Вярнуцца: Мемуары

Сялец ва ўспамінах К. У. Геца


Аўтар: Дзікевіч Мікола,
Дадана: 14-04-2017,
Крыніца: Дзікевіч Мікола. Сялец ва ўспамінах К. У. Геца // Лідскі Летапісец 3(75)-2016. С. 43-51.; № 4(76). С. 67-75.



Канстанцін Уладзіміравіч Гец, мой стрыечны брат, прачытаўшы маю кнігу "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць", адклікнуўся ўласнымі ўспамінамі. Ён нарадзіўся тут, пражыў гады станаўлення, адсюль пайшоў дарогаю сталасці. Ва ўспамінах Канстанціна Уладзіміравіча чытач даведаецца шмат цікавага, невядомага пра сялецкую рэчаіснасць.

Аўтар удзячны Канстанціну Ўладзіміравіч за пашырэнне звестак аб вёсцы Сялец.

1. Прозвішча Гец

Слова Гец паходзіць ад слова Гёз . У час вызвольнай барацьбы Нідэрландаў (Нідэрланды, г.зн. нізінныя землі) ад іспанскага панавання дынастыі Габсбургаў дзейнічалі лясныя і марскія гёзы (па нашаму - партызаны). У выніку гэтай барацьбы ўтварылася Галандская рэспубліка.

Ад слова Гёз утварылася слова Гёц . Паколькі ў той час у рускім алфавіце не было літары ё , то пісалі праз літару е , і пачалі чытаць Гец , а не Гёц .

У нямецкай мове Гец пішацца праз ё - Gotz і чытаецца Гёц : Гёц фон Берліхінген - Gotz fоn Веrlichingen (1480-1562) нямецкі рыцар, удзельнік сялянскай вайны 1524-1526 гг. Камандаваў сялянскім аддзелам у Франконіі, выдзяляўся сваёй лютасцю, перад вырашальнай бітвай у траўні 1525 г. прадаў сялян.

Наш род Гяцоў з'явіўся ў вёсцы з Палесся. У кнізе пра Сялец пералічаны вясковыя мянушкі людзей. Гец там не фігуруе. У Сяльцы вясковая мянушка Геца - "Паляшук".

У сярэднія вякі дзесьці за Баранавічамі ў кірунку па чыгунцы на Янаў Палескі (зараз завецца Іванава) жыла калонія немцаў. Калі яны там пасяліліся, чаму - не вядома. У час лютавання хвароб халеры і чорнай чумы за два-тры дні людзі выміралі цэлымі вёскамі. Не абмінулі эпідэміі і нямецкіх каланістаў. У адной сям'і па прозвішчы Гёц (ёсць падставы меркаваць, што там не адна сям'я была з прозвішчам Гёц) вымерлі ўсе чальцы сям'і, за выключэннем аднаго зусім малога хлопчыка - будучага нашага прадзеда Станіслава Геца.

Немцы-каланісты ўладкоўваліся на работу, дзе хто мог. Адзін з гэтых немцаў узяў у арэнду маёнтак у в. Сялец. Прозвішча гэтага немца (так яно, ці не, я апіраюся на расказ свайго бацькі) Рэхель. Як доўга ён быў арандатарам - не вядома. Гэты арандатар вызначыўся тым, што першым пачаў сеяць лубін. Жыхар вёскі Урбан, па мянушцы "Баранчык", паслаў сваіх дзяцей нарваць струкоў лубіну, і сам пачаў сеяць, а за ім услед і іншыя.

Рэхель забраў хлопчыка ў сваю сям'ю. Так з'явіўся ў вёсцы першы Гец, якому далі мянушку "Паляшук". Хлопчык рос у сям'і, у меру свайго ўзросту і сілаў памагаў па гаспадарцы, малым пасвіў гусей, а далей - болей. Як стаў дарослым - ажаніўся з дзяўчынай па імені Алена з сям'і Кудаш. Гец быў католікам, а Алена праваслаўнай. На гэтым крыху спынюся і засяроджу ўвагу на вёсцы Сялец.

2. Вёска

Вёска Сялец займала тэрыторыю, што і зараз - пачыналася яна ад Гяцоў і заканчвалася Мулінскім. З вёскі дарога праз паром вяла на Руду па вуліцы, што ідзе каля амбулаторыі, а па другой вуліцы (дзе Бялайцаў дом), што адгаліноўваецца ад названай вышэй - на чыгуначны вакзал і далей на Ганцавічы праз сасновы лес (урочышча, якое называлі "Ваўкаўнёй"). Было гэта так да пабудовы чыгункі.

Зямля (ад нашай мяжы), што размешчана ў бок Нёмана ад вуліцы (Ганцаўскай дарогі), што вядзе да чыгуначнага вакзала, належала маёнтку. Пазней гэтую зямлю памешчыкі распрадалі на пляцы. Зямля ад нашага пляца і да чыгункі, і ад вуліцы (Ганцаўскай дарогі) на поўнач да лініі, якую можна правесці ўздоўж Белянкевічавага плоту ў бок чыгункі да рага плоту Эдзіка Урбановіча, была ў агульным карыстанні ўсёй вёскі. Уся гэтая тэрыторыя была зарослая лесам, які цягнуўся ўздоўж Нёмана ўверх да самых Ганцавічаў. Злева ад гэтага лесу (на поўнач), дзе дзялкі асаднікаў Змітровіча і Зубарэвіча пад гасцінцам, быў непралазны лазняк, а на дзялцы Змітровіча было нават балота.

Па дарозе з вёскі на Руду, злева ў лесе, дзе зараз жыве Вася Шафарэвіч, а за ім Саламонаў сад і дом (былая аптэка), былі Сялецкія могілкі. Паміж домам-аптэкай і хлявом з аднасхільным дахам з боку пляца Гуйды ёсць склеп. Яшчэ за "польскім часам", калі Саламонаў капаў яму пад яго, знаходзілі сляды пахаванняў і манеты. Нікому не вядомы год выпуску і якой дзяржаве належалі.

Пасля лютавання чумы і халеры і масавых пахаванняу люзей ал хвароб могілкі былі пакінуты. Хаваць нябожчыкаў у далейшым было забаронена. Новыя могілкі былі заснаваны ў другім канцы вёскі, дзе яны і зараз.

Плошча зямлі, зарослая лесам, аб якой я сказаў вышэй (край лесу праходзіў каля Белянкевічавага плоту ад дарогі і па лініі: Касяк - Мурын - Уласевіч). існавала пры Польшчы, калі я пайшоў у школу.

Першым, хто пасяліўся на гэтай тэрыторыі, была Яленіха. Пляц яе быў па шырыні ад Бялайцавага плоту і да дарогі, што перад поштай, у даўжыню - ад вуліцы да таго завулка, што паміж домам Гаеля і домам каменданта паліцыі (адным з дамоў школы). За "польскім часам" пляц быў абнесены плотам у два метры вышынёй.

Яленіха купляла зямлю ад усёй вёскі Сялец, па-колькі зямля была яшчэ агульнай уласнасцю. Па расказе асабіста мне Вольгі Казіміраўны Манькоўскай, Яленіха заплаціла грашамі, а потым яшчэ даплачвала на працягу 16 гадоў па пуду вальцаванай пшанічнай мукі да свята Вялікдзень на кожную гаспадарку. Калі ідзе гутарка пра гаспадарку - тады, г. зн. поўны надзел зямлі. Па полі ў кожным палетку цягнулася паласа зямлі ад мяжы да мяжы шырынёй 48 баразён. Паколькі ў майго дзеда "Міхалюка" і стрыечнага брата Сцяпана Кудаша была гаспадарка папалам (палавіна), то ім прыпадала па 8 кг мукі. У дзядзькі Мішы і бацькі палавіна дзялілася яшчэ папалам (чацвяртак) - загон шырынёй 12 баразён. Так было і ў Кудашоў. Утварыліся на гаспадарцы чатыры чацвертакі.

Наступнай пабудовай на агульнай тэрыторыі была школа (1910 г.). Пазней паміж школай і нашым домам была пабудавана кузня, у якой працаваў Шлёма, сын Іршыхі (дом, дзе жыла Софія "Дзедава", маці былога нашага вучня Валодзі Лянцэвіча. Нарадзіла яго ад свайго свёкра).

Вышэй названую агульную тэрыторыю падзялілі паміж сялянамі ў пачатку трыццатых галоў. Сама вёска пачыналася з нашага пляца, дзе бацькаў і Кудашоў дамы (зараз Грышкевічаў). Надзелы таксама пачыналіся першымі дзедавым і Кудашамі. Тут стаяць дамы Бялайца і Аляксандра Кудаша. Наш пляц дзед падарыў унучцы Нюры, калі яна выходзіла замуж за Бялайца.

Засяляць тэрыторыю ў хвойніку пачалі за "польскім часам". Магу назваць гаспадароў па-парадку, толькі не называючы года: Яська Казак, жонка Уршуля (дом Касяка), Гаель, Мурын, Янак Кунцэвіч (Дзірвук), Качаноўскі, Аляксандр Кудаш, Брунак Марцынкевіч (школа), Ражноўскі (школа), Канстанцін Некрашэвіч ("Сроль"), дом каменданта паліцыі (школа), Насовічыха (каля Эдзіка Урбановіча), Іцка Місюлевіч (немцы дом перавезлі ў Ганчары), Венскі (дом, дзе жыве Найдзёнчыха, а перад ім ад чыгункі быў зруб Мулінскага пад цэментавай чарапіцай ужо ў палявым масіве, на сваім полі).

За Белянкевічавым плотам, дзе сасоннік, пачынаўся палявы масіў з Мулінскага і Венскага і канчаўся нашай нівай насупраць пераезду, які быў за царом і за "польскім часам", пакуль юнакі не пабудавалі дарогу на Беліцу і на Агароднікі. Пазней пераезд скасавалі і перанеслі далей. Дамы ад прывакзальнай плошчы Эдзіка Урбановіча, Радзецкага, Лянцэвіча, Гаркача гэта пабудовы пасляваеннага часу. Ганевіч будаваў свой дом у сасонніку пры "першых саветах" на пляцы Уладыся "Раманава" Клейды (свайго цесця).

3. Вясковыя гурты і групы

Зноў вернемся ў вёску Сялец.

Чорная чума і халера пазбавіла жыцця шмат людзей. Тых, каго мінула хвароба, не навучыла дабрыні. У вёсцы людзі з аднолькавымі прозвішчамі не лічаць сябе родзічамі па сваёй, як можна сказаць, палітычнай арыентацыі. Называю прозвішчы людзей, якія выжылі пасля чумы і халеры.

Некрашэвічы:

Адзін гурт - Паўлічак Тадароў ("Васпанечка") і Костусь ("Сроль") - былы польскі солтыс.

Другі гурт - Некрашэвіч Сашка - бацька Раісы Праскурэнкі, да вайны старшыня сельсавета, працаваў затым у райвыканкаме; Некрашэвіч Мікалай ("Азрэль") - Сашкаў брат, старшыня калгаса да вайны.

Вось два гурты - варожыя паміж сабой.

Скажу тое, што я чуў ад людзей, тайна перадаваўшых адзін аднаму па свежых слядах пасля расстрэлу немцамі аднавяскоўцаў і яўрэяў. Спісак расстраляных склалі: Паўлічак ("Васпанечка"), Костусь ("Сроль"), Гавейна (правільна Гавін), Чылек Людвіг "Каспараў" (яго сын Франак быў у белапольскай бандзе, нейкая радня Толю Куляшу са Зблянаў, пра гэта я даведаўся з кнігі "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць"). Аб тым, што ў Лайкаўшчыне ў Франка была радня, я гэта тады знаў, ён там і хаваўся, пакуль не ўцёк у Польшчу.

Спісак немцам на Руду насіў "Васпанечка" - Паўлічак Некрашэвіч. Затым Гавіна судзілі, Людвічка забралі, і больш не вярнуўся. "Васпанечка" аказаўся апраўданым, бо ён быў самы хітрэйшы за ўсіх, а "Сроль" застаўся не кранутым.

Карабач быў зусім ні ў чым не вінаватым. Узялі яго за тое, што ён пры немцах быў солтысам. Не ведалі таго, што солтысамі пабывалі ўсе пасля Гавіна, пачынаючы ад Геца і канчаючы Карабачом, які быў крайнім да прыходу немцаў. Ад пачатку вёскі і да Карабача ўсе пабывалі па месяцы солтысамі. Гэты парадак па месяцы ўвёў мой бацька. Не хачу лезці ў кнігу паглядзець, хто інфармаваў аўтара, што першым солтысам быў Карабач. Усё наадварот - ён быў апошнім солтысам пры немцах.

Першым солтысам быў Гавін, мусіць з год. Штосьці быў не да спадобы бургамістру гміны, немцам і начальніку гарнізона каля моста фельдфебелю Фоку. Гэты невялікі ростам фельдфебель умешваўся ва ўсе справы. Калі сабралі сход у мураванай школе, каб выбраць новага солтыса, там быў і Фок. Нехта прапанаваў выбраць майго бацьку. Бацька запярэчыў. Тут фельдфебель Фок ускочыў і заявіў, што ў нас не выбіраюць, а прызначаюць. Па сутнасці Фок дамогся, каб бацька быў солтысам. Бацька некалькі месяцаў быў солтысам. А было гэта тады, як партызаны ў Беліцы спалілі гміну. Гміна пераехала ў Сялец, а з ёй разам паліцэйскі гарнізон, які размясціўся ў Яленішаным доме каля Бялайца. Фок не любіў іх, называў шуцманамі (бандытамі) і дамогся таго, каб іх прыбралі з Сяльца.

Новака Янека немцы забралі ў Ліду да разгону паліцаяў. Там пры жандармерыі працаваў перакладчыкам. Не ведаю, як бацьку ўдалося вызваліцца ад пасады солтыса і ўвесці парадак быць солтысам па чарзе ўсім мужчынам тэрмінам у адзін месяц.

Зараз вернемся да карэнных сялецкіх прозвішчаў. Вышэй я назваў дзве групы Некрашэвічаў - варожых паміж сабой.

Трэцяя група Некрашэвічаў - Міхась (мянушка "Булынка"), яго браты Юзюк ("Гарлач" - мянушка), Юлюк ці Ілья - бацька Андрэя (па мянушцы "Піпа"), што жыве на Падлужжы ў доме Івана Кудаша, вязня Картуз-Бярозы. Андрэй жанаты з дачкой Валодзі Шарана з Малых Канюшанаў. Гэтая група Некрашэвічаў - не радня дзвюм папярэднім, якіх я вышэй назваў.

Чацвёртая група - Сцёпа "Бляхар" і Костусь "Маляўка".

Пятая група - "Смутачкавы" - Саня, якога расстралялі палякі ў Голдаве, і яго два браты (не памятаю, як іх звалі, але ў твар іх помню ўсіх). Саня быў бацькам Валі Гарачавай, якая жыве зараз у Заводскай хаце, у той у якой і я жыў.

Наступныя Некрашэвічы - гэта "Надочыя" - Костусь Сымонаў. Яшчэ адзін Некрашэвіч - Віктар "Хатык", які жыў на адной гаспадарцы і на адным падворку з Юльянам Урбанам - "Крывым".

Можа даўным-даўно яны выйшлі з аднаго кораня, але з цягам часу далёка разышліся і ўжо не толькі родзічы, але заклятыя ворагі.

Другі старынны род вёскі, які выжыў у інфекцыю чумы і халеры - Урбаны ў тым канцы вёскі. Нумарую іх па групах, якія не родзічы паміж сабой (называю так, як іх звалі калісьці ў вёсцы):

Валодзя "Зосін".

"Марушка" Аляксандр.

Пётра "Магдзін".

"Мадулі".

"Кавалёвы" Паўлік ("Кот") і Аляксандра ("Бэрка").

"Васілец" Юзюк і Костусь.

Урбаны ў нашым канцы вёскі:

"Сынулькі" - Костусь і Валодзя.

Пятрук "Гальяшоў", без нагі, хадзіў на пратэзе.

Урбан Юльян ("Крывы").

Урбан Аляксандр ("Баранчык") - былы польскі канфідэнт, як і Вершалоўскі (канфідэнт - "стукач"). Браты Аляксандра - Валодзя і Костусь - у прымах у Федзюкевіча "Грабіны" - другі дом уздоўж вуліцы пасля дома Іршыхі, дзе жыве Зоня "Дзедава".

Да карэнных прозвішчаў у Сяльцы патрэбна аднесці Клейдаў (па нумарах групы не родныя паміж сабой):

Уладысь "Раманаў" - цесць Ганевіча.

Кандрат "Раманаў" - цесць дзядзькі Міхаіла Геца.

Косцік "Марысін" - дом, дзе жыў Карнопаль, цясляр.

Аляксей Васільевіч. Звалі "Базылішын" па ма-церы, гарбаты.

"Мікалайчыкавы" сыны: Мікалай - сябра нашага дзядзькі Колі, што ў Латвіі; Андрэй - сябра дзядзькі Мішы (дамы іх пасля пажару пабудаваны разам). У гэтым двары Юзюк Кляйда (звалі "Юзенкавы" - швагер Юльяна Урбана "Крывога".

Сымон Кляйда (муж "Куртачкі" жыў на адным падворку з Алесяй Кляйдовай (Цітко) - бабуляй Раісы Праскурэнкі (Некрашэвіч).

Наступныя прозвішчы:

1 - я група Федзюкевічаў - Міхась "Каператыўшчык", тут-жа на падворку - Міхась "Павэлкаў", побач Тодар - бацька Колі "Мірона" (сакратар сельсавета да вайны - немцы расстралялі).

2 - я група Федзюкевічаў - Сцёпа "Дамянісін" (брыгадзір калгаса да вайны, старшыня калгаса пасля вайны), Мікалай - дом пусты пасля Зоні "Дзедавай".

3 - я група Федзюкевічаў - "Быстрык" стары: сыны Юлік і Мішка (у прымах у Марыі "Кляйдзюковай", а ў канцы хаты ад вуліцы, дзе калісьці была школа, у прымах у сястры Надзі "Кляйдзюковай" быў Шацюк (бацька Лёні Шацюка).

4-я група Федзюкевічаў - стары Ануфрык з бабкай Кацярынай: сыны Аляксандра і Юзюк, які пайшоў у прымы да Сенькі Чылекавага. Жаніўся з яго адзінай дачкой Шурай. Бацька Лёні Федзюкевіча, які жыве з Тоняй Мурынавай, што працавала медсястрой у амбулаторыі. Да гэтай групы адносіцца таксама "Грабіна", куды прыйшоў у прымы Костусь Урбан ("Баранчык") і Зоня "Язэбава", яе браты Ян і Коля "Дусь-дусь". На гэтым месцы дом Сяргей Буйніцкага.

Наступныя групы прозвішчаў - Чылекі:

1 - я група:

а) Нашы суседзі Пятрусь (яшчэ звалі "Дароціны" па імені яго жонкі Дароты).

б) Фэлька і яго сын Стась, з дзіцячых год сябра майго бацькі, разам паехалі ў бежанцы ў Першую сусветную вайну ў Таганрог да дзядзькі Іосіфа Геца. Затым быў легіянерам Пілсудскага. Яго жонка Ефрасіння, родная сястра Рыгора Буйніцкага з вёскі Дзітрыкі, мая хрышчоная маці.

в) Фляр'ян, звалі проста Флёрык.

2 - я група (зусім не родная першай):

Людвіг "Каспараў",

"Саверык" (сын Лёня "Кульгавы"),

Вінцук "Адамаў",

Сенька (цесць Юзюка "Ануфрыка"). У яго доме за Польшчай быў кааператыў, а пасля вайны - сяльпоўскі магазін, пазней у доме Здановіча, дзе працавала Вера Дудка.

Аб тым, што дзве групы Чылекаў былі далёкімі родзічамі, гаворыць той факт, што Людвіг Чылекаў ("Каспараў") быў жанаты з Маняй Чылекавай, дачкой нашых суседзяў Пятруся і Дароты.

Вось гэтыя групы прозвішчаў, якія выжылі ад памору халеры і чорнай чумы. Сялец - такая вёска, куды сялілася шмат розных людзей. Затым іншыя пакідалі яе (прахадныя). Але, напрыклад, засталіся жыць назаўсёды: Караценка - запарожскі казак, Гуйда - выхадзец з Украіны, Райчыха, Кунцэвічыха, Юшчук, Маньчук і іншыя.

4. Улада пры Польшчы

Пры Польшчы засылалі да нас палякаў на розныя работы для падтрымання свае ўлады сумесна з асаднікамі. Былі такія палякі, як Бялінскі - чыгуначнік. Жыў у доме па суседстве, дзе зараз жыве Лёня Шацюк. Пасля тут жыў камендант польскай паліцыі Гурскі.

Пазней жыла сям'я палякаў Унчураў. На пераездзе ля чыгуначнага моста жыў паляк Масюк (у доме, дзе жыў Лапанік, калі Майсееў быў начальнікам гарнізона). Дачка Марыся хадзіла ў школу са мною ў адзін клас. Вайнер жыў у доміку на пераездзе, што супраць Ройста. Немцы адступаючы, спалілі гэты домік. Паляк Каліноўскі - начальнік пошты. Левандоўскі (не памятаю, дзе працаваў) - ён быў суддзёй у Голдаве для тых, каго расстралялі. Жыў яшчэ нейкі Пацуня - паляк (не знаю, дзе ён працаваў за Польшчай), але калі я быў у іх у хаце (дачка таксама хадзіла ў школу), тады бачыў, што там была друкарская машынка з польскім шрыфтам. Акрамя начальніка пошты Каліноўскага паштальёнам працаваў паляк (прозвішча не памятаю). Хадзіў у нейкай форме і круглай шапцы.

Пасля паліцая Гурскага камендантам быў Карл Рунге. Жыў на кватэры ў нашым доме. Жонка называла яго па-польску Кароль. Было двое дзяцей: хлопчык Вальдэк (Вальдэмар, мой аднагодак) і малодшая сястрычка Алінка. Чалавек быў добры, памяркоўны. Затым яго перавялі ў Воранава. Ад'язджалі яны цягніком усёй сям'ёй. Мы з бацькам іх праводзілі. Памятаю, што доўга вечарам чакалі цягнік.

Каменданта Рунге змяніў такі высокі мужчына (прозвішча яго не ведаю), які пабудаваў свой дом насупраць Гаеля, дзе была школа. Жыло яшчэ шмат палякаў. Я памятаю, як яны выглядалі, але прозвішчаў іх не ведаў. У верасні 1939 г., як наступілі бальшавікі, усе гэтыя палякі ўцяклі ў Польшчу.

5. Улада пры "тых саветах"

На змену палякам бальшавікі прысылалі камуністаў для ўмацавання савецкай улады: дарожнага майстра на чыгунку (адхіліўшы ад гэтай пасады Саламонава), дырэктара лесапільнага завода Сажнікава (падумаеш, такі завод - дзве стаялі піларамы!), дырэктара фанернай фабрыкі Шэймана і іншых. Не буду пералічваць. Шэйман быў яўрэй. У яго рос сын, малы яшчэ хлопчык.

Як толькі пачалася вайна, тады ўсе бальшавіцкія стаўленнікі падаліся наўцёкі на ўсход. Сажнікаў раздаваў свае рэчы суседзям. Карову пакінуў Уласевічу, кравецкую машыну - нам. Больш не знаю, што яшчэ каму раздаў. Пасля вайны, калі з'явіўся, усю гэтую маёмасць яму вярнулі.

Не дзіўна, што яўрэі ўцякалі, а вось цэлымі калонамі беглі бальшавіцкія чыноўнічкі цёмнымі ляснымі дарогамі цераз Глушыцу, гасцінцам па лесе на Грачышную, а далей курс - на Наваградак у бок Менска.

Што гаварыць пра ніжэйшых чыноўнікаў, калі вышэйшае кіраўніцтва БССР замест таго, каб арганізаваць народ на барацьбу з ворагам, у першы дзень вайны кінула Беларусь і ўцякала на Маскву, ратуючы сваю ўласную шкуру (Панамарэнка, Уралава - міністр асветы БССР і іншыя, у тым ліку кіраўнікі сілавых структур).

Пасля адступлення немцаў, пачалася бальшавізацыя нашай мясцовасці па новым коле. Каб зламаць супраціўленне палякаў, пачалася палітыка расколу іх адзінства і згуртаванасці: шляхам прыцягнення моладзі ў камсамол, выбары каталіцкай моладзі ў кіраўнічыя органы камсамолу, у мясцовыя Саветы і г.д.

6. Род Гяцоў

Я адышоў у бок. Вернемся да свайго роду. На нашай гаспадарцы да мору халеры і чорнай чумы жылі людзі, прозвішча якіх мы не ведаем. Яны ўсе вымерлі ад гэтых хвароб. На апусцеўшую гаспадарку памешчык прывёз з Жомайдзі Кудаша. У Кудаша было двое дзяцей - сын і дачка. З дачкой Кудаша жаніўся наш прадзед, немец Станіслаў Гец. Дачку Кудаша звалі Алена. Па канфесіі яна была праваслаўнай. Станіслаў Гец быў католікам. Пасля раздзелу Рэчы Паспалітай ішло наступленне на каталіцызм. Пры ўступленні ў шлюб па тых законах Расійскай імперыі католік (ён ці яна) павінны быў перайсці на праваслаўную веру, іначай іх не вянчалі. У выніку Станіслаў Гец перайшоў на праваслаўную веру. Кудаш падзяліў зямлю папалам: палова - сыну, палова - зяцю Станіславу Гецу.

Адсюль пачынаецца наш род паляшукоў-Гяцоў. Прадзед наш ростам быў высокі, як дзядзька Міша, строгі, яго дужа баяліся дзеці. Так мне характарызавалі людзі, якія яго помнілі. Гэта Кандрат "Раманаў" (цесць дзядзькі Мішы), а таксама Адам Станкевіч (які пражыў за 100 год). Адам Станкевіч увесь час працаваў у пана фурманам (жакеем, як у нас гавораць зараз). Пан яму падарыў участак зямлі за чыгункай пад забудовы. Побач з ім пабудаваў сабе дом, былы парабак асадніка Насовіча, Юзік Вадэйка са сваёй жонкай Тэкляй.

У нашага прадзеда Станіслава было двое дзяцей. Сын Міхаіл, якога звычайна ў вёсцы ўсе звалі Міхалюк. Калі называлі Міхалюк, тады ўсе разумелі, што гэта Гец па мянушцы "Паляшук". Дачка нашага прадзеда (не ведаю, як яе звалі) выйшла замуж у Дроздава за Міцюкевіча. Там яна нарадзіла сына Юзіка. Пасля яна памерла. Міцюкевіч жаніўся другі раз. Нарадзіліся дзеці. Адзін яго сын, брат Юзіка па бацьку, аднойчы быў у нас. Калі гэты было, не памятаю, ці за польскім часам, ці за "першымі саветамі", але яшчэ да прыходу немцаў. Мы жылі яшчэ ў тым доміку за вуліцай. Перабраліся мы ў новы дом пры немцах пасля смерці бабкі Агаты. Яна памерла 1 траўня 1942 года. Па-гэтаму Юзік Міцюкевіч пасля таго, як яго бацька жаніўся другі раз, у маладосці жыў у бацькавых сясцёр: у Гандзі ў Дзітрыках, у Людвісі ў Сяльцы, у нас, або ў дзеда Міхалюка, свайго роднага дзядзькі. Дзе ён вучыўся за краўца - не ведаю. Шыў людзям адзенне: буркі (бурносы), суконныя марынаркі, кажухі.

Як звалі дзедаву сястру, маці Юзіка Міцюкевіча, ад чаго яна памерла, колькі год было ёй тады - не ведаю. Ніколі не цікавіўся, і ніхто аб гэтым не гаварыў.

7. Сям'я дзеда

А зараз аб дзедавай сям'і. Першая жонка ў дзеда Міхалюка была з Сіманоў, з сям'і Мілюцёў. Ад яе быў сын Іосіф. Па расказе бацькі Іосіфу было каля сямі год, як памерла яго маці. Што пра Іосіфа магу сказаць? У тым доміку за вуліцай у той час жылі кватаранты, яўрэі. Ад іх дзядзька Іосіф засвоіў яўрэйскую мову. Паехаў ён у Расію ў гады першай рускай рэвалюцыі ў горад Таганрог на ўзбярэжжы Азоўскага мора Растоўскай-на-Доне вобласці. Працаваў увесь час садоўнікам на чыгунцы. У яго была брыгада людзей, і яна даглядала сады на станцыях уздоўж чыгункі ад Таганрога да Растова: пасадка, падрэзка, стрыжка, уборка. Сады ў большасці дэкаратыўныя, пераважна акацыя. Акрамя гэтага яшчэ да вайны і пасля яе працаваў тэхнікам-лесаводам. Саджалі полеахоўныя лясныя палосы. Памёр Іосіф дзесьці ў 1947 годзе. У 1946 годзе на Украіне была засуха, быў голад. Адтуль людзі ехалі цэлымі цягнікамі ў таварных вагонах, на адкрытых пляцоўках з торбамі ў Беларусь па хлеб. У гэты перыяд і памёр дзядзька Іосіф. У яго была адна дачка Валя ад першай жонкі. У дзядзькі Мішы ў рамцы на сцяне вісела фатаграфія: дзядзька Іосіф, яго жонка і дачка Валя, яшчэ дашкольніца. У яго было многа цікавых фатаграфій, але ён звёз з сабой у Гародні, калі яго забрала да сябе дачка Ларыса. Іосіф быў высокі, стройны, прыгожы. Першая жонка памерла. Жаніўся другі раз, і другая - памерла. Дзяцей з ёю не было. Пасля вайны Валя пісала (я з ёю перапісваўся), што бацька думае жаніцца, але не жаніўся. Гэтых трох жанчын бацька ведаў. Іосіф жаніўся першы раз пасля таго, як бацька з сёстрамі пакінулі Расію і вярнуліся дамоў. У мяне ёсць фатаграфія Валі, яе мужа і сына.

Другой жонкай дзеда Міхалюка была Агата (Агафія). Яна была быццам бы з Гезгалаў, дакладна не ведаю. Факт той, што я ніколі не бачыў і не ведаў бабіну радню. Ад Агаты было сямёра дзяцей - тры хлопцы і чатыры дзяўчыны - Валодзя, Коля, Міша і Юлька, Людвіся, Ганця, Стэфка. Хто з іх за кім па ўзросце - не ведаю. Знаю, што самым меншым быў Міша, а перад ім - Коля.

8. Бежанцы

У самым пачатку Першай сусветнай вайны бацька са сваім суседам і сябрам з дзяцінства Стасем Чылекам, сынам Фэлькі, затым мужам Еўфрасінні, сястры Рыгора Буйніцкага і маёй хрышчонай мацеры, пайшлі ў бежанцы. Да Менска дабраліся пешшу, а там падселі на цягнік.

Рускія тады, хоць месцамі адступалі, але не беглі ў разброд, як бальшавікі ў 1941 г. Нейкі быў парадак і клопаты аб людзях. На чыгуначных станцыях на шляху язды бежанцаў працавалі каманды з мясцовых жыхароў, якія забяспечвалі бежанцаў ежай. Так мне расказваў Раманоўскі з Менска, дзе мая Света была на кватэры. Ён працаваў у такой камандзе. Ёй выдавалі муку, крупы, агародніну, бульбу, тлушч і іншую спажыву. У іх была вайсковая палявая кухня, дзе рыхтавалі ежу. Калі на станцыі спыняўся цягнік з бежанцамі, аб чым паведамлялі раней, каманда выдавала бежанцам бясплатныя абеды.

На адной са станцый Стась узяў вядро і схадзіў па абед. Яму налілі баршчу і далі хлеба. Боршч варылі па-ўкраінску. У нас на Беларусі тады не варылі такіх баршчоў. Варылі паасобку капусту, буракі, бручку і інш. А тут у баршчы было ўсё: капуста, буракі, морква, фасоля, тамат. Ядуць хлопцы і гавораць: "Вось як бежанцам, дык і наварылі, як свінням".

У Таганрозе дзядзька Іосіф уладкаваў усіх на работу. Пасля прыехалі сёстры - Юлька, Людвіся, Стэфка, прыехалі Барысы: Аляксандра - муж Людвісі, Сцёпа, Сяргей. Сяргей быў яшчэ хлопцам. Поркаўся з капсулем, і яму адарвала поўнасцю ўсю руку.

9. Мой бацька Валодзя

У Таганрозе бацьку прызвалі ў войска. Палкавую школу праходзіў у Нова-Чаркаску - сталіцы данскіх казакоў. З палкавой школы паслалі непасрэдна на фронт у складзе казацкіх войск 2000 чалавек - 8 маршавых рот па 250 чалавек.

Ваяваў на Паўднёва-заходнім фронце, якім камандаваў вядомы, таленавіты генерал Брусілаў. У арміі бацька быў унтар-афіцэрам, удзельнікам Брусілаўскага прарыву. За праяўленую храбрасць у час прарыву ўзнагароджаны крыжам Георгія і імянной шабляй з рук самога Брусілава. Пасля бацьку пусцілі з фронту на пабыўку дамоў. Прыехаў з фронту ў Таганрог. Пасля ўжо на фронт у сваю вайсковую частку не паехаў. Развіваліся рэвалюцыйныя падзеі. Армія пачала развальвацца, пачаліся братанні на фронце рускіх і нямецкіх салдат.

Бацька ўладкаваўся на работу на Руска-Балтыйскім зброевым заводзе. Завод існаваў з траўня 1915 г. па 1921 г. Што выраблялі на гэтым заводзе - не ведаю, а вось пра адзін выпадак з аповеду бацькі цікава ўспомніць. Рабочыя завода вельмі ненавідзелі гаспадара, або дырэктара. Яны рашылі яго забіць. Сабралі пэўную суму грошай, знайшлі рабочага, які пагадзіўся гэта здзейсніць. Калі начальнік праходзіў па цэху, рабочы стукнуў яго молатам па галаве і забіў. Рабочага арыштавалі. За сабраныя грошы рабочыя падкупілі дактароў, і яны выдалі заключэнне, што арыштаваны псіхічна хворы, і яго не судзілі.

Рэвалюцыйныя падзеі развіваліся і ў Таганрозе. Кіраваў рэвалюцыйнай дзейнасцю нехта Гардзіенка. Хацелі туды ўцягнуць і дзядзьку Іосіфа, але бацька яго не пусціў. Пазней, калі на Доне сабралася вялікая колькасць белагвардзейцаў, рэвалюцыйную арганізацыю разбурылі, а Гардзіенку павесілі.

Калі пачалася рэвалюцыя ў Расіі, а пазней - у Германіі, бежанцы пачалі вяртацца дамоў. Дзядзька Іосіф угаворваў бацьку не ехаць, заставацца ў Расіі. Бацька паехаў праводзіць сясцёр. Ехаў, забалбатаўся і так даехаў да Баранавіч. Як не заехаць дамоў, калі тут рукой падаць! Прыехаў, і застаўся дома назаўсёды.

10. 30-я гады ХХ стагоддзя

Падчас вайны згарэў дзедаў дом. Дзед з бабуляй Агатай і двума хлопцамі-падлеткамі перайшлі жыць у стары домік, што на другі бок вуліцы. Хто і калі будаваў гэты домік - не ведаю.

Бацька, пенсіянер-чыгуначнік, карыстаўся раз у год бясплатным білетам па ўсім СССР. Не памятаю ў якім годзе, ва ўсякім разе ўжо дзядзькі Іосіфа не было ў жывых, з'ездзіў адведаць Таганрог. З ім ездзілі цётка Людвіся (Борыс) і мой брат Мікалай. У мяне ёсць фатаграфія ўсіх іх у Таганрозе: бацька, Людвіся, Коля, Валя з мужам і сынам. Некалькі фатаграфій Валя мне прыслала.

Вярнуўшыся з Расіі, бацька пачаў будаваць новы дом. Карыстаючыся поўным безуладдзем, пачаў наразаць і вазіць бярвенні з казённага лесу. Нязначную дапамогу яму мог аказаць толькі малагадовы брат Мікалай (што ў Латвіі). Пазней палавіну бярвенняў немцы забралі на мост. З застаўшыхся бярвенняў зрубілі дом памерам 9x14 метраў. Дом рубіў майстар з вёскі Збляны па прозвішчы Габрусь Бурдун.

Безуладдзе праяўлялася ў тым, што ўлада пераходзіла з рук у рукі. Уладарылі рускія, пачалася вайна - прыйшлі немцы, пасля немцаў - бальшавікі, на бальшавікоў наступалі палякі і ў 20 годзе захапілі Менск. Палякаў Тухачэўскі пагнаў назад, і бальшавікі падышлі да Варшавы, але там іх сустрэлі французскія і англійскія танкі. Бальшавікі пакаціліся назад. Каб утрымаць уладу, бальшавікі пайшлі на падпісанне Рыжскага мірнага дагавору, распарадзіўшыся лёсам Беларусі і Украіны, як разменнай манетай. Мы апынуліся пад уладай палякаў да 17 верасня 1939 года.

У 1928 г. дом пакрылі кулявой саломай. Кулі эканомілі, і дах атрымаўся не тоўстым. У 1948 г. дом перакрылі, хаця дах быў яшчэ добрым. У Сяльцы арганізавалі калгас, і мы палічылі, што трэба перакрыць, бо ў будучым ужо кулёў не наробіш. Бацька з дзядзькам Мішам рашылі пакрыць дом разам. За час нямецкай акупацыі кулёў назапасілі і Міша, і мы. Тут я сам вытрасаў кулі з жытніх снапоў (з акалоту). Крыў майстар з вёскі Бандары. На даху працаваў крытнік і я з братам Мікалаем. Мы ўвязвалі салому повязнікам (тонка абчасаныя жэрдкі), лазовымі дубцамі, папярэдне пакручанымі (памятымі). Спачатку салому ўвязвалі злёгку, часова, а калі крытнік выраўноўваў сваёй дошчачкай, мы заціскалі дубцы канчаткова, наглуха. Каб зараз прыйшлося ўвязваць, я ўжо не змог бы, не памятаю. Кулі саломы тоўстыя і цяжкія бацька з Мішам падавалі нам на дах. I так наш новы дах на доме прастаяў да вялікага пажару вясной 1952 года. Вінаватымі ў пажары былі дзеці, у тым ліку Пеця Казак, наш былы вучань Нёманскай школы, цяпер стараста вёскі (солтыс).

Спачатку пачалі жыць у другой палавіне дома, задняй. Пры доме ганак, затым вялікія сені. З сяней дзверы - прама ў вялікую кухню, направа камора са склепам пад падлогай. Дзверы налева - у другую палову дома ад вуліцы. Гэтую палову дома моладзь часта скарыстоўвала пад клуб. Дзейнічала мастацкая самадзейнасць, ладзілі канцэрты.

Калі другая палавіна дома была абсталявана, там жылі кватаранты. Як я памятаю, жылі Дашкевічы. Яны мелі буфет у чыгуначным вакзале. Пасля іх жыла сям'я польскага каменданта паліцыі. Звалі яго Карл Рунге (больш падрабязна аб ім пісаў раней).

Да Рунге камендантам паліцыі быў Гурскі. Невысокі, таўсцяк, з тоўстым каркам, сабраўшымся ў складкі. Жыў ён у доме Прэсаля (дзе зараз жыве Лёня Шацюк па суседству з намі цераз плот). У Гурскага была адна дачка, яшчэ дашкольніца і звалі яе Фрыда. Яна сярод нас, ватагі такіх жа дзяцей, была важаком. Такое збліжэнне з палякамі ў дзяцінстве пасадзейнічала, што, калі я пайшоў у польскую школу ў першы клас, з польскай мовай у мяне праблем не было. Я вольна валодаў польскай мовай, не так як іншыя дзеці, якія жылі далей у вёсцы. Пасля Гурскага ў гэтым доме жыў нейкі паляк-чыгуначнік Бялінскі. У іх таксама быў хлопчык, мой аднагодак, звалі яго Чэсем.

11. Дзяцінства

У гэты час у маім дзяцінстве быў такі выпадак. Я яго не памятаю. Мне аб ім расказвала мая мама. Неяк гуляючы ў Гурскіх, я праспяваў песеньку:

Jeszcze Polska nie zginela,

Ale zginac musi

Jesli niemiec nie zwojuje,

To ruski zadusi.

Калі Гурскія пачулі гэта, тады пачалі мяне дапытваць, хто мяне навучыў. Усякім спосабам падманвалі, давалі цукеркі, шакаладкі, аднак я не адказаў.

Палякі падазравалі, што дзядзька Коля з'яўляўся ўдзельнікам падпольнай камуністычнай арганізацыі, але доказаў не было, таму шукалі любую зачэпку.

У першай палавіне новага дома жылі таксама кватаранты ў час нямецкай акупацыі. Адзін з іх Мікалай Пятровіч Зайко з Ямантаў з жонкай - дзяцей у іх не было. Мікалай Пятровіч - сын настаўніка ў Ямантах і родны брат Аляксандры Пятроўны, настаўніцы Сялецкай школы перад вайной. Палякі яе расстралялі разам з сяльчанамі ў Голдаве.

Бацька жаніўся ў ліпені 1927 года і пачаў жыць у доміку за вуліцай, а ў вялікай кухні новага дома - дзед з бабай і дзядзька Міша. У 1937 годзе Міша жаніўся, яшчэ пры жыцці дзеда. Дзед памёр у 1937 г. У 1942 г. 1 траўня памерла бабуля Агата. Тады мы перайшлі ў новы дом, а ў домік за вуліцай бацька пускаў кватарантаў. Пры немцах жыла сям'я Багдзяля, а пасля вайны - Галушкі (цесць Віктара Некрашэвіча ("Хатыка") і адначасова цесць Гайдуля). У вялікі пажар там ніхто не жыў.

Бацька, Уладзімір Міхайлавіч Гец, у маладосці свой працоўны стаж пачынаў як чыгуначнік, затым працягваў яго ў Таганрозе. За польскім часам у асноўным працаваў на пагрузцы лесу ў чыгуначныя вагоны. У час вайны - на гаспадарцы. Пасля вайны, пачынаючы з адступлення немцаў - на чыгунцы да выхаду на пенсію па інваліднасці (3-я група). Па працоўным стажы на пенсію выйшаў як чыгуначнік. Карыстаўся ільготамі (удзельнік ВАВ, атрымоўваў пайкі).

За польскім часам бацька зямлю не апрацоўваў. Пражыць на чацвертаку з зямлі было цяжка. Яго долю зямлі апрацоўваў Міша.

У Мішы, як і ў дзеда, была палова гаспадаркі. Бацька карыстаўся толькі сваёй паловай на сенажаці. Гадаваў адну, затым дзве, а пасля перад "саветамі" ўжо і тры каровы. Бульбы сабе хапала той, што садзілі ў агародзе за вуліцай і за гумном. Так было да прыходу немцаў. Маці была хатняй гаспадыняй. Перад польскай вайною гады два працавала на фанернай фабрыцы пры нажніцах.

Пры немцах бацька пачаў апрацоўваць сваю долю зямлі да ўступлення ў 1948 годзе ў калгас. Працаваў звеннявым па тытуні, пакуль не выйшаў на пенсію па ўзросце, як рабочы-чыгуначнік.

У нашай сям'і дзяцей было двое: я і брат Коля. Быў яшчэ адзін хлопчык - Лёня, але ў 1937 годзе памёр ва ўзросце аднаго года.

12. Пра сябе

А зараз некалькі слоў пра сябе.

У 1935 годзе пайшоў у першы клас польскай школы. Мне было амаль 7 гадоў. Радзіўся я 23 лістапада 1928 года. Да прыходу бальшавікоў скончыў 4 класы польскай школы. Пры саветах яшчэ прымусілі пачынаць вучобу з 3 класа, таму, што вучэбная праграма польскай школы не сходзілася з савецкай. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў 4 класы. У чацвёртым класе здавалі 8 экзаменаў: 2 - па беларускай (пісьмовы і вусны), 2 - па рускай мовах, арыфметыцы, гісторыі, геаграфіі і прыродазнаўстве. 12 чэрвеня атрымаў пасведчанне аб адукацыі за чацвёрты клас, а 22 чэрвеня пачалася вайна. У пасведчанні былі ўсяго дзве чацвёркі - па рускай мове і арыфметыцы, астатнія ўсе пяцёркі. У польскім пасведчанні за трэці клас былі ўсе пяцёркі.

У школе я быў начальнікам штаба піянерскай дружыны. Тады - штаб дружыны і начальнік штаба, цяпер - савет дружыны і старшыня дружыны. Важатым працаваў на грамадскіх асновах камсамолец, рабочы фанернай фабрыкі Жора Бурдун, якога расстралялі немцы ў сасонніку.

У маім жыцці працоўны стаж пачынаўся з 6 гадоў, як ва ўсіх сялянскіх дзяцей былой Заходняй Беларусі. Дашкольнікам пасвіў свае дзве кароўкі дзень у дзень, пачынаючы ад Юр'я (6 траўня) і да Ўсіх Святых (1 лістапада). На наступны год будучы першакласнікам, пасвіў адну сваю кароўку з цялушкай (сасунком), пазней - тры свае кароўкі. У далейшым пасвіў кароў сваіх, родзічаў і суседзяў, усяго 17 штук. За лета плацілі за карову 4 пуды жыта. Такім чынам я зарабляў за лета тону жыта. Мая роля пастушка закончылася ў пачатку вайны.

13. Вайна

З прыходам немцаў бацька пачаў займацца сельскай гаспадаркай. Купіў каня (нейкага старога жарабца). Нават не ведаю, за што купіў яго. Запасу зерня ў нас не было, паколькі да гэтага бацька зямлі не араў. Грошы хадзілі як нямецкія маркі, так і савецкія рублі. Прадаваць сяляне за іх нічога нікому не хацелі. Адзінае было: на фанерную фабрыку часам прывозілі лідскае піва, мармелад і іншае. Гэта прадавалі за грошы. Маркі і рублі хадзілі на роўных умовах 1:1.

Зарплату рабочым плацілі як грашыма, так і прадукцыяй (фанерай). Фанеру мянялі на зерне, бульбу, сена. Такое становішча рабочых было на шклозаводзе "Нёман".

Пры немцах я ўключыўся ў сельскую гаспадарку. Трэба было майстраваць калёсы і іншыя сельскагаспадарчыя прылады. Многае рабіў сам. У гэтым нам дапамагаў Юзік Бялаец. Ён займаўся кавальскай справай. Плату за сваю работу ён браў толькі зернем (жытам). Калі немцы пасяляліся ў доме Здановіча, тады заявілі, што з суседніх дамоў усіх высяляць. Бялаец пачаў перавозіць свае рэчы да нас. У новы свіран дзядзькі Мішы ён перавёз 120 мяшкоў жыта. Самы найбагацейшы гаспадар у Сяльцы не меў столькі, колькі каваль накаваў сваім молатам.

Калі рабілі калёсы, я дапамагаў Бялайцу ў кузні. Бялайцу падабалася мая работа, і ён прывабіў да сябе. Дапамога мая доўжылася ўсю зіму. Некаторыя работы аднаму кавалю выканаць немагчыма.

Напрыклад, акаваць колы (надзець жалезныя шыны на драўляныя абады колаў).

Жалеза ў продажы не было і быць яго не магло ў той нас. Ля чыгункі каля другога пераезду ляжалі чыгуначныя вагоны ўзарванага партызанамі цягніка. Вось іх і абдзіралі. З шырокіх вугольнікаў каркаса вагона высякалі шыны, каваць колы і сані. Бялаец трымаў зубіла на тапарышчы, а я кувалдай з-за вуха біў па зубіле.

Лемяшы і нарогі да плуга кавалі з пласцін вагонных рысор. У 60-тонных, чатырохвосных вагонах (пульманах), рысоры былі спружынныя, кручаныя з тоўстых стальных прутоў, а ў двухвосных вагонах (18 тон) рысоры - з пласцін, як у аўтамабілях. Толькі пласціны тоўстыя і стальныя. З гэтай сталі рабілі зубілы. Адсекшы кусок пласціны, з яго кавалі нарог. Над ім трэба было многа папрацаваць. Бялаец куе невялікім молатам, трымаючы другой рукой у кляшчах кавалак распаленага жалеза, і гэтым паказвае месца, па якім мне біць 10-кілаграмовай кувалдай.

Такім чынам я непрыкметна авалодаў кавальскай справай. Бялаец мне заўсёды гаварыў: "Калі ты з распаленага ў горане жалезнага прутка з аднаго нагрэву зробіш цвік падбіць каню падкову, тады каваль з цябе будзе". Молатам трэба працаваць так, каб нагрэты пруток не астыў, а быў чырвоным ад удараў малатка.

Кавалём я не стаў, аднак на пэўным этапе жыцця ўменні гэтыя спатрэбіліся. Выйшаўшы на пенсію, узяў гектар зямлі, купіў каня, трактар, колы з восямі для калёс на гумовым хаду. Усё астатняе майстраваў сам: калёсы, плуг, акучнік, паўпрычэп да трактара. Сам каваў свайго каня. Усе кавальскія і сталярныя інструменты набыў, яны ў мяне і зараз ёсць. Не было толькі аднаго галоўнага інструмента для кузні - горна.

Яшчэ раней бацька рэкамендаваў пайсці павучыцца за шаўца. Схадзіў адзін дзень да суседа Флёрыка Чылека і больш не пайшоў. Не спадабалася гэтае рамяство! На адзін дзень схадзіў і да краўца - другога суседа - Міхаіла Мурына. Убачыў, што і гэта не па мне, а вось кавальская і слясарная справы і зараз падабаюцца.

14. 1944 г. Праца на чыгунцы

З першых дзён пасля выгнання немцаў мы з бацькам пайшлі працаваць на чыгунку. Працаваў там да снежня месяца. Першы дзень нарошчвалі насыпы пад берагавыя апоры часовага драўлянага моста побач з узарваным жалезным, які ляжаў на вадзе. Тэхнікі не было ніякай. Людзей сагналі з усіх вёсак. Працавалі таксама салдаты старэйшага ўзросту з сярэдняй Азіі. Другі дзень рэзаў лес на мост разам з салдатамі каля Руды. Увесь апошні час рамантаваў чыгунку - "перашывалі" яе - рабілі развод рэек шырэй на 8 см, мянялі шпалы, рэйкі. Працавала нас чалавек 30. Брыгадзірам працаваў Філіпчык, дарожным майстрам - Саламонаў. Працавалі яны з "польскіх часоў". Затым Саламонава звольнілі і прыслалі нейкага рускага - невука ў гэтай справе. Важна было тое, што быў камуністам. Жонка была руская, п'яніца, усё выносіла з дому, прадавала за самагонку. Для людзей у той час гэта было дзіка.

Пасля работы брыгада збіралася ля канторы вывучаць сігналізацыю і правілы эксплуатацыі чыгункі. Толькі тады ішлі дамоў, а начаваць прыходзілі ў дом каменданта паліцыі супраць Гаеля (дзе затым была школа). На станцыі ўсю ноч стаяў паравоз "на парах". Нямецкія самалёты яшчэ заляталі ў тыл фронту бамбіць.

Памятаю такі выпадак. У Вільні пусцілі цягнік на цягнік. Адзін эшалон з палівам у цыстэрнах успыхнуў. Узнік вялікі пажар, ад якога загарэўся горад. Усіх рабочых, якія начавалі ў доме каменданта, тут жа паднялі, пасадзілі ў вагон і спешна павезлі на дапамогу ў Вільню. Я туды не трапіў, бо мы з бацькам хадзілі начаваць па чарзе.

На Баранавіцкай 12-й дыстанцыі каляі Нёманскі акалодак доўжыўся ад Ганчароў да Яцукоў. Большасць часу мы працавалі на станцыі Нёман і на каляі да Яцукоў. Там больш за ўсё партызаны рвалі рэйкі і цягнікі, таму больш працавалі, чым у кірунку да прыпынку Ганчары.

У лістападзе месяцы брыгаду раздзялілі. Частку пакінулі на чыгунцы, другую паслалі выносіць лес да чыгуначнага палатна, той, які выразалі пры немцах абапал чыгункі на 100 метраў. Кіраваў нашай брыгадай Мішка Раманаў (так яго звалі на вёсцы) - сын Уладыся Раманава. Сястра Мішкі Соня была замужам за Ганевічам. Немцы тады гэты лес не бралі. Клопат у іх быў іншы - выразаць яго. Бярвёны выносілі рукамі на калочках па 20 чалавек. Бывала і больш людзей на хлыст лесу.

Грузіць бярвёны на вагоны цяжка. Чыгуначны насып высокі, ды яшчэ вагон не ніжэй. Клалі лагі з доўгіх хлыстоў знізу і на край вагона. Доўгія вяроўкі адным канцом прывязвалі да верху вагона, а другі спускалі ўніз да бервяна, агіналі яго і вялі назад цераз верх вагона на другі бок чыгункі. Там стаялі два кані з ворчыкамі. Вяроўку прывязвалі да ворчыка. Два чалавекі па канцах на версе вагона камандавалі конюхам, якога каня трэба прыпыніць, якога гнаць, таму што бервяно кацілася па лагах уверх у вагон не роўна. Тоўсты камель забягаў уперад у параўнанні з вяршыняй. Два чалавекі знізу суправаджалі бервяно па лагах. Мужчыны зверху ўкладвалі пры дапамозе калоў (рычагоў) бервяно ў вагоне.

Немцы загадалі не толькі спілаваць лес абапал чыгункі, але і скасіць усе пасевы. Так, на хутары Банько, на Падліпах (справа ад чыгункі ў кірунку Ліды, далей ад яго пад гасцінец хутар Букшы) прыйшлося скасіць палавіну свайго жыта.

15. Вучоба і педагагічная дзейнасць

У пачатку снежня я пакінуў чыгунку і пайшоў у школу. 15 снежня 1944 года дырэктар школы В.I. Савонь павёз мяне ў Ліду ў райкам камсамолу на бюро, каб зацвердзілі мяне піянерважатым Нёманскай школы. Райкамы камсамолу і партыі знаходзіліся ў адным будынку, калі ісці з райана на рынак. Зайшлі ў першы кабінет налева на першым паверсе. Нікога няма. У вокнах няма шыбаў, толькі снег кружыў па пакоі.

Савонь мяне пакінуў, сам пайшоў шукаць чальцоў бюро. Прыйшлі, селі за стол насупраць адзін аднаго, пагутарылі хвілін 15, узброілі мяне бібліятэкай. З гэтага дня я звязаў сваё жыццё са школай. Піянерская арганізацыя яшчэ не існавала. Яе патрэбна было стварыць. Пасля падзей у перыяд нямецкай акупацыі справа была не з лёгкіх. Аднак справіўся і даволі паспяхова. Сам вучыўся і выконваў адначасова абавязкі піянерважатага.

Другі раз мне прыйшлося ствараць піянерскую арганізацыю, працуючы дырэктарам Канюшанскай сямігадовай школы пасля педвучылішча. Там было цяжка арганізаваць дзяцей у піянерскі калектыў. Выступаючы на раённай настаўніцкай канферэнцыі сакратар райкама партыі Турык гаварыў: "Вось дырэктар Канюшанскай школы Гец стварыў піянерскую арганізацыю". У большасці школ раёна праблема рашалася з пэўнымі цяжкасцямі. Бацькі не дазвалялі дзецям уступаць у піянерскую і камсамольскую арганізацыі.

Вясною 1945 г. прайшоў навучанне на двухтыднёвых вайсковых зборах пры Лідскім горрайваенкамаце па 140-гадзіннай праграме па спецыяльнасці байца-стралка.

У 1947 годзе паступіў у Лідскае педвучылішча на чатырохгадовае навучанне, як у інстытуце. На выпускным вечары, уручаючы атэстаты, у сваім дакладзе Канстанцін Васільевіч Якімовіч адзначыў, што Гец ішоў на ўсе экзамены спакойным з цвёрдымі ведамі. Вучоба ў педвучылішчы была самым светлым, цікавым, радасным адрэзкам часу ў маім маладым жыцці. Там нам далі добрую тэарэтычную падрыхтоўку.

У 1951 годзе быў зроблены пераход да абавязковага сямігадовага навучання. Узнікла патрэбнасць у настаўніцкіх кадрах. Пачалі адкрывацца двухгадовыя настаўніцкія інстытуты, якія давалі незакончаную вышэйшую адукацыю (Маладзечна, Баранавічы, Берасце, Вілейка). У Вілейцы навучанне вялося на беларускай і польскай мовах. Туды паступалі вучыцца пераважна былыя польскія настаўнікі пачатковых класаў. З вядомых нам там вучыліся і закончылі Канстанцін Іванавіч Буйніцкі і Зоя Іванаўна Кудла.

У тым жа годзе ва ўсіх педвучылішчах Беларусі зрабілі адбор выпускнікоў на месячныя курсы. Тых, хто меў большую схільнасць да гуманітарных прадметаў і паспяхова па іх вучыўся, накіравалі ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут па падрыхтоўцы настаўнікаў мовы і літаратуры ў 5-7 класах, а лепшых матэматыкаў сабралі ў Берасцейскім настаўніцкім інстытуце. У Маладзечанскім інстытуце ад нашага педвучылішча была самая большая група - 18 чалавек, з іх 15 дзяўчынак і тры хлопцы, у тым ліку і я.

На ўсіх выпускнікоў педвучылішча карты ўліку аддзела кадраў Міністэрства асветы былі разасланы ў тыя раённыя аддзелы асветы, куды былі накіраваны пры размеркаванні студэнтаў, якое праводзілася яшчэ да заканчэння педвучылішча. Нам, курсантам, давалі даведку аб заканчэнні курсаў і карту ўліку Міністэрства асветы на рукі. Нягледзячы на размеркаванне, мы маглі паехаць працаваць у любы раён, куды каму захочацца. Многія (а іх была большасць) так і паступілі.

Будучы на курсах у Маладзечне, я ездзіў у Менск здаваць прыёмныя экзамены ва ўніверсітэт. Усе 8 прыёмных экзаменаў я здаў на пяцёркі. З усяго нашага выпуску ў педвучылішчы (90 чалавек) знайшлося нас толькі трое смелых, якія паступілі ва ўніверсітэт: я і мой сябар Юзік Шэўчык з вёскі Агароднікі - на гістарычны факультэт, і адна дзяўчына Надзя Барадаценка - на геафак. За намі пачалі паступаць іншыя, але ўжо на наступны год.

Некаторыя прадметы, якія я вывучаў у педву чылішчы (педагогіка і гісторыя педагогікі, методыка выкладання гісторыі, логіка, псіхалогія, руская савецкая літаратура, гісторыя ВКП(б), ішоў здаваць ва ўніверсітэце з ходу без усякай падрыхтоўкі, і здаў іх паспяхова. Без падрыхтоўкі здаваў і польскую мову.

Пасля ўніверсітэта, працуючы ў Зембіне з 1967 года, мяне накіравалі на трохгадовыя партыйныя курсы рэзерву прапагандыстаў пры Менскім абкаме партыі. Тры гады ездзілі на сесіі як завочнікі. Там былі людзі з усіх раёнаў Менскай вобласці. Заняткі праходзілі ў доме палітасветы на вуліцы Янкі Купалы. Нам адразу прапанавалі, калі хто захоча можа здаць кандыдацкі мінімум. З усёй той кампаніі людзей знайшлося 7 чалавек.

З гэтай групы мне добра знаёмыя дзве аднакашніцы па ўніверсітэце. Адна з іх - Іра Клімовіч - выпускніца Гарадзенскага педвучылішча, разам паступала і канчала са мной універсітэт, працавала настаўніцай у Лідскай рускай першай школе. Другая - жонка сакратара Маладзечанскага гарвыканкама. Тры гады я тут патраціў не ў пустую. Здаў кандыдацкі мінімум па тэорыі марксізму-ленінізму.

Калі я пераязджаў з Нёмана, мне прапанавалі ісці працаваць ва ўніверсітэт малодшым выкладчыкам. Са мной канчаў універсітэт капітан Буцько. Ён працаваў і спецыялізаваўся па археалогіі. Доўга ўгаворваў, але я не адважыўся ісці на 120 рублёў, пры хворых дзецях садзіцца на шыю жонкі. Пасля пашкадаваў, што не пайшоў, асабліва тады, калі мой малодшы зяць Алег, Жаннін муж, скончыўшы ўніверсітэт, працаваў інжынерам і плацілі яму ўсяго 120 рублёў.

Курсы для мяне на гэтым не скончыліся. Пасля партыйных пачаліся курсы-зборы вайсковыя. У арміі я не служыў. У педвучылішчы ў армію не прызывалі, паколькі ў краіне быў дэфіцыт педагагічных кадраў. Затое пазней, калі чалавек атрымаў адукацыю самастойна, скарысталі для арміі. Прызвалі на шасцімесячныя зборы палітработнікаў Савецкай Арміі ў Львове. Затым доўга агітавалі, каб застаўся служыць у арміі на пастаянна начальнікам пагранзаставы. Адмахваўся ад такой пасады як чорт ад ладану.

З маім малодшым зяцем Алегам Дворнікавым паступілі іншым чынам. Ён і Жанна канчалі факультэт фізікі ва ўніверсітэце. Алег закончыў з чырвоным дыпломам. Ва ўніверсітэце ёсць вайсковая кафедра. Выпускнікам адразу прысвойвалі афіцэрскае вайсковае званне. Пры размеркаванні на працу пасля заканчэння накіравалі на два гады ў армію як на працу. Служыў у Асіповічах, таму часта прыязджаў дамоў у Менск. Калі тэрмін па размеркаванні закончыўся, настырна агітавалі застацца ў арміі.

Адзін выпускнік згадзіўся застацца ў арміі. I якую яму далі працу? Начальнікам зброевага склада. Трэба мучыцца канчаць універсітэт, ды яшчэ факультэт фізікі, каб быць нейкім кладаўшчыком у арміі. Алег цягнуўся да навукі. Два гады назад абараніў доктарскую дысертацыю. Зараз ён прафесар, доктар тэхнічных навук.

16. Мая сям'я

Старэйшая дачка Света закончыла Нёманскую васьмігадовую школу. Сярэднюю - у Зембіне. Паступіла ва ўніверсітэт на факультэт радыёэлектронікі. Усё звязана з радыяцыяй. Да стыпендыі ім давалі надбаўку за радыяцыю.

Пасля двух курсаў Света пакінула ўніверсітэт і перайшла вучыцца ў інстытут народнай гаспадаркі. Па размеркаванні працавала два гады ў Дзісне эканамістам на нейкім прадпрыемстве. Адбыўшы тэрмін па размеркаванні, паехала ў Маскву і паступіла працаваць у Інстытут нафты і газу імя Г.М. Губкіна. Там яе прызначылі начальнікам аддзела, які каардынаваў дзейнасць усіх іншых аддзелаў інстытута. Пасада была прафесарская.

Інстытут нафты і газу - мазгавы трэст Газпрама. Святлане далі накіраванне ў мэтавую аспірантуру. З поспехам здала экзамены і тры гады вучылася стацыянарна ў аспірантуры пры Інстытуце нафты і газу. Закончыла, абараніла навуковую дысертацыю на званне кандыдата эканамічных навук.

Працуючы ў інстытуце, вяла аддзел па экалогіі. У яе была карта ўсяго Савецкага Саюза, у якой абазначаны тэрыторыі забруджаныя радыяцыяй, хіміяй і інш. Прыйшлося выконваць даручэнні ўрада па складанні законапраекту па экалогіі, а затым хадзіць на паседжанні Дзяржаўнай думы, калі закон абмяркоўваўся і прымаўся.

Пасля аспірантуры пайшла працаваць у Газпрам. Узначаліла аддзел эканамічнай экспертызы матэрыяльна-сыравінных рэсурсаў Газпрама. У аддзеле працуе чалавек 15 і ўсе з вучонымі ступенямі.

На гэтай пасадзе Света працавала да прыходу новага начальніка газпрама Мілера. Былы начальнік Вяхіраў, таксама кандыдат эканамічных навук, пайшоў на пенсію. Пуцін прывёз свайго чалавека з Пецярбурга.

Пры Мілеры Света пайшла на павышэнне. Зараз працуе памочнікам начальніка дэпартамента. Зарплата адразу павялічылася напалавіну. У начальніка дэпартамента два памочнікі: адзін курыруе збыт нафты і газу ў далёкае замежжа, другі - у блізкае. Блізкім замежжам займаецца Света, аднак ад Беларусі і Украіны адмовілася, матывуючы тым, што там жывуць бацькі, радня, і каб не было ціску на іх з боку беларускіх уладаў. Свету правільна зразумелі і перадалі Беларусь і Ўкраіну другому памочніку.

Света самастойна па службе вырасла да той вышыні пасады, на якую прызначае асабіста Мілер. Хаця ёсць яшчэ начальнікі вышэй за Свету, аднак яе выбралі членам савета дырэктараў.

Газпрам - дзяржава ў дзяржаве, свая паліцыя, свая медыцына, свая авіяцыя. Тым, хто выходзіць на пенсію, акрамя дзяржаўнай Газпрам плаціць яшчэ сваю пенсію тады, калі чалавек пакідае працу ў Газпраме. Света атрымоўвае дзяржаўную пенсію, але ў Газпраме пакуль застаецца працаваць - ва кіраванні па цэнаўтварэнні.

За час вучобы ў аспірантуры яна аб'ездзіла ўсе радовішчы нафты і газу Савецкага Саюза, збіраючы матэрыял для сваёй навуковай дысертацыі.

Працуючы ў Газпраме аб'ездзіла паўсвету. Многа раз лятала ў Амерыку (ЗША). Тады было нейкае супрацоўніцтва ЗША з Газпрамам. Здзяйснялася яно цераз Свету. Камандзіроўкі ў ЗША цяжкія. З Масквы да Нью-Ёрка ляцець самалётам 12 гадзін. У Нью-Ёрку перасадка, яшчэ 3,5 гадзіны над Амерыкай да горада Даласа, горада, дзе забілі Джона Кенадзі. Ёсць фота, на якім Света стаіць і паказвае рукой месца забойства Кенадзі. У Амерыку, хаця дарога цяжкая, але плацілі 100 даляраў камандзіровачных у суткі.

У такіх краінах як Германія, Аўстрыя, Швейцарыя, Італія, Англія, Нідэрланды, Чарнагорыя, Польшча, Арабскія Эміраты Света пабывала па некалькі разоў у рабочых камандзіроўках, або міжнародных канферэнцыях. Ездзіла не адна, а ў складзе групы экспертаў у ролі кіраўніка. Наведвала Чэхію, Латвію, Аўстрыю, Балгарыю, Егіпет.

Са старым і новым начальнікамі ляталі за Палярны круг на перамовы з губернатарам. Начальнік ля ціць на сваім персанальным самалёце, на другім - група супрацоўнікаў. З Урэнгоя ляцелі верталётамі на месца да губернатара. Адлятаючым супрацоўнікам з Газпрама запалярнікі давалі сумкі з гасцінцамі. Пераважна лепшыя гатункі рыбы з Ледавітага акіяна. Самым цікавым напрадвесні ў 2010 годзе было, калі гасцей з Масквы запалярнікі пачаставалі памідорамі і агуркамі.

У 2011 годзе Света ўспела злётаць на тыдзень у Чарнагорыю. Вярнулася адтуль, цераз кароткі час паляцела на 10 дзён у Арабскія Эміраты. Хаця зімой, але пакупалася ў цёплым моры. Яшчэ адна перавага Газпрама над іншымі прадпрыемствамі: калі ідзеш у адпачынак, тады акрамя адпускных табе плацяць грошы на правядзенне водпуску ў тым выпадку, калі ты едзеш адпачываць у санаторый, ці курорт, ці на экскурсію.

Муж Свецін - Жэня Палікарпаў - інжынер-электрык, прытым спадчынны. Бацька і дзед - таксама інжынеры, а маці была балярынай.

Жанна з Алегам Дворнікавым вучыліся ва ўніверсітэце на факультэце фізікі. Пра Алега я сказаў вышэй. Пасля Жанна скончыла ў Маскве акадэмію паслядыпломнай адукацыі па псіхалогіі. Ёй прапаноўвалі паступаць у аспірантуру, але мы параілі не ісці ў такім узросце. Жанна зараз спецыялізуецца як псіхолаг. Працуе ў прыватнай навучальнай установе. З ёй працуе ўнучка Воля. Воля скончыла Міжнародны гуманітарны ўніверсітэт у Менску, які выгналі з Беларусі. Жыве ў Санкт-Пецярбургу. Унук Андрэй скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, факультэт інфармацыйных тэхналогій (1999-2004 гг.). Працуюць ён і яго жонка Света праграмістамі ў розных замежных фірмах з дакументамі на нямецкай мове.

Калі ўнучка Воля здала дзяржэкзамены ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, ездзіла на тры месяцы ў Швейцарыю працаваць перакладчыкам з французскай мовы на рускую. Яна паехала на замену сваёй папярэдніцы студэнткі, якая там адпрацавала таксама тры месяцы. Кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта такім чынам стварала ўмовы прайсці стажыроўку па замежнай мове. Прыехаўшым у Швейцарыю давалі адразу жыллё і наперад зарплату - 800 еўра.

Воля працавала ў медыцынскай установе, куды едуць лячыцца багатыя рускія. Ад Волі са Швейцарыі даведаліся, што Света пойдзе на падвышэнне. Там лячылася жанчына з аддзела кадраў Газпрама. Воля пры лекары была ёй перакладчыцай. Жанчына паведаміла Волі, што бачыла дакументы аб павышэнні Светы па службе. Воля пазваніла ў Менск мацеры, а Жанна паведаміла нам аб гэтым. Такі ланцужок пра загад аб прызначэнні Светы на новую пасаду.

Калі Воля ад'язджала дамоў, і лекар даведаўся, што яна беларуска, здзівіўся: лічыў яе францужанкай.

Я выйшаў на заслужаны адпачынак і назаўсёды пакінуў працу ў школе. Не сеў, склаўшы рукі, дома. Як цяпер жартам гавораць: я стаў "фермерам".

Узяў 1,5 га зямлі. Быў свой конь "Дружок", свой трактар. Гаспадарка, праўда, была невялікая. Гадаваў дзве дойныя каровы, дзве свінаматкі. Апрача гэтага кожны год выкормлівалі двое свіней і бычка вагой 300-350 кг на забой на мяса, дзесяткі два курэй. Праўда, былі яшчэ трусы - вялікія серабрыстыя, якіх мы гадавалі, калі працавалі ў школе. Кожнае лета выкормлівалі або гусак, або індычак, або качак. I што за гаспадарка, калі яе не ахоўваюць два сабакі і не ловяць мышэй кот з кошкаю?!

З усёй гэтай гаспадаркай упраўляліся ўдваіх з Ядвігай Елісееўнай. Дочкі вучыліся. Што зробіш, калі ў нас сялянскія душы. Кажуць, што прырода перамагае навуку.

17. Дзядуля і дзядзька Коля

Калі дзед "Міхалюк" памёр, я вучыўся ў 2-м класе (1937 г.). Дзядзьку Колю далі тэлеграму ў Латвію і чакалі, што ён прыедзе на пахаванне. Цягнік Рыга-Вільня-Львоў праходзіў праз станцыю Нёман пад вечар. Не дачакаліся, дзядзька не прыехаў. Дзеда хавалі з ліхтарамі.

Пад вечар я ляжаў на печы, прыйшоў бацька і сказаў, што дзядуля памірае. Я пабег туды і быў каля дзеда, пакуль ён не сканаў. У хаце знаходзіліся бацька, маці, дзядзька Міша з жонкай і бабуля Агата.

Дзед просіць Мішу даць закурыць. Ён запаліў папяросу, падаў. Дзед некалькі разоў пацягнуў. Трымае папяросу, не адчувае яе і просіць, каб падалі другую. Сэрца пачало дрэнна працаваць, пальцы халадзелі.

Дзед быццам ніколі не хварэў, па старасці быў слабы, крыху хадзіў. У той дзень ён устаў з ложка. падышоў да вядра на кухні напіцца вады і паваліўся. Магчыма стукнуўся, не ведаю. Стала дрэнна, і да паўночы памёр.

Пражыў дзед 83 гады. За шэсць гадоў да смерці (мне было тры гады) дзед запрог каня Дэраша і паехалі па снапкі лёну ў Міркішкі - уздоўж чыгункі да другога пераезду, затым налева Жамойскай дарогай і зноў налева да лесу - там у лагчынцы рос гайнік лёну. Дзед узяў мяне з сабой. Сеў на калёсы, спусціў ногі між драбін, а мяне пасадзіў на калені. Прыехалі на месца, зняў мяне з калёс, занёс на пагорак, дзе пачынаўся лес, пасадзіў і кажа: "Сядзі тут, нікуды не ідзі". Сам развярнуў каня і пачаў складаць снапкі лёну, затым уціснуў жэрдкай. Пасадзіў мяне на лён, як у карыта і паехалі дамоў. Дзед ішоў каля воза да падворка, а я схаджу ў краму ў Менску ў суседнім доме, штосьці куплю, іду назад, і мучыць задышка.

Некалькі слоў пра дзядзьку Колю, які жыў у Латвіі. Калі бацька вярнуўся з Таганрога пасля рэвалюцыі ў Расіі, тады Коля і Міша былі падлеткамі. Бацька пачаў нарыхтоўваць бярвенні за Нёманам у казённым лесе і вазіць дамоў. Часта браў з сабой Колю.

Не ведаю, як і дзе, і чаму яны вучыліся ў час вайны, але дзядзька Коля ўмеў чытаць і заўсёды многа чытаў, займаўся самаадукацыяй. Пісаў ён прыгожа і пісьменна. У мяне захаваліся яго некаторыя лісты і подпісы на яго фатаздымках.

Пасля службы ў 6-м уланскім палку польскай арміі ў Вільні быў сакратаром падпольнай камуністычнай арганізацыі ў вёсцы Сялец. Сялецкая ячэйка адносілася да Беліцкага падрайкама партыі. Кіраваў ёю Міхаіл Міхайлавіч Манькоўскі. Сабраны і апрацаваны Канстанцінам Уладзіміравічам Гецам, удакладнены каштоўны гістарычны матэрыял пра дзейнасць ячэйкі, ухвалены былым сакратаром Лідскага райкама камуністычнай партыі Мінкевічам, з-за пераводу яго на пасаду міністра асветы БССР "закапаўся" ў нетрах папер райкама і, магчыма, загінуў назаўсёды. I звесткі, як планавалася, на старонкі раённай газеты не трапілі.

Выехаўшы ў Латвію, дзесьці ў 1932 годзе, дзядзька Коля за год авалодаў латышскай мовай не толькі гутарковай, але і пісьмовай. Памятаю яго да ад'езду. Прыносіў мне паштоўкі з малюнкамі, браў на рукі і падымаў да столі. Значыць, я быў яшчэ малы.

Дзядзька Коля жыў з сястрой Юляй. Муж яе (не ведаю яго імя і прозвішча, толькі памятаю па фотаздымку - з твару прыемны паўнаваты і з вялікімі вусамі). Закупляў жывёлу ў людзей для тых, хто займаўся вытворчасцю мясных прадуктаў - каўбас, паляндвіц, кумпякоў і інш.

Затым ён адкрыў мясарню і сам пачаў займацца такой вытворчасцю, пазней адкрыў уласную краму. Ва ўсім дапамагаў яму дзядзька Коля, і адначасова ён працаваў у краме. Жылі ў сельскай мясцовасці, была свая гаспадарка. Акрамя гэтага быў у іх дом у гор. Руена. Памятаю, яны прысылалі здымак гэтага горада і стрэлкай на здымку паказалі на свой дом. У час вайны горад Руена і дом згарэлі.

Да пачатку вайны Польшчы з немцамі дзядзька Коля прыязджаў дамоў летам 1939 года. З ім прыехала Аліна, дачка цёткі Юлькі. Сабраўся ехаць з імі малодшы брат Аліны Альфрэд. Ішлі на станцыю, і ён успомніў, што нешта забыўся. Вярнуўся, каб узяць, і спазніўся на цягнік. Так ён застаўся дома.

З прыходам бальшавікоў у 1940 годзе сваё прадпрыемства яны закрылі. Дзядзька Коля пайшоў працаваць начальнікам чыгуначнай станцыі Даўгулі Валміерскага ўезда. Пры немцах - не ведаю. Пасля вайны - зноў начальнікам той жа станцыі. Па выхадзе на пенсію працаваў у сельгастэхніцы дзяжурным на прахадной.

Жаніўся дзядзька Коля ў 40 год у 1945 годзе ў дзень на Купалу, 7 чэрвеня. Жонка была заядлая латышская нацыяналістка. Памерла трагічна. Ехала да касцёла на ровары, выпадкова ўпала і смяртэльна разбілася. Сыны Івар і Роланд былі ўжо вялікімі. На пахавальнай фатаграфіі яны стаяць прытуліўшыся да бацькі ўзровень яго плячэй.

Па выхадзе на пенсію дзядзька пабудаваў дом у горадзе Валміера, вул. Салацая, 4а. З ім жыў сын Івар з жонкаю. Роланд жыве ў сельскай мясцовасці на цёшчыным падворку.

Дзядзька Коля два разы прыязджаў у Сялец, калі я пераехаў у Зембін. Першы раз гасцяваў, калі было вяселле Сашы Барыса. Другі раз наведаў радзіму, і я спецыяльна прыехаў з Зембіна, каб з ім сустрэцца.

Не памятаю, у якім годзе дзядзька перанёс інсульт, ляжаў каля года, але пры добрай памяці і размове. Любіў чытаць мае лісты. Пісаў іх я яму вялікія. Як і ўсіх людзей, яго цягнула да свае радзімы, да радавых каранёў, асабліва на апошніх кроках жыцця.

Сыны яго па-руску ні чытаць, ні пісаць не ўмелі. У большасці лісты мае дзядзьку чытала нявестка, жонка Івара. Яна мне і адпісвала ад імя дзядзькі.

У апошні час Івар збіраўся адкрыць сваю ўласную краму. Пасля смерці дзядзькі перапіска наша перарвалася, і пра іх зараз нічога не ведаю.

Калі памерла цётка Юля, на пахаванне ездзілі бацька з дзядзькам Мішам. У час майго спаткання ў Сяльцы з дзядзькам Колем, калі я спецыяльна прыязджаў з Зембіна, многа чаго ў яго не распытаў. Затое ён часцяком, амаль цэлымі днямі, праседжваў каля бацькі (бацька быў ужо сляпым). Я іду аднойчы ў хату, а ён выходзіць з дому. Кажу: "Аб чым вы цэлы дзень размаўляеце?" Ён у адказ: "Бацька вельмі многа ведае". Прыезд гэты быў апошнім, развітальным з Радзімай.

Аднойчы сустрэў дзядзьку над Нёманам у Лахадрах. Адчуваючы свой канец, чалавеку захацелася пабываць там, дзе прайшло яго дзяцінства і маладосць, уваскрэсіць у памяці ўсё сваё жыццё.

У малалосці ён заляцаўся да дзяўчыны Марыі Кляйдовай, Алесінай дачкі, з якой затым ажаніўся Сашка Некрашэвіч - маці і бацька Раісы Праскурэнка (Некрашэвіч).

Ніжэй звесткі з апавялання дзядзькі Колі, калі ён быў сакратаром падпольнай камуністычнай арганізацыі ў в. Сялец.

У Вільню ён ехаў у шырокім плашчы, хаця тады быў малады і высмыглы. Там яму за падкладку наліцоўвалі бальшавіцкай літаратуры, і цягніком вёз у Сялец. Заўсёды баяўся, каб польская паліцыя не западозрыла.

Літаратуру ў Вільню прывозілі з Савецкага Саюза калёсамі цераз мяжу. Займаліся гэтым у прыватнасці Іван Сцяпанавіч Кудаш і яго жонка Людміла. Пасля пакарання смерцю Манькоўскага іх пасадзілі ў канцлагер у Картуз-Бярозе, дзе яны прабылі да разгрому Польшчы. Дома засталіся жыць адны дзеці - старэйшая Вера, сын Лёня і самая меншая Тома - мая аднагодка. Жылі яны ў сваім доме пад наглядам дзеда і дзядзькоў. Вярнуўшыся з Картуз-Бярозы, пры "першых саветах" усёй сям'ёй выехалі кудысьці ў Гомельскую вобласць.

М.М. Манькоўскага судзілі вайскова-палявым судом за разведвальную дзейнасць на карысць Савецкага Саюза, а ён займаўся палітычнай дзейнасцю. I.С. Кудаш і Люда былі пляменнікамі Манькоўскаму па жонцы. Жонка Манькоўскага Вольга, родная сястра Аўдолі жонкі Сцянана Кудаша. Іван Кудаш брат майму бацьку ў другой стрэчы, бо мой дзед "Міхалюк" і Сцянан Кудаш стрыечныя - Кудаш ад брата, мой дзед ад яго сястры. А ўнукі Сцяпана Кудаша мне стрыечныя ў трэцім калене.

У дваюраднага дзеда Сцяпана Кудаша радзілася таксама восем дзяцей - шэсць хлопцаў і дзве дзяўчыны: Іван, Аляксандр, Вікенцій, Павел, Канстанцін. Уладзімір, Ганна (у Жомайдзі замужам за Мурынам ("Турчыкам"), Вера (за Уладзімірам Борысам, затым за Сажнікавым).

Яшчэ з апавялання дзядзькі Колі.

У 1933 годзе рыхтавалася першамайская дэманстрацыя ў Сяльцы. Арганізатары дэманстрацыі абмяркоўвалі план у нашым доме. Падрыхтавалі чырвоны сцяг. Мелася на ўвазе вывесці на першамайскую дэманстрацыю рабочых тартака, чыгункі, лесасплаву, грузчыкаў і возчыкаў лесу і сялян.

Напярэдадні падпольшчыкі збіралі грошы на дапамогу сем'ям, членаў якіх палякі арыштавалі за падпольную дзейнасць. Грошы даручылі атрымоўваць і захоўваць аднаму чалавеку, іх затым павінны былі размеркаваць паміж пацярпеўшымі сем'ямі. Прозвішча гэтага не сялецкага чалавека не памятаю. З сабранымі грашыма ён уцёк у Амерыку, выдаў польскім уладам партыйную арганізацыю і тое, што рыхтуецца першамайская дэманстрацыя.

Перад 1-м Маем з Ліды прыехала 20 чалавек жандармерыі. Акружылі наш дом, на рабоце арыштавалі дзядзьку Колю і бацьку, прывялі дадому і пачалі рабіць ператрус. Шукалі партыйныя дакументы і іншыя доказы. Дзядзька Коля быў яшчэ сакратаромпажарнай каманды ў в. Сялец. Якія паперы знойдуць, ці спіс людзей - усё адносілася да пажарнай каманды. Не знайшоўшы ніякіх улік, вызвалілі з-пад арышту бацьку і дзядзьку. Зняўшы асаду дома, паехалі ні з чым назад у Ліду.

У дзядзькі Колі былі ўсе партыйныя дакументы. Ён надзейна іх хаваў на ганку пад падлогай. Сцяга таксама на знайшлі. Такім чынам дэманстрацыя была сарвана.

Бальшавіцкая літаратура захоўвалася ў асноўным у доме Тодара Федзюкевіча - сталяра, бондара. Ён жыў без жонкі (яна памерла) з сынам Мікалаем па мянушцы "Мірон". Мікалай пры "першых саветах" спачатку працаваў заўгасам у бальніцы, а затым сакратаром Нёманскага сельскага савета, пазней рас-страляны немцамі ў Лужку.

Пасля крывавай расправы з сынам Тодар Федзюкевіч прывёз жанчыну з Краснага Сяла. Пасля смерці Тодара (хвароба яго пачалася з болі малога пальца на назе, а затым развілася далей і давяла да смерці) "Тадорка" ўзяла ў хату прымака Вінцука Буйніцкага, бацьку Сяргея Буйніцкага. Вінцук тады працаваў паштальёнам.

18. Цётка Юля і дзядзька Міша

Некалькі слоў пра цётку Юлю і дзядзьку Мішу.

Цётка Юля прыязджала першы раз у 1934 годзе да бацькоў пасля таго, як яна выйшла замуж у Таганрозе за латыша. Яна гасцявала з дзецьмі - Алінай, якая вучылася ў 7-м класе гімназіі, і сынам Альфрэдам. Я вышэй ужо гаварыў, што Аліна прыязджала другі раз з дзядзькам летам 1939 года. Прыгожая і мілая дзяўчына.

Дзядзька Міша ў палітыку не ўмешваўся. Чалавек-земляроб. Прымаў удзел толькі ў самадзейнасці. Памятаю, маці ўзяла мяне ў школу на нейкую пастаноўку. У гэтым прадстаўленні нейкую ролю выконваў дзядзька Міша, нават з шабляю ў руках. Я нічога не разумеў, што на сцэне паказвалі. Прызыўную службу дзядзька адбываў у польскай арміі кулямётчыкам па званні плютановы (сяржант). Затым яшчэ прызываўся ў рэзерве. Памятаю, бо прыязджаў у форме дамоў.

Дзядзька жаніўся ў 1937 годзе. Вяселле яго добра памятаю. У дзень вяселля ён прынёс нам з Колем у хату прыгаршчы цукерак. Былі мы з Колем дома адны, бацькі знаходзіліся цераз вуліцу на вяселлі. Дзядзька Міша ўзяў сабе ў жонкі Марыю, дачку Кандрата Раманава Клейды. Кандрат Раманаў і Ўладысь (цесць Сяргея Ганевіча) - родныя браты. Дзед быў зу сім не задаволены выбарам Мішы. Маню ён крыху недалюбліваў, называў яе "казой".

У пачатку вайны з немцамі дзядзьку Мішу прызвалі ў польскую армію. На фронт не трапіў і ахоўваў чыгуначны мост у Скрыбаўцах. Пасля 17 верасня прыйшоў дамоў у поўным абмундзіраванні, нават з польскім карабінам. Палякі ўзбройвалі салдат абы якой зброяй. Новак у Сяльцы хадзіў з рускай вінтоўкай са штыком. У польскай арміі на ўзбраенні, як і ў немцаў, былі багнеты.

Не мінуў Чырвонай Арміі. Дайшоў да Германіі. З Германіі пераганяў жывёлу цераз Польшчу ў Беларусь. У Пружанах у кастрычніку жывёлу пагрузілі ў цягнік і адправілі ў Расію. Дзядзька Міша быў дэмабілізаваны. Пеша дабраўся дамоў.

Пры "першых саветах" дзядзька Міша ў калгас не падаўся, быў аднаасобнікам. Пры "другіх саветах" ім ужо не застаўся, але штосьці не памятаю, каб ён хадзіў на працу ў калгас. Доўгі час працаваў бакеншчыкам на Нёмане. Сена здабываў на вялікім востраве ніжэй моста. Пазней працаваў у вайсковай частцы конюхам, а яго сын Андруша - шафёрам, вазіў камандзіра базы ракетных кампанентаў, пакуль не памёр.

19. Брат Мікалай і яго сям'я

Мікалай Уладзіміравіч Гец (25.12.1931-25.01.2012) закончыў Нёманскую сямігадовую школу, затым - Лідскае чыгуначнае вучылішча. Да службы ў арміі працаваў на паравозе памочнікам машыніста і машыністам. Пасля арміі вучыўся ў Лідскім індустрыяльным тэхнікуме. Да выхаду на пенсію працаваў на пасадзе інжынера торфабрыкетнага завода "40 гадоў БССР" у пасёлку Першамайскі Лідскага раёна.

Жонка Мікалая Уладзіміравіча Тамара Валяр'янаўна працавала ў канторы торфа-брыкетнага завода.

Старэйшы іх сын Мікалай Мікалаевіч - рабочы. Малодшы - Святаслаў Мікалаевіч - і яго жонка Ала разам закончылі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Ала закончыла яшчэ аспірантуру і выкладае эканоміку ў гэтым універсітэце.

Унук майго брата Мікалая Ўладзіміравіча Яўген Мікалаевіч - рабочы, студэнт-завочнік сельскагаспадарчага ўніверсітэта.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX