Вярнуцца: Мемуары

Ліда і Лідская зямля


Аўтар: Ярмалковіч Віктар,
Дадана: 30-09-2018,
Крыніца: Ярмалковіч Віктар. Ліда і Лідская зямля // Лідскі Летапісец. 2017. № 3(79). С. 49-61.



Ліда і Лідская зямля [1]

Першае дваццацігоддзе ХХ стагоддзя

Тлеючая іскра краявога нацыянальнага адраджэння, якая засталася пасля паўстання 1863 года, пачала разгарацца з пачаткам ХХ стагоддзя.

Сярод студэнтаў з земляў між Прыпяццю і Дзвіной пад кіраўніцтвам прафесара Духоўнай каталіцкай акадэміі Браніслава Эпімах-Шыпілы ў 1902 г. у Пецярбургу паўстала першае культурна-асветніцкае таварыства, якое называлася Круг Беларускі. Яно між іншым у мове з слаўнага часу Вялікага Княства Літоўскага, цяпер званай беларускай, пачало распаўсюджваць друкаваную літаратуру.

У тым жа 1902 г. зрадзілася і арганізацыя грамадска-палітычная - Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. На першым сваім з'ездзе ў снежні 1903 г. у Вільні яна назвалася Беларускай Сацыялістычнай Грамадой. Яе арганізатарамі былі: браты А. і І. Луцкевічы, К. Кастравіцкі, В. Ластоўскі, А. Уласаў, Ф. Умястоўскі, А. Бурбіс, а з Лідчыны - Вацлаў Іваноўскі, пазнейшы прафесар Варшаўскай палітэхнікі, паэтка Алаіза Пашкевічанка (Цётка) і Фелікс Стацкевіч. БСГ патрабавала аўтаноміі краю, краёвага сойму ў старадаўняй сталіцы Вялікага Княства Літоўскага - Вільні, беларускага школьніцтва і зямлі для сялян [2].

У 1904 г. царскую Расею страсянула вайна з Японіяй. У студзені 1905 г. у вялікай меры кіраваная Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыяй пачалася ў Расеі рэвалюцыя. Маніфестацыямі, мітынгамі і штрайкамі па гарадах, выступленнямі сялян супраць царскага самадзяржаўя і паноў пракацілася яна і цераз Беларусь. З яе ўпадкам многія з дзеячоў Беларускай Сацыялістычнай Грамады аказаліся ў турмах. Алаіза Пашкевічанка мусіла ўцякаць за мяжу.

Нягледзячы на ўпадак рэвалюцыі, беларусы з 1905 г. дабіліся прызнання права на свой друк. У Вільні выйшла друкам першая легальная беларуская газета "Наша доля". Да гэтага часу на Беларусі існаваў друк толькі расейскі і польскі.

У 1910 г. у Лідзе існавалі 4 друкарскія прадпрыемствы. У 1912-1913 гадах выходзіла расейская газета "Лідскае слова". Калі пачала ў Вільні выходзіць беларуская "Наша Ніва", у Лідзе прадавала яе кнігарня Добкіна.

З прычын цемнаты (болей як 75% насельніцтва Беларусі не ўмела чытаць, у краі не было ні адной вышэйшай школы) [3], а таксама перашкодаў з боку чужацкіх элементаў працэс краёвага нацыянальнага самавызначэння сярод насельніцтва Беларусі развіваўся памалу і масава на ўсе землі краю не пашырыўся.

Нанова ўскалыхнула край І-я Сусветная вайна і рэвалюцыя ў Расеі ў 1917 г. Вайна пачалася 1-га жніўня 1914 г. У верасні 1915 г. Лідчыну занялі немцы. Яны дазволілі абшарнікам арганізаваць так званую "Самаабарону польскую Ліды і Шчучына". Лідская самаабарона сабрала тут толькі 160 чалавек (140 пяхоты і 20 коннікў) [4]. Наогул грамадства Лідчыны заставалася пасіўным і чакала. У першых днях красавіка 1919 г. немцы з Лідчыны выйшлі, а на сваё месца ўпусцілі польскае войска пад камандай Я. Пілсудскага з Варшавы. Не сустракала яно тут радаснага прыёму насельніцтвам Ліды, а часткай прымалася непрыхільна. Выклікала гэта з боку войска супрцьяўрэйскія эксцэсы ў горадзе.

Перад далейшым паходам на ўсход Пілсудскі правёў у Лідзе згуртаванне большых сілаў.

Тым часам у Менску пасля лютаўскай рэвалюцыі яшчэ ў 1917 г. прадстаўніцтвы беларускіх зямель і арганізацыяў утварылі раду, якая абвясціла сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, а 25 сакавіка 1918 г. - Беларусь незалежнай дзяржавай. З такім станам не пагадзіліся расейскія, ужо савецкія часткі. Рада і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі змушаны былі пайсці на эміграцыю. У канцы 1918 г. з ініцыятывы Расейскай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) утварылася Камуністычная Партыя (бальшавікоў) Беларусі, старшынём якой стаў зрусачаны армянін А.Ф. Мяснікоў.

1-га студзеня 1919 г. у Менску аб'яўлена аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ахоплівала акругі: Менскую, Смаленскую, Віцебскую, Магілёўскую, Гарадзенскую і Баранавіцкую. Такога стану не прызнала Польшча. Між Савецкай Расеяй і Польшчай за беларускія землі разгарэлася вайна. У яе ходзе 17 жніўня 1920 г. Ліду заняло расейскае савецкае войска. У далейшым пад Варшавай яно пацярпела паражэнне і пачало адплываць на ўсход. Пад Лідай дайшло яшчэ да апошняга ў той вайне розыгрышу. 29 верасня таго ж 1920 г. Ліду ізноў заняло польскае войска.

Рыжская дамова ад 18 сакавіка 1921 г. між ваюючымі бакамі Лідчыну, як і ўсю Заходнюю Беларусь, пакінула пры Польшчы.

На другім баку, у рамках Савецкай Расеі ўтворана ізноў Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, толькі цяпер ахапіла яна не шмат болей, як Менская акруга. З часам былі далучаны і іншыя землі. Смаленская акруга засталася пры Расейскай СФСР.

Пад Польшчай

З 1920 г. Лідчына, як і ўся Заходняя Беларусь, аказалася ў межах Польскай Дзяржавы. Была знішчана вайной, пераходам з рук у рукі і эканамічна вычарпаная. Адміністрацыйная ўлада апынулася цяпер у руках людзей прыезджых з Польшчы і мясцовых паноў, якія не грашылі ані шырокім светапоглядам, ані прагрэсіўнасцю.

Час для развіцця краёвага нацыянальнага самавызначэння не быў лепшы, чым пры царскай Расеі. Нягледзячы на гістарычнае мінулае Лідчыны і беларускамоўнасць насельніцтва, польскі ўрад і яго адміністрацыя аднесліся да яе так, як бы яна была гістарычна і эканамічна польскай зямлёй. Назву краю Беларусь, наколькі было магчыма, замянялі назвай Крэсы ўсходнія. У такіх умовах пачаўшаеся краёвае нацыянальнае самавызначэнне масава ахапіць насельніцтва Лідчыны не мела магчымасці.

У выніку рэлігійнага падзелу на католікаў і праваслаўных наогул католікі называлі сябе "польскімі", а праваслаўныя - "рускімі", што выкарыстоўваючы ўраднікі пры дзяржаўных перапісах католікаў пісалі палякамі, а частку праваслаўных расейцамі. Некаторыя падавалі сябе за "тутэйшых". Каля Беліцы жыхары праваслаўных вёсак Бандароў, Ямантаў, Крывічоў, Масевіч, відавочна, звяртаючыся да гістарычнага мінулага, пры перапісе ў 1921 г. запісаліся ліцвінамі, што палякі трактавалі як літоўцы [5].

Сама Ліда ў 1921 г. мела не многа болей як 13000 насельніцтва. Прынамсі трэцюю частку жыхароў Ліды, як і мястэчак Лідскай зямлі, складалі яўрэі. У Лідзе частка жыхароў не мела працы. Асабліва цяжка было дастаць работу ў дзяржаўных установах таму, хто пісаўся беларусам. У вёсках дакучала мала- і беззямелле. Каля паловы сем'яў душылася на двух з паловай гектарах і меншых гаспадарках. А побач з вёскамі ляжалі панскія маёнткі плошчай у тысячы гектараў. Польскі ўрад не паклапаціўся ані аб правядзенні зямельнай рэформы, ані аб прызнанні аўтаноміі беларускіх земляў.

У такі час наплывалі з-за мяжы весткі аб Беларускай Рэспубліцы і новым там сацыяльным парадку. Усё гэта ўсхвалёўвала частку насельніцтва Лідчыны. За такім станам пільна сачыла дзяржаўная бяспека. Яна нават усякія праявы краёвага нацыянальнага самавызначэння падцягвала пад камунізм, які ў польскай дзяржаве быў забаронены правам. Урад паставіў у Лідзе полк пяхоты (пад нумарам 77) і на ўсякі выпадак размясціў вайсковы аэрадром.

Не было адкрыта на Лідчыне ні адной беларускай школы. Ані ў адной святыні не пачулася краёвая мова. Пераследавалі ўсіх, хто меў нешта супольнае з беларускасцю. Ужо ў 1920 г. арыштавалі і пасадзілі ў турму ксендза М. Пятроўскага, абвінавачваючы яго ў прыхільнасці да бальшавізму. А ў чым жа праявілася яго такая прыхільнасць. Вось жа ксёндз Пятроўскі быў затрыманы бальшавікамі, і, калі яго вызвалілі, нейкі чырвонаармеец дапамог ксендзу Пятроўскаму паднесці ягоныя рэчы на плябанію ў Лідзе. Такая то была віна ксендза Пятроўскага, беларуса [6].

У некалькіх мясцовасцях паўночнай Лідчыны жыве насельніцтва летувіскамоўнае. Там у касцёлах дазволена была і летувіская мова (Пеляса, Нача, Бутрыманцы, Беняконі, Веранова, Дубічы і Асова), бо пра гэтае насельніцтва дбала і за ім стаяла, хоць і маленькая, але дзяржава, Летува.

Нягледзячы на тое, што беларускае грамадства і арганізацыі дабіваліся роднай мовы ў святынях, нягледзячы на мемарыял беларускага каталіцкага духавенства ад 19 траўня 1925 г. (ад Лідчыны падпісаны пробашчам парафіі Тракелі ксендзам М. Шалкевічам), накіраваны канферэнцыі біскупаў Польшчы, беларускую мову ў касцёлах не дазволілі [7], і заступіцца за беларусаў не было каму. Нават ужо перад самай вайной, прыехаўшаму з Афрыкі праф. ксендзу Яну Тарасевічу адведаць родную вёску Клешнякі каля Васілішак, за тое, што беларус, адміністрацыйныя ўлады забаранілі там знаходзіцца.

Лідчына ў межах СССР

1-га верасня 1939 г. лічыцца пачаткам 2-й Сусветнай вайны. Пачалася яна нападам добра падрыхтаванай і добра ўзброенай Нямеччыны на Польшчу. Пад нямецкімі ўдарамі хутка заламалася польская абарона. Пасля сямнаццацідзённага змагання польскі ўрад і галоўнае камандаванне войска апынуліся за мяжой.

У такой сітуацыі, пачынаючы з дня 17 верасня, землі Заходняй Беларусі пачала займаць армія СССР. У канцы верасня савецкая граніца ўстанавілася па лініі на захад ад Аўгустова, Граева, Асаўца, Ломжы, Замброва і абаперлася на раку Буг. 22-га кастрычніка 1939 г. на гэтых землях адбыліся выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі. Удзельнічалі 96,71 % выбаршчыкаў. Выбраныя дэпутаты ў Народны Сход 28 кастрычніка сабраліся ў Беластоку. Два дні ішлі дэбаты.

Між іншымі справамі Народны Сход аднагалосна пастанавіў прасіць Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняць Заходнюю Беларусь у склад Савецкага Саюза і Беларускай ССР. Выбарная паўнамоцная камісія Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў складзе 60-ці чалавек выехала з Беластока ў Маскву і Менск, каб выканаць рашэнне Сходу. 2-га лістапада Вярхоўны Савет СССР прыняў рашэнне аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанні яе з Беларускай ССР. 12 лістапада 1939 г. Вярхоўны Савет Беларускай ССР пастанавіў: "Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ўз'яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай беларускай дзяржаве".

Толькі цяпер у Лідскай зямлі між іншымі пачалі працаваць школы і з беларускай мовай навучання, а этнічна мясцовыя людзі нараўне з іншымі атрымалі магчымасць працаваць у школьніцтве, адміністрацыйных і гаспадарчых установах. Цяпер толькі краёвае нацыянальнае самавызначэнне пачало ахопліваць больш шырокія слаі насельніцтва Лідчыны.

З надыходам лета 1941 г. беларускія землі сталіся відовішчам новых страшных падзеяў новай вайны.

1941 год

Нядзеля 22 чэрвеня. Настала ціхая, залітая сонцам і цёплая раніца. Раптам людзей Беларусі са сну падарвала слова: "Вайна". Неспадзявана нямецкая гітлераўская армія перайшла савецкую мяжу. З шумам матораў, громам разрываючыхся бомбаў, трэскам кулямётаў і дымам пажараў нямецкія вайсковыя часткі сунуліся на ўсход. Ноччу з 23 на 24 чэрвеня ўвайшлі ў Вільню, 24 чэрвеня занялі Ліду, 28 чэрвеня - Менск, а ў наступным месяцы - цэлую Беларусь.

Па меры таго, як немцы займалі тэрыторыю, падаў устаноўлены савецкай уладай парадак. Край застаўся без грамадскай арганізацыі жыцця. Тагачаснае міжнароднае права абавязвала акупацыйны бок для аховы парадку на занятай тэрыторыі пакінуць папярэднюю адміністрацыю або ўтварыць яе нанава з мясцовага насельніцтва. Тут папярэдняя адміністрацыя распалася. Яе працаўнікі на Лідчыне, у большай частцы прыезджыя з усходу і з-за гэтага члены Камуністычнай партыі разам з фронтам адплылі на ўсход, а мясцовыя пахаваліся, бо яны за працу ў савецкіх установах таксама знаходзіліся пад небяспекай арышту і рэпрэсіі, якая ў той час была адна - гэта расстрэл. З міжнародным правам немцы не лічыліся.

З утварэннем новай краёвай адміністрацыі для ўпарадкавання жыцця яны таксама не спяшаліся. На занятай тэрыторыі панастаўлялі сваіх ваенных камендантаў, якія рупіліся толькі аб справах, звязаных з войскам, а насельніцтва пакуль заставалася пакінутае само сабе з сваімі жыццёвымі праблемамі і акупацыйнымі, неабмежаванымі ў правах у адносінах да мясцовага насельніцтва, ваеннымі.

Праз тыдзень або два пасля фронту наехалі нейкія спецыяльныя аддзелы, якія спыняючыся то тут, то там, ездзілі па вёсках, лавілі так званых камуністаў. Каго абвінавачанага ў камунізме злавілі, пераважна расстрэльвалі, хто ўцёк, палілі яго хату, здзекаваліся і расстрэльвалі яўрэйскае насельніцтва.

Праз нейкі час, па меры, як фронт аддаляўся што раз больш на ўсход, немцы на занятай тэрыторыі, пакідаючы ваенным камендантам толькі вайсковыя справы, пачалі заводзіць сваю цывільную адміністрацыю. Беларусь падзялілі на акругі (гэбітскамісарыяты), акругі - на раёны, а раёны - на воласці. У цэнтральных беларускіх землях арганізавалі дзесяць такіх акругаў. Усе яны падлягалі генеральнаму камісару ў Менску.

Землі на ўсход ад Дзвіны, Барысава і Слуцка апынуліся і надалей у ваеннай зоне. Частку земляў Беларусі на захад ад Шчучына, Ваўкавыска, Ружанаў прылучылі да Прусіі. Брэсцкую зямлю і ўсё Палессе - да рэйхскамісарыята Украіны.

На поўначы, у Ашмяне спярша ўтварылі парадкавую паліцыю з мясцовага насельніцтва. Расказвалі, што калі немцы казалі гэтай паліцыі расстрэльваць яўрэяў, тая пачала плакаць, пакідала стрэльбы. У Ашмяну прыслалі паліцэйскіх з Летувы. Ашмяну і паўночны пояс зямель з беларускамоўным насельніцтвам далучылі да летувіскай акругі. Не лепей выглядала справа з Браслаўшчынай. Праўдападобна, яна таксама мела быць прылучанай да летувіскай акругі, толькі ізноў хадзілі чуткі, што тамашняе насельніцтва супрацьпаставілася з'явіўшымся там летувіскім паліцэйскім. І так у часе разыгрываючыхся драматычных падзеяў сярод насельніцтва гэтых земляў з'явіўся тады анекдот: "Паляк сядзіць і шаблю вострыць, летувіс памежны слуп перацягвае, а беларус за кустом самагонку гоніць". Так ахарактарызаваў тагачасны народны анекдот нацыянальныя суадносіны на паўночна-заходніх землях Беларусі ў першыя дні вайны.

Лідчына

Асобнае месца сярод утвораных на Беларусі акругаў (гебітскамісарыятаў) займала Лідская акруга (гебітскамісарыят). Злажылася на гэта многа прычын і спецыфіка тэрыторыі. Як ужо з вышэйзгаданага анекдота відаць, мясцовае насельніцтва прыход немцаў спаткала пасіўна і спакойна. Гэты спакой на паўночна-заходніх землях Беларусі ўжо ў першыя дні акупацыі пачалі муціць чужацкія налёты. Так, напрыклад, у падвіленскія ваколіцы з прыходам немцаў, каб тут кіраваць, аднекуль зляцеліся не толькі паліцэйскія і розныя іншыя начальнікі з часу сметанаўскай Летувы, але нават паліцэйскія, якія тут кіравалі да вайны 1939 г. Такі ж элемент пачаў муціць спакой мясцовага насельніцтва з прыходам немцаў на Лідчыне.

Лідскую акругу падзялілі на сем раёнаў. Былі гэта:

Лідскі з горадам Лідай,

Радуньскі,

Іўеўскі,

Юрацішскі,

Жалудоцкі,

Васілішскі,

Шчучынскі.

У кожным раёне знаходзіўся зондэрфюрэр, які займаўся гаспадарчымі справамі раёна, жандармерыя, ортскамендатура (для вайсковых спраў) і арбайтамт (ведамства працы, якое ў асноўным займалася вярбоўкай на работу ў Нямеччыну, а таксама пазней - прымусовай высылкай). Так у агульных рысах выглядала нямецкая цывільная адміністрацыя на акупаваных землях.

Яшчэ летам гебітскамісар (акруговы камісар) пачаў арганізоўваць краёвую адміністрацыю, гэта значыць - парадкавую паліцыю, гарадскую ў Лідзе, раённыя і валасныя ўправы. Якая тут вытваралася краёвая адміністрацыя?

Ад дваццацігадовага тут польскага кіравання засталося даволі многа польскай інтэлігенцыі. За малымі выняткамі палякамі былі тут лекары, многа настаўнікаў, купцоў, усе ксяндзы, ухавалася яшчэ некалькі памешчыкаў і афіцэраў. Частка іх стала ў немцаў перакладчыкамі, пры згодзе немцаў у Лідзе былі арганізаваны гарадская ўправа, раённыя ўправы ў раёнах і гмінныя ўправы ў валасцях, а таксама пастарункі паліцыі (шутцпаліцай).

У Лідзе ўтварылі гарадскую раду, якая на бурмістра гарадской управы паклікала юрыста Касоўскага. Гебітскамісар даручыў яму кіраванне не толькі гарадской управай, але і Лідскай раённай управай. Арганізавалі нават свой так званы раздымны суд.

Такая "краёвая" адміністрацыя ў рамках сваіх кампетэнцый навязала парадкі з часу перад вераснем 1939 года, заводзячы ўсюды, так як было тады, польскую мову і старыя парадкі. У горадзе вярнулі назовы вуліцаў з часу перад вераснем 1939 г. Рабілі ўсё так, як бы гэта было не ў Беларусі, а недзе ў цэнтраьнай Польшчы. Усе месцы працы абсадзілі сваімі людзьмі. У гэтым усім найгоршае было тое, што людзі з гэтых установаў ненавідзелі мясцовае насельніцтва, атаясамлівалі яго з расейцамі, скідалі на яго віну за вывазы ў часе савецкай улады, а ў немцаў фармавалі думку як аб камуністычным насельніцтве. Паліцыя чаплялася да віднейшых асобаў з беларускага насельніцтва, арыштоўвала, гнала, як ёй хацелася, на розныя работы, збівала сялян.

У самой Лідзе было яшчэ як бы памяркоўна. Тагачасны бурмістр Касоўскі, хаця паходзіў з Польшчы, салідарызаваўся з чужацкай групай, якая яго паставіла на пасаду бурмістра, мясцовае насельніцтва было для яго чужым, але пры ўсім гэтым злым чалавекам ён не быў. Горш уяўлялася справа ў Юрацішках. Там раённы бурмістр супольна з камендантам паліцыі саджалі пад арышт усіх, хто ім не спадабаўся, ганялі людзей на розныя, імі прыдуманыя работы, чапляліся пры розных аказіях. Не лепш было і ў іншых раёнах. Рэкорд біў, аднак, Шчучын. Кіравалі там бурмістр Лікевіч і камендант паліцыі Коцат. Перад вайной Коцат жыў у Шчучыне, добра ведаў мясцовыя суадносіны, але паходзіў недзе з Сілезіі і таму добра ведаў нямецкую мову. Мабыць, не выпадкова немцы паставілі яго раённым камендантам паліцыі. Не меў ён нават сярэдняй асветы, але жыццёва быў вопытным і хітрым. У яго паліцэйскую кампанію ўвайшлі нейкія прыблуды і дэгенераты як Цывінскі, Гаенскі, Галомбэк і ім падобныя. Многа пацярпела ад іх мясцовае насельніцтва, асабліва сяляне. Не гаворачы ўжо аб розных прычэпках, пры аказіях яшчэ збівалі. Тры разы ў Шчучыне арыштоўвалі настаўніка Язэпа Клышэвіча, абвінавачваючы яго перад немцамі ў камунізме. У канцы мусіў ён уцякаць са Шчучына. Летам разам з немцамі акружылі вёску Лагады. Арыштавалі як чырвоных настаўнікаў Паўла Шляхтуна, яго дачку настаўніцу Аўгенню, настаўніка Уладзіміра Шляхтуна і іншых чатырнаццаць асобаў.

Арыштаваных прыгналі ў Шчучын і замкнулі ў валасной арыштанцкай. Іх пільнавала Коцатава паліцыя. Уночы паліцэйскія ўрываліся ў сярэдзіну і білі.

Кашы яек, масла і сыроў, дастаўленыя немцам лагадаўцамі, тады выбелілі арыштаваных чырвоных, але з боку паліцыі Коцата пагроза над гэтымі людзьмі вісела далей.

У такіх варунках Лідчына знаходзілася як бы пад падвойнай акупацыяй.

Рэакцыяй на такі стан рэчаў дзеля легальнай абароны правоў мясцовага насельніцтва ў Лідзе ўтварыўся Беларускі Камітэт. Ініцыятыўная група старшынём Камітэта абрала інжынера Лаўскага. У склад Камітэта ўвайшлі яшчэ натарыюс Кабычкін, Пінкевіч, работнік Вяргейчык і вярнуўшыйся з Варшавы на Бацькаўшчыну студэнт Пётр Рандаровіч. Нейкім цудам удалося ім дабіцца ў немцаў прызнання і атрымаць памяшканне. Не маючы на месцы адпаведна патрэбных людзей, Лідскі Камітэт звярнуўся па дапамогу ў Віленскі Камітэт.

Што ўяўляў у той час сабой Віленскі Беларускі Камітэт?

Няпраўда, як пішуць некаторыя, сведама ці нясведама ачарняючы, што Беларускі Камітэт у Вільні ўтварылі немцы, каб ён ім дапамагаў. У Вільні і ваколіцах была сітуацыя, як на Лідчыне. Тут жыло і жыве таксама беларускамоўнае насельніцтва. Яно таксама патрабавала аховы сваіх правоў, а гэта можна было зрабіць толькі арганізавана, цераз сваё прадстаўніцтва. Такім прадстаўніцтвам стаўся Камітэт. Не адразу яго немцы прызналі. Яны пагаджаліся на існаванне таго, што ўжо засталі, але не дазвалялі тварыць нешта новае. Віленскія беларусы прадставілі, што ў Вільні такі Камітэт існуе ўжо ад 1919 года, закрыты польскай адміністрацыяй у 1938 годзе, існаваў таемна. І так сталася, у галаве Камітэта стаў доктар стаматалогіі Грабінскі. Ягоная кватэра пры Партовай вуліцы спачатку была і месцам Камітэта. Пазней Камітэт у Вільні дабіўся памяшкання пры вуліцы Гедыміна, 4. Першае, што ён арганізаваў, гэта было сталае дзяжурства кансультантаў юрыдычнай дапамогі. Праблемаў было нямала. У дачыненні да немцаў людзі не разумелі іхняй мовы і заставаліся бязраднымі. Некаторыя сем'і звярталіся з просьбай аб умяшанні ў справах арыштаваных іхніх блізкіх. Амаль усе беларусы былі без работы. Трэба было заняцца справай школьніцтва і г.д. Ясная рэч, што ніхто іншы гэтым не заняўся б, калі б не заняліся ім самі тыя, каму гэта было трэба. Сюды з трывожнымі весткамі з Ліды прыйшоў Пётр Рандаровіч. Пазней прыехаў інжынер Лаўскі. Патрабавалі адпаведных, патрэбных Лідзе людзей.

З Вільні згадзіўся выехаць інж. Адольф Клімовіч. З віленскай беспрацоўнай інтэлігенцыі сабраў ён яшчэ некалькі чалавек.

Інж. Лаўскі працаваў у Лідскай дарожнай управе. Дзякуючы гэтаму ў сваім распараджэнні ён меў грузавую машыну з катлом на дрывах. Сабраў туды ўсіх і сонечнай трохі ўжо халоднай раніцай накіраваўся ў Ліду. Па дарозе машына часта спынялася, псавалася, часамі не хапала паліва. Збіралі тады ў прыдарожным лесе дровы, папаўнялі імі кацёл, і так у канцы дня галодныя даехалі да Ліды, а і там есці не было чаго. Была ўжо восень, канец кастрычніка.

Дапаўненні:

1) У валасной арыштанцкай у Шчучыне былі тады трыманыя не толькі людзі з Лагад, але таксама многа іншых. Здзекамі над арыштаванымі праславіўся асабліва паліцэйскі Карчэўскі.

Горад Ліда

Як выглядала Ліда пасля фронту 1941 года. Абраз быў прыкры і сумны. Уся цэнтральная частка горада разбітая бомбамі або спалена. Сярод гэтых руін, як сведкі гора, узвышаліся, нейкім цудам астаўшыяся цэлымі, два касцёлы. З падвалаў некаторых разбітых дамоў выходзіў трупны пах. Акрамя касцёлаў цэлымі засталіся толькі прадмесці, чыгуначная станцыя, будынак сярэдняй школы і фабрыка земляробчых машын.

Будынак сярэдняй школы займаў гебітскамісарыят (акруговы камісарыят). Усе лепшыя дамы, якія яшчэ засталіся, займала нямецкая жандармерыя і ўсякага роду паліцыя, ортскамендатура (гарадская вайсковая камендатура) і іншыя нямецкія ўстановы.

Зараз жа пасля прыезду з Вільні ў Камітэце пачаліся нарады. Кіраўніцтва Камітэта даручылі цяпер інж. Клімовічу. Члены Камітэта стаялі на пазіцыі, што, каб спыніць пераследаванне мясцовага насельніцтва дагэтуляшняй, так званай, "краёвай" адміністрацыяй, у мясцовыя краёвыя органы павінны ўвайсці і беларусы. Ужо раней Камітэт дабіўся, што справы школьніцтва ў акрузе даручылі беларусу А. Макарэвічу. Меў ён вышэйшую асвету, але быў ужо старым і слабога здароўя. Цяпер справа ішла пра Лідскую гарадскую і раённую ўправы.

Гебітскамісарам быў немец прозвішчам Ганвег. Да яго на перамовы пайшла дэлегацыя Камітэта. Прыняў ён яе са сваім памочнікам. Немцы ў асноўным згаджаліся, каб у мясцовую адміністрацыю ўвайшлі і беларусы, але патрабавалі ад іх адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкі. У ходзе перамоваў адзін з членаў дэлегацыі прапанаваў, каб беларусу, як выхадцу з вёскі і таму знаўцу вёскі перадалі кіраўніцтва Лідскай раённай управай. На гэта немцы паднялі крык. Памочнік гебітскамісара крычаў: "Падай ім палец, то яны хапаюць цэлую руку". У канцы канцоў згадзіліся інж. Клімовіча прыняць перакладчыкам у гебітскамісарыят, другога ад беларусаў - юрыста - зрабіць намеснікам бурмістра гарадской управы, трэцяга - перакладчыкам у Лідскай гарадской управе, чацвёртага прызначыць школьным сакратаром пры акруговым школьным інспектары Макарэвічы.

Клімовіч Адольф. Інж. Адольф Клімовіч быў выдатным дзеячом на беларускай ніве Заходняй Беларусі. Належаў да партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, перайменаванай у 1936 г. у Беларускае Народнае Аб'яднанне. Рэдагаваў і выдаваў у Вільні беларускі кааператыўна-земляробскі месячнік "Самапомач".

Як ужо згадвалася, у часе нямецкай акупацыі восенню 1941 г. на просьбу лідзян Клімовіч выехаў у Ліду, дзе рэпрэзентаваў і бараніў інтарэсы беларускага насельніцтва. Вясной 1944 г. паехаў адведаць Прагу, у якой у маладосці вучыўся. У тым часе перасунуўся фронт, Беларусь ізноў аказалася пад савецкай уладай. Клімовіч вярнуўся на Бацькаўшчыну, але не выяўніўся. Шукала яго ўжо савецкае КДБ. У 1951 г. быў арыштаваны, трымалі яго ў следчай турме на Лукішках у Вільні, а пазней у Маскве, пасля чаго быў вывезены ў лагер у Сібіры. У 1956 г. справа Клімовіча была перагледжана, і ён быў вызвалены. Вярнуўся ў Вільню з падарваным здароўем і 24.ХІ.1970 г. там памёр. Пахаваны на вясковых могілках на яго роднай Свянцяншчыне.

Так Лідскі Камітэт дабіўся гэтым пакуль хоць таго, што пры ўладжванні розных спраў насельніцтва з немцамі, магло яно абаперціся на сваіх людзей, а не, як дагэтуль, на чужых, часта яму неспагадных або і варожых. Да гэтага часу беларусам у дачыненні з ге бітскамісарыятам трэба было весці перамовы цераз фольксдойча (нямецкага паходжання), прозвішча якога не памятаю. Паходзіў ён недзе з Польшчы, быў высокага росту, па выгляду прыпадабняўся да Гітлера, многа мудрыўся і на беларусаў няведама чаму глядзеў зверху.

Пасада намесніка бурмістра была больш ганаровай, чым фактычнай. Галавой зажонду мейскага (гарадской управы) і далей быў Касоўскі. Усе справы і далей рашаў ён сам, а намеснік мог толькі прыглядацца. Найбольш балючай справай у горадзе было беспрацоўе сярод насельніцтва, а нічога тут нельга было зрабіць. Каб некага, напрыклад, уладкаваць у зажонд мейскі, трэба было б звольніць дагэтуль працуючага, а гэта таксама было б не па-людску.

Яўрэйскае насельніцтва з горада было ўжо некуды вывезена або знішчана. Частка яго, выбрана, капала недзе ў раёне торф. Быць там не прыйшлося, але, думаю, умовы іх жыцця і працы былі незайздроснымі.

Дапаўненне.

Бел. сав. энцыкл. падае, што немцы 8 траўня 1942 г. расстралялі ў Лідзе 5 670 мірных грамадзян, што мае адносіны да яўрэйскага насельніцтва. Ужо восенню 1941 г. у горадзе яўрэйскага насельніцтва не было відаць.

Праца і асягненні

Ішла зіма. Камітэт у Лідзе звярнуў асобную ўвагу на справы асветы і культуры. Дзякуючы старанням Камітэта, хоць позняй восенню, але пачала працаваць у горадзе школа, ужо і зноў на мясцовай беларускай мове. Кожную нядзелю для насельніцтва горада ў памяшканні Камітэта чыталі лекцыі па беларускай мове, гісторыі літаратуры і краю.

У горадзе існавала невялікая друкарня. Была зроблена спроба выдаць друкам кароткі нарыс гісторыі краю. Быў гатовы рукапіс. Пайшлі ў гэтай справе з Клімовічам да гебітскамісара. Гебітскамісар даручыў вышэй апісанаму фольксдойчу, што ўпадабняўся да Гітлера, праверыць тэкст. Трэба было яму чытаць. Спачатку неяк слухаў, хоць гаварыў толькі па-польску і ўдаваў, што беларускай мовы не ведае. Але калі закранулі справу крыжаносцаў, наставіў вуха, а як дайшло да таго, што паход крыжаносцаў у 1236 годзе ў Літву пацярпеў паражэнне, падняўся крык.

- Як гэта, - крычаў, - пазней пад Грунвальдам і то яшчэ крыжаносцы не былі разбітымі, гэта ж былі немцы, як можна пра іх так пісаць.

На гэтым спроба выдаць друкам кароткі нарыс гісторыі краю і скончылася. Мы зразумелі, што калі пісаць аб'ектыўна, з гэтага нічога не выйдзе, а, каб не выйшла нечага яшчэ горшага, больш і не спрабавалі. У Камітэце была машына для пісання. Дзяўчаты, якія гуртаваліся пры Камітэце начале з Таісай Пінкевіч, яе сястра Раіса і Таіса Сарока адстукалі той рукапіс "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" на той машыне і хоць па адным экземпляры раздалі ў кожны раён.

Пасля бурнага лета апошнія месяцы 1941 года ў горадзе праходзілі спакойна. Усяляк бывала ў акрузе. У некаторых мясцовасцях і далей дакучала паліцыя, у адных рабіла гэта самадзейна, у іншых, як напрыклад у Юрацішках, сумесна з бурмістрам раёна. Уцякалі людзі да Камітэта ў Лідзе, просячы ўмяшальніцтва і дапамогі.

Аднаго разу прыбеглі людзі з Дакудава. Прыехаў адтуль святар. Арыштавалі там селяніна. Фальшыва абвінавачаны знаходзіўся ўжо ў жандармерыі, і нічога добрага яго не чакала. З прыехаўшымі дакудаўцамі і іхнім святаром пайшоў ад Камітэта з хадайніцтвам да гебітскамісара інж. Клімовіч. Жыццё чалавека тады ўдалося ўратаваць. Такія справы і таму падобныя ўладжваць з гебітскамісарам ад Камітэта прыходзілася інж. Клімовічу. Трэба тут сказаць, што ў гебітскамісарыяце яго паважалі, лічыўся з ім гебітскамісар, і ўдалося яму многа добрага зрабіць для мясцовага насельніцтва Лідчыны.

У гэты час актуальнай стала справа ўпарадкавання назваў вуліц горада. Заняўся гэтым Лідскі Камітэт, распрацаваў свой праект і перадаў на разгляд. Праект вяртаў вуліцам старынныя мясцовыя назвы, якія яны мелі калісьці, а новым прапаноўваў назвы мясцовага значэння. Праект разглядала рада пры зажондзе мейскім. Хаця ў той час у раду ўваходзілі выключна палякі з тагачаснай лідскай інтэлігенцыі, яны згадзіліся без ніякіх паправак. Пераслалі яго на зацверджанне ў гебітскамісарыят. Там яго ў многім дэфармавалі. Для галоўных, цэнтральных вуліц увялі назовы нямецкія і пакінулі назву вуліцы былога польскага маршала Я. Пілсудскага. Прапанова Камітэта была ўзята пад увагу не цалкам, але і так у вялікай частцы гэтым быў сцёрты з горада дасюлешні чужацкі налёт.

Беларуская Народная Самапомач

З пачаткам зімы 1941/42 гг. прыйшлі ў Ліду весткі аб утварэнні ў Менску Беларускай Народнай Самапомачы. Разам быў заклік арганізаваць дапамогу для галадаючага насельніцтва сталіцы. У Менску тады мне яшчэ быць не прыйшлося, але гледзячы на Ліду, уяўляў, як выглядае Менск. Разам у рамках агульна-арганізацыйных Беларускі Камітэт у Лідзе павінен быў ператварыцца ў Лідскі Акруговы Камітэт Беларускай Народнай Самапомачы. Цяпер галоўнай і асноўнай задачай Камітэта было арганізаваць дапамогу галадаючаму Менску.

Для лепшай і спраўнай арганізацыі помачы былі арганізаваны Камітэты Самапомачы ў раёнах і пункты ў валасцях. Да закліку аб дапамозе сталіцы насельніцтва Лідчыны аднеслася з поўным разуменнем. Сам горад дапамагчы тут не мог. Ён сам быў у такім жа становішчы, як і Менск. Затое насельніцтва вёсак ссыпала збожжа, прывозіла ў магазін (склад) у Ліду, адкуль перапраўлялі яго ў Менск.

Немцы пагаджаліся на дзейнасць самапомачы. Падобныя арганізацыі існавалі і ў іншых, акупаваных немцамі краях. Напрыклад, у Польшчы такой дзейнасцю займалася РГО (Рада Глувна Опекуньска). На Беларусі з часам у некаторых акругах гэтая арганізацыя набыла многа іншы характар, як на пачатку.

З прынцыпу нямецкія ўлады не згаджаліся, каб паўставалі нейкія новыя краёвыя арганізацыі. Беларусы ў такіх варунках, атрымаўшы права арганізавацца ў БНС-е, акрамя задач арганізацыі дапамогі і сацыяльнай апекі пад фірму гэтай арганізацыі ў некаторых акругах падцягнулі, што толькі далося. І так з часам у некаторых акругах Беларуская Народная Самапомач з арганізацыі дабрадзейнай ператварылася яшчэ ў культурна-гаспадарча-палітычную.

Нямецкая акупацыя

Як жа выглядала ў той час жыццё? Гаспадарчых прадпрыемстваў агулам Ліда мела не многа. Цяпер адны з іх не працавалі, іншыя былі пад нямецкім кантролем або зусім у іхніх руках. Найбольшым прадпрыемствам была тут фабрыка земляробчых машынаў. Цяпер там цалкам гаспадарылі немцы. Працавала невялікая маслабойня і яшчэ меншая каўбасная, але ўсе іхнія прадукты забіралі немцы. Млыны знаходзіліся пад іхнім асобным кіраўніцтвам і кантролем.

Ехаць цягніком мог толькі той, хто дастаў пропуск у немцаў, і то пераважна ў таварным вагоне з надпісам па-нямецку: "Для туземцаў". Пошта не існавала. Радыёпрыёмнікі мець сурова забаранялася. Існаваў у горадзе рынак, але час ад часу акружалі яго немцы, у людзей правяралі дакументы, у некаторых адбіралі тавары, некаторых затрымлівалі. Абавязваў забаронены час. Да гэтага ў снежні гебітскамісар выдаў распараджэнне, каб мясцовае насельніцтва з удзячнасці за вызваленне краю ад бальшавізму пры спатканні з абмундзіраваным немцам скідала б шапкі. У выніку таго распараджэння жандары білі па твары таго, хто шапкі не знімаў. Гэта ўсё жыццё на Беларусі рабіла цяжэйшым, чым у іншых акупаваных немцамі краях, хоць бы ўзяць Польшчу.

Толькі летам 1942 г., хіба як пабачылі, што іхні бліцкрыг не ўдаецца, гебітскамісар Ліды абавязак знімання шапак адмяніў. Усе іншыя абмежаванні заставаліся аж да канца іхняй акупацыі. Сярэдніх школаў не было. Горад ад поўнага голаду ратавала вёска.

Тым часам чужацкія колы арганізоўвалі даносы немцам на мясцовую інтэлігенцыю. На тутэйшага юрыста прыслалі ў гебітскамісарыят данос аж з Вільні. Паказвалі на яго, як на камуністычнага агітатара. Такім спосабам, пакуль рукамі немцаў планавалі знішчыць нявыгадных ім асобаў. У гэтым выпадку гебітскамісар выклікаў інж. Клімовіча, прад'яўляючы прэтэнзію і абзываючы таго ж юрыста камуністычным рэдарам. Толькі добры водгук інж. Клімовіча і ягоны намёк на Беларускі Камітэт у Вільні і цяпер Акруговы Камітэт БНС у Лідзе супакоілі гебітскамісара.

Праходзілі таксама ў тым часе змены ў тагачасным зажондзе мейскім (гарадской управе) Ліды. Не ведама, па сваёй просьбе ці ў выніку незадавальнення беларускага насельніцтва горада, з пасады бурмістра быў звольнены Касоўскі. Новым бурмістрам Ліды гебітскамісарыят прызначыў ізноў з чужацкіх колаў ранейшага судовага абаронцу дзядулю Баярчыка. Пасада намесніка бурмістра, як такая, касавалася. Ад беларускага насельніцтва юрысту паабяцана праца кіраўніка адміністрацыйнага аддзялення. У пачатку лета ён пакінуў Ліду.

А мясцовае насельніцтва памалу прывыкала да створаных умоваў, атрасалася ад страху тэрору. У той нялёгкі час народ не траціў гумару. Сярод хлопцаў усюды стаўся модным іранічны кліч: "Давай не баяцца!". З многіх мясцовасцяў цераз Камітэт, цяпер ужо БНС, ішлі скаргі на паліцыю, патрабавалі замены яе складу мясцовымі. У некаторых мясцовасцях выпатрабавалі, што старшынямі воласцяў былі прызначаны мясцовыя людзі.

З мясцовых на лідскай арэне трэба яшчэ ўспомніць аб дзвюх асобах, гэта аб інж. Малажавым і Кіслым.

Малажавы, раней беспрацоўны горада Вільні, быў высокакваліфікаваным інжынерам-электрыкам. Пры рэкамендацыі Клімовіча гебітскамісар прызначыў яго кіраўніком лідскай электрастанцыі. Да гэтага часу з-за браку спецыялістаў электрастанцыяй кіраваў чалавек без ніякай тэарэтычнай падрыхтоўкі, а толькі практык па прозвішчы Маслянка. Абмінаючы брак прафесійнай адукацыі, зазначым, што Маслянка не любіў быць цвярозым. Невялічкі калектыў электрастанцыі, гэтак, як і іншыя ўстановы, дагэтуль быў абсаджаны добрай кампаніяй. Інж. Малажавы да палітыкі не мяшаўся, глядзеў толькі сваёй працы, але ўжо тое, што ён беларус, раздражняла некаторых яго супрацоўнікаў, а адзін маладзён не прызнаў нават новага кіраўніка і пачаў яму перашкаджаць у працы. Не было іншага выхаду, інж. Малажавы загадаў яго звольніць.

Зусім іншымі справамі займаўся Кіслы. Зрэшты, праўдзівае яго прозвішча было іншае. Як сам гаварыў, раней працаваў настаўнікам, паходзіў з Гародні. У Ліду быў прысланы нейкай нямецкай разведкай. Як беларус, стараўся беларусам дапамагаць. Цераз нейкі час стварылася тут група давераных асобаў. Інж. Клімовіч, працуючы ў гебітскамісарыяце, а Кіслы - у колах намецкай разведкі, сутыкаліся з кірункамі нямецкай палітыкі, іхнімі планамі і перадавалі пра гэта давераным.

Як сакрэтна перадаваў Кіслы, немцы не выпадкова, калі займалі землі Заходняй Беларусі, стваралі мясцовыя органы з палякаў. Яны ведалі супрацьсавецкія настроі пражываючых тут палякаў. Абсаджваючы імі мясцовыя органы, немцы разлічвалі іх рукамі вынішчыць мясцовых камуністаў, каб пазней ізноў рукамі раздражнёнага беларускага насельніцтва вынішчыць палякаў.

Інж. Клімовіч ізноў жа працуючы ў гебітскамісарыяце даведаўся аб нямецкіх планах, што да горада і краю. Згодна з іхнімі планамі, усю адбудаваную цэнтральную частку горада займалі б немцы. Мясцовае насельніцтва магло б жыць толькі на прадмесцях. Пасля вайны ўсе фальваркі немцы меліся перадаць сваім вайскоўцам. Такую палітыку і такія планы, што да Ліды і беларускіх земляў мелі немцы ў пачатку вай ны. Уся надзея была ў тым, што так, як яны хочуць, вайна не скончыцца.

А як выглядала ў той час справа грамадскага парадку? У 1941 г. ніякіх краёвых судоў немцы не ўтварылі. У Лідзе польскімі коламі пры згодзе гебітскамісара для разбору цывільных спраў быў арганізаваны так званы "суд раздымны" ("сонд раз'емчы"), але вялікага значэння ён не меў, беларускае насельніцтва яго не прызнавала і байкатавала. Нейкага следчага органа і карнага суда не было. У справах, якія закраналі нямецкія інтарэсы, разбіралася нямецкая жандармерыя або палітычная паліцыя і гебітскамісар. Зрэшты, фактычна ўзброены немец для мясцовага чалавека быў суддзём і выканаўцам. На шчасце ў той час у самой Лідзе было памяркоўна спакойна.

Крокам у кірунку ўпарадкавання цывільных спрэчак было ўтварэнне генеральным камісарыятам Беларусі міравых і акруговых судоў. Акруговы суд пакуль што быў адзін - у Менску, пазней арганізавалі другі ў Баранавічах.

У першых месяцах 1942 г. і ў Ліду прыехаў, прызначаны з Менска, міравы суддзя, дзядуля па прозвішчы Шыдлоўскі. З яго прыездам траціў тут усякае значэнне "суд раздымны". Міравы суд у Лідзе размясціўся ў будынку, які займаў і камітэт БНС. Акрамя школы і Камітэта быў ён першай установай у Лідзе, якая працавала на краёвай мове.

Загінуў за Бацькаўшчыну

Зіма 1941/42 гг. прайшла, як на акупацыйны час, у Лідзе спакойна. Вестуны трагічных падзеяў з'явіліся разам з вясной.

У канцы траўня Лідскую акругу адведаў краёвы школьны інспектар з Менска ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Над Нёманам у Дакудаве дайшло да сустрэчы з насельніцтвам. Людзі сабраліся, як на вялікі фэст. Слухалі прамовы сваіх людзей, знаёміліся, вялі размовы, прагульваліся над ракой. Разышліся толькі вечарам. Праз тыдзень ці два пасля апісанага фэсту - на Дакудава напад. Управа воласці на чале з Таўлаём, бацькам паэта, была разагнана, з аховы адзін чалавек забіты. Быў ім малады дзевятнаццацігадовы хлопец з Ліды Барысевіч. Цераз некалькі дзён хавалі яго на праваслаўных могілках у Лідзе. Вырасла тады хіба першая магіла ў Лідскай акрузе, на якой быў надпіс: "Загінуў за Бацькаўшчыну".

Другі выпадак таго часу ўсхваляваў грамадства на чыгунцы Ліда - Вільня. Едучы ў Вільню адзін з пасажыраў гаварыў па-беларуску. Некаму гэта не спадабалася, пачаў яго дражніць і насміхацца. Далі на станцыі ў Жырмунах таму пасажыру зайсці ў туалет. За ім зайшоў і той, хто яго дражніў. Там ён схапіў таго пасажыра за горла і пачаў душыць. Той напаўпрытомны выхапіў пісталет і стрэліў. Выстрал быў смяротны.

У тым жа часе ў Жырмунах быў і інж. Клімовіч. Выпадкова праходзячы, як расказваў, убачыў чалавека, якога трымалі жандары, а паліцэйскія білі. Падышоўшы бліжэй, пазнаў. Быў ім старшына Скрыбаўскай воласці Баўм. Так толькі выпадковая прысутнасць там інж. Клімовіча і ягонае ўмяшанне да жандармаў уратавала Баўма ў той сітуацыі.

Найцяжэйшы ўдар прыйшоў з пачаткам лета. Быў гэта пагром беларускай інтэлігенцыі ў Ракавічах. Напад адбыўся ў палове ліпеня ў часе прадстаўлення "Паўлінкі" Янкі Купалы, падрыхтаванага ракавіцкай моладдзю, якая гуртавалася пры тамашняй школе. Нападнікі затрымалі частку прысутных, забралі знаходзіўшагася там тады Пятра Рандарэвіча.

Студэнт Пётр Рандарэвіч вучыўся ў Варшаве. Вясной 1941 г. вярнуўся на Бацькаўшчыну. У вялікай меры спрычыніўся да ўтварэння Беларускага Камітэта ў Лідзе, які ў рамках легальнасці ўзяў пад абарону насельніцтва Лідчыны перад злоўжываннямі тагачаснай паліцыі і адміністрацыі. Пехатой хадзіў у Вільню, стараючыся пра дапамогу для Лідчыны ў тамашнім Беларускім Камітэце.

З пачаткам1942 г. арганізаваў камітэт Беларускай Народнай Самапомачы ў Шчучыне і наладзіў збор збожжа для галадаючага насельніцтва сталіцы - Менска.

20 ліпеня 1942 г. ракавіцкая моладзь, згуртаваная пры тамашняй школе, давала прадстаўленне п'есы Янкі Купалы "Паўлінка". У той дзень на Ракавічы адбыўся напад. Нападнікі між іншым забралі Рандарэвіча. Вадзілі яго з сабой па блізкіх шляхоцкіх фальфарках і над Нёманам замучылі. Цела забралі ракавічане, прывезлі ў Шчучын і пахавалі на каталіцкіх могілках, зрабіўшы на крыжы надпіс: "Загінуў за Бацькаўшчыну".

"Памяці Пётры Рандарэвіча, загінуўшага 20.VII.1942 г. у Ракавічах ад рук бандытаў.

З думаю чыстай,

З воляй агністай

Народ з дрымоты Ты будзіў,

Каб зварухнуўся,

К жыццю прачнуўся,

Каб скінуў цемру і аджыў.

З юнай павагай,

Шчыра з адвагай

У варожы кінуўся Ты бой,

І згінуў горды,

Баец ты цвёрды,

За Беларусь і гонар свой.

К. Сагаціс."

("Новая дарога" /Беласток/, 9.VIII.1942, № 20, с. 1.)

На другі дзень пад Васілішкамі былі забітыя настаўнікі Шляхтун Павел і Грудскі, якія з Ракавіч вярталіся ў Васілішкі.

Вяртаючыся з Ракавіч васілішскія настаўнікі Шляхтун Павел і Грудскі па дарозе ў Шчучыне зайшлі расказаць, што здпрылася ў Ракавічах, у пастарунак паліцыі. Там камендант Коцат з сакратаром пыталіся, а куды яны едуць? Адказалі: у Васілішкі. Не даехалі. Па дарозе былі затрыманыя і забітыя.

Як перадавалі сведкі здарэння - пастухі, якія, пасучы быдла, бачылі, што рабілася, едучых на раварах настаўнікаў спаткалі васілішскія паліцэйскія. Падавалі нават прозвішчы. Аднаго яшчэ помню, называўся Талочка. Голасна і публічна аб гэтым гаварыць баяліся і мелі рацыю, словам, чужацкія колы, якія раней спрабавалі мясцовую інтэлігенцыю і агулам выдатнейшых асобаў знішчаць рукамі немцаў, цяпер бесцырымонна пачалі рабіць гэта самі. Магілы з надпісам "Загінуў за Бацькаўшчыну" ў Лідскай акрузе пачалі множыцца.

Павел Шляхтун нарадзіўся ў 1889 г. у в. Лагады каля станцыі Ражанка. Закончыў расейскую настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. У 1913 г. ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі Антанінай Кажухоўскай. У час І-й Сусветнай вайны быў змабілізаваны ў царскую армію. Калі настаў спакой, вярнуўся ў родную вёску. Імкнуўся падняць сярод вясковага насельніцтва стан асветы і краёвага нацыянальнага ўсведамлення. За гэта тагачасныя ўлады не далі працы. Жыў з сям'ёй на невялічкай, у 2,5 га, гаспадарцы. У 1924 г. школьныя ўлады выслалі яго на работу ў Польшчу. Не змог там працаваць і вярнуўся ізноў на гаспадарку. У 1927 г. прызначылі яго настаўнікам у школу ў Заполле на Наваградчыне. Прапрацаваў там не цэлыя 10 гадоў, і школьныя ўлады перавялі яго ізноў у цэнтральную Польшчу ў Плоньск.

Пры савецкай уладзе, з года 1939 працаваў кіраўніком школы ў Шчучыне, а пазней аж да забойства - у Васілішках.

Загінуў ад "белых" 21 ліпеня 1942 г. Пахаваны на праваслаўных могілках у Шчучыне.

Змены

Падзеі ў Ракавічах страсянулі Лідчыну. Сабраўшыся, Акруговы камітэт БНС вынес пастанову зажадаць ад гебітскамісара замяніць дасюлешнюю краёвую адміністрацыю мясцовымі людзьмі і афіцыйнай мовай гэтай адміністрацыі зрабіць мову краю.

У выніку такога патрабавання на месцы і, мабыць, пад націскам з Менска лідскі гебітскамісар пайшоў на некаторыя ўступкі. Бурмістрам Ліды цяпер быў прызначаны Пінкевіч. Змянілі таксама некаторых кіраўнікоў раёнаў. Акруговага школьнага інспектара, старога і хворага, замяніў малодшы і больш энергічны Дзямідаў. Ён прызначыў новых, з мясцовага насельніцтва, школьных інспектараў у раёнах. У школах усюды была ўведзена мясцовая мова. З пачаткам 1942/43 школьнага года ў Шчучыне была адкрыта настаўніцкая семінарыя, якая з'яўлялася адзінай сярэдняй школай у цэлай Лідскай акрузе. Гарадская, раённыя і валасныя ўправы пачалі пераходзіць на мясцова-краёвую мову.

Паклікана нават некалькі дзясяткаў юнакоў, якія ў Лідзе праходзілі курс аховы парадку. На вуліцах Ліды час ад часу чулася тады іхняя маршавая песенька:

"А ў садзе рэчанька,

а ў садзе быстрая..."

Настаў канец падвойнай акупацыі. Ліда набіралася беларускіх краёвых колераў.

Вышэй апісанай рэакцыяй мясцовага грамадства Лідчыны на ракавіцкія падзеі чужацкія колы былі спачатку здзіўленыя і ўстрывожаныя. Месяцы два было нават спакойна. Гэтую цішыню скаламуціў разгул новай хвалі іхняга лютага тэрору.

Белыя

Мінуў месяц ад ракавіцкіх падзеяў. Цераз Васілішкі і Шчучын пранесліся машыны нямецкай паліцыі з Ліды. З ведамых ёй толькі прычын арыштавалі некалькі чалавек там і тут, сярод якіх аказаліся сакратар раённай паліцэйскай камендатуры Ечычына і двое паліцэйскіх з Васілішак. Забралі іх з сабой і прывезлі ў Ліду. Цераз тыдзень выклікалі ў турму ў Лідзе сведак ракавіцкай трагедыі. Там ім далі зразумець, што павінны маўчаць. Паліцэйскага сакратара са Шчучына і паліцэйскіх з Васілішак адправілі дахаты.

Прайшлі новыя арышты. Цяпер арыштавалі тых, хто скардзіўся на падзеі на Лідчыне. Сярод арыштаваных аказаліся працаўнік Акруговага камітэта БНС Кучэйка і старшыня Дакудаўскай воласці Таўлай.

Быў гэта час, калі на тэрыторыі Беларусі пачаўся кіраваны савецкай уладай з Масквы партызанскі чырвоны рух. Што пачалі немцы на Лідчыне? Дапамаглі арганізавацца белым і напусцілі іх на чырвоных.

Кіслы і Клімовіч сакрэтна перадавалі давераным, што белыя дамовіліся з немцамі. Немцы згадзіліся на іх існаванне і дзейнасць на Лідчыне і нават падкінулі ім узбраення. За гэта белыя згадзіліся не ўпускаць з-за Нёмана на тэрыторыю Лідчыны чырвоных партызанаў. Кіслы расказваў, як з гебітскамісарам і іншым нямецкім начальствам гасціў у штабе белых. Справа была ясная. Супрацоўніцтва немцаў і белых наступіла не толькі на Лідчыне, але таксама і на Віленшчыне.

Белыя акрамя арганізацыі ўзброеных аддзелаў утварылі яшчэ сваю тайную сетку, якая пранікла не толькі ў краёвыя ўправы і паліцыю, але і ў сам гебітс-камісарыят, іншыя нямецкія ўстановы і нават пад відам фольксдойчаў (асоб нямецкай нацыянальнасці) - у нямецкую паліцыю.

Як узніклі на Лідчыне белыя? Як ужо на пачатку ўспомнена, засталося тут нямала перадваенных урадоўцаў, трохі вайсковых, гандляроў, памешчыкаў і рознай шляхты. Усё гэта стварала грунт для ўзнікнення белых. Англія перакінула перавучаных афіцэраў-арганізатараў. І так, акрамя акруговага каменданта белых маёра Януша Слянскага (псеўданім Барсук) з Англіі, яшчэ былі ў кіраўніцтве: маёр Калянкевіч Мацей (Котвіч), паручнік Хылінскі Станіслаў (Вальтар), паручнік Ляшчынскі Лешак (Жаль), паручнік Піўнік Ян (Пануры). Яны з некаторымі, вышэй апісанымі мясцовымі, арганізавалі ядро белых і пачалі сваю дзейнасць. Пазней пры згодзе немцаў і іх дапамозе ў некаторых мясцовасцях Лідчыны правялі нават сваю мабілізацыю. Калі, напрыклад, у Шчучыне браты Янкоўскія на іх прызыў да іх не з'явіліся, з Ліды прыехала нямецкая паліцыя, арыштавала іх і вывезла ў турму ў Ліду. Туды прыйшлі сувязныя белых і Янкоўскіх забралі з сабой. Тое самае было і ў іншых мясцовасцях з іншымі.

Да таго ж шэрагі белых тут узмацнілі хлопцы з заходніх земляў Польшчы, прылучаных да нямецкага Рэйху. Іх немцы везлі ў рамках арганізацыі "Тодт" на работы пры ўсходнім фронце. Як расказвалі навочныя сведкі, на станцыі ў Ражанцы гэтыя хлопцы пакінулі вагоны. Белыя ўключылі іх у свае аддзелы. Акрамя іх у аддзелах белых апынулася шмат ранейшых паліцэйскіх. З Ражанкі, напрыклад, у белыя цяпер ужо яўна ўключыўся ўвесь "пастарунак" на чале з камендантам Галомбкам - зяцем шчучынскага раённага каменданта Коцата. Такім спосабам вясной 1944 г. сілы белых аддзелаў на Лідчыне дайшлі да паўтары тысячы чалавек, добра ўзброеных і апранутых.

Заўвага.

Прозвішчы і лічба белых ўзята з кніжкі Назара Хлябоўскага "Асколкі гранаты", выдадзенай у 1972 г.

Трывожныя дні

Канец 1942 года і пачатак 1943. Розныя нядобрыя весткі прыходзілі ў Ліду. Цішком перадавалі пра арышт у Менску ксяндзоў: Вінцэнта Гадлеўскага, Станіслава Глякоўскага, Мальца, якія згінулі без следу, аб дыверсантах і расстрэлах немцамі цывільнага насельніцтва. Грамадства Ліды трывожыла дзейнасць белых.

Між тым легалізаваная немцамі Беларуская Народная Самапомач развівалася і шырока абнімала колы насельніцтва краю. Кіраўнікі БНС-аўскіх камітэтаў у 1943 годзе ў Менску сабраўшыся бадай што ці не на першую канферэнцыю прынялі рэзалюцыю, у якой, прыпамінаючы немцам, што Беларусь у складзе Савецкага Саюза была асобнай рэспублікай, запатрабавалі ад немцаў дазволіць арганізаваць нанава дзяржаўнае жыццё ў краі.

Інж. Клімовіч расказваў, што немцы не спадзяваліся на такі паварот нарады. За тое, што дапусціў да такой рэзалюцыі, галоўнага кіраўніка Ермачэнку адсунулі ад кіраўніцтва.

Аднак, няўдачы на фронце змусілі іх ісці на некаторыя саступкі. Яшчэ таго ж лета пры генеральным камісары ў Менску ўтварылі так званую Краёвую раду даверу. Складалася яна з акруговых БНС-аўскіх кіраўнікоў. Ад Лідчыны ў тую раду даверу ўвайшоў інж. Клімовіч. Усё гэта ў жыцці нічога не мяняла. Заставаліся і надалей усе абмежаванні для мясцовага насельніцтва. Па акрузе і далей то тут, то там час ад часу з'яўляліся аўтамабілі нямецкай паліцыі, адбываліся арышты. Цяпер нямецкая паліцыя арыштоўвала не толькі падазраваных ёю асоб у супрацьнямецкай дзейнасці, але і спакойных, ні ў чым не вінаватых, каб за іх атрымаць выкуп. Так, напрыклад, у Шчучыне арыштавалі раённага лекара Ігната Гагалінскага - беларуса. У выніку захадаў і старання жонкі ў нямецкай паліцыі ў Лідзе неафіцыйна запрапанавалі ў вызначаны тэрмін прывезці адпаведную колькасць залатых дзесяцірублёвак. Тая неяк гэтую суму сабрала і адвезла. Толькі пасля гэтага яе мужа з турмы выпусцілі. Такія паводзіны нямецкай паліцыі выклікалі ўва ўсіх стан няпэўнасці.

Былі таксама розныя пабочныя справы з тымі, якіх вывозілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Асабліва многа перажылі дзяўчаты.

А ніжнім слаям нямецкіх службоўцаў, салдатам, спадабалася беларуская самагонка. Пагражаючы зброяй, яе часта патрабавалі ў вёсках у стрывожаных сялян.

Разам з усім вышэй апісаным не давалі спакою белыя. Рабавалі вёскі, збівалі сялян, забівалі. Немцаў не чапалі. Часамі затое рабілі засады на дапаможныя ім вайсковыя аддзелы іншых нацый. У адной засадзе каля Шчучына забілі некалькі чорных, нейкіх азіятаў з нашыўкамі мячэці на рукавах. У другой - сем чалавек са шчучынскага ўкраінскага гарнізона. Па гарадах дзейнічала іх сетка. Цяжка перажыло іх насельніцтва. Немцаў запэўнівалі, што нішчаць камуністаў, сярод насельніцтва распускалі чуткі, што забіваюць нямецкіх супрацоўнікаў.

Яшчэ восенню 1942 года загінула ад іх у Васілішках Марыя Боська толькі за тое, што пры савецкай уладзе адважылася быць школьным інспектарам. У Шчучыне застрэлілі настаўніка Язэпа Клышэвіча ў ягонай хаце, бо ў часе савецкай улады на нейкім мітынгу асмеліўся сказаць аб цяжкім жыцці пры польскай адміністрацыі.

Іх тэрор узмацніўся ў 1943 годзе. Каля Скрыбава аддзел белых перабіў сям'ю Кучэйкі. Забілі старэнькую маці, жонку і малое калекаватае дзіця. Каля Васілішак застрэлілі Саковіча, які з Ліды ехаў на працу ў Васілішкі. Замучылі там селяніна Панкевіча. У Жалудку застрэлілі працаўніка раённай управы Токця. У Іўі - кіраўніка БНС-га камітэта, у Шчучыне - працаўніка БНС, работніка Васюка. Там жа - маладога настаўніка Юрыя Клышэвіча, цяжка пры гэтым ранячы яго маці. На вуліцы - настаўніка Аляксея Станкевіча, у хаце - службоўца Захарэвіча і ранілі ягоную жонку. Каля Тур'і пад Шчучынам расстралялі двух работнікаў, якія вярталіся з працы да хаты. Прычынай было толькі тое, што пры іх затрымані і праверцы дакументаў знайшлі, што тыя пісаліся беларусамі. У другім нападзе на Ракавічы замучылі праваслаўнага святара Аляхновіча і ягоную жонку. У Ражанцы задушылі дзвюх маладых настаўніц. Пахавалі іх на праваслаўных могілках у Шчучыне.

У самой Лідзе застрэлілі тагачаснага бурмістра Пінкевіча, на вуліцы - Кіслага, маладога хлопца Канчука, старога Карацінскага са Шчучына.

Карацінскі аднаго разу заўважыў у горадзе абмундзіраваных белых. Паказаў іх украінскім салдатам, якія мелі з белымі свае разлікі. Украінцы тых белых затрымалі. Умяшаліся немцы. Загадалі ўкраінцам тых белых выпусціць. Праз нейкі час пасля таго выпадку з'явілася з Ліды нямецкая паліцыя. Карацінскага арыштавала і вывезла ў лідскую турму. У выніку старанняў блізкіх і пасля допытаў гебітскамісар распарадзіўся старога выпусціць. Не вярнуўся ён да хаты. Ведучы ад гебітскамісара, паліцэйскія яго застрэлілі, далажыўшы ў гебітскамісарыят, што Карацінскі ўцякаў.

Найболей цярпелі вёскі над Нёманам. Не магу цяпер падаць прозвішчаў ані колькасці ахвяр. Можа гэта зробіць або ўжо і зрабіў хто іншы, а можа памяць пра іх паглыне час забыцця, як іх кроў даўно ўжо паглынула іх родная зямля. За адзін толькі раз і толькі ў адной вёсцы Сарокі белыя расстралялі восем чалавек, а немцы збамбілі яшчэ вёску з самалётаў.

Прыходзілі весткі з-за Нёмана. Людзі расказвалі пра чырвоных партызанаў. Цяпер многа пішацца пра іхнюю дзейнасць у Лідскай зямлі, але ў той цяжкі час ніякай іхняй дзейнасці ў Лідзе не было відаць. Можа, што і спрабавалі рабіць. Зімой 1943-44 года немцы павесілі дзвюх жанчын, але больш пра іх нічога не было ведама.

Дзейнасць белых ставала косткай у горле не толькі мясцоваму насельніцтву, але і чырвоным партызанам. На Наваградчыне ўдалося ім захапіць нейкі лагер белых. Між іншым знайшлі там распрацаваныя белымі планы нападу на Наваельню. Пераслалі іх у Ліду, каб паказаць немцам, якіх маюць саюзнікаў. Часамі белыя рабілі нейкія штукі і немцам, але ўдавалі тады чырвоных і віну скідвалі на чырвоных.

Францішак Васюк, работнік-трактарыст, родам з-пад Шчучына. Пасля забойства П. Рандарэвіча самаахвярна павёў працу Шчучынскага камітэта Беларускай Народнай Самапомачы. Хадзіў па вёсках, збіраў зерне, частку якога перасылаў для галадаючага насельніцтва ў Менску, а з часткі на месцы пяклі хлеб і раздавалі сярод бежанцаў (пераселеных немцамі) з Вялікіх Лук, якіх было тут каля 600 чалавек. Былі гэта старыя, жанчыны і дзеці.

Здрадніцкі забіты белымі пад Шчучынам у жніўні 1943 г. Пахаваны на каталіцкіх могілках у Шчучыне.

Які выхад?

Ішлі дні, не пераставалі гінуць людзі. Раслі свежыя магілы. Не ў адной хаце, не ў адной сям'і ліліся горкія слёзы. Не адна маці звярталася з малітвай аб справядлівасці для злачынцаў да неба, бо на зямлі не было да каго. Людзі, як маглі, шукалі выхаду. Акруговы школьны інспектар у Лідзе Дзямідаў у канцы 1943 г. маладых настаўнікаў, якія знайходзіліся ў найбольшай небяспецы, паклікаў у Ліду і памясціў іх у адным месцы. З вёсак некаторыя з моладзі пайшлі за Нёман, а некаторыя, знаходзячыся ў бязвыхадным становішчы, дабраахвотна паехалі на работы ў Нямеччыну.

У нейкай меры сітуацыю ратавалі ў некаторых мястэчках, хаця невялікія, украінскія гарнізоны. Яны спагадліва адносіліся да мясцовага насельніцтва.

Тэрор нямецкі і звязаных з імі белых, адсутнасць усякай аховы з боку акупацыйнай улады давялі да ўзнікнення ў некаторых беларускіх колах жыхарства Ліды плану замаху на нямецкае кіраўніцтва.

У пачатку зімы 1944 г. раніцай, яшчэ перад службовым часам, немцы заўважылі, што з кабінета гебітскамісара выйшаў нейкі незнаёмы мужчына. Зацікавіліся гэтым. Пачалі аглядаць кабінет. Пад пісьмовым сталом ляжала бомба. Як на тое, цераз некалькі дзён на рынку нехта з іх пазнаў таго чалавека. Жандармы хацелі яго затрымаць. Той, здагадваючыся, у чым справа, пачаў уцякаць. Прагучалі выстралы. Уцякач паваліўся мёртвым. Жандармы выхапілі ў яго з кішэні дакументы. У паперах пісалася: беларус. Так акрамя гэтага больш яны нічога і не даведаліся. Пры сустрэчы інж. Клімовіч, расказваючы пра вышэйшае, выглядаў збянтэжаным, змучаным няўдачамі і няшчасцем. Згадваў пра старанне адведаць чэшскую Прагу, дзе калісьці вучыўся. Я зразумеў, што рыхтуецца да эміграцыі. Была гэта ўжо апошняя мая з ім сустрэча. Пры такой цяжкой сітуацыі мясцовае насельніцтва на Лідчыне страсянулі падзеі ў Шчучыне.

Раскол між белымі і немцамі

Пасля Ліды другім найбольшым асяродкам у акрузе быў Шчучын. Там існавала адзіная на Лідчыне сярэдняя школа - настаўніцкая семінарыя, а пры ёй пачатковая школа. Мясцовы чалавек Мельнік кіраваў раённай управай. Розныя гаспадарчыя спрэчкі між людзьмі разбіраў свой міравы суд. Неяк працаваў камітэт БНС, а да лета 1943 года, пакуль немцы не забралі памяшканне - і Дом культуры. Кіраўніцтва белых пастанавіла ўсё гэта разграміць. Не ўзгодніла, аднак, свайго намеру, відавочна, чакаючы супраціву, з немцамі.

Ноччу з 28 на 29 красавіка 1944 г. адзін з іхніх аддзелаў ва ўніформе нямецкіх салдатаў увайшоў у горад і спыніўся ў незакончаным будынку інтэрната пры семінарыі. Другі іхні, большы аддзел размясціўся пад горадам. Да сваёй акцыі мелі прыступіць у поўдзень.

Выпадкова ў той дзень, гэта 29 красавіка, ходзячы па агародзе, наткнуўся на іх немец з гаспадарчай спраўнай раёна зондарфюрар Эгрман. Белыя схапілі і ўцягнулі яго ў той будынак. Каб так зрабілі з некім з мясцовых немцаў, гэта так не абыходзіла б іх, як не абыходзілі забойствы мясцовых. Але тут схапілі іхняга начальніка. Не арыентуючыся, хто гэта зрабіў і што за гэтым усім хаваецца, неяк даведаўшыся, што здарылася, каб вызваліць свайго начальніка, акружылі будынак. Ізноў жа, дэзыарыентаваныя такім паваротам справы, белыя пачалі з будынка ўцякаць. Узнікла страляніна. З 75 чалавек, якія займалі будынак, 22 загінулі на месцы, а па 18 і след прапаў. Так пачаўся раскол між белымі і немцамі.

Сярод забітых паліцыя Ражанкі знайшла свайго ранейшага каменданта Галомбка, зяця раённага каменданта Шчучына Коцата. Чуткі хадзілі, што там быў і сын Коцата.

Другі аддзел белых, абстрэльваючы горад з мінамёта, адышоў. А Коцат на сваім пасту раённага каменданта заставаўся і далей, і толькі пазней разам з адступаючымі немцамі выехаў у Польшчу.

З ініцыятывы Камітэта БНС у Шчучыне восенню 1942 г. быў адкрыты "Дом беларускай культуры ў Шчучыне". Збіралася там шчучынская моладзь, утварыўся драматычны гурток, які падрыхтаваў і паставіў п'есу Янкі Купалы "Паўлінка".

У 1943 г. будынак Дома культуры спадабаўся немцу Цынграбергу, які арганізаваў там так званую лясную страж (Форстцтгутэ). У ліпені будынак немцы занялі, а мэбліроўку выкінулі на двор.

Каля гэтага дома і суседняга дома Нюнкі, таксама занятага нямецкаю лясной стражаю, 29 красавіка 1944 г. з-за недаразумення і дайшло да вострай сутычкі паміж немцамі і белымі.

Год 1944

Канец 1943 года паказаў немцам, што так, як хацелі, вайны не выйграць. Як падавалі ў сваіх ваенных зводках, усё скарачалі фронт, падала іхняя ранейшая ўпэўненасць у сваіх непераможных сілах, дакучалі савецкія партызаны. Яны знішчалі чыгуначныя шляхі, нямецкі транспарт, рабілі супрацьнямецкія засады. У рэваншы да вёсак, дзе здараліся супрацьнямецкія праявы савецкіх партызанаў, немцы ўжывалі рэпрэсіі, часта палілі хаты, забівалі ні ў чым не вінаватае мясцовае насельніцтва. Людзі з такіх вёсак, пры здарыўшымся такім выпадку, не спадзяючыся нічога добрага і не маючы іншага выхаду, уцякалі тады ў лес. Рады чырвоных артызанаў такім чынам раслі. Немцы зразумелі, што цераз сваю дасюлешнюю палітыку ў адносінах да мясцовага насельніцтва трацяць грунт пад нагамі. Пачалі мяняць сваю тактыку.

Толькі цяпер стварылі Беларускую Цэнтральную Раду, якая нібыта мела выконваць абавязкі беларускага ўрада. Дазволілі ёй арганізаваць сваю самаахову. Яны планавалі і спадзяваліся беларускай самааховай устрымаць савецкіх партызан. Ізноў жа беларускія дзеячы таго часу хацелі на ўсякае здарэнне мець у краі сваю сякую-такую падрыхтаваную ўзброеную сілу. Немцы бачылі рознаякасць інтарэсаў і беларускай самаахове не давяралі. Не далі абмундзіравання і адпаведнага ўзбраення. Самаахоўцы хадзілі ў сваім даматканым адзенні і мелі абыякое ўзбраенне, а к тым часам цэлы край знаходзіўся ўжо ў агні.

З Лідчынай мяжуюць летувіскія землі. У Ліду прыходзілі весткі адтуль. Немцы болей спадзяваліся на летувісаў. Дазволілі генералу Пляхавічусу арганізаваць летувіскую армію. Добра абмундзіравалі яе і далі лепшае ўзбраенне. Але, калі было ўжо арганізавана некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, зажадалі прылучыць яе да нямецкага СС пад нямецкую каманду. У такіх абставінах Пляхавічус выдаў таемны загад афіцэрам распусціць салдат. Загад той немцы неяк перахапілі. Пляхавічуса і частку афіцэраў немцы арыштавалі, частка паўцякала. Так і летувісаў немцам выкарыстаць не ўдалося.

Лідчыну з арганізацыі беларускай самааховы немцы выключылі. Безабароннае насельніцтва, пакінутае на самаволю немцаў і белых пры сталай няпэўнасці не толькі за сваю маёмасць, але і за жыццё, не знала, чаго і чакаць. У самой Лідзе што раз болей актывізавалася моладзь. Акрамя нямецкіх зніклі чужацкія надпісы. Іх месца занялі свае беларускія. На беларускай мове пачала выходзіць газета. У асноўным змяшчала яна нямецкія ваенныя зводкі. Важным было тое, як паказаў яе выхад, што немцы былі змушаныя дацаніць і лічыцца з мясцовай мовай. Пры розных аказіях на мурах старыннага Гедымінавага замка залапаталі беларускія сцягі.

З надыходам лета канчаўся адзін з раздзелаў у гісторыі Лідскай зямлі. Была яна буйна арошана крывёй сваіх сыноў, нявінных безабаронных ахвяр, аблітая слязьмі. Адны згінулі толькі за тое, што там жылі, другія за тое, што іх баранілі. Тыя, што заставаліся ў жывых, увесь час знаходзіліся ў грознай небяспецы.

З пачаткам ліпеня край агарнуў фронт, цяпер ужо з усходу. Усталявалася ізноў, кіраваная Масквой, савецкая ўлада. Надыходзячыя весткі для абаронцаў Лідскай зямлі таксама нічога добрага не прадказвалі. З вялікімі ахвярамі мясцовага насельніцтва ўстаноўленая свая адміністрацыя распалася. Жыццё і міжнароднае права не забаранялі працаваць і ў часе акупацыі, хоць бы для таго, што людзі мусяць жыць, але, як бачым, інакш на гэта глядзеў пераможны бок. Не давяралі новай сітуацыі і лідзяне.

У тыя дні дайшла да мяне апошняя на той час вестка з Лідчыны. Перадавалі, што спатыкалі моладзь Ліды, якая пакінула свой горад, сваіх родных і блізкіх і паходным парадкам цягнецца на голад і блуканне ў невядомую злую чужбіну.

9-га ліпеня Ліду занялі савецкія вайсковыя часткі. У жыцці горада і ўсёй Лідскай зямлі пачаўся новы раздзел.



[1] Выданне інстытута Беларусаведы, Ляймэн, 1989 г. Тэкст друкуецца паводле вельмі дрэннай ксеракопіі машынапісу. Мова нарыса часткова прыведзена да нормаў сучаснай беларускай мовы.

[2] M. Kosman "Historia Bialorusi", стар. 264.

[3] Перцев В.Н. "История Белорусской ССР", т. 1, стар. 448.

[4] "Wilno і Ziemia Wilenska", 1930, стар. 3, 4.

[5] "Wilno i Ziemia Wilenska", манаграфія з 1930 г., выдадзена ў Вільні, т. І, стар. 844-845.

[6] Ks. Ad. Stankiewicz "Rodnaja mowa u swiatyniach", 1929 г., Вільня, стар. 136-137.

[7] Як вышэй, стар. 143-145.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX