Вярнуцца: Мемуары

Трошкі успамінаў пра вайсковыя могілкі ў Лідзе Garść wiadomości i okruchy wspomnień o cmentarzu wojennym w Lidzie


Аўтар: Rećko Jan,
Дадана: 07-11-2015,
Крыніца: pawet.net.



Мяне завуць Ян Рэцько, зараз я жыву ў Чэнстахове, але ад нараджэння, г.з. ад 1927 г. і да 25 верасня 1959 г. я жыў у Лідзе па вуліцы Крупаўскай, 78. Маю ўжо многа гадоў але яшчэ шмат памятаю з былога часу. Вайсковыя могілкі знаходзіліся каля нашага дома, памятаю, яе яны выглядалі да вайны і да 1959 г., калі я выехаў у Польшчу. Гэтымі ўспамінамі хачу падзяліцца з людзьмі, лідзянамі, якія, можа быць гэтага не памятаюць.
Дык вось, як вядома старым лідзянам, могілкі тыя знаходзіліся паміж старой жвіроўняй і кашарамі – з аднаго боку, з другога боку была вуліца Рыдз-Сміглага, хоць могілкі і недаходзілі да вуліцы. Іншыя бакі могілак абмяжоўвалі вуліцамі Кашаровай і ксяндза Скарупкі.
Да прыхода у Ліду бальшавікоў ў верасні 1939 г. могілкі выконвалі сваю ролю. Тут былі пахаваны жаўнеры І Сусветнай і польска-бальшавіцкай вайны. Тут жа меліся магілы немцаў, аўстрыйцаў, чэхаў, палякаў, рускіх, у пазнейшыя часы тут хавалі сем’і польскіх афіцэраў і жаўнераў, якія служылі ў 77 палку і жылі ў кашарах. Да 19 верасня імі апекавалася польскае войска. За саветамі могілкамі ніхто не цікавіўся. 27 чэрвеня 1941 г. Ліду занялі немцы і узялі апеку над могілкамі. Яны упарадкавалі магілы, аднавілі жалезную браму, паправілі агароджу. Могілкі былі даведзены да ладу і усталяваўся парадак. Кожны год, пакуль у Лідзе стала нямецкае войска, нямецкі аддзел прыходзіў сюды каб аддаць гонар палеглым. Гэта было ў кастрычніку ці ў лістападзе, дакладна не памятаю, але, гэта было нейкае вайсковае свята.
Калі 20 ліпеня 1944 г. у Ліду увайшла Савецкая армія, каля могілак усю зіму стаяла супрацьпаветраная артылерыйская батарэя. Каб перазімаваць, жаўнеры капалі бульбу. Зіма таго года была надта суровай. Калі скончыліся дровы, жаўнеры пачалі шукаць паліва каб было чым абагрэць зямлянкі. На могілках стаяла каплічка ў закапанскім стылі, у якой раней адпраўляліся жалобныя імшы пры пахаваннях, а ў маі – маёвае набажэнства. Савецкія жаўнеры не задумваючыся, пачалі разбіраць гэту каплічку на паліва. Так знікла капліца на могілках. Магілы засталіся не парушаныя. Тут стаў помнік – піраміда з рымскім жаўнерам. Такі стан рэчаў пратрымаўся да 1949 г. Раней шмат людзей добраахвотна ці пад прымусам выехалі ў Германію. Некаторыя пасля вайны вярталіся ў родны край. Сярод іх быў і нейкі Шымялевіч, жыхар вуліцы Кашаровай. Адной ноччу 1949 г. ён разбіў фігуру жаўнера і здаў на металалом. Сама піраміда стаяла да майго выезду ў 1959 г. У 1966 г. могілкі зраўнялі з зямлёй. На зямлі, якая непасрэдна прылягала да могілак, пабудавалі школу № 6, а там дзе былі магілы паўстала спартыўная пляцоўка і памяшканні школьных варштатаў. Пра эксгумацыі ці перанос каменных крыжоў пры гэтым, я нічога не чуў.
І яшчэ трохі ўспамінаў датычных могілак: калі немцы упарадкавалі могілкі, яны адгарадзілі частку на якой знаходзіліся магілы польскіх жаўнераў і членаў сямей вайскоўцаў, якія жылі ў кашарах, калючым дротам.
Другая такая інфармацыя: на супрацьлеглым баку могілак, ад вуліцы кс. Скарупкі знаходзіўся вайсковы шпіталь. У часе ІІ-й Сусветнай вайны ў гэты шпіталь прывозілі параненых нямецкіх жаўнераў з фронту і тых, якія паміралі, хавалі каля агароджы могілак. Пры канцы 1943 г., калі стала зразумела, што Ліду ім прыйдзецца пакінуць і немцы пачалі выкопваць парэшткі пахаваных жаўнераў і вывозіць у Германію. Аднак вывезці ўсе парэшткі яны не паспелі – уцякаючы з горада, немцы пакінулі некалькі трун у доле і нават не паспелі зноў засыпаць іх зямлёю. Пасля ўцёкаў немцаў ніхто не засыпаў таго долу і пах раскладаючыхся целаў нейкі час даваўся у знакі ваколічным жыхарам.
Вось што я памятаю пра ваенныя могілкі ў Лідзе.
12 мая 2015 г.
Ян Рэцька з Чэнстаховы.

Пераклад Лаўрэша Леаніда
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX