Вярнуцца: 2016

№ 11


Дадана: 27-11-2016,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 11

Маладосць праз лістапад-снегапад

“Потым Касечка падрасла, рукавічкі сталі здавацца ёй дзяцінствам. Не тыя, чорныя, а любыя. Захацелася пальчаткі — як у мамы ці як у аднакласніцы Крысціны. А тыя чорныя рукавічкі проста зніклі, бо ім нічога не пасавала — ні матузок, ні Кася. Яны былі занадта прыгожыя, каб існаваць у такім недасканалым свеце, таму былі проста забытыя”.

Маладосць За вакном лістапад-снегапад-лістапад-снегапад. Я, Досця Звяздоўская, гартаю старонкі “Маладосці”, і словы на гэтых старонках цёплыя, як гарбатка. “Калі ты ў слухаўках, ты робішся цэнтрам сусвету. Астатнія ператвараюцца ў астатніх, у людзей меншай ступені важнасці, чым ты. Ёсць толькі чароўная плынь нот. Плынь, якая зацягвае з сабой і гэты горад, ператварае яго голас у непатрэбства і дазваляе выйсці на першы план колерам”. Я не ў слухаўках. Але здаецца, што штосьці падобнае ў мяне на вачах. Бо лістапад-снегапад слоў ахутвае мяне. Робіцца так цёпла. Застаецца тут і зараз і нейкая дадатковая казачная дабрыня. Казачнасць далёкіх краін. Быццам я зараз у далёкай Іспаніі. Быццам памянялася месцамі з нашай новай калумністкай Анхелай Эспінозай Руіс, пакуль яна наведвае Беларусь.

“Анхела, а можа, аднак, пачакаеш крыху перад тым, як паедзеш у Беларусь? — спалохана спытаў чарговы мой знаёмы. Слухай, я добра ведаю клімат нашай дарагой РБ, не едзь у лістападзе, не варта, — упэўнена параіла мая блізкая сяброўка. Глядзі мне... Не расчаруйся. А найлепш заставайся ў Польшчы, — віртуальна прасіў прыяцель, які сядзеў за камп’ютарам ажно ў Мінску. Чаму людзі не давалі мне спакойна планаваць сваю першую паездку ў Беларусь?”

Гляджу ў вакно. Клімат як клімат. Лістапад-снегапад-дождж. Але, калі прыглядзецца, то там можна ў глыбіні вуліцы ападкаў убачыць дзверы. Дзверы ў лета. Гэтыя дзверы — навукова-фантастычны раман — стварыў для нас Роберт Хайнлайн, адзін з трох кітоў «залатога стагоддзя» фантастыкі. Яго не трэба прадстаўляць — гэта адзін з тых людзей, пра якіх не прынята расказваць, бо пра іх усе ўсё ведаюць. А калі не ведаюць, то стрымана ківаюць і потым гугляць пад покрывам ночы. Зараз вам не трэба нічога ведаць пра біяграфію і прэміі. Вам трэба проста прачытаць «Дзверы ў лета». Зразумець Хайнлайна — гэта зразумець шалёна простыя «Дзверы ў лета»”.

Дзверы ў лета. А зусім побач апавяданне Настассі Нарэйкі “Проста падае снег”.

“На лесвіцы было зімна.

Яна стаяла нерухома, нібы не адчувала босымі нагамі холаду, не заўважала, што вязаная хустка адным канцом дакранаецца да падлогі. Унізе цяжка грукаталі крокі ды з металічным звонам саскокваў з прыступкі на прыступку чамадан на колцах.

Пікнулі дамафонныя дзверы — і ўсе гукі зніклі. Аглушаная цішай, яна нібыта ажыла, пабегла ўніз да акна. «Нашто? Нашто ты робіш гэта?» Яна бачыла, як ён аддаляецца, і снег (адкуль толькі ўзяўся?) хавае сляды ды яшчэ дзве паралельныя лініі за колцамі чамадана.

Хустка саслізнула на падлогу. Яна прысела лёгка, як балерына, падняла пульхны белы ком і павольна пайшла наверх. Зачыніла дзверы кватэры. Паклала ключы на паліцу пад люстэркам і толькі тады адчула слабасць у нагах. Трэба было нешта рабіць з ёю...”

На старонках лістападавай “Маладосці”, як і на двары, лістапад-снегапад-лістапад-снегапад-дождж. Проза, паэзія, нават п’еса пра Францыска Скарыну. Усё разам ператварае часопіс у калейдаскоп жыцця. Месцамі фантастычнага, месцамі рамантычнага, месцамі іранічнага, а месцамі настолькі нечаканага як у артыкуле пра кунг-фу панду.

“У першыя стагоддзі хрысціянства святыя айцы пастаянна прыводзілі розныя аналогіі з антычнай філасофіі, якая тады была вельмі па-пулярнай. Вось і я вырашыў узяць для ўзору тое, што вельмі папулярна сярод дзяцей, — мульцікі. Чаму «Кунг-фу панда»? Проста гэты мульцік вельмі падабаецца не толькі маёй пяцігадовай дачцэ, але і мне самому. Пасля таго як мы паглядзелі трэцюю частку ў кінатэатры, з’явілася жаданне напісаць аб тым, як гэты мультфільм можна выкарыстоўваць у якасці нагляднага дапаможніка, напрыклад, у нядзельнай школе”. Апошнія старонкі прачытаны. А лісточкі-сняжынкі-дажджынкі ўсё падаюць. Гэта не добра і не дрэнна. Гэта проста ёсць. Як дзень і ноч. Як вясна і восень. Як мора, якое ўпершыню.

“Калі запытаюся раптам, чым пахне мора,

Скажы, калі ласка, што пахне яно язмінам.

Пра солі прагоркласць, заіленасць зыркіх зорак

Ты мне не кажы — не рабі надвячорак зімным.

Бо я нарадзілася кветкай з душою сонца,

Бо з кветкавым морам з’яднанае маё сэрца,

Бо песня язміну натканая на красёнцах,

Каб мёдам — не лёдам—

напоўніць тваё вядзерца.

Каб ты зразумеў аднойчы: мора —не мара,

Каб я зразумела, што слёзы — не ёсць крыніца,

Каб мы прастаялі вечнасць тварам да твару,

А морам між намі усё не маглі наталіцца...”

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX