Вярнуцца: 2005

№ 7 (693)


Крыніца: pawet.net.



№ 7 (693) 16 ЛЮТАГА 2005 г.


1 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

ІНШАГА ШЛЯХУ НЯМА

21 лютага ўвесь цывілізаваны свет, уся міжнародная супольнасць святкуе Дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа. Бо няма народа без роднай мовы, няма роднай мовы без яго носьбіта.

Што можам сказаць мы, беларусы, у гэты дзень? Што нясём з сабой? Крыўду. Што мова нашая, як тая падчарка, ўсюды гнаная, не заняла належны пасад між іншых народаў, між іншых моваў. І ГЭТА ЁСЦЬ... Гаварыць, што яна ледзьве ліпіць у нашых школах? І тое праўда... Што чыноўнікі, якія ўладу маюць і па сваіх абавязках, па законе павінны бараніць мову. - яе цураюцца? Хто ж гэтага не ведае? Ды тое будзе не ўся праўда.

Нягледзячы на сённяшніх непрыяцеляў і далакопаў мова насуперак усяму, жыве. Яна прабіваецца праз жалезны заслон магутнымі парасткамі маладых навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэя, які зачынілі афіцыйныя ўлады. Ды ўсё ж ён жыве. Жыве наша мова, гучыць у абвестках цягнікоў, метро, рэкламах замежных фірмаў. А колькі літаратурных зборнікаў з'явілася за апошні час, кніг па гісторыі Беларусі, якія складаюць сур'ёзную канкурэнцыю масавай літаратуры, "шырпатрэбу лёгкага чціва". Пры ўсім уціску яна зрэдку прабіваецца на радыё і тэлебачанні праз перашкоды і абыякавасць. І, бадай, самае галоўнае ў тым, што бальшыня нашага люду вызнае беларускую мову за родную.

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, сябрам якога я з'яўляюся, стаяла і стаіць на варце захавання, падтрымкі, пашырэння беларускамоўнага асяроддзя. Шмат ініцыятываў рэалізавала Таварыства за 15 гадоў сваёй дзейнасці. Але адна грамадская арганізацыя без падтрымкі шырокага кола нашых людзей не здолее зварухнуць гэты камень маўчання і абыякавасці. Кожны грамадзянін краіны павінен усвядоміць, што мова тытульнай нацыі ёсць зарукай незалежнасці і бяспекі нашай краіны. І ўлада ў нармальных стасунках павінна спрыяць такой грамадскай арганізацыі. Што б сталася, калі б у якой дзяржаве на яе тэрыторыі панавала ўсюды іншая мова? Гэта крок да яе акупацыі і, як вынік, знішчэнне краіны.

Мы жывем сярод народаў, якія паспяхова вырашаюць моўныя праблемы ў інтарэсах сваіх грамадзян, сваёй дзяржавы. Ёсць, прыклады нашых суседзяў: украінацаў, палякаў, літоўцаў, латышоў, дзе мова гучыць у парламенце, з вуснаў першых асобаў краіны. Ва ўмовах сённяшняй глабалізацыі асаблівая ўвага ў свеце надаецца працэсам ідэнтыфікацыі, захавання ўнікальнасці культур кожнага народа, сярод якіх мова - найважнейшы фактар. Сябры ТБМ пазітыўна ацэньваюць гэтыя тэндэнцыі і з аптымізмам глядзяць у нашую будучыню. І нікуды не дзецца. Будзе нашая родная Беларусь - беларускаю.

Іншага шляху няма.

Аляксей Марачкін, сябар ГА "ТБМ мя Ф. Скарыны"


ТАКОГА НЕ БУДЗЕ!

Спрабавалі не раз нашу мову забіць,

Радавод свой Ліцьвінскі

прымушалі забыць.


Перапісвалі гісторыю пад чарговага ката,

Забаранялі адзначаць гістарычнае свята,


Беларускія школы гвалтоўна зачынялі,

Слынных пісьменнікаў не друкавалі...


Не атрымалася, як злыдні ні пыхцелі,

Бо галоўнага яны так і не зразумелі!


І сёння нічога не атрымаецца

У тых, хто вельмі спяшаецца


Першым заказчыку далажыць,

Што ўсё зроблена, і мове не жыць.


Нехлямяжныя блазны!

Не спяшайцеся святкаваць перамогу,

Бо тое, што задумалі, падуладна Богу!


А Ён не дазволіць злачынства зрабіць,

Каб вы змаглі родную мову забіць!

Фелікс Шкірманкоў, Слаўгарад



Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваша прапанова аб арганізацыі "круглага стала", прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, абмеркавана Камітэмам сумесна з кіраўнікамі грамадскіх аб'яднанняў нацыянальных супольнасцей і прызнана цікавай, вартай увагі. На жаль, правядзенне такога мерапрыемства ў лютым гэтага года не знайшло падтрымкі.

Адначасова паведамляем, што газета "Голас Радзімы" і грамадскае аб'яднанне "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" запланавалі прыняць удзел і адлюстраваць на старонках газеты падзеі, якія адбудуцца ў Беларусі ў сувязі з Міжнародным днём роднай мовы.

Старшыня Камітэта С. І. Буко.


СКАРЫНА "ПАСЯЛІЎСЯ" Ў КАЛІНІНГРАДЗЕ

У Калінінградзе нядаўна адкрыты помнік беларускаму першадрукару, гуманісту, асветніку Францішку Скарыну. Гэтым адзначаны яго выдатны ўклад у развіццё культуры славянскіх народаў. Помнік устаноўлены ў скверы на вуліцы Аляксандра Неўскага перад корпусамі Калінінградскага дзяржаўнага універсітэта. Ён папоўніў шэраг манументаў, устаноўленых у гонар гэтага вялікага мысліцеля ў Беларусі, польскім Кракаве, італьянскай Падуі.

Францішак Скарына лічыў кнігі крыніцай мудрасці, ён бываў у Кенігсбергу па запрашхэнню герцага Альбрэхта, які цікавіўся яго выдавецкаасветніцкай дзейнасцю. "Звярнуўшы ўвагу, як на яго сапраўдны і дзіўны талент, так і найвышэйшае майстэрства, якое ён дэманструе з дзіўным бляскам і дасведчанасцю, мы міласціва ўпісалі яго ў лік і кола нашых падданых і верных мужоў і адносім яго да шэрагу тых, да каго заўсёды ставімся з прыхільнасцю", пісаў герцаг. Адной з прычын візіту Скарыны ў Кенігсберг магла быць таксама лячэбная практыка, паколькі ён быў доктарам медыцыны.

Аўтар манумента - вядомы беларускі скульптар Міхаіл Арцімовіч, адкрыццё помніка стала магчымым у многім дзякуючы старшыні рэгіянальнай нацыянальнакультурнай аўтаноміі "Калінінградскае зямляцтва беларусаў" Іосіфу Грэчку, а таксама фундатарам.

Іна КАРНЯЛЮК.


ЛЕТАПІС ТАВАРЫСТВА

Падрыхтавала Ірына Марачкіна

(Працяг. Пач. у пап. нум.)

2003 год.

26 студзеня.

У Чырвоным касцёле адбылося паседжанне Рэспубліканскай рады ТБМ. Заслуханы справаздачны даклад старшыні ТБМ Алега Трусава. Зацверджаны план работы ТБМ на 2003 год. Абмеркаваны канчатковы варыянт Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі. Прынятыя звароты: да кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў аб выкарыстанні імі беларускай мовы падчас выбарчай кампаніі, да выбаршчыкаў аб падтрымцы кандыдатаў, якія ведаюць і шануюць родную мову.

27, 28 і 29 студзеня.

Адбыліся судовыя паседжанні Вярхоўнага Суда па зыску Таварыства да Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у сувязі з пісьмовым папярэджаннем, якое атрымала наша грамадскае аб'яднанне 26. 11. 2002 г. за устаноўку мемарыяльнага крыжа ў гонар лідскай шляхты і абвестку пра месячнік "Размаўляем пабеларуску", дзе адсутнічала поўная, зарэгістраваная Мінюстам назва арганізацыі. Суд не задаволіў скаргу Таварыства. ТБМ прайграла судовую справу.

28 студзеня.

Адбылася сустрэча старшыні ТБМ Алега Трусава з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта па пытанні стварэння Беларускага нацыянальнага універсітэта. Прыхільна, з вялікай цікавасцю былі выслуханыя прапановы Алега Трусава.

Студзень.

ТБМ выпусціла кішэнны каляндарык на 2003 г. з выявай Францішка Аляхновіча да 120годдзя з дня нараджэння. Дызайн Ігара Марачкіна.

2 лютага.

Адбылася справаздачнавыбарчая канферэнцыя Менскай абласной арганізацыі ТБМ. Старшынём пераабраны Юры Малаш.

5 лютага.

ТБМ атрымала паведамленне з Міністэрства юстыцыі пра адмену пісьмовага папярэджання. Такое сталася магчымым, дзякуючы выкананню рашэння Рады ТБМ, якая адбылася 26 студзеня 2003 г.

6 лютага.

На паседжанні сакратарыяту прынятая праграма правядзення месячніка "Любім і кахаем пабеларуску". У праграме месячніка: зварот да грамадзян "Любіце і кахайце пабеларуску", рэкламныя лісткі ў навучальных установах, конкурс "валянцінак", конкурсы "Любоўныя пары ў беларускім мастацтве" і "Што і як любілі, каго і як кахалі нашы продкі?", "Як мы пазнаёміліся?".

24 лютага.

Сябры Таварыства прымалі ўдзел у тэлевізійнай праграме "Выбар", прысвечанай будучыні беларускай мовы. Падчас перадачы патэлефанавалі 26 тысяч гледачоў, з іх 65 % выказаліся ў падтрымку далейшага развіцця беларускай мовы.

Люты.

На свой запыт Таварыства атрымала адказ з Менскага гарвыканкама, што ў забудове Вялікая Сцяпянка вуліцы № 7 нададзена імя Ігната Дамейкі, № 8 - Браніслава Тарашкевіча, № 9 - Паўлюка Труса.

Да 100годдзя першай беларускай партыі Грамада ТБМ разам з Фондам імя братоў Луцкевічаў выпусціла кішэнны каляндарык на 2003 г. накладам 1000 асобнікаў. Выкарыстана карціна Аляксея Марачкіна "Іван Луцкевіч".

13 сакавіка.

З нагоды Дня абароны правоў спажыўца на паседжанні сакратарыяту прыняты зварот "Аб выкарыстанні беларускай мовы на спажывецкім рынку" да ўраду, заканадаўчых органаў, Дзяржстандарту.

29 сакавіка.

У падвіленскіх Свіранах у Літве, на радзіме Францішка Багушэвіча, намаганнямі рупліўцаў ТБМ Віленскага краю ў гонар дня народзінаў пісьменніка ўстаноўлены і асвечаны Святы Крыж.

3 красавіка.

Прынятая заява з нагоды новага праекту "Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", у якім цалкам ігнаруюцца нормы беларускай мовы. ТБМ выказвае рашучую нязгоду з аўтарамі праекту.

9 красавіка.

Выйшаў 600ы нумар "Нашага слова".

Красавік.

Абрабавалі сядзібу ТБМ: скралі ўсю інфармацыю з кампутара разам з яго дэталямі.

20 траўня.

На чарговым паседжані абласной рады Гарадзенскай арганізацыі ТБМ абмеркаваны пытанні стану беларускай мовы на Гарадзеншчыне. Прыняты зварот да старшыні абласнога Савета народных дэпутатаў А. Карпуця.

Травень.

Падведзены вынікі конкурсу "Як мы пазнаёміліся?". Яніна Мельнікава і Максім Маслаў з г. Слоніма, якія занялі першае месца, узнагароджаны скіраваннем на курорт "Нарач". Другое месца - Ірына Рабушка і яе муж з Маладзечна, трэцяе - Таццяна Падліпская і Максім з Клімавіч.

ТБМ распрацавала і даслала ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Прапановы па ўдасканаленні "Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Прапановы падрыхтавалі: Генадзь Бураўкін, Лявон Баршчэўскі, Ніл Гілевіч, Сяргей Кручкоў, Вячаслаў Рагойша, Язэп Стэпановіч, Алег Трусаў, Генадзь Цыхун.


НУРСУЛТАН НАЗАРБАЕЎ ПРА РОДНУЮ МОВУ

(З кнігі прэзідэнта Казахстана "У плыні гісторыі")

... Калі ў сучасным Казахстане ставіцца пытанне пра адраджэнне казахскай мовы , гэта праблема не толькі казахскага народа. Існуюць, ва ўсякім разе, тры задачы, што знаходзяцца паза межамі абмежавана ўтылітарнага падыходу.

Папершае, казахская мова ва ўсёй сваё прыгажосці і магутнасці ёсць складовая частка сусветнай моўнай прасторы. Дасягненні казахскай мовы - гэта частка агульнага семантычнага, сэнсавага багацця ўсяго чалавецтва. Гэтаксама, як і дасягненні ўкраінскай, узбекскай ці рускай моў. Ёсць казахскія словы, якіх няма ў слоўніку іншых народаў, і адно праз казахскую мову дадзена зразумець нейкі пласт рэальнасці. Развіццё казахскай мовы - гэта магутны інструмент агульнагуманітарнага кшталту, гэта ўдасканаленне аднаго з метадаў пазнання і ўсведамлення навакольнага.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Іосіф Бродскі параўнаў англійскую і рускую мовы, якімі ён валодаў дасканала, і падкрэсліў, што першая прыпадабняецца да сталага чалавека, а другая, здаецца, да юнака. Магчыма, у нейкіх чыста фізіялагічных вымярэннях ды ў завоблачных вышынях паэтычных дэміургаў гэта слушна, але ў рэальнасці кожная мова самадастаткова багатая для перадачы найдалікатнейшых нюансаў - ад мудрых разважанняў аксакала да размаітых меркаванняў нецярплівага юнацтва, ад адлюстравання заспакаяльных побытавых радасцяў да эсхаталагічных прагнозаў. Ні адзін рускі ніколі не зможа пагадзіцца з тым, што мова Пушкіна чымсьці бяднейшая за мову Шэкспіра, хаця, можа, і ёсць чыста статыстычныя крытэрыі лексічнага багацця і г.д. Сутнасць не ў гэтым, а ў здольнасці мовы адэкватна асэнсаваць рэальны культурнагістарычны досвед народа. Мы мусім зыходзіць з такога разумення, калі гаворым пра развіццё казахскай мовы на зямлі, што яе спарадзіла, зямлі, дзе толькі і ёсць умовы і магчымасці для яе паўнавартаснага развіцця.

Падругое, казахская мова - частка нацыянальнага малюнка свету. Адна з рэальных, а не прыдуманых драм казахскай свядомасці - гэта недастатковае валоданне казахскай мовай некаторай часткі саміх казахаў. У свеце ёсць прыклады захавання нацыянальнай свядомасці паза прымальным валоданнем роднай мовай. Але гэта звычайна адбываецца ў выпадках штучнай асіміляцыі калоній і ў этнічных дыяспарах, а не на этнічнай радзіме.

Не можа быць скансалідаанай нацыі пры адсутнасці базавага элементу кансалідацыі - мовы. Не вінаватая тая невялкіая частка казахаў, якая сёння яшчэ не авалодала ў належнай ступені роднай мовай. Магчымасці прафесійнай мабільнасці, інфармацыйныя магчымасці шмат у чым вызначаліся і задавальняліся веданнем рускай мовы. Гэта, уласна кажучы, водгулле мінулай эпохі. Але сёння задача авалодання роднай мовай робіцца маральным і нацыянальным імператывам кожнага казаха.

Так, напрыклад, яўрэі, што прыехалі з усяго свету ў Ізраіль, адраджаюць сваю родную мову. Забытыя фламандская, якуцкая мовы сёння набываюць статус дзяржаўных. Проста недарэчна бачыць тут нейкі нацыяналізм. Гэта універсальны шлях унутрынацыянальнай інтэграцыі.

Так. Нельга вывучыць мову метадам нядбайнага студыёзуса: за тры дні да экзамену. Аднак і спасылкі на нейкія аб'ектыўныя цяжкасці ўжо не спрацоўваюць. Роднай мовай трэба авалодаць. Бо дзяржава стварыла галоўнае - перадумовы развіцця казахскай мовы. Гэта і канстытуцыйнае замацаванне яе статусу, і ўражальныя зрухі ў сістэме адукацыі, і стварэнне паўнавартаснага інфармацыйнага асяроддзя на казахскай мове. Усяго гэтага проста не было на пачатку мінулага дзесяцігоддзя.

Авалодалі ж рускай мовай, адной з найбагацейшых і найскладанейшых моў, нашы бацькі і дзяды , стварылі ж вельмі рэдкі прэцэдэнт амаль унікальнага білінгвізму не эліты, а мільёнаў людзей, практычна ўсяго народа. Сёння задача больш простая - неабходнасць для нейкай колькасці казахаў авалодаць паўнавартаснай, а не побытавай казахскай мовай. Ніякага трагічнага разрыву тут няма. Патрэбна цярплівасць з боку асноўнай масы казахскай нацыі, для якой мова натуральная, як паветра , і рэальнае імкненне тых, хто зза збегу акалічнасцяў, якія іншы раз не залежалі ад іх, пачуваецца няпэўна ў стыхіі роднай мовы.

Патрэцяе, казахская мова, дзяржаўная па статусу, з'яўляецца мовай, якая функцыянуе на ўсёй тэрыторыі краіны. Для ўсіх грамадзян Казахстана створаны перадумовы для авалодання казахскай мовай.

Бясспрэчна, было б няправільна патрабаваць ад усіх народаў, што насяляюць Казахстан, дасканалага валодання казахскай мовай. Але засваенне азоў дзяржаўнай мовы, якое павінна адбывацца паступова, таксама адзін з інструментаў агульнанацыянальнай інтэграцыі. Ды і нельга надта захапляцца прававой творчасцю ў дачыненні да гэтага складанага пытання.

У практычным плане важнае таксама імкенне да свядомага засваення казахскай культуры і мовы - адной з найбагацейшых культур Еўразіі.

Бо засваенне рускай культуры казахамі - безумоўна і бяспрэчна пазітыўная з'ява, што, практычна, паўплывала на інфармацыйны і інтэлектуальны стан нацыі ўвогуле. Да таго ж гаворка не зводзіцца адно толькі да рацыянальных меркаванняў інфармацыйнага ці інтэлектуальнага кшталту. Гук і думка, увесь лад мовы, на якой пісалі свае творы славутыя раманісты дзевятнаццатага стагоддзя, вобразы Платона Каратаева ці Рыгора Мелехава, Алёшы Карамазава ці старых з далёкай Мацёры, што ўвайшлі ў нашу свядомасць, пакінулі жыццядайнае святло сапраўды вялікай культуры. Яны спрыялі разуменню рэальных вартасцяў рускага народа і рускай культуры, у адрозненне ад усіх і ўсякіх скажэнняў. Менавіта таму стаўленне большай часткі казахаў да аднаго з самых буйных еўрапейскіх народаў вызначаецца не ўспамінамі пра агрэсіўнаістэрычных клікуноў, якія мараць пра рэстаўрацыю, але тымі глыбокімі культурнымі адбіткамі, якія пакінула ў нашай нацыянальнай свядомасці руская гуманістычная традыцыя. Гэта сэнс сапраўднай культуры - збліжэнне народаў на падставе ўзаемаразумення...


Нацыянальнай трагедыі - 60

У гісторыі беларускага народа нямала крутых, пераломных, ключавых падзей. І практычна кожная з іх заканчвалася вынішчэннем або ўцёкамі ў чужыя краіны немалой колькасьці самых выбітных асобаў. У даволі масавых маштабах гэта назіралася падчас паўстання 1794 года на чале з Тадэвушам Касцюшкам, вайны французскага імператара Напалеона з Расіяй 1812 года, нацыянальнавызваленчых паўстанняў 18301831 і 18631864 гг. Першай сусветнай вайны 1914 - 1918 гг, рэвалюцыйных падзей 1917 г. і грамадзянскай вайны. Рэкорд жа па вымушаных уцёках беларусаў за межы роднай Бацькаўшчыны ўстанавіла Другая сусветная вайна. Прычым, гэты рух пачаўся ўжо на першым месяцы яе, калі Чырвоная армія ў верасні 1939 г. увайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая ў той час "з вялікай ласкі Масквы" знаходзілася ў складзе Польшчы.

Грамадскапалітычныя і культурныя дзеячы нацыянальнай арыентацыі зза "усходніх крэсаў" добра ведалі, як жорстка рэпрэсіўныя службы Савецкай Беларусі распраўляліся з іх аднадумцамі, таму, каб ухіліцца ад зусім верагоднай кары, многія падаліся хто куды. Некаторыя нават у бярлог самога фашызму - Германію. Там жа апынулася і нямала беларусаў, што ваявалі на баку палякаў і ў колькасці 70 тысяч чалавек (!) трапілі ў нямецкі палон. Аднак пік вымушанай эміграцыі прыпаў не на пачатак, а на апошні год Другой сусветнай вайны, калі Радзіму пакінула вялікая колькасць беларусаў. І да сённяшняга дня прфнята называць іх здраднікамі, заклятымі ворагамі беларускага народа. Асабліва любілі і любяць у нас раскідвацца такімі ярлыкамі падчас святкавання юбілеяў перамогі над фашызмам. Па розных прычынах не пажадалі вярнуцца да хаты і прымусова вывезеныя на працу ў Нямеччыну і ваеннапалонныя, а таксама асобы беларускай нацыянальнасці, што служылі ў польскім войску, якое разам з саюзнікамі ўдзельнічала ў многіх баях з ворагам.

Было б недаравальнай памылкай, вялікім здзекам з памяці загінуўшых у гады акупацыі людзей адмаўляць адсутнасць у той агромістай масе ўцекачоў на захад сапраўдных злачынцаў перад уласным народам. Іх жа нямала служыла ў паліцэйскіх фармаваннях, створаных акупантамі дзеля барацьбы з партызанамі і падпольшчыкамі. У выніку загінула шмат з тых, хто не жадаў падпарадкавацца новым гаспадарам, заставаўся аддданым "сацыялістычны ідэалам". Вялікія ахвяры неслі і паліцэйскія аддзелы. Словам, дзеці адной маткі беларусы бязлітасна лупілі адзін аднаго, вялі сапраўдную грамадзянскую вайну. Гэта велізарная трагедыя. І бязвіннай ахвярай яе беларусы сталі па віне двух самых магутных у свеце таталітарных рэжымаў: фашысцкага ў Берліне і савецкага ў Маскве. Генеральнай жа рэпетыцыяй такой трагедыі ў СССР з'явіліся масавыя фізічныя рэпрэсіі 30х гадоў, калі не вонкавы вораг, а хвалёныя чэкісты ва ўпор расстрэльвалі сваіх бязвінных суграмадзян. Вось тут і разбярыся, хто большы вораг беларускага народа: такія чэкісты ці паліцэйскія, ад рук якіх гінулі сем'і падпольшчыкаў і партызан? Вельмі цяжка тут быць суддзёй. І яшчэ раз паўтаруся: ва ўсім гэтым вінаватыя не самі беларусы, а тыя ўлады, што панавалі над імі. Калі б падчас вайны Германіі з СССР Беларусь знаходзілася ў геаграфічных каардынатах Башкірыі, Чувашыі ці іншых аддаленых ад яго заходняй дзяржаўнай мяжы нацыянальных рэспублік, у нас не было б ні партызанаў і падпольшчыкаў, ні паліцэйскіх, не вялася б паміж імі братазабойная вайна, не было б каму ўцякаць на захад напярэдадні выгнання акупантаў.

Уцякалі ж туды не толькі ўзброеныя беларускія паліцэйскія, вайсковыя фармаванні, але і зусім цывільныя і часта вельмі адукаваныя людзі, што працавалі ў створаных акупантамі арганізацыях і ўстановах, у тым ліку навучальных, культурнаасветных, медыцынскіх. Прычым уцякалі ў бяспечныя месцы разам з членамі сваіх сем'яў.

У кагосьці можа скласціся меркаванне, што ўцёкі на захад асобаў такіх высакародных прафесій, як пісьменнікі, педагогі, навукоўцы, лекары з'яўляліся зусім неабдуманымі ўчынкамі, бо савецкая ўлада не карала б іх за працу ў адчыненых з дазволу акупантаў арганізацыях і ўстановах. Можа якаянебудзь улада і сапраўды не звярнула б увагі на такое супрацоўніцтва, але толькі не савецкая. Вось тыповы прыклад. Не пакінула яна ў спакоі Самсона Пярловіча з Наваградчыны, які ў 19411943 гг. настаўнічаў, а затым быў вывезены на прымусовыя працы ў Нямеччыну. З 1947 па 1956 год яго жыццё працягвалася ў канцлагерах Комі АССР, Казахстана, Караганды. Затое, ад такіх несправядлівых здзекаў выратаваў сам сябе Анатоль Бярозка, які пры акупантах працаваў лекарам у Баранавічах. Да прыходу Чырвонай арміі пакінуў гэты горад і, жывучы ў эміграцыі, не зведаў, што ёсць такое савецкі ГУЛАГ. Акрамя лекарскай практыкі ў ЗША, займаўся літаратурнай дзейнасцю, прычым у роднай беларускай мове. Сёлета ў Менску выйшла яго кніга "Выбранае".

Да ўступлення ў Менск Чырвонай арміі пакінуў родныя сцены Сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. І меў на гэта рацыю, бо руская праваслаўная царква ў Маскве ніколі не даравала б яму за самавольны выхад зпад юрысдыкцыі Маскоўскай патрыярхіі.

Амаль у поўным сваім складзе рушыла на захад кіраўніцтва Беларускай Цэнтральнай Рады, генеральнага штаба Саюза беларускай моладзі, Беларускай краёвай абароны. Пералічаныя вышэй арганізацыі і ўстановы прынята характарызаваць як структуры, варожыя нашаму народу. Варта заўважыць, што яшчэ ніводзін акупацыйны рэжым не абыходзіўся без стварэння патрэбных яму органаў улады і кіравання з самым шырокім прыцягненнем да працы ў іх мясцовага цывільнага насельніцтва. Так было, напрыклад, падчас паходу Напалеона ў 1812 годзе на Маскву, у гады Першай сусветнай вайны.

Розныя прычыны вялі беларусаў да супрацоўніцтва з фашысцкімі акупацыйнымі ўладамі, але галоўная - усё ж вялікая нянавісць да савецкага таталітарнага рэжыму, які столькі бязвіннае крыві праліў і на Беларусі ў ходзе будавання сацыялізму. Зараз многія з тых, каго ў той ці іншай ступені закранулі сталінскія рэпрэсіі, разлічвалі, што з усталяваннем "новага парадку" на Беларусі ім больш не будзе пагражаць расправа з боку савецкіх спецслужбаў. Пра такія настроі добра ведалі акупанты і пастараліся максімальна выкарыстаць іх пры фармаванні цывільных органаў мясцовага самакіравання. Часта зза неабходнасці мець хоць якінебудзь заробак жаданне працаваць у іх выказвалі і асобы, якіх не закранулі бальшавіцкія масавыя рэпрэсіі, і нават тыя, хто лаяльна ставіўся да савецкай рэчаіснасці. А былі і такія, прычым не ўмалой колькасці, што ішлі на службу да акупантаў з мэтай хоць трохі нейтралізаваць, аслабіць іх злачынную дзейнасць у дачыненні да беларускага народа. Гэтая гульня з ворагам на вастрыні ляза каштавала жыцця даволі вялікай колькасці неабыякавых да лёсу Бацькаўшчыны людей. Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, і іх прынята ў нас называць ворагамі беларускага народа.

А цяпер давайце паспрабуем так спраектаваць сітуацыю: у акупаванай Беларусі ўсе так моцна, шчыра любілі савецкі лад жыцця, што новым гаспадарам не ўдалося знайсці сярод іх людзей, якімі можна было б укамплектаваць установы мясцовых органаў улады. Заставалася б толькі такое выйсце: запрашаць у іх на працу прадстаўнікоў іншых народаў, прычым не толькі суседніх. Не думаецца, што Беларусь ад гэтага нешта выйграла б. Вядома ж, да прыкладу, што зза празмернай адміністрацыйнапалітычнай пасіўнасці беларусаў на іх, сумежных з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй землях, вельмі хутка стаў усталёўвацца характэрны для народаў гэтых краін лад жыцця, асабліва ў сферы адукацыі. І самае страшнае: на гэтых землях беларусы не мелі магчымасці вучыць дзяцей на іх роднай мове, што непазбежна вяло да культурнамоўнай асіміляцыі маладой змены нашага народа. У найбольшай ступені гэта пагражала насельніцтву тых беларускіх земляў, што былі аднесены да правінцыі Усходняя Прусія. На іх знаходзіліся гарады з багатымі беларускімі нацыянальнакультурнымі традыцыямі: Гродна, Беласток, Ваўкавыск і інш. На гэтай этнічнай тэрыторыі Беларусі яе грамадскае і культурнае жыццё пачалі будаваць толькі паводле нямецкіх стандартаў, што немінуча вяло да яго асіміляцыі. Калі дзесьці і працавалі на роднай мове дзяцей невялічкія школкі, дык толькі патаемна.

Становішча стала мяняцца да лепшага на ўсім акупацыйным абшары толькі тады, калі ў мясцовыя органы ўлады і кіравання прыйшла дастатковая колькасць нацыянальнасамасвядомых беларусаў. Цаной вялікіх намаганняў ім удалося ў многіх месцах паставіць народную сістэму адукацыі на нацыянальны грунт. Называць такіх людзей ворагамі беларускага народа не толькі не справядліва, але і злачынна. І многія з іх вельмі разумна зрабілі, што да прыходу Чырвонай арміі ў Беларусь пакінулі яе і ўжо ў чужых краінах прадоўжылі ўзгадоўваць дзяцей нашых эмігрантаў на іх прыродных культурнамоўных традыцыях, якія нядужа шанаваліся ў нас у першыя пасляваенныя гады.

А якіх ж лёс чакаў тых, хто паспадзяваўся на літасць бальшавіцкага палітычнага рэжыму? Самы трагічны, што сёння многім вядома з надрукаваных крыніц, ён, нават, не абмінуў малалетніх дзяцей з тых сем'яў, бацькі якіх "заплямілі сябе" службай з акупантамі. Калі надышоў час такім дзецям вучыцца ў ВНУ, ім усяляк перашкаджалі здзейсніць сваю мару. Намертва быў зачынены ім доступ у вайсковыя навучальні, якія традыцыйна карыстаюцца вялікай прэстыжнасцю ў беларускіх юнакоў.

У колішнім СССР, а зараз у шэрагу іншых краін існуе нямала крытэрыяў, паводле якіх тую ці іншую асобу альбо групу людзей адносяць да катэгорыі ворагаў уласнага народа. Часцей за ўсё пад такое суровае азначэнне справядліва трапляюць тыя, што выступаюць супраць палітычнай незалежнасці краіны, хто гатоў дзеля сваіх асабістых ці групавых інтарэсаў здаць яе нацыянальны суверэнітэт іншай дзяржаве. Ідучы на супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам нацыянальнапалітычныя дзеячы Беларусі ўсё ж не гублялі надзеі штосьці вырваць у яго дзеля дасягнення пэўных правоў у арганізацыі самастойнага мясцовага адміністрацыйнага кіраванн. Яны ж ведалі, што, зыходзячы з пэўныхы стратэгічных мэтаў, Германія ў розныя гады паспрыяла не аднаму народу ўтварыць уласную незалежную дзяржаву. Не маглі такі варыянт цалкам праігнараваць і беларускія нацыянальнапатрыятычныя колы, інтэграваныя ў варожыя ўладныя структуры. І калі вынікі сталіся не такімі, як хацелася, дык у гэтым вінаваты толькі акупацыйны парадак.

Сваю вялікую, шчырую прыхільнасць да ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасці гэтыя дзеячы пераканаўча прадэманстравалі пад час правядзення 27 чэрвеня 1944 года ў Менску Другога Усебеларускага Кангрэсу, у працы якога ўдзельнічала 1089 дэлегатаў. Сярод іх былі і прадстаўнікі ад беларусаў Смаленскай, Чарніаўскай і Арлоўскай акругаў, Польшчы, Літвы, Латвіі і інш. Думку ўдзельнікаў Кангрэсу датычна нацыянальнага суверэнітэту грунтоўна выклаў сябра Беларускай Цэнтральнай Рады Аўген Калубовіч у сваім рэфераце "Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненьні маскоўскага голасу ў беларускіх справах". Востра крытыкаваўся на Кангрэсе і ўрад Польшчы за яго антыбеларускі курс, таму ў аднагалосна прынятай Рэзалюцыі беларускі народ заклікаўся "змагацца са зброяй у руках супраць сваіх векавечных ворагаў" і выказвалася цвёрдая ўпэўненасць: "Што б не здарылася на сьвеце, але ў нашай барацьбе з бальшавізмам мы пераможам і будзем вольнымі". Як бачым, сёетое з абвешчанага, хоць і з вялікім спазненнем, аднак спраўдзілася. Да барацьбы ж з уласным народам ніхто з удзельнікаў Кангрэсу не заклікаў.

Беларускія палітычныя дзеячы на падведамнай акупантам тэрыторыі былі зацятымі ворагамі той часткі нашага грамадства якая належала да бальшавіцкай дзяржаўнапартыйнай эліты, моцна запляміла сябе масавымі фізічнымі рэпрэсіямі над нявіннымі людзьмі. Многія з гэтых дзеячаў гатовыя былі аддаць сваё жыццё, каб толькі не дапусціць аднаўлення на Беларусі сталінскай таталітарнай сістэмы кіравання грамадства. Невыпадкова, такімі бурнымі апладысментамі адказалі прысутныя на Кангрэсе, калі пачулі з даклада А. Калубовіча словы: "Няхай жа памяць крывавага бальшавіцкага панавання ў нашым краі зарасце чартапалохам і крапівою".

Леанід Лыч


ДЗЕНЬ 23 ЛЮТАГА І ГІСТОРЫЯ ГЭТАГА СВЯТА

Дзень 23 лютага афі-цыйна з'яўляецца святам вайскоўцаў - Днём Узбро-еных Сілаў Рэспублікі Бела-русь. Неафіцыйна лічыцца ўвогуле днём мужчынаў, бо неўзабаве адзначаецца Жа-ночы дзень. Мала хто (ці амаль ніхто) ведае, ад якога часу пачала адзначацца гэтая дата. Хаця большасць дарослага насельніцтва на-шай краіны ведае, што гэта свята Савецкай Арміі, а раней Чырвонай Арміі. Якое ж яно мае дачыненне да Беларусі?

Ва ўсіх даведніках 70-х гадоў мінулага стагод-дзя (Вялікай Савецкай Эн-цыклапедыі, Савецкай Гіс-тарычнай Энцыклапедыі, Савецкай Ваеннай Энцы-клапедыі) пра гэтую дату гаворыцца агульа і ў той жа час канкрэтна. Паўсюды адны і тыя ж словы: "У азнаменаванне ўсеагульнай мабілізацыі рэвалюцыйных сіл, масавага ўздыму наро-да па абарону сацыяліс-тычнай Айчыны, а таксама мужнага супраціўлення пер-шых аддзелаў Чырвонай Арміі германскім захопні-кам 23 лютага штогод ад-значаецца як усенароднае свята Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту".

Пачала адзначацца гэтая дата з 1919 года. Спа-чатку святкаванне Дня Чырвонай Арміі было пры-значана ў першую гадавіну дэкрэту Саўнаркому ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні на дабраахвот-ніцкай аснове Рабоча-Ся-лянскай Чырвонай Арміі ў Савецкай Расіі Аднак свят-каванне па нейкіх бюракра-тычных прычынах (пакуль мерапрыемства ўзгадняла-ся) аднеслі на люты 1919 г. і выбралі першую дату, якая трапілася пад руку: 23 лю-тага.

Спачатку самі баль-шавіцкія кіраўнікі не ведалі, як адказаць, чаму менавіта гэты дзень яны звязваюць з народзінамі свайго войска. Напрыклад, вось што пісаў у сваім артыкуле "15 год Чырвонай Арміі" ў газеце "Правда" 5 сакавіка 1933 г. народны камісар па ваенных і марскіх справах СССР К.Я. Варашылаў: " Дарэчы, прымеркаванне святкавання гадавіны РСЧА (Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі - А.Г.) да 23 лютага носіць даволі выпадковы і цяжка вытумачальны характар і не супадае з гістарычнымі датамі".

Клімент Варашылаў меў на ўвазе дату дэкрэта Савета Народных Камісараў Савецкай Расіі ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні Рабоча-Сялянскай Чырво-най Арміі на добрахвотнай аснове ўзамен старой расійскай арміі, якая да таго часу, хоць насіла назву "Рэвалюцыйная", але ўжо амаль цалкам развалілася з-за масавага маштабнага дэзерцірства з арміі, як на фронце, так і ў тыле.

Трэба таксама адзначыць, што адразу пасля дэкрэту ад 28 студзеня 1918 г. Чырвоная армія арганізавана не была. Знаходзілася мала ахвотнікаў запісвацца ў яе шэрагі, пра што сведчаць тэлеграмы з губерняў у Петраград. Так. У Ніжнім Ноўгарадзе пайшлі служыць у Чырвоную ар-мію 174 чалавекі, у Іркуцку - 350, у Царыцыне - 375. З Іванава-Вазнясенска паведамлялі, што "арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе вяла", з Вязьмы - што "арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе марудна". Бальшавіцкія агітатары на вакзалах буйных гарадоў звярталіся да ўцекачоў з фронту: "Таварышы дэзерціры! Мы не павінны кідаць вінтоўку! Рэвалюцыя ў небяспецы! " Бывалі выпадкі, што пад выглядам дабраахвотнікаў у армію запісваліся звычайныя марадзёры і крымінальнікі, якія рабавалі насельніцтва. Так, у сакавіку 1918 г. у Маскве была сфармавана "армія Пятрова" з больш чым 2 тысячаў чалавек. Пад Палтавай гэтая армія "займалася толькі рабаваннем, чым настроіла супраць Савецкай улады ўсё насельніцтва", а пры першай жа сутычцы з нямецкімі і ўкраінскімі войскамі "армія Пятрова" ўцякла ў Варонеж, дзе працягвала рабаваць людзей. Прыйшлося новым воінскім часткам яе раззброіць, а бальшавіцкім уладам яе распусціць.

У лютым 1918 г. Чы-рвонай Арміі яшчэ не было. Фактычна Савецкі ўрад Ул. Леніна ў сваім распараджэнні меў асобныя аддзелы матросаў, чырвонагвар-дзейцаў - рабочых і невялікія рэшткі старой арміі.

Больш канкрэтна дата нараджэння Чырвонай Арміі была ўстаноўлена ў 1938 г., у разгар масавых рэпрэсій, падчас якіх была вынішчана большасць са-праўдных стваральнікаў савецкіх войскаў. Была прыдумана і прычына для святкавання дня 23 лютага. У "Кароткім курсе гісторыі ВКП(б)" (с.207), які асабіста рэдагаваў І. Сталін, сцвя-рджалася, што дзень адпору савецкіх войск нямецкім войскам (падчас наступу немцаў з 18 лютага 1918 г. на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора) якраз прыпадае на 23 лю-тага 1918 г. - маўляў, менавіта тады маладая Чырво-ная Армія нанесла паражэнні нямецкім войскам у баях пад Нарвай і Псковам. Паколькі кніга гэтая была адрэдагавана Сталіным, то яна стала абавязковай для вывучэння на палітінфармацыях і палітзанятках савецкімі грамадзянамі ва ўсіх установах і калгасах, так бы мовіць, падручнік па савецкай ідэалогіі.

Так узнік міф пра пер-шыя перамогі Чырвонай Арміі, а святкованне 23 лютага атрымала "навуковае абгрунтаванне. Потым савецкія гісторыкі распіс-валі гэтыя перамогі, а адзін з мастакоў нават атрымаў Сталінскую (з 1956 г. Дзяржаўную) прэмію за карціну пра разгром немцаў. Гэты міф пра 23 лютага надоўга і трывала ўвайшоў ва ўсведамленне пакаленняў савецкіх людзей. Такім чынам, была канчаткова замацавана дзяржаўнае вайсковае свята сталінскага гатунку. У Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (2-е выд.) у томе 35-м 1955 г., на с. 257-258 быў змешчаны артыкул. "Пскоўска-нарваўскія баі", дзе адзначалася, што гэта "першыя баі маладых частак Чырвонай Арміі, што фармаваліся, сумесна з аддзеламі Чырвонай гвардыі, рэвалюцыйных матросаў і салдатаў былой царскай арміі 18 лютага (4 сакавіка) 1918 г. у раёне Пскова і Нарвы супраць войскаў кайзераўскай Нямеччыны". Спасылкі ў гэтым артыкуле ёсць па артыкулы Ул. Ле-ніна ў прэсе 1918 г. і на два сціплых зборнікі дакументаў і матэрыялаў, у якіх цмяна гаворыцца аб па-дзеях. Да таго, нямецкія войскі пачалі наступ на фронце апоўдні 18 лютага, і ў той жа дзень з-пад Рыгі да Нарвы і Пскова яшчэ не дайшлі.

Савецкія гісторыкі нават у 80 - х гадах мінулага стагоддзя працягвалі распісваць ваенныя дзеянні, зразумела з перамогай Чыр-вонай Арміі. Праўда, у Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі (том 5, 1978, с. 493) у артыкуле "Нарва" гаворыцца: "У лютым 1918 аддзелы Чырвонай Арміі пад Нарвай уступілі ў бой з кайзераўскім войскам", а ў томе 6 (1978, с.621) у артыкуле "Пскоў" "У лютым 1918 у пачатку Грамадзян-скай вайны пад Псковам і Нарвай аддзелы маладой Чырвонай Арміі ўступілі ў бой з германскімі інтэрвентамі". Нават у сучасных падручніках па гісторыі Расіі , што выдаюцца ў Маскве, захавалася фраза "Чырвоная Армія спыніла немцаў пад Псковам". Такім чынам, захоўвацца версія з "Кароткага курсу гіс-торыі ВКП(б)" 1938 году.

Але ці былі ў лютым 1918 г. баі пад Нарвай і Псковам? Савецкі вайсковы гісторык М. Я. Какурын (1883-1936 гг.), былы пал-коўнік царскай арміі, а по-тым камандуючы 3-й чырвонай арміяй (у кастрычніку-снежні 1920 г.) на Заходнім фронце і потым выкладчык Вайсковай акадэміі РСЧА, пазней рэпрэсаваны , у сваёй капітальнай працы "Як зма-галася рэвалюцыя" (т. 1, 1925, перавыдадзенай ў 1990 г.) на с. 176 адзначае: "... немцы 18 лютага 1918 г. перапынілі мірныя перага-воры і перайшлі ў наступ на ўсім фронце ад Балтыйска-га да Чорнага мора.

Наступаючы па тэрыторыю Вялікаросіі і Бела-русі, немцы, нідзе не сустр-акаючы супраціўлення ста-рой арміі, якая ўжо зусім разлажылася, лёгка дасягнулі лініі Нарва-Пскоў-Полацк-Орша-Магілёў.

Наступ германцаў прымусіў Савецкі ўрад падпісаць мір, і 3 сакавіка 1918 г. ён быў урэшце падпісаны". Аднак у 1930 г. М.Я. Какурын быў арыштаваны, потым асуджаны і памёр у Яраслаўскім палітізалятары у 1936 г. (праз 20 гадоў рэабілітаваны), а кніга яго была забаронена, і чытачы пра яе доўгі час не ведалі, ажно да 1990 г., бо яна абвяргала версію савецкіх гісторыкаў пра грамадзянскую вайну.

Першым у савецкі час афіцыйную версію пра падзеі 23 лютага 1918 г. самі таго не жадаючы, паставіў пад сумнеў чалавек пабоч-ны. (У 1951 г. пісьменнік А.М Сцяпанаў (1892-1965 г). лаўрэат Сталінскай прэміі за раман "Порт-Артур" у 1946 г. Працуючы над ра-манам "Сям'я Званаровых" пра далейшы лёс сваіх персанажаў, ён зацікавіўся абставінамі першых баёў Чырвонай Арміі і ўстанавіў бясспрэчны факт: 23 лютага 1918 г. баёў пад Нарвай і Псковам не адбывалася.

Як сведчыць гене-рал-маёр, прафесар С.Ф. Найда ("Военно-исторический журнал", 1964, № 5) у сваім артыкуле "Чаму дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту святкуецца 23 лютага?" , пісьменнік А. М. Сцяпанаў звярнуўся з лістом да Сталіна па гэтым пытанні. Сталін пераслаў ліст пісьменніка ў сакратарыят галоўнай рэдакцыі "Гісторыі грамадзянскай вайны ў СССР" , які ўзна-чальваў С.Ф. Найда. Праверыўшы архіўныя даку-менты і газеты за люты - сакавік 1918 г. С. Ф. Найда і яго супрацоўнікі падцвердзілі выснову А. Сцяпанава: Сапраўды, пад Псковам і Нарвай ніякіх баёў не было.

Звернемся да яшчэ аднаго сведкі. Гэта генерал-лейтэнант царскай арміі, а потым генерал-лейтэнант Савецкай Арміі Міхаіл Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч (1870-1956 гг) "бальшавіцкі генерал", як яго ахарактарызаваў у сваіх мемуарах А. І. Дзянікін. Дарэчы, ге-нерал А. І. Дзянікін меў рацыю. Генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў старэйшым братам вядомага бальшавіка Уладзіміра Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча (1871-1955 гг), блізкага супрацоўніка Леніна, кіраўніка спраў Саўнаркома РСФСР у 1917-1920гг. У лістападзе 1917 г. генерал-лейтэнанта М. Д. Бонч-Бруевіча, адукавана-га і дасведчанага вайскоўца, прызначылі начальнікам штаба савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандуючага прапаршчыка М. В. Кры-ленкі. Раней генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў галоўнакамануючым Паўночным фронтам. Стаўка М.В. Крыленкі знаходзілася у гэты час у Магілёве. Па загаду Ул. Леніна 19 лютага 1918 г. генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў выкліканы ў Петраград. Толькі вечарам 22 лютага 1918 г., праехаўшы цягніком дзве ночы і дзень, ён дабраўся да Смольнага на нараду да Леніна як успамінае М.Д. Бонч-Бруевіч ("Вся власть Советам", М., Воениздат, 1964 г.) Ленін заявіў некалькім былым царскім генералам, што ў савецкага ўрада няма ніякіх войскаў для абароны Петраграда і што трэба іх фармаваць.

У той жа дзень, 22 лютага газеты апублікавалі прыняты напярэдадні дэк-рэт Савета народных камісараў "Сацыялістычная ай-чына ў небяспецы!". У гэтым дакуменце нічога не гаварылася аб усеагульнай прымусовай мабілізацыі. Дэкрэт абавязваў "усе сілы і сродкі краіны" перадаць "на справу рэвалюцыйнай абароны".

М. Бонч-Бруевіч і яго супрацоўнікі ўжо 23 лютага стварылі выведгрупы, якія былі накіраваныя насустрач нямецкім войскам, што наступалі на Нарву і Пскоў і далей маглі пайсці на Петраград. У той жа дзень, 23 лютага 1918 г. у Петраградзе прайшлі мітынгі пад лозунгам "Абарона сацыялістычнай айчыны", фармаваліся аддзелы Чырвонай Арміі з дабраахвотнікаў. Аднак ніякіх баёў у гэты дзень не было, бо аддзелы Чырвонай Арміі яшчэ не былі сфармаваныя. Наадварот, як раз у гэты дзень германскае камандаванне аддало загад прыпыніць наступ (але пра гэта ў Петраградзе не ведалі). Узяцце Петраграда патрабавала б значных стратаў, а дагэтуль нямецкія войскі ішлі наперад трыумфальным маршам, часта ў цягніках, або ў аўтамабілях па шашы. Немцы без бою падыйшлі да Нарвы, але далей не пайшлі, высылаючы на ўсход ад Нарвы толькі выведвальныя кавалерыйскія раз'езды.

Пад Нарву М. Дз. Бонч-Бруевіч накіраваў аддзел матросаў Балтыйскага флоту пад камандаваннем П.Я. Дыбенкі (былога старшыні Цэнтрабалту) з камісарам А. Р. Жалязняковым (тым самым, што быў начальнікам варты таўрычаскага палаца і сказаў дэпутатам пры разгоне Устаноўчага сходу: "Варта стамілася, пакіньце памяшканне!").


Шчыры руплівец на ніве беларускай

Да 60 - годдзя Яўгена Сахуты

Як шчаслівейшы перыяд жыцця ўспамінаецца пачатак 90х гадоў, калі жыццёвы лёс шчасліва сутыкнуў з незвычайнай асобай Беларусі Яўгенам Сахутам - даследчыкам бадай самай разгалінаванай вобласці самасцвярджэння і самавыяўлення мастацкага генія народа - шматлікіх разнавіднасцяў прыкладнога мастацтва.

Пад час шматлікіх комплексных экспедыцый па "запаведніку старажытнаславянскай культуры" Палессю ў складзе Часовага навуковага калектыву, створанага Беларускім інстытутам праблем культуры, на тэрыторыі ад Лоева да Маларыты быў зафіксаваны на паперы, аўдыё і відэастужках велізарны ўнікальны фальклорнаэтнаграфічны матэрыял аб вытоках этнічнай культуры Палесся ў сучасных запісах. Якраз узначаліў гэты калектыў і на высокім прафесійным узроўні кіраваў ім будучы доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута, які меў ужо досвед даследавання рэгіёна як адзін з аўтараў акадэмічнай працы "Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура Палесся" (1987). Вынікі рэдкага для ХХ, у адрозненне ад ХІХ стагоддзяў комплекснага даследавання былі падагульнены і выдадзены ў зборніку "Адраджэнне традыцыйнай мастацкай культуры Палесся" як канцэптуальныя асновы і праграмныя кірункі будучай Дзяржаўнай праграмы развіцця традыцыйнай мастацкай культуры гэтага старажытнаславянскага рэгіёна (дзеля справядлівасці з жалем зазначым, што гэты кірунак цяпер распрацоўваецца больш НДЛ беларускага фальклору БДУ і яшчэ боль аўтарытэтна ЮНЕСКА, а не названым інстытутам).

Таленавітага даследчыка традыцыйнай культуры дала Беларусі вёска Вечатарова на Стаўбцоўшчыне якраз на першае вялікае веснавое свята СтрэчаннеГрамніцы 15 лютага пераможнага 1945 года. Пасля заканчэння школы і мастацкаграфічнага факультэта Віцебскага педінстытута ў 1972 годзе стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, дзе ў 1982 стаў кандыдатам, а ў 1996 доктарам мастацтвазнаўства і ў якім ён цяпер ўжо як вядучы навуковы супрацоўнік працуе больш за трыццаць год. За гэты час Сахута абышоў і аб'ехаў амаль ўсе запаведныя куточкі Беларусі і даследаваў шматлікія рэдкія, а часам і забытыя віды прыкладнога мастацтва: кавальства, ганчарства, цацкі, выцінанкі, саломапляценне, кераміку, разьбу па дрэве, велікодныя пісанкі і мн. мн. іншыя.

Своеасаблівым этапам і ў некаторай ступені вынікам працы стала фундаментальная манаграфія 1997 года "Народнае мастацтва Беларусі". Яна заклала першапачатковы фундамент для наступных даследчыкаў і дае ўяўленне аб незвычайным багацці і разнастайнасці народнага мастацтва беларусаў, яго традыцыі і сучасны стан, асаблівасці існаванняі тэндэнцыі развіцця.

У актыве вучонага асобныя кнігі і даследаванні амаль аб усіх пералічаных відах мастацкіх вырабаў, сотні артыкулаў, дакладаў на канферэнцыях, лекцый і навуковапапулярных выступленняў. Апошні прыклад - толькі што праведзены 27 студзеня 2005 года Рэспубліканскі майстарклас доктара мастацтвазнаўства Яўгена Сахутыдля кіраўнікоў студый і гурткоў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання, які быў упершыню праведзены вучоным ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, што сведчыць аб яго душэўнай і фізічнай маладосці і бадзёрасці.

Выдатны вучоныарганізатар у 1992 годзе аб'яднаў лепшых майстроў ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, узначаліў яго і да гэтага часу кіруе ім на высокім навуковаметадычным узроўні. За шматгранную навуковую і арганізацыйную дзейнасць Яўген Сахута ў 1996 годзе быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, а ў 1997 - прэміяй Міністэрства культуры Беларусі.

Не кожнаму навуковаму калектыву пад сілу зрабіць столькі, колькі зрабіў у мастацтвазнаўстве Яўген Сахута. Такі важкі плён - вынік выдатнага спалучэння нястомнасці і таленту даследчыка, шчырай сыноўняй адданасці роднай зямлі маціБеларусі. Які захапляльны прыклад вернага служэння ідэалам роднага народа!

Добрага навуковага і творчага плёну табе, сябра Яўген! У тваёй высокай стройнай постаці яшчэ столькі жыццёвага запалу і бадзёрасці. Жадаем табе захаваць іх да канца жыцця на доўгіядоўгія гады! Няхай народнае, ахоўнае ад самай застрашальнай народнай стыхіі свята Грамніц і надалей беражэ цябе.

Васіль Ліцьвінка.


Школа адмовілася ад "Нашага слова"

"Навошта ім

шляхетны Міцкевіч,

Тым болей

мужыцкі Купала?

Раб безназоўны

найлепей кеміць

З чаркай і лустай сала..."

Іосіф Дзенісюк.

Вялікасельская базавая школа лічыцца беларускамоўнай. Урокі тут вядуцца на роднай мове, але паза школай яе не пачуеш ні ад вучняў, ні, тым больш, ад настаўнікаў.

Пытаецца настаўніца беларускай мовы (!) у краме: "Дайця мне твораг". Чаму не "тварог"? Праўда, на тым тварагу й напісана "Творог".

Этыкеткі, абвесткі розныя, квіткі на расейскай мове - наша бяда, прыклад татальнай русіфікацыі Беларусі.

Чую, як адна кабета, не настаўніца, кажа: "З тваёй беларускай мовай адно апазорышся, як дзе паедзеш у горад".

- А няўжо ж табе сорамна размаўляць на роднай мове?

- Каб гэта ўсе разгаварывалі пабеларуску...

- А навошта табе чакаць усіх? Пачні з сябе: дома, на працы, мужа прывучы, не давай яму нічога, нават таго, чаго ён ад цябе вельмі хоча, без чаго жыць не можа, пакуль пабеларуску не папросіць. І дзеці, гледзячы на вас, будуць размаўляць і не саромецца.

Бачу, як цяжка прыходзіцца нашай роднай мове, нават у вёсцы, у беларускай школе. Захацелася дапамагчы ёй, гаротнай. Падпісаў школу на газету ТБМ "Наша слова". Думаў, зацікавяцца, калінікалі прачытаюць што, павысяць свой інтэлектуальны ўзровень. Дый, як кажуць, доранаму каню ў зубы не глядзяць. А выйшла, што глядзяць, ды яшчэ як! Пільна глядзяць!

Прыносіць мне аднаго разу паштарка два аднолькавыя нумары "Нашага слова". На адным пазначана: "Школа от получения отказалась". Тэлефаную ў школу: "Чаму?" Дырэктарка адказвае парасейску: "Не надо нам такую газету, эта газета для наших детей слишком сложная" (?)

- Дык можа настаўнікі што цікавае для сябе займелі б?

- Мы тут абсуждалі і рашылі, што яна нам не нужна.

- У вас жа беларуская школа, а гэта газета Таварыства беларускай мовы.

- У нас ёсць беларускія газеты: "Настаўніцкая", "Рэспубліка", "Беларусь - сегодня".

Ну што ж, саўгасным рабам не патрэбна родная мова. Рабы - нямыя! Бо, глядзі ж, за мовай успомняць сваю культуру, гісторыю. Абудзіцца свядомасць, гонар і годнасць, захочуць людзьмі звацца, скажуць: "Мы - не рабы, мы - беларусы, еўрапейская нацыя, вольны, самастойны народ".

А хто ж тады будзе рупіцца пра сельскую гаспадарку, падвышаць надоі, "прывесы" ды валавыя зборы. І без таго вёска вымірае, а то і зусім усе разбягуцца, "адрадзіўшыся".

І хоць мне сорамна за школу, у якой калісьці вучыўся, я прашу: "Даруй ім, Божа, не ведаюць, што вытвараюць!"

П. Дырында.


МУЗЫКА ДЗЯЦІНСТВА Ў ПРОЗЕ ІВАНА НАВУМЕНКІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Л. Кароткая ў артыкуле «Ад імя пакалення» піша: «Выдатна ўмее пісаць Іван Навуменка аб дзецях і для дзяцей. Яго аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» вылучаецца разуменнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем драматызаваць штодзённасць, без дакучлівай павучальнасці ставіць і вырашаць сур'ёзныя пытанні маралі і паводзін».

З гадамі ўсё часцей даносіцца з мінулага музыка першых жыццёвых уражанняў. Іх захоўвае мястэчка Васілевічы (у творах-Базылевічы, Бацькавічы), у якім нарадзіўся будучы пісьменнік. Успаміны дзяцінства хаваюцца ў маляўнічым апісанні мястэчка, яго двароў, пейзажных малюнкаў «Кожная дзялянка несла свае пахі, свой настрой, розны кожнага новага дня...»; «Цудоўны лес пры ціхім дажджы: ён закалыхвае, люляе аднастайным, мяккалагодным шэптам. Лес - жывая вопратка зямлі, яе музыка.» («Па грыбы»).

Калі ўважліва прыслухацца - і мястэчка, дзе колісь жыла сям'я - маці, бацька, дзед Піліп, бабуля Ёўга і дзеці, напаўняецца гукамі забытых сёння гульняў у "ялавога", «кругавога», «цуркі», меладычнымі гукамі, музыкай народных фальклорных святаў, музыкай лесу і лясных жыхароў.

Не цяжка заўважыць, што музыка дзяцінства на старонках кніг пісьменніка паглыбляецца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, мастацкім уменнем паказаць духоўнае сталенне дзяцей у тыповых абставінах, уменнем стварыць розныя цэласныя характары дзяцей з уласцівымі ім пачуццямі, дзіцячымі клопатамі, радасцямі і засмучэннямі.

Сённяшні чытач заўважае ўнутраны аўтарскі зрок тых далёкіх гадоў, калі гульні ў «ялавога» , «кругавога», «вайна за копанку» былі вясёлымі дзіцячымі гульнямі.

З лёгкім гумарам, што падтрымлівае агульны давяральны тон у адносінах да ЯкаваЯкубаЯшы Яскаўца, уводзіць Іван Навуменка ў дзіцячыя перажыванні хлопчыка, якому, хай і чытач пераканаецца, не пашанцавала на імя: «Мала нарадзіцца на свет чалавекам, у якога ўсё на месцы і ўсё па норме: дзве рукі, дзве нагі, галава, вочы. Да ўсяго гэтага трэба мець яшчэ добрае імя. Яшу на імя не пашанцавала».

Гэта - рытмічны зачын, які дае чытачу падставу ўявіць сабе светаўспрыманне самога пісьменніка, яго эмацыянальнае пачуццё, якое асвятляе аповесць - ад змястоўна выказанай філасофскай думкі і да тонкіх музыкальных адценняў вобразнавыяўленчых сродкаў пры першасным знаёмстве з героем аповесці хлопчыкам Яшам. Размова ідзе і аб суб*ектыўнасці творцы, у духоўнай скарбніцы якога нараджаецца такі сплаў думак і пачуццяў. «Люблю фантазію і таямнічасць. Гэта з самых малых год. Усякаму падшыванцу, калі яму міне пяць вёснаў, хочацца, каб свет хадзіў дагары нагамі. А незвычайнае пачынае вабіць з калыскі...» -так пачынаецца апавяданне «Жуль Верн». «Вочы, вушы, сэрца, гарачая кроў ёсць у звяроў, у птушак, у жывёл, а мара - толькі ў аднаго чалавека... Мяне навучыў марыць лес. Лесам быў акружаны наш невялікі чыгуначны пасёлак з усіх чатырох бакоў» - зачын апавядання «Верасы на выжарынах». А вось, як пачынаецца навела «Соль»: «Калі ты, чалавек, маеш хлеб і да хлеба, ты яшчэ маеш не ўсё. Калі на тваіх плячах добрая апранаха, а на нагах сапраўдныя ялавыя боты, ты яшчэ не багач...».

Зазначым, што такія памайстэрску рытмічныя, з філасофскім падтэкстам, зачыны твораў надзвычай характэрныя для індывідуальнай манеры Івана Навуменкі як аўтара эмацыянальных дзіцячых апавяданняў, дзе лірычны герой і аўтарскае «я» шмат у чым перакрыжоўваюцца, дапаўняюць адзін другога, чым у пэўнай меры дасягаецца пачуццёвая цэласнасць характару, ствараецца адчувальны эфект яго мастацкай абжытасці ў творы. Назва ж твора, як пісаў Бялінскі, указвае ці на галоўнае з дзейных асоб, у якой увасабляецца пісьменніцкая думка, ці проста на гэтую думку, ідэю.

Проза Івана Навуменкі - даверлівая, высокакультурная, пачэхаўску лаканічная, у якой увага да ўнутранага свету герояўдзяцей спалучаецца з лёгкім гумарам, тонкім псіхалагізмам. У творах Івана Навуменкі для дзяцей выразна жыве эпоха, час, адчуваецца аўтарскі голас таленавітага навелістасучасніка. Ён - у прастаце мастацкай, «нечуванай прастаце» (Б. Пастэрнак), якая відавочна і ад высокай пісьменніцкай культуры, і ад яго эстэтычнага ідэалу, ад музыкі дзяцінства. Выхаваўчых момантаў у творах пра дзяцей - шмат.

У якасці сацыяльнай ячэйкі ў аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі» ўзяты дзіцячы калектыў, паколькі тут маюцца неабмежаваныя магчымасці назіраць, як новыя сацыяльнаграмадскія формы адносін - міласэрнасць, гуманізм, калектывізм, дружба і сяброўства - становяцца натуральнай асновай жыцця і паводзін дзяцей, якія нарадзіліся ў далёкія 20я гады, як паступова складваецца калектывісцкая свядомасць, якія фактары вызначаюць гэты працэс. Цэнтральны герой аповесці Яша Яскавец - хлопчык, увесь воблік якога створаны мастаком у сукупнасці розных рыс яго характару: душэўнай цеплыні, чэснасці, пранікнёнасці ў сутнасць справы - адным словам, увесь характар раскрыты ў яго шматграннасці, той прасветленай яснасці, якая пранізвае яго воблік. Прасочым гэта на адным з прыкладаў.

Калі Яша быў у другім класе, настаўніца Марыя Рыгораўна задала аднойчы дадому цяжкую задачу, якую, акрамя Яшы ніхто не рашыў. Хлопцы проста паспісвалі ў Яшы, і аб гэтым учынку дзяўчынка Ліза расказала настаўніцы, бо была пераканана, што вучням павінна быць сорамна. «Калі ішлі дадому, хлопцы хацелі якнебудзь адпомсціць Лізе за яе доўгі язык. Але за Лізу заступіўся Яша. Ён нават пасварыўся з Аркадзем Панядзелкам» Тое, што Яша заступіўся за дзяўчынку - добра.

Зазначым, што якасці асобы навуменкаўскх герояўдзяцей вынікаюць не толькі з таго, як да яго адносяцца і як ацэньваюць другія, але і з таго, як сам герой адносіцца да іншых, як праяўляе сябе ў зносінах з імі. Паглядзіце, які неаднолькавы Аркадзь Панядзелак у залежнасці ад таго, з кім і ў якой сітуацыі ён апынаецца. Здаецца, Іван Навуменка першы з беларускіх пісьменнікаўнавелістаў як дзіцячы пісьменнік стварыў літаратурны вобраз неардынарнага дзіцяці і раскрыў яго псіхалогію. Аркадзь Панядзелак, на думку хлопчыкаў, «здраднік», «перабежчык»: ён перабягаў ад аднаго «войска» з вуліцы Слабодка, далучаўся да другога - з вуліцы Першамайскай. Хутка высветліліся і прычыны, чаму здрадзіў Аркадзь Панядзелак: Першамайка проста мела больш садоў, чым Слабодка, а значыць стары Салвэсь, на думку хлопчыкаў, добра карміў яблыкамі Панядзелка. Аркадзь стаяў то за Слабодку, то за Першамайку. Усё залежала ад таго, з кім у той ці іншы дзень Аркадзь дружыў. «Яша, прыйшоўшы ў клас, кожны раз дапытваўся ў яго:

- Ты цяпер чый?

Калі Аркадзь быў у згодзе са Слабодкай, ён падаваў Яшу руку. Калі ж у гэты дзень ён належаў да першамайцаў, то вінавата лыпаў сваімі бялёсымі вачамі і адварочваўся». Зноў прыйшло лета, канікулы. Дзеці зноў ваявалі за копанку. Хоць Панядзелак здраджваў некалькі разоў, Алёша Тарабан «камандзірам палка» прызначыў і Аркадзя. Аднак Панядзелак паўтарыў свае ўчынкі. Нягледзячы на тое, што ён быў камандзіірам палка са Слабодкі, ён усёй душой прагнуў быць з хлопцамі Першамайкі. Цяпер хлопцы з каманды Алёшы Тарабана яму не давяралі і прыдумалі план учыніць допыт Панядзелку.

Эпізод гэты адзін з самых цікавых у аповесці. Чытач хвалюецца за Аркадзя, становіцца іншы раз шкада хлопчыка, іншы раз у нечым пранікаецца сімпатыяй да яго. Панядзелак выдаў хлопцам са Слабодкі некалькі сакрэтаў Першамайкі, бо ўсвядоміў, што Косця Кветка ў сто разоў разумнейшы за Тарабана: Косця Кветка любіў чытаць кнігі, ён арганізаваў камуну, ён і яго сябры сушылі крушыну, лазу, здавалі ў краму, збіраючы грошы на лыжы і канькі. Гэтыя першамайцы былі проста цудоўныя хлопцы. Яны яшчэ хадзілі абкопваць дубкі, памагалі калгасу.

Праз кароткую, але досыць гаваркую заўвагухарактарыстыку намаляваны вобраз «самага дужага на іхняй вуліцы жылістага, рудога Алёшы , якога ўсе баяцца. Сказанае пра Алёшу Трабана не раз паўторыцца ў аповесці, але абавязкова ў звязку з канкрэтнымі абставінамі.

Дарэчы, кожнаму ў нечым адмоўнаму персанажу, такому, як Аркадзь Панядзелак, ці такому, як Алёша Тарабан, даецца ў аповесці, праведзеная праз унутраны маналог Яшы Яскаўца заўвагахарактарыстыка, якая потым пацвярджаецца і адпаведнымі паводзінамі і ўчынкамі.

Выкарыстаны гэты прынцып і пры раскрыцці некаторых рыс характару старога Тарабана, пра якога сказана: «Але яшчэ болей не любіў ён /Яша. -Л.П./ Алёшавага бацьку. Стары Тарабан быў заўсёды злосны, насуплены, на людзей пазіраў зпадылба. Здаецца, ніколі не смяяўся». Знешняе ў абліччы персанажаў, як правіла, адпавядае іх унутранай сутнасці: без ніякавага шкадавання разбурае бацька Алёшы Тарабана гняздо ластавянят у Яшавым старым хляве.

У аповесці некалькі герояў: ужо знаёмыя Яша Яскавец, Аркадзь Панядзелак, Алёша Тарабан, а таксама Змітрок Калашкан, Алесь Бахілка, іншыя хлопчыкі са Слабодкі, з аднаго боку; Косця Кветка і яго сябры з Першамайскай вуліцы, з другога, паміж якімі, нагадаем, па ініцыятыве Алёша Тарабана ідзе вайна за Цітаву копанку. Непаразуменні паміж вуліцамі заканчваюцца перамогай Першамайкі, вуліцы, сярод дзяцей якой была моцная дружба, цікавыя гульні, не менш цікавыя карысныя справы, якія добраахвотна арганізавала Першамайка пад камандай белагаловага Косці Кветкі. Навуменкаўскія героі яшчэ дзеці: вучацца ў першым і другім класах і жыццё сваё вывяраюць у дзіцячых гульнях, у тым ліку і ў вайне за Цітаву копанку.

Зазначым, што ў аповесці поруч з эпічным узнаўляецца схільнасць да лірызацыі як прынцыпа тыпізацыі характру. Нават у дзіцячай тэматыцы, натуральная стыхія якой лірычнарамантычная, эпічна аб'ектывізаваным успрымаецца вобраз Яшы Яскаўца, калі ён з «прыдуркаватым» Пепам пасе кароў, клапоціцца пра сваю Рагулю, бавіць час у гульнях з сябраміравеснікамі. Калі ж Яша застаецца сам на сам, тут ён у палоне сваіх думак, сваёй дзіцячай мары. А мара яго была падзіцячу цікавая, пра яе хлопчык думаў усю зіму, як бы яму «праскакаць верхам на кані па вуліцы, каб яго ўбачыла настаўніца Марыя Рыгораўна ці Ліза».

Ці даўно, здаецца, сам Іван Навуменкапісьменнік быў такім, як гэты маленькі Яша, а цяпер ён старэйшы на цэлую эпоху. Творца не абмяжоўваецца ўспамінамі аб сваім дзяцінстве. Ён творыць вобраз дзяцінства, наноў узнаўляе свет дзяцей даваеннага пакалення. Празаік памастацку асэнсоўвае гэты свет пачуццёва, псіхалагічна, негубляючы апавядальнага рытму. Пазней стане вядома, што дзіцячая мара Яшы здзейснілася: «У той вечар ён скакаў на кані. Ён ляцеў услед за белагаловым Косцем і бачыў, што Марыя Рыгораўна стаяла ля сваіх веснічак».

Характэры аповесці індывідуалізаваны, яны надзелены «па іх унутранай сутнасці» тымі ці іншымі хібамі і дабрачыннасцямі, выяўленне якіх падпарадкоўваецца логіцы паводзін і аўтарскай пазіцыі. Не прымушаючы сябе да выканання якоганебудзь доўгу, а натуральна і свабодна, як падказвае ўнутраная неабходнасць, жывуць героі Івана Навуменкі. Падкрэслім думку аб тым, што пісьменніку ўдалося стварыць вобраз дзяцінства. Кожны з маленькіх хлопчыкаўгерояў унутрана сталее, мужнее, аднак пры гэтым застаецца хлапчуком з дзіцячымі захапленнямі гульнямісвавольствамі.

Іван Навуменка здолеў падняць быт да ўзроўню паэзіі: настраёвыя малюнкі ў яго прозе існуюць адпаведна настрою таго ці іншага героя, яго дзіцячага клопату, адпаведна супярэчлівай дыялектыцы пачуццяў героя. Ёмістая, добрая проза пісьменніка з музыкальным, як у вершы, сказам, пераважна напоўненым эмацыянальнай інтанацыяй-адметная рыса стылю Івана Навуменкі.

Герой аповесці Косця Кветка задумаўся: «Былі ўсе падставы лічыць, што Цітава копанка з'яўляецца нічыёй, і ніхто не мае на яе ніякага асаблівага права. Дык чаму ж тады дурны Тарабан ваюе за копанку, чаму ён хоча, каб у ёй купаліся толькі адны слабадскія хлопцы?». Адчуванне несправядлівасці перапаўняла сэрца белагаловага Косці Кветкі.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Людміла Піскун


З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ ПА ЖЫЦЦІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Прыняцце прысягі мела вялікае значэнне для ўсталявання ў войску ў цэлым і маім дывізіёне ў прыватнасці нацыянальнага клімату. Усе, калі не сэрцам, то розумам адчулі сябе грамадзянамі Беларусі. Тыя ж хто прыехаў, як і я, зза межаў Беларусі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам пасля прыёму прысягі атрымоўвалі права на беларускае грамадзянства, як для сябе, так і для сваіх сямейнікаў. А з грамадзянствам атрымоўвалі і ўсе правы. Гэта быў вельмі разумны закон, і сёння можна сказаць "Вялікі дзякуй" тым, хто да яго дадумаўся.

Пасля прысягі пачаліся вайсковыя будні з усімі праблемамі, непрыемнасцямі, падставамі і, нават, стукачаствам, чаго ніколі не даводзілася сустракаць ні на Ўрале, ні ў Казахстане.

Як ужо было сказана, сяржанты атрымалі загад за два тыдні вывучыць усе шыхтовыя каманды пабеларуску, з чым яны паспяхова і справіліся. Найменш праблемаў было ў Чыркуна, які быў родам з Нясвіжчыны. Крыху цяжэй было Кожуху з Віцебскай вобласці. А ў самую складаную сітуацыі трапіў мал. ст Маскалёў. Ён быў беларус родам з Латвіі. Каб не ісці ў латышскае войска, перад прызывам пераехаў у Беларусь да нейкіх там сваякоў і дабраахвотнікам пайшоў у войска беларускае. Беларускай мовы ён не ведаў амаль зусім, таму шыхтовыя каманды проста завучваў на памяць, як вершы. І гэта яму вельмі ўдалося, камандаваў ён не горш за іншых. І вось малюнак, які я назіраў і які часта распавядаю пры выпадку. Традыцыйны для войска шыхтовы трэнаж. Стаіць на шыхтовым пляцы малодшы сяржант Маскалёў і праводзіць шыхтовыя заняткі з шарагоўцам Мамедавым. Мамедаў быў азербайджанец і даслужваў да дэмабілізацыі, як і многія іншыя. Маскалёў камандуе: " Зважай! Лева фронт! Крокам руш! Права фронт! Тыл фронт! Лева скос! Лева кірунак!" і г. д. Мамедаў спраўна маршыруе па пляцы. І нікому з іх нават думка ў галаву не прыходзіць, што недзе ў Менску манкурты з генеральскімі пагонамі на поўным сур'ёзе даказваюць, што беларуская мова для вайсковых камандаў не прыдатная, што трэба 10 гадоў працы Акадэміі навук, каб напісаць статуты пабеларуску, што яшчэ 10 гадоў трэба ўкараняць мову ў войска. Малодшы сяржант Маскалёў з Латвіі гэтага не ведае, таму ўкараніў беларускія каманды ў галаву шарагоўцу Мамедаву за два трэнажы. Так і з астатнімі. "Зважай! Лева фронт! Крокам руш!" і дывізіён рушыў па беларуску.

У мяне была невялічкая кніжачка часоў, мабыць Беларускай краёвай абароны з шыхтовымі песнямі, таму дывізіён праз некаторы час спраўна маршыраваў пад песню:

"Лева фронт! Крокам руш! Нашыя жаўнеры!

Родны край бараніць

Ад чужой халеры..."

З новага навучальнага года ў дывізіёне расклады заняткаў таксама пачалі пісаць па беларуску. Афіцэрам была пастаўлена задача пабеларуску пісаць планы і планканспекты заняткаў. І пісалі. З меншай колькасцю памылак ці з большай, але пісалі. З правядзеннем заняткаў пабеларуску было цяжэй, але кірунак быў узяты, і праз паўгода фактычна ніякіх праблемаў з мовай падчас правядзення заняткаў не было. Гэта пры тым, трэба ўлічваць, што мова не была самамэтай. Мэтай заняткаў былі баявая падрыхтоўка і баявая гатоўнасць, вайсковая дысцыпліна, служба войскаў і г. д. Мова проста надавала ўсяму гэтаму нацыянальны каларыт і, чаго не разумелі нашыя генералы, стварала ў дывізіёне атмасферу патрыятызму, выхоўвала жаданне служыць не за страх, а за сумленне, за справу свабоды і незалежнасці Беларусі.

У дывізіёне паводле ўсялякіх рэкамендацый і трацыцый яшчэ савецкай эпохі павінна была выходзіць насценная газета. У савецкі час любімым заняткам многіх начальнікаў палітаддзелаў было прыехаць у дывізіён, зняць сценгазету і чырвоным алоўкам выправіць усе граматычныя памылкі, падкрэсліўшы тым самым непісьменнасць (чытай, "тупасць") камандавання дывізіёна. Гэтая газета была нікому непатрэбнай абузай, але разам з тым і "святой каровай" савецкай сістэмы. Насценныя газеты віселі ўсюды: ад дзіцячага садка да Акадэміі навук. Адпаведна, і ў маім дывізіёне была нейкая газета, не памятаю з якой назвай, але абсалютна не беларускай. Таму яшчэ да прысягі я загадаў выпусціць новую газету пад назвай "КРЫЖ ЯРЫЛЫ" . Адпаведна штомесяц газета пачала выходзіць. Зразумела, газета выходзіла на беларускай мове. У першым нумары, памятаецца, была выява Вітаўта Вялікага. Пра што пісалі ў той газеце, зараз не памятаю, але магу з упэўненасцю сказаць, што пісалі ўсё правільна, бо пасля гэтыя газеты былі галоўным абвінаваўчым матэрыялам супроць мяне.

У той час у дывізіёне было паложана весці заняткі па беларускай мове, што я ахвотна і рабіў. Заняткі па беларускай мове ішлі ва ўсіх Узброеных Сілах. Тут я не рабіў нечага недазволенага ці лішняга. Стаўленне да гэтых заняткаў, трэба адзначыць, ва Ўзброеных Сілах ніколі не было варожым. Афіцэраў прынята традыцыйна лічыць тупаватымі, дык вось гэтыя "тупаватыя" афіцэры выдатна разумелі, што мова можа стацца адным з элементаў, па якім будзе вызначацца прафеійная прыдатнасць афіцэра, а таму з папраўкай на звыклае разгільдзяйства мову вучылі, дакладней: вучылі не вучылі, а на заняткі хадзілі.

У дывізіёне на першых парах не было нампаліта, таму і колішнія палітычныя заняткі, а ў 1993 гуманітарную падрыхтоўку я ўзяў на сябе, бо ніхто пабеларуску весці яе яшчэ не быў гатовы. Гэта мне таксама пасля паставяць у віну.

Вось так і пайшла гэтая мая служба ў беларускім войску. Было выключна ясна, што ўся мая беларусізацыя маім начальнікам супроць шэрсці. Камандзірам лідскай брыгады, да якой належаў мой дывізіён, быў палкоўнік Хамутнікаў, рускі, які ў нацыянальным пытанні быў вельмі асцярожны. Ніколі не дапуціў ні аднаго выказвання супраць беларусізацыі. Што ён думаў на самай справе, хто ж яго ведае. Ён не прыязджаў на палігон, таму па Казахстану не быў мне знаёмы. Да гэтага часу мы з ім вітаемся, калі яму надараецца быць у Лідзе. Намеснікам па выхаваўчай працы (колішні начальнік палітаддзела) быў падпалкоўнік Мальцаў, рускі. Начальнікам штаба быў падпалкоўнік Аджымамедаў, азербайджанец, у графе "нацыянальнасць" у якога, як гаварылі афіцэры, было запісана: "беларус". Намеснікам па ўзбраенні быў падпалкоўнік Радзевіч, хутчэй за ўсё паляк, першым намеснікам быў падпалкоўнік Сельскі, беларус з Іўеўскага раёна ці самога Іўя, начальнікам тылу быў падпалкоўнік Удовін, не ведаю нацыянальнасці.

Улічваючы, што камандуючы СПА генерал Мажухін быў катэгарычна настроены супроць усялякіх праяў беларускасці ў войску (пры ім арганізоўвалася цкаванне і Статкевіча, і Анатоля Крыварота з Берасця, і іншых афіцэраў з нацыянальнай свядомасцю) трэба было чакаць, што спакойнай службы ў мяне не будзе. Я не ведаў тады, не ведаю цяпер і ведаць не хачу, якім службам было даручана арганізацыя цкавання мяне і ўсяго дывізіёна, але больш за ўсё "свяціліся" ў гэтай справе колішнія палітработнікі.

На чым мог "згарэць" савецкі афіцэр? На жанчынах і на гарэлцы. У 90я годы пасля знікнення партыйных арганізацый і палітаддзелаў пытанне жанчын актуальнасць страціла. Заставалася лавіць на п'янстве. Але гэта было вельмі праблематычна. Трэба было некалькі разоў "узяць" п'яным у рабочы час, што было немагчымым, бо служба ў дывізіёне ішла, у рабочы час нават п'янага прапаршчыка знайсці было немагчыма, ні то што камандзіра дывізіёна. Таму асабістыя якасці адпадалі. Заставаліся прафесійныя: баявая падрыхтоўка, баявая гатоўнасць і вайсковая дысцыпліна. Баявая падрыхтоўка адпадала. На 34 дывізіён быў гатовы заўсёды. Заставаліся баявая гатоўнасць і вайсковая дысцыпліна. Спачатку ўзяліся за дысцыпліну. У дывізіён пачаль ссылаць усялякую шваль. З маладога папаўнення ў дывізіён адправілі ўсіх, у каго была судзімасць, хто не хацеў служыць, хто ўцякаў з прыёмніка па некалькі разоў. Пры гэтым ніхто не папярэджваў, што вось гэты схільны да ўцёкаў, а гэты яшчэ да чаго. Даводзілася пра ўсё даведвацца па іхшых каналах. Адпаведна, пачаліся ўцёкі і з дывізіёна, але зараз гэта ўжо ставілпся ў віну камандзіру дывізіёна. Было тых уцёкаў усяго два ці тры, але гэтага стала дастатковым, каб пры першай магчымасці паставіць мяне перад ясныя вочы генерала Чавуса, які пасля прызначэння міністрам абароны Казлоўскага некаторы час выконваў нейкія функцыі кшталту генералінспектара.

А у Вас, товарищ подпалковник, что с этими двумя солдатами?

Уцяклі.

Чавус мабыць ведаў ужо нешта пра мяне, таму пачуўшы пабеларуску: "Уцяклі", рэзка змяніў тон і сказаў:

Уцяклі? Ну і чорт з імі. Зловім і пасадзім.

Першы раз для мяне абышлося.

У той жа час у СПА Узброеных Сілаў Беларусі ішла рэформа. Здымаўся з узбраення адзін від зенітнаракетных комплексаў. Тыя дывізёны скарачалі. Мой дывізіён, наадварот, разгортваўся да поўнага штату. У дывізіён пачалі прыбываць афіцэры з самых розны канцоў былога Савецкага Саюза і, практычна, ўсе не па спецыяльнасці. Дывізіён з Мастоў павінен быў перадыслакавацца ў Рось. Там ішло будаўніцтва каманднага пункта, дакладней, перабудова. Укладваліся вялікія сродкі, каб праз некалькі гадоў усё кінуць і аддаць на разрабаванне.

У траўні ці чэрвені 1993 года дывізіён здаваў выніковую праверку за 1шы перыяд навучання. Шыхтовую падрыхтоўку прыслалі правяраць падпалкоўніка Сельскага, адзінага чыстакроўнага беларуса сярод камандавання брыгады. Той, безумоўна чуў пра беларусізацыю дывізіёна. Прынамсі, баявую работу я вёў пабеларуску і па гучнай сувязі дакладваў у брыгаду: "Задачу зразумеў. Выконваю." "Цэль знішчана. Расход дзве." і г. д. Але ў брыгадзе чулі мяне аднаго, а тут Сельскі ўбачыў беларусізаваным увесь дывізіён. Асабліва яго ўразіла, як камандуюць сяржанты, як салдаты на яго рускамоўныя пытанні кшталту: "Что такое строй?" адказваюць пабеларуску: "Шыхт гэта, вызначанае статутам размяшчэнне вайскоўцаў, падраздзелаў і частак для іх сумесных дзеянняў у пешым парадку і на машынах. Шыхт бывае..." і так далей.

Сельскі быў азадачаны і сказаў: "Ну калі мне яшчэ і камандзір раскажа абавязкі камандзіра пабеларуску...". Адбарабаніў я яму тыя абавязкі. Не памятаю, якую там адзнаку нам паставілі, але тут усё было добра.

Пракалоліся мы на баявой гатоўнасці. Сапсавалася адна станцыя. Я не ведаю, зламалася яна выпадкова, ці не, але старшы лейтэнант, які ізноў жа не быў спецыялістам па гэтай сістэме, не паспеў адрамантаваць яе ў вызначаны тэрмін. Дывізіёну ўляпілі "не б/г". Мы не былі на баявым дзяжурстве, зняць за адну небаегатоўнасць камандзіра не маглі, але на апошняе месца ў брыгадзе дывізіён загналі.

Памоему, тады з ліпеня, пачынаўся новы перыяд навучання. Трэба было пісаць План баявой падрыхтоўкі, т. зв. форму 10. Нягледзячы на ўсе непрыемнасці, на ўсе "наезды" форма 10 была напісана пабеларуску, усе іншыя дакументы былі аформлены па беларуску. У брыгадзе, дзе звыкла моцна прыдзіраюцца да такіх дакументаў, прыдзірацца да нас не сталі, магчыма вырашылі, што мучыцца ім з маім дывізіёнам нядоўга, хутка камандзіра здымуць, і ўсё будзе, як раней. Хамутнікаў таксама падпісаў форму без усялякіх пярэчанняў.

Я выдатна разумеў, што ў брыгадзе я ў ролі каня, які ідзе папярок баразны і ўсім замінае, але што было рабіць. Мы змагаліся за Беларускае войска, я адзін мог на фоне ўсялякіх тэорый па лініі БЗВ ці БНФ праводзіць гэтую беларусізацыю на практыцы. Мог і праводзіў.

На жнівень 1993 года ў брыгадзе былі запланаваныя вялікія вучэнні. Я сам прапанаваў камандзіру брыгады ўключыць у план вучэнняў перадыслакацыю майго дывізіёна ў Рось. Гэта давала брыгадзе вялікую эканомію сілаў і сродкаў, напаўняла вучэнні рэальным зместам. Дывізіёну гэта пагражала чарговай "двойкай", бо ў тых умовах укласціся ў нарматывы было немагчыма, але я дбаў пра будычыню, таму што гэтая "двойка" ў рэальных умовах перадыслакацыі больш значыла за "пяцёрку" на месцы. Дарэчы, ніхто тую "двойку" не паставіў. Генерал, які кантраляваў вучэнні, прыехаў у дывізіён ужо ў Росі, паглядзеў на новую пазіцыю і сказаў, што ўсё нармальна. Адпаведна і ацэнка стала нармальнай. Баявую задачу па перадыслакацыі мой беларускі дывізіён выканаў. Была пастаўлена ноавя задача: рыхтавацца да заступлення на баявое дзяжурства. Да гэтага. як я ўжо згадваў, дывізіён быў кадраваны, баявога дзяжурства не нёс ніколі. Патрабаванні там даволі высокія, а самае галоўнае, у дывізіёне не было традыцыі нясення баявога дзяжурства, балазе некалькі афіцэраў, якімі дывізіён дапоўнілі, дзяжурства неслі, але працы быў непачаты край.

І тым не менш дывізіён на баявое дзяжурства заступіў і паспяхова аддзяжурыў першы месяц, што моцна падняло баявы дух у дывізіёне. У асабовага складу з'явілася ўпэўненасць у сабе і падраздзеле. Усе, хто спадзяваўся, што мы завалімся з дзяжурствам, селі ў лужыну. А дывізіёну дзяжурыць нават спадабалася. Папершае за дзяжурства даплачвалі, хоць і невялікія грошы, але даплачвалі. Па другое, удалося вырашыць шмат побытавых праблем. У дывізіёне не было бензіну, каб вазіць дзяцей у школу. Перад заступленне, калі нічога адмяніць было нельга, я патэлефанаваў начальніку тылу і сказаў, што далажу афіцыйна па гучнай сувязі аб негатоўнасці да заступлення на баявое дзяжурства па бензіну. Бензін прывезлі ў той жа дзень.

(Працяг у наступным нумары.)

Станіслаў Суднік

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX