Вярнуцца: Мемуары

Успаміны Анатоля Куляша з "Лідскай газеты"


Аўтар: Кулеш Анатоль,
Дадана: 23-10-2014,
Крыніца: Лідская газета №57(12465)-2014; Лідская газета №122(12530)-2014.



Кацілі па Лідчыне балаголы

Матэрыял, які мы сёння прапаноўваем чытачам, напісаў Анатоль Фёдаравіч Кулеш. На працягу многіх гадоў ён супрацоўнічаў з "Лідскай газетай", дасылаў нам свае допісы, якія датычыліся гісторыі роднага краю. На жаль, прайшло ўжо два месяцы, як Анатоля Фёдаравіча не стала. Тым пранікнёней адчуваеш галоўны сэнс яго артыкулаў: "Хачу, каб нашы нашчадкі ведалі і не забываліся, хто яны, з чаго пачыналася наша Радзіма, і цанілі дзень сённяшні". І для гэтага наш пазаштатны аўтар, краязнаўца Анатоль Кулеш зрабіў многае.

Беларускага слова «балагол» няма. Яно запазычана і трапіла да нас з іншай мовы. Калі верыць польскаму «Папулярнаму слоўніку іншамоўных слоў», прыйшло да нас ад нашых паўднёвых суседзяў, украінцаў, і азначае «наёмны вазніца», «фурман». Такія людзі некалі займаліся перавозам розных грузаў, а таксама пасажыраў. Перавозчыкаў пасажыраў яшчэ называлі рамізнікамі. Іх поле дзейнасці было нашмат меншае, звычайна ў межах горада. На той час гэта была прафесія накшталт сённяшніх таксістаў. Займаліся гэтай справай у значнай ступені яўрэі. Дарэчы, як і вялі раз'язны гандаль па вёсках.

Да 1939 года балаголы на Лідчыне былі даволі шырока распаўсюджаны і добра вядомыя. Жылі і займаліся гэтым прадпрымальніцтвам звычайна ў невялікіх мястэчках. Напрыклад, у Беліцы, Жалудку. Рамізніцтва было развіта ў буйных гарадах, такіх як Вільня і нават Ліда. Каб займацца такой індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, людзі мелі адмысловых коней, павозкі: летам калёсныя (рамізнікі - брычкі), зімой - сані-розвальні (у рамізнікаў - вазкі на 2-3 асобы).

Будучы ўпершыню ў Лідзе восенню 1940 года, толькі праз год пасля далучэння заходніх абласцей Беларусі да БССР і СССР, давялося бачыць брычку рамізніка, у якую быў запрэжаны конь, на вуліцы Сувальскай (зараз Савецкая), паміж былым касцёлам піяраў (зараз праваслаўны сабор) і кінатэатрам «Эра» (пасля вайны не існуе). Не ведаю, былі яшчэ ў той час у Лідзе рамізнікі ці гэта было выпадковае здарэнне, але ўражанне ад бачанага засталося ў памяці да сённяшняга дня…

Вечар. Хмарна. Імжа, якая часам пераходзіла ў дробны дождж. Цьмяна свяцілі вулічныя ліхтары, вітрыны магазінаў ды крамаў, вокны жылых дамоў. Было гэта напярэдадні святкавання 23-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Таму ўсё

навокал апранулася ў чырвоны колер: віншавальныя лозунгі, сцягі на балконах, на сценах будынкаў. І ўся гэта чырвань адбівалася на мокрым бруку і ў лужынах вуліцы.

Брычка рамізніка, у якую быў запрэжаны конь, стаяла каля ходніка, збоку. Разглядзець дэталі экіпажа было даволі складана ва ўмовах той цемры. Але цікавасць зрабіла сваю справу. Мне больш за ўсё спадабаўся конь: стройны, танканогі, з невялікай галавой на лебядзінай шыі, з коратка пастрыжанай грывай.

Брычка была, здавалася, цёмнага колеру, на спружынах, з высокімі, амаль у мой тадышні рост, коламі (асабліва заднімі), са ступенькамі па баках і мяккім сядзеннем з рухомым гармонікам-каптуром ззаду над ім. Наперадзе - звычайная лаўка для фурмана. Мяне здзівіла адсутнасць дугі. Я і сёння не магу зразумець, як без яе запрагалі каня ў брычку. А мо, я ў чымсьці памыляюся?

Колы брычкі не ляскаталі па бруку, а толькі шасталі, бо былі пакрыты не металічнымі шынамі, а тоўстым слоем літой гумы. У час руху чутны быў толькі цокат конскіх падкоў: цок-цок-цок, цок-цок-цок.

«Каму солі? Каму газу? Падавай, браток, заказы!»

Апроч балаголаў-перавозчыкаў і рамізнікаў, былі яшчэ і балаголы-гандляры. У першым выпадку балаголы займаліся перавозам розных грузаў і пасажыраў, у другім -развазным гандлем. Першыя маглі быць і беларусамі, і палякамі, развазны гандаль цалкам належаў толькі яўрэям. Гэта быў гандаль таварамі і прадметамі шырокага ўжытку: соллю, газай (керасінам), мылам, іголкамі, ніцямі, гузікамі, фарбай для афарбоўкі самаробных ільняных тканін і тканін з воўны і іншай дробяззю. У гарачую вясенне-восеньскую пару ці напярэдадні яе карысталіся вялікім попытам сельскагаспадарчыя прылады: косы, сярпы, металічныя граблі (драўляныя рабілі самы

сяляне), матыкі ды іншае. Варта было толькі папрасіць - і ў чарговы прыезд балагол з задавальненнем выканае ваш заказ.

Прывозілі не толькі прамысловыя вырабы, але і харчовыя тавары: булкі з макам, рознакаляровыя пернікі ў выглядзе фігурак лялек, конікаў, птушак, рыбак, рознага памеру абаранкі, цукеркі ды іншыя ласункі. Усё гэта вабіла нас як той магніт цвікі ці іголкі. Ды не заўсёды і не для ўсіх такія ласункі былі даступныя. Куплялі іх нашы мацеры звычайна за курыныя яйкі. Бо грошы ў сялян, як назло, не вадзіліся. Але, дарэчы кажучы, яйкі - з'ява сезонная. Іншы раз куры не нясуцца. У гарачую пару ім знаходзіцца больш патрэбнае месца. Трэба пакласці некалькі ў торбачку гаспадару-касцу, калі той ідзе на сенакос. Або жанчынам, што цэлы дзень, сагнуўшыся пад гарачымі сонечнымі праменямі і выціраючы рукавом з твару пот, жнуць збажыну ў полі. Ім жа таксама падсілкавацца трэба! Дадому на абед яны ніколі не прыходзілі. Нават дзяцей-немаўлят, прыкрыўшы ад сонца дзяружкай на рагачах, трымалі пры сабе і даглядалі. Такія «ўрокі выхавання» прайшоў кожны з нас…

У кожнага балагола была свая адпаведная спецыялізацыя. Адны гандлявалі дробнымі прамысловымі таварамі, другія - таварамі харчовымі, іншыя скуплялі сельскагаспадарчую прадукцыю: збожжа, курэй, гусей, качак, авечак і авечыя скуры, воўну, лён і іншае, чым багатая была вёска. Гандаль яўрэяў-балаголаў у той час нагадваў сённяшні бартар: балагол табе - прамысловы тавар, ты яму - сельскагаспадарчы прадукт. І ў гэтым сяляне звычайна прайгравалі. Бо сельскагаспадарчы прадукт ацэньваўся, як заўжды, не прадаўцом, а пакупніком, балаголам. У такім выпадку ашукаць мужыка было даволі проста.

Нягледзячы на гэта, вяскоўцы лічылі для сябе такі гандаль дапушчальным. Таму што многія не мелі магчымасці паехаць у горад па нейкую дробязь і траціць на гэта не толькі грошы, але і дарагі для селяніна час. Яны ледзь не кожны дзень паўтаралі: «Летні дзень год корміць».

Была і яшчэ адна выгада. Тавар у яўрэя можна было ўзяць напавер, гэта значыць з адтэрміноўкай аплаты.

Акрамя гандлю, яўрэі прапаноўвалі сялянам і іншыя паслугі. Напрыклад, закітаваць вокны ў хаце. Рабілі яны гэта звычайна восенню, калі надыходзілі халады. Кожны селянін у гэты час уцяпляў сваё жыллё-хаціну: абсыпаў падмурак, латаў дзіры ў страсе ці ў іншых месцах, абкладваў сцены хаты шыльнікам, сабраным і прывезеным з сасновага бору, ды рабіў шмат чаго іншага. Не браўся толькі шкліць вокны. І гэты «недахоп» селяніна запоўнілі майстры-яўрэі.

А работа была да прымітыўнага простая. Клаў яўрэй у торбу некалькі «галовак» звычайнага мелу, шкларэз, невялічкі малаточак, дробныя, мо, 10-15 міліметраў у даўжыню, цвічкі, лінейку і ішоў сабе, шпацыруючы, у вёску. А там яго ўжо чакалі.

Зайшоўшы ў хату, браў майстар «галоўку» мелу, разбіваў яе на часткі, а затым адну з іх расціраў у муку. У гэтую муку з мелу наліваў покасту, перамешваў, а затым біў больш цяжкім малатком атрыманае месіва, пакуль яно не станавілася эластычным і добра перамешаным. Зрабіўшы такую замазку - кіт, - майстар выразаў шкло і ўстаўляў яго на месца разбітага. Даставаў адмыслова зроблены для гэтага нож і паволі, паклаўшы шнурочак замазкі, прыціскаў да краю шкла і аконнай рамы. Кіт распраўляўся і запаўняў усе, нават самыя невялічкія, шчылінкі. Да гэтага шкло таксама акуратна замацоўвалася дробнымі цвічкамі ў раме. Трэба было бачыць, з якой асалодай іншы раз майстар усё гэта выконваў!

Прапаноўвалі яўрэі і іншыя паслугі: навастрыць сякеру, нож, нажы да сячкарні, нарэзаць і навастрыць зубы пілы. Добра валодалі яны і іншымі рамёствамі: шавецтвам, кравецтвам, рымарствам. Былі нядрэннымі кавалямі. Асабліва ўдала кавалі коней, не горш за цыганоў. Словам, бадай, не было такой работы, якую не мог бы выканаць яўрэй. Мо, таму і жылі яны больш заможна, чым мужыкі-сяляне…

Але гэтае своеасаблівае прадпрымальніцтва, пра якое я расказаў вышэй, як з'ява знікла ў самым канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І як ні ўглядаліся мае вяскоўцы на дарогу са Зблян у Беліцу, як ні чакалі, што прыедзе зноў балагол і прывязе нейкую

патрэбную рэч або духмяную свежаспечаную булку з макам, - недачакаліся.

Хайміца з Беліцы і Хаім з Жалудка

Прыязджалі да нас у Збляны многія балаголы. Сярод іх найбольш частымі гасцямі былі яўрэй з мястэчка Беліца Хайміца і яўрэй з мястэчка Жалудок Хаім Стукальскі. Першы прадаваў і купляў, другі - толькі прадаваў. Хайміца прыязджаў і прывозіў свой тавар на продаж даволі часта. Бывала, па некалькі разоў на тыдзень. Не прыязджаў толькі ў сераду і панядзелак, бо ў першым выпадку быў базарны дзень у Беліцы, у другім - у Лідзе.

Яго заўважалі здалёк, яшчэ за кіламетр, на дарозе. Гандляр спыняўся звычайна ў пачатку вёскі. Тады па вуліцы раздаваўся кліч: «Хайміца прыехаў!» А ён, невысокі, сярэдняга ўзросту, але ўжо з сівізной на скронях, нетарапкі, апрануты ў пацёртую ад ужытку і часу вопратку, злазіў з павозкі, надзяваў на галаву каня торбу з аўсом, затым - адчыняў свае куфэрачкі і пачынаў гандляваць.

Тым часам да яго ішлі чарадою, як да споведзі, жанчыны з кошычкамі з таварам ці з курыцай пад пахай. І пачынаўся торг. Таргавацца трэба было. Бо Хайміца нікому і ніколі не прадаваў свой тавар па названай напачатку цане. І не патаргаваўшыся, нічога ніколі сам не купляў. Такі ўжо быў няпісаны закон гандлю.У Хайміцы можна было купіць што-небудзь адразу за грошы ці ежу. Ён даваў сялянам і напавер. За гэта вяскоўцы вельмі яго паважалі. І калі ехалі на рынак у Беліцу, каб купіць нейкую патрэбную рэч, перш за ўсё ішлі да яго. У іншых куплялі толькі тады, калі яе не было ў Хайміцы. Вось такая была паміж балаголам і сялянамі салідарнасць.

Нас, хлапчукоў, вабіў ён да сябе кулінарнымі вырабамі: свежаспечанымі булкамі, абаранкамі, пернікамі, якія мы чамусьці называлі «маскалямі». Пернікі мелі розны выгляд: конікаў, птушак, рыбак і інш. Для нас лепшага ласунку ў той час знайсці было немагчыма. Ды, на жаль, куплялі ўсё гэта дзетвары нячаста.

Гандаль Хаіма Стукальскага адрозніваўся ад такога ж занятку іншых балаголаў. Гэта была звычайная кантрабанда. Хоць тады мне было ўсяго 6 ці 7 гадоў, але ўсё, што адбывалася ў той час, помню і сёння.

Прыязджаў Хаім у нашу вёску звычайна папаўдні. Спыняўся на начлег у нашай хаце. З ім заўсёды знаходзіўся памочнік, малады хлопец, абавязкам якога быў догляд за канём: накарміць, напаіць, пачысціць. Мне Хаім заўсёды прывозіў вялікую смачную белую булку, і гэтаму я вельмі радаваўся, бо такі прысмак пяклі ў нас толькі на Вялікдзень.

А гандляваў Хаім сахарынай, што тагачаснымі польскімі ўладамі было забаронена. Аднак сяляне ахвотна яе куплялі, бо яна была значна таннейшая за цукар. Праўда, у Хаіма рызыка была немалая: можна было і за краты трапіць. Памятаю, як аднойчы, калі ён начаваў у нашай хаце, пасля поўначы, завесіўшы ўсе вокны дзяружкамі, каб звонку не відаць было нічога, што робіцца ў пакоі, пры цьмяным святле газавай лямпы сядзелі

балаголы, што прыехалі разам з ім у вёску, і рупліва раскладвалі крышталікі сахарыны ў невялікія пудэлачкі. Пад раніцу работа была скончана. І ўжо пасля снядання ўсе раз'ехаліся па вёсках, каб распрадаць свой тавар. Думаю, гандаль гэты даваў неблагі прыбытак. Сам Хаім быў апрануты значна лепей за іншых сваіх калегаў, меў лепшага каня і дабротную павозку. Мог мець парабка.

І відаць, пад шчаслівай зоркай нарадзіўся Хаім: абмінуў яго польскі закон, пашчасціла ўцячы і ад немцаў у 1941 годзе. Апошні раз яго бачылі нашы аднавяскоўцы ў Казахстане. Казалі, што пасля вайны ён выехаў у Ізраіль. А вось ягоная жонка Сорка з дзецьмі засталася ў Жалудку і загінула падчас фашысцкіх катаванняў.

Бульбу вараць, бульбу смажаць, з саладухай і «лёкам» ядуць...

Балаголы дасканала ведалі стан жыцця сялян навакольных вёсак. Ведалі, якія і калі бываюць у праваслаўных беларусаў рэлігійныя святы і якія ў сувязі з імі існуюць звычаі. Напрыклад, ведалі, што перад святамі Каляд і Вялікадня бываюць пасты і па царкоўных канонах веруючым забараняецца ўжываць усё скаромнае: мяса, масла, тлушч (акрамя расліннага алею), малочныя прадукты, а дазваляецца есці рыбу. І гэта не марудзілі скарыстаць балаголы. Паставіць гандляр на воз пару бочак салёных селядцоў і вязе іх на продаж у вёску. А там яго ўжо чакаюць. І зноў да вазоў цягнецца чарада вясковых жанчын, каб набыць адзін-другі селядзец. Іншыя ішлі са збаночкам, каб папрасіць так званага «лёку» - расолу, у якім саліліся селядцы. «Лёк» балаголы давалі дарма. З гэтым далікатэсным напіткам, у які іншы раз трапіць крыху ікры, бульба гарачая - царская вячэра!

Дарэчы, «лёк» падмяняў, бывала, яшчэ адну даволі распаўсюджаную ў вёсках таго часу страву - саладуху. Саладуху рабілі з жытняй мукі ў выглядзе бражкі. Як яе рабілі, не ведаю. А тое, што смак яе памятаю і цяпер, - гэта факт. І зноў-такі ўжывалі гэту смакату з бульбай, нашым «другім хлебам». Нездарма ж у народнай песні пра яе ёсць такія словы: «Бульбу вараць, бульбу смажаць, бульбу ядуць, бульбу хваляць…» Дарэчы, калі саладуха, бывала, пастаіць у закрытай дзежцы некалькі дзён, яна станавілася для нас як кока-кола для сённяшняй дзетвары.

***

Навошта я ўсё гэта пішу? Для таго каб нашы нашчадкі ведалі і не забываліся, хто яны, з чаго пачыналася наша Радзіма, і цанілі дзень сённяшні. … А старонка, пра якую я расказаў, была ў лёсе Лідчыны.


Быў такі дзядзька Алёша

Гэты допіс нашага пазаштатнага аўтара Анатоля Куляша, які, на жаль, пайшоў з жыцця ў сакавіку бягучага года, захаваўся ў архіве рэдакцыі. Сёння мы друкуем яго на старонках раённага выдання.

Жыў у нашых Зблянах адзін селянін па прозвішчы Філюта Аляксей. Па-вясковаму яго клікалі проста Алёша або па мянушцы «Калаўротак». Хто, калі і чаму даў яму такую мянушку, ніхто ведаць не ведае. Яна мо нават крыху крыўдная, таму ў дачкі яго прашу прабачэння, што ўжыў мянушку без дазволу.

Дык вось, Аляксей быў чалавек сціплы, не выдзяляўся заможнасцю. Хутчэй наадварот. Кампаніямі не захапляўся. Бавіў свой вольны час у адзіноце. А калі надараўся выпадак быць у кампаніі, любіў расказаць пра свой побыт у часы рэвалюцыі ў Петраградзе. Аповяды яго былі вельмі цікавыя, і ўсе з задавальненнем іх слухалі.

Часта любіў ён расказваць пра сустрэчы на мітынгах ды на дыспутах з тагачаснымі палітыкамі-рэвалюцыянерамі: Леніным Троцкім, Керанскім і іншымі. Працаваў Алёша на заводзе (ці не на Пуцілаўскім? Дакладна не памятаю). Заробак быў не вельмі багаты. Нягледзячы на гэта, не шкадаваў грошай, купляў даволі дарагія білеты, каб паслухаць дыспуты паміж прадстаўнікамі розных палітычных партый таго часу. Сярод іх выдзяляў красамоўнасць і лагічнасць у пабудове сваіх выступленняў Троцкага. У гэтым ён пераўзыходзіў Леніна. Але Уладзімір Ільіч выступаў з больш грунтоўных пазіцый і карыстаўся больш пераканаўчымі аргументамі, чым і перамагаў Льва Давыдавіча.

Прысутнічаў наш дзядзька Алёша на мітынгу каля дома балярыны Кшасінскай у Пеўчаскім завулку, дзе з балкона другога паверха дома выступаў У. І. Ленін. Давялося слухаць расповеды Алёшы і аўтару гэтых радкоў.

* * *

Быў ён не толькі сціплым, але і фізічна не з асілкаў. Як і ўсе сяляне-аднаасобнікі таго часу, працаваў ад світанку да цямна. Тым не менш, трэба было бачыць, як ён ваяваў з немцам, што забіраў ягонага любімца – белага гусака.

Сядзібы нашы ў вёсцы знаходзіліся насупраць абапал вуліцы. Кожны дзень мы бачылі, як на падворку нашага суседа сярод курэй, парасят годна хадзіў белы прыгожы гусак. Ён узвышаўся паміж імі. Ягоную белую шыю было відаць здалёку.

І трэба ж было такому здарыцца. Дзесьці ў кастрычніку 1942 года наляцелі ў вёску немцы. Спыніліся непадалёк ад нашых хат. Усе жаўнеры-акупанты разбегліся па хатах, шукаючы «шпэк, бутэр, шнапс». Каля машыны застаўся адзін шафёр. Спачатку сядзеў у кабіне, а затым выйшаў і пачаў спацыраваць па вуліцы. І заўважыў на падворку бедалагу гусака. Вярнуўся да машыны, узяў у рукі аўтамат і накіраваўся на падворак. Да гусака. Бедная птушка прывыкла да людзей, таму і не спяшалася ўцячы. Наадварот, разглядала нечаканага госця. А той схапіў яго за шыю ды заціснуў сабе пад паху.

Трэба было бачыць, як накінуўся на рабаўніка Алёша. Здавалася, гатовы быў парваць яго на кускі. Ды дзе там! Дзе яму справіцца з адкормленым, у паўтара раза большым ростам бандытам з аўтаматам у руках. Піхне Алёшу, і той ледзь на нагах устаіць. А ён усё сваё: «Аддай гусака!» І ўсё тут! Немец ужо было схапіўся за аўтамат. І невядома, чым бы гэта магло скончыцца, калі б не выйшла жонка Аляксея. Яна ўгаварыла мужа адступіцца і павяла ў хату. А рабаўнік павалок гуся з сабой.

Шчыра скажу: усе мы, хто назіраў гэту трагічную карціну (я не перабольшваю – менавіта трагічна яна выглядала), усім сэрцам спачувалі Алёшу. Ды толькі памагчы нічым не маглі. У гэты крытычны момант ён паказаўся зусім іншым, чым у паўсядзённым жыцці: мужным, адважным, рашучым. Нават падалося, што на нашых вачах вырас ростам з ліліпута да Гулівера.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX