Вярнуцца: 2016

№ 09


Дадана: 27-09-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 09

Фантастычная фантастычнасць маладосці

(анонс)

Прывітанне. З вамі зноў Досця Звяздоўская, а гэта азначае дзве рэчы. Па-першае, мой мінулы анонс спадабаўся галоўнаму рэдактару і яго намесніку, і мяне вырашылі пакінуць на гэтай сваеасаблівай пасадзе. Зразумела, што радасці маёй няма межаў, як няма іх у начнога неба, у сапраўднага кахання і ў творчых здольнасцяў тых людзей, што ствараюць для мяне і для вас часопіс "Маладосць". Апошняе сцвярджэнне нагадвае ліслівасць, але толькі таму, што гэта і ёсць ліслівасць. Не тая недарэчная, з чалавечых заганаў, а добрая і шчырая.

Маладосць

Па-другое, вы чытаеце анонс на верасьнёўскі нумар самага вечнамаладога выдання Беларусі. А верасьнёўскі нумар - гэта не проста чарговы нумар. Не проста яшчэ 160 старонак эмацыйнай вясёлкавасці. Гэта фантастычная фантастычнасць у папяровым выглядзе. Калі вы раптам не зразумелі, што я маю на ўвазе, то тут вінаватыя зусім не вы. Вінаватыя думкі, якія кружляюць у маёй галаве і замест таго, каб збірацца ў сказы, збіраюцца ў розныя недарэчныя недарэчнасці. Таму я крыху пераскокваю з аднаго на другое, затым зноў на першае, а з першага ўвогуле на якое-небудзь шостае. Напэўна, мэтазгодна было б сесці, супакоіцца і пачаць, як быццам з пачатку.

Прывітанне. Я - Досця Звяздоўская. Вы чытаеце анонс на дзявяты нумар часопіса "Маладосць". Нумар тэматычны. А тэмай яго з'яўляецца фантастыка ва ўсіх абліччах і праявах (насамрэч, далёка не ва ўсіх, але часам патрэбна аддаваць перавагу не фактам, а гучанню).

Калі вы чыталі мой мінулы анонс, то ведаеце, што і як уяўляць, каб прасякнуцца маімі ўражаннямі і ператварыць іх часткова ў свае. Калі не чыталі, то прачытайце. Знайсці яго ў сеціве зусім не складана. Акрамя таго, гэта будзе прыемна і мне, і вам. Спрэчная выснова. Але калі глядзець на яе з пазіцыі ўскрыленага пазітыву, то нічога тут спрэчнага няма.

Усё ж пачну (складана стрымаць усмешку, вы таксама ўсміхайцеся). Я не вельмі люблю чытаць інтэрв'ю з пісьменнікамі. Бо ў гэтай прыемнай з'явы ёсць дужа непрыемны момант. Як вам сказаць, каб было зразумела… Улічваючы, што я не доктар навук, а звычайная дзяўчына, думаю, нічога тут не патрэбна ўскладняць, проста буду казаць, як магу, і спадзявацца, што мы з вамі размаўляем на адной мове.

Так. Інтэрв'ю. Пісьменнікі ў ім падаюцца нашмат больш жывымі, прыемнымі і блізкімі. Аж хочацца схапіць іх усе кнігі і чытаць-чытаць. Здаецца, усё добра, нават цудоўна - ды не. Спіс кнігаў для абавязковага прачытання ў мяне з'явіўся ўжо даўно, і з той пары ён толькі расце. Я ніяк не паспяваю за ім. Вось, напрыклад, пасля інтэрв'ю з Валянцінам Маслюковым "Калі закваскі няма, нічога не створыш" адразу дадала ў спіс пару яго кніг і "Чужую карону" Сяргея Булыгі (гэтую кнігу пісьменнік вельмі хваліў). Але ўлічваючы даўжыню спіса, прачытаць гэта ўсё у мяне атрымаецца не раней наступнага году. Што вельмі мяне засмучвае. Здаецца, што прасцей: бяры, Досця, і чытай зараз. Не атрымаецца. На пачатку спіса таксама цудоўныя творы, якія таксама доўга чакалі. Эх, цяжкасці-цяжкасці.

Вось згадваецца зараз Войшаль з "Мяча маладзіковага промня" Лаўрэна Юрагі. У гэтага чалавека не было такіх цяжкасцяў. Ну, зразумела, я жартую. А як інакш змагацца з непатрэбным зусім смуткам, які толькі і спрабуе раз за разам захапіць у палон. Думаю, вам гэта знаёма. А Войшаль - гэта сапраўдны ваяр. Беларускі Конан. Быццам, фэнтэзі такога тыпу не для дзяўчат, але я супраць недарэчных абмежаванняў. Чаму мне не могуць падабацца мячы, шчыты, кальчугі? Якасная літаратура - якасная для ўсіх.

Працягну. Кацярына Мядзведзева і яе два фантастычныя апавяданні. Пры гэтым адно проста фантастычнае, а другое фантастычнае двойчы. Не хачу псаваць вам асалоду ад знаёмства з гэтымі казкамі-няказкамі. Скажу толькі тое, што ўжо сказала яшчэ раз: гэта фантастычна. Вам падасца, што слова "фантастычна" з'яўляецца вельмі часта. Вам падаецца. Насамрэч, яно з'яўляецца крыху менш, чым патрабуе фантастычная фантастычнасць гэтага нумару. І значна менш, чым патрабуе мая дзявочая эмацыйная вясёлкавасць.

Шмат-шмат усяго хачу данесці вам яшчэ. Разрываюся амаль на думкі. Галава, як добры сонечны вулей. Яны там лётаюць, гудуць (думкі). Пра што яшчэ згадаць? Пра фантастычны даведнік? Гэта лаканічная сістэматызацыя (эх, падабаюцца мне мажлівасці ўставіць такія сур'ёзныя словы) фантастычных жанраў і накірункаў. А побач з гэтым артыкулам: агляд фантастычных кінапрэм'ер за апошні час. Абодва артыкулы фантастычныя. Аўтаркі імкнуцца да аб'ектыўнасці і дакладнасці, выкарыстаўваючы для гэтага проста фантастычна мінімальны аб'ём.

Спадзяюся, што і гэтага хопіць вам для таго, каб зацікавіцца. Бо я штосьці ўжо зусім разгубілася. Не ведаю, як і за што далей брацца. Усё ж складаная гэта праца - анонсы пісаць.

Толькі вось яшчэ абавязкова патрэбна згадаць адзін цуд, які я знайшла ў "Маладосці" і проста не магу не падзяліцца ім з вамі. Гэтым цудам з'яўляюцца вершы Ганны Шакель. І асабліва мне імпануе вось гэты:

Маладосць

Маладосць -
сама па сабе антонім:
мала - досыць.
Малако цёплае на
дасціпных вуснах.
Маланка перад
досвіткам ціхім.

Малітва малпінымі скокамі.
Дасягненне ў недасведчанасці.
Малінавым колерам пафарбаваная
дашчаная скрыпучая падлога…

Адчуваеце фантастычнасць? Калі так, то я сваю справу зрабіла. Калі не, то, напэўна, вам патрэбна перачытаць мой анонс яшчэ раз, дачытаць да гэтага радка і даведацца пра маленькі-вялікі сюрпрыз ад "Маладосці". Толькі ў дзявятым нумары вы сможаце ўбачыць нашых пісьменнікаў такімі, якімі ніколі не бачылі. На фантастычных старонках нашы фантастычныя пісьменнікі будуць выглядаць фантастычна. Больш ні слова. Астатняе - сюрпрыз. Дзякую за ўвагу. З вамі была Досця Звяздоўская. Поспехаў вам, усмешак і маладосці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX