Вярнуцца: 2005

№ 6 (692)


Крыніца: pawet.net.



№ 6 (692) 9 ЛЮТАГА 2005 г.


ІВАНУ НАВУМЕНКУ - 80

16 лютага спаўняецца 80 гадоў з дня народзінаў Івана Навуменкі, беларус-кага пісьменніка і літаратуразнаўца, акадэміка НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, старшыні Вярхоўнага Савета БССР з 1985 па 1990 год. Іван Навуменка вёў сесію Вярхоўнага Савета БССР 26 студзеня 1990-га года, калі прымаўся "Закон аб мовах у БССР".

Іван Якаўлевіч Навуменка нарадзіўся ў в. Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скон-чыў БДУ, працаваў у газе-тах, на кафедры беларускай літаратуры БДУ, дырэктарам інстытута літаратуры АН БССР, віца-прэзідэнтам АН БССР.

Выдаў зборнікі апавяданняў "Хлопцы-равеснікі", "Таполі юнацтва", шэраг аповесцяў, раманы "Сасна пры дарозе", "Вецер у соснах", "Сорак трэці".

У 70-я гады напісаў аповесці "Інтарнат на Нямізе", "Замяць жаўталісця" і інш., раманы "Смутак белых начэй", "Летуценнік, п'есу "Птушкі між маланак". Аўтар шэрагу літаратуразнаўчых манаграфій.

Іван Навуменка на сёння адзін з апошніх стаўпоў класічнай беларускай савецкай літаратуры.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" зычаць Івану Якаўлевічу здароўя і светлай радасці за пражытае і зроб-ленае для Беларусі.

(Пра жыццё і творчасць І. Навуменкі гл. на ст. 3.)


Бронзавая мадэль помніка Вялікаму князю Гедзіміну дастаўлена ў Ліду

Прайшло крыху больш сямі месяцаў ад 24 чэрвеня 2004 года, калі ў Лідзе на круглым стале з удзелам прадстаўнікоў улады і грамадскасці былі акрэслены стратэгічныя контуры сумесных дзеянняў па захаванні, адраджэнні і прапагандзе нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны горада і раёна.

Адным з пунктаў гэтых дзеянняў быў абазначаны комплекс мерапрыемстваў па ўстаноўцы ў горадзе Лідзе коннага помніка Вялікаму князю Гедзіміну, заснавальніку горада і заснавальніку магутнай дынастыі Гедзімінавічаў, якая яднала і яднае ўсе манархічныя дынастыі Еўропы і дваранскія роды Расіі.

20 лістапада ў Ліду прывозілі мадэль помніка ў мяккім матэрыяле і вось 3 лютага кіраўніцтву Лідскаа раёна была прадстаўлена бронзавая мадэль помніка работы менскага скульпта-ра Аляксандра Лушчыка

У бліжэйшы час мадэль, а таксама карціна Л. Шчамялёва "Гедзімін каля Лідскага замка" будуць выстаўлены для азнаямлення грамадзян горада.

(Матэрыял пра праблемы ўстаноўкі коннага помніка ў Беларусі чытайце на ст. 6.)


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"!

Трусаву А. А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У сувязі з Вашым зваротам упраўленне агульнай сярэдняй адукацыі паведамляе наступнае.

Забеспячэнне агульнаадукацыйных навучальных устаноў вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання (у тым ліку і камплектамі партрэтаў беларускіх пісьменнікаў) ажыццяўляецца Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам "Беларускае гандлёвае аб'яднанне "Глобус". Міністэрства адукацыі на падставе заявак упраўленняў (аддзелаў) адукацыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. У адпаведнасці з атрыманымі заяўкамі прадпрыемства ва ўстаноўленым парадку ўключае ў план заказ на выданне неабходнай прадукцыі, у тым ліку і наглядных дапаможнікаў.

Міністэрства адукацыі даручыла Рэспубліканскаму ўнітарнаму прадпрыемству "Беларускае гандлёвае аб'яднанне "Глобус" дадаткова вывучыць патрэбы ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, у камплектах партрэтаў беларускіх пісьменнікаў і з улікам атрыманых заявак вырашыць пытанне аб іх падрыхтоўцы і дастаўцы ў агульнаадукацыйныя ўстановы Рэспублікі Беларусь.

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі - У. К. Шчэрба.


"ТАМ ЛЯ СІВЫХ МУРОЎ... "

Міжнародны дзіцячы літаратурна-мастацкі конкурс


прысвячаецца беларускім дзеячам і арганізацыям Вільні канца ХІХ - пачатку ХХ ст. і 300- годдзю Францішкі Уршулі Радзівіл

Міжнароднае грамдскае аб'яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" абвяшчае міжнародны дзіцячы конкурс сярод школькіаў 12 - 14 гадовага ўзросту.


ТЭМЫ КОНКУРСУ:

1. Вільня ў духоным жыцці беларусаў.

· Пра значныя падзеі беларускай гісторыі і культуры, звязаныя з Вільняй.

· Пра ролю беларускіх палітычных і культурніцкіх арганізацый (устаноў ) Вільні ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці;

· Пра выбітных беларускіх дзеячоў, лёс якіх быў звязаны з Вільняй.

2. Магнацкія роды Беларусі.

· Пра ролю магнацкіх родаў Беларусі ў гісторыі і культуры Бацькаўшчыны (мецэнацтва, помнікі архітактуры, асвета, тэатры, музеі і г.д.).

· Пра цікавыя (адметныя) эпізоды жыцця і дзейнасці асобаў магнацкіх родаў Беларусі.

Конкурс будзе адбывацца па дзвюх намінацыях: мастацкія працы (малюнкі) і літаратурныя творы.

Усе працы павінны мець наступныя звесткі:

Прозвішча, імя ўдзельніка, узрост, поўная дата нараджэння, зваротны адрас з індэксам, па магчымасці, кантактныя тэлефоны.

Прымаюцца малюнкі памерам А3 (420 х 295) і А2 (420 х 590), а таксама літаратурныя творы (апавяданні, вершы, сачыненні, нарысы і інш.) аб'ёмам да 10 друкаваных старонак.

Працы на конкурс прымаюцца да 20 красавіка.

Адрас для дасылкі:

МГА "ЗБС" "Бацькаўшчына". Вул. Рэвалюцыйная, 15, Мінск, 220030.

Пераможцы будуць узнагароджаныя.


ЛЕТАПІС ТАВАРЫСТВА

Падрыхтавала Ірына Марачкіна

2002 год.

ТБМ выпусціла аўдыёкасету беларускіх песень з мэтай падарыць яе начальнікам цягнікоў Беларускай чыгункі (Сяргей Кручкоў, Уладзімір Бярбераў). Акцыя пачалася ў верасні.

11 верасня.

ТБМ падтрымала грамадскую ініцыятыву "Ушанаванне памяці ахвяраў тэракту 11 верасня 2001 г. у Амерыцы". Сябрамі Таварыства створана адмысловая рукатворная Кніга памяці, якая перададзена Чырвонаму касцёлу, дзе людзі пакідаюць свае запісы і спачуванні. Змешчаны публікацыі ў "Новым Часе" і "Нашым слове".

1 кастрычніка.

Сакратарыят Таварыства звярнуўся да грамадзян краіны з заклікам прыняць удзел у месячніку "Спяваем пабеларуску" з мэтай прапаганды беларускай песні.

4 кастрычніка.

Таварыства атрымала лістзапыт ад Міністэрства юстыцыі, якое запатрабавала даць інфармацыю з нагоды правядзення месячніка "Размаўляем пабеларуску" і публікацыі "Крыж усталяваны на месцы бою" ў штотыднёвіку "Биржаинформация" № 241.

17 кастрычніка.

Сакратарыят ТБМ звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, да творчых саюзаў краіны, шырокай грамадскасці з прапановай падтрымаць ініцыятыву Таварыства беларускай культуры ў Літве аб адраджэнні Беларускага музея ў Вільні.

31 кастрычніка.

На сакратарыяце прыняты зварот "Беларускую газету - у кожную сям'ю", у якім прапануецца з новага 2003 года падпісацца на беларускамоўныя газеты і часопісы. З ініцыятывы Сяргея Кручкова ў Доме прэсы па праблеме праведзена нарада рэдактараў газет. У метро, а таксама на радыё змешчана рэклама на падпіску "Новага Часу".

1 лістапада.

ТБМ праводзіць месячнік "Танчым пабеларуску" ў форме беларускамоўных дыскатэк для школьнай моладзі.

10 лістапада.

Баранавіцкая рада ТБМ наладзіла святочную імпрэзу, прысвечаную 120годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа.

17 лістапада.

Кіраўнік спраў ТБМ Сяргей Кручкоў на сакратарыяце інфармаваў пра тое, што начальнікі цягнікоў атрымалі загад зверху не браць нашых музычных дарункаў (аўдыёкасеты).

Лістапад.

Мазырская гарадская рада ТБМ выдала кішэнны каляндарык на 2003 г. з нагоды 425годдзя з часу атрымання Мазыром магдэбургскага права.

Менская гарадская арганізацыя на шматлікія запыты да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі атрымала ліст, у якім апошняе абяцае ўвесці перадачы на беларускай мове.

12 снежня.

Сакратарыят прыняў рашэнне абскардзіць пісьмовыя папярэджанні Міністэрства юстыцыі ў Вярхоўным Судзе.

Напярэдадні зімовых святаў: Калядаў, Нараджэння Хрыстова, Новага года сакратарыят звярнуўся да грамадзян Беларусі з заклікам "Святкуем пабеларуску". Заклік з прапановамі разасланы ў СМІ.

Снежань.

100годдзе Максіма Гарэцкага ТБМ адзначыла выданнем кішэннага каляндарыка на 2003 год з выявай пісьменніка.

ТБМ пры падтрымцы еўрапейскай супольнасці выступіла з ініцыятывай заснавання незалежнага спадарожнікавага тэлеканала.

На Рэспубліканскай радзе ТБМ у рэчышчы выканання Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў 21 стагоддзі разглядалася пытанне стварэння кампутарных праграм, якія б забяспечылі выкарыстанне беларускай мовы ў інфармацыйных тэхналогіях.

Створана камісія па інфарматызацыі, якая вызначыла першачарговыя задачы па ўкараненні беларускай мовы ў кампутарную сферу.

Гарадзенская абласная рада ТБМ у 2002 г. выдала Беларускі спеўнік, які пры садзеянні Лідскай гарадской арганізацыі быў перавыдадзены ў 2003 г. (96 старонак, 73 беларускія песні).

2003 год.

Баранавіцкая гарадская арганізацыя ТБМ выдала песенны зборнік "Люблю наш край".

21 студзеня.

ТБМ атрымала ад Мінюста чарговае пісьмовае папярэджанне з прычыны таго, што Лідская гарадская арганізацыя ТБМ карыстаецца старой пячаткай, якая не адпавядае статутнай.


Дысертацыя па-беларуску:

не такі страшны чорт, як яго малююць

27 снежня 2002 года ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылася абарона дысертацыйнай працы малодшага навуковага супрацоўніка ЦНДЛ Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта Аксаны Бараноўскай на тэму: "Уздзеянне рэнтгенаўскага апраменьвання на структуры скуры эктадэрмальнага паходжання і іх радыёпратэкцыя пантэнолам". Праз некалькі месяцаў Вышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі прызнала гэтую працу вартай прысуджэння ступені кандыдата біялагічных навук. У дадзеным факце не было б нічога дзіўнага, калі б не адна абставіна: дысертацыя была аформлена і абаранялася на… беларускай мове. Гэты факт варты ўвагі ўжо з той нагоды, што зараз родная мова амаль поўнасцю выціснута з беларускіх навуковых выданняў, якія паведамляюць аб дасягненнях дакладных і прыродазнаўчых навук (нават, з часопіса "Весці АН РБ", які ў савецкія часы выдаваўся толькі пабеларуску), а беларускамоўных дысертацый у многіх універсітэтах і даследчых інстытутах Вучоныя рады не бачылі шмат дзесяцігоддзяў.

Аб сваіх уражаннях і меркаваннях, набытых пад час працы над дысертацыяй і яе абароны, распавядае Аксана Бараноўская.

Я паходжу з сям'і карэнных беларусаў, са Свіслачы - з родных мясцінаў славутага сына беларускага народу Кастуся Каліноўскага. Але выхаванне, як хатняе, так і школьнае, на жаль, не далі мне разумення таго, як важна для кожнага чалавека адчуваць сваю прыналежнасць да роднага народу, яго гісторыі, культуры, мовы, і што менавіта праз гэтае пачуццё набываюць глыбінны сэнс усе людскія справы. Таму я вельмі ўдзячная лёсу, што падчас аспірантуры маім навуковым кіраўніком стаў доктар медыцынскіх навук, прафесар Гарадзенскага медуніверсітэта Алесь Аляксандравіч Астроўскі. Сапраўдны настаўнік, ён вучыў мяне шмат якім мудрасцям даследчыцкай працы і аказваў вялікую дапамогу на усіх этапах работы над дысертацыяй. Акрамя таго, гэта менавіта Алесь Аляксандравіч стаў ініцыятарам афармлення навуковых артыкулаў і самой дысертацыі на беларускай мове (дарэчы, сам спадар прафесар з 1995 году выкладае студэнтам і стварае метадычныя матэрыялы толькі пабеларуску)… Так паралельна з эксперыментальнай працай пачалося маё "духоўнае Адраджэнне". І гэтаму садзейнічала не толькі вывучэнне беларускай мовы, але і сталае кантактаванне з прыхільным да беларускасці грамадскім асяроддзем. Я заўсёды цаніла людзей шчырых, сумленных і простых, і першапачаткова менавіта гэта прыцягвала мяне ў беларускую супольнасць і аб'ядноўвала з ёй.

Пад час працы над дысертацыяй паступова павялічвала ступень асваення беларускай мовы. Першыя тэзісы і першы артыкул пабеларуску пісала, карыстаючыся слоўнікам (дарэчы, чацвёртае 3томнае выданне рускабеларускага слоўніка пад рэдакцыяй Я. Коласа, К. Крапівы і П. Глебкі падалося мне вельмі зрусіфікаваным). Працуючы над артыкуламі, зразумела, як моцна адрозніваюцца беларуская і руская мовы! Перакладаць з рускай мовы літаральна, слова ў слова, часта немагчыма. Трэба думаць і пісаць адразу пабеларуску, а для гэтага неабходна шмат чытаць беларускіх мастацкіх твораў, слухаць беларускую гаворку і спрабаваць размаўляць самой. Спачатку мне, пераважна рускамоўнай, было складана рабіць пабеларуску даклады на навуковых канферэнцыях. Цяжкасці былі не толькі моўнага плану, а і псіхалагічныя... Але заўсёды было цікава, як рэагавала аўдыторыя, якой раптам даводзілася слухаць беларускамоўнае навуковае паведамленне. Звычайна з першымі ж маімі словамі шум у зале сціхаў, і выслухоўвалі мяне са значна большай увагай, чым рускамоўных дакладоўцаў. Шкада толькі, што на ўсіх навуковых форумах, у якіх мне давялося ўдзельнічаць (а іх было каля дзесяці), толькі я адна карысталася беларускай мовай для паведамлення.

Запомніўся яшчэ адзін выпадак. Калі на канферэнцыі студэнтаў і маладых вучоных у Віцебску старшыня навуковай секцыі аб'явіў пабеларуску назву маёй працы, зала, запоўненая пераважна студэнтамімедыкамі, адрэагавала гулам незадавальнення. Мне прыйшлося спытаць у прысутных: "Калі ў беларускай краіне выклікае незадавальненне карыстанне беларускай мовай, то хто ж мы такія?"… Слухалі мой даклад вельмі ўважліва, а пасля адзін з выкладчыкаў, ухваліўшы беларускамоўнасць майго паведамлення, усё ж такі адзначыў, што руская мова больш прыдатная для афармлення навуковых працаў, хаця б з той прычыны, што мала хто добра ведае беларускую мову, а руская з'яўляецца зразумелай для ўсіх навукоўцаў былога Саюза. Тады я мела мала досведу і не здолела адказаць на гэтую заўвагу. Але далейшая мая практыка паказала, што ўсе перашкоды для выкарыстання беларускай мовы ў навуцы з'яўляюцца надуманымі, штучна створанымі. Папершае, беларуская мова вельмі багатая і разнастайная, што дазваляе даступна і прыгожа афармляць навуковую думку. Адзначу, што беларускамоўныя даклады на розных навуковых форумах у розных гарадах Беларусі ніколі не заставаліся без увагі калегаў і заўсёды суправаджаліся сутнасным абмеркаваннем. Беларуская мова не стварыла цяжкасцяў у разуменні выкладзенага зместу і для навукоўца з Масквы, які займаўся блізкай навуковай праблемай. Падругое, калі ўжо імкнуцца да максімальна шырокай дасягальнасці навуковай інфармацыі, то лепш выкарыстоўваць для афармлення ангельскую мову, веданне якой, дарэчы, нашмат больш неабходна навукоўцу, чым валоданне рускай. Адсюль раблю выснову, што нежаданне ўспрымаць беларускую мову ў якасці паўнавартаснай прылады для выказвання навуковай думкі, хутчэй за ўсё абумоўлена закаранелым страхам некаторых прадстаўнікоў навуковай інтылігенцыі перад зрусіфікаванай бюракратычнай сістэмай, лянотным жаданнем мець паменш праблем...

Некаторыя з маіх знаёмых і блізкіх перасцерагалі, што могуць узнікнуць сур'ёзныя праблемы з абаронай дысертацыі, аформленай пабеларуску. Думаю, што і ў іх спрацоўвала гэтае ўнутранае пачуццё боязі перашкодаў, замешанае на страху перад начальнікамі, ляноце і прыніжанай чалавечай годнасці. Раней гэтае пачуццё часта варушылася і ў маёй душы. Мяркую, што яно характэрнае для шмат каго з беларусаў, вынікам чаго з'яўляецца славутая "беларуская памяркоўнасць", якая часта перашкаджае атрымліваць ад жыцця тое, што па праву належыць нам.

На самай справе "чорт аказаўся не такім страшным". Пад час абароны дысертацыі мне давялося супрацоўнічаць з навукоўцамі Гомельскага медінстытута, Гарадзенскага і Беларускага медуніверсітэтаў і інш. І дзе б я ні прадстаўляла сваю працу, усюды яе ацэньвалі выключна з пункту гледжання навуковай вартасці. Наяўныя доказы гэтага - паспяховая абарона і зацверджанне дысертацыі ВАКам. І гэта не толькі мой поспех.

Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз выказаць вялікую падзяку навуковаму кіраўніку д.м.н., прафесару Алесю Астроўскаму, навуковаму кансультанту чл.кар. НАН РБ, д.б.н., прафесару Андрэю Георгіевічу Майсяёнку, д.м.н., прафесару Аляксандру Аляксандравічу Арцішэўскаму, д.б.н. Ружы Іосіфаўне Ганчаровай, к.б.н. Веры Алегаўне Шатровай за аказаную дапамогу ў працы над дысертацыяй і пры яе абароне.

Цяпер мне відавочна, што не толькі магчыма пісаць навуковыя працы пабеларуску, але неабходна пісаць навуковыя працы пабеларуску. Трэба, каб усе навокал ізноў прывыклі да беларускамоўных артыкулаў у навуковых выданнях. Трэба, каб усе ўбачылі, што наша мова з'яўляецца не толькі развітай літаратурнай, але і паўнавартаснай навуковай моваю!

На заключэнне. Цяпер, калі завершана праца над дысертацыяй і пройдзена працэдура абароны, я ведаю, што галоўным вынікам гэтага з'яўляецца зусім не атрыманая мной ступень кандыдата навук. Галоўным было тое, што я мела магчымасць пазнаёміцца з беларускім асяроддзем, узведала шмат шчырых, сапраўдных людзей, неабыякавых да лёсу сваёй Радзімы. Усё гэта напоўніла маё існаванне тым адзіна істотным жыццёвым сэнсам, які можна набыць, толькі калі адчуеш сябе звяном непарыўнага ланцуга, што цягнецца з мінулага, ад каранёў у будучыню, да новага лепшага Свету.

Аксана Бараноўская, г. Гародня.


МУЗЫКА ДЗЯЦІНСТВА Ў ПРОЗЕ ІВАНА НАВУМЕНКІ

Айчыннай вайны Іван Навуменка прыйшоў у літаратуру як творца, што праўдзіва і ўсебакова паказаў у сваіх апавяданнях мужнасць і гераізм (адначасова і трагізм) пакалення, да якога належыць сам. Тэма мінулай вайны знайшла свой працяг і ў раманах. Разам з тым Іван Навуменка пільна прыглядаецца да дня сённяшняга, даючы падзеям прынцыповую і памастацку дасканалую ацэнку. Важкія набыткі Івана Якаўлевіча і як выдатнага крытыка, літаратуразнаўцы, даследчыка беларускай літаратуры. І ўвогуле ён з тых, кім ганарыцца нацыянальнае прыгожае пісьменства.

Пачатак творчасці Івана Якаўлевіча Навуменкі прыпадае на 50я гг. «Амаль кожны празаік гэтага часу прыйшоў са сваёй тэмай, тым, што яму балела і не давала спакою, пра што ён не можа маўчаць». Жыццёвы і творчы шлях Івана Навуменкі тыповы для яго пакалення. Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 г. у мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне.

Паэзіяй дыхала, да паэзіі вабіла прырода Васілевіч. «Сухі грудок ля чыгуначнага пераезда з велічнай, разложыстай сасной, векавечнай сасной» быў адзін з запаветных мясцін для Івана Навуменкі і яго сяброўравеснікаў. Вобраз сасны на ўсё жыццё застанецца ў памяці пісьменніка. І не выпадкова два раманы атрымаюць назву «Сасна пры дарозе» і «Вецер у соснах».

Бацька пісьменніка, Якаў Піліпавіч, усё жыццё працаваў на чыгунцы. Маці, Марыя Пятроўна, ураджэнка в Бабічы, што за дванаццаць кіламетраў ад Васілевіч.

З дзяцінства будучы пісьменнік далучыўся да багацця вуснай народнай творчасці. Пасвойму таленавітымі апавядальнікамі ў сям'і Навуменкаў па бацькоўскай лініі былі дзед Піліп і баба Ёўга. У шматлікіх навелах, апавяданнях, аповесцях і раманах Івана Навуменкі ім адведзена шмат месца, як і дзіцячым, школьным захапленням яго і яго сяброўравеснікаў. З усяго, што запала ў дзіцячую душу, найбольш запомніліся птушкі і кнігі. Птушак прыносіў дамоў, бо хацеў пачуць іх спеў, а потым выпускаў на волю. Цягу да выключнага, незвычайнага падтрымлівалі творы Івана Тургенева, Льва Талстога, Жуля Верна, Майна Рыда, Аляксандра Дзюма. Захапляўся творамі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. І як творца наследаваў іх класічныя традыцыі. Наследаванне коласаўскіх і фальклорных традыцый носіць у Навуменкіпразаіка ўнутраны характар, праяўляючыся ў прынцыпе адбору жыццёвага матэрыялу, стварэння характару, у авалоданні роднай мовай, якая пад пяром пісьменніка становіцца жывой, простай і памастацку выразнай.

Творчае авалоданне класічным досведам беларускай і сусветнай літаратур і фальклору садзейнічала выпрацоўцы ўласнага мастацкага голасу. Сціслая моўная рытміка пісьма ў яго творах арганічна суіснуе з вобразнасцю слова, эмацыянальнасцю, з гумарам як адной з асаблівасцяў навуменкаўскага светаўспрымання жыцця, з клопатам пра духоўны свет чалавека і яго сутнасць.

На вучобу глядзеў як на вялікую, адказную справу. За адзін год закончыў два класы - восьмы і дзевяты. Спрабаваў пісаць вельмі рана: «Памятаю, першы верш - ну, вядома, нават не вучнёўскі, а нешта такое дзіцячае - напісаў яшчэ ў другім класе». У гады вайны Іван Навуменка быў сувязным падпольнай камсамольскамаладзёжнай арганізацыі «За Радзіму», байцом партызанскай брыгады, прымаў удзел у баях пад Ленінградам, на Усходняй Прусіі і Сілезіі. Пасля вызвалення Беларусі шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты і рэспубліканскай газеты «Звязда». У снежні 1945 г. ён паступае ў Белдзяржуніверсітэт імя У.І. Леніна на завочнае аддзяленне.

Вучыцца ў той час было цяжка. «Не хапала кніг, падручнікаў, праграм. Ды шмат чаго не хапала!.. Была вострай і праблема харчавання». Гэты перыяд у жыцці пісьменніка ў далейшым знойдзе яркае ўвасабленне ў яго апавяданнях. Здзіўляюць у іх не толькі валоданне мастацкім словам, але і той унутраны нерв, які звязаны з перажытым, асабіста зазнаным, дакументальная праўдзівасць у адлюстраванні асобных дэталяў тагачаснага побыту, валоданне тонкім псіхалагізмам у абмалёўцы характараў герояў, раскрыцці вобразаў дзяцей.

Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта (1950) і аспірантуры пры ім (1954) Іван Навуменка працаваў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць». Выкладаў беларускую літаратуру і загадваў кафедрай беларускай літаратуры ў БДУ (1958-1973). У 1973-1982 гг. - дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, у 1982-1991 гг. - віцэпрэзідэнт АН Беларусі. З 1992 дарадца пры прэзідыюме АН Беларусі. Дэпутат і старшыня Вярхоўнага Савета БССР у 1985-1990. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1967, за зб. «Таполі юнацтва»), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Коласа (1972, за літаратуразнаўчыя даследаванні «Янка Купала. Духоўны воблік героя», «Якуб Колас. Духоўны воблік героя»). Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.У 1995 г. яму прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.

Першыя апавяданні І.Навуменкі былі змешчаны ў часопісе «Маладосць» (1955). У 1957 выйшаў першы зборнік павяданняў «Семнаццатай вясной», які адразу быў заўважаны і ацэнены тагачаснай крытыкай. У 1958 - зборнік апавяданняў «Хлопцыравеснікі», у 1959 - аповесць для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі», у 1960 - зборнік аввяданняў «Верасы на выжарынах», у 1966 - «Таполі юнацтва», у 1968 - «Вераніка», у 2002-зборнік аповесцей і апавяданняў «Гуканне над верасамі» і інш.

У апавяданнях аўтар закранае многія маральнаэтычныя праблемы таго часу, сцвярджае ідэю чалавечнасці. У першым зборніку апавяданняў адлюстраваны духоўны свет і лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы вылучаюцца вернасцю праўдзе жыцця, мяккім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў.

Дакладнае веданне вясковага побыту, здольнасць намаляваць карціну жыцця такой, якой яна ўспрымалася ў дзяцінстве (праз нейкія дробныя праявы, гульні, вучобу), спасцігнуць вялікі і глыбокі сэнс жывога беларусага слова , паглыблены паказ псіхалагічных, духоўных перажыванняў, глыбокі псіхалагічны аналіз - такія неад'емныя якасці выразна праяўляюцца ў аповесцях для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» і «Дзяцінства», кнізе для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту «Год карася».

Проза Івана Навуменкі вызначаецца адметна рытмікай пісьма, філасофскай думкай высокага прызначэння чалавека на зямлі. Пісьменнік валодае мастацкім уменнем ствараць вобразы літаратурных герояў, якія вылучаюцца цэласнасцю характару ў непарыўнай сувязі з абставінамі, якімі нярэдка з*яўляюцца родныя мясціны, людзі, добра вядомыя, перажытае ім у дзяцінстве і юнацтве.

У адным з інтэрвію Іван Навуменка сказаў: «Маё пакаленне, народжанае ў сярэдзіне 20х гадоў вылучаецца цэласнасцю характару. Мне яно асабліва падабаецца сваёй рамантыкай, марай аб подзвігу». З гэтай крыніцы памяці нарадзілася трылогія «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці».

Не прыдуманы сюжэт і рамана «Смутак белых начэй». Сам пісьменнік пра гэта гаворыць так: «Я не ўмею прыдумваць сюжэтаў. Яны неяк самі нараджаюцца. Гэта быў мой першы фронт-Ленінградскі... Разумееце, гэта наш жыццёвы, творчы, пісьменніцкі, які хочаце абавязак, - напісаць пра лёс гэтага пакалення. Стварыць рэквіем, аддаць даніну яго светлай памяці». Іван Шамякін, прачытаўшы навуменкаўскі раман, сказаў:» Мільёны леглі ў трагічным сорак чацвёртым... У «Смутку...» ... ніякай «сачынёнасці»... я чытаў і халадзеў ад «прастаты», штодзённасці смярцей маладых хлопцаў, якім бы жыць ды жыць...».

Потым з'явіўся раман Івана Навуменкі «Летуценнік», у якім, як і ў папярэднім, удала спалучаюцца падзеі мінулай вайны з сучаснасцю.

Мастацкі твор выклікае ўвагу грамадскасці, калі пісьменнік ставіць у ім значныя сацыяльныя і маральнаэтычныя праблемы. Аднак наяўнасць толькі гэтай умовы яшчэ недастаткова, каб твор стаў літаратурнай з'явай. Патрабуюцца арыгінальная эстэтычная форма, знаходкі на шляху стварэння тыповых мастацкіх характараў і абставін.

Новы раман Івана Навуменкі «Асеннія мелодыі» шмат у чым якраз і пазначаны мастацкімі пошукамі ў названым кірунку. У ім, як і ў папярэдніх яго раманах, пісьменніка цікавіць чалавек ва ўсёй яго складанасці грамадскіх адносін і абставін. У рамане «Асеннія мелодыі» і ў новай аповесці «Вір» Іван Навуменка расказвае пра жыццё і працу творчай інтэлігенцыі, ставіць мноства пытанняў: маральнаэтычных, ідэалагічных і проста чалавечых. У кнізе «Гуканне над верасамі» з уласцівым для пісьменніка лірызмам, тонкім філасофскім роздумам аўтар дапамагае героям знайсці адказы на жыццёва важныя пытанні.

Іван Навуменка максімальна пашырае абсягі дасягальнай для сябе літаратурнай прасторы, выступаючы з літаратурнакрытычнымі манаграфіямі пра класікаў нашай літаратуры Я. Купалу, Я. Коласа, В. ДунінаМарцінкевіча, М. Багдановіча. Напісаў шмат артыкулаў пра творчасць І. Мележа, І. Шамякіна, В. Быкава, А. Адамовіча і іншых беларускіх пісьменнікаў, якія змешчаны ў кнізе «Кніга адкрывае свет». Пісьменнікам літаратуразнаўцам зроблена шмат, каб прыняць пад увагу той факт, што ўсё гэта ствараецца паралельна з работамі над мастацкімі творамі розных жанраў.

Навуменка Іван Якаўлевіч (псеўд. Кляшторны, Сідар Кляшторны, Яўхім Цыбук, Н. Якаўлеў), унёс надзвычай каштоўны ідэйнамастацкі ўклад у агульную справу развіцця нацыянальнай літаратуры, крытыкі і літаратуразнаўства, узбагаціў беларускую дзіцячую літаратуру арыгінальнымі празаічнымі творамі-апавяданнямі і аповесцямі, які нясуць вялікі выхаваўчы патэнцыял.

Пры абароне кандыдацкай дысертацыі па творчасці Івана Навуменкі, адзін з першых апанентаў яе. Алег Антонавіч Лойка сказаў: «Але Іван Навуменкапразаік - з тых мастакоў, якіх мы яшчэ не назвалі мастаком еўрапейскасусветнага маштабу, але якіх так назваць даўно пара. І ў гэтым літаратурным кантэксце сярод сучасных беларускіх празаікаў праходзяць Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Навуменка, Алесь Адамовіч. Праходзяць, папершае, сваёй пісьменніцкай культурай (яны ўсе і кожны індывідуальна як празаікі - пісьменнікі высокай мастацкай культуры ў сённяшняй Беларусі); ідуць, падругое, зза сваіх генетычных сувязяў з эстэтычнымі пошукамі рускай, еўрапейскай і найноўшай заакіянскай прозай ХХ ст.»

Развіваючы гэтую думку, дадамо: «Іван Навуменка - з тых мастакоў, які ў літаратуразінаўстве яшчэ не прадстаўлены як дзіцячы пісьменнік. У 1959 г. выйшла яго аповесць пра дзяцей і для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі». У трактоўцы тэмы дзяцінства на матэрыяле гістарычных падзей 30х гадоў Іван Навуменка ўзняўся да шырокіх сацыяльных і мастацкіх абагульненняў, стварыў вобраз дзяцінства. «Мы хочам, каб у нашых дзяцей былі ясны розум і чулае, гарачае сэрца, здольнае захапіцца крылатай марай», - скажа Навуменкалітаратуразнавец.

Зазначым, што Іван Навуменка валодае ўменнем удумліва і скрупулёзна выбіраць назву сваіх твораў. І як вынік - з'яўляюцца лаканічныя назвы твораў аб дзецях і для дзяцей: «Як мы лавілі шпіёна», «Год карася», «Мяшок белага наліву», «Вайна каля Цітавай копанкі», «Хатняе зайчанё», «Гняды», «Хлопчык Рудзік і сабака Дудзік» і інш. «Як бы не суадносілася са зместам кнігі назва, яна заўсёды, - хоча гэтага аўтар ці не - выдзяляе, акцэнтуе нешта галоўнае ці надзвычай важнае ў творы, з першага погляду, магчыма, і няўлоўнае, будзь гэта ідэя ці настрой (Л.Рожына).

Што ж да назвы навуменкаўскіх дзіцячых твораў, то гэта сапраўды так. Напрыклад, назва аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі» акцэнтуе надзвычай важнае ў творы: падзеі разгортваюцца вакол Цітавай копанкі, за якую вядуць «вайну» хлопчыкі са Слабодкі і Першамайскай вуліцы. Пісьменнікам востра пастаўлена праблема выхавання дзяцей: «каб у дзяцей былі ясны розум і чулае, гарачае сэрца, здольнае захапіцца крылатай марай».

Людміла Піскун


Ліда ці Полацк,

дзе з'явіцца першы конны помнік у Беларусі?

"У Беларусі конных помнікаў няма. Не дазвалялі разнастайныя акупанты. Конны помнік - ушанавнне мужных дзяржаўцаў, ваяроў. Беларусам было дазволена мець толькі помнікі паэтам і бюсты сатрапаў.

Незалежнасць стварала попыт на конныя помнікі, пішуць Зміцер Дзядзенка і Сяргей Харэўскі. Скульптар Алесь Шатэрнік скончыў працу над мадэллю помніка Ўсяславу Чарадзею. Скульптар Сяргей Бандарэнка мае праект коннага помніка Каліноўскаму", распавядае газета "Наша Ніва" ў № 5 за 2005 год.

"Нашыя суседзі маюць свае конныя постаці: у Вільні стаіць помнік Гедзіміну, у Кіеве - Багдану Хмяльніцкаму, у СанктПецярбургу Пятру І. З год таму загаварылі пра конны помнік маршалу Жукаву каля Дома афіцэраў. Але аднымі размовамі ўсё і скончылася. Цяпер у Менску ёсць конь без вершніка: каля Камароўскага рынку на радасць дзятве стаіць скульптура, зробленая Ўладзімірам Жбанавым.

Адзіная конная статуя, якая амаль стагоддзе прастаяла ў Беларусі, помнік Станіславу Аўгусту Панятоўскаму аўтарства Торвальдсэна. Вывезены з Варшавы, ён быў усталяваны каля палаца Паскевічаў у Гомелі На пачатку 1920х савецкая ўлада вярнула статую ў Варшаву.

У еўрапейскай традыцыі ад антычных часоў конныя скульптуры былі сімваламі вечнасці. "Але яны маглі быць і міласэрнымі, і бязлітаснымі". Скульптар Сяргей Бандарэнка называе конны помнік знакам дзяржаўнасці: "Незалежная дзяржава павінна мець свой конны помнік, як, напрыклад, сваю Філармонію". У Лондане, згадвае ён, на адной вуліцы на працягу кіламетра стаяць чатыры конныя помнікі.

Сам Бандарэнка мае два скончаныя праекты - помнікі Жукаву ды Каліноўскаму. "Такія супярэчлівыя фігуры, як адзінства і барацьба супрацьлегласцяў. Але скульптар не вырашае, каму павінен стаяць помнік: гэта абмяркоўваюць гісторыкі, пісьменнікі, журналісты, а скульптар выконвае. Конь узвышае гэтую постаць".

Беларускае мастацтва мае сваю традыцыю скультурнай гіпікі. Скульптар Міхаіл Мікешын (беларус з паходжання) паставіў у Кіеве помнік Багдану Хмяльніцкаму. Зменшаная копія помніка (без людскіх фігураў на пастаменце) стаяла ў Віцебску і была вывезеная ў эвакуацыю толькі ў час Першай сусветнай вайны. Дакладная ж мадэль помніка, дзе сярод фігураў стаяць постаці беларускіх селяніна і шляхтіца, і па сённня захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Міжваенная савецкая Беларусь свайго коннага помніка не займела, хаця і марыла. Аляксей Глебаў у 19361939 г. стварыў мадэль коннага помніка "Ў гонар вызвалення Беларусі ад белапалякаў". Другая скульптурная група - у гонар савецкіх памежнікаў - была змешанай: адзін памежнік пешы, другі конны.

Заходняя Беларусь бачыла коннымі зусім іншых герояў. У Вільні ў 1930х адбываўся конкурс на конны помнік Міндоўгу. Выйграў яго беларус Рафал Яхімовіч. Помнік паставіць не ўдалося, але ягоная мадэль да цяперашняга часу захоўваецца ў Нацыянальнай літоўскай галярэі.

Дзесяцігоддзе вядзецца размова аб конным помніку ў Менску, Полацку ці Наваградку. Сярод най больш годных асобаў называлі Кастуся Каліноўскага. Усяслава Чарадзея ды Міндоўга. Прыкладам, на па залеташняй выставе, прысвечанай каранацыі Міндоўга дэманстравалася фота мадэлі помніка першаму літоўскаму князю, над якім працуе Валяр'ян Янушкевіч.

Цяпер дайшла чарга і да легендарнага полацкага князя. Паводле задумы А. Шатэрніка, Усяслаў, што ўзіраецца на Захад, мае быць настаўлены ля Полацкае Сафіі. Побач з ім скульптар хацеў бы бачыць дадаткам яшчэ дзве кампазіцыі, прысвечаныя паганству (тур з залатымі рагамі) і хрысціянству (Святая Сафія).

У Полацку багатым на помнікі, ужо ёсць Шатэрнікавы працы згадайма хаця б помнік заснавальнікам гораду - крывічам. Наогул, старадаўняя крывіцкая сталіца даўно ўжо па колькасці скульптур перасягнула ўзровень сярэдняга беларускага абласнога цэнтру: тут напамінкі і пра Скарыну, Еўфрасінню Полацкую, Сімяёна Полацкага, і пра шкаляроў Полацкай акадэміі, і пра літару "Ў". Застаўся помнік Леніну. Таму для помніка Ўсяславу месца падбіраць трэба вельмі дбайна - каб не згрувашчваць разам некалькі статуяў.

Прыкладам, калі ў Вільні ставілі конны помнік Гедзіміну, дык ягоны макет у натуральную велічыню цэлы год (!) перамяшчалі па пляцы, каб віленчукі маглі выказаць сваё меркаванне пра найлепшае месца.

Як адзначыў у інтэрвію "НН" А. Шатэрнік, полацкія ўлады зычліва паставіліся да ідэі помніка Чарадзею. Кіраўнік гарвыканкаму Ўладзімір Тачыла звярнуўся ў Міністэрства культуры, неабходна ж абвесціць конкурс на найлепшы праект. Аднак міністэрскія чыноўнікі адмовілі, хоць у снежні на з'ездзе Саюзу мастакоў намеснік міністра Ўладзімір Рылатка казаў аб правядзенні конкурсу. "Некалькі скульптараў працуюць над падобнымі паектамі. Безліч матываў узнікае, хаця б той самы ваўкалак!

Можна зрабіць цэлы паркавы комплекс", кажа Шатэрнік.

Яшчэ на адзін немалаважны аспект устаноўкі помніка звярнуў увагу С. Харэўскі. Помнік такой асобе як Усяслаў, не мае быць справай толькі беларусаў Так, у вырабе віленскага помніка Гедзіміну ўдзельнічалі таксама амерыканцы (скульптар - грамадзянін ЗША), украінцы (адтуль быў дастаўлены камень на пастамент), эстонцы (яны адлівалі статую), латышы. На цырымоніі адкрыцця помніка паслы ўсіх гэтых краінаў усклалі кветкі да фігуры князя. Не менш урачыстая цырымонія магла б адбыцца і пры адкрыцці помніка Ўсяславу Чарадзею. Украіна і Латвія - першыя з нашых сусседзяў, прыходзяць на памяць, калі згадваецца князеў лёс, яны б маглі ўзяць удзел ва ўстаноўцы помніка."

Але павярнуўшы позірк у бок Менска і Полацка "Наша Ніва" ўпусціла зпад увагі падзеі, што адбываюцца зусім побач на спрадвечнай Віленшчыне ў горадзе Лідзе, якая з'яўляеццпа цэнтрам беларускай часткі Віленскага краю. А тут робяцца самыя сур'ёзныя захады дзеля таго, каб першы конны помнік з'явіўся менавіта ў Лідзе.

Газета "Наша слова" ўжо паведамляла, што 20 лістапада 2004 года ў Ліду прывозілі мадэль помніка Вялікаму князю Гедзіміну ў мяккім матарыяле. І вось 3 лютага скульптар Аляксандр Лушчык, архітэктар Мікалай Курылін, кіраўнік праекту Анатоль Белы, а таксама скульптар Мікола Несцярэўскі ў Лідскім райвыканкаме прадставілі старшыні райвыканкаму Андрэю Худыку, яго намеснікам, а таксамама старшыні райсавету Уладзіміру Цімчанку ўжо бронзавую мадэль будучага помніка Вялікаму князю Гедзіміну і барэльеф Гедзіміна ў натуральную велічыню ў мяккім матэрыяле. Была прадстаўлена таксама карціна народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва "Гедзімін каля Лідскага замка".

Мадэль помніка вельмі прыхільна ўспрынята кіраўніцтвам горада, аднак рашэнне аб пачатку работ над помнікам у натуральную велічыню пакуль у Лідзе не прынятае. Тут праблема палягае ў тым, што помнік будзе стаяць перад замкам. Ён становіцца асноўнай фігурай калязамкавай прасторы з паўночнага боку і павінен быць унесены ў праект аздаблення і дабраўпарадкавання ўсёй тэрыторыі вакол замка, а той праект сам па сабе ў дэталях яшчэ не завершаны, і рэалізацыя яго, зыходзячы з цэнтрычнай пабудовы здумення ўсяго нашага грамадства, не пачнецца, пакуль поўны размах не набяруць работы па рэстаўрацыі самога замка, пакуль хаця б частка замка не будзе адкрыта для турыстаў. Разам з тым, паводле звестак, атрыманых у лідскім музеі, гістарычная экспазіцыя ў Вежы Вітаўта (паўночнаўсходняй, адбудаванай вежы) будзе разгорнута ўжо сёлета. Значыць, ужо сёлета паўстане пытанне пра пад'езды, падходы да замка, пра тэрыторыю вакол яго. Улічваючы, што ад пачатку работаў да ўстаноўкі і адкрыцця помніка часу трэба гады два, не меней, то магчыма, што пытанне аб пачатку працы над рабочай мадэллю будзе вырашана таксама яшчэ сёлета, тады да 2008 года, да 685годдзя горада, помнік можа быць пастаўлены. Што тычыцца барэльефа, то яго хутчэй за ўсё адальюць да адкрыцця экспазіцыі ў вежы.

Спадзяёмся, што мы некалькі дапоўнілі інфармацыю "Нашай Нівы" пра праблему вакол коннага помніка ў Беларусі. А як яно будзе па жыцці, пакажа час.

Станіслаў Суднік.


НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ ПАД ЧУЖУЮ ПАПСУ

Нядаўна стала вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла афіныйнае папярэджанне тром радыёстанцыям за невыкананне рашэння аб тым, што не меней 75 адсоткаў музычных перадачаў павінна складаць беларуская музыка і песьні. Названы былі і канкрэтныя парушальнікі, якіх папярэдзілі, што калі яны не зробяць рашучых захадаў па выпраўленню адзначаных хібаў, то будуць пазбаўлены права вяшчання ў краіне.

Сапраўды, калі слухаеш па радыё музычныя перадачы на працягу дня, складваецца ўражанне, што на радыёстанцыях паранейшаму у модзе расейская і замежная папса.

У адной рэспубліканскай газеце днямі прачытаў, што рэдактары "Альфарадыё" скардзяцца на недахоп якаснай беларускай музыкі, што, маўляў, калі на розных радыёхвалях будуць пастаянна гучаць адны і тыя ж беларускія песьні, то мало хто захоча іх слухаць. Вось так! Чаму ж адны і тыя песьні, калі іх на Беларусі запісана, народных і эстрадных, звыш 20 тысяч! Дзе, ў якой краіне такі багаты нацыянальны пасенны капітал? Але прыхільнікі расейскай папсы не жадаюць карыстацца ім, шукаць лепшае, мілагучнае, каб, як кажуць, за душу брала, натхняла чалавека, выклікала б у яго пачуццё нацыянальнай годнасці.

Ды ці толькі на радыё грэбуюць беларускай музыкай? У глыбінцы, у малых правінцыйных гарадах у апошнія гады самадзейныя калектывы пры складанні канцэртавых праграмаў усё болей, калі не цалкам, арыентуюцца усё на тую ж расейскую папсу і музыку. Вось вам свежы прыклад са Слуцка. Напярэдадні Новага года тут у Палацы культуры зладзілі канцэрт пад назвай (напісана было на шыльдах парасейску) "Закружил, заколдовал новогодний карновал". Паколькі цану білетаў адміністрацыя Палаца культуры вызначала ў 4 тысячы рублёў, то каб не "прагарэць" з іх продажам, звярнуліся да прафкамаў прадпрыемстваў і ўстаноў горада, якія палавіну кошту квіткоў аплацілі са сваіх скарбонак, таму зала была поўнай. Для ўдзелу у канцэрце былі прыцягнуты не толькі артысты Палаца культуры, а і маладзёвыя гурты, індывідуальныя выканаўцы з іншых культустаноў. Найболей прафесійна, па водгуках удзельнікаў канцэрту, было прадстаўлена харэаграфічнае мастацтва розных сучасных плыняў, у тым ліку і моладзевага брэкдансу. Усё, здавалася, было падрыхтавана з разлікам на адабрэнне публікі. А вось тыя нешматлікія гледачы, хто не забыў качаткова роднай мовы і музыкі, так і не пачулі са сцэны ні адной беларускай песьні - ні народнай, ні эстраднай, хоць канцэрт працягваўся без перапынку аж дзве гадзіны. Нават слова беларускага не прагучала з вуснаў і вядоўцаў яго, і шматлікіх выканаўцаў! Быццам выступалі не случчане, а нейкія заезджыя расейскія музыківандроўнікі - так не ставала зале беларускага духу. А яна зала рэагавала на гэты здзек з нацыянальнай культуры і мовы дружнымі воплескамі - як і павялося ў нас з сумнавядомых 3070х гадоў. Можна ўявіць нешта падобнае на Украіне, якая нядаўна перажыла "Аранжавую рэвалюцыю" і адстаяла сваю свабоду і незалежнасць? Напрыклад, у Жытоміры ці Палтаве, не кажучы пра Кіеў ці Львоў. Ды там ад такога грэбавання "ріднай мові" палавіна залы устала б у знак пратэсту і выйшла. А ў нас, як бачна, усё яшчэ ўжываецца псіхалогія саўковага менталітэту, гэтакага сірочага моўнага "безбачання".

Калі неяк у сярэдзіне мінулага году ў дырэктара Палаца культуры спыталі чаму рэжысура яго так неахвотна ўключае ў праграмы канцэртаў беларускую музыку і песьні, то пачулі адказ, што няма маўляў, з чаго і выбіраць, бо акрамя гуртоў "Песняры" і "Сябры" нікога і няма ў краіне.

Шукаць нешта вартае ў новых нацыянальных шоўгуртах сталіцы ніхто не жадае, вось і "клююць" на расейскую папсу.

Не памылюся, калі скажу, што і чынавенцтва гарвыканкаму, ягонага аддзелу культуры мала хвалюе змест рэпертуару падведамасных Палацаў культуры і іх самадзейных калектываў. А дарэмна. Бо сёння найвялікшая пагроза для нас, беларусаў, для нашай этнакультурынай самабытнасці, для нашай мовы - глабальная, ўсёахопная гвалтоўная русіфікацыя, перад якой пакуль, на жаль, няма шчыльнай заслоны ні ў "вярхах", ні, тым болей, у правінцыі, беларускай глыбінцы.

Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк.


БЕЛАРУСКІ КЛЯСЫЧНЫ ПРАВАПІС:
праца над правіпісным зводам набліжаецца да заканчэньня

сярэдзіне студзеня Працоўная група для ўнармаваньня беларускага клясычнага правапісу разаслала на рэцэнзіі ды водгукі праект Правапіснага зводу ў зацікаўленыя ўстановы (у тым ліку на ўнівэрсытэцкія катэдры, у рэдакцыі беларускамоўных выданьняў, а таксама ў акадэмічны Інстытут мовазнаўства, у ТБМ) і прыватным асобам: мовазнаўцам ды літаратарам.

У 1995 годзе часопіс "Спадчына" апублікаваў для грамадзкага абмеркаваньня аўтарскі праект унармаваньня клясычанага правапісу Вінцука Вячоркі. Для падвядзеньня вынікаў гэтага абмеркаваньня, з ініцыятывы В. Вячоркі й Беларускае рэдакцыі радыё "Свабода", у сьнежні 1999 году ў Празе адбылася двухдзённая канфэрэнцыя. Праца над Зводам працягнулася зь вясны 2000 году сіламі Працоўнае групы, нязьменнымі ўдзельнікамі якой сталі, апроч Вінцука Вячоркі, таксама Юрась Бушлякоў, Зьміцер Санько й Зьміцер Саўка.

Пасьля атрыманьня рэцэнзіяў і водгукаў на праект Працоўная група разгледзіць заўвагі й прапановы адпаведных асобаў ды ўстановаў і выдасьць канчатковы тэкст Зводу друкам; тэкст будзе даступны і ў Сеціве, і на старонках газэтаў "Наша слова" й "Наша Ніва", пра што ўжо ёсьць дамоўленасьці.

Ад імя Працоўнае групы каардынатар праекту З. Саўка

Бульвар Шаўчэнкі


Завершана выданне нацыянальнай энцыклапедыі

Выхадам Кнігі ІІ 18га тома завершана выданне 18ці томавай "Беларускай энцыклапедыі", першы том якой выйшаў у 1996 годзе.

"Беларуская энцыклапедыя" гэта першая нацыянальная энцыклапедыя сувярэннай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

У папярэдніх 18 тамах стваральнікі энцыклапедыі змясцілі каля 80 тысяч артыкулаў.

Заключны том цалкам прысвечаны Рэспубліцы Беларусь. Усе матэрыялы ў ім размешчаны паводле тэматычнага прынцыпу. Ён складаецца з 22 раздзелаў, кожны з якіх падзяляецца на тэматычныя падраздзелы і артыкулы, дзе змешчана больш канкрэтная сістэматызаваная інфармацыя пэўнай тэматыкі. Гэты том з'яўляецца адносна самастойным энцыклапедычным даведнікам пра Беларусь.

Аднак кніга пры ўсёй вартасці мае і канкрэтны недахоп: цану. У кнігарні гэта 37 тысяч. Выдаўцы, мабыць, вырашылі: хто купіў 18 кнігаў, купіць і 19ю, за любую цану. Ці на гэты том датацый не разлічылі? Ці, наогул, эпоха танных беларускіх кніжак закончылася? Але як бы там ні было нацыянальная энцыклапедыя ёсць, з чым усіх аматараў ведаў і кнігалюбаў шчыра віншуем.

Наш. кар.


БЕЛАРУСКАЯ МОВА ПАВІННА БЫЦЬ МОВАЮ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА

"Мова - не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова - жыве народ. Кожная мова, як літаратурная, жывая, мясцовая і гістарычная разнавіднасці - неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву," так запісана у прэамбуле Закона "Аб мовах у Беларускай ССР," прынятага Вярхоўным Саветам БССР 26 студзеня 1990 г. Прэамбула Закона вызначае яго галоўныя ідэі, якія знаходзяць паслядоўнае выражэнне ў змесце нарматыўнай часткі акта.

У прэамбуле дакладна вызначаюцца і прычыны надання беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы: "У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцяў, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўнаэтнічнай тэрыторыі : "Закон" Аб мовах у Беларускай ССР" прадугледжваў максімальнае пашырэнне беларускай мовы на ўсе сферы жыцця краіны. Шэраг палажэнняў Закона ўводзіўся ў дзеянне паступова на працягу 3,5,10 гадоў. Згодна з пастановай Вярхоўнага Савета БССР Савет Міністраў БССР распрацаваў "Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР, якая была зацверджана 20 верасня 1990 г. Яна прадугледжвала правядзенне ў 19902000 гадах вялікага копмлексу мерапрыемстваў, скіраваных на ажыццяўленне Закона.

Усё гэта было тады ў 1990 г. Усе планы праз 56 гадоў новаю ўладаю былі скасаваны, вынішчаны. Што ёй камісія, яе думка пра адраджэнне Беларусі, пра важнейшую праяву духоўнага жыцця Бацькаўшчыны. Што ёй праца 49 сяброў гэтай камісіі - вядомых дзяржаўных і грамадскіх дзеячоў Беларусі, пісьменнікаў, вучоных, работнікаў шэрагу галін грамадскага жыцця, сярод іх Н. Мазай, Н. Гілевіч, З. Азгур, В. Быкаў, Г. Бураўкін, М. Дзямчук, П. Краўчанка, А. Падлужны, П. Садоўскі, Б. Сачанка, М. Яўневіч і іншыя. Што ёй лісты, тэлеграмы, звароты падпісаныя або ўхваленыя звыш 20 тысяч чалавек, у час абмеркавання праекту Закона ў працоўных калектывах, навучальных установах, грамадскіх арганізацыях, у сродках масавай інфармацыі. Аналіз грамадскай думкі паказаў, што большасць грамадзян Беларусі падпрымліваюць ідэю дзяржаўнага статусу беларускай мовы. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1989 г. 80,2 працэнты беларускаў, якія жылі на той час у рэспубліцы, сваёй роднай мовай назвалі беларускую.

Законам "Аб мовах у Беларускай ССР" ад 26 студзеня 1990 г. быў адноўлены дзяржаўны статус беларускай мовы, аб чым унесены адпаведны дадатак у артыкул 68 Канстытуцыі БССР: "Дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з'яўляецца беларуская мова.

Беларуская ССР забяспечвае свабоднае карыстанне рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР.

Парадак ужываня беларускай, рускай і іншых моў у Беларускай ССР вызначаецца заканадаўствам Беларускай ССР".

Адначасова Вярхоўны Савет БССР прыняў і з 1 верасня 1990 г. увёў у дзеянне закон "Аб мовах у Беларускай ССР"

З таго часу прайшло 15 гадоў.

Ад Закона гэтага нічога не засталося, ён не працуе. Няма ў новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь такога артыкула. Беларуская мова ў краіне існуе на правах, калі можна так сказаць, Папялушкі.

Пра беларускую мову ніхто цяпер і не ўспамінае. Мовы няма і закона няма ці закона няма і мовы няма.

26 студзеня 2005 г. ні газеты, ні радыё, ні каналы Беларускага тэлебачання не сказалі пра закон "Аб мовах у Беларускай ССР" ні слова. У праграме АНТ "Наше утро", у рубрыцы "Даты" ні гугу. Вось і прыехалі.

І толькі некалькі грамадскіх арганізацый адгукнуліся на гэтую дзяржаўную падзею мінулага часу.

26 студзеня з нагоды 15 - годдзя прыняцця Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" у Доме літаратара адбылася імпрэза, прысвечаная гэтай знамянальнай падзеі ў мінулым нашай краіны. З уступным словам выступіў Анатоль Белы. Старшыня клубу "Спадчына" засяродзіў увагу прысутных на той вялікай справе, якую робяць сябры клуба ў адраджэнні і папулярызацыі роднай мовы, пашырэнні яе ўжытку ў будзённым жыцці і прэстыжнасці яе ў краіне перад іншай мовай. Папершае, клубам "Спадчына", адзначыў Анатоль Белы, праведзена ў розныя гады шэраг мастацкіх выставаў "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову", з такой жа назвай выйшла кнігаальбом Анатоля Белага "Любіць Радзіму - шанаваць родную мову (Мінск, 1997, з мастацкага збору Анатоля Белага".

З такой жа назвай у Старадарожскім музеі вось ужо каторы год працуе пастаянна адчыненая выстава - пад яе адведзена цэлая экспазіцыйная зала.

У музеі ўся экспазіцыя зроблена на беларускай мове - усе подпісы, подпісы на помніках, на карцінах, іншых мастацкіх творах г.д.

Вялікім дасягненем можна лічыць першы на Беларусі помнік з каменю і металу "Змагарам за родную мову". На гэтым помніку змешчана ўжо звыш 20 партрэтаў выбітных дзеячоў і змагароў за родную мову.

Беларускі мастак, сябра клуба "Спадчына" Мікола Несцярэўскі для гэтага помніка падрыхтаваў ўжо ў кераміцы 45 новых партрэтаў змагароў за родную мову, якія ў хуткім часе будуць адліты ў бронзе і ўсталяваны на помніку.

У свой час, папулярызуючы беларускую мову, Анатоль Белы і Леанід Лыч выдалі ў 1995 г. кнігу "Прынялі закон аб мовах". Аб яе значнасці, каштоўнасці і патрэбнасці сведчыць той факт, што гэтая кніга была запатрабавана супрацоўнікамі міністэрства адукацыі Францыі і выкладчыкам Сарбонскага універсітэта Жанам П'ерам Жміко, які спецыяльна прыехаў у Менск па гэтую кнігу. Яна яму спатрэбілася таму, што ён там, у Францыі, вывучае нашу родную мову і гісторыю яе развіцця ды змаганне перадавой часткі інтэлігэнцыі за яе.

Пры заканчэнні свайго выступу Анатоль Белы адзначыў, што прыняцце Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" раўназначна прыняццю трох Устаўных грамат Беларускай Народнай Рэспублікі - першага нашага законнага ўраду.

Нашым грамадствам яшчэ да гэтага часу не асэнсована значнасць гэтых Устаўных грамат, а асэнсаваць значэнне Закона аб мовах - гэта задача мо і не нашага, а іншых пакаленняў.

З рэфератыўным дакладам пра закон "Аб мовах у Беларускай ССР" выступіў сябра клуба "Спадчына" доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч. Ён даступна, цікава і змястоўна распавёў прысутным (а іх было за 60 чалавек!) пра ўзнікненне, станаўленне і развіццё беларускай мовы з часоў сярэднявечча і давёў свой даклад да нашых дзён. Успомніў "Залаты век" беларускай мовы ў ВКЛ, становішча мовы ў Рэчы Паспалітай і ў Расійскай імерыі; катэгарычная забарона ўжываць беларускую мову ва ўсіх сферах грамадскага жыцця на тэрыторыі Беларусі з 1840 г., ажыўленне ўжывання мовы з другой паловы ХІХ ст., беларусізацыя, каранізацыя - палітыка савецкай улады ў 19241929 гадах, уціск беларускай мовы пасля Вялікай Айчыннай вайны. І глыток свежага паветра - 1990 год. Адзін з вынікаў гарбачоўскай перабудовы - былі ж і ў гэтым працэсе нейкія станоўчыя моманты гэта прыняцце закона аб мовах - вялізарны па сваёй значнасці дакумент другога тысячагоддзя на тэрыторыі нашай краіны. І нават свой даклад прафесар Леанід Лыч так і назваў "Закон другога тысячагоддзя". Потым дакладчык спыніўся на тужлівым становішчы нашай "беднай і гаротнай " мовы ў наш час, калі мы жывём.

Прафесар, доктар тэхнічных навук Аляксей Саламонаў не прамінуў прадоўжыць даклад. Ён спыніўся на моманце, калі быў старшынём ТБМ г. Менска.

І першы і другі дакладчыкі заклікалі тужліва і з ноткай надзеі прысутных, "шанаваць мову, каб не ўмёрлі".

Потым выступіў прафесар Мікола Савцкі, які таксама ў свой час займаў пасаду старшыні ТБМ г. Менска. Ён успомніў, што неабгрунтаваная моўная палітыка лідараў БНФ, якія змаганне за беларускую мову ператварылі ў змаганне за свае дэпутацкія мандаты ў парламенце ў 1996 г., прывяла да велізарнай паразы ў змаганні за беларускую мову і паразы адраджэнцкага руху ў маштабе ўсёй краіны.

У другой частцы вечарыны старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы ганараваў шэраг вучоных медалём Барыса Кіта - вядомага дзеяча беларускай эміграцыі, амерыканскага вучонага, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы, як трапна назвала яго Лідзія Сямёнаўна Савік - "асветніка, вучонага, патрыёта".

Медалём Барыса Уладзіміравіча Кіта былі ганараваны -

Стэпановіч Язэп - доктар біялагічных навук, загадчык лабараторыі і аддзела геабатанікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАНБ;

Бернік Васіль - доктар фізікаматэматычных навук, прафесар;

Майсеня Людміла -кандыдат фізіка - матэматычных навук, дацэнт, загадчыца кафедры метэматыкі Менскага дзяржаўнага вышэйшага радыётэхнічнага каледжа;

Сухая Тамара - дацэнт кафедры матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта. - усе трое за выданне "Матэматычнай энцыклапедыі" (Мінск, 2001) на беларускай мове.

Быў ганараваны і кандыдат гістарычных навук Леў Казлоў медалём Аркадзія Смоліча "За шанаванне роднага краю" за выданне "Геаграфічнага атласа Беларусі".

Беларускі мастак Алесь Цыркуноў ганараваны мастацкім інструментарыем: двума цюбікамі фарбы і пэндзлем Васіля Быкава - аформленым на адмысловым рознакаляровым пано з залатым подпісам.

Уся гэта цікавая і змястоўная імпрэза суправаджалася выступленнямі 14 выхаванак і выхаванцаў Беларускага універсітэта культуры пачале з выкладчыкам універсітэта, рэжысёрам Валерыем Мазынскім.

Было што паслухаць, пабачыць, даведацца пра новые, нязведанае.

Анатоль Валахановіч


З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ ПА ЖЫЦЦІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

На наступны дзень камандзір часткі палкоўнік Хамутнікаў (тады, магчыма, яшчэ падпалкоўнік) прадставіў мяне асабоваму складу дывізіёна і пакінуў камандаваць.

Асноўнае было дасягнута, я пачаў службу ва Ўзброеных Сілах незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Прымаць дывізіён не было ў каго. Былы камандзір, падпалкоўнік Абрамаў, пайшоў на пенсію, яго намеснік, які выконваў абавязкі камандзіра, маёр Альхавікоў (каб не памыліцца) прыняў для сябе рашэнне не прымаць беларускую прысягу і ехаць у Расію, дзе яго так жа ніхто не чакаў, як не чакалі нас у Беларусі. Ён не прымаў беларускую прысягу па ідэйных перакананнях, і ў той месяц, які ён даслужваў да загаду, у мяне з ім былі адносіны значна лепшыя, чым з тымі рускімі, што заставаліся ў Беларусі. Недахопы, якія былі ў дывізіёне немагчыма было вешаць на Альхавікова, яны збіраліся гадамі і дзесяцігоддзямі. Прапілі калісьці кузаў ад аўтамабіля, вось гэты кузаў і перавешваўся з камандзіра на камандзіра і як бы быў на месцы. Прыняў п'яны прапаршчык кабелеўкладчыкі па фармуляру кабелеўкладчыка, дзе лічыцца два ключы, і добра, а тое, што па фармуляру аўтамабіля лічыцца яшчэ поўны набор гэтых ключоў прайшло міма і г. д.

Наогул, тое што я ўбачыў у дывізіёне славутай Беларускай вайсковай акругі, мяне вельмі расчаравала. На глухім Урале дывізіёны былі абсталяваны значна лепей. Прынамсі там я такога награвальнага аграгата, як тытан, не бачыў, а тут давялося вучыцца карыстацца ім.

Вугалю ў дывізіёне было на тыдзень, бензіну на дзве паездкі. Дывізіён ніколі баявога дзяжурства не нёс, быў кадраваны, г. зн. укамплектаваны па скарочанаму штату. Праблемай было пагалоўнае п'янства садатаў. Мастоўскія дзяўчаты вельмі любілі нашых хлопцаў і кожны божы дзень, дакладней, вечар, прыносілі да агароджы самагонку.

Нічога нацыянальнага ў дывізіёне не было. Не было, нават, дзяржаўнага сцяга. Пра тое, што тут падраздзел Узброеных Сілаў Беларусі, можна было здагадацца толькі па нацыянальнаму складу: больш 50 працэнтаў афіцэраў, прапаршчыкаў і салдатаў былі ўжо з Беларусі: беларусы, палякі ці рускія, але з Беларусі. Іншая палова салдатаў даслужвала да вясенняй дэмабілізацыі.

Першае, што я зрабіў на наступны дзень, гэта загадаў падняць над дывізіёнам белчырвонабелы сцяг. Паколькі, як было сказана вышэй, у дывізіёне сцяга не было, то я выцягнуў з валізкі свой самаробны сцяг, якім мы карысталіся ў Казахстане, і гэты сцяг быў падняты на зенітнаракетным дывізіёнам у слаўным горадзе Масты. Недзе праз тыдні два я вытрас у брыгадзе новы шаўковы белчырвонабелы сцяг. Прыбліжаўся прыём прысягі, і адмовіць не маглі, ну ніяк не маглі.

Другім пунктам загадаў зняць з варотаў чырвоную зорку. Паколькі дывізіёна я яшчэ не ведаў, а хітрыя байцы адразу не сазнаваліся, хто што ўмее, то мастака знайсці не ўдалося. Тады я сам па клетачках намаляваў "Пагоню" і загадаў павесіць на варотах.

Гаварыў я са сваім "войскам" пабеларуску. Таму адразу наладзіўся лепшы кантакт з сяржантамі, чым з афіцэрамі. Сяржанты атрымалі "Шыхтовы статут" і загад перапісаць усе неабходныя каманды і вывучыць. Не памятаю, колькі часу ім было дадзена, ці то тыдзень, ці то два. Афіцэрам на тое самае быў дадзены месяц. Праз два тыдні днявальны ўжо заміж "Смірна!" крычаў: "Зважай!", а дзяжурны дакладваў: "Спадар падпалкоўнік, падчас майго дзяжурства здарэнняў не адбылося!"

У першыя ж выхадныя я ўстанавіў сувязь з мастоўскімі актывістамі нацыянальнага адраджэння. Яшчэ з Казахстана я быў завочна знаёмы з Язэпам Палубяткам і Алесем Белакозам, дырэктарам Гудзевіцкага музея. Дарэчы, у гэтым музеі павінен быць поўны збор усіх нашых выданняў у Казахстане. Туды мы пасылалі ўсё. Я сустрэўся з Палубяткам. Ён пазнаёміў мяне з Аляксеем Сабасцянам і Лявонам Барташам. Недзе праз месяц ці два ў Мастах актывізавалася дзейнасць ТБМ, прынамсі, паседжанні гарадской рады ішлі кожны тыдзень.

Ішоў снежань. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь рыхтаваліся да прысягі. У грамадстве не сціхалі спрэчкі наконт легітымнасці гэтай прысягі. Запускалася дэмагагічнае пытанне наконт таго, колькі разоў афіцэр можа прымаць прысягу. Маўляў, прысягнуў раз Савецкаму Саюзу і больш не маеш права. Найбольш шчыравалі на гэтым грунце "ветэраны" і не вайны а розных "службаў". Сутнасць дэмагогіі заключалася ў тым, што калі Расія пераемніца СССР, то і ўсе, хто прымаў прысягу на вернасць СССР, аўтаматычна прынялі прысягу на вернасць Расіі. На гэтае пытанне мы выпрацавалі грунтоўны адказ з расійскай жа гісторыі. Там войска прымала прысягу на вернасць не Расіі, а цару, і здаралася, афіцэры ды і салдаты пры частай змене гэтых цароў прысягалі па некалькі разоў. Але пра гэта памятаць не хацелі.

Пра тое, што я прыехаў служыць у Масты хутка стала вядома ў Гародні. Недзе ў сярэдзіне снежня мяне запрасілі на Гарадзенскае тэлебачанне для ўдзелу ў перадачы, прысвечанай прыёму прысягі. Арганізаваў перадачу Валеры Задаля, які ў той час яшчэ працаваў на тэлебачанні. Перадача была ў запісе, але ішла ў эфір праз нейкіх паўгадзіны пасля запісу, і падчас эфіру я сядзеў у суседнім пакоі і адказваў на гнеўныя пытанні ветэранаў усё таго ж дэмагагічнага кшталту, колькі разоў афіцэр можа прымаць прысягу. Іншага аргументу ў іх не было. Там жа ў Гародні я папрасіў знайсці для мяне беларускі гімн "Магутны Божа" або "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Праз некаторы час у Масты перадалі касету з запісам гімну "Магутны Божа" ў выкананні гарадзенскага хору "Бацькаўшчына".

Блізілася 31 снежня 1992 года. У савецкім войску ў дывізіёнах прысягу не прымалі. Маладыя салдаты прымалі яе ў каранціне і прыходзілі ў дывізіёны ўжо пасля прысягі. Таму для дывізіёна справа з прысягай была некалькі нязвыклая, хаця сам рытуал ніякіх пытанняў не выклікаў. Аднак былі новыя часы, была новая краіна. Па наіццю тады мы рабілі тое, што зараз стала нормай. Важна было ўзмацніць ідэалагічную складовую мерапрыемства. Я вырашыў прыцягнуць да ўдзелу ў мерапрыемстве святара. У Мастах можна было паклікаць або ксендза, або бацюшку. Ацаніўшы сітуацыю і сыходзячы з таго, што праваслаўных сярод тых, хто меўся прымаць прысягу было значна больш, я вырашыў клікаць бацюшку.

Мастоўскі бацюшка быў яркім прыхільнікам Савецкага Саюза, але дамовіцца ўдалося. Што праўда, і ён за жыццё першы раз ішоў на вайсковую прысягу, даводзілася асвойваць новы рытуал і яму.

Прысягу прымала частка падраздзелу. Усе іншаземцы прысягу не прымалі. Таму шыхт нешматлікі. Я прыняў прысягу першым. Потым пачаў прыводзіць да прысягі афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдатаў. Само сабой, тэкст прысягі быў на беларускай мове. Бацюшка свянціў кожны аўтамат. Пасля таго, як у шыхт стаў апошні салдат, я падаў каманду "Зважай", адчынілася акно, і з магнітафона загучаў гімн "Магутны Божа". З гэтым гімнам мастоўскі зенітнаракетны дывізіён зрабіў свой крок у гісторыю, як адзіны вайсковы падраздзел у незалежнай Беларусі, што прыняў прысягу на вернасць Бацькаўшчыне пад духоўны гімн усіх беларусаў "Магутны Божа". І хай сабе гэты крок застаўся па вялікім рахунку незаўважаным, але ён быў.

(Працяг у наст. нумары.)

Станіслаў Суднік


Вялікі дар ад роднай маці

Адным са старэйшых сяброў Заслаўскай суполкі ТБМ "Нашчадкі Рагнеды" быў Аляксей Язэпавіч Пыліла, які нарадзіўся 3 лютага 1909 года ў вёсцы Вялешына Капыльскага раёна. Ён настаўнічаў у Клічаве, Мсціславе, Менску. З 1965 года жыў у Заслаўі, працаваў метадыстам Менскага абласнога інстытута удасканальвання настаўнікаў. 21 чэрвеня 1992 года А.Я. Пыліла пайшоў з жыцця. Засталася добрая памяць аб шчырым патрыёце Бацькаўшчыны, мужным чалавеку, які даваў нам прыклад сваім жыццём. Зраз рыхтуем да выдання зборнік яго вершаў, адзін з якіх прапануем да ўвагі чытачоў газеты "Наша слова".

РОДНАЯ МОВА

Багацце дзіўнае людзей,

Культуры нашай ты аснова,

Выразнік нашых дум, надзей,

Маіх бацькоў і мая - мова.


З калыскі я люблю цябе,

Жыла ты ў кожнай нашай хаце.

З тае пары ты для мяне,

Як дар вялікі роднай маці.


Дзе наш зарэчны лес і дол,

Там песнямі вясну гукалі,

На нашай мове навакол

Зязюлі нават кукавалі.


Нам міла трапнасць тваіх слоў,

Ты і ў напевах гулка, спраўна,

У букеце ўсіх славянскіх моў

Быць можаш толькі раўнапраўнай.


Чаго ў нас толькі не было:

І Трасцянец, і Курапаты,

І нават мову заадно

Хацелі выжыць з роднай хаты.


Пакінуўшы свой родны край,

Ёсць людзі жыць у нас ахвочы,

Тут маюць хату, каравай

І часта нам плююць у вочы.


Гісторыі вядомы час,

Яднала нас з Літвою згода,

Тады пісалі ў іх, у нас

На мове нашага народа.


Я сваёй мове клятву даў

Хоць гэтага лічу замала:

Любіць яе, як Колас зваў,

І шанаваць, як зваў Купала.


Хаця ўздоўж часу ўсё крыжы...

Каралі нас за нашы словы,

Пакуль народ наш будзе жыць,

Жыць будзе з ім і яго мова!

1992 г.

Падрыхтавала Яна Трубач. г. Заслаўе.


У МАЙСТЭРНІ МАСТАКА МІКОЛЫ НАЗАРЧУКА

Некалькі дзён назад, сябры Менскага грамадскаасветніцкага клуба "Спадчына" наведалі майстэрню вядомага беларускага мастака Міколы Назарчука Міколу "пераваліла" за 77 годзікаў. Ён удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Многія яго карціны найболей праўдзіва адлюстроўваюць тыя грозныя падзеі, як, напрыклад, "Танкавая бітва пад Сянно" (1984, алей палатно). На даволі лакальным участку беларускай зямлі 6 ліпеня 1941 г. каля мястэчка Сянно сышліся ў смяротнай бойні дзве танкавыя калоны. З нямецкага боку каля 1000 танкаў, з нашага - 2000 баявых машын. Гэта было самае вялікае, танкавае пабоішча часоў 2ой Сусветнай вайны. А запытайце любога, дзе адбылося самае вялікае танкавае пабоішча? І кожны адкажа - на Курскай дузе, пад в. Прохараўка. Вось такое веданне нашай гісторыі, як быццам бы самага даследаванага і даволі асвечанага ў друку і іншых сродках інфармацыі перыяду. Але Мікола Назарчук ведае трохі больш чым напісана у сучасных нашых падручніках па гісторыі.

Ад імя Камітэту ўшанавання Міколу Назарчука ганаравалі медалём Язэпа Драздовіча "За плён у мастацтве" і дыпломам. У пастанове Камітэту ўшанавання канкрэтна паведамлялася: "За выдатныя дасягненні на ніве беларускага мастацтва нацыянальнага мастацтва, за дабрачынныя ахвяраванні Музею выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах, за перадачу твораў Міхася Сеўрука". Але за гэтымі скупымі словамі стаіць вялікая плённая праца мастакарупліцца, яго мяккі дабразычлівы характар і пастаяннае імкненне працаваць на Бацькаўшчыну, пастаянная ахвярнасць сваёй працай, сваімі творамі, сваімі набыткамі.

Са словам у адказ выступіў Мікола Назарчук. Ён падзякаваў за ўзнагароду і сказаў, што ў часы вайны ён быў салдатам і атрымаў вышэйшую узнагароду для шараговых салдатаў медаль "За адвагу", і ён ім ганарыўся. Але медаль Язэпа Драздовіча "За плён у мастацтве" з'яўляецца для яго найдаражэйшым, ён для мастака больш каштоўны за іншыя ўзнагароды. Бо ён з'яўляецца падрахункам усёй яго творчай дзейнасці.

У майстэрні мастака сябры клуба "Спадчына" ўбачылі адмысловую выставу, якую паказаў мастак сваім сябрамаднадумцам і якую не заўсёды б дазволілі паказаць у нейкай дзяржаўнай галярэі ці палацы.

Сваімі меркаваннямі аб творчасці мастака падзяліміся яго калегі - мастакі Алесь Цыркуноў, Міхась Карпук, Мікола Несцярэўскі, яго калега па навучальнай працы у школе імя Івана Ахрэмчыка Яўген Лаўрэль, а таксама сябра клуба Яўген Гучок.

Напрыканцы вечарыны Мікола Назарчук падарыў Музею выяўленчага мастацтва "Збор Анатоля Белага" сваю карціну "Касцюшка пасярод паўстанцаў". Мікола Назарчук, перадаючы карціну сказаў, што кожнаму мастаку цяжка расставацца са сваёй карцінай. Як з родным дзіцём. Але ён верыць, што яго карціна трапіць у добрыя рукі у беларускую спадчыну і будзе служыць людзям.

І яшчэ мастак і старшыня клуба "Спадчына дамовіліся аб сумеснай працы над карцінай "Дзеячы беларускага школьніцтва" Анатоль Белы распрацоўвае канцэнцую карціны, ажыццяўляе збор іканаграфічнага матэрыяла, а Мікола Назарчук бярэцца за справу адлюстраваньня гэтых выбітных дзеячоў беларускага школьніцтва ў сваёй карціне. Будзем спадзявацца, што творчы сімбіёз прынясе свой вынік.

А. Чарнышэвіч.

На здымку:

5 студзеня 2005 года. Сябры клуба "Спадчына" ў гасцях у майстэрні мастака Міколы Назарчука. каля карціны "Касцюшка пасярод паўстанцаў" сядзіць Алесь Цыркуноў, стаяць Пятро Русаў, Уладзімір Содаль, Анатоль Аніська, Святлана Багдановіч, Яўген Гучок, Анатоль Валахановіч, Анатоль Белы, Мікола Назарчук, яго дачка, Яўген Максімаў, жонка мастака, Міхась Карпук, Надзея Сармант, унучка мастака, Мікола Несцярэўскі, Яўген Лаўрэль, Аляксандра Руская, Мікола Савіцкі, Галіна Сіўчык.


Пабачыў свет першы ў 2005 годзе нумар газеты

Новы Час

У нумары матэрыялы:

- пра перспектывы пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі;

- пра сітуацыю ў беларускім сацыял-дэмакратычным руху і перспектывы аб'яднання сацыял-дэмакратаў;

- "Беларусізацыя пад № ..." Лявона Савёнка

- трыпціх Ніла Гілевіча "Вільня. Луцкевіч";

- Алесь Мара распавядае пра перапетыі выставы з творвмі ўдзельнікаў плянэру на радзіме Васіля Быкава;

- вершы з кнігі Вольгі Іпатавай "Задарожжа" і шмат іншых матэрыялаў.

Знайсці нумар газеты можна ў Менску на Румянцава, 13, у сядзібе ТБМ.



Новыя кнігі на сядзібе ТБМ

Шэраг новых кніжак ды часопісаў па гісторыі, архітэктуры, літаратуры, а таксама кніжкі для дзетак з'явіліся ў менскай сядзібе ТБМ.

Тут жа можна знайсці відэа, аўдыё, CD з добрай беларускай музыкай, майкі, значкі, календары.

Прыходзьце з панядзелка па пятніцу на Румянцава, 13 з 11-й да 17-й гадзіны.

Тэл. 8-029-707-40-01.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX