Вярнуцца: 2016

№ 07


Дадана: 08-08-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 07

Ліпеньская "Маладосць":

Усё лепшае!

***

Выпадак з практыкі. Пасяджэнне літаратурнага аб'яднання пры абласной газеце "Зара". Жанчына-пенсіянер крытыкуе вершы маладога аўтара: "Дрэвы не могуць глядзець у спіну закаханых, як вы напісалі. У дрэў няма вачэй". У пэўнай часткі нават дарослых чытачоў, тэлегледачоў, наведвальнікаў мастацкіх салонаў наіўны рэалізм, пры якім ставіцца знак роўнасці паміж мастацтвам і жыццём, робіцца ваяўнічым: «Не можа быць, бо так не бывае ў жыцці».

Новая рубрыка

Лекцыі

Маладосць

***

Пра вайну бацькі нам расказвалі мала. Зусім мала. Але ведаў я пра спаленую вёску Казлова, бачыў яміну, якая засталася ад калодзежа, у які карнікі пакідалі былі малых дзяцей. А яшчэ расказваў пра вайну бацька. Яму напачатку вайны было сем гадоў. Вось пра свае хлапечыя прыгоды і расказваў… Як украў быў пісталет, за што ледзь не расстралялі яго маці, маю бабулю. Як краў з сябруком бляшанкі з нямецкага аўтамабіля, з будкі. Тая машына з палявой кухняй стаяла прама на нашым агародзе. Кухар, тоўсты немец, быў быццам пільна заняты сваімі справамі, але калі хлапчукі залезлі і потым з бляшанкамі невядомых кансерваў збіраліся скочыць з будкі, схапіў абодвух за каўняры. Бы з-пад зямлі вырас, і такі спрытны аказаўся. Адной рукой абодвух трымаў, другой выцягнуў сваю папругу ды так па пары разоў секануў па азадках… А потым…

Не толькі пра вайну

Першая крытыка

***

Сёмы год запар юстыцратам Кнайпхофа абіраўся Карл Вільгельм Іеранім фон Кросбах - высокі, сівавусы, даўгалыгі ўдавец, нашчадак рыцараў-тэўтонаў. Пры кожнай нагодзе Кросбах любіў пахваліцца трохсотгадовым радаводам. Але тым гарачым поўднем юстыцрат не згадваў прашчураў нават у думках, паколькі справа, дзеля якой ён брыў у дом на Грунэрштрасэ (Зялёная вуліца, дзе з большага жылі бондары і зялёніўшчыкі), была трагічнай, скрушнай і жалобнай.

Адной рукой нашчадак крыжакаў часта выціраў успацелы лоб, другой трымаў закінуты за плячо сімвал улады - скураны мех для службовых папераў. Дабрыўшы да ганку двухпавярховага дамка, Кросбах прыслухаўся да мілагучнага харалу, які ляцеў нібыта з-пад аблокаў, перажагнаўся, паправіў сярэбраны ланцуг на шыі, разгладзіў на жываце складкі барвовай мантыі, ачысціў аб каменную прыступку бруд з падэшваў даўганосых пантофляў ды забарабаніў у дзверы драўляным малатком, які звісаў ля ўвахода на ланцужку.

"Андрэй Станкевіч і Таемнае Маствацтва"

Ягора Конева

***

Гэта быў цудоўны бацька.

Здавалася, не знайсці пытання, на якое ў яго не будзе адказу. Я не памятаю выпадку, калі б ён адмовіў нам з братам ва ўвазе і разуменні.

Калі бацька працаваў за сталом, можна было ціхенька падлезці пад пашку і гадзінамі стаяць і сапець, паглядаючы, як з пад пяра малююцца тоненькія радкі з дробненькіх літарак. Гэты почырк не кожная машыністка чытала.

Асабліва я любіла, як увечары пасля работы і вячэры бацька прыляжа на канапу з газетай. А я тутачкі са сваёй кніжкай. Як ён чытаў! Ціха, сваім прафесійным барытонам, ствараючы вобразы і характары. Як зараз чую Віткава "Вавёрчына гора": "Разбалеліся ў Вавёркі зубкі…" Пазней прывучыў слухаць па радыё "Тэатр каля мікрафону", а там тое ж "Вавёрчына гора" чытала Л.І. Ржэцкая. Дарэчы, наша суседка і бабуля маёй сяброўкі. Зараз так не чытаюць. А прагулкі разам у парк ці маёўкі з пралескамі, вогнішчам і смажанай каўбаскай…

Кожная травіначка, кветачка, птушачка, букашачка - усё было заўважана і аблюбавана. Я і зараз не абміну ўвагай ні кусцік, ні лісцік, ні вавёрку ў скверы.

Слова пра бацьку

Да юбілею Уладзіміра Юрэвіча

***

У канцы жніўня 1929 года чыноўнік лідскай электроўні Фішар у дрэнным настроі вярнуўся апоўдні дадому і патрабаваў у жонкі, каб тая яго накарміла. Калі жонка трохі прамарудзіла, ён, пакрыўдзіўшыся, выпіў бензін з бутэлькі, якая стаяла каля стала. Урач канстатаваў апёкі горла і кішак. Нервовая была праца ў энергетыкаў у тыя часы...

6 мая 1932 па Лідчыне прайшла магутная вясенняя бура, якая паваліла тэлефонныя слупы і парвала правады на чыгуначным шляху Ліда-Маладзечна (адразу, за мостам праз Лідзею). Маланка патрапіла ў гарадскую электроўню, кіраўнік электроўні і дзяжурны манцёр часова страцілі прытомнасць і таму да 19-30 горад апынуўся ў цемры. З-за моцнага дажджу на 1 метр паднялася рака Лідзея і месцамі выйшла з берагоў.

Тады ж, падчас работы на дзядзінцы плябаніі ксяндза Баярунца рабочыя абарвалі электрычны провад. Адзін з рабочых, Юзаф Місюра, вырашыў провад адкінуць і узяўся за яго рукой. «Пацярпелы ў цяжкім стане трапіў у шпіталь.

Энергетыкам заўжды трэба было быць гатовымі выканаць неабходныя аварыйныя работы: «13 ліпеня (1937 года. - Л.Л.) каля староства, на вуліцы Сувальскай, армейскі аўтамабіль збіў слуп электрычнай размеркавальнай сеткі".

Не абыходзілася і без кур'ёзаў. У канцы 1937 года суд прыгаварыў чыноўніка адміністрацыі горада, назіральніка за гарадскімі работамі Палтарацкага да штрафу ў памеры 15 злотых за тое, што падчас начной змены на гарадской электроўні ён збіў работніка Уладзіслава Вільбіка: «Гэта вынікі ўхвалы гарадской радай выдачы работнікам гарэлкі падчас працы».

Леанід Лаўрэш для "Акалічнасцяў месца і часу"

Лідская гарадская электроўня, 1916-1939

***

Пасля халоднага буфету з фаршыраванымі яйкамі, вяндлінай, тостамі, ікрой, шнапсам і шампанскім, якім звычайна частаваўся ва ўрачыстай залі палітычны сакратарыят перад нарадай, першым у пакой для паседжанняў увайшоў Н. Пасля таго, як яго прынялі ў вышэйшы орган краіны, ён адчуваў сябе ў бяспецы толькі ў гэтым памяшканні, негледзячы на тое, што ён быў усяго міністрам пошты і паштовыя маркі да мірнай канферэнцыі спадабаліся А, чутку пра гэта ён ведаў з асяроддзя Д, а, дакладней, ад Е; аднак яго папярэднікі, негледзячы на хутчэй падпарадкаванае становішча пошты ў колах дзяржаўнай машыны, зніклі без вестак, і нават калі шэф таемнай паліцыі С прыязна з ім абыходзіўся, пажаданым гэта не было - шукаць тых, хто знік. Перад уваходам ва ўрачыстую залю і перад уваходам у пакой для паседжанняў Н ужо абшукалі, спачатку старэйшы падпалкоўнік спартовага целаскаладу, які рабіў гэта заўсёды, пасля бялявы палкоўнік, якога Н яшчэ ніколі не бачыў; палкоўнік, які звычайна абшукваў яго перед пакоем для паседжанняў, быў лысым, мабыць, ён быў на адпачынку, ці яго перавялі, ці звольнілі, ці разжалавалі, ці растралялі. Н палажыў сваю мапу на стол для паседжанняў і сеў. Каля яго сеў Л. Пакой для паседжанняў быў доўгім і не нашмат шырэйшым за стол. Сцены былі напалову абліцаваныя карычневымі панэлямі. Неабліцаваная частка і столь былі белага колеру. Кожны займаў сваё месца паводле іерархіі ў сістэме. А сядзеў уверсе. Над ім, на белай частцы сцяны, вісеў сцяг партыі. Насупраць яго за другім канцом стала ніхто не сядзеў, і там было адзінае акно ў пакоі. Акно было высокім, круглым уверсе, падзеленым на 5 шыб і не мела штор. Б, Д, Ф, Х, К, М сядзелі (калі глядзець з месца А) за правай паловай стала, насупраць іх С, Е, Г, І, Л, Н, каля Н яшчэ сядзеў шэф моладзевых звязаў П і міністр атамнай энергетыкі О, аднак П і О не мелі права голасу. Л быў самым старым у сакратарыяце і, перад тым як А стаў кіраваць партыяй і краінай, некалі выконваў функцыю, якую зараз выконваў Д.

Фрыдрых Дзюрэнмат

Зрынанне 1971

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX