Вярнуцца: Галоўная

Маладосць


Дадана: 28-05-2017,
Крыніца: pawet.net.



“Маладосць” № 05

Лета - найлешы час для падарожжаў, у тым ліку і па сваёй краіне. А з чаго пачаць вандроўку па Беларусі, як не з нашых паўночных зямель, дзе тысячу год таму пачало біцца сэрца першай беларускай дзяржавы - Полацкага княства. Лепшым гідам у гэтым падарожжы будзе "Маладосць" - майскі нумар часопіса прысвечаны Полацку і Віцебску.

Маладосць

Для многіх беларусаў Полацк уяўляецца казачным горадам мар, і аўтары "Маладосці" тут не выключэнне. Напрыклад, Кацярына Захарэвіч, якая ў дзяцінстве марыла пра свой асабісты Полацк: "Касечка марыла пра свой Полацк. Побач. Каб захацеў - адчыніў дзверы, і вось ты ўжо не ў двары свайго дома, апанаванага лужынамі і машынамі, а на вузенькай вулцы Полацка, дзе прыемна-жоўта расплёхваецца сонца і заўсёды камфортныя +23° па Цэльсію". Але, пасталеўшы, Касечка пераехала у зусім іншы горад.

Пры гэтым Полацк не застаўся без таленавітых дзяўчат: напрыклад, там нарадзілася маладая паэтка Ганна Лутава, якая піша вельмі шчырыя вершы:

"Просіцца, б'ецца, кусае, рычыць
Паранены звер у няволі.
Удзячны за сэрца, якое баліць,
Бо, значыцца, сэрца жывое.

Моўчкі употай на зброю глядзіць:
«Мёртвы, затое вольны!»
Калі я хачу насамрэч забіць,
То не страляю кантрольны".

Ганна, між тым, выпускніца Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якому прысвячаецца ў нумары некалькі дзясяткаў старонак са змястоўнымі інтэрв'ю і цікавымі артыкуламі. Вось што пішацца ў "Нататках выкладчыка псіхалогіі" пра студэнтаў: "Я не чакаю ад іх закаханасці і захаплення. Не магу ім даць любоў - гэта для блізкіх. Я абяцаю ім прыняцце і разуменне - і ад іх чакаю таго ж. А яшчэ яны цікавыя для мяне. Са сваімі мабільнымі і планшэтамі - не такія, якімі былі мы ў свой час. Са сваімі дзіўнымі захапленнямі ("Ці збіраеш ты мемы?"). Са сваім нежаданнем чытаць нічога, акрамя інтэрнэта. З прыхільнасцю да трылераў і танных любоўных гісторый. Са сваім шматведаннем ("А вось у сеціве пішуць…") і інфантыльнасцю ("Праз два месяцы працаваць? А я б яшчэ павучылася!")".

Але што мы ўсё пра Полацк ды пра Полацк? Віцебск нічым не саступае! Старажытны горад на Дзвіне прыхоўвае шмат таямніц. Калі быў заснаваны Віцебск і якім ён быў у часы Альгерда? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў адзін з арганізатараў публічных лекцый па гісторыі Віцебска, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак.

Акрамя таго, у майскім нумары можна будзе пачытаць інтэрв'ю з казачніцай Аленай Масла, таленавітую прозу Сяргея Шаматульскага і стракатую калумністыку. Але ж зразумела, што гэта далёка не ўсё. Што засталося па-за анонсам, даведаецца той, хто адправіцца ў неверагоднае падарожжа па старонках Полацка-Віцебскага нумара!



Архіў:

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX