Вярнуцца: Мемуары

Сямёнаў А. Кабінеты і калідоры Лідскай улады


Аўтар: Аляксей Сямёнаў,
Дадана: 16-05-2002,
Крыніца: Лiдскi Летапiсeц №12-13.



Старшыня Лідскага гарвыканкаму ў 1962-1969 гадах

І вось я зноў у Лідзе пасля пяцігадовага "падарожжа" па вобласці. А здарылася гэта так.

У сярэдзіне лістапада 1962 г. у канцы другой паловы дня я працаваў у сваім кабінеце ў Скідзельскім райвыканкаме. Раптам тэлефануе Леўчанкаў - памочнік першага сакратара абкама партыі Уладзіміра Фёдаравіча Міцкевіча і паведамляе, што мне трэба неадкладна выехаць у Горадню і ў палацы тэкстыльшчыкаў знайсці Міцкевіча. Ён будзе знайходзіцца там на аглядзе мастацкай самадзейнасці.

Аляксей Сямёнаў

Ужо праз 40-50 хвілін я быў у палацы тэкстыльшчыкаў. Міцкевіч, выйшаўшы у фае пасля дакладу пра мой прыезд, паведаміў, што адбылося рашэнне бюро абкама партыі аб пераводзе мяне на працу ў Ліду старшынём гарвыканкаму і трэба тэрмінова выехаць у ЦК на гутарку.

Раніцай я ўжо быў у ЦК КПБ і сустрэўся там з Ушацкім І. І., старшынём Лідскага гарвыканкаму. Яго таксама выклікалі на гутарку ў сувязі з пераводам у Горадню на пасаду старшыні гарвыканкаму.

Праз некалькі дзён 22 ліс-тапада 1962 г. на сесіі Лідскага гарадскога Савету дэпутатаў працоўных пасля зробленай справаздачы Ушацкага вызвалілі ад абавязкаў старшыні Лідскага гарвыканкаму, а мяне, паколькі я не быў дэпутатам гарсавету, абралі выканаўцам абавязкаў старшыні.

Дэпутаты, партыйны і савецкі актыў, якія прысутнічалі на сесіі сустрэлі мяне дабразычліва. Ды гэта і не дзіўна. Большасць з іх добра ведала мяне па мінулай працы на Лідскім чыгуначным вузле, у гаркаме партыі і камсамолу.

Трэба сказаць, што я параўнальна лёгка ўваходзіў у справы выканкаму гарсавету, чаму садзейнічала, як веданне па мінулай працы ў Лідзе амаль усіх адказных работнікаў гарвыканкаму, гаркаму партыі, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў, так і набыты ўжо досвед працы ў Сапоцкінскім райвыканкаме.

На першым часе мне падалося, што ў горадзе значна лягчэй працаваць, чым у райвыканкаме.

Адной з важнейшых задач на канец 1962 года было асваенне выдзеленых на пачатак будаўніцтва самацечнага калектара гарадской каналізацыі 100 тысяч рублёў, таму што ад гэтага залежаў і план падраду на працяг будаўніцтва каналізацыі ў 1963 годзе, інакш кажучы, лёс далейшага развіцця гораду.

У сувязі з тым, што да будаўніцтва калектара яшчэ не прыступалі, 27 лістапада па маёй ініцыятыве ў гарвыканкаме адбылася нарада па асваенню выдзеленых сродкаў.

На нарадзе прысутнічалі начальнік СУ-53 Кулеба Віктар Аляксеевіч, прарабы, прадстаўнікі аддзелу камунальнай гаспадаркі, іншыя зацікаўленыя асобы.

З першай сустрэчы тады ў выканкаме мне спадабаўся начальнік СУ-53 Кулеба сваёй кампетэнтнасцю і веданнем справы, рашучасцю і прафесіяналізмам, уменнем знайсці правільны развязак. З задавальненнем магу сказаць, што гэтае першае ўражанне пра дзелавыя якасці Кулебы В. А. так і засталося непахісным, нягледзячы на тое, што ў гаркаме пра яго была іншая думка.

У выніку прынятых мераў, пастаяннага кантролю за ходам работаў на канец году выдзеленыя сродкі былі асвоены.

З 1963 году пачалося асноўнае будаўніцтва каналізацыі, помпавых станцый, водаправодных сетак, станцыі другога пад'ёму ў раёне свідравін за Раслякамі, ваданапорнай вежы каля піўзаводу, а потым і ачысных збудаванняў каля в. Астроўлі.

У 1963-64 г. вялося будаўніцтва самацечнага калектару ад заводу Лідсельмаш да помпавай станцыі каля возера з супрацьлеглага боку плаціны, а таксама самой помпавай станцыі па вул. Перамогі і напорнага калектару да ачысных збудаванняў.

Будаўніцтва вадаправоду, каналізацыі, ачысных збудаванняў, помпавых станцый, жылля і іншых буйных аб'ектаў праводзілася за кошт дзяржкапукладанняў і знаходзілася ў плане падраду СУ-53, а потым трэсту № 19.

Рамонт жылля, добраўпарадкаванне вуліц, азяляненне і іншыя больш дробныя работы ажыццяў-ляліся за кошт сродкаў, выдзеленых абласным Саветам дэпутатаў працоўных. Акрамя таго, за кошт перавыканання даходнай часткі бюджэту заканчывалася будаўніцтва будынку аэрапорту па вул. Свярдлова і будынку для ДТСААФ каля возера, па праекту сельскай участковай бальніцы пабудаваны радзільны дом, пераведзены ў больш прыстасаванае памяшканне супрацьтуберкулёзны дыспансер, падключаны да гарадской цеплатрасы сярэднія школы № 2 і 3. Зроблены прыбудовы да СШ № 3 і школы № 5, а таксама да будынку гарвыканкаму.

Асабліва вялікай увагі патрабавалі аб'екты, якія будаваліся за кошт мясцовага бюджэту, таму што на іх увод не хапала не толькі сродкаў, але, самае галоўнае, будматэрыялаў. Іх трэба было вышукваць і выпрошваць у кіраўнікоў прамысловых і будаўнічых арганізацый, як у горадзе, так і за яго межамі. Таму не дзіўна, што будаўніцтва за кошт мясцовага бюджэту і добраўпарадкаванне забірала значна больш часу, чым будаўніцтва за кошт дзяржкапукладанняў.

А праводзілася добраўпарадкаванне дзедаўскімі метадамі. Іншай тэхнікі, акрамя экскаватара і бульдозера на трактары "Беларусь" не было. Уся работа па добраўпарадкаванні ішла ўручную. У РБУ працавала адна брыгада цесляроў - брукароў і адна група па рамонту і ўкладцы ходнікаў (тратуараў).

Падрыхтоўка асновы пад вуліцы праводзілася бульдозерам і экскаватарам на трактары "Беларусь". Устаноўка бардзюраў, брукаванне бутавым каменем па падрыхтаваных асновах цеслярамі - брукарамі праводзілася ўручную, на каленях. Такім жа спосабам ажыццяўляўся рамонт і ўкладка новых ходнікаў .

Часцяком і гэтая брыгада прастойвала з-за несвоечасовай падвозкі пяску, каменю, бардзюрнай пліткі.

Спярша ходнікі брукавалі цэментнай пліткай, вельмі неякаснай, потым перайшлі на асфальтаванне.

У РБУ была зманціраваная прымітыўная асфальтавая ўстаноўка, якая дапамагала паскорыць правядзенне рамонту і ўкладкі ходнікаў і нават частковы рамонт вуліц.

Даводзілася вельмі часта сустракацца з начальнікам РБУ Трухановічам Віктарам Паўлавічам, майстрам па добраўпарадкаванню Анісіевічам, цеслярамі, брукарамі, асфальтоўшчыкамі, з усімі рабочымі на аб'ектах і з першых вуснаў атрымоўваць інфармацыю пра недахопы, якія маюцца ў арганізацыі работаў, несваечасовае забеспячэнне будматэрыяламі, друзам (шчабёнкай), пяском, бардзюрамі, ходнікавай пліткай і г.д., умешвацца і дапамагаць, калі гэта патрабавалася, кіраўніцтву РБУ вырашаць узніклыя пытанні.

Неаднаразова даводзілася патрабаваць тлумачэнняў начальніка аўтакалоны Рубцова, які нярэдка за кошт недапастаўкі машын РБУ выконваў іншыя замовы, якія кантраляваліся прамысловым аддзелам гаркаму партыі.

Сярод рабочых РБУ я быў сваім чалавекам, і яны, нярэдка, нават тэлефанавалі мне наконт узніклых праблемаў у гарвыканкам, калі кіраўніцтва РБУ было не ў стане іх вырашыць уласнымі сіламі.

Згадваецца такі выпадак. У 1970 годзе, калі я ўжо працаваў у Горадні, знаходзячыся ў Лідзе на вакзале ў чаканні аўтобуса, убачыў рабочых РБУ, брукаваўшых пад'язныя шляхі, падышоў да іх і павітаўся. Яны хорам адказалі: "Добры дзень, таварыш старшыня". На маю заўвагу, што я ўжо даўно не старшыня, яны запярэчылі: паколькі новы старшыня да гэтага часу з імі не сустракаўся, яны працягваюць лічыць старшынём мяне.

Сталая ўвага да дабраўпарадкавання гораду давала свае бачныя вынікі, не толькі ў плане з'яўлення вуліц з каменным пакрыццём, асфальтаваных і брукаваных пліткай ходнікаў і г. д., але і ў змяненні адносінаў да пытанняў дабраўпарадкавання з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў і жыхароў гораду.

Не выпадкова ўжо ў 1964 годзе горад заняў першае месца ў вобласці па дабраўпарадкаванні з прысуджэннем прэміі ў 400 рублёў.

Вуліцы горада паступова прымалі больш дагледжаны выгляд. Цалкам забрукавана вуліца Труханава з выхадам на вул. Энгельса, што дазволіла некалькі разгрузіць цэнтр горада. Дабраўпарадкавана і расшырана да памераў плошчы вул. Кірава на ўчастку ад вуліцы Савецкай да сточнай канавы, вуліца і плошча Міцкевіча таксама змянілі свой выгляд, заасфальтавана плошча Леніна, зроблены першыя дзве паласы на вул. Ламаносава ад вул. 8-га сакавіка да СШ №2, праводзіўся па меры патрэбы касметычны рамонт палатна вуліц і ходнікаў азяляненне сквераў і вуліц горада з пасадкай дрэў, кустоў, кветак.

Каб абсталяваць пляж каля возера неабходна было завезці пясок. Паводле дамоўленасці з начальнікам аўтакалоны Рубцовым, выдзелеўшым аўтасама-звалы, і начальнікам БУ-53 Кулебам, выдзелеўшым экскаватар, у 1964 г. праведзены суботнік. Аўтасамазвалы працавалі некалькі гадзін і завезлі неабходную колькасць пяску. Кіраваць гэтай работай давялося мне, таму што загадчык гаркамгасу Грабянькоў С. К. не змог удзельнічаць у гэтай справе з-за асабістых прычынаў. Ужо пазней праведзена планіроўка і іншыя неабходныя работы па афармленню пляжу.

Недзе ў 1965-66 г.г. у скверы каля возера пабудаваны падземны туалет.

Некалькі слоў пра кампанію па зносу платоў. Падчас майго чарговага адпачынку, не памятаю дакладна ў якім годзе, з гаркама паступіла каманда тэрмінова знесці ўсе платы, якія выходзяць на вуліцы, незалежна ад іх стану. Работнікі гаркамгасу і домакіраўніцтваў бяздумна выканалі гэтае распараджэнне. Знеслі , як драхлыя, што прышлі ў нягоднасць, так і яшчэ моцныя, што не страцілі прыстойнага вонкавага выгляду платы. Знеслі таксама платы вакол парку і каля дому, дзе жылі Фамічоў, я і сакратар райкаму.

У наступным годзе па дамоўленасці з кіраўнікамі прадпрыемстваў і за іх кошт на заводзе "Лідсельмаш" выраблены металічны плот для парку, палова яго ўстаноўлена.Рэспубліканскі камітэт народнага кантролю падчас праверкі ўстанавіў, што сродкі прадпрыемстваў на выраб плоту прыцягнуты незаконна, а мне на паседжанні аблвыканкаму аб'яўлена вымова і прадпісана вярнуць грошы прадпрыемствам. Грошы прадпрыемствам вярнуць ужо было немаг-чыма, але дальнейшае будаўніцтва плоту давялося спыніць.

Пасля зносу плоту каля дома, дзе мы з Фамічовым жылі, у садзе па вечарах паступова ўзнік прытон п'яных мужчын і жанчын, балазе цераз дарогу працаваў магазін № 12, у якім можна было набыць піва і гарачыцельныя напіткі. Па вечарах у садзе раздаваліся п'яныя віскі і лаянка, адбывалася ўсякая непатрэбшчына. Паводле ўказання Фамічова начальнік міліцыі Дзяргай высылаў сюды міліцэйскія нарады. Нічога не дапамагала. Тады я ўзяў у міліцыі некалькі чалавек, так званых "дэкабрыстаў", якія адбывалі арышт, будаўнікі па маёй просьбе падвезлі бетон і даставілі металічную агароджу з партыі, нарыхтаванай для парку і за паўдня з абеду да вечара з двух знешніх бакоў дома быў зманціраваны металічны плот. Прытон перастаў дзейнічаць.Фамічоў прамаўчаў. Па-моему, гэты плот стаіць і зараз.

Працоўны дзень у гарвыканкаме пачынаўся ў 9 гадзін раніцы, але я, як правіла, прыходзіў да 8.00 і нярэдка пачынаў яго з аб'езду (машынай кіраваў сам) і візуальнага агляду вуліц горада, аб'ектаў дабраўпарадкавання і будаўніцтва, разбору пошты. Па панядзелках падрыхтоўка да нарады кіраўнікоў аддзелаў, разгляд надзённых пытанняў. Заседжвацца ў выканкаме не любіў.

Шмат часу і нярвовай энергіі забіраў прыём наведвальнікаў па асабістых пытаннях. Самым напружаным перыядам аказаўся канец 1962 года і 1963 год. І гэта зразумела. Людзі імкнуліся трапіць да новага старшыні і заявіць пра свае беды, правы і прэтэнзіі.

Акрамя таго, у 1963 годзе па маёй ініцыятыве праводзілася перарэгістрацыя чаргі на атрыманне жылля і прывядзенне яе ў адпаведнасць з існым заканадаўствам, таму што мой папярэднік адышоў ад літары закону і па ўзгадненню з гаркамам партыі пры афармленні чаргі на ўлік не прымаліся грамадзяне, сямейнікі якіх працавалі на прамысловых прадпрыемствах, што вядуць жыллёвае будаўніцтва. Гэтыя абставіны павялічылі наплыў наведвальнікаў. Да слова, у 1963 г. мы бралі на ўлік толькі тых грамадзян, у якіх на кожнага сямейніка прыпадала не больш 4,5 кв. м. Пазней гэтая норма была павялічана да 6,5 кв.м.

Прыём праводзіўся два разы ў тыдзень, па панядзелках і чацвяргах. Потым, пасля з'яўлення намесніка старшыні ў 1964 годзе, я перайшоў на адзін дзень прыёму наведвальнікаў. Нягледзячы на два прыёмныя дні наплыў наведвальнікаў не змяншаўся. У дзень на прыём запісвалася па некалькі дзесяткаў чалавек. Былі і рэкордныя дні, калі на прыём прыходзіла да 70-80 чалавек і нават 90. Дні прыёмаў аказваліся настолькі знясільвальныя, што выходзячы на вуліцу пасля заканчэння прыёму здаралася хістаўся ад стомы і не толькі фізічнай, але і маральнай.Людзі звярталіся са сваім болем, скардзіліся на невыносныя жыллёвыя ўмовы ці наогул на адсутнасць жылля, а я нічым, акрамя свайго спачування, дапамагчы не мог.

Даводзілася выслухоўваць усё: і плач, і слёзы, і пагрозы, і лаянку, і пры гэтым заставацца знешне спакойным і дабразычлівым, ураўнаважаным і ў той жа час не павышаючы голасу, не дазваляючы сабе эмоцый заставацца прынцыпіяльным і справядлівым. Тады мне гэта ўдавалася, хапала і вытрымкі і нерваў, і здароўя. Галоўны ўрач палікліннікі Макарэвіч, які прысутнічаў неяк на прыёме, пасля заканчэння прыёму сказаў мне, што аднаго такога прыёму дастаткова, каб атрымаць язву страўніка, а ты яшчэ хочаш вылечыцца ад яе.

І ўсё-такі мой прынцып уважліва, не перабіваючы выслухаць скаржніка, даць яму выгаварыцца, а потым тактычна растлумачыць становішча, заўсёды сябе апраўдваў.

Неяк у пачатку 1963 году да мяне на прыём зайшоў адзін пажылы чалавек і падаўшы спісаны сшытак, заявіў, што ён ўсё напісаў, таму што не ў стане спакойна выкласці сваю просьбу, а сам працягваў гаварыць. Я не перабіваў яго і ўважліва слухаў 15, 30, 40 хвілін, выкурыў за гэты час тры цягарэты і толькі пасля гэтага ён закончыў гаварыць. За гэты час занепакоеныя скаржнікі некалькі разоў адчынялі дзверы кабінета і абураліся.

У гэтага грамадзяніна былі вельмі цяжкія жыллёвыя ўмовы, але ў чарзе на атрыманне жылля нідзе не стаяў і, як я зразумеў з яго недагаворак, не зусім нармальныя адносіны з жонкай, на шмат маладзейшай за яго. Я яму шчыра абмаляваў становішча з жыллём у горадзе, паведаміў пра колькасць людзей, якія стаяць на чарзе і колькасць кватэр, што здаюцца ў эксплуатацыю і нічога не паабяцаўшы, парадзіў самому неяк выходзіць са становішча. Ён спакойна пайшоў і ніколі больш не звяртаўся ў гарвыканкам.

За час сваёй працы у выканкаме я ніколі нікому не даваў абяцанняў, акрамя завярэнняў, што кватэры будуць выдзяляцца строга па чарзе, стараўся гаварыць праўду, хаця часцяком і горкую. Але калі я вызначаў, што наведвальнік не мае права на задавальненне сваёй просьбы, то не саромеючыся адмаўляў. Неаднойчы асобныя скаржнікі спрабавалі вы-весці з раўнавагі, прымусіць ускіпець і потым выкарыстаць у сваіх мэтах узніклую сітуацыю.

Не забуду выпадак з выкладчыкам фізкультуры Цішуком Сяргеем. Ён неаднойчы бываў у мяне і мы ведалі адзін аднога. У гэты раз ён адкрыта пачаў выклікаць мяне на скандал, на што я, раскусіўшы яго ўлоўку адказаў:

-- Нічога не выйдзе з тваёй задумы, у мяне хопіць нерваў не паддацца на правакацыю.

Ён усміхнуўся і змяніў тон. У далейшым у нас з ім так і засталіся дастаткова нармальныя ўзаемаад-носіны, без ценю крыўды з чыйго-небудзь боку.

Мелі месца выпадкі, калі пагражалі пакінуць у кабінеце дзяцей і нават пакідалі. Даводзілася выклікаць медыкаў і на час, пакуль бацькі не абдумаюцца адпраўляць дзяцей ў бальніцу.

Спачатку я праводзіў прыём наведвальнікаў у адзіночку, а потым прыйшоў да высновы, што неабходна прыцягваць да ўдзелу ў развязванні скаргаў дэпутатаў гарсавету і работнікаў выкан-каму. Іх удзел у прыёме грамадзян выключыў узнік-ненне правакацый і непаразуменняў з боку найбольш энспансіўных грамадзян, прывучала да дасканалага аналізу сітуацый, якія ўзнікалі.

Вельмі часта на пытанне наведвальніка, калі ж ён атрымае кватэру, я адказваў: "Надо ждать, другого не дано". А потым неяк на адзіноце з сабой прыслухаўся да гэтага словаспалучэння і жахнуўся. Выходзіла: "Надо ж дать". Пасля гэтага ніколі такіх словаў не вымаўляў.

Жыллёвае пытанне ўскладнялася і тым, што гарадскі камітэт партыі забараніў выдзяляць пляцы для індывідуяльнай забудовы і рабілася гэта з добрых памкненняў - менш трэба сродкаў на дабраўпарадкаванне вуліц у раёне забудовы, будаўніцтва інжынерных сетак і г.д. Але паступаючы так мы адбілі жаданне ў людзей самім будаваць жыллё і намнога павялічылі чаргу на атрыманне жылля. І толькі пад канец маёй працы ў гарвыканкаме па дарозе на Крупава быў выдзелены масіў для індывідуяльнай забудовы. Так узнік пасёлак "Маладзёжны".

У 1963 годзе ўзнік недахоп рабочых месцаў. Сітуацыя з працаўладкаваннем стала настолькі вострай, што выканкам вымушаны быў стварыць нешта накшталт біржы працы, грамадскае бюро па працаўладкаванню, якое ўзначалілі пенсіянеры. Але ўжо ў 1964 годзе ў сувязі з расшырэннем шэрагу прамысловых прадпрыемстваў становішча нарма-лізавалася і пазней гэтая праблема і зусім знікла.

У сярэдзіне зімы 1963 году ў гаркаме партыі разглядаўся генеральны план забудовы гораду, распрацаваны Белдзяржпраектам, што дапамагло зразумець узаемазалежнасць многіх гарадскіх праблемаў, паступова разабрацца і выпрацаваць лінію паводзінаў у рэалізацыі гарадской забудовы. Праўда, тады ў 1963 годзе я ўяўляў усё гэта смутна і толькі з набыццём досведу праз 2-3 гады паступова пачаў больш свабодна разбірацца ў пытаннях забудовы.

Дакладна не памятаю, у якім годзе, здаецца ў 1966-м ці 1967-м, у выканкам зайшлі два міністры - хлебапрадуктаў т. Панамароў Г. Г. і Белсельгастэхнікі Хітрун Л. І. з прапановай пабудаваць элеватар на беразе возера. Прывабіла іх гэтае месца блізкасцю ўсіх інжынерных камунікацый (вадаправоду, каналіза-цыі, цеплатрасы, электраэнергіі), наяўнасць вады з возера на тэхналагічныя патрэбы, а адсюль і таннасцю праекту. Я разумеў, што будаўніцтва элеватару па сутнасці ў цэнтры гораду стварае масу праблем для жыхароў, прывядзе да ліквідацыі адзінага і ўжо дабраўпарадкаванага месца адпачынку гараджан у раёне возера. Пры ўсёй маёй павазе да абодвух міністраў, я ветліва, але дастаткова цвёрда адмовіў ім у выдзяленні гэтага ўчастку пад забудову. Яны са шкадаваннем, але згадзіліся з маімі довадамі.

Вельмі хутка я зразумеў, як важна сваечасова зрабіць праектную дакументацыю пад спланаваныя аб'екты і ажыццявіць іх прывязку. Таму з першага году працы я пастаянна ўдзяляў увагу праектаванню і нацэльваў на гэта работнікаў гарадскіх службаў.

Даводзілася неаднаразова выязджаць у Белдзяржпраект, воблпраект, а таксама выкарыстоўваць камандзіроўкі ў Менск і Горадню па іншых пытаннях для наведвання праектных арганізацый і сустрэч з непасрэднымі распрацоўшчыкамі, якія праектавалі каналізацыю і ачысныя збудаванні, вадаправодныя сеткі, жылыя дамы і ажыццяўлялі іх прывязку да мсяцовасці.

Памятаю, у Белдзяржпраекце выканаўцы праекту заўсёды былі задаволены маімі наведваннямі, неаднаразова наладжвалі сустрэчы з кіраўнікамі Белдзяржпраекту, што станоўча адбівалася, як на сродках, так і на якасці выкананых праектаў. Распрацоўшчыкі праектаў не раз гаварылі, што я амаль адзіны з кіраўнікоў выканкамаў клапачуся пра паскарэнне праектавання аб'ектаў.

У горадзе своечасова пачалося будаўніцтва ачысных збудаванняў каля в. Астроўля, значна раней, чым у іншых гарадах рэспублікі.

З году ў год адкладваўся пачатак будаўніцтва шляхапроваду па вул. Леніна. Ужо ў 1963 г. мы амаль паверылі, што ў наступным годзе будуць выдзелены сродкі на будаўніцтва. Неабходнасць у ім адчувалася вастрэйшая. На працягу сутак на пераездах прастойвала велізарная колькасць транспарту. Таму пры зацверджанні плану дабраўпарадкавання на 1964 г. я прапанаваў не ўключаць у план рамонт ходнікаў па вул.Леніна. Прыхільнікам правядзення рамонту я адказваў, што няма патрэбы дарэмна траціць сродкі, каб потым праз год-два паламаць усё. Са мной пагадзіліся. Але потым, калі прайшло некалькі гадоў, а пачатак будаўніцтва шляхапроваду ўсё адкладвалася, ужо я настаяў на ўключэнне ў план работ рамонту ходнікаў на гэтай вуліцы. Будаўніцтва шляхапроваду пачалося ўжо пасля мяне, здаецца ў 1970 г.

Па ініцыятыве былога старшыні Ушацкага набыта абсталяванне для планетарыя і на 1963 г. БУ-53 уключана ў план падрадных работаў правядзення неабходных будаўнічых работ і мантаж абсталявання і механізмаў планетарыя ў касцёле па вул. Савецкай. Будаўнікі ў 1963 г. да работ не прыступілі, а звяртацца з просьбамі пра выдзяленне ліміту на 1964 год не мела сэнсу, таму што нам бы справядліва адказалі, што трэба сваечасова асвойваць выдзеленыя сродкі. Давялося мне ўзяць грэх на сваю душу і падпісаць акт на быццам бы ўжо цалкам выкананыя работы (фактычна зрабіць прыпіску), што пагражала сур'ёзнымі непрыемнасцямі. І ўсё-такі планетарый у наступным годзе быў зманціраваны і пачаў працаваць.

У сувязі з тым, што будынак, у якім размяшчаўся індустрыяльны тэхнікум знайходзіўся на тэрыторыі забудовы завода "Лідсельмаш", за кошт сродкаў заводу намячалася пабудаваць новы будынак тэхнікуму на вул. Савецкай побач з касцёлам піяраў. На пляме забудовы аказаўся драўляны будынак вайскагандлёвай сталоўкі і некалькі іншых пабудоваў, што стрымлівала пачатак будаўнічых работ. Работнікі гаркамгаса не змаглі своечасова вызваліць пляму забудовы і будаўнікі пачалі работы на яшчэ не падрыхтаванай пляцоўцы. Давялося адначасова з выкананнем будаўнікамі работ нулявога цыклу зносіць пабудовы, якія аказаліся на пляме забудовы, што стварала сур'ёзныя ўскладненні у правядзенні работ. Надалей ніякіх іншых цяжкасцяў не ўзнікала і будынак тэхнікуму быў своечасова здадзены ў эксплуатацыю.

Найбольш складаным аказаўся пачатак будаў-ніцтва аўтавакзала і гасцініцы. Гэта ўжо ў 1968-69 г.г.

На будаўніцтва аўтавакзала міністэрства аўтамабільнага транспарту выдзяляла ўсяго 80 тыс.руб. Іх хапала на будаўніцтва будынка аўтавакзала і крытай галярэі ўздоўж пасадачных пляцовак. Нашы спробы пабудаваць інжынерныя сеткі за кошт міні-стэрства прывялі да адмовы на такіх умовах будаваць аўтавакзал. Прышлі да кампрамісу. Гарвыканкам абавязаўся за кошт гораду правесці дабраўпарадкаванне і зменшыць даўжыню інжынерных сетак, а міністэрства дадало 40 тыс. руб. у план падрадных работаў. Толькі такім шляхам удалося пабудаваць аўтавакзал.

Драматычна склаўся пачатак будаўніцтва гасцініцы ў 1969 г. На пляме забудовы знаходзілася сем драўляных дамоў, у якіх жыло больш дзясятка сямей. Частку домаўладальнікаў удалося пераканаць перанесці дамы ў новы мікрараён сіламі будаўнікоў. Другая частка згадзілася перайсці ў падменны фонд з наступным выдзяленнем кватэраў пры здачы жылля ў эксплуатацыю. Гэта ох, як нялёгка. Заставаўся адзін домаўладальнік патрабаванні якога гарвыкан-кам ніяк не мог задаволіць.

Давялося запрасіць міліцыю, вывесці жыльцоў з дому і пачаць разбіраць страху. Цераз 2-3 гадзіны ў гаркам партыі паступіла ўрадавая тэлеграма, якая прадпісвала спыніць самавольства старшыні. Але ўсё абышлося добра. На гэты раз гаркам падтрымаў мяне.

У 1965 годзе партыйныя і савецкія органы пачалі актыўна працаваць над увекавечваннем памяці загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне. Спаўнялася 20 гадоў з дня Вялікай Перамогі, але доўг загінуўшым аказаўся не сплочаным. Не ўсе і не ўсюды прыведзены ў парадак і дагледжаны магілы, а то і проста закіну-тыя. І прывесці ўсе пахаванні ў парадак, дабраўпарадкаваць магілы перанесці ў іх парэшткі з адзіночных пахаванняў, што аказаліся закінутымі, ці знаходзіліся ўдалечыні ад населеных пунктаў, у недаступных месцах, было святым абавязкам жывых перад мёртвымі.

І трэба сказаць, што праца ў тыя годы была праведзена велізарная па ўсёй рэспубліцы, ува ўсіх гарадах, раёнах, буйных населеных пунктах.

У той жа час сям-там стала модным, менавіта модным, не пабаюся гэтага слова, насыпаць курганы, ствараць пампезныя манументы, запальваць вечныя агні, устанаўліваць танкі, пушкі і іншыя сімвалы вайны, прычым часцяком у месцах, якія ніякіх адносі-наў да баёў ні ў 1941 ні ў 1944 гадах не мелі.

У Лідзе гэтая праца прыняла грандыёзны размах. Не прэтэндуючы на падрабязнасці, паспрабую ў агульных рысах распавесці пра падзеі, якія тады адбываліся.

У гаркаме было вырашана насыпаць курган на тэрыторыі новага, паводле плану генеральнай забудовы горада, парку. Амаль усю зіму і вясну апарат гаркаму працаваў над ажыццяўленнем задуманага. Першапачатковы праект абрастаў усё новымі і новымі дадаткамі. Работнікі гаркаму звязваліся з удзельнікамі баёў за вызваленне горада, партызанамі і падпольшчыкамі, рэдагавалі надпісы на мемарыяльных плітах, якія павінны былі ўстанаўлівацца на кургане. Да выканання праекту былі прыцягнуты буйныя прамысловыя і будаўнічыя арганізацыі горада.

У дзень 95-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна ў новым парку пасаджана дубрава з 95 дубоў. Планавалася штогод падсаджваць да дубравы па аднаму дубу. Гэтае мерапрыемства праводзілася ўрачыста, з музыкай і дэманстрацыяй удзельнікаў пасадкі дрэваў.

На цырымонію закладкі кургана 9 траўня 1965 года былі запрошаны камандзіры частак і злучэнняў, якія вызвалялі Ліду, дэлегацыі з усіх гарадоў-герояў, месцаў найжарсцейшых бітваў, прадстаўнікі Літвы, усіх абласцей рэспублікі, гарадоў і раёнаў вобласці. Дэлегацыі прывезлі з сабой зямлю з месцаў баёў і захаванняў, спаленых вёсак і магіл ахвяраў фашысцкіх зладзействаў.

Вялікая група ўдзельнікаў вызвалення горада, партызан і падпольшчыкаў ушанавана званнямі ганаровых грамадзян горада.

У банку быў адкрыты бягучы рахунак, на які прадпрыемствы і арганізацыі цераз прафкамы пералічвалі сродкі на абслугоўванне дэлегацый, аплату пражывання ў гасцінніцы, пакупку падарункаў, арганізацыю харчавання і банкетаў, аплату фатаграфій, таксі і г. д.

Нягледзячы на тое, што работы вяліся дзеля ўвекавечвання памяці загінуўшых і выхавання ў насельніцтва, асабліва ў моладзі, пачуцця патрыятызму і любові да Радзімы, і тады, і цяпер узнікала і ўзнікае адна крамольная думка. А ці патрэбна была такая пампезнасць, неапраўданая шуміха і транжы-раванне народных грошай? Не, я не супраць ушанавання загінуўшых і ўвекавечання іх памяці. Побач з гэтай працай патрабавалася больш увагі ўдзяліць жывым інвалідам і ўдзельнікам вайны, удовам і сем'ям загінуўшых, а магчыма і матэрыяльна падтрымаць. Але на гэта, нажаль, грошай не было.

Мерапрыемства выйшла і сапраўды грандыёзным, чуць не ўсесаюзным. У прысутнасць ледзь не паловы дарослага насельніцтва горада, шматлікіх гасцей і дэлегацый, прадстаўнікоў вайсковых частак Лідскай залогі пачалася цырымонія закладкі кургана. У цэнтры асновы кургана насыпалася зямля, прыве-зеная дэлегацыямі і прынесеная жыхарамі горада. Каля краю асновы кургана закладзена капсула са зваротам-запаветам да нашчадкаў і наказам адкрыць капсулу 9 траўня 1995 г.

У тастамант укладзены кінастужкі цырымоній закладкі кургана, асноўныя эканамічныя, культурныя і сацыяльныя паказчыкі жыцця горада.

Мерапрыемствы па закладцы і афармленні кургана мелі вялікае выхаваўчае значэнне для ўсяго насельніцтва і асабліва для моладзі. Недарэмна пасля заканчэння працы па дабраўпарадкаванні кургана ўзнікла традыцыя ў маладажонаў наведваць курган пасля рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе і класці кветкі да яго падножжа і магілы невядомага салдата.

Пасля ўрачыстых мерапрыемстваў 9 траўня па насыпцы кургана працавала тэхніка. Закончвалі курган метадам народнай будоўлі. Выраблялі і ўстанаўлівалі мемарыяльныя пліты, абкладвалі курган дзёрнам, садзілі дрэвы, кусты і г.д.

Калі цераз некаторы час прыехаўшы ў Ліду сакратар ЦК КПБ Пілатовіч С. А. разам з тагачасным сакратаром Менскага абкама партыі Паляковым наведалі курган і Пілатовіч спытаў Фамічова, колькі каштуе праведзеная работа, апошні адказаў, што ўсё выканана бясплатна.

- Як гэта бясплатна, - спытаў Пілатовіч, -Сямёнаў, колькі каштуе курган?

- Станіслаў Антонавіч, - адказаў я, - мы не лічылі ў колькі гэта абышлося, але калі прыкінуць працу людзей і работу тэхнікі, то, думаю, 15 тысяч рублёў набярэцца.

- Ну вось, а ты кажаш - бясплатна, звярнуўся ён да Фамічова.

Узнікла думка: пляцоўку вакол кургана забетанаваць і пакрыць мармуровай крошкай. Паводле дамоўленасці з гаркамам партыі я сабраў у выканкаме кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, у якіх будаўнікі выконвалі работы па ўкладцы мазаічных падлогаў з мармуровай крошкі і дамовіўся з імі, якое прадпрыемства і на якую суму падпіша будаўнікам працантоўку, а будаўнікі выканаюць працу.

Але збудаваннем кургана справа не скончылася. Неяк на адной з нарадаў у аблвыканкаме ў канцы года мае калегі з іншых гарадоў і раёнаў вобласці, звяртаючыся да мяне жартам спыталі, ці хутка ў Лідзе па прыкладу Масквы будзе арганізавана пахаванне невядомага салдата. Я аджартаваўся, хутка, маўляў. Літаральна, праз дзень-два пасля гэтай размовы Фамічоў паведаміў, што ёсць ідэя арганізаваць пахаванне невядомага салдата. Ваенкаму ўжо дадзена каманда знайсці безымянную магілу. І ў 1967 г. адбылася ўрачыста-жалобная маніфестацыя па пахаванні невядомага салдата. Пад гукі жалобных мелодый працэсія прайшла цераз увесь горад ад сярэдзіны вуліцы ім. Свярдлова і да кургана, дзе і адбылося пахаванне. На магіле невядомага салдата запалілі вечны агонь. Ізноў удзел шматлікіх гасцей, вайскоўцаў, насельніцтва горада. І зноў мерапрыем-ства грандыёзнае, уражлівае.

Гады паўтара гарэў не пагасаючы агонь на магіле невядомага салдата, пакуль не ўзмаліліся работнікі гаркамгаса - няма чым плаціць за газ. Тады я на адным з мерапрыемстваў у аблвыканкаме задаў пытанне старшыні, што рабіць, плаціць няма чым, а гаркам не дазваляе патушыць агонь. Ён адказаў, у форме загаду, каб агонь патушылі.

У цяні гэтых вялікіх мерапрыемстваў праводзілася і іншая, знешне мала прыкметная, але неабходная работа па ўвекавечванні памяці пра загінуўшых.

У 1965 годзе ў скверы гарадской бальніцы паводле праекту архітэктара горада Кішыка Ю.Н. устаноў-лены сціплы помнік чырвонаармейцам, загінуўшым падчас бамбёжкі г. Ліды ў чэрвені 1941 г. і памёрлым ад ранаў у гарадской бальніцы.

Тады ж быў замоўлены праект помніка на могілкі па вул. Савецкай партыйнаму і савецкаму актыву і воінам, загінуўшым у годы станаўлення савецкай улады пасля вызвалення Ліды і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Адносіны з сакратарамі і іншымі работнікамі гаркама партыі спачатку складваліся добра. Першы сакратар гаракама партыі Фамічоў Рыгор Філатавіч ведаў мяне па працы ў камасамоле, быўшы ў той час другім сакратаром абкаму камсамолу. Ведалі мяне і трэці сакратар Дзмітрыеў Анатоль Мікалаевіч і некаторыя іншыя работнікі па мінулай працы ў Лідскім гаркаме.

Але паступова, чым далей, тым больш пачалі праяўляцца амаль незаўважныя рознагалоссі ў асноўным па другарадных пытаннях, прыхаванае незадавальненне мною, асабліва пасля абрання другім сакратаром Палявога Мікалая Міхайлавіча.

А пачалося гэта ўжо ў студзені 1963 года пасля разгляду на бюро гаркама дакладной запіскі праку-рора горада Мельнікава пра злоўжыванні былога старшыні гарвыканкаму Ушацкага І. І., якія быццам бы мелі месца пры продажы жыхарам горада камунальных драўляных дамоў, што не падлягалі капі-тальнаму рамонту. У дакладной фігуравала восем ці дзесяць фактаў, якія сведчылі пра гэтыя парушэнні.

Пры абмеркаванні я выказаў сумленне ў праўдзівасці прыведзеных у дакладной запісцы фактаў, таму што ведаў Ушацкага І. І., як чэснага і сумленнага чалавека, не здольнага на такія злоўжыванні, і папрасіў даць мне час, каб разабрацца і потым паведаміць бюро пра вынікі.

Калі я паведаміў пра прыведзеныя ў дакладной запісцы факты загадчыкам аддзеламі гарвыканкаму, яны ў адзін голас заявілі, што гэта няпраўда, паклёп і пераканаўча пацвердзілі гэта.

Так, у запісцы сцвярджалася, што адзін з дамоў быў прададзены раней, чым адбылося рашэнне пра яго продаж. Пракурор пацвярджаў гэта выпіскай з рашэння гарвыканкаму, вынятай у бюро тэхнічнай інвентарызацыі.

Паводле ўстанавіўшайся практыкі і згодна з законам аб продажы дамоў, якія не падлягалі рамонту, прымалася два рашэнні. Першае пра магчымасць продажу і другое аб продажы ўжо канкрэтнаму грамадзяніну. У выпісцы стаяла дата першага рашэння, а тэкст другога, з чаго выходзіла, што дом прададзены раней, чым адбылося рашэнне пра яго продаж канкрэтнай асобе, г. зн. была дапушчана памылка пры вырабе копіі рашэння. Як гэта здары-лася, з-за памылкі ці паводле нечай злой задумы ўстанавіць было немагчыма.

Калі я далажыў пра гэта першаму сакратару, ён перадаў слухаўку пракурору, які быў у яго. Пракурор ізноў пачаў ссылацца на выпіску з рашэння. Я ў сваю чаргу паведаміў яму, што перада мною знаходзяцца два рашэнні выканкаму, у якіх у першым рашэнні гаворыцца пра магчымасці продажу, а ў другім практычна праз год пра продаж канкрэтнай асобе і што ён, як пракурор, павінен верыць не выпіскам, а арыгіналам.

Другі факт пра продаж дома грамадзяніну не прапісанаму ў Лідзе, што пацвярджалася даведкамі з міліцыі. Аказалася, што гэты грамадзянін нарадзіўся, вырас і жыве ў горадзе безвыезна, але дакументы пра даваенную прапіску ў міліцыі не захаваліся.

Аналагічнымі былі і астатнія факты, прыведзеныя ў дакладной запісцы.

Не ведаю каму і для чаго спатрэбілася спроба дыскрыдатаваць Ушацкага, як не ўпэўнены, што паведамленыя мною вынікі праверкі знайшлі адлюстраванне ў пастанове бюро гаркама партыі.

Магу толькі здагадвацца, што зроблена гэта было на грунце асабістай непрыязні першага сакратара да Ушацкага, які быў пераведзены на павышэнне ў Горадню і вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. А пракурор быў выканаўцам гэтай бруднай справы.

У гэтым жа годзе адбылося невялікае сутыкненне на паседжанні бюро гаркаму. Не памятаю па якім пытанні, я выказаў адну думку, Фамічоў - іншае. Пры галасаванні чатыры члены бюро падтрымалі маю прапанову і толькі тры яго прапанову. Што тут пачалося. Фамічоў пачаў даказваць, што толькі яго думка з'яўляецца правільнай і пачаў "выкручваць рукі", вобразна кажучы, спачатку аднаму члену бюро (першаму сакратару гаркаму камсамолу), потым другому і г.д.

Калі ўсе яны адзін за другім згадзіліся з яго прапановай, Фамічоў звярнуўся да мяне, пачаў пераконваць мяне змяніць сваю думку, таму што пастанова бюро павінна быць аднагалоснай, на што я адказаў, што лічу сваю прапанову правільнай і адмаўляцца ад яе не збіраюся, але падпарадкуюся прынятаму большасцю рашэнню.

Паступова рознагалоссі па другарадных пытаннях сталі ўзнікаць усё часцей. Па прынцыповых пытаннях рознагалоссі не маглі ўзнікнуць, так як па іх практычна не магло быць дзвюх думак.

Першапачаткова я часта зайходзіў да Фамічова, каб вырашыць узніклыя пытанні параіцца па асобных праблемах. Гэта прыводзіла да таго, што ў выніку я траціў амаль палову працоўнага дня. Справа ў тым, што ён быў вельмі шматслоўны. Спыніць яго падчас размовы каштавала вялікіх цяжкасцяў. Яшчэ ў бытнасць другім сакратаром абкаму камсамолу ён літаральна з'ядаў у сакратароў райкамаў іх ліміты на міжгароднія перамовы, калі яны па нейкім пытанні траплялі яму на провад.

Акрамя таго падчас нашых размоваў раздаваліся званкі ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, сакратароў парткомаў ці іншых работнікаў і з кожным з іх размовы часцяком займала пяць, дзесяць, а то і пятнаццаць хвілін.

Каб сэканоміць час, я пачаў тэлефанаваць з свайго кабінета і траціў на гэтым максімум 15-20 хвілін. Відаць ён зразумеў гэта, як нежаданне сустра-кацца з ім, што магло паслужыць далейшаму аха-лоджванню нашых адносінаў.

На паседжаннях выканкаму ён прысутнічаў ад выпадку да выпадку, нягледзячы на своечасовае апавяшчэнне пра час і пытанні, што выносяцца на разгляд. Нярэдка ён у гэты час выязджаў у кінапра-кат на прагляд чарговай кінакарціны.

Праўда без яго прысутнасці паседжанні выкан-каму прадаўжаліся не больш 2-2,5 гадзін, з яго ж прысутнасцю зацягваліся бывала да чатырох з лішнім гадзін.

Пад час паседжанняў ён вёў сябе, як гаспадар ці прадстаўнік вышэйшай арганізацыі, не клапоцячыся пра элементарныя рамкі прыстойнасці.

Так падчас разгляду на выканкаме пытання пра працу райпрамкамбінату яго дырэктар Зайцаў Мікалай Сідаравіч у заключным слове паскардзіўся, што ўсе толькі лаюць, а дапамагчы ніхто не хоча.

- Хто не хоча дапамагчы? - спытаў Фамічоў.

- Ды вось я звяртаўся да старшыні аб прадаў-жэнні гарадскога аўтобуснага маршруту да цагельні ў Шайбаках, але да гэтага часу маршрут не прадоў-жаны, што перашкаджае нармальнай працы цагельні.

- Як не вырашае? - гаворыць Фамічоў, - Стаўлю на галасаванне пытанне аб прадаўжэнні аўтобус-нага маршруту да Шайбакоў.

Такія паводзіны першага сакратара абурыла мяне і я сказаў, што пакуль з'яўляюся старшынём, вяду паседжанне і стаўлю на галасаванне толькі я і ніхто іншы. Акрамя таго Шайбакі знайходзяцца па тэры-торыі раёну і наша кампетэнцыя на раён не распаў-сюджваецца. А пасля дадаў, што калі члены выканкаму і прагаласуюць, я такое рашэнне не падпішу, не хачу быць пасмешышчам на вобласці.

У такім духу паміж намі працягвалася палеміка некалькі хвілін, пакуль ён не ўнёс прапанову стварыць камісію і дэталёва вывучыць гэтае пытанне. Да гэтага часу шкадую, што ў жары палемікі я вёў сябе не лепшым чынам. А члены выканкаму глядзелі на нашую спрэчку ў недаўменні, каго ж падтрымаць. Быццам бы трэба падтрымаць свайго старшыню, але ў той жа час нельга не падтрымаць першага сакратара, ад яго вельмі шмат залежала ў далейшым лёсе кожнага.

Даручылі дэталёва вывучыць неабходнасць прадаўжэння гарадскога маршруту старшыні планавай камісіі Дадзьковай Аляксандры Іосіфаўне. Яна дабрасумленна праездзіла па гэтым маршруце цэлы дзень і ўстанавіла, што за гэты час на канцавым прыпынку сышло толькі два чалавекі і накіраваліся ў бок в. Шайбакі.

Я далажыў пра вынікі Фамічову. Ён прамаўчаў. На гэтым і закончыўся інцыдэнт. Думаю, абодва мы выглядалі не лепшым чынам. Аднак, што было, тое было.

Мне было ясна, што Фамічоў негатыўна адносіцца да мяне, але лічыў, што цярпіма. Аднак заканчэнне яго працы ў Лідзе прымусіла засумнявацца ў гэтым.

Калі яго абралі другім сакратаром абкаму партыі і кіраўнікі прадпрыемстваў наладзілі яму развітальны банкет, то я на гэтым мерапрыемстве аказаўся персонай "нон грата". Усё ж з пераходам яго ў абкам партыі я першы час уздыхнуў больш вольна, лічачы, што яго чалавечы гонар задаволены, і ён пакіне мяне ў спакоі. Як мне пазней стала вядома, ён яшчэ ў 1964 годзе звяртаўся да Доркіна В.Г. (старшыні прамысловага аблвыканкаму) і выказваў яму незадавальненне маёй працай. Праз некаторы час у 1966 ці 1967 г. пасля нейкай абласной нарады ці актыву мяне запрасілі ў прыёмную першага сакратара абкаму і папрасілі пачакаць выкліку на бюро. Пасля працяглага чакання сакратарка прыёмнай, пабываўшая ў сакратара паведаміла, што я магу быць вольным. Я абурыўся, што са мной нават не пажадалі пагаварыць, адчыніў дзверы ў кабінет, дзе праходзіла паседжанне бюро і спытаў, у чым справа, чаму мяне выклікалі і, нічога не сказаўшы, адпусцілі.

- Мы думалі прапанаваць іншую працу, - адказаў сакратар, - але неабходнасць у гэтым адпала, знайшлі іншага чалавека.

Я адказаў, што мне мая праца падабаецца і ніякай іншай я не прашу. З тым і пайшоў.

Дзеля аб'ектыўнасці не магу не сказаць чуць больш падрабязна пра дзелавыя і чалавечыя якасці Фамічова. Быў ён вядомым у вобласці ў рэспубліцы чалавекам, удзельнічаў у партызанскім руху, а пасля вызвалення Беларусі да 1954 года - на камсамольскай працы ў Баранавіцкай і Гарадзенскай абласцях. Меў вялікі досвед арганізатарскай працы ў камсамольскіх і партыйных органах. Чалавек разумны, развіты, ён хутка сходзіўся з людзьмі, мог выклікаць прыхільнасць да сябе. Сур'ёзным недахопам было шматслоўе, ён, літаральна, заглушаў плынню словаў. Любіў праводзіць грандыёзныя і пампезныя мерапрыемствы, знайходзіцца ў цэнтры ўвагі. Адчуваў сябе па-за крытыкай, у выніку з'явіліся барскія замашкі. На працу, асабліва ў панядзелак, пасля дзвух дзён палявання, спакойна ішоў на гадзіну, а то і больш, пазней. Яшчэ б я адзначыў непавагу і нават пыху да людзей больш нізкіх за яго па службовай лесвіцы.

Неяк збіраючыся ў Горадню на чарговае мерапрыемства Фамічоў прапанаваў мне не браць сваю машыну і ехаць разам з ім. Я згадзіўся. Выезд прызначылі на 7 гадзін раніцы ад дома, дзе мы жылі. Машына падышла своечасова, і я роўна ў прызна-чаны час быў на месцы і спакойна сеў у машыну, будучы ўпэўненым, што і ён зараз жа выйдзе. Аднак давялося чакаць яго 40 хвілін. Пры яго з'яўленні я выказаў яму сваё абурэнне, назваўшы ўчынак барствам і непавагай да мяне і да шафера. Ён вяла апраўдваўся. З таго часу разам мы ўжо ніколі не ездзілі.

З прыходам у гаркам на пасаду першага сакратара Кабяка С. Т. сітуацыя, як мне тады падалося, быццам бы разрадзілася. На першых парах ён вёў сябе дэмакратычна, не ігнараваў выканкам, прысутнічаў на яго паседжаннях. Але ўжо тады пачала праглядвацца некаторая высакамернасць.

Неяк застаўшыся ў меншасці пры абмеркаванні аднаго пытання, ён пасля пасяджэння выканкаму выказаў мне здзіўленне, чаму яго не падтрымалі члены выканкаму. Я парадзіў яму не спяшацца выказваць сваю думку, а спачатку ўважліва выслухаць выступоўцаў, а потым выказаць сваю з улікам ужо выказаных прапановаў. Успрыняў ён параду знешне спакойна. Але я не ўлічыў аднаго. Некаторыя першыя сакратары як бы лічылі, што пасада дае яму індульгенцыю ад памылак, і яго думка заўсёды з'яўляецца сапраўднай і не падлягае абвяржэнню. Магчыма ён палічыў маю параду абразлівай для сябе, калі малодшы па чыну радзіць старшаму, як сябе весці, хаця старэйшым паводле ўзросту ды і жыццёвага досведу быў я.

Быў ён чалавекам іншага складу, чым Фамічоў, менш сядзеў у кабінеце, часцей бываў на прадпрыемствах і ў установах, раз'язджаў па горадзе. Стыль яго працы, як я хутка заўважыў, заключаўся ў вышукванні якіх-небудзь недахопаў і ўпушчэнняў, а пасля ў "разносах" за іх. Пры гэтым як бы падкрэслівалася яго перавага, толькі адзін раз паглядзеў і ўсё ўбачыў, а вы гадамі працуеце і не заўважаеце недахопаў.

Так, аднойчы праязджаючы па вуліцы Кірава ён убачыў на дарозе мёртвага сабаку. Адразу ж патэлефанаваў галоўнаму ўрачу санстанцыі Кароткаму і ўчыніў яму "разнос". Пярэчанні Кароткага, што прыбіраць дохлых сабак не ўваходзіць у абавязкі санстанцыі, толькі падлілі масла ў агонь.

Іншым разам падчас паездкі па горадзе ўбачыў што на адной з вуліц праводзіцца рамонт прыватнага дома. Пацікавіўся, ці ёсць дазвол гарвыканкаму. Яго не аказалася. Паступіў "разнос" мне, чаму ідзе самавольнае будаўніцтва.

Неўзабаве пасля пачатку працы ў Лідзе Кабяка пачалася інтэнсіўная перастаноўка кадраў, перавод работнікаў гаркама на больш высакааплатныя пасады на прадпрыемствах і ў установах, а на іх месца вылучэнне іншых. Мэта дастаткова зразумелая. І тыя і іншыя заставаліся ўдзячнымі і асабіста адданымі людзьмі.

На адным з пленумаў гаркама партыі я пакрытыкаваў гаркам за слабае веданне кадраў і, як прыклад, прывёў факты прызначэння на кіраўнічыя пасты спецыялістаў, якія прысылаліся з іншых месцаў, у той час, як на нашых прадпрыемствах хапала людзей, здольных узначаліць любое прадпрыемства, на што Кабяк у заключным слове выказаўся ў тым духу, што і я прышлы. Я адказаў у даведцы, што я для Ліды не быў прышлым, тут уступіў у партыю, тут працаваў на партыйнай рабоце і сюды ж быў прысланы на пасаду старшыні гарвыканкаму.

Але гаворачы пра тое, што я прышлы, ён, відавочна, меў на ўвазе маю нацыянальнасць і месца нараджэння. У рэспубліцы праходзіла інтэнсіўная замена кадраў на нацыянальныя. І магчыма менавіта гэтая прычына з'явілася падставай ў 1969 г. для пераводу мяне на іншую працу.

Дарэчы, у 1959 і 1960 г.г. абкам рэкамендаваў мяне на вучобу ў Вышэйшую партыйную школу ў Маскву, але абодва разу я не прайшоў паводле надуманай прычыны невялікага стажу кіраўнічай працы. Як мне пасля патлумачылі інструктары абкаму, прычынай была мая нацыянальнасць і курс КПБ на падрыхтоўку нацыянальных кадраў.

Як і яго папярэднік, Кабяк вырашыў адзначыць сваю дзейнасць узвядзеннем помніка Лідскім камсамольцам - падпольшчыкам. Пабыў у Менску ў архітэктараў, дамовіліся пра выраб эскізу, а пасля паслаў мяне дамовіцца канчаткова пра распрацоўку праекту. Архітэктары паказалі мне выдатны эскіз помніка, але выказалі сумненні, ці адпавядае ён фактычнай падзеі і папрасілі больш падрабязна апісаць дзейнасць падпольшчыкаў.

Я паведаміў пра вынікі паездкі, але займацца гэтым помнікам мне не давялося ў сувязі з пераездам на працу ў Горадню. Па-моему гэтая ідэя так і засталася не рэалізаванай.

Мне падабалася праца ў савецкіх органах. У адрозненне ад партыйнага апарату, дзе амаль усе, хто працаваў, паступова прывыкалі лічыць сябе чуць ці не цэнтрам вакол якога круціцца жыццё і толькі ім даступна праўда ў апошняй інстанцыі, у савецкім апараце ўсё было інакш, таму што не было на каго перакладваць выкананне спраў, як планавых, так і тых, што ўзнікалі ў штодзённай працы. Пошук сродкаў, выканаўцаў, арганізацыя справы, праверка і пераправерка выканання, г.зн. жывая штодзённая сувязь і стасункі з людзьмі, падчас якіх ўзнікалі новыя справы і праекты.

Годы працы ў Лідскім гарвыканкаме сталі для мяне самымі цікавымі, насычанымі і плённымі. Працаваў лёгка, з натхненнем, радаваўся кожнай завершанай справе, будзь гэта адрамантаваны, ці пабудаваны ходнік, забрукаваная ці заасфальтаваная вуліца, падключаная да цеплатрасы школы, ці пабудаванае за кошт перавыканання даходнай часткі бюджэту і здадзенае ў эксплуатацыю радзільнае аддзяленне, або прыбудова да школы. Усё аддаваў працы, не шкадуючы ні сілаў, ні часу, ні здароўя. Я не цураўся ніякай справы: ні вялікай, ні малой.

Так, аднойчы ў вясенні час прышлі ў выканкам жыхары дамоў з вуліцы Кірава і пачалі з абурэннем крычаць, што іх дамы залівае вада. Гаворка ішла пра драўляныя дамы, што стаялі па абодва бакі вуліцы, дзе цяпер з аднаго боку стаіць 80-кватэрны жылы дом (Кірава, 10), а з другога дом у якім размешчана аптэка. Паміж гэтымі дамамі і фабрыкай індпашыву абутку (НП "Тэмп") праходзіла сточная канава (зараз падземная).

Я неадкладна разам са скаржнікамі выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што праходу вады перашкаджаюць сабраўшыяся абломкі льду. Папрасіў жыхароў бліжніх дамоў, што сабраліся тут у якасці "зявак", прынесці, калі ёсць у каго, лом і рыдлёўку. Калі іх прынеслі, я на працягу пяці хвілін разбіў затор і вада адразу пачала ўбываць, а потым звярнуўся да сабраўшыхся з пытаннем, ці не маглі яны, не звяртаючыся ў выканкам, вырашыць узніклую праблему. У адказ маўчанне і паніклыя позіркі.

Аналагічны выпадак адбыўся вясной 1965 года. Быў суботні дзень. Я прыйшоў дадому каля 16 гадзін. Раптам тэлефануюць жыхары адной з вуліц і з абурэннем паведамляюць, што іх дамы залівае вада. Тэлефаную начальніку БУ-53 Кулебе і прашу яго разам са мной выйсці на вуліцу і на месцы вырашыць, што рабіць, магчыма спатрэбіцца тэхніка. Прыбылі на месца і бачым, што з дарогі вада цячэ проста ў двары. Сабраліся абураныя жыхары, маўляў, куды глядзіць гарвыканкам. Я папрасіў, каб прынеслі рыдлёўку і лом і, калі іх прынеслі, узяў рыдлёўку, а лом аддаў Кулебе і сказаў, што мы ўдвух гэтую аварыю ліквідуем на працягу некалькіх хвілін. Прысутным стала брыдка, яны адабралі ў нас інструмент і пры нас выканалі працу. Вада пайшла проста па вуліцы ў сточную канаву.

Хаця працавалася лёгка з цікавасцю, пастаянна адчуваў двайны прэс.

З аднаго боку заўсёды даводзілася трымаць сябе ў рамках, каб не згубіць годнасці і як чалавека, і як старшыні выканкаму. Гэта цяжкасці не складала і давалася лёгка.

З другога боку з некаторых пор пачаў адчуваць маўклівую нядобразычлівасць, жаданне падлавіць на якім-небудзь учынку. Цяжка ўсведамляць, што табе не давяраюць, прыдзірліва сочаць за тваімі ўчынкамі, стараюцца знайсці ў іх адмоўныя бакі. І гаворка ідзе не пра сачэнне з боку КДБ, пра што любяць цвярдзіць недабразычліўцы савецкай улады. Гаворка ідзе пра недабразычлівасць і імкненне падсядзець з боку сваіх жа калег па партыі.

Спачатку гэта выражалася ў драбязных фактах. Фамічоў забараніў работнікам гаркаму паведамляць мне пра пытанні, якія абмяркоўваліся на планёрках. Затым пачаліся дробныя даносы ў вышэйшыя абласныя органы і спробы пад любой прычынай прыбраць мяне з выканкаму, нават да вылучэння мяне на іншую працу ў абласным цэнтры.

Не спыняліся спробы любым спосабам зганьбіць, знайсці недахопы ў працы, якія б гаварылі пра немагчымасць скарыстання надалей на пасадзе старшыні выканкаму.

У 1963 ці ў пачатку 1964 года адбылася пастанова ўраду пра разгортванне кааператыўнага будаўніцтва жылля і аблвыканкам пачаў усё актыўней патрабаваць ад выканкамаў гарсаветаў яго выканання. Аднак усе нашыя спробы знайсці тых, хто жадае будаваць добраўпарадкаванае кааператыўнае жыллё заканчваліся безпаспяхова, нягледзячы на льготныя ўмовы па прывязцы да інжынерных сетак. Тады было вырашана для пачатку пабудаваць пяць васьмікватэрных двухпавярховых дамоў з двухузроўневымі недобраўпарадкаванымі кватэрамі і надворнымі пабудовамі ў мікрараёне Раслякі. З цяжкасцю, але тых, хто жадае ўступіць у жыллёвы кааператыў і ўнесці грошы, удалося знайсці і дамы пабудаваць.

Пасля заканчэння будаўніцтва васьмікватэрных дамоў ужо больш паспяхова ішла, не пабаюся гэтага слова "вярбоўка" тых, хто жадае прыняць удзел у будаўніцтве 48-кватэрнага добраўпарадкаванага кааператыўнага жылога дома па вул. Міцкевіча. Залічваліся ў спісы ўсе, хто меў сродкі і выказаў жаданне удзельнічаць у будаўніцтве кааператыўнага жылля. Вобразна кажучы, мы чуць не за руку цягнулі, упрошвалі ўступіць у кааператыў. Таму ў ліку сяброў кааператыву аказалася шмат работнікаў раёнаў Крайняй Поўначы.

Усе недахопы ў фармаванні жыллёвага каапера-тыву потым мне прыгадаюць на паседжанні аблвыканкаму ў 1969 г.

Ні ў гаркамгасе, ні ў выканкаме не было работні-ка які займаўся б кааператыўным будаўніцтвам. З цяжкасцю ўдалося дамовіцца займацца кааператыўным будаўніцтвам з інжынерам АКБ (аддзелу капітальнага будаўніцтва) Катляровай.

З вялікай цяжкасцю кааператыў па будаўніцтву 48 кв. жылога дома па вул. Міцкевіча быў створаны і дом пабудаваны. Пасля заканчэння будаўніцтва 48 кв. жылога дома, калі людзі зразумелі і на практыцы пераканаліся, што за кароткі тэрмін змогуць выра-шыць сваё кватэрнае пытанне без вялікіх матэрыяльных затратаў, у выканкам пасыпаліся заявы пра жаданне ўступіць у жыллёва-будаўнічы кааператыў. На працягу года-паўтара чарга на будаўніцтва кааператыўнага жылля вырасла да 500 сямей. Ужо без асаблівых цяжкасцяў з захаваннем чаргі ўтвораны жыллёвы кааператыў па будаўніцтву 60 кв. жылога дома па вул. Перамогі. Пасля завяршэння будаўніцт-ва 60-кватэрнага кааператыўнага дома наступіў працяглы перапынак з выдзяленнем лімітаў на будаўніцтва наступнага дома. Пасыпаліся скаргі пра злоўжыванні, якія быццам бы мелі месца пры пад-борцы кандыдатур і зацвярджэнні спісаў сяброў кааператыву.

У канцы 1968 года была арыштаваная, а потым асуджаная начальнік БТІ Пашкава. Яна была членам жыллёвай камісіі. Яе абвінавачвалі ў тым, што яна за хабар абяцала дапамагчы адной жанчыне ў атрыманні кватэры. Наколькі грунтоўнымі былі гэтыя абвінавачванні, не ведаю, але падчас следства ад яе мэтанакіравана дабіваліся паказанняў (за абяцанне змягчыць яе лёс) у тым, што хабар прызначаўся для старшыні, а яна была толькі перадатчыкам.

Сімптаматычна, што менавіта гэты метад быў скарыстаны перад пераходам у Горадню Ушацкага. Тады таксама арыштавалі начальніка БТІ Чайку, абвінавачванне ў хабары, спробы прыцягнуць да справы Ушацкага.

Абедзве гэтыя спробы закончыліся правалам для іх ініцыятараў і выканаўцаў і перш за ўсё для пракурора Мельнікава.

Неяк у канцы 1968 ці пачатку 1969 г. у выхадны дзень я сустрэў Кабяка С. Т. у кабінеце намесніка старшыні выканкаму. Мой намеснік Сучко сядзеў чырвоны, усхваляваны і на пытанне, у чым справа, адказаў, што вось, маўляў, Сяргей Цярэнцевіч цікавіцца, на якой падставе выдзелены некаторыя кватэры іх уладальнікам. Я павярнуўся да Кабяка і спытаў, чаму ён не папытаўся пра гэта ў мяне, я ж старшыня і магу больш дакладна адказаць на любое пытанне. Не памятаю, што ён сказаў, але адказаў груба. Тады і я не стрымаўся і сказаў:

- Што ты ходзіш тут, як дзержыморда, усё выпытваеш, выглядваеш. Чаму проста не скажаш, што хочаш і не задаеш пытанні таму, хто можа і павінен на іх адказаць.

Ён ляпнуў дзвярыма і пайшоў. Відаць тут і вырашыўся мой лёс. Патрэбна была толькі зачэпка. І яе пачалі шукаць.

Кабяк даручыў былому начальніку міліцыі Сіўчуку праверыць практыку дазволу старшынём гарвыканкаму прапіскі грамадзян, прычым рабілася гэта таемна ад мяне, а пра вынікі я даведаўся пасля таго, як высветлілася, што нічога крамольнага праверка не знайшла. Як ні спрабаваў Сіўчук, яму не ўдалося знайсці факты, паводле якіх можна было б абвінаваціць у парушэнні закону.

У лютым 1969 г. я адчуў, што знаходжуся ў падвешаным стане. Справа ў тым, што мяне, як правіла, абіралі дэпутатам абласнога Савету дэпутатаў працоўных, але на гэты раз каманды на вылучэнне маёй кандыдатуры не было. Такая каманда паступіла ў самы апошні момант, і я зразумеў, што наверсе ідзе спрэчка пра мяне. Відаць не знайшлі поваду, ці вырашылі не чапаць да больш спрыяльнага моманту.

У пачатку 1969 года пытанне аб практыцы будаўніцтва кааператыўнага жылля ў г. Ліда вынесена на разгляд аблвыканкаму. Ход праверкі не абяцаў ніякіх надзвычайных вывадаў ці рашэнняў. Аднак, у ходзе справаздачы па асобных рэпліках, а таксама пасля дакладу тых, хто праводзіў праверку і абвінавачваў мяне ў парушэнні заканадаўства пры зацверджанні спісаў, адсутнасці кантролю і іншых грахах, стала ясна, што рыхтуецца экзекуцыя. Абвінавачвалі напрыклад, што адной ці дзвюм грамадзянкам (у асноўным, маладым жанчынам крытычнага ўзросту) дадзена магчымасць пабудаваць 2-х пакаёвыя кватэры ў надзеі на тое, што яны такім чынам вырашаць сваё сямейнае пытанне, у той час як заканадаўства забараняла гэта рабіць. Маё пярэчанне, што на момант складання і зацверджання спісаў такой пастановы не існавала, пад увагу не прымалася. Я зразумеў, што сітуацыя накаляецца паводле нечага жадання. Некім з членаў аблвыканкаму вынесена прапанова, што ў сілу дапушчаных парушэнняў Сямёнаў не можа болей заставацца старшынём выканкаму. Намеснік старшыні аблвыканкаму Сасноўскі ахарактарызаваў мяне, як чэснага працаўніка і ўнёс прапанову абмежавацца спагнаннем. Пры галасаванні галасы раздзяліліся пораўну 6 на 6. Старшыня аблвыканкаму ад выказвання сваёй думкі ўстрымаўся і прапанаваў зрабіць перапынак. Пад час перапынку ён перамовіўся па тэлефоне з першым сакратаром Лідскага гаркаму Кабяком С.Т. і пасля аднаўлення паседжання ўнёс прапанову правесці дадатковую праверку і ўжо паводле яе вынікаў вырашыць пытанне пра маю працу.

Такі паварот у разглядзе пытання пра будаўніцтва кааператыўнага жылля скалынуў мяне сваёй несправядлівасцю і тэндэнцыйнасцю. І я зразумеў, што гэта толькі зачэпка, каб скласці адпаведную думку пра мяне. Каштавала гэта мне дорага. На выканкам я ехаў некурашчым, а вярнуўся заядлым курцом.

Пасля паседжання аблвыканкаму прайшло больш двух месяцаў, але ніякай праверкі не праводзі-лася, і ніхто больш нават не згадваў пра яе. Але вось у адзін з дзён, здаецца ў маі 1969 году, тэлефануе першы сакратар гаркаму і запрашае на гутарку са старшынём аблвыканкаму.

Першае пытанне, якое задаў мне Малочка, было наступным:

-- Ці маеце вы маральнае права працаваць старшынём выканкаму пасля дапушчаных парушэн-няў у будаўніцтве кааператыўнага жылля?

Я адказаў:

-- Так, маю. Я не зрабіў ніякага злоўжывання, нічым сябе не зганьбіў і магу са спакойным сумленнем глядзець у твар людзям.

-- А ці зможа партыйны і савецкі актыў надалей давяраць вам?

На што я адказаў:

-- Збірайце партыйны і савецкі актыў, а я буду ў гэты час знайходзіцца з вамі, каб не выклікаць падазрэнняў, што магу некага схіліць на свой бок. І калі актыў не выкажа мне даверу, я неадкладна пайду з працы.

Пераглянуліся сакратар з старшынём, як бы шакаваныя маёй самаўпэўненасцю і на гэтым скон-чылі размову. Больш на гэтую тэму ніякіх размоў і праверак не было. Я працягваў працаваць, і быццам нічога не абяцала ніякіх зменаў. Але вось перад кастрычніцкімі святамі тэлефануюць з аргаддзелу абкаму парыі і запрашаюць на 9 ці 10 лістапада на гутарку да Фамічова, другога сакратара абкаму.

Прыехаўшы ў абкам партыі я трапіў спачатку на гутарку да заг. аргаддзелам Чагінай А. П., якая паведаміла мне, што ёсць прапанова перавесці мяне на працу ў абласны цэнтр старшынём абкама прафсаюзу рабочых электрастанцый і электратэхнічнай прамысловасці. На маё пытанне, у чым прычына, чым я не задавальняю абкам, не спраўляюся з працай ці скампраментаваў сябе, Чагіна адказала, што як выкарыстоўваць кадры камуністаў вырашае абкам, яму відней, а пасада старшыні выканкаму не спадчынная. Што ж тычыцца недахопаў, то абкам партыі не заслухваў вашай справаздачы, таму пра канкрэтныя недахопы гаворкі не ідзе.

Першай маёй думкай пасля такога адказу была наступная: "Добра ж вы ведаеце кадры, калі можаце меркаваць пра іх пасля разгляду пытання ў абкаме". Я зразумеў, што ўсё вырашана і больш пытанняў не задаваў. У гэтай думцы ўмацавала мяне і выпадковая сустрэча перад размовай з Чагінай з першым сакратаром Гарадзенскага гаркама партыі Магільніцкім У.І. Ад яго я даведаўся, што па гэтым пытанні адбылося ўжо рашэнне бюро абкама партыі і пярэчыць бессэнсоўна. Таму на гутарцы з другім сакратаром абкама Фамічовым я нічога не сказаў, не пачаў аспрэчваць рашэнне абкаму.

У горадзе вельмі хутка стала вядома, што мяне пераводзяць на працу ў Горадню. У адзін з дзён у першай палове заходзіць да мяне дырэктар "Электравырабаў" Плінкоў, просіць зачыніць дзверы кабінета, ставіць на стол бутэльку каньяку і абвяшчае, што ён прыйшоў да мяне паводле рашэння групы дырэктараў заводаў і папрасіў даць згоду на правядзенне акцыі пратэсту супраць майго пераводу, абяцаючы, што на сесіі яны не дазволяць прыняць рашэнне пра вызва-ленне мяне ад пасады старшыні выканкаму.

Я вельмі добра ведаў, што такая акцыя можа закончыцца толькі правалам і акрамя непрыемнасцяў нічога не прынясе. Я падзякаваў за падтрымку і ацэнку маёй працы і папрасіў не ўмешвацца ў вырашэнне майго лёсу.

У трэцяй дэкадзе лістападу адбыўся пленум гарадскога камітэту партыі і сесія гарадскога савету дэпутатаў працоўных, на якіх прысутнічаў і выступаў з інфармацыяй другі сакратар Гарадзенскага абкаму партыі Фамічоў Г. Ф.

На пленуме вызвалілі ад абавязкаў члена гаркаму, члена бюро і другога сакратара гаркаму Паля-вога, а мяне ад абавязкаў члену гаркаму і члена бюро гаркаму.

На сесіі па прапанове Фамічова мяне вызвалілі ад абавязкаў старшыні і члена гарвыканкаму.

Прычынай і нагодай для вызвалення Палявога з'явіліся несамавітыя яго паводзіны ў Менску на чыгуначным вакзале ў верасні. У нецвярозым стане ён пачаў умешвацца ў дзеянні міліцыі, за што і быў затрыманы. Калі высветлілася, што ён з'яўляецца сакратаром гаркаму партыі, пра здарэнне паведамілі дзяжурнаму ЦК КПБ. Здарэнне атрымала шырокі розглас і выкарыстоўваць яго надалей на гэтай пасадзе стала немагчымым. Але пра гэта на пленуме нічога не было сказана. Абышліся агульнай фарму-лёўкай: "у сувязі з пераходам на іншую працу".

І пра мяне паведамілі, што вызваляецца ў сувязі з пераходам на іншую працу.

Спробы асобных дэпутатаў высветліць прычыну закончыліся безпаспяхова.

Як высветлілася пазней, намеснік старшыні аблвыканкаму Рубанік В.Н. хацеў выступіць і падзякаваць мне за працу, але яму слова не далі. Так і засталіся члены гаркаму, дэпутаты і партыйны актыў у няведанні ў чым прычына вызвалення мяне ад абавязкаў старшыні выканкаму.

Пазней гэта паслужыла падставай для распаўсюджання чутак пра тое, што я, быццам бы, знаходзіўся ў Менску разам з Палявым, калі яго затрымала міліцыя, але своечасова ўцёк.

У канцы лістапада мяне выбралі старшынём абкама прафсаюзу рабочых электрастанцый і электратэхнічнай прамысловасці. Папярэдне я з'ездзіў у Менск у Бессавпраф на гутарку. У абкаме мне ўручылі запячатаны канверт, з ім я з'явіўся ў аргаддзеле аблсавпрафа. Прачытаўшы змест канверта і коратка пагутарыўшы ўручылі мне распячатаны канверт з абкаму ў Беларускі рэспубліканскі камітэт рабочых электрастанцый і электратэхнічнай прамысловасці. Па дарозе ў БРК прафсаюзу, каюся, я не ўтрымаўся і прачытаў змест канверта. У ім аказалася характарыстыка, у якой пра мяне гаварылася так шмат станоўчага, што ў самы раз было ўзнагароджваць, а не перастаўляць з адной больш адказнай на іншую менш адказную і складаную працу. Гэта яшчэ раз пераканала мяне ў тым, што справа была не ў маёй працы, а ў той інтрызе, якая плялася вакол мяне, а больш дакладна, у тым, што не прыйшоўся, як кажуць, да двара.

Пад час працы ў Горадні да мяне не раз звярталіся калегі па ранейшай працы і проста знаёмыя з пытан-нем, ці праўда, што я быў разам з Палявым у Менску і своечасова ўцёк ад міліцыі.

Я ўжо прыйшоў да высновы, што трэба папрасіць слова на чарговым абласным мерапрыемстве і паспрабаваць рэабілітаваць сябе перад абласным актывам,але пасля вырашыў, што гэта нічога не зменіць і пакінуў гэты намер без рэалізацыі. Разумныя людзі, якія ведалі мяне, і так разумелі, што гэтага не магло быць, ну а дурні маглі б ацаніць гэта, як спробу апраўдання - раз апраўдваецца, значыць нешта было.

Я заставаўся членам рэвізійнай камісіі абкама партыі і дэпутатам абласнога савету дэпутатаў працоўных, прысутнічаў на ўсіх абласных мерапрыемствах і быў у курсе ўсіх абласных мерапрыемстваў і навінаў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX