Вярнуцца: Мемуары

Размова са старым шляхціцам


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-01-2012,
Крыніца: Лідскі Летапісец № 58; НАША СЛОВА № 3 (1050) 18 студзеня 2012 г., № 4 (1051) 25 студзеня 2012 г, 1 лютага 2012 г., № 6 (1053) 8 лютага 2012 г., № 7 (1054) 15 лютага 2012 г.

Спампаваць




(Распавядае Хруль Іосіф Іосіфавіч , 1929 г. н., запісана на Вялікадзень 2010 г., працягласць запісу каля 3 гадзін. Запісаў, апрацаваў, пракаментаваў і напісаў уводны артыкул Леанід Лаўрэш .)


Хруль гербу "Праўдзіц"

Шляхціц гэтага роду Лаўрын Хрулевіч ўпершыню ўспамінаецца ў "Перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г." сярод щляхты (57KB) Радавод роду Хруль, складзены Л. Лаўрэшам па матэрыялах Чэслава Малеўскага Герб 'Праўдзіц'."двора господарьского лидского" у шэрагу тых, хто "того ж двора бояре, которые людей не мают сами повинни головами ку службе ехати" [1]. Тое, што Лаўрын мае прозвішча "Хрулевіч" кажа аб тым, што ён сын Хруля і такім чынам мы маем права лічыць род Хрулёў лідскай шляхтай з XV ст. У перапісе войска ВКЛ 1567 г. фігуруе ўнук ці сын Лаўрына - "Валентый Лавринович Хрулевич отъ Сосонок кляча, рогати" [2].

(30KB) Герб 'Праўдзіц' па Несецкаму.

"Крестоприводная книга Великого Княжества Литовского 1655 г." дае нам прозвішчы двух Хрулёў у Лідскім павеце: "Валентин Савастьянов сын" і "Самойло Хриштопов сын" , з якіх апошні з'яляецца продкам аўтара гэтых успамінаў. Менавіта ён - Samuel Chrul s. Krzysztofa пачынае радавод Хрулёў які захоўваецца ў віленскіх архівах (F 391-1-509 "Rodowоd szlachecki Chrulоw h. Prawdzic, pow. Lidzki).

Важна, што пра сына Самуэля Хруля - Эліяша у гэтым радаводзе пададзена інфармацыя, што свой маёнтак ён атрымаў ад бацькі ў 1677 г. Такім чынам калі Лаўрын Хруль ў 1528 г. не меў значнай маёмасці, дык ужо праз 130 гадоў, Самуэль Хруль у сярэдзіне XVI ст., меў нейкі маёнтак, найбольш верагоднай магчымасцю для шляхціца значна палепшыць свой маёмасны стан была ўдалая вайсковая служба. З "Падымнага рэестру Віленскага ваяводства 1690 г." даведваемся, што пан Самуэль Хруль з Лідскай парафіі меў два дымы ў Верх-Лідзе Чэхаўскай Срэбняў (Wierzch Lida Czechowska Srebniоw), у гэтым жа попісе фігуруе і пан Крыштаў Хруль з Радуньскай парафіі (1 дым) [3].

У дадатку да гярбоўніка Каcпара Нясецкага Ян Бабровіч пісаў, менавіта што Стэфан і Казімір Хрулі ад лідскай шляхты падпісалі акт канфедэрацыі ў Алькеніках у 1700 г. і дадае, што даўнія аўтары пра іх не пішуць [4]. Аднак, у якім сваяцтве быў Казімір і Стэфан з Самуэлем Хрулём, невядома.

У спісе лідскай шляхты за 1765 г. верагодным прадстаўніком апісванай галіны роду з'яўляецца Юзаф Хруль (верагодна Ёдкі), сярод яго суседзяў па Лідскай парафіі таксама фігуруюць Міхал і Леан Хрулі (з Калясішчаў), і Антон, Эліяш і Міхал Хрулі з Чэхаўцаў.

Новыя расейскія ўлады адразу прызналі шляхецкі стан апісванай галіны роду Хруль. З "Коннотационного реестра Виленского Дворянского Депутатского Собрания для записи утверждённых в дворянстве с 3.III.1798 г. по 20..I.1799 г." даведваемся, што Вінцэнту сыну Юзафа з пацэсіі Даўгялы шляхецкае паходжанне было пацверджана прывілеем ад 3.XII.1798 г. Другі раз шляхецтва было пацверджана прывілеем ад 18.VII. 1859 г. З інфармацыі бачна, што пры канцы XVIII ст. род зноў страціў маёнтак, і Вінцэнт стаў арандатарам. Але ўжо яго сын Марцін становіцца ўладальнікам ладнага кавалка зямлі. Бо ў "Ведомости мелкопоместных дворян Лидского уезда, утвержденных в дворянсте, владеющих землёю 1851 г. nr 109 s. 24." (F 391-7-73) Марыяна Хрулёва (54 гады) - удава Марціна з сынам Марцінам валодаюць 36 дзесяцінамі зямлі ў Воўкавічах.

(13KB) Герб 'Праўдзіц' на старых дакументах.

Неабходна дадаць, што ў 1853 г. у Лідскім павеце жыве некалькі дзесяткаў збяднелых сямей Хрулёў, якія чакаюць пацверджання шляхецкага стану ад расейскага ўраду: іх - 12 сямей у Калясішчах і 8 - у Чэхаўцах, а Адольф Хруль, сын Паўла - у Лідзе, фурман паштовай станцыі. А ў 1864 г . (Zesp. 515, inw. 25, vol. 83 s. 433 Rewizska skazka rok 1864) месцічамі Ліды з'яўляюцца ўжо 5 сямей. На лідскіх гарадскіх могілках да нашага часу захаваліся магілы гэтых сямей. Каля 1880 г. у горадзе па вул. Віленскай з'явілася майстэрня Баляслава Хруля па вырабу помнікаў. Пасля смерці Баляслава майстэрняй кіравала яго жонка Анэля Хруль з Малеўскіх.

Дзед аўтара ўспамінаў - Марцін сын Марціна (1820? - 1887) ёсць і ў спісе лідскай шляхты 1845 г. (Zesp. 391, inw. 9, vol. 20 s. 13). Марцін сын Марціна разам з жонкай Эміліяй валодалі 40 дзесяцінамі зямлі ў ваколіцах Ёдкі і Воўкавічы.

Акрамя Марціна, Марцін і Марыяна мелі сына Віктара які у сваю чаргу меў сына Адама, пра якога ўспамінае аўтар мемуараў. У спісе лідскай шляхты 1891 г. уладальнікам 25 дзесяцін зямлі ў ваколіцы Воўкавічы быў Адам Хруль (37 гадоў) з жонкай Марыянай з Даўгялаў (30 гадоў) сынам Тэафілам (7 гадоў) і трыма дочкамі, пазначана што гэтая сям'я стала жыла ў Пагародна. У тым жа спісе ёсць родны дзядзька аўтара ўспамінаў Ян Хруль.

У 1911 г. у Радуньскім дэканаце пачаліся сур'ёзныя хваляванні з нагоды спроб летуанізацыі парафіі з боку часткі парафіян (у асноўным з Забалаці) і часткі ксяндзоў летувіскага паходжання. Летувіская газета "Viltis" надрукавала вынікі апытанняў жыхароў радуньскай парафіі пра родную мову. З даследавання вынікае, што ваколіца Воўкавічы мела 6 хат, дзе жыло 25 чалавек, у гэтай ваколіцы шляхта назвала роднай мовай толькі беларускую, у адрозненні ад суседзяў, якія роднай лічылі і польскую [5]. А 11 лютага 1918 г. усе жыхары ваколіцы падпісалі зварот да польскага ўраду, у якім выказалі пажаданне жыць у польскай дзяржаве: "Мы, палякі якія спрадвеку жылі ў ваколіцы Воўкавічы Радуньскай парафіі… з дзеда - прадзеда былі, ёсць і будзем палякамі. Звяртаемся да Цябе, Дастойны Урад з просьбай уратаваць ад небяспекі. Немцы з летувісамі …, не пытаючыся волі народа…, ствараюць тут нейкую літоўскую дзяржаву… Мы жыхары гэтага краю не жадаем летувіскай дзяржавы а жадаем злучэння з нашай сапраўднай радзімай Польшчай" [6].

Як бачым, чын генерала Люцыяна Жалігоўскага, які праз 2,5 гады ўтварыў "Сярэднюю Літву", меў тут моцны падмурак.

Пра вялікі лідcкі пажар 1891 г.

- Пра гэты пажар [7] мне расказваў мой бацька (1880 г.н.). Гэты пажар пачаўся ад дома, які стаяў недалёка ад праваслаўных могілак [8]. У гэтым доме дзеці гулялі з мышкай, мышка схавалася ў кастрыцы. Каб злавіць мыш, кастрыцу падпалілі, пачаўся пажар, які хутка перакінуўся на ўвесь горад. Праз некалькі гадзін на конях прыехалі тушыць пажар пажарнікі з Вільні. З-за дыму нічога не было бачна, таму віленскія пажарнікі сталі на пачатку вуліцы Віленскай, якраз каля таго дома дзе пажар пачаўся. Яны спыталі ў людзей, ці прамая вуліца далей. Дазнаўшыся, што не зусім прамая, паехалі проста ў агонь і дым у цэнтр горада. Ліда выгарала тады ўшчэнт. Гарэла сутак двое, згарэла ўся Сувальская [9]... Мне ў дзяцінстве было вельмі цікава, што на конях пажарнікі прыехалі Ліду тушыць з Вільні.

- А дзе вучыўся Ваш бацька?

- Ён вучыўся ў павятовай дваранскай вучэльні ў Лідзе. Ён застаўся без бацькі (майго дзеда) у 5 гадоў. Нейкіх падрабязнасцяў пра яго вучобу не ведаю.

Мой бацька пры канцы 1930-х гадоў цікава расказваў пра галоўнага лідскага "боўдзілу" пачатку XX ст. - Боладзя. Ён быў жахам для яўрэяў і ксяндзоў горада. Неяк убачыўшы ксяндза, які выпадкова праходзіў недалёка ад бардэля, ён пачаў гнаць яго бічом да плябаніі, крычучы пра тое дзе ён яго нібыта злавіў. Другім разам ён выпіўшы, учыніў вэрхал у плябніі Фарнага касцёла, і ксёндз - дэкан папрасіў суседзяў замкнуць яго ў "трупярні" - памяшканні злева ад галоўнага ўваходу ў Фарны касцёл, дзе ў той момант знаходзіліся дзве труны з нябожчыкам і нябожчыцай, якіх павінны былі заўтра адпяваць. Ачомаўшыся, Боландзь палажыў у адну труну на нябожчыцу нябожчыка і уцёк. Назаўтра, пры поўным касцёле адчынілі вечка труны ... Вэрхал які ўчыніла радня нябожчыцы помнілі і праз шмат гадоў [10].

Пра фальварак

- А дзе жылі?

- Сядзіба была харошая ... Гумно было 40 аршын даўжынёй.

- Дзе гэта было?

- Мой дзед (прыкладна 1840 г.н.) жыў у ваколіцы, ваколіца наша называлася Воўкавічы [11]. Потым ужо бальшавікі ўсе некалькі ваколіц "перахрысцілі" ў Гейштафты [12]. Гэтую сядзібу трэба было пабудваць! Потым яна перайшла майму бацьку, які доўгі час быў халасцяк. Сам ён практычна не працаваў фізічна. Трымаў дзвюх дзяўчат, двух хлопцаў, сам жыў у Воўкавічах.

(54KB) Юзаф Хруль разам з унукам Вадзімам - магістрам інфарматыкі, дактарантам Кашалінскага тэхнічнага ўніверсітэта.

- Колькі было зямлі?

- У дзеда ў Воўкавічах недзе каля 70 гектараў ворыва. Але гэта не значыць, што зямля была адным кавалкам. У яго было гектараў 30 напэўна. Астатняе ён, дзве гаспадаркі, прыкупіў і атрымалася нешта пад 70. Яшчэ адна гаспадарка была ў Ёдках [13], яна так дасталася.

- Як дзеда звалі?

- Дзед Марцін... Жаніўся ён ужо ў гадах. Не меней 40 гадоў, відно па сям'і. Жонка ў яго была Эмілія Ёдкаўна, з роду Ёдак. У яе два брата былі. І абодва працавалі ў Варшаве чыноўнікамі, мелі нейкую адукацыю. Абодва памерлі ад туберкулёзу ў сярэднім узросце халасцякамі, пахаваны ў Варшаве, і іх гаспадарка ў Ёдках засталася безпрыгляднай. А жанчыны ў той час не мелі права на спадчыну.

- Былі праблемы?

- Відаць, узгаднілі з юрыстамі, бо ён адтуль не хацеў выязджаць. Юрысты падказалі, што ў гэтым выпадку, калі ты туды ў Ёдкі паедзеш і будзеш там жыць, ніхто цябе не высяліць, і ніхто не адбярэ, інакш самыя дальнія сваякі скарыстаюцца гэтай гаспадаркай, толькі не ты.

- Так ён і з'ехаў з Воўкавіч у Ёдкі?

- Так, ён быў ужо жанаты з Эміліяй, у Воўкавічах у іх нарадзілася адна дачка... І яны пераехалі з адным дзіцем. І ён жыў у Ёдках гадоў 20, не меней. Пераехаў у Ёдкі каб пакінуць за сабой гэтую гаспадарку. Ён пабудаваў новую сядзібу ў Ёдках, другую пасля Воўкавіч. Для гэтага трэба быў час. Там пабудаваць і тут пабудаваць.

- А пра сядзібу ў Воўкавічах, там было гумно ў 40 аршын, а што яшчэ? Дом?

- Пра тую сядзібу я дакладна знаю, што там вось такое гумно было вялікае, канюшня была з вазоўняй, для кароў памяшканне, для авец, аборай яго называлі, што яшчэ... Свіран быў для збожжа, ён быў двухпавярховы, і для такой гаспадаркі ён быў не малы, з балконам і... была не столь, а як называлі - заход. Добры быў свіран. Быў пабудаваны без пілы. Сякерай рубленыя вуглы. Ніжні паверх - было 6 засекаў, ну такіх... да 3 тон кожны. І дом быў такі, як у Ёдках, вялікі, але ён згарэў. Стаяў ён у Воўкавічах трохі не ў тым месцы, дзе пазнейшы дом наш стаяў, на гэтай жа пляцоўцы, але метраў за 50 ад пазнейшага дома.

- У яго былі 4 работнікі. Якія даходы атрымліваў?

- Я сам не разумею, як ён выкручваўся. Зямля была раскідана, як у вёсках. Але ж у вёсках хоць былі шнуры - табе, мне, другому і трэцяму, а ў яго былі такія дробныя надзелы, што яго 70 гектараў былі падзелены амаль што на 200 дзялак.

- Аднак!

- Як можна было гаспадарку пры гэтым весці хораша!

- Дык, гаспадарка ў Воўкавічах была ў арэндзе?

- Так, десяткі гадоў у арэндзе. Дзед жыў у Ёдках, дзве гаспадаркі весці быў не ў стане. Дык гаспадарка ў арэндзе і дабівалася. Ты ўяві, складзена са шматкоў і яшчэ ў арэндзе сколькі часу.

- А колькі ўраджаю арандатары аддавалі гаспадару?

- Знаеш, дзе як. Бывала што і палову аддавалі, а ў нашым выпадку, калі не было каму прыглядваць, была дамова агульная, аддавалі меней і 5 рублёў падатку ў год плацілі пры цары.

- А колькі можна было з Вашай гаспадаркі зарабіць у год?

- Такая запушчаная сельская гаспадарка была ў гэтых месцах! Я яшчэ малы быў, спытаў у бацькі: "Чаму ў Яна Гейштафта такое дробнае вымалачанае жыта?". А бацька кажа: "Яно ўсё было такое. А Ян ніяк не можа прыладзіцца да новага часу. Пайшло новае насенне, жывёла пайшла іншых парод, а ён не можа, у яго і конікі малыя, і кароўкі малыя, і збожжа малое". А Ян Гейштафт жыў неяк з гаспадаркі, не так ужо і кепска жыў. А ў бацькі была жывёла добрая, карова была 600-700 кг, гэта ўжо нешта!

- Колькі ў год збожжа прадавалі?

- Збожжа мала, у асноўным жывёлу. Гектар, у сярэднім, жыта мог даць, пасля лубіну, цэнтнераў 50, але гэта раз у два гады... ратаваў лубін.

Я, ужо пасля вайны, спытаў неяк у цёткі: "Чаму вашы мужыкі курылі самасад?" Абодва курылі. Гэта была дзяржаўная справа: гарэлка, тытунь, нельга было вырошчваць, строга сачылі. А яна кажа: "Я тытунь высаджвала, дзе небудзь сярод жыта". А там быў такі непрахадны хутарок Татаршчына, сярод балота, дык і кажа: "Пакуль жыта ўбіраць, я тытунь убяру". А тытунь быў дарагі, малы пачак, недзе грам 100, быў 80 грошаў. Вось яна там тайком, ціхенька, маўчком ... але была разумная жанчына. Камандавала яна ўсім.

- Якія - небудзь газеты Ваш бацька выпісваў?

- Нашы выпісвалі сельскагасрадарчую газету "Plien", з Варшавы, і яшчэ ішлі нейкія сельскагаспадарчыя часопісы, я іх любіў глядзець.

- А радыё было?

- Было 4-лямпавае радыё. Яно і вайной працавала, але цяжка было з батарэямі. Батарэі для яго былі - дзве сухія і акамулятар. Да вайны польскія станцыі слухалі - Вільня, Варшава, Кракаў, Чанстахова ішла, а вайной я асабліва запомніў перадачу "To mowi Londan", суседзі любілі прыйсці паслухаць Лондан.

- А калі купілі прыёмнік?

- Колькі сябе памятаю - быў заўсёды. Часу сядзець каля яго не было. Але я ўключаў музыку якую, калі Адам Хруль прыйдзе паслухаць.

- А што пра бацьку свайго раскажаце?

- Бацька халасцячыў, халасцячыў і нахаласцячыў амаль 50 гадоў. Дык, у такім узросце і выбіраць не было з каго. Узяў 20-гадовую, маю маці.

- Давайце, падрабязней пра вашага бацьку паразмаўляем, у якім годзе ён у Амерыку ездзіў?

- Быў там адзін год, вярнуўся ў 12-м годзе. Быў у Бостане, па ўсяму відаць, што там добра было. Ён працаваў на мясакамбінаце, ну рабочым простым, гаварыў, што мяса ў каўбасную машыну віламі закідваў. І за год зарабіў такую гаспадарку, якую тут ужо меў. Больш за 1000 царскіх рублёў прывёз. Сястра Клементына ў Лідзе замуж выходзіла, патрэбна было вярнуцца. Вярнуўся, як раз грошы былі патрэбны на вяселле сястры. Хацеў яшчэ купіць фальварак Крэцавічы між Пашкавічамі і Петрашунцамі, гектараў 30 з лесам. Але не атрымалася. Аднак сястры дапамог капітальна, выдаў замуж, і маладыя ўзялі ў арэнду фальварак Парадунь. Там іх застала вайна [14], і за вайну з гэтай гаспадаркі яны зарабілі, каб купіць сабе фальварак Надзею, 70 гектараў.

- А чаму ў Амерыку паехаў, сябры паклікалі ці як?

- Яму ўжо было за 30. Ён будаваў чыгунку, ну гэтую, навейшую

- Так, Балагое - Полацк - Сядлец, наш участак з Маладзечна на Масты.

- Працаваў, зямлю вазіў, плацілі добра. Яго швагер, старэйшай сястры муж, ён быў падрадчык, зямлю, камень вазілі. І бацька ў яго працаваў. Жыў у Ёдках з братам, які ўжо меў сям'ю. Потым з братам яны падзялілі гаспадарку. Брату сямейнаму пакінуў распрацаваны фальварак у Ёдках, пад Лідай, усё ж цэнтр павету, усё блізка, тая ж чыгунка. А сам, з малодшай сястрой Клементынай пайшоў на балота, у Воўкавічы. Дарогі цяперашняй на Радунь не было, сувязі з Лідай не было. І вось адзін раз прыйшоў з работы, вечарам, а сястра кажа, што едуць трое хлопцаў у Амерыку. З іх адзін быў блізкі сябар дзяцінства, Юзаф Падэйка. Пайшоў развітацца, пасядзелі, пагаварылі, і вырашыў і сам ехаць. Праблем не было, былі б грошы на дарогу. Агенты падбіралі рабочую сілу, і трэба было толькі за дарогу плаціць [15]. Арганізацыю яны бралі на сябе. Ну прыйшоў дамоў, узяў колькі пар бялізны, тое-сёе і пайшоў. Нелегальна перайшлі рускую граніцу, усе ўжо было арганізавана, салдат рускі толькі разаслаў шынельку цераз разараную паласу і сказаў у пацёмках: "Скачы!". А каштавала гэта рубель з чалавека. Было іх 5 чалавек, і карова тады каштавала 5 рублёў. Пасля мяжы, у Германіі ўжо быў арганізаваны транспарт, і прыехалі яны ў Брэмен, селі на карабель. Два тыдні гайдаліся ў моры і прыехалі ў Амерыку. І праз год сястра піша што выходзіць замуж. Юзаф Падэйка, сябар, кажа: "Едзь, выдасі сястру замуж, калі не будзе грошай вярнуцца ў Амерыку - я прышлю." І паехаў. Сястра выйшла замуж, даў ёй 700 рублёў як пасаг, арэнда Воўкавіч скончылася, і трэба было некаму тыя свае 70 гектараў абрабляць. Застаўся. Трэба было падрамантаваць свой фальварак, ён столькі гадоў хадзіў па арэндзе. Пакуль тое ды сёе - і вайна. І скончылася язда ў Амерыку.

- А як ён жаніўся?

- Жаніўся ў 25-м. Ужо не было каго і браць. Яму пасаг жончын не патрэбен быў. Ён ужо быў вырашыў і не жаніцца. Вырашыў пры сястры пражыць, з сястрой Клементынай у сям'і былі добрыя адносіны ўсё жыццё. У вайну [16] нешта з немцамі не паладзіў. Ну, немцы любілі добрых гаспадароў. І падаткі трэба было плаціць. А што ён тут мог адзін? Ну пазачыняў усё і пайшоў да сястры. Потым, казаў, памяняліся жандары. У Пелясе яны стаялі. Калі памяняліся яны, прыехаў немец - жандар да суседа і сказаў, каб знайшоў Хруля, і каб ён ехаў гаспадарыць. "Мы знаем, ён з нашымі папярэднікамі не ладзіў, з намі ён паладзіць". Жандары ў Пелясе жылі, як у раі. 12 чалавек іх там стаяла, кармілі іх, паілі ўсёй акругай.

- І ўжо вырашыў не жаніцца, а што потым было?

- Захварэў зваротным тыфам. І адзін чуць не памёр. Пакуль ачомаўся, ужо сказалі, што памёр, і пачалі гаспадарку дзяліць. Вось тады і вырашыў жаніцца. Брат з Ёдак пачуў, што памёр, прыехаў з Ёдак да Дзітвы і пытаецца ў людзей, ці памёр? "Не, - кажуць, - не памёр, ужо ходзіць". Развярнуўся і паехаў назад. Хутка далажылі. Ага, раз так, узяў і жаніўся.

Тут, у Воўкавічах, яшчэ мой дзед фальварак адзін з трох злажыў. Да 30 спадчынных гектараў яшчэ 40 дакупіў.

Пра сям'ю і г.д.

- А пра паўстанне 1863 г. у сям'і гаварылі?

- Мая сям'я была намнога за мяне старэйшая, мне ўжо не было адкуль што даведацца. Дзед удзелу ў паўстанні не браў... Гаварылі, што многа маёнткаў было канфіскавана царом тады... Быў адзін Гейштафт Ежы, ён быў малодшы за дзеда. Бацька, калі прыязджаў у Воўкавічы (там сядзелі пасэсары), дык заходзіў да яго, ну каб пераначаваць, паміж імі былі сувязі яшчэ дзядоўскія..., ну дык ён прымаў удзел ў паўстанні.

У дзеда Марціна быў брат малодшы, Віктар. Мой траюрадны брат Ян Хруль прымаў удзел у нейкай змове супраць цара, аднак не памятаю, пра якога цара казалі ... Ян жыў у Вільні, вучыўся і трошкі працаваў і прымкнуў да рэвалюцыянераў, рэвалюцыянеры былі рускія. І яго прыгавырылі да расстрэлу. У Воўкавічы прыехаў прыстаў, ну і тут сабраліся мужчыны, пра Яна добра расказалі. Прыставу, як гаворыцца, "усунулі" [17].

- Дык, прыстаў чаго прыязджаў?

- Ну дык па месцы зняць следства, даведацца ўсё пра Яна. Ну і напісаў ён харошую паперу, што маўляў, трапіў выпадкова, і яму прысудзілі пажыццёвую высылку ў Сібір.

А тут сын Віктара - Адам (бацька Яна) працаваў у маёнтку Гародна па бухгалтарскай частцы.

- У якія гады?

- Ну яшчэ ў канцы 19 стагоддзя. У Гародна, па-моему Патоцкі [18] быў гаспадар, Патоцкія тут не жылі, жылі ў Парыжы. Але пад Беластокам, і ў Гарадзенскай, і Віленскай губернях усе былі іх маёнткі, так, што маглі яны па гэтых дзвюх губернях праехаць толькі па сваёй тэрыторыі. Яны ў тры гады, можа, раз прыязджалі, так паглядзець. Потым яны началі прадаваць усё пагалоўна, пайшла распрадажа.

Гэта жонка Адама Хруля расказала майму бацьку. Ну і ў руках Хруля была ўся бухгалтэрыя. І ўся распрадажа ішла цераз яго. Яго і эканома. А пасля прадаж Патоцкія прыслалі рэвізію. І ён кінуў сям'ю, і драпануў у Амерыку. Тады было свабодна. У Гераманіі сеў на карабель і паехаў. Ён у Амерыцы адразу пабудаваў два трохпавярховыя дамы, адсюль павёз чамаданчык грошай Патоцкіх. Ну і свае грошы меў. Яго жонка расказвала, што ў Гародна яны жылі "не горш за Патоцкіх". Усе меў ад Патоцкіх, нават соль. І атрымоўваў годную зарплату.

- А яго сын вучыўся ў Вільні і далучыўся да рэвалюцыянераў?

- Так. Гэта было потым. Адам пакіную сям'ю. А што сям'і было рабіць? Яна забрала дзяцей і пераехала сюды ў Воўкавічы. І бацька мой з Ёдак сюды пераехаў. Жылі яны цераз плот. Яна была Даўгялянка, у дзявоцтве - Марыя Даўгяла. Адам нейкі час працаваў у Амерыцы настаўнікам.

- Меў адукацыю?

- Ну, так. Дзе вучыўся, не ведаю. Ну, а далей ён адкрыў у Амерыцы фабрыку шакаладу. Ён дзецям сюды прысылаў грошы, на вучобу, кантакты былі. На гэтыя грошы адзін з сыноў Адама - Тэафіл атрымаў у Варшаве вышэйшую адукацыю харчавіка, і бацька яго тут жа забраў у Амерыку. Бацька яму адразу падрыхтаваў шакаладны цэх, і ён там прыжыўся, развіў фабрыку [19].

Трэці сын Адама, таксама Адам, жыў з намі цераз плот з маці. І ён трапіў у армію перад самай Сусветнай вайной, у гвардыю, гвардыю царыцы. Служыў у Магілёве. Служыў у штабе. Прысвоілі яму афіцэрскае званне. Пры бальшавіках, пасадзілі яго начальнікам ваенкамата дзесьці ў Сібіры. Сядзеў, як мыш пад венікам. Але на бальшавікоў наглядзеўся. Што там выраблялася, страшная справа! Хапалі ўсіх. У 1924 годзе вернуўся сюды. З'ездіў у Амерыку, атрымаў спадчыну па бацьку. Вярнуўся назад. Яго тры разы войтам выбіралі ў Радуні. Закон быў такі, як выбраў народ - паўгода павінен адпрацаваць. Потым можаш і ў дэмісію падацца. У 1939 г. яго бальшавікі не зачапілі, хаця ніводнага жывога войта не пакінулі. Казалі, што той брат, Ян Хруль - рэвалюцыянер у Маскве быў буйным чырвоным начальнікам. А Адам, як Саветы прыйшлі, дык працаваў бухгалтарам у райспажыўсаюзе ў Радуні. А калі ў калгасы сагналі, яго бухгалтарам у калгас перавялі.

Адам мне і пра род наш шляхецкі расказваў. Усё, што я чуў пра род - гэта ад Адама, ён жа мне - траюрадны брат. Розніца ва ўзросце вялікая была, але ён любіў са мной гаварыць, ён мне расказваў пра вайну, Расею, бальшавікоў, Сібір.

- А пра род Ваш што расказваў?

- Расказваў, пра герб наш расказваў, паказваў герб таксама. Але нейкай такой падрабязнай інфармацыі не было. А бацька мой мне пра суседзяй расказваў.

- Пра каго, напрыклад?

- Ну, напрыклад, пра Залескіх. Пра маёнтак Місевічы з-пад Ваверкі. Маёнтак трапіў такому Залескаму, яны мелі вось тут землі - Жырмуны, Курмелі, вось у гэтым месцы. І ў яго было двое дзяўчат - прыгажунь. І да адной рускі суддзя лідскі падхаджваў [20]. У Залескага тут быў буйны кавалак зямлі, ён быў сур'ёзны гаспадар. А другая яго дачка - гэта Гуршчынак бабця, суседзей нашых, з Ірэнай Гурскай я сябраваў у маладосці.

- А што яшчэ пра Залескіх?

- Дык ужо, што знаў, тое і забыў.

- А што яшчэ пра навакольных суседзяў?

- Вось яшчэ маёнтак Волдацішкі. Суседні маёнтак. Гаспадар - Геншаль [21].

- Гэта здаецца, у расейскай крыніцы пісалася, ягоны бацька Людвіка Нарбута з атрадам выгнаў у 1863 г.?[22]

- Не ведаю. Але пасля 1863 г. ён з сям'ёй у Германію ўцёк. Пры цары так было, абы адсюль пабольш мясцовых сагнаць, каго ў Сібір, каго ў Еўропу. Валдацішкі быў дастаткова буйны маёнтак. З паўтысячы гектараў было. І калі Пілсудскі да ўлады прыйшоў, прыехалі тры сыны. Тыя, якія ў 63 г. былі дзеці - ужо былі ў гадах. А маёнтак ужо даўно быў польскай уладай падзелены. Засталося гектараў сто, і іх Геншалям на траіх падзялілі.

- А хто маёнткам валодаў з 1863 года?

- А быў рускі генерал Станскі, казалі пра яго. А ў 20-х Станскага не было, і сям'і яго не было. І польскія ўлады землю падзялілі, толькі 100 гектараў засталося, і іх на гэтых траіх раздзялілі. Але ў Германіі іх прозвішча стала не Геншаль, а Гензель. І яны не маглі даказаць сваёй праваты. Адзін з іх свае 30 гектараў аддаў для новай парафіі, пад новы касцёл, і сам з'ехаў. Быў нейкім чыноўнікам. Засталіся Людвік і Браніслаў. Яны былі ўжо ў гадах майго бацькі недзе. Яны ўсе трое ў арміі Пілсудскага ваявалі. І гэтую зямлю атрымалі не як спадкі, а як дзяржаўную ўзнагароду. Але ў вёсцы Валдацішкі яны падабралі некалькі старых, і гэтыя старыя на судзе пацвердзілі, што яны іх з малых знаюць. А пакуль суды ішлі - выбухнула вайна, і яны маёнтак цалкам так і не атрымалі. А іх я помню. Браніслаў у Варшаву з'ехаў, бачыў яго пару раз, ён сваю зямлю аддаў Людвіку. У Людвіка быў сын - мой равеснік, гулялі разам. Ну, і ў нас было 70 гектараў, і ў яго каля таго. А Людвік хадзіў па паляванні, любіў паляванне. І перад паляваннем прыходзіў дазвол атрымаць ад гаспадароў, што дазваляюць яму паляваць на сваёй зямлі. Бацька гаварыў: "Падпісваць нічога не буду, але хадзі, дзе хочаш". А зайцоў было па лясах, як авец у чарадзе. Людвік быў старшынём камісіі па пабудове новага касцёла ў Валдацішках, пісьменны быў. Ксёндз быў такі Васілеўскі, варшавяк. Не спадабаўся яму. Таму, што ён мог пракантраляваць. Тады ксёндз прад'явіў пратэнзію, што Людвік жыў без шлюбу з жанчынай. Ён плюнуў, і сказаў сваім камітэтчыкам: "Пакуль Васілеўскі будзе ксяндзом тут, да той пары касцёл будзе будавацца і ніколі не будзе закончаны" [23].

Пра лідскую школу імя Габрыеля Нарутовіча

- Пра гэту школу я мала памятаю. Бацькі ўсунулі мяне ў другі клас у 1937 г. Пакінулі меня жыць у Лідзе ў матчынага брата (прозвішча Шмігеры). Яны былі маладыя, яшчэ сваіх дзяцей не было. Дзядзька мяне любіў, але хто я быў для цёткі. Яна стала мяне папракаць, я неяк раззлаваўся і пехам пайшоў дамоў, так свой клас і не зкончыў. Памятаю сваю настаўніцу, муж у яе быў капітанам у 77 п.п.

І я пайшоў у свою школу недалёка ад дому.

- А чым займаліся ў Лідзе гэтыя Шмігеры?

- Да Ліды яны земляробы былі. У Лідзе - рабацягі. Мелі свайго каня, воз, і наймаліся на будоўлю грузы вазіць. Зараблялі вельмі добра, па 20-30 злотых у дзень. Гэта былі грошы!

Пра Ліду

- Пераходзім да маёй любімай тэмы - Ліда, 30-я гады. Усё пра заробкі, цэны і інш.

- Цэны памятаю. Кілаграм адборнай каўбасы каштаваў 1 злот. Кілаграм масла быў 1 злот. Ваганні цэнаў былі, гэта ж рынак, аднак больш менш так. Кілаграм мёду быў 1 злот. Пуд зерня каля 2 злотых. Прамысловыя тавары для селяніна былі дарагаватыя. Але для таго, хто працаваў у горадзе - нармальна. Ровар каштаваў карову, а карова - 150 злотых. Марожанае - недзе 5 грошаў у жыда каштавала.

- А дзе марозівам гандлявалі ў горадзе?

- А былі перасоўныя такія вазкі, па магазінах не гандлявалі. Усюды гандлявалі. І на базары, вось тут насупраць ваенгандлеўскага дома [24], на заходнім баку вуліцы стаяў цэлы радок гаспадарчых ятак: ланцугі, лемехі, уздоўж Сувальскай, тут і марожаным гандлявалі.

- Недалёка ад мяснога павільёна?

- Павільёна не помню. Не, помню, як з Сувальскай на Трэцяга Мая павернеш, дык мясны магазін быў, яны ў асноўным каўбасамі гандлявалі. А на паўднёвым баку рынка, у кірунку з захаду на ўсход быў рад ятак яўрэйскіх, і гэтыя яткі гандлявалі мясам. А тут, дзе зараз бібліятэка (цяпер магазін "Віцязь" на Савецкай, - Л.Л. ), тут быў буйны гандляр Родзевіч такі. Гэтыя будынкі яго былі, ён тут каўбасы рабіў, гандляваў імі, тут жа было і кіно.

- А як выглядала марозіва?

- У такіх вафельных рульках. У адных гандляроў порцыі ўжо былі накладзеныя ў іх, гатовыя ляжалі ў вазках. У іншых марожанае было ў банках, такія банкі літраў па 10 у вазках з ільдом стаялі, і накладвалі без вагі. Помню, было чырвонае, ну такое не чырвонае, а ружовае, сіняе і белае. Якое хочаш - такое і бяры.

А мы па марожанае са школы хадзілі... там цяпер Польскі дом стаіць. Ручай там быў, і каля яго такі нармальны жылы домік, і ў ім магазін, мы туды па марожанае хадзілі.

- А дзе паліцыя была?

- Не помню, але знаю, што іх мала было. Час такі. Калі каму месяц турмы дадуць - ого! Многа! Мой брат дваюрадны служыў салдатам на заставе, у Паставах, Грынцэвіч такі, старэйшы за мяне на многа. Ён расказваў, адзін раз хацеў сабраць маліны, а яе шмат было, і захапіўся. Падыходзіць рускі салдат, і гаворыць:

- Што ты тут робіш? Ты ўжо 300 метраў як перайшоў у Саветы.

- Як у Расію?

- Дык, ідзі паціху назад, пакуль цябе не злавілі. Я цябе не бачыў.

Брат казаў: "Збяромся на мосце і ў карты гуляем з саветамі разам. Ну афіцэр як насунецца, савецкі ці польскі - паразганяе". Вось такая вось справа была. Палякі шчыльна не ахоўвалі мяжы, вось гадзіны праз дзве верхам аб'едуць. А рускія стаялі на адлегласці бачнасці. А калі зловяць пераходчыка граніцы ... адзін раз затрымалі, у саветы ўцёк і вярнуўся назад. Прывялі да сябе. Аказаўся з-пад Баранавіч. Кажуць: "Чаго ты ўцякаў?" Адказвае: "Ну, а што? Зямлі мала, жыць нечым, а ў Расеі там хапае, можна жыць, думаў там прыладжуся". Пытаюць: "Ну чаго ты пайшоў, а цяпер варочаешся?". "Не - кажа, - Там не тое, што гавораць". Даюць яму паперу, што ён затрыманы на мяжы: "Прыедзеш у Баранавічы, прыйдзеш у паліцыю, там цябе пакараюць". І адпусцілі. Ну, некалькі месяцаў турмы мог ён атрымаць.

- А стаянку аўтобусаў каля Фарнага касцёла памятаеце?

- Помню. Нічога там не было. Стаяла некалькі аўтобусаў, з гэтай стаянкі яны адходзілі і сюды прыходзілі. Адзін ішоў цераз Ваверку - Забалаць - Радунь - Эйшышкі - Вільня, другі яму насустрач - Вільня - Жырмуны і на Ліду.

- Колькі каштавалі квіткі? Людзі карысталіся?

- Цаны не помню, але людзі ездзілі, даступна было. Я, помню, быў знаёмы з адным з гэтых шафёраў, у 60-я гады ўжо. Ён рабіў у качагарцы ў КЭЧы, моцны дядзька быў яшчэ, расказаў:

- Я рабіў на аўтобусе ў тыя часы.

Я кажу:

- Ну чаму цяпер не робіш?

- Я пробаваў. Дык, не можна рабіць. Усё правяраюць і правяраюць. І ўсе крадуць і крадуць.

- А як было ў гаспадара?

- А што ў гаспадара, яму стараешся прывезці паболей. А як прывязеш, дык ён і сам дасць. Робіш так, каб ён паважаў. Запчасткі гэта была не твая справа. Трэба гума? Колькі каштуе? На! Трэба там якая запчастка - на! Не было праблем, абы рабіў.

- А што яшчэ запомнілася?

- Ліду ў агульным я памятаю. І ў школу трохі хадзіў. І так часта прыязджалі. Бацька мяне заўсёды з сабой браў. Дома не было калі лішне гаварыць, а вось едучы і расказваў усё. Я знаў пра кожны хутар, пра кожнага гаспадара. Быццам бралі мяне пільнаваць воза, але самое галоўнае для мяне, што будзе марожанае.

- А пра палітыку што-небудзь памятаеце? Выбары якія-небудзь?

- Помню. Апошнія выбары. Вясной 39-га года. Выбіралі ў сейм. Аднаго пасла прозвішча помніў увесь час. Не магу сёння ўспомніць ... Ён з Ліды быў. Ад нейкіх дэмакратаў ішоў. Я толькі помню, што мужчыны збіраліся кучамі і рашалі, каго будзем выбіраць. І рашылі выбіраць яго. Не помню ўжо ці паспелі выбары правесці ці вайна выбухнула.

Помню што была і камуністысная партыя, з ёй у пачатку ўсе ваявалі, да 36 г. Сталін ім плаціў зарплату.

- А дзе быў выбарчы ўчастак?

- Або ў плябаніі, або ў школе, у нас у плябаніі быў.

Аднак гэта былі выбары. Такія выбары ў нас былі толькі на пачатку 90-х гадоў. Чэсныя выбары.

Быў тут адзін мужык з Жалудка, звычайны няпісьменны мужычок. Каля Паўночнага гарадка жыў. Помню, як ён на базары залазіў на воз і даваў: "За власць Саветаў!".

- Вы яго выступы самі бачылі?

- Так, і не адзін раз. Паліцыя слухачоў распіхвае, так лёгка, колькі той паліцыі было? Можа чалавек з 20 на ўвесь горад. У 50-х гадах мне расказвалі, што гэты мужычок сціх, яго выклікалі гарадскія ўлады, і гавораць: "Што табе трэба?". А ён быў прывычны аратар і кажа: "Вы то добра жывеце, а мне як?". Яны яму далі валоку (30 гектараў) зямлі. Вось тут у горадзе амаль што, каля Паўночнага гарадка. Далі яшчэ лес і далі грошай. І, кажуць, ён сціх. Прозвішча яго ўжо не ўспомню...

Пра Рыдз-Сміглага

- Яшчэ помню адну гісторыю. У былых царскіх казармах Паўночнага гарадка, польская армія стаяла. Ужо ў канцы 30-х стаў галоўнакандуючым Рыдз-Сміглы. А яму вось у гэтай Бароўцы, дзе цяпер дачы за Паўночным гарадком, афіцэры і салдаты скінуліся і купілі фальварак Бароўка. Ён, кажуць, бярог кожнага салдата ў вайну з Саветамі. Любілі яго. Рыдз-Сміглы прывёз сюды цесця і пасадзіў жыць. А ён, расказвалі, любіў сюды прыехаць, папаляваць, пахадзіць па лесе. Ужо быў камандуючы, а ніколі ніякай аховы не меў. Садзіўся на поезд у Варшаве і прыязджаў у Ліду. А тут пяшком ішоў у Бароўку, да цесця ў госці. Адзін раз прыехаў і пайшоў, а каля яго фальварка быў харошы сад, ён потым яшчэ доўга рос. Значыць ён прыехаў, ішоў пешшу ноччу, прыйшоў у фальварак, а салдаты калоцяць яго яблыкі. Ён іх спыніў, выняў пісталет, сказаў: "Стой хлопцы". Хлопцы сталі. А ён сказаў: "Хлопцы, не лазьце ў сад, прыйдзіце да гаспадара, ён вам дасць яблык і так". Назаўтра, пяшком прыйшоў у казармы, да палкоўніка, 77-га палка, і кажа: "Распусціў ты тут хлопцаў, цягаюцца па начах па садах". Але не выдаў тых, хто ў яго ў садзе быў. Пасля таго палкоўнік плот паставіў, агарадзіў вайсковую частку.

А яшчэ адна гісторыя. У нас работнік быў, працаваў у бацькі, такі Міцюн Ян. Жыў каля нас, сям'я ў іх была вялікая. Ён да нас, пасвіў быдла ў цесця гэтага Рыдз-Сміглага ў Бароўцы. Казаў: "Аднойчы ішоў галоўнакамандуючы па-паляванні, падходзіць да мяне, я палку выразаю, а ў мяне ножык, ну такі просты, як у пастуха". Ен паглядзеў, і кажа: "Ай, у цябе нож такі не ладны, дрэнна гэта". І пайшоў. І хутка прынёс яму ў прэзент нож за 10 злотых і кажа: "Вось табе мой падарак". І што, думаеш, гэты нож у яго хутка выманулі хітрэйшыя. Гэты Міцюн, потым, ужо на пенсіі купіў хутарок каля Радуні, ля дарогі на Гародню і там жыў. Ён перад пенсіяй прыехаў да маёй маткі і кажа, іду на пенсію, але стаж трэба, можа вы мне падпішаце паперу. Маці яму падпісала за некалькі гадоў, што ў нас працаваў, і нават болей.

Пра Шымялевіча [25]

- Чуў, што Вы бачылі Шымялевіча?

- Я знаю, што ён быў з Пелясы. Меў нейкую адукацыю. Меў схільнасць да левых партыяў і таму меў нейкія праблемы з уладай. Яго дачка выйшла (92KB) Дом Шімялевіча, сучасны стан. замуж за лідскага старасту (у яго былі дзве дачкі, за кім была другая не ведаю). Тады яму стала лягчэй жыць. Пасля вайны пры першай магчымасці паехаў у Польшчу. Адам Хруль з ім сябраваў, Сегеня дзед. Яны часта ў Януша Сегеня [26] сустракаліся, тут на Зарэччы [27].

Шымялевіч трымаў натарыяльную кантору ў Лідзе, яна была яго, але зарэгістравана была на іншае імя. Канешне ведалі ўсе, што кантора яго. Адам расказваў, што ён быў такі прабіўны чалавек. Але казаў, што не давалі яму тут разгуляцца. А калі ўжо дочка выйшла замуж за старасту, ён пачуў сябе свабадней, але ж і перастаў быць левым. Такую гісторыю пра яго помню, Адам расказваў, што адзін раз сядзелі яны, пілі гарбату ў Сегеня, сын Сегеня [28] быў яшчэ падлеткам, ну і там разгаварыліся пра шляхту, пра гербы, а сын Сегеня пытае ў Шымялевіча: "А якего пан гербу?", і стала ціха, ціха ... Шымялевіч памаўчаў трохі і кажа: "А я гербу вэнтунэго сельдзя! Пяляскі мужык!" [29]. Ён быў наш літовец. Але іх размова не зусім літоўская, нейкая там трасянка.

Нешта яшчэ сёння на ранку пра яго помніў. У мяне бывае так, як быццам сам не гавару, а ў галаве былыя размовы самі сабой ідуць, ідуць... А вось … Калі Шымялевіч уцякаў ад немца у Першую Сусветную вайну, ён свае рэчы адвёз на захаванне ў Ёдкі, дык у яго толькі кніг быў поўны воз!

- А дзе яго дом у Лідзе быў?

- Па-моему яго дом стаіць.

Вот як даходзіш да мосціка па Энгельса (цяпер па Грунвальдскай, - Л.Л. ), па левым баку, як выходзіш да могілак, не даходзячы да рэчкі па-моему, бокам да вуліцы, ён ужо ўрос у зямлю, там быў яго домік [30]. Такі нізкі, доўгі дом. Калі я не памыляюся, гэта быў яго дом... відаць, не памыляюся. Таму што Адам Хруль яму казаў: "Што ты ў гэтай ламачыне жывеш? Не можаш сабе жыллё паставіць?" А ён адказваў: "Я ж яго парамантаваў".

Пра Вітольда Пілецкага [31]

- Я ад Вас раней нешта пра Пілецкага чуў, што ўспомніце?

- Пра Сукурчы?

- Так.

- Пілецкага я знаў. Ну, як дзіця, знаў. Ён камандаваў дабраахвотнай арганізацыя стральцоў. З бальшавікамі першы раз ваяваў ён яшчэ салдатам. У 30-я гады прысвоілі яму афіцэрскае званне. Ну і ён займаўся сваім маёнткам, відаць, што добра ў яго справы ішлі. Дакладна не помню, ці 600 гектар у яго было ці 300? У Сукурчах. Тым, хто ўдзельнічаў у гэтай арганізацыі стральцоў, не трэба было адпрацоўваць такі дарожны абавязак, дарогі ўладкоўваць, ну там жвір вазіць, грэблі будаваць. Вось яны былі свабодныя ад гэтага. Мая хрышчоная, сястра бацькі Клементына Роўба, адразу пасля вайны, у 20-х з мужам нейкі час трымала ў арэндзе гэтыя Сукурчы. І каля Сукурч яны купілі сабе фальварк Надзея, каля Бялевіч пад Гудамі. Пілецкія потым прыехалі на гаспадарку сваю. Па вайне іх адразу не было.

- А што пра Пілецкіх было чутно перад Першай Сусветнай?

- Яны былі недзе ў Расіі. І ён адтуль пайшоў ваяваць у Войска Польскае. Пасля вайны першым прыехаў яго дзядзька, бацькі брат. Бацька мой, як быў халасцяк, часта бываў у сястры. Ён так і боўтаўся, сам мне расказваў, што жаніцца ўжо і не збіраўся.

- А ў каго купілі Пілецкія Сукурчы?

- Сукурчы былі іхнія.

- Не, у XVIII ст. і, пэўна, на пачатку XIX ст. Сукурычы былі Нарбутаў.

- Ага. Не ведаю.

Ну яны прыехалі, значыць, пачалі самі разварочваць сваю гаспадарку, а мая цётка з мужам купілі Надзею, 70 гектараў. Надзеяй валодалі да іх Жаброўскія. Надзею раскупілі 4 чалавекі: Роўба (цётка мая), Казінскі, Карэліцкі і Траццяк.

У Першую Сусветную ў цёткі ў арэндзе быў фальварак Парадунь, між Радунню і Эйшышкамі. І надта там было выгадна, вялікі горад блізка - Вільня, людзі прыходзілі з мяшкамі, прыносілі золата, прадукты каштавалі дорага. Калі рускія адходзілі, яны ў людзей выкуплялі ўсё: збожжа, жывёлу, коней. Але яны нічога ім не прадалі, сказалі хай лепей прападзе. І пасля мелі шмат прадуктаў на продаж. Таму грошы ў іх былі, каб купіць фальварак пасля вайны.

І мой бацька ў сястры часта бываў. Пілецкі быў малодшы за бацьку, але яны сябравалі. Пралежвалі ў садзе днямі, з маім бацькам. У фальварку Надзея арганізавалі базу для гэтага стралецкага таварыства. Кавалак поля адвялі, за яго дзяржава плаціла арэнду, было выгадна. Таму я яго знаў. А ў нас была харошая кабыла, такая чорная, высокая, як на рынак мы прыязджалі, вайскоўцы, якія займаліся закупкамі для войска і заўжды бывалі там, падыходзілі і казалі: "Господож, продай кляч". Дык Пілецкі мяне на гэтую кабылу садзіў, у сядло, і вучыў ездзіць. У Надзеі, у цёткі, маёй хрышчонай гэта было. І стральцы вучыліся ездзіць, ставілі такія бар'ерчыкі, цераз іх на конях скакалі. Потым такія галінкі шаблямі секлі. А я, як з бацькам прыеду, любіў паглядзець на тое, як Пілецкі вучэнні праводзіць. І мяне таксама садзіў на чорную кабылу і вучыў скакаць цераз бар'ерчыкі. Аднаго разу кабыла дайшла да плота, а скакаць не захацела, рабочая кабыла была. Гэта, калі Пілецкі бываў у добрым настроі, і гуляў з дзіцем, са мной, значыць.

- Адзін раз вучыў ездзіць?

- Не, гэта было разоў можа з 10. Садзіў на кабылу, а сёдлы ў іх ляжалі, шаблі ляжалі. Шаблю мне не давалі, а сядло прыстасоўваў пад дзіця. Ну яны там трэніруюцца, а я з боку таксама езджу вакол поля. Любіў паездзіць. Бацька быў выдатна з ім знаёмы, і яны разам праводзілі час. Тут яшчэ ў раёне Кербедзяў [32] быў такі Сікорскі, і была ў яго дарослая дочанька, ну дык вярхом да іх у Кербедзі ездзілі. Ну, наогул, вольны час Пілецкі меў і такой справай займаўся.

- Як Пілецкі выглядаў? Як апранаўся?

- Ён у форме хадзіў. Гэтыя стральцы па рознаму хадзілі, хто ў цывільным, хто ў вайсковым, а ён у вайсковай форме. Калі меў справу з коньмі ў грамадзе - дык і з шабляй. Але ў і цывільным я яго бачыў.

- А што далей было?

- Вайна была. Ён дабраахвотнікам пайшоў. Потым яго польскія камуністы расстралялі. Я доўга пра яго помніў. Не знаў, дзе ён падзеўся, дзе прапаў. А потым ад тых, хто ў Польшчу выехаў, я пра яго даведаўся.

У яго доме пасялілася жанчына з усходніх раёнаў.

- Мне расказваў сведка, што ў 1943 г. у іх нешта з гаспадарчых пабудоў згарэла.

- Дом, пэўна, застаўся. Ну такая была гісторыя пасля вайны. Расказваў адзін чалавек, Кучынскі, які быў адтуль, з Козіч, я з ім працаваў разам. Ён расказваў, што ў Пілецкага ў доме пасялілася гэтая дзяўчына, яна рабіла ў Крупаве брыгадзірам і дэпутатам была. Дык Пілецкі прыйшоў у форме лейтенанта савецкага, у шынялі, гэта было ў канцы 40-х, ці ў пачатку 50-х, калі верыць гэтаму расказу. Ён мне расказваў, што Пілецкі прыйшоў, але яе не знайшоў. Але пасля гэтага яна тут жа з'ехала. Потым гэты дом неяк быў знішчаны.

Пра вайну

- Ну, а як было пасля 1939 г.?

- Хадзілі мы ў вясковую школу, ужо за першымі саветамі, і быў настаўнік адзін. Іван Іванавіч Ціханаў, яму было толькі 18 гадоў. Ён такі быў, яўна і не адданы саветам, але і не мог ён сам нештта сказаць супраць. Ён мяне адзін раз паклікаў, і кажа: "Перадай бацькам, што вы павінны адсюль з'ехаць". І не папярэджваў мяне, каб нікому не казаў, сказаў гэтыя словы і ўсё.

- Які гэта быў год?

- 40-вы. Я прыйшоў дахаты і гавару маці, вось так і так. А там былі дзве дзяўчыны, Вільбік такія, побач жылі каля школы. І ён іх там наведваў пастаянна, сябраваў з імі. Маці сустрэлася з імі, і гаворыць: "У мяне ёсць прадчуванне, што нам тут не месца". Старэйшая з Вільбікаў кажа: "Гэта так, пастарайцеся, у Сібіры там таксама не соладка", - але, адкуль што, не сказалі. І мы з'ехалі.

- Куды?

- З'ехалі пад Ліду, на хутар Надзея, каля Бялевіч, яшчэ мы выратавалі 4 каровы, некалькі авечак і каня. І тут мы затрымаліся. А сусед наш, Уладзіслаў Гейштафт застаўся, яго з сям'ёй вывезлі ў Казахстан, там ён і памёр, а жонка з сынам пасля вайны вярнуліся і адразу з'ехалі ў Польшчу.

- Чый быў хутар?

- Сястры бацькі. Гэта было недзе на Каляды 40-га года і працягнулася да немца. А я летам захварэў запаленнем. Паспаў на зямлі. І пад раніцу я ўжо расхварэўся сур'ёзна. А на досвітку нейкі гул. Адны кажуць, што вучэнні, ці нешта яшчэ. А потым прыходзіць цётка, бацькавая сястра, мая хрышчоная, і гаворыць: "Ліда гарыць!" А акрамя Ліды яны пасажырскі цягнік разбілі, вось тут на пераезде ў канцы Сувальскай. Цягнік спыніўся ў лесе, каля Малэйкаўшчыны, калі станцыю бамбілі, а потым, як закончылі, рушыў наперад, але з'явіўся адзін самалёт, і ён гэты цягнік двума заходамі разбіў ушчэнт. Потым ляжалі толькі каркасы згарэўшага цягніка. Тады людзей (чалавек 40) пахавалі на тэрыторыі бальніцы. Між іншым ехала Маладзечанская футбольная каманда ў Беласток, гуляць.

- А дзе на тэрыторыі бальніцы?

- Зараз перанеслі, проста на гэтым месцы стаіць нейкі корпус.

- А што яшчэ пра 22 чэрвеня?

- Сёе-тое памятаю. Мяне прывезлі ў Ліду ў бальніцу. А ўжо вайна. І дзіцячая бальніца была насупраць старой паліклінікі, там у корпусе зараз аналізы прымаюць. І ў двары паставілі. Я ляжаў на возе, а нямецкія самалёты Сувальскую бамбілі. Яны яе не бамбілі, яны яе палілі. Кідалі нешта, гаварылі - на бруку гарэла. Але касцёлы ўцалелі абодва. А так увесь цэнтр згарэў. І я ляжаў і глядзеў, ніякага страху, бо тэмпература высокая, а самалёты ныраюць толькі раз за разам - УХ! УХ! І полымя!

- Шмат было самалётаў?

- Яны неяк кругам абходзілі над горадам, некалькі штук іх было, можа з тры. Мне здаецца, што яны былі з адным маторам. Потым мяне адсюль паперлі канём у Жырмуны. Там бальніца была, за касцёлам, там дзе дом ксяндзоўскі. А там быў яўрэй галоўны лекар, ён некалі працаваў у Радуні.

- У Лідзе ўжо не маглі дапамагчы?

- Ліда ўжо згарэла. Усё растраслося. Прыехалі ў Жырмуны, І гэты лекар мяне пакінуў у бальніцы. Яны пакінулі толькі тых, каго трэба лячыць і чакалі, чым што скончыцца. Мяне пратрымаў ён да чацвярга, справа пайшла на папраўку. І мы ўжо ў першых днях ліпеня прыехалі дадому - у Воўкавічы. Паспелі пасадзіць невялікі кавалачак бульбы, і гэтая бульба паспела вырасці і нас выратавала, з паўтоны накапалі. Ну і былі 4 каровы, а гэта ўжо нешта!

- Ваша зямля была кінутая ў гэты год?

- Сельсавет некаму бярог нашы сенакосы, а ворная зямля была кінутая. Сусед гаварыў, што яны пробавалі дзяліць. Прыехалі з сельсавета і сказалі: "Табе па гэты камень, а табе па гэты камень". Калі паехалі, мужчыны сабраліся і вырашылі: "Э-э, гэта не даўгавечны раздзел, і не ўзялі". Так што было дзе каровы пасвіць. А авечкі пакралі адступаючыя чырвоныя часткі. А што, 5 000 арміі стаяла за 2 км ад нас, у лесе, бліжэй да Радуні. Калі ўцяклі, штук 15 зенітак засталося. І потым увесь ліпень цягнуліся і цягнуліся акружэнцы. Свае коні яны ўсе з'елі. Яны за Гудамі хацелі шашэйную дарогу на Вільню перайсці. І тут іх разбілі, яны рассыпаліся. Каровы мы схавалі ў альшыну, а авечкі ноччу ў нас забралі. Людзі ж галодныя і гінуўшыя. Але зіму пражылі не так ужо і цяжка. З хлебам было цяжкавата.

- А ў вайну што было ў гімназіі гарадской?

- Гэбітцкамісарыят, гарадская ўправа была. Сцяг нямецкі вісеў.

- А не бел-чырвона-белы?

- Не, нямецкі. Тут недзе была палітычная паліцыя беларуская, у раёне дзе зараз ЗАГС ці санстанцыя, недзе тут, у гэтых доміках. Як іх называлі... у белых пінжаках яны хадзілі, такія хлопцы... беларусы.

- А чым яны займаліся?

- Дык не ведаю, не казалі пра іх. Мясцовыя яны былі. Яны тут асабліва вялікай ролі не ігралі.

Пра АК

- А што Вы можаце сказаць пра АК?

- Адправілі мяне нешта завезці гэтым белым партызанам, АК-аўцам, дарослага можа пасылаць не хацелі, а хлапчука падсунулі. Я і паехаў. Знайшоў усё, што трэба было ў гэтай Нацкай пушчы, у раёне Салтанішак.

- Нацкая пушча - гэта ж у Начы?

- Так, Нача, былы Лідскі павет, зараз у Літве... І я там знайшоў іх, знайшоў цэлы атрад.

- У лесе?

- Не, у маёнтку. Забыў назву. Калі б што, дык знайшоў бы, а назву забыў... Прывёз я звычайныя рэчы - посуд, мяшок тытуню ў пакетах, нейкую вопратку, харчы, нейкія яшчэ рэчы... Я знайшоў, гэта ўсё ім аддаў і паехаў дамоў.

- Хто быў камандзір? Які атрад АК?

- Я толькі памятаю, звалі яго ОЛЕСЬ, польскі паручнік.

- Шмат іх было?

- Чалавек 200, не меней.

- Як апрануты былі?

- У форме. У польскай. Амаль што ўсе ў форме. Можа я каго не бачыў, але ў пагонах, польскіх вайсковых шапках, рагуўках.

Я адправіўся дамоў. Гэта была, разумееш, ранняя вясна, ужо ў калёсах, не ў санях, аднак яшчэ зімна. А рух усякі, пры немцах быў забаронены ноччу. Партызаны мне прапаноўвалі начаваць пры іх, але я неяк не захацеў. Паехаў, і напароўся на гэтыя Тоўцішкі. А ў гэтых Тоўцішках была замужам з Воўкавіч жанчына, у яе ўжо дзеці былі дарослыя, ім было ўжо па 20-25 гадоў. Ну і ў гэтых Тоўцішках я разабраўся, што магу пераначаваць. Я трапіў не да яе, а трапіў да яе мужа брата, як зараз памятаю, Вацлавам Вільбікам яго звалі, быў ужо стары, хадзіў з палачкай, але помніць - усё помніў. Тут накармілі майго каня, накармілі мяня вячэрай. Запомніўся вялікі шляхецскі дом Вільбіка, покуль мяне вялі па ім, яго разглядзеў, там 16 пакояў было, але былі яны пустыя, без мэблі, там, куды мяне завялі, там стаяў стол, канапа і яшчэ там ... нешта, але ў доме была велізарная кухня. Вільбік мяне распытаў усё, як, што, да чаго, і спытаў: "Ці стаіць там дом на вашай сядзібе ў Воўкавічах?". Гаворыць: "Мы ў маладосці з тваім дзедам... адно лета было гарачае, мы мелі бочачку піва і тры гарнцы гарэлкі, і пакуль мы ўсё гэта не выпілі - сядзелі ў вашым склепе, там было халадней".

- Гарнец гэта?

- Тры літры. Вось такую інфармацыю пра дзеда расказваў.

- А што ён яшчэ расказваў?

- Яшчэ расказваў пра дзеда, дэталяў ужо не помню, але вось "Бочачка піва і тры гарнцы гарэлкі" добра запомніліся.

Дзед жа ж круціўся і круціўся не кепска. Ён так разумна размясціў нашу сядзібу, што лепей і не прыдумаеш. Ён паўночны бок густа абсадзіў ёлкаю, астатнія ўчасткі - ліпаю. І я потым сутыкаўся з тым-сім з старэйшага пакалення, старымі, мне было гадоў 13-14 ... Дзед быў у такой кампаніі гаспадароў фальваркаў. Я зрабіў выснову, што ён заможна так жыў. Сустрэў аднаго чалавека з Тоўцішак, у 50-я гады яшчэ быў такі фальварак, харошы фальварак, у Радуньскай ці Нацкай парафіі. Ён сябар дзеда быў, ужо старэнькі тады.


Мае цікавасць, што было ў маім жыцці - гэта пераходныя 47 - 50 гады. Калі зкончылася вайна, усё насельніцтва наша чакала, што сюды прыйдзе Еўропа, Амерыка і нас выратуе. А я быў упэўнены, калі ўжо нас аддалі - на нашу галаву бальшавікоў хопіць. Неяк жыць патрэбна, а не чакаць. Калі з'явіўся ў калгасе трактар, зацікавіў ён мяне, ім ужо нешта можна было зрабіць. Гэта быў такі ДТ-35 на траках.

Людзі выязджалі ў Польшчу. Я позна дакументы, на выезд падаў. Яны ўжо выпускаць перасталі. Трэба было кінуць працу і пабічаваць трохі. Біча б выпусцілі. Але было позна ўжо. Аднак мая старэйшая дачка, Галя, да 5-ці годзікаў у хаце па-польску гаварыла. Усё выехаць думалі...

- Дякуй за цікавы аповяд.



[1] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. Публічных спраў 1. Мн., 2003.С. 62.

[2] Русская историческая библиотека. Т. 33. Пописы войска ВКЛ 1528, 1565, 1567 гг. Пг., 1915. С. 778.

[3] Metryka Litewska. Rejestry Wielkiego Ksęstwa litewskiego. Wojewоdztwo wilenskie 1690 r. Warszawa, 1989. S. 213, 219.

[4] Bobrowicz Jan. Dodatek do Herbarza Polskiego ks. Kaspra Niesieckiego. Lipsk. 1844. S. 73.

[5] Kurjer Wileński, 1911 - № 9(129)

[6] http://www.xxwiek.pl/dzien/1918-02-11/Wolkowicze_Prosba_mieszkancow_o_przylaczenie_ziemi_ litewskiej_ do_Polski/9006

[7] Вялікі пажар 1891г. знiшчыў 444 дамы i каля 600 нежылых будынкаў. Аднак гэты пажар прывёў да таго, што ў горадзе пачалi будавацца мураваныя дамы.

[8] Тагачасная вуліца Віленская, могілкі з царквой існуюць да нашага часу.

[9] Вуліца Віленская Сувальскай стала на пачатку 1920-х гадоў.

[10] Пра суды над Боландзем пісаў у "Кур'еры віленскім" нават сам Вандалін Шукевіч: "… у гады рэвалюцыі Боландзь быў жахам для яўрэяў горада Ліда, за што яны яго ненавідзелі …" (Kuryer Wilenski № 221, 30 wrzesnia (13 pazdernika) 1911). Падрабязней - у наступных артыкулах.

[11] 12 кіламетраў на поўнач ад Ліды.

[12] Зараз ужо знікла і гэта вёска.

[13] Вёска за некалькі кіламетраў ад Ліды.

[14] Маецца на ўвазе Першая Сусветная вайна.

[15] З прэсы, бывала і так: "МИНСК, 5,III. Раскрыта хорошо организованная шайка "агентов эмиграции". Члены шайки под видом скупщиков разъезжали по деревням, подго-варивая крестьян к переселению в Америку. Благодаря раскрытию шайки, многих крестьян Минской и Виленской губерний, которые, вручив агентам по 160 руб., уже готовились к тайному переходу через границу, удалось удержать от этого шага. Девять членов шайки арестовано" - "Русское слово" 6 сакавіка 1910 г.

[16] Маецца на ўвазе Першая Сусветная вайна.

[17] Ян Адамавіч Хруль - шляхціц, слесар-тэхнік; нарадзіўся ў 1886 г. у Радуні; вучыўся ў хімічнай-тэхнічнай вучэльні, затым на вячэрніх тэхнічных курсах. У 1904 г. працаваў у Варшаве, сябар Партыі польскіх сацыялістаў пад мянушкай "Ян", наведваў гурткі; арыштаваны ў Варшаве на дэманстрацыі, праз 3 тыдні вызвалены як непаўнагадовы. У 1905-06 гг. працаваў ў Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў у Пецярбурзе пад мянушкай "Ваня", член баявой дружыны, удзельнічаў у падрыхтоўцы экспрапрыяцый. Арыштаваны восенню 1906 г. у Віцебскай губерні і адпраўлены на радзіму; па дарозе ўцёк, з'ехаўшы ў Пецярбург, перайшоў на нелегальнае становішча і працягваў працу пад той жа мянушкай ў баявой дружыне. Арыштаваны ў 1907 г., заключаны ў Петрапаўлаўскую цвердзь; 9 жніўня таго ж года Пецярбургскі Ваенна-акруговы суд асудзіў яго па 1630, 1632 артыкулах Палажэння аб пакараннях за спробу нападу на арцельшчыка з мэтай экспрапрыяцыі казённых грошай на 10 гадоў катаргі. Пакаранне адбываў у 1908-12 гг. ва Ўладзімірскім і 1912-16 гг. у Аляксандраўскім цэнтралах. На пасяленні - з 1916 г. у Балаганскім павеце, Іркуцкай губерні, служыў рахункаводам. У 1920-30 гг. жыў у Маскоўскай вобласці, пасёлак Клязьма, праезд Кірава, д. 7. Працаваў у арцелі "Хімфарба" апальшчыкам. Арыштаваны 1938/01/29. Асуджаны. 1938/02/27 тройкай пры УНКУС па Маскоўскай вобласці. Абвінавачаны ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. Расстраляны 1938/03/07. Месца расстрэлу: Масква. Месца пахавання - Маскоўская вобл., Бутава. Рэабілітаваны ў красавіку 1956.

[18] Гародна, ў першай палове XVIII ст. было спадчыннай уласнасцю княгіні Саламеі Радзівіл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала яго стрыечнаму ўнуку Людвіку Скумін-Тышкевічу (памёр у 1809 г.), жанатаму на княгіні Канстанцыі Панятоўскай (1759-1830). Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ўвесь гэты вялікі маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна (1779-1867). Яна была замужам за Аляксандрам Патоцкім, а потым за Станіславам Дуніным-Вансоўскім. Тастамантам ад 1867 г. перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу М. Патоцкаму (1812-1879), пасля смерці якога ўсё перайшло ў спадчыну ў 1880 г. графу Аўгусту Патоцкаму. Напрыканцы ХІХ ст. А. Патоцкі прадаў Гародна рускаму генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева, ад яго - да генерала Кіпрыяна Кандратовіча. У той час маёнтак складаўся з 23200 дзесяцін зямлі і 15 фальваркаў, але Кандратовічы купілі толькі ягоную частку з Гароднам.

[19] Тэафіл каля 1910 пераехаў у Злучаныя Штаты. Ён раней меў досвед практычнай працы на шакаладнай фабрыцы Ведля ў Варшаве. У ЗША, заснаваў вытворчасць шакаладу высокай якасці. Акрамя фабрыкі, меў малочную ферму і краму на 5-й авеню ў Нью-Ёрку. Версія пра грошы Патоцкага з'яўляецца сумніўнай і сям'ёй абвяргаецца.

[20] Міравы пасярэднік Юры Трубяцкі - бацька генерала Кіпрыяна Кандратовіча, міністра абароны БНР.

[21] Канстанты Геншаль - старшыня лідскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта, сын Людвіка і Стэфаніі з Пуцілоўскіх, жыхар Валдацішак, пасля заканчэння гімназіі ў Вільні, вывучаў медыцыну, а пасля матэматыку ў Пецярбургскім універсітэце. Ва ўзросце крыху больш за 20 гадоў стаў старшынём павятовага паўстанцкага камітэта. Пасля паразы атрада паўстанцаў пад Дубічамі, перабраўся спачатку ў Вільню, а пасля эміграваў у Парыж, дзе скончыў адукацыю і атрымаў дыплом доктара медыцыны. У 1870 г. браў удзел у французска-прускай вайне.

[22] Прыклад добрай працы паўстанцаў па падману праціўніка, факт пра нібыта спрэчку паміж Людвікам Нарбутам і Канстанты Геншалем апісаны у зборніку "Архивные материалы Муравьёвского музея" 1915, падрабязней пра гэта у маім планаваным артыкуле пра паўстанне 1863 г.

[23] Недабудаваны касцёл стаіць да нашага часу, а "спрытнасць" ксяндза Васілеўскага ў дачыненні да грошай надоўга запомнілася парафіянам.

[24] Зараз Савецкая, 11.

[25] Шымялевіч Міхал Іванавіч (Szymielevicz Michal) - лепшы знаўца гісторыі Лідчыны 20-га стагоддзя. Пра Міхала Іванавіча мала што вядома. У адным са сваіх артыкулаў - "Borcie i wlosc Borcianska" - ён паведаміў, што яго продак барцяк Міхал Шымялевіч жыў у в. Паўлока, у яго было два сыны Марцін і Ян, які перасяліўся ў Подзітву. Міхал Марцінавіч Шымялевіч нарадзіўся ў Паўлоцы ў 1801 г, у 1822 г., ажаніўся з Мар'янай Вішнеўскай і жыў на зямлі сваёй жонкі ў Пелясе. У 1936-39 гг. Міхал Шымялевіч быў чальцом рэдакцыйна - выдавецкага камітэта часопіса "Ziemia Lidzka". Апублікаваў у часопісе 30 краязнаўчых артыкулаў, у кожным нумары друкаваўся яго матэрыял. Артыкулы розныя па тэматыцы: гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя. Грунтуюцца на велізарным фактычным матэрыяле.

[26] Жыхар Ліды, Януш Сегень (1875-1973), дзед Януша Сегеня, сучаснага жыхара Варшавы, бізнесмена, які цікавіцца сваім радаводам і асабіста з'наёмы з Іосіфам Хрулём. Януш Сегень (1875-1973) - аўтар мемуараў "Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя". Рэдактар - Януш Сегень, унук аўтара. Пераклаў з польскай - Станіслаў Суднік. Надрукавана ў "Лідскім летапісцы" № 20.

[27] Раён горада, зараз каля вуліцы Калініна.

[28] Ян Сегень (1911-1994) - жыхар Ліды, потым Варшавы. Сын Януша Сегеня (1875-1973), інжынер, аўтар мемуараў "Jan Sehen. Lida (1938-1939). 5-ty Pulk Lotniczy, szkola rzemieslnicza" (pawet.net)

[29] Параўнай: "Когда пана Шимелевича спрашивали о его национальности, тот всегда отвечал, что он "тутэйшы" (здешний). Это был, по нашему мнению оригинальный, но достаточно полный ответ. Он быт тутэйшы, издавна живущий в этом городе и его не интересовали национальности других жителей" - Ярмонт Е. В. тени замка Гедемина. Лида, 1995. С. 46.

[30] "На перекрестке улиц Гражины и Гористой стоял дом Шимелевичей. Дом был деревянный, ухоженный, отгороженный от улицы красивым забором. Я никогда не видела владельца этого дома, но хорошо знала его по рассказам родителей" - Ярмонт Е. В. тени замка Гедемина. Лида, 1995. С. 46.

[31] Witold Pilecki (1901.05.01 ў г. Аланец, Расія, Карэлія - 15.05.1948 асуджаны камуністычнай уладай Польшчы да смяротнага пакарання). Нарадзіўся ў горадзе Аланец, Карэлія, куды яго сям'я было выселеная царскімі ўладамі за ўдзел у паўстанні 1863 г. Паходзіў з шляхецкай сям'і, якая мела герб Ляліва. З 1910 г. жыў у Вільні, дзе вучыўся ў камерцыйнай школе. З 1914 г. быў членам забароненага царскімі ўладамі харцэрскага руху. У 1921 г. здаў экзамен на атэстат сталасці. На працягу 1918-1921 гг. служыў у польскім войску. Як кавалерыст удзельнічаў у абароне Гародні. 5 жніўня 1920 г. паступіў у 211 полк уланаў і ў яго шэрагах удзельнічаў у Варшаўскім бітве 1920 года, у баі ў Рудніцкай пушчы і ўзяцці Вільні. Двойчы ўзнагароджаны Крыжам за доблесць (Krzyz Zaslugi Сярэдняй Літвы і срэбны Krzyz Zaslugi Польшчы). Пасля вайны дэмабілізаваны. У 1934 г. прысвоена званне падпаручніка запасу. Ен заставаўся ў спісе ваеннаабавязаных у Лідскім павятовым ваенным камісарыяце з прызначэннем у 26 полк велікапольскіх уланаў (26 Pulk Ulanow Wielkopolskich) у горадзе Баранавічы. У жніўні 1939 г. паўторна мабілізаваны. Змагаўся супраць немцаў у кампаніі 1939 года камандзірам звязу ў эскадроне дывізіённай кавалерыі 19 пяхотнай дывізіі Арміі "Прусія" (szwadron kawalerii dywizyjnej 19 Dywizji Piechoty Armii "Prusy"). Апошнія баі яго атрад правёў як партызанскі. Пілецкі распусціў свой звяз 17 кастрычніка 1939 г. і перайшоў на канспірацыю. Пасля заканчэння кампаніі 1939 г. перабраўся ў Варшаву і стаў адным з арганізатараў падпольнай арганізацыі Сакрэтная Польская Армія (Tajna Armia Polska). 19 верасня 1940 г. падчас вулічнай аблавы ён добраахвотна здаўся немцам з мэтай патрапіць у якасці вязня ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцым для атрымання інфармацыі і правядзення падпольнай працы. Ён быў дастаўлены ў гэты канцлагер ў ноч з 21 на 22 верасня 1940 г. У ноч з 26 на 27 красавіка 1943 г. Пілецкі ўцёк з лагера і першым праінфармаваў саюзнікаў аб тым што робіцца ў лагеры смерці. У 1943-1944 Пілецкі служыў у III аддзеле Кедыв (Kedyw) Галоўнага Камандавання Арміі Краёвай (у тым ліку - намеснікам камандзіра выведвальна-інфармацыйнай брыгады "Камелеон" - "Вожык"), удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні 1944 г. У перыяд 1944-1945 гг. знаходзіўся ў нямецкім палоне, потым ён служыў у 2-м польскім корпусе (2 Korpus Polski) у Італіі. У кастрычніку 1945 г., вярнуўся ў Польшчу з мэтай барацьбы з камуністамі. Восенню 1945 г. арганізаваў выведвальную сетку і пачаў збіраць інфармацыю аб становішчы ў Польшчы, у тым ліку аб салдатах Арміі Краёвай, зняволеных у лагерах НКУС на тэрыторыі Польшчы і высланых ў СССР. Ён атрымліваў выведвальную інфармацыю з Міністэрства грамадскай бяспекі (Ministerstwo Bezpieczenstwa Publicznego), Міністэрства нацыянальнай абароны (Ministertwo Obrony Narodowej) і Міністэрства замежных спраў (Ministerstwo Spraw Zagranicznych).

Пілецкі ігнараваў загад генерала Ўладыслава Андэрса пакінуць Польшчу ў сувязі з пагрозай арышту. Ён абдумваў скарыстацца амністыяй 1947 года, але вырашыў не выходзіць з падполля. 8 траўня 1947 г. быў арыштаваны, пачаліся допыты з катаванямі. 15 траўня 1948 г. Пілецкі прысуджаны да смяротнага пакарання (на гэты час нават у Савецкім Саюзе смяротная кара была адменена).

30 ліпеня 2006 года прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі пасмяротна ўзнагародзіў Вітольда Пілецкага ордэнам Белага арла.

У сваёй кнізе "Six Faces of Courage" брытанскі гісторык прафесар Майкл Фут (Michael Foot) аднёс Вітольда Пілецкага да ліку шасці самых адважных герояў Другой Сусветнай вайны.

[32] Вёска недалёка ад Сукурчаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX