Вярнуцца: Мемуары

Знішчэнне лідскіх яўрэяў Holocaust in Lida


Дадана: 12-12-2003,
Крыніца: Запісана ў Тэль-Авіве ў ліпені 1962 г. (Сэйфер Ліда, с. 311-312.). Пераклаў Ёнатан Камянецкі. Лiдзкi Летапiсец №22.



Пан Пупко распавядае:

- Да прыходу Чырвонай Арміі ў 1939 годзе мы жылі ў Лідзе, дзе валодалі і кіравалі піваваранным заводам. Завод нацыяналізавалі неўзабаве пасля ўстанаўлення Савецкай улады. Нам дазволілі працаваць службоўцамі, але абклалі рознымі падаткамі... Мы зразумелі, што для нас тут месца няма. Паехалі ў Вільню. Там і аказаліся на пачатак нямецкай акупацыі ў канцы чэрвеня 1941 г.
Адразу пачаліся жорсткія пераследы яўрэяў..., папаўзлі чуткі, што ў Лідзе спакайней. Прабіраліся лясамі ўздоўж Віленскага тракта. У жніўні 41-га зноў апынуліся ў Лідзе. Уся сям'я сабралася ў сваёй старой кватэры на тэрыторыі завода. У гэты час нямецкая адміністрацыя накіравала на завод інжынера Іяхіма. Войску патрэбна было піва. А на суседнім тартаку (пілпраме) можна было наладзіць выпуск шпалаў для чыгункі. Патрабавалася рабочая сіла, спецыялісты. Эсэсавец Іяхім аказаўся парадачным чалавекам, далёкім ад ядавітай нацыскай ідэялогіі. Укамплектаваў вытворчасць рабочай сілай, у тым ліку на працу былі прынятыя 42 яўрэі. Тэрыторыя завода аказалася для нас аазісам. Тут мы нармальна жылі і працавалі, нягледзячы на тое, што ў горадзе зверствавалі нацысты.
Памятаем, як мы ўсе 42 яўрэйскіх рабочых, справілі пейсхальны сэйдар на заводзе вясной 1942 года. Праз некалькі тыдняў, 8 траўня, калі ў гета праводзілася крывавая "акцыя", Іяхім не пусціў на завод эсэсаўцаў, якія хацелі нас забраць. Пазней яго адправілі на фронт. На яго месца прыслалі Ганеберга, ад'ютантам у якога была жанчына Меркел - садыстка па натуры.
У 1943 годзе на завод прыехаў Іяхім атрымоўваць піва для сваёй вайсковай часткі. Ён скарыстаўся з выпадку і папярэдзіў нас, што пагражае смерць і трэба ўцякаць у лес...
Піваваранны завод Папірмейстараў піва не выпускаў. Паводле парады інжынера Формана там пачалі вырабляць мелас. Гэты прадукт таксама быў патрэбны немцам. На заводзе Папірмейстараў знайшлі прытулак Форман, Лялька Віленчык і Крыдзель са сваімі сем'ямі. Пазней яны ўсе загінулі.
16 верасня 1943 г. на завод прыехалі эсэсаўцы з Слоніма. Абвінавацілі нас у тым, што піва атручанае..., што мы хаваем золата... Потым правялі сеграгацыю ўсяго персаналу: яўрэі асобна - хрысціяне асобна. Загад быў - на месцы не страляць. Аднак латышскія салдаты ўвайшлі на завод са стральбой. У выніку быў ранены ў ногу Хаім Ажахоўскі. Пані Ажахоўская, якая да вайны трымала лавачку на тэрыторыі завода Папірмейстараў з уваходам з боку Сувальскай, схапіла трохгадовага ўнука і ўцякла ў бок Лідзейкі, перайшла яе ўброд і дабралася да лесу. Яна выратавалася разам з сынам Іосіфам, з яго жонкай, а таксама з сынам Хонам. Пасля вайны яны выехалі ў Амерыку.

Сіома Пупко з жонкай распавядаюць:

-Хаім Пупко з жонкай уцёк на гарышча аднаго з будынкаў завода. Адтуль скочыў цераз плот у суседняе балота, дзе хаваўся да цямна. Ноччу дабраўся да лесу, потым да лагера Бельскага. Хаіму давялося яшчэ раз вярнуцца на завод і забраць вінтоўку, якая там была закопана. Яго жонка прыйшла ў аддзел Бельскага пазней, не ведаючы, што муж ужо там. Выратавалася таксама сям'я Пятлюк. Бацькі хаваліся ў знаёмага селяніна ў Дуброўні. Іх дзеці, дачка 13 гадоў і сын 16 гадоў схаваліся недзе асобна. Потым сабраліся ўсе разам у аддзеле Бельскага.
У асноўным гета яшчэ не ведалі, што адбываецца ў нас у "малым гета". Тым часам наш блокфюрар Ганенберг кляўся, што нас перавозяць для працы ў іншым месцы ("Клянуся Богам і фюрарам..."). Людзей сартавалі. Мужчын адпраўлялі ў гарадскую турму, жанчын у арганізацыю ТОДТ.
Раніцай нас усіх прывялі на чыгуначную станцыю да астатніх вязняў гета. Пагрузілі ў асобны вагон, які быў адпраўлены ў невядомым нам кірунку вечарам 17 верасня. Асноўны транспарт - больш трох тысяч чалавек - быў адпраўлены раней. У нас не было ніякіх ілюзій адносна нашага лёсу... Адзіны шанец выратавацца - выскачыць з вагона на хаду. Гэта не лёгка, і не ўсякі ў стане гэта зрабіць. 12 чалавек з нашага вагона скочылі. Мой брат Міця разам са сваім маленькім сыночкам, яго жонка. Іх дачка у апошнюю хвіліну спужалася і засталася ў вагоне... Саскочылі Сталавіцкі, яго жонка з сынам і дачкой, варшаўскі цырульнік з жонкай, партызан, які вярнуўся з лесу ў гета (пазней застрэлены рускімі) і я з жонкай і нашай дачкой. Гэта было ў раёне ст. Масты на Нёмане. Натуральна, мы не маглі скакаць адначасова і аказаліся на мясцовасці ў рассыпную. Пра месца сустрэчы дамовіліся загадзя. Толькі праз 8 дзён сустрэліся ў раёне Беліцы. Хаім Ажахоўскі хацеў з намі скакаць, але з-за раненай нагі не быў у стане гэтага зрабіць.

Пані Пупко распавядае:

- Па дарозе мы нечакана сустрэлі эсэсаўца і страшна спужаліся. На нашае вялікае здзіўленне ён нас не затрымаў. Супакоіў, сказаўшы: "Гэта робяць іншыя". Перасцярог, што наступаюць цяжкія часы, распавёў таксама пра транспарты з яўрэямі, якія ідуць на захад. Раіў уцякаць. Даў нам тры булкі хлеба і адпусціў. Праз некаторы час пасля гэтай сустрэчы мы дабраліся да лагера камандзіра Бельскага. Тут мы даведаліся, што з першага вялікага транспарта саскочыла і выратавалася пані Карчмер. Пасля вайны яна прыбыла ў Лондан, дзе сустрэлася са сваім мужам. Марк Карчмер аказаўся там на пару гадоў раней.

Пані Пупко прадаўжае распавядаць:

- Падчас нашых вандровак пасля вайны меў месца неардынарны выпадак. Пасля прыбыцця ў Германію ў Бад Райнгоф мы даведаліся, што тут жыве сям'я інжынера Іяхіма, былога эсэсаўца, блокфюрара півавараннага завода. Аказалася, што ён сядзіць у амерыканскай турме, як ваенны злачынец. Мы параіліся з яўрэйскімі арганізацыямі і пасля гэтага пасведчылі амерыканскім вайсковым уладам пра яго паводзіны падчас акупацыі ў нас у Лідзе. Таксама і іншыя лідзяне, у тым ліку Сталавіцкі, прыслалі пісьмовыя паказанні. Неўзабаве пасля гэтага Іяхіма вызвалілі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX