Папярэдняя старонка: Мемуары

Радзько А. Лёсы людскія 


Аўтар: Радзько Андрэй,
Дадана: 13-11-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №52.



Першае зерне спазнання сваёй гісторыі ў мяне закінуў бацька - Франц Станіслававіч Радзько: гадоў 15 таму назад ён, неяк неназойліва, сказаў, што яго дзед, Міхал, сын Дамiнiкa, быў кавалём і яшчэ да Першай Сусветнай вайны, выкаваў для касцёла ў Белагрудзе крыжы і агароджу. Любы майстар, агледзеўшы тую агароджу сёння, годна ацэніць якасць кавальскай працы.

Потым была паездка з сям'ёй і сваякамі ў Наваградак. Размясціўшыся на абед ля падэшвы замкавай гары, мы адчулі, што дакранаемся да нейкай таямніцы, але дадалося і пачуццё гаркаты і сораму - мы ведалі, што сядзім на зямлі, на якой адбываліся гістарычныя падзеі еўрапейскага значэння і маштабу, а распавесці што-небудзь цікавае пра гэта ніхто з нас не мог. Там, ля развалін Наваградскага замка, я вырашыў заняцца вывучэннем гісторыі. Не гісторыі Рыма, Егіпта, Еўропы або Расіі, а гісторыі той зямлі, на якой жыву. Бо нездарма, нашу зямлю даўней звалі "краiнай замкаў".А дзе тыя замкі? Хто, калі і для чаго іх пабудаваў? Хто разбурыў? І чаму?

Паступова з'явілася жаданне дазнацца пра жыццё маіх дзядоў і прадзедаў, пра іх ролю ў гісторыі. Спачатку пачаў дапытваць сваякоў і надакучаць ім сваімі незразумелымі, і нікому не патрэбнымі, пытаннямі - і ў мяне пачалі з'яўляцца старажытныя фатаграфіі, дакументы, сведчанні. Аднак, было зразумела, што гэтая крыніца будзе абмежавана магчымасцямі памяці, і давядзецца шукаць нейкія пісьмовыя сведчанні.

Тады я пайшоў у касцёл прасіць паказаць мне метрычныя кнігі. Але святары са шкадаваннем развялі рукамі - аказваецца, уся дакументацыя з касцёлаў і цэркваў была канфiскавана савецкай уладай і змешчана ў архівы, дзе створаны "лепшыя ўмовы" для захоўвання і рэстаўрацыі старажытных кніг.

…У Гарадзенскім нацыянальным гістарычным архіве сустрэлі мяне не як дарагога госця. Спачатку прапанавалi аплаціць 133.670 рублёў перадаплаты за тое, што пачнуць шукаць звесткі для складання генеалогіі роду, праз месяц патэлефанавалі і сказалі, што нічога пэўнага не знайшлі, але, калі б я пералічыў на разліковы рахунак архіву яшчэ 180.000 рублёў, то мне пакажуць і аддадуць чарнавікі праробленай пошукавай працы. Трохі пагандляваўшыся і, паменшыўшы азначаную суму ўдвая, я стаў шчаслівым уладальнікам інфармацыі, якая, як аказалася потым, да маiх продкаў не мае анiякага дачынення. Цяжка было змірыцца з думкай аб завяршэнні пошуку, і я папрасіў дазволу самастойнай працы з дакументамі архіву, не ўяўляючы, у які хамут сябе запрагаю. Паколькі, хацелася аднавіць не толькі генеалогію, але і гісторыю бацькоўскай і матчынай ліній, прыйшлося перавярнуць вялізную колькасць метрычных кніг розных касцёлаў, а яны пісалiся на рускай, польскай і лацінскай мовах, часцяком, спехам і неразборліва, шмат канцылярскіх і падатковых кніг, лісты, прашэнні і таму падобнае.

Вельмі дапамагло мне тое, што ў сярэдзіне 19-га стагоддзя каталіцкія касцёлы праводзілі перапісы насельніцтва даволі часта: кожныя 2…4 гады. Перапісчыкі вельмі акуратна запісвалі ў перапісныя кнігі назву вёскi, вуліцы, нумар хаты і ўсіх, хто у ёй жыў: прозвішча, імя і імя па-бацьку гаспадара, яго род заняткаў і ўзрост; затым імя і дзявоцкае прозвішча жонкі, потым - сыны па старшынстве, пасля іх - дочкі, нават калі яны і старэйшыя за сыноў, ніжэй - радня i прыслуга.

Супрацоўнікі архіву, бачачы маю стараннасць, пачалі шчыра дапамагаць, і я вельмі ўдзячны ім за гэта.

Вынікам такой працы сёння я маю, незразумелае iншым, маральнае задавальненне ад таго, што ведаю, што мой пра-пра-пра-прадзед Міхал Радзько нарадзіўся, прыкладна, у 1771 годзе, меў жонку Мар'яну, малодшую за яго на 5 гадоў, ведаю, дзе і як жылі іх дзеці і дзеці іх дзяцей, і дзе хто пахаваны. Яшчэ ведаю, што дзядуля маёй маці падчас Першай Сусветнай вайны служыў у Рускім войску і патрапіў у палон да аўстрыйцаў, а тыя накіравалі яго працаваць да нейкага фермера Баўэра. Пасля вайны, калі ўсім палонным дазволілі вяртацца дадому, гэты фермер хацеў ажанiць прадзеда са сваёй дачкой, але той адмовiуся, бо меў тут жонку i дзяцей, тады Баўэр, у знак падзякі за добрасумленную працу, падарыў прадзеду выдатны гарнітур з шыкоўным шыракаполым капялюшом і добры гадзіньнiк на ланцужку. На фатаграфіі ён выглядае цалкам рэспектабельна (цікава было б дазнацца думкі яго жонкі, Марцэлены, калі яна сустракала з палону мужа ў такім убранстве). І шмат іншай інфармацыі, дзякуючы якой наведванне могілкаў і малітва там набывае іншы сэнс. Бо нездарма, ва ўсіх культурах свету існуюць абрады ўспамiнаў памерлых. Нават у савецкай ідэалогіі аддзялiўшай сябе ад царквы і, такім чынам, ад Бога, былі заклікі "Вечная памяць", "Ніхто не забыты і нішто не забыта" і іншыя. Сёння немцы, практычны народ, марнуюць вялікія грошы на тое, каб знайсці і прывезці на радзіму рэшткі загінулых у вайну салдат.

А вось прыклад з нашай сучаснай рэчаiснасцi, калi двое маладых разумных людей, якія маюць аднолькавае прозвiшча, ведаюць, што дзяды iх жылi ў адной вёсцы і пераканана лiчаць сябе не сваякамi, а аднафамiльцамi…

На гэтым хацелася б скончыць маё апавяданне поўнае надзеi што хтосьцi, прачытаўшы гэта, захоча ў савiм супрацоунiку, цi суседзе па лесвiчнай пляцоўцы знайсці сваяка.

* * *

У адным з нумароў «Лідскага летапісца» быў надрукаваны артыкул аб мабiлiзацыi, якую праводзiў на гэтай тэрыторыi царскi ўрад у Першую Сусветную вайну. Прыводзiлася iнфармацыя аб загiнуўшых, сярод якiх быў Юрый Осiпаў Лапко.

Падчас працы у архiве, мне давялося сустракаць iмя гэтага чалавека, i зараз, карыстаючыся выпадкам, хацеў бы расказаць яго гiсторыю:

Юрый-Георгiй (так у метрычнай кнiзе) Лапко нарадзiуся, прыкладна, у 1882 г., у вёсцы Бельскiя Лiдскага павету. Бацька - Осiп Лапко, мацi - Анеля з Жукоўскiх. У 1909 годзе Юрый-Георгiй ажанiўся з Юзэфай Казлоўскай, а 20 лiстапада1914 года быў прызваны на вайсковую службу.

Лiдскае валастное апякунства правяло абследванне яго сям'i i пастанавiла: «…жена - Юзефа 27 лет, сын - Марк 2 лет, дочь - Мария 4-х месяцев, отец - Осип 63 лет, мать - Анеля 50 лет, сестра - Анна 17 лет, сестра - Феломена 14 лет. В марте 1915 года Лидский Уездный Съезд в административном присутствии рассмотрел заключение Лидского волостного попечительства и определил: Юрий Осипов Лапко трудом содержал жену и детей, за исключением родителей и сестер; назначить семейству, призванного на действительную военную службу нижняго чина Юрия Лапко, ежемесячное пособие, с 27 ноября 1914 года, по 5 рублей 34 копейки в месяц, каковое выдавать под расписку его жене Юзефе Лапко»…

* * *

Аднойчы мне патэлефанаваў невядомы мне чалавек і пачаў распытваць аб маіх дзядах і прадзедах. Я разгубіўся і не ведаў, што адказаць, тады невядомы сказаў, што яго вельмі зацікавіў артыкул аб гісторыі маёй сям'і, апублікаваны ў "Лідскай газеце" 9 лютага 2010 г., і ён хацеў бы пагаварыць са мной. Так я пазнаёміўся з жыхаром горада Ліды Кульбацкім Іванам Уладзіміравічам, і вось што ён распавёў.

Бацька Івана Ўладзіміравіча - Кульбацкі Уладзімір Сямёнавіч, 1889 года нараджэння, быў прызваны на дейную вайсковую службу ў царскае войска. Першапачаткова, вайсковая частка, укамплектаваная выхадцамі Гарадзеншчыны, размяшчалася ў Омску (або Томску), дзе асноўны час займаліся шыхтовай падрыхтоўкай, але, пасля пачатку Першай Сусветнай вайны, былa перадыслакавана на Заходні фронт. Успамінаючы той час, Уладзімір Сямёнавіч часта гаварыў аб прадажнасці і тупасці камандавання рускага войска. Прыводзіў прыклады бессэнсоўных шматкіламетровых пешых маршаў, таго, як пасля захопу, коштам велізарных чалавечых ахвяр, якой-небудзь умацаванай вышыні, паступаў загад пакідаць яе, а, праз некаторы час, ізноў прыходзілася ісці на штурм і ізноў хаваць аднапалчан…

Кульбацкаму пашанцавала: з параненай нагой ён апынуўся ў шпіталі. Потым прыйшоў праваслаўны святар, сказаў, што рускае войска адыходзіць, і прапанаваў усім хутчэй уцякаць. Хадзячыя сыйшлі, пакінутым святар даў па крыжыку. Некалькі дзён былі страшнымі: не было каму не толькі падаць вады, але і вынесці з памяшкання целы памерлых таварышаў. Таму прыходу аўстрыйскіх салдат усе былі радыя - бо з'явілася надзея выжыць. Аўстрыйцы выветрылі памяшканне, далі параненым "чорнай кавы" і хлеба, потым прыйшлі лекары з перавязачным матэрыялам і медыкаментамі.

Тых, хто ачуньваў, накіроўвалі ў канцэнтрацыйны лагер - велізарную тэрыторыю, абгароджаную калючым дротам і высланую саломай, каб хоць неяк палепшыць умовы ўтрымання больш, чым 12 тысяч ваеннапалонных. Прыязджаў Пілсудскі, вербаваў у сваё войска ваяваць за Польшчу, многія пагадзіліся, але многія і адмовіліся, бо ваяваць супраць рускага войска значыла страляць у сваіх землякоў і былых аднапалчан. Пасля заканчэння вярбоўкі карміць пачалі дрэнна, медыцынскую дапамогу не аказвалі, з-за чаго многія паміралі. Гэта прывяло да бунту, пасля ўціхамірвання якога аўстрыйскія ўлады размеркавалі салдат па гаспадарках краіны.

Уладзімір Сямёнавіч патрапіў на мясакамбінат, дзе былі добрае сілкаванне і ніштаватыя ўмовы ўтрымання. Але, неўзабаве, яго і яшчэ траіх палонных забраў да сабе вінароб Баўэр, віно (або каньяк) якога, было вядома, па словах нашага героя, ва ўсёй Еўропе. Да велізарнай радасці, яны сустрэлі там свайго таварыша па няшчасці - такога ж ваеннапалоннага, які працаваў у Баўэра ўжо некалькі месяцаў. Кожны з салдат атрымаў выразны пералік абавязкаў. У прыватнасці, Кульбацкі стаў конюхам і даглядаў чацвёрку коней, двое з якіх прызначаліся для працы ў полі, а пара гнядых запрагалася толькі ў брычку, на якой гаспадар наведваў гарадскі збор. Дарэчы, 20 вёрст, якія падзялялі ферму і горад, такая павозка пераадольвала без цяжкасцяў.

На зваротным шляху вінароб з фурманам заўсёды заязджалі ў карчму, дзе была добрая кухня, і за столікамі на чацвярых можна было пакурыць кальян (нядрэнна для веннай Еўропы пачатку ХХ-га стагоддзя).

Гаспадарскі сын быў афіцэрам Кайзераўскага войска, а траіх дочак Баўэр настойліва сватаў за ваенна-палонных, але ні аднаго вяселля так і не адбылося. Па вялікіх святах накрывалі стол, за якім рассаджваліся ўсе, хто жыў на ферме: сям'я Баўэра, прыслуга і нашы салдаты, прычым кожнаму, хто прысутнічаў, абавязкова, падавалі запечанага голуба. Аднак, дысцыпліна была строгай: аднойчы, пасля дбайнай выведкі і падрыхтоўчай працы сябрам удалося расстарацца канчатковага прадукту, які вырабляўся на ферме і расцягваць задавальненне на некалькі дзён не сталі. Што было потым - невядома, але вядома, што больш такія інцыдэнты не паўтараліся.

Пасля канца Першай Сусветнай вайны і падпісання мірных дамоў урадавымі дэлегацыямі, прыйшоў час вяртацца дадому. Перад растаннем гаспадар шчодра надарыў кожнага з салдат. Уладзімір Сямёнавіч Кульбацкі атрымаў выдатны шыракаполы капялюш, добрыя нажніцы з ролікавым нажом і машынку для стрыжкі валасоў. Але на гэтым баку мяжы ўжо поўным ходам ішла іншая вайна, на гэты раз за тое, каб зрабіць усіх людзей шчаслівымі. На чыгуначных вакзалах было складана проста папіць вады, таму капялюш дадому не даехаў. Затое машынцы для стрыжкі шмат гадоў была ўдзячная ўся мужчынская палова роднай вёскі - па нядзелях хата Ўладзіміра Сямёнавіча ператваралася ў цырульны салон.

Затым ізноў была вайна, на гэты раз - Другая Сусветная.

Гітлераўцы, каб абараніць свае тылы ад чырвоных партызан, спалілі вёску. Сялянам на зборы далі некалькі гадзін, каб сабралі толькі самае неабходнае. Магчыма, у тым пажары, згарэла такая ж фатаграфія на кардоннай аснове на абароце якой напісана: "Ojciec nash w niewoli austryjackiej".

А колькі яшчэ такіх фатаграфій валяецца на паліцах і гарышчах закінутых сядзіб?

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX