Вярнуцца: Мемуары

Успаміны Антона Запасніка


Аўтар: Запаснік А. А.,
Дадана: 28-03-2021,
Крыніца: Запаснік Антон Адамавіч. А мы жывём // Лідскі Летапісец 2020. 4(88). С. 71-73.



Запаснік Антон Адамавіч нарадзіўся 25 сакавіка 1928 г. у в. Ядэлеўцы Воранаўскага раёна, ветэран працы, мае ўзнагароды: "За доблестный труд", Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР, жыве ў г.п. Воранава

(29KB) Запаснік Антон Адамавіч.

Размова з Антонам Адамавічам Запаснікам выклікала роздум аб тых асаблівасцях беларускага нацыянальнага характару, пра якія сёння так многа гаворыцца. Жывучы на скразняках гісторыі, бясконца перажываючы войны, разбурэнні, страты, беларус выпрацаваў спрадвечную мудрасць, пра якую пісаў Мележ: "Жыццё - не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клопатны будзень. Цярпі, трывай, усім цяжка бывае, усе церпяць, цярпі і ты". А яшчэ беларус прывык моцна трымацца за сваю зямлю, бо яна "не зманіць і не здрадзіць".

Праз усю нашу гутарку, якую вёў Антон Адамавіч зацікаўлена, з імпэтам, праходзіла важная думка: "Чалавек мусіць быць "пры сабе". Што гэта значыць? Працаваць, нажыць дабро, выгадаваць дзяцей, ні да кога не хадзіць прасіцца, можа, і схітраваць, калі трэба, але жыць па Божых законах, па-людску. Менавіта так пражыў сваё доўгае жыццё наш суразмоўца. Стаў сапраўдным гаспадаром свайго лёсу яго дзед, павятовы суддзя Васько, бацька меў зямлю і моцную гаспадарку, з гонарам лічыў сябе шляхціцам. Савецкая ўлада зямлю адабрала, і Антону Адамавічу прышлося пачынаць усё з нуля. Але ён не прапаў, усё нажыў і ў свае амаль 95 гадоў варты павагі. Хоць чалавек ён і просты, можа, у свеце і нязнаны, але для сваіх унукаў, у якіх дажывае сваю дагледжаную старасць, важны і цікавы.

- Антон Адамавіч! Традыцыйна пачынаем нашу размову з апавядання пра вашых бацькоў, вашу сям'ю, дзяцінства.

- Я з 25 года нараджэння. Маці казала, што нарадзіўся на Звеставанне, гэта значыць, 25 сакавіка. Мы жылі ў вёсцы Ядэлеўцы, каля нас былі вёскі Сабакінцы, Пшаленцы, Праважа і мястэчка Забалаць. Бацька мой, Адам Запаснік, быў чалавек разумны, дзелавы, не гультай. Зямлі меў 70 гектараў, лес меў і 3 гектары сенакосу. Помню, што ў торбе і серабро было па 5 і па 10 манеты (злотыя), а куды яно дзелася - не ведаю. Добры быў гаспадар, людзі яго паважалі. Помню, што ў хаце ішлі размовы пра тое, каб купіць зямлю ў другім месцы і пераехаць туды. Як немцы пайшлі на Польшч, яго ўзялі на вайну і там ранілі. Ваяваў бацька ў кавалерыі і расказваў, што палякі мелі зусім мала зброі, таму заваявалі іх хутка. Як вярталіся салдаты з вайны, то бацька адпрасіўся паглядзець хату і неяк застаўся, а іншыя пайшлі далей, і саветы іх недзе там пабілі. І цяпер у зямлі ляжаць. На другі дзень, як бацька вярнуўся, і да нас саветы прыйшлі. Добра помню, як яны ішлі, галодныя, укураныя, у абмотках. Ішлі дзень і ноч, без вайны Польшч дзялілі. Дысцыпліна ў іх была моцная, не давалі начальнікі ў хаты заходзіць. Мелі трохлінейкі, і палутарка ў іх была на генератары. Але першыя саветы доўга не былі - вайна з немцамі пачалася. А другія ўжо пасля вайны сталі. Вайною і бацька мой памёр. Меў рану ў грудзях, і ніхто нічога не мог зрабіць. Каб тэраз, то якую аперацыю зрабілі б, і жыў бы. Меў усяго 42 гады. Так я і астаўся сіратою, старэйшы з дзяцей, а ўсіх нас было чацвёра.

- А Вы вучыліся ў польскай школе. Раска-жыце, што памятаеце пра гады вучобы.

- У польскай школе вучыўся я тры класы. Бацька мой быў багаты, мы называліся шляхта, добра адзяваліся. Хадзіў я ў кажуху самаробным, і боты такія акуратныя бацька мне справіў у Васілішках. А другія, бяднейшыя дзеці, і босыя хадзілі або ў лапцях. Усё самаробнае было, гэта тэраз памперсы-шмаперсы, а тады гэтага не было. Школа была ў Праважы. Парты ў класе стаялі ў тры рады, а за спіною на сцяне табліца множання вісела. Я матэматык быў моцны, ставіла мне настаўніца "добжа" і "надта добжа", гэта па-цяперашняму 4 і 5. Звалі яе Саладжэўская Лена. Ганаровая ыла, ні з кім з мясцовых хлопцаў не гаварыла, і панок да яе ездзіў на ровары. Несправядлівая яна была. Нас то, Запаснікаў, любіла, бо мы былі багатыя. Пасадзіла на першыя парты каля сябе, а бяднейшых дзяцей пасадзіла адзаду. Мне мае гады ніхто не даваў, бо на рост я быў дарослы, а на гады - малады. Як скончыў тры класы і збіраўся ў чацвёрты, прыйшлі саветы, тады яшчэ і ў іх вучыўся. У польскай школе галоўных людзей не вучылі, толькі партрэт Пілсудскага вісеў у класе, а як пайшлі ў савецкую, вучылі ўсё - Сталіна, Леніна, калі нарадзіўся, калі хрысціўся. Цяжэй вучыцца было. Польская школа давала добрыя веды, хто 7 класаў скончыў, тое самае, што інстытут. У нас адзін пры немцах нават перакладчыкам быў, так добра гаварыў, што немец. Мяжа пры Польшчы праходзіла каля Маладэчна. Дзядзька мой служыў там у войску на граніцы. Ён расказваў, што ўсе, хто там жыў, паглядалі на той бок, савецкі. А там усё нейкія святы, песні спяваюць. Думалі людзі, што там надта добра і весела жывецца. А ўжо потым, як граніцу знялі, расказвалі, што за каласкі, сабраныя на пожні пасля жнеек, у турму садзілі. Як граніцы не стала, прыгналі ў Начу палонных, тысячы тры іх там было. Мая маці некалькі разоў вазіла туды каменні возам, бо будавалі там аэрадром.

За польскім часам жыдкі дзяржалі краму. Надта смачныя ў іх былі семкі белыя, гарбузовыя. На 5 грошаў насыпле мне цэлую кішэнь, і я пайшоў. А бацька тады ўжо ў панядзелак ехаў на кірмаш і разлічваўся. Хлеб пяклі свой. Перад тым, як ставіць, хваёвым венікам у печы вымяталі, а цеста клалі на лапату, засланую лістом кляновым ці капусным. Во дзе быў пах! А тэраз хлеб нясмачны, гумовы. І сала не тое, раней дык таяла ў роце. А курыцу сваю зарубаеш - тлушч жоўты, а цяпер куры сінія, біркулёзныя.

- Антон Адамавіч, а што самае цікавае запомнілася Вам з часоў дзяцінства?

- Помню, як нас, вучняў, настаўніца павяла на экскурсію. Недалёка ад Праважы было прыгожае месца. Пані, відаць, аднекуль прыехала пры цары яшчэ і паставіла двухпавярховы палац з кругляка. Бурлакі ёй стаў выкапалі, дарогу зрабілі, і ўся зямля вакол была яе. Па нашых паняццях зямлі было вельмі многа, ні ў кога столькі не было. А тады мужык яе памёр, і яна пахавала яго і загадала цэркву пабудаваць на тым месцы. І вось гэта мне добра запомнілася. Але як зайшлі першыя саветы, то ўсе будынкі вывезлі некуды ў Расію, і нічога не засталося. А самы ранні мой успамін звязаны з бабаю, матчынай маткай. І я гэта помню, хоць, па словах маці, мне было гады чатыры. Баба неяк паглядзела на мяне, а я ёй у адказ: "Вытарачыла зайцавы вочы". Чаму так сказаў, ніхто ўжо не раскажа. А дзед мой па маці быў валасным суддзём, не апошні чалавек. Прозвішча яго было Васько. Маці мая пражыла 102 гады.

- Вы ж і вайну з немцамі добра памятаеце, бо былі ўжо юнаком?

- Ведаеце, як немцы прыйшлі да нас, то адразу відаць было, што культурнейшыя і багацейшыя за саветаў. І апранутыя добра, і накормленыя. Але ж да людзей ставіліся дрэнна, як да ворагаў ці якіх ніжэйшых, асабліва там, дзе былі партызаны. Хаця немцы тожа розныя былі. Стаялі яны ў Забалаці. І нехта сказаў, што тут у нас ёсць партызаны. Помню, устаю рана і бачу - стаіць каля хаты кулямёт, і немцы каля яго. А адзін мне кажа па-польску: "Уцекай, бо забіем". Пашкадаваў мяне, відаць, то я паслухаў і ўцёк. Чатырох чалавек тады забілі, а лес бамбілі самалётам. Я то з партызанамі сувязь меў, камандзіры мяне ведалі. Адзін з іх, па прозвішчы Еўдакімаў, у нашых краях з'явіўся ад пачатку вайны. Можа, ён быў з тых, хто папаў у палон, бо салдаты, як мухі, у палон здаваліся. Немцы многіх адпускалі, і яны па вёсках перабіваліся, а ўжо потым пайшлі ў партызаны. Мянушка мая была "Цемны". Але дакументаў ніякіх не меў. Хто тады пра гэта думаў?

- Як склаўся Ваш лёс пасля вайны?

- Другія саветы прыйшлі ў 44-м, я ўжо быў без бацькі, старэйшы сын. Трэба было працаваць на зямлі. А такі вялікі налог налажылі, што мусілі адну карову за яго аддаць. І то памагло мне выжыць маё знаёмства з начальствам. Я ў сельсавеце быў свой чалавек і дагаварыўся, каб на мяне запісалі не 70 гектараў, а 3. Часы былі цяжкія, трэба ўсё маўчаць, бо скажаш што лішняе - і на хаду ў Сібір папруць. Солтыса, лесніка, настаўнікаў павывозілі, і, як я помню, вывозілі ўсё зімой, на санях. Голад быў у нас тады, бо многа хлеба на Расію адпраўлялі. Помню, што і да нас у вёску расейцы прыязджалі, хадзілі па вёсках і мянялі галоўку (ручная швейная падольская машынка) на пуд жыта. У 50-м годзе пайшоў я ў калгас, але так добра выйшла, што іхняе жыццё мяне абмінула. І людзей было мала, з вайны не папрыходзілі - каго вывезлі, каго пасадзілі. Старшыня калгаса Саладоўнік паглядзеў, што я малады, здаровы, да тэхнікі спраўны і адправіў мяне на курсы трактарыстаў у Забалаць. Вучыліся там на куску жалеза, цяжка было, але ж неяк вывучыўся і ўжо працаваў у МТС, да калгаса не адносіўся.

- Дык вы, Антон Адамавіч, былі першым трактарыстам. А якая была першая тэхніка на вёсцы?

- Першыя трактары былі без кабіны, сядзенне жалезнае, ніякай гідраўлікі - сядзіш на гэтым трактары, як на чорціку якім, і прычэпчык ззаду тарахціць, аж пыл курыць. Зямлі кругом было многа, бо гаспадары ў 39-м усё пакідалі, а там вайна. Зарасло ўсё - адна цаліна, і мы яе паднімалі. Праўда, і плацілі добра - па 100 рублёў у месяц. А калі што і пасля работы каму зробіш. Грошы былі. А гарэлкі я ў губу не браў, на рабоце то ніколі. А так пасля работы мог трохі выпіць, але і жонка не знала, бо я не напіваўся. А курыць то курыў. І песню, помню, злажылі пра папяросы:

Хараша маскоўская "Кацюша",

Яшчэ лепшы гродзенскі "Прыбой".

Еслі дзенег нету - закурыш і "Ракету",

Сразу жызнь становіцца іной.

Тучы ўплываюць, неба адкрываюць,

І апяць сінеюць небеса.

"Ракета" былі слабыя папяросы, з церухі, але калі і такія курылі.

Я ўсё жыццё на колах. На першых трактарах пасля вайны працаваў, тады праз год адправілі ў Дзятлава на курсы, вучыўся там з адным хлопцам з Ліды. Той далёка пайшоў, пасля курсаў вучыўся ў ФЗА і даслужыўся аж да начальніка міліцыі ў Мінску. Мы з ім потым страчаліся, і ён мне нават памог у адной справе.

15 гадоў на Т-150-м адпрацаваў, машыну даглядаў добра, ні жаднага водпуску не меў. Два-тры дні пагуляеш - і зноў на трактар. Потым Т-150-ы свой адагнаў на капрамонт і палучыў Т-140. І на зборах вайсковых з тэхнікай, быў прыпісаны да інжынерных войскаў. Меў і свой транспарт: матацыкл, тады купіў "Масквіч 2140", а далей ужо "Аўдзі 80". Па матацыкл то ездзіў у Вільню, брат мне яго браў, у іх было з гэтым лепей, а ў нас нічога не можна было купіць, хоць грошай і хапала.

- Антон Адамавіч, Вы працавалі ў сельгасхіміі?

- Было такое. З МТС мяне перавялі ў Гродна, прыпісалі да гэтай хіміі і нават хацелі, каб пераехаў у Гродна жыць, але жонка не захацела. Харошая была работа. Нас было двое, я за трактар адказваў, а другі чалавек - за хімікаты. Абраблялі лён, бульбу, кукурузу. На бульбу выдавалі нам растворы ад жука каларадскага, але ж мы тады не ведалі, што гэта такое. Дуст сеялі, нешта ад кляшчоў пырскалі. Мне тады плацілі добрыя грошы і прэмію давалі.

- Раскажыце пра сваё сямейнае жыццё.

- Мая жонка была беларуска, а я - то паляк. Бацька яе быў са Шчучынскага раёна, бондар. Прыязджаў ён у Забалаць, і яна да яго прыехала. Мы пазнаёміліся. Ажаніліся, то такога вяселля, як цяпер робяць, не было. Прыйшлі ў сельсавет, там адзін прадсядацель сядзіць, і больш нікога. Ён мне кажа, што трэба сведкаў двое, а я яму смяюся: а ты што, хіба не сведка? Ну запісаў ён нас. А ксяндза тады было не знайсці - знічтожылі іх усіх саветы. Так і пражылі. Жонка мая была ўдалая, акуратная, што ні зробіць - з рук нічога не вывалілася. Трохі да васьмідзесяці не дажыла. І цешчу я ўзяў да сябе жыць. Як тэраз помню, сяджу каля хаты, а яна дарогаю ідзе, плача. Расказала, што да другой дачкі ў Мінск паехала, а там зяць кожны дзень п'яны. Яна і просіцца да мяне, а я ёй кажу: "Я па цябе не ехаў, я цябе не выганяў, жыві, хлеба хваціць". Двадцаць пяць гадоў у мяне пражыла, і адправіў яе добра. Праўда, да бацюшкі не дабіліся, а ксёндз паспавядаў і адправіў, як памерла, хаця была праваслаўная. Яшчэ той ксёндз і сёння жыве, яго фамілія Яблонскі.

- А як Вы жылі, калі пенсію атрымалі?

- О, тады ўжо я стаў "гультай" і "дармаед" (смяецца). Хазяйства з жонкай дзяржалі, дзве каровы былі, кабыла, парасяты, куры. Карова малако добрае давала, то ў студню па два-тры бляханы застаўлялі. Масла добрае збівалі, па 7 кіляў у тыдзень. Жонка мая была гаспадыня акуратная, масла ў яе выходзіла жоўценькае, нічым не фарбавала. Бывала, заверне па паўкілёўцы і на базар. А тады адна жанчына, якая праверку рабіла, масла і малако ўпадабала і адразу ўсё у нас забірала. Грошай хапала, я і матацыклы меў, і машыны. Астатнюю купіў "Аўдзі 80", яна то мяне і падвяла. Неяк нага выкруцілася, як выходзіў, і зламаў, як усе старыя ламаюць, тую "шыйку бядра". Цяпер у вазку, унукі даглядаюць.

- А што Вы думаеце пра цяперашняе жыццё?

- Няма цяпер на зямлі гаспадара, усё пакасавана, вёсак мала, скаціну дзяржаць не даюць. Дзіва што людзі ў вёсках жыць не хочуць. І мае сваякі ўсе павыехалі, у людзі выбіліся. У Гродне, у Лідзе жывуць, хто вучыцель, хто ў міліцыі. Грошы мяняюцца, а з тымі зайцамі, за ізвіненіем, толькі ў туалет хадзіць. І маіх грошай столькі прапала. Гарбачоў з'еў, тады Станіслаў дабавіў. 100 000 рублёў прапала (савецкіх грошай), во як!

Жыццё пражыў доўгае, многа чаго бачыў. Што ж, мы, як тая безымянная высата ў песні, - то рускія нас бяруць, то немцы, то палякі, то саветы, то яшчэ хто. А мы жывём.

(У асноўным захавана мова рэспандэнта.)

Гутарыў Сяргей Чарняк.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX