Папярэдняя старонка: 2005

№ 15 (701) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



15 (701) 20 КРАСАВІКА 2005 г.


Чарговая Рада ТБМ

24 красавіка (нядзеля) аб 11-й гадзіне ў сядзібе ТБМ адбудзецца Рада ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны".

На Раду выносяцца наступныя пытанні:

1. Аб правядзенні чарговага з'езду ТБМ і вызначэнне квотаў дэлегатаў на з'езд.

2. Аб рашэнні Вярхоўнага Суда Беларусі па абскарджанні папярэджання Міністэрства юстыцыі.

3. Аб закрыцці арганізацый, якія не маюць юрыдычнага адрасу.

4. Рознае.


V справаздачна-выбарная Асамблея ТБШ

РГА "Таварыства беларускай школы" інфармуе сваіх сяброў і прыхільнікаў, што V справаздачна-выбарная Асамблея ТБШ адбудзецца 23 красавіка 2005 г. у Менску а 12 гадзіне ў памяшкані ТБМ (Румянцава, 13). Норма прадстаўніцтва - 2 дэлегаты ад кожнай вобласці і г. Менска, сябры Наглядальнай Рады, Канцылярыі, Рэвізійнай камісіі. Дэлегаты і ўдзельнікі Асамблеі запрашаюцца на аглядны канцэрт фальклорнага ансамбля, які адбудзецца а 15 гадзіне ў актавай зале 5 корпуса БДПУ імя Максіма Танка (вул. Магілёўская, 37). Аглядны канцэрт дае пераможца завочнага конкурса ТБШ, якому будзе ўручана скіраванне на міжнародны фальклорны фестываль, што адбудзецца ў Францыі летам 2006 г.


Дні культуры Астаны ў Менску пачаліся па - беларуску

12 красавіка ў 19.00 у сталічным Палацы Рэспублікі ўрачыста адкрыліся дні Астаны - сталіцы Казахстана - у Менску.

Мэр Астаны, які адкрыў вечарыну, аздобіў свой выступ некалькімі бе-ларускімі фразамі, прагучала, нават, беларуская песня ў выкананні казахскіх артыстаў. Але не гэта ўразіла на той вечарыне. Уразілі вядоўцы, якія пачалі канцэрт на дзвюх мовах: казахскай і беларускай, а пасля цалкам перайшлі на беларускую.

У вымаўленні праразаўся казахскі акцэнт, але ён рабіў вечарыну яшчэ больш каларытнай і выклікаў яшчэ большую павагу да казахаў, якія паказалі, што ўмеюць шанаваць чужое, бо шануюць і берагуць сваё.

Наш кар.


У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЕНТАЦЫЯ НОВАГА БІБЛІЯГРАФІЧНАГА ВЫДАННЯ - "БЕЛАРУСКАЕ МОВАЗНАЎСТВА"

12 красавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа (ЦНБ) Нацыянальнай акадэміі на-вук Беларусі адбылася прэзентацыя новага бібліяграфічнага выдання - "Беларускае мовазнаўства". Новы паказальнік - вынік сумеснай працы ЦНБ і навукоўцаў Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа Акадэміі навук.

Як паведаміла на прэзентацыі адзін з укла-дальнікаў выдання Алена Траццякова, гэта чацвёрты выпуск выдання. Першы выйшаў у 1967 годзе (бібліяграфічныя звесткі за 1825-1965 гады), другі - у 1980-м (1966-1975 гады.), трэці ўбачыў свет у 1993 годзе (звесткі за 1976-1985 гады).

Па словах А.Траццяковай, супрацоўнікі бібліятэкі і інстытута "не лічыліся з часам і падрыхтавалі выданне за тры месяцы". У новым паказальніку з'явіўся новы раздзел "Моўная палітыка". "З'яўленне гэтага раздзелу тлумачыцца шквалам публікацый па праблемах беларускай мовы ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў, - сказала укладальнік. - У новым выданні ёсць і недасканаласць, пра якую можна сказаць адразу. Паказальнік змяшчае толькі частку замежных публіка-цый па беларускім мовазнаўстве. На гэта ёсць як аб'ектыўныя, так і суб'ектыўныя прычыны".

Акрамя выдання паказальніка ЦНБ таксама падрыхтавала электронную версію базы дадзеных па беларускім мовазнаўстве, дзе крыніцы дадзеных абнаўляюцца кожны дзень. У базе знаходзяцца як афіцыйныя дакументы, так і іншыя звесткі. Акадэмік Аляксандр Падлужны адзначыў, што ў новым паказальніку з'явіліся імёны, якія раней былі забароненыя да згадванання. Ён таксама пажадаў большага асвятлення замежных прац па беларускім мовазнаўстве.

Аўтары паказальніка падкрэслілі, што база дадзеных для новага выдання, якое ахопіць наступныя пасля 1991-га гады, падрыхтавана, "пытаненне толькі ў фінансах".

Генадзь ШАРЫПКІН


Да 220-годдзя Зарыяна Даленгі - Хадакоўскага

14-15 красавіка на філалагічным факультэце БДУ праходзіла ІІ-я міжна-родная навуковая фальклорна-этналінгвістычная канферэнцыя "Комплекснае даследаванне фальклору і этнакультуры Палесся" з нагоды 220-годдзя Зарыяна Даленгі - Хадакоўскага (Адама Чарноцкага, 1784-1825).

Адкрыў канферэн-цыю дэкан філалагічнага факультэта, доктар філалагічных навук Іван Роўда.

На плянарным паседжанні прагучалі даклады прафесара кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, доктара філалагічных навук Алеся Баршчэўскага, загадчыка кафедры славянскіх літаратур БДУ, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Чароты, загадчыка кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, доктара філалагічных навук прафесара Мікалая Прыгодзіча і рэдактара газеты "Наша слова" ды часопіса "Лідскі летапісец" Станіслава Судніка.

На чатырох секцыях было заслухана яшчэ каля 40 дакладаў з больш, чым 90 падрыхтаваных. У самай шырокай плоскасці былі паднятыя роля З. Даленгі-Хадакоўскага ў захаванні фальклору і этнакультуры Палесся, а таксама праблемы фальклору і этналінгвістыкі апошняй прарадзімы славян. Адной з высноваў канферэцыі сталася цвер-джанне, што ахова нематэрыяльнай культуры Палесся мусіць стацца клопатам не толькі беларускай дзяржавы, але і міжнароднай супольнасці.

Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі Васіля Ліцьвінкі: "Ян Чачот. Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года", а таксама былі прадстаўлены нумары жывога палескага фальклору ў выкананні самадзейных і прафесійных артыстаў.

Яраслаў Грынкевіч.


ГОМЕЛЬШЧЫНА І МАГІЛЁЎШЧЫНА ЗМЯНЯЕ КУРС ?

АБ СТАНЕ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА НАВУЧАННЯ Ў 2004/05 н. г.

На пачатку назавём асноўныя лічбы і факты агульнага стану навучання. Усяго ў Беларусі на пачатак навучальнага года 4209 (было 4317, тут і далей у дужках для параўнання будзем падаваць мінулагоднія звесткі) дзённых школ дзяржаўнай уласнасці, у якіх 1 282 823 (1 347 398) вучні. У тым ліку 17 устаноў знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства аховы здароўя, па аднаму ў міністэрствах працы і сацыяльнай абароны, культуры, па надзвычайных сітуацыях і абароны, астатнія - у Міністэрстве адукацы. Больш вучняў (2 234) у вучэльнях алімпійскага рэзерву Міністэрства спорту і турызму, Сувораўскай ваеннай вучэльні Міністэрства абароны (471), у вучэбным комплексе (з беларускай мовай навучання) гімназія-каледж мастацтва Міністэрства культуры (295). Толькі 12 дзённых агульнаадукацыйных устаноў - недзяржаўнай формы ўласнасці, дзе навучаецца 832 (873) вучні.

Застаецца вялікая частка дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (9 480, тэндэнцыя на павелічэнне), а таксама, якія па стану здароўя аднесены да спецыяльнай медыцынскай групы (57 473, 4,5% ад агульнай колькасці вучняў); дзяцей-інвалідаў (11 249).

Сёлета 90 816 (86 786) вучняў атры-малі атэстат аб сярэдняй адукацыі, з іх 1 461 (783) - залаты медаль (1,6 % ад атрымаўшых атэстаты), 2 204 (1 569) - сярэбраны. На другі год навучання пакінуты 725 вучняў.

Далей працягнем аналіз стану беларускамоўнага навучання. Параўнаем колькасць вучняў, што навучаюцца на розных мовах .

Навуч. год Па-бел. % Па-рус. % Па-поль. Па-літ.

2004-2005 301250 23,8 962549 76,1 656 75

2003-2004 329602 24,8 997146 75,1 694 75

2002-2003 364250 26,3 1020041 73,6 804 75

2001-2002 400869 27,8 1039174 72,1 870 71

2000-2001 453012 29 1062424 70,9 903 78

1999-2000 463371 30 1081798 70 874 76

У 188 школах 8859 вучняў вывучаюць родную мову нацыянальных меншасцяў: 8439 - польскую, 284 - яўрэйскую, 90 - украінскую, 46 - літоўскую.

За кошт малалікіх пачатковых і базавых школ у вёсках атрымліваецца трохі большы адсотак адукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання (59,2), але і ён год ад году памяншаецца.

Школы з адпаведнай мовай навучання (усяго -4104)

Беларуск. % Рускамоўн %

1999-2000 2847 61,7 1147 24,8

2000-2001 2822 61,9 1201 26,3

2001-2002 2773 61,5 1266 28,1

2002-2003 2621 60,5 1294 29,9

2003-2004 2503 59,5 1337 31,8

2004-2005 2428 59,2 1366 33,3

Бел.-руск. % Польск.. Літоўскам.

1999-2000 620 13,4 1 1

2000-2001 533 11,7 2 1

2001-2002 464 10,3 2 1

2002-2003 417 9,6 2 1

2003-2004 366 8,7 2 1

2004-2005 307 7,5 2 1

Паменшылася школ з беларускай мовай навучання на 3 % у параўнанні з мінулым годам, а рускамоўных павялічылася на 2,2 %. У сумнавядомы 1995 год было пераведзена 108 школ на рускую мову навучання і, у тым ліку, 91 у вёсцы. Асаблівыя змяненні беларуская школа церпіць у апошнія "мірныя" гады. Знішчэнне яе вядзецца хуткімі тэмпамі, якіх не ведала наша гісторыя. Афіцыйна змяненні тлумачацца тым, што гэта адбываецца "ў сувязі з закрыццём школ, іх рэарганізацыяй, адкрыццём новых школ". Такім чынам, у 2002/03 нав. годзе адразу 152 школы з беларускай мовай навучання скончылі сваё існаванне (а ўсяго зачынена 184 школы), у мінулым зноў мы не далічылі 118 школ з беларускай мовай навучання і 51 - з двума (усяго 169). Рускамоўных не турбуе праблема "неперспек-тыўнасці" як беларускамоўных малакамплектных вясковых школ. Такія школкі функцыянавалі ў самыя цяжкія гады вайны, голаду, разрухі.

У наступнай табліцы зафіксуем змяненні ў сетцы школ за апошнія два навучальныя гады па рэгіёнах (адпаведна 2004/2005 і 2003/2004 навучальныя гады).

З белар. мовай З рускай мовай З дзвюмя

г. Менск -3/змен няма 19/15 -16 / -16

Брэсцкая -13 / -16 9 / 8 -10 / -8

Віцебская -15 / -19 10 / 1 -10 / 4 Гомельская -2 / -12 -5 / -1 -1 / -2 Гродзенская -22 / -25 9 / 11 -9 / -12

Менская -25 / -28 2 / 7 -10 / -5

Магілёўская 5 / -17 -15 / 1 -2 / -4 Рэспублік. Змен няма / -1 змен няма / 1 -1 / змен няма Разам -75 (-3 5%) /-118(-4,5%)

29(2,2%) /43 (3,3%)

-59(-16,1%) / -51 (-12,2%)

У мінулыя гады мы ў адносна станоўчым плане адзначалі Гродзенскую і Мінскую вобласці, то цяпер - не. Дайшла і да іх чарга русіфікацыі, дзе больш пераводзіцца школ з беларускай на рускую мовы. Нават у сталіцы Беларусі тры такія школы згублены. Цікавая сітуацыя складваецца ў найбольш адсталых рэгіёнах - Магілёўскім і Гомельскім. Магчыма тут наглядаецца феномен мяжы, калі далей ісці нельга. Упершыню за колькі год на Магілёўшчыне, напрыклад, павялічылася на 5 школ з беларускай мовай навучання, а рускіх - паменшылася на 15. Падобнае адлюстроўваецца і ў наступнай табліцы.

Размеркаванне вучняў (% ад агульнай колькасці), якія займаліся па-беларуску

94\95 95\96 96\97 97\98 98\99

г. Менск 21 17.7 15.4 13.4 11.2

Брэсцкая 44 39.2 35.7 33.4 32

Віцебская 35.9 28.5 26.9 26.2 25.2

Гомельск. 43.4 26.1 23.3 21.9 20.7

Гродзенск 50.7 50.8 51.3 51.5 51

Менская 54.6 55.3 55.8 54.5 54.4

Магілёўск 34.6 27.5 23.8 22.6 22.1

Усяго 29.4 27.8 32.9 31.6 30.5

99\00 00\01 01\02 02\03 03/04 04/05

9.5 8.4 7.3 6.4 5.1 4.2 Менск

30.7 30.2 28.8 27.6 26.9 26.4 Брэсц

25.9 24.5 23.8 23 23.1 21.5 Віцеб

20.4 20.3 19.8 18.9 18.4 18.6 Гомел

50.3 48.3 45.9 41.9 38.1 35.2 Гродз

54 52.6 50.8 47.9 44.5 42.6 М-кая

22.9 21.6 21 20.8 19.9 20.5 Магіл

30 29 27.8 26.3 24.8 23.8 Усяго

Хоць у цэлым і павялічыўся адсотак вучняў, якія займаюцца па-беларуску ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, аднак гэта не адбілася на колькасці вучняў. Напрыклад, на Гомельшчыне (без уліку школ з двума мовамі) ў мінулым годзе навучалася на роднай мове 17,3% (36 265) школьнікаў, а сёлета нават 17,9%, але гэта складае толькі - 35 900. Некаторае павелічэнне наглядаецца дзякуючы змяншэнню агульнай колькасці навучэнцаў (у азначаным рэгіёне ён складае 200 729, было - 209 414).

Асабліва яскравую карціну стану і перспектыў нашай школы дае табліца дынамікі прыёму для навучання на роднай мове ў падрыхтоўчыя (першыя) класы. Заўважым, што ўпершыню за колькі год тут пазначыліся некаторыя якасныя змены. У мінулым годзе павялічыўся % прыёму ў падрыхтоўчыя класы з беларускай мовай навучання Мінск, Брэсцкая і Віцебская вобласці, сёлета - астатнія. Але зноў жа і тут наглядаецца тая ж сітуацыя: у колькасным выяўленні росту няма.

Вобл. 91/92 92/3 93/4 94/5 95/6 96/7 97/8

г. Мінск 19.2 48.3 58.6 58 19.5 12.1 7.3

Брэсцк. 52.1 76 79.7 79.5 37 30.5 27.3 Віцебск. 34.4 58.1 65.5 62.3 28.9 26.2 25.3

Гомельс. 33.1 72.3 75.7 82.8 26.1 22.6 22.1

Гродзен. 77.3 82.9 87.5 86.9 61.4 50.8 44.1

Мінская 63.6 86.9 92.6 91.3 67.8 61.4 52.9

Маг-кая 30.5 53 72.8 65.1 25.8 22.9 23

Усяго 43.7 68.5 76 75.3 37.9 32 28.7

98/9 99/0 00/1 01/2 02/3 03/4 04/5 Вобл .

5.3 4.3 4.3 3.8 2.9 3 2.8 г. Менск

24.8 29 28.8 28.1 28.2 28.3 27.1 Брэсцк

21.4 26 25.4 23.7 23.4 23.7 23.6 Віцебс

16.6 20.4 19.4 19.6 19.3 18.5 21.5 Гомель

37.2 37 34.1 31.7 27.8 26.2 26.3 Гродз.

45.2 44.1 42.8 39.5 38.2 36.1 36.4 Мін-я

19.9 22.4 22.3 21.8 20.6 20.3 21.5 Магіл.

33.6 26.2 25.3 24 22.8 22.4 22.7 Усяго

Напрыклад, у Менску навучалася тры гады таму назад 422 (2,9 % ад агульнай колькасці) дзяцей падрыхтоўчых класаў, у мінулым годзе - 404 (3%) а цяпер ужо - 375 (2,8%). Праўда ёсць і прыемнае выключэнне, якое зрабілі Гомельская і Магілёўская вобласці. На Гомельшчыне навучалася па-беларуску 2 639, цяпер - 3 069; на Магілёўшчыне - адпаведна 2 203 і 2 320.

З адзінаццацігодкай (беларуская мова навучання) сёлета развітваецца 24466 (25080) беларусаў і беларусачак, гэта 25,7 (27,4) % ад агульнай колькасці. Мінулы год быў рэкордным выпускам беларускай школы, далей тэндэнцыя скіроўваецца на паніжэнне. Але і цяпер не малая частка абітурыентаў з беларускамоўных школ будзе змагацца за права навучацца ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых адукацыйных установах. Да іх ліку патрэбна дадаць яшчэ 38255 (25,9%) дзевяцікласнікаў.

Новы навучальны год не стаў выключэннем больш чым з дзесяцігадовага шэрагу герастратарскага наступу на беларускую школу, шкала яе паніжаецца да крытычнай рысы. Некаторыя змены ў статыстыцы ўсё-такі даюць спадзяванне на тое, што за малымі зменамі могуць адбыцца вялікія. Гісторыя паўтараецца. За беларускай школай - будучыня.

Алесь ЛОЗКА, старшыня РГА "Таварыства беларускай школы"


Гарадзенскае ТБШ паказвае прыклад

Выканаўчы сакратарыят Гарадзенскага гарадскога аддзялення РГА "Таварыства беларускай школы" падрыхтавала на правах унутранай дакументацыі бюлетэнь, колькасцю 30 асобнікаў, у якім падведзены вынікі работы гэтага грамадскага аб'яднання ў мінулым годзе.

У раздзеле "Пра нас і нашу работу" утрымліваецца інфармацыя пра гарадское аддзяленне. Цяпер яно налічвае 17 сталых сяброў, мае 20 валанцёраў і звыш тысячы актывістаў. Падкрэслена, што ТБШ - ідэйны спадкаемцы структуры, якая існавала ў Заходняй Беларусі цягам 19211936 гадоў. Тады дзейнасць Таварыства мела толькі на Гарадзеншычне 12 акруговых Упраў, у тым ліку - Гародні, Лідзе, Навагрудку, Слоніме, Ваўкавыску, Свіслачы, Міры.

Складальнікі бюлетэня на фактычным матэрыяле паказалі работу аддзялення ў 2004 годзе. Гэта сустрэчы, вечарыны, праца з сябрамі школьных бюлетэняў, пасяджэнні за "круглым сталом". Паведамляецца аб мерапрыемствах, удзел у якім бралі сябры ТБШ.

Аддзяленне ганарыцца сваімі многімі сябрамі. У прыватнасці, допісы прысвечаны шаноўным ветэранам адраджэнскага руху прафесару ГрДУ імя Я. Купалы Аляксею Пяткевічу і былому выкладчыку гэтай ВНУ Мікалаю Мельнікаву.

Актывісты аддзялення падрыхтавалі шэраг інфармацый, якія аб'яднаны агульнай рубрыкай "Пра здабыткі і праблемы". Сярод аўтараў - старшыня Гарадзенскага гарадскога Таварыства беларускай вышэйшай школы (ТБВШ) доктар медыцынскіх навук, прафесар Алесь Астроўскі, старшыня абласнога аб'яднання ТБМ імя Ф. Скарыны Аляксандр Місцюкевіч, ветэран працы Ніна Лідская...

Краязнаўцы атрымаюць цікавыя звесткі з матэрыялаў раздзела "Гістарычная рэтраспектыва". Кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч паведамляе пра цярністы шлях беларускай школы ў Гародні ў 20я гады ХХга стагоддзя. Пададзены лічбы і факты з жыцця ТБШ даваеннай пары. Можна даведацца, якія асобы актыўна займаліся беларускім школьніцтвам, колькі школ, бібліятэк, народных Дамоў было ў Заходняй Беларусі, колькасны склад сяброў і гурткоў акруговых Упраў, якія выданні выпускала Таварыства - газеты, брашуры, кнігі. Цікавыя звесткі можна знайсці ў публікацыі "Ведаць, не забываць". Тут гаворка вядзецца аб арганізацыі школьнай справы ў нашым краі ў 19391941 гадах.

Выпускніца факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта Інга Астраўцова прысвяціла свой выпускны дыплом у тым ліку і беларускамоўным выданням Гарадзеншчыны 19191920 гадоў. Плёнам сваіх пошукаў яна дзеліцца з чытачамі ў артыкуле "Уздымалі праблемы беларускай школы".

Аўтарка Яна Запольская падрыхтавала нататку "Рэарганізацыя школы Заходняй Беларусі (19391941 і першыя пасляваенныя гады)". Прыводзіцца архіўная даведка аб колькасці школ вобласці па мовах навучання ў азначаны перыяд. У 1949 годзе беларускіх школ было на Гарадзеншчыне 854, рускіх 73, польскіх 17.

Трэба вітаць практыку, калі грамадскае аб'яднанне аналізуе зробленае, па выніках работы за год выдае бюлетэнь. Такі досвед годны пераймання.

Антон Лабовіч, Гародня.


Час, напоўнены здабыткамі

Гарадзенскаму абласному аддзяленню Саюза беларускіх пісьменнікаў споўнілася 40 гадоў. Жыццёвы лёс прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, літаратуразнаўцы, старшыні Гарадзенскай арганізацыі ТБМ Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча цесна знітаваны з гэтай грамадскай структурай. Як дасведчаная асоба, ён адразу ўдакладняе:

- Аддзяленне Саюза пісьменнікаў існавала на Гарадзеншчыне цягам 19461948 гадоў. Тым разам аб'ядналі высілкі Уладзімір Дадзіёмаў, Міхась Васілёк, Зінаіда Бандарына. Узначальваў аддзяленне адказны сакратар Анатоль Астрэйка. Яго спецыяльна камандзіравалі з Менска ў першы пасляваенны год для арганізацыі творчай структуры. Ён працаваў літаратурным канcультантам у абласной газеце "Гродзенская праўда". На жаль, у хуткім часе пісьменнікі, за выключэннем Васілька, пераехалі на сталае жыццё у сталіцу і аддзяленне перастала існаваць.

- Вы назвалі прозвішчы Бандарынай, Дадзіёмава. Сёння мала хто ведае пра гэтых творцаў…

- Зінаіда Аляксандраўна Бандарына (1909 1959) нарадзілася ў Гародні. Вядомая як паэтка, празаік, нарысіст. Вучылася ў Белпедтэхнікуме, настаўнічала, працавала ў газеце "Палеская праўда". Скончыла аспірантуру Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе. Была санінструктарам на фронце. Супрацоўнічала ў часопісе "Бярозка", на Беларускім радыё. Узначальвала Дом народнай творчасці ў Гародні, філіял музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Працавала ў рэдакцыях газет "Зорька", "Літаратура і мастацтва". Выдала зборнік паэзіі "Веснацвет", аповесці "Галіна Ільіна", "Ой рана на Івана" (пра Янку Купалу), зборнік апавяданняў "Лясныя госці". Жывучы ў Гародні, напісаў на мясцовым матэрыяле раман "Над Нёманам".

Уладзімір Ільіч Дадзіёмаў (1924 1983) вучыўся ў Менскім Камуністычным інстытуце журналістыкі імя Кірава. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, паранены. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі. Вучыўся ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце. Быў супрацоўнікам газеты "Чырвоная змена", Беларускага радыё, уласным карэспандэнтам "Литературной газеты".

Бандарына і Дадзіёмаў былі прыняты ў Саюз пісьменнікаў у сярэдзіне 50х гадоў. І гаварыць пра сталую працу аддзялення СП у Гародні ў пасляваенны час не выпадае. Проста трэба было арганізаваць літаратурнае жыццё у заходнім рэгіёне. Тым не менш, імёны гэтых асобаў мы ўзгадваем з удзячнасцю.

- У часы Заходняй Беларусі Гарадзеншчына таксама была багатая талентамі. Таго ж Міхася Васілька і сёння памятаюць у многіх паселішчах, дзе яму ўдавалася выступаць з чытаннем сваіх вершаў…

- Пасля вядомага паходу Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года нямала заходнебеларускіх літаратараў сталі здабыткам духоўнага жыцця Савецкай Беларусі. Старшыня тагачаснага Саюза савецкіх пісьменнікаў Міхась Лынькоў 10 снежня 1939 года накіраваў у ЦК КП(б)Б дакладную запіску, у якой адзначыў, што ў заходніх абласцях ёсць блізу 100 беларускіх, польскіх, яўрэйскіх пісьменнікаў. Найбольш вядомых ахарактарызаваў: " Танк Максім , малады рэвалюцыйны беларускі паэт, найбольш таленавіты з усёй групы заходніх пісьменнікаў. Мае пяць зборнікаў. Пестрак Піліп , былы палітзняволены, сядзеў у турме 11 гадоў, добры лірык. Зборнікаў не мае, бо яго не друкавалі… Машара Міхась , беларускі паэт, мае 57 зборнікаў, батрак, пісаў на сацыяльныя тэмы…".

Трэба дадаць, што Піліп Пестрак свой тэрмін зняволення адбываў у Гарадзенскай турме. Максім Танк распаўсюджваў на тэрыторыі Гарадзеншчыны камуністычныя пракламацыі, газеты і лістоўкі.

М.Лынькоў таксама турбаваўся аб перыядычных выданнях на польскай і яўрэйскай мовах, аб стварэнні асобнага польскага сектара пры Дзяржвыдавецтве, павелічэнне накладу яўрэйскага літаратурна - мастацкага часопіса "Штэрн".

25 верасня 1940 года было створана Беластоцкае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Піліпам Пестраком. Сюды ўвайшоў шэраг польскіх літаратараў левага кірунку. Патрабуюць удакладнення звесткі, што ў Гродне пісьменнікаў згуртаваў Сцяпан Майхровіч.

- Вы не ўзгадваеце Васіля Быкава, які пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе прыехаў на пастаяннае жыхарства ў Гародню, працаваў у мастацкіх майстэрнях, крыху стыль рэдактарам у абласной газеце...

- Васіль Уладзіміравіч на доўгіх 25 гадоў звязаў свой лёс з нашым горадам. У 19471949 пачынаў тут сваю літаратурную дзейнасць, надрукаваў першыя апавяданні ў "Гродзенскай праўдзе". Аднак быў прызваны ў Савецкую Армію (1949 - 1955). З 1956 па 1972 працаваў журналістам, літкансультантам абласной газеты. Абіраўся сакратаром абласнога аддзялення СП БССР (1970 1978). У Саюз пісьменнікаў прыняты ў 1959 годзе.

- І тым не менш, у 1964 годзе абласное аддзяленне ўзначаліў Аляксей Карпюк, сябра творчага Саюза з 1953 года.

- Тут няма чаму здзіўляцца. У канцы 50х - пачатку 60х у Гародні зноў склалася група таленавітых творцаў. Аляксей Карпюк на той час меў кнігі "Дзве сасны", аповесці "Данута", "Пушчанская адысея", зборнік нарысаў "Мая Гродзеншчына".

Літаратурныя здабыткі Васіля Быкава - аповесці "Жураўліны крык", "Трэцяя ракета", "Альпійская балада".

У 1964 годзе ў Саюз пісьменнікаў была прынятая настаўніца Данута БічэльЗагнетава. Мела зборнікі паэзіі "Дзявочае сэрца", "Нёман ідзе". Анатоль Іверс са Слоніма ў Саюз быў прыняты яшчэ ў 1940 годзе. Меў зборнік вершаў "Песні на загонах" (Вільня, 1939). Міхась Дуброўскі займаўся перакладамі.

Вось такі склад мела Гарадзенскае аддзяленне СП Беларусі ў 1964 годзе. Дадам, што Аляксей Карпюк патрабаваў, каб кожнае пасяджэнне было падрабязна адлюстравана ў пратаколе. Адным словам, любіў працэдуру. Васіль Быкаў праводзіў працу больш разняволена.

- Асабіста вы, Аляксей Міхайлавіч, былі прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР у 1971 годзе. Ці засталася ў памяці гэтая падзея?

- Рэкамендацыі меў ад Васіля Быкава і Дануты БічэльЗагнетавай. Адбылася шчырая размова ў аддзяленні. Было патаемнае галасаванне на прыёмнай камісіі ў Саюзе пісьменнікаў. Аднак гэта яшчэ не ўвесь прыём. Прэзідыюм СП БССР павінен быў зацвердзіць рашэнне. Там ставіліся сур'ёзна да новых кандыдатаў. Не ўсе прэтэндэнты атрымлівалі пасведчанне Саюза. Дарэчы, у СП мы "прабіваліся" разам з Юркам Голубам, які цяпер узначальвае наша аддзяленне.

- 60я 80я гады мінулага стагоддзя быў часам актыўных сустрэч пісьменнікаў з чытачамі...

- Ставілася задача, каб творчыя асобы мелі цесныя сувязі з жыццём. Наша аддзяленне арганізоўвала семінары для творчай моладзі вобласці, на якія прыязджалі аўтарытэтныя літаратары з Менска. Пісьменнікі ўдзельнічалі ў рабоце літаратурных аб'яднанняў, ладзілі вечарыны, сустрэчы з аўтарамі з Каўнаса, Калінінграда, суседняй Польшчы. Абласное тэлебачанне мела сталыя перадачы "Кнігарня", "Гродзеншчына літаратурная", радыёчасопіс "Заранка". Быў выдадзены альманах "Край мой - Нёман", дзе апублікаваны творы 54 аўтараў Панямоння. Часцяком прыязджалі пісьменніцкія дэлегацыі з былых саюзных рэспублік, наладжваліся Дні літаратуры ў Гародні і вобласці. Мы прымалі чынны ўдзел у гэтых творчых акцыях, шмат ездзілі па вёсках вобласці. З залы заўсёды паступала шмат пытанняў рознага зместу. Гэты дыялог даваў новыя тэмы, вобразы, былі стымулам да працы.

- У вашым голасе гучаць настальгічныя ноткі...

- Была выдатная літаратурная практыка. Пісьменнікам неабходна сустракацца з чытачамі, каб пачуць ацэнку свайго твора непасрэдна ад удзельніка сустрэчы, выказаць сваё бачанне праблемы. Шкада, што такія сустрэчы амаль што зніклі. Тут патрэбны агульнае зацікаўленне пісьменнікаў і прадстаўнікоў улады.

- Ці ёсць творцы, якія могуць сёння сустракацца з людзьмі ў рабочых калектывах, Дамах культуры, інтарнатах?

- Ёсць. Абласное аддзяленне паступова пашыралася. Напрыклад, у 1988 годзе членамі СП былі ўжо Генадзь Дзмітрыеў, Мар'ян Дукса, Пётр Лісіцын, Алена Руцкая, Марыя Шаўчонак, Гаўрыла Шутэнка, Артур Цяжкі. Пазней - Уладзімір Шурпа, Лідзія Ялоўчык.

Цяпер у аддзяленні 23 асобы. Сярод іх - Ігар Жук, Алесь Чобат, Алег Жамойцін, Мікалай Мікуліч, Рычард Бялячыц, Алесь Якімовіч, Іван Сяргейчык, Сяргей Чыгрын, Людміла Кебіч, Станіслаў Суднік, Іван Пяшко, Зьніч, Сяргей Астраўцоў і іншыя. Асобна назаву знакамітага творцу Міколу Арочку, вядомага паэта і краязнаўца Васіля Супруна. Так што патэнцыял у нас значны. Членамі нашага аддзялення маглі б стаць Юрась Пацюпа, Юры Гуменюк, Ала Петрушкевіч, Аліна Астравух, Анатоль Раманчук, Уладзімір Васько...

Праўда, адначасова развіваецца "літаратура", якая не вытрымлівае крытыкі. Друкуецца нямала зборнікаў за сродкі аўтараў, у якіх няма паэзіі, прысутнічае хутчэй яе імітацыя. З такога зборніка, калі ставіцца да якасці змешчаных твораў патрабавальна, можна выбраць з дзесятак вершаў, вартых публічнай увагі. Астатняе - вершаваныя практыкаванні. Цяпер раздолле графаманам. Яны могуць задаволіць свае амбіцыі праз выдавецтвы. Гэтаму спрыяюць часам пісьменнікі, якія пішуць да такіх кніг прадмовы. адчыняюць дзверы ў літаратуру чалавеку без здольнасцей. Сапраўдныя мастацкія творы таленавітых пісьменнікаў "размываюцца" у акіяне пасрэднасці.

Пасля аўтар пачынае збіраць рэкамендацыі для ўступлення ў Саюз. Пахваляецца выдадзеным уласным творам.

Сёння ў Беларусі больш за 500 членаў СП. Добра гэта ці кепска?Так наўрад ці варта ставіць пытанне. Справа не ў колькасці. Зрэшты, і колькасць - пэўны паказчык інтэнсіўнасці літаратурнага развіцця. Увогуле ж пісьменніка нараджае Бог і родная зямля.

- Таленавітыя маладыя літаратары вобласці спрабуюць сілы?

- Гэтаму спрыяе рэгулярная літаратурная старонка ў газеце "Гродзенская праўда". Тут моладдзю апякуецца Юрка Голуб. Ва універсітэце імя Янкі Купалы працуе літаб'яднанне "Наднёманскія галасы", работай якога кіруе Святлана Тарасава. Трэба вярнуць да жыцця семінары творчай моладзі, якая жыве ў рэгіёне, друкуецца ў сваіх раённых газетах, рэспубліканскім друку.

40годдзе аддзялення Саюза пісьменнікаў для мяне не толькі гістарычны факт. Гэта адзінства мінулага і сучаснага, багатая творчая спадчына пісьменнікаў Гарадзеншчыны рознага часу. Ёсць у каго вучыцца, ёсць каму перадаваць здабыткі.

Гутарыў Антон Лабовіч.


Шчодрая Случчанская зямля на таленты

Не злічыць, напэўна, колькі паэтаў і празаікаў узгадавала яна. Пісьменнікі з вялікім задавальненнем наведваюць свае родныя мясціны і сустракаюцца з землякамі. Вось і сёлета ў традыцыйны Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі на сустрэчу з юнымі чытачамі ў бібліятэкуфіліял № 1 Слуцкай гарадской ЦБС прыехалі пісьменнікіземлякі: Павел Місько і Вячаслаў Корбут.

Не толькі на Случчыне, але і паза яе межамі, добра вядома імя пісьменніка Паўла Місько, аўтара знакамітых твораў: "Прыгоды бульбобаў", "Навасёлы", "Эрпіды на планеце земля", "Прыйдзі, дзеньзалацень!"

На мерапрыемстве Павел Місько расказаў пра свой жыццёвы і творчы шлях, адказаў на шматлікія пытанні аўдыторыі, пазнаёміў з планамі на будучае. Аўтар падараваў бібліятэцы свае кнігі з аўтографамі.

Паэт Вячаслаў Корбут, дырэктар літаратурнага фонда Саюза пісьменнікаў, чытаў уласныя вершы і байкі, адказваў на пытанні юных чытачоў, распавядаў аб працэсе выдання кнігі.

Пісьменнікіземлякі пажадалі прысутным добра вучыцца, любіць кнігу самую глыбокую крыніцу пазнання свету. Павел Місько і Вячаслаў Корбут выказалі юным чытачам, што захоўваюць удзячнасць Случчанскаму краю, адкуль пачалася іх жыццёвая сцяжына, і надалей будуць рады сустрэчам з чытачамі ў родным горадзе.

Загадчыца бібліятэкі-філіяла № 1 Слуцкай гарадской ЦБС Сасіновіч Г. В.


Атлантыда - сякера пад лаваю

Калі згадзіцца з навукоўцамі, што лічаць зніклую ў акіянскіх хвалях Атлантыду прарадзімай ўсіх цывілізацый (шумерскай, егіпецкай, грэцкай, дакалумбавай амерыканскай, кітайскай), дык усе мы, незалежна ад расы, нацыі, мовы, мусім лічыць сябе нашчадкамі атлантаў. А тыя, хто ставіцца да міфа скептычна, лёгка знойдуць "атлантыду" і ва ўласнай хаце, як тую сякеру пад лаваю. Бо ў шырокім разуменні гэта, гаворачы словамі Купалы, "час, што згінуць мусіў у беспрасветнай векаў імгле" і ўжо ніколі не вернецца. "Беларуская Атлантыда" - назва мастацкай выставы, што 5 красавіка, адкрылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. У ёй бяруць удзел каля трыццаці мастакоў. Адзін з іх - графік Рыгор Сітніца напярэдадні вернісажу адказвае на пытанні нашага карэспандэнта.

- Спадар Рыгор, які сэнс Вы ўкладаеце ў разуменне "Беларуская Атлантыда"?

- Гэта і "залатая пара" нашай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага - беларускае сярэднявечча, расцяганае па музеях, падручніках і энцыклапедыях суседзяў, найперш - Летувы і Польшчы; і незваротна страчаная прырода; і пласт традыцыйнай культуры, што на вачах знікае пад ціскам некіраванай урбанізацыі і так званай "масавай культуры". Зрэшты, пад пагрозаю знікнення сама нацыянальная тоеснасць беларуса, наша выкрышталізаваная ў стагоддзях ментальнасць. Гэты адыходзячы ў нябыт свет мы імкнуліся занатаваць ў мастацкіх творах.

- Карціна з назваю "Беларуская Атлантыда" ёсць у Аляксея Марачкіна. Ці не яму належыць ідэя выставы і канцэпцыя экспазіцыі?

- Неяк на адным з вернісажаў у Палацы мастацтва мы з ім павялі гаворку, што не кепска было б зладзіць выставу, прысвечаную нашай страчанай спадчыне, свядома панішчанай чужынцамі альбо зніклай без гвалту, таму што час прыйшоў і свет наўкол змяніўся. Наша ідэя зацікавіла іншых. З часам да яе рэалізацыі далучылася яшчэ дваццаць пяць мастакоў. Ягор Баталёнак, Віктар Сташчанюк, Леў Талбузін, Алесь Пушкін, Віктар Сулкоўскі, Янка Раманавіч, Віктар Шматаў ды іншыя.

- Мяркуючы па імёнах, на выставе прадстаўленыя ідэалізаваныя вобразы беларускай вёскі, "археалагічнае мастацтва", знікаючая этнаграфія, гістарычныя рэканструкцыі забудовы нашых гарадоў, краявіды пакінутых паселішчаў Чарнобыльскай зоны...

- Сапраўды, ўсё пералічанае ў экспазіцыі ёсць. Я, да прыкладу, зрабіў для выставы рэканструкцыю старой Нямігі. Да таго ж у шэрагу аркушаў я імкнуўся эстэтычна асэнсаваць вясковы побыт. Нават вырваныя з кантэксту свайго часу гаспадарчыя прылады беларускага селяніна ўражваюць дасканалай формай, а функцыянальным зместам яны не саступаюць лепшым ўзорам дызайну.

- Вам не падаецца, што ўжо надышоў час фіксаваць для гісторыі і пэўныя праявы беларускага гарадской культуры XX cтагоддзя?

- Мабыць. Той жа "сталінскі ампір" у архітэктуры ды "сацыялістычны рэалізм" ў выяўленчым мастацтве, якія ўводзіліся ідэолагамі Савецкай імперыі дзеля русіфікацыі, дэнацыяналізацыі народаў, дзеля звядзення шматлікіх культур пад адзіны знак, у часе эвалюцыі набывалі арыгінальныя рысы. Сёння пэўныя праявы ідэалагізаванага мастацтва савецкай эпохі можна смела разглядаць у кантэксце беларускай нацыянальнай культуры.

Прынамсі, архітэктуру праспекта Скарыны не зблытаешь з кіеўскім Хрышчацікам ці маскоўскай Твярской. Фасады будынкаў закон неяк ахоўвае, а вось шмат унікальных інтэр'ераў тае пары страчаныя пасля бязглуздых "еўрарэмонтаў".

"Атлантыдай" для нас ужо стала творчасць Міколы Селяшчука і Яўгена Куліка. Іх творы вельмі дакладна адлюстроўваюць эвалюцыю "сацрэалізма" ў мастацтва з выразнымі нацыянальнымі рысамі.

Калі б мы сабралі ўсё, што для нас увасабляе "Беларускую Атлантыду", яно не ўмясцілася б ў залах Музея сучаснага мастацтва. Ды і мэты такой не было. Галоўнае, мы хацелі нагадаць гледачу пра каштоўнасць незваротнага.

Гутарыў Пётра ВАСІЛЕЎСКІ.


"Новы Час" чакае вас

Пабачыў свет чарговы нумар газеты "Новы Час". У нумары матэрыялы пра Гаўрылу Гарэцкага, пра аб'яднаўчы з'езд беларускіх сацыял-дэмакратаў, паэма Сяргея Законнікава "Per aspera ad astra", прысвечаная Барысу Кіту, старонкі прыватнага дзённіка Алега Трусава "Дні ў сакавіку", апавяданне Людмілы Дзіцэвіч "Матуліна кура" і шмат іншых грунтоўных і цікавых матэрыялаў.

Газету можна знайсці ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску.


Дом літаратара запрашае

27 красавіка ў Доме літаратара (пл. Перамогі, вул.Фрунзэ,5) адбудзецца сумесны канцэрт гурта СТАРЫ ОЛЬСА (Менск) і OSIMIRA (прэзентацыя альбома «Прошча», Магілёў). Пачатак 19:00. Кошт квітка 9 000 - 12 000. Даведкі па тэл.: 6490888, 7662425, 4006774.

3 траўня ў Доме літаратара (пл. Перамогі, вул.Фрунзэ,5) адбудзецца вялікі сольны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча з прэзентацыяй новай праграмы. У праграме новыя і любімыя песні, кампазіцыі з супольных музычных праектаў «Народны Альбом», «Я нарадзіўся тут», «Сьвяты вечар» і інш. Пачатак 19:00. Кошт квіткта 8000 - 12 000.


Палілі кніжкі

Мне давялося жыць у часы польскай акупацыі. Менавіта тады я пайшоў у першы клас польскай шко-лы. Вывучыў альфабэт, навучыўся трохі чытаць. Мя-не перавялі ў другі клас. Але неўзабаве прыйшло савецкае войска. Школу закрылі. Нам загадалі ўсе польскія кніжкі пазносіць у школу. Пагражалі пакараннем, калі хто-небудзь не здасць падручнікі. Хутка каля новазбудаванай школы ўтварылася вялікая гара кніжак. Іх спалілі.

Пазней у школу прывезлі кніжкі на расейскай мове, а мяне адсадзілі зноў у першы клас: іншы альфабэт, іншая мова. Пачаў вучыцца, ды нядоўга. Прыйшла нямецкая акупацыя. Зноўку паступае загад пазносіць усе кніжкі на расейскай мове. Хто затрымае, будзе моцна пакараны. Я прынёс усе кніжкі, апроч задачніка. Бацька сказаў, што ў арыфметыцы няма нічога савецкага, толькі трэба вырваць партрэт савецкага правадыра. Два дні гарэла гара савецкіх падручнікаў ля школы.

У час нямецкай акупацыі мне прыйшлося вучыцца ў школе, што знаходзілася ў мястэчку Палонка. Усе прадметы выкладаліся па-беларуску, акрамя ўрокаў нямецкай мовы. Як скончылася нямецкая акупацыя, я ўжо быў за межамі Беларусі. Напэўна, усе кніжкі на беларускай мове гарэлі гэтаксама, як гарэлі польскія і расейскія, але не каля школы, таму што школы ўжо не было. Партызаны спалілі.

Вось так я пачынаў сваю адукацыю: па-польску, па-руску і па-беларуску. Тры разы быў першагоднікам. Я гэтага не хацеў, але акупацыйныя ўлады давалі загады, і людзі мусілі іх выконваць, як умелі. Лёс у мяне быў незайздросны, і я апынуўся на чужыне.

Кастусь Верабей.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX