Вярнуцца: 2016

№ 10


Дадана: 27-09-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 10

Восеньская восеньскасць Маладосці

З вамі зноў я, Досця Звяздоўская. І мне самотна. Не ведаю чаму. Можа восень так дзейнічае. А можа тое, што восень у горадзе, тым больш сталіцы, гэта не зусім восень. Восень у горадзе - гэта як фільм па кнізе. Быццам усё тое ж, а, насамрэч, значная частка дзесьці згубілася. Нечага не хапае: змястоўнага, сапраўднага. Ды яшчэ і "Маладосць" дадае светлага смутку. Канстанцін Касяк у сваёй калонцы "Крэскі жыцця" проста бярэ і выкладае мае думкі. Пра восень, пра вёску. "Цікава, што гэта? Спроба збегчы ад глабалізацыі ці вяртанне да каранёў? Усе ж мы так ці іначай праз бацькоў ці дзядоў выйшлі з вёскі. Ужо добра чуюцца галасы праціўнікаў вышыванак ды іншых нібыта «аджыўшых» традыцый: маўляў, не трэба нам усёй гэтай вясковай спадчыны. Гарадскія мы! Але ж ад сябе не збяжыш. Як ні спрабуй. У гэтым плане найбольш паказальныя скандынавы, якія не цураюцца свайго сялянскага паходжання. А разам з гэтым Данія, Швецыя і Нарвегія з'яўляюцца высокаразвітымі краінамі з ці не самым шчаслівым насельніцтвам на планеце".

Маладосць

Самотна. Неба шэрае. Думкі шэрыя. Гартаю старонкі "Маладосці". Вылоўліваю розныя яркія колеры. Ведаю, што там павінен быць жоўты восеньскі, які часам нават залаты. Замест яго нечакана ў "Рубінавых радках" трапляе россып зялёнага. І мне разам з аўтарам хочацца застацца ў гэтых зялёных радках. "…гэта Silly Wizard. Чароўная музыка, якая не можа існаваць у нашай рэальнасці. Толькі там, дзе высокія эльфы танчаць у зялёных некранутых лясах. Там, дзе драконы мітусяцца ў нябёсах, аддалена нагадваючы нашы самалёты. Там, дзе ты герой і ў цябе няма ніякіх падстаў сумнявацца ў сваіх учынках. Там, дзе няма сораму. У той несапраўднай рэальнасці, якая мае сапраўдную праўду".

Уключаю музыку. Гартаю далей. Пішу. Лаўлю разумную думку. Згодна з якой мая самота - толькі вынік абставінаў. Галоўная з іх - немагчымасць чытаць-пісаць пад дубам у парку. Адчуванне абмежаванасці сваёй свабоды. Трэба знайсці замену для звыклага. Бо, калі не знайду, то атрымоўваецца, гэта не звычка, а залежнасць. Імкнуся глыбей акунуцца ў "Маладосць". Інтэрв'ю "Руін саромецца не трэба" добра спрыяе маім памкненням. Тэма цікавая. З тых, што пакідаюць жаданне нахапаць пабольш усялякай літаратуры і прайсціся ўважлівым вокам па самых запыленых куточках і самых безадказных пытаннях. Не вытрымаю і падзялюся крыху з вамі. "Бо галоўная мэта якая? Захаваць помнік для заўтрашняга дня. А заўтра, ёсць надзея, ужо з'явяцца спецыялісты, якія будуць ведаць, як узнаўляць. Магчыма ж цяпер зрабіць так, каб закансерваванае выглядала рамантычнымі жывапіснымі руінамі. Рамантычнымі ад жывой даўніны, а жывапіснымі - ад таго, што тэрыторыя вакол іх прыведзена ў парадак: ачышчана ад кустоўя, аснашчана падыходамі, абсталявана кіёскамі з сувенірамі…" "Жывапісныя руіны" - такое восеньскае словазлучэнне.

Толькі-толькі самота пачала адступаць, як ёй прыйшлося паскорыць свае крокі і ўвогуле знікнуць за далягляд. Бо мае вочы ўхапілі словы "Эксклюзіў Досці. Гісторыя праз пралом у скляпенні". А Досця - гэта ж я. Гэта ж мой эксклюзіў. Мой артыкул. Мой рэпартаж з археалагічных даследванняў у вёсцы Лаўрышава. Мой-мой-мой. Вось ці прыстойна мне зараз хваліць аўтарку за стыль, за мову, за прыгажосць, за розум, за сціпласць… Напэўна, прыстойна. Бо для маёй аб'ектыўнасці не можа быць выключэнняў, нават калі гаворка ідзе пра вельмі блізкую мне асобу Досцю Звяздоўскую. Прапаную і вам "кавалачак Досці". "Сёлета археолагі працуюць адразу ў трох кропках. Першая - каля царквы, дзе мы засталі завяршальную работу: навучэнец расчышчае межы раскопу і аддзяляе дзёран ад пяску, каб скласці схему і акуратна засыпаць яго. Другі аб'ект - упершыню ў самой царкве, дакладней - у адным са скляпоў пад ёй. Як нам патлумачылі, паводле дакументаў пачатку XIX стагоддзя ў храме тры скляпы. Адзін з іх - гаспадарчы, што мае ўваход з двара, - быў вядомы заўсёды. Дзе знаходзіцца другі, які стаў аб'ектам раскопак, даследчыкам паведамілі прыхаджане яшчэ ў 2012 годзе, падчас другой экспедыцыі. Там раней размяшчалася крыпта. Склеп больш чым напалову быў засыпаны пяском. Для чаго гэта было зроблена, пакуль невядома. Па просьбе ігумена даследчыкі яго расчысцілі. Праца складаная: праз вузкі пралом у скляпенні паднімаць вёдры з грунтам".

Гляджу вакол. Усё чамусьці па-восеньску восеньскае. Залатое, яркае, светлае, казачнае. Мабыць, падрэбна выпускаць кнігу "Як прагнаць самоту". Ці не кнігу, бо адну маю параду я на кнігу не расцягну. А парада такая: дасылайце свае творы ў "Маладосць". Любая самота знікне, сыдзе, уцячэ, калі пабачыш свае радкі на белых глянцавых старонках. Тым больш, што на суседніх такія цудоўныя рэчы. Напрыклад, "Як гучыць космас". "Аднойчы Кацярыне Захарэвіч прыйшло паведамленне. А ў ім - чароўная музыка. Ці то званочкі ў ёй гучаць, ці то талеркі з барабаннай устаноўкі хтосьці пяшчотна пагладжвае, ці то так гучыць Космас. Кацярына вырашыла пагутарыць з Іванам Крываносам - аўтарам і паведамлення, і музыкі, уладальнікам дзіўнага інструмента з назвай «ханг», заснавальнікам праекта «Хангмелеон». Першае, што зрабіў Іван, - правёў лікбез".

У які раз складана пераадолець жаданне змясціць у анонс усё. Кожную старонку, кожнае слова, кожную літару. Але ж гэта толькі анонс. Патрэбна пакінуць вам сюрпрызы і нечаканасці. Таму зараз я дзялюся апошнім кавалачкам, а астатняе пабачыце самі. Гэтым апошнім кавалачкам я выбрала верш Вольгі Шыманскай.

***

Белы аркуш

Патрабуе складоў.

Не падманеш:

Назло табе

Я зрыфмую

Пачуцці з паперай.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX