Вярнуцца: Мемуары

Бог! Гонар! Айчына!


Аўтар: Тананушка Наталля,
Дадана: 07-08-2019,
Крыніца: Тананушка Наталля. Бог! Гонар! Айчына! // Наша Слова. № 32 (1443), 7 жніўня 2019.

Спампаваць




Гэтым слоганам вітала праваслаўнае паселішча "Шляхам Ефрасінні Полацкай" усіх ахвочых адпачыць - дзяцей і іх бацькоў - з розных мястэчак Лідчыны. Духоўнікам паселішча запрасілі айца Аляксея Глінскага з прыходу Хрыста Збаўцы.

Берагі слыннага Нёмана, магутныя векавыя дубы-веліканы сустрэлі дарослых і дзяцей ва ўсёй сваёй прыгажосці.

Адкрыццё паселішча адбылося 24 ліпеня святочным канцэртам. На канцэрце гучала наша народная песня "Купалінка" ў выкананні музычнага кіраўніка Аляксандры Рубан. Дзеці падрыхтавалі танцавальныя, песенныя, гумарыстычныя нумары - і свята адпачынку распачалося!

(149KB) Бог! Гонар! Айчына!.

Кожны дзень быў напоўнены новымі прыгодамі і таямніцамі. Выхавацелі Валянціна Грышкевіч, Алена Салаўёва, Наталля Тананушка, Маскалёвы Таццяна і Ігар зладзілі разам з дзецьмі і дарослымі сапраўдную археалагічную экспедыцыю. Раскопкі вяліся зранку, а ўдзень і ўвечары адбываліся гульні, імпрэзы і спаборніцтвы. Асабліва запомнілася ўсім "Вечарына для ног", якая адбылася пасля раскопкі "адбітка нагі старажытнага чалавека". Давялося нават асвоіць жывапіс нагамі ў адным з конкурсаў! Дарэчы, перамагла каманда дарослых!

За бяспекай і фізічным здароўем дзяцей сачыў кіраўнік фізічнага выхавання спадар Раман Маляўскі. Кожны сонечны дзень арганізоўвалася зарадка з бегам па лясных сцяжынах Панямоння, купанні ў Нёмане.

А якія ж смачныя беларускія стравы гатавала палявая кухня начале з шэф-поварам матушкай Вольгай. Ёй дапамагалі спадарыня Лідзія Смокат, Валянціна Улас. Цяжкую працу на кухні выконвалі спадары Сяргей Трафімчык і Сяргей Сідарэнка.

Духоўнік айцец Аляксей запрасіў дзяцей і дарослых паселішча ў нядзелю ў пешы паход да вёскі Дзям'янаўцы на нядзельную службу ў царкву прападобнага Сергія. На службу завіталі і мясцовыя жыхары, якія з захапленнем слухалі спевы ў выкананні матушкі Вольгі, а таксама Кацярыны Рубан, Валянціны Грышкевіч.

Дзень за днём паселішча наведвалі госці. Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава ладзіла сапраўдныя народныя танцы і спявала з дзецьмі песні на роднай мове. Бард, паэт Віктар Шалкевіч завітаў таксама з песнямі пад гітару. Вядовец бясплатных курсаў "Мова нанова ў Лідзе" спадар Алег Лазоўскі і спадарыня Марыя Ганчар правялі занятак па тэме "Сваякі", ладзілі народныя рухомыя гульні з падарункамі для самых актыўных удзельнікаў. Лідскі бард Сяргей Чарняк разам з акцёрамі прывёз на паселішча батлейку з сядзібы "Гасціна" са спектаклем "Чарнакніжнік", які з захапленнем сустрэлі апладысментамі і дзеці, і дарослыя. Завітаў да дзяцей у паселішча і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Асабліва хацелася б адзначыць, што дзеці размаўлялі з уладыкам і задавалі яму пытанні толькі па-беларуску!!!

Асабліва запомніцца ўсім "жыхарам" праваслаўнага паселішча той дзень, калі ў госці завіталі рыцары з Лідскага клуба "Дайнава". Дзеці пачулі гісторыі рыцарскіх эпох, змаглі ўбачыць і нават прымераць даспехі, патрымаць у руках рыцарскую зброю. І скончыўся той дзень інсцэнізацыяй аднаго са значных гістарычных момантаў гісторыі Беларусі - "Грунвальдскай бітвы". Дзеці падзяліліся на дзве каманды: "Крыжакі" і "Ліцвіны", спаборнічалі ў моцы, спрыце і хуткасці. Цяжка было суддзям вырашыць, хто ж найлепей прызнаецца ў каханні даме свайго сэрца: "Вітаўт" ці "Ульрых фон Юнгінген", у якіх пераапрануліся галоўнакамандуючыя варожых бакоў. Але гісторыю немагчыма перапісаць! Канешне, атрымалі перамогу "Ліцвіны". Асабліва задаволенымі ад такіх спабортніцтваў засталіся хлопчыкі!

У дзень закрыцця ў госці да жыхароў паселішча завітаў спадар Зміцер Бартосік са сваёй сям'ёй. Заспявалі этнічныя песні пад жывую музыку ля вогнішча, вакол якога гучала ўвесь вечар дзіцячая беларуская гутарка! А дзеці і дарослыя атрымалі ў падарунак майкі з эмблемай праваслаўнага паселішча.

Упэўнена, у наступным годзе і дзеці, і дарослыя будуць чакаць новай сустрэчы на беразе Нёмана. Ізноў загучыць родная мова на абшарах Панямоння з вуснаў маленькіх беларусаў, ізноў разляціцца ў паветры гучна і з любоўю духоўны гімн беларусаў "Магутны Божа"…

Наталля Тананушка.


(61KB) 'Салют' з нагоды закрыцця паселішча.(109KB) Спаборніцтва на нагах 'эстафета: хто каго!'.(131KB) Крыжы - і дзеці і дарослыя запальвалі свечкі і дзякавалі Богу за свае жыцце!.(140KB) Крыжы - і дзеці і дарослыя запальвалі свечкі і дзякавалі Богу за свае жыцце!.(86KB) Партрэт нагамі сабакі Люціка.(82KB) Рыцары з Лідскага клуба 'Дайнава' завіталі да дзяцей.(80KB) Рыцары з Лідскага клуба 'Дайнава' завіталі да дзяцей.(84KB) Каманда 'Смайлікі-беларусікі' у чаканні новых конкурсаў нажных спаборніцтваў.(74KB) Каманда 'Смайлікі-беларусікі' у чаканні новых конкурсаў нажных спаборніцтваў.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX