Вярнуцца: 2016

№ 08


Дадана: 27-08-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 08

Імёны на вокладцы

Чалавек, для якога прозвішчы Гапееў, Зуёнак, Бураўкін, Чаропка, Сыс з'яўляюцца проста наборам літар, настолькі ж далёкі ад літаратуры, як я ад пасрэднасці. Мой невялічкі анонс не для дадзеных людзей. А для тых, хто, пабачыўшы вокладку жнівеньскага нумару "Маладосці", адразу схопіцца за сэрца, пасля ротам за паветра, і будзе трымацца так, пакуль не прачытае ад першай старонкі да апошняй. Мой невялічкі анонс - пералічэнне вялікіх постацяў, якія апынуліся на гэтых старонках і надалі "Маладосці" сталасці і сапраўднай моцы, што час ад часу вельмі нам патрэбна.

МаладосцьВалерый Гапееў "Уцёкі" (урывак з ненапісанага рамана). Пры чытанні з галавы не сыходзіла думка: "Дзе ж Вы былі, Валерый Мікалаевіч, калі мне было васямнаццаць?" Хоць ведаю, правільна пастаўленае пытанне гучыць: "Дзе быў я? Чаму я не знайшоў своечасова гэтага аўтара?" Не знайшоў, але зараз магу дапамагчы знайсці іншым. Чытачы, не пужайцеся аб'ёму, калі ў вашых сэрцах засталася хоць кропля юнацтва, "Уцёкі" заставяць гэтую кроплю кіпець.

Узаемапрысвячэнні Генадзя Бураўкіна і Васіля Зуёнка. Усе людзі, чые імёны напісаны ў падручніках, здаюцца крыху нерэальнымі. Яны ў першую чаргу імёны, а толькі пасля людзі. Складана ўявіць, што яны таксама пілі-елі, вучыліся ў школах і ўніверсітэтах, мелі сяброў і каханых. А даведацца аб тым, што гэтыя "імёны" яшчэ і сябравалі між сабой, - гэта здзіўленне па-за межамі здзіўлення. Так, Генадзь Бураўкін і Васіль Зуёнак аказаліся звязанымі не толькі суседствам у падручніках ці міжаўтарскіх зборніках, але і ў жыцці. Наталля Заяц у артыкуле "Мы з Нямігі…" раскрывае, як моцна пераплецены творчыя і жыццёвыя шляхі вялікіх беларускіх паэтаў.

Вітаўт Чаропка "Літаратура не сродак заробку, а прызванне". Што можа быць цікавей за інтэрв'ю з вядомым гістарычным пісьменнікам? Розныя рэчы. Напрыклад, інтэрв'ю, адлюстраванае ў гісторыі. У далёкім 1995 годзе Вітаўту Кузьмічу задалі некалькі пытанняў, ён даў некалькі адказаў, і быццам бы на гэтым усё скончылася. Але гісторыя любіць паўтарацца. І вось тыя ж самыя пытанні былі адрасаваны таму ж самаму пісьменніку, вось толькі адказы змяніліся. Думаю, створанай інтрызе пазайздросцяць многія дэтэктывы.

Вітаўт Чаропка "Яго вялікасць паэт" (успаміны пра Анатоля Сыса). Ужо чую незадаволеныя галасы (але, напэўна, ёсць і звышзадаволеныя): "Яшчэ Чаропка?" Так. Толькі вось не зусім. Бо артыкул прысвечаны другому чалавеку. Таму, чыя постаць губляецца ў асабістай экстравагантнасці і чужым неразуменні. Таму, каго можна параўноўваць з іншымі, але немагчыма прыраўняць да іншых. Таму, хто быў адзін сярод натоўпу, але быў большы за натоўп. Таму, каго ў сваім вершы Васіль Дэбіш назваў "вужаптахам". Яго вялікасці паэту Анатолю Сысу.

Анатоль Сыс "Прадаўжэнне легенды". Сыса не стала ў 2005, але яго жыццё не скончылася. І, відаць, не скончыцца. У гэтым годзе была выдадзена кніга "Берагі майго юнацтва". Кніга, у якую ўвайшлі раней не надрукаваныя і да нядаўняга часу "спаленыя" творы Анатоля Ціханавіча. Максім Жалезінка падрабязна расказвае ў сваім артыкуле гісторыю гэтых твораў. Якія калісьці атрымалі цэтлік "першай няўдалай спробы", а сёння змянілі яго на "чароўны скарб".

На жаль, наклад "Берагоў майго юнацтва" склаў усяго 299 асобнікаў. На жаль, прозвішчы на вокладцы жнівеньскай "Маладосці" для большасці так і застануцца наборам літар. Але не для мяне і не для вас. Чытайце, жывіце і ведайце імёны, якія патрэбна ведаць, каб мець права называць сябе беларусам.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX