Вярнуцца: 2005

№ 13 (699)


Крыніца: pawet.net.



№ 13 (699) 6 КРАСАВIКА 2005 г.


Ён так многа зрабіў для Беларусі

2 красавіка пайшоў у лепшы свет найвялікшы чалавек 20га стагоддзя, заступнік святога Пятра на Зямлі рымскі папа Ян Павел ІІ.

Ян Павел ІІ (у свеце Кароль Вайтыла) першы папаславянін за дзве тысячы гадоў хрысціянства.

Паляк па нацыянальнасці, ён належаў усяму свету, ведаў праблемы ўсіх народаў, усе іх браў блізка да сэрца, у тым ліку і праблемы беларускага народа.

Ён разумеў сутнасць усіх нутраных працэсаў якія працякаюць у нетрах беларускай нацыі, разумеў якія сілы супрацьстаяць беларускаму нацыянальнаму адраджэнню, якая моц гоніць наш народ да нацыянальнай дэградацыі і знікнення з планеты Зямля. І ён скіраваў сілу каталіцкага касцёла на дапамогу, на падтрымку беларусаў, як нацыі, бачачы менавіта ў гэтым перадумовы адраджэння і развіцця Беларусі і богалюбівага беларускага народа.

Ян Павел ІІ садзейнічаў вяртанню беларускай мовы ў шэрагі паўнавартасных кананічных моваў свету. Пры ім загучалі пабеларуску малітвы ў касцёлах Беларусі, пачала выдавацца на беларускай мове духоўная літаратура, загучала беларускае слова з касцёлаў па радыё і тэлебачанні. Сам папа ў штогадовых віншаваннях народаў Зямлі ніколі не забываў прамовіць віншаванне і пабеларуску, і гучала нашая мова з апостальскіх вуснаў нараўне з найпапулярнейшымі мовамі свету, а ў словах папы, прамоўленых пабеларуску яркай заранкай засвяцілася для нас надзея і ўпэўненасць, што нікуды не знікнуць беларусы, быццам вуснамі папы падаваў нам тыя надзею і ўпэўненасць сам Усявышні.

Папа Ян Павел ІІ любіў Беларусь, а беларусы любілі папу. З яго смерцю мы страцілі магутную падтрымку на Зямлі, але прыдбалі яе на нябёсах. Светлая душа папы Яна Паўла ІІ і надалей будзе апекавацца нашай краінай і нашым народам, надаючы нам сілы і веру дзеля нашага ўсенароднага ўзыходжання да ідэалаў дабра і справядлівасці. Папа дабраславіў наш шлях да незалежнасці і мы абавязкова да яе дойдзем.


ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Францішыка Скарыны"

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб разглядзе калектыўнай заявы.

У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь разгледзелі Ваш ліст. Паведамляем наступнае.

Згодна артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. У працэнтных адносінах ужыванне мовы ў данным выпадку ў асноўным заканадаўчым акце краіны не агаворваецца.

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што на Беларускім радыё "Першы нацыянальны канал", канал "Культура", радыё "Сталіца" вяшчанне на беларускай мове складае не менш чым 80%. Грамадска-палітычнае вяшчанне, культурна-асветніцкія, інфармацыйныя і нават музычна-забаўляльныя праграмы гучаць на беларускай мове. Радыёстанцыя "Беларусь" (інавяшчанне) распаўсюджвае свае праграмы на ўсе краіны свету на беларускай, рускай, нямецкай, англійскай мовах. Што датычыць нацыянальных тэлеканалаў, то яны трансліруюць свае праграмы на дзвюх мовах.

На "Першым нацыянальным тэлеканале" на беларускай мове выходзяць наступныя тэлепраграмы: "Існасць", "Адкрыты архіў", "Вяліккая энцыклапедыя Беларусі", "Падарожная легенда", "Спявай душа" і іншыя. Акрамя таго, з 15 сакавіка 2005 года пачала выходзіць тэлепраграма "Прагноз надвор'я" таксама на беларускай мове. У хуткім часе выйдзе ў эфір новая тэлепраграма "КомпаС".

На тэлеканале "Лад" не менш чым 50% праграм вядзецца на беларускай мове. Усе выпускі навін, тэлепраграмы, як "Наша спадчына", "Калыханка", "Не зявай!", "Плошча мастацтваў", рэтрансляцыя шэрагу праграм французскага тэлеканала (мастацкія стужкі, нарысы) таксама выходзяць на беларускай мове.

На тэлеканале "Сталічнае тэлебачанне", на сённяшні дзень, беларускамоўныя тэлепраграмы складаюць 10% ад агульнага аб'ёму вяшчання ("Міншчына", "Відзьма-нявідзьма"), а таксама сюжэты ў блоках навін. Акрамя таго, на працягу года "СТВ" плануе павялічць паступова аб'ём вяшчання на беларускай мове да 20%.

Такім чынам назіраецца пашырэнне выкарыстоўвання беларускай мовы на беларускім тэлебачанні.

Намеснік Міністра - С.Р. Булацкі.


25 САКАВІКА - ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў ВІЛЬНІ

Каб ушанаваць 87 гадавіну абвяшчэння Незалежнасці БНР, 25 сакавіка аб 11 гадзіне сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве, колькасцю звыш 20 чалавек, зладзілі пікет пратэсту перад амбасадай Рэспублікі Беларусь у Літве. З нацыянальнымі сцягамі і плакатамі: "Ідзе вясна, вясна свабоды", "Свабоду палітычным вязням", "87. Жыве Беларусь" выступілі цераз гукаўзмацняльнік да грамадзян Літвы і супрацоўнікаў амбасады аб значэнні даты 25 сакавіка 1918 года для гісторыі, а таксама аб парушэнні правоў чалавека і выніках татальнай русіфікацыі ў школьніцтве і грамадскім жыцці беларусаў. Адзін за другім падходзілі ўдзельнікі пікету да мікрафона, каб выказаць свой пратэст супраць становішча на Беларусі. Імпрэза была паказана на літоўскім тэлебачанні.

26 сакавіка ў сядзібе Таварыства беларускай культуры сябры ТБК запоўнілі сваю залу, дзе адзначылі гістарычную падзею аб'яўлення 3й Устаўной Граматай незалежнасці БНР. Пасля гімна "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", са змястоўным дакладам аб гістарычным значэнні 25 сакавіка выступіў прафесар Анатоль Грыцкевіч. Мастацкую частку выканаў вядомы бард Зміцер Бартосік.

За кубкам кавы з бутэрбродам госці доўга яшчэ не разыходзіліся, а ў сяброўскай гутарцы, абменьваліся думкамі і ўражаннямі ад сустрэчы і аб справах ТБК.

Хведар Нюнька.


Сустрэча ў Празе

Па запрашэнні беларускай суполкі "Скары-на" Прагу наведаў старшыня ТБМ Алег Трусаў, які 26 сакавіка 2005 г. выступіў перад беларусамі, што стала жывуць у Чэхіі і не выракаюцца сваіх беларускіх каранёў, асабліва мовы і культуры. Сустрэча адбывалася ў прыгожай зале універсітэцкай бібліятэкі. Акрамя мясцовых беларусаў, была прадстаўніца беларусаў з Баварыі, а так-сама польскія журналісты.

Сп. Трусаў зачытаў віншаванне да беларусаў свету з нагоды свята 25 сакавіка ад імя кіраўніцтва ТБМ, а таксама распавёў аб дзейнасці ТБМ і адказаў на шмат якія пытанні прысутных. Пасля яго выступіў сябра ТБМ, вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін, які расказаў пра культурнае і мастацкае жыццё на Беларусі.

Прысутныя атрымалі шмат розных нумароў газеты "Наша слова" і апошні нумар газеты "Новы Час". Прапанова сп. Трусава адрадзіць у Празе дзейнасць суполкі ТБМ была прыхільна сустрэтая прысутнымі. Яны абяцалі гэтае пытанне ў бліжэйшы час абмеркаваць і азнаёміцца са Статутам ТБМ. Сп. Юрка Станкевіч, першы кіраўнік суполкі "Скарына" ў Празе, перадаў ТБМ два першыя выпускі бюлетэня сваёй суполкі пад назовам "Выдра". Гэта першае сучаснае беларускае выданне ў Чэхіі, якое пакуль выходзіць вельмі абмежаваным накладам. Але пачатак зроблены і колькасць сяброў суполкі, якая мае сваё выданне, можа хутка павялічыцца. Беларусы Чэхіі слухаюць "Радыё Свабода", маюць сваю бібліятэку і знаёмы з газетай ТБМ "Наша слова".

Наш кар


ЛЕТАПІС ТАВАРЫСТВА

Падрыхтавала Ірына Марачкіна

(Працяг. Пач. у пап. нум.)


2004 год.


Травень.

Завяршыў сваю працу гістарычны семінар для студэнтаў, які доўжыўся болей за год.

27 чэрвеня.

У сядзібе ТБМ адбылося ўрачыстае паседжанне сакратарыята, прысвечанае 15годдзю з дня Ўстаноўчага з'езда ТБМ з удзелам Ніла Гілевіча, Лявона Баршчэўскага, Уладзіміра Коласа, Святланы Кліменценкі, Уладзіміра Содаля. Падчас імпрэзы была адкрыта выстава плаката Уладзіміра Крукоўскага. Таварыства беларускай мовы выпусціла адмысловы канверт да 15гадовага юбілею.

Чэрвень.

Падведзены вынікі конкурсу "Вытокі нашай незалежнасці", які быў праведзены з ініцыятывы сябра Рады Вольгі Іпатавай. У конкурсе прынялі ўдзел 52 вучні старэйшых класаў і студэнты з усіх, акрамя Гарадзенскай, абласцей нашай краіны і горада Менска.

10 жніўня.

У сядзібе ТБМ адбылася прэзентацыя кнігі старшыні Таварыства Алега Трусава "Падсумаванне", у якую ўвайшлі навуковыя і навуковапапулярныя артыкулы 2004 года, бібліяграфія за 19762004 гг. Удзел у імпрэзе бралі Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Лявон Баршчэўскі, Віталь Скалабан, Кастусь Тарасаў.

25 жніўня.

Старшыня Бабруйскай суполкі Віктар Маліноўскі паведаміў, што, нарэшце, гарадскія ўлады далі станоўчы адказ на шматлікія запыты аб выкарыстанні беларускай мовы ў візуальным афармленні горада. Прапановы суполкі ўлічаны і будуць паступова рэалізаваны.

Жнівень.

Выйшла ў свет кніжка вершаў для дзяцей сябра ТБМ Фелікса Шкірманкова "Незвычайны каляндар".

6 верасня.

Падатковая інспекцыя Партызанскага раёна Менска ўчыніла праверку дзейнасці ТБМ. Першы раз за 15 гадоў. Гэта адбылося падчас збору подпісаў за вылучэнне старшыні ТБМ Алега Трусава кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

8 верасня.

На паседжанні сакратарыята ТБМ было прынята рашэнне аб звароце ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь па факту вандалізму ў адносінах да помніка Якуба Коласа на вайсковых могілках.

17 верасня.

Упраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкама паведаміла (ліст № 17/897) пра скасаванне запісу аб рэгістрацыі Гомельскай абласной арганізацыі ТБМ. Фактычна гэта азначае ліквідацыю абласной структуры. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі ТБМ, якому пра гэта не паведамілі, падазрае, што зроблена гэта ў сувязі з перадвыбарчай кампаніяй, у якой сябры ТБМ будуць прымаць удзел у назіранні за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў 17 кастрычніка 2004 г.

22 верасня.

На паседжанні сакратарыяту ТБМ прыняты зварот да кампаніі МТС па пытанні выкарыстання беларускай мовы ў аўтаматычнай службе сервісу абанентаў кампаніі. Распачаты збор подпісаў на адрас генеральнага дырэктара СТАА "Мабільныя Тэле-Сістэмы" А.Б.Румянцава. Копія: Міністру сувязі і інфармацыі У. І. Ганчарэнку.


НАВІНЫ КНІЖНАГА СВЕТУ

Пад эгідай НАН Беларусі (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа) выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя" ўсяго за некалькі месяцаў перад новым 2005 годам было выпушчана ажно два ўнікальныя выданні "Польска-беларускага слоўніка" пад рэдакцыяй доктара філалагічных навук Г.А. Цыхуна.

Аўтарамі Я.В. Волкавай ды А. В. Авілавай быў складзены польска-беларускі слоўнік сярэдняга памеру (звыш 40000 слоў на 877 старонках), прызначаны для шырокага кола карыстальнікаў: перакладчыкаў, студэнтаў, навуковых даследчыкаў і г.д. Універсальны характар слоўніка дазваляе выкарыстоўваць яго для розных мэт у пісьмовай і вуснай камунікацыі. Шырокі набор сінанімічных адпаведнікаў робіць слоўнік прыдатным для перакладу мастацкіх тэкстаў, тэрміналагічная лексіка з розных галін навукі і грамадскага жыцця дае магчымасць працы з рознага тыпу дакументамі. Уключэнне ў слоўнікавыя артыкулы пашыраных стандартных словазлучэнняў і моўных клішэ будзе спрыяць актывізацыі маўленчай практыкі людзей, што ў большай ці меншай ступені валодаюць польскай мовай.

Наклад у слоўніка невялікі,- усяго 2100 паасобнікаў.

Пабачыць гэты ды шмат іншых слоўнікаў (разам з разнастайнымі кнігамі і энцыклапедыямі на ўсе густы ды ўзросты), а таксама беларускае відэа, аўдыё, СD, можна на менскай сядзібе ТБМ (Румянцава,13) з панядзелка па пятніцу (13.00-19.00). Атрымаць жа неабходную інфармацыю пакуль магчыма толькі па адным тэлефоне: 8-029 7074001.


Водар хлеба і слова

Сталічная хлебная крама "Каравай". Цудоўны назоў! Але не сама назва зацікавіла нас, хаця і яна, бясспрэчна, вартая ўвагі, а тыя дыялогі, якія штодня чуваць ля касаў дый і прылаўкаў. А дыялогі гэтыя такія:

- Мне "Старажытны", - кажа адзін.

- А мне "Траецкі", - просіць другі.

- А мне "Чаба-ровы", - дэкларуе трэці...

А ёсць яшчэ хлеб "Беларускі", "Нарачанскі", "Раўбіцкі", "Волатаўскі", "Вясковы", "Асілак", "Кірмашовы", "Духмяны", "Спадчына", "Сябрына", "Лявоніха", "Чарадзей"... Нават "Натхненне"! Усяго больш за сто гатункаў.

І гэтакі водар ад назваў, як і ад самога хлеба. Слухаючы, як вымаўляюцца ля касы назвы розных гатункаў хлеба, падумаў: "Вось і нікога змушаць не трэба... У хлебнай краме ўсе гавораць па-беларуску... Сама практыка жыцця вы-магае гэта рабіць. Так што не такая ўжо дробязь - найменне тавараў па-беларуску. Чым больш гэтых назваў, тым часцей будзе гучаць наша слова. А жыве назва - жыве і слова.

Згадваецца адзін мой практычна - філалагічны дослед з часу парцы на тэлебачанні. Гэта было напачатку дзевяностых гадоў. Я стаяў на вуліцы з пачкам запалак пры кіна-камеры і, барабанячы ім, пытаўся ў кожнага, хто праходзіў побач, што ў мяне ў руках. Мне казалі: "Спички". Але я тут жа паварочваў пачак другім бокам, а на ім па маёй просьбе наш мастак напісаў назву па-беларуску, і ўсе мае апытанты, бачачы надпіс, на маё пытанне, што ў мяне ў руках, казалі: "Запалкі". Тады я пераканаўся: будзе на тавары надпіс па-беларуску, будзе жыць і слова. І хай не здаецца наіўнай і дробязнай прапанова колішняга дэпутата Валерыя Шчукіна, калі ён на адной з сесіяў Вярхоўнай Рады трынаццатага склікання пра-панаваў Законам увесці, каб уся рэклама на Беларусі рабілася на беларускай мо-ве. "Гэта, - на думку дэпутата Шчукіна, - вельмі паспрыяла б, найперш, прадпрымальнікам далучыцца да беларускай мовы". І дэпутат Шчукін меў рацыю. Візуальнае афармленне, гэ-так жа, як і рэкламнае слова, вельмі эфектыўна спрыяюць засваенню мовы.

Аднак жа вернемся ў хлебную краму, у хлебны магазін. Тут кожны дзень няспынна пры касе чуваць:

- Мне "Старажытны"...

- А мне "Траецкі"...

- А мне "Чабаровы"...

- Мне "Збажынку" і "Смачны"

- А мне "Зярнятка", калі ласка! І "Белую Русь".

І мне, беларусу, які праз усё жыццё марыць хоць адзін раз пачуць, каб родны народ загаварыў аднойчы на роднай мове, - гэта што мёдам па душы.

Хай сабе хлебная крама "Каравай" яшчэ і не зусім моўны аазіс, але прыемна, што тут цэлы дзень, няспынна, ні на хвілінку не заціхаючы, гучаць родныя назвы. І не абы-якога тава-ру, а хлеба, хлеба нашага надзённага.

Хлеб і слова заўсёды павінны быць побач. Абодва яны - выток нашага жыцця.

Гэта якраз і разумеюць на хлебазаводзе № 2 (дырэктар - Святаслаў Адзіняеў), "Аўтамат" (дырэктар - Анатоль Локтыш) ды на іншых нашых пякарнях, распрацоўваючы новыя гатункі хлеба, нашы тэхнолагі ведаюць, што смак хлеба залежыць не толькі ад гатунку мукі, ад майстэрства пекараў, але і ад смакоўнага слова. Таму і бяруць назвы для хлеба з крыніц роднай мовы. Трымайцеся, шаноўныя пекары, гэтага кірунку і надалей. Бярыце назвы для хлеба з крыніц Роднае Мовы. І ваш выбар вас ніколі не падвядзе, балазе летась нама-лацілі збожжа не адну тысячу тон.

У хлеба і слова адзін водар!

Уладзімір Содаль.


"Мамы не стала. Не стала Радзімы..."

Паэт Рыгор Барадулін застаецца адным з найбольш запатрабаваных у студэнцкай моладзі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.. Там адбылася вечарына, прысвечаная 70годдзю пісьменніка.

Выкладчыца ГрДУ, кіраўніца літаратурнага аб'яднання універсітэта Святлана Тарасава адзначыла, што створанае Рыгорам Іванавічам ніколі не страціць сваёй вартасці. Паэт умее ўбачыць і асэнсаваць тое, што хвалюе людзей, паэтычным радком данесці вобраз да чытача. Моц барадулінскага верша заключаецца ў яго народнай аснове.

Прафесар Аляксей Пяткевіч прыгадаў, што яго студэнцкія гады супалі з вучобай ў БДУ "філфакаўца" Рыгора Барадуліна. Тады і адбылося асабістае знаёмства. Пазней часта сустракаліся на семінарах маладых пісьменнікаў. Рыгор Барадулін любіць бываць у Гародні. Дарэчы, яго жонка родам з нашага горада. У канцы 70х мінулага стагоддзя часцяком ладзіліся пісьменніцкія сустрэчы з чытачамі. У складзе творчых брыгад былі Васіль Быкаў, Яўгенія Янішчыц, Валянцін Блакіт. Творцы разбіваліся на групы па 23 чалавекі і выступалі перад аматарамі літаратуры ў бібліятэках, Дамах культуры, школах, сярэдніх і вышэйшых навучальных установах. Некалькі разоў здаралася так, што Рыгор Барадулін і Аляксей Пяткевіч складалі адну з груп. Выступленні адбываліся ў Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Шчучыне, Наваградку...

Рыгору Барадуліну ўдаецца аднолькава добра перадаць перажыванні маленства, апаленага вайной. Пранікнёнымі словамі ўзгадаць бацьку, які загінуў на вайне. Асобны цыкл складаюць вершы пра маці, жанчыну наогул, каханне. У той жа час ён піша цыкл вершаў, прысвечаны паганскай даўніне. Глыбока распрацоўвае Рыгор Іванавіч прыродную лірыку.

Аднак цэнтральнай фігурай яго творчасці застаецца чалавек, яго перажыванні, думкі, неспакой. Відаць, што сапраўдны талент Вялікага паэта якраз і заключаецца ў здольнасці проста і ясна перадаць самыя тонкія перажыванні чалавечай душы, каб чытач пазнаў сябе ў вобразе літаратурнага героя...

Талент Рыгора Барадуліна шматгранны. Ён даследчык літаратуры, публіцыст, перакладчык. Творчасць паэта прасякнутая беларускім патрыятызмам ("Каб і вятры пабеларуску галасілі..."), гонарам за сваю Радзіму і свой народ.

Вядомы гітарыст, лаўрэат многіх Міжнародных конкурсаў Уладзімір Захараў выканаў класічныя іспанскія творы, уласныя работы.

Студэнты агучылі многія вершы Рыгора Барадуліна розных гадоў, былі выкананы песні на словы гэтага паэта.

Што да мяне, то я ганаруся, што маю дзве кніжкі вершаў паэта з яго аўтографамі ("Белая яблыня грому", "Адам і Ева").

Антон Лабовіч, Гародня.


СВЕДКА СТАГОДДЗЯЎ

6 красавіка спаўняецца 95 гадоў з дня народзінаў Барыса Ўладзіміравіча Кіта, дзеяча беларускай эміграцыі, амерыканскага вучонага, доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы. Скончыў Наваградскую беларускую гімназію, Віленскі універсітэт. Працаваў настаўнікам, дырэктарам Віленскай і Наваградскай беларускіх гімназій. За нацыянальную дзейнасць двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939-41 выкладаў у Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У 1943 г. арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. З 1944 г. у Германіі, з 1948 г. у ЗША, дзе заснаваў беларускую калонію ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Удзельнічаў у распрацоўцы амерыканскіх касмічных праектаў, адначасова выкладаў у Марылендскім універсітэце. З 1972 г. у Германіі, выкладаў у Гайдэльбергскім універсітэце, філіяле Марылендскага універсітэта ў г. Вісбадэн. Ганаровы доктар Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Барыса Уладзіміравіча з вельмі паважнай датай, зычаць яму бадзёрасці і аптымізму, а найперш - добрага здароўя.

Прапануем увазе нашых чытачоў адказы Барыса Кіта на пытанні Вольгі Іпатавай.


Некалі, рыхтуючы кнігу пра славутага нашага земляка Барыса Кіта, якая летась выйшла ў свет пад агульнай назвай "Грамадзянін свету", я задала яму колькі пытанняў, на якія ён шчыра адказаў. Ды так сталася, што пытанні гэтыя не "ляглі" ў мастацкую канцэпцыю аповесці, і я іх не выкарыстала. (Аповесць мая называецца "Сведка стагоддзя", але больш правільна, мусіць, было б назваць яе "Сведка стагоддзяў", бо Барыс Кіт, які нарадзіўся 6 красавіка 1910 года, "захапіў" два стагоддзі і адсвяткаваў Міленіюм разам з новым, ужо ХХ1 стагоддзя, пакаленнем беларусаў...) Але, як мне ўяўляецца, усё, што звязана з вялікім беларусам ХХ стагоддзя, вартае самай пільнай увагі. Вось чаму ў дні 95-годдзя гэтага выдатнага вучонага і чалавека мне хацелася б прапанаваць чытачам "Нашага слова" адказы Барыса Кіта, напісаныя ім яшчэ ў 1997 годзе.

Вольга Іпатава.


1 . Вашы самыя першыя ўспаміны?

- Мае самыя першыя ўспаміны - гэта, безумоўна, тыя, што тычаць нашага жыцця ў Пецярбургу, маё падарожжа на бацькаўшчыну маёй маці, пераезд на бацькаўшчыну бацькі ў Агароднікі. Можна напісаць цэлую кнігу апроча таго што ўжо ўзгадана ў кнізе Л. Савік.

2. Які колер падабаецца Вам найбольш?

- Найбольш хіба падабаецца мне гэтак званы сэледыновы гэта помесь жоўтага з зя-лёным. Такімі выглядалі сялянскія палі.

3. Якую пару года любіце?

- Вясну. Асабліва май, калі так хораша спяваюць салаўі.

4. Што Вам най-больш падабаецца ў жанчынах?

- Прыгожыя твары і жаноцкасць у будове цела, прыгожы голас.

5. А ў мужчынах?

- Мужчынскасць пабудовы цела, мужнасць характару, рашучасць, энергія, актыўнасць і ініцыятыўнасць.

6. Што Вы шукаеце ў людзях?

- Людскасць, вернасць, шчырасць, адсутнасць зайздрасці, прыязнасць, адданасць справе, патрыятызм (разумны). Гатоўнасць дапамагаць другому, ахвярнасць, адсутнасць эгаізму, цярплівасць.

7.Што найбольш расчароўвае?

- Здрадніцтва (усялякага віду), фальшывая гордасць, няўдзячнасць (асабліва чорная няўдзячнасць, напрыклад, французаў у адносінах да Амэрыкі).

8. Якою помніцца маці - і што помніцца?

- Памятаю не вельмі шмат, бо памерла. Калі я яшчэ быў малы (9 гадоў). Памятаю яе як вельмі ад-даную маці. Вельмі мяне любіла. Ранняя згуба яе падзейнічала і на мой характар (мэлянхалічнасць - але не цяжкая).

9. Якім быў Ваш ба-цька?

- Бацька быў умеркавана строгі, але не суровы. Патрабавальны, з вялікім пачуццём гумару, разумны, музыкант (граў на скрыпцы), вучыў мяне ва ўсім. Дапамагаў чым мог, ганарыўся маімі поспехамі. Быў добры бацька, я вельмі яго любіў. Мой сын Уладзімір быў ім захоплены. (Кніга "Космас беларуса", ст. 124).

10. Якія ўспаміны ў вас пра Агароднікі?

Найперш гэта туга па памерлай маці. Затым - першыя каханні. Ахвота дапамагаць бацьку ў яго працы. Мрыі аб магчымасцях вучыцца. Сама вёска Агароднікі была для мяне ўсім. Тут я ўсё рабіў, пасвіў жывёлу. Рабіў земляробчую працу - ахвотна, хаця часамі яна была зацяжкая для мяне. Калі пачаў вучыцца ў Наваградку, з вялікім пачуццём вяртаўся ў Ага-роднікі падчас наведвання бацькі.

11. Які эпізод з часоў вучобы ў Наваградку быў самым кранальным?

- Здаванне экзаменаў на пачатку і ў канцы. Бліскучы пачатак і атрыманне стыпенцыі на вучэнне. Бацька, такім чынам, быў звольнены ад клопату матэрыяльнай мне падтрымкі. Быў адзін з найлепшых вуч-няў (не хвалюся). Заўсёды атрымліваў найлепшыя ад-знакі і таму настаўнікі выклікалі мяне толькі ў вынятковых выпадках, як наведванне школы вышэйшымі ўладамі (міністр асветы, ваявода і г.д.), і калі кляса не ведала, як адказаць на пытанне вучыцеля. Высту-паў з прамовамі ад усёй гімназіі, дапамагаў у матэматыцы ўсім, хто прасіў.

12. Хто з настаў-нікаў першым звярнуў увагу на Вашыя здольнасці?

- Сам дырэктар Пётра Ануфрыевіч Скрабец. Пры першым уступным эк-замене хваліў і прызначыў стыпендыю. Міхаіл Чатырка - настаўнік гісторыі - задаваў мне пытанні толькі тады, калі ніхто ў клясе не ведаў адказу. Абодвум я пазней дапамагаў у далейшым жыцці ("Космас беларуса", ст.ст. 44, 45, 67, 182, 49, 69).

13. Якое Ваша першае ўражанне ад Нямеччыны?

- Прыгажосць прыроды, дагледжанасць гарадоў (якія яшчэ не былі знішчаны).

14. А ад Амэрыкі?

- Адразу моцна ўра-зіла магутнасць Нью - Ёрку. Прыязныя адносіны амэрыканцаў, асабліва спачувальныя адносіны ста-рэйшых эмігрантаў. Свабода чалавека. Поўная дэмакратычнасць ва ўсім. Здавальненне быць, жыць і працаваць у магутнай чалавечнай краіне. Там я пазбавіўся страху за жыццё і атрымаў належныя ўмовы для забеспячэння сваёй сям'і. Я і сёння за ўсё гэта ўдзячны Амэрыцы.


"Дзеяслоў": надзея, падзея, дзея

Сёлета рэдакцыя "Дзеяслова" парупілася, каб лаўрэат літаратурнай прэміі часопіса меў акрамя маральнай задаволенасці і матэрыяльнай падтрымкі яшчэ і мастацкую рэч на добры ўспамін. 25 сакавіка разам з віншаваннем лепшыя аўтары атрымалі скульптурную выяву савы з месяцам "апострафам". Рэдактар часопіса Барыс Пятровіч тлумачыць гэтую сімволіку наступным чынам: апостраф (назва прэміі "Залаты апостраф") насамрэч падобны на месяцавы серп, а паколькі пісьменнікі - з большага "начныя птушкі", дык хай ім будзе знакам мудрая птушка сава. Мабыць, гэта блізка да праўды, бо яшчэ французскі класік Х.Рэнар сцвярджаў, што брацца за пяро трэба ўвечары, калі назапашаны дзённыя ўражанні. Аднак беларускі пісьменнік адводзіць для творчасці начны час зусім па іншай прычыне: днём ён на службе. Мала хто жыве выключна з ганарараў.

Вечарына ўшанавання лаўрэатаў адбылася ў вялікай зале Дома літаратара. У зале было шмат моладзі, а на сцэне эліта беларускай літаратуры распавядала пра свою любоў да "Дзеяслова". Уладзімір Някляеў згадаў, што пасля таго, як ўсе літаратурныя часопісы загналі ў "холдынг" (чытай, калгас), для сапраўднай літаратуры распачаўся кепскі час. "Я нічога не маю супраць пісьменнікаў, якія працуюць у холдынгу. Я разумею: ім трэба карміць сям'ю. Але што рабіць тым, хто у холдынгу не працуе?" вось для гэтых вольных творцаў "Дзеяслоў" стаў адзінай магчымасцю выйсця на чытача. Рост накладу часопіса сведчыць, што шчырае беларускае слова, нягледзячы ні на што, у грамадстве запатрабаванае.

Міхась Скобла распавёў, што, ідучы на вечарыну, ён пабачыў ля Дома літаратара вялікі аўтобус і парадаўся: вось, маўляў, прыехалі на вечарыну чытачы "Дзеяслова" аднекуль з правінцыі...

Але пры блізкім разглядзе высветлілася, што ў аўтобусе, як ў бондзе селядцоў, людзей ў камуфляжы, шаломах і бронекамізэльках. Было бачна, што сядзець яны тут даўно і ад няма чаго рабіць ціха вар'яцеюць. "Сумна?" запытаўся Міхась у аднаго з іх, які, ратуючыся ад спякоты, высунуў галаву ў акно. Той кіўнуў. Пашкадаваўшы хлопца, Скобла ўручыў яму 14ты нумар "Дзеяслова". "Я ўяўляю, што зараз часопіс чытаюць у тым аўтобусе ўслых" - скончыў ён аповяд.

Падымаліся на сцэну Ніл Гілевіч, Леанід МайсюкДранько, Алесь Пашкевіч. Музычную аздобу вечарыну ладзілі гурты "Чорны квадрат" (яны выконвалі музыку Іспаніі - радзімы рэвалюцыйнага анархізму і памаранчавай садавіны) і "Жаба ў каляіне" - гэтыя дэманстравалі сцёб паводле беларускай літаратурнай класікі.

"Мая Свабода пад белым сцягам, пад белым сцягам з чырвонай стужкай" - спявала князёўна беларускага року Кася Камоцкая. На заканчэнні ўвяў ў рукі гітару дзеля песні пра Грунвальд Эдуард Акулін.

А прэмій было тры. За прозу была ўзнагароджаная Людміла Рублеўская. За паэзію - Алесь Пісьмянкоў (пасмяротна), за літаратурны дэбют - Усевалад Сцебурака.

Хоць, бяручы да ўвагі сітуацыю ў краіне, рэдакцыя кожны нумар робіць як апошні, прысутных запрасілі праз год зноў сабрацца тут дзеля такой жа прыемнай нагоды. Як кажуць, Бог не выдасць, свіння не з'есць. Будзе "Дзеяслоў".

Пётра Васілеўскі


"Дзеяслоў" у Лідзе

30 сакавіка ў Лідзе адбылася прэзентацыя часопіса "Дзеяслоў". Дзеля гэтай важнай акцыі ў Ліду прыехаў сам рэдактар Барыс Пятровіч (Сачанка), а таксама Міхась Скобла. Леанід Дранько-Майсюк ды Эдуард Акулін.

У Лідзе госці мелі дзве сустрэчы: у цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы і ў педкаледжы. Нягледзячы на тое, што сустрэча ў біблі-ятэцы адбывалася ў не ве-льмі выгадны час (11.00), чытальная зала была ўсяроўна поўная. Не згасае ў Лідзе цікавасць да беларускай літаратуры.

Прадстаўнікі рэдак-цыі прэзентавалі і "Дзея-слоў", і сябе ў "Дзеяслове", і беларускую літаратуру, і сябе ў беларускай літаратуры. Прысутныя пачулі вершы паэта-песенніка Л. Дранько-Майсюка ды М. Скоблы, песні Э. Акуліна ды прозу Б. Пятровіча, даведаліся, што на "Дзеяслоў" можна ўжо падпісацца. Падпісны індэкс - 74813 для індывідуальных падпісчы-каў і, адпаведна - 748132 (для ведамаснай падпіскі). Даведаліся, што выйшаў 14-ты нумар часопіса накла-дам 1000 асобнікаў, што, дарэчы, не так і мала, уліч-ваючы тое, што "тоўстыя" літаратурныя часопісы заўсёды мелі налёт элітнасці.

Будзем спадзявацца, што пасля сустрэчы з пісьменнікамі "Дзеяслоў" набудзе ў Лідзе шмат новых сяброў.

Яраслаў Грынкевіч.


Пра Аню Каспер і яе кнігу "Мелодыя ветру"

Аня Каспер сёлета заканчвае Астрынскую (Шчу-чынскі раён) сярэднюю школу. Вучыцца вельмі добра. Мяркуе стаць студэнткай філалагічнага факультэта. Праўда, пакуль што не вырашыла - ці гэта будзе Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы ці ВНУ ў Менску. А яшчэ Аня мае ўласную кніжку вершаў "Мелодыя ветру". Прэзентацыя адбылася нядаўна ў роднай СШ.

Край гэты цесна знітаваны з імем Цёткі (Алаізы Пашкевіч). Перад будынкам школы ёй усталяваны пом-нік. Як пісьменніца вызна-чылася паэтычнымі і празаічнымі творамі, прасякнутымі нацыянальна-дэмакратычнымі пачуццямі. Яна заклікала да барацьбы супраць царскага прыгнёту, марыла мець сваю незалежную краіну. Талент гэтай маладой беларускі можна параўнаць з талентам палымянай Лесі Украінкі. Дарэчы, іх лёс надзіва падобны. Абое ярка праявілі сябе ў літаратуры і вызваленчай барацьбе за свабоду сваіх краёў і памерлі ў маладым веку, і шмат што страцілі Беларусь і Украіна ў асобе гэтых змагарак. Ранняя смерць не дазволіла ім раскрыць у поўнай меры сваё літаратурнае дараванне.

У школе створаны музей Цёткі. Увогуле, тут, здаецца, усё прасякнутае духам паэткі. Таму рана ці позна чакалася з'яўленне новага літаратара. Ім сталася Аня Каспер. Вершы яе найлепш ацаніў выкладчык ГрДУ імя Я. Купалы Анатоль Брусевіч. Звяртаючыся да прысутных у актавай зале (а гэта былі настаўнікі, вучні, жыхары Астрыны), ён адзначыў:

- Вершы напісаны на добрым паэтычным узроўні. Іншыя здзіўляюць сваімі ўдала знойдзенымі вобразамі. Ёсць вельмі добра адшліфаваныя радкі. Калі Аня будзе надалей займацца літаратурай, то з яе атрымаецца паэтка высокага палёту.

Анатоль ведае, што гаворыць. Сам ён, калі вучыўся ў дзевятым класе ў Гродне, таксама меў выдадзены ў абласной друкарні зборнік "Дуэль". Выданне ўласнай кнігі ў такім мала-дым узросце сведчыць пра сапраўдны талент і цягу да літаратуры. 16-гадовым юнаком меў зборнік Аркадзь Куляшоў. Вялікія надзеі падаваў школьнік Павел Марціновіч. Напачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя ён таксама меў уласны зборнік і вельмі прыхільныя ацэнкі крытыкаў. Аднак...

На адрас Ані было выказана шмат віншаванняў. Можна зразумець настаўнікаў школы, якія вучылі дзяўчынку з першага класа. На іх вачах складалася асоба з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Аня займаецца музыкай, грамадскімі справамі, спортам - і ўсюды паспявае, як арганізаваны чалавек, які ведаў цану кожнай мінуты.

Што да вершаў, то іх зноў назапасілася як не на зборнік. Дадаліся і празаічныя творы. Пакуль што цяжка сказаць пра іх якасць: Аня ў гэтым сэнсе трымаецца пункту гледжання, што трэба давесці пачатае да канца, а пасля ўжо выносіць на суд чытачоў. Цікава будзе параўнаць ранейшыя спробы пяра і новыя творы. Наколькі будзе відавочны рост паэтычнага майстэрства?

- Першы зборнік заўсёды ўспрымаецца як першая прыступка на шляху ў паэзію, і крытыкі ставяцца больш лагодна. А вось другі і трэці пасутнасці расстаўляюць кропкі над "і". Адразу становіцца ясным - творца ты ці не.

Анатоль Брусевіч спадзяецца, што Аня Каспер вытрымае выпрабаванне часам.

Антон Лабовіч, Гародня.

На здымку: у час прэзентацыі. Першая злева за сталом - Аня Каспер. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX