Вярнуцца: Мемуары

Успаміны пра адукацыю ў вёсцы Ганчары


Аўтар: Кудла Віктар,
Дадана: 17-08-2017,
Крыніца: Кудла Віктар. Урокі вясковай школы. Або Як у Ганчарах настаўнічаў Шырма і чаму ўсе дарогі вялі ў педагогі // Лідская газета № 59(12818), 2 жніўня 2017.; № 63(12822), 16 жніўня 2017.



Урокі вясковай школы. Або Як у Ганчарах настаўнічаў Шырма і чаму ўсе дарогі вялі ў педагогі

З чаго пачыналася школа...

1864 годзе ў Ганчарах было адкрыта земскае народнае вучылішча.

Размяшчалася яно ў казённым доме і ўтрымлівалася на сродкі дзяржаўнага казначэйства і мясцовых сялян. У розны час у ёй настаўнічалі Аляксандр Пятроўскі, Іван Кульвінскі, Пётр Скрабец, Восіп Зубец, Аляксей Якімовіч, Антон Бяганскі, праваслаўныя святары Сяргей Шэстаў і Мікалай Відзембскі. У 1897 годзе пры Ганчарскай царкве была адкрыта аднакласная царкоўнапрыходская школа. У 1900 годзе непадалёку ад царквы, на другім баку вуліцы, пабудаваны з дрэва першы школьны будынак. У той час дырэктарам быў Данько. Існавала тады і жаночая царкоўнапрыходская школа. Настаўніцамі ў ёй працавалі Салаўёва, Мохава, Крылова, Ушакова (на жаль, імёны іх не захаваліся).

Падчас працы па даследаванні гісторыі школы краязнаўцу адкрылася шмат цікавых фактаў. Напрыклад, тое, што адукацыю ў той час атрымлівалі ў асноўным хлопчыкі: у 1886-1887 навучальным годзе вучылішча наведвалі семдзесят хлопчыкаў і двое дзяўчат.

Яшчэ адзін цікавы факт: да пачатку першай сусветнай вайны ў Ганчарах ужо меліся свае настаўнікі, дакладней - настаўніца...

З успамінаў Тамары Грос: "Калі пачалася Першая сусветная вайна, наша сям'я аказалася ў ліку бежанцаў у Расіі. Першымі накіраваліся бабуля Аляксандра, цёця Соня (ёй было 23 гады, да гэтага яна настаўнічала ў Ганчарскай школе) і мая мама Вольга (ёй было 7 год). Абаснаваліся у сяле Навінкі каля Серпухава. Тут цёцю Соню прызначылі настаўніцай, а маці вучылася у школе. Калі ўсе разам у 1919 годзе вярнуліся ў Дроздава, тут адкрылася школа граматы і цёця Соня была ў ёй настаўніцай.

Успамінае Віктар Кудла: "Па аповедах бацькі, родная цёця, Соф'я Ісідараўна Кудла (нарадзілася ў 1892 годзе ў в. Дроздава) да вайны і пасля вяртання з бежанства настаўнічала ў Ганчарах. Была даволі адукаванай інтэлігенткай, чытала вершыкі, байкі. Аднавяскоўцы часта звярталіся да яе з просьбай напісаць якуюсьці заяву ці прашэнне. Прывезла некалькі расійскіх кніжак, сваякі і вяскоўцы бралі іх чытаць. Не ўсе кнігі вярталіся ў добрым стане. Да сённяшняга дня ў сям'і захаваліся «Евангелие» на 800 старонак, 1899 года, "Святая земля" 1863 года, "Беседы о земле і тварях, на ней жывущих" А. Бекетава, 1864 года, "Новое естественное лечение" 1788 старонак. Замужам Соф'я Ісідараўна не была, яшчэ ў Рассіі захварэла на сухоты. Позняй восенню 1937 года, працуючы на полі, адчула сябе дрэнна - так у баразне і памярла. Пахавана на старых Бенеўскіх могілках.

Успамінае Аляксандра Германовіч: "Мой бацька Кандрат Кандратавіч (удзельнік Грамадзянскай вайны, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі) вучыўся ў школе прыкладна ў 1905-1909 гадах. Тады яна называлася "Церковноприходская двухгодичная школа". Навучанне вялося на рускай мове. Былі ўрокі рускага чытання, граматыкі, матэматыкі, а таксама ўрокі рэлігіі, якія праводзіў бацюшка Ганчарскай царквы".

Дарэчы, перад пачаткам Першай сусветнай вайны ў Ганчарскай школе і ў вёсцы Канюшаны працаваў настаўнікам Рыгор Шырма. (Ён нарадзіўся ў 1892 годзе на Пружаншчыне. У 1910 годзе скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы ў Свянцянах і працаваў настаўнікам у Лідскім павеце. - Аўт.) Шырма ўжо тады не толькі настаўнічаў, але і ездзіў па вёсках і збіраў фальклор: беларускія песні, загадкі, прымаўкі, ствараў школьныя хары. Пасля Першай сусветнай вайны Шырма застаўся ў Заходняй Беларусі, збіраў і апрацоўваў народныя песні. Пазней стаў кіраўніком дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы. Цікава, але, як успамінае Аляксандра Германовіч, у 1940 годзе Рыгор Шырма, будучы ўжо выдатным дзеячам культуры, прыязджаў у Ганчары з канцэртам.

Падчас Першай сусветнай вайны і акупацыі нашай мясцовасці кайзераўскімі войскамі школа ў Ганчарах, верагодней за ўсё, не працавала. А пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі аднавіла навучанне на рускай мове. Неўзабаве пачаліся Грамадзянская вайна, савецка-польская, якія пракаціліся па паселішчах Заходняй Беларусі.

Віктар Кудла: "Мой бацька Ваня, будучы ў Першую сусветную вайну ў бежанцах у Ніжагародскай губерні, вучыўся ў рускай школе. Калі разам з бацькамі ў 1919 годзе вярнуўся ў родную вёску Дроздава, тут працавала школа граматы, і ён скончыў чатыры класы. Вайна, разруха, праца на гаспадарцы не далі бацьку магчымасці многа наведваць школу, але набытыя грунтоўныя веды сфарміравалі даволі шырокі кругагляд: ён быў брыгадзірам, рахункаводам першага ў Дроздаве калгаса "Перамога", здатна вырабляў сталярскія вырабы, ведаў на памяць многа вершаў і песняў, меў выдатны голас і хораша спяваў".

Пасля савецка-польскай вайны заняткі ў школе аднавіліся, але на польскай мове, а беларуская мова была забаронена. Называлася школа "паўшэхнай" (7 класаў). Працяглы час у ёй працавалі настаўнікі І. Маліноўскі, А. Пякелка і яго жонка Вольга.

Тамара Грос: "У 1939 годзе я скончыла 3 класы Ганчарскай паўшэхнай школы другой ступені і атрымала пасведчанне школы паўшэхнай з добрымі і вельмі добрымі адзнакамі па прадметах: справаванні, рэлігіі, польскай мове, геаграфіі, навуцы аб прыродзе, арыфметыцы з геаметрыяй, малюнках, занятках практычных, спевах, цвічэнні цялесным (фізкультуры). Навуку ў 3 класе настаўнікі давалі грунтоўную. Сваім сынам я дапамагала рашаць задачкі за 4-6 класы". Любоў Дзякевіч (выпускніца 1937 года): "Аб Ганчарскай школе засталіся добрыя ўспаміны. Дырэктар школы Матушэўскі клапаціўся, каб усе жадаючыя маглі вучыцца. Абавязковага навучання не было. Пры школе была добрая фізкультурная пляцоўка".

Аляксандра Германовіч: "Я пачала хадзіць у школу ў 1937 годзе. Вучоба нам давалася цяжка, бо мы не разумелі польскай мовы. Калі мы пачыналі гаварыць па-беларуску, настаўніца, да якой мы павінны былі звяртацца "проша пані", крычала: "Размаўляць толькі па-польску!" Вучні сціхалі, сядзелі ціха, баяліся".

Марыя Дзякевіч: "У першы клас Ганчарскай школы я пайшла ў 1938 годзе. Гэта быў драўляны будынак насупраць царквы. У ім былі два класныя пакоі, настаўніцкая і кватэра для настаўніка. У гэтым будынку вучыліся толькі пачатковыя класы, а старэйшыя займаліся ў другім памяшканні. З усіх вёсак дзеці хадзілі пяшком. Толькі зімою бацькі па чарзе падвозілі на санках. Заняткі вяліся на польскай мове, а дзеці размаўлялі па-беларуску".

З Ганчароў дарога - у педагогі

На хутары Хаданішкі жыла сям'я Хрышчановічаў. Зямлі ў іх было шмат, але зусім неўрадлівая - пясочак, хмызнякі… У бацькоў, Іосіфа і Ганны, было пяць сыноў і, на вялікую радасць, апошняй - дачка Ніна. Жыла сям'я ў абсталяванай пад жыллё каморы, дзе былі толькі два маленькія акенцы, стол, лава, ложкі і печ. Аднак дзеці не звярталі ўвагі на беднасць, шчыра працавалі на гаспадарцы, а ў вольную часіну старанна рыхтаваліся да школьных заняткаў, імкнуліся да ведаў. Усе добра вучыліся і, скончыўшы школу, пайшлі вучыцца далей. Старэйшы, Іван, карыстаючыся льготамі для таленавітых дзяцей з бедных сем'яў, скончыў Шчучынскую настаўніцкую семінарыю. Служыў у польскай арміі, дзе яму было прысвоена вайсковае званне падхарунжага. У верасні 1939 года застаўся ў акупіраванай немцамі Польшчы. Пасля вайны служыў у войску польскім, працаваў у Маскве ў польскім консульстве. Выйшаў у запас у званні палкоўніка. Анатоль пайшоў вучыцца ў Беліцкую школу, а пасля вайны завочна скончыў Віленскі чыгуначны тэхнікум. Працаваў на чыгунцы. Веньямін скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча і працаваў настаўнікам на Лідчыне, у Дворышчы, потым у Палуянаўцах Шчучынскага раёна. Уладзімір быў дзяжурным на чыгуначнай станцыі Нёман. Міхаіл застаўся пры бацьках і ўсё жыццё працаваў на гаспадарцы. А іх сястра Ніна пасля заканчэння ў 1947 годзе сямігодкі ў Ганчарах скончыла Лідскае педвучылішча і была накіравана ў Дварышчанскую школу настаўніцай пачатовых класаў. Выйшаўшы замуж у 1954 годзе, была пераведзена ў Жучкоўскую пачатковую школу, дзе працавала амаль 20 год, да яе закрыцця, а потым, да 1980 года, - настаўніцай пачатковых класаў Ганчарскай сярэдняй школы.

Там жа, у Хаданішках, жыў Рыгор Буйніцкі - руплівы гаспадар, майстар на ўсе рукі. Рыгор Міхайлавіч і яго жонка Надзея Аляксандраўна выхавалі пяцярых дзяцей. З іх двое - працаўнікі настаўніцкай нівы. Сын Леўчык працаваў дырэктарам Ерамеевіцкай школы, дачка Тамара настаўнічала ў Сіманах, потым у Беліцкай сярэдняй школе.

Цікава, але з ганчарскай мясцовасці яшчэ ў 1928 годзе адразу пяцёра маладых і здольных да вучобы вясковых хлопцаў: Ваня Хрышчановіч з Хаданішкаў, Косця Буйніцкі з Дзітрыкаў, Валодзя Заека з Беневіч, Базыль (Васіль) Папковіч са Жвіркоў, Саша Харкевіч з Ганчароў - паступілі ў Шчучынскую дзяржаўную настаўніцкую семінарыю. Навучанне ў ёй доўжылася восем год. Увесь гэты тэрмін ганчарскія хлопцы добра вучыліся і ў 1936 годзе, пасля здачы дыпломнага іспыту, з першага разу атрымалі дыпломы настаўнікаў пачатковых школ з адзнакамі па прадметах: рэлігіі, польскай мове, беларускай мове, французскай мове, гісторыі, навуцы аб сучаснай Польшчы, геаграфіі, матэматыцы, фізіцы з хіміяй і мінералогіяй, біялогіі (батаніцы, заалогіі і анатоміі з фізіялогіяй), гігіене, музыцы (спевах і ігры на скрыпцы), фізічных практыкаваннях, маляванні, сялянскай працы, педагогіцы, псіхалогіі, навуцы аб дзецях, гісторыі педагогікі, педагагічнай практыцы. Пералік прадметаў, што выкладалі ў настаўніцкай семінарыі, дае падставу меркаваць аб добрай падрыхтоўцы будучых настаўнікаў.

Аб Базылю (Васілю) Канстанцінавічу Папковічу ўспамінае яго дачка Ірына: "Нарадзіўся мой бацька на хутары Жвіркі Ганчарскай воласці ў сям'і сялян. Татавы бацькі многа працавалі, да працы прывучылі і дзяцей. Дзед быў пісьменны, перадаў цягу да навукі сыну Васілю і дачцэ Марыі. Першапачатковую адукацыю Васіль атрымаў у Ганчарскай школе. Вучыўся добра, быў здольны. За выдатную вучобу быў пераведзены з 1 класа адразу ў 3, а праз год - у 5. Сям'я была веруючая, і Васіль спачатку меў намер вучыцца на святара. Але яму падабалася навука, і ў 20-гадовым узросце ён паступае ў Шчучынскую дзяржаўную настаўніцкую семінарыю. Сям'я жыла бедна, таму восем год вучобы хлопцу даліся цяжка. Са Шчучына ён прыходзіў дадому, дапамагаў па гаспадарцы і, як сам расказваў, яшчэ да раніцы клаў у торбу кавалачак сала, чаравікі і пехатой дабіраўся назад на вучобу. Калі памёр яго бацька (у 1939-м), стала зусім цяжка. Усе гаспадарскія клопаты ляглі на плечы Васіля. Але, нягледзячы ні на што, ён скончыў вучобу. Дзе працаваў адразу, дакладна невядома. Згодна з захаваным дагаворам аб прыёме на працу, Папковіч Васіль працаваў у Паставах з 1 верасня 1938-га да 31 жніўня 1939 года. Потым якісьці час працаваў каля Ваверкі ў в. Міхнаўцы. Там ажаніўся з мясцовай прыгажуняй (але ганарліўкай) Верай. Жыццё іх не склалася, і Вера з'ехала з хутара. Адразу пасля вызвалення, з 1944 па 1952 гады, быў загадчыкам Вялічкаўскай школы.

Ганчарская мастачка

У Васіля Папковіча была малодшая сястра Марыя. Вось што ён успамінаў аб ёй: "Сем год Марыя вучылася ў Ганчарскай школе. Вучылася выдатна. Калі ў школу аднойчы прыехаў інспектар і даў заданне, Марыя выканала яго так, што правяраючы ёй адной аб'явіў падзяку і паціснуў руку. Пасля сканчэння Ганчарскай школы працягвала навучанне ў Лідзе. У яе быў талент: яна вельмі прыгожа малявала, яе работы былі на розных выставах. Марыя марыла стаць настаўніцай і мастачкай. Але... Трагедыя перакрэсліла яе мары..."

Як гэта здарылася?.. Сёння існуюць розныя версіі. Згодна з адной, летам, на канікулах, Марыя гасцявала ў дзядзькі ў Ганчарах. Тут яна сустрэлася са знаёмым лейтэнантам, якому вельмі падабалася. Той прапанаваў падвезці яе да хутара, да маці. Марыя спачатку адмаўлялася, але потым згадзілася і села ў машыну. Калі яны былі ўжо на месцы, Марыя саскочыла з падножкі машыны, ды... зачапілася спадніцай за жалеза - лейтэнант не глянуў і паехаў, працягнуўшы яе па брукаванай дарозе. Людзі, якія сядзелі ў кузаве, убачылі гэта і закрычалі, застукалі па кабіне. Калі малады чалавек выйшаў, то ўбачыў Марыю ў жудасным стане (ён не вытрымаў жаху і застрэліўся). Марыя праляжала з тыдзень у бальніцы і памерла. Было ёй 20 год. Пахавалі дзяўчыну каля Ганчарскай царквы. Кожны дзень, як узыдзе сонца, маці прыбягала, падала на магілку і галасіла. Людзі спачувалі яе гору і маліліся…

А вось версія, якая была апісана праз 48 год у газеце "Уперад" (зараз "Лідская газета") сведкам падзеі, ганчарскім падлеткам, які стаў карэспандэнтам, Вячаславам Кучынскім ("Уперад", № 178 ад 12.11.1988 г.): "Неяк летам саракавога года ў Ганчарах прыпынілася машына ГАЗ-ММ. Шафёр дастаў з кузава вядро, каб падліць вады ў радыятар, а малады лейтэнант пачаў заляцацца да дзяўчат, якія тоўпіліся ля шашы. І калі шафёр па-вайсковаму далажыў камандзіру, што машына гатова, тут адна з хутаранак, Марыя Папковіч, папрасілася падкінуць яе па дарозе дамоў. Каб дадаць сабе больш увагі, за рулём ужо сядзеў лейтэнант, а рукаяткай круціў шафёр. Калі машына завурчэла, Марыя шустра ўскочыла на падножку з боку лейтэнанта. Той адразу даў моцна газ, машына рванулася з месца, і мы, падлеткі, што былі на вясковай вуліцы, з зайздрасцю глядзелі ўслед. Да хутара было кіламетры з два, дарога праглядвалася амаль наскрозь, і праз некаторы час мы пачулі, як бабахнулі два выстралы. Адразу насцярожыліся. Мы бачылі, як з крыкам з ляску, дзе стаяў хутар, падняліся вароны і пачалі кружыць у паветры. Што нам, блазнюкам, былі гэтыя два кіламетры? Толькі пыл закурэў пад нагамі, і праз некалькі хвілін мы былі на месцы. Прыбеглі і знямелі. Такога мы яшчэ не бачылі. Марыя ляжала ў набрынялай ад крыві кофтачцы. А воддаль, раскінуўшы рукі (у правай быў наган), ляжаў лейтэнант. Шафёр сядзеў на прыступцы машыны, абхапіўшы галаву рукамі. Відаць, лейтэнант пажартаваў, што завязе дзяўчыну ў гарнізон, і націснуў яшчэ больш на газ. Марыя саскочыла на хаду, і здарылася трагедыя". Так недарэчна-трагічна абарваўся лёс маладой дзяўчыны, што марыла быць шчаслівай.

Урокі вайны

Вайна 1939 года ўварвалася ў вёску галашэннем баб і плачам дзяцей. Солтыс разносіў павесткі прызыўнікам, якіх тут жа адпраўлялі ў салдаты. У школу ніхто не клікаў ісці, і ў яе не хадзілі, настаўнікі раз'язджаліся. Толькі царкоўны звон у нядзелю басіў усё галасней, і на яго заклік гусцей павалілі веруючыя, не трацячы надзеі на Боскую літасць і спагаду. Газеты перасталі сюды даходзіць, радыё ні ў каго не было. Неяк 17 ці 18 верасня, пад вечар, з боку Навагрудка, падымаючы пыл, на шашы з'явіліся дзве танкеткі. Яны прыпыніліся ў вёсцы, з іх вылезлі польскія танкісты ў зашмальцаваных камбінезонах, папрасілі вады. Да вяскоўцаў даходзіў сэнс узбуджаных галасоў жаўнераў: "О Божа, цо з намі бэндзе?"

І сапраўды, на другі ці трэці дзень прыйшлі чырвонаармейцы. Як ператварыліся вёска, людзі! Двары чыста падмецены, на брамах падвязаны пучкі галінак бярозы. Бабы ў новых спадніцах. Нехта прыцягнуў чырвонага саціну, на ім мясцовыя грамацеі вывелі вялізнымі літарамі: "Вызваліцелям - наш прывет!"

Часць, якая зайшла ў Ганчары, была змешанай. Былі ў ёй два танкі, некалькі грузавых аўтамабіляў, падраздзяленне пяхоты. Кіраваў гэтай групай маёр. Бабы паставілі ўздоўж шашы некалькі сталоў, заслалі іх белымі абрусамі. Панаставілі малака, масла, яек, хлеба… Толькі ні адзін салдат не дакрануўся да пачастункаў: "Мамаша, нас кормят хо-ро-шо!» Мужыкі аказаліся ў больш выгадным стане: салдаты шчодра раскручвалі табакеркі і частавалі махоркай.

Настала ўлада першых Саветаў. Школа прадоўжыла працаваць, толькі не на польскай, а ўжо на беларускай мове. Вучыла дзяцей тая самая настаўніца, што і пры Польшчы, Вольга Пякелка. Але звярталіся да яе не "проша пані", а "Вольга Аляксандраўна". Яна ўжо не патрабавала "размаўляць толькі па-польску", а і сама гаварыла па-беларуску. Вучняў пакінулі ў тых самых класах, якія яны скончылі "за польскім часам", таму што яны не ведалі літар кірылічнага алфавіта. Навучанне пайшло лягчэй, матэрыял засвойваўся хутчэй, бо выкладаўся на роднай мове.

1941 год. Восенню акупацыйныя ўлады дазволілі адкрыць школу, і праз некаторы час заняткі аднавіліся. Урокі выкладаліся на беларускай мове. Першы год вучні карысталіся даваеннымі падручнікамі, толькі партрэты Леніна-Сталіна было загадана ліквідаваць.

Вольга Германовіч: "У пачатку вайны былыя настаўнікі Ю. Пякелка і Г. Маліноўскі кудысьці з'ехалі. Першым дырэктарам школы ў ваенны час быў Пяткевіч. У яго была духоўная адукацыя, і займаў ён дзве пасады - дырэктара школы і дзяка ў царкве. Яго жонка Ганна была настаўніцай пачатковых класаў і спеваў. У школе Пяткевіч працаваў усяго год, потым стаў толькі дзяком. На яго месца быў дасланы малады і прыгожы Барысевіч, які неўзабаве ажаніўся з адной з настаўніц. Праз год Барысевіч быў арыштаваны немцамі. Былі чуткі, што яго расстралялі за супрацоўніцтва з партызанамі, а жонка, верагодней за ўсё, з'ехала. У канцы 1943 года ў вёску прыехала жанчына-доктар з маладым чалавекам, напэўна сынам, па прозвішчы Кохан. Ён выкладаў нямецкую мову. Яшчэ адзін настаўнік, Валянцін Пятровіч Казёл, працаваў у пачатковых класах. Зоя Іванаўна Шуціла выкладала беларускую мову і літаратуру, а яе муж, Анатоль Васільевіч Кудла, - геаграфію. Дысцыпліна ў школе была на вышэйшым узроўні".

Аляксандра Германовіч: "Калі пачаўся другі навучальны год (1942-1943), пайшлі чуткі, што школы не будзе - у ёй размесціцца нямецкі гарнізон. Але партызаны зімой 1943 года спалілі абодва школьныя будынкі. Немцаў гэта не спыніла, свой гарнізон яны размясцілі ў памяшканні былога сельскага Савета і хаты-чытальні. Але гарнізону тут было нязручна. Неўзабаве выбралі месца на скрыжаванні дарог, сагналі людзей і збудавалі бункер. А ў памяшканні былога сельскага Савета, дзе стаяў гарнізон, зноў стала працаваць школа. Вучняў было вельмі мала. У класах па два-тры чалавекі, таму ўсе класы вучыліся разам, у адным класным пакоі".

Вольга Германовіч: "Аб Вялікай Перамозе 9 мая паведамілі са званіцы царкоўныя званы. Урачысты набат гучаў над усімі навакольнымі вёскамі. Радыёпрыёмнікаў у насельніцтва не было, але бацюшку Мікалаю Усціновічу неяк удалося прыхаваць гэты цуд сувязі, і ён першым у Ганчарах даведаўся і з дапамогай царкоўных званоў апавясціў усю паству аб радаснай падзеі. У царкве прайшлі ўрачыстыя набажэнствы. Усе: ад малога да вялікага - былі бязмерна рады Вялікай Перамозе. І, нягледзячы на тое што такая вялікая радасць прыйшлася на вясну, калі ў полі і на гаспадарцы шмат клопатаў, ніхто не працаваў, усе святкавалі!"

Пасля вызвалення ў былым нямецкім бункеры адкрылі школу. Вядома, бункер не быў прыстасаваны пад школу: у сценах меліся вялікія шчыліны, дзьмула з вокнаў. Вучні сядзелі, апрануўшыся ў цёплую вопратку, за доўгімі партамі, якія былі змайстраваны наспех.

Спачатку былі толькі 5 класаў, працавалі два настаўнікі: Уладзімір Якаўлевіч Заека (вёў усе прадметы ў старэйшых класах) і Ганна Антонаўна Пяткевіч (вяла пачатковыя класы). Каб выпаліць печкі, навучэнцы 4-5 класаў разбіралі бярвёны з умацавання бункера, пілавалі, калолі, запальвалi ў печках. Але цяпло доўга не затрымлівалася, выходзіла праз шчыліны.

Падручнікаў, сшыткаў не было, вучні былі рады любому шматку паперы. Чарніла таксама не было, яго рабілі са сталовых буракоў, але такое чарніла было прыдатнае толькі адзін дзень, потым скісала. Падручнікі былі толькі ў настаўнікаў. Настаўнік дыктаваў правілы, вучні запісвалі і вучылі на памяць. Вершы таксама запісвалі.

На наступны год у школу прыслалі новага дырэктара Уладзіміра Уладзіміравіча Шайнога (пераехаў з Польшчы). Ён выкладаў беларускую мову і літаратуру, потым працаваў настаўнікам пачатковых класаў. Пазней дырэктарам быў прызначаны Кірыл Фёдаравіч Дзятлаў (выкладаў алгебру, геаметрыю і фізіку). У гэты час настаўнікамі працавалі Мікалай Мікалаевіч Кучынскі, Сяргей Кандрацьевіч Германовіч, Валянціна Іосіфаўна Закржэўская, Канстанцін Іванавіч Буйніцкі, Зоя Іванаўна Шуціла (Кудла), Міхаіл Дзянісавіч Пушчарэнка.

Паступова вучоба ў школе пачала наладжвацца. Сталі паступаць падручнікі, хоць і не ў вялікай колькасці. Кожны вучэбны год заканчваўся іспытамі па ўсіх прадметах, пачынаючы з 4-га класа. Экзамены прымалі строга, у камісіі заўсёды прысутнічалі прадстаўнікі райана.

Нягледзячы на недахоп кніг і іншыя перашкоды, вучні шмат чыталі, цікавіліся падзеямі ў свеце, цягнуліся да ведаў, марылі аб прафесіі. З Ганчарскай школы выйшла шмат таленавітых настаўнікаў, урачоў, інжынераў, вайскоўцаў, спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Першымі пасляваеннымі выпускнікамі сямігодкі ў 1947 годзе былі Анатоль Быстрыцкі (стаў памочнікам машыніста), Тамара Буйніцкая, Аляксандра Германовіч, Марыя Дзякевіч, Ніна Хрышчановіч (сталі настаўніцамі), Галіна Буяк (бухгалтарам), Аляксандра Буяк (тэлеграфісткай), Генадзь Грынь (марскім афіцэрам), Мікалай Кумпяк (афіцэрам-лётчыкам), Пётр Урбановіч (афіцэрам), Вера Касарэўская (работніцай абутковай фабрыкі).

Статус сярэдняй Ганчарская школа атрымала ў 1952 годзе.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX