Вярнуцца: 2016

№ 05


Дадана: 23-06-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 05

Майская "Маладосць": пад вокладкай колеру ландышаў

Анонс - урыўкамі

***

Нічога так не бадзёрыць з раніцы, як удар турнікета па нагах. Я не адразу зразумела, за што гэтая злосная штука мяне "пакарала". Ужо ў вагоне да мяне дайшло, што я пераблытала "права" і "лева", а на зялёную стрэлку проста не звярнула ўвагі. Так звычайна і здараецца - гэтыя жалезныя монстры караюць невінаватых.

У гэты дзень пра ўнутраныя турнікеты я думала не ўпершыню. Каму прыйшло ў галаву схаваць перашкоду для безбілетніка, а, галоўнае, - навошта?

Прынцып адной з кніг, якая дасталася нам у спадчыну ад савецкага дзяцінства - «Шкодныя парады», - заключаецца ў тым, каб даць дзіцяці няправільныя парады, тым самым справакаваўшы яго на зваротны - правільны - ўчынак. Верагодна, з дзецьмі гэты спосаб і працуе, але няўжо ён патрэбен у дарослым жыцці? Навошта ствараць ілюзію праходу там, дзе яго няма?

Маладосць

COSMOpoLITan - exPRESS,

Яна Мусвідас і "Схаваны патэнцыял"

***

У пачатку 1930-ых гадоў адносіны ўлады да Пэна пачалі мяняцца ў горшы бок. Ад мастака пачалі патрабаваць пісаць партрэты калгаснікаў, кіраўнікоў дзяржавы і г.д. Але амаль што 80-гадовы мастак не мог перабудавацца да новых рэалій. Ён працягваў сваю любімую яўрэйскую тэматыку. Давайце паглядзім хто герой карцін Пэна. Кравец, краўчыха, гадзіннікавы майстар, цынкоўшчык, майстар па рамонту і пашыву абутку, прадстаўнікі іншых рабочых прафесій - просты працоўны люд, які адрозніваецца ад іншых толькі сваёй яўрэйскай нацыянальнасцю. Канешне з боку ўлад патрабаваць ад вельмі пажылога мастака хуткай ідэалагічнай перабудовы было вялізарным злачынствам. Давайце ўспомнім словы Пэна, сказаныя ім на гэты конт: " Читал о выставке в газете «Правда», где Д. Заславский разбирает, критикует и хвалит. Пишет он очень хорошо, но немножечко модерно, как требует теперь время. Будь я участником, то получил бы от него трепку по заслугам, т.к. я не колхозничаю и не заискиваюсь....". Вось так пісаў мастак у Маскву свайму любімаму вучню І.Я. Мальцыну.

Акалічнасці месца і часу
Хто забіў Юдэля Пэна

***

Рэжысёр Мікіта Лаўрэцкі - сціплы 22-гадовы хлопец, які здолеў парушыць зацішша ў айчынным кіно. Яго "Беларускі псіхапат" стаў лепшым мастацкім фільмам у нацыянальным конкурсе "Лістапада-2015", і гэта твор, дакладна варты сваёй узнагароды. Адмыслова для "Маладосці" Мікіта распавёў Хрысціне Чарнушэвіч, чые фільмы любіць, як адмаўляецца ад драматычнай іроніі і калі кладзецца спаць.

- Як звычайна праходзіць ваш дзень?

- Нават няёмка распавядаць… Два-тры разы на тыдзень я выкладаю ў ліцэі БДУ матэматыку на вячэрніх курсах. У гэтыя дні я прачынаюся гадзіне а дванаццатай. Снедаю. Потым займаюся лухтой: магу пайсці на шпацыр у Ракаўскае прадмесце, набыць якіх-небудзь булак. Як быццам мне дзевяноста гадоў! Потым іду ў ліцэй, там час бяжыць вельмі хутка - цікавыя заняткі. Вяртаюся дадому, а ўвечары сустракаюся са сваёй дзяўчынай ці сам гляджу фільмы і серыялы. Ужо апоўначы я займаюся творчасцю. Гэта значыць пяць хвілін папрацаваць, дваццаць - паабнаўляць старонкі ў інтэрнэце. Зашмат пракрастынацыі, канешне. Ну, а дзесьці а шостай кладуся спаць.

"Выбітныя", у самым пачатку нумара

***

Сентыментальным людзям кнігу Таццяны Сівец «Разняволенасць» лепш нават у руках не трымаць - надта яна эмацыйная, з зарадам словаў, якія проста прымушаюць расплакацца. Часам наіўныя, часам сур'ёзныя, часам дарослыя, а часам дзіцячыя, - вершы Таццяны кажуць пра тое, што галоўнае ў жыцці - адчуваць.

Адзін з вершаў гэтай паэткі мне дала пачытаць калісьці сяброўка. Гэта быў «Такія хлопчыкі...». У той час, калі знаёмыя казалі штосьці падобнае да «хопіць ужо гэтай лірыкі», я пачала зачытвацца паэзіяй Таццяны Сівец:

«Ты не ведаеш, што твой хлопчык сабраў з ільдзінак

Слова «ключ»? Ён ужо адчыняе дзверы»...

Кніга, якая з першага позірку падаецца дастаткова важкай (бо дзе вы бачылі тоўстыя паэтычныя зборнікі), чытаецца лёгка, нібы яна пёрка. У «Разняволенасці» на суседніх старонках змешчаны вершы і пра паэзію, і пра шчасце, і вершы паэтаў, якія пішуць на мовах, з якіх, я ўпэўнена, ніводзін беларус яшчэ не перакладаў.

«Разняволенасць» Таццяны Сівец - гэта размова з сабой, роднымі, каханымі. Гэта часам маналог, а часам дыялог, але заўсёды зварот да кагосьці ці чагосьці. Гэта яшчэ і кіно - бо «калі мы побач, то можна здымаць кіно», і сапраўды, некаторыя радкі б даволі добра клаліся на відэашэраг:

«Яна гатуе сабе вяршкова-трускалкавы торт,

Калі вырашае, што ў ейным жыцці бракуе

белага ды чырвонага».

Маргарыта Дзяхцяр - пра "Разняволенасць"

***

Яго гісторыі больш падобныя на лісты з дзённіка, калісьці схаваныя ў маленькі патайнік за печкай. У гэтым патайніку - бляшанай скрыначцы з немудрагелістым ручным узорам - захоўваліся лісты. Бязладна даставаліся з памяці і зноў аказваліся за печкай.

Магчыма, ён не хацеў, каб я зноў збірала яго ўспаміны. Вечнасці яму не трэба было. Дастаткова толькі слухаць. Вушамі, вачыма, позіркам... Я напісала ЎСЁ з яго слоў. Словы Віці, магчыма, будуць перабівацца маім невыразным мармытаннем. Але гэта нічога. Я думаю, мяне зразумеюць. Не, нас зразумеюць. Зразумеюць і прабачаць. Што ж, я пачынаю.

Я - не герой

Вайна - гэта не час, унучка. Вайна - гэта стан. Нельга сказаць: «Ну ўсё, цяпер будзе цяжка!» Нават калі будзе цяжка ўдаве з пяцю дзецьмі-рахітыкамі (я бачыў гэтыя ножкі-трысцінкі і круглыя жывоцікі), нават тады жанчына будзе спадзявацца. Вось ніхто і не верыў.

Да канца жніўня ў маю вёску Нізы, дзе я жыў да вайны і падчас яе, прыехалі з плакатам «Радзіма-Маці кліча!». Каго яна клікала? Я і мае сябры былі жаўтаротымі. Мне так страшна стала - не перадаць. Я думаў, што з'еду і больш нікога не ўбачу. Уначы да прызыву мне прысніўся сон: «Каля ракі Ісы лаўлю я рыбу, а з вады вылятае велізарны пугач. Падлятае ён да майго твару і вухкае. Ды так вухкае, што дрэвы калышуцца, і па вадзе хвалі, а я нічога не чую».

Распавёў я свой сон бацьку Лявону. Ён падумаў-падумаў і сказаў: «Аглухнеш на вайне».

Бацька мой, Лявон Сідаровіч Алізар, - просты быў чалавек, любілі яго людзі. І Сідара - дзеда майго - таксама любілі і... баяліся. Прадзед мой быў багаты чалавек. Палац, лес, поле, луг - усё яго было. Людзі потым усё забралі ў яго. Нам не толькі таму, што багатымі былі, не давяралі. Мы ж Алізары. Прозвішча немясцовае нейкае...

Успаміны дзеда, запісаныя ўнучкай-студэнткай.
Фаіна Наканечная, Cathedra,
"Алізар"

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX