Вярнуцца: 2017

№ 03


Дадана: 05-04-2017,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




“Маладосць” № 03

Маладосць вясной ці вясна ў Маладосці

Першыя цёплыя дні прынеслі радасць, задавальненне і сакавіцкі нумар нашага часопіса. Такі яркі. Такі насычаны. Вачэй ад вокладкі не адвесці. А што казаць пра змест. А што казаць пра змест? Змест як звычайна: калонкі, паэзія, проза, пераклады, крытыка, публіцыстыка, “Варштат”, “З Богам”. Зараз скарыстаюся тым, што за вакном ізноў чамусьці паказваюць дождж, і кораценька вам раскажу ўсё пра ўсё. Калі не ўсё, то галоўнае і асноўнае.

Маладосць

“Кацярынка вельмі любіць вялікія прыгожыя кубкі. Купляе іх нячаста, інакш якая гэта радасць, калі атрымаць можна ў любы час?” А мы (я) любім, калі ўсё лагічна. Першы вясновы нумар павінен і пачынацца па-вясноваму. Сонечна. З праменьчыкамі. Тэкст пра кубачак з калонкі “На адлегласці часу” лагічна робіцца часткай маёй (нашай/вашай) вясны.

Цікава высвятліць, што цікава нашым чытачам. Бо яны неяк звычайна маўклівыя. А ў нас суполка, напрыклад, у “Вконтакте” дзейнічае. Актыўна дзейнічае. Задайце там свае пытанні, атрымайце свае адказы. Дзяліціся ўражаннямі. Між іншым, гэта не лірычнае адступленне. Гэта проста наша калумністка з “Прысутнага позірку” піша: “Дужа цікава было б ведаць, які адсотак чытачоў часопіса “Маладосць” цікавіцца квантавай фізікай”. І мне таксама цікава. І яшчэ шмат чаго цікава. То пішыце, крычыце, пытайце, кажыце, нашы чытачы.

Кажуць яшчэ, што дзяцінства-юнацтва – гэта вясна жыцця. У такім разе вясна павінна быць з цацкамі і лялькамі. Гляджу на старонкі: так і ёсць. З цацкамі і з лялькамі. І з інтэрв’ю з цацачнікам Віктарам Дудкевічам. Між іншым інтэрв’ю праводзіла тая самая Кацярынка, якая вельмі любіць прыгожыя кубкі. Ці не тая самая… Не разбярэш на адлегласці часу.

Нечакана ў “Маладосці” ўсплыла даўно ўжо затанулая рубрыка “Неўтаймаваны Вісарыён”. Рубрыка нефарматнай крытыкі. Такіх позіркаў/поглядаў на кнігі, з такіх ракурсаў/кутоў, што нават аўтар, якога разглядаюць, схопіцца за галаву і скажа “дзякуй”. У сакавіцкім нумары ў гэтай рубрыцы спрабуем расказаць нашаму чытачу пра “Дзіцячы маніфест” Кірыла Стаселькі.

Ну, і пра прозу некалькі словаў. А лепш некалькі словаў з прозы, з апавядання Вадзіма Крука “Край бусліных дынастый”.

“Сваіх буслоў тут няма. Ні ў мяне, ні ў каго. Яны нам не належаць. Яны – суседзі, сябры, а не прыватная ўласнасць. А што да мяне, то я сваіх дзюбатых таварышаў страціў. Пасля таго, як нам набудавалі пяток хрушчовак, мясцовыя пачалі кідаць свае хаты і пераязджаць у кватэры. А там, дзе хата пустая, буслы не вядуцца. Нават, калі пад лецішча яе прыстасуеш. Таму калі бачыш чалавека з буслом, ведай: жыве ён не ў кватэры, а там, дзе бацькі ці дзяды ягоныя жылі”.

Вясна. Гартаю старонкі. Парк. Зноўку парк. Дуб. Памятаеце? Як некалі ў жніўні. Сонца вяртаецца на неба, мы вяртаемся да сонца. Завяршу радкамі з верша дэбютанткі нашых маладосцеўскіх паэтычных старонак Марыі Бадзей:

“А я сядзеў і ўслухоўваўся

ў душы невядомых паэтаў,

галасы дрэў,

цішу”.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX