Вярнуцца: Мемуары

Запісана пад дыктоўку лёсу


Аўтар: Анатоль Кулеш,
Дадана: 06-02-2009,
Крыніца: Лідскі Летапісец №38,39-40.



(Адрыўкі з біяграфічнага нарысу "Пра час і пра сябе")

Круглая дата вуглаватага жыцця

80 гадоў? Гэта многа ці мала?- пытанне не самае простае. З аднаго боку здаецца многа, калі паглядзець з другога - не пашкодзіла б і больш. Такое пытанне паўстае, калі ты перакрочыш гэты жыццёвы, можна сказаць: гукавы, бар'ер. Бо час пасля яго ляціць - не дагоніш. А здаецца, так шмат яшчэ не паспеў зрабіць. Іншы раз у бяссоную ноч пачынаеш успамінаць мінулае, пераварочваеш яго, бы у тым калейдаскопе. I бачыш усе свае дасягненні, хібы, памылкі вялікія і малыя. Хочаш усё вярнуць, паправіць. Ды дарма. Як пісаў Я. Колас: "О, як бы я хацеў спачатку дарогу жыцця па парадку прайсці, яшчэ раз аглянуцца, сабраць з дарог каменні тыя, што губяць сілы маладыя..." "Ды назад не прыйдзе хваля тая..."

Так здарылася.што 80 гадоў таму ў позні майскі вечар, 5 траўня 1927 года пад самае свята Юр'ева дня.прыйшлося з'явіцца на свет Божы. Нарадзіўся пад сузор'ем Цяльца або Быка. Таму, магчыма, жыццё працякала па-поцемку, вобмацкам, з немалой колькасцю гузоў на галаве - па прыслоўі: "Што дазволена Юпіцеру, тое не дазволена Быку".

Вёска Збляны, дзе пашчасціла прыйсці на свет, раскінулася ўздоўж правага берага Нёмана ў самым цудоўным на свеце прыродным кутку. Усё тут незвычайнае і натуральнае: і лес, і поле, і неба іншае, спеў птушак не такі. І, нават, подых ветру іншы. А галоўнае - цудоўныя, самабытныя людзі. 3 вясёлым норавам, тонкім гумарам, з сялянскай хітрынкай і, галоўнае, у душы кожнага з іх жыве мастак: жывапісец, паэт, музыкант.

Тут пазнаў першыя словы, першыя літары, тут прыйшло першае каханне. Тут усё было першым. Але ў І7-гадовым узросце жыццё прымусіла пакінуць гэты багаты, цудоўны, жыватворны край. Ды назад так і не вярнуўся, калі не лічыць, кароткачасовыя "набегі" да бацькоў паласавацца сялянскімі дэлікатэсамі ды пасядзець на беразе ціхага Нёмана з вудай.

Вобразы мілыя роднага краю...

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я...?

Самы любімы мною беларускі літаратурны твор - паэма класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа "Новая зямля". Гэта выдатная энцыклапедыя сялянскага жыцця. У ёй, як у кроплі крыштальна чыстай вады, адлюстроўваецца лад жыцця селяніна ў мінулым і, нават, у нашыя дні. Так мне здаецца мо таму, што сам я з сялянскай сям'і і пражыў у вёсцы, бадай, самыя цудоўныя дзіцячыя і юнацкія гады. Таму мне добра вядомы кожная рысачка псіхалогіі, быту і ладу жыцця жыхара вёскі. Колькі б я ні бываў за межамі сваёй вёскі над Нёманам, маё сэрца заусёды заставалася ў ёй. Інакш і быць не магло: занадта цудоўны гэты край.

Мая родная вёска Збляны знаходзіцца ўсяго за 35 кіламетраў на поўдзень ад раённага цэнтра Ліда на вядомым гістарычным шляху. Па ім у свой час рухаліся войскі французскага імператара Напалеона Банапарта, калі ён ішоў заваёўваць Расію ў 1812 годзе. У 1941 годзе ішла тут на злом свае галавы зграя нямецка-фашысцкай навалы, падганяная шалёным (8KB) Анатоль Кулеш.яфрэйтарам. Тым жа шляхам і ўцякалі, як толькі маглі, назад. Ёсць,аднак, і іншыя, больш прыемныя старонкі ў яе біяграфі. 3 гэтым шляхам былі знаёмыя знакамітыя ў Беларусі і Расіі дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, вайскоўцы: дзекабрысты Я. Абаленскі, М. Мураўёў, герой Айчыннай вайны 1812 года Дз. Давыдаў і легендарная Н. Дурава, казацкі атаман Платаў, царскі генерал Дохтураў ды шэраг іншых. Як піша вядомы маскоўскі пушкініст Раманюк, некаторы час у вёсцы Беліца на гэтым шляху знаходзіўся бацька геніяльнага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна - Сяргей Львовіч Пушкін. Ён меў званне маёра і служыў у царскай арміі Аляксандра I інтэндантам. Не выключаю, што будучы чалавекам дапытлівым.мог наведваць вёску Збляны.

Збляны - тыповае беларускае сялянскае паселішча. Дарога да яго ўедца праз палі па ўскрайку леса ўздоўж правага берага сівога бацькі-Нёмана. Ужо за некалькі кіламетраў з невялікага ўзвышша бачна ў далечыні, як вырысоўваюцца на тле блакітнага небасхілу велічныя купалы Пакроўскай царквы. А навокал яе, бы тыя авечкі ў летні жар цесна збіліся прыземістыя сялянскія хаты, хаваючыся ў засені густых зялёных дрэў. Як і іншыя шматлікія вёскі Беларусі Збляны працягнуліся ўздоўж тракта і маюць звычайную "беларускую сялянскую архітэктуру": "хлеўчык, пограб і гуменца пад адзін зліліся плех".

Вёска мае сваю адметную гісторыю. Адну і тую ж назву носяць тут два паселішчы - вёска Збляны і хутар Збляны. Абодва яны маюць адзіны. гістарьгшы корань. Нажаль, у назве "хутар" страчваецца гістарычная сутнасць паселішча. У строга распрацаванай і дзейнай класіфікацыі населенных пунктаў хутар мае больш нізкі статус, чым вёска. А гэта не адпавядае рэчаіснасці. На самай справе "хутар Збляны" ўзнік раней,чым сённяшняя вёска. Да таго ж, гэтае паселішча зараз далёка ўжо не хутар, а сапраўдная вёска, якая складаецца з некалькіх дзесяткаў двароў.

Хутар Збляны ўзнік яшчэ ў сярэднявеччы як панскі маёнтак. Ім у розныя часы валодалі вядомыя ў Беларусі феадалы: Радзівілы, Вітгенштэйны, Ільінічы, Трубяцкія. Называўся ён тады Зблянскі Двор. Назва гэта захоўвалася доўга: да другой паловы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Затым ва ўгоду савецкім ідэалагічным канонам перайменавалі ў хутар.

У ХV-ХVI стагоддзі сучасную вёску Збляны называлі "Загараднікі зблянскія". Ужо гэтая назва раскрывае яе гістарычнае паходжанне. Тэрмін "загроднік" у польскай мове азначае "беззямельны селянін". Па значэнні ён аналагічны беларускаму "агароднік, селянін у ВКЛ, якіх пасялялі на невялікіх надзелах зямлі і абавязвалі выконваць працоўную павіннасць на карысць гаспадароў маёнтка. Згодна са "Уставам на валокі 1557 года агароднікам /загараднікам - А.К./ давалі па 3 маргі - 1 морг = 0,71 га - зямлі і пасялялі па 10-20 двароў паблізу маёнткаў. За гэтыя надзелы агароднікі /загараднікі/ павінны былі адрабляць землеўладальнікам 1 (адзін) дзень без каня ў тыдзень,а іх жанкі - 6 дзён за лета". Гэта дазваляе пабудаваць лагічны ланцужок у гісторыі ўзнікнення адных і другіх Зблянаў. I куды больш маецца падстаў, каб сённяшні "хутар Збляны" называць ягоным гістарычным назовам - "Зблянскі Двор", як гэта было на працягу стагоддзяў.

Аб паходжанні назвы вёскі існуе некалькі розных версій. Але наўрад ці якая-небудзь з іх адпавядае сапраўднасці.

Вёска расла і пашыралася. Паводле перапісу насельніцтва Расійскай Імперыі 1886 года ў ёй было 28 двароў і 235 жыхароў. У пачатку XX стагоддзя - 363 душы.

Паступова грамадскае жыццё зблянцаў пачало перамяшчацца з маёнтка ў вёску. Гэтаму ў значнай ступені паспрыяла пабудова ў вёсцы на ахвяраванні Людвікі Караліны Радзівіл уніяцкай царквы, якая з 1835 года стала праваслаўнай. Грамадская і культурная роль "Загараднікаў зблянскіх" яшчэ больш узмацнілася пасля адмены прыгоннага права, калі сяляне атрымалі волю,а феадалы страцілі права на прыгнёт і з'ехалі. У 1894 годзе пры Зблянскай праваслаўнай царкве была адкрыта прыходская школа. З'явіліся крама, карчма. Увогуле, жыццё пачало няспынна змяняцца на карысць вяскоўцаў - "загараднікаў зблянскіх".

На працягу амаль 20-ці гадоў XX стагоддзя ў адпаведнасці з Рыжскай дамовай тут нанавалі палякі. Вёска ўваходзіла ў склад Беліцкай гміны Лідскага павету Наваградскага ваяводства. У той час у вясковай школе ўсе прадметы, нават праваслаўная рэлігія для вучняў-беларусаў, выкладаліся выключна на польскай мове. I нягледзячы на нацыянальны ўціск жыццё ў вёсцы кіпела ў этнічным рэчышчы. Гэта не змусіла вяскоўцаў зневажаць сваю мову, сваю этнічную культуру, звычаі, абрады. Усюды гучала беларускае роднае слова, звінелі над Нёманам народныя песні, у нацыянальным стылі адбываліся святы, вяселлі і г.д.

Карэнныя змены адбыліся ў другой палове XX стагоддзя, калі быў створаны калгас. Пік росквіту прыйшоўся на канец 60-х - пачатак 70-х гадоў. У вёсцы працавала базавая васьмігадовая школа, сельскі клуб і бібліятэка, ФАП. У вёску правялі электрычнасць, і ў хатах заміж газавых лямпаў, што свяцілі, бы тое воўчае вока, заззялі электрычныя лямпачкі. Загаварыла радыё,а над дахамі некаторых хат узнесліся высока ў неба тэлевізійныя антэны. Калі да гэтага часу ў вёсцы было толькі 6 хатаў, у тым ліку памяшканняі святароў і школы, з драўлянымі падлогамі, а ў астатніх - каля сотні - падлогі былі глінабітныя, то зараз падобныя можна палічыць на пальцах. А мо і тых ужо не стала. Вясковы хор на рэспубліканскім аглядзе народнай самадзейнасці атрымаў званне народнага.

Вёска была да берагоў, як той вулей, запоўнена людзьмі. Яшчэ на значнай адлегласці ад пачатку вуліцы сустракала прыезджага чарада дзетак. Зараз сустракае толькі насцярожаная цішыня. На памяць прыходзяць радкі верша Якуба Коласа, напісаныя ім сто гадоў таму:

Крыж збуцвелы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх.
Сцішна, нудна, бы ў астрозе,
Ці на могілках якіх...

Карціна жывая. Быццам паэт толькі-толькі што пабываў тут. Крыж стаіць праваслаўны ля ўезду ў вёс.ку, бо ўсе яе жыхары праваслаўныя. Жыве тут толькі адна сям'я католікаў. I тая прышлая. Што здарылася? Чаму так раптам усё змянілася? Куды падзеліся людзі, якіх спрадвеку было тут так багата? Раслівырасталі, жаніліся, нараджалі, расцілі дзяцей, выхоўвалі, перадаючы ў спадчыну набытае вякамі. А аддаць і перадаць было што. Сёння ў вёсцы няма ніводнай маладой сям'і. Таму і не чутно дзіцячага гоману, як было некалі. У палове хат ніхто не жыве. Падворкі зарастаюць хмызняком ды пустазеллем, пазасыхалі студні. Кажуць, улада збіраецца гэтыя хаты разбурыць і знесці. Дык што ж тады застанецца ад некалі. квітнеючай галасістай вёскі? Могілкі?

Знікла школа - няма каго вучыць, няма ФАПА,а лячыць - хоць адбаўляй. Рэдкі госць заходзіць у бібліятэку. Заціх у клубе гармонік... Пытанні, пытанні, пытанні... А дзе адказ? А мо гэта і ёсць сапраўднасць вясковага жыцця? Ягонае развіццё ідзе па крывой сінусоідзе: то ўзлёт, то падзенне, то ўзлёт то падзенне...

Але на мой асабісты погляд, галоўная прычына тут вельмі псіхалагічная. Працу земляроба нельга прыраўноуваць і цалкам пераўтвараць у чыста індустрыяльны працэс. Зямля, як жывая істота, любіць увагу і ласку, любоў да сябе. Тады і яна па-свойму аддзякуе і ўжо ніколі не адпусціць і не пакіне. Як пісаў паэт:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля - аснова ўсёй айчыне.

Памятаю,як некалі бацька пяшчотна адносіўся да зямлі і нас гэтаму ж вучыў. Таму, калі на выпускных дзяржаўных экзаменах трэба было пісаць сачыненне, і была прапанавана тэма пра становішча сялянства ў дарэвалюцыйна Расіі ў творах беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, я не раздумваючы доўга, узяў менавіта яе. І... прайграў - не ўлічыў фактар часу. У аснову паклаў твор Я. Коласа "Новая зямля" і вершы дарэвалюцыйнага перыяду. Атрымаў "пасрэдна", бо "ўславіў прыватную гаспадарку".

Гараць сёння ў вясковых хатах электрычныя лямпачкі, уздоўж вуліцы па вечарах ліхтары, свецяцца экраны тэлевізараў, на падворку стаяць лімузіны - гэта прыехалі на выхадныя дні з горада дзеці да састарэлых бацькоў паласавацца сялянскімі далікатэсамі. Але няма ў хатах сённяшняга вяскоўца той цеплыні пачуццяў, утульнасці, якія былі раней. Памерла душа вёскі.

Не чуваць больш рыкання кароўкі і рохкання парасяці на падворку. Не кудахтаюць куры, не спаборнічаюць паміж сабою пеўні. Не чуваць нават мяўкання катоў, брэху сабакі. Змоўклі гукі чароўных песняў, не раздавацца ім ізноў.

Дык ці наступіць калі-небудзь часіна адраджэння беларускай вёскі ў глыбінцы? Наша ж Бацькаўшчына вякамі жыла і ганарылася яе непаўторнай прыгажосцю і рамантыкай.

Ды толькі наўрад ці калі-кольвечы гэта можа ўжо здарыцца. Сённяшняя "урбанізацыя" беларускай вёскі ў выглядзе пабудовы на прымітыўных, непрадуманых, без уліку нацыянальных асаблізасцяў падставах аграгарадкоў вынішчыць ушчэнт сялянскі дух з паселішчаў, як нацыянальную гістарычна-этнічную з'яву. Гэтыя "аграгарадкі" высмакчуць з вёскі ўсе жывыя здаровыя сокі, што яшчэ ў ёй захаваліся да сённяшняга часу і пераўтвораць яе ў змрочны нежывы цень мінуўшчыны...

Цудоўныя школьныя годы

Ішоў 1934 год. Мне ўжо споўнілася сем гадоў. Набліжаўся першы ў жыцці старт - ісці ў школу. Што робіцца у школе, у мяне нейкае ўяўленне ўжо было. Да мяне там вучыліся мае старэйшыя браты Валодзя, Косця і сястра Надзя. А разам з імі"вучыўся" і я. Калі яны вучылі ўрокі, я ўважліва слухаў і запамінаў усё напамяць. Тым не менш, школа хавала ад мяне нешта загадкавае і невядомае. Само слова "школа" вымаўлялася па-асобаму, са значэннем.

Асаблівай падрыхтоўкі не бьшо, калі не лічыць, што маці пашыла з даматканага палатна штонікі і кашульку, памыла ды пастрыгла.

Бывай, Нёман! На яго берагах мы праводзілі ўсе летнія дні напралёт: купаліся, загаралі, рыбачылі, забываючыся іншы раз збегаць паесці. На жаль, купанне часам заканчвалася трагедыяй. На маіх вачах ледзь не ўтапіўся мой стрыечны брат Алёша, мой равеснік. Яго, на шчасце, выратаваў паромшчык, вылавіўшы ўжо досыць далёка ад тога месца, дзе ён, не ўмеючы плаваць, трапіў на вялікую глыбіню.

У школу, насустрач сваёй будучыні, пайшоў з маці. Так ішла большая частка з нас. Як заўсёды, усе босымі, толькі мацяркі вымылі добра ногі.

Школа знаходзілася у другім канцы вёскі, насупраць Пакроўскай праваслаўнай царквы. Гэта быў адзіны цагляны будынак у вёсцы, пабудаваны яшчэ ў 1864 годзе. Быў некалі яшчэ адзін - у майго дзеда Куляша Антона. Але пасля яго смерці нашчадкі не змаглі падзяліць спадчыну, і дом разабралі. Застаўся адзін пограб, які выкарыстоўвалі як лядоўню. Не ведаю, ці захаваўся ён сёння. Бадай так. Бо збудаванне было грунтоўнае.

Настаўнік, паляк з паходжання, Невядомокі Часлаў Казіміравіч быу чалавекам інтэлігентным, шмат чым захапляўся. Асабліва паляваннем, ловам рыбы і агародніцтвам. Меў адзін фізічны недахоп - крыху кульгаў на адну нагу. На двары школы сабраўся цэлы натоўп вяскоўцаў. Акрамя вучняў і іх бацькоў,прыйшлі і іншыя, каб палюбвацца гэтай урачыстасцю.

З прыходам гэтага настаўніка, школа памяняла сваё аблічча. На колішнім пустыры былі разбіты клумбы з морам кветак, якія ў летне-восеньскія месяцы пераліваліся ўсімі колерамі, вядомымі прыродзе. Даглядалі кветкі разам з настаўнікам і вучні. Можна было залю-бавацца.як звыклыя з дзяцінства да працы на зямлі сялянскія хлопчыкі і дзяўчынкі, з захапленнем і радасцю працавалі, забываючыся іншы раз нават выцерці рукавом нос ці твар ад поту.

Нягледзячы на знешні спакой, чаканне першага школьнага дня было крыху трывожным: павінна была быць сустрэча з вока на вока з настаўнікам, мабыць самым паважаным чалівекам у вёсцы і ў наваколлі. Нават дарослыя ставіліся да яго з вялікай пашанай. Акрамя таго, у сваім асяроддэі ў звычайных абставінах мы карысталіся беларускай мовай, якую чамусьці называлі "простая". А тут трэба было асвойваць чужую - польскую. Як аказалася.для некаторых гэта было справай з нялёгкіх.

Атрымаўшы "інструкцыі" ад старэйшых братоў і сястры, хоць і з вялікім хваляваннем, я ўпэўнена пайшоў у сваю будучыню, моцна трымаючыся за матчыну руку.

Бацька, адпраўляючы "ў навуку" даў наказ: "Вучыся, сынок, веды за плячыма не носяць, а ў жыцці ў будучыні спатрэбяцца". Наказ бацькі ўсімі сіламі стараўся выканаць.

Увогуле, "будучыня" да мяне была нават вельмі прыхільнай. Вучоба давалася лёгка. Без асаблівых намаганняў асвойваў польскую мову, прадметы матэматычнага цыклу,.меў нядрэнныя схільнасці да-рысавання.

Такіх, як я, у школебыло нямала.чалавек каля 20-ці. А калі дадаць да нас яшчэ тры класы, то ўсіх было каля ста чалавек. А гэта для вёскі па сённяшніх мерках непамерна шмат.

Школа нагадвала сабой пчаліны вулей. Аднак вучні паводзілі сябе куды спакойней, чым: гэта можна назіраць зараз. Гэта было вынікам уплыву настаўніка. Настаўнік сельскай школы ў той час быў бясспрэчным аўтарытэтам.

Будынак школы для нас здаваўся вельмі вялікім. Паўднёвую палову яго займаў вучэбны клас, другую, паўночную - настаўнік (ён жа загадчык школы) з сям'ёй. Сям'я яго па мерках таго часу была нешматлікай: сам настаўнік, ягоная жонка - Марыся, двое дзетак дашкалят - дачка Галінка і сын Юрак. Не ведаю чаму, настаўнік сына свайго называў не па імені - Юрак, а "Дзёбак". Усе размаўлялі толькі па-польску. Асабліва жонка. Пражыўшы шмат гадоў сярод беларусаў, мове іх так і не навучылася. Тым часам, палякаў у вёсцы не было ўвогуле. Быў толькі адзін прышлы каталік - Прэсаль Браніслаў, паромшчык. Але ён, як і ўсе мы, карыстаўся беларускай мовай.

Я не перастану паўтараць, што наш настаўнік быў настаўнікам ад Бога. На ўроках ён захапляў сваіх вучняў і вёў за сабой, заварожваў. Што праўда,быў у яго адзін недахоп. Ён мог вельмі хутка "ўзарвацца" і нават балюча пакараць. У той час фізічныя пакаранні, увогуле, былі забаронены, але настаўнікі часцяком імі ўсё такі карысталіся. Ставілі ў вугал на калені ці білі лінейкай па далоні. Аднойчы ні за што, ні пра што дасталося і мне.

Заняткі пачыналіся і заканчваліся малітвамі. Малітвы ўжо не памятаю, а змест іх быў такі. Зранку, перад пачаткам, мы прасілі Матку Боску (малітвы таксама былі на польскай мове), каб яна дапамагла нам у вучобе, лепш засвойваць новыя веды, быць уважлівымі і шчырымі. Пасля заканчэння ўрокаў дзякавалі Бога за тое, што мы атрымалі новыя веды і прасілі яго, каб яны сталі карыснымі нам у жыцці.

Пасля шумна і моцна ляпалі вечкамі партаў і з шумам выляталі на вуліцу, разбягаючыся кожны ў свой бок.

Але не заўсёды. Быў у нас невядома адкуль прыйшоўшы звычай біцца з "дварчанамі". Гэта значыць, са сваімі калегамі па школе са Зблянскага Двара. У той час, так звалі сённяшні хутар Збляны. Іншы раз добрых гузоў набівалі адны адным.

Што за традыцыя,адкуль яна прыйшла, і хто яе ўвёў? Невядома. Але трывала яна даволі доўга. У справу умешваліся бацькі, настаўнік. I некаторы час усё заціхала. Пасля пачыналася спачатку.

Калі я прыйшоў у школу, у ёй праводзілася рэформа. У 1932-33 вучэбным годзе Сейм Рэчы Паспалітай прыняў закон аб школе. Паводле яго навучанне станавілася абавязковым,але толькі ў межах пачатковай школы. Усе навучальні былі падзлены на тры ступені. Першая ступень - чатырохкласная з адным або двума настаўнікаяі. Тэрмін навучання працягваўся 7 гадоў; 1-2 класы - па аднаму году, у 3 класе - 2 гады,а ў 4-м - аж 3. Вучэбная праграма ў 3 і 4 класах была складзена так, што кожны год вучыліся па розных надручніках. Падручнікі маламаёмасным вучням выдаваліся бясплатна. Толькі пасля навучальнага года іх трэба было вярнуць у школьную бібліятэку.

У школах іншых ступеняў тэрмін навучання складаў таксама 7 гадоў, толькі кожны год у наступным класе. У залежнасці ад ступені школы і колькас ці класаў у ёй змяняўся і колькасны склад настаўнікаў - ад аднаго да 7 і больш. Мне прыйшлося вучыцца ў школе першай ступені з адным настаўнікам. Выкладанне прадметаў вялося толькі на польскай мове. Спачатку (да 1937 года) на беларуска-славянска-рускай мове выкладалася рэлігія для вучняў з праваслаўных сямей. Кожную суботу па адной гадзіне ў класе праводзіў урокі рэлігіі святар Зблянскай прыходскай Пакроўскай царквы айцец Аляксандр Апанасевіч. Гэты "айцец" запомніўся мне на ўсё астатняе жыццё. Мне ўжо восемдзесят, а я ўсё яшчэ яго памятаю. На жаль, успаміны для яго не пахвальныя. Не выключаю, што менавіта яго адносіны да мяне зрабілі з мяне "ўстойлівага атэіста". Кожны раз, калі прыходзіў у школу, перш-наперш пытаўся, хто не быў у нядзелю ў царкве. У гэты лік, як заўсёды, трапляў я. Зімой у царкве была халадэча,а я не меў належнай вопраткі і абутку, усё з пляча старэйшых.братоў. За гэта ён пакідаў мяне без "абеда", ці як дражнілі - "у казе". Меў я тады ўсяго 8-10 гадоў. Жыццё і так не было сытым. А тут яшчэ цэлы дзень трэба прасядзець галодным. Не пускаў дахаты,пакуль не прыходзіла маці і не забірала мяне ўсяго ў слязах з гэтай "рэлігійнай вязніцы". Ужо ў гэтыя дзіцячыя гады я пазнаў, што толькі матэрыяльна забяспечаны чалавек можа быць свабодным, паважаным, мець права на годнасць. А калі ты бедны, ты і не чалавек. І нічога з таго часу не змянілася да сёння.

Пераход выкладання рэлігіі для праваслаўных дзяцей з роднай мовы на польскую выклікаў у вясковай грамадскасці гэткае "падпольнае абурэнне". Усе наракалі,але сказаць сваё гучнае слова "не" усе баяліся. Бо вельмі лёгка за гэта можна было трапіць, калі не ў Картуз-Бярозу, то ў лідскую Каменку ці віленскія Лукішкі - без праблем.

Далей за размовы на вячэрніх пасядзелках у "шэрую гадзіну" справа не рухалася. Затое мы, падлеткі, успрынялі гэта, як кіраўніцтва да дзеяння. У адзін суботні дзень, калі звычайна ў нас былі ўрокі рэлігіі, мы дамовіліся двума класамі "прадэманстраваць" свой "пратэст" і ўцячы з урокаў. I не як-небудзь, а менавіта ў той момант, калі ў клас увойдзе бацюшка.

I гэты крытычны момант настаў. У клас увайшоў айцец Аляксандр. Усе мы пачалі зыркаць вачыма адзін на другога. Ніхто не рухаецца з месца.

Тады я і мой сусед, сын солтыса, Сцёпа Насалевіч, адным годам малодшы ад мяне, схапіліся з месца і, як кажуць, лахі пад пахі, панесліся прэч з класа. Куды? Бясспрэчна.дамоў.

Якая "педагагічная паэма" пачалася пасля гэтага дома, памятаю па сённяшні дзень - вось ужо 70 гадоў!

Калі бацька даведаўся пра мой "патрыятычна-гераічны" учынак, як расперазаў папругу (дзягу) і як упісаў мне па тым месцы, адкуль ногі растуць. Вось якую ўзнагароду атрымаў я за сваё ганаровае гераічнае бунтарства.

Гэта было даўно, але пачуццё годнасці нацыянальнай у душах людзей прысутнічала, і зусім іншае зараз. Сёння мы сваю матчыну мову дабраахвотна пахавалі і працягваем гэта рабіць ва ўгоду "вялікаму і магутнаму" сваімі да яе адносінамі, губляючы этнічную прыналежнасць, нацыянальны гонар і годнасць. I не ведаем за што, за якія грахі і навошта? Няўжо з-за свае інтэлектуальнай абмежаванасці і непаўнавартаснасці?

Толькі што пачуў па беларускім тэлебачанні, што ў Баранавічах пачалі вучыцьзамежнікаў рускай мове! Падкрэсліваю: не беларускай, як гэта павінна быць у сувярэннай дзяржаве, а чужой - рускай.

Прынятыя Сеймам законы аб школе пераследавалі галоўную мэту - абмежаваць, калі не пазбавіць цалкам.доступ да вышэйшай адукацыі дзяцей з бедных пластоў насельніцтва - рабочых, сялян.

Класны пакой быў застаўлена двума радамі двухмесных партаў. Упартаў былі адкідныя векі, што выклікала шмат шуму, калі вучні садзіліся ці ўставалі. У адмысловых адтулінах на іх былі ўстаўлены чарнільніцы з абавязкова чорным чарнілам.

На сцяне спераду вісеў абраз з выявай Езуса, які з часам замянілі на каталіцкі крыж з чорнага маронага дубу. Абапал віселі партрэты прэзідэнта Ігнацы Масціцкага - злева і Юзафа Пілсудскага - справа. Прззідэнт быў намаляваны ў чорным фраку, белай сарочцы з "бабачкай", і шырокая блакітная муаравая стужка цераз правае плячо - знак высокай дзяржаўнай улады. Быў нейкі ордэн, але не памятаю які.

Юэаф Пілсудскі быў у вайсковай форме маршалка з двума ордэнамі на грудзях - ордэн Віртуці Мілітары і Крыжа Валечных. Нягледзячы на тое, што па канстытуцыі кіраўніком дзяржавы лічыўся прэзідэнт. кіруючую ролю іграў Пілсудскі, як "начальнік дзяржавы". Усе выхаваўчыя мерапрыемствы тым ці іншым чынам вярцеліся вакол ягонай асобы. Нам шмат расказвалі аб яго гераізме як палкаводца,аб гераічных ўчынках на вайне, пра яго сям'ю - жонку Аляксандру і дзвюх дачок - Ванду і Ядвігу. Не забываліся расказаць праяго любіміцу-кабылу "Каштанку", з якой маршалак прайшоў увесь свой баявы шлях.

Пілсудскі ў даваеннай Польшчы паважаўся як нацыянальны герой. Любое сказанае непаважнае слова ў яго адрас каралася нават зняволеннем.

Ішоў травень 1935 года, набліжаліся канікулы, самая доўгачаканая пара школьнікаў. Для нас, бадай, больш за ўсіх: зноў Нёман, зноў рыбалка, купанне і г.д. Нашы заняткі ў школе праводзіліся ў другую змену, гэта значыць, пасля абеду. Нечакана ў школу прынеслі вестку: памёр "дзядэк" - Ю. Пілсудскі. Разгубленасць нашага настаўніка перадалася і нам, вучням. I толькі адна дзяўчынка сказала, што яна яго нічуць не шкадуе, хутчэй наадварот. Не ведаю, чым магло абярнуцца такое дзіцячае выказванне школьніцы для яе бацькоў, калі б яно дайшло да ўлады. На шчасце, відаць, настаўнік пра гэта нікому не сказаў.

Да 1939-40 навучальнага года я паспеў скончыць 3 класы і перайсці ў 4-ты. Каб закончыць яго, трэба было правучыцца яшчэ адзін год. На гэтым мае "ўніверсітэты" былі б закончаны назаўсёды. Але пачалася нямецка-польская вайна,а ўжо у палове верасня 1939 года прыйшла савецкая ўлада. Усіх нас без выключэння пакінулі яшчэ на адзін год. Прычынай таму, як нам растлумачылі, было "няведанне рускай мовы"! Таму закончыць чатыры класы прыйшлося ва ўзросце старэйшым за 14 гадоў, страціўшы ў параўнанні з савецкімі равеснікамі 3 гады. Адставанне прадоўжылася ў гады вайны, у 1941-1944 гадах. У шосты клас прыйшлося ісці ва ўзросце 17 гадоў!

Але вернемся да афармлення класа ў цершыя гады вучобы. На сцяне справа вісела вялікіх памераў геаграфічная карта Еўропы. У час перапынкаў некаторыя вучні, у тым ліку і я, стаялі каля яе, учытваліся ў яе і ў думках падарожнічалі па марах і кантыненце. На сунрацьлеглай сцяне быў размешчаны вялікі плакат з партрэтамі польскіх князёў і каралёў, пачынаючы з Мешка I і канчаючы Станіславам Аўгустам Панятоўскім, апошнім каралём Рэчы Паспалітай. Партрэты на ім былі выкананы вядомым польскім мастаком Янам Матэйкам. Пад гэтым плакатам быў размешчаны каляндар назіранняў за надвор'ем, на якім спраўна -дзень у дзень заносіліся дадзеныя аб надвор'і: тэмпература, ападкі, стан неба. Запаўненне каляндара вялі вучні старэйшых класаў.

Нарэшце, на тыльнай сцяне, злева ад уваходу, вісеў партрэт былога міністра ўнутранных спраў Польшчы Браніслава Перацкага, які загінуў у сутыкненні з украінскімі падпольшчыкамі на Валыні. Дарэчы, гэтае забойства падштурхнула польскія ўлады да стварэння ў Картуз-Бярозе канцэнтрацыйнага лагера для палітзняволеных (1934 г.).

Вісеў у куце ля акна яшчэ адзін плакат-дыяграма. На ім былі вызначаны месцы краін свету па магутнасці марскога флоту. Калі настаўнік прымацоўваў яго да сцяны, ўсе мы чарадой стаялі побач і з вялікай цікавасцю разглядалі, што там намалявана. Але хутка цікавасць знікла, і большасць перастала яго нават заўважаць. Мяне ён чамусьці вабіў да сябе. Мяркую, што сваімі малюнкамі. Хто з нас у дзяцінстве не марыў здзейсніць падарожжа на караблі па марах ды акіянах! Мала такіх знойдзеш. Усе мы ў гэтыя гады рамантыкі.

А тут на першым месцы плаката выява вялізнага і прыгожага англійскага марскога лайнера. А на яго тле такі ж прыгожы "джэнтльмен - марак". У той час сапраўды Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі было самай магутнай марской дзяржавай свету.

На якім месцы знаходзіўся ў той час СССР у гэтым сэнсе, не памятаю.

Помню толькі малюнак-візітоўку на плакаце. На фоне карабля быў намаляваны чырвонаармеец у чырвонай кашулі, падпяразаны папругай, сінія штаны-галіфэ. Абуты ў боты-усюдыходы,а на галаве - будзёнаўка з вялікай чырвонай зоркай наперадзе. У руцэ - доўгая вінтоўка Мосіна са штыком. Малюнак вельмі нагадваў тыя, што маляваў некалі Маякоўскі ў сваіх "Вокнах РОСТа".

Як бачым, вучэбны клас быў ператвораны ў "кабінет палітычнай асветы".

У школе меўся "склепік" (крамка), дзе можна было набыць натрэбныя вучэбныя прылады; сшыткі, алоўкі, пёры, гумкі, лінейкі. Вёў "гандаяь", як правіла, вучань чацвёртага класа ў апошні год навучання.Пры мне ім быў Лянцэвіч Сцёпа. "Тавар" яму дастаўляў настаўнік. Сцёпа прымаў, прадаваў і здаваў настаўніку пісьмовую справаздачу. Акуратна аформленыя дакументы захоўваліся ў настаўніка. Усе прыналежнасці прадаваліся з невялікай нацэнкай.

Мяне настаўнік "нагрузіў", як кажуць, "грамадскай работай". Я пачаў дапамагаць яму ў падрыхтоўцы наглядных дапаможнікаў. Сам ён на вялікіх аркушах паперы рабіў эскізы, а я па метаду "размалюй сам" акварэльнымі фарбамі іх размалёўваў. Пасля даработкі настаўніка, дапаможнікі нельга было адрозніць ад сапраўднай карціны. Рабіць гэта ён умеў дасканала.

Школьны будынак, пабудаваны яшчэ ў другой палове XIX стагоддзя, праіснаваў да лета І942 года. Па распараджэнні БШПР (Беларускага Штаба Партызанскага Руху) у ліпені-жніўні таго ж года.школа была спалена савецкімі партызанамі. На пытанне сяльчан: "На што?" - адказаяі: - "У будынку акупанты могуць размясціць свой апорны пункт". Так і прастаялі абгарэлыя сцены ўсю вайну і першыя пасляваенныя гады. Пры аднаўленні будынка былі ўнесены шматлікія змяненні, і ён згубіў свой першапачатковы выгляд. Увогуле, змянілася шмат - што: зніклі клумбы з кветкамі, няма той чысціні і парадку. Не знайшлося годнага Чаславу Казіміравічу пераемніка.

У шосты клас я пайшоў пасля вайны - 1 кастрычніка 1944 года - у "пераломным узросце". Гэта наклала свой адбітак. Нажаль, адмоўны: знікла былая прылежнасць,а з ёй засваенне праграмнага матэрыялу, паспяховасць і якасць ведаў. Што праўда,было тут нямала і іншых аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын. Веды браў за кошт здольнасцяў і добрай памяці.

Так пачалася мая новая адукацыя, якая доўжылася многія гады і закончылася ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце на факультэце геаграфіі. Да гэтага два гады правучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы.

"Школьны годы чудесные, как они быстро летят! Их не воротишь назад". Ад іх засталіся толькі прыемныя ўспаміны.

Ідучы ў першы клас сельскай школы, мне і ў сне не магло прысніцца, што калі-небудзь змагу атрымаць вышэйшую адукацыю і стану, увогуле, паважаным чалавекам: дасведчаным спецыялістам, "Выдатнікам народнай асветы", дыпламантам міжнароднага конкурса амбасады Польшчы на тэму "Польшча - прыязная суседка Беларусі" (2004), адзначаным дзяржаўнымі ўзнагародамі і замежнымі знакамі адзнакі - "Ганаровы Залаты Знак Польска-Савецкай Дружбы".

Трэба прызнаць, што гэта стала магчымым ва ўмовах савецкай улады. Вырашальную ролю адыграла канстуцыйнае права грамадзян СССР на "бясплатную сярэднюю і вышэйшую адукацыю". Слова "бясплатная" адукацыя ўзята ў двукоссе таму, што такой яе не было. Бясплатнай яна было толькі для тых, хто вучыўся. На самай справе яе аплаціла ўсё грамадства краіны ў выглядзе рознага роду падаткаў з рабочых, сялян, службоўцаў.

Бясплатная адукацыя сваіх грамадзян прынесла агромністую карысць самой дзяржаве; яна дапамагла шырэй выкарыстаць інтэлектуальны рэсурс, які да гэтага не быў раскрыты да канца. I гэта не замарудзіла адбіцца на агульным узроўні адукацыі і гаспадарчага развіцця краіны. Сёння цяжка палічыць, колькі выпускнікоў той жа школы ў Зблянах, маіх аднасяльчан, атрымала вышэйшую адукацыю і сталіа дыпламаванымі спецыялістамі розных галін вытворчаоці. А адзін з іх, сын беднага селяніна, Бурдун Аляксей Аляксандравіч, абараніў вучоную ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук і стаў выкладчыкам галоўнай рэспубліканскай школы - Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта.

Са смуткам прыходзіцца глядзець на гэты школьны будынак сёння, на яго амярцвелыя цагляныя сцены.на апусцелыя класныя пакоі, двор. Не чутно тут больш дзіцячых галасоў, так ажыўляўшых некалі ўсю прастору навокал. Ужо прайшло больш за 10 гадоў, як школу зачынілі з-за "адсутнасці кантынгенту".

Так, бадай, лёсу майму трэба было

Хмурны лістападаўскі дзень 1940 года. Я, трынаццацігадовы хлопчык з вёскі ў марынарцы з пляча старэйшага брата - госць горада Ліды. У Лідзе, і ўвогуле ў горадзе быў упершыню. На ўсё навакольнае глядзеў шырока адкрытымі вачыма з вялікай цікавасцю і адначасова з нейкай баязлівасцю. Усё тут было незвычайнае: шырокія з тратуарамі вуліцы, высокія ў два-тры паверхі дамы, якія не ідуць ні ў якае параўнанне з прыземістымі, пакрытымі саломай стрэхамі. Пераважная большасць з іх пабудавана з чырвонай цэглы. Помніцца, у нашай вёсцы быў талькі адзін, акрамя школы, такі дом у майго дзеда Антона, і той не захаваўся. Нашчадкі не маглі падзяліць спадчыну пасля яго смерці і вырашылі дом разабраць.

Здзіўляла вялікая колькасць спацыруючых людзей. Асабліва пад вечар і вечарам. Кожны з іх па-святочнаму апрануты. Усё было вялікае, усё было новае, невядомае і хавала нейкую таямніцу ад мяне.

Гэтае падарожжа было для мяне не толькі першым, але "дорага" мне каштавала. Калі пытанне маёй паездкі ў горад было вырашана, я некалькі начэй не спаў - чакаў таго шчаслівага дня. Цяга да падарожжаў пасялілася ўва мне, бадай, з прыходам на свет і захавалася да сёння.

А пачыналася ўсё вельмі празаічна. Восень. Лістапад. Восенскія канікулы ў школе. Мой настаўнік рускай мовы, лідзянін, Віктар Пятровіч Бялашэўскі, вырашыў паказаць мне "свет". Адпраўляючыся на пабыўку да сваіх бацькоў у Ліду, папрасіў майго бацьку, каб ён дазволіў яму ўзяць і мяне з сабой. Рашыць гэту задачу было не зусім проста: у бацькоў маіх, як заўсёды, не было грошай. Гэтая з'ява ў сялянскіх сем'ях у той час была шырока распаўсюджанай. Не было належнай вопраткі і абутку. Але ўсё неяк вырашылася. Бацька пазычыў грошай, а вопратку і абутак даў старэйшы брат Косця.

У панядзелак ранкам 4-га лістапада мы ўдваіх з настаўнікам адправіліся ў дальнюю дарогу. Спачатку мелі намер ехаць аўтобусам, а да аўтобуснага прыпынку трэба было прайсці шэсць-сем кіламетраў. Такая адлегласць вясковых хлапчукоў не палохае. Яны за дзень, бывала, ходзячы за статкам, здольны прайсці дзесяткі кіламетраў без адпачынку. Але, на той грэх,аўтобус у гэты дзень не прыйшоў. Нашы чаканні аказаліся дарэмнымі. Паездка ледзь-ледзь не закончылася "правалам". Заставалася адно з двух - вяртацца дадому ці ісці на чыгуначную станцыю Нёман за 10 кіламетраў, а там да Ліды ехаць цягніком. Вяртанне дамоў было б для мяне роўназначна трагедыі. Гэтыя хвіліны, калі прымалася рашэнне былі самымі трывожнымі: а што.калі настаўнік пабаіцца, што я не змагу пешшу пераадалець такую адлегласць. На яго пытанне ці. змагу я прайсці, я без вагання адказаў станоўча. Рашэнне было прынята, і мы рушылі: я падскокамі побач з настаўнікам і яшчэ адным аднасяльчанінам. Цягнік Наваельня-Ліда чакалі нядоўга. Хутка ён паказаўся на мосце праз раку Нёман і пыхкаючы парай спыніўся каля перона станцыі. Цягнікі я бачыў раней. У вёсцы Сялец побач са станцыяй, жыла мая цёця, сястра маёй маці, я некалькі разоў быў там і кожны раз бегаў з іншымі хлопцамі на станцыю праводзіць пасажырскія і таварныя паязды.

Цягнікі тады ў параўнанні з сённяшнімі былі маленькімі, бы тая забаўка. Верагодна, разы ў два меншыя і па габарытах, і па даўжыні саставаў. У чыгункі каляіна таксама была на шмат вузейшая.

Ў вагоне мой настаўнік сеў у купэ, а я прымаста-коліўся каля акна ў калідоры і назіраў, што адбываецца па-за цягніком. Гэта ж была мая першая паездка ў цягніку. Усё было незвычайна і незразумела: далёкі лес,дрэвы, што стаялі асабняком, забудовы, статкі жывёлы на лугах - усё чамусьці, зрабіўшы нейкі круг, бегла насустрач цягніку. Пасажыры тым часам, седзячы ў купэ ціха гутарылі, хто-кольвечы драмаў або чытаў газету. А за акном вагона праносіліся клубы дыму і пары ад паравоза, стукалі колы.

Падарожжа працягвалася каля гадзіны. Блізка пад вечар мы аказаліся на станцыі Ліда. Лідскі вакзал сустрэў нас сваім яркім вонкавым выглядам: усюды чырвоныя сцягі, лозунгі, плакаты і, галоўнае, - вялізныя партрэты правадыроў - Леніна, Сталіна, Молатава, Варашылава, Калініна. Горад рыхтаваўся сустрэць 23-ю гадавіну Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. І як толькі цягнік спыніўся.з яго на перон высыпалі пасажыры - з авоськамі, валізкамі, вузламі, мяшкамі, кошыкамі і кошычкамі. Некаторыя, а такіх 6ыло таксама нямала, - без нічога, як мы.

Бацькі майго настаўніка жылі па вуліцы Райскай (сёння -Горкага), на Слабадзе. Тая назва, па-мойму, была больш рамантычнай, больш адпавядала рэчаіс-насці. Уздоўж вуліцы за акуратнмм плотам відаць былі сады, кветнікі, розныя дэкаратыўныя дрэвы, клумбы з яшчэ не засохлымі восеньскімі кветкамі. Можна толькі ўявіць сабе, што тут было летам! Навошта было яе нераймяноўваць? Наўрад ці хто дасць на гэта зразумелы адказ.

Домік, дзе жылі Бялашэўскія - бацькі, сям'я старэйшай сястры, быў невялікі, аднапавярховы на дзве кватэры. Адна сцяна была складзена з "пустакоў", астатнія тры - драўляныя. Такіх домікаў там было толькі два, яны захаваліся да сёння. Двор сядзібы ўпарадкаваны, чысты, нягледзячы на лістапад.

Бацьку настаўніка звалі Пятром. Ён быў кампазітарам. Увесь час, колькі я там быў, ён сядзеў за піяніна і нешта ствараў. Усе астатнія стараліся яму не перашкаджаць.

Як і мой настаўнік, ён быў невысокага росту, галаву пакрывала інтэлігентная з блакітным адценнем сівізна. Сціплая маўклівасць прыдавала яму свой асаблівы імідж. Быў ён палякам,а яго жонка (як звалі, не ведаю) - немкай. Таму Віктар Пятровіч дасканала ведаў нямецкую мову і мяне шмат чаму навучыў. Дома з маці ён гутарыў па-нямецку.

Так я аказаўся ў зусім незвычайнай абстаноўцы, дагэтудь мне незнаёмай. Усё тут было іншым: "страны чужой язык и нравы", і завяло мяне ў нейкае замяшанне, збянтэжанасць. Не дапамагло і знаёмства з пляменніцай майго настаўніка Крысцінай, па ўзросту маёй равесніцай, дяўчынкай прыгожай.

Новы дзень пачаўся са знаёмства з горадам. Шлях у яго пралягаў праз поле наўскасяк да вуліды Варшаўскай. Сёння там узнік цэлы гарадскі квартал з вуліцай Пархоменкі. Прайшоўшы яшчэ некаторую адлегласць уздоўж чыгункі па вуліцы Ліпавай і перайшоўшы праз пераезд, дзе сёння шляхапровад, выйшл на адну з цэнтральных і старэйшых вуліц горада - 3-га Траўня (Ленінская).

Вуліца 3-га Траўня была названа ў гонар прыняцця першай Канстытуцыі Рэчы Паспаяітай і першай у Еўропе ў 1791 годзе. Чыгуначны пераезд зараз зліквідаваны, а існаваў ён з 1884 года да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, злучаючы заходнюю частку горада або Слабаду з цэнтрам горада.

Ад былой вуліцы горада - Ленінскай - амаль не засталося нічога ў паміне. Толькі цудам засталіся два будынкі - сярэдняя школа № 3 і дом насупраць яе, пабудаваны ў 1929 годзе ў характэрнай для таго часу архітэктуры. Шмат гадоў пасля вайны ў ім месціўся Дзяржаўны банк. Усе астатнія будынкі былі разбураны ў час вайны і ў адпаведнасці з генеральным планам забудовы горада былі знесены. Былі знесены і малыя яўрэйскія домікі з вельмі незвычайнай архітэктурай, драўляныя і цагляныя, адна - і двухпавярховыя, якія сёння маглі б дапоўніць архітэктурны выгляд горада, Вуліца значна пашырана, мо разоў у дзесяць. Некалі гэту вуліцу засялялі у большасці "государевы люди". Да месца, пэўна, будзе адзначыць, што ў адным з невялікіх дамоў, побач з сённяшнім аўтобусным прыпынкам жыў лекар венеролаг, актыўны ўдзельнік лідскага падполля, якому ў час расстрэлу разам з трыма іншымі падпольшчыкамі - Грыбачэўскім, Макуцэвічам, Шаромавым-Кальфам удалося ўцячы. Галоўнай вуліцай горада была сённяшняя Савецкая, тады па інерцыі яе называлі Сувальскай. Назва гэта была прысвоена вуліцы ў гонар Сувальскага палка, які ў 1920 годзе першым уступіў у горад. Гэта было самае люднае, стракатае месца. Уздоўж вуліцы размясціліся шматлікія крамы і крамачкі, кафвярні, рэстараны, піўныя, кіёскі, два кінатэатры - "Эра" і "Эдзісон". Тут гараджане і прыезджыя маглі задаволіць усе свае патрэбы. На месцы сённяшняй плошчы Леніна (чамусьці ўсё яшчэ яе так называюць) знаходзіўся рынак. Гэта адна са старэйшых плошчаў горада. У сярэднявеччы тут знаходзіліся ратуша і магістрат. Вакол рынка стаялі адна- і двухпавярховыя цагляныя дамы, пабудаваныя пасля пажару ў 1842 годзе. Усе яны ў першыя дні вайны былі разбураны нямецкай авіяцыяй.

Уздоўж правага боку вуліцы стаялі два каталіцкія касцёлы - фарны, ён захаваў свае функцыі да сёння, і ордэна піяраў. У апошнім зараз дзейнічае праваслаўны сабор Міхаіла Архангела.

Таму вуліца Сувальская станавілася месцам дзелавых сустрэч і прагулак. Маладыя людзі вечарамі тут бавілі свой вольны час.

Вуліца пачыналася амаль ад сцен замка Гедзіміна - плошчы Славы і заканчвалася на пераездзе за ліцейным заводам. Забудована была пераважна даухпавярховымі цаглянымі дамамі, цесна збіўшыміся адзін каля другога. Зараз, як і Ленінскай, воблік яе нельга паэнаць. Пасля разбурэння ў выніку бамбардзіровак у чэрвені 1941 года на ёй цудам захавалася толькі некалькі будынкаў. I тыя ў большай частцы былі спалены і глядзелі на свет божы сваімі чорнымі вачніцамі. Зусім цэлымі засталіся толькі 6. Адзін будынак з гістарычным мінулым - дом № ЗЗ. У ім у час вызвалення горада ад войска Пілсудскага знаходзіўся штаб 3-га Сядлецкага палка Чырвонай Арміі. Нельга ўстанавіць, дзе знаходзіўся дом пад № 66, у якім у час баёў за Ліду ў 1920 годзе месціўся штаб 2-ой польскай арміі пад камандаваннем генерала Э. Рыдз-Сміглага.

Сёння вонкавы выгляд вуліцы значна адрозніваецца ад даваеннай. Яна стала больш шырокай і ўпарадкаванай. Шырэйшай стала не толькі вуліца, але і яе тратуары. У начны час асвятляецца шматлікімі ліхтарамі. Вулічныя светлафоры рэгулююць рух транспарту, колькасць якога зараз непамерна павялічылася, як і пешаходаў таксама. Многа зроблена для добраўпарадкавання вуліцы ў аношнія гады.

Балыя забудовы на мой асабісты погляд былі цікавейшымі. Ніводзін дом звонку не паўтараў суседні. Сённяшняя забудова аднастайная, невыразная па архітэктуры і стылі. Усё, што захавалася ад былога, схавана пад тоўстым пластом тынку.

Ад гэтага Першага наведвання Ліды ў маёй памяці да сёння захаваліся некалькі момантаў. Гуляючы па Савецкай, у адным з магазінчыкаў мастацкіх вырабаў я набыў сабе сувенір - хахламскога роспісу сувенірную драўляную лыжку. Рэч сапраўды вельмі прыгожая, але гэтую прыгажосць я змог ацаніць значна пазней. Сёння набыць такі падарунак наўрад ці магчыма. I не толькі ў Беларусі.

Другое - наведванне кінатэатра. Вечарам "па даручэнні" Віктара Пятровіча ягоны малодшы брат Зютак павёў мяне ў кінатэатр "Эра". Трапіць туды ў гэты час было не так проста. На познія сеансы школьнікаў майго ўзросту не пускалі. Майму "суправаджаючаму" нрыйшлося доўга ўмаляць кантралёра, каб той прапусціў мяне ў залу. І яму гэта ўдалося. Наведвальнікаў было няшмат. Але ў фае здавалася, што іх мноства. І ў гэтым вінаваты люстэркі, што былі развешаны на сценах.

У кіназале я забраўся на самы высокі рад. Ішоў кінафільм "Шчаслівы шлях". Раскрыўшы ва ўсю шырыню вочы, затаіўшы дыханне, праследжваў рухі герояў на экране. Я ж кіно, дзе людзі рухаюцда, і чутны іх галасы, таксама бачыў упершыню. I трэці, апошні, момант, што застаўся ў памяці да сёння, з чым прыйшлося сутыкнуцца амаль праз дзесяць гадоў.

Быў позні вечар. Хмурна. Скрозь разрывы нізкіх восеньскіх хмар прастору асвятляла яркая поўня. Прамежкі гэтыя былі не вельмі працяглымі, але вельмі ўражвалі. Дапаўняла гэтую вячэрнюю карціну электірычнае асвятленне. I зноў усё было незвычайна новае - у вёсцы, акрамя газавай лямпы, іншага асвятлення не было. Падыходзячы да чыгуначнага пераезду, з левага боку вуліцы Леніна, маю ўвагу прыцягнулі высокія без акон мураваныя сцены. Нягледзячы на тое, што былі пабелены, ад іх веяла нейкай суровай таямнічасцю. I толькі пад паўцыркульнай аркай, над якой зверху гарэла электрычная лямпачка, былі відны вялікія масіўныя дубовыя дзверы.

Над сцяной у паўночна-заходнім вугле ўзвышалася вартавая вышка,а на ёй - вартавы. I трэба ж, яркае святло, ці то ад электрычнага ліхтара, ці то ад месяца, адбілося на штыку вартавога. Ну, як у песні, што некалі спявалі ў нас у вёсцы, на словы вядомага рускага паэта Фёдара Глінкі: "И на штыке у часового горит полночная луна..." Гэтая змрочная грамадзіна аказалася турмой і зрабіла на мяне гнятлівае ўражанне. I тут няма нічога дзіўнага. Я рос вельмі ўражлівым хлопчыкам. І толькі чуў з расказаў старэйшых, што такія месцы ўтрымання людзей існуюць. У той час я не мог нават уявіць сабе, што праз амаль дзесяць гадоў менавіта тут прыдзецца пачынаць сваю працоўную дзейнасць. Відаць, лёсу было так трэба.

Але мушу вярнуцца і ўзгадаць яшчэ раз добрым словам свайго былога настаўніка Віктара Пятровіча Бялашэўскага. У той час гэта быў не жанаты малады чалавек гадоў 25-ці з інтэлігентнай сям'і. Невысокага росту, але даволі мажнога, натрэніраванага целаскладу. Адукаваны. Закончыў да 1939 года Віленскі універсітэт Імя Стэфана Баторыя (так ён тады называўся) па спецыяльнасці юрыста. Намерваўся быць адвакатам. Працаваць настаўнікам прымусіў яго лёс. У савецкай юрыспрудэнцыі ён, натуральна, працаваць не мог. Таму як толькі адкрыліся ў Лідзе кароткатэрміновыя курсы настаўнікаў, ён без ваганняў паступіў на іх і паспяхова закончыў. Атрымаў права выкладаць рускую мову і літаратуру ў няпоўнай сярэняй школе. Тады так называліся школы з семігадовым тэрмінам навучання. Размаўляў на рускай мове з акцэнтам, аднак пісьмова быў граматны.

Адной са шкодных прывычак у яго было курэнне, за што бацькі яго пастаянна дакаралі. Курыў самасад, таму што у той час лепшага нічога не было. Асабліва ў сельскай мясцовасці.

Чамусьці я яму прыглянуўся, і ён кожны дзень пасля паўдня запрашаў мяне да сябе на кватэру. 3 ім я рыхтаваў урокі. Іншы раз правяраў пісьмовыя работы сваіх калег па класе. Ён давяраў мне гэтую работу па дзвюх прычынах; таму што я сам пісаў пісьменна і таму, што почыркі нашы былі вельмі падобныя. Акрамя таго,ён вучыў мяне нямецкай і польскай мовам. Ведаў нямецкай мовы мне аказалася дастаткова пад час вучобы ва універсітэце. Польскай мовай даволі свабодна валодаю да сёння - пішу, чытаю, размаўляю.

Чамусьці ён хацеў выехаць у Літву, у Вільню. Таму, праз некаторы час мы пачалі разам займацца літоўскай мовай. Настаўнік раздабыў недзе падручнікі, і мы рупліва стараліся засвоіць гэтую не зусім лёгкую для нас мову. 3 літоўскай мовай у мяне нешта не вышла. Тое ж самае і ў яго. Акрамя асобных фраз, слоў нічога больш засвоіць не ўдалося. Каб лепш засвоіць урочны матэрыял, мы размаўлялі паміж сабой два дні на рускай, два дні на польскай, два дні на нямецкай мовах. Нядзеля ў гэтым сэнсе была вольнай.

Так працягвалася ўвесь 1940-41 навучальны год. Вайна нарушыла нашы адносіны. У час акупацыі прыязджаў да нас у вёску толькі адзін раз, і то толькі ў ліпені 1941-га. Мы з ім збегалі на Нёман, пакупаліся - быў вельмі цёплы летні дзянёк. Толькі гэтае задавальненне перарваў нам невялікі дождж, але з маланкаю.

Вярнуўся ў вёску настаўнічаць толькі ў жніўні І944 года, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Тады ён быў ужо жанаты, і быў у іх ужо першынец, сын. Жонку яго звалі Ванда. Таксама настаўніца, толькі не ведаю па якой спецыяльнасці.

Пражылі яны ў Зблянах нядоўга. Хутка разам з усімі палякамі і раднёй: бацькам, маці, братам і сястрой выехалі ў Польшчу. І, пэўна, правільна зрабілі. Інакш, як я мяркую, з-за свайго патрыятычнага настрою не мінаваць бы яму "краёў халодных".

У апошнія гады жыў у горадзе Гіжыцка Вармінска Мазурскага ваяводства. Працаваў суддзёй. Апошні раз мне пашчасцілася сустрэцца з ім на 2-м з'ездзе палякаў, што некалі жылі ў Лідзе. Праз некаторы час я атрымаў ліст ад яго жонкі, якая паведаміла, што Віктар Пятровіч памёр ад інфаркту.

"Фрэй на катушках"

Шлях з педвучэльні на Міцкевіча ў змрочныя сцены "Каменкі" на Ленінскай аказаўся на подзіў недалёкім і немудрагелістым.

У 1944 годзе пасля вызвалення Ліды ад акупантаў, па настойлівай рэкамендацыі ўсё таго ж настаўніка Віктара Пятровіча я прадоўжыў сваю вучобу. Зрабіць гэта спачатку было зусім няпросга. Было ўжо мне ў той час 17 гадоў, а трэба было ісці вучыцца ў 6-ты клас! Два гады, згубленыя ў гады нямецкай акупацыі зрабілі мяне "салідным пераросткам" з дастаткова сфармаваўшымся целаскладам і прывабным вонкавым выглядам. Апошняе, на жаль, здорава перашкаджала. Але такіх, як я, на шчасце аказалася нямала.

У Зблянах была толькі пачатковая школа. У суседніх вёсках - таксама. Трэба было ехаць далей. Я выбраў Ліду.

Паступленне ў школу аказалася зусім выпадковым, у выніку збегу акалічнасцяў. У Лідзе прыходзілася быць у час акупацыі некалькі разоў, так што з горадам быў крыху знаёмы. Да таго ж і горад у той час быў невялікі. Практычна сёння гэта толькі яго цэнтр. А дзе знаходзіліся школа, не меў ніякага ўяўлення. У пошуках блытаўся па гарадскіх вуліцах сярод развалінаў і пажарышчаў, як той дзядзька некалі ў Вільні. I дапамог мне ў гэтым "яго вялікасць выпадак". Ідучы па сённяшняй вуліцы Кірава, убачыў на белым франтоне будынка фанерную шыльду з надпісам: "Русская средняя школа № 1". Вось тое, што мне і трэба. А быў ужо пасляабедзенны час. Зайшоў у будынак і адразу сутыкнуўся з дырэктарам школы. Дырэктар запрасіў мяне ў кабінет, распытаў пра ўсё, запісаў мае прозвішча, імя і імя па-бацьку, у які клас я хачу паступіць, і сказаў, каб 4 кастрычніка з'явіўся на заняткі. 3 тым я і пайшоў. На самай справе, да гэтага дня, як аказалася, ніхто пра мяне нічога не ведаў, у ніякіх спісах мяне не было.

Але гэта быў толькі адзін бок праблемы. Трэба было пераадолець яшчэ адну перашкоду - уладкавацца на кватэру.

Запомнілася яшчэ адна цікавая абставіна, якая досыць яскрава характэрызуе мой тагачасны стан. У той час прыехаць у Ліду з далёкай вёскі было не зусім проста. Ніякага арганізаванага транспарту не было. Разлічваць можна было толькі на выпадковую спадарожніну. А гэта, як правіла, былі вайсковыя машыны. Балазе, за бутэльку самагонкі можна было лёгка з кіроўцам дагаварыцца. Выручала чыгунка. Але для гэтага трэба было спачатку прайсці кіламетраў 15, а затым цягніком праехаць 35-46 кіламвтраў. Аднак гэты транснарт быў больш надзейны. Цягнік хадзіў згодна з раскладам.

Раннім жнівенскім ранкам я адправіўся у падарожжа. Ні дадаць ні адняць - сучасны беларускі Ламаносаў: "ноги босы, грязно тело и едва прикрыта грудь...", без грошай у кішэні праз пару гадзін прыйшоў у вёску Сялец.

Ішоў я не як Ламаносаў з Халмагораў у Маскву,а з глыбіннай вёсачкі над Нёманам насустрач сваёй будучыні. Даволі у той час цмянай. У Сяльцы жыла мая цётка, сястра маёй маці, Маруся. Гасцінна сустрэла мяне, накарміла. Спыталася, куды еду, па што, і ці ёсць у мяне грошы. Усё расказаў і кажу: грошай няма. Яна выняла чырвоную асігнацыю ў тры чырвонцы і дала мне ў рукі. З ёю я і паехаў у горад. Шчыра кажучы, у той час я і не ведаў, што мне э гэтамі грашыма рабіць. Забягу наперад - грошы я прывёз назад.

Аб раскладзе цягнікоў я не меў ніякага ўяўлення. Таму папрасіўся ў машыніста паравоза, што стаяў пад парамі, даехаць да Ліды на тэндары. Той мне гэта дазволіў. На каго я быў падобны, калі прыехаў у Ліду, можна толькі здагадвацца: дым і пара паравоза зрабілі з мяне хіба паўнегра. Але нічога, такіх у той час было шмат.

Перш, чым ісці ў горад, прыйшлося на станцыі добра памыцца. Зрабіць гэта цяжкасці не ўяўляла - побач была так званая кубавая, дзе была і халодная, і цёплая вада. Чыгуначная станцыя літаральна была забіта вайсковымі цягнікамі. Навокал адны вайскоўцы. Каля кубавой з кацялкамі і вёдрамі стаялі ў чарзе салдаты. Згарэўшы вакзал глядзеў на ўсё вакол сваімі пустымі чорньмі вачніцамі. Яшчэ тлелі пажарышчы на месцы іншых былых забудоў. У многіх месцах струменіліся сінія струменьчыкі дыму. Навокал пахла гарэлым. Тое ж самае прыйпшося пабачыць і ў самім горадзе. Пры адступленні немцы спалілі вакзал, разбурылі каляі чыгункі, падсобныя памяшканні. Дакончыла разбурэнне савецкая авіяцыя ў ноч з 8 на 9 ліпеня 1944 года, перад тым.як Чырвоная Армія ўвайшла ў Ліду. У гэтай аперацыі прымаў удзел полк далёкай бамбардзіра-вальнай авіяцыі пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Валянціны Сцянанаўны Грызадубавай.

Які б ні доўгі быў летні дзень, сонца пахілілася да захаду. Пара было думаць аб вяртанні. Торапка накіраваўся ў бок станцні. Не ведаў ні раскладу руху цягнікоў, ні ў якім кірунку трэба ехаць. Але навошта чалавеку язык і мова?

Нарэшце цягнік падышоў да перона. Перонам гэтае збудаванне можна было назваць толькі ўмоўна. Бо пасля яго разбурэння, а затым аднаўлення да перона ён не быў падобны. Састаў складалі некалькі таварных вагонаў-пульманаў. У народзе яго празвалі "цялятнік". Вагоны былі абсталяваны доўгімі драўлянымі (з тоўстых дошак, дыляў) лаўкамі. Дзверы расчынены насцеж, і шмат хто з пасажыраў усеўся ў праёме дзвярэй, спусціўшы ўніз ногі. Тыя,.хто баяўся скразнякоў, схаваліся ў кутах.

Уладкаваўшыся ў "цялятніку", я шчасліва вярнуўся да сваёй цёткі. Яна мяне зноў накарміла, што ў той час было немалаважна, распытала пра "падарожжа". Я вярнуў ёй нястрачаныя ў горадзе тры чырвонцы, пераначаваў, а раніцою наступнага дня пешшу зноў пайшоў дадому. Аказалася, я ў сваёй вёсцы стаў "першапраходцам у навуку". За маім прыкладам пайшлі мае аднакласнікі Каця Каштан і Віця Яновіч. Але іх шлях адрозніваўся ад майго і не быў такім цярністым.

Пачаліся нясцерпныя дні чакання ад'езду на вучобу. Здавалася час прыпыніў свой нястомны бег. А ён быў крайне неспакойны. Па начах шасталі бандыты. Гдядзіш, недзе застрэлілі цэлую сям'ю без разбору: малых, старых, хворых ці, нават, калек. Днём на змену ім прыходзілі "ястрабкі", вылоўлівалі маладых хлопцаў і мужчын і адпраўлялі на фронт. У адну з такіх аблаў заграблі і мяне і пагналі разам з іншымі аднавяскоўцамі ў раённы цэнтр Жалудок. Прыйшлося двое сутак прасядзець пад вартай у замкнутым свірне "Марчуковым". Некалі ён быў уласнасцю гаспадара з такім прозвішчам. Некаторых з маіх сяброў, хто быў крыху старэйшы, адправілі на фронт. Мяне адпусцілі. Дамоў бег (21 кіламетр) без аглядкі. ІІрабягаючы каля аэрадрома, бачыў: схаваўшыся ад сонца пад крыламі магутных бамбардзіроўшчыкаў ляжалі на зялёнай траве лётчыкі, чакаючы загаду на вылет. На мяне яны не звярталі ніякай увагі, а я бег, толькі пяткі зіхацелі.

У 1944-1945 навучальным годзе заняткі ў школах пачыналіся не 1 верасня, а 1 кастрычніка. І гэта зразумела, за такі кароткі тэрмін - ад пачатку ліпеня да верасня - час вызвалення горада ад нямецка-фашысцкай акупацыі - падрыхтаваць школы да заняткаў было немагчыма. Многія з іх у гады акупацыі выкарыстоўваліся акупантамі далёка не па прызначэнні. Напрыклад, у СШ № 1 знаходзіўся вайсковы шпіталь. Увесь двор пасля яго эвакуацыі быў засмечаны бінтамі з запёкшайся крывёю, шынамі з гіпсам і іншымі медыцынскімі прыладамі. У той частцы двара, што з боку сённяшняга педкаледжа, былі бомбасховішчы. У былой даваеннай педнавучальні месціўся гебітскамісарыят, у школе № 10 - гестапа. I толькі школа № 3 выконвала свае непасрэдныя абавязкі.

На заняткі ў школу на фурманцы мяне прывёз бацька. I было гэта 1 кастрычніка 1944 .года. 3 гэтага дня пачаліся, мае ўніверсітэты,. А горад Ліда стаў пастаянным месцам жыхарства, стаў родным.

Пасяліліся мы з маім сябрам Віцем Яновічам і ягоным, стрыечным братам Федзям Казлом на прыватнай кватэры на Маргах каля самага стадыёна. Пасля гэтую вуліцу назвалі імем Пакрышкіна, затым - Суворава. Гаспадар па нацыянальнасці паляк з лрозвішчам Воўк-Карачэўокі не вызначаўся дружалюбнасцю ў адносінах. да нас "кацапаў". Таму жылі мы ў яго нядоўга і пераехалі да іншых гаснадароў. Праўда, непадалёку па гэтай жа вуліцы.

Вельмі падобна, што і першы, і другі ў час акупацыі партызанілі ў Арміі Краёвай. Таму, як толькі быў дадзены дазвол на выезд у Польшчу, хуценька, не марудзячы, накіраваліся туды. Далейшы іх лёс нам застаўся невядомы.

Разам з імі паехала адна руская дзяўчынка са Смаленшчыны, што працавала ў іх нянькай, няньчыла іх дваіх хлапчукоў. Бацькі дзяўчынкі далі на гэта дазвол. На жаль, імя дзяўчынкі не памятаю. Вельмі ж прыгожанькай і прыхільнай яна была. Так вывучыла польскую мову, што сённяшнія нашы "палякі" ні гроша не варты супраць яе.

Так праляцелі 4 гады. Паўстала пытанне: як быць далей пасля заканчэння сярэдняй школы? Паступленне і вучоба ў ВНУ з-за матэрыяльных цяжкасцяў праблематычна. Працаваць? Дзе і кім? Больш сур'ёзнага пытання не было. У гэты час з-за недахопу настаўнікаў сельскіх школ, у Лідскай педнавучальні была адкрыта "спецгрупа" па падрыхтоўцы настаўнікау пачатковах класаў з гадзічным тэрмінам навучання. Туды прымалі слухачоў, якія мелі сярэднюю і дзевяцікласную адукацыю. Некаторыя мае аднакласнікі пайшлі туды і пачалі настойліва клікаць мяне. I я пайшоў. Шмат што вабіяа мяне туды: стыпендыя, інтэрнат,а галоўнае - праз год я станавіўся самастойным чалавекам. Канчалася нястача, беднасць, галеча.

Вучоба ішла лёгка,без напругі. Скончыўся год, мелі быць вьшускныя дзяржаўныя экзамены. Перад тым адбылося "размяркаванне". Была створана адмысловая "аўтарытэтная" камісія на чале з дырэктарам навучальні Якімовічам Уладзімірам Канстанцінавічам. Акрамя яго ў склад камісіі ўваходзілі прадстаўнікі ГК КП/б/Б і ГК ЛКСМБ. Гаркам камсамола прадстаўляла загадчыца аддзела на рабоце сярод моладзі Галіна Аляксандраўна Карповіч,будучая маці вядомага ў Беларусі вучонага, доктара медыцынскіх навук, рэктара Гомельскага медінстытута Юрыя Іванавіча Бандажэўскага. Некаторы час з яго бацькамі Галінай Аляксандраўнай і бацькам Іванам Сцяпанавічам Бандажэўскім прыйшлося працаваць.

Менавіта Галіна Аляксандраўна ўнесла на камісіі прапанову паслаць мяне працаваць у Лідскую працоўную дзіцячую калонію МУС. Адмаўляцца ў той час у такіх выпадках было не прынята. Усе ішлі туды, куды партыя і ўрад пасылалі. Паветра яшчэ было густа насычана патрыятызмам, імкненнем і жаданнем гераічных учынкаў. Я не стаў у гэтым выпадку выключэннем.

15 жніўня трэба было прыступіць "да службы" ў тых самых змрочных сцянах, што калісьці паказаліся і страшнымі і таямнічымі. Канчалася "вольніца" і пачынаўся новы радок у біяграфіі - працоўнае жыццё, з аднаго боку я чакаў гэтай хвіліны, з другога - баяўся.

Не дачакаўшыся 15-га, а ўжо 1-га жніўня 1949 года, пайшоў на будучае месца працы. I як ні дзіўна, мяне адразу прынялі.

Ішоў на працу і думаў, а што там, за сценамі? Вось і прахадная. Са скрыпам адчыняюцца масіўныя дубовыя дзверы. За іх парогам - зона. Там - малаўзроставыя злачынцы. Мяне сустрэў строгім поглядам надзіральнік. Пераступіўшы парог, я аказаўся адразу ў атачэнні сваіх будучых выхаванцаў. Некаторыя з іх па росту мала чым адрозніваліся ад мяне, іх будучага выхавальніка, а па жыццёваму досведу далёка пераўзыходзілі.

Першая сустрэча аказалася незвычайнай. Першае, што пачуў на свой адрас, што было сказана ў мой бок: "А это что за фрей на катушках?" А калі я адчыніў партсігар, каб пачаставаць надзіральніка папяросай, праз імгненне ён быў пусты: без пытання і дазволу расхаплялі проста з рук. Ну, думаю сабе, куды трапіў я... Але што рабіць? Ехаць у вёску будаваць школу з маім досведам?

Калі да гэтага дадаць яшчэ і апісанне вонкавага выгляду насельнікаў гэтай установы, пэўна, стане зразумела, што я адчуваў у той час. Усё навокал насцярожвала. .

Нарэшце, сустрэча з намеснікам начальніка калоніі па вучэбна-выхаваўчай рабоце (частцы) Кірылам Парфёнавічам Галубцовым. Кароткая гутарка, абнен "вярыцельнымі граматамі" - накіраванне на працу, пасля чаго выйшаў загад аб прызначэнні на пасаду і працу. Праз пэўны час мянв выбралі сакратаром камсамольскай арганіцыі выхаванцаў - была такая. У гэтай якасці я і працаваў.

На жаль, пасля студэнцкай лаўкі гэта аказалася мне не па сілах. Гэтаму не адпавядалі ні мае маральна-псіхалагічныя дадзеныя, ні жыццёвы досвед. У калоніі былі сабраны з усяго былога Савецкага Саюза непаўнагадовыя злачынцы. Пераважна злодзеі-кішэннікі, або - як самі яны сябе называлі - "шчыпачы". Былі і іншыя. Выхаваўчы працэс у калоніі амаль поўнасцю абапіраўся на прымус. Выхаванцы тут вучыліся і працавалі: паўдня ў школе, паўдня - у майстэрнях. Вольнага часу мелі вельмі мала.

Калі казаць шчыра, усе яны былі ахвярамі вайны. У каго бацькі загінулі на вайне, у каго прапалі без вестак, а каго проста кінулі. Па ўзросту яны былі не старэйшыя за 16 гадоў.

Узгадваюцца два васьмігадовыя хлопчыкі, два Віці - Осіпаў і Гарошка. Першы быў вельмі вясёлы і ласкавы, другі - сумны, трымаўся больш асабняком, за што падвяргаўся з боку сваіх сяброў розным кпінам. Стараўся быць бліжэй да свайго выхавальніка.

Віця Осіпаў меў цудоўны дзіцячы голас, за што яго выхаванцы і дарослыя называлі "наш Каруза". Памятаю, як аднойчы мы ў час выбараў паехалі на выбарчы ўчастак даваць канцэрт, і наш Віця праспяваў песню "Арлёнак". Колькі слёз пралілі пасля гэтата чуллівыя жанчыны. Увогуле, здольных да ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці хлопцаў было тут шмат: спевакі, танцоры, акрабаты, дэкламатары. I ў сваёй справе былі мастакамі.

Быў у калоніі выхаванец Ваня Сіманаў, пра яго ў кнізе "Ніколі не забудэем" было змешчана апавяданне "Маці і сын". У час вайны ён з маці быў сувязным з партызанскім атрадам. А калі немцы аб гэтым даведаліся, маці павесілі, а яго кінулі ў пустую студню. Жыхары вёскі выратавалі хлапчука, але пасля гэтага ён пачаў моцна заікацца. Ён не пакінуў свой крымінальны занятак і пасля выхаду з калоніі. Аднойчы прыйшлося яго сустрэць ужо дарослым, і ён мне ў гэтым прызнаўся. Толькі папрасіў, каб я пра гэта нікому не расказваў. Пасля я яго больш не бачыў.

Начальнікам калоніі быу вельмі мудры чалавек, лейтэнант Міхаіл Сяргеевіч Жураўлёў. Для выхаванцаў гэта быў сапраўдны бацька. Такім ён быў і для такіх, як я.

Нельга абыйсці ўвагай кіраўніка мастацкай самадзейнасці баяніста Генадзя Багдановіча. Гэта быў непараўнальны ні з кім арганізатар, калі ён з'яўляўся ў зоне, вакол яго заўсёды збіраліся выхаванцы, бы тая чарада вераб'ёў, і кожны хацеў нешта яму расказаць. Генадзь Міхайлавіч доўгі час працаваў у многіх школах горада, і усюды яго цанілі і вучні, і настаўнікі. На жаль няма ўжо гэтага цудоўнага чалавека. Памёр дзесьці ў Украіне.

У вёску сеяць разумнае, добрае, вечнае

У траўні я расстаўся з калоніяй. Расставанне было без вялікага смутку, хаця там заставаліся некалькі добрых прыяцеляў. Даверлівыя сяброўскія адносіны склаліся ў мяне з выхавальнікам групы Мікалаем Пятровічам Ляднёвым. Дэмабілізаваны марак, які ўсю вайну праваяваў у асадным Ленінградзе, удзельнік параду Перамогі на Чырвонай Плошчы ў Маскве у 1945 годзе. Адкрыты і:добразычлівы, ён выклікаў сімпатыі, як у выхаванцаў, так і ў супрацоўнікаў. Весяльчак і гумарыст. Выхаванцы яго клікалі "палундра", і ён прымаў гэта проста, без эмоцый. Нягледзячы, што ён не меў адмысловай адукацыі, на работу яго прынялі безагаворачна. Такія людзі ўмюды патрэбны.

Прапрацаваўшы некалькі гадоў, ён быў накіраваны на вучобу ў вышэйшую школу МУС СССР у Ташкенце. Пасля калоніі я суотрэўся з ім у час канікул, калі ён прыехаў да бацькоў, якія жылі на станцыі Скрыбава.

Пасля звальнення з калоніі я паехаў да сваіх бацькоў у вёску Збляны. Яны і мае калегі раілі мне ўладкавацца на работу настаўнікам пачатковых класаў у Жалудоцкім раёне, бліжэй да дому. Звярнууся да загадчыка Жалудокскага РайАНА Котава. Той не адмовіў, але прапанаваў ісці працаваць у школу, якую трэба было яшчэ пабудаваць. Прычым школа гэта знаходзілася недэе ў глушы. Я, безумоўна,адмовіўся і паехаў у Ліду.

Знаёмай ужо дарогай Збляны-станцыя Нёман-Ліда накіраваўея ў Ліду, спадзяючыся знайсці больш спрыяльнўю работу.

Там, знайшоушы Раённы аддзел народнай асветы на вуліцы Чапаева,звярнуўся да яго загадчыка Паўла Кірэевіча Дробінава з просьбай прызначыць мяне настаўнікам пачатковых класаў у якой-небудзь школе раёна. I як жа я здзівіўбя, калі Павел Кірэевіч сказаў мне, што мяне ён даўно ведае і нават чакае. Аказалася ўсе вельмі проста. Яго жонка Валянціна (імя па-бацьку запамятаў) працавала настаўніцай нямецкай мовы ў школе, дзе я да гэтага вучыўся. І яна яму пра мяне, відаць, шмат што расказала. Што, не ведаю. Але мне гэта вельмі дапамагло. Прыняў мяне на работу без лішніх слоў. Сказаў: "Пойдзеш працаваць у школу, дзе у свой час працаваў я". Гэта была Споркаўская сямігадовая (сёння базавая) школа за 5-6 кіламетрах ад горада. Лепшага месца шукаць не трэба было. Сваім загадам ён прызначыў мяне настаўнікам матэматыкі. Дзякуючы такому прызначэнню на пачаткў маёй працоўнай дзейнасці, настаўнікам пачатковай школы я так ніколі і не працаваў. Спачатку выкладаў матэматыку і вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, а пасля перакваліфікаваўся, закончыў БДУ па спецыяльнасці настаўніка фізічнай геаграфіі і выкладаў гэты прадмет у сярэдніх школах горада. Сёння думаю: прыхільны быў да мяне лёс.

Як кажуць у народзе, 10 кіламетраў для шалёнага сабакі не адлегласць. Я мог пасля работы схадзіць у горад, сустрэцца з былымі сваімі сябрамі, знаёмымі, наведаць горад, да якога за час вучобы, а затым і работы паспеў прывыкнуць і прывязацца. Гэта мая псіхалагічная асаблівасць: я вельмі хутка прывыкаю да месца, дзе жыву ці працую, да людзей, што мяне атачаюць. I вельмі цяжка расстаюся.

Сустракаліся з сябрамі-прыяцелямі, як звычайна, у гарадскім парку на танцах. 3 гумарам узгадваю студэнцкія (у педнавучальні нас называлі студэнтамі) гады, калі таксама туды бегалі амаль кожны вечар. Дзяўчаты няраз у шпаркіх танцах ламалі абцасы. Мая задача была тут жа "адрамантаваць". Для гэтага ў кішэні ў мяне заўсёды былі цвікі,а пад падлогай танцпляцоўкі - зграбны камень. Пры дапамозе вось такога першабытнага інструмента прыходзілася дапамагаць сваім сяброўкам.

Не ведаю чаму, але сустракацца прыходзілася больш з "сатаварышы" жаночага полу. Хлопцаў у горадзе засталося мала: хто пайшоў служыць у армію, хто паступіў у вышэйшыя навучальныя ўстановы ў іншых гарадах, а хто, нават, ажаніўся . Тыя, хто застаўся ў горадзе і ўладкаваўся на працу на заводах ці фабрыках, чамусьці не прыходзілі, або прыходзілі вельмі рэдка.

Што ж, пуцёўка ў жыццё ў кішэні. Застаецца няшмат: знайсці школу. Лідскі раён у той час я амаль не ведаў, акрамя вёсак, што месціліся ўздоўж дарогі ад Зблянаў да Ліды. Але ж гэта быў зусім супрацьлеглы кірунак.

Распытаўшы сваіх знаёмых, сяброў па школе і педнавучальні, хутка зразумеў, куды трэба ісці. Асабліва карысную параду далі мне мае новыя сяброўкі, работніцы райвыканкаму, Ядзя Каспяровіч, якая жыла у Малэйкаўшчыне, і загадчыца райсабесу Ляля Цыбрук. Ядзя сама жыла ў вёсцы ў тым кірунку і кожны дзень хадзіла адтуль на працу.

Пра аўтобусы ці іншыя сродкі перамяшчэння ў той час не магло быць і мовы, таму трэба было ісці пешшу. Балазе, адлегласць дазваляла зрабіць гэта прагульваючыся.

Варта, пэўна, сказаць тут некалькі добрых слоў на адрас загадчыка РайАНА Паўла Кірэевіча, які вельмі дапамог мне вырашыць мой далейшы лёс. Гэта быў сімпатычны, мужны, абаяльны, яшчэ не стары чалавек. Франтавік. Яго грудзі ўпрыгожвалі шматлікія баявыя ўзнагароды: ордэны Чывонага сцяга, Айчыннай вайны, Чырвонай зоркі і шмат медалёў. Але ўсё гэта не абараніла ад рэпрэсіўнай сталінскай машыны. Яго жонку абвінавацілі ў тым, што, быццам, яна ў час акупацыі працавала з немцамі. Яму прапанавалі з ёю развесціся. Але Павел Кірэевіч адмовіўся гэта зрабіць. I тады "па прычыне адсутнасці належнай адукацыі" бюро райкаму УКП/б/Б выключыла яго з нартыі і звольніла з работы загадчыка аддзела. Гэта была толькі зачэпка, бо ў той час нават сам першы сакратар райкаму Георгій Піліпавіч Турык не меў нават сярэдняй адукацыі. Павел Кірэевіч пакінуў Ліду і паехаў у Літву.

Па дарозе ў школу

"Транспарт" выбраны - іду пешшу. Каб не "накручваць" лішнія кіламетры,сябры параілі мне спрастаць дарогу і тым самым крыху скараціць яе. У той час шлях на Дворышча пралягаў інакш,чым сёння. Сённяшняга адрэзка вуліцы Міцкевіча ад вуліцы Савецкай і далей на Раслякі не было. Трэба было ісці па Пастаўскай (зараз яе няма), затым налева праз раку Лідзейку, а выйшаўшы на шашу ісці да сённяшняга завода "Аграпраммаш", затым праз чыгуначны пераезд далей у бок вёскі Колышкі. Так віляць - час траціць. Таму мне параілі ісці не па шашы,а праз чыгуначны мост адразу да вёскі Малэйкаўшчына. Я так і зрабіў.

Дайшоўшы да дома Кулевічаў, я павярнуў налева і выйшаў да чыгункі. Побач з насыпам тут стаяў невялікі мураваны домік. I ў гэтага доміка ёсць свая незвычайная гісторыя. Ён належаў прыватнаму ўладальніку нейкаму Варонічу. У час вайны ў ім месцілася каманда па ахове чыгуначнага маста праз Лідзейку, якая складалася з некалькіх немцаў, а астатнія былі ўласаўцы. У чэрвені 1944 года, калі набліжаўся фронт, і была чутна артылерыйская кананада, уласаўцы перабілі сваіх фашысцкіх гаспадароў, і самі ўцяклі да партызан. Лёс іх невядомы. Не выключана, што гэта іх не выратавала ад пакарання. У той час яны заставаліся здраднікамі Радзімы.

Падняўшыся на насып чыгункі і падышоўшы да маста, я ўбачыў раскінуушуюся перад сабой вёску Малэйкаўшчына. Прыземістыя драўляныя, у большай частцы крытыя саломай сялянскія хаты, былі раскіданы ад ракі да самай шашы, што ішла на Дворышча. Мне і ў галаву ў той час не магло прыйсці, што менавіта тут недзе жыве мая будучая палавіна. За насыпам на друтім баку ракі стаяў шэры домік з мезанінам. Да 1939 года гэты прыгожы ва ўтульным садзе дом належаў дэпутату сейма Рэчы Паспалітай Брыльскаму. У 1940 годзе мясцовая савецкая ўлада ператварыла яго ў дом для псіхічна хворых. Пасля захопу Ліды немцамі ў 1941 годзе ўсіх іх разам з медперсаналам расстралялі.

Пасля гэты шлях я паўтараў многа-многа разоў.

Паміж ракой і ўскрайкам лесу ў шахматным парадку стаялі забудовы: жылыя памяшканні, гаспадарчыя збудаванні, а пры іх агароды, сады. Чуўся брэх сабак спевы пеўняў, кудахтанне курэй, а то і візг парасяці. Увогуле, чыста вясковая капэла.

У вёскі аказалася даволі цікавая гісторыя, якая пачынаецца ў далёкай мі нуўшчыне. 1 жніўня 1518 года Ян Сцыпіён дэль Кампа з жонкаю Тарэзай з Хлябіцкіх, італьянскага паходжання, падпісалі кантракт аб пасяленні ў Беларусі піяраў і пасялілі іх у Воранаве. У 1756 годзе Ігнацы Сцыпіён дэль Кампа, падстараста ВКЛ і стараста Ліды, перасяліў піяраў з Воранава ў Ліду.

Карыстаючыся дазволам сойму на "набыццё вёскі" коштам не болей за 60 тыс. злотых.у 1778 годзе яны набылі ў Умястоўскіх за 27 тыс. зл. маёнтак Пастаўшчына. Маёнтак гэты знаходзіўся за некалькі кіламетраў ад Ліды, побач з Лідзейкай з левага боку дарогі на Дворышча. Так запісана ў дакуменце. Сёння - гэта вёска Малэйкаўшчына. Некаторыя тапанімісты мяркуюць, што назва вёскі паходзіць ад кораня "мал"... " з дапамогаю суфіксаў". Магчыма яно і так.

Прайшоўшы праз вёску, міма хаты, дзе жыла мая будучая жонка Маргарыта, я выйшаў на шашу, збярогшы пару кіламетраў дарогі і некалькі дзесяткаў хвілін часу, паціснуў далей у зададзеным кірунку.

Дарога тут ішла праз невялікі лясок. А навокал хутаркі. Як аказалася, яны не зусім звычайныя. Гэта былыя сядзібы польскіх асаднікаў, якія ў 20-я гады мінулага стагоддзя атрымалі тут зямельныя надзелы і пасяліліся. Валодалі імі да восені 1939 года. А калі адбылося ўз'яднанне заходніх і ўсходніх абласцей Беларусі, асаднікаў вывезлі. Сярод іх былі нават вядомыя ў Польшчы асобы. Напрыклад, палкоўнік Арліцкі, домік якога захаваўся да сёння. Жыў у вёсцы адзін з удзельнікаў Другой Сусветнай вайны, прыняўшы першы бой з немцамі на памежнай заставе Вэстэрплята - Зыгмунт Даперала.

Усё пакуль незнаёмае, усё новае.

За Малэйкаўшчынай адкрылася вёска Колышкі. Яшчэ адна такая ж ціхая, з тыповымі забудовамі вёсачка, толькі кампактна прытуленая да галоўнай сваёй артэрыі - шашы Ліда -Тракелі. На дарожным знаку віднелася напісаная назва - "Колышкі".

Вёска, як аказалася, сваімі каранямі заходзіць у далёкае сярэдневечча. Аб паходжанні яе назвы бытуе легенда наступнага зместу. У 1506 годзе кароль Рэчы Паспалітай і князь ВКЛ Аляксандр Ягелончык рашыў правесці ў Лідзе паседжанне Літоўскага Сойму. Але гэта задумка яму не ўдалася па дзвюх прычынах. Першая: менавіта ў гэты час да горада Ліды падышлі орды крымскіх татараў начале з Біці-Менглі Гірэем і султанам Бурнашам. Навісла пагроза захопу імі горада. Трэба было прыняць меры для яго абароны. Другая: у чэрвені 1505 года проста ў зале паседжання ў Аляксандра здарыўся прыпадак, і ён аказаўся паралізаваным. Хвароба прагрэсавала і ў Лідзе дасягнула свайго піку. У такіх умовах кароль вымушаны быў пакінуць Ліду і вярнуцца ў Вільню. Седзячы ў сядле на кані, кароль зусім аслабеў. Таму рыцары, якія суправаджалі караля, паклалі яго ў адмыслова зробленую калыску, прымацавалі яе паміж двума коньмі і такім чынам даставілі ў Вільню. Адсюль, быццам, і назва паселішча - "Калыска - Колышкі". Але гэта, бадай, толькі легенда.

Адразу за вёскай быў масток з бетону, перакінуты праз невялічкі ручэй пад назвай рэчка Дзірванка з дзівосна чыстай і празрыстай, як крышталь, вадою. Пачынаўся ён за некалькі кіламетраў ад вёскі ў суседнім лесе з невялікай крынічкі і ўпадаў паміж Малэйкашчынай і Колышкамі ў рэчку Лідзейку.

За вёскаю адкрываўся шырокі прастор, а сярод яго - двухпавярховы шэрага колеру з белымі вокнамі і бліскучай бляхай на даху будынак. Гэта і быў прадмет майго пошуку - школа.

Некалі школа знаходзілася ў вёсцы Колышкі. Але яна не адпавядала патрабаванням часу. Узнікла патрэба пабудаваць новую. Калі такое рашэнне было прынята, жыхары навакольных вёсак настойвалі, збудаваць будынак так, каб ён быў на аднолькавай адлегласці ад іншых вёсак: Колышак, Доўкняў, Цябаў, Верхліды.

У школе

У школе мяне сустрэла прыбіральшчыца цёця Ксеня, якая жыла тут жа на другім паверсе ў школе. Яна мне сказала, што дырэктара шклы Валянціны Аляксандраўны Бокач дома няма, што яна паехала ў Ліду і, калі вернецца, не вядома. Мне нічога не заставалася, як вяртацца назад да сваіх знаёмых у горад. Тым не менш, я крыху паспеў пазнаёміцца са сваім новым месцам працы. Школа мне спадабалася: зручнае размяшчэнне вучэбных класаў, класы прасторныя, светлыя. Двор не быў яшчэ добраўпарадкаваны - адсутнічала агарожа. Побач са школай стаяў невялікі домік - у ім жыла дырэктар.

Калі загадчык РайАНА накіроўваў мяне працаваць у гэтую школу, папярэдзіў, што дырэктар, хоць і жанчына, але строгая і патрабавальная. У раёне карыстаецца дзелавым аўтарытэтам. Лічыцца здольным арганізатарам педагагічнага працэсу. Загадзя скажу - не схлусіў.

Быў канец ліпеня. Усе настаўнікі былі яшчэ ў адпусках. Мне ж трэба было недзе ўладкавацца на кватэру, а параду даць не было каму. На дапамогу прыйшла ўсё тая ж цёця Ксеня. Яна параіла пайсці да настаўніка - Сташэўскага Герасіма Пятровіча, што жыў непадалёку, і разам з ім схадзіць да аднаго гаспадара на хутар у бярозавым гаі. У яго да гэтага ўжо жыў адзін настаўнік, але яго за нейкія правіннасці аднойчы ноччу павезлі недзе "в места не столь отдалённые".

Настаўнік Герасім Пятровіч сустрэў мяне ветліва. Ахвотна згадзіўся пайсці са мной. Балазе, хутарок знаходзіўся мо за сто метраў ад сядзібы, дзе жыў ён. Пасля непрацяглай гутаркі, гаспадар даў згоду, і я з задавальненнем усталяваўся на новым месцы. Гаспадары, сяляне, мілыя добрыя людзі. Асабліва гаспадыня, без лішніх слоў пагадзілася прыняць на кватэру нават "са сталом", гэта значыць, што і сняданне, і абед, і вячэру згадзілася рыхтаваць сама. У вясковых умовах нічога лепшага і жадаць нельга. За ўсё разам я павінен быў плаціць штомесячна па 350 рублёў. Чыстая зарплата мая складала ўсяго 550-600 рублёў. У той час надта ж шмат было розных падаткаў: падаходны, халасцяцкі па 6%, заём - 10%, камсамольскія ды прафсаюзныя ўзносы.

У прызначаны час я прыйшоў у школу як новы прызначаны настаўнік. Першае знаёмства з дырэктарам. Валянціна Аляксандраўна аказалася жанчынай бальзакаўскага ўзросту, прыемнай знешнасці, ветлівая, зусім не падобная на тую, якую мне апісвалі раней мае некаторыя новыя знаёмыя. Яна проста старалася, як магла, рабіць добра сваю справу. Пагутарыўшы, я атрымаў ад яе першае даручэнне: абсталяваць спартыўную пляцоўку, паколькі арамя матэматыкі і фізікі я павінен быў весці і ўрокі фізкультуры. Задача аказалася для мяне невырашальнай: куды ні пайду - асадзі назад. Усе чакалі хабар, а дзе мне яго ўзяць, калі я сам быў без граша, як царкоўная мыш. Калі бярвенні і можна было здабыць у лясгасе, то даставіць іх на месца - немагчыма. Калгасаў тады яшчэ не было, а з аднаасобнікамі якая размова! Так я гэты спортгарадок і не пабудаваў. Не было яго некалькі гадоў і пасля мяне.

Жнівень для мяне ў тым годзе стаў сваеасаблівым іспытам. Я ў той час вельмі шмат курыў. У вёсцы крамы не было. Па папяросы хадзіў у горад. Дарэчы, цыгарэт тады яшчэ не было. Былі папяросы "Беламор-канал", "Нёман" - і даражэйшыя, і танейшыя, як, напрыклад, "Красная звёздочка", "Север", "Прибой". Вось я і вырашыў кінуць курыць. Што гэта такое, можа ўявіць толькі той, хто сам праз такі іспыт прайшоў. Першыя дні адчуваў сябе нязносна дрэнна: нерваваўся, не знаходзіў сабе месца. Усё хадзіў, нешта шукаў. Пасля пачаў спаць. Спаў цэлымі днямі і начамі. Ад сну аж распух. І ўсё ж такі пераадолеў сам сябе: кінуў курыць. І адразу адчуў прыліў сіл і добрага настрою.

Хутар гаспадара знаходзіўся ў прыгожым бярозавым гаі з прагалінамі-лужкамі. Асабліва прыгожым ён выглядаў ранняй вясною, калі зазелянеюць маладыя лісточкі. Тады зелень асабліва маляўнічая, ласкавая. І восенню, калі тыя ж лісточкі афрбоўваюцца ва ўсе колеры вясёлкі - жоўтыя, чырвоныя і іншыя.

Пасля работы я ішоў у гай збіраў там баравікі. Яны ў беразняках у адрозненне ад баравых бываюць жаўтавата-карычневыя, або проста белыя. Тым не менш, смак іх аднолькавы - цудоўны.

Прыносіў дахаты, гаспадыня іх чысціла і смажыла ў смятане: ежа царская!.

З вясны да восені чуўся хор птушак. Зімой завітвалі да самых забудоў зайцы. Вакол хлявоў увіхаліся хітрыя сарокі. Адным словам - вакол жывая прырода. Спакой і благадаць.

Сям'я гаспадара з ранку да вечара працавала ў полі - ён быў аднаасобнікам, даволі заможным селянінам, нягледзячы на тое, што любіў "закінуць за каўнер" чарачку-другую, і сам быў майстрам гэтай "вытворчасці". Галоўнае, быў працавіты і вельмі сумленны. Я з вялікай павагай успамінаю гэтых добрых, шчодрых, бескарыслівых людзей. Толькі за што такіх, як яны, людзей саветы вывозілі да "белых мядзведзяў", уцяміць да сёння не магу.

Такім чынам, "якар быў кінуты, гавань знойдзена". "Плаванне" прадстаяла пачаць у верасні. Думкі і апаска не пакідала мяне ні на хвіліну. Як сустрэнуць мяне мае будучыя выхаванцы, іх бацькі і ўвогуле жыхары вёсак? І гэта зразумела. Трапіць з асяроддзя злачынцаў у асяроддзе даверлівых, шчырых, паслухмяных вясковых людзей было нечым незвычайным. Не раз задаваў сабе пытанне, ці гатовы я да такога выпрабавання? Ці змагу я навучыць гэтых дзетак чаму-небудзь ўвогуле? Ды ці мала яшчэ іншых думак вярцелася ў галаве. Я ж сам у той час вялікай адукацыяй не вызначаўся: сярэдняя школа і адзін год педагагічнай вучэльні, дзе вучылі нас галоўным чынам педагогіцы, псіхалогіі ды методыцы выкладання прадметаў у пачатковых класах. Як пісаў паэт: "І веды меў ён у адну столку і тых патраціў палавіну на поле гонячы скаціну".

Але чаму можна навучыцца такімі хуткімі тэмпамі? Ды і агульнае развіццё жадала быць лепшым, акрамя фізічнага. Адным словам, ні даць ні адняць - дзіця вайны". Недахопаў было - не злічыць. Усё гэта я ўсвядамляў, таму і трывожыўся. Стараўся ўцешыць сябе прымаўкай: "Не багі гаршкі абпальваюць". Мабыць, і правільна рабіў.

У другой палове жніўня ўсе настаўнікі вярнуліся з адпускоў. Пачалося знаёмства з "асабовым складам школы". Прыбылі і новапрызначаныя - Цвяткова Зоя Сямёнаўна, выкладчыца гісторыі, Ліхачова Алена Фёдараўна - выкладчыца геаграфіі і біялогіі, піянерважатая Яблонская Люба Іванаўна.

Зоя Сямёнаўна, дачка палкоўніка, толькі што вярнуўшагася з Карэі. І яна была там. Праўда, нам пра гэта не расказвала нічога і ніколі. Алена Фёдараўна Ліхачова, масіўная бландзінка з даволі грубымі рысамі твару і мужчынскім характарам - выпускніца Магілёўскага настаўніцкага інстытута была накіравана да нас у школу па размеркаванні. Ну, а маладзенькая і прыгожанькая, дробненькая Любачка толькі што скончыла сямігодку і райкамам камсамолу была накіравана на піянерскую работу.

Са старажылаў былі дырэктар Валянціна Аляксандраўна, завуч Маргарыта Іванаўна Станішэўская, якая з часам стала маёю жонкаю, сям'я Сташэўскіх Герасім і Вольга Мікалаеўна, настаўніцы пачатковых класаў Лабан Марыя Канстанцінаўна, Кароткіна Марыя Мікалаеўна і мая аднакурсніца па педвучылішчы Ядвіга Казіміраўна Сабалеўская. Вось і ўвесь склад. Як бачыце, ніводнага свабоднага мужчыны ў гэтым жаночым кветніку.

Сярод усіх жанчын сваім знешнім выглядам выдзялялася Зоя Сямёнаўна. Усё адпавядала прозвішчу - Цвяткова: невысокага росту, прапарцыянальна складзеная, прывабная фігура. Адкрыты з усмешкай твар. Вабіў іскрысты позірк адкрытых шэры хвачэй. Жыла яна ў горадзе (сёння на тэрыторыі "Сельмаша"), таму бацька часцяком прысылаў па яе машыну, чым мы таксама не супраць былі пакарыстацца. Усё гэта было пасля, а пакуль прадстаяла знаёмства.

Аказалася мая апаска была дарэмнай. Такіх, як я тут большасць. Не было паміж нас ніводнага з вышэйшай адукацыяй. Нават дырэктар яе не мела. А настаўнік пачатковых класаў Герасім Пятровіч да гэтага ўвогуле працаваў шафёрам.

Як ні круці, быў яўны недахоп педагагічных кадраў. І, як ні дзіўна, падрыхтоўка вучняў была даволі-такі высокая, на ўзроўні дзейных у той час праграм.

Адбылася тут сустрэча, якая стала лёсам. Гэта была выкладчыца рускай мовы і літаратуры, завуч школы. Маргарыта Іванаўна Станішэўская. Праз год нашага знаёмства мы пажаніліся. Усё ў ёй адпавядала польскаму паходжанню: ганаровае польскае прозвішча, што ў той час у вёсках заходніх абласцей было немалаважным, унушальная рослая фігура, інтэлігентная знешнасць, уменне трымаццца ў калектыве, пісьменная руская мова. Увогуле - згустак годнасці.

Я тут скарыстаў слова "лёс" не выпадкова. Жыццё чалавека пачынаецца з нараджэння і для ўсіх ідзе па традыцыйна накатаннай дарозе набыцця жыццёва важных патрэбнасцяў: вучоба ў школе, пасільная праца ў сям'і і ў нейкай меры ў адносінах да грамадства. І толькі пазней усё значна ўскладняецца. Турботы не толькі пра сябе, але і пра сваіх блізкіх і пра людзей са свайго атачэння. Месца тваё ў гэтым грамадскім комплексе правоў, абавязкаў, магчымасцяў і ёсць твой лёс. У кожнага ён складваецца па-свойму, асабліва ў людзей таленавітых, мэтанакіраваных, тых, хто здольны захапляцца. У большасці ж усё зводзіцца да звычайных сямейных сувязяў. У адных усё складваецца ўдала, у іншых не вельмі. Як гаворыць народная мудрасць: шчаслівыя ўсе аднолькава, няшчасны кожны па-свойму. Не магу сам ацаніць, што выйшла ў нас. Але пражылі мы разам амаль пяцьдесят гадоў, пакуль той самы лёс не разлучыў нас вось ужо амаль 10 гадоў таму. Нажылі дваіх дзяцей. Вырасцілі, далі адукацыю. зараз ужо стаў прадзедам - маю двухгадовага праўнучка Славаміра. Ёсць ужо дарослая ўнучка. Значыць, жыццё пражыў недарэмна, не пустацветам.

Кароткая гісторыя школы

Амаль каля паўтара дзесятка гадоў школы тут не было. Для гэтай мэты многія гады прыходзілася арандаваць памяшканні ў мясцовых сялян. Школьны будынак быў пабудаваны напярэдадні Другой Сусветнай вайны, у 1937 годзе. У 2007 годзе яна адзначыла свой 70-ці гадовы юбілей. Гісторыя пабудовы, на мой погляд, павучальная. Ініцыятарам будоўлі быў войт Лідскай гміны Юзаф Герасімовіч. У 1936 годзе стварылі грамадскі камітэт, які заняўся арганізацыяй пабудовы: зборам сродкаў, нарыхтоўкай будаўнічых матэрыялаў, выбарам участка пад будоўлю. Частка грошай была сабрана сярод сялян вёсак Колышкі, Споркава, Верхліда, Доўкні, Цябы. Другую частку выдзеліла мясцовая ўлада з бюджэту гміны. Недастаючую суму пазычылі ў банку, за своечасовы зварот якой паручыліся Нікадзім Кордаш і Юзаф Дзякевіч.

Проста вырашылася пытанне аб месцы пабудовы. Паколькі школу павінны былі наведваць дзеці з названых вышэй вёсак, было вырашана будаваць каля галоўнай дарогі Ліда-Тракелі-Геранёны, паміж вёскамі Колышкі і Споркава. З часам вёска значна пашырылася і дайшла да самой школы, і зараз яна па праву называецца Споркаўская.

Завезлі на ўчастак будматэрыял - лес. Да апрацоўкі яго прыступіла брыгада, арганізаваная майстрам Півутам. Работу гэтую ў той час трэба было выконваць уручную: ачысціць ад кары, абчасаць і распілаваць на дошкі.

Перад закладкай падмурка ранняй вясной 1936 года склалі спіс тых, хто ахвяраваў грошы і прыняў актыўны ўдзел у арганізацыі і пабудове школы. Спіс быў надрукаваны залатымі літарамі і ўзначальваў яго войт Лідскай гміны Юзаф Герасімовіч. Спіс у капсуле замуравалі у адным з вуглоў падмурка будынка.

1 верасня 1937 года школа гасцінна адчыніла дзверы і прыняла сваіх першых вучняў. Адкрыццё школы для сяльчан было здарэннем эпахальным. Будынак двухпавярховы. Першы паверх займалі класныя пакоі і адмінстрацыйныя памяшканні: чатыры навучальныя класы, настаўніцкая, майстэрня.

Другі паверх быў адведзены пад памяшканне дырэктара школы. Кватэра дырэктара мела 4 пакоі: гасцінная, рабочы кабінет, спальня і кухня. Была невялікая кладоўка. У самым цэнтры знаходзілася даволі вялікіх памераў сталовая, якая ў патрэбны час магла быць пераўтворана ў канферэнцзалу ці залу прыёму гасцей..

Першым дырэктарам стаў былы настаўнік, які раней вёў заняткі ў вёсцы Колышкі, Андрэй Майхер. Над школай ажыццяўляў шэфства батальён 19-га артылерыйскага палка, што дыслакаваўся ў Лідзе. Батальён падараваў вучням і настаўнікам 6-ці лямпавы радыёпрыёмнік (на той час вельмі дарагі падарунак). Салдаты і афіцэры палка былі частымі гасцямі вучняў. Пасля далучэння заходніх абласцей Беларусі да Савецкага Саюза, у 1940 годзе, дырэктара школы А. Майхера і яго жонку, таксама настаўніцу, арыштавалі і пасадзілі ў турму. На яго месца прыслалі выкладчыка гімназіі Лера, яўрэя, які ў 1939 годзе ўцёк з Варшавы і пасяліўся ў Беларусі. Аднак, не знайшоўшы ніякіх улік ці злачынстваў, Майхера з жонкаю вызвалілі з турмы. Ім было дазволена працягваць працаваць настаўнікамі. У 1945 годзе Майхер з жонкаю Люцыяй, дзвюмя дочкамі Барбарай і Галінай і сынам Славікам выехаў у Польшчу і пасяліўся ў горадзе Кашалін. Там 16 сакавіка 1986 года ён памёр.

Вось сюды летам 1950 года я і прыбыў "сеяць добрае, разумнае, вечнае".

На першым школьным педсавеце мне даручылі выкладанне матэматыкі, фізікі, фізкультуры, малявання і чарчэння.

Дырэктар школы сваім загадам прызначыла мяне класным кіраўніком 7-га класа. Клас налічваў каля 20-ці вучняў. Многія з іх былі пераросткі. Напрыклад, Юзік Хутны і Ядзя Кордаш былі толькі на чатыры гады маладзейшыя ад мяне. Нягледзячы на гэта, былі яны вельмі сціплыя, паслухмяныя і надзвычайна руплівыя. Большасць з іх пасля школы знайшла сваё месца ў жыцці. Браты Юзік і Тадэвуш Хутныя сталі геадэзістамі-тапографамі, Ядзя Кордаш - медыцынскай сястрой, Анэля Гурын, Іна Пукач, Карповіч - настаўнікамі пачатковых класаў, Каўчуга - тэхнікам стаматолагам. Тэхнічную адукацыю атрымалі Фелікс Гаўрон, Сургіневіч.

Праз гады з некаторымі з іх прыходзілася сустракацца. Сустрэчы гэтыя былі добразычлівымі, шчырымі. На тварах маіх былых выхаванцаў я бачыў радасныя ўсмешкі, і падзіцячы іскрыліся іх вочы.

Ужо з-за гэтага варта добрых слоў і ўспамінаў настаўніцкая праца, школа і яе выхаванцы.

Паход у палітыку

Школа ў заходніх абласцях Беларусі ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя ўяўляла сабой не толькі, культурна-асветніцкую ўстанову. Мясцовыя ўлады - урадавыя і партыйныя - выкарыстоўвалі іх і ў іншых мэтах. Ні адна палітычная кампанія, якая праводзілася ў вёсцы, не праходзіла без удзелу ў ёй настаўнікаў. З агідай узгадваю сёння бясконцыя рознага роду "пасядзелкі" - адкрытыя партыйныя сходы, сесіі сельскіх Саветаў, калгасныя справаздачна-выбарчыя і іншыя сходы, сходы калгаснікаў, даярак, свінарак і г.д. Іншы раз гэтыя, з дазволу сказаць, "мерапрыемствы" пераўтвараліся ў камедыйнае словаблуддзе кіраўнікоў рознага рангу і зацягваліся да паўночы. Таму што пачыналіся заўсёды пасля заняткаў. А пасля гэтага настаўнік ішоў дадому, рыхтаваўся да ўрокаў наступнага дня і назаўтра ранкам павінен быў сваечасова прыйсці на працу. А калі дадаць, што іншыя настаўнікі жылі на значнай адлегласці ад школы ці месца жыхарства, то стане зразумела, у што абарочваліся для яго гэтыя грамадскія абавязкі. Акрамя таго, калі стварылі калгасы, кожны настаўнік быў агітатарам на ферме, у брыгадзе, у свінарніку. І ад яго патрабавалі вынікаў у вытворчасці. Скажам, панізіліся ўдоі - вінаваты агітатар, не стала прывагі на свінаферме - пытанні да агітатара, настаўніка.

І якасць работы сельскага настаўніка, як правіла, ацэньвалася больш па тым, якую грамадскую работу ён выконвае, на колькі актыўна ён удзельнічаў у жыцці калгаса, саўгаса, брыгады, вёскі. Ці быў ён агітатарам, лектарам і г.д.

Узгадваецца адзін выпадак абуральнай цемнаты. Настаўнікі адной са школ з-за дрэннага зімовага надвор'я не прыйшлі на паседжанне сесіі сельскага Савета. Старшыня калгаса, што прысутнічаў на сесіі, прапанаваў "пазбавіць іх дыпломаў". І што вы думаеце? Сесія прыняла гэтую прапанову і пастанавіла: "За няяўку на сесію сельскага Савета без уважлівых прычын" пазбавіць настаўнікаў эннай школы дыпломаў". Усе дружна прагаласавалі "ЗА"!

Кожны, хто спрабаваў ухіліцца ад рознага роду бязглуздых даручэнняў падвяргаўся маральнаму, а іншы раз і адміністрацыйнаму ўціску. З камуністамі і камсамольцамі вялася іншая размова: іх паводзіны разглядаліся на партыйных ці камсамольскіх сходах, а то і на бюро райкамаў КП/б/Б ці ЛКСМБ.

Не адзін за падобныя ўчынкі атрымаў добры наганяй. Іншы раз выключалі з партыі ці камсамолу. А быць выключаным у той час азначала куды горш, чым не быць у гэтых арганізацыях увогуле. Можна было набыць кваліфікацыю "здрадніка справе партыі і народа". А чаго гэта магло каштаваць, здагадацца не цяжка. Хоць і не часта такое здаралася, але было.

Настаўнік, ці то сельскі, ці гарадскі, калі ён ахрысціў сваё дзіця па хрысціянскаму абраду, выганяўся са школы, "как падрывающий устоюи советской власти". Дазвалялася толькі ў гэтым сэнсе паказваць пальцам на тое, што на Захадзе існуе "забарона на прафесію".

Знаходячыся пад такім пастаянным маральна-псіхалагічным і адміністрацыйным прэсам, настаўніку даводзілася маўкліва выконваць усе ўказанні і распараджэнні вышэйшых чыноўнікаў ад улады, нярэдка, недавукаў і проста непісьменных.

Адным словам, стваралася ўстойлівая зручная для ўлады і ўдушлівая для настаўніка атмасфера. Рэдка каму ўдавалася вырвацца з яе прыгнятальнага ўздзеяння. У такой сітуацыі аказваўся і аўтар гэтых радкоў.

Калі пачыналася тая ці іншая палітычная кампанія і ствараліся "баявыя ўдарныя брыгады ўпаўнаважаных", на зямлі сельскай у межах вёсак Споркаўшчына, Цябы, Верхліда, прыходзілася сустракаць іх ці дырэктару школы, ці мне, як прадстаўніку ад партыйнай арганізацыі і па рэкамендацыі партыйных і савецкіх органаў раёна, ну, і, канешне ж, удзельнічаць ва ўсіх праводзімых мерапрыемствах.

Калі быў створаны калгас імя Шверніка, мяне выбралі сакратаром калгаснай камсамольскай арганізацыі. Камсамольцаў з ліку калгаснікаў, натуральна, не было. Таму ў арганізацыю ўключалі ўсіх камсамольцаў- настаўнікаў. Паўстала задача ўцягваць у камсамол калгасную моладзь, але ахвотных не аказалася: яшчэ добра памяталі бандыцкія выхадкі Дураса і яму падобных, а кожнаму хацелася жыць.

З вялікай цяжкасцю ўдалося загітаваць 16-ці гадовую дзяўчыну Чэсю Сцефановіч, якая працавала бухгалтарам калгаса. Далей справа не пайшла. У сакавіку 1952 года мяне прымаюць кандыдатам у ВКП/б/. Цяжар грамадскіх даручэнняў, пры чым значна больш сур'ёзных, больш адказных, чым раней, узрос. Паколькі на кіраўнічыя пасады ў калгасе ахвочых было не знайсці - ніхто не хацеў, а мо баяліся - мне ў парадку "общественной нагрузки" а дакладней на "общественных началах и по поручению партийной организацыии" было даручана быць кладаўшчыком. У мае абавязкі ўваходзіла: "вечарам прыняць ад новаспечаных калгаснікаў збожжа - "насенны фонд", а раніцай - выдаць на пасеў. На гэтай "ніве дзейнасці" прыйшлося сустрэцца з даволі правакацыйнай прапановай. Мудрыя, а больш хітрыя, вясковыя мужыкі ведалі, якое матэрыяльнае становішча сельскага настаўніка, тым больш маладога. Таму знаходзіліся такія, хто замест зерня для здачы ў калгас, прапанваў патаемна грошы, ці проста хабар. За гэта я павінен быў выпісаць квіток, што ён здаў паложаную яму норму. Чым бы гэта магло абярнуцца для мяне, вядома кожнаму. Хоць я і быў недасведчаны, малады, аднак на падобную спакусу не паддаўся.

Адпрацаваўшы некалькі гадзін на зернескладзе, ранкам бег у школу на ўрокі. Правёўшы іх, вяртаўся зноў туды. І так, пакуль не закончылася пасяўная. Дзеля справядлівасці скажу, што восенню за сваю "самаадданую працу" я атрымаў цэлы мяшок жыта. Спажыць яго з карысцю аднак не ўдалося. Як кажуць: Бог даў - Бог і ўзяў.

У кіраўнічых савецка-партыйных колах раёна мяне заўважылі, убачылі нейкія парасткі арганізатара, хаця наўрад ці калі-небудзь ў мяне яны былі на самай справе. А калі ў школе паявіўся тадышні міністр калгасаў і саўгасаў Пётр Захаравіч Калінін, мяне адрэкамендавалі як "подающего надежды комсомольскага вожака". Зрабіла гэта дырэктар школы Валянціна Аляксандраўна Бокач. Яе словы, ківаючы галавою, пацвердзілі прысутнічаўшы прадстаўнік райкама і сакратар партыйнай арганізацыі Мікалай Вісарыёнавіч Васільеў. Я быў абдораны адабральным позіркам высокага начальніка. А калі той адыходзіў, усім, у тым ліку і мне, паціснуў рукі, пажадаў поспехаў у працы і на сваёй "Пабедзе" паімчаўся далей на Дворышча.

І пайшло-паехала. Мой аўтарытэт пачаў расці, як на дражджах. Мяне пачалі запрашаць на рознага роду раённыя форумы, даручаць кіраваць грамадскімі арганізацыямі. Тады мне гэта нават вельмі ліслівіла - я вызначаўся чымсьці ад іншых, але хутка зразумеў, што не гэты аўтарытэт мне патрэбен, а па-сапраўднаму дзелавы.

Тым не менш, ужо летам 1951 года мне прапанавалі пасаду другога сакратара райкаму камсамолу і адначасова ўзначаліць аддзел прапаганды. Што гэта быў за час, шмат хто яшчэ памятае. У раёне поўным ходам ішла калектывізацыя аднаасобных гаспадарак у гаспадаркі калектыўныя - калгасы. Але гэта быў ужо не 1939 год. Што ўяўляюць сабой калгасы, сяляне добра ведалі. Таму, як маглі, супраціўляліся. Гатовы былі выконваць усе загады, выплачваць падаткі, здаваць нарыхтоўкі, абы толькі не ісці ў калгас. Адзін жыхар вёскі Споркава Гурын змагаўся супраць, як толькі мог. Усю яго землю забралі, сядзібу абрэзалі да самых вуглоў хаты. І ўсё ж такі не здаўся. Мяркую, што падобныя прыклады былі і ў іншых вёсках раёна. Але і ўлада не аслабляла націск. Ёй патрэбна была магчымасць у крытычны момант забраць у сяляніна ўсё без запытання і дазволу. Як гэта было ў час індустрыялізацыі і ў Айчынную вайну. Гэтая ідэя была закладзена ў самой сутнасці калектывізацыі ў зародку.

Каб дасягнуць свайго, савецкая прапаганда раскруціла міф аб "внутренних врагах, врагах коллективизации и, наконец, врагах народа". Вораг мроіўся за кожным вуглом, за кожным дрэвам, на любым хутары, не гаворачы ўжо пра дамы заможных сялян. Падазронасць была ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі і шлях мой на "палітычны алімп" аказаўся даволі складаным. Не адзін падобны да мяне "претендент" скапыціўся аб раскіданыя на ім бачныя і нябачныя каменні. Тым не менш падумалася, чаму б і не згадзіцца. Усё роўна з дня ў дзень прыходзілася выконваць гэтую няўдзячную работу і толькі ў прамежку хадзіць у школу і даваць урокі. Да таго ж, работа на такім узроўні мне здавалася цікавай. Многія сябры падобраму зайздросцілі мне і нават прадказвалі вялікую будучыню. Першая гутарка па пытанні, быць ці не быць мне сакратаром ЛКСМБ, адбылася ў ліпені - жніўні /дату не памятаю/ 1951 года. Гэта была не гутарка, гэта быў форменны допыт двух высокапастаўленных у камсамоле функцянераў: першага сакратара Гродзенскага абкама камсамолу Аксёнава Аляксандра Нікіфаравіча будучага старшыні СМ БССР, і адказнага інструктара ЦК ЛКСМБ па Гродзенскай вобласці /прозвішча запамятаў/. Гутарка праходзіла вельмі сваеасабліва. Яна адбывалася пад перакрыжаваным агнём пытанняў з двух бакоў. Да сёння ў памяці маёй нярэдка паўстае жывая карціна той "атакі". У вялікім пакоі-кабінеце А. Н. Аксёнава, абсталяваным па тыпу партыйна-савецкага часу, стаяў вялікі дзвюхтумбавы стол. На стале - настольная лямпа, чымсьці падобная на тую, што стаяла у кабінеце "правадыра, настаўніка і сябра ўсіх народаў свету", тэлефонны апарат з ручкай, за якую трэба было спачатку пакруціць, каб кудысьці дазваніцца. На супрацьлеглым краі стала - чарнільны прыбор з рулькай для ручак і алоўкаў рознага колеру. Стол пакрыты тоўстым зялёнага колеру сукном. Каб зручней было пісаць, ляжала вялікага памеру шкло. Злева каля сцяны стаяла канапа, а каля стала два глыбокія, абшытыя чорным дзерманцінам /а можа скурай/ крэслы. Усё масіўнае дабротнае, як у Сабакевіча. Мне здаецца, што было ўсё гэта не дарэмна. Калі хто-небудзь садзіўся ў крэсла, выглядаў маленькім, бездапаможным. На ўражлівых людзей гэта рабіла адпаведны ўплыў. З імі і гаварыць было лягчэй. Але гэта толькі мой домысел. Дзверы з боку прыёмнай таксама абабіты чорным дзерманцінам, каб не чутно было ў прыёмнай, пра што ідзе размова ў кабінеце. У прыёмнай праз увесь час сакратарка стракатала на машынцы і заглядвала ў кабінет толькі тады, калі яе туды выклікалі званком.

А за вокнамі горад жыў сваім, незалежным ад усяго гэтага, жыццём. Вуліца Савецкая ў той час у Гродна была адной з цэнтральных. Рух па ёй быў даволі ажыўлены: хадзілі пешаходы, гулі сваімі гудкамі аўтамабілі. Іншы раз тарахцелі па бруку звычайныя сялянскія падводы. Увогуле, усё выглядала даволі прымітыўна, празаічна, але па-сапраўднаму. У такіх умовах, ізаляваны ад усяго знешняга свету, я трымаў "удары сваіх падкованных апанентаў". Сілы, як вы ўжо паспелі зразумець, былі далёка не роўныя. Мы былі ў розных вагавых катэгорыях: з аднаго боку звычайны сельскі настаўнік. З другога - два масцітыя камсамольскія функцыянеры абласнога і рэспубліканскага маштабу, узброеныя ведамі "Кароткага курса гісторыі ВКП/б/". Ды і сітуацыя аказалася не на маю карысць. У сакавіку 1951 года мяне прынялі кандыдатам у члены ВКП/б/. 30 красавіка выдалі кандыдацкую картку. І правесці майскія святы, я, натуральна, паехаў да бацькоў у вёску. Тут жа былі мае сябры дзяцінства і юнацтва. Як водзіцца, адзначылі падзею не з радавых у маім жыцці, пагулялі, паспявалі, паігралі хто на чым. Я, напрыклад, на мандаліне, іншыя на гітарах, балалайках. У нас калісьці быў нядрэнны дамарошчаны самадзейны ансамбль. І я пайшоў дамоў. Для мяне было традыцыяй з вясны да позняй восені спаць у гумне на сене.

Раніцаю прыйшла да мяне мая старэйшая сястра Надзя і з парога пытае:"Толя, ты дома?" Я адазваўся. А яна працягвае: "Аркашу арыштавалі". А я ж толькі ўчора вечарам быў менавіта ў яго дома. З ім, з ягонымі сёстрамі і іншымі хлопцамі і дзяўчатамі бавілі весела час.

Спачатку, спрасонку, я нічога не зразумеў: як арыштавалі? За што і хто? Пасля аказалася, што арыштавалі не толькі яго, але і ўсіх яго сяброў у Лідзе: Салдаценкава, вучня10 класа чыгуначнай школы , А. Логвіна - вучня 6 ці 7 класа, Вінаградава, Параваева. Магчыма, яшчэ каго-небудзь. За шмат прайшоўшых гадоў многае забылася. Матыў арышту настолькі бязглузды і выдуманы, што і каментаваць яго было б яшчэ большай бязглуздасцю. Іх абвінавачваллі ў тым. што, быццам, яны падклалі пад трыбуну, на якой павінны былі стаяць кіраўнікі горада і раёна ў час майскай дэманстрацыі, міну, каб у гэты момант яе ўзарваць!!! Не выключаю, што былі і іншыя такія ж абсурдыя абвінавачванні. А повадам для арышту, як мне расказаў пасля вызвалення Аркаша Каштан, паслужыла вось што. Крыху раней яны ўсе разам на чыгуначным вакзале праводзілі свайго сябра ў армію. Як робяць провады прызыўнікоў, вядома ўсім, і наўрад ці трэба тут распаўсюджвацца. Выпіўшы па чарцы ў забягалаўцы, што стаяла ў скверы побач з перонам, дзе і сёння стаіць падобнае прадпрыемства, толькі ў больш культурным выглядзе, Аркаша, які добра граў на гітары, узяў інструмент і яны заспявалі:

"... Жили двенадцать разбойников,
Жил атаман Кудияр.
Много разбойники пролили
Крови честных христиан.
Много добра понаграбили,
Многих убили в лесу"

Не ведаю, была тут якая задума, ці не? Але асацыяцыі ў тадышніх сілавікоў былі развіты да інтуіцыйнасці. У той час Палітбюро ЦК ВКП/б/ складалася з 12 чалавек. Пасля былі выказаны іншыя версіі, быццам, сярод іх аказаўся правакатар і ўсіх іх "залажыў". Адно мне добра вядома. Бунтарскі дух у галовах моладзі бродзіць спрадвеку, мо з часоў Жанны д'Арк, нягледзячы на ўсе забароны і рэпрэсіі. І правакатар, як усюды, сапраўды быў.

Так то яно так, а для мяне стала першым каменем на шляху "ў палітыку". Усе пытанні, што задавалі мне паважаныя рэспектабельныя таварышы, кружыліся вакол гэтай падзеі. А як жа інакш? Я ж амаль кожнага з гэтых "злачынцаў" добра ведаў. З сястрой Аркадзя разам вучыліся ў школе ад першага класа. Разам заканчвалі педвучылішча і проста былі шчырымі сябрамі. Жылі ж мы ў адной вёсцы, што немалаважна. Спачатку былі простыя, нічога не значыўшыя, пытанні. А калі я сказаў, адкуль родам, тут і пасыпаліся пытанні зусім іншага зместу. Аказваецца, ім шмат што пра мяне было ўжо вядома. Змест пытанняў па сэнсу было, прыкладна, такое: як гэта ты, камсамолец, не ведаў нічога пра "дыверсійную дзейнасць сваіх знаёмых"? І так праз два дні. Толькі пасля таго, як я прыціснуты і ўціснуты ў масіўнае крэсла сказаў: "Калі вы лічыце мяне ў нечым вінаватым, выклікайце спецслужбу і хай яны разбяруцца і вырашаюць, як мне быць", - абодва тут жа рэціраваліся і пачалі адзін і другі наперабой тлумачыць, што ні ў чым яны мяне не абвінавачваюць, ды толькі мне трэба быць "более бдительным". На тым і разышліся. Дзякуй, выплацілі мне камандзіровачныя, бо ў мяне ўжо нічога ў кішэні не засталося. Стомлены фізічна, а больш маральна, я адправіўся дамоў, у сваю Споркаўшчыну, на мілы майму сэрцу хутарок непадалёку ад школы. Побач працякаў ручэй сярод зарасляў альхі, вярбы, івы, лазы і бярозы. У цяньку іх, на зялёным травяністым дыване можна было зусім нядрэнна адпачыць, аднавіць патрачаныя сілы. Там звычайна мясцовыя жыхары па начах восенню і вясной гналі самагонку. У летнія месяцы - рэдка, вельмі кароткая ноч.

Пэўна, няма ў чалавека лепшай якасці, чым здольнасць забываць. Прайшло некалькі месяцаў, і ўсё заціхла, знікла, як кашмарны сон. А калі пасля сустракаліся, па-сяброўску паціскалі адін другому рукі. Усміхаліся, быццам, нічога і не было. Але гэта толькі здавалася. Тым часам "дамоклаў меч" завіс над маёй галавою, наровячы ў любую хвіліну зваліцца. Ды толькі пра гэта я нічога не ведаў. Такое здаралася не толькі са мной. Праз падобнае "чысцілішча" праходзілі ўсе, хто хоць чым-кольвечы быў блізкі да палітыкі ў той час. У кожным бачылі патэнцыяльнага шпіёна, дыверсанта, здрадніка. Адным словам -"ворага народа". На гэты раз пранясло. Хлопцаў жа асудзілі на розныя тэрміны зняволення - ад 5 да 15 гадоў з утрыманнем у "працоўным лагеры ўзмоцненага ўтрымання". Чаму я, нават, пасля такой знявагі ў "чысцілішчы", праз якое прайшлося прайсці, згадіўся заняць гэты пост камсамольскага функцыянера? Адказ тут просты: прымусілі варункі, у якіх прыйшлося аказацца. Умовы жыцця і працы сельскага настаўніка нават зараз далёкія ад нармальных, а што гаварыць пра тыя часы! Да ўрокаў трэба было рыхтавацца пры святле смярдзючай газавай лямпы. Ні табе той бібліятэкі, ні кіно, ні нават канцэрт мастацкай самадзейнасі паглядзець не ўдавалася. Выпісаныя газеты дастаўляліся 1-2 разы на тыдзень, а ў зімовыя месяцы і таго горш. У лазню трэба было ехаць ці ісці ў горад за 5-6 кіламетраў і вытрымаць чаргу даўжынёю ў цэлы выхадны дзень. Зімою ў школу прыходзілася брысці іншы раз праз гурбы снегу па самы пояс: сельскія ж дарогі ніхто і ніколі не чысціў, тым больш да хутароў. А ў горадзе яшчэ засталіся сябры, прыяцелі, знаёмыя. Вечарам можна было пайсці ў клуб, у кіно, на танцы ў парку. Усё гэта і сыграла галоўную роль, чаму я, не гледзячы ні на што, вырашыў прыняць прапанову.

Прайшоў жнівень, верасень, пачаўся кастрычнік - з абкама ні гу-гу. Толькі 25 лістапада 1951 года адбылася камсамольская справаздачна-выбарчая канферэнцыя. Я быў на ёй дэлегатам. Канферэнцыя праходзіла ў знаёмым мне памяшканні - спартыўнай зале педвучылішча, якое два гады раней я скончыў. Дэлегаты аднагалосна выбралі мяне ў склад Лідскага РК ЛКСМБ. Пасля заканчэння канферэнцыі адбыўся арганізацыйны Пленум райкаму, на якім па прапанове першага сакратара РК КП/б/ Г.П. Турыка мяне выбіраюць другім сакратаром па прапагандзе. Прапанова была прынята аднагалосна. Гэта была мая першая сустрэча з такім высокім раённым кіраўніком.

Перад тым ён доўга і вельмі ўважліва разглядаў мяне, быццам, узгадваў: дзе ён мяне бачыў? А такое магло быць. У час навучання яшчэ ў школе, а меў я ўжо тады за 20 гадоў, я пазнаёміўся са студэнткай педвучылішча. Нават на групавым фотаздымку мы стаім ледзь не ў абдымку побач. Яна сапраўды мне падабалася. Высокая, статная, з мілым адкрытым тварам. Галаву пакрывала густая прыгожая прычоска чорных кучаравых валасоў, а адкрыты позірк цёмна-шэрых вачэй дадаваў яшчэ больш прывабнасці. Аказалася, што гэта была яго дачка. Магчыма, ён і бачыў мяне на гэтым здымку.

На пасаду другога сакратара райкама ЛКСМБ мяне абралі аднагалосна. Раздаліся нават апладысменты. I гэта не было нечым надзвычайным. Тады пляскалі ў далоні з нагоды і без.

Ва ўладных структурах раней, ды мо і зараз, адукацыя не мела вырашальнага значэння ў прызначэнні таго ці іншага на якую-небудзь пасаду кіраўніка. Гэтым я не хачу сказаць, што сярод кіраўнікоў дзяржаўных і партыйных устаноў таго часу не было адукаваных, прыстойных, сціплых і сумленных работнікаў. Яны былі. Але, як заўсёды, знаходзіліася у цяні "больш актыўных і паспяховых". Людзей ідэальных, якія адпавядаюць усім патрабаванням чалавечай маралі, пэўна, ўвогуле не існуе ў свеце. Але ўзровень і наступствы ад іх кіраўнічых дзеянняў далёка неадназначныя. Шараговы грамадзянін сваімі заганамі, акрамя экстрэмальных выпадкаў, не можа паўплываць на лёс падобнага да сябе. У той жа час "человек государев" можа рабіць гэта што дзень і, нават, у кожную хвіліну. У гэтым і хаваецца небяспека. Са свайго досведу ведаю, што ў першыя пасляваенныя гады ў партыйных органах займалі пасады і працавалі іншы раз людзі непісьменныя з вузкім даляглядам. Напрыклад, пасаду загадчыка аддзела прапаганды РК КПБ /б/ займаў чалавек, які не меў нават сярэдняй адукацыі. Вось вам інфармацыя для роздуму.

Але нікому з іх не хацелася пакідаць наседжанае цёплае месца і чыноўніцкае крэсла. Шмат каму вельмі падабалася быць на віду. Любымі, дазволенымі і не-дазволеннымі сродкамі стараліся выканаць дасланую дырэктыву зверху. Адсюль і ўсе грахі савецкай улады. Мой першы, як тады называлі, меў усяго няпоўную сярэднюю /7 класаў/ адукацыю. Што праўда, працаваць хацеў, і крыху нешта атрымлівалася. І дадзеныя для гэтага былі. Тым больш, што карыстаўся тымі ж самымі метадамі, што і ўсе: зман, хлусня, падмалёўка рэчаіснасці, асобных фактаў. Пасля таго, як я ўзышоў на камсамольскі "алімп раённага маштабу", пачалася другая серыя маіх прыгод, амаль з першага дня. Пра гэта крыху было ўжо сказана раней. Але змест гэтага раздзела ўспамінаў патрабуе паўтору. Перад тым, як прыйсці на работу ў райкам, я ажаніўся, не сказаўшы пра гэта нікому са сваіх кіраўнікоў. І паставіў усіх іх перад фактам. І гэта выклікала ў майго першага буру абурэння: чаму я нікому аб гэтым не сказаў і не папрасіў дазволу! А я лічыў і лічу, што гэта справа нават вельмі асабістая. І нічыё ўмяшанне ў яе недапушчальна, тым больш з боку якой бы там ні было адміністрацыі. Аказалася, я памыляўся. І калі я запрасіў свайго першага на вясельны вечар, ён мне сказаў: "Я прыеду. Але ты зрабі так, каб усе бачылі, што я зрабіў табе "одолжение"!!!

Прыйшлося прыняць ягоныя ўмовы, але рабіць тое, што ён патрабаваў, я не збіраўся. Прыехаў ён з жонкаю, пасядзеў, перакінуўся некалькімі словамі з братам маёй жонкі, падпалкоўнікам. Здавалася, маглі б знайсці агульную размову - абодва франтавікі, розніца толькі ў званні. Адзін падпалкоўнік, другі - лейтэнант. Хутка, як прыехаў, так і патарахцеў на райкамаўскім "Іжы-350". Ад гэтага матацыкла трэску было больш, чым карысці. Вось тут ён і падставіў мне першую падножку, гэтакі чыноўніцкі гамбіт. Пасля абрання сакратаром, я павінен быў быць зацверджаны на гэтай пасадзе на бюро АК ЛКСМБ, а затым і на бюро АК КП/б/Б - наменклатура. Але нічога з гэтага не выйшла. Будучы выкліканым у Гродна, я павінен быў быць запрошаны на бюро. Але нечакана мне сказалі: паседжанне бюро не будзе, едзь дадому. Мяне, натуральна, гэта вельмі здзівіла, але наводзіць нейкія даведкі не стаў. З тым і паехаў. Паўторны выклік не адбыўся. І віной таму была, як я пасля даведаўся, мая "несанкцыянаваная жаніцьба". У біяграфіі маёй жонкі знайшлі нейкі "кампрамат". Сёння я ведаю, у яе радаводзе ў гады рэпрэсій былі раскулачаны, рэпрэсаваны каля 100 чалавек! Але ж ёсць у той біяграфіі і іншыя радкі. У Вялікую Айчынную вайну з яе радні ў армію было прызвана 26 чалавек. Сем з іх загінулі. Брат маёй жонкі Павел Іванавіч Станішэўскі прайшоў усю вайну ад Курскай дуті да Берліна. Даслужыўся да палкоўніка, узнагароджаны пяцю ордэнамі і многімі медалямі. Дваюрадная сястра па бацькавай лініі Марыя Ільінічна Сянкевіч і Андрэй Станішэўскі ўдзельнічалі ў Мінскім падполлі і загінулі у канцэнтрацыйным лагеры Трасцянец пад Мінскам. Сама яна за шматгадовую бездакорную работу ў школе была адзначана трыма дзяржаўнымі ўзнагародамі.

Тым не менш "першы" не пасаромеўся па-сяброўску параіць: развядзіся, ці твая кар'ера кончылася. Я вырашыў "ахвяраваць" кар'еру.

Здавалася б, пытанне вычарпана да дна. Але не для майго шэфа М.З.Я. Узброіўшыся выказваннем М. Горкага "если враг не здаётся, его уничтожают", рушыў далей з адкрытым забраладм шукаць падтрымку свайму агалцеламу патрыятызму і вернасці партыі і вялікаму правадыру. Пайшоў на прыём да першага сакратара райкаму КП/б/Б Г.Ф. Турыку. Там ён выклаў свой новы "неаправяргальны" аргумент, які ўшчэнт павінен быў скампраментаваць мяне як камсамольскага работніка і кандыдата ў члены ВКП/б/: жаніўся з-за грошай! Я павінен быў ці абвергнуць ці прызнаць абсурднасць авінавачвання. Але ж гэта было само глупства і абвяргаць яго не хацелася. Сказаў толькі, што гэта кляўза. На тым і скончылася.

У райкаме

Перайшоўшы і ўладкаваўшыся на працы ў РК ЛКСМБ, пабачыў і адчуў шмат чаго новага. Трэба было занава прыстасоўвацца да іншых умоў жыцця і працы, да навакольнага атачэння, да людзей іншага грамадскага ўзроўню, да ўмоў і месца работы да свайго новага стаовішча.

Перш за ўсё прыйшлося прайсці праз усе кабінеты кіраўнічых асоб - ад першага да апошняга чыноўніка РК КП/б/Б. Усе яны нічым вогуле не адрозніваліся. Хіба толькі ўзростам былі іншы раз значна старэйшыя.

А што датычыцца іх адукацыі і выхаванасці, то яны не мелі нічога большага за пазухай, як і я. Але становішча абавязвала іх быць "на ўзроўні", а мяне адчуваць іхнюю "кіраўнічую ролю". Маральна для мяне, хлопца з вёскі, з якога яшчэ не выветрылася сялянскае паветра, зрабіць гэта ў адначассе было няпроста.

Надоўга запомніўся інтэр'ер кабінета першага сакратара РК КП/б/Б. На фоне іншых ён быў абсталяваны на той час раскошна. Мяне вельмі ўразіў не толькі яго вонкавы выгляд, але і той дух, што лунаў у ім. Усё было стандартнае для таго часу. Як я сёння бачу па тэлебачанні крамлёўскія ды іншыя кабінеты начальнікаў з даваенных гадоў - усё ішло адтуль.

Райкам КП/б/Б, а пасля КПБ, знаходзіўся ў той час у будынку па вуліцы Камсамольскай, да Першай Сусветнай вайны - Замкавай, у якім сёння месціцца раённая служба сацзабеспячэння. Некалі, да 1939 года, будынак належаў прыватнаму ўласніку Гурвічу.

Кабінет першага сакратара Г.П. Турыка месціўся на другім паверсе ў пакоі ад вуліцы злева ад уваходу. Такі ж кабінет справа займаў другі сакратар Міхаіл Макісмавіч Арэф'еў. Трэцяму сакратару па прапагандзе Міхаілу Васільевічу Парцкевічу быў адведзены катушок з вокнамі на двор.

Інтэр'ер першага сакратара запомніўся вельмі добра. На падлозе прасторанага пакоя ляжаў вялікі (трафейны - у нас такі знайсці было ў той час немагчыма) барвовы дыван.

У зручным месцы ля вонкавай сцяны стаяў дзвюхтумбавы, па тыпу сабакевічавага, рабочы стол, накрыты тоўстым сукном зялёнага колеру. Мабыць, гэтае сукно ткалі ў адмысловых майстэрнях ці фабрыках для падобных кабінетаў. Толькі іншы раз чырвонага колеру. Злева на стале стаяла настольная лямпа, ні даць ні адняць, падобная да той, што стаяла на стале правадыра ўсіх народаў у Крамлі. Справа - два тэлефонныя апараты: адзін тыпу "Алё, барышня!". Прызначэнне другога не ведаю.

Тарцом да рабочага стала стаяў яшчэ адзін, за якім сядзелі ў час паседжання члены бюро райкаму.

Калі паходзіла паседжанне бюро райкаму КП/б/Б, на якім абмяркоўваліся нейкія пытанні работы партыйнай арганізацыі раёна, з гэтага кабінета выходзілі па-рознаму. Адны ішлі з высока паднятай галавою з цэшкай пад пахай, часцей з афіцэрскай планшэткай, поўныя гонару і годнасці. Іншыя.хуценька прыгнуўшыся, пачырванеўшы да кончыкаў валасоў і выціраючы пот на лысіне ці твары, быццам там іх палажыўшы на канапу, добра адлупцавалі папругай. Бывалі і такія, хто ішоў, як апошняе ў печ усыпаўшы: мабыць,адабралі ў іх чыноўніцкае крэсла і пазбавілі ад пасады. Там ніхто не прытрымліваўся працоўнага заканадаўства. Тады гэтым законам вярцелі, як хацелі. Вельмі характэрным было выказванне ў той час раённага пракурора А.А. Роганава. Ён сказаў: "Ты дай мне чалавека, а абвінаваўчы артыкул я яму знайду". Даводзіўся план колькасці асуджаных. Падазронасць даходзіла да недарэчнасці. Аднойчы пачуў у адносінах да чалавека, што быў пад акупацыяй, а па вызваленні шчыра працаваў, выказванне адной з кіраўнічых асобаў: "Глядзі, як увіхаецца, замольвае, мабыць, грахі. Варта праверыць!!!" Клянуся Богам, такую страшную недарэчнасць прыйшлося пачуць.

Бюро складалася пераважна з былых франтавікоў, партызан і прадстаўнікоў сілавых структур - начальніка МГБ, пракурора. Міласці ад іх чакаць не прыходзілася. Дзейнічалі пад лозунгам: "Няма такіх крэпасцяў, якія бальшавікі не маглі б узяіць". I ламалі, іншы раз зусім незаслужана, людзям лёсы. Рашэнне бюро абскарджанню не падлягала.

Каля сцяны насупраць стала першага сакратара радком стаялі звычайныя крэслы. І канешне ж, на сцяне - агромністы партрэт І.В. Сталіна ў ягонай звычайнай спартанскай вопратцы - фрэнч з дзвюмя зоркамі - медалямі Героя Сацыялістычнай Працы і Героя Савецкага Саюза. І больш нічога.

З яго ў гэтым сэнсе бралі прыклад гаспадары падобных кабінетаў. Першы і другі сакратары насілі строгія зялёнага колеру фрэнчы, галіфе і хромавыя са скрыпам боты. Боты рабілі на заказ і, каб яны скрыпелі, майстрышаўцы паміж сцелькай і падэшвай адмыслова клалі берасту - бярозавую тонкую кару. Скрып быў такі, што шчымела ў зубах.

Але ж мода... Георгій Піліпавіч зімой насіў белыя фетравыя буркі - паўвалёнкі-паўботы. Міхаіл Максімавіч - другі сакратар - сібірскія унты. Апошні бясконца курыў, прычым, рабіў гэта сваеасабліва. Тытунёвую частку "Беламора" адрываў і ўстауляў у мундштук. Характэрнай прыналежнасцю для яго быў афіцэрскі планшэт. З ім ён, здавалася, ніколі не разлучаўся. Толькі аднойчы прыйшлося перажыць з-за яго шок, калі ў адной вельмі пікантнай сітуацыі згубіў. Але назаўтра раннім ранкам паехаў на тое месца, дзе быў, і знайшоў страту.

Такім жа чынам паводзіў сябе і трэці сакратар - Міхаіл Васільевіч Працкевіч. Толькі больш сціпла. Заўсёды апранаў звычайную салдацкую гімнасцёрку, а замест скуранога паліто - звычайнае драпавае.

Нягледзячы на іхнюю здавалася б вонкавую непрыступнасць: негаваркія, без гумару - на самай справе яны былі дастаткова дабразычлівымі. Мець такі вонкавы імідж прымушала іх хутчэй за ўсё пасада. А можа гэта патрабаванне менталітэту асобы ў кіраўніцтве?

Падобныя рысы паводзін кіраўнічых асобаў праз час пераходзяць у звычку і застаюцца назаўсёды, нават тады, калі пакідаюць свае пасады. Такім чынам яны паводзяць сябе ў атачэнні, здавалася б, сваіх сяброў. Нездарма руская прымаўка гаворыць: "Привычка - вторая натура". Яны, як і мы ў той час, былі людзьмі існаваўшай сістэмы. І я з удзячнасцю ўзгадваю іх за тыя ўрокі жыцця, якія далі мне за нядоўгі час знаходжання больш-менш блізка да гэтай сістэмы. Больш глыбока аналізаваць работу партыйнага апарата не буду, таму што бачыў яе толькі звонку і не ведаю яе ўнутраннага механізму, зместу. А вонкавы выгляд часцяком заводзіць у зман. З Міхаілам Васільевічам я пазнаёміўся раней, яшчэ калі працаваў у сямігодцы ў вёсцы Споркаўшчына. У той час ва ўстановах і на прадпрыемствах існавала так званая сістэма палітасветы. Ствараліся палітгурткі "па інтарэсах". У іх вывучаліся на "дабраахвотнай аснове" "Кароткі курс гісторыі ВКП/б/" і біяграфія І.В. Сталіна. Апошняя, як правіла, - у гуртках для моладзі. Кіравалі імі партыйныя і камсамольскія арганізацыі, а "выкладчыкамі" былі больш-менш адукаваныя члены партыі ці камсамолу. На жаль, у той час іх было вельмі мала. Таму праводзіць заняткі ў школах з настаўнікамі прыяджалі прапагандысты з раённых устаноў: райкам КП/б/Б, райкам ЛКСМБ ды іншых. У Споркаўскую школу па нядзелях прыязджаў (прыходзіў) праводзіць заняткі менавіта трэці сакратар райкаму партыі па прапагандзе Міхаіл Васільевіч Працкевіч. Слухачамі гуртка былі настаўнікі Споркаўскай, Гервенікскай сямігадовых і бліжэйшых пачатковых школаў.

Пасля заняткаў, а гэта бывала амаль кожны раз, я запрашаў Міхаіла Васільевіча да сябе на кватэру. Гасцінны гаспадар Вінцук ставіў на стол бутэльку добрай самагонкі (не сівухі, чыстай, як крышталь), гаспадыня - дамашнюю сялянскую закуску: каўбаску, шматок нарэзанага сала, стосік кумпячка, салёны гурочак - чым не далікатэсы! І пры чарцы вялі даверлівую размову. Не, мы не закраналі палітычныя тэмы нашага ўнутраннага жыцця.

Паверце, няма хіба лепшага сродку, каб бліжэй пазнаць чалавека, чым такія імправізаваныя сустрэчы. Міхаіл Васільевіч, нягледзячы на сваю знешнюю непрыступнасць, аказаўся на самай справе чалавекам шчырым і прыхільным. Падобнае прыходзілася адчуць і пры сустрэчах з іншымі партыйнымі кіраўікамі. Больш за тое, у некаторых крытычных сітуацыях можна было знайсці падтрымку. Кажу гэта са свайго асабістага досведу. Неяк яшчэ ў сталінскія гады ў райкам партыі паступіў на мяне брудны данос. Маўляў, другі сакратар райкама камсамолу "звязаны з антысавецкім падполлем". Што гэта магло значыць, і якія наступствы маглі быць для мяне, здагадацца не цяжка. Але тут сыграла ратаўнічую ролю мудрасць маіх партыйных кіраўнікоў. Пагутарыўшы са мной, яны не далі ходу даносу "шчыруючых патрыётаў". Чым магло б закончыцца, калі б паклёп дайшоў да "тайнай паліцыі", вынік наўрад ці магчыма было б прадказаць. Там было дастаткова "майстроў, што ўмелі з мухі выдзьмуць слана, а з слановай косці вырабляць каштоўныя гузікі ў выглядзе зорачак на сваіх пагонах".

Змяніла Міхаіла Васільевіча на "пасадзе прапагандыста" загадчыца кабінета палітасветы Галіна Аляксандраўна Карповіч-Бандажэўская. Таксама чалавек абаяльны, разумны, адукаваны. Такія заняткі нам падабаліся не толькі тым, што мы нейкім чынам пашыралі свой светапогляд, а ўжо тым, што маглі сустрэцца і правесці некалькі часу ў сваім настаўніцкім асяроддзі. Працягваючы размову пра партыйных кіраўнікоў, хачу нагадаць адзін прачытаны мною тэзіс. Неяк яшчэ ў савецкія часы ў рукі трапіла мне адна прапагандысцка-ідэялагічная кніжка. Гартаючы яе, я сутыкнуўся з наступным выказваннем яе аўтара. Ён сцвярджаў, што ў кіраўніцтве разумныя, адукаваныя, таленавітыя, высока інтэлектуальныя людзі не абавязкова патрэбны. Такія няхай пішуць кніжкі, робяць вынаходствы, адкрыцці,ствараюць духоўныя каштоўнасці. Канешне ж, "пад чуткім, руплівым кіраўніцтвам партыі". У кіраўніцтве "патрэбны арганізатары, якія здольны выкарыстаць іх інтэлектуальны рэсурс да канца. Як у старажытнасці цар старажытнай Спарты Крыцій на заўвагу Сакрата аб ягонай адукацыі сказаў: "Калі 6 цар Спарты ўмеў чытаць,спартанцы яго выгналі б." На колькі гэты тэзіс адпавядаў дадзенай канкрэтнай сітуацыі, сцвярджаць не бяруся. Хаця звонку выглядала менавіта так. Першы сакратар райкаму партыі Г.П. Турык меў акрамя партыйнай пачатковую адукацыю, другі, што курыраваў сельскую гаспадарку М.М. Арэф'яў - сярэднюю тэхнічна-сельскагаспадарчую, трэці па прапагандзе - М.В. Працкевіч вучыўся на завочным факультэце ў педагагічным інстытуце імя Горкага (зараз - педуніверсітэт імя Максіма Танка ў Менску). Іншыя мелі адукацыю не вышэй за сямігодку. Сярэдняя школа лічылася вяршыняй ведаў. Не адрозніваліся ў гэтым сэнсе і кіраўнікі дзяржаўных устаноў - ад райвыканкаму да сельскіх Саветаў. Памятаю аднаго з такіх старшынь сельсавета - Ёдку Аляксандра Іванавіча. Ён ледзь мог распісацца на якім-небудзь дакуменце, сем патоў пральецца, пакуль здзейсніць такі "рытуал". Такі быў у той час "адукацыйны расклад" у кіраўніцтве раёна. Праўда, ужо пачалося абнаўленне кадраў, пакуль што сціплае. На адказныя пасады прысылалі больш адукаваных і маладых, нярэдка з вышэйшай адукацыяй. Пераважна з вышэйшых партыйных школаў. Але такіх было мала. Іх не хапала ў краіне ўвогуле. Нядаўняя вайна і тут прайшлася сваім стальным катком. Былыя старыя, але больш дасведчаныя ў жыцці кадры, зыходзілі са сваіх месцаў, уступаючых іх маладым. Такая замена не заўсёды адпавядала патрэбам. Час быў вельмі складаны. З аднаго боку яшчэ лунала ў паветры эйфарыя перамогі над лютым ворагам. Знікла пагроза жыццю дюдзей, стагнаўшых пад акупацыяй чужаземцаў. Яны ўдыхнулі глыток свежага паветра свабоды. Ніхто не задумваўся, што гэта за свабода - нічога лепшага дасюль яны не бачылі, апроч небяспекі і пагрозы іх жыццю. Гэты натуральны ўзнёслы духоўны стан людзей умела выкарыстоўвала і падагравала савецка-партыйная прапаганда - праз газеты, радыё, публічныя лекцыі і г.д. Вакол толькі і чулася з развешаных па вуліцах радыёдынамікаў: "Богатырь герой народ советский славит Сталина отца", або "Едем мы из Берлина по дороге прямой, на попутных машинах едем с фронта домой" і іншыя. Усіх не пералічыць.

Слоў няма, здабытая цаною дзесяткаў мільёнаў жыццяў сваіх суайчыннікаў, Перамога павінна быць гонарам нацыі. Але ж не хлебам адзіным жыве чалавек. Для перамогі, - казаў грэчаскі філосаф Сакрат, - патрэбны перш за ўсё вораг. Ці не таму некаторыя сённяшнія ўплывовыя расійскія палітыкі так рупліва стараюцца, як толькі могуць, стварыць абекты падобнага кшталту. Прычым, ворагамі становяцца тыя, хто ў свой час здабываў тую ж перамогу сваёй крывёй, а зараз ганарыцца ёю адна Расія: украінцы, грузіны, прыбалты, палякі. Дастаецца і нам - беларусам. Ужо паспелі і нам прыляпіць ярлык "пособников фашистов" у гады акупацыі. І гэта народу, які страціў у агні пажараў вайны амаль траціну даваеннай колькасці насельніцтва рэспублікі. Альбо вось яшчэ больш красамоўная статыстыка: кожныя дзве хвіліны ў Беларусі гінуў адзін чалавек! Беларускі народ касцямі сваіх суайчыннікаў выслаў сабе шлях да вызвалення.

Для іх гэта нічога не значыць.

Як казаў Казьма Пруткоў: "Балбатун падобны да маятніка: таго і другога трэба спыніць". Але хто гэта зробіць? Такіх пакуль не відаць. А мо так задумана?

Пашу прабачэння за такое асыяцыйнае адступленне.

З другога боку. Па вуліцах горада вельмі вальготна разгульвалі падпітыя былыя франтавікі. Чапаць такіх было рызыкоўна. Як сёння дэсантнікаў у іх "прафесійнае" свята. Па ўсіх вуліцах горада было мноства "п'яных кропак".

Пройдземся хаця б па вуліцы Перамогі: каля магазіна № 16 АРСа на рагу вуліц Чапаева і Перамогі стаяў ларок "Піва-воды" з гарэлкай. На рагу Перамогі і Ленінскай, дзе сёння кінатэатр "Юбілейны", на месцы сённяшняга "Дома гандлю" , на месцы "Дома быту", "Універсама", рэстарана "Эльдарада", ля ўваходу ў парк. Усюды пі, хоць заліся. І пілі. Па вуліцы Савецкай, пачынаючы ад замка і канчаючы пераездам, такіх кропак з выпіўкай і закускай было больш за дзесятак. Пілі мужчыны і жанчыны, дарослыя і падлеткі. Пілі за Сталіна, за Перамогу. Як сказаў некалі расійскі імператар Аляксандр ІІ: "Голь на выдумкі хітра". Яшчэ адчувальна давалі аб сабе знаць наступствы вайны. У раёне дзейнічалі рознага кшталту і зместу антысавецкія падпольныя банды. Іх выпады супраць савецкай улады іншы раз былі даволі адчувальнымі. Нярэдка заканчваліся трагічна для прадстаўнікоў партыйна-савецка-камсамольскага актыву.

Узгадваецца такі выпадак. Інструктар райкаму КП/б/Б Дзюба (імя і імя па бацьку не памятаю), былы франтавік, паехаў у вёску Тракелі (тады гэта быў Лідскі раён) праводзіць нейкае мерапрыемства. Сабраў сход вяскоўцаў і вёў з імі гутарку. Тым часам нейкі "незнаёмы" зайшоў на падворак. Узяў яго ровар і паціху паехаў у бок лесу. Дзюба абурыўся такім нахабствам, выбег з хаты і паімчаўся ўслед за ім. Той не ўцякаў. Даехаўшы да ўскрайку леса, спыніўся, злез з ровара. На пытанне, навошта ты ўзяў чужую рэч, спакойна адказаў: "Гэта твой ровар? Забірай". І, выняўшы з кішэні пісталет, ва ўпор выстраліў. Стралок з яго, відаць, быў нікудышны, бо нават з такой адлегласці не забіў, а толькі праніў. Сам уцёк, і след яго прастыў. Знайсці злачынцу не ўдалося. Не бяруся палічыць усе падобныя ахвяры адраджэння савецкай улады ў нашым раёне. Скажу толькі: шмат, нават вельмі шмат. Усім ім зараз стаіць помнік-абеліск каля праваслаўных могілак па вуліцы Савецкай насупраць "Сельмаша".

Восенню 1945 года ў вёсцы Кабыльнікі (зараз - Крыніцы) забілі ўсю сям'ю старшыні сельскага Савета Кухарава А.М. Яго разам з жонкай,падлеткам сынам і цёшчай запрасілі ў госці. А калі яны прыйшлі, хату акружылі і ўсіх забілі. Гэтае забойства стала вяршыняй цынічнага злачынства. Целы забітых схавалі ў хмызняках за вёскай. Пахавалі гэтыя ахвяры бандытызму на- прыканцы вёскі Кабыльнікі. Там яны знаходзяцца па сённяшні дзень, насупраць адміністрацыйнага будынка эксперыментальнай базы "Ніва".

Былі і іншыя не менш жорсткія і цынічныя выпадкі. Тым часам ішла поўным ходам перабудова сельскай гаспадаркі на новы сацыялістычны лад - ствараліся калгасы і саўгасы. Вышэйшаму дзяржаўна-партыйнаму кіраўніцтву краіны здавалася, што "працэс" ідзе вельмі марудна. Было вырашана змяніць партыйнае кіраўніцтва раёна. Ад пасады першага сакратара РК КП/б/Б вызвалілі Георгія Піліпавіча Турыка і на яго месца прывезлі больш маладога, энергічнага, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Аляксандра Міхайлавіча Артамонава. Гэта таксама не высокааадукаваны партыйны функцыянер. Меў не больш за сярэднюю адукацыю. За шчырую працу па калектывізацыі раёна хутка быў накіраваны на вучобу у Вышэйшую рэспубліканскую партыйную школу. Назад ужо ў Ліду не вярнуўся. На фоне новага сакратара райкаму, Георгій Піліпавіч выглядаў больш лаяльным, спакойным, ураўнаважаным, узбагачаным значным жыццёвым досведам. Калі яго змянілі, усе супрацоўнікі райкаму, і не толькі, моўчкі шкадавалі і паціху перашэптваліся паміж сабой. За зменай першага партыйнага кіраўніка раёна пачаліся іншыя і не толькі ў партапараце, але і ў райвыканкаме і іншых дзяржаўных установах. Працэс калектывізацыі набыў "патрэбныя тэмпы". Хутка ішло абагульненне маёмасці былых аднаасобнікаў: зямлі, хатняй жывёлы, сельскагаспадарчага інвентару і нават асобных пабудоў - гумнаў, свірнаў, абораў. А калі надышоў час жніва, пайшла бітва за абагульненне пасеянага яшчэ аднаасобна жыта. Перамога аказалася на баку ўлады. Ці не рабаўніцтва гэта было?

Да чаго яно прывяло, можна меркаваць па на-ступным. Калі адразу пасля вызваленя на рынку можна было досыць танна купіць мяса на любы густ - свініну, ялавічыну, цяляціну, бараніну, субпрадукты, сялянскае масла і малако, то пасля стварэння калгасаў прылаўкі ў большасці апусцелі, а з часам і зусім былі зачынены. Калгаснікі з вёскі пацягнуліся ў горад па хлеб і іншыя прадукты харчавання. У магазінах пачалі ўзнікаць шматлікія чэргі. Бывала, калі своечасова не паспееш купіць хлеба, значыць застанешся без яго. Не той стала і якасць прадуктаў. Напрыклад, калі белы батон паляжыць хоць адны суткі, ім можна было забіваць у сценку цвікі.

Нам, абывацелям, тлумачылі гэтую ненармальную з'яву адсутнасцю кваліфікаваных кадраў у кіраўніцтве калгасамі. На пасады старшынь калгасаў пачалі прызначаць людзей з горада, якія іншы раз не здольны былі адрозніць сельгаскультуру ад пустазелля. Не часта, але такое задаралася. Затое, які рэвалюцыйны напор у іх быў!

Кіраўніцтва калгасаў стала калектыўным. Яно мела выгляд трохкутніка: старшыня, партарганізацыя, праўленне калгаса. У ім самы тупы кут быў адведзены праўленню. Усё рабілася па ўказцы з раёна: колькі і чаго пасеяць, калі пасеяць і калі сабраць, што дзяржаве аддаць, а што сабе пакінуць (бывала і нічога).

Самога калгасніка абмежавалі да жабрачага існавання. Ён меў права мець адну карову ды якое-небудзь свінчо і курыцу. І не больш. Затое, шмат стала начальства ў разліку на душу насельніцтва. Вось такі быў расклад падзей на пачатак 50-х гадоў ужо мінулага стагоддзя.

Работа ў райкаме была незнаёмая, умовы працы і атачэнне таксама. Трэба было да ўсяго прыстасоўвацца і прывыкаць. Пагутарыўшы з тымі работнікамі райкама, што паспелі ўжо адведаць яе смак, зразумеў - будзе нялёгка. Але ж не багі гаршкі апальваюць. Работа райкаму камсамолу будавалася пад кальку з работы вышэйшых партыйных і камсамольскіх органаў: праводзіліся пленумы, на якіх абмяркоўваліся праграмныя ў рабоце райкаму пытанні, прымаліся пастановы - кіраўніцтва да дзеяння; кожны чацвер засядала бюро райкаму, на якім абмяркоўваліся арганізацыйныя пытанні, прыём у камсамол, прымаліся рашэнні па бягучых справах. Астатнія пяць дзён тыдня прысвячаліся канцылярскай рабоце і паездкам у раён. Для мяне, як сакратара па прапагандзе, вельмі важным было арганізаваць ідэялагічную работу - гурткі камсамольскай палітасветы па вывучэнні "Кароткага курса ВКП/б/", біяграфіі І.В. Сталіна; чытку лекцый для моладзі, арганізацыя спартыўных ды іншых мерапрыемстваў. Весці сярод моладзі антырэлігійную прапаганду. Арганізоўваць для лектараў і прапагандыстаў метадычныя семінары. Праз камсамольскія арганізацыі весці работу па падпісцы на перыядычныя выданні. Перш за ўсё на газеты "Сталинская молодёжь" і "Чырвоная змена".

Акрамя гэтага трэба было выконваць шматлікія партыйныя даручэнні. Часцей па арганізацыі работы ў новастворанных калгасах. Ды ці можна тут усё зараз пералічыць! Выконваць прыходзілася з вялікімі цяжкасцямі, са скрыпам. Шмат намаганняў было скіравана на стварэнне камсамольскіх арганізацый - "прывадных рамянёў партыі" - у калгасах. З гэтай мэтай у вёскі пасылаліся цэлыя групы агітатараў з камсамольцаў горада - заводаў, фабрык, дяржаўных і навучальных устаноў. Плацілі ім нават камандзіровачныя. Памятаю, як у адной з такіх груп агітатараў была піянерважатая СШ №3. дзяўчына-прыгажуня. Каля яе вясковыя хлопцы так і віліся. Дзе ж ты тут устрымаешся! Але ж і яна загітавала, бадай, толькі двух хлопцаў. Іншыя не зрабілі і таго. Не ішла калгасная моладзь у камсамол. І дзіўнага тут няма нічога. Юнакі і дзяўчаты вёскі не бачылі ў гэтым сэнсу. Акрамя таго яны баяліся: хто будзе ўступаць у той камсамол, калі існуе небяспека, што за гэта ноччу прыйлуць "лясныя госці" ды заб'юць. І такое здаралася. Але ў абкаме ЛКСМБ ніякай скідкі на гэта не рабілі. Памятаю, як з абкаму прыехаў інструктар Чарноў высвятляць, як ідзе работа ў гэтым кірунку. З'ездзілі з ім у адзін з калгасаў. А назаўтра абляцела горад вестка: забілі А. Стралкоўскага і салдат. На твары майго калегі адбілася непадробная трывога. Папрысутнічалі на пахаванні. А назаўтра мой інструктар, нават не папярэдзіўшы райкам, даў дзёру дадому. Колькасны рост камсамольскіх арганізацый ішоў вельмі марудна. Уступалі ў камсамол, як той дзед Шчукар з "Поднятой целины" Шолахава, каб атрымаць якую-небудзь пасаду ў калгасным праўленні. Але такіх пасад было не так шмат, а моладзі было ў той час многа. Калгасныя камсамольскія арганізацыі атрымлівалі такі статус, калі ў ёй было не менш 3-х камсамольцаў. Таму ў іх запісвалі часцей тых, хто ў калгасе не працаваў і не меў да яго ніякага дачынення - сельскіх настаўнікаў, лекараў ФАПаў, іншы раз тых, хто быў прыпісаны ў вёсцы, а працаваў на заводзе ў Лідзе ці Бярозаўцы. Увогуле, існавала неразбярыха. Прыязджаў высвятляць сітуацыю па гэтым пытанні сам першы сакратар абкама камсамолу А.Н. Аксёнаў. Мы доўга з ім гутарылі. Не ўсё я яму расказваў з таго, што пішу сёння тут. Вядома, у Аляксандра Нікіфаравіча склалася далёка не вясёлкавае ўражанне. Мне ён нічога не сказаў, але было відаць, - адпаведныя высновы для сябе ён зрабіў. Апошні раз я сустракаўся з А. Н. Аксёнавым ранняй вясной 1953 года, калі ён ужо быў трэцім сакратаром ЦК ЛКСМБ. Ездзіў я ў ЦК са спрваздачай аб стварэнні яшчэ адной маладзёжнай арганізацыі - спартыўнага дабраахвотнага таварыства "Калгаснік". Тады ўсё рабілася "дабраахвотна-прымусова". Куды там да таварыстваў! Яшчэ няма сапраўдных калгасаў. Калгаснікам за працу няма чым плаціць. Атрымліваюць на працадні "грамулькі", а то і нічога. Заробак за год можна было прынесці пад пахай. А ўжо вышэйшае камсамольскае начальства і начальнікі ад спорту патрабуюць, каб яны пералічвалі грошы на рахунак спорткамітэту! Становішча было зразумелым для ўсіх. Тым не менш, ціск зверху быў страшэнны. І для такой уражлівай натуры, як мая, гэта дарма не прайшло. А ўлічваючы абставіны, аб якіх я ўжо расказаў вышэй, я не стаў размалёўваць ружовымі фарбамі сітуацыю. Бо ў гэтым выпадку трэба было хлусіць. Рабіць такое я не хацеў. Справаздачы не атрымалася.

Не менш важным лічылася ідэялагічная работа: арганізацыя і правядзенне публічных лекцый на міжнародныя тэмы,тэмы ўнутранай палітыкі партыі і ўраду і іншыя. На першы погляд тут цяжкасці быць не павінна. Але ж у раёне ў той час не хапала для гэтага даволі адукаваных кадраў. Вышэйшая адукацыя была рэдкасцю. Больш за ўсё для гэтага выкарыстоўвалі мясцовых настаўнікаў, лекараў, некаторых спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Нешта ўсё ж такі ўдавалася зрабіць. Выступленні лектараў суправаджаліся арганізацыяй вечароў адпачынку - выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці, танцамі. Драматычныя гурткі пры хатах-чытальнях ставілі сцэнічныя пастаноўкі. У такім сэнсе, дзе не закраналася палітыка, справы ішлі куды лепш.

Не менш чатырох разоў у год (штоквартальна) прыходзілася займацца падпіскай на перыядычныя выданні. І зноў такі не без праблем. Не хацелі людзі вёскі выпісваць газеты. А хто хацеў, той грошай не меў. Падпісчыкаў было не багата. А тыражы газет раслі, за імі раслі і планы падпіскі. Скокам-бокам неяк удавалася выканаць гэты план. У час кампаніі мабілізоўвалася ўсё, што толькі было магчыма, абы толькі выканаць злашчаснае заданне.

З дня на дзень з Гродна паступалі тэлеграмы, тэлефонныя званкі, якія папярэджвалі аб адказнасці за зрыў падпіскі. Справаздачы аб яе ходзе прыходзілася даваць амаль кожны дзень. Іншы раз позна вечарам выклікалі на вузел сувязі і там арганізоўвалі так званыя "селектарныя нарады". Сядзяць сабе ў кабінеце вышэйшыя чыноўнікі ад партыі і камсамолу праз гучнагаварыцель выклікаюць каго-небудзь з раённых аддзелаў прапаганды райкамаў партыі ці сакратара райкаму камсамолу і пытаюць, як ідзе выкананне плану падпіскі. Тым часам звяраюць дадзеныя са сваімі, што ляжаць на стале. Барані Бог каму-небудзь паспрабаваць ашукаць! Тады ўжо дадуць чосу, што мала не падасца. Пытанні падпіскі і распаўсюджання перыядычных выданняў не раз абмяркоўваліся на паседжаннях бюро. Ды што толку: у людзей у вёсцы грошай няма, а іншыя проста не хочуць ні выпісваць, ні чытаць.

Быў у раёне адзін начальнік паштовага аддзялення - Ганчарскага, В.В. Казлоў (Казёл), у якога план падпіскі выконваўся і нават перавыконваўся, як у казцы. Сакрэт гэтага фенамену ўдалося разгадаць толькі праз значны час, калі я ўжо пакінуў сцены свайго былога райкамаўскага кабінета. Аказалася ўсё адбывалася праз нейкую рэлігійную арганізацыю, святаром якой ён быў.

Разглядаліся на паседжаннях бюро райкаму іншы раз вельмі далікатныя і нават лёсавызначальныя для іншых пытанні. Гэта ж быў пачатак 50-х, да 1953 года. Хто жыў у той час, памятае і ведае, пра што ідзе гаворка. Усё яшчэ вышуквалі, выкрывалі "здраднікаў і ворагаў народа". Бывала, сёння сустрэнешся з якім-небудзь з работнікаў дзяржаўнай установы, а назаўтра ён знік як "здраднік". Такое здарылася, напрыклад, са старшынём Ганчарскага сельсавета К.

У раённы аддзел МГБ паступіў "дакумент", быццам, адзін з дырэктароў школ раёна Н. у гады акупацыі вучыўся ў немецкай школе і ўдзельнічаў у адной з фашысцкіх арганізацый. Нам было загадана абмеркаваць на бюро ягоную "асабістую справу" і выключыць з радоў ВЛКСМ. Ніякіх дакументаў аб яго злачыннай дзейнасці нам нават не паказалі. Мы дзейнічалі пад лозунгам: "Партия сказала надо, комсомол ответил есть!" - выключылі хлопца з камсамолу. А што для яго гэта значыла? З пасады дырэктара яго вызвалілі. Маглі пасадзіць у турму, але гэтага не зрабілі. Правялі допыт і перавялі працаваць настаўнікам у іншую школу. Як мне падалося, гэта быў брудны данос аднаго з яго калегаў, які вельмі хацеў узыйсці на дырэктарскі трон. Ён і быў першапачаткова прызначаны на гэтую пасаду, але тольмі на некаторы час.

Паўсюдна вялася так званая антырэлігійная прапаганда. Парушэнне "камсамольскай дысцыпліны" ў гэтым кірунку каралася выключна строга. Можна было не толькі страціць пасаду, але і быць пазбаўленым права займацца надалей сваёй прафесіяй. Напрыклад, працаваць настаўнікам. Падобнае можна разглядаць, як забарону на прафесію. Тым не менш такія "парушэнні" здараліся. Сёння тыя, хто у той час быў гатовы зняць стружку з парушальніка антырэлігійнага "табу", цалуюць выпешчаныя ручкі святарам, ходзяць у хвасце за імі са свечкамі даўжынёй у метр. Калі бачыш зараз усё такое, дзіву даешся.

Настаўнікі адной са школ раёна К. "без дазволу" камсамольскай арганізацыі, але пад націскам бацькоў, узялі і ахрысцілі сваю народжаную дзяўчынку. Што тут пачалося! Паводзіны настаўнікаў абмяркавалі на сходзе камсамольскай арганізацыі. Сваё рашэнне перадалі ў райкам на разгляд бюро. Самога настаўніка з шэрагаў ВЛКСМ не выключылі. Чаму, не буду спыняцца. Затое выключылі жонку, маці народжанага немаўляці. Яна вымушана была пакінуць працу ў школе.

Прыходзілася разглядаць і іншыя, надзвычай дэлікатныя пытанні. Напрыклад, адносіны паміж жонкай і мужам і наадварот. Каб разглядаць падобнае, патрэбен вялікі жыццёвы досвед. У нас яго не было. Мы секлі з пляча, не разабраўшыся, што робім, кіруючыся чыста пачуццямі ды эмоцыямі. Не хапала разважлівасці і ведаў пры рашэнні і іншых пытанняў. А іх было, хоць адбаўляй.

У райкам з іншых устаноў і арганізацый паступалі рознага роду паперы: з аддзелаў культуры і спорту райвыканкаму, каітэту ДАСААФ, Чырвонага Крыжа і Паўмесяца. І ў кожнай з іх нешта прасілі, патрабавалі, чакалі дапамогі. Райкам жа мог дапамагчы ў чым-небудзь альбо арганізацыйна, альбо звычайнай парадай.

Нам здавалася, што робім шмат. І гэта праўда. Але наша праца не давала той аддачы, на якую мы разлічвалі, і якой ад нас чакалі. Хоць стараліся ўсе з пафасам, камсамольскім задорам і напорам. Пісаліся разумныя пастановы, рэкамендацыі, праводзіліся іншыя арганізаваныя мерапрыемствы. Выказваліся ўзнёслыя патрыятычныя прамовы. А сапраўднага выніку ўсё не было. Ва ўсіх справаздачах прыходзілася выкарыстоўваць вельмі шмат ружовай фарбы. Мы і самі хутка сталі верыць у тое, што пісалі. Чаму? На мой асабісты погляд, каб пасеў узышоў і даў свае парасткі, трэба добра падрыхтаваць для яго глебу. У нашым выпадку - спрыяльныя ўмовы. А іх у нас не было. Мы недзе хутка беглі без аглядкі, здавалася, жадаючы адарвацца ад свайго ценю. Таму і зрабілі менш, чым маглі. Ды і работу нашу не ўсе ўспрымалі належным чынам. Вось такія незайздросныя старонкі мне прыйшлося запісаць у сваю біяграфію. Было і іншае. Мы не былі выключэннем. Усе недзе спяшаліся. Па-чапаеўску: наперад і толькі наперад. Калі заб'юць, і то падай галавой ўперад. Не паспеўшы замацаваць адно, хапаліся за другое. У выніку бывала развальвалася дасягнутае, і не дасягала мэты новае. Таму сёння маем тое, што маем. Не магу абысці адзін для мяне вельмі непрыемны выпадак. Быў 1952 год. У вёсцы ўсё яшчэ працягвалася калектывізацыя. Створаныя калгасы і калгасамі назваць было нельга. Пасевы, уборка і іншыя сельгасработы праводзіліся пад "чуткім кіраўніцтвам" партыйных органаў раёна. У вёску накіроўвалі, падобна да прадатрадаў у час ваеннага камунізму, атрады ўпаўнаважаных з ліку савецка-партыйнага актыву. Пасылалі без разбору - разумее што-кольвечы гэты прадстаўнік дзяржавы ў сельскай гаспадарцы ці не. На гэтую тэму ў народзе хадзіла шмат розных анекдотаў. Прыходзілася бываць з такімі даручэннямі і мне. У той час я ўжо быў членам КПСС. Накіравалі мяне ў толькі што створаны калгас у вёсцы Мігуны былога Тракельскага сельскага Савета. Дабірацца да "пункта прызначэння" было няпроста. Арганізаванага транспарту не было. Прыходзілася карыстацца "папуткамі" альбо хадзіць пешшу. На гэты раз прыйшлося пазнаць і адно, і другое.

Прыйшоўшы на месца, перш-наперш адшукаў "старшыню калгаса". Сустрэў ён мяне ветліва, запрасіў у хату. На стол паставіў бутэльку самагонкі ды сялянскай закускі. Селі, пагутарылі. Я і кажу, што трэба, пакуль цёплае сухое надвор'е спрыяе палявым работам, старацца хутчэй закончыць веснавы сеў ды пасадзіць бульбу. Старшыня са мной пагаджаецца, падліваючы "вогненнай вады" ў чаркі. Я ведаў, што гэта за край - Тракельскі сельсавет, там ужо не адзін партработгнік стаў ахвярай "начных ваяўнікоў", таму прапановы гаспадара прымаў вельмі асцярожна. Да таго ж павінен быў выканаць партыйнае даручэнне. Усталі з-за стала і пайшлі "арганізоўваць працу калгаснікаў". Бачу, мой гасцінны гаспадар бярэ сахор і накіроўваецца ў хлеў выкідаць і ладаваць на воз гной. Не збіраўся ён везці яго на калгаснае поле - на свой прысядзібны ўчастак. Калі я зрабіў яму заўвагу, ён як кінецца на мяне з сахаром, я ледзь паспеў ухіліцца. Без малага не аказаўся нанізаным на гэты чатырохзубы "шампур". Той "свой удзел у арганізацыі працы ў калгасе" не магу без уздрыгвання ўспамінаць нават сёння, больш за 50 год пасля.

Не ведаю, у каго хапіла б мужнасці ў адзіноце ўступіць у адзінаборства з раз'юшаным зверам у глыбокай глухой, забытай Богам і людзьмі вёсцы. Мне не заставалася нічога іншага, як рэціравацца. І я, як кажуць, пайшоў, "нясолана хлябаўшы".

"Атрады ўпаўнаважаных" нічога, акрамя шкоды, не прыносілі. У іх работнікі партыйна-савецкага апарата толькі разбэшчваліся. Замест выканання сваіх прамых службовых абавязкаў, сядзелі бязвыездна ў вёсках, прыязджаючы дамоў толькі для таго, каб схадзіць у лазню ці атрымаць прызначаную зарплату на сапраўдным месцы працы.

Але ж, каб былі толькі гэтыя знешнія цяжкасці ў працы. На жаль, былі і ўнутраныя, і першая з іх - згадваны ўжо, мой шмат паважаны шэф. Крыві і нерваў ён папсаваў мне шмат і адчувальна. Аднойчы восеньскім вечарам па ўсім горадзе патухла святло, працавалі тады да 10 гадзін вечара. Газавую лямпу запальваць не хацелася, і мы сядзелі папоцемку ўдваіх. Я ўзяў ды сказаў, што вельмі цяжка наладзіць работу палітгурткоў у калгасах і нават у некаторых установах ажыццяўляць падпіску на газеты. Ніхто не хоча ўступаць у камсамол. І што мне хацелася б зараз працаваць дзе-небудзь у вясковай школе і г.д. Гэта была сяброўская, даверлівая размова. І як я быў здзіўлены, калі на адным з Пленумаў АК ЛКСМБ тадышні першы сакратар А. Н. Аксёнаў, выступаючы перад членамі пленума абкама і сакратарамі райкамаў, выклаў гэтую размову з высокай трыбуны ва ўсіх падрабязнасцях з адпаведнай інтэрпрэтацыяй. Быццам, нехта запісаў гутарку на магнітафонную стужку. Дарэчы, у той час пра магнітафон можна было толькі марыць. Сядзеўшы побач са мной мой Міхал Захаравіч затузаўся на крэсле, як той вуж на вуглях. Дзявацца не было куды. Відаць, дзесьці ў далёкім кутку свядомасці прачнулася кропелька сумлення, і ён сказаў: гэта я яму расказаў. Можна было не казаць - усё і так было ясна. Чалавек я даверлівы, уражлівы і лёгка ранімы. На жаль, недастаткова валявы. Таму, пэўна, ясна, як і наколькі магло паўплываць усё падобнае на мой маральна-псіхалагічны стан, на адно сіны да работы, як адбілася ўвогуле на паводзінах. Можа паказацца, што гэта дробязь, нічога не значыўшы і не варты ўвагі эпізод з жыцця аднаго асобна ўзятага індывідыюма. Магчыма. Але ўзята як эпізод толькі "краюшка гнязда" палітычнай сістэмы таго часу. І я далёка не ўпэўнены, што дзесьці не было падобнага. У тыя прыснапамятныя часы Паўлікаў Марозавых было хоць адбаўляй. Менш было Матросавых, гатовыя грудзямі закрыць рот, вывяргаючым гнусную хлусню і паклёп на сумленных людзей. І ім, на жаль, верылі. Відаць фашысцкі ідэёлаг гітлераўскай Германіі доктар Гебельс добра ведаў псіхалогію чалавека, калі казаў: "Чым неверагодней хлусня, тым больш ёй вераць". (Выказванне, магчым не даслоўнае, але сэнс такі). Не памятаю з якога выпадку, у адным са сваіх выступленняў І. В. Сталін казаў: "Калі на чалавека пастаянна казаць: свіння, свіння, свіння - у канцы канцоў ён захрукае".

Такі паўсядзёны псіхалагічны ціск не кожны можа вытрымаць. Былі і такія, хто пад уплывам прад'яўленых абвінавачванняў (хай сабе і наскрозь прасякнутых хлуснёй), пераконваў сам сябе, што ён сапраўды пераступіў "ідэялагічную мяжу дазволенага". І яны сыходзілі са сцэны ў небыццё. Але і гэта ўдавалася не ўсім. Пайсці па асабістым жаданні з выбарнай пасады - партыйнай ці камамольскай, савецкай - можна было двума шляхамі: здзейсніць злачынства ці калі цябе не выбяруць на наступны тэрмін. Другі шлях - гэта той жа першы. Трэба, каб усе паверылі ў тое, што ты не адпавядаеш свайму прызначэнню, і тады цябе не выбяруць. А чаго гэта каштавала пасля...

Нават калі я пакінуў сваю пасаду ў камсамоле мой "благодетель" у спакоі мяне не пакінуў. Перад тым, як мне ўладкавацца на педагагічную работу, пазваніў загадчыку РайАНА А.Н. Шакалаву і "выказаў сваю асабістую нязгоду" аб прызначэнні мяне настаўнікам адной са школ раёна. Рабіў гэта як "член бюро РК КПБ". На шчасце, Аляксандр Нікіфаравіч на гэтую заяву "члена бюро РК КПБ" толькі ўхмыльнуўся і прызначыў мяне настаўнікам Шайбакоўскай школы, дзе ўжо працавала мая жонка. Так закончыўся мой паход у палітыку і ўзыходжанне на высокі камсамольскі алімп.

Калі ў 1967 годзе мяне хацелі паслаць на вучобу ў Рэспубліканскую ВПШ у Менску, з аднаго боку мне хацелася, а з другога боязна было, што зноў прыйдзецца прайсці падобнае "чысцілішча на прыгоднасць"? Верх узяло апошняе -адмовіўся ісці.

Сёння, вяртаючыся думкамі ў тыя часы, сам сабе прызнаюся, што ўсё, што здарылася, павінна было здарыцца. Я, бадай, не быў гатовы там быць з-за розных акалічнасцяў. Але чаму прыйшлося прайсці праз такі бруд? Ці нельга было інакш? Ці захаваў я пасля ўсяго пачуцці крыўды ці, крый Божа, помсты? Не! І яшчэ раз не!

Хоць я тут і расставіў акцэнты больш на адмоўных момантах свайго становішча ў "элите уездного масштаба", было, аднак, нямала і станоўчага, што аказалася карысным у будучыні. За два гады свайго сакратарства я больш шчыльна наблізіўся да грамадскага і палітычнага жыцця не толькі раёна, вобласці, але і рэспублікі. Глыбей пазнаў ягоны стан і змест. Сам у чымсьці прымаў удзел. Больш кантрасна ўбачыў станоўчае і адмоўнае. Былі вакол мяне людзі іншага пакрою: разумныя, дабразычлівыя, спачувальныя, гатовыя прыйсці на дапамогу ў любы момант. Не ўсе ж былі з Алтая. У гэтым сэнсе не магу не ўзгадаць з удзячнасцю трэцяга сакратара РК КП/б/Б-КПСС Міхаіла Васільевіча Працкевіча, занава прызначанага загадчыка аддзела прапаганды РК КП/б/Б М.Я. Дадзькова, загадчыкаў аддзела партыйных, камсамольскіх і прафсаюзных арганізацый Івана Сцяпанавіча Бандажэўскага, А. А. Лук'янава, які абараніў мяне ад вельмі небяспечных наступстваў з-за чарговага паклёпу "ура-патрыётаў". Вялікую маральную падтрымку атрымліваў ад загадчыцы кабінета палітасветы Галіны Аляксандараўны Карповіч - Бандажэўскай. Не магу не сказаць словы ўдзячнасці сваім супрацоўнікам РК ЛКСМБ А. П. Зюлінай, Н. Меркуль. Ды ці ўсіх пералічыш.

Акрамя таго, прыйшлося сустрэцца з многімі людзьмі, імёны якіх упісаны вялікімі літарамі ў нашу гісторыю. Перш за ўсё гэта тадышні першы сакратар ЦК ЛКСМБ, Герой Савецкага Саюза, партызан Вялікай Айчыннай вайны, Пётр Міронавіч Машэраў, міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Пётр Захаравіч Калінін, выдатны паэт Беларусі Максім Танк (Яўген Скурко) і інш.

Удзельнічаючы ў рознага рода абласных, рэспубліканскіх форумах, нарадах, канферэнцыях, семінарах я значна пашырыў свой палітычны і грамадскі далягляд. Усё гэта пасля пайшло мне на карысць.

Такі нялёгкі і трывожны час прыйшлося пражыць і перажыць. Сёння, аглядваючыся назад, задаю сабе адно і тое ж пытанне: а ці нельга было інакш, ці не было іншага шляху перабудовы нашага грамадскага жыцця на іншы лад? Без лішніх ахвяр. Сёння мы ставім ім помнікі і абеліскі, ускладаем вянкі і кветкі, выказваем словы ўдзячнасці, паўтараючы словы Буравесніка рэвалюцыі - Горкага: "Безумству храбрых поём мы песню".

Краязнаўчая работа

Шмат гадоу я прысвяціў краязнаўству. Свой удзел у краязнаўчай рабоце я падзяліў бы на тры перыяды: знаёмства з родным краем у дзіцячыя і школьныя гады, у час збору матэрыялаў для напісання дыпломнай работы пры заканчэнні геаграфічнага аддзялення фізіка-геаграфічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта на тэму "Фізіка-геаграфічная характарыстыка Лідскага раёна" і ў час работы пазаштатным экскурсаводам Лідскага бюро падарожжаў і экскурсій.

Калі ў першым і другім выпадках займаўся выключна знаёмствам і вывучэннем прыроднага наваколля, то ў апошні час прысвяціў гэтую работу цалкам вывучэнню гісторыі і мінуўшчыны свайго горада і раёна, этнічным даследванням і культуры.

У выніку шмат матэрыялаў апублікаваў у рэспубліканскіх, абласных і мясцовых перыядычных выданнях: "Советская Белоруссия","Краязнаўчая газета","Белорусская нива",часопісе "Роднае слова"; у абласной газеце "Гродненская правда". Канешне ж, больш за ўсё было надрукавана ў нашай раёнцы - "Лідская газета". Некалькі матэрыялаў надрукавала прыватная мясцовая газета "Принёманские вести". На прыканцы мінулага года артыкул пра нашага земляка, вялікага польскамоўнага паэта Адама Міцкевіча, памясціў на сваіх старонках польскі часопіс '"Гонец крэсовы" ("Крэсавы кур'ер"). Зараз падрыхтаваны да друку вялікі матэрыял, прысвечаны паэту, на тэму "Адам Міцкевіч і яго жанчыны".

Некаторыя надрукаваныя артыкулы ў "Лідскай газеце" і "Принёманских вестях" былі выстаўлены на конкурс журналістаў Беларусі Пасольствам Рэчы Паспалітай у Беларусі і ў "Белорусской ниве". Дзве з іх атрымалі Дыплом Пасольства РП і Падзяку Міністэрства культуры РБ адпаведна.

Працуючы настаўнікам геаграфіі ў школах горада склаў фізіка-геаграфічны атлас раёна. У яго змест увайшлі фізіка-геаграфічная, геолага-геамарфалагічная карты, геалагічны разрэз і комплексны геамарфалагічны і раслінны профіль тэрыторыі раёна. Склаў гіпсаметрычную крывую рэльефу Лідскага раёна. Па шматгадовых дадзеных назіранняў за надвор'ем склаў комплексны графік кліматычных элементаў - сярэдніх. мінімальных і максімальных тэмператур, колькасці выпаўшых ападкаў на працягу года, вышыні Сонца над гарызонтам і працягласць дня і ночы. Быў ахарактарызаваны рэжым рэк: Нёмана, Дзітвы, Лідзейкі.

Нарэшце была выдана кніжка пад назвай "Горад Ліда: гісторыя, легенда, факты"- папулярны гісторыка-геаграфічны нарыс. Нягледзечы на некаторыя недахопы, кніжка, бадай, паклала пачатак актыўнаму развіццю краязнаўства ў горадзе.

Зараз нарыс грунтоўна перапрацаваны. Напісаны ў іншым кантэксце. У яго ўнесены значныя папраўкі, дапаўненні, удакладненні, выпраўлены дапушчаныя ў першым выданні хібы і памылкі. Акрамя гэтага, напісаны асобныя замалёўкі з асабістага жыццёвага досведу, якія ўвайшлі ў аўтабіяграфічны нарыс "Пра час і пра сябе". Нарыс цесна звязаны з біяграфічнымі момантамі і палітычнымі падзеямі.што адбываліся на Лідчыне, і ў якіх нават прыходзілася прымаць нейкі ўдзел. Усе яны абгрунтаваны адпаведнымі дакументамі.

Адным вывучэннем роднага краю не абмяжоўваўся. У 80 -я гады мінулага стагоддзя зведаў шмат мясцін былога Савецкага Сагоза: ад карэльскіх блакітных азёр і цёмна-хвойных лясоў да раскошных пальм і розадэндронаў у Крыме і на Каўказе;ад граніц Польшчы з Германіяй і Чэхаславакіяй на захадзе да данскіх і прыволжскіх стэпаў і да самой Волгі на ўсходзе. Шмат цікавага і незабыўнага назбіралася і захавалася ў памяці да сёння.

Непаўторны след застаўся ад наведвання Кранштадта і Севастопаля, Брэста і Валгаграда. Уразіла сваёй сціпласцю і непаўторнай маляўнічасцю лецішча рускага генерала, шведа па паходжанні, а дзяржаўнага дзеяча Фінляндыі - Карла Манергейма, са знакамітай ягонай абарончай лініяй на Карэльскім перашыйку. Такое ж уражанне засталося ад знаёмства з дачай Маршала Савецкага Саюза Г.К. Жукава ў Сасноўцы па Рублёўскай шашы пад Масквой. Незабыўным застанецца наведванне Мемарыялу на Мамаевым Кургане ў Валгаградзе.

Назаўсёды застануцца ў памяці наведванні сядзібы знакамітага рускага мастака І.Я. Рэпіна ў Рэпіне (Куокала) і дома-музея М.А. Астроўскага, аўтара шырока вядомага рамана "Как закалялась сталь" у Сочы, пахаванняў С. Ясеніна і У. Высоцкага на Ваганькаўскіх могілках у Маскве, копіі крамлёўскага кабінета Леніна у музеі Узброенных Сіл СССР у Маскве і шмат іншага.

Скарбонка ведаў запоўнена да краёў. Ды толькі з часам без ужытку яна пачынае апаражняцца.

Хіба не ведалі добра сваю справу нашы продкі, калі казалі: "Калі за ўсё жыццё ты не здзейсніў ніводнага падарожжа, не можаш лічыць сябе інтэлігентным чалавекам"?

Мне пашчасцілася здзейсніць некалькі каротка-тэрміновых вандровак. Найбольш цікавымі і пазнавальнымі былі: падарожжы па Прыбалтыцы - ад Таліна да Калінінграда на тэрыторыі былога СССР і далей па узбярэжжы Польшчы ад Гданьска да самага мыса на паўвостраве Хэль; па рацэ Дон, па данскіх і прыволжскіх стэпах да самай Волгі, давялося праходзіць на цеплаходзе "Мусаргскі" шлюзы Волга-Данскога канала; захапляльным быў пад'ём на хрыбет Каўказа да самага ледавіка, цікава было бачыць, як з маленькіх кропелек вады пачынаецца бурная горная рака Ардон. Захапляльна праехаць па Польшчы праз гарады Беласток, Варшаву, Познань, старажытны Кракаў, Закапане, Гданьск, Гдыню, Сопат; любавацца ландшафтамі Балтыйскага мора, Мазавецкімі раўнінамі і гарамі Карпаты і асабліва цудоўным горным возерам у Татрах - Марское Вока; пабываць на Вэстарплятэ, дзе адбыўся першы бой Другой Сусветнай вайны; пабываць каля дома былога прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы ў Гданьску і пабачыць шмат іншых цікавых мясцін.

Ніколі не забуду гарады вайсковай славы - Кранштадт, Севастопаль, Валгаград, Брэст.

Шмат падарожнічаў па Беларусі: Белавежская пушча, возера Нарач, старажытныя гарады Навагрудак, Гродна, сталіца краіны Мінск, усе абласныя гарады. Канешне, засталіся яшчэ і белыя плямы ў маёй краязнаўчай працы.

Там за бугам - сябры

Шмат стагоддзяў жывуць побач два этнічна блізкія адзін да другога народы - беларусы і палякі. Нямала агульнага ў іх гісторыі, культуры, мовах, абрадах, традыцыях.

Між тым,адносіны паміж імі на працягу значнага гістарычнага часу складаліся вельмі няроўна. Былі перыяды, калі яны развіваліся прыязна,але бывалі і такія, калі інакш, як варожымі, іх не назавеш. Узнікалі войны, якія нічога акрамя гора людскога ды разбурэнняў, не прыносілі ні адным, ні другім. Усходняя мудрасць гаворыць: "Увесь свет любіць проста, але паспрабуй палюбіць суседа".

Першая спроба прыпыніць гэтае бессэнсавае супрацьстаянне было пачата ў гады панавання ў ВКЛ заснавальніка Ліды вялікага князя Гедзіміна і Уладзіслава Лакетака - караля Польшчы. 3 гэтай мэтай паміж уладарамі адной і другой дзяржаў была заключана дамоўленнасць аб жаніцьбе іх нашчадкаў - каралевіча Казіміра, будучага караля Польшчы Казіміра Вялікага, з дачкой Гедзіміна - князёўнай Алдонай. 30 красавіка 1325 года кракаўскі біскуп Нанкер ахрысціў Алдону, даўшы ёй новае імя Ганна. 16 кастрычніка пятнаццацігадовыя каралевіч Казімір і літоўская князёўна Ганна-Алдона сталі на шлюбным кіліме насуперак волі сваіх сэрцаў па дамоўленнасці бацькоў.

3 гэтай нагоды Гедзімін вярнуў Польшчы захопленныя ў ранейшых войнах землі і палонных. А Уладзіслаў Лакетак увёў у сваёй краіне новы ордэн Белага Арла, які да сёння з'яўляецца высокай дзяржаўнай узнагародай Рэчы Паспалітай.

28 чэрвеня 1328 года Гедзімін і Уладзіслаў Лакетак падпісалі паміж сабой абарончы саюз.

Ад шлюбу Алдоны і Казіміра засталіся дзве дачкі - Эльжбета і Кунегунда. На жаль,пра іх лёс гісторыя маўчыць.

Казімір, нягледзячы на прыгажосць маладой ліцвінкі, не любіў Алдону. Яшчэ больш не любіла яе свякроў, наравістая.ганарлівая каралева Ядвіга. Шлюб аказаўся непрацяглым: 26 траўня 1339 года ва ўзросце 29 гадоў Алдона загадкава памерла. Але нягледзячы на гэта, паміж ВКЛ і Польшчай устанавіліся больш-менш добрасуседскія адносіны. Прыпыніліся войны і набегі, пачаліся эканамічныя і культурныя сувязі. Канфрантацыя паміж дзяржавамі зноў аднавілася, калі польскі кароль Жыгімонт II Аўгуст задумаў далучыць аўтаномнае ВКЛ да Польшчы,.заключыўшы аб'яднаўчую ўнію. Літоўская шляхта, як магла, супраціўлялася падпісанню гэтага нераўнапраўнага дакумента на працягу многіх гадоў. Але сілы аказаліся далёка няроунымі, і сойм ВКЛ быў вымушаны 1 ліпеня 1569 года заключыць унію дзвюх дзяржаў у горадзе Люблін, з-за чаго яна атрымала назву Люблінскай.

Дабіўшыся свайго Жыгімонт Аўгуст быў вельмі ўзрушаны і ўзрадаваны. Пасля складзенай прысягі, нягледзячы на непагадзь з громам, маланкамі і праліўны дождж, сеў на каня і рушыў у замкавы касцёл святога Станіслава. "Там свайму трыадзінаму Богу ў час вялікага набажэнства са слязамі на вачах спяваў хвалу і дзякаваў. Загадаў усім спяваць "Хвалім цябе.Божа" I сам спяваў... Так скончыўся гэты дзень." (П. Ясяніца. Польшча Ягелонаў. т. І, стар. 203. Варшава. І967. Пераклад з польскай мовы аўтара).

Яшчэ ў 1564 годзе Жыгімонт II Аўгуст адмовіўся займаць у спадчыну княжацкі трон ВКЛ. З падпісаннем Люблінскай уніі ў карэннай Польшчы і ў Княстве Літоўскім пачалі выбіраць адзінага караля. Дзяржава стала называцца Рэччу Паспалітай. Падпісанне Люблінскай уніі паміж Польшчай і ВКЛ пераследавала чыста палітычныя мэты і на стасункі звычайных людзей мала ў чым паўплывала. У гэтую пору, роўна як і ў іншыя, усе непаразуменні і сутыкненні паміж імі адбываліся на тле адносін паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай.

Згуртаванне і аб'яднанне беларускага і польскага народаў адбылося ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй у 1772-1795 гадах. Са зброяй у руках беларусы, палякі і ўкраінцы адстойвалі свае правы на незалежнасць супраць прыгнёту іншаземцаў. Сведчаннем таму можа служыць сялянскае паўстанне 1863-64 гадоў супраць панавання Расіі пад трыадзіным сцягам - Арла, Пагоні і Архангела. Гэта толькі дзве гістарычныя вехі ў развіцці суседскіх адносін паміж беларусамі і палякамі.

Дваццатае стагоддзе унесла ў гэтыя стасункі шмат даволі змрочных барваў. Згодна з падпісаным Версальскім мірным дагаворам, які падсумаваў вынікі Першай Сусветнай вайны, Польшча пасля паўтарастагадовага прыгнёту і акупацыі Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй атрымала і 11 лістапада 1918 года абвясціла сваю незалежнасць.

Яшчэ да гэтага 23 сакавіка 1917 года, прыкладна праз месяц пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі, першы Часовы ўрад Расіі, які ўзначальваў князь Львоў, прыняў Дэкларацыю аб прызнанні права Польшчы на самавызначэнне і незалежнасць.

Годам пазней, 29 жніўня 1918 года, ленінскі СНК РСФСР на чале з У.І. Ульянавым (Леніным) прыняў "Дэкларацыю аб ануляванні дагавораў паміж Расіяй, Прусіяй і Аустра-Венгрыяй аб падзеле Рэчы Паспалітай.

Аднак усе гэтыя дакументы не вырашылі галоўнай задачы - пытання граніц адроджанай Польскай дзяржавы. Польшча дабівалася, каб яе граніцы былі ўзноўлены і вызначаны па межах, якія існавалі да падзелаў. На што Расія з уласцівыміёй імперскімі амбіцыямі катэгарычна не пагаджалася. На гэтай падставе паміж Савецкай Расіяй і Польшчай узніклі гарачыя спрэчкі.якія выліліся ў адкрыты ваенны канфлікт. Была ў гэтым і другая суб'ектыўная прычына, аб якой можа быць іншая гаворка. Аднак, нягледзячы на гэта, І 8 сакавіка 1921 года ў сталіцы Латвіі горадзе Рызе быў, нарэшце падпісаны прэлімінарны мірны дагавор.

Гістарычны досвед паказаў, што суседзяў, як бацькоў, не выбіраюць. Што нам лёсам наканавана жыць паміж сабой у згодзе, прязні і дружбе. Іншага шляху да поспеху ў эканамічным і культурным развіцці абодвух народаў не існуе.

Паступова стасункі Польшчы з Савецкай Расіяй, а разам і з Беларуссю, пачалі станоўча нармалізоўвацца. Быў падпісаны цэлы шэраг дамоўленасцяў аб добрасуседстве і супрацоўніцтве. Наладзіліся дыпламатычныя адносіны. Узнікла патрэба наладзіць сяброўскія адносіны і ўсебаковья сувязі грамадскасці краін. Тым больш.што Беларусь у выніку Рыжскага дагавора была падзелена на дзве часткі, адна з якіх - заходняя - аказалася пад уладай Рэчы Паспалітай. 3 абодвух бакоў пачалі стварацца дабраахвотныя грамадскія арганізацыі дружбы і культурнай сувязі паміх народамі Беларусі і Польшчы.

У 1924 годзе ствараецца"Таварыства культурных сувязяў Савецкай Беларусі з заграніцай". Ля яго вытокаў стаялі такія вядомыя грамадскія дзеячы, як Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны, Міхась Чарот і іншыя. Работу "Таварыства" спыніла Другая Сусветная вайна. Пасля вайны яго дзейнасць была адноўлена зноў.

У 1958 годзе ствараецца "Таварыства Беларусь-Полыпча". Яго назва "Таварыства савецка-польскай дружбы" была ўхвалена на рэспубліканскай канферэнцыі ў снежні 1978 года, на якой аўтару пашчасціла прысутнічаць. Многія гады Беларускае аддзяленне яго ўзначальваў Народны паэт Беларусі, Герой Сацыялістычнай працы Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко).

Дату стварэння гэтай арганізацыі ў Лідзе ўстанавіць немагчыма. Адно добра вядома: упершыню яна была створана ў колішняй школе-інтэрнаце. Калі мне прыйшлося ў 1962 годзе пачаць працу ў якасці настаўніка гэтай навучальнай установы, "Таварыства" ўжо існавала. У кастрычніку 1966 года адбыўся справаздачна-выбарчы сход супрацоўнікаў школы.на якім мяне выбралі яго старшынём. У склад праўлення "Таварыства" ўвайшлі: А.Ф. Кулеш - старшыня, А.С. Мазоўка - намеснік старшыні, члены - К.М. Грыбаедава, Л.І. Гурэнцьева, А.П. Шнейдар.

28 кастрычніка таго ж года адбылася абласная канферэнцыя, на якой прысутнічаў старшыня Прэзідыюма "Рэспубліканскага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі" Віталь Сцяпанавіч Смірноў. Да гэтага ён шмат гадоў працаваў у прадстаўніцтве БССР у ААН у Нью-Ёрку. А ўвогуле, там ён правёў 40 гадоў свайго жыцця.

У траўні 1967 года на гарадскім устаноўчым сходзе мяне выбралі старшынём Лідскага гарадскога аддзялення "Таварыства савецка-польскай дружбы". На гэтай пасадзе я адпрацаваў 17 гадоў.

Хваліцца не буду, што шмат зрабіў у гэтай якасці. Праца вялася ў плане гаркаму КПБ. Летам 1967 года была арганізавана сустрэча рабочых і службоўцаў Ліды ў прыгранічнай зоне на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства з грамадскасцю Польшчы. Ладзіліся сустрэчы пісьменнікаў і паэтаў Польшчы і Беларусі ў час правядзення дэкады польскай літаратуры. У Лідскім доме афіцэраў адбыўся канцэрт калектыва самадзейнасці з Беластока. Праводзіліся сустрэчы настаўнікаў Ліды і Беласточчыны. Такая сустрэча адбылася з настаўнікамі сярэдняй школы № 11. Абменьваліся дэлегацыямі рабочых і службоўцаў прадпрыемстваў і ўстаноў, групамі турыстаў і спартыўнымі калектывамі. Беларусь, у тым ліку Ліду, наведала шмат турыстаў з Польшчы. Асабліва ў 1988-89 гадах. Мне, як пазаштатнаму экскурсаводу, давялося суправаджаць гэтыя групы ў гарады: Гродна, Навагрудак, акрамя Ліды, у Вільню і Трокі. Шмат турыстаў з Ліды наведала Польшчу.

Нягледзячы на не такі вялікі ўклад у работу, Галоўнае ўпраўленне "Таварыства польска-савецкай дружбы" ў Варшаве палічыла годным узнагародэіць мяне "Залатым ганаровым знакам Таварыства польска-савецкай дружбы" (1974).

Сам я асабіста ўдзельнічаў у некалькіх турах конкурсу беларускіх журналістаў на тэму "Польшча - прыязная суседка Беларусі", абвешчанага Пасольствам Рэчы Паспалітай у Беларусі. Стаў дыпламантам другой заахвочвальнай прэміі,

Арганізацыі "Таварыства савецка-польскай дружбы" дзейнічалі на шклозаводзе "Нёман" у Бярозаўцы. Завод меў цесныя вытворчыя і культурныя сувязі з такім жа заводам у Беластоку. Рабочыя Беластоцкага завода бывалі частымі гасцямі ў Бярозаўцы, як і Бярозаўскія шклодувы ў Беластоку. Група рабочых з Беластоцкай гуты адпачываліа ў завадскім прафілакторыі ў Бярозаўцы. Гэтую групу давялося суправаджаць на экскурсію ў сталіцу Беларусі - Горад- герой Менск (на здымку).

Была створана такая арганізацыя і на аўтарамонтным заводзе. Ініцыятарам яе стварэння быў колішні дырэктар завода Ю.Д. Дулуб.

У канцы 80-х -- пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя дзейнасць арганізацыі замерла. Яна існуе сёння намінальна і ўзначальвае яе былы рэдактар "Лідскай газеты" Жалкоўскі Аляксандр Васільевіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX