Вярнуцца: Мемуары

Логаш Уладзімір. Водны дыяметр горада Ліды


Аўтар: Логаш Уладзімір, былы старшыня Лідскага гарвыканкаму,
Дадана: 11-03-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №49.



Як вядома, гісторыя горада - гэта перадусім яго геаграфія. Не будзь на гэтай геаграфічнай мясцовасці, хоць і невялічкай, рэчкі Лідзейкі, якая пачатак свой бярэ за Колышкамі паблізу вёскі Цябы, а таксама з-пад Уладзіславава і з-пад Верхліды, а калі б у Лідзейку не ўпадала рачулка Каменка, якая складалася з двух рукавоў - адзін праходзіць праз гарадскі парк, а другі ля гарадскога стадыёна, а цяпер узятыя ў трубы - цяжка сказаць, ці адважыўся б наш Вялікі князь Гедзімін узяцца за пабудову замка. Абедзве рачукі сілкуюцца, ў асноўным, падземнымі грунтовымі водамі, а таксама павадкавымі, якія збіраюцца з усяго бесейна гэтых дзвюх рэчак. Напэўна ў тыя часы яны былі паўнаводныя, з чыстай крынічнай вадой, і моцна забалочанай поймай, добра прыдатныя для пражывання абапал іх, а водападзел паміж імі ў выглядзе ўзгорка, якраз там, дзе цяпер цэнтр горада, стаў месцам для арганізацыі першага паселішча. Пабудова ў 1323 годзе на месцы зліцця рэчак велічавага замка гарманічна спалучыла архітэктурную каштоўнасць яго з навакольнай прыродай і акрамя важнай абароннай функцыі, прыдало наваколлю непаўторнае хараство і прывабнасць. І па сённяшні дзень замак, які у асноўным пасля аднаўлення ўжо вырысаваўся, застаецца самай важнай дамінантай у архітэктурным абліччы горада.

(101KB) Фрагмент плана русла Лідзейкі паміж вуліцамі Таўлая і Энгельса.

Ішоў час, горад рос, разбудоўваўся, са з'яўленнем у горадзе чыгуначнага вузла актыўна развілася прамысловасць. Пачалося і новае жыццё ў рэчак. Лідзейка прыняла прамысловыя сцёкі Сельмаша, Піўзавода, Камбіната харчовых канцэнтратаў, з жылых дамоў. Каменка ўзяла на сябе сцёкі з Абутковай фабрыкі, Завода электравырабаў, жылых дамоў і сацыяльных аб'ектаў цэнтральнай часткі горада. Пакуль сцёкаў было нямнога, прыкметнай шкоды для нармальнага існавання біялагічнага жыцця ў гэтых рачулках не было.

У сярэдзіне 50-х гадоў мінулага стагоддзя гаркамунгас праявіў ініцыятыву аб стварэнні на Лідзейцы гарадскога возера. Падаў гэту ідэю тагачасны галоўны інжынер камунгаса малады спецыяліст Крыніцкі Алі Мустафавіч, які сам распрацаваў чарцяжы, зрабіў разлікі. Вельмі горача гэтая ініцыятыва была падтрымана гарвыканкамам у асобе старшыні Ушацкага Івана Іванавіча. І неўзабаве сіламі прадпрыемстваў і арганізацый горада і насельніцтва метадам народнай будоўлі была зроблена дамба, і з'явілася амаль 20-ці гектарнае возера. Гэта была вялікая радасць для гараджан - летам стала магчымым загараць і купацца, зімой, калі возера замярзала, ствараўся цудоўны каток.

Недахопам, можна сказаць, слабым і ўразлівым месцам у возеры было тое, што фекальныя і прамысловыя сцёкі мясакамбіната і пабудаванага аўтарамонтнага завода, без папярэдняй ачысткі выліваліся ў возера.

(59KB) Фрагмент плана русла Лідзейкі паміж вуліцамі Таўлая і Энгельса.

У канцы 60-х і пачатку 70- гадоў ХХ стагоддзя ўзнікла многа праблем ў жыцці горада. У сувязі з ростам прамысловасці, будаўніцтвам жылля і сацыяльных аб'ектаў у шмат разоў павялічыліся сцёкі ў Лідзейку і Каменку. Апошняя ператварылася у так званую ў народзе "Смярдзючку". Вузкім месцам у горадзе стала транспартная схема. Патрэбен быў пісьменны, комплексны падыход пры вырашэнні гэтых задач. А самае галоўнае - трэба было выкарыстаць тое, што далі гораду Бог і прырода. Маецца на ўвазе рэчка Лідзейка. Перш-наперш была дасягнута дамоўненасць у Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі ўключыць у план інстытута Дзіправодгас (па руску - Гипроводхоз) вывучэнне магчымасцяў воднага сцёку Лідзейкі і стварэння на ёй каскаду азёраў. Такая работа была праведзена ў 1972 г. На рэчцы Лідзейцы згодна з планам стваралася пяць азёр. Былі пралічаны сцёкі вады, сярэднія глыбіні, водаабмен, абазначаны месцы адпачынку. Гэта была фундаментальная праца, якая дала магчымасць увязаць і ліўневыя сцёкі, і ўзроўні транспартных шляхоў, а самае галоўнае, адкрыла магчымасць распрацоўкі асобных вадаёмаў, ствараць на іх рабочую праектна-каштарысную дакументацыю. Адначасова была прапрацавана схема фекальнай каналізацыі ўсяго горада, каб спыніць сцёк неачышчаных водаў у Лідзейку, а таксама арганізавана скідваць ліўневыя сцёкі.

У хуткім часе згаданы інстытут распрацаваў праект верхняга возера плошчай 62 га - давялося прасіць вельмі многіх чыноўнікаў. Належнае трэба ададць тагачаснаму дырэктару саўгаса "Лідскі" Крыніцкаму Мацвею Сцяпанавічу, які прыхільна аднёсся да стварэння возера, бо яно знаходзілася на землях гаспадаркі: усе пытанні, якія адносіліся да яго кампетэнцыі, вырашаліся станоўча і хутка.

Затым трэба было збудаваць гэты вадаём, пры тым самы дарагі і самы аб'ёмны з усіх . Узніклі пытанні ўключэння ў план і пошуку падрадчыка ды грошай. І тут хачу асобна падкрэсліць ролю міністра меліярацыі і воднай гаспадаркі рэспублікі Паўлючука Ўладзіміра Іосіфавіча. Ён у гэтай справе ўбачыў вялікую карысць і для прыроды, і для шматтысячнага горада Ліды. Аб'ект быў уключаны ў план, аддалі будаўніча-мантажнаму кіраванню меліярацыі, і ў 1977 годзе пачаліся работы, а праз два гады воднае люстэрка ў 62 гектары заззяла паміж вёскай Малэйкаўшчына і вуліцай Свярдлова.

У гэты ж час пачаліся работы і па стварэнні вадаёма паміж Раслякамі, піўзаводам і камбінатам харчовых канцэнтратаў. Запраектавалі мост - плаціну па вуліцы Таўлая, бо возера гэтае было невялікіх памераў, і пры малым перападзе паміж вуліцамі Міцкевіч і Таўлая стваралася ў копані, гэта значыць, для яго рабілася штучнае ложа.

Агромістыя цяжкасці былі з узвядзенем маста-плаціны. Справа ў тым. што ў гэтым месцы на глыбіні двух метраў аказаліся вельмі воданасычаныя грунты, т. зв. плывуны. Давялося многа папрацаваць, каб забетанаваць аснову і цела маста-плаціны. Але к 1979 году работа была завершана, засталося правесці добраўпарадкаванне вуліцы Таўлая.

Праз нэўны час, на рубяжы 80-90-х гадоў была праведзена рэканструкцыя і рамонт першага возера па вуліцы Міцкевіча і створана трэцяе возера паміж вуліцамі Міцкевіча і Таўлая.

Цяпер на першым возеры па вул. Міцкевіча маецца цудоўная зона адпачынку гараджан, а пабудаваная нядаўна стараннямі былога старшыні Лідскага райвыканкаму Шурбы Сяргея Іванавіча (цяпер стар шыня абласнога ТВВОД) выратавальная станцыя не толькі павысіла бяспеку на вадзе, але і ўпрыгожыла і дапоўніла акваторыю возера.

У 1973-1974 гадах у эксплуатацыю былі ўведзены гарадскія ачышчальныя каналізацыйныя збудаванні, а таксама сетка самацечных і напорных калектараў з помпавымі станцыямі, што дазволіла ачысціць і Лідзею, і Каменку ад брудных сцёкаў. Неўзабаве ў Лідзейцы пачала жыць рыба. Гэта значная падзея ў жыцці горада.

У выніку распрацаваная схема рэгуляавання ракі Лідзейкі, як і было задумана, ужо тады, была больш чым напалавіну рэалізавана. Але і на сёння яна актуальна. Трэба русла даводзіць да ладу і далей, пачынаючы ад вуліцы Таўлая, побач з раённым Домам культуры, замкам і аж да Паўднёвага гарадка і такім чынам завяршаць водны дыяметр горада. Наперадзе чакае вялікая і цікавая работа.

У раёне Паўднёвага гарадка насупраць Малочнага завода трэба будзе пабудаваць яшчэ адну плаціну, стварыць вадаём і пашырыць русла рэчкі вышэй па цячэнні. Нядаўна галоўны архітэктар БелНДІП горадабудаўніцтва Ісачанка Уладзімір Рыгоравіч распрацаваў варыянт дэталёвага плана цэнтра горада Ліды, які ўключае ў сабе прапановы па завяршэнні воднага дыяметра і яго добраўпарадкавання. Дарэчы, Уладзімір Рыгоравіч у мінулым галоўны архітэктар нашай вобласці, аўтар Лідскага Дома культуры, Дома афіцэраў і цэнтра Ліды, шмат зрабіў і робіць для нашага горада. Ён заслужаны архітэктар краіны. Трэба асобна адзначыць, што ў распрацоўцы гэтай усёй задумы вялікі ўклад зрабіў Пархута Анатоль Сяргеевіч пад час сваёй працы галоўным архітэктарам горада.

Больш чым упэўнены: усё, што зроблена па воднаму дыяметру, і тое, што павінна быць выканана па завяршэнні яго, прыдасць гораду непаўторны, унікальны выгляд, палепшыць экалогію і мікраклімат, будзе доўга і карысна служыць многім пакаленням гараджан.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX