Вярнуцца: Мемуары

Верасень 1939 г. ва ўспамінах жыхароў Лідчыны


Аўтар: Адамовіч А. Т.,
Дадана: 02-04-2013,
Крыніца: Адамовіч А. Т. Верасень 1939 г. ва ўспамінах жыхароў Лідчыны // Рэха мінуўшчыны : зб. навук. арт. / рэдкал.: А.С. Горны [і інш.]. - Гродна: 2012, C. 156-165.



Лида и Лидчина, как и вся Западная Беларусь, переживала в сентябре 1939 г. значительные для истории события. Начало войны, смена власти повлекли за собой изменения в повседневной жизни людей. Население разделилось: кто-то ждал прихода Красной Армии, другие, наоборот, его опасались. Несмотря ни на что, красноармейцев встречали торжественно и в вооруженное столкновение с лидчанами им вступать не пришлось. После того, как Красная Армия обосновалась на новой территории, начались преобразования, которые население также оценивало по-разному.
The article refers to the events of September 1939 on the example Lidchiny. Witnesses' memories the main source of this work. Author wanted to show the relationship impurity people to events, to show the changes that brought with it new power.


Ёсць падзеі, якія назаўсёды застаюцца ў людской памяці, напрыклад, Другая сусветная вайна. Ніхто не раскажа пра вайну, пра родныя мясціны ў гэты перыяд дакладней, чым іх відавочцы. Верасень 1939 г. для беларусаў -адзін з найбольш эмацыянальных перыядаў у гэтай вайне. Нацыя, якая два дзясяткі гадоў была падзелена паміж варагуючымі краінамі, нарэшце аб'ядналася. Адразу ўзнікла пытанне гістарычнай ацэнкі гэтых падзей, якое на доўгі час сфарміравала дзве супрацьлеглыя пазіцыі ў грамадскай думцы і гістарычнай навуцы. Крыніцазнаўчую аснову дадзенага даследавання складаюць успаміны сведкаў і ўдзельнікаў падзей Бернарда Янушкевіч, Ядзвігі Лоўкіс, Зінаіды Урбановіч. Б. Янушкевіч і Я. Лоўкіс - католікі, адносілі сябе да палякаў. Янушкевічы жылі ў в. Крупва недалёка ад Ліды, мелі 3 гектары зямлі, сям'я Лоўкіс - з Астроўлі, што таксама каля Ліды, была досыць заможнай, валодала 20 гектарамі зямлі. Зінаіда Урбановіч пражывала ў в. Мыто Лідскага павета, праваслаўная, беларуска, з яе слоў, мела 6 загонаў зямлі (калі асноўная частка жыхароў вёскі мелі 1 загон). У 1939 г. жанчыны мелі ад 7 да 17 гадоў. Таксама выкарыстоўваюцца звесткі жыхара Ліды Тадэвуша Комінча, які збірае ўспаміны лідчан пра апошнюю вайну.
1 верасня 1939 г. выбухнула Другая сусветная вайна, якая пачалася з агрэсіі фашысцкай Германіі супраць Польшчы. Прыкметы блізкай вайны з'явіліся ў Лідзе яшчэ да яе пачатку. Прадстаўнікі ўлады вучылі насельніцтва правільна наклейваць палоскі паперы на вокны, каб шкло не лопнула пад час бамбёжкі. Усюды віселі заклікі, якія павінны былі ўздымаць дух насельніцтва: «Моцныя, згуртаваныя, падрыхтаваныя». Па радыё ішлі бадзёрыя перадачы, час ад часу сустракаліся заклікі прыносіць грошы ў Фонд народнай абароны Польшчы. Не пераставалі гучаць запэўніванні ў гатоўнасці даць адпор ворагу. Многія жанчыны пад уздзеяннем патрыятычных заклікаў аддавалі на абарону краіны свае ўпрыгожванні і нават заручальныя пярсцёнкі [3, с. 289].
Людзі для забеспячэння свайго жыцця на доўгі і няпэўны час дадаткова шукалі прадуктаў і іншыя неабходныя для жыцця рэчы. Узрасла колькасць злачынстваў.
Вераснёўскія падзеі 1939 г. выклікалі неадназначную рэакцыю на гэтую сітуацыю. Насельніцтва падзялілася на два лагеры: тыя, хто падтрымліваў прыход Чырвонай Арміі, і іх праціўнікі. Гэты падзел быў выкліканы тым, што кожны па-рознаму ўяўляў будучыню з новай уладай.
Ядзвіга Лоўкіс сведчыць: «Вельмі палохалі звесткі аб хуткім прыходзе саветаў. Яны ішлі без баёў, і ад гэтага станавілася страшней». Але былі і тыя, хто чакаў прыходу савецкай улады. Адны разлічвалі на абарону і падтрымку савецкай улады, іншыя - на лепшае, чым у Польшчы, жыццё.
16 верасня 1939 г. да Ліды дайшлі чуткі, што Чырвоная Армія ідзе вызваляць Заходнюю Беларусь. Вечарам, калі пачало цямнець, запалілі вулічныя лямпы, якія з пачатку вайны не запальвалі. Аказваецца, бургамістр горада Задурскі, даведаўшыся, што савецкія войскі перайшлі мяжу, перастаў падтрымліваць меры супрацьпаветранай бяспекі [3, с. 290]. Бернарда Янушкевіч успамінае: «Жыхары Ліды прадчувалі, што толькі немцамі тут не абыйдзецца. Гэтыя дні былі вельмі трывожныя».
17 верасня Ліда нагадвала ўстрывожаны мурашнік. Неспакойна было ў вайсковых гарнізонах, паліцыі. Яшчэ большую паніку прыўнёс самалёт, які кружыў над горадам. Людзі вырашылі, што гэта Чырвоная Армія [3, с. 290]. Пасля такіх размоў багатыя гараджане пачалі збіраць рэчы і выязджаць з Ліды. Як уцякалі асаднікі з вёскі, успамінае Зінаіда Урбановіч: «Шмат тады палякаў уцякала. Мы тады да бацюшкі хадзілі радыё слухаць, там яны па-свайму гаварылі: «Nasza Polska silna i potężna». Мы выходзім, наслухаўшыся радыё, а яны ўжо каня запрэглі і рэчы сабралі. А адзін згубіўся, заехаў у Мыто і нават не ведаў, дзе знаходзіцца. Уцякалі хто куды».
Найперш апусцела памяшканне паліцыі, а ў будынку гарадской улады чыноўнікі збіралі паперы. Тыя, хто баяўся савецкай улады, выязджалі ў Вільню. Ядзвіга Лоўкіс расказала: «Людзі бачылі, што паны выязджаюць, пакідаючы свае маёнткі, але не ўсе ехалі, некаторыя заставаліся. Напрыклад, пан Пілецкі».
У адрозненне ад распаўсюджанага меркавання, што працоўныя Заходняй Беларусі віталі прыход Чырвонай Арміі, Бернарда Янушкевіч успамінае: «17 верасня наша сям'я плакала па Польшчы, якую з двух бакоў раздзіралі Германія і Савецкі Саюз».
Савецкую ўладу на сваёй зямлі чакалі не толькі простыя бедныя людзі, але і прыезджыя з Расіі. Тадэвуш Комінч паведаміў пра купцоў Комалавых. Да вайны яны жылі спачатку ў Пецярбургу, пазней пераехалі ў Ліду, іх хата была на сучаснай вуліцы П. Марозава. Калі Комалавы даведаліся пра пачатак вайны, яны сабралі суседзяў і пачалі падбухторваць іх дапамагаць рускім. Жонка Комалавага выйшла ў рускай хустцы, тым самым падкрэсліваючы свае адносіны да падзей, якія адбываліся ў свеце. Але лёс іх склаўся нешчасліва: калі прыйшлі бальшавікі, гэту сям'ю арыштавалі, дзяцей раскідалі па Савецкаму Саюзу, старэйшую дачку адправілі ў канцлагер.
Ядзвіга Лоўкіс пра тое, як чакалі Чырвоную Армію, успамінае так: «Чырвонаармейцаў чакалі яўрэі (бо страх як баяліся немцаў) і камуністы». Пра гэтыя падзеі Бернарда Янушкевiч успамінае такім чынам: «Прыхільнікі саветаў чакалі прыходу чырвонаармейцаў, як некага свята. Марылі, што атрымаюць вялікія багацці, нічога не рабіўшы. Уяўлялі Чырвоную Армію багатай, добра ўзброенай арміяй, якая магла захапіць увесь свет. Лічылі, што з СССР прыйдуць простыя рабочыя, а выглядаць будуць як сапраўдныя паны».
Ліда была занята часцямі РЧСА без супраціўлення. І гэта зразумела: усе вайсковыя злучэнні, якія дыслацыраваліся тут перад вайной, былі накіраваны на захад, на польскагерманскі фронт. А тыя, што засталіся для аховы вайсковых аб'ектаў, аказаць супраціўленне не маглі, бо іх было вельмі мала. Да таго ж быў загад Галоўнакамандуючага Войска Польскага Маршала Э. Рыдза-Сміглага: «З Саветамі не ваяваць, толькі ў выпадку націску з іх боку ці спроб разбраення нашых часцей…» [1].
Вечарам у суботу 17 верасня прыехалі тры танкі, даехалі да рынка. Яўрэі іх сустракалі хлебам-соллю, затым салдаты развярнуліся і паехалі за горад. Ноччу на перасячэнні вуліц Гражыны і Вызвалення (сучасныя Калініна і Энгельса) былі ўстаноўлены трыумфальныя вароты для сустрэчы чырвонаармейцаў, горад быў упрыгожаны транспарантамі і сцягамі [3, с. 294].
Старажыл г. Ліды А.Ф. Кулеш сцвярджае: «Заходнія беларусы сустрэлі РСЧА кветкамі, шматлікімі мітынгамі, прывітальнымі шэсцямі, масавымі гуляннямі. Паўсюду раздаваліся здравіцы на яе адрас, на адрас правадыроў партыі і савецкай дзяржавы» [2, с. 141].
Такія факты сапраўды мелі месца, але заслуга ў гэтым лідскіх камуністаў, якія добра падрыхтаваліся да прыходу савецкай улады. Яны правялі агітацыю сярод насельніцтва, і іх плённая праца не засталася незаўважанай. Знайшліся людзі, якім не падабаўся ранейшы рэжым, але яны баяліся ўступаць у камуністычную партыю. А цяпер, калі вось-вось прыйдзе Чырвоная Армія і ўсё роўна раней ці пазней прыйдзецца станавіцца камуністамі, жыць каля іх, працаваць з імі, то можна без страху падтрымліваць новую ўладу.
А.Ф. Кулеш успамінае пра сустрэчу чырвонаармейцаў у в. Збяляны: «На ўсходнім канцы вёскі пабудавалі арку. Працавалі ўсю ноч. Арку аздобілі восеньскімі кветкамі. Верх яе ўвянчалі пяціканечнай чырвонай зоркай. Рыхтаваліся да сустрэчы са сваёй «вызваліцелькай», як да самага вялікага свята. На другі дзень, не дачакаўшыся прыходу Чырвонай Арміі ў вёску, амаль усе маладыя ды і многія старэйшыя сяльчане накіраваліся сустракаць яе ў мястэчка Беліца. Там на рыначнай плошчы, у самым цэнтры мястэчка, сабралася мноства народа. І на гэты раз нікога спаткаць не давялося.
Нехта з былых упраўленцаў Беліцкай гміны ўзышоў на імправізаваную трыбуну і голасна аб'явў, што Чырвоная Армія не прыйдзе. Яна на патрабаванне Англіі і Францыі спыніла свой паход на захад. Усе кінуліся дамоў. Рыначная плошча раптам апусцела. На наступны дзень ў вёску завітала адна з часцей РСЧА, і ўсё сціхла. Страх адышоў, жыццё вярнулася ў звыклае рэчышча. Затое ахапіла новае пачуццё - трывога за будучыню» [2, с. 142].
Раніцай 18 верасня 1939 г. жыхары Ліды ўбачылі танкі з намаляванымі на іх чырвонымі зоркамі. Але доўга яны не затрымаліся і хутка пайшлі на захад.
Праз чатыры гадзіны на навагрудскім тракце паказалася машына з СССР і пад'ехала пад замкавыя сцены. Там адбыўся мітынг. Чырвоны камандзір гаварыў аб шчасці, якое выпала байцам - вызваляць адзінакроўных братоў з Заходняй Беларусі [3, с. 294].
У выніку імклівага паходу РЧСА захапіла шмат ваенных трафеяў, у тым ліку на Лідскім аэрадроме 23 самалёты, з якіх 11 былі ў належным стане.
Прыблізна ў 18 гадзін вечара ў замку адбыўся мітынг, у якім ўдзельнічалі каля 8 тысяч чалавек. Уся плошча каля замка была запоўнена людзьмі. Чырвонаармейцы раздавалі ўдзельнікам мітынга газеты з СССР, брашуры, кнігі. На мітынгу выступіў камандзір танкавага падраздзялення маёр (палкоўнік, падпалкоўнік) Быкаў (Войкаў), які пазнаёміў слухачоў з сусветнымі навінамі [3, с. 295].
Пазней падышлі першыя часці Чырвонай Арміі. Выглядалі яны не вельмі прывабна. Ядзвіга Лоўкіс чырвонаармейцаў запомніла прыкладна так: «Брудныя, страшныя, галодныя людзі. Яны былі замучаныя, бо ішлі пешшу. На галаве былі будзёнаўкі з вялікай чырвонай зоркай. Некаторыя былі абутыя ў бацінкі, ногі былі абернуты нейкай ганучай, а некаторыя ішлі босыя. Ногі былі збітыя, з крывавымі мазалямі».
Некаторыя афіцэры Чырвонай Арміі прыязджалі разам з сваімі жонкамі. Бернарда Янушкевіч расказала, як выглядалі жонкі афіцэраў: «Жонкі афіцэраў хадзілі ў спаднічках за калена, у снягоўцах (гумовы абутак на абцасах). На галаве насілі бярэцікі. Часцей за ўсё запляталі дзве касічкі. Ніколі не бачылі такіх ночных кашуляў, камбінашак, якія былі на захадзе. Яны вырашылі, што гэта сукенкі. Жанчыны маглі ў іх хадзіць на танцы, на базар, куды заўгодна».
Сваіх хатаў камандзіры чырвонаармейцаў у Лідзе не мелі, таму вымушаны былі сяліцца ў кватэрах лідчан. Яны дыктавалі гаспадарам свае правілы, а тыя не мелі права не падпарадкавацца.
У Бернарды Янушкевіч засталіся не вельмі добрыя ўспаміны пра тое, як лейтэнант разам з жонкаю пасяліліся ў іх: «Лейтэнант сказаў нам здымаць абразы, хаваць усё тое, што якім-небудзь чынам адносілася да рэлігіі. Плакалі ўсёй сем'ёй, але выконвалі загад. Жонка афіцэра ўбачыла фігурку Маці Божай і сказала: «Пусть стоит куколка».
Шмат таго, што было на Лідчыне звычайным, здзіўляла салдат з СССР. Бернарда Янушкевіч расказвала: «Яны ніколі не бачылі клінковага хатняга сыру, які рабілі ў кожнай хаце. Калі чырвонаармейцаў пачаставалі такім сырам, ён ім вельмі спадабаўся, але рэзалі яны яго разам з тканінай, у якой сыр быў прыгатаваны. Або лічылі, што сала склеенае, бо ніколі не бачылі, каб яно было такіх памераў. Незвычайным для іх было і масла, салдаты тыкалі ў яго відэльцамі».
Паступова жыццё вярталася ў сваё рэчышча. Насельніцтва пачынала займацца сваёй штодзённай працай. Пачалі працаваць школы, бальніцы. Але ў фабрык не было магчымасцей аднавіць сваю працу. А камуністы зноў пачыналі праводзіць агітацыю сярод насельніцтва, цяпер ім дапамагалі чырвонаармейцы, якія прыходзілі і апісвалі, як добра яны жывуць без паноў і як у іх усяго шмат. Бернарда Янушкевіч расказала: «Калі людзі чым-небудзь частавалі салдатаў Чырвонай Арміі, то яны абяцалі, што калі прыйдуць у наступны раз, то аддадуць усё ў некалькі разоў болей. Казалі, што цукар стаіць у іх на палях адразу ў мяшках, бульбы і ўсіх розных прысмакаў у іх шмат. Зямля ў СССР належыць народу, няма ніякіх паноў, а ёсць толькі ўлада народа». Пра гэта ж успамінала Ядзвіга Лоўкіс: «Саветы ездзілі па вёсках, шмат агітавалі, абяцалі. Казалі, што ў СССР шмат багаццяў. Раздавалі лістоўкі, агітавалі насельніцтва выступаць за рускіх. Абяцалі, што якую працу захочаш, на такой будзеш працаваць усё жыццё». А ў Зінаіды Урбановіч аб агітацыі засталіся такія ўспаміны: «Абяцалі шмат, напрыклад, што зямлі дадуць. Вядома ж, усе бедныя былі, верылі, бо ім дадуць што абяцалі. Нічога дрэннага не чынілі. Навезлі водкі ўсялякай у магазіны, сталі піць усе… У магазінах шмат чаго было. У нашай хаце магазін быў, дык і адзення, і прысмакаў мелі крыху больш, чым іншыя».
У Лідзе была ўведзена каменданцкая гадзіна. У першыя дні магазіны працавалі нармальна. Рубель прыраўнялі да злотага. Насельніцтва імкнулася пазбавіцца ад злотых, пакуль працуюць магазіны, адчуваючы, што хутка гэтыя грошы не будуць запатрабаваныя. Каля магазінаў збіралася вялікая чарга. Займалі чаргу, нават ноччу, нягледзячы на каменданцкую гадзіну. Гэта патрэбна было спыніць. Першы раз, каб ліквідаваць чаргу, людзей загналі ў памяшканне лазні і пратрымалі там, пакуль можна ўжо было хадзіць. Гэта не дапамагло. На другі раз было тое самае, было вырашана пагрузіць усіх у аўтамашыны і вывезці за горад кіламетраў на 15. Пакуль яны прыйшлі ў горад, каменданцкі час ужо скончыўся [3, с. 298].
Новыя ўлады патрабавалі схапіць усіх памешчыкаў, якія не паспелі ўцячы ў Літву, хоць цягнік Ліда - Вільня яшчэ хадзіў. Па лясах хадзіла польскае войска, у горад не заходзіла. Большасць - афіцэры. Тады ў Лідзе ўжо дзейнічала НКУС, кіраўніком быў Лагаеў. Афіцэраў перадавалі яму» [4, c. 9].
Бернарда Янушкевіч пацвердзіла звесткі, што каля Ліды яшчэ заставаліся польскія салдаты: «Недалёка ад Ліды знаходзілася стаянка польскіх салдат. Некаторыя імкнуліся ўцячы за мяжу, а некаторыя траплялі ў палон».
Відавочна, што далей салдатаў адпраўлялі ў лагеры. Але не толькі польскіх салдатаў, солтысаў і асаднікаў напаткаў такі лёс, але і крыху багацейшых за іншых сем'і. Ядзвіга Лоўкіс так успамінала тыя дні: «Сярод насельніцтва былі вядомы выпадкі вывазу людзей. Як правіла, вывозілі тых, што мелі маёмасць. Наша сям'я трапляла ў спіс на вываз у лагер. Мы некалькі нядзель спалі апранутыя. Але пачалася вайна немцаў і рускіх, і нас не паспелі вывезці». Зінаіда Урбановіч сведчыць: «Некаторых вывозілі. У нас лесніка вывезлі з вёскі, а яны ж жылі небагата. Вывозілі ж тых, што заможнымі былі, мы баяліся, што і нас павязуць». Бернарду Янушкевіч гэтыя падзеі абышлі: «На лідскай чыгуначнай дарозе стаяў эшалон з людзьмі. Было чуваць, як яны спяваюць песню «Serdeczna matka»». Адсюль вынікае, што органы НКУС не глядзелі на паходжанне і на маёмасны стан насельніцтва, а шукалі «ворагаў», тых, хто не падыходзіў да іх сістэмы, якія маглі б хоць як-небудь перашкодзіць палітыцы партыі.
Першапачаткова чырвонаармейцы не прымушалі ўсіх уступаць у калгасы. Ядзвіга Лоўкіс расказвала, што адбывалася ў яе роднай вёсцы: «Саветы, прыйшоўшы ў 1939 г., нічога не рабілі, не патрабавалі. Здавалася, што яны прыглядаюцца да гаспадароў і гаспадарак. Шматдзетным сем'ям давалі тканіну».
Перад партыйнымі і савецкімі органамі кіравання была пастаўлена задача арганізаваць органы адміністрацыйнага і гаспадарчага ўпраўлення на сацыялістычных прынцыпах. Пра выбары ў мясцовае кіраванне Зінаіда Урбановіч ўспамінае: «Як прыйшлі саветы, пачалі рабіць сходы, тут нашых выбіраюць кіраваць. Прыехаў адзін Вітлянскі і кажа: «Вы ведаеце, хто я такі? Я - вялікі начальнік!». Правядзенню ўсёй гэтай працы спрыяла актыўная партыйная і масава-палітычная праца сярод насельніцтва. Праводзілася праца па тлумачэнні мясцоваму насельніцтву абставін індустрыялізацыі, калектывізацыі, аб міжнародных адносінах у свеце. Утвараліся органы народнай адукацыі, клубы, бібліятэкі.
Біржа працы прымала меры па ліквідацыі беспрацоўя. У хатах былых паноў сялілі рабочых, якія мелі патрэбу ў жыллі. Арганізавана бясплатная медыцынская дапамога. Пачаліся заняткі ў школах, сярэдніх навучальных установах. Пра працу настаўнікаў у міжваенны час расказала Бернарда Янушкевіч: «Настаўнікам забаранялі вучыць на польскай мове, дазвалялася толькі руская. Яны мелі фактычна две змены: у першую змену яны выкладалі па-руску, у другую - па-польску». Яна расказала і пра адносіны мясцовых жыхароў да змены мовы навучання: «Насельніцтва жадала, каб дзеці вывучалі польскую мову».
22 кастрычніка адбыліся выбары ў Народны сход. Ад Ліды былі выбраны 5 чалавек. 12 лістапада Заходняя Беларусь была прынята ў склад БССР.У красавіку 1940 г. адбылася раённая партыйная канферэнцыя.
У 1940 г. было ліквідавана беспрацоўе. Адбылася рэканструкцыя старых прадпрыемстваў, узводзіліся новыя. Зарплата павялічылася. На прадпрыемствах развярнулася сапраўднае сацыялістычнае спаборніцтва. Насельніцтва падхапіла тэндэнцыю стаханаўскага руху. Некаторых за добрую працу ўзнагароджвалі паездкай у дом адпачынку або санаторый. На фабрыцы «Ардаль» былі адчынены новы цэх, медыцынскі пункт, кабінет зубнога ўрача [3, с. 300].
Але нягледзячы на пазітыўныя змены, у хуткім часе наступіла расчараванне савецкай уладай. Першымі расчараваліся яе прыхільнікі. Да іх не было даверу з боку новай улады, мала хто з іх заняў высокія пасады ў адміністрацыі, на якія яны спадзяваліся. Павялічыліся падаткі, людзей агітавалі аддаваць лішнія прадукты дзяржаве, выганялі людзей з сёл на прымусовую працу: на вырубку лесу, вываз дроў, прывоз камянёў на будаўніцтва летняга поля каля Ліды, за невыкананне можна было трапіць у турму. Ствараліся калгасы, але нават самыя бедныя людзі не імкнуліся ў іх уступаць. Зінаіда Урбановіч успамінала: «У калгас усё клікалі. Прышлюць 8 чалавек, і цэлы тыдзень ходзяць. Ідуць да кожнага ў хату і прапануюць запісацца. Потым людзям надакучыла, пайшлі ўсе і запісаліся ў калгас. Затым пачалі забіраць коней. Аралі ж яшчэ і ў калгасе, садзілі плугам». У школах ішла агітацыя за уступленне ў камсамол. Людзям забаранялася хадзіць у царкву. Каля храмаў дзяжурылі людзі, якія павінны былі журыць дзетак, а часам нават пагражалі тым, хто туды ходзіць. Людзей арыштоўвалі, вывозілі цэлымі сем'ямі. Зімой ганялі на нарыхтоўку дроў, летам - на вываз камянёў для будаўніцтва дарог і аэрадромаў.
Жыццё людзей змянілася ўжо назаўсёды. Вось так, за некалькі дзён, мясцовае насельніцтва стала жыць у іншай дзяржаве, прыстасоўвацца да яе законаў. Ва ўспамінах відавочцаў тых падзей прасочваецца той факт, што адносіны да новай улады былі насцярожаныя.

Cпіс крыніц і літаратуры

1. Коминч, А. Сентябрь 1939 г.: как это было / А. Коминч // Лідская газета. - 2009. - № 95. - 22 жніўня. - С. 2.
2. Кулеш, А. 17 верасня 1939 г. - паваротны момант у жыцці беларусаў / Кулеш, А // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання: матэрыялы навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, г. Ліда, 2008 г.; пад рэд. А. Худыка [і інш.]. - Ліда, 2008. - 141 с.
3. Сливкин, В.В. Лидаведенье. Очень краткая история для тех, кому некогда / В.В. Сливкин. - Лида, 2009. - 324 с.
4. Uszakiewicz, S. Lida sprzed laty / S. Uszakiewicz // Ziemia Lidska. - 1994. - № 14. - Maj. - C. 9.
А. Т. Адамовіч
(Гродна, ГрДУ імя Янкі Купалы) Навуковы кіраўнік - А.М. Загідулін, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX