Вярнуцца: 2005

№ 9 (695)


Крыніца: pawet.net.



№ 9 (695) 2 САКАВІКА 2005 г.


ПАЎЛУ СЦЯЦКО - 75

5 сакавіка спаўняецца 75 гадоў Паўлу Уладзіміравічу Сцяцко, доктару філалагічных наук прафесару, актыўнаму сябру ТБМ, неадменнаму сябру рэдкалегіі газеты "Наша слова" на працягу многіх гадоў.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" высока цэняць той уклад, які ўносіць Павел Сцяцко ў беларускае мовазнаўства, у дзейнасць Таварыства, у павышэнне папулярнасці нашай газеты.

Мы жадаем шаноўнаму Паўлу Ўладзіміравічу не толькі засяваць, а і жаць ніву Беларушчыны, знайходзіць у сваіх шматлікіх вучнях адданых паслядоўнікаў, здольных з такім жа прафесіяналізмам, з такой жа апантанасцю змагацца за чысціню і дасканаласць роднай мовы, каб праз тыя пазіцыі, якія займаюць выхаванцы прафесара Сцяцко, не мог прарвацца ў нашую мову ні адзін чужы элемент, каб яны далі такое ж веданне мовы сваім вучням, а тыя сваім і так да бясконцасці. Бо ўсе яны ёсць і будуць вучнямі Паўла Сцяцко.

(Пра П. Сцяцко чытайце на ст. 3-4.)


Вельмішаноўныя, найпрыгажэйшыя ў свеце беларускія жанчыны!

Сакратарыят Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе Вас са святам 8-га сакавіка. Ад пачатку роду чалавечага Вы натхнялі мужчынаў на вычыны ды захоўвалі цяпло сямейнага агменю. Вы сталіся музамі для паэтаў і адорваеце Беларусь таленавітымі паэткамі. Цётка, Зоська Верас, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Яўгенія Янішчыц - шэраг, які можна доўжыць і доўжыць, адкрываючы таямніцы таленту, хараства ды велічы беларускіх жанчынаў.

У гэты святочны дзень мы заклікаем Вас, нашых прыгажуняў, трымацца роднага слова, не даваць нашым дзецям рабіцца манкуртамі ды "Иванами, не помнящими родства". Бо вядома, якім словам карыстаецца маці, такое будзе пераважаць і ў мове дзіцяці. Парадокс, але ў Вашых сілах спыніць ганебную асіміляцыю нашага народу...

Любыя нашы беларусачкі! На гэты ды на ўсе іншыя дні жадаем Вам моцнага здароўя, узаемнага кахання, душэўнага цяпла, увагі, пяшчоты, разумення і дабрыні з боку "моцнага" полу, а таксама шчасця ды паболей аптымізму ў гэтым няпростым жыцці.


Пісьмовае папярэджанне

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (далей - Мінюст) устанавіла, што шэраг аргструктураў Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" да гэтага часу маюць у якасці юрыдычных адрасоў жылыя памяшканні.

Але ж згодна з арт. 8 Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь жылыя памяшканні прызначаюцца для пражывання грамадзян, што сведчыць аб устанаўленні для іх спецыяльнага прававога рэжыму мэтавага выкарыстання.

Такім чынам, выкарыстанне жылых памяшканняў для юрыдычных адрасоў аргструктураў супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Аднак, неабходныя меры па ліквідацыі гэтых парушэнняў арганізацыяй не прыняты да сённяшняга дня, нягледзячы нават на адпаведную інфармацыю адносна неабходнасці зрабіць гэта, якая была дадзена Мінюстам праз сродкі масавай інфармацыі.

З улікам выкладзенага і кіруючыся артыкуламі 26, 27, 28 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях", Мінюст выносіць Радзе Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" пісьмовае папярэджанне .

Кіруючаму органу Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" неабходна на працягу месяца ўстараніць азначаныя парушэнні, аб чым паведаміць Мінюсту пісьмова.

Дадзенае пісьмовае папярэджанне можа быць абскарджана ў месячны тэрмін у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Намеснік Міністра - А. Э. Краўцоў.


Менск адмовіўся ад "Нашага слова"

Унітарнае прадпрыемства "Мінскгарсаюздрук" вярнула ў рэдакцыю № 8 газеты "Наша слова".

У пачатку студзеня гэтая структура адмовілася падпісваць дамову з рэдакцыяй газеты, але газета ў шапіках прадавалася, і рэдакцыя не магла рабіць нейкія захады. Але вось газету вярнулі.

Што рабіць?

Шаноўныя чытачы!

Па-першае.

Мы просім вас звяртацца па пытанні вяртання "Нашага слова" ў шапікі "Мінскгарсаюздруку" да дырэктара гэтай арганіза-цыі Ігара Віктаравіча Дудзіча пісьмова на адрас: вул. Валадарскага, 16, Мінск, 220050 або вусна па тэле-фонах: 2261637, 2272542.

Па-другое.

Ідзе падпіска на газету "Наша слова" на другі квартал 2005 года. Газета ёсць у каталогу, і вам дастаткова зайсці на любую пошту ды падпісацца.

Рэдакцыя.


Старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Спадару Алегу Трусаву

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Шаноўны Алег Анатольевіч!

Паведамляем Вам, што РУВП "Віцязь" у бягучым годзе пачынае выпуск шэрагу тэлевізараў, са шматмоўным меню, адной з моў якіх з'яўляецца беларуская. Да такіх адносяцца мадэлі:

"Віцязь 37 СТУ 720-7" MOBILVISION M,

"Віцязь 37 СТУ 730-7" MICRA,

"Віцязь 37 СТУ 740-7" MICRA M,

"Віцязь 51 СТУ 710-7" FAVORITE-20,

"Віцязь 51 СТУ 720-7" GALAX-20,

"Віцязь 54 СТУ 710-7" FAVORITE-21,

"Віцязь 54 СТУ 720-7" GALAX-21,

"Віцязь 54 СТУ 740-7" ASTRA-21,

"Віцязь 54 СТУ 760-7" GALAX-21 M,

"Віцязь 54 СТУ 770-7" LOTOS.

У планах прадпрыемства - выпуск іншых мадэляў тэлевізараў са шматмоўным меню, адной з абавязковых моў якіх будзе беларуская.

Праводзіцца работа па перакладу на беларускую мову інструкцыі па эксплу-атацыі на тэлевізары.

Дзякуем за прапанову ў дапамозе перакладаў тэхнічных тэрмінаў, але маем надзею абысціся ўласнымі сіламі.

З павагаю: Намеснік галоўнага канструктара Анатоль Ганчаронак.


Увага!

З прычыны таго, што дзень здачы нашай газеты 7 сакавіка - на наступным тыдні выхадны, дзень атрымання газеты 8 сакавіка - таксама выхадны, чарговы нумар "Нашага слова" выйдзе 16 сакавіка.


З Пузыням - разам

Уладзіміру Пузыню - 65

Мне лёсіла на сваім творчым шляху сустрэць славутага музыку і май-стра народных інструментаў Уладзіміра Пузыню. Гэта ён змайстраваў, вярнуў да жыцця, адрадзіў сурму, басэтлю, дуду, флейту. Удасканаліў беларускія цымбалы, жалейку, ліру, вытныя інструменты.

Наша першае знаёмства адбылося падчас здымкаў кінафільма рэжысёра Віктара Турава "Людзі на балоце", які агучваў Пузыня. Музыку да фільма ствараў кампазітар Алег Янчанка, трапна выкарыстоўваючы народныя песні і ме-лодыі ў выкананні Уладзіміра Пузыні на розных народных інструментах. Валодзя ўражваў нечаканымі імправізацыямі, якія ўдала ўплятаў у музычную канву фільма Алег Янчанка, надаючы незвычайную ўкрасу народнай песні, пры гэтым цалкам захоўваючы яе аўтэнтычнае гучанне. Мне лёгка спявалася, лёгка працавалася ў гэтай карціне, бо рэжысёр, кампазітар, музыка і спявачка разумелі адно аднаго з паўслова, былі аднадумцамі. Гэта была цікавая і плённая творчая праца, якая мела шчаслівы працяг.

Алег Янчанка настолькі захапіўся народным меласам, што напісаў сімфонію "Белая вежа", прэзентацыя якой, першае выкананне, адбылася ў 1982 годзе ў зале Чайкоўскага ў Маскве. У канцэрце ўдзел браў сімфанічны аркестр і камерны хор Палянскага, з якім я выконвала беларускія народныя песні. А саліраваў аж на сямі народных інструментах Уладзімір Пузыня. Гэта было адкрыццём для прысутных. Ён літаральна зачароўваў публіку сваім бліскучым, бездакорным выкананнем. А да ўсяго маэстра іграў на інструментах, зробленых сваімі рукамі. Таму і не дзіва, што пасля канцэрта каля Пузыні тоўпіліся зацікаўленыя і ўражаныя ягонай віртуознасцю аматары музыкі. Там мы мелі прыязныя кантакты з Тарывердзіевым і Шнітке.

А пазней мы разам з Пузыням зняліся ў фільме Валерыя Жыгалкі "Матчын напеў". Працавалася лёгка і весела. Ён быў разняволены, завадны, не баяўся камеры. Гэта быў цудоўны творчы тандэм.

І яшчэ я з прыемнасцю ўспамінаю нашу, так бы мовіць, творчую ўдачу, сумесную працу ў спектаклі "Дзіця з Віфліема", які з поспехам ішоў на "Вольнай сцэне".

Я часцяком бывала ў "Беларускай хатцы", якую стварыў Валодзя, дзе адпа-чывала душою. Яна месцілася пры Беларускім універсітэце культуры ў адным з інтэрнатаў гэтай ВНУ. Майстар абста-ляваў лабараторыю па адраджэнні і рэс-таўрацыі беларускіх старажытных інструментаў, стварыў інтэр'ер сялянскай хаты. Тут ён два дзесяцігоддзі майстраваў на-родныя інструменты. Даводзіцца толькі пашкадаваць, што той асяродак беларускай культуры ўжо не існуе. Але я маю нейкую інтуіцыю, што Уладзімір Пузыня сваімі высілкамі адродзіць гэты ўнікальны беларускі куточак. У свае 65 ён поўны творчых задумаў. Хай яны спраўдзяцца.

Тацяна Мархель, заслужаная артыстка Беларусі.

Сакратарыят ТБМ і рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуюць спадара Пузыню з днём народзінаў і зычаць яму прычакаць плёну з роднай беларускай нівы.


ЛЕТАПІС ТАВАРЫСТВА

Падрыхтавала Ірына Марачкіна

Працяг. Пач. у пап. нум.)


2003 год.

21 жніўня.

Згодна з заявай Лявона Баршчэўскага, сакратарыят вырашыў даць дазвол на выкарыстанне памяшкання ТБМ з 9 да 16 гадзінаў штодня для правядзення бясплатных кансультацый навучэнцам забароненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэя.

У сувязі з 70-годдзем ад дня рэфармавання беларускай мовы 2 жніўня 1933 г., сакратарыят прыняў заяву "70 год таму хацелі знішчыць беларускую мову".

27 жніўня.

ТБМ накіравала адкрыты ліст на імя старшыні Менгарвыканкама М. Паўлава наконт сітуацыі вакол НДГЛ імя Я. Коласа (ліст прыняты на сакратарыяце 21 жніўня).

Жнівень.

Таварыства атрымала ліст ад кіраўніка дзяржавы, у якім паведамляецца, што "Стварэнне на сучасным этапе ў краіне новай дзяржаўнай ВНУ не прадстаўляецца магчымым". Па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта ліст прыйшоў з Міністэрства адукацыі за подпісам міністра Пятра Брыгадзіна.

21 верасня.

Адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Гарадзенскай абласной арганізацыі. Абмеркаваны стан спраў Гарадзенскай гарадской арганізацыі, дзе засталося толькі 156 сяброў. Старшынёй пераабраны Алесь Місцюкевіч.

12 кастрычніка.

8 з'езд ТБМ. Зслуханы справаздачны даклад Старшыні ТБМ Алега Трусава, намеснікаў Алены Анісім, Людмілы Дзіцэвіч, Сяргея Кручкова, намесніка старшыні Рэвізійнай камісіі Міколы Лавіцкага, рэдактара "Нашага слова" Станіслава Судніка. Абмеркаваныя праблемы мовы і дзейнасці арганізацыі, прынятыя новыя дакументы. Разгледжана сітуацыя вакол НДГЛ імя Я. Коласа. Прынята заява "Шанаванне роднай мовы - адзін з найбліжэйшых шляхоў да дабрабыту і дэмакратыі", зварот да палітычнага кіраўніцтва краіны, зварот да грамадзян Беларусі і зварот у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь.

Старшынём абраны Алег Трусаў, намеснікамі - Людміла Дзіцэвіч (першы намеснік), Сяргей Кручкоў, Алена Анісім, старшынём Рэвізійнай камісіі - Мікола Лавіцкі.


"ЛІТАРАТУРНАЯ СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ XI - СЯРЭДЗІНЫ XX СТАГОДДЗЯ"

Прэзентацыя беларускамоўнага кампакт-дыска "Літаратурная спадчына Беларусі XI - сярэдзіны XX стагоддзя" (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі) прайшла 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Менску.

На дыску, падрыхтаваным пры падтрымцы Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Рэспубліцы Беларусь і Менскага паліграфічнага камбіната імя Я.Коласа, прадстаўлена 1.400 твораў амаль 90 найбольш вядомых беларускіх аўтараў, сярод якіх творы класікаў нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага. Акрамя таго, на дыску змешчаны прадмовы на англійскай, беларускай і рускай мовах, спісы выкарыстанай літаратуры, філалагічныя і гістарычныя каментарыі, выявы фрагментаў найбольш унікальных выданняў, партрэты аўтараў, іх біяграфічныя звесткі і пералікі выдадзеных твораў. Над дыскам працавалі восем спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі і вучоных Інстытута літаратуры імя Я.Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дырэктар бібліятэкі доктар педагогікі Раман Матульскі адзначыў, што следам за першым дыскам у рамках дзяржаўнай прагра-мы "Памяць Беларусі" плануецца выданне іншых CD-ROM'аў, якія складуць электронную бібліятэку".

Марат ГАРАВЫ.


Дзень роднай мовы ў Лідзе

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідзе становіцца традыцыяй. Сёлета імпрэзу ладзіла Лідская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны з дапамогай лідскіх арганізацый ТБШ і "Партнёрства".

У праграме вечарыны, якая распачалася ў 16.00 у малой зале Лідскага гарадскога дома культуры былі прадугледжаны ўзнагароджанне пераможцаў абласной алімпіяды па беларускай мове і сустрэча з вядомай пісьменніцай Вольгай Іпатавай. Узнагароджанне ў поўным маштабе правесці не ўдалося, бо дзеці аказаліся ў Гародні, дзе рыхтуюцца да алімпіяды рэспубліканскай, затое сустрэча з Вольгай Іпатавай выйшла на славу.

Па першае, сабралася больш 300 чалавек, так што давялося ставіць дадатковыя лаўкі.

Па-другое, атмасфера сустрэчы паказала вялізарную зацікаўленасць лідзян гістары-чнай тэматыкай у лі-таратуры ў цэлым і творчасцю Вольгі Іпа-тавай у прыватнасці. Па цішыні ў зале было ясна, што ўсё, пра што гаворыць пісьменніца блізкае і цікавае слухачам. З асаблівым задавальненнем прысутныя даведаліся, што ў наступным гістарычным рамане пісьменніцы амаль усе падзеі будуць адбывацца ў Лідзе.

Вялікую зацікаўленасць выклікала імпрэза і ў СМІ. Акрамя газет "Тэлескоп" і "Наша слова" тут былі заўважаны карэспандэнты Лідскага тэлебачання, Лідскага радыё і Радыё "Свабода".

Выступ Вольгі Іпатавай на Лідскім радыё прагучаў 22 лютага, Лідскае тэлебачанне паказвала рэпартаж з Дня роднай мовы 23 і 24 лютага.

Станіслаў Суднік.


СЁННЯ - І НА ЎСЕ ТЫСЯЧАГОДДЗІ...

Як і штогод, падсвільцы - прыхільнікі роднага слова сабраліся на тра-дыцыйную лютаўскую вечарыну. Сёлета ў ёй зліліся дзве падзеі - Дзень святога Валянціна і Міжнародны Дзень роднай мовы. Думаецца, яны невыпадкова так блізка стаяць побач у календары, бо словы кахання пераканаўча гучаць толькі на роднай мове.

Свята пачалося з урачыста-натхнё-нага выканання гімна Падсвільскай суполкі ТБМ: "Сёння і на ўсе тысячагоддзі слова беларускае - у модзе!"

І сапраўды - у модзе, бо яно аб'яд-нала нас, людзей розных прафесій і лёсаў: настаўнікаў і вучняў, бібліятэкараў і прадпрымальнікаў, магістра педагагічных навук і хатнюю гаспадыню, пенсіянераў і падлеткаў, барда і дырэктара ў адной асобе...

Беларускае Слова злучыла нас лірычнай песняй і пяшчотай барадулінскіх вершаў, усмешкай тэатральнай мініяцюры, якую падаравала нам Вераніка Арлова, вучаніца 5 класа. І мы ўпэўнены, што роднае слова будзе жыць! Пра гэта наш гімн, аўтарка якога - вядомая пісьменніца, старшыня суполкі Марыя Баравік.

... І бруіцца родная гаворка

На світанні, днём і надвячоркам,

І ў сяброўскай песні вечаровай

Б'е крынічкай чыстай і здаровай.


Аж на зорках - гукі калыханак.

А на вуснах - ласка закаханых.

І ў лазе, на прыбярэжным спуску

Салаўі пяюць па-беларуску...

Марыя Новікава, Падсвілле, Глыбоцкі р-н.


СЭНС ЖЫЦЦЯ І ДОСВЕДУ - РОДНАЕ СЛОВА

Змагацца за чысціню і натуральнасць беларускай мовы, з шанаваннем і клопатам ставіцца да роднага слова, пастаянна імкнуцца да новых навуковых дасягненняў - вось тыя актывы, тыя прынцыпы, што сталі вызначальнымі ў жыццёвай і прафесійнай пазіцыі доктара філалагічных навук, прафесара Паўла Уладзіміравіча Сцяцко.

Сёння яго імя добра вядомае не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі: П.У. Сцяцко ўваходзіць у склад Камісіі па словаўтварэнні Міжнароднага Камітэта славістаў, ён удзельнічаў у працы ІХ Міжнароднага з'езду славістаў, І Міжнароднага Кангрэсу беларусістаў, шэрагу міжнародных сімпозіюмаў і канферэнцый, чытаў курс беларускай мовы і спецкурс па параўнальнай граматыцы ўсходнеславянскіх і польскай моваў у Беластоцкай філіі Варшаўскага універсітэта.

Унёсак П. У. Сцяцко ў развіццё беларускай лінгвістыкі, вырашэнне яе надзённых задачаў цяжка перабольшыць. Дастаткова згадаць усе тыя галіны, праблемы якіх сталі аб'ектам увагі ў шматлікіх працах навукоўца (а гэта дыялекталогія, дэрываталогія, тэрміналогі, культура мовы), каб уявіць маштабы яго навуковых доследаў. Сведчанне гэтаму і багаты арсенал ягоных друкаваных працаў - іх больш за 480, сярод якіх 32 кнігі, з іх 6 манаграфіяў, 6 слоўнікаў, 20 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных установаў, каледжаў, ліцэяў, гімназіяў.

Любоў да роднага слова, адданасць святой справе захавання самабытнасці і непаўторнасці беларускай мовы нясе Павел Уладзіміравіч як талістан праз усё сваё жыццё, бо перададзеныя яны з малаком маці, бо ўскалыханыя роднай зямлёю. Нарадзіўся П.У. Сцяцко 5 сакавіка 1930 г. у в. Грабава Зэльвенскага раёна Гарадзенскай вобласці ў вялікай сялянскай сям'і. Цяжкая праца і нястачы, адказнасць за малодшых дзяцей у сям'і, што легла на плечы хлопчыка падчас вайны (старэйшы брат Іван загінуў ад рук гітлераўцаў, бацька трапіў у нямецкі канцлагер) не задушылі яго прагі да ведаў. "Пераскокваючы" праз клас, П. Сцяцко на "выдатна" скончыў Дзярэчынскую сямігодку і паступіў у Ваўкавыскую педнавучальню, якую таксама скончыў з дыпломам выдатніка, быў залічаны ў Гарадзенскі педагагічны інстытут. Ужо студэнтам пачаў займацца навукай: яго праца атрымала першую катэгорыю на Рэспубліканскім студэнцкім конкурсе; актыўны ўдзел прымае П. Сцяцко ў гэты час у зборы лексічнага матэрыялу для "Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы", за поспехі ў навучальнай і навуковай працы атрымлівае самую высокую персанальную стыпендыю.

Сваю педагагічную дзейнасць П. У. Сцяцко пачынае ў якасці выкладчыка кафедры беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Гарадзенскага педінстытута адразу пасля сканчэння гэтай ВНУ ў 1953 г. Пасля - паступленне ў аспірантуру пры Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук (1960), датэрміновая абарона кандыдацкай дысертацыі па народнай лексіцы Зэльвеншчыны (1962), праца на кафедры беларускай мовы Менскага педінстытута імя М. Горкага, паспяховая абарона доктарскай дысертацыі (1980).

З ліпеня 1981 г. доктар філалагічных навук П.У. Сцяцко ўзначальвае кафедру рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, а ў 1990 г. па запрашэнні рэктарату Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы пераязджае ў Гародню, дзе становіцца загадчыкам кафедры беларускай культуры. У адраджэнцкі час прафесар П. У. Сцяцко прымае актыўны ўдзел у стварэнні факультэта беларускай філалогіі і культуры, а ў рамках гэтага падраздзялення - кафедры беларускага мовазнаўства (пазней - беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства). З 1993 г. і па сённяшні дзень П. У. Сцяцко - нязменны загадчык гэтай кафедры. Пад яго кіраўніцтвам навукоўцамі кафедры распрацоўваюцца тэмы па беларускай народнай мове, праблемах навуковай тэрміналогіі і дэрывацыі, параўнальнай лінгвістыцы.

Шматлікія навуковаметадычныя і навуковадаследчыя працы П. У. Сцяцко сталі сапраўдным скарбам для беларускай філалагічнай навукі. Па падручніках і дапаможніках, створаных П. У. Сцяцко і з яго ўдзелам, вучыцца ўжо не адно пакаленне студэнтаў. У 1969 г. выйшаў яго першы навучальны дапаможн6ік для студэнтаўфілолагаў "Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы", напісаны разам з М. С. Яўневічам, у 1970 г. - дапаможнік для сярэдніх спецыяльных устаноў "Беларуская мова", падрыхтаваны разам з М. Ц. Кавалёвай. У суаўтарстве падрыхтаваныя і такія навучальныя дапаможнікі, як "Сучасная беларуская мова: Марфалогія" (1975, 1980), "Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Графіка. Арфаграфія" (1976), два выданні "Праграмы курса "Сучасная беларуская літаратурная мова" (1975, 1979), дзве кнігі "Зборнік дыктантаў" (1973, 1978), навучальны дапаможнік "Аналіз слова, словазлучэння, сказа" (1977). У 1982 годзе ў выдавецтве "Вышэйшая школа" апублікаваны падручнік для педнавучальняў "Беларуская мова", у 2004 годзе выйшла пятае выданне яго як падручніка для педкаледжаў. У 2001 г. пад грыфам міністэрства адукацыі выйшаў дапаможнік П. У. Сцяцко "Уводзіны ў мовазнаўства". П. Сцяцко - суаўтар акадэмічнай "Беларускай граматыкі" (1985).

Адным з самых плённых кірункаў навуковай дзейнасці прафесара П. У. Сцяцко было і застаецца сёння даследаванне пытанняў народнай лексікі і народнага словаўтварэння, а ягоныя кнігі "Народная лексіка" (1970), "Народная лексіка і словаўтварэнне" (1972), "Беларускае народнае словаўтварэнне" (1977) сталі бадай унікальнымі выданнямі, да якіх вось ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў звяртаюцца даследчыкі розных славянскіх моваў.

Лексіка родных П. У. Сцяцко гаворак сабраная ў кнігах "Дыялектны слоўнік" (1970), "Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны"і (2005).

Высокую ацэнку навукоўцаўлінгвістаў, педагогаў, журналістаў атрымалі кнігі П. У. Сцяцко "Праблемы нормы, культуры мовы" (1998), "Праблемы лексічнага нармавання беларускай мовы" (1999), "Культура мовы" (2002), у якіх разглядаюцца праблемы моўнай нормы, улічваюцца структурнасістэмныя заканамернасці беларускай нацыянальнай мовы.

Вялікая заслуга прафесара П. Сцяцко ў распрацоўцы надзённых пытанняў беларускай навуковай тэрміналогіі, якой ён прысвяціў шматлікія артыкулы ў навуковых перыядычных выданях Рэспублікі Беларусь і ў замежным друку. Ён суаўтар чатырох тэрміналагічных слоўнікаў: "Русскобелорусский словарь лингвистических терминов" (1088) Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў" (1990), "Slownik terminologii lingwistycznej (bialoruskorosyjskopolski i polskorosyjskobialoruski)" (Bialystok, 1994), "Рускабеларускі фізічны слоўнік" (1999), навуковы рэдактар і рэцэнзент шэрагу тэрміналагічных слоўнікаў.

Прафесар Павел Уладзіміравіч Сцяцко можа з поўным правам ганарыцца створана ім навукова школай, якая актыўна распрацоўвае пытанні беларусістыкі, стасункі беларускай мовы з іншымі мовамі. Ён падрыхтаваў 14 кандыдатаў навука, 9 з іх працуюць на пяці кафедрах філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, іншыя - на кафедрах Гомельскага універсітэта.

З 2000 года прафесар П. Сцяцко кіруе навуковадаследчай лабараторыяй ГрДУ "Вывучэнне народнай мовы Гродзеншчыны" . Тут рыхтуецца "Анамастычны слоўнік Гродзеншчыны", а таксама распрацоўваецца тэма "Беларускагерманскія моўныя дачыненні ў гісторыі і сучаснасці". Падрыхтаваны чатырохмоўны даведнік - "Рускабеларусканямецкаанглійскі фізічны слоўнік". Ствараецца нямецкабеларускі слоўнік (на 50 000 слоў).

Свой славістычны досвед П. Сцяцко павышаў у слынных еўрапейскіх універсітэтах: у Карлавым універсітэце ў Празе (1983), Варшаўскім універсітэце (1988).

П. Сцяцко ўваходзіць у склад рэдкалегіі многіх кніжных і перыядычных выданняў, актыўна ўдзельнічае ў працы такіх выдання, як "Роднае слова", "Полымя", шмат гадоў ён змяшчае артыкулы па культуры беларускай мовы на старонках "Нашага слова", адстойвае прынцыпы адраджэння, культуры мовы, выказваецца супраць наскокаў з боку ўплывовых асобаў. Пад яго кіраўніцтвам было апублікаванае рашэнне Рады ТБМ на адрас рэктара ГрДУ А. В. Бадакова, які выказаў супраціў працэсу беларусізацыі навучальнага працэсу ў ГрДУ.

П. Сцяцко ў пачатку 90х гадоў стаў першым старшынём Гарадзенскай абласной рады ТБМ, пасля каля дзесяці гадоў быў намеснікам старшыні і сёння ўваходзіць у склад Рады.

Прафесіяналізм знакамітага навукоўца і педагога Паўла Уладзіміравіча Сцяцко адзначаны шэрагам узнагародаў: Выдатнік народнай асветы Беларусі, лаўрэат часопіса "Полымя" (за 1999 год), Ганаровая грамата Дзяржаўнага вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь, Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Беларусі, Гомельскага і Гарадзенскага універсітэтаў. 27 верасня 2004 года Павел Уладзіміравіч Сцяцко за высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны уклад у развіццё і памнажэнне духоўнай і культурнай спадчыны беларускага народа ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Шчыра віншуем дарагога настаўніка Паўла Уладзміравіча Сцяцко з 75годдзем. Зычым моцнага здароўя, душэнай маладосці і бадзёрасці. Нязгаснага запалу ў дасягненні новых навуковых вяршыняў.

Аксана Кавальчук, кандыдат філалагічных навук.


Добры дзень, паважанае "Наша слова"!

Я, хоць і не з'яўляюся сябрам ТБМ, вырашыў напісаць да Вас ліст, бо праблема роднай мовы мяне, як і Вашую арганізацыю вельмі хвалюе.

А ліст мой будзе датычыць публікацыі допісу "Дзе беларусу купіць перакідны каляндар на сваёй роднай мове", змешчанай у № 1 за 2005 год. У ім Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада апісвае сітуацыю з беларускамоўнымі выданнямі ў сваім горадзе. Ён задае пытанне: "А можа гэта толькі ў нас ў Слаўгарадзе?"

Не, не толькі. Нават у такім даволі населеным горадзе, як Берасце, сітуацыя не лепшая.

Для сябе я зазначыў, што жывую беларускую мову можна ў нас пачуць бадай што толькі ў сценах майго універсітэта (я з'яўляюся студэнтам філфака, 1 курс). І для мяне, калі я толькі прыйшоў сюды пасля школы, было нават крыху дзіўна чуць беларускае слова.

Падсумаваўшы, можна зазначыць, што беларускамоўнага ў 300тысячным горадзе не вельмі і шмат: шыльды на розных установах; назвы вуліц - і то не ўсюды; надпісы маршрушаў у транспарце; афармленне некаторых крамаў (засталіся з часу 1993 -1996) ды і рэкламныя вітрыны некаторых фірмаў, што вядуць рэкламную акцыю пабеларуску. Вось і ўсё. А жывой беларускай мовы на вуліцы або ў іншым месцы я яшчэ не чуў.

Діўна назіраць, але большасць людзей, асабліва ўзросту маіх бацькоў, не звяртае на гэта аніякай увагі. Калі мы пачынаем пра штонебудзь запытваць у кнігарні, краме або ў бібліятэцы пабеларуску, на цябе спачатку паглядзяць са здзіўленнем, нібы ты не з гэтае планеты, чамусьці ўсміхнуцца і вельмі часта папросяць паўтарыць яшчэ раз. Вось так.

Неяк я са сваімі аднагрупнікамі пачаў на вуліцы і ў аўтобусе гаварыць пабеларуску. Ды ўсе глядзелі на нас, сцішваліся, прыхлухоўваючыся, а некаторыя не звярталі ўвагі: Там, у Берасці беларуская слова амаль што вымерла і самае горшае, што пакуль канца гэтаму не відаць. А дастаткова было не спыняць праграму, прынятую ў 1990 годзе - яна якраз была разлічана на дзесяцігоддзе. І хто ведае, сёння была б ужо іншая сітуацыя.

Так што Вы, паважаны спадар Фелікс Шкірманкоў, не адзіныя ў сваіх шуканнях.

З павагай,

Васільчук І. Д. г. Берасце.


ПРЭЗЕНТАЦЫЯ РАМАНА

У музеі - філіяле "Беларуская хатка" сабралася каля 40 чалавек прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі. Нагода - прэзентацыя рамана журналісткі Ірыны Францаўны Жарнасек "Будзь воля твая..."

Раман распавядае чытачам пра адну з трагічных старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны мінулага стагоддзя - росіцкую трагедыю (1943 г.). Героямі твора з'яўляюцца як гістарычныя асобы - дабраславёныя айцы Марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, так і тыя людзі, што жылі альбо маглі жыць побач з імі і сталі ўдзельнікамі гэтых жудасных і адначасова такіх прыгожых у сваёй ахвярнай любові і высакароднасці падзей. (Тады было знішчана 1528 беларусаў).

Усе прысутныя прагледзелі частку дакументальнага фільма пра росіцкую трагедыю - успаміны яе ўдзельнікаў, што выжылі, прайшоўшы канцлагеры. Рэжысёрам стужкі з'яўляецца палачанін Андрэй Сухарэўскі. Прагляд стужкі працягвалі разважанні пісьменніцы і яе каментары...

У вечарыне прынялі ўдзел айцец Андрэй Абламейка, дыякан Андрэй Сідаровіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў разам з жонкай Валянцінай Аксак, гісторык Анатоль Сідарэвіч, сябры музея - філіяла "Беларуская хатка"...

Кожны ахвотны меў магчымасць набыць гэтую ўнікальнуў кнігу, што была выдадзена дзякуючы падтрымцы ордэна айцоў марыянаў з вялікім па нашых часах накладам - 2500 асобнікаў. Мастак, што ўпрыгожыў яе вокладку, вядомы ў творчых колах чалавек - Уладзімір Вішнеўскі. На прэзентацыі было заўважана, што адным з першых чытачоў твора быў Янка Брыль, які даў яму вельмі высокую адзнаку. Чытаецца раман хутка.

... Напрыканцы прэзентацыі усе прысутныя праспявалі "Магутны Божа"...

Я быў задаволены тым, што час прайшоў змястоўна і быў плённа выкарыстаны. Адзначу, што першая сустрэча Ірыны Жарнасек з чытачамі з нагоды выхаду рамана адбылася ў Лідзе. А "Беларуская хатка працягнула гэты ланцужок гутарак пра жыццё і літаратуру.

Аляксей Шалахоўскі.


Сціскаецца сэрца ад болю...

Ірына Платонаўна Крэнь доўгі час працавала ў "Нашым слове". Яна прыйшла ў калектыў рэдакцыі адразу, як выданне з бюлетэню пераўтварылася ў васьміпалосную ўсебеларускую газету-штотыднёвік. Спачатку была карэктарам, але добраахвотна спалучыла гэту сваю штатную адказную працу з клопатамі літаратурнага супрацоўніка, і праз кароткі час ужо здолела ўвайсці ў шэраг лепшых журналістаў рэдакцыі. Ірына Платонаўна працавала многа, з натхненнем і не аднойчы казала, што ніколі яшчэ раней праца не прыносіла ёй столькі радасці і задавальнення, як у "Нашым слове". Яна стварала надзвычай змястоўныя і дасканалыя па літаратурнай форме карэспандэнцыі, артыкулы рабіла цікавыя інтэрвію выдатных людзей - змагароў за новую, незалежную Беларусь. Выдатны спецыяліст з універсітэцкай адукацыяй і вялікім досведам працы ў выдавецтвах, Ірына Платонаўна дапамагала не аднаму маладому журналісту ў дасканалай падрыхтоўцы іх першых матэрыялаў, навучала таямніцам стылістыкі і майстэрству аналітыкі. Мала таго - яна яшчэ знаходзіла сілы, каб клапаціцца пра матэрыяльнае забеспячэнне маладога незалежнага выдання!


Пайшла ад нас Ірына Крэнь. Здаецца, свет не змяніўся, але як для каго. Для тых, хто яе ведаў і любіў, ён павузеў, пабяднеў, з нашага беларускага поля знікла прыгожая краска, якая цешыла вочы тым, хто яе ведаў, хто з ёю сябраваў, хто жыў побач.

Яна была чалавекам грамадскім, яна не жыла для сябе, яна жыла для нас, беларусаў, для Беларусі, яе культуры, яе дабра.

Ірына Крэнь была таленавітым чалавекам, яна была паэткай, вучоным, публіцыстам, рэдактарам. Яна не займала вялікіх пасадаў, не выступала з высокіх трыбунаў, яна была сціплаю працаўніцай, якіх у нас не так ужо і шмат, але ад якіх залежыць вельмі многае, бо такія працаўнікі як Ірына Крэнь нястомна і плённа сеюць разумнае, добрае, вечнае, без чаго народная ніва зарасце пустазеллем. Увесь свой немалы талент яна аддавала нам, яе сучаснікам, і тым, хто будзе пасля яе і пасля нас - яна думала і дбала пра будучае ўсяе Беларусі.

Асабліва шмат сіл яна аддавала на тое, каб наша мова жыла, квітнела, каб яе любілі і паважалі ў горадзе і ў вёсцы, каб на ёй гаварылі школьнікі, студэнты, людзі на вуліцы і ў дзяржаўных установах. Так, яна зрабіла нямала для нашай культуры, але зрабіла б нашмат больш, каб яе жыццёвы шлях быў роўны і просты. На жаль, ён быў пакручасты, няроўны, з вялікімі калдобінамі.

Яна была дачкою беларускага паэта Платона Крэня з Моўчадзі, што ля Баранавіч, які таксама зза зігзагаў свайго лёсу не змог даць таго, што мог бы, на што быў здольны. Маладым царскім афіцэрам ён разам з войскам генерала Урангеля з Крыма адплывае ў далёкі свет, каб ратавацца ад бальшавікоў. З вялікімі цяжкасцямі ён дабіраецца дадому, у Заходнюю Беларусь. Там ён заводзіць гаспадарку, жэніцца, гадуе дзяцей, піша вершы. І вось вайна, акупацыя, ён, ужо вядомы ў сваім асяроддзі паэт, пасылае свае вершы ў "Баранавіцкую газету", патроху друкуецца, хоць вершы яго не востра сацыяльныя, яны хутчэй лірычныя, бытавыя. Аднак гэта не выратавала яго ад рэпрэсій пасля вызвалення ад нямецкіх захопнікаў. У хуткім часе ён быў арыштаваны і асуджаны на шмат гадоў за "супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі", апынуўся на Поўначы, працаваў на лесапавале, і толькі смерць "правадыра ўсіх народаў" выратавала яго, вярнула свабоду.

Для маладой яго дачкі Ірыны, як і для ўсёй сям'і, гэта быў цяжкі перыяд у жыцці. Аднак яна паспяхова скончыла школу, Беларускі дзяржаўны універсітэт. І ў 1953 годзе ў яе жыцці пачаўся працоўны стаж. Яна працавала ў Інстытуце літаратуры, у выдавецтве "Народная асвета", "Беларуская Савецкая энцыклапедыя", а потым доўгі час у газеце "Наша слова", друкаваным органе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Разам з тым яна займаецца і літаратурай, хоць вершаў піша мала, больш даследаванняў, артыкулы, партрэтныя замалёўкі вядомых людзей. Разам з Ю. Пшырковым у Інстытуце літаратуры яна выдала кніжку пра бацьку Максіма Багдановіча - Адама, потым занялася апрацоўкай успамінаў свайго бацькі, зборам яго вершаў, і выдала ўсё гэта асобнаю кніжкай пад назвай "Бывай, Ярашоўка!"

У Ірыны Крэнь было шмат сяброў, сталічных і з перыферыі, яна была заўсёды нечым занятая: збірала матэрыялы да пэўнай тэмы, якая яе зацікавіла, дапамагала некаму нешта зрабіць, напісаць, знайсці. Яе цікавіла літаральна ўсё, чым жыве чалавекпатрыёт: сённяшні дзень, палітыка, апазіцыя, закрыццё ліцэя, скарачэнне беларускіх школ, помнік Францішку Скарыне і інш. Яна была цікаваю асобаю - дапытлівай, эрудаванай, эмацыянальнаузнёслай, любіла гумар і сама ўмела жартаваць, была бескампраміснай у ацэнцы таго ці іншага чалавека, недаравала нікому беспрынцыпнасці і здрады.

Сціскаецца сэрца ад болю, што мы страцілі таленавітага чалавека, шчырага патрыёта, для якога лёс Беларусі быў на першым месцы. А можа на першым месцы ўсё ж былі яе дачка Алена і ўнучка Ілона, якія таксама не былі абдзелены яе клопатам, увагай і матчынаю пяшчотай. Ва ўсякім разе, ім ёсць кім ганарыцца і з каго браць прыклад.

Нібы ад яе імя напісала некалі Канстанцыя Буйла:

Люблю наш край,

старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз

пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Хай будзе пухам Табе, ІркаІраІрына, наша родная Беларуская зямля. Хай сняцца табе сны аб Беларусі!


Уладзімір Анісковіч, Данута Бічэль, Янка Брыль, Эвеліна Блінава, Лявон Вашко, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Рагнеда Грышкевіч, Уладзімір Дамашэвіч, Святлана Кліменценка, Валерыя Кустава, Алег Лойка, Адам Мальдзіс, Ірына Марачкіна, Галіна Пілецкая, Тамара Самойлава, Здзіслаў Сіцька, Алег Трусаў, Віктар Шніп, Іван Чыгрын, Эрнест Ялугін


Рэдкалегія "Нашага слова", Таварыства беларускай мовы смуткуюць з нагоды вялікай страты і выказваюць свае спачуванні сям'і і сваякам Ірыны Платонаўны Крэнь, усім, хто яе ведаў і любіў.



Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў

Кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства

ПАВАЖАНЫЯ ВЫПУСКНІКІ.

Прапануем вам стаць студэнтамі нашага універсітэта па спецыяльнасці "Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны" , спецыялізацыя "музеязнаўства" , кваліфікацыя "музеязнаўца" .

Вы атрымаеце высакародную і патрэбную ў грамадстве прафесію. Высакародную, таму, што музей - гэта месца захавання гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны. Патрэбную - таму, што музеі ўвесь час развіваюцца і з'яўляюцца новыя, якія адчуваюць патрэбу ў падрыхтаваных высокакваліфікаваных спецыялістах.

Нашы спецыялісты працуюць у якасці інспектараў у галіне аховы помнікаў гісторыі і культуры, працуюць у вядучых музеях краіны. А таксама распрацоўваюць разнастайныя пытанні музейнай справы, займаючы кіраўнічыя пасады ў галіне культуры.

Дадзеную спецыяльнасць забяспечвае кафедра гісторыі Беларусі і музея-знаўства , на якой працуюць 3 дактары навук і 6 кандыдатаў гістарычных навук.

За час навучання ва універсітэце вы пазнаёміцеся не толькі з прадметамі гістарычнага кірунку (сусветная гісторыя і гісторыя Беларусі, сфарагістыка, нумізматыка, геральдыка, метралогія і іншыя спецыяльныя гістарычныя дысцы-пліны), але і будзеце вывучаць такія цікавыя і патрэбныя музейнаму спецыялісту дысцыпліны як гісторыя і тэорыя музейнай справы, старажытныя музеі і музеі свету, навукова-фондавая работы, праектаванне выстаў і музейных экспазіцый, ахова і выкарыстанне, кансервацыя і рэстаўтарацыя помнікаў і іншыя.

Прымаюцца асобы, якія маюць сярэдную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Форма навучання - дзённая.

Уступныя экзамены: беларуская і руская мова - цэнтралізаванае тэставанне. Гісторыя Беларусі - цэнтралізаванае тэсцтаванне. Чалавек. Грамадства. Дзяржава - тэставанне ва універсітэце.

Больш падрабязную інфармацыю вы зможаце атрымаць па тэлефонах:

222-83-37, 222-83-41,

ці па адрасу: 220001. г. Мінск, вул. Рабкораўская, д. 17. каб. 308.

Сардэчна запрашаем!


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Падпіска на "Наша слова" працягваецца.

З першага сакавіка "Наша слова" будуць атрымліваць яшчэ 18 бібліятэк краіны: Бабруйская і Глуская на Магілёўшчыне; Лельчыцкая, Добрушская, Лоеўская, Акцябрская, Буда-Кашалёўская на Гомельшчыне; Ганцавіцкая, Драгічынская, Іванаўская, Кобрынская, Ляхавіцкая на Берасцейшчыне; Смалявіцкая на Меншчыне; Лепельская і Лёзненская на Віцебшчыне, а таксама цэнтральная раённая бібліятэка г. Віцебска.

Таварыства беларускай мовы выказвае шчырую ўдзячнасць дабрадзеям, на ахвяраванні якіх зроблена падпіска на беларускую газету. Спадзяёмся, што і надалей прыхільнікі беларушчыны будуць спрыяць пашырэнню роднага слова праз "Наша слова".

А між тым пачалася падпіска на газету "Наша слова" на 2-гі квартал 2005 года. Заклікаем усіх нашых чытачоў і сяброў працягнуць сваю падпіску на газету і падпісаць сваіх родных, прыяцеляў, знаёмых. Нас з кожным месяцам становіцца ўсё больш. На сакавік падпісана ўжо 993 асобнікі. Спадзяёмся, што ў красавіку тысяча будзе.


Нацыянальнай трагедыі - 60

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Што Я. Кіпель быў не ворагам, а сапраўдным змаганцам за светлыя ідэалы беларускага народа, можа сведчыць узгадаванне ў яго сям'і аднаго з самых слынных на сёння прадстаўнікоў нашай дыяспары Вітаўта Кіпеля. Няма аніводнай колькінебудзь важнай акцыі беларусаў свету, у якой ён не прымаў бы самага актыўнага ўдзелу. Яго змястоўныя публікацыі па гісторыі беларускай эміграцыі ў ЗША добра вядомыя шырокаму колу чытачоў нашай краіны і замежжа.

Масавы выезд на захад грамадскапалітычных дзеячоў Беларусі, што супрацоўнічалі з акупантамі, з усіх пунктаў гледжання цалкам абгрунтаванае рашэнне. Захаванне імі ў выніку такой акцыі жыцця дазволіла выкарыстаць свой багаты палітычны досвед у ладаванні быту беларускай дыяспары на яе прыроднай культурнамоўнай аснове. Вельмі разумна і абдумана зрабілі, не пажадаўшы застацца на вызваленай ад акупантаў тэрыторыі, асобы, што з іх дазволу тут нешта карыснае рабілі для беларускай нацыянальнай культуры. Гэты ўчастак дзейнасці творчых людзей надзвычай важны не толькі ў мірны, але і ў ваенны час, бо нельга, каб народ быў пазбаўлены магчымасці будаваць духоўнае жыццё паводле ўласных стандартаў. Адступішся ад іх, так і глядзі, трапіш у кабалу асіміляцыі, а такую з'яву ніколі не забывалі акупанты і як толькі маглі ўкаранялі, шырылі сваю культуру на заваяваных землях. Была ж яна адной з развітых у Еўропе. У падобных умовах мастацкая інтэлігенцыя Беларусі не мела права бяздзейнічаць, дзякуючы часу і дасягнула пэўных творчых набыткаў. З друку выйшаў шэраг новых літаратурных твораў самых розных жанраў. На дзіва, гэтыя цяжкія гады былі досыць плённымі для паэткі Наталлі Арсенневай, якая жыла ў Менску і супрацоўнічала ў "Беларускай газеце". Заклапочаная зусім верагоднай германізацыяй у недалёкай перспектыве беларускага народа, яна заклікае, вучыць яго трымацца, шанаваць свае духоўныя традыцыі. У напісаным у 1942 годзе вершы "Жыве Беларусь" яна нібыта ў дакор тым, хто пры сустрэчы з сябрамі любіў адно два словы ўставіць і з чужой нямецкай мовы, сцвярджае:

Мова наша

Выкутая з золата

Не йржавее,

Блішчыць,

Зіхаціць.

Гэта мова паэтаў і волатаў,

Скарб,

Які нас трымаў

пры жыцці.

І вось гэтая адданая беларускаму слову патрыётка вымушана была пакінуць зямлю, дзе толькі адно яно мае свой родны дом, і падацца ўпрочкі.

Так шлях выбралі для сабе добра вядомыя ад даваеннага часу кампазітары Мікалай Равенскі (у гады акупацыі служыў рэгентам царкоўнага хору ў Чэрвені, напісаў музыку на верш Максіма Багдановіча "Пагоня"), Мікалай Шчаглоў (Куліковіч), які ў час акупацыі ўзначальваў музычны аддзел Беларускага культурнага згуртавання, напісаў на лібрэта Н. Арсенневай оперы "Лясное возера" і "Усяслаў Чарадзей" (пастаўлены адпаведна ў 1942 і 1943 гадах). Амаль у поўным сваім складзе рушыў на захад калектыў Менскага гарадскога тэатра, у якім было нямала таленавітых оперных і драматычных артыстаў.

Вайна выгнала з Беларусі не адзін дзесятак тысяч людзей цвёрдай нацыянальнай арыентацыі, якіх так нам не ставала з пераходам да мірнага жыцця. Вось чаму яго аднаўляць, нанова будаваць часта даводзілася без уліку нацыянальнага інтарэсу, выкарыстоўваючы і асобаў не нашага краю, зусім не інтэграваных у яго нацыянальнакультурныя традыцыі. Многіх, зведаных у пасляваенныя гады страт мы не мелі б, каб не Бацькаўшчыне льга было спакойна жыць тым, хто з болем у сэрцы кінуў яе ўлетку 1944 года. Тое масавае самавыгнанне з бацькоўскай зямлі яе сыноў і дачок іншымі словамі нельга назваць, як нацыянальнай трагедыяй. Бясспрэчна, сярод іх былі і тыя, што стралялі па партызанах, знішчалі членаў іх сямей. Але такіх уцекачоў наўрад ці было больш за тых, хто ў Курапатах і падобных ім месцах расстрэльваў беларускіх нацыянальных патрыётаў і з прыходам Чырвонай арміі адчуў сябе зноў паўнаўладным гаспадаром.

Не можа быць аніякіх сумненняў у тым, што не паліцэйскія, а беларуская нацыянальная эліта пераважала сярод уцекачоў. У іх складзе былі і грамадска - палітычныя дзеячы, якія ўжо ў першыя два дзесяцігоддзі ХХ ст. паспелі здзейсніць важкі ўклад у справу беларускага нацыянальнакультурнага Адраджэння. Шмат было і тых, хто ў міжваенны перыяд актыўна змагаўся за беларускія ідэалы на "ўсходніх крэсах" Польшчы. Усе яны без выключэння адносіліся да актыўных і свядомых носьбітаў беларускіх нацыянальнакультурных і моўных традыцый. Такія людзі не толькі сёння, але і ў той час складалі залаты фонд беларускага народа, бо менавіта яны забяспечваюць апошняму ўстойлівае самабытнае этнакультурнае развіццё, не даюць стаць ахвярай любой формы асіміляцыі. Калі б тыя, з багатым беларускім гартам самавыгнанцы заставаліся на Бацькаўшчыне, несумненна, магло б зусім інакш адбывацца яе духоўнае жыццё, уся нашая інтэлігенцыя не аказалася б такой бяззубай і бесхрыбетнай перад дзевятым валам пасляваеннай русіфікацыі. Звонку можа падацца нейкім парадоксам, што самыя інтэграваныя ў сваю прыродную духоўную спадчыну інтэлігенты не дазволілі сабе застацца на бацькоўскай зямлі і стрымгалоў уцякалі на захад. Аднак гэта ва ўсіх дачыненнях быў вельмі ўзважаны, правільны крок. Тагачаснае беларускае грамадства, будучы страшэнна расколатым паводле сацыяльнакласавых, палітычных і ідэалагічных прынцыпаў, не знайшло б у сябе здольнасці разабрацца, чаму такая значная колькасць людзей супрацоўнічала з акупацыйным рэжымам і без усялякай скідкі патрабавала б ад партыйных і савецкіх органаў строгага судовага пакарання іх. Дзенідзе маглі б і чыніць самасуд над прыслужнікамі фашысцкага рэйху, ведаючы, што савецкая ўлада не ўжыве супраць такой расправы аніякіх санкцый. Таму пасляакупацыйную хвалю эміграцыі трэба разглядаць як заканамерную з'яву, правільны крок, бо такім чынам удалося выратаваць ад немінучай смерці велізарны пласт беларускай нацыянальнасамасвядомай інтэлігенцыі. Пішу так таму, што жывучы ў пасляваенны час у розных краінах планеты Зямля, яна не растварылася ў іншанародным асяроддзі і ў іншых экстрэмальных умовах шмат чаго карыснага зрабіла для дарагой і любімай Бацькаўшчыны. Калі ў вызваленай ад нямецкіх акупантаў Беларусі пераважная большасць палітыкаў і інтэлігенцыі пакорліва ставілася да працягу распачатага тут яшчэ пред вайной планамернага распаўсюджвання рускіх стандартаў ва ўсіх сферах духоўнай дзейнасці, самавыгнанцы незалежна ад краіны пражывання імкнуліся трымацца свайго. У Нямеччыне ці Францыі, Бельгіі ці Аўстрыі яны стваралі свае школы на роднай мове дзяцей, на ёй жа выдавалі газеты, часопісы, літаратуру, скрозь ужывалі яе ў міжасобасных зносінах. Многія самавыгнанцы няўхільна трымаліся такога правіла да канца свайго жыцця і моцна прышчапілі беларускасць сваёй змене.

З прычыны вымушанай масавай эміграцыі вызваленая ад ворага Беларусь недалічвалася тысяч так патрэбных ёй таленавітых, шчыра адданых нацыянальнай ідэі творцаў. Для поўнавартаснай замены такіх уцекачоў не мелася аніякіх магчымасцяў. Іх нас пазбавілі галоўным чынам вялікія страты нацыянальнасамасвядомых людзей падчас масавых рэпрэсій 30х гадоў. Такія людзі менш за ўсё думалі пра захаванне ўласнага жыцця і тады, калі Бацькаўшчына апынулася пад нямецкай акупацыяй. У сваім самаадданым змаганні за выратаванне народа ад любых формаў няволі адны гінулі ад рук знадворнага ворага, другія - ад тых, хто стаяў за вяртанне на Беларусь савецкіх парадкаў. Каму з другой катэгорыі змаганцаў удалося ўцалець, яны не маглі заставацца дома, ведаючы, што тут ізноў у абавязковым парадку будзе ўсталёўвацца ненавісны ім савецкі лад жыцця з уласным яму магутным рэпрэсіўным апаратам. У выніку вызваленая ад акупантаў Беларусь, каб і жадала, дык не ў стане была б укамплектаваць за кошт мясцовых рэзерваў не толькі свой дзяржаўнапартыйны апарат, але і такія лёсавызначальныя для народу сферы, як адукацыя і культура. Сюды накіроўвалі людзей зусім не здольных працаваць у поўнай адпаведнасці з нацыянальнакультурнымі і моўнымі стандартамі карэннага насельніцтва.

У палітычным кіраванні рэспублікай нам вельмі не хапала дзяржаўных дзеячаў падобных Мікалаю Абрамчыку (з 1947 да траўня 1970 г. прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі), Радаславу Астроўскаму (са снежня 1943 да кастрычніка 1976 прэзідэнт Беларускай Цэнтральнай Рады), якія на службе карысталіся толькі беларускай мовай. Прысланага ж Масквою яшчэ ў 1938 годзе на пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б і старшыні Савета Народных Камісараў (з 1946 старшыні Савета Міністраў) БССР ураджэнца Краснадарскага краю Панцеляймона Панамарэнку зусім не хвалявала трывожнае нацыянальнакультурнае становішча ў пасляваеннай рэспубліцы. Аналагічнае можна сказаць і пра яго партыйнага пераемніка з Астраханскай губерні Мікалая Гусарава. За адносна кароткі тэрмін гэтым высокім дзяржаўнапартыйным асобам удалося закласці трывалы рускі падмурак пад нацыянальнакультурнае, моўнае жыццё Беларусі. Пазней, таксама не без удзелу Масквы, на гэтым падмурку не проста расцвілі, а забуялі рускамоўная адукацыя і рускамоўная культура. І як вынік, зараз пад імі занята куды больш тэрыторыі нашай краіны, чым пад іх беларускамоўнымі адпаведнікамі.

Востры дэфіцыт у пасляваеннай Беларусі зведваўся на людзей, якія былі б у стане і жадалі б падпарадкаваць яе нацыянальнаму інтарэсу духоўную сферу і ў першую чаргу народную адукацыю. І тлумачылася гэта ў значнай ступені тым, што на захад падаліся многія са здаровай нацыянальнай самасвядомасцю таленавітыя майстры педагагічнай справы: Алесь Ваніцкі, Язэп Гладкі, Барыс Кіт, Аўген Калубовіч (Каханоўскі), Міхась Міцкевіч, Аляксандр і Наталля Орсы, Апалёнія і Лявон Савёнкі і іншыя, што паспелі яшчэ ў перадваенны час вызначыцца не толькі кваліфікаванымі спецыялістамі, але і сапраўднымі патрыётамі на ніве народнай адукацыі. У вызваленай жа ад немцаў Беларусі гэтую адказную дзялянку духоўнага жыцця ўзначальвала расіянка Еўдакія Ўралава, якая і пальцам не кранула, каб спыніць распачатае яшчэ перад вайной разбурэнне нацыянальных асноў народнай адукацыі, асабліва ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе.

Зусім не лішнім былі б у асяроддзі пісьменніцкай інтэлігенцыі тагачаснай Беларусі такія майстры пяра з ліку самавыгнанцаў, як Вінцук Адважны, Наталлля Арсеннева, Уладзімір Дудзіцкі, Алесь Змагар, Янка Золак, Хведар Ільяшэвіч, Міхась Кавыль, Уладзімір Клішэвіч, Рыгор Крушына, Алесь Салавей, Масей Сяднёў і іншыя, якія дзякуючы сваёй цвёрдай нацыянальнай пазіцыі, несумненна, сродкамі мастацкай літаратуры больш аб'ектыўна паказвалі б мінулае і тагачаснае жыццё Бацькаўшчыны, чым многія іх калегі з партыйнымі білетамі ў кішэнях.

Прыстойнае месца ў Беларусі пасляваенных гадоў знайшлося б кампазітарам Алесю Карповічу, Міколу Равенскаму, Мікалаю Шчаглову (Куліковічу), дактарам філасофіі Ф. Грышкевічу, Я. Станкевічу, інжынеруархітэктару І. Касяку, гісторыку Я. Найдзюку, прафесару медыцыны М. Сцяпанаву, тэатральнаму дзеячу В. Селяху і многім іншым работнікам культуры і навукі, якія, ратуючыся ад незаслужанай кары, са слязамі на вачах пакідалі дарагую і любімую Бацькаўшчыну.

Паколькі такую страту таленавітай часткі грамадства нічым нельга было апраўдаць, бальшавіцкія ідэолагі прыдумалі для яе самыя ганебныя мянушкі: "ворагі беларускага народа", "зброд самазванцаў", "беларускія буржуазныя нацыяналісты" і г. д. Як найвялікшы здзек да разраду такіх нацыяналістаў адносілі нават тых, хто паводле свайго сацыяльнага паходжання адносіўся да самых бяднейшых слаёў насельніцтва. Я цалкам выключаю думку, што хтосьці з вышэйзгаданых асобаў гарэў нястрыманым жаданнем дапамагчы акупацыйным уладам пад самы корань фізічна зніштожыць беларускі народ з тым, каб ён знік з этнічнай карты свету. Не магу такога дапусціць, зыходзячы з усяго перадэміграцыйнага жыцця кожнага са спамянутых вышэй самавыгнанцаў і таго, што імі рабілася на чужыне. Бясспрэчна, хтосьці з іх працаваў на "новы парадак" не толькі дзеля грошай, лепшага дабрабыту, але і паводле сумлення. Датычыла гэта найперш грамадскапалітычных дзеячаў Беларусі. Але не трэба забывацца, што абсалютную бальшыню такіх асобаў паклікала на службу да акупанткў іх страшэнная нянавісць да савецкай таталітарнай дзяржаўнай машыны, якая дазволіла сабе фізічнае знішчэнне ў 30я гады такой велізарнай колькасці і самых элітарных, і самых шараговых людзей. Суды савецкай інквізіцыі з зайздросным спакоем выносілі смяротныя прысуды палітычнай, навуковай, творчай эліце і тым, хто стаяў за станком, ад раніцы да вечара працаваў на калгасных палях.

Калі на нейкі час прыпыніліся сталінскія рэпрэсіі, у "краіне Ільіча" адчувалі пакрыўджанымі імі мільёны людзей. Шмат іх было і на Беларусі. А гэта ж акурат той пласт грамадства, дзе акупанты маглі без асаблівых цяжкасцяў адшукаць неабходную ім колькасць памагатых.

Айчынныя гісторыкі і публіцысты, пісьменнікі шмат сваіх прац прысвяцілі партызанскаму руху, гераічным самахвярным дзеянням падпольшчыкаў, але неабгрунтавана мала сказалі пра тое, што адбывалася на тэрыторыі, насельніцтва якой вымушана было жыць паводле акупацыйных нормаў. Прычым, усе падзеі раскрываліся так, як гэта было выгадна для камуністычнай ідэалогіі. Таму шматгадовае асвятленне вайны з фашысцкай Германіяй з прасавецкіх пазіцый не давала магчымасці для яе аб'ектыўнага і поўнага раскрыцця. Паза рамкамі даследчыкаў заставаліся вельмі многія прынцыпова важныя пытанні. Меў рацыю Васіль Быкаў, калі ў адным з сваіх інтэрвію (верасень 1991 г.) заявіў: "Апошняя вайна гэта не проста 4 гады бойкі, але яна ёсць эпоха ў нашай гісторыі. Праўды, поўнай праўды пра яе яшчэ няма, хаця столькі кніг напісана. Асабліва аб'ектыўна не асветлена барацьба на акупаваных тэрыторыях. На гэтых тэрыторыях была вельмі складаная сітуацыя". І хоць сказана гэта больш за дзесяць гадоў таму назад, буйных дасягненняў нам не ўдалося зрабіць дзеля вывучэння той складанай сітуацыі.

Датычыць гэта і падзей, што адбываліся ў самыя апошнія дні акупацыі і ў першыя дні пасля выгнання немцаў з беларускай зямлі. Не будзем забывацца, што разам з акупантамі яе пакідалі і тыя, хто ўзгадваўся тут, меў глыбокія спадчынныя карані, з вялікай павагай ставіўся да традыцый сваіх продкаў. Многіх з тых самавыгнанцаў ніяк не параўнаеш з сённяшнімі эмігрантамі, якія ў цяжкі для Бацькаўшчыны час неабдумана кідаюць яе і шукаюць шчасця ў іншых краінах для сябе, а не для народа.

Даводзіцца толькі пашкадаваць, што сучасныя нацыянальна скіраваныя колы беларускага грамадства нічога не зрабілі, каб хоць неяк адзначыць 60годдзе самай шматлікай у нашай гісторыі палітычнай эміграцыі. А на запланаваныя ж у сувязі з гэтым мерапрыемствы маглі б прыехаць непасрэдныя ўдзельнікі той хвалі эміграцыі і сумесна з жыхарамі метраполіі сур'ёзна паразважаць над тым, што трэба рабіць, каб вывесці з заняпаду яе эканамічнае жыццё, не дапусціць страты дзяржаўнага суверэнітэту, спыніць даведзеную да крайне небяспечнай мяжы русіфікацыю беларускага народа. Не выключана, што да такой гаворкі прыслухаліся б і палітыкі. Сярод іх жа ёсць асобы, якія цвяроза глядзяць на эмігрантаў 1944 года і не бачаць у іх заклятых ворагаў беларускага народа.

Шасцідзесяцігоддзе вызвалення краіны ад гітлераўскай навалы і такое ж "годдзе" пасляваеннай эміграцыі - гэта вялікі тэрмін. Час канчаць дзяліць беларусаў на змагароў савецкай таталітарнай сістэмы. Яна канула ў Лету. Беларусь - самастойная дзяржава, што было запаветнай марай тых, хто ўлетку 1944 года пакінуў яе. Значыцца, у самым прынцыпова важным лёсавызначальным пытанні: набыцці ўласнай дзяржаўнасці сышліся жаданні супрацьлеглых сіл перыяду фашысцкай акупацыі на Беларусі. Зараз адпалі ўсялякія падставы для ўзаемаабвінавачванняў. Такія прыклады не рэдкасць у сусветнай практыцы. Тут дарэчы будзе зазначыць, што пасля выгнання войскаў французскага імператара Напалеона за межы Расіі, цар Аляксандр І прыняў 12 снежня 1812 года маніфест, згодна з якім усім, хто супрацоўнічаў з ворагам, абвяшчаліся "уселітасцівейшае агульнае і прыватнае дараванне і вечнае забыццё" мінулага. Уласнікам, у якіх незадоўга да маніфеста за падтрымку Напалеона канфіскавалі маёнткі, вярнулі апошнія.

У падтрымку ідэі змірэння беларусаў, што ў гады акупацыі знаходзіліся па за рознымі бакамі барыкад, хацеў бы спаслацца на варты пераймання іспанскі досвед. У гэтай краіне на працягу 19361939 гадоў ішла сапраўдная грамадзянская вайна, перамогу ў якой атрымалі прыхільнікі генералісімуса Франка. Прыйшоўшы да ўлады, ён не стаў помсціць сваім супраціўнікам рэспубліканцам, а распарадзіўся будаваць мемарыяльны комплекс у памяць усіх іспанцаў, што загінулі ў гэтай грамадзянскай братазабойнай вайне. Можа і нам, талерантным беларусам, трэба было б адважыцца на такі крок? Ідуць жа размовы пра перазахаванне загінуўшых на беларускай зямлі нямецкіх салдат. І многія пагаджаюцца з такім рашэннем.

Вымушаная масавая летняя эміграцыя 1944 года - гэта не толькі найвялікшае гора для саміх уцекачоў. Гэта яшчэ і найвялікшая нацыянальная трагедыя для беларускага народа ў цэлым. Каб гэтыя людзі не пакінулі сваю дарагую радзіму і мелі магчымасць нармальна жыць і працаваць, нас бы так пад корань не стачыла руская культурнамоўная асіміляцыя, мы не былі б такой бесструктурнай этнічнай масай, якую сёння ўжо няма важкіх падстаў прызнаць за самастойны народ, бо ён у большай ступені спажывае, не без дапамогі дзяржавы, рускія, чым свае беларускія культурныя каштоўнасці. Дзеля пераадольвання гэтага нічым не апраўданага адыходу ад уласных духоўных традыцый патрэбны аб'яднаныя намаганні беларусаў метраполіі і іх замежных супляменнікаў.

Леанід Лыч


З БЕЛАРУСКАЙ МОВАЙ ПА ЖЫЦЦІ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Неўзабаве ў мяне ўстанавіліся сталыя стасункі з ваўкавыскай нацыянальнай элітай (Рось - гэта ўжо Ваўкавыскі раён). У Ваўкавыску пачалі праводзіцца рэгулярныя паседжанні, хаця там было цяжкавата разабрацца паседжанні якой структуры гэта былі: ці то БНФ ці то ТБМ. Узначальвалі гэтае кола Аксаміт і Кавальчук. Прынамсі, так выглядала.


Побач з усім сказаным нельга прайсці міма яшчэ адной справы. Урыўкамі, прыхопкамі я працаваў над расейска-беларускім вайсковым слоўнікам. Слоўнік быў спланаваны на 7 тысяч слоўных артыкулаў (пазней атрымаецца 8 тысяч). Працы было шмат. Служба не дазваляла ўдзяляць гэтай справе шмат часу. Тым не менш я па сваёй наіўнасці лічыў, што ніхто акрамя мяне гэтага не зробіць, і працягваў пісаць слоўнік. Не памятаю ўжо добра, як тое сталася, але са мной звязалася незалежная выдавецкая кампанія "Тэхналогія" і прапанавала выдаць кароткі варыянт слоўніка. Мне належала зрабіць выбарку адной тысячы слоўных артыкулаў і перадаць у выдавецтва. Гэтую тысячу я падрыхтаваў даволі хутка і дадаў да яе раздзельчык "Каманды і камандныя словы".

Летам 1993 года гэты слоўнічак пабачыў свет. Умясціўся ён на 34 старонкі. Выйшаў накладам у 1000 асобнікаў. Тым не менш гэта быў першы вайсковы слоўнік у новай Беларусі і, наогул, адзін з першых тэрміналагічных слоўнікаў, што пачыналі з'яўляцца ў той час. Каб не выглядала, што складанне гэтага слоўніка было ўжо такой прымітыўнай самадзейнасцю, лічу патрэбным прывесці спіс літаратуры, якая была ў мяне пад рукой падчас напісання слоўніка:

"М. Байкоў і А. Бараноўскі. Практычны беларускі вайсковы слоўнік. Ч.1 (расійска-беларуская). Менск, 1927.

Ваенны расійска-беларускі слоўнік /Бел. акад. навук. Ін-т мовазнаўства. Ваенна-тэрміналагічная камісія. Менск, 1933.

Зыніч. Вайсковая стылістыка /Выд. бел. вайсковай камісіі. Менск, 1919

Каманды па-беларуску /Браслаў, 1920.

С. Гураў. Палявая варта /Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Сэктар вайсковай літаратуры. Менск, 1932.

С. Гейнрыкс. Дзействы асобнай палкавой гарматы /Дзяржаўнае ваеннае выдавецтва БССР. Менск, 1932.

Праф. У. Генэрозаў. Тэорыя і практыка стральбы куляй і шротам /Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Менск, 1933.

С. Азар'еў і Н. Балашоў. Баявая служба чырвонаармейца-хіміка /ДВБ. Сэктар ваеннай літаратуры. Менск, 1936.

В. Аляксееў і І. Хорыкаў. Стралкова-тактычная падрыхтоўка кулямётнага аддзяленьня і разьдзелу /Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Менск, 1931.

Страявы статут Б.К.А. /Менск, 1944

Шыхтовы статут Беларускага войска /Выдавецтва "Рокаш", г. Прыазёрск, Казахстан, 1992 г.

Семиязычный военный словарь. Русский, болгарский, венгерский, немецкий, польский, румынский и чешский языки. Составители И. М. Бойко, В.С. Бакаленко, В. Л. Куценко /Военное издательство Министерства обороны СССР. Москва, 1917.

В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік /Коўна, 1924 С.М. Грабчыкаў. Русско-белорусский словарь /Минск, "Народная асвета", 1990.

В. А. Кочергина. Санскритско-русский словарь /Москва, "Русский язык", 1987."


Прыведзены спіс паказвае таксама, што ў 20-я, у пачатку 30-х гадоў вайсковая літаратура на беларускай мове выдавалася. Пры гэтым выдавалася літаратура самага рознага кшталту. У гэтым спісе не хапае адной кніжкі, своеасаблівай бібліятэчнай легенды, кніжкі пра догляд вайсковых коней, напісанай Г. К. Жукавым у час, калі ён камандаваў Беларускай вайсковай акругай, і выдадзенай на беларускай мове. Магчыма, гэтая кніжка - сапраўды легенда, але мы яе шукалі.


Слоўнік паспеў да Першага з'езду беларусаў свету, які праходзіў у Менску 8-10 ліпеня 1993 года. На з'ездзе адбылася яго своеасаблівая прэзентацыя. Мне некалькі штук далі, трохі купіў. Зараз застаўся на руках адзін асобнік.

Я ўжо не магу прыпомніць, якім чынам я сам аказаўся на з'ездзе беларусаў свету. Проста так мяне ніхто не пусціў бы. Магчыма, быў у адпачынку. Дакладна памятаю, што на з'ездзе я пабыў паўтара дні і з'ехаў у дывізіён.


Служба займала шмат часу, але я знайходзіў спосабы падтрымліваць стасункі і з Менскам, і з Гародняй. А пад мяне капалі. Збіралі кампрамат, яўна і таемна. Чакалі моманту, пакуль я пракалюся. Але пасля таго, як Кастэнка ўсіх астудзіў, на некаторы час кантроль стаў не такім навязчывым.


Я падставіўся сам. Адбылося гэта 12 лютага 1994 года.

На гэты дзень было спланавана паседжанне Гарадзенскай абласной рады ТБМ імя Францішка Скарыны, на якім абмяркоўвалася пытанне аб выкананні Закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы вайскоўцамі Гарадзеншчыны. Даклад па гэтым пытанні прапанавалі зрабіць мне.

У той жа дзень, у тым жа памяшканні, пасля абласной рады ТБМ было спланавана правядзенне ўстаноўчага сходу Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага Згуртавання Вайскоўцаў з удзелам Міколы Статкевіча.

Я адпрасіўся ў камандзіра брыгады з'ездзіць у Гародню. Дывізіён быў не на дзяжурстве, таму ў камбрыга не было ніякіх падставаў, каб адмовіць. Камбрыг не задаваў мне пытання, чаго я ў тую Гародню еду, сам я яму наперад тлумачыць таксама нічога не стаў.


Абласная рада ТБМ адбывалася на філфаку ГрДУ імя Янкі Купалы. Паколькі ў гэтым памяшканні былі спланаваныя абодва мерапрыемствы, на радзе аказалася шмат незнаёмых людзей. Іх ніхто не выганяў і не пытаўся нават: "Чые вы, хлопцы, будзеце?" Як потым высветлілася, былі хлопцы з гарадзенскіх вайсковых частак, і прыйшлі яны не ўступаць у БЗВ. Вялі сябе спакойна, але як аказалася, калі не запісвалі, то добра ўсё запаміналі.

Рада прайшла, як заўжды праходзіць. Я зрабіў даклад. Прынялі пастанову аб невыкананні ў вайсковых частках Гарадзеншчыны Закона аб мовах.


Пасля заканчэння рады ТБМ у зале засталіся тыя, хто збіраўся ўступаць у БЗВ. Усіх афіцэраў Гарадзенскай залогі, якія знайходзіліся на службе і не маглі ўступаць у БЗВ, Статкевіч папрасіў пакінуць залу. У гэты момант мне таксама трэба было выйсці разам з гарадзенцамі, але мне Статкевіч дазволіў застацца, і я застаўся. Гэта была элементарная памылка. Мне і да таго было вядома, што там будзе вырашана, я мог выйсці і пачакаць канца на дварэ, мог выйсці з усімі, а потым вярнуцца. Хаця, як сёння, падаецца, нічога б мяне не ўратавала, каб і выйшаў. Я быў вінаваты ўжо тым, што быў беларусам. Абышлося б у гэты раз, падсеклі б у іншым месцы.

А так 12 лютага я правініўся двойчы: па-першае, без дазволу камандавання зрабіў даклад пра выкананне Закона аб мовах ў вайсковых частках Гарадзеншчыны, будучы ўсяго камандзірам дывізіёна, чым перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы; падругое, удзельнічаў ва ўстаноўчым сходзе Гарадзенскай абласной арганізацыі БЗВ, хаця перад гэтым пісаў рапарт аб выхадзе з БЗВ. І хоць у дакладзе ўсё было правільна, і ні ў якую структуру БЗВ я фармальна не ўвайшоў, гэта ўжо нічога не значыла.

Нехта з гарадзенскіх афіцэраў далажыў па камандзе, што адбывалася на радзе і на сходзе БЗВ. Аператыўны дзяжурны Міністэрства абароны аб'явіў гатоўнасць № 1 нашай брыгадзе і, адпаведна, майму дывізіёну. Гэта трэба было, каб зафіксаваць тое, што мяне няма на рабочым месцы. Не важна, што я адсутнічаў законна, з дазволу камбрыга. Патрэбны быў повад. Яго знайшлі.

Станіслаў Суднік


Міжнародныя плянэры па кераміцы "АRТ-ЖЫЖАЛЬ" у Бабруйску

Керамічныя плянэры, семінары альбо сімпозіюмы ў палявых прыродных умовах ці іншых нестандартных абставінах, з выкарыстаннем розных вытворчых матэрыялаў, відаў паліва, традыцыйных, народных і самых разнастайных тэхналогій, шырока распаўсюджаны ў свеце як адказ на рафінаваную мастацкую культуру керамічнай вытворчасці.

У Беларусі гэткія плянэры выраслі з навуковаэтнаграфічных экспедыцый выдатнага мастака і педагога У. В. Угрыновіча са студэнтамікерамістамі БДТМІ (сённяшняя беларуская дзяржаўная Акадэмія мастацтва) і бяруць свой пачатак у 1992 годзе.

З другой паловы 90х гадоў мінулага стагоддзя арганізацыяй і правядзеннем плянэраў па кераміцы ў Беларусі на міжнародным узроўні займаецца яго вучань і паслядоўнік В. Калтыгін. Гэтыя плянэры мелі назву "Кераміка Раку" у адпаведнасці з адзіным тэхналагічным кірункам, які распрацоўваўся іх удзельнікамі з года ў год.

Зараз плянэры маюць назву "АRТЖЫЖАЛЬ".

Назва не выпадковая, яна сугучна нашым плянэрам па кераміцы. У беларускай народнай міфалогіі Жыжаль, Жыжа - Бог прыроднага агню, агню ў побыце чалавека, у хатняй печы, у рамястве каваля і ганчара. І ў іншых праявах творчай дзейнасці чалавекамайстра, агонь - творца. У нашым выпадку, у сувязі з умовамі плянэраў, як валодаеш майстэрствам абпалу, якая печ, дровы - такія атрымаеш і канчатковыя вынікі працы.

На беларускіх плянэрах у ходзе абпалу вырабляецца самая розная мастацкая кераміка - і з дымленнем, з рэдукцыяй паліўнага пакрыцця, і абварная, і па тэхналогіі ракукерамікі, і вырабы ў спалучэнні разнастайных тэхнік і прыёмаў.

У 20032004 годзе разам з аддзелам культуры Бабруйскага гарвыканкаму былі арганізаваны і праведзены 1 і ІІ Міжнародныя плянэры па кераміцы ў Бабруйску. На іх удзельнічалі каля 30 прафесійных мастакоўкерамістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Польшчы, Літвы, Латвіі. На прыгожым беразе ракі Беразіны керамісты рабілі творчыя майстэрні, складвалі печы для абпалу, падрыхтоўвалі матэрыялы і дровы для працы, і кожны год за тры тыдні працы выраблялі вялікую колькасць твораў сучаснай мастацкай керамікі высокага узроўню, большасць з якіх дэманстраваліся на выставах "Кола агню" па выніках плянэраў у Бабруйску, Магілёве, Менску.

Назва выставы - "Кола агню" - сімвалізуе сабой аб'яднанне вакол керамічнай мастацкай дзейнасці мастакоў і яе вынікамі, дзе агонь заўсёды паплечнік майстра, гледачоў, знаўцаў і аматараў мастацтва, дае кожнаму магчымасць знайсці суразмоўца і адчуць паразуменне.

Выніковыя выставы "Кола агню" знаёмяць шырокую грамадскасць, аматараў дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, прынамсі мастацкай керамікі, мастацтвазнаўцаў і мастакоў з выдатнымі дасягненнямі гэтага кірунку творчасці беларускіх мастакоў - керамістаў, паказваюць магчымасці адпаведнай плянэрнай калектыўнай творчай працы керамістаў у палявых умовах, з абпалам вырабаў у горнах адкрытага полымя, ў яднанні творчай працы мастакоў з прыродным наваколлем.

Акрамя творчых прац мы абавязкова размяшчаем у экспазіцыі інфармацыйныя фотастэнды, тэкставыя матэрыялы, каб даць магчымасць наведвальнікам выстаў атрымаць дастатковыя звесткі аб плянэры, яго ўдзельніках і аб іх творчым узроўні.

Пастаянны дэвіз плянэраў - "Традыцыі і сучаснасць" - азначае, што асноўны кірунак дзейнасці нашых плянэраў па кераміцы "АRТ ЖЫЖАЛЬ" - гэта выкарыстанне старых традыцыйных тэхналогі Бацькаўшчыны і Сусвету ў вытворчасці керамікі на сучасным мастацкім ўзроўні ў прыродным асяроддзі.

Аўра калектыўнай еднасці, сумесная праца, адзінства імкненняў, адрачэнне ад грашовых выгод і шлях эксперыментаў, вібрацыі адкрытага полымя ў горне, ствараюць асабовы стан творчасці ў мастакоў

Кераміка плянэраў сваеасоблівая, ў ёй сумяшчаюцца ў напружанай натуральнасці тысячагоднія традыцыі, моц матэрыялу, прыёмы і канцэпцыі, адкрыцці папярэдніх плянэраў. Архаічнасць і фармалістычныя пошукі, прадузятасць да аб'ектаў назірання, бездакорнасць стылю і падстава для вольных імпэсій.

Гэта кераміка пошуку і знаходак.

Кожны плянэр мае свой адпаведны кірунак, асаблівасць і тэму. Калі першы плянэр павінен быў прайсці шлях выпрабавання на жыццяздольнасць, паказаць арганізатарам свае магчымасці і знайсці станоўчы водгук у кіраўніцтва, як гарадскога, так і рэспубліканскага ўзроўню, то ўжо на другім плянэры мастакамі былі сур'ёзна адпрацаваны тэхніка і прыёмы дэкарыравання мастацкіх твораў даволі значных памераў з дапамогай "абвары", традыцыйнай для Беларусі, якая мае месца пры вырабе "гартаванай", пабытовай керамікі, выйсці на больш высокі ўзровень яе магчымасці.

Тэма прайшоўшага ў 2004 годзе чарговага плянэру "АRТЖЫЖАЛЬ" - "Сасуд як асяроддзе пражывання" - мела мэту адысці сродкамі мастацтва ад традыцыйнага, кансерватыўнага ўспрымання насельніцтвам сасуда як толькі часткі функцыянальнага посуднага начыння ў нашым побыце і надаць сасуду праз творчыя вынаходніцтва мастакоў узровень асацыятыўнага, метафарычнага, гратэскнага здумення.

Зараз ідзе падрыхтоўка да трэцяга Міжнароднага плянэру па кераміцы "АRТЖЫЖАЛЬ", на якім плануецца, адпаведна з тэмай "Пластыка і прасторавае асяродзе", працаваць не з дзвюмя печамі для абпалу, а з трымя. Мяркуем, што трэцяя, новая па канструкцыі печ дазволіць нам павялічыць памеры вырабаў, выкарыстоўваць шырэй паліву і майолікі і іншыя сродкі пры дэкараванні мастацкіх твораў, што дасць большыя магчымасці керамістам пры вырашэнні складаных прасторавых задач.

Запрашаем усіх для сумеснай працы па развіцці гэтага кірунку мастацкай аўтарскай керамікі ў Беларусі, прафесійных мастакоў, асабліва маладых, да ўдзелу ў плянэрах.

Плянэры павінны праходзіць кожны год у ліпеніжніўні працягласцю 25 дзён, колькасць удзельнікаў абмежаваная - не болей 25 чалавек.

Арганізатар і кіраўнік плянэраў Валеры Калтыгін

Шоргі на бонду, князь-зарціпос

"Князь Мышкін"-"Кошык", Масква, 2004, "Геометрия".

Неяк у адным з сваіх інтэрвію, гаворачы на тэмы праблемаў беларускага FMэфіру, я даволі сурова выказаўся пра поўную адсутнасць рэальнай творчай працы ў студыях беларускіх рэдакцыяў такога тыпу. Маўляў, уся іхняя дзейнасць зводзіцца да культмасавага агучвання банальнага базарнага кіёску. Нібыта дзеля апраўдання радыйшчыкаў ад такіх наскокаў лёс падкінуў мне унікальны рарытэт, выдадзены адной з маскоўскіх фанаграфічных фірмаў пробным... 25 000 накладам, які быў запісаны акурат у студыі вядомай менскай FMстанцыі "Radio BA".

На шыкоўна аздобленым пакунку папулярнай серыі digipak стыльна красуецца назва знакамітага менскага гурта "Князь Мышкін".

Лідэра гэтага калектыву Леаніда Нарушэвіча я памятаю яшчэ з вірлівых 80х, калі ў складзе гурта "Інтэр" ён быў заўзятым апанентам нацыянальных ідэяў кіраўніцтва першага беларускага рокклуба "Няміга". Мы так і не пераканалі адзін аднаго, а таму пайшлі рознымі шляхамі ў рокмузыцы. А што ў выніку?

У выніку: усе мы, як той Адысей (ці Уліс), у гэтым вялікім падарожжы праз увесь свет прыйшлі да адкрыцця самага каштоўнага ў свеце - роднага дому.

Нехта скажа: ну і што ж такога роднага ў музыцы касмапалітычнага інструментальнага авангарду, ды яшчэ пад выразным расейскім брэндам - "Князь Мышкін"?

Але заўважце: спадар Нарушэвіч, былы заўзятар і паслядоўнік творчых набыткаў Андрэя Макарэвіча, перайшоўшы ў стыхію інструментальнага аскетызму, абраў сваім творчым талісманам не якоганебудзь князя Валконскага або нігіліста Базарава, а ледзь не роднага нам "Ідыёта" - князя Мышкіна. Невыпадкова ж яшчэ Ян Пятроўскі, знакаміты навуковецэлініст з Фларыды, называў Дастаеўскага "вялікім беларускім пісьменнікам, які пісаў парасейску". Дый што зробіш стала жывучы ў Пецярбургу; тым больш, калі і на радзіме родная мова дзедзічнага берасцейца была тады пад афіцыйнай забаронай царскага ўказу.

Гурт "Князь Мышкін" таксама не лічыў патрэбным змагацца супраць нібыта натуральных працэсаў, але круці - не круці, а свой маскоўскі альбом назваў не "Корзинка" ці "Лукошко", а да болю натуральна - "Кошык". І што ж мы знойдзем у гэтым кошыку?

Адразу трэба сказаць, што аналогіяў музыцы "Князя Мышкіна" вы не знойдзеце ні на FMрадыё, ні ў базарным кіёску. Для пільных даследчыкаў рокмузыкі магу нагадаць хіба маштабныя сімфарокавыя праекты гуртоў кшталту брытанскага "King Crimson", польскага "SBB", чэшскага "Collegium Musicum", дзе альбом складаўся з 2-3 кампазіцыяў па 10-15 хвілінаў. Акурат дзве кампазіцыі і ў новым прадукце "Князя Мышкіна". Прычым запісаны яны рознымі складамі гурта.

Склад 1998 году, якім запісваўся той самы загалоўны "Кошык" (25.00 хвілін), дык і ўвогуле расчуліць самага загартаванага фэна беларускага року: з Лявонам Нарушэвічам (гітара) над творам працавалі Іван Кірчук (дуда, гуслі, дудкі, жалейкі) і Юрась Паўлоўскі (розныя ударныя інструменты ўключна з капытамі казы). Карацей кажучы, амаль поўная "Troitsa". А пробліскі вакалу - ці не таго ж Івана Кірчука? Але ён нешта не пазначаны ў сыходных звестках з гэтым амплуа.

Юрась Паўлоўскі быў і ў 1996 годзе, калі запісваўся "Гарачы фінскі зарціпос" (33.12 хвілін), а стандартнаму кантынгэнту "Князя Мышкіна" (гітара Л.Нарушэвіча, сінтэзатар У.Сiвіцкага, сэмплы А.Назарава) дапамагаў таксама знакаміты басіст многіх беларускіх праектаў Валер Башкоў. Незнаёмае слова самой назвы таксама павінна нагадаць рокзаўзятару слэнг беларускіх рокераў 80х і культавы гурт "Зарціпо" (PartyIsOver, ПарцІзОўвэ, Зарціпоўвэ, карацей - партыіузурпатару хана і шоргі на бонду).

Музыку "Князя Мышкіна" часта называюць авангарднай, завёрнутай, нагрувашчанай, а я вось слухаю і адчуваю натхняльны плён эксперыментаў гурманаў гукавога смаку. Проста, гэта не папсовая музыка, мо таму і лёс яе быў не надта простым (гэта ж трэба - каля дзесятка гадоў праваляцца ў студыі!)

Але і нешчаслівым не быў гэты лёс, бо знайшоўся рызыкант, які верыць у камерцыйную вартаснасць нестандартнага прафесіяналізму - маскоўская фірма "Геометрия". Адно бяда: ці шмат асобнікаў з тых 25 000 дойдзе да радзімы выканаўцаў, бо нямецкіх, амерыканскіх дыскаў "Князя Мышкіна" мы так і не бачылі, а ў нашых кіёсках пануе просценькі братні шырспажыў.

Вітаўт Мартыненка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX