлі ад яе. Радасць перадалася і ў школу. Настаўнікі нейкі час не пераставалі на ўроках пра гэта гаварыць. Часам паўтаралі прымаўку "не аддамо ні гузіка" на манер "ни пяди земли". Чым гэта скончылася ў 1939 і 1941 гадах нам добра вядома.

Тыя зімы, калі наведваў Ганчарскую школу, былі снежнымі. Пакуль пратопчуць дарогі я некалькі дзён заставаўся начаваць у далёкіх радзічаў Дзікевіча, Будзевіча, Гука і Даўлюда. Дзядзька Даўлюд Сцяпан - вельмі цікавы чалавек. Быў добрым расказчыкам з доляй гумару. Вельмі цікава было яго слухаць. Падчас вайны 1939 года трапіў у палон разам з Янкам Брылём, сябравалі. Пасля вайны Янка гасцяваў у яго.

Паслалі мне спаць на лаве паміж сталом і сцяною. Раніцай дзядзька Сцяпан, нацягнуўшы на вушы слухаўкі, круціў за ручку дэтэктарнага прыёмніка і лавіў хвалі. Тут паклікала яго жонка. Я наклаў на вушы слухаўкі і прыслухаўся. Першы раз у жыцці пачуў голас "з-за ўзгорка". Якраз расхвальвалі калгаснае жыццё, ды спявалі беларускія народныя песні. Нядоўга радаваўся, бо атрымаў па карку і справядлівае навучанне, каб не браў у рукі слухаўкі і нікому не гаварыў. Я так спалохаўся, што праз гадоў пяць толькі рассказаў. Дэтэктарных прыёмнікаў на вёсках было па два-тры. Непакой з кожным днём узмацняўся. Разрозненныя весткі паступалі з усходу. На захадзе Германія пачала пашыраць свае межы. Не гледзячы ні на што, на вёсцы працавалі. Зямлі патрэбныя былі рукі. Людзі радаваліся за лепшае жыццё і турбаваліся ад жахлівых вестак.

Скончыў Ганчарскую сямігадовую школу і паўстала пытанне пра будычы мой лёс. Каб вальней было на зямлі старэйшым братам, мяне вырашылі адаслаць на вучобу. Затрымаліся на Лідскай гандлёвай гімназіі: бліжэй да вёскі, а яшчэ была магчымасць вучыцца бясплатна.

Не зусім ўдала атрымалася з уступнымі экзаме-намі. У гміне атрымаў даведку аб сямейным становішчы, якую павінен быў прадставіць у канцылярыю гімназіі 1 верасня. Усе патрэбныя дакументы завёз раней і мне выдалі павестку на які дзень з'явіцца на экзамены. Мама папрасіла дзядзьку Сцяпана, каб паехаў са мной. Раненька на досвітку з мамай пайшоў у Ганчары. Мог бы пайсці сам, але мама хацела пасадзіць нас на аўтобус Наваградак-Ліда. Здарылася, што аўтобус спазніўся. Прыйшлі ў гімназію, калі поўным ходам ішоў пісьмовы экзамен па польскай мове.

У спартыўна-глядзельнай зале са сцэнай, дзе зараз ДзЮСШ, стаялі двухмесныя сталы. Наперадзе - некалькі радоў аднамесных з прыстаўленымі да іх крэсламі. Дзядзька Сцёпа штосьці пагаварыў па-польску, як ён умеў з беларускай ветлівасцю, і мяне дапусцілі да экзаменаў: няхай піша, усяроўна не справіцца з заданнем (так мне падумалася). Пасадзілі за першы стол, далі ручку з пяром, чарніла і два вялікія складныя аркушы. На адным быў штамп гімназіі, другі прызначаўся для чарнавіка.

Ці я не пачуў, ці растлумачылі дрэнна, прачытаўшы тэмы сачыненняў, напісаныя на дошцы, што стаяла на сцэне, пачаў адказваць на ўсе чатыры. Настаўнік адышоў ад мяне. Вакол злева, справа, ззаду - сталы пустыя. Нічога не заставалася, як пачынаць пісаць. Спачатку пісаў чарнавік па першай тэме па кнізе Генрыка Сянкевіча "Агнём і мячом". Перапісаўшы на чыставік, пачаў раскрываць астатнія тэмы. Час прыспешваў-пісаў без чарнавіка. Настаўнік польскай мовы нашай школы рэкамендаваў не ўжываць у сачынненнях тых слоў, якіх не ведаеш як правільна напісаць тады, калі іх можна замяніць падобнымі па змету ці сэнсу.

Хваляваўся ноч і дзень, пакуль даведаўся вынік. Радасць была вялікаю, бо атрымаў "добра" - першы поспех на шляху ў гімназію. Цікава адбываліся наступныя вусныя экзамены. Дапушчаныя праходзілі іх за адзін дзень і без выцягвання білетаў. У тым жа зале і ў прыбудаваных класах (зараз разбураных) стаялі сталы з таблічкамі прадметаў: мова, матэматыка, гісторыя, геаграфія і прырода. Спярша сакратар паведамляў, па якіх прадметах звярнуцца да настаўнікаў. Пачыналі з польскай мовы. Настаўнік каментаваў сачыненне і здадаваў патанні. За добрыя і выдатныя адзнакі сямігадовай школы вызвалялі ад далейшых экзаменаў. Настаўнік пасмяяўся і адначасова пахваліў: добра раскрыў першую тэму, а наступныя коратка і правільна. Як вядома, па іх не патрэбна было весці аповяд. На гэтым экзамен закончыўся і я застаўся чакаць выніку да заўтра.

З хваляваннем углядаўся ў два надрукаваныя спісы залічаных у гімназію. Толькі за трэцім разам прачытаў сваё прозвішча. Па-вясковаму звалі нас Дзякевічамі, а тут напісана Дзікевіч. Я не глядзеў далей дзвюх літар у слове. Мне выдалі часовае пасведчанне гімназіста, у якім значылася аб пачатку заняткаў.

Вучыцца не давялося. Раніцай 1 верасня 1939 года на прыпынку Саламянка пачуў аб вайне. Аўтобуса на Ліду не было - я вярнуўся дадому. У абед старэйшы брат Ціхан атрымаў павестку з'явіцца ў горад Ліду. Адтуль яго адправілі ў Вільню, дзе раней служыў у артылерыі. 2 верасня поездам праз Горадню і Варшаву павезлі пад граніцу з Германіяй.

Ліда гарэла. Пра гімназію забылася. На гаспадарцы непачаты край работ. Сярэдні брат Саня служыў у марской пяхоце. На другі дзень вайны каля Гдыні трапіў у палон. Да халадоў знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы. Агарадзілі свой лагер калючым дротам, выкапалі ямы, накідалі туды саломы і так спалі. Пазней беларусаў адабралі і адправілі працаваць у багатых гаспадароў.

Сабраліся ў гаспадара чатыры палонныя. Сярод іх апынуўся Запольскі Саша з вёскі Ганцавічы. Позняй восенню 1941 года адпусцілі наведаць матку і сясцёр. Саша перадаў прывітанне ад брата, расказаў, што можна было, аб жыцці палонных беларусаў у Намеччыне. Пазней рэдка атрымлівалі паштоўкі ад брата. Затым ён гаварыў, што у 1940-1941 гадах палонныя хадзілі па нядзелях у бліжэйшыя вёскі на танцы. Узмацнілі дысцыпліну ў 1942 годзе, калі немцы пацярпелі няўдачу пад Сталінградам: палонных з флігеля гаспадар перавёў у свой дом. Яны пачалі харчавацца разам. А ўсё таму, што пад Сталінградам загінулі яго два сыны. З 1945 года брат даглядаў кароў у дапаможнай гаспадарцы, прыпісанай да вайсковай часткі. Вярнуўся дамоў вясною 1946 года.

У такіх умовах мама не справілася б з гаспадаркай. Я застаўся дома. Пакуль браты ваявалі, змалаціў жыта на насенне, згараў поле і засеяў. Гэта была мая першая самастойная праца на гаспадарцы, затым выкапалі бульбу. Дзесьці 19-20 верасня вярнуў-ся з вайны брат Ціхан, пераапрануты ў цывільнае.

Калі ў 1941 годзе немцы захапілі нашу тэрыторыю, праз некаторы час пачалі прыходздіць паштоўкі з Германіі ад палонных польскіх салдатаў. Аб'явіўся Сівіцкі Мікалай Сцяпанавіч. А вось пра Хрышча-новіча Аляксандра ў 1945 годзе і пазней не было ніякіх вестак. Загінуў на польска-нямецкай вайне. Пра брата Саню пісаў раней.

Першыя дзесяць дзён вайны палякі фанабэрыліся, гаварылі, што не аддамо ні "гузіка", вось-вось нам дапаможа Англія. Па вёсах вывесілі плакаты ў такім ганарлівым тоне. Фанабэрыстасць і ганарлівасць паступова пачала спадаць: гарыць Ліда, у небе лятаюць толькі немецкія самалёты. Начыгунку, станцыю Нёман і мост на рацэ скінулі па дзве бомбы. Шкоды вялікай яны не нарабілі.

Напэўна 17-18 верасня два польскія двухкрылыя самалёты праляцелі над нашай вёскай у бок Баранавіч. Ляцелі так нізка, што мы бачылі лётчыкаў. Напэўна пераляталі ў Румынію ці Чэхаславакію

Вёска заціхла, як быццам вымерла. Наступіў тыдзень чакання невядомага і новых перамен, радаснага і трыважнога, цікавага, сумнага і сумніўнага.

Чацвёрты перыяд: верасень 1939 года - чэрвень 1941 года. "Першыя саветы"

Прадаўжаючы аповяд пра вёску, успомніў, што гэты перыяд сяляне называлі "пры першых або тых саветах", бо былі і "другія" з 1944 года па 1951 год. Вёска затым перажыла сталінскую калектывізацыю, хрушчоўскую адлігу, брэжнеўскі развіты сацыялізм, гарбачоўскую перабудову, паварот да капіталізму і "стабілізец" пры лукашэнскаўскім рыначным сацыялізма.

Агітатары, палітработнікі Чырвонай Арміі праводзячы пабудову сацыялізму на вёсцы, вельмі горача заклікалі вяскоўцаў паверыць ім: самае справядлівае вучэнне Леніна-Сталіна (баяліся адступіцца ад іх слоў). Расказы поўніліся цытатамі з вучэння правадыроў ды пастановаў партыі і ўраду. Не тымі сталі "другія саветы": калі гаварылі адно, думалі другое, а рабілі трэцяе, прайшоўшы паў-Еўропы, пабачыўшы "загніўшы капіталізм". У гутарках за сталом, пры асабістых сустрэчах маглі адступіцца ад пастулатаў, выказаць супрацьлеглую думку.

Настала раніца 17 верасня 1939 года. Па хутарах панеслася чутка, што ідуць вызваляць нас бальшавікі. Што за яны? Якія? Мы чулі пры Польшчы заўсёды "бальшэвік", калі хто выказваў незадаволенасць існым парадкам. Назаўтра хтосьці панёс па вёсцы заклік, каб ішлі сустракаць Чырвоную Армію - вызваліцельніцу ў вёску Ганчары. Такіх не знайшлося. Нас пяць падлеткаў пасля абеду не вытрымала, і пабеглі ў Ганчары на сустрэчу. Па дарозе абагналі шэсць-сем селян з вёскі Супрунаўшчыны з чырвоным сцягам, што ішлі на сустрэчу.

Папярок шашы змайстравана была арка, абвітая верасам з прыбітымі галінкамі бярозы. Уверсе размясцілі плакат. Змест не помню, але адно слова засталося ў памяці: "освободителям". Вакол аркі тоўпілася шмат людзей.

Мы не дачакаліся асноўных частак арміі. Сталі збірацца дамоў. І тут пачулася: "Едзе!" Не магу сказаць з якога боку (Агароднікаў ці Даржоў) пад'ехаў салдат. Быў напэўна перадавы дазор. Брава саскочыў з каня і спытаў, ці няма тут пабллізу польскіх салдат. Папрасіў напіцца вады. Мужчыны яго абступілі, штось гаварылі, пыталіся. Мы заспінамі нічога не бачылі і не чулі. А пабачыць блізка так хацелася! Вось ён сядае ў сядло, конь затрапятаў. І тут мужчына пытае, як будзем ваяваць: там пад Варшавай нямецкія танкі. Быў гэта казак з чырвонымі лампасамі і шапкай з чырвоным аколышкам: выхваціў шашку, памахаў ёю, даў зразумець, што мы не лыкам шытыя, адолеем з гэтай зброяй і паімчаў далей. Так мы сустрэлі першага ваяўніка-вызваліцеля! Пачалося новае жыццё пры "тых саветах".

Праз нейкі час я атрымаў ліст з гімназіі. У ім паведамялі, каб прыехаў на заняткі. Дзесьці ў кастрычніку пачалася вучоба па старой польскай праграме, толькі замест польскай мовы ўвялі беларускую. Аб'явіўся яшчэ адзін дырэктар. Ён быў у ботах і гімнасцёрцы з папругаю: два антыподы. Пазней змяніў свой імідж, як цяпер гаворыцца. З ершых дзён 1940 года ў маім жыцці былі самыя доўгія зімнія канікулы - 22 дні. За гэты час настаўнікі прайшлі падрыхтоўчыя курсы. Гімназію назвалі сярэдня школай № 2. Тых, хто закончыў чацвёрты, пяты, шосты і сёмы класы польскай школы, перавялі ў пяты клас. Адпаведна, хто закончыў 1 клас гімназіі - у шосты, 2 клас - у сёмы і г. д. І так не стаў я гандляром! Давялося пачынаць навуку па новым вітку. Мог бы пайсці ў Ганчарскую школу, але там працавалі па новай праграме з кастрычніка - тады адставаў бы па вучобе.

Не ўбачыў шмат гімназістаў, асабліва хто па ўзросту намнога старэйшыя за нас. Ім было брыдка сядзець з "чатырохкласнікамі". Не сталі працаваць многія настаўнікі. Цікава было слухаць, як яны загаварылі па-беларуску. Вось бы так цяпер нашыя паважаныя начальнікі самыя "высокія", а за імі і "ніжэйшыя!"

Шосты клас закончыў у 1941 годзе ў Ганчарскай школе. Тут працавалі амаль усе вядомыя настаўнікі. Яны вельмі добра размаўлялі на беларускай мове, ім не патрэбна было на першым часе падказваць, як у Лідзе, тае ці другое правільнае слова.

Што запомнілася падчас вучобы ў пятым класе ў Лідзе?

У наш клас паступалі дзеці вайсковых, цывільных службоўцаў і працаўнікоў заводаў ды чыгункі. Нам вельмі цікава было ведаць, як жывуць, працуюць людзі ва Усходняй Беларусі. Адказвалі яны неахвотна. Апрануты былі сціпла. Нас здзіўлялі парусінавыя чаравікі і туфлі. Прыватныя крамы працавалі па- ранейшаму. У бацькоў былі чырвонцы і з цягам часу "ўсходнікі" апраналіся лепш за нас.

Яшчэ ноччу займалі чэргі да крамаў. Раніцай едучы з Раслякоў па цяперашняй вуліцы Таўлая, затым па Савецкай да гімназіі і пазней па вуліцы Кірава да школы №2 , што размяшчалася ў доме, дзе пасля вайны быў дом піянераў (захаваўся ён і зараз) наглядаў, як заўсёды сварыліся, таўкліся, чуць не біліся ў чэргах па адзенне і абутак.

Выклікала ў нас здзіўленне і незадавальнене фіялетавае чарніла замест чорнага, якім карысталіся раней. Пер'я чапляліся за паверхню сшытка, чарніла расплывалася, выступала з другога боку. Выцерці дрэнна напісанае не было ніякай магчымасці.

На вуглу вуліц Савецкай і Ленінскай, дзе знаходзіцца музычная навучальня, у кіёску купляў з першых нумароў газету "Уперад". Прачытваў яе і вазіў дадому. Стала любімай на ўсё жыццё. Чыталі яе і суседзі. Газета друкавалася выключна на беларускай мове, змяшчала цікавыя матэрыялы пра мінуўшчыну і цяперашні час, пра воінаў, рабочых і працаўнікоў вёскі. Працуючы ў Дзітрыкаўскай пачатковай школе, газету выкарыстоўваў, як дадатковы матэрыял для пазакласнага чытання ў першым і трэцім класах.

З выразак з газеты сабраў сем тамоў на ста і больш аркушах гістарычны матэрыял пра горад Ліду і Лідскі раён. Зараз раённая газета засмучае, калі возьмеш у рукі. Не таму, што стала напалавіну з рэкламамі, а таму, што напалавіну стала рускамоўнай. Я не супраць рускай мовы (у Лідзе друкуюцца газеты і на рускай мове). Дык можна трэцюю частку друкаваць па польскай мове. Палякі складаюць 35% насельніцтва горада і раёна.

Але вернемся ў 1939-1940 гады. У горад прыязджалі артысты, ансамблі і тэатральныя калектывы. Свае дасягненні яны дэманстравалі бясплатна. За час вучобы наведаў чыгуначны клуб, дзе выступіў Менскі лялечны тэатр. У кінатэатрах "Эра" і "Эдысон" слухаў адтуль жа струнны аркестр і канцэрт піяніста.

Па суседству каля школы на стадыёне займаліся фізкультурай. Вясной падчас заняткаў назіралі, як самалёты расстрэльвалі вялікі мяшок памерм з самалёт, прычэплены да "вядоўца". Было незразумелым, чаму цягалі мішэнь над горадам, куды ляцелі кулі? Самалёт вёў стральбу знізу і зверху, справа і злева. Можа гільзы не заражаны былі, пыталі: Ці гэта была імітацыя магутнасці авіяцыі?

На тым жа стадыёне бачылі, як коннікі "сяклі" лазу на поўным скаку. Ці спатрэбілася ім у вайне з немцамі будзёнаўская тактыка?

Па Савецкай вуліцы маршыравалі калонамі чырвонаармейцы. Людзі затрымліваліся, глядзелі і слухалі запявалаў, затым прыняў усіх разам са словамі "ни чем не победимая"

Кастрычніцкімі святамі 1939 года хадзілі на поле, дзе зараз вуліца Аляксандра Неўскага і гаражы, паглядзець на вайсковы парад, спачатку адбыўся невялікі мітынг: выступілі гарадскія прадстаўнікі і вайскоўцы. Затым адбыўся парад чырвонаармейцаў, праімчалі вершнікі і праехалі машыны з пушкамі. Іграў духавы вайсковы аркестр, але не адчувалася цвёрдага кроку. Бо мяккае поле - не брук ці асвальт. Напэўна камандзіры засталіся незадаволенымі.

Добра памятаю 1 траўня 1940 года: калонай прайшлі ад школы па вуліцах Кірава і Савецкай да замка. На Савецкай вуліцы супраць трыбуны пракрычалі тры разы: "Ура!"

У траўні 1940 года раніцай на Расляках чуўся характэрны шум шматлікіх трактароў, грукат колаў па бруку. Мы пабеглі да заняткаў на вугал Савецкай і Ленінскай. Там убачылі вялікую вайсковую калону калёсных зубчатых трактароў, якія цягнулі пушкі, гаўбіцы і мінамёты. За імі ішлі чырвонаармейцы: вельмі стомленыя, запыленыя, са скаткамі праз плячо і з абмоткамі на нагах. Каб лягчэй ісці, многія трымаліся за вяровачкі, прывязаныя да пушак. Па два салдаты сядзелі на пушках - перадыхалі. Прайшоўшы праз Ліду, за Астроўляй затрымаліся на адпачынак. Мы спазніліся на першы ўрок.

Пакуль вучыўся па новай праграме, жыццё на вёсцы віравала. Пачаў хадзіць прыгарадны цягнік, білеты патаннелі і я часценька прыяжджаў дамоў. Бачыў, наглядаў і прымаў удзел у пабудове шчаслі-вага жыцця. А яно і ўяўлялася нам такім! Агітатары, палітработнікі чырвонай Арміі па суботам і нядзелям сабіралі сходы сяльчан. Там расказвалі пра жыццё ў калгасах, гарадах, пра багаты заработак.

Восенню 1939 года пабачыў першы раз у жыцці гукавое кіно ў вёсцы Дроздава. Туды завезлі нас на "палутарцы". Дзесьці, дзе зараз магазін, быў расцягнуты паміж дзвюмя жэрдкамі вялізны экран. На ім дэманстравалі ваенны фільм. Зараз не помню яго назву. Цікава і страшна, калі на цябе рухаецца цягнік ці танк.

Паўсямесна пачалася падрыхтоўка да выбараў 22 кастрычніка 1939 года ў Заходне-Беларускі сход. Мы хлапчукі дапамагалі старэйшым, чым маглі: укопвалі ялінкі ўздоўж сцежкі да школы, дзе знаходзіўся выбарчы ўчастак, абвяшчалі сялян аб пачатку перадвыбарчых сходаў, насілі звесткі падчас выбараў у Нёманскі вясковы савет і іншае.
Вельмі цікава было слухаць агітатараў, аб чым гаварылі на сходах, аб выбарах. Незразуме-лым быў сам працэс і само слова "галасаваць". Але ўсё стала на сваё месца, калі зайшлі ў клас і ўбачылі абсталяваныя кабіны для галасавання. Супраць трох вялікіх акон, размешчаных упрытык адно да другога, былі зроблены кабіны: разгароджаны прынесенымі жанчынамі дзяругамі, а ўваходы завешаны даваеннымі празрыстымі фіранкамі з акон. Заходзь, калі ласка, і таемна выказвай свае погляды на кандыдатаў! Чым не празрыстыя выбары?
28 кастрычніка 1939 года ў Беластоку адкрыўся Народны (Нацыянальны) Сход Заходняй Беларусі, на якім нашы выбраннікі абралі поўна-моцную камісію Народнага Сходу Заходняй Беларусі. Камісіі даручылі каб на сесіі Вярхоўнага Савета СССР прасіла ўключыць Заходнюю Бела-русь у склад Савецкага Саюза.
2 лістапада 1939 года нечарговая пятая сесія Вярхоўнага Савета СССР разглядзела просьбу паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі аб уключэнні яе ў склад Савецкага Саюза і прыняла Закон аб уключэнні яе ў склад СССР і ўз'яднанні яе з БССР.
12 лістапада ў Менску на нечарговай трэцяй сесіі Вярхоўнага Савета БССР разгледжана заява паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі аб яе ўключэнні ў склад БССР. Вярхоўны Савет пастанавіў:
1. Вітаць пастанову Вярхоўнага Савета СССР аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза.
2. Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР.
І так мая родная вёска ўвайшла ў склад БССР. Толькі вось атрымоўвалася нейкая няўвяз-ка. Нас вызвалялі, затым на сходах гаварылі, што патрэбна аб'яднацца з Усходняй Беларуссю. Атрымалася наадварот: тады ў 1918 годзе, не пытаючы ў нас, Масква аддала нас пад Польшчу, цяпер далучаюць да СССР (Расіі). Беларусам засталося толькі вітаць пачын Масквы, а не самастойна аб'яднацца, і Масква была б гэтым задаволена.
Такім прадкам прайшлі выбары 24 сакавіка 1940 года ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР і 24 снежня таго года ў мясцовыя саветы. Актыўнасць сялян зменшылася. Ішлі на выбарчыя ўчасткі з неахвотай, галасавалі за сябе ды жонку.
На сходах чулася слова "кулак" - выбаршчыкаў запалохвалі. Сяляне ўжо добра ведалі, як вывозілі ва Усходняй Беларусі тых кулакоў, хто меў аднаго каня і карову, але былі добрымі гаспа-дарамі.
Агітатарам, палітработнікам дапамагалі мясцовыя актывісты. Адным з іх быў Савонь Віктар Іванавіч з вёскі Барвічы. Мы хацелі ўсё ведаць і падслухоўвалі іх размовы: "Заходняя Беларусь - пусты мяшок і яго патрэбна напоўніць". Пра сшыткі, чэргі па адзенне і абутак я пісаў. Тыя запалкі не расколеш папалам: іх патрэбна змарна-ваць дзве - тры, каб атрымаць агонь.
Быў такі выпадак. Запрасіў Мурын Пётр з вёскі Жомойдзі палітработніка і разам з ім чырвона-армейца на абед. Нарэзаў сала, кумпяка, засма-жыў яек і паставіў паўлітра самагонкі (на той часпачалі памаленьку яе гнаць!). Паелі, выйшлі на вуліцу, пачалі гаманіць. Мы тут як тут! Гаспадар скардзіцца, што бедна жыве. Праз некаторы час чырвонаармеец з гаспадаром адышлі. Той і кажа селяніну: "Маўчы, ты кулак, цябе трэба вывезці ў Сібір".
Сапраўды, самагонка пачала часцей з'яўляцца на стале. У вёсцы Ганчары адкрылася крама вясковай кааперацыі. Першае, па што паехалі нашы хлопцы - гарэлка. Помню, брат гаварыў, што яна смачная. Зусім мала плацілі за прадукты з гаспадаркі. Пакуль толькі такі быў спосаб набыць грошы. Сяляне пачалі гнаць самагонку. Працэс даволі доўгі. Жыта прарошчвалі, сушылі і малолі ў жорнах чым пабуйней. Запарвалі, студзілі, давалі магчымасць на дражджах добра выбрадзіць. Самагонныя апараты рабілі драўлянымі, таму былі нязручнасці, выпадкі разладу і ўцечкі пары, вады. Жалезны кацёл з вадой ставілі на пліту, парылі заварвалі брагу, праз сухаадстойнік спіртавая пара паступала ў халадзільнік. Тут ваду зімою ахалоджвалі снегам, лёдам. У цёплую пару часцей даводзілася мяняць ваду. Пры дастатковым бра-джэнні з пуда мукі выходзіла 5-10 літраў самагонкі. Атрыманая брага, перамешаная з сечкай, добра з'ядалася каровамі, не супраць былі паласавацца свінні і нават куры, змешанай з тоўчанай варанай бульбай.
Можна лічыць гэты час пачаткам співання сяльчан. Вынік нам зараз добра вядомы: бамжы, п'яніцы, сямейныя бойкі і драмы, п'яныя вяселлі, п'яныя провады ў армію, п'яныя жалобныя сталы.
Стала нормай для ўсіх начальнікаў сельскага савета (старшыні, фінагента), не грэбавала гэтым і раённае начальства, пачаставацца на вёсцы самагонкай і свіной закуссю.
У канцы 1939 года на дабрачынных умовах патрэбна было здаць у дзяржаву пэўную колькасць прадуктаў сельскай вытворчасці. Сяляне зразумелі, што аплата за іх прадукт была менш той працы, укладзенай у гаспадарку. Зусім незразумела ім стала, калі ў 1940 годзе хутаране атрымалі абавяза-цельства на здачу зерня, бульбы, жывёлы. Шмат завезці на склад патрэбна, а грошай атрымаеш мала! Узнікла незадаволенасць сярод людзей з патурання некаторым гаспадарам.
На хутары Сівіцкай Мальвіны жыло сем сыноў і адна дачка. Задумала яна напісаць ліст Сталіну. Звярнулася да мяне. Адмаўляўся ад яе задумы, але потым угаварылі. Не помню змест заявы, але напісанае задаволіла цётку Мальвіну. Уклалі ў канверт, а вось як напісаць адрас: дзеду на вёску? Парашылі: ліст назад не вярнуўся - цётка не ведала, ці дайшоў і ці выпусцілі з Ліды далей - невядома. Не дапамог бацька Сталін. Здаваць падатак цётцы Мальвіне давялося!
Па завядзёнцы людзі шмат працавалі, больш гадавалі жывёлы, "украдкам" гналі сама-гонку. За яе ў Лідзе можна было купіць у знаёмых кірзавыя і хромавыя вайсковыя боты і чаравікі, гімнасцёркі, галіфэ, бялізну, валёнкі, шапкі. З шынялёў і старых кажухоў шылі кажушкі. У магазінах прадавалі гатовае адзенне і крамны матэрыял. Тоячыся, краўцы і краўчыхі (іх абкладалі грашовымі падаткамі) шылі па дамоўленасці сялянам розныя паддзеўкі. Калі заходзіла размова пра калгас, усе аднекваліся, абыходзілі гэтую тэму, мянялі гаворку. Калгас у вёсцы так і не аргані-завалі!
Моладзь, як раней, па суботах весялілася. Арганізоўвалі вечарынкі, не прытрымліваючыся пастоў. Пілі па бутэльцы "на брата". Ганарыліся гэтым пры сустрэчы, называлі "белай варонай", калі адмаўляўся ад кампаніі, не лічылі цябе сябрам. Гарэлка стала мерай адносін, маралі і сяброўства. Паціхеньку сталі выпіваць дзяўчаты. Сабраўшыся вечарам, спявалі песні "Катюша", "Три танкиста", "Широка страна моя родная..." і іншыя. Сяляне чыталі газеты "Уперад", "Звязда". Спачатку раздавалі дарам, затым сёй-той выпісваў.
Набліжалася 1 верасня 1940 года. Рыхтаваўся наведваць шосты клас. Хто мог падумаць, што зноў давядзецца пайсці вучыцца ў Ганчарскую школу. Да гэтага часу супраць старой школы пабудавалі новую з двума класнымі пакоямі з перавезенага дома багацея. Тут сустрэў знаёмых. Абставіны, адносіны, погляды і інтарэс да наву-чэнцаў вёскі былі блізкімі мне, стаў роўным сярод роўных. Вучоба ў горадзе ставіла мяне ніжэй гарадскіх, хаця (не хвалюся) вучыўся не горш іншых. Пасябраваў з многімі вучнямі. Не забываў і не забыў Каравайку Сашу і Марыю Вальцевіч, Надзю з вёскі Агароднікі, Кучынскага Вячаслава і Паўла, Касарэўскую Зою, Салькоўскую Тамару, Кумпяк Зіну, Будзевіча Сяргея, Рэвяшку Сямёна з вёскі Ганчары, Грос Глафіру з вёскі Супраўшчына, Ненартовіч Рэню з вёскі Жучкі і асабліва Макарэ-віча Фёдара Адамавіча з вёскі Навасады. Апошнім часам ён працаваў загадчыкам Лідскай гарадской паліклінікі і затым намеснікам галоўнага доктара па лячэбнай частцы Гарадзенскага абласнога шпіталю. Шкада, што яго так рана не стала сярод нас.
Вучнёўскія адносіны наладзіліся. Вучыца стала цікава, самастойнасць дала свой плён: адзнакі толькі добрыя і выдатныя. Прынялі ў харавы гурток, але спявак з мяне не атрымаўся, затое "танцорам" стаў. Рэпеціравалі, выступалі перад вучнямі, з танцам "Лявоніха", трапілі на раённы агляд вучнёўскай самадзейнасці. Было гэта вясной 1941 года. У Ліду і назад дабіраліся на вазах. Агляд праходзіў у раённым клубе, які размяшчаўся на вуглу цяперашніх вуліц Камса-мольскай і Астроўскага.
Летам 1940 года нашу бабулю Насцю і нас узрадавала паштоўка, атрыманая ёю ад сына Іпаліта, нашага дзядзькі. Ён у 1914 годзе пайшоў у расійскую армію, пісаў лісты да кастрычніцкага перавароту. Бабуля не пакідала надзеі на сустрэчу з сынам і заўсёды гаварыла, што ён жыве. Кожны дзень малілася за яго здароўе і сустрэчу пры яе жыцці.
Позняй восенню з братам малацілі жыта. На падворку з'явіўся высокі мужчына ў доўгім шынялі без пагонаў. Мы яго адразу пазналі, бо на яго быў падобны сярэдні брат Саня. Даведаліся ад дзядзькі Іпаліта, што падзеі 1917 года сустрэў на поўдні Расіі ў Кушцы. Там прадаўжаў службу, дэмабіліза-ваўся, жаніўся, пераехаў у Менск, працаваў бухгалтарам на будаўніцтве Дома Урада. Лістоў не пісаў, таму не трапіў пад нагляд НКУС. Заехаў да нас з нагоды інспекцыі хлебапякарань у воб-ласці. Бабуля гаварыла:пабачу Іпаліта і тады памру. Так і здарылася. У халодны студзень 1941 года яна памерла, пражыўшы чуць больш 90 гадоў.
У пачатку 1941 года людзі гаварылі і не таіліся, што будзе вайна з немцамі. Усё паказвала на вайну. Народ душой і сэрцам адчуваў несур'ёз-насць дамоў з Германіяй. Ліхаманкава рыхтава-лася Чырвоная Армія да ваенных дзеянняў. Ад-нойчы, паехаў у Істакі малоць збожжа і ўбачыў, як хлопцы з суседніх вёсак праходзілі дапрызыў-ную падрыхтоўку на лёдзе, зацярушаным снегам, з драўлянымі вінтоўкамі пад кіраўніцтвам ма-лодшага камандзіра. У школе вісеў плакат "Зда-вайце нормы ГТО". Нам добравольна - прымусова выдалі лыжы ў сельсавеце (зараз на тым месцы пабудаваны магазін), паставілі на іх, далі ў рукі палкі рознай велічыні і сказалі бегчы па шашы ў бок рэчкі да мастка, там паварот. На мосце нікога не было, таму першыя павярнулі назад, не даехаўшыя - таксама, і яны апынуліся першымі. Добра што за гэты час нас не сустрэла і не дагнала ні адна машына. Былі і такія, хто адваротны шлях прай-шоў з лыжамі ў руках. Вынікаў нам не назвалі, але чарговая "галачка" пайшла ўверх. А яшчэ ў школе праводзіліся ўрокі "Осавиахима". Было некалькі газаахоўнікаў: надзявалі, дыхалі, здымалі.
У вучобе, працы праходзіў навучальны год. Вясною 1941 года многіх сялян узялі на месячныя вайсковыя зборы. З нашай вёскі ў пачатку траўня пайшлі на зборы брат Ціхан і Буйніцкі Якуб Іванавіч. Праз лісты даведаліся, што Ціхан слу-жыць каля вёскі Гожа на поўнач ад Горадні. Бабуля гаварыла: "Загінуў каля Горадні ў 1914 годзе сын Аляксандр, не дай, Божа, там смерць унуку". Многа малілася. Мне прышлося зноў працаваць у полі. Пасеяў гарох і пасадзілі бульбу. Зусім засмуткавалі, калі ў пачатку чэрвеня атрымалі ліст, дзе брат паведамляў аб адтэрміноўцы іх збораў. Усім стала зразумела: будзе вайна.
Мама дагаварылася з жанчынамі Кумпяк і Дзікевіч з вёскі Дроздава (мужыкі іх праходзілі зборы з братам) паехаць у Гожу. На дорогу патрэбны былі грошы.
На час збораў нашу гаспадарку вызвалілі ад працоўных абавязкаў. Гаспадару канём абавязвалі вывезці на Лідскі аэрадром пэўную колькасць каменняў у залежнасць ад памераў зямлі ў гаспадарцы. Грошы плацілі не малыя кожную суботу. Брат да збораў збіў скрынку і некалькі разоў завёз каменні. На нашым хутары хапала каменняў. Наклаў іх, сабраў корм каню і пасля заходу сонца паехаў першы раз з дзядзькам Урба-нам Аляксандрам. Дзядзька Аляксандра-першым, за ім я, драмалі пад стук калёс. Ноччу не сустракалі машын. На світанку былі на аэрадроме. З'яўляўся прыёмшчык. Каменні складалі ў акуратную клешку, ды так, каб больш было пустаты. Затым прыёмшчык замяраў. Такая разгрузка каменняў займала вялікую тэрыторыю. Пачалі замяраць на возе. Пры яздзе каменні ўтрасаліся, іх станавілася менш. Мужыкі рабілі двайное дно на 12-15 см. Разгадалі і гэты падман, за што не далічыліся грошай вясковыя "камбінатары".
Грошай больш зараблялі трэцім спосабам. Сялянам з Нёманскага сельсавета плацілі за прывоз больш, чым, напрыклад, з Трацякоўскага. Землі былі ўласныя і гаспадары каменняў не давалі. У каго былі знаёмыя, завозілі пасля абеда з хаты, а назаўтра рана выконвалі бліжэйшы рэйс.
Азнаёміўся з парадкамі і самастойна ездзіў на аэрадром. У чэрвені не стала палявых работ. Вяскоўцы вазілі часцей каменні. Пад'едзеш да чыгуначнага пераезду, і там збіралася шмат фурманак. Мужчыны перадавалі лейцы пярэдняму возчыку і самі спалі або драмалі. Я таксама "прыпаркоўваўся" да каго-небудзь і ехаў з усімі разам.
Павінен сказаць, што падобныя працоўныя павіннасці сяляне адбывалі не раз. Успамінаю, як зімою 1940-1941 гадоў гуртом ездзілі ў вёску Дзямянаўцы Дзятлаўскага раёна вывозіць лес з Ліпічанскай пушчы. Бралі з сабою сена, сечку, авёс, харч сабе і ехалі на тыдзень. Талакой грузілі на сані і лісіцу (падсанкі, сучка) бярвенні і адвозілі да рэчкі.
Вернемся ў неспакойны чэрвень 1941 года. Атрымаў два разы грошы, а 21 чэрвеня за мяне - дзядзька Урбан. У гэты дзень з жанчынамі аўтобусам паехаў у Ліду. Праходзячы пераходам да чыгуначнага вакзала з правага боку ўбачылі цягнік "цялятнік", у які загружалі "ненадзейных" людзей для адпраўкі ў "далёкія" краі. Чырвона-армеец з вінтоўкай са штыком узору 1891 года пакрыкваў на пешаходаў, хто затрымліваўся паглядзець. Такая "пачэсная доўгатэрміновая" камандзіроўка людзей з нашай вёскі ў 1939-1941 гадах абмінула.
Цягніком Масква-Горадня пасля абеду заехалі да канцавой станцыі. Аўтобуса да вёскі Гожа не было. Па вуліцы Ажэшкі і цяперашняй Максіма Горкага пяшком да заходу сонца былі каля летняга лагера. Па дарозе за шэсць ці сем кіламетраў ад Гожы да нас далучылася бабуля. Жанчыны з ёю разгаварыліся. Яна падрабязна расказала, як нам знайсці вайсковы лагер. А яшчэ паведаміла: за ракой Нёман шмат стаіць немцаў, заўтра яны дадуць большавікам, адтуль уцякаюць людзі. Мы расказалі мужчынам. Яны ведалі пра гэта, але не верылі, што заўтра пачнецца вайна.
Дрэннае ўражанне засталося ад сустрэчы з мужчынамі. Гімнасцёркі, галіфе, пілоткі, абмоткі і чаравікі мелі выгляд брудны і заношаны, самісхуднелыя. Сапраўдныя "партызаны", так назы-валі іх сярод цывільных.
Вечарам па парадзе мужчын зайшлі ў першую хату, даволі прыгожую і ўтульную. Па перыметру вялікага падворка размясціліся хлявы, гумно і іншыя пабудовы. Вельмі здзівіліся: прыехалі здалёк і не баяліся, што будзе вайна. Мы спыталі: "Калі?" Адказалі: "Хутка!" Пачаставалі цёплай бульбай і кіслым малаком са смятанай. Ляглі спаць на кулявую салому, не распраналіся. Вечар ціхі і цёплы. Жанчыны знямогшыся моцна спалі. Ноччу ў гадзіны тры на падворку распараджаўся гаспа-дар з сынамі, за дашчатай перагародкай стукалі саганамі і прыглушана гаварылі. Прыслухаўся. Сярод стуку і гамонкі пачуў гул самалёта: то адда-ляўся, то прыбліжаўся, відавочна кружыў над намі. Прайшло з паўгадзіны, і на захадзе загуло, застукала, забухала. Усхапіўся, разбудзіў жан-чын. Выйшлі ў суседні пакой, і адтуль пачулася, што пачалася вайна. Нават прыбеглі знаёмыя з Горадні.
Сям'я тут жыла вялікая. Старэйшы сын жанаты. Яны ўсю ноч не спалі. Рыхтавалі месца для коней і жывёлы ў блізкім лесе. Гаспадыня хуценька накарміла нас булёнам і пажадала, каб мы ў лагеры пабачылі мужчын, бо яны могуць пайсці на перадавую. Над Нёманам ішла сапраўдная вайна: чуліся выбухі, нават стральба з вінтовак і куля-мётаў.
Да лагера падышлі перад усходам сонца. О, дзіва?! Там цішыня, воіны спяць, вартавы акрык-нуў нас, не падпусціў да лагера (у сапраўднасці яны даўно апрануліся, але іх не выпускаллі з палатак). Каля рэчкі Гожанка пад дубам мы прастаялі да пад'ёму. Сонца высока паднялося над лесам. Дзесьці ў паўшостай паказаліся і павольна ішлі ў наш бок два камандзіры (першы з адной "шпалай", другі з дзвумя на гімнасцёрцы) з руч-нікамі на руках.
Жанчыны падбеглі да іх. Адбылася такая размова паміж жанчынамі і, як высветлілася затым, камандзірам часткі і нампалітам.

- Таварыш камандзір, гэта пачалася вайна?
- Не.
- А што?
- Ідуць вялікія тактычныя манеўры.
- Дык на граніцы паўсюдна дым.
- Вы бачыце дымавую заслону.
- Там гарыць Горадня.
Адказ не пачуўся.
- Дазвольце сустрэцца з мужыкамі.
- Толькі пасля пад'ёму.

Вось так жылі гадамі пад "дымавой засло-най"!
Не магу забыць іх спакойную паходку, падобную на шпацыр, няспешнае распрананне да пояса, бадзёрую гаворку, размераныя рухі пры ўмыванні, смех і напэўна гумар. Затым павольна рушылі ў бок палатак. Над намі пранесліся на Горадню два самалёты (тупыя чырвоныя насы), ды так нізка, што падняліся над лесам, а затым за ім і зніклі. Высока ў небе кружыла нямецкая "рама", напэўна карэкціравала стральбу артылерыі. Над Горадняй у бязветранае надвор'е падняўся слуп дыму, амаль вертыкальнага. Над горадам ляталі нямецкія самалёты. Вакол іх разрываліся зенітныя снарады. Малюнак уражвальны: свабодна лята-юць самалёты, і ў бязладдзі разрываюцца снарады.
Наступныя дзеянні абаронцаў Радзімы нас канчаткова ўразілі. У шэсць гадзін пачуліся гукі трубы: ігралі пад'ём. З палатак выбеглі голыя да пояса, старэйшыя ў кашулях, воіны і размясціліся на травяністай пляцоўцы 100 м х 150 м супраць палатак, што стаялі ўскрай лесу. На пляцоўцы ў шахматным парадку зрэзалі дзёрн 50 см х 50 см для кожнага воіна. Відовішча прыгожае, але ў такі час?! Пачалася фізічная зарадка: чуўся разлік камандзіра, убачылі ўзмахі рукамі і нагамі.
Наступіла чарга прыбіраць ложкі, мыцца і апранацца. Толькі тады адпусцілі пагаварыць з намі. Паснедаў першы, другі батальёны, а трэці - не паспеў. Сыгралі баявую трывогу. Праз некалькі хвілін з'явіліся брат і мужыкі ў касках, з вінтоўкамі і патронамі на папругах. Сказалі, што пачалася вайна. Позняе прызнанне?! Паклікалі камандзіра батальёна. Па карце паказаў, як нам бліжэй ісці дадому. Я спісаў населенныя пункты. Мы развіта-ліся. Батальён пайшоў займаць баявую пазіцыю на поўдзень ад Гожы на ўзгорку ўздоўж шашы недалёка ад лагера.
Спачатку жанчыны ішлі ў названым кірун-ку. Параіліся паміж сабою, павярнулі на поўдзень і выйшлі на шашу ў Горадню: там сядзем на цягнік і паедзем у Ліду. Мае ўгаворы не дапамаглі. Рабіў спробу павярнуць на ўсход. Цвёрдасць жанчын прымусіла мяне "плесціся" з-заду. Ды здарылася нечаканае!
Справа за 70 м стаяла гумно. Паміж ім і шашою акапаліся зянітчыкі, але не стралялі, схаваўшыся пад гумном. Зверху лятала "рама". Зянітчыкі матам абразілі жанчын, сталі крычаць, каб уцякалі далей на ўсход. Жанчыны ўпарта ішлі ў горад. Тут засвістала, загуло, і каля гумна разарваўся снарад. Я ішоў ровам і там-жа ўпаў. Пачакаўшы, падняўся - жанын не бачна на шашы. Глянуў на ўсход: у той бок беглі жанчыны. Выпадак бачылі мужчыны з перадавой, здзіўляліся жаночай упартасці і засталіся спакойнымі за наша жыццё.
Скінулі абутак і басанож беглі так, што толькі праз тры кіламетры дагнаў. Адвёўшы дух, прыпыніліся і пачалі раіцца: куды ісці? Парашылі - на ўсход. Спакойна прайшлі яшчэ вёрст чатыры. Перад намі паказаўся прыгожы фальварачак, абсаджаны бярозамі, пасярэдзіне сад, дабротная хата, хлявы, гумно. Пад бярозамі сядзела ў кружку сем чырвонаармейцаў: стаяў саган з бульбай, ляжаў парэзаны хлеб, кіслае малако, сырадой у збанку. Саган стаяў на спецыяльнай падстаўцы, пад харчы пасланы абрус. Уразіла гасціннасць і жаданне аблягчыць становішча мужчын.
Гаспадары частавалі, хлопцы расказвалі. Раніцай снарад разарваўся ў суседняй палатцы. Выскачылі, у чым маглі. Пачуліся крыкі, лаянка, неразбярыха, кудысьці беглі, а карацей кажучы - уцякалі на ўсход. (Тут мне падумалася: магло быць так з нашымі мужчынамі, "партызанамі". Відавоч-на, яны ў планы немцаў яшчэ не ўваходзілі). Жудасны выгляд быў у чырвонаармейцаў: двое ў гімнасцёрках, астатнія ў белых кашулях, яшчэ двое - у галіфе, астатнія - у кальсонах, некалькі - у чаравіках, былі босыя, у аднаго перавязана галава, у другога - рука (параніла асколкамі). Прыбеглі сюды чырвонаармейцы тэрміновай службы: стрыжаныя пад машынку, цяжка ім было затым схавацца сярод мясцовага насельніцтва: немцы здымалі шапку і правяралі даўжыню валасоў. Лагер іх размяшчаўся на беразе ракі Нёман, і з заходняга боку немцамі добра праглядаўся.
Пад цяністымі бярозамі аддыхаліся. Папілі халоднай вады, прыйшлі ў лагодны стан. Паслу-хаўшы аповяды чырвонаармейцаў, ацаніўшы абставіны, парашылі ісці кірункам, падказаным камандзірам батальёна, праз вёскі і мастэчкі: Цыдавічы, Багушоўка, Казіміраўка, Верцялішкі, Азёры, Аспучына, Шайбакі, Васілішкі, Паперня, Більтаўцы, станцыя Курган, Бабры, Няцеч, Навасады і Барвічы.
Каля вёскі Цыдавічы надарыўся возчык на вялікім з драбінамі возе, запрэжаным парай коней. Дагаварыліся, што падвязе на ўсход ад Верцялішак да шашы на Азёры. Адтуль ён паедзе на поўдзень. Добра памятаю, як праязджалі чыгунку за Багу-шоўкай. За транспарт заплацілі. Да Астрыно нас абагнала "палутарка" гружаная мэбляю, стаяў вазон з фікусам. За рулём сядзеў вайсковец, у кузаве - таксама вайсковец з жанчынай і дзецьмі. Відавочна з вялікіх начальнікаў хтосьці адпраўляў сям'ю на ўсход.
Праходзячы праз паселішчы, людзі пыта-ліся, як далёка знаходзіцца наша армія ад граніцы на захад. Мы расказвалі тое, што бачылі і чулі. Людзі не верылі: ахалі і охалі. Тады мы паказвалі ў неба, дзе за два дні не бачна было ні аднаго савецкага самалёта. Над намі несліся армады двухматорных нямецкіх загружаных самалётаў з душараздзіральным гулам. Ляцелі стройна, невысока. За імі другая і трэцяя дзевяткі. Ніхто іх не абараняў, ніхто на іх не нападаў. Назад ляцелі са звонкім гукам па тры, шэсць ці дзевяць значна вышэй.
Перад Астрыном жанчыны напалохаліся і ў сваіх расказах сталі асцярожнымі. Нейкі мужчына сказаў не разносіць правакацыі: здасць упаўнаважанаму міліцыянеру, Чырвоная Армія пайшла пераможна наперад на захад!
Прайшлі мястэчка Астрына, у вёсцы зана-чавалі. Падхапіліся шэрай гадзінай і рушылі ў дарогу. Нам было не да ежы. Харчаваліся сваімі запасамі. Жанчыны знаходзілі агульную размову з гаспадынямі, тыя частавалі нас малаком, супам ці баршчом. Ваду бралі ў бутэлькі. Праз Васілішкі да вёскі Паперня дайшлі без ніякіх прыгодаў. Стала весялей, бо гэта была першая вялікая вёска Лідчы-ны. Добра памятаю з левага боку вялізныя палац і гумно, возера, з правага - млын (якіх зараз няма). У адной з першых хат падсілкаваліся. Шлях быў яшчэ не малы, але сіл прыбавілася. Да ночы будзем дома!
У Паперні папярэдзілі: перайсці праз шашу да вёскі Більтаўцы будзе небяспечна. Там цэлы дзень перыядычна лятаюць два самалёты аднаматорныя і абстрэльваюць шашу. Даходзячы да шашы з правага боку ўбачылі хутар. Гаспадар сказаў, каб трохі пачакалі. Зараз самалёты паляцелі на Ліду, будуць ляцець адтуль і страляць па шашы з правага боку. Перачакаўшы пад гумном, мы пабеглі да Більтаўцаў. На шашы валяліся нейкія рэчы - не змог разабрацца. З правага боку ляжаў забіты конь і перавернуты вайсковы воз, з левага - стаяла "полутарка", а салдаты хаваліся за тоўстыя ствалы дрэў. У першай хаце злева папрасілі вады. Тут жа гаспа-дар паклікаў у хату і схаваў за печ. Самалёты варочаліся і страляллі. Калі выйшлі з хаты, гаспадар паказаў дзіркі ў хаце ад куляў.
Без прыгод, паспяшаючы, дайшлі да вёскі Барвічы. Тут мы разышліся: жанчыны - у Дроздава, я - у Дзітрыкі. Зайшоў у апошнюю хату злева да знаёмых: пагаварыць, трохі адпачыць. Уздых-нуўшы паветра роднай мясціны, рушыў дамоў. І перад вачыма разыгралася трагедыя з нямецкім лётчыкам. Два лёгкія самалёты ляцелі з Ліды. Затым павярнулі ў бок Бярозаўкі, спікіравалі ўніз, зрабілі разварот і пайшлі ў піке другі раз. Першы самалёт узляцеў уверх, другі пачаў падаць, пачуўся выбух і падняўся дым. Самалёт-вядовец зрабіў пралёт над месцам падзення і падаўся ў бок Горадні. Так на вясёлай для нас ноце закончылася паездка пад мяжу. Як стала вядома пасля вайны, 23 чэрвеня 1941 года маставы ахоўнік старшына Кірыл Кліменка з дзесяцізараднай вінтоўкі, прытуліўшыся да сасны, збіў нямецкага аса, удзельніка баёў за Еўропу. Праз некаторы час сябры адкапалі яго цела і вывезлі ў Германію.
З заходам сонца быў на хутары. Мама на падворку плача, прыгаворвае, што адправіла меншага сыночка на вайну. Дакарала і вінаваціла сябе. Колькі радасці праз слёзы выказала, убачыў-шы мяне. Даведалася аб маім здароўі, пачала распытваць пра Ціхана, жанчын і іх мужыкоў.
З вёскі Сялец да нас дзядзька Міхась, мамін брат, прывёз з куфрам бабулю Агату. Яна напалохалася разрываў бомбаў на чыгунцы і мосце.
ногі, нацёр мазалі. Дзён пяць насіў пакуль не вылечыўся.
Суседзі не верылі, сумняваліся. Як магло здарыцца, што нашая магутная армія ў бязладдзі адступае? Ліда гарэла. Начальнікі прыціхлі. З'явіліся цывільныя людзі з-пад мяжы, затым адзіночкамі, па два і больш чырвонаармейцы. Яны расказвалі тое-ж самае. Раніцай чулася артылерыйская кананада. У небе ляталі толькі нямецкія самалёты.
У сераду 25 чэрвеня на ровары паехаў у Бярозаўку запламбаваць зубы, падрыхтаваныя раней. Зубнога доктара не застаў. Паехала на ўсход. У вёсцы Сялец праз год немец-лейтэнант, зубны доктар, за два дзесяткі яек з абязбольваннем удала вырваў тыя два зубы.
Не хацелася такога павароту ў жыцці, але давялося пагадзіцца. Чырвоная Армія несла вялікія страты. 27чэрвеня 1941 года немцы ўвайшлі ў Ліду. Аб гэтым даведаліся ад чыгуначнікаў. Яны рамантавалі чыгунку да апошняга дня. Нейкі час у іх быў перапынак. Затым немцы паклікалі ўсіх на працу. З Ліды штурхалі да станцыі Нёман двухвосевыя таварныя вагоны з драўлянымі рамамі. Паставілі да Ліды, каб не можна было праехаць праз чыгунку шашою і дарогамі. З цягам часу іх разабралі на вагонку і металалом. Мы хадзілі па вагонах, сёе-тое знаходзілі. Я прынёс сшыткі і фотапаперу: адразалі паветраныя тармазныя шлангі на падэшвы і абцасы. Чыгуначная дарога Ліда-Баранавічы немцамі не выкарыстоўвалася. Восенню вагоны выцягнулі і каляю звузілі. Пачалі курсіраваць цягнікі.
У вёсцы некаторы час жылі чырвонаармейцы. Яны былі з далёкіх мясцін. Пачаліся ўборка збожжа і сенакос. Працоўныя рукі патрэбны. Беларусы паціхеньку рухаліся на ўсход ад вёскі да вёскі, ад знаёмага да знаёмага. Іх кармілі, паказвалі дарогу, каб не трапілі да немцаў. Некаторыя пажаніліся з нашымі дзяўчатамі, маладымі ўдовамі. Па сённяшні дзень жывуць іх дзеці.
У апошнія дні чэрвеня і пачатку ліпеня па шашы Беліца-Ліда рухаліся калоны немцаў. У гэты час брат дайшоў да хутароў вёскі Жучкі, пера-апрануўся ў цывільнае і днём прыйшоў дамоў. Назбіралі дома і ў суседзяў адзення і брат занёс чырвонаармейцам тэрміновай службы. Праз нейкі час вайсковае адзенне забралі, калі па шашы перасталі ехаць нямецкія калоны.
Радасці, слёз было без канца: мама дача-калася сына. Многа цікавага, незразумелага засталося тады для мяне. Выклікала двайное пачуццё і разуменне паводзін камандавання Чырвонай Арміі падчас ваенных дзеянняў у той час. Помню, як брат у размовах з былымі чырвона-армейцамі, з сябрамі ў вёсцы часта паўтараў: была б такая зброя і тэхніка ў польскага камандавання, яны бы не два тыдні трымалі абарону. Як былі непадобныя адны на другіх! Польскія камандзіры вырашалі самастойна, не баяліся за вынікі, ведалі, што ў будучым іх не чакае смяротнае пакаранне, хутчэй - толькі ўзнагарода. Цяперашні час паказвае: дзе б ні ваявалі за сваю радзіму Польшчу, салдаты атрымоўваюць годную фінансавую дапамогу.
Іх актыўнасць і баявітасць у баях на працягу двух тыдняў выклікалі павагу ў салдат. Немцы ні разу не зайходзілі ім у тыл. Артылерыя ўвесь час манеўравала. Бачачы перавагу з боку немцаў, камандзіры выбіралі не лабавыя атакі і абарону, а тактыку партызан. Займалі зручныя пазіцыі, абстрэльвалі калоны немцаў, дэмаралізоўвалі іх, хутка адыходзілі, маючы толькі конную цягу.
Як вялі сябе савецкія камандзіры пад вёскай Гожай, часткова расказваў раней. Не лепш было потым, калі занялі абарону. Паводле расказаў брата ў дзве гадзіны дня немцы паказаліся на ўскрайку Гожы на крушні. Штосьці гаварылі, махалі рукамі, паказвалі ў іх бок. Далі каманду страляць з мінамётаў. Недалёт. Немцы зніклі. Доўга чакалі, а яны так і не з'явіліся. Праз некалькі гадзін з тылу ў даліне за ўзгоркам, дзе была баявая пазіцыя, загулі танкі, пачалі страляць. Можна сказаць: закончылася вайна з немцамі. Камандзіры разгубіліся: наперад не пойдзеш, з-заду страляюць. Парашылі групамі прабівацца на ўсход да мястэч-ка Азёры. Ці багата можна прайсці з мінамётнай плітой, руляй, мінамі ў страшэную гарачыню? Сяк-так праз чыгунку дабраліся да ракі Котра. Тут у балотах і лясах заблудзіліся. Трое сутак выбіраліся, выйшлі на шашу, даведаліся: наперадзе ў Азёрах і далей немцы. Перайшлі шашу, паглыбіліся ў лес. Камандзір групы загадаў мінамёты, замкі і вінтоўкі пакідаць у балота і рэчку, самі ідзіце па хатах, а я з некалькімі чырвонаармейцамі (камандзіры адзяленняў тэрміновай службы) будзем рухацца на ўсход. Камандзір з Усходняй Беларусі быў прызва-ны на зборы раней. Вось так закончылася другая вайна брата з немцамі.
Брата здзівіла дрэнная арыентацыя каман-дзіраў на мясцовасці, іх баязлівасць прымаць рашэнні самастойна, аглядка на старэйшых, нерашучасць у дзеяннях.
У першыя два тыдні вайны пры невысвет-леных прычынах загінулі ў горадзе Ліда і іншых мясцінах Мулінскі Федзя Сцяпанавіч, Мулінскі Іван Іванавіч, Сівіцкі Аляксандр Іванавіч і Лукашэвіч Уладзімір Якаўлевіч.
Перад вайной на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію быў узяты Урбановіч Бронісь Карлавіч. На пачатку вайны быў паранены, камісаваны, працаваў у Казахстане. Вярнуўся дамоў у 1945 годзе. Працаваў на чыгунцы рамонт-ным рабочым, затым брыгадзірам на станцыі Дварэц.
Улада "першых саветаў" закончылася, наступіў час "новага парадку Германіі". Перыяд, у якім штосьці было лепш, штосьці горш. Страху хапала ўсім, але на зямлі працаваць патрэбна. Усе воіны патрабавалі хлеб і да хлеба. У іх былі ружжы, а жыццё селяніна грош каштавала!

Пяты перыяд: чэрвень 1941 года - чэрвень 1944 года. "Новы парадак Германіі"

На хутарах наступіла зацішша. Не стала чырвонаармейцаў і немцаў. Наогул, немцаў мы не бачылі, а чулі толькі гул іх машын ды ляскат фурманак. Нейк сабралася нас чалавек пяць і парашылі пайсці на шашу. Супраць барвіцкіх могілкаў праз шашу знаходзіўся невялікі сасоннік, дзе людзі на зіму хавалі бульбу. Тут заўважылі мінамётныя зарады. Хтосьці падказаў думку: узарваць іх. Побач бульбяная яма ў рост чалавека. Туды склалі міны, наверх накідалі пабольш сухога галля. Падпалілі, а самы пабеглі і заляглі наўс-крайку жыта, палюбавацца выбухамі. Глянулі ў бок Беліцы і ахнулі: на раварах едуць немцы! Група чалавек трыццаць.

Дзень быў цёплы і ясны. Па шашы рухаліся вясёлыя, на выгляд усе маладыя, з аўтаматамі на грудзях, з закасанымі рукавамі салдаты. Смяяліся, хтосьці іграў на губным гармоніку.

Трэба такому здарыцца: немцы пад'ехалі і тут пачалі падрывацца міны. Немцы пападалі, хто на шашу, хто ў роў. Выбухі закончыліся, і немцы асцярожна паўставалі, разабраліся, што ім падра-білі "гумар": пачалі смяяцца. Добра, што мы не выявілі сябе. Тады не здабраваць бы! Вось так мы пазнаёміліся з немцамі на адлегласці.

Прайшло некалькі дзён, і мы пабачылі немцаў зусім блізка ў нечаканыя абставінах. У канцы былой нашай вёскі на лузе хутараніна Буйніцкага Івана затрымалася невялікая вайско-вая частка на коннай цязе фурманак дванаццаць. Мы тады парашылі, што гэта былі санітары. Рабіць тады ім не было чаго - раненыя не пасту-палі. Коні хадзілі па лузе, карабіны стаялі ў "казлах", а з чатырох фурманак утварылі футболь-ныя вароты. Паміж імі босыя, у ботах, нейкіх тапачках немцы ганялі мяч. Ім паказалася нявесела гуляць і паклікалі нас. Мы нерашуча падышлі да немцаў, падзялілі яны нас налева, направа і пачалася гульня. Нейк забылася, што яны захопнікіі ў гульні пачалі штурхацца, абманваць іх. Немцы асабліва не рэагавалі на нашы " выкрунтасы", смяяліся, нешта насмешлівае гаварылі адзін дру-гому. Правучыўшыся два гады нямецкай мове, называлі ім нейкія словы. Немцы ківалі галовамі, гаварылі: "Я-я, яволь".

І тут мы перанеслі канфуз. Наш сябра доўга не думаючы пачаў мачыцца на кола воза. Немцы закрычалі: "Швайн", - і паказалі яму месца для гэтай справы. Каля лазовага куста ў баку выкапа-на доўгая вузкая яма. Па канцах яе ўбіты калы, а на іх пакладзена жэрдка: садзіся як у нужніку, каб потым засыпаць драўлянай лапатай пясок.

Апоўдні немцы разышліся па хутарах нашай вёскі і вёскі Жомайды, дайшлі нават да вёскі Істакі. Ведалі толькі словы: матка - сала, масла, сыр, яйка.

Набраўшы харчоў у запас, зайшлі да нас чатыры немцы. Папрасілі ў мамы вялікую патэль-ню. Нейк дагаварыліся падсмажыць на пліце здабытыя харчы. Мама прынесла трэскі, распаліла агонь. Каля печы ляжалі сухія палены і стаяла сякера. Немец бярэ сякеру і прабуе пасекчы дровы на прыпечку. Мама выхваціла ў яго сякеру і, не звяртаючы ніякай увагі, коле палены на падлозе. Бачачы сябра ў куце хаты, дружна смяяліся над ім немцы. Па кухні пайшоў дым ад падгарэлага сухога кумпяка. І мама зноў уступае ў справы "гора-кухара". Выкінула падгарэлы кумпяк, растапіла сала, нарэзала кумпяка, разбіла яек і ўсё гэта падсмажыла. Хто лыжкай, хто відэльцам пачалі немцы есці, кусаючы лусты ад вялікага бохана хлеба.

На лузе немцы абазвалі нашага сябра свінёй. Не мінула такая доля аднаго з іх. Мама хапіла венік і замахнулася, бо за сталом пукаў непры-стойныя гукі, абазвала свінёй. Сябры рагаталі.

Каля стала вісела сумка. Распыталі немцы ў якім класе вучыўся. Адзін з іх зацікавіўся змесцівам у сумцы. Асаблівую ўвагу прыцягнуў падручнік нямецкай мовы. На першай старонцы змяшчаўся партрэт Сталіна. Немец сказаў, што партрэт трэба замазаць чарнілам. Потым, калі мы вучыліся ў Ганчарскай школе, настаўнікі загадалі тое самае зрабіць. Але нейкае чалавечае пачуццё падказвала, што падручнікі будуць патрэбны ў далейшым. Мы вырэзвалі адпаведнага памеру белую паперу, намазвалі па краях клеем, і заклейвалі малюнак. На наклейцы малявалі кветкі. У 1944 годзе наклейкі мачылі вадой, лісточкі добра адставалі, бо клей рыхтавалі з пшанічнай мукі.

Падчас вайны на вёсцы рэдка бачылі немцаў. Яны пасяліліся ў бункерах. У Сяльцы іх было два: каля чыгуначнага моста па левым беразе ракі Нёман і ў хаце Станкевіча супраць станцыі. Падобныя бункеры немцы пабудавалі на паўстанку і ў вёсцы Ганчары, каля чыгуначнага моста ў Даржах на Дзітве, у Агародніках ля драўляннага моста на рацэ Нёман.

Казармы агароджвалі двайнымі сценамі шырынёй паўметра з круглых барвенняў. Паміж бярвенняў укладалі дзёрн і засыпалі пясок. Па вуглах агароджы стаялі станкавыя кулямёты. Лес, кустоўе, асобныя дрэвы за паўкіламетра немцы спілавалі. Лепшы лес адвозілі ў Германію, а з горшага будавалі бункеры і палілі ў печах. Немцы абсталёўвалі таксама бункеры ў аднасобных будках, дзе жылі рабочыя чыгункі. Такі бункер быў пабудаваны на жамойскім пераездзе, дзе жыў Алікевіч. Зараз гэтая чыгуначная будка захавалася, дзякуючы таму, што там жыве прастарэлая жонка памерлага працаўніка чугункі і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сухорскага. Такія "апорныя бункеры" немцы будавалі найбольш. Ахова чыгункі з двух чалавек хадзіла ў асноўным у светлы час. Заўсёды магла схавацца ад парты-занаў.

У жамойдскім бункеры збіралася вясковая моладзь.Там жылі дзеці Алікевіча сын Бронісь і дачка Марыя. Немцы заходзілі ў будку, адпачывалі, жартавалі з дзяўчатамі. Быў там і я аднойчы. Моладзь весялілі Шулейкі Стась і Франак, граючы на гармоніку.

Я наглядаў за паводзінамі немцаў. Павінен адзначыць, што пачынаючы з зімы 1942-1943 года, адносіны да насельніцтва змяніліся. Вялі сябе насцярожана і недаверліва. "Зборышчы" забара-нілі. Аднак моладзь збіраліся ў другіх хатах, ладзілі гульні і весяліліся па-ранейшаму.

Як вядома на адрэзку чыгункі Наваельня - Ліда за апошнія гады разбураны будкі і станцыйныя будынкі ў Мінойтах, Ганчарах, на пера-ездзе каля вёскі Супраўшчына, у Яцуках - аж два. Ці не "сверб" разбурэння?

Вернемся ў той ваенны час. Можна здага-дацца, што немцаў мы бачылі, бываючы ў Лідзе і ў Сяльцы. Яны нам не надакучалі. Горш было пазней у 1942-1944 гадах, калі па хутарах вечарам хадзілі, як іх у нас называлі, "чырвоныя" партызаны, а пад раніцу - "белыя". Першыя любілі добра выпіць самагонкі ды закусіць салам і каўбасой. Другія - больш арганізаваныя- пры-сылалі друкаваныя паведамленні, каб солтыс сабраў патрэбную суму грошай у рублях або маркамі: палатна, якое яны фарбавалі ў зялёны колер і шылі з яго мундзіры і "рагатыўкі". Патрэба ў матэрыяле ўсё ўзрастала. Выконваць іхнія загады станавілася цяжэй і цяжэй. "Пасаду" солтыса па-чалі перадаваць праз два тыдні па чарзе.

На ахову чыгункі немцы пасылалі паране-ных салдат, якія праходзілі тут далечванне. З імі служылі састарэлыя мужчыны. Маладыя салдаты заходзілі на бліжэйшыя хутары. Гаспадары былі з імі знаёмы. Немцы прасілі дастаць "шнапсу". Помню, некаторыя з іх плацілі маркамі. Яны прыносілі і прадавалі вайсковыя боты або чаравікі з жалезнымі цвікамі, бялізну, цыгарэты, кансервы.

Колькі я ведаю, у немцаў існаваў графік праверкі чыгункі. Не прайсці вызначны для аховы адрэзак дарогі яны не маглі. Са станцыі Нёман ахоўнікі за раку Нёман ішлі да рудзянскага пераезду, адкуль ад пераезнага павінны былі патэлефанаваць дзяжурнаму аховы і яшчэ сустрэцца з аховай, якая ішла ад Мурына. Так жа рабілася і ў бок Ганчароў: сустрэча патрулёў адбывалася на жамойдскім пераездзе. І так на ўсім участку ў бок Ліды.

Неяк восенню 1942 года мы гналі самагонку. Тады ніхто не хаваўся, і рабілі гэтую справу днём. Партызаны не прыходзілі, немцы таксама. Пры-думалі нават гнаць побач са студняй: вада для ахалоджвання недалёка, заўсёды бачна, ці не-вядомы падыходзіць да хутара. Агонь хуценька залівалі вадой, а бражнік накрывалі дзяругай.

І так, тады гналі самагонку мы на кухні. Кацёл з вадой прымуравалі да пліты (можна было ставіць на яму). Праз акно было бачна за вярсту ў бок жамойдскага пераезду. Там з'явілася постаць чалавека, якая шпарка рухалася па дарозе ў наш бок. Углядзеліся і заўважылі немца з аўтаматам на грудзях. Хутар наш знаходзіцца ў 50-ці м. ад дарогі. Немец зварочвае на нашу дарожку і без стуку заходзіць на кухню. Наступае хвіліна маўчання. Немец глядзеў на ўвесь гэты рыштунак: кацёл, бражнік, сухапарнік і змеявік-халадзільнік, мы - на яго. Брат апомніўся першым і сказаў, што гонім "шнапс". Растлумачылі, што хутка ён пацячэ. Сапраўды, праз нейкі час пачаў капаць "першачок". Калі набралася чацвярцінка, налілі ў кубак і прапанавалі немцу. Аднак ён даў часткова выпіць брату, а затым мне. Толькі потым выпіў сам. З прыемнасцю пацмокаў губамі, нагладзіўшы жывот. Закусіў хлебам з салам. Задаволены, узяў тую чацьвярцінку "першаку", не чакаў, каб нацякло болей, і хуценька пайшоў назад. Мы так і не зразумелі: ішоў ён да нас па "наводцы", ці зайшоў выпадкова на дымок з коміна.

Бачылі мы немцаў і ў іншых абставінах. Адна з іх - адбыванне шарваркі. На яе выкананне заказваў солтыс. Зімой 1941-1942 года адрэзак шышы Саламянка - Ельня занесла снегам і машыны не праходзілі. Супраць вёскі Істакі снег ляжаў у рост чалавека. Некалькі дзён я хадзіў з лапатай на расчыстку шашы. Тады на "Вілюсе" бачыў чаты-рох немцаў у форме СС. Так яны і не даехалі ў Беліцу.

Немцы перажыўшы марозную і снегавую зіму на наступны год парашылі ўтварыць снега-затрыманне. Кожнаму гаспадару вызначаўся каля шашы адрэзак, каб з яловых ці сасновых галінак пабудаваць плот. Паехаў я ў бліжэйшы лес, насек вялікіх галінак, прывёз да шашы, а каню даў сечкі з аўсом. Жалезным ломам нарабіў ямак і пачаў устаўляць у іх галінкі. З боку Ліды рухалася легкавая машына з невялікай хуткасцю. Напярэй-мы ёй на шашу выскачыў наш вялікі сабака, ды не разлічыў свае магчымасці: трапіў пад колы. Машына падскочыла, павярнула ўправа і ледзь не заехала ў роў. Сабака адбег і са скавытаннем упаў каля шашы. Немцы павыскаквалі з машыны, адзін з іх наставіў карабін у наш бок. Я стаяў за канём і не ведаў, што мне рабіць. Другі немец рукой павярнуў карабін да зямлі. Штосьці пагаварылі, глянулі ў бок скуголячага сабакі і паехалі. Знаходзіліся мы ў сотні крокаў ад месца здарэння. Не ведаю, што было б далей?

Снегазатрыманне не прадаўжаў. Паклаў нерухомае цела сабакі на воз. Дома сустрэлі са здзіўленнем. Расказаў аб здарэнні. Здзіўленне перайшло ў роспач мамы. Шкуру з сабакі садралі , з мяса наварылі каля пуда мыла. Прадукт дэфіцы-тны ў той час.

Хадзіў з хлопцамі на пабудову бункера на левым беразе ракі Нёман каля чыгуначнага моста. Там абразалі "вуглы", (бярвенні, якія выступалі па вуглах бункера). Стары немец цэлы дзень пілаваў са мною гэтыя вуглы. Сілы яго былі невялікія, і я вельмі стаміўся. У абед нас паклікалі ў казарму. Немцы пачаставалі чорнай кавай і эрзац-хлебам. Мы іх - салам. Абмен задаволіў абодва бакі.

Сярод немцаў былі лекары. У іх можна было за харчы купіць лякарства. У Сяльцы ў бункеры каля станцыі Нёман лечэбнай практыкай займаўся зубны доктар. Два зубы, падрыхтаваныя для лячэння савецкай жанчынай, абязболіўшы, выр-ваў немец за два дзесяткі яек.

Раней успамінаў, што немцы будавалі бункеры шляхам шарваркі, але і потым людзі хадзілі выконваць розныя работы рэзалі дровы, калолі іх, высякалі кусты, палілі галлё, прыбіралі тэрыторыю і інш.

Жыхары бліжэйшая вёсак наладжвалі сувязі з немцамі. Немцы за цыгарэты, адзенне, абутак прасілі масла, сала, яйкі, а лепш за ўсё - "шнапс". Самагонку бралі толькі пасля таго, як гаспадар рабіў у прысутнасці іх "дэгустацыю". Выручалі немцы і нафтай (газай). Немцы асвятлялі бункеры 16-лінейнымі лямпамі Ахова ноччу хадзіла з электрычнымі ліхтарамі.

У час акупацыі сяляне ездзілі ў Ліду на рынак. Там можна было купіць абутак, нейкае адзенне. Грошы здабываліся за прададзенае збожжа, бульбу, а таксама за самагонку, якая вельмі шанавалася ў немцаў. Немцы аб гэтым ведалі і ў рыначны дзень выходзілі на чыгуначныя пераезды і іншыя месцы, каб "канфіскаваць" гарэлку. Папаліся і мы з братам на дроздаўскім пераездзе. Немец знайшоў чатырохлітровы буталь з самагонкай. Пазней мы іх перахітрылі: у возе зрабілі двайное дно, дзе ў сене складалі бутэлькі.

Франтавікі, жыхары іншых дзяржаў, пры-званыя ў нямецкую армію, работнікі чыгуначнай дарогі, якія непасрэдна кантактавалі з рамонтнымі рабочымі, дзяжурнай службай дарогі, дэпо ад-носіліся да насельніцтва дастаткова лагодна. Але па хутарах распаўсюджваліся чуткі пра зверствы немцаў у вёсцы Сялец, дзе расстралялі мясцовых актывістаў савецкага часу і яўрэяў: гаварылі пра расстрэл яўрэяў у Беліцы, Лідзе, псіхічна хворых у Мінойтах.

Немцы аховы чыгуначнай дарогі, фанернай фабрыкі гаварылі, што гэта дзеянні гестапа. Чуткі наводзілі страх на вёску. Людзі перасталі без патрэбы аддаляцца ад хатаў.

Дарэчы ўспомніць пра людзей, у якіх жыц-цёвы шлях пераламала вайна. Цікавая доля Казлоўскага Франака. Бацька жыў бедна, жабраваў. Матка працавала ў гаспадароў, чым і карміліся. З Франакам я сябраваў. Вучыўся ён на два класы ніжэй з добрымі адзнакамі. Рэдка наведваў у першы навучальны год падчас вайны Ганчарскую школу. Казлоўскія жылі на хутары каля гасцінца. Хату перавезлі з вёскі. Сяк-так яе збудавалі, паставілі печ і адмысловы комін. Пазы вымазалі глінай, пабялілі. Дым не ішоў на хату як раней, і яна мела даволі прывабны выгляд. Побач з хатай невялікі лапік зямлі. Бацька прасіў у суседзяў каня, гараў пясочак, сеяў грэчку, жыта, садзіў на лета бульбу. Пасеяную збажыну барана-ваў вялікімі граблямі, збіралі небагаты ўраджай.

Пажыўшы некалькі гадоў на хутары, Казлоўскі Адольф памёр, за ім - жонка Марыя. Франак застаўся адзін, жыў у дзядзькі ў Агародніках. У 1943 годзе з Бярозаўкі немцы адправілі Франка ў Нямеччыну ў горад Гамбург. Працаваў на верфі, прысылаў паштоўкі. Пасля вызвалення саюзнымі войскамі ў 1946 годзе быў накіраваны ў Казахстан вучыцца ў ФЗО. Адтуль збег і прыехаў у вёску Дзітрыкі. Жыў у нас, у дзядзькі, потым уладкаваўся аб'езчыкам у Фалькаўскім лясніцтве. Па неасця-рожнасці з паляўнічага ружжа параніў гаспа-дарову дачку. Як непаўналетні быў асуджданы на высылку ў Архангельскую вобласць. Адбыўшы пакаранне, працаваў на лесанарыхтоўках. Паступіў працаваць у органы НКУС упаўнаважаным у раёне. Вучыўся ў сярэдняй школе. Закончыў у Рызе міліцэйскую школу. Наведваў родныя мясціны. Гасцяваў у цётак і дзядзькоў. Завіталі з ім на стары хутар, дзе засталіся камяні ад фундамента хаты, а на палетку падняўся пятнадцацігадовы сасоннік.

Вайна-вайной, а жыццё на вёсцы праходзі-ла сваёй чаргой. На гаспадарцы патрэбны былі працавітыя рукі. Людзі, як і раней, рана-рана ўставалі, аралі, сеялі, збіралі ўраджай, гадавалі жывёлу. Да восені 1941 года сяляне звыкліся з новымі парадкамі. Немцы ўтварылі, як было да верасня 1939 года, Беліцкую гміну. Там гаспа-дарыў бургамістр. Па вёсках солтысамі прызначылі ранейшых службовых асобаў. У нашай вёсцы солтысам быў Буйніцкі Рыгор. Добры і руплівы гаспадар. На хутары пабудаваў прыгожы дом з прыстасаваным пад летнія пакоі гарышчам. Дом зараз знаходзіцца ў добрым стане. Рабіў сталярку, печы і кавальскую справу.

Мужчына прыстойны, разважлівы, паволь-ны ў рухах, гаварыў дакладна і разумна, часам з доляй гумару. Смяяўся не гучна, толькі варушыліся чорныя вусы. Пісьменны, чытаў па-польску і руску. Памятаю, ў вёсцы да пажару, ў яго хаце вісела карта Польшчы. Нам вельмі цікава было знайсці тое месца, дзе знаходзіўся той ці іншы горад, дзе Ліда інашая неабазначаная вёска.

Вось гэты селянін, майстар на ўсе рукі, здолеў у такі складаны час выконваць загады немцаў-захопнікаў, мясцовых начальнікаў, а затым партызанаў розных колераў. Але і ён у 1943 годзе не змог працаваць солтысам, саслаўся на дрэнны стан здароўя, аддаленасць яго хутара ад вёскі і перадаў абавязкі іншаму. Я пісаў, што з таго часу солтысам працавалі па чарзе.

Паводле расказаў дачкі Вольгі апошнія паўтары гады вайны пражылі кожны дзень і ноч у страху. Бацька хаваўся. Не лягчэй стала пасля ўцёкаў немцаў. Органы НКУС не арыштавалі, можа таму, што дзядзька Рыгор спагадліва адносіўся да людзей. Забралі яго пазней у Чырвоную Армію. Служыў у запасным палку. Як добры каваль, працаваў у кузні: каваў коней і выконваў розныя кавальскія справы. На фронт яго не паслалі. Удзельнікам вайны не палічылі. Служба ў Чырвонай Арміі канчаткова вярнула яму годны аўтарытэт.

У дзяцей дядзькі Рыгора па-рознаму склаўся жыццёвы шлях. Старэйшы сын Жэня працаваў кавалём у калгасе, Вольга - у паляводстве. Леў - настаўнікам і старшынём Трацякоўскага сельскага савета. Тамара - настаўніцай.

Фронт аддаліўся за тысячы вёрст пад Маскву. Жыццё ў вёсцы ўвайшло ў даволі спакойнае рэчышча. Другі раз думалася, што няма вайны. У Ліду можна было заехаць цягніком "Дзінсцуг" ("Службовы"), па шашы тады-сяды праязджалі машыны. Немцы праз гміну разаслалі павесткі - нарады на здачу збожжа ў дзяржаву. Падатак быў меншы, чым пры "тых саветах" - штосьці пяць мяшкоў. Павезлі іх у лістападзе з братам у Ліду. Здалі на склад, які знаходзіўся ў гумне на тым месцы дзе зараз райвыканкам і прывезлі аднаконны плуг (ці купілі бы лямех ад яго за грошы, што плацілі саветы ў 1944 годзе?). Доўга аралі ім. Ралля пасля яго была роўнай. На наступныя гады немцы не абавязвалі здаваць збожжа. У гаспадароў з'явілася магчымасць гадаваць больш жывёлы, на поле больш вывозіць гною, урадлівасць збажыны павялічылася.

У Істаках спраўна працавалі два вадзяныя млыны. Тут малолі збожжа: гаспадары вакол размешчаных вёсак. Часта наведваў і я іх. Тады, калі немцы пачалі наступленне на Каўказе, на тоўстых вольхах і вербах, што растуць зараз вакол возера, з'явіліся розныя плакаты.

Змест некаторых памятаю зараз. На першым стаіць Сталін у ботах, з выцягнутымі рукамі ў бакі. На светлай далоні светлай паловы цела Сталіна напісана "Каму-на!" (ад слова "камуна") і камі-сары з вялікімі жыватамі, папругамі на іх. На цёмнай руцэ - "Каму-не!" і на далоні - калгаснікі ў лапцях, павязаных вяроўкамі паверх рваных кашуляў.

На другім плакаце Сталін стаіць на хмарах, вяроўкай дастае з раскапанага магільніка ордэны Суворава, Нахімава і іншыя. На зямлі чакаюць на ўзнагароды салдаты і камандзіры. На трэцім лётчыкі ляжаць на нахіленых крылах самалётаў і мараць, што давядзецца лавіць рыбу з Каспійскага мора, бо немцы хутка захопяць нафтавы Баку. Былі і меншыя ўлёткі, у якіх друкаваліся загады гебітс-камісара, а ў канцы жудаснае - расстрэл.

У верасні 1942 года прынята пастанова Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР аб стварэн-ні Беларускага штаба партызанскага руху. Зіма 1942-1943 года прайшла з большай актывізацыяй "чырвоных" партызан. На чыгунцы ўзрывалі цягнікі. Немцы перад паравозам штурхалі дзве-тры платформы з пяском. Асноўны націск прыпадаў на гэтыя вагоны. Тады партызаны ўзрывалі зарады вяроўкай пад паравозам.

Немцы пачалі выпускаць цягнікі толькі днём. Аднак і гэтая задума не выратоўвала немцаў. Аб дыверсіях на чыгунцы можна было здагадацца па з'яўленні партызан напярэдадні. Ноччу заходзілі ў хаты падсілкавацца. Балазе, самагонкі і закускі ў вёсцы хапала.

Перыяд з сярэдзіны 1943 года да вызвалення мясцовасці ад немцаў-захопнікаў, бадай, быў самым неспакойным часам на вёсцы. Вяскоўцы трапілі пад трайны ціск. Немцы пачалі адносіцца да нас з падазронасцю, асабліва без патрэбы не хадзілі па хатах нават каля чыгункі. "Белыя" партызаны пачалі барацьбу за тэрыторыю да ракі Нёман. Па вёсках выключна ў праваслаўныя святы расстрэльвалі былых савецкіх актывістаў, а ў большасці - не зразумела за што.

Насамрэч жыццё тады праходзіла па прыхаці тых або іншых партызан. "Чырвоныя" партызаны з-за Нёмана па начам наязджалі на хутары, каб чым-небудзь "падсілкавацца". Наведвалі хоць рэдка, але бралі ў гаспадароў многае. Нейк зімой 1943-1944 года завіталі да нас і пачалі весці "агітацыю", каб здалі аднаго парсюка ў дапамогу Чырвонай Арміі. У хаце ідзе гутарка, а ў хляве чуецца стрэл. Забілі парсюка і загадалі брату запрэгчы каня ў воз (зіма была не снежная). Пагрузілі парсюка і адвезлі на бераг Нёмана. Чайкамі перавезлі праз раку, а там бандарскія гаспадары - на лясны аэрадром у Налібоцкую пушчу.

Па чуткам свініну адправілі самалётамі за лінію фронта. Каня з фурманкаю прыгнаў селянін з Істакоў. У тую ноч забралі свіней і ў суседзяў. Знік і мой саматканы паўсуконны касцюм, камашы, зімовая шапка, кашулі і маміныя ручнікі з сушыльнай вяроўкі.

Як гаварыў раней, "белыя" партызаны абкладалі гаспадароў падаткамі грашыма і палатном. Брат выконваў якраз тады абавязкі солтыса, і я насіў грошы ў вёску Барвічы для патрэб Арміі Краёвай. Другі раз ён сам вазіў грошы ў іх штаб у вёску Няцеч. "Белыя" нават наладзілі выраб з бляхі арлоў на шапкі і гузікаў з імі.

Салдаты Арміі Краёвай вымагалі ад брата Ціхана, каб ён аддаў вайсковае польскае адзенне: "Як мог пакінуць адзенне і пераапрануцца ў цывільнае? Маёмасць Польскай дзяржавы пакінуў няведама каму " - казалі яму. Так АК-аўцы патрабавалі ад кожнага былога салдата польскай арміі. Асабліва яны лютавалі, калі сяляне насілі перашытыя вайсковыя шынялі ў бравэрку, мары-нарку ці порткі. Уласнік рэчаў атрымліваў шам-палоў і заставаўся без адзення. Шчасліўчыкі, каго абмінулі, пахавалі адзенне да лепшага часу.

У 1944 годзе вясновай раніцай у гадзін дзевяць па так званай "праектовай" дарозе (па задуме праектоўшчыкаў яна павінна была злучыць вёскі Агароднікі і Няцеч) рухалася калона чалавек 120-150 Арміі Краёвай. Мы ўбачылі іх з вінтоўкамі і карабінамі ў рагатыўках з арламі, мундзірах (пашытых з вясковага палатна). Рознага колеру порткі і галіфе, размаіты абутак (боты, камашы, у абмотках). На двух калёсах везлі чайкі. Стала зразумела: будуць перабірацца на другі бок ракі Нёман. Якімі дарогамі ўцякалі асноўныя сілы "белых" ваякаў з-пад Пудзіна мы не бачылі. Бачылі толькі, як праз некалькі дзён у адзіночку і групамі беглі каля хутароў назад.

На хутары Жучкевіча Людвіга "ваякі" затрымаліся і загадалі запрэгчы каня. Іх сябра быў цяжка паранены. "Па каня прыдзеш заўтра" - сказалі. Сын Ян найшоў у Няцеч. Па расказах падчас пахавання забітых: памёршых ад ран "белых" Ян падышоў да афіцэра з запытаннем, як забраць каня. Той адвёў Яна ў бок лесу і забіў. Прывёз назаўтра дамоў Яна яго худзенькі конік на саломе ў возе. Вось так ваявалі "ваяры" з Арміі Краёвай.

Са з'яўленнем Арміі Краёвай у вёсцы сярод сялян узялася падазронасць, варожасць. Католікі сталі палякамі. Іх было намнога менш, чым права-слаўных. Раней жылі мірна, ніхто не варагаваў.

Белапалякі, зачышчаючы тэрыторыю да ракі Нёман зімой і вясной 1944 года, расстрэльвалі жыхароў нашай вёскі. З сям'і Буйніцкіх расстралялі гаспадара Міхаіла Іосіфавіча 1905 года нара-джэння толькі за тое, што ў 1939 годзе выступаў на сходзе сялян і гаварыў аб дрэнным жыцці пры Польшчы. Яго жонка Надзея была родам з вёскі Дакудава. На яе ўпала падаздрэнне, што трымала сувязь з чырвонымі партызанамі Пахаваны на могілках вёскі Жамойдзі.

Жудасны малюнак уяўляла хата Урбана Аляксандра. Яго жонка Анна Міхайлаўна і дачка Ніна, хворыя на тыф, ляжалі на ложках з прастрэ-лянымі галовамі. Сын Міша, хворы на ныркі - на падлозе, з маленькай адмецінай на шчацэ. Паха-валі іх у вялікай труне. Пасярэдзіне ляжала маці, па баках - дачка і сын. Сын Коля самы меншы, схаваўся, застаўся жывым. Бацьку "белыя" адвезлі ў Беліцу, учынілі "суд" і расстралялі. "Судзілі", як ураджэнца вёскі Дакудава (прыйшоў у нашу вёску ў прымы). Палічылі сувязным "чырвоных" парты-занаў. Уся сям'я Урбанаў пахавана на могілках вёскі Жамойдзі.

Пачуўшы стук ў дзверы, Буйніцкі Іосіф Іванавіч у бялізне выскачыў праз акно і пабег у бок Істакоў. Выпала пароша і ён не быў заўважаным "белымі". Аднак смерць тады яго не абмінула. Адбегшы на некалькі соцен крокаў ад хаты на сцежцы сутыкнуўся з другой групай ваякаў і быў застрэлены на месцы. Пахаваны на могілках вёскі Жамойдзі.

Загінуў тады ад кулі белапалякаў Чыжык Генадзь, 1925 года нараджэння. Вось аб чым расказаў яго бацька Міхаіл на старонках газеты "Уперад". Да вайны Міхась быў дэпутатам сельсавета. Разам з братам Іванам і суседам Міхаілам Буйніцкім уцяклі з-пад нямецкага канвою. Міхаіл Чыжык перабраўся ў Ліпічанскую пушчу да аддзела "Варашылаўскі", камандзірам якога быў Васіль Шубадзёраў. У аддзеле быў правадніком: вадзіў партызан-падрыўнікоў на чыгунку паміж станцыямі Нёман і Наваельня. Мсціўцы з яго ўдзелам пусцілі пад адхон сямнац-цаць цягнікоў і чатыры матавозы.

Дапамагаў Міхаілу Міхайлавічу і яго сын. Васемнаццацігадовы юнак праз бацьку перадаў адзінаццаць вінтовак і скрынку патронаў. Пахаваны Генадзь у Беліцы. Пазней побач з сынам пахавалі і бацьку.

Той ноччу ў хаце Чылека Міхаіла "белыя" зрабілі сапраўдны пагром. Пабілі ўсё, што можна было пабіць, паламаць. Гаспадара забралі, але затым "суд" адпусціў.

Зусім незразумела, за што растралялі Буйніцкую Марыю ў першых днях ліпеня перад прыходам Чырвонай Арміі. Можа за тое, што яе мужык Вікенці Іосіфавіч так прыгожа пісаў сяльчанам заявы на польскай мове? Убачыўшы салдатаў Арміі Краёвай ён схаваўся ў жыце. Сын Сяргей і дочкі Ніна і Жэня засталіся ў жывых. Пахавана маці на могілках у вёсцы Беліца.

Каб павялічыць шэрагі Арміі Краёвай вясной 1944 года маім старэйшым сябрам прыслалі паве-сткі, каб з'явіліся ў штаб 1-ай польскай дывізіі, што дыслакавалася ў вёсцы Нацеч, для нясення вайско-вай павіннасці. Павесткі трымаў і чытаў надрука-ваныя на папяроснай паперы на польскай мове. Павесткі падпісаў камандзір дывізіі "Ojciec" (бацька). Павінен сказаць: з нашай вёскі ў тую армію ніхто не падаўся. У сем'ях жыў страх. Хлопцы днём хадзілі з асцярогай, а ноччу не спалі ў хатах.

Аб "актыўнасці" Арміі Краёвай супраць "чырвоных" партызанаў паказвае сяброўская дамова з немцамі з перадачай бункера для акаўцаў у вёсці Беліца дзесьці ў 1943 годзе, з гэтага часу немцы вызвалілі бункер і ўся тэрыторыя да Нёмана кантралявалася "белымі". Як яны "кантралявалі" ў нашай вёсцы, я апісаў вышэй ва ўспамінах. Вёска Беліца ў сялян выклікала асацыяцыю месца, дзе "судзілі" іх і расстрэльвалі.

"Чырвоныя" партызаны ў нашай і бліжэй-шых вёсках не забілі ні аднаго немца. Можа гэта і да дабра. Супраць нашых вёсак немцы не прымалі ніякіх карных дзеянняў. З нашай вёскі толькі Мулінскі Іосіф Міхайлавіч і Чыжык Міхаіл Міхайлавіч актыўна ўдзельнічалі ў партызанскім руху. У апошні час вайны па тых або іншых абставінах у партызанаў за ракой Нёман у вёсках Пудзіна і Васілевічы хаваліся Мулінскі Уладзімір, Чыжык Іван і Буйніцкі Сяргей. Апошні шыў партызанам адзенне і маскхалаты.

Не вядома за што была забіта Сівіцкая Мальвіна Іванаўна. "Чырвоныя" партызаны захапілі яе каля дакудаўскіх могілак і там расстралялі. Як быццам за сувязь з "белымі" партызанамі. У гумне быў забіты яе сын Юзюк. Так і засталіся таямніцай прычыны забойства.

На рахунку "чырвоных" партызанаў былі і баявыя дзеянні. На працягу вайны паміж раз'ездам Ганчары і станцыяй Нёман супраць жамойдскіх могілкаў узарвалі адзіночны паравоз. Другім разам быў узарваны таварны цягнік на падыходзе з горкі да станцыі Нёман. Тады пятнаццаць двухвосных пустых вагонаў падняліся ўверх і ўтварылі вялікую горку. З машыністаў ніхто не пацярпеў. Немцы хутка аднавілі рух на гэтым адрэзку. Вагоны расштурхалі па бакам, уклалі рэйкі. Праз нейкі час вагоны і колы пагрузілі на платформы і адвезлі ў Ліду.

У канцы 1943 года партызаны правялі аперацыю "чыгуначны канцэрт". Па адзіным сігнале на палатне ад жамойдскага пераезду ў бок станцыі Нёман працягласцю 1300-1500 м. раздаліся выбухі. Праз адзін стык былі закладзены ўзрыўныя шашкі. Рэйкі былі пашкоджаны. Немцы за два дні ўзнавілі рух цягнікоў. Прывезлі новыя рэйкі і ўклалі. З узарваных зварылі зноў такія ж. Цяпер можна ўбачыць іх на пабочных каляях. Служаць народнай гаспадарцы.

Вясной 1944 года ад жамойдскіх могілак у бок станцыі Нёман на адрэзку 1500 метраў разбурылі лінію сувязі. Вечарам у вёсцы Супраўшчына была вечарына. Моладзь танцавала. Партызаны загадалі хлопцам узяць пілы і ісці на чыгунку. Цяжэй было паваліць першыя слупы. Далей пайшло лёгка. Варта было падпілаваць да сярэдзіны слупа, як папярэднія з дротам і ізалятарамі сваім цяжарам ламалі другую палову.

Назаўтра солтыс наказаў вяскоўцам ісці на чыгунку, дапамагаць сувязістам аднавіць лінію. Я з'явіўся з сякерай. Мы білі ізалятары і вызвалялі дрот. Дрот скручвалі ў маткі. Слупы і маткі грузілі на платформы. Замест спілаваных немцы паставілі новыя, прамочаныя нейкім зялёным растваральнікам. Слупы з ізалятарамі і новым дротам прастаялі доўгі час. Пазней замянілі іх жалезацэментнымі.

Набліжалася лета 1944 года. Немцы без патрэбы не выходзілі з бункераў. "Белыя" вялі сябе па-бандыцку. Па вёсках забівалі былых дэпутатаў мясцовых і раёных саветаў, актывістаў савецкай улады. Не грэбавалі забіваць, відавочна па даносах суседзяў, сялян, якія на толіку не былі ў чым-небудзь вінаватыя. "Чырвоныя" дзейнічалі за ракой Нёман, і мы бачылі іх рэдка, аб чым хутаране не гаварылі адзін другому. За "няпрошаных" гасцей можна было паплаціцца галавою. Людзі, наогул, не спалі ў хатах. Месцам начлегу былі жыта, кусты, прыбудовы з выгодным уцёкам. Добрую службу рабілі сабакі. Па іх брэху можна заранёў вызначыць, дзе з'яўляліся чужынцы на хутарах. Асабліва на іх злавалі "чырвоныя". Нават стралялі ў іх. "Белыя" - менш, бо яны хадзілі днём.

Нягледзячы на цяжкасці, страх, недавер жыццё прадаўжалася. Маладзь жанілася, вянчаліся ў цэркві, гулялі вяселлі, не гучныя, але з багатым сталом. Нараджаліся дзеці, паміралі старыя. За тры гады людзі абжыліся. Прыбавілася жывёлы, лепш апрацоўвалася глеба, больш уносілі ўгнаення.

У вёсцы гулялася вяселле Сівіцкага Лёні. Да яго завіталіся белыя "жаўнеры" з карабінамі. Іх, як "званых" гасцей, запрасілі за стол. Селі з карабінамі, паставіўшы каля сябе. Добра выпіўшы, парашылі ў гонар маладых пастраляць з карабіна. Доўга не думаючы, загналі патроны ў ствалы, пачалі страляць праз акно. Шкло пасыпалася на стол і падлогу.

Значныя падзеі адбыліся ў чэрвені-ліпені 1944 года. Хутаране знаходзілі ўлёткі Савінфармбюро. Некалькі пажаўцелых знайшоў і я ў жыце. Чытаючы іх змест, сяльчане даведаліся, якія зараз абставіны на фронце.

У 1939-1941 гадах у газетах пісалі, на радыё, у школе гаварылі, што немцы нашы саюзнікі, чуць не лепшыя сабры. Ва ўлётках 1944 года, што ні сказ - "фашысты", а каб пазначыць выраз: дабаўлялі "нямецкія", бо былі яшчэ італьянскія і іспанскія. Партызаны падчас вайны ні словам не гаварылі пра фашыстаў: толькі і было чуваць немцы. Тады гаварылі: Нямеччына. Германія - зараз. "Новы парадак у фашысцкай Германіі". "Немцы называлі партызанаў бандытамі, затым - ляснымі бандытамі і толькі ў апошні час ва ўлётках, газетах пар-тызанамі.

У канцы чэрвеня ноччу над Лідай павіслі асвятляльныя парашуты. Светла было і ў нас на хутарах. Доўга гулі самалёты і чуліся выбухі бомбаў. У пачатку ліпеня на працягу некалькіх дзён у кірунку Беліцы рухаліся калоны немцаў. Ехалі ў асноўным машыны частак абслугоўвання. Трапляліся сярод іх часткі на коннай цязе. Хутаранам яны былі непажаданымі. Коні прыставалі, кульгалі і зусім падалі. Немцы забіралі гаспадар-скіх коней. Добра яшчэ, калі ў абмен давалі заезджанага. Доўгі час ў аднаго гаспадара знаходзіўся цяжкавоз, вялікі з тоўстымі нагамі і многа еў. Пачуўшы такі "гандаль" коньмі, сяляне цэлы тыдзень хавалі сваіх коней. Мы свайго Каштана трымалі ў вялікай яме, дзе калісьці жыхары вёсак Дзітрыкі і Жамойдзі капалі гліну, затым - на Залесе. Дамоў хадзілі падсілкавацца па чарзе.

Зацішша доўжылася некалькі дзён. Усе чакалі, як гаварылі на вёсцы, што прыдуць "другія саветы". Не стала ні "чырвоных", ні "белых" партызанаў. Толькі немцы ў адзіночку, а часцей па два і болей напросткі ішлі на захад. Пазней у канцы ліпеня, працуючы на чыгунцы, бачыў немца, які пераходзіў яе і схаваўся ў кустах. Малю-нак быў адваротны 1941 году. Тады чырвонаармейцы ішлі на ўсход, зараз немцы - на захад.

У жыцці вёскі год 1944 быў пераломным. Да яго сяльчане назапашвалі багацце, гаспадары сталелі. Набіраліся розуму. Будаваліся, багацелі душою. Зараз малодшых забралі ў войска, іншыя пайшлі працаваць на чыгунку, на фабрыкі і заводы. Праўдамі і няпраўдамі атрымлівалі пашпарты, "Здабывалі" гарадскую прапіску, заставаліся там жыць.

Я аднавіў схему хутароў на пачатак лета 1944 года. З таго часу хутаране пераязджаюць у гарады. За сабой перавозяць хаты.

    Ніжэй называю прозвішча, імя і імя па бацьку, калі гэта магчыма. Гаспадароў, усяго жыхароў з іх мужчын і жанчын, якія жылі ў той час у хаце:
  1. Буйніцкі Вікенці Іосіфавіч: 4 (2+2).
  2. Чылек Канстанцін Іванавіч: 5 (3+2).
  3. Буйніцкі Рыгор Міхайлавіч: 7 (3+4).
  4. Хрышчановіч Іосіф Іосіфавіч: 7 (5+2).
  5. Кухарскі Нікадзім Іосіфавіч: 2 (1+1).
  6. Кухарскі Уладзімір Іосіфавіч: 4 (2+2).
  7. Кухарскі Міхаіл Іосіфавіч: 4 (2+2).
  8. Казлоўскі Франц Адольфавіч: 4 (2+2).
  9. Грынь Канстанцін Кандратавіч: 4 (2+2).
  10. Грынь Пётр Кандратавіч: 4 (2+2).
  11. Хучкевіч Антон Іосіфавіч: 5 (2+3).
  12. Урбановіч Балясаў: 6 (4+2).
  13. Шулейка Аляксандр: 4 (3+1).
  14. Лукашэвіч Уладзімір Якаўлевіч: 4 (2+2).
  15. Лумінскі Канстанцін Міхайлавіч: 4 (1+3).
  16. Мулінскі Аляксандр Міхайлавіч: 6 (3+3).
  17. Буйніцкі Уладзімір Кандратавіч: 6 (4+2).
  18. Буйніцкі Мікалай Мікалаевіч: 4 (3+1).
  19. Кухарскі Уладзімір Іванавіч: 3 (2+1).
  20. Кухарскі Міхаіл Іванавіч: 4 (2+2).
  21. Лукашэвіч Канстанцін Якаўлевіч: 4 (2+2).
  22. Хрышчановіч Канстанцін Іосіфавіч: 2 (1+1).
  23. Хрышчановіч Леакадзія Алякс-ўна: 2 (0+2).
  24. Буйніцкі Пётр Іванавіч: 4 (2+2).
  25. Буйніцкі Якуб Іванавіч: 4 (3+1).
  26. Лукашэвіч Іосіф Іванавіч: 6 (4+2).
  27. Сівіцкая Мальвіна Іванаўна: 4 (3+1).
  28. Урбановіч Уладзімір Іванавіч: 6 (5+1).
  29. Урбановіч Антон Іванавіч: 2 (1+1).
  30. Буйніцкая Анісія Іванаўна: 1 (0+1).
  31. Буйніцкі Міхаіл Гаўрылавіч: 3 (1+2).
  32. Буйніцкі Іван Міхайлавіч: 2 (2+0).
  33. Урбан Мікалай Аляксандравіч: 1 (1+0).
  34. Чыжык Міхаіл Міхайлавіч: 3 (1+2).
  35. Чыжык Іван Міхайлавіч: 5 (2+3).
  36. Урбановіч Саніслаў: 5 (2+3).
  37. Федзюкевіч Вікенці Міхайлавіч: 4 (1+3).
  38. Буйніцкі Браніслаў Іванавіч: 3 (1+2).
  39. Буйніцкі Канстанцін Іванавіч: 4 (3+1).
  40. Урбановіч Карл Ігнацевіч: 9 (6+3).
  41. Пыляк Міхаіл: 6 (2+4).
  42. Дзікевіч Ганна Міхайлаўна: 6 (3+3).
  43. Буйніцкі Іван Міхайлавіч: 2 (1+1).
  44. Мулінскі Аляксандр Алякс-віч: 6 (3+3).
  45. Сівіцкі Сцяпан Іванавіч: 4 (1+3).
  46. Федзюкевіч Канстанцін Канст-віч: 4 (2+2).
  47. Лукашэвіч Ясь: 4 (1+3).
  48. Лукашэвіч Марыя: 2 (0+2).
  49. Макарэвіч Адам: - -
  50. Мулінскі Іосіф Сцяпанавіч: 4 (1+3).
  51. Лукашэвіч Вікенці Якаўлевіч: 4 (2+2).
  52. Мулінскі Сцяпан: 7 (3+4).
  53. Мулінскі Аляксей Іванавіч: 4 (2+2).

Пад нумарам 49 значыцца хутар Макарэвіча Адама. Пра яго сына Федзю я пісаў раней. Былі ў яго браты Мікалай і Лёня. Колю, калеку з дзяцінства, забілі "белыя". Зімою сям'я жыла на хутары ў вёсцы Навасады, а летам бацька пераганяў жывёлу ў нашую вёску. Тут быў пабудаваны хлеў, пры ім - кухня з печчу. Вакол хлява быў лапік зямлі. Кароў даглядалі па чарзе. Вясной і восенню Федзя жыў тут і хадзіў са мною ў Ганчарскую школу.

Пры пераходзе на хутары адзінаццаць гастадарак раздзяліліся: дзе брат з братам, дзе бацька выдзяліў нейкую долю зямлі для старэй-шага сына. У вёсцы ўтварыліся 53 гаспадаркі.

Падлік жыхароў за 1944 год паказвае, што іх у вёсцы стала не на многа менш Тут дапускаю некаторую памылку на пяць чалавек больш або менш. З канца 1937 года пайшло амаль шэсць з паловай гадоў. Зразумела, што павінна быць значнае павелічэнне насельніцтва Аднак ваенныя ліхалецці пакінулі сваю адзнаку. Асабліва паменшылася мужчын - на 12, жанчын стала больш - на 9.

У апошні час высветліў, што ў першыя дні акупацыі Мулінскі Фёдар Сцяпанавіч, 1920 года нараджэння (працаваў на чыгунцы) 29 чэрвеня 1941 года быў схоплены ў палон немцамі па дарозе дамоў. Сядзеў у Лідскай турме. Памёр у Германіі. Там і пахаваны. Тады Мулінскі Іван Іванавіч (працаваў на гаспадарцы) таксама быў узяты ў палон. Прапаў без вестак. Падобная доля напаткала Лукашэвіча Уладзіміра, Сівіцкага Уладзімі-ра (Багеся) і яго братоў Канстанціна і Аляксандра.

Вясной 1943 года на хутары вёскі Жомайдзі ў хаце немцамі быў забіты Хартановіч Валерык. Тады немцы ў хаце знайшлі вінтоўку. У той дзень з нашай вёскі немцы вывездлі ў Германію Буйніцкага Ігара Міхайлавіча (звалі яго Гірыкам) за сувязь з партызанамі. У няволі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай і ў 1945 годзе вярнуўся на яе радзіму на Украіне.

Шосты перыяд: ліпень 1944 года - 1950 год. Перамога над фашызмам і надзеі на лепшае.

Пасля трох дзён безупыннага адступлення немцаў па шашы Ліда-Беліца наступіла зацішша. Некалькі дзён на захад напрасткі групкамі па два-чатыры ішлі немцы. Есці яны не прасілі, хутары абыходзілі. Ноччу на нашай і суседняй сенажацях расфармавалася ўласаўская частка. Мужчыны пакінулі з вазамі сваіх жонак і дзяцей. Пазней паводле расказаў удзельнікаў гэтых падзей мы даведаліся, што яны здаліся прадстаўнікам Чырвонай Арміі. Мужчыны былі прымусова прызваны ў часткі Уласава. Адправілі іх у штрафныя роты. Многія пасля ранення вярнуліся ў нашыя мясціны, пачалі працаваць на чыгунцы, у калгасах. Іх дзеці жывуць і працуюць зараз у нашым раёне. Частка мужчын, демабілізаваўшыся, з сям'ямі, паехала на сваю радзіму ці другое месца.

Потым стала вядома, што частка была заўважана савецкімі лётчыкамі. Ноччу ўласаўцы падпалілі некалькі хатаў у вёсцы Агароднікі, пры пад'ездзе да жамайскіх могілак, самалёты абстралялі іх і скінулі дзве бомбы, пра што я пісаў раней. Дарога на захад была перакрыта. Баранавічы вызвалены Чырвонай Арміяй, Ліда - таксама. У Беліцы адбыўся першы бой выведнікаў з немцамі. Уласаўцы засталіся ў "мяшку". Раззбройваліся яны амаль побач з тым месцам, дзе затрымалася нямецкая частка ў пачатку вайны. Косячы, пасучы каровы аднавяскоўцы знаходзілі нямецкія металічныя стужкі ад кулямётаў: патроы для карабінаў і рознае дамашняе начынне.

У канцы ліпеня аб'явіліся на вёсцы старшыня селькама, упаўнаважаны ад міліцыі. Працаўнікі селькама наспех складалі гаспадарчыя кнігі. Згодна з дакументамі, з паведамленняў гаспадароў (не абыходзілася і без "актывістаў" вёскі) заносілася ў кнігі колькасць асоб у сям'і, зямлі, сенажаці, пабудоў і жывёлы. У канцы чэрвеня гаспадары атрымалі паведамленні - абавязацельствы аб здачы збожжа і бульбы ў дзяржаву. Нормы былі высокімі. Збожжа ссыпалі ў склад, абсталяваны ў былой яўрэйскай гасцініцы ў вёсцы Сялец. Бульбу буртавалі каля станцыі Нёман.

Пазней стала зразумелым, чаму частку бульбы адпраўлялі ў мяшках. Пайшла яна на патрэбы горада Ліды. Мяшкі ў гаспадыняў былі вялікімі (насыпалі да 100 кілаграмаў бульбы), новыя і моцныя. Бульбу адвезлі, а вось мяшкоў не стала. Засталіся старыя і рваныя. Увесь год гаравалі жанчыны, пакуль не наткалі новага матэрыялу.

Пачалося бальшавіцкае дзяленне на бедных і багатых. Кумаўство, застоллі садзейнічалі павелічэнню паставак у дзяржаву для "багатых", калі іх тады можна было так назваць. У нас і іншых гаспадароў парвалі першыя абавязацельствы і прымусілі здаваць другую норму, пры чым вызваліўшы сваіх сяброў і "бедных". Дзесьці ў пачатку зімы гаспадары атрымалі павесткі на аплату грашовых падаткаў.

Гаспадарчая праца прадаўжалася. Нягледзячы на адыход мужчын у Ліду, на чыгунку, у армію - поле зааралі і пасеялі зімовыя культуры. Восенню 1944 года ў Чырвоную Армію прызвалі Кухарскага Нікадзіма Іосіфавіча, Федзюкевіча Канстанціна Канстанцінавіча. Мулінскага Канстанціна Міхайлавіча, Мулінскага Аляксандра Міхайлавіча. Буйніцкага Рыгора Міхайлавіча. Вярнуліся з вайны яны здаровымі, толькі Мулінскага Костуся паранілі ў далонь.

Лукашэвіч Аляксандр Іосіфавіч нарадзіўся ў 1908 годзе, працаваў на гаспадарцы, прызываўся ў 1944 годзе, шараговец. Загінуў у 1945 годзе ў Германіі.

Лукашэвіч Віктар Іосіфавіч нарадзіўся ў 1923 годзе, працаваў на гаспадарцы, прызываўся у 1944 годзе, шараговец. Загінуў у 1945 годзе ў Германіі.

Такі аповяд пачуў ад Федзюкевіча Косці: "У жніво атрымаў павестку з'явіцца ў Лідскі ваенкамат. З маршавай ротай каля дзвюх тысяч прызыўнікоў рушылі ў кірунку Баранавіч. У вёсцы Ганчары адпрасіўся дамоў, назапасіў харчоў, пераначаваў і раненька сустрэўся з ротай у вёсцы Агароднікі, дзе яны адпачывалі чыгунка не дзейнічала і мы за сем дзён зайшлі ў Баранавічы. Далей цягніком да станцыі Жабінка. У лесе, у былых нямецкіх зямлянках вучылі мінамётнай справе да кастрычніцкіх святаў. Там адсвяткаваў іх. Пасля перакінулі пад Варшаву, з баямі бралі Радом. У берлінскай аперацыі наша частка рухалася лявей Бярліна ў абыход, каб перарэзаць адступленне на поўдзень фашысцкіх ваякаў. Ваяваў салдатам, а дэмабілізаваўся сяржантам з Усходняй Прусіі. Працуючы пазней на чыгунцы не раз бачыў маршавыя роты, калі пераходзілі па часовай дашчанай кладцы на старым узарваным мосце".

А вось што пісала раённая газета: "Камандзір разліку станкавага кулямёта Нікадзім Кухарскі мужна і смела ваяваў пры ліквідацыі Клейсінскага гарнізона. Побач з ім страляў кулямёт наводчыка Уладзіміра Карабача з Баравіч".

Геройскі змагаліся супраць агульнага ворага Урбановіч Антон Карлавіч, Урбановіч Вацлаў Уладзіміравіч, Буйніцкі Філіп Міхайлавіч у складзе Войска Польскага. Усе яны працавалі на гаспадарцы і прызываліся ў 1944 годзе. Шараговец Урбановіч Антон 1925 года нараджэння загінуў у траўні 1945 года ў Германіі. Урбановіч Вацлаў і Буйніцкі Філя засталіся ў Польшчы. Не высветлена, пры якіх абставінах у Польшчы застаўся Буйніцкі Павел Міхайлавч.

У другой палавіне ліпеня 1944 года я пачаў працаваць рамонтным рабочым на чыгунцы ў брыгадзе Стальманука Міхаіла Філіпавіча. Жыў ён у супраўшчанскай будцы ў вялікай сям'і. Закончыў Ганчарскую польскую сямігадовую школу. З малых гадоў разам з бацькам працаваў на чыгунцы. Добра ведаў сваю справу. Чалавек лагодны, дабразычлівы. Іграў на гармоніку. Яго звалі на вечарыны, вяселлі, хрысціны. Ніколі не адмаўляў і весяліў людзей. Перад выхадам на пенсію рамантаваў вузкакалейную чыгунку ад станцыі Нёман да шклозавода "Нёман", некалькі гадоў працаваў у камунальнай гаспадарцы г.п. Бярозаўка, затым у Нёманскай школе.

У брыгадзе было дзесьці да пяцідзесяці чалавек. Нас малодшых адправілі на пашырэнне чыгункі па савецкіх стандартах ад станцыі Нёман да Ліды. Працавалі амаль увесь светлавы дзень, спалі па суседству ў вёсках на сенавале, па чарзе хадзілі па харчаванне. Віды працы чаргавалі, каб часткова адпачыць, набрацца сіл на больш цяжкую. Адны выцягвалі каштылі: другія адсоўвалі рэйкі на папярэдняе месца, рыхтавалі калочкі і забівалі ў старыя і новыя адтуліны ад каштылёў, падганялі падкладкі, выконвалі самую адказную працу. Забівалі каштылі. Старэйшыя працаўнікі ішлі з шаблонам і канчаткова рыхтавалі рэйку адносна другой, якая заставалася на месцы.

Пасля пашырэння чыгункі да Ліды нас перакінулі на будаўніцтва драўлянага чыгу-начнага маста ніжэй па рацэ Нёман побач з жалезным, з дзвюмя ўзарванымі апорамі. Часова, па накладзенаму дашчанаму насцілу, хадзілі чыгуначнікі і рухаліся пяхотныя часткі і маршавыя роты.

Насілкамі, тачкамі, ваганеткамі і вазамі ішла адсыпка да новага маста. Асноўныя работы па падрыхтоўцы слупоў і перакрыцця рыхтавалі салдаты мостабудоўнічага цягніка. З боку Баранавіч выгрузілі вялікі цягнік сібірскага лесу. З раніцы да позняй ночы з перапынкам на абед часалі бярвенні, насаджвалі на іх наканечнікі. Наклаўшы "каптуры", капрам забівалі сваі да магчымага паглыблення, зразалі гарызантальна на адным узроўні. На іх клалі накрыж, чэсаныя з двух бакоў, шырокія бярвенні, а на іх ставілі новыя слупы, затым рабілі перакрыцце.

Усю канструкцыю замацоўвалі жалезнымі штырамі рознай даўжыні і таўшчыні. На ўстоі паклалі жалезныя бэлькі, на іх шпалы і рэйкі.

Закончыўшы адсыпку пад'езду да маста, мы прадоўжылі працаваць на сваім адрэзку чыгункі на раз'ездзе Ганчары. У канцы жніўня мост быў пабудаваны. Наступіў дзень выпрабавання на трываласць. Дзесяць паравозаў на зусім малой хуткасці пасунуліся на мост. Усіх ахапіла трывога. Пачуўся трэск. І так туды-назад некалькі разоў. Калі маставая лабараторыя прыступіла да зняцця паказчыкаў, стала вядома, што месцамі мост даў асадку да двадцаці санты-метраў. Дзень пайшоў на падняцце шпал, рыхтоўку, паўторнае замацаванне рэяк.

З гэтага дня бесперапынна назіраўся рух цягнікоў з вайсковай тэхнікай і людзьмі. Цягнікі па мосце ішлі павольна. Вада каля ўстояў вымывала пясок. Давялося дзесяткі вагонаў скальных каменняў (не круглых) скінуць у рэчку, што захавала мост ад падмыву.

Вераснёўскім днём на раз'езд Ганчары прыехаў касір выдаваць нам першы заробак. Адначасова ішла падпіска ў фонд абароны. Тады ўбачылі салдат Арміі Людовай. Цягнік доўга стаяў. Іграў духавы аркестр, салдаты ля кустоў, на насыпе абедалі. У гутарцы даведаліся, што частка прымала ўдзел у баях пад Леніна.

Хаця іх добра пабілі, выгляд быў бравы, начышчаныя, памытыя і ў добрым настроі.

Мы пачалі працаваць па восем-дзесяць гадзін у суткі, у нядзелю адпачывалі. У адзін з вечароў пры падыходзе цягніка з танкамі пад ухіл на стрэлцы з боку станцыі Нёман адбылася аварыя. Астрак стрэлкі недастаткова прытуліўся да рэйкі. Паравоз і два вагоны з танкамі рухаліся проста, а два другія - на бакавую каляю. Нічога не перавярнулася: паравоз зарыўся ў зямлю на паўметра, стаўшы наўскасяк каляі і сагнуўшы адну рэйку ў дугу, танкі засталіся на платформах. Цягнік тармазіў - павінен быў затрымацца. Танкісты спалі ў двух вагонах пасярэдзіне цягніка.

Па адпрацаванай сістэме дзесьці а чацвёр-тай раніцы мне перадалі, каб тэрмінова з'явіўся на чыгунку. Такіх кірункаў было чатыры на суседнія вёскі і хутары, каб маглі хутка з'явіцца на працу. Хлопцы ўжо рабілі каляю ў абыход паравоза і раніцай цягнікі пайшлі. Мне давялося тры дні працаваць на пад'ёме паравоза. Уручную падвялі рэйкі пад колы паравоза, ручнымі дамкратамі раўнялі шпалы і рэйкі, пад паравозам забівалі каштылі. Другі паравоз паціху выцягнуў аварыйную машыну на асноўныя рэйкі.

Па расшыранай каляі пачаў курсаваць рабочы цягнік з пяці-шасці двухвосных таварных вагонаў з драўлянымі стойкамі. Скрыпучы цягнік павольна рухаўся з Ліды да станцыі Нёман і другі - з Баранавіч да рэчкі. Адкрыўшы рух цягнікоў па мосце, чыгуначнікі назвалі яго прыгарадным. У вагонах працавалі праваднікі, гарэлі свечкі, зімою абагравалі "буржуйкамі". З зімы 1944-1945 года раніцай цягнік ішоў у Ліду, а затым - варочаўся ў Наваельню, вечарам паўтаралася. Расклад руху складаўся так, каб рабочыя чыгункі маглі паспець на працу на восем гадзін раніцай і вечарам. Чыгуначнікі, якія абслугоўвалі дарогу, у асноўным працавалі па дванаццаць гадзін.

Вясною 1945 года таварныя вагоны замя-нілі нямецкімі трафейнымі. Мелі яны цікавую канструкцыю. Па баках было (не помню добра) па чацвёра дзвярэй і лаўка з канца ў канец вагона, вышэй на сцяне - поручні. Падчас руху цягніка пасажыры свабодна хадзілі, трымаючыся за поручні.

У адзін з вераснёўскіх дзён рабочым цягніком прыехаў на станцыю Нёман будучы настаўнік беларускай мовы Голуб. (Там я працаваў па камандзіроўцы.) Ён прывёз аб'яву аб арганізацыі ў Лідзе педагагічнай навучальні. Навучэнцы трэцяга курса атрымоўвалі бронь. З 1 кастрычніка, атрымаўшы разлік на чыгунцы, я стаў студэнтам трэцяга курса. Павялічылі тэрмін навучання і колькасць урокаў у тыдзень, на колькі маглі скарацілі праграму. Вучыліся ў двухпавярховым будынку, што супраць цяперашняй першай школы. Там знаходзіўся наш інтарнат. У тым будынку ў 1939-40 навучальным годзе размяшчалася другая школа. У канцы траўня 1945 года будынак дзе зараз педнавучальня быў вызвалены вайскоўцамі і перададзены нам. Перавялі туды і інтарнат.

З 1 жніўня 1944 года пачаў працаваць РАНА. Першы месяц загадваў ім Савонь Віктар Іванавіч, а з 1 верасня ўжо працаваў дырэктарам Сялецкай (пазней назвалі яе Нёманскай) сямігадовай школы. Не вярнулася на сваё папярэдняе месца ў вёску Дзітрыкаўская пачатковая школа, як я пісаў, будынак яе спалілі "чырвоныя" партызаны.

Назначаны загадчыкам Дзітрыкаўскай пачатковай школы Буйніцкі Канстанцін Іванавіч і настаўніца Шуціла (Кудла, у дальнейшым у дужках прозвішча ў замужжы) Зоя Іванаўна арганізавалі яе ў хаце Ненартовіча ў вёсцы Жучкі. У школу хадзілі дзеці з вёсак Жучкі, Барвічы, Дзітрыкі і Жомайдзі.

Аповяд пра нашу школу вярнуў успаміны пра вучобу ў педнавучальні. Доўгія сталы і лаўкі былі спісаны на нямецкай мове. Паставілі іх не папярок класа, а тарцамі да дошкі з разлікам, каб больш змясцілася навучэнцаў, сеўшы з двух бакоў. Падручнікаў практычна не было. Вучыліся, чытаючы па чарзе два-тры падручнікі на курс. Канспекты з'яўляліся нашым выратаваннем. Паглядзелі бы на нашы сшыткі, сапраўды сшытыя са старых нямецкіх улётак, нейкіх квітанцый, шпалераў! У іх канспектавалі педагогіку, гісторыю, геаграфію і іншыя прадметы. У купленых сшытках пісалі на мове, матэматыцы і малявалі.

Запомніў прозвішчы такіх выкладчыкаў: Фралоў (дырэктар) - выкладаў гісторыю, Кар-даша (завуч)- выкладаў педагогіку і псіхалогію, Голуб - беларускую мову, Патапенка - матэматыку і Лілея Праскачыла - сакратар педнавучальні.

Была цёплая бязвоблачная раніца 9 траўня 1945 года. Цвілі сады, пахла мядовым водарам. Пачуліся разрозненыя стрэлы то ў адным, то ў другім канцы горада, затым чэргамі, і ўсё гэта злілося ў рознагалосую страляніну. Хлопцы адчынілі акно. З вуліцы несліся крыкі: "Перамога! Перамога!"...

Заняткі ў школах і педнавучальні праходзілі з парушэннем раскладу. Горад лікаваў, радаваўся канцу цяжкай вайны. Дамоў прыехаў вечарам: аднавяскоўцы паверылі, прачытаўшы газету "Уперад". На вёсцы не было радыёпрыёмнікаў.

Апошні год вайны вёска працавала напружана. Мужчын стала менш: прызвалі ў армію, пайшлі працаваць на чыгунку, на прадпрыемствы ў Сяльцы, Бярозаўцы і Лідзе. Стала не да святаў. Кожны дзень аддаваўся гаспадарцы: малацьба зімою, сяўба вясною. Усе, хто мог, прыязджалі пасля працы, штосьці рабілі. Я таксама вясной араў, сеяў і баранаваў. Мама прасіла родзічаў, суседзяў аб дапамозе. Старэйшага брата Ціхана ў трэці раз мабілізавалі ў армію ваяваць з немцамі-фашыстамі. А працаваць патрэбна было! Хочаш не хочаш, аддавай грошы на заём развіцця і ў фонд абароны.

Як не цяжка было, але гаспадары падчас вайны палепшылі матэрыяльныя ўмовы, хаты і падворкі займелі прывабны выгляд: агарадзіліся, сады давалі ўраджай. У светлай палавіне хаты амаль ва ўсіх з'явіліся драўляныя падлогі, радзей на кухні, у сенях і каморы. Паўсюдна гналі самагонку і жытоўку з жытняй мукі! Самагонку прадавалі, мянялі на соль, цукар, дрожджы, адзенне. У чым толькі не хадзілі ў той час! На рынку куплялі керзавыя вайсковыя боты і камашы, афіцэрскія хромавыя боты, салдацкую бялізну, гімнасцёркі і галіфэ: шынялі перашывалі ў бравэркі, паўпаліты. Складаней было з верхнім нямецкім абмундзіраваннем. Ніхто не хацеў "красавацца" ў іх светла-зялёным адзенні. Даводзілася распорваць і фарбаваць у цёмны колер. Шылі з іх бравэркі, галіфэ і порткі. Хто не хацеў бразгаць каванымі нямецкімі ботамі ці камашамі, той зрываў цвікі.

Час ад часу на хутарах галасілі родзічы, якія атрымалі вестку пра загінуўшага сына ці бацьку. Цяжка перажывалі, балюча было ў апошнія дні вайны атрымоўваць жалобныя весткі. Не абыходзілася без мясцовых здарэнняў. Сівіцкі Федзя ў пачатку 1945 года выпадкова выстраліў у сябе. Зыход смяротны. Нёс ён тады варту Лідскага камбіната харчовых вырабаў.

Для мяне наступіў адказны перыяд дзяржаўных экзаменаў. Педнавучальня канчаткова перабралася ў цяперашні будынак. Тут часова размясціўся наш інтарнат. Вялікія светлыя класы, прасторыня калідоры. Усё гэта радавала і весяліла. Мы з новымі намаганнямі вучыліся і працавалі. Здаўшы дзяржаўныя экзамены: адпачыўшы некалькі тыдняў, паехалі працаваць у школах. Лідскі РАНА паслаў мяне ў Цыбарскую пачатковую школу з 1 жніўня 1945 года. Правёў там перапіс вучняў, падрыхтоўку памяшканняў, а з 1 верасня настаўнічаў у Дзітрыкаўскай пачатковай школе, што знаходзілася ў вёсцы Жучкі. Загадвала ёю Шуціла (Кудла) Зоя Іванаўна, мая настаўніца ў Ганчарскай сямігадовай школе па беларускай мове падчас вайны. Буйніцкі Канстанцін Іванавіч працаваў у Ганчарах.

Буквары з цяжкасцю атрымалі праз паўтара месяцы. Новых і захаваўшыхся з папярэдняга навучальнага года хапала па аднаму на дваіх - траіх вучняў. Дзеці вучыліся з вялікім жаданнем і амаль да Новага года, як і патрэбна было згодна з праграмай, валодалі тэхнікай чытаня. Пісаў, што добрую дапамогу аказала нам раённая газета "Уперад" Закупіўшы некалькі разоў патрэбную колькасць асобнікаў, даваў для дамашняга практыкавання ў тэхніцы чытання тыя або іншыя больш лёгкія і зразумелыя артыкулы. На сходах прасіў бацькоў, каб яны далучаліся да гэтай працы і сумесна з дзецьмі чыталі больш цяжкі матэрыял. Буквары і пад-ручнікі куплялі па разнарадцы ў крамах райспажыўсаюза. Прылады для вучобы - таксама, але ў мясцовых крамах.

З вялікай цяжкасцю майстравалі мэблю ў класах. Пра парты ніхто не гутарыў: быў бы доўгі стол, а пры ім лаўкі, збітыя з прынесеных бацькамі дошак, паструганыя зверху. Тут мацавалі ў ямках чарніліцы і ручкі. Чарніла вылі-валася, мазала парты, падлогу, адзенне, што выклікала нараканні дзяцей і бацькоў.

За такімі сталамі сядзела тры - чатыры вучні. Нязручна было выйсці да дошкі, і гэта займала шмат часу. Дошкі, хоць і былі пафарбаваныя на чорна, але праз паўтара месяцы выглядалі амаль белымі.

Перафарбоўвалі. Крэйда з пяском хутка зноў вярталі іх у той самы стан. Раніцай гарэлі дзве дзесяцілінейныя нафтавыя лямпы. У такіх умовах адны вучні гарбаціліся, другія чуць не стаялі за сталом падчас пісьма. Сталы рухаліся, вучні хваляваліся і злаваліся.

Помню першы пасляваенны заробак. Складаў ён 525 рублёў без вылічэнняў, а пуд мукі - 500 руб. Бясплатна ў месяц выдавалі два літры нафты. Яда і асвятленне для напісання канспектаў і праверкі сшыткаў! На кастрычніцкія святы і на Новы 1946 год за грошы бацькоў вучням выдалі ў краме цукеркі і сухарыкі.

Добра памятаю, што з таго класа Кухарскі Вячаслаў Уладзіміравіч з нашай вёскі закончыў сельскагаспадарчую вышэйшую ўстанову, працаваў аграномам у кагасе "Запаветы Ільіча" і перад выхадам на пенсію - дырэктарам горпаліва.

Савонь з вёскі Баравічы закончыла настаўніцкі інстытут, працавала і жыве ў вёсцы Табала.

Нядоўга я вучыў дзяцей разумнаму і светламу будачаму, бо ў студзені 1946 года мяне паклікалі ў Чырвоную Армію. Нечакана ў першыя дні зімовых канікул атрымаў выклік у Лідскі гаррайваенкамат. Там аб'явілі, каб ехаў у Гародню на перасыльны пункт. Напэўна будзе цікава, як у той час пасылалі туды: без "п'янага" застолля, без музыкаў і суправаджэння перад ад'ездам у ваенкамат.

Выпісалі патрэбныя паперы на атрыманне чыгуначнага білета, і я адзін даехаў да Гародні. Перасыльны пункт мясціўся супраць старога вакзала на круглай клумбе ў былым нямецкім шчытавым памяшканні. Там сустрэў хлопцаў з-за Беліцы, якія таксама самастойна прыехалі на некалькі дзён раней: Гур'ян Міхаіл Міхайлавіч (вёска Панямонцы), Камянецкі Мікалай Аляк-сандравіч (в. Красная) і Лянцэвч Якаў Піліпавіч (в. Красная). Праслужылі яны па шэсць-сем гадоў. Шмат у той час дэмабілізавалася салдат старэйшага ўзросту, не хапала мужчын-прызыўнікоў.

Амаль месяц пражылі на "перасылцы". На сярэдзіне яе стаяла "галандка". Жыхары мяняліся. Дошкі з ложкаў знікалі і ішлі на ацяпленне. Ноччу нас пасылалі па вугаль пад чыгуначнае дэпо. Спалі на двух дошках без матрацаў і падушак, у адзенні. Холад, мокрыя камашы не дапамагалі адпачынку. Пасля ночы можна было застацца без абутку, бо лепшы прадавалі на рынку.

Каго толькі не было там! Чырвонаармейцы, дэмабілізаваныя і адстаўшыя ад цягніка, яны не мелі дакументаў і чакалі далейшай адпраўкі. Афіцэры, яны жылі ў невялікім пакойчыку побач з намі. Вечарамі выпівалі і спявалі, не без дзяўчат. Мы былі без прыгляду. Толькі раніцай начальнік пункта, капітан, перад нашым рознакаляровым шыхтам, заклаўшы рукі за спіну ў рукавы залёнага з англійскага сукна шыняля, хадзіў туды-сюды і чытаў "натацыю" на такім блатным жаргоне, якога не чуў да таго часу. Лаянка, пагрозы сыпаліся, "як з рога". Затым пасля снядання да абеда пасылалі нас на розныя работы. Некалькі разоў і я хадзіў у горад і за раку Нёман пілаваць і калоць афіцэрам дровы. Жонкі іх прасілі, каб закончылі работу, кармілі нас, і мы працавалі да вячэры. Частка хлопцаў дзяжурыла ў памяшканні, наводзіла парадак, даглядала печку, вакол пункта чысціла ад снегу, збірала і выносілі смецце.

Некалькі разоў наведаў дваюрадную сястру па вуліцы Карла Маркса. Вечарам завітаў у інтарнат педагагічнага інстытута да сяброў па педнавучальні.

Як зайдросціў "белай" зайздрасцю Ана-цкаму Васілю Васілевічу, Падагелю Арсеню Іларыевічу. Дрэвіну Георгію Уладзіміравічу і Таўкуну Міхаілу Рыгоравічу - хлопцы здабывалі веды. Прайшоўся ў абодвых кірунках па віуліцах і ўспомніў вечар 21 чэрвеня 1941 года - майго перадваеннага падарожжа ў вёску Гожа.

У сталовую мы хадзілі свабодна ў вызнача-ны час. Прайсці праз вакзал, каляі, падняцца наверх на другі бок вуліцы і зайсці ў будынак падобны на перасыльны пункт. Кармілі там добра. Мы гэта часта ўспаміналі потым у Лунінцы.

Хлопцы з суседніх раёнаў у суботу і нядзелю ездзілі дахаты. У гэтыя дні нас ніхто не правяраў, капітана не бачылі. Пасля такіх ад'ездаў, некато-рыя хлопцы не вярталіся. Кантроль за намі ўзмацнілі, але да лепшага не прывяло.

Асабліва запомнілася паездка ў Марцінканцы па дровы. Штосьці пад аповесць "Як гартавалася сталь". Вечарам, выбраўшы з шыхту чалавек дваццаць у добрым адзенні і абутку, загадалі нам рана пасля снедання прыгарадным цягніком ехаць да Марцінканцаў. Адтуль вёрст пятнаццаць-вузкакалейкай у лес да месца нарыхтоўкі дроў. Машыніст пустыя вагоны пакінуў, падчапіў гружаныя і падаўся да стан-цыі. Паабяцаў, што пасля абеду прыедзе па нас.

Надыходзіў вечар ехаць не было чым, мароз павялічыўся да 20 гр, сухі паёк за абед мы з'елі. Сяржант, які суправаджаў нас, парашыў чакаць цягнік да цямна. Расклалі вялікае вогнішча. У яго кідалі мятровыя палены. Дровы сухія - гарэлі добра. Вакол вогнішча паклалі раўнейшыя кавалкі. Можна было сесці ці трохі прылегчы. Усю ноч прасядзелі, драмалі, пакуль не замярзаў адзін бок, паварочваліся, адаграваліся і так па- новаму.

Раніцай сяржант мяне і хлопца, які даве-даўся ад лесніка пра сваю цётку, што жыла за некалькі кіламетраў у вёсцы побач з чыгункай, адправіў туды па харчы. Вёсачка невялікая, хатаў дваццаць. Пабудаваная на пясчанай дарозе-вуліцы ў беспарадку на ўзгорках і блізкіх хутарах каля вузенькай рэчкі.

Цётка жыла на другім канцы вёскі далей ад чыгункі. Пачалі заходзіць у хаты. У нас доўга пыталі, мы адказвалі. Здаралася , не рады былі нашаму наведванню, але плечакі паволі напаўняліся: хлебам, салам і хатняй каўбасой. Хаты звонку непрывабныя абыходзілі.

Зайшоўшы ў даволі чыстую з драўлянай падлогай хату, убачылі чалавек пятнаццаць гадоў дваццаці пяці - трыццаці. Садзелі яны на двух доўгіх лавах. Хлопцы у дабротным новым адзенні і абутку. Адзін з іх у бравэрцы, перашы-тай з польскага шыняля. Другі ў паліто з такога ж сукна. Большасць перавязаны папругамі, а некалькі з дапаможнымі папругамі цераз плячо. Нам прапанавалі прайсці і сесці каля стала. Не, хлеба і сала нам тут не будзе! Пачалі падрабязна пытаць хто мы, адкуль, што робім тут, чаго зайшлі і ўсё такое. Не па сабе сталася. Абышлося без "падарункаў", і мы выйшлі з хаты. Хутчэй завіталі да цёткі. Накарміла расольнікам і печаным салам з яйкамі. Прымусіла распрануцца і разуцца, залезці на вялікую гарачую печ пасушыцца, падрамаць.

У гутарцы цётка асцярожна падказала аб нядобрых людзях, пабачаных намі ў вёсцы. Пазней у Гародні нам стала вядома, што ў тых мясцінах хаваліся рэшткі Арміі Краёвай. Чым закончылася бы наша "вандроўка" па харчы, калі б з намі пайшоў сам сяржант. Быў ён з аўтаматам ППШ. У апошні час перадумаў і застаўся ў лесе.

Хлопцы падсілкаваліся, ім пацяплела і людзі павесялелі. Ваду замяніў снег і лёд. Пасля абеду машыніст апраўдваўся: паламалася "кукушка" (так называлі паравозік): не змог у тэрмін забраць нас. Прыехалі ў Марцінканцы вечарам: прыгарадны адышоў. Да раніцы прабылі ў халодным і цёмным вакзале. Раніцай у неацепленым цягніку прыехалі ў Гародню. Назаўтра хлопцы загрузілі дровы ў вялікія вагоны. У Гародні вагоны разгружаў увесь перасыльны пункт.

Наступіў дзень ад'езду ў вайсковую частку. Вечарам размясцілі нас у пасажырскім вагоне. Каму не хапіла месца, забраўся на верхнюю багажную лаўку. "Купец" не сказаў, куды едзем. Да Лунінца дабіраліся амаль суткі. Вагон доўга штурхалі на станцыі ў Гародні. У Мастах, Ваўкавыску і Баранавічах то адчэплівалі, то прычэплівалі да пасажырскіх ці таварных цягнікоў. У дарозе харчаваліся сухім пайком. Вячэралі ў Лунінцы.

Начальнік Асобай 267 артылерыйскай брыгады маёр Запарожац вёў гутарку з кожным прызыўніком і накіроўваў у асноўным у вучэбны аўтамабільны батальён. Прагледзеўшы маю службовую справу, учыніў мне экзамен па рускай мове. Загадаў напісаць: "Приказ по 267 отдельной артиллерийской бригаде..." Прачытаў і сказаў: "Усё добра, нават у слове "артиллерия" два "л". Будзеш працаваць у нашым штабе". Я штосьці пярэчыў і прасіў адправіць вучыцца на шафёра. У адказ пачуў: "У арміі загадваюць. Мы лічым, што ў штабе патрэбны пісьменныя супрацоўнікі, і тут ты прынясеш больш карысці". Пазней я пераканаўся, як цяжка было пацаваць з недастаткова падрыхтаванымі афіцэрамі шта-ба. Загады і матэрыялы падрыхтаваныя маёрам Запарожцам не патрабавалі далейшай апрацоўкі і складаліся зразумела і пісьменна. За ўвесь перыяд працы з ім, я не чуў ад яго ні аднаго абражальнага слова. Афіцэры і салдаты яго паважалі і любілі. Потым стала вядома: закончыў ён на-стаўніцкі інстытут.

Роўным яму быў капітан Віхроў. Закончыў таксама настаўніцкі інстытут, доўга працаваў у школе. Будучы начальнікам адзела кадраў, выконваў вялікі аб'ём працы. Стаў маім непасрэдным начальнікам. Афіцэр інтэлігентны, у сапраўднасці ведаў сваю справу. Тады ішла суцэльная дэмалілізацыя, разфармаванне частак, утвораных падчас вайны. Працы хапала і працавалі нават вечарамі. Некалькі разоў ездзілі ў Гародню ў штаб арміі і рабілі выпіскі з загадаў, каб прыспешыць дэмабілізацыю афіцэраў, хто па тых або іншых прычынах падыходзіў пад звальненне ў запас.

Выдалі мне даведку, згодна з якой меў дазвол хадзіць па горадзе цэлыя суткі. Вольнымі вечарамі хадзіў у гарадскі кінатэатр, нядзелямі - на рынак. На рынку і ў магазінах купляў патрэбныя рэчы таварышам з каменданцкага звязу. З капітанам Віхровым наведаў прад-стаўленне тэлепата Меснера. Сапраўды, пала-віна залы паднялася на сядзенні, бо ім падалося, што пацякла вада. Другая палавіна - засталася на месцы.

Цяжка жылося афіцэрам, асабліва сямейным. Мой капітан выклікаў жонку і чатырох дзяцей з эвакуацыі. Да іх прыезду Віхроў са мной прывёў у адпаведныя ўмовы пакінуты маленькі драўляны домік амаль побач са штабам. Адра-мантавалі печы, нарыхтавалі дроў. Як рада-валася дамашняму жыццю і як дзівілася яго жонка багаццю харчоў на рынку.

А мы салдаты дзівіліся дзяўчатам - паляшучкам, што наведвалі рынак з суседніх вёсак. У сакавіку-красавіку былі добрыя маразы, а яны ў акуратна зробленых лапцях і накручаных да калень белых анучах, замацаваных ільнянымі вяроўкамі да голых калень. Чырвоныя ад марозу, хадзілі па рынку, харашыліся, уступалі ў размовы з салдатамі. Мы з гумарам і ветлівасцю адказвалі, заглядалі ў белыя палатняныя торбы, вышытыя зверху і замацаваныя на плячы вяроўкай. Нагадвалі цяперашнія жаночыя сумачкі. Прыязджалі паляшукі на рынак чайкамі. Прывязвалі іх ля берага Прыпяці дзесяткамі. Тут жа на беразе ракі на лодках ішоў бойкі гандаль вялікімі рэчамі: збожжам, парасятамі, цялятамі і авечкамі.

Наш каменданцкі звяз жыў у прыстасаванай казарме, што знаходзілася ў прыбудове да царквы і побач у драўляным доме з нізкай столлю. Тут нары змайстравалі ў адзін, а ў прыбудове - у тры паверхі. На верхнім радзе трымалася цяпло, унізе было халодна. Як і ў Гародні, хадзілі па вугаль на чыгуначны склад, што знаходзіўся побач.

З кожным днём прыбаўлялася работы ў штабе. Працавалі вечарамі і ноччу. Капітан загадаў выдаць мне наматрацнік, падушку і спальную бялізну. Позна ноччу заставаўся ў штабе. У казарму ісці было далекавата. Уладкоўваўся на сталах. Да снядання збіраў пасцель у шафу і ішоў у сталовую. Раніцай паспяваў першым, а ў абед і вечарам спазняўся. Але мяне гэта асабліва не турбавала. Харчаваўся адзін, з адной міскі і талеркі, лыжкай, якую насіў за абмоткай, а пазней - у боце.

Сябры елі за доўгімі драўлянымі сталамі. Сталы не накрывалі абрусамі. Кожны дзень дзяжурныя скраблі нажамі і бярозавымі венікамі. Сталы жаўцелі, але ад снядання да абеду і ад абеду да вячэры не высыхалі. Заўсёды былі мокрымі. Спачатку першае налівалі і клалі другое ў невялікія алюміневыя тазікі на пяць чалавек. Садзіліся ўсе разам па камандзе і пачыналі есці. Бало не да гутаркі! Кожны стараўся вылавіць гушчу. Праз месяц умовы змяніліся і ў сталовай з'явіліся алюміневыя міскі і талеркі. Хлеб на сталы раскладалі рэзчыкі з разлікам 700 грамаў на дзень. Салодкі чай і кампот пілі тры разы з кубкаў.

Часта мы ўспаміналі гарадзенскую сталовую. У Лунінцы месяц кармілі пшаном, а затым месяц - кіслай капустай. Раніцай, днём і вечарам першае і другое. Салдаты хварэлі, не маглі глядзець на такую ежу. Праз месяцаў тры стано-вішча выправілася і варылі лепшыя стравы.

У арміі ішла дэмабілізацыя. На складах не хапала абмундзіравання і сяброў з цяжкасцю апранулі. Я застаўся без яго. Каля трох месяцаў хадзіў у тым, у чым прыехаў. Гімнасцёрка, галіфэ, камашы і абмоткі - з хаты. З цяжкасцю дасталі палявыя пагоны і старую з матэрыі дзягу ды бялізну. У штабе пагоны вешаў на гімнасцёрку, на дварэ - на шынель.

Мой паўкажушок на аўчыне, пашыты з салдацкага шыняля, пакарацеў пасля санітарнай "апрацоўкі" ў бочцы і давялося адпароць унізе аўчыну. У ім хадзіў па Лунінцы да вясны, як цывільны чалавек, маючы вайсковы дакумент на права быць у горадзе ў любы час. Падчас прысягі 12 лютага 1946 года нас апранулі ў лепшыя шынялі стараслужачых. Толькі вясной апранулі мяне ў шынель. Нядоўга красаваўся! Са згоды старшыні звязу многія чарвонаармейцы аддалі шынялі франтавікам узамен на старыя. Брыдка было ім з'яўляцца дома ў старых і паношаных! Пазней апранулі мяне ў паўкажушок з х/б матэрыялу, у якім дэмабілізаваўся.

У Лунінец прыбывалі цягнікі з рэпатрыацыйным абсталяваннем, яно затым перагружалася ў вагоны на калёсах савецкага шаблону. З крытых вагонаў абсталяванне выгружалі салдаты з нашай брыгады. Капітан дастаў друкарскую машынку з нямецкім шрыфтам. Шрыфт перапаялі на рускі. Вось калі нам стала працаваць лягчэй! Я даволі хутка азнаёміўся і засвоіў тэхніку друкавання. Да гэтага часу "пісаніна" па кадрах выконвалася хімічным алоўкам пад кальку, калі ў адным асобніку - тады чарнілам.

Некалькі разоў па справах з капітанам ездзіў у Пінск у штаб дывізіі. Даведаўся, як немцы будавалі ў балоцістых месцах дарогу паміж Лунінцом і Бярэсцем. Клалі папярок дарогі тоўстыя бярвенні, да іх мацавалі, з аднаго боку прычасаныя, танчэйшыя ў 3-4 разы. З двух бакоў па шырыне задніх калёс машыны. Каб машына не звалілася з кладак, пасярэдзіне клалі бардзюры-адбойнікі на ўнутраную шырыню задніх колаў. Вось так на невялікай хуткасці праз 500-600 м пры добрым бачанні сустрэчнай машыны даязджалі да "раз'езду". Тут адна з сустрэчных машын затрымлівалася на бакавой дарозе.

Незабыўнае ўражанне ўяўляла вясной беларускае Палессе з машыны і акна цягніка. Да гарызонту разлівалася вада. Дзе-нідзе бачны кусты і адзінокія дрэвы, а з пагорка на пагорак пераплывалі паляшукі.

Добра запомніў выбары ў Вярхоўны Савет СССР вясной 1946 года. Рана паснедалі. У казарме зшыхтавалі, агітавалі, каб прагаласавалі за названых кандыдатаў. Без шыхту зайшлі на выбарчы ўчастак, дзе атрымаўшы бюлетэнь, абавязкова павінны былі зайсці ў кабіну, пазнаёміцца са зместам і ўкінуць у скрыню. Абед і вячэра былі выдатнымі. Вольна схадзілі ў кінатэатр. Частку хлопцаў камандзіравалі ў раён на ахову выбарчых участкаў.

Запомніў і святкаванне 1 траўня. Першы раз прымаў удзел у вайсковым парадзе. Думаю, што ўражанне ад нас у гараджан засталося нездавальняльным. Маршыравалі дрэнна, а знешні выгляд быў яшчэ горшы. Некалькі разоў па дзве гадзіны да гэтага без музыкі маршыравалі на пляцы, патлумачыўшы, што левай нагой патрэбна ступаць пад стук барабана.

Працуючы вечарам, падказаў капітану магчымасць паехаць дамоў і прывезці сякіх-такіх харчоў. Вырашылі, што выеду вечарам у пятніцу, раніцай буду на станцыі Нёман. Пяшком зайду дамоў, пераначую, у нядзелю выеду назад з разлікам з'явіцца на службу раніцай у панядзе-лак. Выпісалі камандзіровачную даведку. Разлік быў удалы. Прывёз сала, дамашняй каўбасы і ператопленага здору. Запасамі падзяліўся з капітанам, жонка засталася задаволенай. Затым некалькі разоў выязджаў паўторна, купляў сала, яйкі за грошы капітана. Стаў экспедытарам, пакуль не перавялі ў Пінск.

Прыязджаў дамоў і ў гутарках з роднымі, сяльчанамі даведваўся пра апошнія вясковыя навіны. Вёска бурліла. Ламаўся з такой цяжкасцю наладжаны павольны лад жыцця. Кожны дзень адбываліся нейкія змены. Надзеі на лепшае знікалі, як красавіцкі снег. Пры першых сустрэчах з чырвонаармейцамі пачулі, што Жукаў паабя-цаў пасля перамогі над фашыстамі вярнуць уласнасць на зямлю. Гэта былі абяцанкі - цацанкі! Ні ў газетах, ні па радыё аб падобным нічога не пісалі і не гаварылі.

Гаспадарчыя і грашовыя падаткі, пазыкі развіцця гаспадаркі СССР не садзейнічалі надзеям на лепшае. У гаспадароў паступова апускаліся рукі да працы: працуй, не працуй - усё пойдзе ў дзяржаву, а затым у калгас за нішто. Праўдамі і няпраўдамі гаспадаркі дзялілі на меншыя паміж братамі, бацькамі і сынамі. Толькі таму, каб плаціць меншыя падаткі.

Людзі падаліся ў гарады ў заработкі, далей ад роднай зямліцы, здабыць пашпарт, каб потым быць хоць трохі вольным чалавекам. Буйніцкі Якуб Іванавіч з усёй сям'ёй выехаў у Карэлію. Вярнуўся, уладкаваўся на працу ў Бярозаўцы, перавёз туды ўсю пабудову. Урбановіч Станіслаў пераехаў на радзіму жонкі ў вёску Навапрудцы. Пабудаваў са старой хаты з хутара падноўленую, лепшую. Працаваў у Лідзе. Грынь Пётр Кандратавіч запісаўся палякам і паехаў у Польшчу са сваёй сям'ёй: жонкай і дзецьмі. Раней пісаў, што людзі працавалі на чыгунцы, шашы, у Сяльцы, Бярозаўцы і Лідзе.

Цяжка было ім. Працавалі днём і ноччу. Хацелася "абрабіць гаспадарку", як гаварылі, ды на прадпрыемства не спазніцца. За спазненне каралі, а то і судзілі. Невялікія грошы атрымоўвалі на дзяржаўнай працы, а падмогай у хаце былі вялікай. Забыліся мужчыны пра рэлігійныя святы, а пад час дзяржаўных таксама працавалі дома і ў полі.

Штосьці ў вёсцы вытваралася. Не тымі сталі сяльчане. Людзі зайздросцілі. А зайздрасць - вораг здароўя сабе і сям'і. Зайздросцілі ўсяму і ўсім. Асабліва тым, хто больш працаваў. Яны траплялі ў лік кулакоў. Зайздросціў ім гультаяваты. Ён стараўся прыкласціся да бутэлькі. А той, хто шмат працаваў, сваё жыццё ператвараў у беспрас-ветныя дзень і ноч. Жонка з раніцы да позняй ночы "гаспадарыла" дома, мужык - па выхадных. Дзе тут ім да сумеснага сямейнага кахання! Сустрэнуцца - злуюцца, сварацца і ўспамінаюць пра шчаслівыя непрацоўныя нядзелі і рэлігійныя святы.

Закончыўшы афармленне і здачу штабных матэрыялаў брыгады, нас перавялі ў Пінск у 61 дывізію. Рытм і аб'ём працы змяніўся. Я апынуўся ў самай гушчыні ўсіх падзей дывізіі. Авалодаўшы друкаваннем на машынцы, першым ведаў, што павінна адбывацца ў наступны час. Начальнікам штаба працаваў падпалкоўнік Бяляеў. Чалавек лагодны, душэўна спакойны. Ды бяда - любіў выпіць. Магчыма гэта не было б вялікай перашкодай у яго кар'еры. Ад лейтэнанта- інст-руктара па артылерыі ў Арміі Людовай даслужыўся да падпалкоўніка ў траўні 1945 года з адукацыяй 4 класы. Ад такіх афіцэраў згодна з загадам армія вызвалялася, калі ён не паступаў у вячэрнюю сярэднюю школу і не закончваў яе пазней. Не рабіў начальнік штаба ні тое, ні іншае.

Падпалкоўнік з дакументамі, якія паступалі, так-сяк спраўляўся. Зусім станавіўся без-дапаможным у штабных занятках, падчас палявой вучобы з афіцэрамі, на вайсковых вучэннях. Тут выявілася яго няведанне карт, нанясення на іх агнявых цэляў, разлікаў агнявой магутнасці сродкаў дывізіі. На той час сёе-тое я ведаў і заўсёды, колькі мог, з яго згоды выпраўляў разлікі і памылкі. Памятаю, выехалі на некалькі дзён на ваенныя вучэнні ў раён Кобрына. Камандзір дывізіі, палкоўнік рушыў свае "палкі" ў атаку, а мы дзесьці далёка ад "фронту", без сувязі друкуем загад на наступленне.

Ноччу, мы, тры салдаты, на склееных шпалерах, малявалі і пісалі пра дзеянні нашай дывізіі падчас "вайсковых змаганняў". Раніцай генерал з вышэйшага штаба паказваў па карце і па чарзе то аднаго, то другога афіцэра падымаў з часовых драўляных лавак і ўспамінаў ім памылкі ў "бітвах". Тады я пабачыў новыя, "студабекеры" з ЗША ў дзеянні. Напэўна былі апошнімі ад дапамогі з Амерыкі. Пішу і ўзгадаў, як генерал па тэлевізары паказваў доўгай указкай на карце парушэнне мяжы СССР японскім цывільным самалётам, які потым схаваўся ў невядомым кірунку.

Пасля вайсковых палявых вучэнняў наш лагер у палатках размясціўся на лузе вёскі Пугачова побач з ракой Мухавец каля Бярэсця.

Штаб нейкі час працаваў на таку ў гумне. Вясной заўсёды гумны пустыя. Успомнілася, як у 1941 годзе каля вёскі Гожа таксама пасяліліся чырво-наармейцы тэрміновай службы, і што пасля з імі здарылася. Тут на лузе ў нядзелю адбыўся паказальны суд над салдатам, які збег з часткі падчас вучэнняў. Злавілі яго з ружжом.

А яшчэ ўспомніў як аднойчы мяне і сяржанта з аўтаматам паслалі ў штаб у Бярэсце з сакрэтнай дакументацыяй. Позна ноччу селі ў прыгарадны цягнік Пінск-Бярэсце. Цягнік не асветляўся і не ацяпляўся, але ў вагоне было ўтульна На верхніх лаўках хутка заснулі. Прыехалі на станцыю каля дзвюх гадзін ночы. Ішоў дождж, на дварэ было холадна. Вырашылі чакаць, пакуль павіднее. Прыгрэліся і зноў заснулі. Цягнік рушыў. У пасажыраў даведаліся, што едзем зноў у Пінск, адтуль - назад у Бярэсце. Абышлося ўсё добра, бо ў дзесяць гадзін былі ў штабе. Заданне выканалі.

Праца ў штабе, паездкі на вучэнні зблізілі мяне з падпалкоўнікам. Дазваляў вольна хадзіць, як у Лунінцы, па горадзе. І ў Пінску дапамагаў у рамонце безгаспадарчай хаты (даволі някепскай адносна капітана ў Лунінцы). Каля хаты была невялікая лазня. Па нядзелях сяды-тады з сябрам карысталіся ёю.

Сяброўства - саброўствам, а служба - службай. Два разы падпалкоўнік, як мовіцца, "выклаў" мяне. Першы раз у Пінску, а другі ў летнім лагеры. Да сакрэтных дакументаў ён адносіўся абыякава, губляў, кідаў, як чарнавікі, у смецевую скрынку. Часта даставалі адтуль і разгладжвалі паміж папак. Каб зняць з сябе віну, адпраўляў мяне на гаўптвахту. У Пінску з раніцы пілаваў дровы. "Хапіла" начальніка штаба да абеду. Хутка быў выкліканы ў штаб, дакументы знайшліся, а падпалкоўнік не змог працаваць без мяне. У другі раз з вечара я праспаў у прыстасаваным агнявым зенітным пункце, пабудаваным немцамі, на гаўптвахце на саломе разам з вартаўнічым з карабінам, бо ўсю ноч ліў дождж. Раніцай вярнулі ў штаб, не датрымаўшы абяцанных па пяць дзён гаўптвахты ў першы і другі раз.

А вось з капітанам памочнікам начальніка штаба не склаліся ў нас адносіны. Фанабэрысты, гультаяваты, а можа вёў сябе так, каб нашкодзіць падпалкоўніку і падняцца на вышэйшае месца. Ды, думаю, з яго не быў бы добры штабіст. Нас, малодшых, лаяў, зневажаў. З асабістай справы стала вядома, што сярэднюю школу закончыў пасрэдна. Пасля кароткатэрміновых збораў сынок вялікага начальніка атрымаў званне лейтэнанта, служыў у Маскве.

Ад Пінска засталіся ўспаміны, як па нядзелях нашы салдаты біліся з маракамі Днепра - Бугскай флатыліі. Камендатура з цяжкасцю разводзіла задзіраў і адводзіла на гаўптвахту.

Пасля летняга лагера нашу 61-ую дывізію разфармавалі, а мяне перавялі ў Бярэсце. Жыў і харчаваўся ў Паўночным гарадку. У новым штабе існаваў цвёрды рэжым, і я павінен быў у тэрмін з'яўляцца раніцай і пасля абеду. Абед цягнуўся гадзіну, і я не паспяваў дайсці з цэнтра горада да сталоўкі. Мне заўсёды дазвалялі пайсці раней. Не памятаю, каб, як раней, працаваў вечарамі.

У Бярэсці сустрэў Клёйду Аляксандра з вёскі Жомайдзі. Былога партызана накіравалі служыць у часткі НКУС. Некалькі разоў ездзілі на склады, што мясціліся ў цытадэлі. Ніхто не ўспамінаў, і нічога не гаварылі аб геройскай абароне.

У 1947 годзе ў штабы прыслалі загад аб дэмабілізацыі настаўнікаў. Іх не хапала. Многія не згаджаліся па тых або іншых прычынах, асабліва афіцэры, але іх прымусова звольнялі: не зважаючы на тэрмін выслугі. Я таксама быў дэмабілізаваны ў званні малодшага сяржанта, не праслужыўшы поўныя два гады.

Дома застаў брата Саню. Ён вярнуўся з Германіі. Прыехаў і адразу пасадзіў кармавыя буракі. З агратэхнікай пазнаёміўся ў нямецкага гаспадара. Нават прывёз нейкую колькасць насення. Буракі выраслі вялікімі. Суседзі прыходзілі і дзівіліся. Толькі пазней пачалі садзіць іх у калгасе. Тады брат Саня сам даглядаў: палоў, прарываў, абсыпаў і рабіў гноевую падкормку.

Доўга турбавалі брата Саню з КДБ. Выклікалі ў Ліду, ды цікавіліся, як трапіў у палон, чаму застаўся жывым, хто з табою працаваў у гаспадара, як адносіўся ён да палонных, у якіх умовах жылі і г. д. і т.п. Пазней, пасля яго смерці, прыслалі дакументы на кампенсацыю нанесенага маральнага прыніжэння і за працу ў Нямеччыне.

У верасні 1946 года Дзітрыкаўскую пачатковую школу перавялі ў вёску Жомайдзі і размясцілі ў хаце Мурына Сымона. Будынак яе захаваўся і зараз. Пачала працаваць школа ў Сіманах (звалася Зарачанская) і Жучкоўская, дзе была Дзітрыкаўская. Дзітрыкаўскай школай загадвала Болбас (Дзікевіч) Анастасія Сямёнаўна. Настаўнікам працаваў Сава Іван Іосіфавіч.

Болбас (Дзікевіч) Анастасія Сямёнаўна, Болбас (Кур'ян) Вольга Пятроўна, Болбас Алена, Пыш і іншыя былі размяркаваны ў Лідскім раёне пасля заканчэння Бабруйскай педнавучальні ў 1946 годзе. Вучэбная група з Віцебскай вобласці з 1944 года навучалася разам з намі ў Лідскай педнавучальні, пасля заканчэння яе ўладкавалі на працу па месцы жыхарства.

Пазней побач з вёскай Жомайдзі пабуда-валі новую светлую і прасторную школу з двума класамі. Падворак абсадзілі дрэвамі. Раслі яблыні, слівы і вішні. Век школы быў нядоўгім. Яе закрылі, размясцілі вясковы клуб. Цяпер будынак безгаспадарчы, пустуе. Дзякаваць богу, як кажуць, цэлы, і сяды-тады там танцуюць вясельнікі.

У першыя пасляваенныя гады ў вёсцы вітала надзея на лепшае жыццё. Радаваліся добрым весткам ад першых чырвонаармейцаў. Яны гаварылі, што Жукаў абяцаў: не быць калгасам! Людзі верылі і спадзяваліся, але надзея знікала з павелічэннем хлебных закупак дзяржавай, падаткаў, грашовых займаў, развіцця народнай гаспадаркі, з надакучлівай агітацыяй за калектыўную працу на радыё і ў газетах. Ранейшае натхненне і цяга да працы падалі і раставалі, як вясновы снег. Будзеш лепш праца-ваць, збіраць лепшыя ўраджаі - болей здай збожжа! Пазней у гады калектывізацыі першымі падаліся ў калгасы лепшыя гаспадары, што будзе - не так важна?! Важна вызваліцца ад усё павялічваўшыхся падаткаў і займаў, і пачнём жыць аднолькава роўнымі, хаця і беднымі! Жыхарка Усходняй Беларусі, знаёмая настаўніца на канікулах гасціла на радзіме. Яна гаварыла, што сярод усходніх начальнікаў - кіраўнікоў калгасаў - склалася думка аб Заходняй Беларусі як аб палачцы-выручалачцы: "Мы калгасамі не выцягнем план па сельскай гаспадарцы, затое заходнікі з аднасобніцкім гаспадаркамі заўсёды дапамогуць"! І дапамагалі, як маглі, да ўтварэння калгасаў.

Шмат людзей ехала тады з Украіны, з Усходняй Беларусі па хлеб і да хлеба. Ішлі па хутарах па аднаму, з дзецьмі, па дваіх і больш. Прасілі паесці, наймаліся працаваць. Везлі з сабою розныя рэчы, прадавалі. Пазней прыязджалі машынамі. На рынку ў Беліцы, на вёсках куплялі кароў, авечак, парасят, летам вялі кароў ад вёскі да вёскі, калі дарога была недалёкай.

Вёска ні на дзень не збаўляла рытм працы. Гадавалі жывёлу, рэшткі прадавалі. На рынках у Беліцы, Сяльцы, Бярозаўцы, як гаварылі, ламаліся сталы і вазы ад харчоў і жывёлы. Грошы патрэбны былі на выплату займаў, падаткаў. Лён стаў не ў пашане. Апранацца пачалі ў прамысловыя (крамныя) тавары. На пакупку іх таксама збіралі грошы.

Праз некалькі месяцаў пасля вяртання з арміі я ўладкаваўся загадчыкам Паперненскай пачатковай школы. Там працавала настаўніцай Вольга Якаўлеўна.

Са жніўня 1948 года па жнівень 1950 года другой настаўніцай працавала жонка, Анастасія Сямёнаўна. Дзеці ў школу хадзілі толькі з адной вёскі. Падчас вайны школа працавала дрэнна. Вучняў было больш за сотню. У класе вучыліся дзеці рознага ўзросту. Вясковае жыццё, за якім наглядаў і прымаў удзел чуць больш за два гады ў Паперні, было падобным да жыцця ў маёй роднай вёсцы. З вялікай цяжкасцю размяркоўвалі займы развіцця народнай гаспадаркі СССР. У дапамогу прысылалі людзей з райвыканкаму. Сума займаў павялічвалася. Гаспадары ішлі на розныя "хітрыкі", каб падпісацца на меншую колькасць грошай. Памагатыя з раёну чапляліся да ўсяго, каб застрашыць гаспадара: знайшлі брагу (амаль у кожнай хаце адчувалася яна па паху); больш жывёлы, чым запісана ў гаспадарчай кнізе ў сельвыканкаме; стаіць швейная машына (займаешся шыццём без аплаты падатку); знайшлі самагонку і многае іншае.

Хапала клопатаў настаўнікам з ліквідацыяй непісьменнасці сярод сяльчан. Хто вучыўся да вайны на польскай мове, у 1939-1941 гадах хутка авалодалі чытаннем на беларускай мове. Непісьменныя не жадалі, ды ім і не хапала часу хадзіць у школу. Часцей адказвалі: "Вось, каб па-польску вучылі!" Даводзілася штогод памяншаць непісьменнасць то за лік павелічэння ўзросту, то вучылі іх распісвацца, то прасілі старэйшых вучняў, каб яны чыталі пісалі з бацькамі і родзічамі. Склалася парука: у школу не ходзім - гаворым, што чытаем і пішам, мы - вучым. А хто праверыць?

Як адбывалася агітацыя за ўтварэнне калгасаў, наглядаў у вёсцы Паперня. Вёска вялікая. Сярод жыхароў былі асуджаныя за ўдзел у Арміі Краёвай, розніца паміж беднымі і багацейшымі была вялікая. У раёне ж вырашылі, што тут можна хутка арганізаваць калгас. На тыдзень прыехала агітацыйная брыгада з Менска, Га-родні і трое з Ліды. Наведвалі хаты, а людзей на сход не сабралі. У хатах заставаліся толькі малыя дзеці і старыя. Тады пайшлі на палеткі, дзе людзі працавалі. І тут іх чакала няўдача: гаспадар заранёў кідаў каня ў баразне і падаваўся далей ад "агітатараў". Падобнае відовішча наглядалася пазней у нашай вёсцы.

Нядзельная камандзіроўка агітатараў закончылася для мяне непрыемнай размовай у раёне. Упаўнаважаным па раёне быў прызначаны міністр адукацыі Саевіч. У апошні дзень ён заехаў у вёску, наведаў школу, настаўнікаў, пагутарыў з намі і застаўся задаволены ўбача-ным. Аднак, як потым мне стала вядома ў горадзе, пры выездзе з вёскі хтосьці каменем раскалоў задняе шкло ў машыне. Выхаванцы школы былі "салідарныя", ніхто пра гэта нічога не сказаў.

На чытанне вершаванага ліста Вялікаму Сталіну ад беларускага народа: "Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход, прымі прывітанне, якое табе прыносіць беларускі народ"... прыйшло чалавек пятнаццаць. Слухалі ўважліва і падпісаліся без лішніх размоў.

Сяльчане даручылі мне працаваць сакратаром выбарчага ўчастка па выбарах у саветы ў вёсцы Мейры. Тут пабачыў "кухню" выбараў з сярэдзіны. З далёкіх вёсак выбаршчыкі ехалі фурманкамі, з бліжэйшых ішлі пешшу. Дома галасавалі тыя, хто па стану здароўя не мог з'явіцца на ўчастак. Не абыходзілася без кур'ёзаў. У скрынку ўкінулі менш бюлетэняў, чым выдалі па спісах; былі напісаны друкаванымі літарамі абражальныя словы ў адрас правадыра ўсіх народаў; выбаршчык з'явіўся на ўчастак, а да яго паехалі з пераноснай скрынкай. Каб дамагчыся 99,9% з'яўлення выбаршчыкаў перад закрыццём участка, прадстаўнік раёна пачкам укінуў бюлетні ў скрынку.

Сёмы перыяд: З 1950 года (калектывізацыя) па сённяшні дзень

Калі я апавядаў пра даваеннае жыццё ў вёсцы, падчас і пасля вайны, думкі не пакідалі мяне, як больш дакладна паказаць калектыўную працу на вёсцы. У 1950 годзе я пачаў працаваць у Нёманскай сямігадовай школе ў вёсцы Сялец, што месцілася побач з роднай вёскай. Нас, настаўнікаў, уключылі ў штат агітатараў і замацавалі за намі вёску Зарачаны. Некалькі разоў вечарамі хадзілі туды. Людзі збіраліся і ўважліва слухалі выступленне нашага дырэктара Савоня Віктара Іванавіча. Ён заўсёды ўзнёсла гаварыў пра перавагу калектыўнай працы. Малюнак камуністычнага жыцця заўсёды ба-чыўся яму светлым і шчаслівым. Светлае і шчас-лівае жыццё я бачыў у Бабруйскім раёне, куды на канікулы ездзіў з сям'ёй да цешчы. У 1937-38 гадах цесць за нішто быў пасаджаны ў турму і знік няведама калі і дзе. Бачыў побыт і жыццё кал-гаснікаў, чэргі па хлеб.

Нашы намаганні не прымусілі сялян аб'яднацца ў калектыўную гаспадарку. Пазней яны пад ціскам сельскагаспадарчага і грашовага падаткаў "дабраахвотна" ўступілі ў калгас.

Адначасова праводзілася агітацыя і ў маёй роднай вёсцы. Ведучы расказ аб самым трагічным перыядзе ў жыцці сяльчан (я яго так называю), хочацца быць непасрэдным у сваіх успамінах.

Да гэтага часу я апавядаў пра жыццё, як яно бачылася вачыма падлетка-дзецюка. Цяпер не стану спяваць песні аб лепшым жыцці, пабу-дове калгасаў пры сацыялізме і руху ў светлае будучае камунізму. Гістарычны матэрыял па-стараўся данесці ў тым выглядзе, як ён здзяй-сняўся. Высновы былі пачуты з гаворак сялян, якія я запісаў.

Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі не суправаджалася масавымі высылкамі заможных гаспадароў, так званых кулакоў. Аднак, іх абкладалі непасільнымі збожжавымі і грашовымі падаткамі. Таму багацейшыя першымі падаліся ў калгас.

Вясной 1950 года ў вёсцы арганізавалі калгас імя Пушкіна. Старшынём праўлення калгасу выбралі Лукашэвіча Сцяпана Іосіфавіча, яго намеснікам і рахункаводам - Федзюкевіча Канстанціна Канстанцінавіча. За пазыку праў-ленне закупіла пяць кароў. Да 1952 года коні зна-ходзіліся ў гаспадароў. Гаспадары выязджалі на працу са сваім конікам і возам. Пасля далучэння Дзітрыкаў да калгасу "Нёман", узбуйнены калгас абсталяваў канюшню ў гумне Федзюкевіча Вікенція. Што тут пачалося?!

Сяляніна-хлебароба замяніў калгаснік з зусім іншай псіхалогіяй і адносінамі да зямлі і працы. З цягам часу паступова ад ранейшага селяніна з ашалелай цягай да працы, ашчад-насцю, гатоўнасцю прыйсці на дапамогу талакой, усё выветрылася.

Праца на працадні, за якія нічога не плацілі, як здзек над селянінам таго часу. На гаспадарчы падворак сяляне-калгаснікі збіраліся позна: вясной і летам, калі раней да гэтага часу напрацуюцца, сонца добра прыпякала. Гаспа-дары па старой звычцы цягнуліся да сваіх конікаў, падбіралі сваю вупраж, запрагалі каня ў свой воз. У канюшні наводзілі сякі-такі парадак. Калі хамут не заменіш на большы - натрэш каня, то горшыя лейцы, чужы і іншы рыштунак для свайго каня і воза мяняліся на лепшыя. На лейцах, супонях з'явіліся вузлы - з двух вязалі адны. Вазы стаялі на падворку, сохлі і моклі, ламаліся. Спачатку рамантавалі самі гаспадары воза, потым з двух вазоў складалі адзін. Колы рассы-халіся, абады спадалі. Непрыкметна падмянялі запасныя старыя колы на новыя і захоўвалі іх дома да лепшых часоў. Калі звозілі ўраджай, лейцы, пярэдніцу сяляне прыносілі з сабой - у калгасе свайго не было.

З цягам часу вазы разваліліся, вупраж пастарэла, а ад конікаў засталіся адна шкура ды косці. Маленькі конік самага беднага гаспадара Лукашэвіча Костуся, які не падаўся ў калгас, быў дагледжаны і пачышчаны. Са спраўнай вупражжу раніцай-ранюсенька адвозіў ён воз гною больш за тры кіламетры на самы крайні кавалак поля, што мясціўся каля гасцінца. Дзядзька Костусь заўсёды сядзеў на возе, на зайздрасць сяльчанам, "дэманстраваў" спраўную вупраж, ладнага коніка, ды сваю незалежнасць і вольнасць. Быў ён стрэмкай у вачах начальнікаў. Ды пакараць яго не было як! Самага беднага, пачуўшага сэрцам і душою радасць вольнай працы на зямлі, заслаць туды, дзе "Макар козы пасвіў" - не хапала ў іх "натхнення". Аднак, яны змаглі пакараць яго! Лепшы кавалачак зямлі, што мясціўся каля хаты, загаралі для калгаса. А ўсёй зямлі тут было ледзь болей за два гектары. Дзядзька Костусь пачаў больш актыўна апрацоўваць дадатковыя два гектары далей ад хаты ў Хаданішках. Зараз там расце змешаны лес (сасна з бярозай). Дзеці мелі бы за яго добрыя грошы.

У 1951-53 гадах пачалося ўзбуйненне дробных калгасаў. Тлумачылі гэта тым, што шмат было нявыкарыстанай зямлі, бо малалікія калгасы тэхнічна былі дрэнна забяспечаны. Узбуйненне калгасаў давала магчымасць прымяніць тэхніку і пусціць у абарот запушчаныя землі, лугі, пашу, хмызнякі і балоты. Праводзілася меліярацыя, ачыстка і апрацоўка зямель. Гэта на першых парах дало магчымасць павялічыць магутнасць калектыўнай гаспадаркі, яе таварнасць і рацыянальнае выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі.

У 1952 годзе вёска Дзітрыкі ўвайшла ў склад узбуйненага калгаса "Нёман" на базе вёскі Сялец, у 1967 годзе перайменаваны ў калгас імя Манькоўскіх. З наступным узбуйненнем - далучаны да калгаса Чкалава ў 1967 годзе з цэнтрам у вёсцы Ганчары.

На працягу перабудовачных гадоў Федзюкевіч Канстанцін Канстанцінавіч сумленна працаваў на розных пасадах у калгасе. Ён быў намеснікам у сямі старшынь калгасаў: імя Пуш-кіна (Лукашэвіч Сцяпан Іосіфавіч), "Нёман" (Шманай Анатоль, Лук'яненка, Лобан Канстанцін Іванавіч, Логінаў, Вазякін), імя Чкалава (Радзецкі). Доўгі час будаваў у калгасе, працаваў на паляводстве. Летам 2002 года, калі наведваў яго ў чарговы раз, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны быў бадзёрым і вясёлым. Пазней стала вядома, што напачатку зімы таго года, даглядаючы жывёлу, каля хлява паслізнуўся, упаў і пераламаў нагу ў бядры. Нага не зрастаецца, і ён прыкаваны да ложка. Зберагла яго вайна, а цяпер невясёлая дасталася доля.

З узбуйненнем цэнтр калгаса "Нёман"з Сяльца перамясціўся ў нашу вёску. Кантору праўлення пабудавалі побач з нашай хатай. Адносна вёсак гэта месца было асяродкам. Тут рассяліліся вёскі Істакі, Сіманы і Жомайдзі, крыху далей Зарачаны. Толькі вёска Сялец асабняком - за шэсць кіламетраў.

Мае аднагодкі, старэйшыя суседзі, дзядулі і бабулі свята верылі ў лепшае жыццё ў калгасе. Працавалі сумленна на палетках, у жывёлагадоўлі, там, дзе патрэбны рукі ў калектыўнай гаспадарцы. Спачатку не было радыёпрыёмнікаў, рэдка чыталі газеты, таму аб становішчы ў народнай гаспадарцы даведваліся ў праўленні калгасу. Праўленне толькі пад Новы год, разлічыўшыся з дзяржавай збожжам і жывёлай, выдавала на працадні лічаныя кілаграмы зернем.

Да ўзбуйнення калгасу сялянскія хутары займелі прывабны выгляд. Гаспадары агарадзілі падворкі шчыкетнікам, сеткаю і падручным матэрыялам. Сады давалі добры ўраджай. А вось стрэхі працякалі. У калгасе немагчыма было атрымаць кулявую салому. Пабудовы крылі дошчачкай, гонтай. Дошчачку рэзалі у калгасе, гонту куплялі "на баку". У крамы завозілі толь. Яна была тонкая і зусім нямоцная. На страсе ляжала два-тры гады. Пад яе патрэбны былі дошкі, добра дафасаваныя адна да другой. Пазней куплялі рубероід. Ён ляжаў на страсе намнога даўжэй, асабліва, калі яго клалі на разагрэтую смалу. З цяжкасцю здабывалі шыфер. Цяпер пабудовы ў асноўным ім і пакрытыя, некалькі будынкаў - бляхай.

Пачалася актыўная будоўля вялікіх жывё-лагадоўчых фермаў і складскіх памяшканняў. Гумны ў гаспадароў канфіскавалі. Прыдатныя бярвенні выкарыстоўвалі на сцены. Іх закідалі паміж цаглянымі слупамі. Яшчэ і цяпер такія пабудовы сустракаюцца ў калгасах. Пры разборцы гумнаў хутаране, хто днём, хто ноччу нёс, цягнуў і вёз тое, што дрэнна ляжала, што заўсёды было патрэбна ў гаспадарцы, як будаўнічы матэрыял і на дровы. Нават каменні потым спатрэбіліся для будаўніцтва скляпоў і фундаментаў.

Адначасова ў цэнтры, каля нашага хутара, пачалі будаваць тыпавыя дамы. Сюды перасяляліся сяляне з хутароў. Хутары сталі перашкодай для калгасу: нельга было на ўсю магутнасць выкарыстоўваць сельскагаспадарчую тэхніку, спланаваць пасяўныя палеткі, не даць магчымасць красці з калгасных палеткаў вырашчаны ўраджай. А яшчэ гаварылі, што хутарызацыя, праведзеная палякамі, як супрацьстаянне калектывізацыі. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам сяляне сканцэнтравалі пабудову дамоў на тым месцы, дзе раней знаходзілася вёска. Другім месцам стала "праектовая дарога". Так вёска перабудавалася на дзве вуліцы. У Хаданішках, самых далёкіх палетках, застаўся толькі Буйніцкі Рыгор. Жывуць цяпер на хутары дачка Вольга і нявестка Соня. Святло ім правялі ад чыгункі. Побач чыгуначны прыпынак "Дзітрыкі" і садовыя дачы лідскіх чыгуначнікаў. Летам ім весялей бавіць час, бо сустракаюцца з людзьмі. Зімой можна даехаць на станцыю "Нёман".

У пачатку 90-х гадоў дарогу ад шашы да праўлення калгасу заасфальтавалі, пабудавалі дабротны магазін. Старыя хаты ашалявалі, печы склалі з кафлі, у дамы правялі электрычнасць, пачалі завозіць балонны газ. Бялізной засвяціліся хаты, абкладзеныя цэглай у сяльчан Федзюкевіча Канстанціна Канстанцінавіча, Сівіцкага Мікалаая Сцяпанавіча, Буйніцкага Канстанціна Іванавіча, Кухарскага Мікалая Нікадзімавіча, Кухарскага Уладзіміра Іванавіча. Калі яшчэ не было святла, з вёскі ў вёску фурманкай рэгулярна завозілі кіно. Па чарзе гаспадары везлі электрарухавік і апаратуру ў суседнюю вёску. І так далей на наступны дзень.

Са з'яўленнем у вёсцы электрычнасці людзі перасталі глядзець кіно, бо ў хаты прыйшло тэлебачанне. Яно абмежавала кантакты. Суседзі перасталі вечарамі хадзіць адзін да другога. Сяляне займелі суразмоўцу ў тэлевізары. З блакітнага экрана вельмі эфектыўна ўздзейнічалі на свядомасць, розум і пачуцці калгасніка.

Сяльчане спазналі багацце цывілізацыі: электрычнае святло, радыё і тэлебачанне, хаты абклалі цэглай, або ашалявалі вагонкай, ва ўсіх хатах з'явілася падлога, сцены ў пакоях абклеілі шпалерамі, пафарбавалі, што можна было. Працуй, чалавек, і жыві! Аж, не! Маладыя падаліся далей ад родных мясцін у горад. Не дапамагла і хрушчоўская "адліга" у калгасах з яе кукурузай. Моладзь "уцякала", не звяртаючы ўвагі ні на якія заслоны, далей ад бацькоўскага гнязда. Не выратавала калгас і брэжнеўская эпоха. Людзі пачалі атрымоўваць "нейкія грошы". Яны не сталі для маладых "прыманкай".

На сходах агітатараў і "адкрытых" пар-тыйных, куды запрашалі непартыйных настаўнікаў, у калгасных бедах вінавацілі нас: слабая агітацыя, не выпускаем "боевые листки" і іншае. Нам у апраўданне выступіць не дазвалялі. "Праглынуўшы" лаянку калгаснага камуніста, разыходзіліся па сваіх кватэрах з дваякім уражаннем. Тады і пайшла пагаворка: "Хто такі вясковы настаўнік? Гэта слуп, аб які можа пачухацца кожная свіння". Назаўтра, ідучы ў школу, думаў, як несці тое светлае будучае маленькім дзеткам?

На сэрцы адлягала абраза, бо заўсёды з усмешкай успамінаў заключнае выступленне былога сакратара райкама партыі Турыка на жнівеньскіх настаўніцкіх сходах. Ён гаварыў, што настаўнік, трымаючы карову, не здольны змястоўна працаваць і выхоўваць падрастаючае пакаленне. Яны, састарэлыя, і цяпер засталіся на вёсках без школ, дажываюць свой век, працуюць, не збеглі ў горад. На іх падворку каровы, іншая жыўнасць. Яны здаюць малако і маладняк у калгасы і гэтым, як могуць, мацуюць "калгасны лад".

У "хрушчоўскія" часы быў кліч: "Увесь клас у калгас". Аднак вучні разбегліся ад калгаснага шчасця, не сталі руплівымі і дбайнымі будаўнікамі камунізму. Большая палова з іх співаецца, не прыжылася ў горадзе, сэрцам застаецца на вёсцы.

На маю думку, калектывізацыя прайшла праз дзве "зямельныя рэвалюцыі". Першая знішчыла ўсё набытае прыродай і сялянамі за стагоддзі: ураджайнасць глебы, паніжэнне ўзроўню вады, знішчэнне флоры і фаўны, развал грамадскіх адносін. Непрадуманая меліярацыя знішчыла лепшы раслінны збор, а хімізацыя прымусіла глебу ў агоніі даваць лепшыя ўраджаі за лік гумусу, назапашанага продкамі. Цяпер няма той колькасці жывёлы, той "фабрыкі гною", што рухае земляробства на Беларусі. Ні адно хімічнае ўгнаенне не дапаможа беднай беларускай глебе без гною.

Другая "зямельная рэвалюцыя" адбылася ў 1994 годзе, калі да руля дзяржавы прыйшла цяперашняя ўлада. Зусім збяднелыя калгасы пасадзілі на галодны паёк фінансаў. Калгасы сталі тымі "дойнымі" каровамі, якія дапамагалі працоўнаму люду ў гарадах. Вёска ніколі не выходзіла на вуліцы супраць улады. Ад яе можна ўзяць усё, да голай шкуры. Горад такіх адносін да сябе не пацерпіць.

Вёска можа ганарыцца рупнымі людзьмі. Яны, нашы дзядулі і бабулі, таты і мамы, не жадалі арганізоўваць калгас. У калгасе радасці не было. Ім запісвалі працадні, але ў хату за іх не прывозілі збожжа. У дадатак прымусова набывалі аблігацыі, якія абясцэніліся. Зараз многія спачываюць на пагосце вечным сном. Усё жыццё марылі аб лепшым будучым сваім дзецям. Хо-чацца ўспомніць пра іх добрым словам. Доўгія гады працавалі брыгадзірамі Кухарскі Уладзімір Іванавіч (кавалер ордэна "Знак Пашаны", Мулінская (Рудзевіч) Данута Канстанцінаўна. У паляводстве, нажыўшы "букет" хвароб, шчыра-валі Буйніцкі Мікалай Мікалаевіч, яго жонка Зіна; Буйніцкі Уладзімір Кандратавіч, яго жонка Варця; Дзікевіч Ціхан Аляксандравіч, яго жонка Марыя, Дзікевіч Аляксандр Аляксандравіч, яго жонка Марыя; Шулейка Станіслаў Аляксандра-віч, яго жонка Марыя; Грынь Канстанцін Канд-ратавіч, Федзюкевіч Вікенці, яго жонка Зінаіда; Сівіцкі Мікалай Сцяпанавіч; Чылек Валеры Міхайлавіч, яго жонка; Кухарскія Міхаіл і Нікадзім; Хрышчановіч Канстанцін Іосіфавіч і яго жонка; Буйніцкая (Баярына) Галіна Міхайлаўна і яе муж; Буйніцкі Рыгор і яго сын Жэня; Лукашэ-віч Іван Іванавіч; Лукашэвіч Раман і Жэня Іосіфавічы, іх жонкі і іншыя. Яны, спрацаваныя за гады калгаснага ладу, жылі да апошніх дзён на пенсію эквівалентна роўную дапамозе ў 8-12 рублёў адзінокім падчас існавання СССР.

Хто адзін, хто з дзецьмі выхоўваюць унукаў і дажываюць свой век, аддаўшы здароўе і сілы "роднаму калгасу". Гэта Федзюкевіч Канстанцін Канстанцінавіч і яго жонка Адальфіна, Мулін-ская Марыя Сцяпанаўна, Жучкевіч Ганефа Антонаўна, Лукашэвіч Зоя, Буйніцкая Таццяна і іншыя.

Цяпер іх дзеці - надзея хрушчоўскага закліку "Клас - у калгас!" - працуюць на дабітай

ельскагаспадарчай тэхніцы на ўсё больш бядне-ючай зямлі. Трэба ўспомніць Рудзевіча Валерыя Часлававіча 1964 г. н., Баярына Часлава, Сівіцкага Мікалая Мікалаевіча, Буйніцкага Леаніда Іосіфавіча 1964 г. н., Буйніцкага Уладзі-міра Іосіфавіча 1968 г. н., Баярына Аляксандра Часлававіча 1975 г. н., Мурына Мікалая, Жуч-кевіча Эдуарда Леанідавіча і памёршага Кухар-скага Уладзіміра Міхайлавіча. Апошні ўсё сваё жыццё працаваў шафёрам. Дзіву даешся, як яны выжываюць. Месяцамі калгас не выплачвае зарплату, ды і тая "смеху варта". Грошы за здадзенае малако і цёлак па нізкай цане таксама чакаюць месяцамі. Галоўнай крыніцай існавання сялян стала прысядзібная гаспадарка, а калгас - падсобнай. Людзі па "завядзёнцы" ходзяць на працу. Але навошта і за што? Гадуюць свіней, кароў, птушак. На стале ёсць скварка, малако, яйка. Толькі хлеб купляюць у краме. Так і жывуць! На землях прысядзібных участкаў вырошчваецца мо трэць сельскагаспадарчай прадукцыі. І тут нічога не скажаш! За перыяд калектыўнай працы "рухавіком" калгаса былі: конь - соткі - карова - цялё - буракі - сена. У залежнасці ад патрэб калгасны брыгадзір перастаўляў "рухавікі" з месца на месца. Не ходзіш на працу - не дам каня, жонка не цярэбіць лён - атрымаеш толькі палавіну сотак, не здаў у калгас цялё - не атрымаеш сенакос і г. д.

Вялікую "дапамогу" на вёсцы прыносілі і прыносяць "настаўнікі" з горада. З 1950 года сялян вучаць, як сеяць, араць, малаціць, карміць жывёлу. Асабліва пачалі вучыць з 1994 года, пры маўклівай згодзе ніжэйшых начальнікаў. Так і хочацца сказаць: "Пакіньце селяніна ў спакоі!" Ён сам разбярэцца, што рабіць на зямлі. Калгас-нік выжываў за "палачку"(плата за працу), выжывае і цяпер, дапамагаючы гораду. Цяпер з Менска кандыдат гаспадарчых навук вучыць, як перабудаваць калгас. Чалавек жыве ў горадзе, магчыма, не трымаў і не перасыпаў у руках зямельку. А ўся перабудова зводзіцца да аднаго: аб'яднаць калгасы ўсяго раёна ў адзін. За лік моцных калгасаў падняць слабейшыя і бяднейшыя, каб усе сталі аднолькавымі - беднымі. Тут патрэбна правесці паралель - вялікая сям'я паступова распадаецца: распаўся СССР, разваліцца і вялікі калгас.

Успамінаеш і дзіву даешся, што толькі не выдумлялі інструктары з райкаму партыі. Яны вучылі маіх сяльчан калектыўнай працы ў калгасе, каб калгас быў багатым, а калгаснікі заможнымі. Першыя гады касілі, сеялі, збіралі ўраджай усе разам, калектыўна. Жанчыны нават на сенакосе спявалі. Прыціхалі зімою, калі не было чаго атрымоўваць за працу.

Працавалі так. Мужчыны раненька, ну, не так, як раней, у чатыры гадзіны, а ў сем, ішлі касіць. Вядома, хто па "вярхах", хто захопліваў пракос вузей, хто грудок выкошваў, а хто - пакідаў. Пазней прыходзілі жанчыны: траву сушылі, складалі сахарамі ў копы. Пакос меў выгляд падстрыжанай авечкі. На авечцы воўна адрастала, а тут можна было касіць. Складзенае сена дзялілі копамі: дзевяць у калгас, а дзесятая доля калгаснікам. Пачыналася сварка, даходзіла да бойкі. Можна было пачуць: "Я касіў і ўкладаў больш сілы, а ён толькі сушыў ды складаў у копы. Мне капа меншая, а яму большая" і г. д. Затым касілі агулам, жанчыны стагавалі, і ўсе разам вазілі для калгасных кароў. Прыблізна дзесятую долю травастою дзялілі паміж сялянамі на працадні, за малако, за цялё, за буракі, за тое, што працуе не ў паляводстве: канторскім, фермерскім, трактарыстам, транспартнікам і ўсім тым, хто быў лепшым сябрам, ці сваяком і суседам. Цяпер абы прадаваў малако ў калгас - травастой выдзеляць згодна здадзенаму малаку.

Моладзь не захацела дзяліць радасці калгаснага ладу і падалася далей ад вёскі, а бацькі ўсімі сіламі працавалі, каб дапамагаць ім у горадзе. Гадавалі па дзве каровы, здавалі цялят у калгас. Кармоў трэба было шмат. Акрамя калгасных здабывалі іншыя рознымі шляхамі: зелле, вырванае на бульбе, у кукурузе, сушылі; абкашвалі равы, кусты і сырую траву насілі дзяругамі, вазілі раварамі і каляскамі. Ніхто не быў у баку ад малога да старога.

Лягчэй здабывалі сенакос працаўнікі чы-гункі. На паласе адлучэння каля дарогі мелі добры кавалак сенакосу і палетак пад бульбу ці жыта і ярыну.

Настала пара Хрушчова і Брэжнева. Сяляне атрымоўвалі нейкія грошы і вольнасць. Як-ніяк у вёсцы выдалі пашпарты. Але моладзь не жадала сяліцца - іх цягнуў горад. Хацелася паспрабаваць "цывілізацыю", жыць там, працаваць і атрымоўваць належную ўзнагароду. Бацькі па інэрцыі працавалі, дзеці дапамагалі ім радзей і радзей, а ўнукі прыязджалі на лета толькі адпачыць.

Вяскоўцы па грашу збіралі рублі, клалі ў ашчадныя касы з надзеяй, што на старасці, калі занядужаюць, хопіць на лекі і на пахаванне. За тыя грошы можна было купіць машыны, тэлевізары, халадзільнікі і г д. Зараз іх не стала: атрымаюць і купяць маленькую патэльню. Ды што там, на труну патрэбна пазычаць грошы ў суседзяў. Затое вакол гарадоў пабудавалі "царскія вёскі" за заём з іх зберажэнняў. Доўг аддалі хутка - інфляцыя дапамагла!

Калгас павялічваў палеткі пад бульбу. Той працоўнай сілай на вёсцы немагчыма было сабраць ураджай. Горад пачаў пасылаць школьныя "дэсанты". Праз некалькі гадоў абед калгасу каштаваў больш, чым школьнікі накапаюць бульбы. Палавіну яе "працаўнікі" пакідалі ў зямлі. Нават тую, што ляжала на відавоку, затоптвалі нагамі.

Не скажаш, што змены на вёсцы не адбыліся. З пачатку арганізацыі калгасу цэнтр вёскі перамясціўся на "праектавую" дарогу. Тут пабудавалі драўляны дом праўлення калгаса. З далучэннем калгаса імя Манькоўскіх да калгаса імя Чкалава ў гэтым будынку абсталявалі дзве кватэры. Побач стаяла прыгожая цагляная крама, воддаль - механізаваны падворак. Праз вуліцу, нядаўна заасфальтаваную, роўненька стаяць тыпавыя цагляныя дамы, у якія перасяліліся хутаране. Зараз вакол іх растуць садовыя і дэкаратыўныя дрэвы. Далей ад вуліцы, у хлявах размясцілі жывёлу і кармы. Тут жывуць сем'і Жучкевіч Ганефы, Журко Сяргея, Сідарэнка Ганны, Рудзевіч Валі, Юшкевіча Мікалая, Мурынай Паліны, Урбановіч Ганны і Барыса Мікалая.

Ураджэнцы вёскі закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, але толькі Мулінская (Рудзевіч) Данута Канстанцінаўна (Горкаўская сельскагаспадарчая акадэмія) працавала ў калгасе і Буйніцкі Канстанцін Іванавіч (настаўніцкі інстытут) працаваў у Ганчарскай сярэдняй школе. Астатнія пакінулі родныя сцены і раз'ехаліся па Беларусі. Працуюць і рэдка наведваюць бацькаўшчыну. Назаву іх: Федзюкевіч (Шчука) Таццяна Канстанцінаўна (Менскі інстытут народнай гаспадаркі), Сівіцкая Алла Мікалаеўна (аддзяленне журналістыкі БДУ), Шчука (Каралько) Алена Вацлаваўна (пачатковае аддзяленне Гарадзенскага універсітэта), Мулінская Людміла Аляксандраўна, Дзікевіч Мікалай Мікалаевіч (Менскі інстытут фізкультуры), Дзікевіч Сямён Аляксандравіч (Менскі інстытут механізацыі і электрафікацыі сельскай гаспадаркі), Дзікевіч Любоў Ціханаўна (Менскі інстытут замежных моваў), Кухарскі Яраслаў Уладзіміравіч (горацкая Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, агранамічнае аддзяленне), Буйніцкая (Чыжык) Таццяна Канстанцінаўна (юрфак БДУ), Жучкевіч Іван Антонавіч (танкавая акадэмія).

Бываючы на вёсцы і размаўляючы з сяльчанамі аб перспектывах развіцця сельскай гаспадаркі, прыходзіш да высновы: яны ўжо не былыя сяляне. У большасці зацікаўлены ў захаванні калгасу. Яны згубілі пачуццё сялянскай прадпрымальнасці, страшацца стаць самастойнымі гаспадарамі, узваліць на свае замучаныя плечы цяжар клопатаў аб вытворчасці, дапрацоўцы, захаванні і продажу прадукцыі.Становішча наёмнага працаўніка ў калгасе, нават з малой аплатай, іх задавальняе. Падвор'е, што склада-ецца з свіней, каровы і курэй, бульбяныя соткі - той дапаможны капітал, які дае магчымасць існаваць незалежна ад багацця калектыўнай гаспадаркі.

Тое, што селянін стаў "зладзейны", - праўда. Зараз лічыцца нормай узяць з калгаснага поля буракі, хімічнае ўгнаенне, бензін для шафёра, салярку для трактарыста і іншае. Бытуе прыказка:"Хто не ўкрадзе, той не пражыве". Раней на вёсцы было самае горшае вызначэнне асобы гаспадара: "Які ён чалавек? Ён злодзей!"

Ці не таму абыякавыя адносіны да ўсяго калгаснага. Узяць той трактар. Новы, куплены за вялікія грошы, праз некалькі гадоў рамантуецца капітальна. Сабраныя сяльчанамі няведама якой мадэлі трактары з металалому працуюць дзесяць гадоў і будуць яшчэ больш. Цяпер, калі коней здалі на вытворчасць каўбас, міні-трактарамі апрацоўваюць усе прысядзібныя надзелы.

Напэўна толькі каля хатаў і на пастаянных дзялках зямля захавала сваю структуру і ўрадлівасць, бо тут апрацоўваецца дзедаўскім спосабам: рыдлёўкай і конікам з плугам. Тут адбываецца абмен чалавечай энергіі з зямлёй, і яна плаціць добрым ураджаем.

Трэба мовіць некалькі слоў пра цяперашні час. Як жывуць, што гавораць, што думаюць сяльчане? Жывуць яны зараз не ў калгасе, а ў "Агра - Кампаніі - Ліда". Калгас імя Чкалава разглядаецца як суб'ект адзінага гаспадарчага арганізму і завецца ПУАП-ам (Прыватным унітарным аграрным прадпрыемствам) "Ганчары". Для вяскоўцаў пакуль назва незразумелая. Адно добра ведаюць - раней гаспадарка назы-валася двума словамі, цяпер - чатырма, што характэрна для многіх прадпрыемстваў.

Нейк з суседам задумалі разгадаць "ПУАПа". Прыватнага тут нічога не будзе: кіраваў дзейнасцю калгасу старшыня, дык будзе цяпер дырэктар, а акцыі ў "пуапаўцаў" застануцца паперкамі, як адбылося з працоўнымі фабрык і заводаў.

Слова "ўнітарны" прышлося глядзець у тлумачальным слоўніку. "Унітарны - аб'яднаны, адзіны, які ўтварае адно цэлае. (Унітарная дзяржава). Накіраваны на аб'яднанне; аб'яднальны (ўнітарныя пераўтварэнні)". Сялянам зразумела - тая ж калектыўная праца.

Аграрнае, або сельскагаспадарчае, звязанае з землекарыстаннем, землеўладаннем. Слова добра вядомае, бо на цяперашні час у ПУАПе "Ганчары" мізер зямлі згаралі пад зябліва.

Прадпрыемства, як вытворчая ўстанова. Сельская гаспадарка стала прамысловай устано-вай. У народзе гавораць: "Шуміць лес. Шуміць у вярхах, а на зямлю падаюць шышкі". Сяляне слухаюць ды рашаюць свае беды самастойна. Пры мізэрным заробку і пры тым са спазненнем сяляне не хочуць здаваць малако ў калгас па нізкай цане. Зразумела, гэта нейкія грошы для калгасу, падтрымка на "плаву" малочнага камбіната. Але гаспадары парашылі прадаваць малако адразу спажыўцам. Летам свежае малако вязуць у Бярозаўку, халоднымі днямі - смятану, тварог і сыры. Прадукты дастаўляюцца спажыўцам на кватэры і аплата за іх атрымоўваецца адразу. Людзі на вёсцы не збіраюць грошы, каб пакласці іх у ашчадную касу. Навучыліся. Купляюць патрэбнае, дапамагаюць дзецям, ці мяняюць грошы на долары. Так спакайней!

  1. Рудзевіч Валеры Часлававіч 5 3 + 2
  2. Кухарская Валянціна Ўладзім. 5 2 + 3
  3. Кудзін Уладзімір Іванавіч 1 1 + 0
  4. Эмер Надзея Аляксееўна 2 1 + 1
  5. Буйніцкая Таццяна Міхайл. 5 1 + 4
  6. Буйніцкая Сафія Фларыян. 3 2 + 1
  7. Мулінская Марыя Сцяпан. 1 0 + 1
  8. Журко Сяргей Аляксеевіч 2 2 + 1
  9. Жучкевіч Ганефа Антонаўна 4 2 + 2
  10. Сідарэнка Іван Іванавіч 3 2 + 1
  11. Барыс Міхаіл Мікалаевіч 4 3 + 1
  12. Урбановіч Ганна Іосіфаўна - -
  13. Рудзевіч Валянціна Пятроўна 1 0 + 1
  14. Турлюк Валеры Сцяпанавіч 5 3 + 2
  15. Юшкевіч Мікалай Міхайл. 2 1 + 1
  16. Буйніцкая Ірына Аляксандр. 1 0 + 1
  17. Мурына Пелагея Аляксандр. 4 2 + 2
  18. Шарман Іван Станіслававіч 4 2 + 2
  19. Баярык Вячаслаў Пятровіч 3 2 + 1
  20. Мулінская - Бутурля 5 1 + 4
  21. Алена Фёдараўна
  22. Мулінскі Аляксандр Уладзімір. - -
  23. Чарнавус Зінаіда Канстанц. 1 0 - 1
  24. Мурын Мікалай Уладзіміравіч 4 1 + 3
  25. Гушчынскі Валеры Раманавіч 4 1 + 3
  26. Недабудаваная калгасная хата - -
  27. Грышкевіч Сяргей Аляксандр. 5 4 + 1
  28. Жыгала Антон Станіслававіч 4 2 + 2
  29. Буйніцкі Леанід Іосіфавіч 3 2 + 1
  30. Казёл Васіль Віктаравіч 2 1 + 1
  31. Ашурак Вера Ўладзіміраўна 2 1 + 1
  32. Стэфанаў Міхаіл Юр'евіч 1 1 + 0
  33. Кузняцоў Уладзімір Сямёнавіч 2 1 + 1
  34. Журко Алег Сяргеевіч 2 1 + 1
  35. Дзікевіч Леанід Ціханавіч - -
  36. Мулінская Любоў Якаўлеўна 1 0 + 1
  37. Чылек Зміцер Леанідавіч 1 1 + 0
  38. Сямёнаў Аляксей Рыгоравіч 1 1 + 0
  39. Кухарскі Мікалай Нікадзімавіч 5 4 + 1
  40. Шулейка Марыя Ўладзімір. 1 0 + 1
  41. Пуціла Марыя Вікенцеўна 1 0 + 1
  42. Коваль Уладзімір Рыгоравіч 1 1 + 0
  43. Лукашэвіч Зоя Пятроўна 1 0 + 1
  44. Лукашэвіч Раман Іосіфавіч 2 1 + 1
  45. Федзюкевіч Канстанцін Канст. 2 1 + 1
  46. Дача - -
  47. Сівіцкі Мікалай Мікалаевіч 1 0 + 1
  48. Кухарскі Міхаіл Міхайлавіч - -
  49. Лукашэвіч Уладзімір - -
  50. Мулінскі Іосіф Сцяпанавіч - -
  51. Мурын Сцяпан Васілевіч 1 1 + 0
  52. Буйніцкі Канстанцін Канстан. 1 1 + 0
  53. Буйніцкая Соф'я Аляксандр. 1 0 + 1
  54. Буйніцкая Вольга Рыгораўна 1 0 + 1
  55. Колас Віктар Віктаравіч 4 3 + 1

За былыя гады цэнтр вёскі, як пісаў раней, перамясціўся на "праектавую" дарогу. Тут пабудавана 14 цагляных дамоў і крама. 7 дамоў пабудавана ўздоўж вуліцы былой вёскі. Толькі хата Буйніцкага Рыгора засталася ў Хаданішках.

Зараз у вёсцы стаіць пяцьдзесят хатаў. У іх згодна з гаспадарчай кнігай жыве фармальна 46 сем'яў, калі можна лічыць сям'ёй сям'ю з аднаго чалавека. Такіх сем'яў 18. па дзве душы жыве ў 9 хатах, па тры - у 4 хатах, па чатыры - у 8 хатах, па пяць - у 7 хатах. Патрэбна ўлічыць тую з'яву, што згодна з гаспадарчай кнігай шмат жыхароў запісаны "памерлымі душамі": рэдка тут бываюць - і жывуць, і працуюць у розных мясцінах.

У сапраўднасці чатыры сям'і жывуць разам з іншымі (напрыклад, маці - з сям'ёй сына), таму ў вёсцы пустуе 8 хатаў. Праз 67 гадоў хатаў стала больш, чым сем'яў.

Пенсіянеры ў 1971 годзе складалі 28% ад усіх жыхароў вёскі, у 1991 годзе - 27% і ў 2004 годзе - 20%. Адносна працаздольныя пенсіянеры складаюць 36% у 1991 годзе, 34% - у 2004 годзе (адзін пенсіянер на трох працоўных).

Паслямова

Вось і закончыў я апавяданне пра родную вёску. Мае восемдзесят гадоў праляцелі хутка. Праўду гаварыла бабуля Каця, якая пражыла больш 90 гадоў: "Унучак, дзевяноста, тое, што дзевяць дзён". Гады спрасаваліся ў дні, памяць пакінула ў баку нязначнае, але ліхалецці і шчаслівыя часы не забыты. Спачываюць вечным сном мае родзічы і сябры. Няма ў каго спытаць забытае. Бабуля Каця засталася ў памяці без імя па бацьку. Ніхто яго не ведае, няма яго і на помніку тады не пісалі. А шкада! Зараз, збіраючы матэрыял аб вёсцы, сустракаюся з тым, што ўнукі не ведаюць імён бабуль і дзядуль. Дык што гаварыць пра імя па бацьку!

Цяжка было табе, вёсачка. Перажыла свае ўзлёты і падзенні, пастарэла, зморшчылася і згорбілася. Не чуецца з усіх бакоў квакання, усхліпвання, пасвіствання, пахрапвання... Не ўсхваляюць вечнае жыццё жабы. Брукаваная вуліца асела пад цяжарам трактароў, грузавых машын, зарасла травой... Хаты забраліся пад радыяцыйныя шыферныя стрэхі. Замест абразоў - тэлевізар, адкуль чуецца больш няпраўды і спявае голая папса. І ў нядзельку, і ў працоўныя дні часцяком ходзіш з богам Бахусам. Рэдка чуюцца галасы дзетак. Іх за дзевяць вёрст возяць у Ганчарскую школу, а будынак сваёй пустуе. Побач жывуць высокаінтэлектуальныя і безкультурныя, грубіяны, працавітыя і лайдакі...Веянне цяперашняга часу!

Адкрыта і ўскосна гаварылі табе аб ліхім патрыятызме ў бальшавіцкай дзяржаве. Вам, сяльчане, хто не пакладаючы рук, працаваў на гаспадарцы, каб як-небудзь звесці канцы з канцамі. Даць дастатак дочкам, уладкаваць жыццё сыноў - не кожнаму ўдавалася. Хутарызацыя часткова палепшыла жыццё вам, вызваліла ад цяжкай непрадукцыйнай працы на вузкіх палосках зямлі далёка ад вёскі. Людзі больш займелі часу і маглі б зарабіць "злоты" на водшыбе, ды такой магчымасці было мала. Для сяльчан агітацыя пры "першых саветах" стала чыстай вады абманам. Тое, аб чым гаварылі палітрукі, інструктары партыі, нашы мясцовыя агітатары, было завоблачным летуценнем. Абманагітацыя, пабудаваная з картонных домікаў, развалілася за адну чэрвеньскую раніцу. Людзі стаялі на раздарожжы ля разбітага карыта: каму даверыць свой лёс і беды? Непераможная Чырвоная Армія адступала: параненая, галодная, змучаная, дэмаралізаваная, без гармат, тэхнікі па аднаму, групамі...

За імі рухаліся маладыя, бадзёрыя нямецкія салдаты, іграючы на губных гармоніках. Што павінен быў рабіць у такіх абставінах спакойны, асабліва ў нашай вёсцы, спрацаваны селянін? Хапаць касу і кідацца на немцаў, што забралі "свабоду нашу", дараваную бальшавікамі. Нічога не ведалі пра "новы германскі парадак". На кожнай вуліцы і кожным вуглу ён крычаў: "Растрэл". Потым і рабіў з тысячамі людзей па вёсках і ў гарадах. За якія ідэі, надзеі і планы патрэбна ваяваць у такіх умовах? Гаспадар-селянін прытаіўся, прыхаваў сякі-такі скарб: на нейкі час закапаў, прыбраў у сваім сховішчы, адвёз далей ад чужых вачэй. Пачаў чакаць, выглядаць вакол, што робіцца ў свеце, як вядуць сябе немцы. Дзякуй Богу, нашы сяляне не кінуліся на заклікі тых або другіх улад.

Падчас вайны частка жыхароў вярнулася працаваць на даваенныя прадпрыемствы, заводы, фабрыку, чыгунку і шашу. Немцы развесілі аб'явы з загадам неадкладна вярнуцца на сваё месца працы. За тую працу пасля вайны чуліся папрокі. Доўгія гады абражалі, што жылі ў акупацыі.

Дзядулі і бабулі не зразумелі бы вас. Дзе тут да размовы на "трасянцы"! Размаўляюць на вёсцы, ды з радыёпрыёмнікаў і тэлевізараў чуецца нейкі "камбікорм". "Трасянка" складаецца з беларускай і рускай моваў, з дробнай саломы з сакавітым сенам.

Мае сяляне старэюць, становяцца нямоглымі і адзінокімі. Усё сваё жыццё паклалі на "росквіт" калгасу. Сёння калгас не ў стане даць дошак на дамавіну. Але жывучы ў такі складаны час, аднавяскоўцы не згубілі веру ў шчаслівае будучае, у добрыя адносіны да суседзяў, другіх людзей.

Я перакананы, што калгас па жывому рэзаў традыцыйны ўклад жыцця селяніна, паламаў чалавечыя лёсы, разбурыў сямейны дастатак, пасеяў злосць паміж людзьмі. Бяднейшыя сяляне спадзяваліся на лепшае калектыўнае жыццё. Калгас атрымоўваў незваротныя і доўгатэрміновыя крэдыты, тэхніку, насенне. Усё гэта загінула ў калгаснай яме.

Напачатку нейкі энтузіязм часткова быў, але працавітасць і гаспадарлівасць, асабліва неабходныя ў вёсцы не праглядваліся.

Бальшавіцкая агітацыя за гады зрабіла сваю справу. Сяляне хварэюць на камунізм. Піць, гуляць і красці - тое чаму навучыліся за гады калектывізацыі. Яны так і засталіся бяспраўнымі: ад іх нічога не залежыць, і ім нічога на зямлі не належыць.

У размовах чуецца апатыя ад начальніцкага ціску і разгубленасць ад бытавога крызісу. Сялян патрэбна вызваляць ад апатычнага стану. Цяперашні час патрабуе ўдумлівых, адукаваных сялян і кіраўнікоў, здольных дзейнічаць словам, а не ўказамі і селектарнымі "пасядзелкамі", будзіць думку, а не скоўваць яе, нараджаць грамадзяніна, а не ператвараць іх у нявольнікаў.

Святая адказнасць за зямельку выветры-лася. Зямля няўгноеная, недагледжаная, аддае апошнія сілы, зарастае быллём, пырнікам... Не ратуе зямельку змена шыльдаў: ці калгас, ці саўгас, ці цяпер ПУАП. За пяцьдзесят гадоў яе задушыла "гігантаманія". Вялікія і грувасткія сельскагаспадарчыя машыны затапталі пясчаную глебавую мікраструктуру і жывую, і нежывую. Чаму не выпускаць розныя трактары для малой механізацыі Менскаму трактарнаму заводу? Цяпер нашліся б ахвочыя купіць за памяркоўную цану.

Напярэдадні бачыў сон. З сябрам залезлі на самую высокую бярозу. Унізе ўбачылі ў ружовым колеры саламяныя стрэхі роднай вёскі. Наваколле нас уразіла. На поўдні за вёскай Жомайдзі - паўразбураныя кароўнік і вялізнае гумно, пустая пачатковая школа. На захадзе - камяні ад двух вялізных млыноў, тры забруджаныя возеры амаль без вады. Побач - напалову запоўненыя кароўнікі. Воддаль - механізаваны падворак са старымі трактарамі і паламанымі сельскагаспадарчымі аграгатамі. Палі аблытаныя дротам дзе трэба, а дзе і не. Лугі зрэзаныя глыбокімі равамі без вады. На поўначы не стала хутара Саламянкі. На ўсходзе - вёска Супраўшчына, як "на далоні". Няма алешніку, маліны, не чуваць зязюлі. Луг і палеткі пазарасталі пустазеллем і пырнікам. Гэта вынік пяцідзесяцігадовага гаспадарання калгасу. Пачуўся крык мамы, трэск галіны... Мы паляцелі ўніз...

2001 - 2004 гады, вёска Сялец.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX