Вярнуцца: Мемуары

Логаш Уладзімір. Як нараджалася ідэя аднаўлення Лідскага замка


Аўтар: Логаш Уладзімір,
Дадана: 25-10-2011,
Крыніца: Наша Слова № 41 (932) 14 кастрычніка 2009 г.



Кожны раз, калі прыязджаю ў г. Ліду і хаджу па яе вуліцах, якія апошнім часам мяняюцца да лепшага, з прыемнасцю ўспамінаю яшчэ даваенны горад, як я школьнікам у 1940 годзе першы раз са сваёй вёскі Ахонава што за 30-ць кіламетрах, першы раз прыехаў у Ліду.

Тады горад мне падаўся агромістым, не тое, што наша Дзятлава.

І яшчэ лёс падараваў мне шчасце, калі я ў 1955 годзе пасля заканчэння ў Менску політэхнічнага інстытута, прыехаў ў Ліду на працу ў будаўнічае кіраванне і на 26 год, аж да 1981 года, звязаў сваё жыццё з гэтым цудоўным і родным мне горадам. Не лічу за лішнюю нясціпласць, калі кажу, што асабіста ганаруся тым, што было зроблена з маім удзелам за тыя гады па адбудове горада, яго прадпрыемстваў, жылых дамоў, аб'ектаў сацыяльнай сферы і па добраўпарадкаванні, бо ў тыя далёкія часы, яшчэ ў 1955 годзе, горад ляжаў ў развалінах часоў вайны, цэнтр быў зруйнаваны: ад замка да завода "Сельмаш" заставаліся лічаныя дамы. Сам замак таксама меў непрыглядны выгляд: у вуглах былі агромністыя праломы, ад былых вежаў амаль нічога не засталося.

К канцу 50-х гадоў горад шпарка адбудоўваўся, аднавілі працу разбураныя вайной заводы, была створана ТЭЦ і пабудаваны новы малочны завод.

Паступова расла магутнасць будаўнічага кіравання: стваралася вытворчая база, павялічваўся кадравы склад, расло майстэрства і якасць работ. У 1963 годзе насупраць замка быў пабудаваны інтэрнат будаўнічага кіравання, у якім на першым паверсе размясцілася адміністрацыя з усімі службамі. Побач на вуліцы Перамогі будаваўся яшчэ адзін інтэрнат і дзіцячы садок. Стваралася добрая інфраструктура будаўнікоў.

Ходзячы кожны дзень на працу - замак пастаянна быў навідавоку. На замкавым два-ры былі горы друзу і ламачча, пасвіліся козы з суседніх падворкаў, за замкавымі сценамі хаваліся п'яніцы, каб выпіць. З боку уладаў за замкам не было ніякага нагляду і клопату - усё цякло само па сабе.

Паступова са сцен выпадалі валуны і каменні. У 1966 годзе ў сувязі з ростам аб'ёмаў будаўніцтва будаўнічае кіра-ванне перарасло ў Будаўнічы трэст № 19.

Калі я стаў кіраўніком трэста, узнікла ідэя на замкавым двары стварыць спартыўныя пляцоўкі для маладых будаўнікоў. Была выказана просьба гарвыканкаму, каб замак перадалі пад шэфскі нагляд трэсту. Просьба была задаволена.

Перш-наперш мы вывезлі непатрэбнае ламачча, сіламі трэстаўскай моладзі падраўнялі зямлю і зрабілі пляцоўкі для гульні ў мяч, з вуліцы Камсамольскай на тэрыторыю замка завялі вадаправод і зімой пачалі заліваць каток. Выдзелілі спецыялістаў, і самыя небяспечныя, месцы, дзе каменні пагражалі вып-дзеннем, падмацавалі цэментнай рошчынай, гэта было зроблена яшчэ і таму, што ў той час у горадзе хадзіла такая думка і пагалоска, нават ад высокіх чыноўнікаў: парэшткі сцен замка лепш разабраць, і каменні пусціць на будоўлі горада.

Але калі даводзілася бываць на ўнутраным пляцы замка і глядзець нават на паўразбураныя сцены, уражвала веліч збудавання. Думалася: як нашы далёкія продкі - беларусы (тады іх называлі ліцвінамі) змаглі на працягу двух гадоў ўручную падняць такую масу камення і вымураваць на вякі такія сцены?

Мроілася: наколькі яны былі разумнымі і таленавітымі людзьмі! Веліч продкаў падмацоўваецца яшчэ і тым, што ўдала было выбрана месца збудавання, калі на зліцці двух рэчак Лідзейкі і Каменкі і пры стварэнні абводненага рова дасягалася непрыступнасць усяго замка, і там у час небяспекі магло схавацца болей за 10 тысяч жыхароў.

Усё гэта напаўняла сэрца і думу гонарам за стваральнікаў замка, выклікала пачуццё радасці, павагі і пашаны да іх.

Таму, калі напрыканцы 1969 года мяне абралі старшынём Лідскага гарвыканкаму, у ліку іншых планаў і задумак пачала выспяваць ідэя аднаўлення замка!

Але як падступіцца да гэтай справы? Перш за ўсё трэба было разбудзіць грамадскую думку, укараніць у свя-домасць, што замак - гэта наша родная гісторыя, здабытак нашых продкаў, наш нацыянальны здабытак і гонар.

У той час большасць людзей жыла пад уплыввам штучна створанага недобразычліўцамі міфу пра тое, што беларусаў ў далёкім мінулым заваявалі літоўцы, і менавіта яны будавалі замкі - цвердзі. Ні ў гісторыяграфіі, ні ў школе ў падручніках па гісторыі не было і ўспаміну аб Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім.

Калі ў адной з сустрэч з намеснікам старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Пронькам С.А. зайшла гаворка аб захаванні і наступным аднаўленні замка, ён нават папракнуў, што не варта адроджваць памяць аб Гедзіміне: ён жа літовец.

Хаця цяпер мы добра знаем, што паміж беларусамі (тады ліцвінамі) і летувісамі (тады жмудзінамі) за ўвесь час існавання сумеснай дзяржавы ніколі не было ні процістаяння, ні варожасці, а была добразычлівасць, павага і памяркоўнасць, што добра захавалася і да нашых дзён. Гэта была ўзаемная сапраўдная талерант-насць адзін да аднаго.

У 1972 годзе на адной з сесій абласнога Савета дэпутатаў я афіцыйна падняў пытанне аб рэстаўрацыі Лідскага замка. У гэты час ужо быў добры прэцэдэнт: у Літве поўным ходам ішло аднаўленне Тракайскага замка, вялася работа па рэгенерацыі старой Вільні. Падтрымалі гэту ідэю старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Фамічоў Р.Ф. і 2-гі сакратар Гарадзенскага абкаму КПБ Кабяк С.Т., які перад гэтым працаваў у Лідзе. Ад імя абласнога Савета дэпутатаў мая прапанова пайшла ў Міністэрства культуры БССР.

У хуткім часе гэта дало вынік Міністэрства культуры даручыла Рэспубліканскім рэстаўрацыйным майстэрням, што размяшчаліся у Менску па тагачаснай вуліцы Горкага пачаць распрацоўку гэтага аб'екта.

Неўзабаве восенню 1976 годзе ў гарвыканкам з майстэрні наведаліся два мала-дыя энергічныя спецыялісты, якім было даручана весці гэтую работу. Трусаў Алег Анатольевіч як гісторык і археолаг пачаў весці археалагічныя раскопкі і пошук гістарычных звестак аб замку у розных крыніцах. Багласаў Сяргей Георгіевіч як архітэктар пачаў распрацоўваць праект кансервацыі рэштак замка, а затым і праект рэстаўрацыі яго.

Такі вось быў выток гэтай задумы па рэстаўрацыі Лідскага замка.

Уладзімір Логаш, старшыня Лідскага гарвыканкаму ў 1969-1980 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX