Вярнуцца: Мемуары

Успаміны пра Васіля Быкава


Аўтар: Васько Уладзімір,
Дадана: 12-04-2011,
Крыніца: Лідскі летапісец №50.



Пад аўрай Васіля Быкава

Васіль Уладзіміравіч, дарагі і незабыўны, няўжо цябе зараз няма сярод нас, няўжо зараз не гучыць над планетай твой роўны, пранікнёны голас, часам напоўнены шчырым, здаровым гумарам, часам трывогай і неспакоем за лёс нашай Айчыны, за лёс нашай зямелькі роднай, якая дала табе спачын пасля доўгіх і нялёгкіх дарог?

Не, Васіль Быкаў з намі. Такое адчуванне ніколі не пакідае мяне. Я шчаслівы, што набыў усё, што ён напісаў, яго неўміручую спадчыну, якой няма цаны. I ўсё, што ён напісаў, я прачытаў. А многія творы не па адным, а па два, па тры і па чатыры разы ("Сотнікаў"). I кожны раз знаходжу ў іх штосьці новае для сябе, няўлоўнае з першага разу. Вобраз Васіля Уладзіміравіча ва ўсю веліч паўстае са старонак яго твораў, ён жыве ў іх, а значыць, жыве і ў нас.

Васіль Быкаў - мая студэнцкая маладосць, мае светлыя гады. 3 1960 года па 1965 год я займаўся ў Гарадзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы і ўвесь гэты час даволі часта сустракаўся з Васілём Уладзіміравічам.

Зараз, калі я пішу гэтыя радкі, перада мною раскрытаю ляжыць кніга "Гродна", выдадзеная выдавецтвам "Беларусь" у 1975 годзе. А ў ёй на цэлую старонку буйным планам - партрэт Васіля Быкава. Добра прыкметны ўсе рыскі яго мужнага адкрытага твару, а засяроджаны пранікнёны позірк яго ясных, праўдзівых вачэй гаворыць: не адступіся ад ісціны, усё перажыві - і ты пераможаш. Менавіта такім, і нават намнога маладзейшым, Васіль Уладзіміравіч запомніўся мне.

Першы раз мне пашчасціла сустрэцца з Васілём Уладзіміравічам на занятках літаратурнага аб'яднання пры рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда". Гэта было восенню 1960 года. Васілю Быкаву ў той час было трыццаць шэсць гадоў, а мне - дваццаць тры.

Заняткі праходзілі ў Доме Элізы Ажэшкі. Вёў іх Аляксей Карпюк. Сабралася чалавек пятнаццаць. З педінстытута прыйшлі разам са мною Уладзімір Шурпа, Сяргей Габрусевіч, Марк Віленскі, Аляксей Дземідовіч і Канстанцін Станкевіч. Паэты чыталі свае вершы, а пасля амаль усе прысутныя іх абмяркоўвалі. Дайшла чарга і да мяне. Я прачытаў каля дзесяці вершаў. Некалькі чалавек падзяліліся сваімі ўражаннямі ад іх. Калі ахвочых выступіць больш не знайшлося, Аляксей Карпюк прамовіў:

- Васіль Уладзіміравіч, што вы скажаце?

З-за століка падняўся стройны, русавалосы, з чыстым, свежым тварам чалавек, які сядзеў між намі ў невялікай чытальнай зале, і які, як мне падалося, не намнога старэйшы за нас, студэнтаў. Ён адзначыў, што з прачытанага мною найбольш уражвае пейзажная лірыка, што ў вершах гэтага кшталту адчуваецца натуральнасць дэталей і непасрэднасць аўтара, ёсць запамінальныя радкі. Вершы ж грамадскага характару маюць патрэбу у дапрацоўцы, у іх не адчуваецца асобы аўтара, яны ў некаторай ступені дэкларатыўныя.

У той час я не ведаў, што гэта быў Быкаў і паціхеньку, каб ніхто не пачуў, запытаў у Шурпы, які сядзеў побач са мною, і які на два курсы ішоў раней за мяне, (я быў на першым).

- Быкаў,- адказаў ён. - У рэдакцыі "Гродзенскай праўды" працуе.

Ад першага разу і ён сам, і словы вымаўленыя ім, неяк натуральна запалі мне ў душу і ў памяць. Я прыйшоў вечарам у свой студэнцкі інтэрнат і яшчэ раз удумліва, не спяшаючыся, прачытаў тыя вершы, якія выносіў на суд літаб'яднання, і сам для сябе зрабіў вывад: Быкаў сказаў праўду. Вершы грамадскага гучання падаліся мне нязграбнымі, чужымі, а ў пейзажнай лірыцы было сёе-тое ад свайго "я".

Літкансультантам на той час у "Гродзенскай праўдзе" працаваў Міхась Васілёк, а Васіль Быкаў, мабыць, - у сакратарыяце.

Неўзабаве, той жа восенню, Міхась Васілёк памёр, а рэдакцыя "Гродзенскай праўды" пераехала ў новы будынак. Літкансультантам стаў Васіль Быкаў. Неяк я сабраў свае вершы і панёс у рэдакцыю. У калідоры сустрэў незнаёмую жанчыну і спытаў:

- Каму можна паказаць свае вершы?

- Быкаву, - адказала яна. - Ідзіце па калідоры і пасля направа. У аддзеле культуры ён.

Гэта, як аказалася пазней, была Ірына Міхайлаўна Суворына - загадчыца ўпамянёнага аддзела, якая пасля стала жонкай Васіля Быкава.

Я зайшоў. Васіль Уладзіміравіч падняўся з-за стала і першым падаў мне руку. У яго была такая звычка - заўжды вітацца першым - гэта, відаць, каб мы, студэнты, былыя вяскоўцы, не так губляліся. Праўда, гэта падбадзёрвала нас, прыдавала духу.

Ён адабраў тое-сёе з прынесенага і паабяцаў, што прапануе ў літстаронку. Пазней вершы былі надрукаваны. А я ўсё часцей пачаў заглядваць у рэдакцыю "Гродзенскай праўды" - калі адзін, а калі разам з сябрамі. Ні разу не прапусціў заняткаў у літаб'яднанні. Пра гэта Васіль Уладзіміравіч успамінае ў сваёй кнізе "Доўгая дарога дадому", дзе згадвае прозвішчы Уладзіміра Шурпы і маё.

Іншы раз я заходзіў у рэдакцыю і без вершаў. Бадзяюся, бадзяюся па горадзе - і раптам падумаю: давай загляну да Васіля Быкава - хоць розуму набяруся. Ішоў я да яго, як на споведзь, а выходзіў з кабінета, як з чысцілішча. Так ён уздзейнічаў не на аднаго мяне, а на ўсіх маіх сяброў, як яны ў размове прызнаваліся. Пасля сустрэчы з Быкавым, сапраўды, неяк станавілася лёгка і светла на душы, у ёй усталёўвалася святая, нерастлумачальная гармонія. Сваімі наведваннямі рэдакцыі я, магчыма, і назаляў Васілю Уладзіміравічу, але выгляду ён не паказваў. Наадварот, пры маім з'яўленні ў яго кабінеце, ён як быццам ажыўляўся і з зацікаўленасцю слухаў мае вершы. Праўда, любіў тонка і востра прыпусціць толіку гумару ў мой адрас, што Ірыну Міхайлаўну Суворыну, якая сядзела з ім у адным кабінеце, і мяне здорава смяшыла (за гумар я не крыўдаваў). Аднойчы, напрыклад, ён сказаў:

- Ты, Васько, пішаш, як ідзе па вуліцы салдат, у якога на адной назе бот, а на другой - лапаць: то грукне ботам, то шлёпне лапцем. А патрэбна што-небудзь адно: ці грукаць, ці шлёпаць. Патрэбна гармонія ў творах. Разумееш?

Сам жа Васіль Уладзіміравіч усміхаўся стрымана, з характэрнай для яго цёплай хітрынкай у вачах. Трэба сказаць, што заўвагі яго падштурхоўвалі зусім па-іншаму глядзець на свае творы.

Адчуваючы высокі інтэлект і глыбіню думкі Васіля Быкава, часам я звяртаўся да яго па параду чыста жыцейскага характару. Было такое: аднойчы, знаходзячыся ў Доме адпачынку "Рось" Ваўкавыскага раёна і скачучы з трампліна на лыжах, я падкруціў сабе нагу - і яна перастала выпроствацца ў калене. Адправілі мяне ў Гародню, у гарадскую бальніцу. Прафесар пры аглядзе сказаў, што прыйдзецца рабіць аперацыю, і даў мне суткі на роздум. Засмучаны, я пасядзеў крыху ў палаце, пагараваў, а пасля падумаў: "Ці не патэлефанаваць Васілю Быкаву, усё ж ён - удзельнік вайны, сам не раз быў паранены. Можа ён дасць якую параду". Я проста з бальніцы, з паста, патэлефанаваў яму.

- Ведаеш, што, Валодзя,- прамовіў ён,- на калене даволі складаная аперацыя. Там сухажыллі. Глядзі, каб яны цябе зусім не зрабілі інвалідам. Няхай пашукаюць якія іншыя сродкі: праграванні ці гразь.

Я адмовіўся ад аперацыі і лячыўся амбулаторна: на каленны сустаў накладвалі гразь, прыкладвалі нейкія металічныя пласцінкі. Разам з тым, не прапускаў заняткаў. Клыпаючы, хадзіў у інстытут. Праўда, тут мяне маральна падтрымлівалі хлопцы з майго пакоя. Каб не выдаць сапраўднага клыпатага, і яны пачалі кульгаць. Прычым кожны з іх прыдумаў сваю арыгінальую манеру накульгвання. Асабліва "памастацку" рабіў гэта Ваня Лашко. Ён неяк нязграбна выкідваў правую нагу ў бок, а на левую рэзка прысядаў. Пры падыходзе да інстытута, у калідоры і ў кабінетах мае сябры браліся за сваё штукарства. Не забываліся яны рабіць гэта і на перапынках. Студэнты смяяліся, асабліва дзяўчаты. I ўсе казалі:

- Як гэта раптам вы ўсе заклыпалі?

У нядзелю я паехаў на аўтобусе ў лясны масіў Пышкі, што туліўся да самага горада. Ішоў па вузкай, пратаптанай у снезе сцяжынцы, пазіраў на калматыя ад снегу галінкі соснаў - і раптам у калене маім штосьці пстрыкнула, і нага выпрасталася. Далей я пакрочыў нармальна, як хадзіў раней. Можаце сабе ўявіць маю радасць! "Я не інвалід" - вырвалася ў мяне з грудзей. - Я не інвалід!"

А ў панядзелак я ўжо быў у кабінеце Васіля Быкава. Удзячнасці маёй у яго адрас не было мяжы!

- Я ж табе казаў, - прамовіў Васіль Уладзіміравіч. - Аперацыя на калене - штука сур'ёзная. Гэта не тое, што выразаць апендыцыт.

Помню, мы ехалі выступаць у вайсковую частку, якая размяшчалася ў лесе, далекавата ад горада. У грузавой вайсковай машыне, крытай брызентам, па адзін бок на лаўцы сядзелі Васіль Быкаў, Марк Віленскі і Уладзімір Шурпа, па другі - Данута Бічэль, Сяргей Габрусевіч і я. Была позняя халодная восень. Машыну трэсла на калдобінах і гразевых мерзляках, на каранях дрэў, якія пераразалі дарогу. У кузаве завіхурваўся сцюдзёны вецер. Быкаў шмат жартаваў, казаў:

- Ну, усе позіркі салдатаў будуць скіраваны на Дануту.

- Так ужо, - адказвала яна і рассыпала па кузаве чаромхава-бэзавыя смяшынкі.

- Адна ўсяго дзяўчына між нас. Я ведаю рэакцыю салдат.

Маладая, прыгожая, чарнавокая Данута Бічэль усё адбівалася словамі ад быкаўскіх кампліментаў і вельмі прывабна паружавела.

Пасля Васіль Уладзіміравіч засунуў руку за пазуху і выняў з унутранай кішэні дэмісезоннага паліто нейкую кніжку.

- Во кнігу выдалі, - прамовіў ён,- "Жураўліны крык".

Мы ўсе ахнулі. Ні ў кога з нас яшчэ не было кнігі. А тут побач сядзіць аўтар, наш старэйшы сябра. Мы пашчыраму пазайздросцілі яму, парадаваліся такой важнай падзеі ў яго жыцці. I глядзець на Быкава сталі ўжо, як на Бога. Гэта была яго першая кніга. Ну, а ў салдацкім клубе ўсё было так, як Васіль Уладзіміравіч напрарочыў. Але ж і аўтара "Жураўлінага крыку" афіцэры і шарагоўцы слухалі з затоеным дыханнем.

Пасля першай кнігі Васіль Уладзіміравіч. узлятаў у зеніт сваёй славы вертыкальна. У Маскве адна за другой друкаваліся яго аповесці. Найчасцей у часопісе "Новый мнр", рэдактарам якога быў Аляксандр Твардоўскі. У той час казалі, што менавіта Твардоўскі першым убачыў у асобе Васіля Быкава таленавітага празаіка і прадказаў яму зайздросную літаратурную будучыню. Так і сталася.

А ў нашым інстытуце і выкладчыкі, і студэнты адно толькі і гаварылі, што Васіля Быкава вынесла на літаратурную арбіту "Трэцяя ракета". Яго запрашалі на сустрэчы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, у школы, у тэхнікумы, па яго прысылалі машыны з раённых цэнтраў. Хоць, я добра ведаю, што выступаць ён не любіў і казаў:

- Няхай чытаюць творы. Навошта яшчэ сябе выстаўляць на паказ як экспанат.

I яшчэ адзін цікавы эпізод. (Я думаў, прыгадваць яго тут ці не - і рашыўся). Сакратар абкама партыі па ідэалогіі Еўдакія Емяльянава, даволі інтэлігентная і разумная жанчына, у мінулым выкладчык ВНУ, запрасіла нас на гутарку з нагоды свята Кастрычніка. Яна гаварыла, каб мы што-небудзь з твораў прысвяцілі гэтай даце. I згодна са спісам, які ляжаў перад ёю, персанальна апытвала кожнага.

Карпюк сказаў, што піша аповесць, але тэматыка ў ёй зусім не звязана з Кастрычнікам, і што ён не ведае, ці разумным было б ставіць над ёй такое прысвячэнне.

- А новую я ўжо не паспею напісаць,- расчаравана закругліў ён.

Быкаў жа прамовіў:

- У мяне ўсе аповесці ваеннага зместу. Таксама з прысвячэннем атрымліваецца пэўная нестасоўка. Але, калі нават я і напісаў бы новую аповесць адпаведнага зместу, то пакуль яна будзе ўключана ў план, пакуль будзе праходзіць усе інстанцыі, пакуль яе надрукуюць, дык і Кастрычнік пройдзе.

Дайшла чарга і да нас, літаратурнай галоты. Што мы маглі сказаць? Абяцалі, што будзем старацца, будзем пісаць, а атрымаецца што-небудзь з нашых патугаў ці не - не ведаем. Летуценнае расчараванне адбілася на твары сакратара па ідэалогіі, аднак яна развіталася з намі даволі тактоўна і шчыра.

Мы выйшлі на вуліцу. Быў цёплы, бязхмарны вераснёўскі дзянёк. На плошчы Савецкай «віравала» моладзь. Усё радавала нас. Ля скверыка Карпюк развітаўся з кожным за руку і пакіраваў дадому. А мы пайшлі ўніз па Савецкай і дабраліся да вуліцы Ажэшкі, запруджанай звычайна ў пачатку навучальнага года студэнтамі. Васіль Уладзіміравіч жартаваў, пасмейваўся, і пабочнаму чалавеку лёгка можна было прыняць яго за студэнта - такім ён быў маладым і вонкавым выглядам і настроем і, здавалася, нічым не адрозніваўся ад нас.

Насупраць педінстытута, на рагу вуліц Леніна і Ажэшкі, стаяла кавярня ці закусачная, з дахам накшталт каляровага (у палоску) парасона. Мы заглянулі туды. Якраз нікога не было. Васіль Уладзіміравіч прапанаваў апробаваць сухое малдаўскае віно. Мы тут жа ўвішна пасунулі рукі ў свае кішэні.

- Супакойцеся, - спыніў нашы памкненні Быкаў. - Студэнты. Бедната. Няма чаго ў вас там трэсці.

Ён замовіў тры бутэлькі і паўкілі цукерак. Пакуль ён разлічваўся, мы паставілі ўсё гэта на стол.

- Авансам адзначым Кастрычнік, - прамовіў Васіль Уладзіміравіч. I мы ўсе па старой завядзёнцы дружна чокнуліся. У нас на сэрцах стала ўтульна і цёпла, весела і сонечна. Ах, маладосць, маладосць, чаму ты так хутка збегла ад нас і ад нашага літаратурнага настаўніка?!

Цікава праходзілі заняткі літаб'яднання пры рэдакцыі «Гродзенскай праўды». Пры абмеркаванні твораў выказваліся амаль усе, крытыкавалі адзін аднаго, спрачаліся, кожны даводзіў свае думкі, як хацеў. Помню абмяркоўвалі адзін раз мае вершы. У калідоры, перад гэтым, мяне сустрэла Ірына Суворына і падбадзёрыла:

- Сёння ты імяніннік. Трымайся.

Даклад рабіў пажылы паэт, падпалкоўнік у адстаўцы, Яўген Яўсцігнееў, які часта пісаў скаргі ў ЦК КПБ, чаму нідзе не друкуюць яго вершы. Найбольш ён прычапіўся да ўрыўка з маёй паэмы «Цаліна», які я даслаў з цаліны, будучы там са студэнцкім будаўнічым атрадам, і які ўжо быў надрукаваны ў «Гродзенскай праўдзе».

Васіль Быкаў не ўтрываў пасля яго крытыкі. Ён падняўся і зазначыў:

- Якраз тыя месцы, якія вы крытыкуеце, самыя моцныя ў паэме. А дэталі не прыдуманыя, не штучныя, як вы кажаце, а натуральныя, дакладныя і даюць магчымасць убачыць каларыт той мясцовасці, якую аўтар апісвае, адчуць тую абстаноўку, у якой апынуліся студэнты. Мне, напрыклад, спадабаўся ўрывак.

Падтрымалі мяне рэдактар газеты Андрэй Колас і загадчык аддзела Барыс Папоў, якія засталіся пасля работы і прысутнічалі на літаб'яднанні, а таксама мае інстытуцкія сябры. Карта Яўсцігнеева была бітай.

У 1965 годзе я скончыў інстытут і паехаў настаўнічаць на Дзятлаўшчыну. Пасля перайшоў на працу ў рэдакцыю мясцовай газеты «Перамога», затым пераехаў у Ліду, дзе таксама ўладкаваўся на працу ў рэдакцыю аб'яднанай газеты «Уперад». I з Васілём Уладзіміравічам бачыўся ўсё радзей і радзей. Уласна кажучы, адбыліся ўсяго чатыры сустрэчы: адна на Свіцязі, другая ў Лідскім Доме афіцэраў, дзе ён выступаў з Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным і Васілём Зуёнкам (на сцэну запрасілі і мяне), трэцяя - на пленуме Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Доме літаратараў, чацвёртая - у фае гасцініцы «Ліда», дзе ён жыў падчас чарговага прыезду ў горад з Генадзем Бураўкіным і Алесем Разанавым. Гэта, аднак, былі кароткія сустрэчы і мінутныя гутаркі. Пасля я бачыў толькі фотаздымкі Васіля Быкава ў часопісах, газетах і ў яго кнігах, а самога - у тэлеперадачах.

Аднойчы я паслаў яму паштоўку, у якой павіншаваў з 60-годдзем з дня нараджэння і пажадаў напісаць звяз баявых аповесцей. Не падлічваў, сабраўся з іх звяз ці не, але перакананы: колькі іх ні ёсць - праўдай сваёй і сілай мастацкай вартасці яны паспяхова заваёўваюць сэрцы мільёнаў людзей.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX