Вярнуцца: Мемуары

Ліда ў гады гітлераўскай акупацыі, 1941 - 43 гг.


Аўтар: Драмовіч Вітольд,
Дадана: 25-11-2013,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 3(63) - 2013.



1. Ліда ў 1941 г.

Ліду мы засталі ўжо не такую самую, як пару гадоў таму назад. Горад у першыя дні акупацыі, пасля двухкратнага бамбавання нямецкай авіяцыяй і масавых вывазак польскіх сямей углыб Расіі ў перыяд без малога двух гадоў савецкага ўладарання, рабіў уражанне як бы вымерлага.

Дамы ў цэнтры горада былі часткова спаленыя і разбураныя. На галоўнай вуліцы Сувальскай, у камяніцах, якія ацалелі, то пустыя магазінныя вітрыны, то вокны, свежа заслоненыя знутры драўлянымі акяніцамі або фанерай.

Перад выбухам вайны ў 1939 годзе ўвесь гандаль у горадзе, за нешматлікім выключэннем, быў у руках яўрэяў. Мясцовае польскае насельніцтва нават сімпатызавала яўрэйскім гандлярам, бо тыя былі ўслужлівыя і з разуменнем адносіліся да бяднейшых, даючы ім тавар у крэдыт. Цяпер яўрэі, як бы ў прадчуванні ліхога лёсу, які рыхтаваў ім гітлераўскі акупант, адгарадзіліся ад рэшты грамадства і замкнуліся ў чатырох сценах сваіх дамоў. Зрэшты, не на доўга, бо цяпер і адтуль немцы пачалі іх выцягваць і накіроўваць па розныя работы па добраўпарадкаванні, а спецыялістаў на працу ў майстэрнях. Людзі як бы ўкрадкам прабіраліся вуліцамі горада, не жадаючы нарвацца на праверку іх асобы нямецкімі патрулямі. Ад вечара і да самага ранку панавала паўсюдная забарона на пакіданне памяшкання. Выключэнне складалі нешматлікія цывільныя асобы, забяспечаныя адпаведнымі прапускамі з месца начной працы. Здараліся выпадкі расстрэлу людзей, якія рухаліся вуліцамі горада без прапускоў. Я сам аднаго ранку бачыў ляжаўшага мужчыну з карткай, прычэпленай да грудзей, якая інфармавала пра час затрымання і экзекуцыі: "Без пропуску". З цягам часу, такія крайне рыгарыстычныя адносіны немцаў да мясцовага насельніцтва падлеглі пэўнаму залагоджванню, хаця заўсёды належала лічыцца з непрадбачнай у сваёй сутнасці рэакцыяй любога з нямецкіх патрулёў ці выпадкова спатканага гітлераўскага афіцэра. Размешчаныя ў Лідзе нямецкія вайсковыя часткі спецыяльнага прызначэння прыступілі да арганізацыі дзейнасці мясцовай адміністрацыі і прамысловых прадпрыемстваў, якія з розных прычын бяздзейнічалі. Справа ішла пра тое, каб як мага хутчэй і як найлепей выкарыстаць мясцовы людскі і вытворчы матэрыял для падтрымкі "таварышаў салдатаў", якія змагаліся недзе там далёка на ўсходзе. Цяжкасці рознай прыроды ў пачатковай фазе арганізацыі тых служб былі пад канец пераадолены. Сярод людзей, сталых жыхароў Ліды і ваколіц, у тым ліку і выйшаўшых з укрыцця, якім у перыяд без малога двух гадоў савецкай акупацыі пагражаў арышт і вывазка ў Сібір, існавала пэўнае супраціўленне маральнай прыроды, ці можна і належыць супрацоўнічаць з новым, вядомым ужо для часткі палякаў, гітлераўскім акупантам. Аднак, хутка мясцовая польская супольнасць прыйшла да пераканання, што ёй аплаціцца тое супрацоўніцтва, тым больш, што немцы ўласна тыя ўсходнія тэрыторыі Польшчы лічылі беларускімі. Савецкі Саюз пасля таго як загроб ад Польшчы тыя землі і далучыў да сваіх тэрыторый з Менскам, як сталіцай, абвясціў іх самастойнай дзяржавай - Беларуссю. Немцы былі схільныя запоўніць нешматлікімі, але паказваўшымі ў той час асаблівую актыўнасць, беларусамі найважнейшыя пасады ў пакліканых да жыцця ўстановах і прамысловых прадпрыемствах. Упэўненыя ў карысці, якая ўзнікала з неадкладкага супрацоўніцтва з новым акупантам, палякі - людзі наогул адукаваныя, інтэлегентныя і прадпрымальныя выйгравалі спаборніцтва з больш прымітыўным, пераважна прышлым беларускім элементам, які пачуваўся на той тэрыторыі менш упэўнена. І так, у Лідзе амаль усе кіраўнічыя і менш значныя працоўныя пасады аказаліся ў руках палякаў. Канешне, пра нейкую самастойнасць у дзейнасці не магло быць і мовы, поўны нагляд над усім праводзілі насланыя нямецкія адміністратары - начальнікі, давераныя асобы і да т.п. І хутка запрацаваў у выдатным будынку былой дзяржаўнай гімназіі, выпускніком якой я быў, гебітскамісарыят (нешта ў родзе нашага даўняга староства ці нават ваяводства) часткова з польскімі ўрадоўцамі, якія трохі ведалі нямецкую мову.

Запуск у работу, досыць спраўна дзейнічаўшай з арганізацыйнага пункту гледжання, "машыны" ў значнай ступені аблегчыў палякам штодзённы побыт, калі ўлічыць паўсюдны недахоп тавараў і прадуктаў, што ў сваю чаргу спрычынілася да ўвядзення немцамі прадуктовых картачак. Трэба сказаць, што немцы ў пачатковы перыяд свайго "кіравання" ўсе справы рабілі, як гаворыцца "ад рукі" (кароткае прадпісанне з дзяржаўнай пячаткай на малой картцы паперы, накіраванае да канрэтна адпаведнага адрасата), гэта значыць у моцна спрошчаным і хуткім выкананні. Звярнуўшыхся да іх наведвальнікаў і просьбітаў прымалі наогул добразычліва і верылі іхнім просьбам ці скаргам, але калі за кім заўважылі або зразумелі, што былі ашуканыя, прымянялі адносна іншых як найсуроўшыя кары. Я чуў пра выпадак расстрэлу немцамі ў той час некалькіх палякаў, працаўнікоў мясцовай друкарні, сярод якіх быццам бы былі і два мае даўнія таварышы з гімназіі, якіх падазравалі і абвінавацілі ў друку звыш нормы і крадзяжы прадуктовых картачак.

Маладыя людзі, якія перамяшчаліся па горадзе і ў любы момант маглі трапіць пад магчымую праверку нямецкага патруля, наогул насілі з сабой пасведчанне з месца працы, з-за гэтага знайсці хоць нейкі занятак стала для мяне патрэбай часу.

Больш шчасця меў мой брат, які ўжо ў першыя дні нашага побыту ў Лідзе спаткаў таварыша са школьных гадоў, нейкага М. Гэты таварыш якраз выконваў функцыі кіраўніка мясцовага тартака і аднаго дня, калі брат адведаў яго ў тым тартаку, па-просту прызначыў яго сваім намеснікам. Яшчэ перад выбухам вайны ў 1939 годзе ўладальнікам таго тартака быў нейкі яўрэй, які ўцёк разам з савецкім войскам, пакідаўшым Ліду ў чэрвені 1941 года.

З моманту ўступлення ў Ліду немцаў той жа таварыш М, паводле парады знаёмага яўрэя, які выконваў абавязкі кіраўніка ў тым тартаку, сам абвясціў сябе кіраўніком тартака, даручыўшы цяпер яўрэю, які быў да тога часу кіраўніком, дасканаламу зрэшты спецыялісту ў драўнянай галіне, агульны нагляд над работамі ў тым жа тартаку. Такі ўклад стасункаў у працы, аказаў вялікую дапамогу як М., так і майму брату, бо абодва ў галіне ведаў дэндралагічных былі прафанамі.

2. Я працую ў надлясніцтве.

Дзякуючы стасункам з гебітскамісарыятам, а дакладней гаворачы, з аддзелам па справе лясоў той жа ўстановы, якой кіраваў немец надляснічы Кайлер, брат мой даведаўся, што нядаўна створанае надлясніцтва ў Лідзе шукае работнікаў. Я адразу звярнуўся на ўказаны адрас надлясніцтва, якое размяшчалася ў афіцыне драўлянага будынка на вуліцы 3-га траўня. Тут жа пры ўваходных дзвярах у невялікім пакоі ўстановы я застаў двух паноў пажылога веку, як пазней аказалася палякаў - лясных інжынераў, якім нямецкія ўлады ў асобе надляснічага Кайлера даручылі стварэнне мясцовага надлясніцтва. Абодва паны (адзін з іх кульгаў) былі вельмі сімпатычнымі, маю працоўную прапанову, былога выпускніка мясцовай гімназіі прынялі проста з энтузіязмам, тым больш, калі даведаліся, што я сяк-так валодаю нямецкай мовай. Яны яе не ведалі і пры сваім нямецкім шэфе без перакладчыка пачуваліся цалкам бездапаможнымі. Мае новыя начальнікі ўпаўнаважылі мяне пры тым яшчэ працаўладкаваць ва ўстанове яшчэ адну асобу, найлепей маладую нябрыдкую - як гаварылася - дзяўчыну.

Я прапанаваў тую сакратарскую працу маёй даўняй сімпатыі, і нават першаму платанічнаму каханню Крысі Д., якая разам са сваёй малодшай сястрой і іхняй калекаватай апякункай была ў досыць цяжкай матэрыяльнай сітуацыі.

З атрыманай працы ў надлясніцтве я быў вельмі задаволены. Трохі перакладаў лістоў, якія паступалі ад Кайлера, рэдагаванне адказаў, дапамога пры афармленні ўжо начыста рознага роду табліц, эскізаў, карт, выкапіровак і да т.п., апрацаваных папярэдне двума інжынерамі. Гэтую апошнюю працу пераважна выконвала Крыся з тыповай жаночай стараннасцю і дакладнасцю. Седзячы насупраць Крысі, за сталамі, так размешчанымі, мы мелі час і на размовы. Шчырыя выказванні (погляды Красі адносна двух маіх школьных таварышаў з крайне рознымі характарамі, з-за таго і яе разлад с сабой самой), узаемныя парады, ці абмен досведам. У той матэрыі, то хутчэй я з больш багатай жыццёвай практыкай падказваў Крысі, якім спасабам належала б развязаць акрэсленыя праблемы і сітуацыі.

З наступленнем халоднай ужо восені, а затым і зімы ў двух пакоях, якія займалі мы ўчацвярых, у адным засядалі інжынеры, а ў другім Крыся і я, было цяплютка і прыемна.

Прынамсі недахопу дроў ў надлясніцтве быць не магло. Трэці, большы, пакой з вялікім сталом і некалькімі крэсламі ўжо не апальвалі, ён быў прызначаны для мерапрыемстваў - нарады і ведамасныя спатканні з гасцямі - леснікамі з тэрыторый. На добры лад той пакой быў нам зусім не патрэбны, бо, як памятаю, кантакт з нашай установай і з самім Кайлерам падтрымліваў толькі адзін ляснічы з тэрыторыі, а быў ім інжынер С. Квятак.

Квятка любілі мы ўсе. Ён з'яўляўся ў нас 2-3 разы ў месяц. Не было для яго справы, якую не мог бы залатвіць. Дзейны, жартаўлівы, дабразычлівы, патрапляў і нас заразіць сваім аптымізмам, а акрамя таго, што важна - не прыязджаў з пустымі рукамі. З сялянскай фурманкі, ці з саней, вымашчаных саломай, на якіх прыязджаў да нас з нейкай там вёскі, здабываў то пеўня, то гусь, то кавалак грудзінкі ці сала, мяшочак з мукой ці крупамі, а нават здаралася і кольца сухой, вясковай каўбасы. Дзяліліся на ўсіх, згодна з патрэбамі, тымі дарамі. Відаць, атрымоўваў там нешта ад Квятка і сам Кайлер, які неаднаразова і мусіць не без поваду гаварыў вельмі пахвальна пра Квятка, як пра найлепшага ляснічага ва ўсёй акрузе. Мая частка ад падзелу Квяткавых дароў была больш сціплай за іншыя, і гэта таму, што мы абодва з братам жылі "на пакоі", як гэта тады называлася - з поўным утрыманнем (і не згоршым) у маладой сям'і з дзіцем, панства К.

Калі мы ўдваіх з братам шукалі вольны пакой, сям'ю панства К. з вялікім жытлом параілі нам блізкія знаёмыя, якія жылі па-суседству на вуліцы ген. Шаптыцкага. У працэсе абгаворвання ўмоў найму пакоя наша будучая гаспадыня пані К., ужо ад пачатку аказвала нам асаблівую сімпатыю і зычлівасць, якія, як мы пазней зарыентаваліся, мелі сваю крыніцу ў яе матрынамінальных планах звесці каторага з нас - кавалераў - са сваёй сястрой паннай В., якая жыла з бацькамі на вёсцы, недзе блізка ад Ліды.

Калі аднаго дня панна В. прыехала ў Ліду да сваёй сястры, тым эвентуальным кандыдатам на мужа - як адчуў - стаў я, бо не хаваў сваёй сімпатыі да новай знаёмай дзяўчыны, досыць прыгожай і прывабнай блакітнавокай бландынкі. На наступны дзень рана панна В. вярнулася на вёску ў родны дом, але ад той пары адведвала сваю сястру ў Лідзе досыць рэгулярна, так што мы заўсёды знайходзілі трохі часу на гаворкі, флірт і сяброўскія жарты, і наша гаспадыня пані К. дарыла мне яшчэ больш сардэчнасці, шчырасці і даверу, ужо не хаваючы сваіх клопатаў з мужам, добрым з натуры і лагодных паводзін, але лішне часта і звыш меры заглядваўшым у кілішак.

Аднаго дня я заўважыў стаяўшую на двары фурманку, на якой звычайна панна В. прыязджала з вёскі.

З'явілася і сястра, унікаючы аднак спаткання са мной. Загаварыўшы пра прычыну таго стану рэчаў, пані К. паінфармавала мяне, што яе сястра па-просту не хоча, каб яе бачыў так пабрыдчаўшую з-за нейкіх высыпанняў на твары.

Тое заражэнне невядомага паходжання было прычынай раптоўнага прыезду сястры ў Ліду, да лекара. Я ўпёрся, што мушу яе ўбачыць. Угавораная старшай сястрой панна В. у канцы ўступіла. З-за прыаднятых рук убачыў яе апухшы і абсыпаны чырвонымі прышчамі твар. З ледзьве бачных блакітных вачэй панны В. сплывалі кроплі слёз. Я быў узрушаны такім жудасным выглядам. Хвіліну маўчаў, а пасля, калі твар ужо схаваўся ў далонях, бяздарна намагаўся яе ўцешыць. Недзе праз два тыдні ў выніку прымененых мераў паводле ўказанняў лекара-дарматолага твар маёй сімпатыі В. быў чыстым і свежым, як даўней, але я пастаянна меў перад вачыма яе жудаснае, знявечанае той хваробай аблічча. Пры далейшых спатканнях і кантактах з паннай В. я не быў ужо ў стане дэманстраваць да яе вельмі мілыя і прыязныя словы ці жэсты.

Амаль вясковыя ўмовы працы ў надлясніцтве ўзрушваў сваімі прыездамі надляснічы Кайлер. Малы, таўсматы, у зялёным, падагнаным і густа абшытым срэбрам мундзіры нямецкай лясной службы, упадаў як бура ў нашу спакойную кантору і кароткімі, гартаннымі крыкамі - нешта з роду камандаў - стараўся кампенсаваць фізічныя недахопы, рухомасцю юлы і паказной вайсковай выпраўкай. Заядлы гітлеравец, што неаднаразова дэманстраваў, з'яўляўся ў нашай канторы цяпер ужо без перакладчыка, выклікаючы мяне ў кабінет перапужаных інжынераў з мэтай пераказу ім розных пажаданняў і даручэнняў. І я асабіста, не валодаўшы нямецкай мовай бегла, меў пэўныя цяжкасці з перакладам яго слоў, гавораных хутка і мабыць на дыялекце "платдойч". Калі я прасіў, каб ён гаварыў больш павольна, ці паўтараў некаторыя з фраз, ён выразна знерваваны выкрыкваў, што зноў будзе мусіць прыязджаць сюды са сваім перакладчыкам. Адным словам - мае сутыкненні з Кайлерам не належалі да прыемных. Я адчуваў, што ён мяне не выносіць. Гэты пыхлівы гітлеравец выклікаў у мяне амярзенне хоць бы і з той нагоды, што выцягнутай перад сабой рукой і воклічам: "Хайль Гітлер!" - вітаў усіх стрэчных у калідоры гэбітскамісарыяту нямецкіх афіцэраў і... толькі афіцэраў. Вялікае шчасце, што візіты Кайлера ў нашую кантору не былі такія частыя, ды і мае з ім кантакты ў гэбітскамісарыяце былі спарадычныя, калі толькі я асабіста дастаўляў яму нейкія лісты і матэрыялы, апрацаваныя маімі начальнікамі - інжынерамі.

3. Ядзя.

Аднаго дня, якраз падчас майго знаходжання ў будынку гэбітскамісарыяту - маёй гімназіі некалькі гадоў таму назад, я заўважыў ішоўшую калідорам нейкую дзяўчыну ў чорнай сукенцы, шчыльна зашпіленай пад самую шыю. Чуўся яе роўны, трохі цвердаваты крок і мерны, быццам удары гадзінніка, стук абцасаў аб паркет пустога калідора. Дзве, тоўста сплеценыя, чорныя касы за плячыма звісалі дзяўчыне аж да пояса. Мінаючы, акінула мяне паглядам сваіх вялікіх, бронзавых вачэй і злёгку ўсміхнулася.

Праз некалькі хвілін, ад спатканага на тым самым калідоры майго сардэчнага прыяцеля яшчэ са школьнай лавы З., які працаваў у гэбітскамісарыяце - у эканамічным аддзеле, я даведаўся, што дзяўчына з чорнымі косамі - гэта полька, якая нядаўна працуе ў арганізацыйным аддзеле гэбітскамісарыяту. Пару дзён назад ён спаткаў яе тут і зачапіў. Адзінокая. Прыбыла ажно з Гародні. Аднак, у размове стрыманая і падазрона бегла размаўляе па-нямецку. Твор мае нябрыдкі, але ходзіць неяк цяжка, быццам бусел, падсумаваў З. свае думкі пра дзяўчыну.

Прыяцелю З. я ўдзячны адшуканнем дублікату майго атэстата сталасці з фатаграфіяй. Праходзячы цераз падворак нашай былой гімназіі я заўважыў тое пасведчанне, якое ляжала каля сметніка, напоўненага да краёў рознымі паперкамі. Так склалася, што арыгінал майго атэстата сталасці ў час вайны недзе згінуў, а дублікат таго ж атэстата захаваўся да сёння.

Аднойчы, ідучы вуліцай, я заўважыў, як у брамку аднаго з дамоў увайшла якраз гэтая дзяўчына - брунетка з гэбітскамісарыяту. "Аднак жа жыве недзе тут", - падумаў я...

Выпадкова атрымалася, што праз некалькі дзён, недзе на змярканні, я аказаўся па той самай вуліцы, калі неспадзявана завыла сірэна, апавяшчаючы час забароны перамяшчэння па горадзе. Навучаны пагрозай наступстваў, не мог рызыкаваць прайсці яшчэ па некалькіх вуліцах і непазбежна наткуцца на нямецкі патруль, пакуль дабярэшся да свайго дому. А таму, быў вымушаны схавацца ў першай лепшай браме ці доме і там перачакаць каменданцкі час аж да раніцы. Але хто захоча зносіць прысутнасць незнаёмага яму чалавека на сваім падворку ці ўпусціць чужога ў сваё жытло і пратрымаць цэлую ноч. Раптам аднак прыпомніў сабе, што паблізу, ну можа з дзесяць крокаў адтуль жыве знаёмая мне ўжо навочна брунетка з гэбітскамісарыяту. Можа зразумее сітуацыю, у якой я аказаўся - падумаў - і згодзіцца мяне схаваць на тыя пару начных гадзін. Прыспешыў крок, ускочыў у яшчэ не замкнёную браму і наўгад застукаў у першыя з краю дзверы на першым паверсе будынка. Пстрык адсунутай засаўкі, і дзверы адчыніла, відавочна здзіўленая маім выглядам, дзяўчына з косамі. Упушчаны ў сярэдзіну, прадставіўся ёй і патлумачыў акалічнасці, якія змусілі мяне шукаць схованкі ў тую пару менавіта ў яе. Чытаў у яе вачах пэўную заклапочанасць, то зноў ваганні і... нарэшце, згода. Але пры пэўных умовах.

- Я жыву тут, як пан бачыць, адна вельмі сціпла. Няма ў мяне магчымасці на тое, каб пачаставаць пана вячэрай, але гарбату зараз прыгатую, а і нейкае печыва знайду, праўда сухое, але есці можна.

- Сардэчна дзякую за ўсё! - перапыніў я дзяўчыну. - Я не галодны, і да невыгод прызвачаены! Пару тых гадзін, калі пані дазволіць, перасяджу там пры акне, - паказаў я на фатэль з перакінутай цераз спінку суконнай хусткай.

- Але спярша ўмовы, - уставіла цвёрдым тонам дзяўчына, - дасць мне пан слова, што будзе ветлівы і не скарыстае сітуацыі, будучы адзін на адзін з асобай супрацьлеглага полу. Ды яшчэ ноччу ў закрытым памяшканні.

- Гэта зразумела! - зрэагаваў я адразу, - чэснае слова даю!

- Не, гэтага мне не дастаткова, дамагаюся слова гонару. Бо ведаю, што ў спрыяльных акалічнасцях кожны з нас мае хвіліну слабасці.

Без вагання - словам гонару і словам афіцэра, неразважліва выявіўшы, што я польскі афіцэр, зацвердзіў дзяўчыну ў перакананні, што яна мае дачыненне з чалавекам гонару. Калі яна паказала мне месца пры століку, а сама рушыла ў кірунку прымітыўнай печкі, так зв. "казы" ("буржуйкі"), каб прыгатаваць гарбату, я ўрыўкамі разгледзеўся на пакоі.

Тапчан з пледам пры сцяне, на ёй ільняны дыван з васількамі ў збожжы і маленькі драўляны крыжык. Круглая печка з цёмнай трубой-комінам, збоку два старыя вядры, некалькі бярозавых пален, а далей бураўзорыстая шырма, якая хавала найпэўней мыцельнік, кухонную схованку, а можа нейкую шафку для бялізны ці вопраткі. З другога боку століка, пры якім я сядзеў яшчэ адно гнутае крэселка, а за ім у вузейшай сцяне простакутнага пакоя дзверы і акно з фіранкай і жоўтымі гардзінамі. Пад акном фатэль з драўлянымі поручнямі, дзе я прасяджу тыя некалькі начных гадзін. І гэта ўсё, сказаў бы, больш, чым сціплае ўбранства пакоя. А таму дзяўчына - не немка, пра што я падазраваў, бо з пэўнасцю магла б уладкавацца больш годна.

Мае падазрэнні пра нямецкае паходжанне Ядзі - свае імёны мы назвалі пры гарбаце - цалкам развеяліся, калі ў вольнай ужо размове я даведаўся, што яна поўная сірата ад ранняга дзяцінства. Пасля смерці маці ёй апекавалася і выхоўвала цётка, якая пасля вяртання Польшчай незалежнасці вярнулася з Германіі разам з групай палякаў да бацькоўскага краю. Штодзённыя кантакты з цёткай, якая ўжо слаба размаўляла па-польску, а таксама, прывезеныя ёю кнігі нямецкіх класікаў як Гётэ, Шылер ці рамантык Гейнэ, зрабілі так, што Ядзя зусім някепска засвоіла нямецкую мову. Дзяржаўную гімназію закончыла ў Гародні ў 1939 годзе, а праз год памерла яе цётка. Не маючы ніякіх сваякоў у Гародні і жывучы ў кутку ў расейцаў, якія пасля смерці цёткі занялі яе памяшканне, з моманту заняцца Гародні немцамі ў 1941 годзе пастанавіла змяніць месца жыхарства і пераехаць у Ліду, дзе знайшла працу ў гэбітскамісарыяце. У сваю чаргу і я ўстаўляў найбольш цікавыя эпізоды са свайго школьнага і студэнцкага жыцця, пасля чаго размова стала ўжо менш афіцыйнай, а больш круцілася вакол асабістых пачуццяў і ўражанняў галоўным чынам з перыяду савецкай і цяперашняй нямецкай акупацыі. Я прыглядзеўся да дзяўчыны бліжэй. Брунетка са светлым колерам цела, вялікія бронзавыя вочы, над імі густыя чорныя бровы, губы поўныя, толькі злёгку заціснутыя, квадратны падбародак. У суме не брыдкая, але не майго тыпу - мне больш падабаліся бландынкі. Рабіла ўражанне асобы халоднай, ураўнаважанай, якая паслядоўна рухалася да вызначанай для сябе мэты. Можа быць такую яе індывідуальнасць сфармавала сіроцкае дзяцінства і, як я дапускаў, цяжкія і, мабыць, праведзеныя ў самоце школьныя гады.

- Мы тут разводзім гавэнды, а ўжо поўнач, - сарвалася Ядзя з крэсла, глянуўшы на свой малы наручны гадзіннік. - Аднак жа мы абое працуем і мусім хоць трохі адпачыць.

- Прапановы Ядзі, некалькі разоў паўтораныя, каб я скарыстаўся тапчаном, у той час, калі яна зусім добра адпачне на фатэлі, я пастаянна адкідваў. Падыйшоў да акна, дзе стаяў фатэль і расеўся на ім, накрыўшы калені знятай са спінкі суконкай хусткай.

- Справа скончана, мне тут будзе вельмі выгадна, - рашуча сказаў я.

Тым часам Ядзя выразна адцягвала з уклад-ваннем спаць. Прыбрала шклянкі са століка і знікла за шырмачкай, адкуль чутны быў стук посуду, нейкія рухі, то зноў плёскат вады. Я з прыплюшчанымі павекамі, удаючы сон, чакаў прыходу Ядзі. Нарэшце пака-залася, ціхія крокі, трохі вазні з радам прыгожых гузічкаў на зялёным свэтры і цалкам аднак апранутая лягла на тапчане, укрыўшыся калматым пледам. Яшчэ прыпаднялася, дацягнулася да выключальніка і выключыла святло. Я не мог заснуць. З боку тапчана, дзе спачывала Ядзя, залягла поўная ціша.

Недзе праз гадзіну я адчуў цягнуўшы ад акна і, мусіць, няшчыльных дзвярэй выразны холад. Паварушыўся ў фатэлі і адразу пачуў ціхі, як бы прыглушаны голас Ядзі:

- Не холадна пану, бо мне так.

Я ў адну хвілю сарваўся з фатэля і ўжо быў пры тапчане. Падняў плед і адразу праціснуўся да цела дзяўчыны. Праз лёгкі свэтрык і спадніцу адчуваў выразныя выпукласці дзявочых грудзей і дрыжыкі мяккіх сцёгнаў. Абдымкі без руху, у поўным маўчанні, праз пэўны час узаемна саграваліся. Лежачы на баку, тварам да твару, прыльнуў вуснамі да яе вуснаў. Не супраціўлялася, разтуліла вільготныя губы і аддавала што раз мацнейшыя пацалункі. Узнёслы і асмялеўшы ад такой жывой рэакцыі я сягнуў рукой пад спадніцу. Шырокая нацягнутая падвязка, кавалак голага цела, трусікі, набрынялае лона... і тут спаткаў нечакана адпор дзяўчыны. Схапіла мяне сутаргава за руку і раптоўна аддалілася, зрабіўшы немажлівымі якія-небудзь далейшыя правакацыйныя пяшчоты.

- А слова гонару, пан жа абяцаў перад тым, што будзе ветлівы.

Яе голас, на перарывістым дыханні, не гучаў пераканаўча, але для мяне быў сігналам трывогі, бо яшчэ хвіліна, і я не адказваў бы за свае далейшыя паводзіны. З цяжкасцю адарваўся ад дзяўчыны і вярнуўся на свой фатэль.

Яшчэ нейкі час раздумваў, ці не гледзячы ні на што, не варта вярнуцца да дзяўчыны і аднавіць любоўную гульню, хоць ужо не ў такім хуткім тэмпе, але развага, ну і афіцэрскае слова гонару ўзялі аднак верх над пачуццямі. У цішыні і не звёўшы вачэй датрываў да белай раніцы. Не адазвалася таксама і Ядзя, а калі ўстала, каб прыгатаваць нешта на снеданне, і я падарваўся з фатэля.

- Дзякую, няхай пані не клапоціць, не буду снедаць! Спяшаюся яшчэ дадому, каб развеяць неспакой брата і нашай гаспадыні, выкліканы маёй усяночнай адсутнасцю. Не меней горача падзякаваў Ядзі за выбавенне мяне з небяспекі, у якой апынуўся, за гасціннасць і клопат, ну і ... за мілую, разам праведзеную ноч. Калі я адходзіў, у цёмных, бронзавых вачах Ядзі ўбачыў нешта, як бы смутак і шкадаванне ўпушчанай аказіі перажыць любоўнае ўзнясенне. Ад той памятнай ночы Ядзі я ўжо ніколі больш не спатыкаў (не ведаў нават яе прозвішча), бо лёс так распарадзіўся, што праз вельмі кароткі час я мусіў пакінуць Ліду.

4. Ляснічы Вольф.

Аднаго дня, зімой 1942 года з'явіўся ў нашым бюро Кайлер і прадставіў нам прысланага яму ў дапамогу з Германіі ляснічага з прозвішчам Вольф. Пры малым, моцным і румяным Кайлеры, бледны і схуднелы Вольф рабіў уражанне ачуняўца, якога раней часу выпусцілі са шпіталя і якому зараз даручана цяжкая і адказная справа сфармавання ў Лідскай акрузе лясной службы, так зв. "Форстшутцкаманды" ("Forstschutzkommando". Мела яна служыць нібыта для аховы лесу - асабліва будаўнічага лесу, раскраданага навакольнымі сялянамі, а ў сапраўднасці неміласэрна вынішчанага нямецкім акупантам.

Кайлер - як мы заўважылі - не дарыў Вольфа асаблівай сімпатыяй, а яшчэ і вядомы выразнай непрыязню да маёй асобы, з месца прызначыў мяне новаму ляснічаму для дапамогі ў арганізацыі "Форстшутцу". Праўду кажучы, я зусім не адчуваў сябе пакрыўджаным тым перамяшчэннем, тым больш, што ранейшая праца падавалася мне надта манатоннай і лішне спакойнай. Мая супраца і стасункі з Вольфам, як на пачатак, склаліся нязгорш. Вольф аказаўся ў меру людскі і далікатны, хаця і ён мог часам узарвацца, калі нешта здаралася не на яго думцы.

- Найперш, - як ён мне сказаў, - мы павінны здабыць зброю для леснікоў, а потым падбяром сабе адпаведных людзей.

Першыя пачынанні Вольфа далі эфект больш, чым мізэрны. Некалькі старых, розных тыпаў карабінаў (у тым ліку і пашкоджаных), трохі гранат (для застрашвання - як мне гаварыў Вольф), боепрыпасы, нейкая дробная амуніцыя і г.д.

Потым з набыццём зброі было што раз цяжэй. Здабытае з розных крыніц узбраенне Вольф спачатку збіраў ва ўласным двухпакаёвым памяшканні з кухняй, а потым увесь той склад перавёз і размясціў у нейкім старынным мураваным хляве, на тэрыторыі вялікага склада дрэва ў лесе, паблізу Ліды. Адзіныя драўляныя дзверы ад хлява ахоўвала жалезная засаўка з навешаным на ёй вялікіх памераў замком, ключ ад якога разам з іншымі насіў пастаянна пры сабе Вольф. Маім заданнем, даручаным мне Вольфам, была рэгістрацыя і ўтрыманне ў належным парадку ляжаўшай на дзвюх доўгіх і шырокіх дошках - паліцах здабытай вайсковай амуніцыі. Каля супрацьлеглай сцяны хлява стаяў стары, расшэйданы стол, а збоку толькі адна табурэтка. У паўзмроку (у хляве былі толькі тры адтуліны, велічынёю ў дзве цагліны) я запісваў у сшытак акарчанелымі ад холаду пальцамі род і колькасць складзенага ў хляве ўзбраення. У вызначаныя дні і гадзіны я меў абавязак стаяць перад хлявом - складам, які асабіста адчыняў Вольф, каб потым праз дзве-тры гадзіны зноў яго замкнуць.

У складзе з адносна невялікай колькасцю старых, розных тыпаў карабінаў, бадай двух ці трох пашкоджаных савецкіх аўтаматаў, скрынак з боепрыпасамі рознага калібру і невялікай колькасці гранат наступальных і абаронных (у тым ліку і нямецкія булавы), шампалоў, квачоў і алівы ў банцы, я натуральна нудзіўся, перасоўваючы з месца на месца які-небудзь карабін ці гранату, каб у канцы заняцца чысткай і змазкай няшмат чаго вартых карабінаў. Тую апошнюю дзейнасць Вольф выразіў у словах, поўных прызнання ў мой адрас. Падчас выканання сваіх абавязкаў праз прыадчыненыя дзверы хлява ад часу да часу я паглядваў, што робіцца знадворку, бо Вольф забараняў, каб я ні на хвілю не пакідаў незамкнёнага ім хлява.

Тым часам на абшырным пляцы склада, запоўненага да краёў сціртамі дрэва - на дровы і таварнага, жэрдкамі, то зноў стваламі хваёвымі і лісцевымі, рух быў заўсёды не малы, бо гэта навакольныя мужыкі фурманкамі прывозілі на склад розныя гатункі дрэва, і ў сваю чаргу забіралі, развозячы ў розных кірунках, найчасцей меней каштоўнае дрэва на дровы. Канешне, усялякія гандлёвыя аперацыі з дрэвам муселі быць адпаведна задукаментаваны, найчасцей у форме пасведчання, выдадзенага зацікаўленай адміністрацыйнай часткай і замацаванага пячатнай з нямецкім арлом. Нагляд за цэласцю склада ажыццяўляў нейкі пажылога ўзросту сяржант з ТОДТ-у (ён меў пры гэтым пару чалавек для дапамогі з той жа арганізацыі). Да Вольфа, які круціўся на пляцы ў зялёным мундзіры лесніка са срэбнымі галунамі, сяржант з ТОДТ-у, як я заўважыў, меў выразную павагу. Не гледзячы на добра пасівелыя валасы, тоўсты сяржант выцягваўся што хвіля перад Вольфам і пастаянна яму ў нечым паддакваў. Пару раз я бачыў, як ён упіхваў Вольфу ў скураную сумку нейкія скруткі, з пэўнасцю кавалак саланіны ці вяндліны або нават яйкі, якія даставаў ад мужыкоў, прывозіўшых або вывозіўшых фурманкамі ці санямі дрэва са склада.

Майго начальніка, ляснічага Вольфа, пастаянна не задавальняў стан сабранай у складзе зброі, так што аднаго дня ён паведаміў мне, што ўжо заўтра раннім ранкам мы паедзем па карабіны і іншае ўзбраенне ў Менск - сталіцу Беларусі. Яшчэ ў той самы дзень, пасля паўдня Вольф сказаў мне прыйсці да яго кватэры і там уручыў мне савецкі ППШ з дыскам поўным патронаў, а да таго пасведчанне, выдадзенае Лідскім гэбітскамісарыятам, упаўнаважваўшае мяне мець названы тып аўтамата з мэтай прывозу з Менска ў Ліду ўзбраення для "Форстшутцу". Таксама і Вольф забяспечыўся падобным на мой экзэмпляр зброі - навюткім савецкім аўтаматам. Прадэманстраваў мне пры тым, як належыдць з ім абыходзіцца, хаця ведаў, што зброя тога тыпу мне не чужая. У нашым складзе меліся раней два такія, папсаваныя аўтаматы, якія я ў свой час разбіраў і чысціў (адзін з тых аўтаматаў быў нават у збройніка). Быць можа, Вольф хацеў мне заімпанаваць веданнем савецкай зброі, якую яму пазычылі на час нашага падарожжа ў Менск. Не гледзячы на тое, што я быў заспеты знянацку даверам, якім абдарыў мяне Вольф, уручаючы мне зброю, а можа па-просту здаваў сабе справу з небяспекі, якая пагражала нам абодвум падчас далёкага падарожжа на ўсход у той час, калі выпадкі падрыву нямецкіх чыгуначных транспартаў і акцыі савецкіх партызан здараліся што раз часцей.

Назаўтра на досвітку, узброены аўтаматам і ў меру цёпла апрануты (здаецца быў гэта люты 1942 года), я чакаў Вольфа ў зале чыгуначнага вакзала. Не гледзячы на раннюю пару, рух у абшырнай пачакальні вакзала быў ужо вялікі. Наўючаныя заплечнікамі з цялячай скуры нямецкія салдаты, з выразам твару ў цэлым не радасным, найпраўдападобней чакалі знаку ці загаду камандзіраў сваіх груп на пакіданне цёплага холу вакзала і пасадку ў вагонах некаторага з транспартаў, які ідзе на ўсход. Я стаяў у куце хола, тут жа пры ўваходных дзвярах вакзала, пільна выглядаючы Вольфа, які яшчэ ўчора некалькі разоў мяне папярэджваў, каб я нікуды не рушаўся з пачакальні, бо не вядома, калі мы зловім які-небудзь цягнік у кірунку Менска.

У гэты момант ва ўваходныя дзверы з перону ў хол вакзала ўвайшлі элегантна і аднолькава апранутыя пані ў цёмных коцікавых футрах і белых футравых капелюшах. Пань суправаджаў нямецкі вайсковец у мундзіры (здаецца, у званні капітана), а адразу за імі нейкі салдат цягнуў за сабой дзве валізкі, праўдападобна, багаж абедзвюх тых пань. Праходзячы праз хол вакзала к выхадным дзвярам у кірунку горада, прыгожыя пані ўсмешкамі рэагавалі на агульнае ўзрушэнне, шолах і ўздыхі атачаўшых іх жаўнераў.

Па хвілі, калі ўся кампанія пакінула ўжо хол, у дзвярах пачакальні зноў паказаўся афіцэр, але ўжо без жанчын і пачаў разглядацца па запоўненым войскам холе. Заўважыў мяне - адзінага цавільнага ў пачакальні вакзала. Падышоў да мяне і загадаў мне ісці з сабой да цягніка, які стаяў недзе на ўзбоччы вакзала, па рэшту багажа артыстак, якія толькі што з ім прыехалі на выступленне перад войскам, дыслакаваным у Лідзе. Я з цяжкасцю па-нямецку намагаўся давесці, што я еду па зброю для Форстшутца ў Менск і ў кожную хвілю чакаю прыходу свайго начальніка, які загадаў мне, каб чакаў ў холе вакзала і нікуды адсюль ні на крок не рушыў.

Нямецкі афіцэр, напэўна, зарыентаваўся, што мае дачыненне з палякам і з раз'юшанасцю выціснуў з сябе: "Ты польская свіня", - і адначасова сягнуў да кабуры і ўжо з пісталетам у руцэ прыгразіў мне, што калі зараз з ім не пайду па багаж, то ён на месцы мяне застрэліць. І ўва мне нешта ўзарвалася, не дазволю, каб мне пагражалі і гразілі, бо і я маю зброю і апераджу немца, перш, чым ён мяне застрэліць (а мог тое зрабіць) і мог бы загінуць пры такіх дурнаватых акалічнасцях.

У адну хвілю пастаўлены на падлогу ППШ я схапіў у абедзве рукі (быць можа немец нават і не заўважыў) і ўжо з пальцам на курку скіраваў зброю проста ў грудзі немца. Захоплены знянацку маёй рэакцыяй, немец адступіў некалькі назад, але накіраванага на мяне рэвальвера ўсё ж не выпускаў з рукі. За плячамі афіцэра я бачыў нямецкіх салдатаў. Стлумленыя, пра нешта там дыскутавалі, не ведаючы наступстваў інцыдэнту, які меў месца каля супрацьлеглай сцяны хола вакзала.

Я быў рашучы і нават меў непераадольную ахвоту пусціць цэлую чаргу куль у грудзі немца і ў стаяўшых далей за ім нямецкіх салдатаў. "Загіну, але спярша зраблю тут масакру", - і ўжо долі секунд аддзялялі мяне ад згінання пальца на спуску аўтамата, як раптам у адчыненых дзвярах вакзала ад боку перона ўбачыў бледны твар і ўражаны выраз вачэй Вольфа.

- Хальт! - паспеў яшчэ крыкнуць Вольф.

Я павольна апусціў аўтамат, маючы на воку афіцэра, які таксама апусціў сваю дрыжаўшую руку з рэвальверам. Хвілю трываў, вытрыманы ў вострых танах, абмен думкамі паміж афіцэрам і Вольфам, апранутым у кароткі авечы кажушок, які рабіў немажлівым устанаўлення рангу асобы, з якой нямецкі афіцэр меў дачыненне, пасля чаго Вольф прыяцельскім жэстам узяў мяне за плечы і выправадзіў з холу вакзала.

- Мусім паспяшацца! - кінуў коратка, выразна знерваваны Вольф, - бо той вось цягнік, - тут ён паказаў на стаяўшы яшчэ далёка перад намі рад крытых таварных вагонаў, - можа ў кожную хвіліну рушыць на Менск.

У канцы мы абое ўладкаваліся ў тамбуры аднаго з таварных вагонаў. Не ведаю, што думаў Вольф пра адбыўшаеся здарэнне ў холе вакзала і пра яго мажлівыя скуткі. Не папракнуў мяне ні адным словам, акрамя відочнай знерваванасці, і ўжо, здавалася, быў у поўным задавальненні, калі я яму паведаміў, што для мяне святым быў яго загад не пакідаць ні на крок пачакальні вакзала. Цягнік не рухаўся з месца, а мароз у тамбуры даваўся нам што раз больш у знакі. Калі я выразіў сумненне, ці селі мы ў правільны цягнік, прамёрзлы Вольф (не гледзячы на тое, што быў у кажушку) сказаў мне, што ідзе да машыніста ўпэўніцца ў кірунку і часе адходу цягніка, а калі яму ўдасца знайсці месца ў цёплым лакаматыве, то я не павінен чакаць на яго вяртанне. Недзе праз чвэрць гадзіны цягнік рушыў. Сам не ведаю, якім цудам я не змёрз у маёй прывагоннай будцы за поўныя 24 гадзіны язды. Быць можа ўратаваў мяне рух і кароткія прабежкі на хрусткім, марозным снезе каля вагона падчас даўжэйшых пастояў цягніка. Нарэшце, працягла свіснўшы, цягнік стаў на досвітку перад будынкам вакзала ў Менску. З жудасным болем скасцянелай ад марозу (той яшчэ не цалкам вылечанай пасля выпадку на лыжах) нагі рушыў, кульгаючы, уздоўж цягніка з пэўнай колькасці крытых таварных вагонаў, найпэўней пустых, бо не бачыў, каб нехта іх канваяваў. Калі я аказаўся ўжо блізка ад лакататыва, убачыў Вольфа, які няўклюдна спускаўся са стромкай лесвіцы таго ж лакаматыва. З перавешаным цераз плячо аўтаматам, з заплечнікам у руцэ, заспаны і са смешна ўмурзаным сажай тварам ён сваім выглядам нагадваў гашакавага Швейка, хоць з пэўнасцю і да маёй паставы пасля такога доўгага і цяжкага падарожжа можна было шмат чаго закінуць.

Сам Менск выклікаў у мяне прыгнечанае ўражанне. У значнай частцы зруйнаваны і выпалены. Надруінамі друзу і цэглы прысыпаных снегам гуў марозны вецер. Пустыя абледзянелыя вуліцы, па якіх зрэдку праязджае нейкі грузавы аўтамабіль. Стомленыя даходзім да комплексу ацалелых нейкім цудам некалькіх, а можа нават і больш за дзесятак мураваных будынкаў. Паміж імі кантрастуючы з атачэннем стаялі малыя драўляныя хацінкі. У брамах, перад дзвярамі домаўладанняў - то кабеты з дзецьмі, то старыя, закутаныя ў хускі, нейкія коцы (байкавыя коўдры), выцертыя куфайкі, або па-просту ў рызманы, маўклівыя, змучаныя, з запужанымі поглядамі і дакладна агаладалыя. Прыглядаюцца да нас недаверліва. На пытанні пра дарогу найчасцей адказваюць: "Не знаю". Яшчэ пару мінут маршу, і перад намі некалькіпавярховы пышны будынак, абвешаны палотнамі са свастыкай - нямецкая ўстанова, якую шукаў Вольф, дзе нарэшце мы маглі сагрэцца і чым-небудзь падсілкавацца.

У Менску старанні Вольфа пра хоць якую зброю не далі спадзяванакга выніку. Два пашкоджаныя савецкія аўтаматы, 4-5 звычайных карабінаў, заплечнік з гранатамі і патронамі - вось мабыць і ўвесь сціплы плён нашай выправы ў Менск.

5. Зашыфрованая "кветка са сцяблом".

Збіралася ўжо пад весну 1942 года. У складзе я, як звыкла, перакладваў з месца на месца смертаноснае начынне і прыпасы, стан якіх усё не задавальняў Вольфа, каб канчаткова сфармаваць адпаведную суполку "фортсшутцманаў".

Аднаго дня, калі я выйшаў на хвіліну з будынка, каб хаця трохі на сонцы падзагарэў твар, нейкі мужык, мабыць з тых, хто прывозіў дрэва на склад, праходзячы міма ўсунуў мне ўкрадкам у руку змяты, спісаны лісток паперы, у якой мяне прасілі, каб падацелю гэтага лістка я даў нешта з узброення, што знаходзіцца на складзе. У месцы подпісу аўтара карэспандэнцыі віднелася нарысованая кветка з пяцю пялёсткамі на доўгай ножцы. Падумалася, што гэта нейкі партызанскі аддзел просіць у мяне зброю. Што раз часцей даходзілі да нас чуткі пра іхнюю дзейнасць на нашай тэрыторыі. Але што абазначае тая кветка, хто хаваецца за тым малюнкам? Можа які правакатар?

Даведаўся нарэшце, але гэта ўжо значна пазней, што ўласна тым малюнкам - крыптаграмай карыстаўся добра мне знаёмы з працы ў Лідскім надлясніцтве лясны інжынер Квятак. Ён то, падтрымліваючы кантакт і супрацоўнічаючы з нейкай партызанскай групай, шукаў крыніцы і магчымасці забеспячэння партызан зброяй у найцяжэйшай, пачатковай фазе іх дзейнасці. Крыніцу то знайшоў - пасля папярэдняга правядзення адпаведнай выведкі - у складзе, якім кіраваў я пад наглядам Вольфа. Канешне падацелю лістка я ўкрадкам даў тады пры адсутнасці Вольфа, які ў той час круціўся недзе на складзе, дзве абаронныя гранаты. Гісторыя з уручанай мне ў такой форме і такога зместу карэспадэнцыяй і з пералікам нейкага там узбраення паўтаралася некалькіразова. Схаваныя ў вазах з дрэвам пакінулі склад - як памятаю - два карабіны з патронамі, адзін пашкоджаны ППШ, некалькі гранат і нейкае менш значнае вайсковае начынне.

Пэўнага ранку з'явіўся перад хлявом моцна знерваваны Вольф. Як я пазней даведаўся, ён атрымаў ад Кайлера вострую вымову, што справа "Форстшутца" рухаецца ў чарапахавым тэмпе, а ён усё яшчэ чакае на пашыцце ў кравецкай майстэрні мундзіраў для форстшутцманаў.

- Буду павінен дабрацца да шкуры тых жыдоўскіх краўцоў, якія шыюць у майстэрні, - размахваў пальцам у паветры Вольф.

Моцна абураны, адразу пасля адкрыцця склада ён прыступіў да лічэння зброі, і ўжо спачатку нешта яму ў тым лічэнні не сходзілася.

- Дзе карабін? Добра памятаю, ляжаў на гэтым месцы, а цяпер яго няма, ды і гранат як бы меней, - павысіў на мяне голас.

Я мусіў доўга тлумачыць, што чысціў яго разам з іншымі. Пэўна стаіць зараз там у куце разам з іншымі.

- Зараз палічым, - схапіўся я за сшытак,.

І колькасць гранат супадае са спісам. Можам праверыць. Але Вольф не хацеў ужо нічога правяраць і лічыць. Выскачыў са склада на пляц, а праз некаторы час вярнуўся ўжо значна больш спакойны і лагодны з вялікім пакункам пад пахай. З формы загорнутага ў ільняную анучку пакунка, які Вольф з цяжкасцю ўціснуў у сваю скураную сумку, я зрабіў выснову, што была гэта качка, а, можа, і малая гуська.

6. У вязніцы на Каменцы.

Праз два дні, калі мы разам з братам недзе так у час пасляпаўднёвы вярнуліся дадому, ужо ў дзвярах памяшкання спаткала нас цалкам перапужаная наша гаспадыня пані К.

- Некалькі гадзін назад, - сказала дрыжаўшым ад хвалявання голасам, - былі тут немцы. Праводзілі ператрус у пакоі паноў, але, здаецца, што нічога не знайшлі. Не заўважыла, каб нешта ўзялі з сабой. Не сказалі, чаго яны ўласна хацелі, чаго шукалі! Было іх двое ў мундзірах, ветліва перапрапрасілі і пайшлі!

Праз адно імгненне мы былі ў пакоі. Раскідана пасцель на шырокім жалезным ложку, на якім мы ўдваіх з братам спалі "валетам", бо яшчэ не ўзялі ад суседзяў абяцанага другога складнога ложка. Адкрытая шафа для вопраткі з невялікай колькасцю нашага асабістага адзення і бялізны. На сярэдзіне пакоя на падлозе нашыя вялікія, старыя, выпатрашаныя чамаданы і моцна паношаны запасны абутак, які разам з чамаданамі мы хавалі пад ложкам. За тыя старыя боты я перажываў. Кінуўся да майго старога шнураванага бота і ўздыхнуў з палёгкай. У носе бота кончыкамі пальцаў адчуў змятыя карткі - карэспандэнцыя з крыптаграмай, у якой "кветка" прасіла мяне пра зброю - вядома, для каго.

Аднак не знайшлі нічога, што магло б нам пашкодзіць. Спакойна спачываў сабе таксама, схаваны ў металічнай раме ад ложка, тастамант яўрэя, былога кіраўніка тартака для сваякоў у Амерыцы, дзе ён паведамляў у дэталях пра пекла для яўрэяў пад нямецкай акупацыяй у Лідзе і прарочыў надыход хуткай іх гібелі. Ліст той брат мой, які працаваў у тартаку, пры надаранай аказіі меў пераслаць адрасантам у Амерыцы.

Мінула агульнае знерваванне, і мінорны настрой выразна паправіўся, калі мілае панства К. - нашы гаспадары запрасілі брата і мяне на сумесную вячэру, акрэпленую разведзеным і зафарбаваным сокам з вішні спіртам таемна хаваным гаспадаром дома на асаблівы выпадак. Нішто не прадказвала здарэння, якое так хутка наступіла і паўплывала на змену маіх далейшых лёсаў. І вось Вольф аднаго ранку паведаміў мне, што заўтра а 10-й гадзіне я павінен быць ў Кайлера ў гэбітскамісарыяце. Я папытаўся, з якой мэтай. Ён адказаў, што не ведае, мусіць, і фактычна не ведаў. Калі ў вызначаны час наступнага дня я прыйшоў у пакой-пачакальню перад вядомым мне ўжо здаўна абшырным кабінетам Кайлера (калісьці былі гэта школьныя класы, цяпер трохі пераробленыя, маёй гімназіі), дзверы кабінета прыадчыніліся, і я адразу каля вялікага стала з некальнімі крэсламі пры акне заўважыў двух рослых нямецкіх жандармаў у касках, з вісеўшымі на грудзях бляхамі.

- Гэта той! - сказаў Кайлер і, зрабіўшы невялікае паўкола, усеўся за бюро і пачаў нешта там пісаць. Жандармы падышлі да мяне. Адзін з іх адазваўся па нямецку: "Bist du verhaftet" ("Ты арыштаваны"), а другі пачаў мяне абмацваць і абшукваць кішэні. Забралі мае дакументы і дробныя прадметы асабістага ўжытку, з педантызмам расклалі на стале. Пасля чаго жандарм сказаў мне ісці з ім. Рабілася ўражанне, што ўсё, што датычыла маёй асобы, было ўжо перад тым дакладна абгаворана і падрыхтавана. Я асабіста быў дзіўна спакойны і зусім не зламаны гэтым неспадзяванным арыштам. Пасля вываду мяне з будынка гэбіткамісарыяту, ідучы ў суправаджэнні двух жандармаў, я жадаў толькі сабе, каб нехта знаёмы мяне заўважыў і мог паведаміць найбліжэйшым пра мой арышт. Нажаль, на ўсім адносна кароткім маршруце, які ішоў проста да турмы на Каменцы каля вул. 3-га Траўня, я не ўбачыў нікога са знаёмых.

Пара моцных удараў ботам жандарма ў жалезную браму, і акенца "жыдок" адкрылася, а праз хвілю са скрыгатам ключа адчыніліся дзверы ў браме. Каля ўзброенага карабінам нямецкага ахоўніка стаяў ужо нейкі сяржант з ТОДТ-у з моцна пасівелым на скронях воласам, катораму адразу з адпаведнай суправадзілаўкай перадалі мяне жандармы, а самі адразу пайшлі. Вартаўніком, які праводзіў мяне праз вартоўню да турэмнай камеры, як пазней аказалася, быў бельгіец, які нават слаба размаўляў па-нямецку і ўцэлым быў непрыхільна настроены да немцаў, якія мабілізавалі яго некалькі месяцаў перад гэтым.

Маленькая камера з нарамі з дошак. На іх складзены два коцы (байкавыя коўдры). Столік на металічных ножках, а збоку табурэтка. У куце прымітыўны мыцельнік. Вялікі бляшаны збан і два старыя вядры. Высока ўгары закратаванае акенца - адзіная слабая крыніца святла. Вартаўнік-бельгіец ужо на ўваходзе з'арыентаваўся, што мае дачыненне з палякам, трохі як бы польшчыў, нешта там ламанай нямецкай мовай гаварыў, што мы знаходзімся ў падобнай сітуацыі, і, адыходзячы, абяцаў мне заўтра раніцай прынесці снеданне. Заскрыгатаў ключ у замыканай камеры, а я разаслаўшы коцы, лёг на нары і пасля некалькіх хвілін хаатычных роздумаў заснуў.

Мой побыт у вязніцы, пакуль яшчэ кароткі, не ўвёў мяне ў стан прыгнечанасці, або занепакоенасці пра мой далейшы лёс. Усё ж немцы ў адносінах да мяне не маюць ніякіх абцяжвальных довадаў. Да цвёрдай пасцелі і халодных начэй я прывык яшчэ ад вераснёвай кампаніі 1939 года. Турэмны паёк: кава, кавалак чорнага хлеба, нейкі там суп - Бог ведае чым запраўлены - а да таго дзве кароткія прагулкі на працягу дня ў суправаджэнні гаваркога, але, наогул, прыемнага вартаўніка - бельгійца. Ад яго я даведаўся, што адзіным вязнем на тэрыторыі ўсёй турмы ў сапраўднасці з'яўляюся толькі я. Астатнія, гэта хутчэй не вязні, а яўрэі - работнікі, можа з дзвесці чалавек, якія днём агулам працуюць у горадзе, а на ноч пад наглядам вартаўнікоў (бельгійцаў, галандцаў і немцаў пажылога ўзросту) вяртаюцца ў турму, каб пераспаць у тым вось бараку, які знайходзіцца пасярод турэмнага пляца, а наступнаю ранняй гадзінай зноў рушыць на працу.

Ужо падчас маёй першай прагулкі бельгіец прыадчыніў дзверы барака, каб паказаць мне тую начлежку. Унутры барак на абодва яго бакі запаўнялі два рады дошак, пакладзеных адна пры другой па ўсёй даўжыні барака. На дошках ляжалі ў беспарадку часткі вопраткі, нейкія скруткі, лахманы. Тут могуць, як казаў мне з усмешкай бельгіец, маладыя яўрэі (паколькі большасць з групы працоўных яўрэяў складала моладзь абоега полу) гізаваць узаемна цэлую ноч. Бо з-за недахопу месцаў спяць адно пры другім, як сардыны ў бляшанцы.

- Яны ўжо ведаюць, што іх чакае, то на астатак няхай сабе пажывуць! - жартаваў вартаўнік.

Калі я спытаў, колькі ў прынцыпе ёсць тых вартаўнікоў у турме і то рознай нацыянальнасці для нагляду за такой вялікай колькасцю яўрэяў, бельгіец адказаў, што не шмат, можа з дванаццаць, не лічачы людзей, занятых на кухні і ў майстэрні, якая зараз не працавала.

Я хацеў хоць раз убачыць тых яўрэяў, якія ішлі на працу або з працы. Можа заўважыў бы там каго-небудзь са знаёмых яшчэ са школьных гадоў. Разам з тым, так складвалася, што я ў гэты час знайходзіўся ў замкнёнай камеры, і толькі раз да маіх вушэй дайшла гаворка і воклічы яўрэяў, якія вярталіся з працы.

Праз некалькі дзён ад пачатку майго ўвязнення, недзе так у поўдзень, калі я ў суправаджэнні майго вартаўніка адбываў сваю парухвілінную прагулку па турэмным пляцы, у праходзіўшым міма мяне беларускім паліцыянце ў чорным мундзіры і нямецкіх сапёрскіх ботах я пазнаў малодшага брата маёй таварышкі з гімназіі, поўненькай і сімпатычнай бландынкі. С. Р. Праходзячы каля мяне, гэты паліцыянт уціснуў мне ў руку змяты шматок паперы разам са словамі: "Чакаю адказу адразу".

Мінула хвіліна, і калі мой вартаўнік-бельгіец зацікавіўся нейкай варонай, якая падскоквала і кульгала на краі пляцу, зірнуў у паперку: "Хочам пану дапамагчы з уцёкамі. Ці вы згодныя?" - напісаў нехта тоўста алоўкам. Паперку я адразу схаваў у кішэню, бо і бельгіец прыблізіўся да мяне выразна развяселены.

- Быў бы добры бульён, бо птушка была тлустая, але, хоць кульгавая, паляцела за мур! - пажартаваў дзе па-польску, дзе па-нямецку.

Я тым часам абдумваў змест цыдулкі. Каб хаця гэта не правакацыя? Хто яе прыслаў? Але перш за ўсё гэта паляк і ведаў мяне па сольных, дэкламатарскіх выступленнях на школьнай эстрадзе.

Калі мы ўжо ў трэці раз абходзілі драўляны барак - яўрэйскую начлежку, я заўважыў паліцыянта, які ішоў у нашым кірунку. Мінаў нас, і я, гледзячы яму ў вочы, кінуў адно слова: "Згода".

Наступнага дня, недзе так пад абед у дзвярах маёй камеры заскрыгатаў ключ. На гэты раз дзверы адчыніў не бельгіец, а сам начальнік турмы, таўста-ваты і сіваваты сяржант ТОДТ-у.

- Да цябе госці! Пайшлі за мной, - буркнуў коратка.

Я прыгладзіў валасы і рушыў уніз сходамі за немцам у вартоўню. Ужо праз прыадчыненныя дзверы згледзеў маю гаспадыню, паню К. і яе сястру панну В. Прывіталі мяне вельмі сардэчна. Але толькі сло-вамі, бо сяржант не дазволіў ім да мяне наблізіцца, а прынесеную імі куртку і пачак з правізіяй сам мне ўручыў. Быў пры тым яшчэ настолькі стрыманы, што не грэбаўся ў тым пачку, а можа і таму, што сам так-сама атрымаў ад пані К. нейкі значны пакунак, най-праўдападобна з прадуктамі.

У нямецкай вартоўні мы ўселіся насупраць на шырокіх лавах. Раздзяляў нас стол з тоўстай бляхі. Сяржант стаяў збоку і прыслухваўся да нашай размо-вы, хоць, з пэўнасцю можна сказаць, не шмат у ёй разумеў.

Размова ў прысутнасці немца ў нас неяк не клеілася. Пані гаварылі мне, што з цяжкасцю атры-малі пропуск у гэбітскамісарыяце на спатканне са мной. Прычым самым грунтоўным аргументам было тое, што затрымалі мяне ў адным пінжаку. А мне па-трэбна нейкая цяплейшая вопратка, бо ночы халодныя, і днём часта яшчэ бывае холадна. Панна В. была выразна змярцвелая ад страху, але суцяшала мяне, што напэўна неўзабаве мяне выпусцяць, бо я, канешне, ні ў чым не вінаваты, ды і турма, у якой я аказаўся, не такая і суровая, як тая другая пры вуліцы У. Сыракомлі, дзе сямейнікам вязняў наогул не даюць пропускаў на спатканне. Я са свайго боку дзякаваў ім за памяць і добрае сэрца, прасіў, каб перадалі прывітанне і супа-коілі брата, а таксама, каб яму паведамілі, што я пачу-ваюся тут не згорш. Я сам хвілямі задумваўся, чаму мяне памясцілі якраз тут, каля паказной групы яўрэяў, прызначаных - як усё часцей чулася і паўтаралася - да ліквідацыі. А можа турма на Сыракомлі ўжо так пера-поўнена, што ўласна я ёсць тым першым у чарзе на засяленне турэмнага будынка пры вул. 3-га Траўня на нова, хаця было звыш відавочна, што ён вымагаў генеральнага рамонту.

У адрывачнай плыні слоў мне было цікава да-ведацца, адкуль пані дазналіся пра маё ўвязненне. Не пачуў яшчэ на гэта адказу, як у дзвярах вартоўні ўба-чыў майго ахоўніка-бельгійца ў таварыстве нейкага немца, апранутага па-тырольску ў батфордах, паляў-нічай куртцы і зялёным капялюшыку з пяром на гала-ве. Гэты тырольчык размахваў перад носам сяржанта нейкім лістом. Хацеў спаткання з вязнем, г.зн. са мной з мэтай заслухвання і размовы сам-насам. Захоплены знянацку з'яўленнем тырольчыка, сяржант нават не па-знаёміўся са зместам, мільгаўшага ў яго перад вачыма ліста і адразу даў мне знак, каб выйшаў з вартоўні на падворак, дзе тырольчык, узяўшы мяне за локаць, пра-вёў цераз пляц аж пад турэмны мур і толькі тут, да майго здзіўлення абазваўся па-польску:

- Пан павінен уцякаць і цяпер!

- Як гэта? - я паглядзеў на яго з недаверам, - якім спосабам гэта зрабіць? Акрамя таго пані засталіся ў вартоўні.

- Нічога ім не будзе. Пайшлі да той бяздзейнай вартавой вышкі! - падагнаў мяне тырольчык.

Драўляныя дзверы ў мураванай вышцы былі забіты цвікамі наглуха. Спрабуем іх вырваць голымі рукамі. Марна, дзверы ані здрыгануліся. Чым бы іх тут падважыць? Аглядваемся навокал і амаль аднача-сова бачым нешта блішчастае на зямлі паблізу ад бара-ка - гэта кінутая некім з работнікаў кірка. Цяпер уціс-нутым у паз вастрыём выважваем дзверы. Мураванае нутро вежы-галубятні без лесвіцы цалкам пустое, то-лькі ўнізе напоўненае чорнай вадой. Не вядома якой глыбіні: уверсе падзабруджаны шкляны дашак ў вы-глядзе стажка. У адной з трохкутных рам некалькі вы-бітых шыбак.

З адтулін па шыбах на часцёва пакрышаную цагляную сцяну вышкі падае сонечная смуга святла.

Уцячы можна толькі цераз дашак. Толькі як туды дабрацца? І тут у той сонечнай смузе бачым тырчаўшыя тут і там паміж цаглінамі вялікія паржаве-лыя цвікі, якія засталіся ад зліквідаванай драўлянай лесвіцы, што вяла даўней да зашклёнай будкі, якая была назіральнай пазіцыяй турэмнага ахоўніка. А таму будзем узбіраца па цвіках аж да збаўнага, зашклёнага дашка.

- Няма часу! - тыролец ужо злёгку папіхаў мяне ў кірунку сцяны, дзе тырчалі паміж цаглінамі вялікія штыры. - Толькі глядзі, каб не ўпаў! - чую за сабою яго голас і сухі трэск зачыненых дзвярэй.

Абапёршыся плячыма аб сцяну паволі, ступня за ступнёй пасоўваюся па няроўным камяністым краі фундамента. Пада мной яма, напоўненая чорнай, як смала вадой з нерухома леглымі на яе паверхні некаль-кімі жоўтымі надгнілымі лістамі клёну. Асцярожна хапаю пальцамі, а потым усёй далонню спачатку адзін, а потым другі цвік, спрабуючы, ці досыць моцна тыр-чаць у муры. Нязначны нахіл тулава ўлева, і другая выцягнутая рука хапаецца за тырчаўшы некалькі вышэй цвік. Цяпер цалкам на вясу прыляпляюся да сцяны, і адначасова шукаю апору для сваіх ног у шчылінах і няроўнасцях месцамі пакрышанай цэглы Выцягнутыя рукі згінаюцца і выпрамляюцца папера-менна, падымаючы ўвесь мой корпус на тыя некалькі санцыметраў уверх. Ціск пашчарбаных плешак цвікоў на далоні, з якіх адна ўжо крывавіць, што раз мацней-шы, але болю не адчуваю. І тут нейкі штыр, сыпнуўшы скрушанай вапнай вывальваецца са сцяны. У апош-нюю хвілю хапаюся далонню за іншы цвік, на шчасце моцна ўбіты ў шчыліну між цаглін, і міма волі пагля-даю ўніз у цёмную пашчу невядома на колькі глыбокай вады, запоўніўшай чэрава галубятні. Яшчэ пару хватаў, рухаў тулава, і... нарэшце чапляюся за адну з бэлек, якая служыць асновай і апорай для шклянога дашка вышкі. Цяпер адной рукой адхіляю рухомую трохкут-ную раму зашклёнага дашка, уціскаю пад яе галаву і ўжо грудзямі ўспіраюся на бэльку, што атачае мур вартавой вышкі. Нада мной віднеецца чыстае блакітнае неба, чуцён лёгкі і свежы павеў ветру, а ніжэй расцягнулася зялёныя прастора агародаў, дзе над адным з загонаў завіхаецца сагнутая жанчына ў каляровай хустцы на галаве. Гляджу ўніз. Там пад вышкай стаяць два маладыя хлопцы. Убачылі мяне і адразу паўголасам клічуць, каб скакаў на землю.

- Высока! - адказваю - Прынясіце які канат, шнур.

- Няма часу, скачы, падтрымаем!

Прапускаю ногі праз шчыліну паміж фрамугай і дашкам, які ціснуў мне на плечы. Бачу яшчэ выпрастаную постаць жанчыны, якая жагнаецца на голас і ўжо напалову з вісу спадаю на землю, дзе хлопцы прытарможваюць цяжар майго цела. З падзення на калені падхватваюся адразу, а хлопцы ўзялі мяне пад рукі і выправадзілі з агароду праз нейкую дзірку ў плоце з драцяной сеткі. Пасля, віляючы паміж забудовамі, мы дабраліся да чыгуначнага пераезду і праз пару хвілін аказаліся ў густа застаўленай домікамі і агародамі чыгуначнікаў Слабадзе.

7. Ужо на свабодзе.

З падворка, цераз ганак увайшлі ў адзін з тых невялікіх дамкоў. І тут... неспадзяванна. Дзверы ад пакоя ці кухні адчыняе добра знаёмая мне наглядна таварышка з нашай гімназіі, прыгожая і ўсмешлівая бландынка І.С. Пасля прывітання і кароткага абмену паролямі я з'арыентаваўся, што менавіта жыллё панства С. будзе маім часовым сховішчам. Сплыла, мабыць, гадзіна. Пасля яды разглядалі разам з маёй мілай гаспадыняй паннай І. здымкі з яе альбома. Калі ў замкнёныя з боку ганка дзверы нехта двухкратна, са значэннем пастукаў, панна І. сарвалася з месца:

- Гэта да мяне, - кінула.

У прыадчыненых дзвярах ад кухні я згледзеў маладога чалавека, якога І. запрашала, каб увайшоў усярэдзіну. Але маладзён не спяшаўся.

- Мушу зараз вяртацца! - пачуў. - Забег толькі па ўзнагароду!

Узнагарода тая, я бачыў гэта праз незачыненыя дзверы, было закідванне рук на шыю маладзёна паннай І. і дадзены яму пацалунак. Тады малады чалавек знік за дзвярамі, а І. паінфармавала мяне, што гэта быў яе таварыш - сусед, адносна якога яна мела пэўныя абавязкі.

- Гэта ён, - дадала пра гэтым, - вызваліў пана з вязнення!

Усхваляваны і ашаломлены раптоўнай зменай сітуацыі, у якой знаходзіўся, я не быў у стане нармальным чынам рэагаваць на ўсё тое, што рабілася вакол мяне, ані супаставіць факты, у якіх удзельнічаў. Вось, па-просту, усё гэтае здарэнне вакол мяне, я трактаваў тады, як рэч натуральную, прыязны жэст салідарнасці (ну можа трохі рызыкоўны) некалькіх маладых энтузіястаў. Прайшло ледзьве некалькі дзён, каб справа праяснілася, укладаючыся ў лагічны шэраг прычын і скуткаў, звязаных з маім арыштам і звальненнем.

Ужо шарэла, калі ў дом панства С. убег таварыш брата - кіраўнік тартака Ф.М. (мабыць сваяк панны І.) і паведаміў, што мае ўцёкі з вязніцы сталі ўжо вядомымі, што - як чутно - выязныя дарогі з горада мацней, чым звыкла, кантралююцца нямецкімі пастарункамі, а таму ўзнікае неабходнасць размяшчэння мяне ў іншым, больш бяспечным месцы, дзе я мушу перачакаць пару крытычных дзён. Ф.М. меў ужо загадзя складзены план схаваць мяне ў свайго дзядзькі, адстаўнога чыгуначніка, які жыў на краі Слабады.

Развіталіся з пастаянна міла ўсміхаўшайся паннай І. і ўжо ў поўным змроку пры платах дабраліся да маленькага доміка дзядзькі Ф.М. Тут дзядзька з плямяннікам вырашылі, што найлепшым, а адначасова і найбяспечнейшым месцам для мяне на колькі найбліжэйшых дзён будзе стаяўшая пасярод саду старая, драўляная буда, якая сягала сваімі стромым дахам аж да зямлі, і дзе дзядзька ў летнія ночы звыкнуў быў пільнаваць, каб акалічныя балбесы, пераскочыўшы цераз трухлявы плот, не кралі ў яго садавіну.

Я быў проста захоплены таго роду схованкай, у якой стаяла выцертая сафа з парай вясковых дзяружак, табурэтка і расхістаны на ўсе бокі малы столік. Насцеж расчыненыя дзверы забяспечвалі прыплыў святла і рэзкага садовага паветра.

Ежу з дому ў будку меў прыносіць дзядзька Ф.М., сівы і трохі прыгорблены, але затое рухавы, як на свой сёмы дзесятак, стары. Пачцівасць, ужо ў наступны дзень даставіў мне некалькі старых экзэмпляраў штомесячніка "Вакол свету". І я меў, што чытаць.

Яшчэ перад адходам Ф.М. да свайго, размешчанага недзе паблізу дома - паколькі была гэта ўжо цёмная ноч, я прасіў яго, каб даведаўся, што з панямі - маёй гаспадыняй і яе сястрой, якіх я пакінуў у вартоўні, уцякаючы з вязніцы. Брат мой, як толькі яму данеслі, што я арыштаваны, не вяртуўся ўжо ў жыллё нашых гаспадароў - панства К., але спыніўся і начаваў у знаёмых на другім баку вуліцы ген. Шантыцкага. Ф.М. паабяцаў мне, што прыйдзе да мяне і перакажа ўсякую інфармацыю праз нейкія 2-3 дні.

І фактычна, праз тры дні ў пасляпаўдзённы час з'явіўся ён у маёй будзе, таямніча паведаміўшы, што прывёў мне госця. Непадалёк пад прыкрыццём кустоў парэчкі сядзелі на траве мая гаспадыня са сваёй сястрой паннай В. Сардэчныя прывітанні і гарачыя абдымкі наступілі ў трохі смешнай пазіцыі - на кукішках. Пані прынеслі з сабой да курачкі і яек нават фляжку хатняга віна. Расказвалі пры тым, як пасля выяўлення маіх уцёкаў і далейшых дарэмных пошукаў у бараку і на турэмным пляцы, раз'юшаны сяржант немец, выклікаючы стражнікаў ад дурных баб, з крыкам: "Хауз"! по-прасту выпхнуў яе з вартоўні, а потым за браму вязніцы. Майго тырольскага вызваліцеля стражнік-бельгіец - як гэта тлумачыў каменданту - выпусціў з пропускам чвэрць гадзіны таму назад, найлегальней, цераз браму. Столькі пані зразумелі пры сваім скупым знаёмстве з нямецкай мовай.

У рванай размове на розныя тэмы (даведаўся я м.ін. пра трагічную смерць ген. Сікорскага) мы не заўважылі, як начало шарэць. Пані ў спешцы рушылі дадому, паабяцаўшы, што адведаюць мяне зноў у найбліжэйшую нядзелю з правіянтам і цяплейшай вопраткай, бо напэўна ноччу холадна мне ў той будзе.

8. Развязка загадак.

Аднак не дадзена мне было дачакацца нядзельных адведзін пані К. і яе малодшай сястры В., выразна змярцвелай - як я вычытаў з яе блакітных вачэй - перспектывай непазбежнага расстання са мной, прынамсі на нейкі час, бо ўжо ў суботу раннім ранкам, прыехаў фурманкай да дзядзькі нейкі тып у авечым кажушку (мужыкі так апранутыя нават летам з погляду на халодныя ночы). Тып прадставіўся як прыяцель добра мне знаёмага з нядаўняй працы ў надлясніцтве Ліда ляснога інжынера Квятка і адначасова ўручыў мне здабытую дзесь з-пад падшыўкі сваёй старой шапкі карэспандэнцыю ад яго. Ляснічы Квятак пісаў, што падаўцу таго ліста - яго прыяцелю - даверыў заданне перакінуць мяне цераз мяжу з Ліды (цяпер Беларусь) на Літву, а канкрэтна ў Эйшышкі, дзе, як некалі ў непасрэднай з ім размове я згадваў, знаходзіцца мая мама. Падаўцу ліста я цалкам павінен давяраць, а рэшту дэталяў дараскажа мне ён асабіста і на канец развязка такой простай, але захапляўшай мяне загадкі. Ляснічы Квятак і ўладальнік пячаткі, прысыланай да мяне цераз мужыкоў - вазакоў з просьбамі пра якое-небудзь узбраенне з малюнкам "Кветкі з пяцю пялёсткамі на доўгай ножцы" - гэта адна і тая самая асоба.

Рэшту дараспавёў прыяцель інжынера Квятка (таксама перадваены ляснічы), як яны абодва заканспіраваныя на суседніх пляцоўках клапаціліся пра зброю (здабываную рознымі шляхамі, м.ін. і ад мяне) для фармаваўшыхся аддзелаў польскіх партызан. Як толькі даведаліся пра мой арышт, баючыся, каб падчас нямецкіх допытаў не прагаварыўся, каму пастаўляў зброю, бо думалі, што я расшыфраваў крыптонім "кветка", хутка скантактаваліся з блізкай ім групай падпольшчыкаў у Лідзе, якія мелі доступ да нямецкіх афіцыйных папер і нават да пячаткі ў гэбітскамісарыяце, даручыўшы ім вызваленне мяне з вязніцы. Старая вязніца на Каменцы з міжнароднай вартавой службай, якая складалася з не вельмі яшчэ дасведчаных стражнікаў неверагодна аблегчыла лідскім падпольшчыкам выкананне даручанага ім задання. Тым не меней вывад мяне за муры вязніцы ў белы дзень "тырольчыкам", тым больш асобай, якая ўдавала немца з рэгіёну, было вычынам дасціплым, але пры тым і рызыкоўным.

Хто тады быў маім збаўцам? Хто змяніў далейшыя лёсы майго жыцця?

Перш за ўсё пасля пераходу беларуска-літоўскай мяжы я аказаўся на іншай тэрыторыі, у іншым асяроддзі, звязаўся і дзейнічаў у адным з партызанскіх адддзелаў АК у 1943-44 гадах, а пасля акцыі на Вільню пад назвай "Вострая Брама" выехаў (канешне па левых паперах) на заходнія землі ПНР. І, мусіць, ніколі б не даведаўся, хто такім бравурным спосабам вызваліў мяне з вязніцы, калі б, як звыкла, не выпадак, які меў месца восенню 1992 года, а гэта цераз 50 год. Дык вось, у першую нядзелю кастрычніка 1992 года я ўдзельнічаў у таварыскім спатканні лідзян у прыватным памяшканні маёй кузіны В.Б у Варшаве. Раскіданыя па ўсёй Польшчы, а нягледзячы на гэта, падтрымваўшыя паміж сабой кантакты лідзяне, гэта ў асноўным былі вучні сярэдніх школ міжваеннага перыяду, а ў гады акупацыі савецкай і нямецкай - жаўнеры, якія дзейнічалі ў падполлі і вялі змаганне з захопнікамі ў партызанскіх аддзелах АК. З'езды - спатканні лідзян ужо на працягу некалькі гадоў (у першую нядзелю кастрычніка кожнага года) прысвечаныя памяці палеглых у Другой Сусветнай вайне на зямлі Наваградска-Віленскай, а таксама памерлых ужо пасля вайны таварышак і таварышаў жаўнераў-партызан з 77 пп АК у Лідзе.

Калі пасля ўрачыстай святой імшы ў касцёле Св. Антонія на вул. Сенатарскай у Варшаве і ўскладання букетаў кветак у галерэях таго ж касцёла пад эпітафійнымі дошкамі таварышак і таварышаў партызанаў АК мы спаткаліся ў доме кузіны В.Б у колькасці каля трыццаці чалавек і заселі ўжо за сталы для супольнага абеду, прыбыла трохі спазнёная нейкая пані Б.С., якая, як я пазней даведаўся, таксама была лідзянкай малодшага пакалення і сувязной АК. Вітаючыся па чарзе з незнаёмымі і сядзеўшымі ўжо за сталамі ўдзельнікамі спаткання, пані Б.С. затрымалася пры мне, калі я ўстаў і назваў сваё прозвішча.

- Зараз, зараз, прабачце. Як пан называецца?

А калі я паўтарыў ёй ужо трохі гучней, пані Б.С. запытала, ці я не той тып - тут назвала маё прозвішча, якога брат яе Ўладак шмат гадоў назад вызваліў з Лідскай вязніцы. Я пацвердзіў, што я якраз і ёсць той тып. І тады пані Б.С. дадала некалькі дэталяў, з таго здарэння, якіх ніхто акрамя мяне не ведаў, бо я таксама ніколі і нікому такія дэталі не давяраў.

- Я была ў той час дзяўчом - падлеткам, - успамінала пані Б.С. - З затоеным дыханнем і поўная здзіўлення я прыслухвалася да распавяданай нашай мамай аповесці пра майго старэйшага брата - Уладка. Убраны ў тырольскі строй: цёмныя кароткія порткі ў папярэчныя белыя палосы, на галаве меў зялёны капялюшык, упрыгожаны шэрым ястабіным пяром. З гонарам распавядаў, як ён прыбраны ў тырольца дапамог ва ўцёках з вязніцы польскаму афіцэру, нейкаму Д.! (Тут назвала добра запомненае мной яго прозвішча).

- А гэта ж пан? - хвіліна маўчання і здзіўлення, якая перарвалася запытаннем.

- А дзе ж тады мой збаўца? Я хацеў бы яму асабіста выразіць сваю ўдзячнасць і прызнанне.

- На жаль, няма яго ўжо сярод жывых - адказала са смуткам у голасе пані Б.С. - Загінуў пад Сурконтамі ў 1944 годзе. Пэўна пан чуў пра няроўную бітву, якую далі там аддзелам НКУС партызаны АК пад камандаваннем маёра Котвіча! Адбіваючы масавую атаку ворага, амаль усе загінулі ў колькасці каля 40 жаўнераў. Раненых энкусаўцы дабівалі штыкамі або выстраламі з аўтаматаў.

- Мне была добра вядомая гісторыя аддзела АК, пад камандаваннем ціхацёмнага бязрукага маёра "Котвіча". Першы і апошні раз я бачыў яго на начной нарадзе камандзіраў ніжэйшага звяна ў Рудніцкай пушчы з 18 на 19 ліпеня 1944 года. Пасля вераломнага арышту 17 ліпеня 1944 года і вывазу ў СССР польскіх афіцэраў АК - удзельнікаў баёў за вызваленне Вільні (акцыя "Вострая Брама"), запрошаных у маёнтак Богушы на гарбату для знаёмства з савецкімі афіцэрамі, кіраўніцтва над усімі, размешчанымі паблізу Вільні партызанскімі аддзеламі, прыняў найстаршы па званні невялікай ўжо групы пазасталых афіцэраў маёр "Котвіч". Паднятыя на трывозе тым ганебным учынкам аддзелы, якія налічвалі каля чатырох тысяч узброеных жаўнераў, ужо раніцай наступнага дня пад камандаваннем маёра "Котвіча" рушылі на Рудніцкую пушчу. Доўгую калону, маршыраваўшых шырокім трактам акаўцаў суправаджалі аж да самай пушчы аўтамабілі-амфібіі, напоўненыя савецкім войскам. Ледзьве прайшлі брод і ўжо ў глыбіні пушчы разлеглую паласу балот і аказаліся на больш сухім, цвёрдым і задзірванелым грунце, як з тылу за нашымі плячамі пасыпаліся чэргі выстралаў з аўтаматычнай зброі. Гэта ў нашым кірунку рухалася, страляючы, савецкая пяхота, напэўна тая, прывезеная да пушчы амфібіямі. Мы адказалі агнём. У наступленні, якое трывала аж да змроку, ішоўшыя натоўпам і ва ўвесь рост салдаты муселі панесці - і пацвярджалася гэта навочна - вялікія страты. Многа з іх жыўцом патанула ў гразі і балоце, непраходным без правадніка. Нашы жаўнеры - партызаны, расселеныя аседла яшчэ да нядаўняга часу вакол пушчы, добра зналі праходы і шляхі на тым багністым абшары.

Ясна было, што саветы не спыняцца ў тым нешчаслівым для іх і багатым на страты наступленні і захочуць як найхутчэй ліквідаваць польскіх партызан, якія знайходзіліся ў пушчы. На скліканай яшчэ той ноччу нарадзе маёр "Котвіч" прадставіў сваім нешматлікім ужо падначаленым свабоду рашэнняў і мажлівасць расцерушыцца на тэрыторыі. Сам - як тады паведаміў - з групай дабраахвотнікаў будзе далей весці безупынную барацьбу з саветамі. Тут жа пасля нарады мы дамовіліся разам з камандзірам нашай роты паручнікам "Ліхам" (мы абодва не скарысталіся з запрашэння ў маёнтак Богушы на гарбатку знаёмства), што ў той жа час малой групай, а такой быў мой першы плутон у 2-гой роце V батальёна 77 пп АК (два астатнія плутоны з нашай роты загадам новага камандзіра V батальёна паручніка "Каліны" яшчэ перад наступленнем на Вільню ўзмацнілі асабова іншую няпоўную роту ў тым жа батальёне), што пакінем Рудніцкую пушчу.

Пацверджаннем слушнасці такога рашэння быў факт акружэння ўжо назаўтра раніцай усёй Рудніцкай пушчы савецкімі войскамі:

Уцякаўшых з пушчы індывідуальна або групамі партызан-акаўцаў вылоўлівалі, накіроўваючы іх у Меднікі, каб у сваю чаргу вывезці ў СССР. Мы даведаліся праз пару дзён, што маёр "Котвіч" з групай ў некалькі соцень верных яму жаўнераў-партызанаў прабіў-ся цераз кальцо савецкага войска, шчыльна замыкаўшага Рудніцкую пушчу.

Прайшоў яшчэ тыдзень, пакуль мы канчаткова распусцілі наш плутон і са зброяй павярталіся да сваіх дамоў. Не мела ўжо сэнсу безупыннае кружэнне невялікага аддзела, што праўда на добра знаёмай нам тэрыторыі, але запоўненай масай савецкіх войскаў і спраўна адступаўшымі ў баявым парадку групкамі немцаў-недабіткаў. Яшчэ тады, калі мы хаваліся ў падземных бункерах паблізу ад сваіх дамоў ад пастаянна прачэсваўшых тэрыторыю спецыяльных аддзелаў энкусаўцаў, даходзілі да нас чуткі пра нясхільную барацьбу, якую праводзіў на Наваградскай зямлі маёр "Котвіч" і яго баявыя жаўнеры з войскамі НКУС, праводзіўшымі татальную чыстку ўсяго, што польскае, у тылах далёкага ўжо фронту.

Бездапоможнай да той пары савецкай выведцы нарэшце ўдалося ўстанавіць недзе так у сярэдзіне трэцяй дэкады жніўня 1944 года месца часовага размяшчэння ў ваколіцах Дубічаў (памятных смерцю кіраўніка паўстанцкага аддзела 1863 года Л. Нарбута) моцна ўжо прарэджанай пастаяннымі сутычкамі з ворагам групы партызанаў маёра "Котвіча". Накіраванае ў той раён войска НКУС, дзеля выведвальных мэтаў правяло збройнае сутыкненне з заслонным аддзелам маёра "Котвіча" ў малой вёсцы Паддубічы, дзе загінула сем польскіх партызанаў, а чацвёра былі паранены - страты ворага не былі вядомыя, каб праз два дні г. зн. 31 жніўня 1944 года акружыць большымі ўжо сіламі, размешчаны ў Сурконтах аддзел маёра "Котвіча" ў некалькі дзесяткаў чалавек. У выніку крывавай бітвы, якая тут адбылася, палёг маёр Котвіч і 35 яго найвярнейшых жаўнераў.

У траўні 1995 года, ажно праз малога паўвеку, я браў удзел у арганізаванай паездцы лідзян з Варшавы - сэрца вольнай ужо Польшчы - у Ліду, горад маёй маладосці. Пасля ўрачыстасцяў, звязаных з асвячэннем вуглавога каменя пад будаўніцтва "Дома Польскага" ў Лідзе, мы аб'язджалі аўтакарам Саюза палякаў у Гародні ваколіцы Ліды, знаёмыя нам мясціны, шляхі пераходаў і месцы партызанскіх баёў АК, пазначаных сям-там крыжамі і западаючымі што раз глыбей у зямлю жаўнерскімі магіламі.

Былі мы і ў Сурконтах, а дакладней, у месцы, дзе яны некалі стаялі. Цяпер было тут роўнае поле, а на ім сціплыя але ўжо занядбаныя, атачоныя каменным мурам могілкі. На могілках, парослых вясенняй травой, а месцамі самабытнай поўнай квеценню стаяць два рады крыжоў - магілы маладых партызан, палеглых у барацьбе за вольную Польшчу з варварскімі прыхаднямі. Цэльнасць могілак завяршае помнік - шанец. Могілкі даглядаюць навакольныя, старэйшыя векам палякі. На магілах крыжы невядомых жаўнераў і тых вядомых з прозвішчамі, псеўданімамі і вайсковымі званнямі, а сярод іх маёр "Котвіч" - Мацей Калянкевіч і мой выбаўца з лідскай вязніцы - "Сунім" - капрал Уладзіслаў Смілгін.

Пры магіле Ўладка ўкленчыла яго малодшая сястра - Бронька са словамі малітвы на вуснах. Я стаяў каля яе ў задуменні і з уздыханнем за спакой яго душы, схіліўся, ускладаючы букет кветак, прывезены з Ліды, як знак маёй удзячнасці і памяці.

Пераклад Станіслава Судніка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX