Вярнуцца: 2005

№ 19 (705)


Крыніца: pawet.net.



№ 19 (705) 25 ТРАЎНЯ 2005 г.


З в а р о т

Сакратарыяту Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" з нагоды перайменавання вуліц і праспектаў г. Менска

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі без грамадскага абмеркавання кіраўніцтвам краіны прынятае беспрэцэдэнтнае рашэнне аб перайменаванні галоўных магістраляў беларускай сталіцы. Гэты няўзважаны і паспешлівы крок узрушыў усю Беларусь, закрануў інтарэсы дзесяткаў тысяч жыхароў перайменаваных вуліц, арганізацый і ўстаноў.

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" рашуча выступае за захаванне ў назве галоўнага праспекта сталіцы імя славутага сына беларускага народа, асветніка і першадрукара Францішка Скарыны, 515-я ўгодкі з дня народзінаў якога адзначаюцца сёлета.

Мы звяртаемся да жыхароў перайменаваных вуліц, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, студэнтаў, усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь з заклікам падтрымаць грамадскую ініцыятыву па зборы подпісаў за захаванне назвы галоўнага праспекта Менска. Прапануем усім беларускім газетам апублікаваць бланк збору подпісаў пад патрабаваннем захаваць без зменаў назвы вуліц беларускай сталіцы. Звяртаемся з просьбай да ўсіх беларускіх інтэрнэт-парталаў змясціць на сваіх старонках адпаведны бланк.

Звяртаемся да Менскага гарадскога Савета дэпутатаў з прапановай прыняць захады па абароне інтарэсаў жыхароў беларускай сталіцы ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам.

Звяртаемся да кіраўніцтва краіны з прапановай адмяніць рашэнне, якое не карыстаецца падтрымкай пераважнай большасці грамадзян нашай дзяржавы.

Сакратарыят ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". 19.05.2005 г.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

У "Нашым слове" № 14 за 13. 04. 2005 г. змешчана інфармацыя пра колькасць падпісчыкаў на 2-і квартал 2005 года. У параўнанні з мінулым кварталам падпі-ска вырасла на 14 асобнікаў.

Рэдакцыя выказвае шчырую ўдзячнасць чытачам "Нашага слова", якія з'яўляюцца сталымі падпісчыкамі, а таксама тым, хто далучыўся да выдання ў гэтым квартале. Шчырае падзячнае слова адрасуем мастакам Менска. Кожны, да каго мы звярнуліся з просьбай падтрымаць ТБМ падпіскаю на "Наша слова", з радасцю адгукаўся на гэтую прапанову, незалежна ад таго, з'яўляецца ён сябрам Таварыства ці не. Мы спадзяёмся, што ў наступным паўгоддзі гэтак жа дружна "Наша слова" падтрымаюць пісьменнікі.

Асобна хочацца звярнуцца да сяброў нашага грамадскага аб'яднання, якіх у Таварыстве каля 8 тысяч. Мы дзякуем вам за самаахвярную працу на карысць Таварыства і роднай мовы. Выказваем глыбокую павагу за выбар роднай мовы ў вусным маўленні, у пісьмовых зваротах у дзяржаўныя органы, у жаданні быць носьбітам роднай мовы ва ўсіх сферах.

І толькі адно просім актывізаваць: прыйдзіце на пошту і аформіце падпіску на сваю газету, якая не падтрымліваецца дзяржавай.

Сакратарыят ТБМ.


Ён любіў свой народ

160 годдзе Мікалая Нікіфароўскага (1845 - 1910)

Чым далей мы адыходзім ад высокай маралі і купельнай прыгажосці калектыўна створанай беларускім народам традыцыі разумнага суіснавання, тым ярчэй разга-раюцца на гістарычным небасхіле зоркі шчырых рупліўцаў на ніве беларускага фальклору.

Адным з такіх самаадданых ахвярнікаў быў Мікалай Якаўлевіч Нікіфароўскі, які нарадзіўся 17 траўня ў вёсцы Вымна Віцебскага раёна ў 1845 годзе. Грунтоўную адукацыю атрымаў у Віцебскай духоўнай семінарыі, якую закончыў у 1867 годзе. Настаўнічаў у Віцебску, Свіслацкай і Маладзечанскай настаўніцкіх семінарыях. З юначых год пачаў цікавіцца і вывучаць фальклор, паўсядзённы побыт і культуру беларускага народа. Напачатку 70-х гадоў становіцца найбольш актыўным карэспан-дэнтам Паўла Шэйна, які на працягу больш дваццаці год публікаваў дакладна зафіксаваныя шматлікія і разнастайныя матэрыялы па этнічнай культуры беларусаў. Запісаныя Нікіфароўскім апісанні калядных свят, абрад і песні валачобніцтва, юр'еўскія і жніўныя рытуалы і песні, купальскія святкаванні і вясельны абрад Шэйн апублікаваў у зборніках "Беларускія народныя пес-ні"(1874) і "Матэрыялах для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю (т.І-ІІІ, 1887-1902)".

"Нарысы Віцебскай Беларусі" (ч.1-8, 1892-1899гг.) сталі першай самастойна выдадзенай выдатнай працай Нікіфароўскага, дзе на багатым жыццёвым матэрыяле ўласных назіранняў фалькларыст падае жывапісныя апісанні носьбітаў і выканаўцаў фальклору, распаўсюджвальнікаў яго - вандроўных старцаў-жабракоў, дудароў, скрыпачоў і іншых музыкаў, адносіны да іх сялян.

Стравы, яду, адзенне, жыллё і гас-падарчыя пабудовы свайго часу, працу сялян Нікіфароўскі падаў у "Нарысах простанароднага жыцця-быцця Віцебскай Беларусі і апісаннях прадметаў ужыт-ку"(1895). На аснове багатага, уласна сабранага фальклорнага матэрыялу Нікі-фароўскі выдае працу "Простанародныя прыкметы і павер'і, прымхлівыя абрады і звычаі, легендарныя паданні пра асоб і мясціны" (1897).

Фальклорны гранд-жанр фалькла-рыст выдаў у зборніку "Простанародныя загадкі", дзе падаў 532 цудоўныя ўзоры, сі-стэматызаваныя па 10 вялікіх абагульненых тэмах. Першым сістэматызаваным апісаннем персанажаў прыродна-натуральнай, так называемай "ніжэйшай дэманалогіі" стала праца Нікіфароўскага 1907 года "Нячыс-цікі, звод простанародных у Віцебскай Беларусі паданняў пра нячыстую сілу", якая факсімільна перавыдадзена ў 1995 годзе ў Віцебску. Акрамя загадак, фальк-ларысту належыць непераўзыйдзенае да нашага часу па сваёй мастацкай дасканаласці выданне збору прыпевак, якія былі апублікавана праз год пасля смерці Нікіфароўскага ў зборніку "Беларускія песні-частушкі"(Вільня, 1911), а таксама працы "Напаўпрыказкі і напаўпрымаўкі, што ўжываюцца ў Віцебскай Беларусі" (1910-1913) і "Напаўпрыказкі - напаўпрыслаўкі" (1928).

Пладавіты беларускі фалькларыст быў з 1890 года Правадзейным членам Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі Маскоўскага універсітэта і Рускага геаграфічнага таварыства з 1897 года. Залатымі літарамі ўпісаў ён сваё імя ў гісторыю беларускага народа.

Васіль Ліцьвінка.


100-годдзе верша Янкі Купалы "Мужык"

Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня першай пу-блікацыі беларускамоўнага твору класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Янкі Купалы.

У літаратурным музеі Песняра захоўваецца рукапіс славутага верша "Мужык", на аўтографе якога Янка Купала напісаў: "Верш гэты быў надрукаваны ў менскай расейскай газеце "Северо-Западный край", 15/V 1905 г. у № 746. Гэта першы мой выступ у беларускай літаратуры. Аўтар".

Безумоўна, гэта лі-таратурнае выступленне мела вялікае значэнне для творчага лёсу Купалы. Спрыяў надрукаванню верша беларускі публіцыст і літаратурны крытык Ула-дзімір Самойла, які першы заўважыў літаратурны талент Янкі Купалы. У лісце да Л. М. Клейнбарта ад 21 верасня 1928 г. паэт пісаў: "Он [Самойла] всегда хвалил и поощрял меня к писа-нию. При его содействии было напечатано по-белорусски моё первое стихотворение «Мужык» в минской газете «Северо-Запад-ный край» прогрессивного направления". Газета "Севе-ро-Западный край" выходзіла на рускай мове, але верш Купалы быў пададзены ў арыгінале. Рэдактар газеты М. Мысоўскі змяс-ціў яго побач з апавядан-нем Льва Талстога «Тры сыны», быццам падкрэсліваючы тым самым, што ў беларускую літаратуру ўваходзіць значны мастак слова. Беларускамоўныя газеты ў той час яшчэ не выходзілі, і калі б не Ула-дзімір Самойла, то Купала, магчыма, пачаў бы друка-вацца значна пазней. Вядома, што першая публікацыя паэта ў "Нашай Ніве" - верш "Касцу" - адбылася толькі ў траўні 1907 года.

Сваім першым вер-шам Янка Купала зарэка-мендаваў сябе як выдатны майстра мастацкага слова. У лісце да Льва Клейн-барта ад 11 студзеня 1929 г. паэт згадваў: «Когда появилось в 1905 г. в печати моё стихотворение "Мужик", я уже созна-тельно знал, что и как мне писать».

Верш «Мужык» стаў своеасаблівым мані-фестам беларускай літара-туры пачатку ХХ стагод-дзя. Гэта паэтычнае адкрыццё абуджанага ў се-ляніне чалавека, усведам-ленне ім сваёй годнасці, праява яго аптымізму, жыццястойкасці. Верш ёміста і каларытна насы-чаны зместам народнага жыцця. Паэт не ідэалізаваў свайго героя. Ён паказаў усю гісторыю яго гаротнага лёсу: адносіны з грамадствам, якім ён пакрыўджаны; з прыродай, на ўлонні якой ён - працаўнік; з сям'ёй, якую ён, увесь век працуючы на эксплуататараў, ніяк не можа забяспечыць хлебам, вопраткай, абуткам. Маналог Купалавага героя гучыць як крык душы, крык адчаю. Сэрца мужы-ка разрываецца ад несправядлівасці, бяспраўя, адсутнасці хоць якой-не-будзь сацыяльнай апекі.

Паступова герой верша нібы здымае павуцінне спаконвечных, неча-лавечых нагавораў на ся-бе, бо ў ім перамог ужо дух новага чалавека, і ён ведае сабе цану. Мужык поўны ўсведамлення сваёй значнасці на зямлі, як стваральніка ўсіх каштоўнасцяў. Крык Мужыка павінен пачуць увесь свет: "Я буду жыць! - бо я мужык!». У ім - вера, упэўненасць, аптымізм, прага да разняволення.

Верш Янкі Купалы «Мужык» - класічны, глыбока народны нацыянальны твор, знітаваны з праблемамі сацыяльнага і нацыянальнага адраджэння беларусаў. Ён быў ук-лючаны ў некалькі прыжыццёвых выданняў паэта: зборнік "Спадчына" 1922 г., Зборы твораў 1926 і 1929 гг., Выбраныя творы 1935 г. Верш "Мужык" перакладзены на некалькі дзесяткаў моў. Кампазітар К. Цесакоў паклаў яго на музыку. Шматлікія беларускія мастакі ўвасобілі вобраз мужыка ў сваіх творах. Актуальны верш і сёння, калі беларусам зноў прыходзіцца сцвярджаць сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, змагацца за незалежнасць Беларусі, за самавызначэнне беларусаў як нацыі.

Дзіяна Філіповіч, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.


Пайшоў Анатоль Сыс

9 траўня 2005 года менчукі развіталіся з Анатолем Сысом, адным з найталенавітых паэтаў нашага часу. Грамадзянская паніхіда праходзіла ў сталічным Доме літаратара. На Радаўніцу, якая прыпала на 10 траўня, яго пахавалі на малой радзіме, у вёсцы Гарошкава Рэчыцкага раёна, дзе 26 кастрычніка 1959 года ў сям'і Марыі і Ціхана Сысоў нарадзіўся будучы паэт. Першая публікацыя яго вершаў з'явілася ў часопісе "Маладосць" у 1986 годзе. Ягонаму пяру належаць тры паэтычныя зборнікі: "Агмень" (1988), "Пан Лес" (1989), "Сыс" (2002). Анатоль быў адданы сваёй Бацькаўшчыне. Яму смылелі незагойныя раны за лёс роднай мовы. Анатоль наведваў ТБМ. Ён актыўна прапагандаваў і распаўсюджваў "Наша слова". Незадоўга да сваёй смерці, напрыканцы красавіка, Анатоль патэлефанаваў мастаку Аляксею Марачкіну, які афармляў апошні зборнік паэта "Сыс", і сказаў, што ён напісаў новы верш: "Першы верш за апошнія сто гадоў!". Яны сустрэліся ў майстэрні мастака і абое, як дзеці, радаваліся з нагоды гэтага шэдэўра, відаць, апошняга ў жыцці Анатоля. Прапануем яго чытачам "Нашага слова".

Ірына Марачкіна.


Анатоль Сыс

З наступнай кніжкі "Пчаліная матка"


Шрыфтам Брайля па калядным сьнезе

Птушкі вершы пішуць.

А чытаю - рукі зьмерзьлі.

Свае руны мне ня вышыць.

Я асьлепнуў.

Я аглухнуў.

Птушак ня здагнаў - сьпяшаю,

А вясновы сьнег пажухнуў.

Часу - тры сьняжынкі маю.

А памру -

Паэт мо прыйдзе

Разгадае сьляды птушак.

Ох, ты лёс мой!

Ох, ты злыдзень!

Дзе салома? Дзе падушка?

Падаў зь печы! Падаў зь неба!

Не падклаў мне Бог саломы,

Паддурыў скарынкай хлеба

Ды баршчом ад сьлёз салоным.

Падаў зь печы! Падаў зь неба!

Бог

Пусьціў мяне па сьвеце,

Торбу даў,

Бы горб, за плечы.

Так я кануў у сівай Леце,

А сканаю - паэт прыйдзе.

8 сакавіка 2005 г.


Сяргей Панізьнік

СУПОЛЬНІКІ

"Каб ты каменем стаў!"

І я стаў...

Сярод поля.

Анатоль Сыс .


Узгадайце, хто яшчэ не ўрос

у грудок, у свой апошні бераг?

Я шукаю ў памяці, ў паперах

тых, з якімі гадаваўся, рос.


Адрасоў зацёрты алфавіт

мне падкажа адпраўныя згадкі.

...Шлях жыццёвы не бывае гладкі.

Вось і схіл... Ды не такі ўжо спрыт...


Прытуленне - й позняе - скране

адчужэнне са сцяблін-азімін...

... Сыс ляжыць. Сябрына пры труне.

А ў вачах стаіць на дзірване

ён - адзін:

адрынуты

усімі.

9 траўня 2005 г.


ЯК Я ВЫБІРАЛА БЕЛАРУСКУЮ МОВУ Ў ДАІ

(каментар да ліставання)

Ліставанне між Тава-рыствам беларускай мовы і УДАІ Рэспублікі Беларусь мае перадгісторыю. 16 са-кавіка я, закончыўшы аўта-школу, здала ўсе экзамены ў Дзяржаўтаінспекцыі. Як і ва ўсім, я выбрала беларус-кую мову для атрымання пасведчання кіроўцы. Але, калі папрасіла аб гэтым, атрымала адмову. Аказва-ецца, палажэнне аб парадку прыёму кваліфікацыйных экзаменаў на атрыманне права кіравання механічны-мі транспартнымі сродкамі і выдачы пасведчанняў кі-роўцы, а таксама іх абмену, зацверджанае Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2002 за № 297 у раздзеле 4 п. 38 патрабуе каб пасведчанні кіроўцаў за-паўняліся літарамі рускага алфавіту і дубляваліся літа-рамі лацінскага алфавіту. Ніякага выбару мовы гэтае Палажэнне не прадугледж-вае.

Зразумеўшы, што гэ-ты дакумент прыняты ў парушэнне Канстытуцыі, ведаючы свае правы па вы-бары мовы, я напісала заяву пра выдачу мне пасведчання кіроўцы на роднай мове. Роўна праз месяц, 13 краса-віка, я атрымала гэтае па-сведчанне.

Яшчэ раней я б абуралася. Што ж гэта за краі-на, у якой трэба адваёўваць права выбару роднай мовы, тым больш рэгламентаванае Канстытуцыяй!

Але за гэты месяц я столькі зрабіла даследаван-няў, назіранняў і высноў, што вельмі ўдзячная нагодзе абагульніць выкладкі пра стан беларускай мовы ў грамадстве.

Па-першае, атры-маўшы ў 1995 годзе пасля рэферэндуму права выбару мовы, мы яшчэ не ўсвядо-мілі, што гэта такое, і не ўмеем выбіраць, напрыклад, беларускаю мову.

Многія кіроўцы ка-залі, што таксама хацелі б мець пасведчанне на сваёй мове, але пасаромеліся (ці часу пашкадавалі?) пісаць заяву. Дык і я чамусьці забылася выбраць мову та-лона, і яго мне, вядома, выпісалі на рускай мове.

Па-другое, многія дакументы ў нашай краіне не адпавядаюць Канстыту-цыі. Аказваецца, да 2002 года пасведчанні кіроўцы выдаваліся тольмі на бела-рускай мове. Як расказалі чыноўнікі ў ДАІ, многія людзі пратэставалі; абура-ліся, патрабавалі рускую мову, чуць не з кулакамі. Яе адстойвалі. Пасля праведзе-ных роспытаў я зразумела, што гэта былі, у асноўным, рускія людзі; якія на закон-ных падставах не захацелі ўшчамлення сваіх правоў. Нашым беларусам не шко-дзіла б пазычыць трохі такіх якасцяў. Пабачыўшы такую рэакцыю людзей, кіраўніц-тва ў снежні 2002 года змя-ніла Палажэнне, але зноў жа не захаваўшы адпаведнасць Асноўнаму Закону краіны. Дарэчы, я была першая з 2002 года, хто выбраў бела-рускю мову для пасведчан-ня і звярнуў увагу на юры-дычную нікчэмнасць даку-мента.

Па-трэцяе, мова бе-ларуская пачала набываць імклівы рост знізу, а гэтая тэндэнцыя самая жыццёвая. Бо прымус зверху мае шту-чны характар. І як толькі мяняецца ў асобах вярхуш-ка, мяняецца і ўклад жыцця. Мы вось прывыклі абурац-ца, што дзяржава мала пад-трымлівае беларускую мо-ву. Але сёння лепш рада-вацца, што народ яе пад-трымлівае. Калі я хадзіла з заявай па калідорах УДАІ, мне не трапіўся ні адзін чалавек, хто б мяне зня-важыў за мой выбар. Толькі былі роспыты, навошта мне гэта трэба. Калі ж я добра-зычліва тлумачыла, што хачу быць сапраўднай, чыс-тай беларускай, то бачыла павагу ў вачах чыноўнікаў. А ўжо як стараліся супра-цоўнікі Тамара Кухарэнка, Вераніка Сячынская, Анд-рэй Мачульскі, каб нала-дзіць кампутар на беларус-кую праграму. І я ўсім, хто дапамагаў мне захаваць у мове майго пасведчання кіроўцы мой нацыянальны гонар, выказваю шчырую падзяку. Нам належыць усім годна жыць побач у краіне і выбіраць свой стыль жыцця.

У народзе змяніўся імідж беларускай мовы. Ця-пер гэта мова патрыётаў сваёй краіны. Ды і моладзь іншаая. Мы ў свой час ста-раліся не высоўвацца, быць такімі, як усе, у тым ліку і па мове. Сённяшнія маладыя стараюцца выдзеліцца ці то вопратнай, прычоскай, а то нават і мовай. І тут наша мова прыхозіць на дапамо-гу, як, напрыклад, фірмам "Самсунг", "Філіпс" "Галі-на-бланка" і інш, якія сваю рэкламу падаюць па-бела-руску.

І ўвогуле, расце по-пыт на беларусую мову, і дзяржаўныя ўстановы гэта адчуваюць і пачынаюць ствараць лепшыя ўмовы для нармальнага выбару мовы. Так, два гады назад у АВІРы Партызанскага раёна пры афармленні штампа ў паш-парце прыйшлося ісці да начальніка, каб здзейсніць выбар маёй мовы. А сёння я толькі нагадала сакратару, што я выбіраю беларускую мову, а ў адказ атрымала - выбірайце, калі ласка.

Закончылася гісто-рыя майго беларускамоў-нага пасведчання кіроўцы, як і належыць у прававой дзяржаве. Дзякуючы ўмя-шанню ТБМ, у хуткім часе будзе зменена Палажэнне УДАІ, і дакумент набудзе юрыдычную адпаведнасць.

І разам з гэтым уздымецца на новы, вышэйшы ўзровень наша дзяржава.

Першы намеснік старшыні ТБМ Людміла ДЗІЦЭВІЧ.


220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

"Таварыства беларускай мовы імя

Францішка Скарыны"

Паважаны спадар Трусаў!

Ваш зварот у Міністэрства ўнутраных спраў разгледжаны Упраўленнем ДАІ Галоўнага упраўлення міліцыі грамадскай бяспекі.

Выказваем падзяку за слушную прапанову па пункту № 38 "Палажэння аб парадку прыёму кваліфікацыйных экзаменаў на атрыманне права кіравання механічнымі тарнспартнымі сродкамі і выдачы вадзіцельскіх пасведчанняў, а таксама іх абмену". Ваша прапанова будзе ўлічана пры наступным унясенні змяненняў у пазначаны вышэй дакумент.

Начальнік - М. М. Дрозд.


АЛЕСЬ КАРАЛЁЎ

27.01.1948-13.05.2005

На 58-ым годзе абарвалася жыццёвая сцяжынка аднаго з шчырых рупліўцаў беларушчыны Алеся Каралёва. Ён нарадзіўся ў Мсціславе Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт. З 1970 года стала жыў у Жодзіне, выкладаў гісторыю ў СШ № 6. Ён - выдатнік народнай адукацыі. Займаўся краязнаўствам. Яму належаць даследаванні пра гісторыю ўзнікнення і развіцця горада, сабраныя пад адной вокладкай ў кнізе "Жодзінская хроніка". Алесь Каралёў, як і ягоны слынны брат Міхась Ткачоў, быў актыўным грамадскім і палітычным дзеячам. Не раз абіраўся дэпутатам Жодзінскага гарадскога савета. Быў адным з засна-вальнікаў БСДГ і кіраўніком яе Жодзінскай гарад-ской арганізацыі.

У яго засталіся сын, дачка, унучка, жонка (настаўніца СШ № 6 г. Жодзі-на) і мноства сяброў, якія будуць захоўваць памяць пра гэтага цудоўнага чалавека - клапатлівага мужа, бацьку, дзеда, таленавітага настаўніка і выхавальніка, патрыёта Беларусі і мужнага змагара за яе светлую будучыню.

Сакратарыят ТБМ


Новыя кнігі на сядзібе ТБМ

Шэраг новых кніжак ды часопісаў па гісторыі , архітэктуры , літаратуры , а таксама кніжкі для дзетак з ' явіліся ў менскай сядзібе ТБМ . Тут жа можна знайсці відэа, аўдыё, CD з добрай беларускай музыкай, майкі, значкі, календары.

Прыходзьце з панядзелка па пятніцу на Румянцава, 13 з 11-й да 17-й гадзіны.

Тэл. 8-029-707-40-01.


Жураўліны шлях паэта

Да 100-годдзя з дня нараджэння Сяргея Хмары-Сіняка

Старшыня Згуртавання беларусаў Канады Мікола Ганько неяк сказаў : " Пра жыццё і дзейнасць Сяргея Хмары можна напісаць цэлую гісторыю , а можна абыйсціся некалькімі сказамі "( Лявон Юрэвіч . Камэнтары . Мн ., 1999, с .170). Андрэй Чэмер паспрабаваў напісаць такую гісторыю пра гэтага чалавека . У 1998 годзе ў Вільні ён выдаў кнігу, якая так і называецца "Сяргей Хмара". Але пра самога беларускага паэта, змагара, выдаўца там так і нічога не было сказана. У кнізе аўтар прайшоўся па старонках газеты "Беларускі голас", якую ў Канадзе выдаваў Сяргей Хмара-Сіняк, і працытаваў розныя факты з газетных публікацый. Цікавымі ў гэтым выданні з'яўляюцца хіба толькі "Прадмова" і "Замест пасьляслоўя".

Наогул, пра Сяргея Хмару-Сіняка на працягу першых пасляваенных 50 гадоў у беларускім друку пісалася ўсё толькі адмоўнае. Як маглі, так і палівалі брудам яго ў савецкім друку Л. Прокша, В. Раманоўскі, В. Мацкевіч. І толькі аўтару гэтых радкоў у сакавіку 1991 года ў тыднёвіку "Літаратура і мастац-тва" удалося надрукаваць невялікі артыкул-згадку пра гэтага своеасаблівага чалавека. Але і гэтая публікацыя выклікала неадназначны рэзананс у Беларусі і ў Ка-надзе. У газеце "Зважай" (Таронта, верасень, 1991) Кастусь Акула, прачытаўшы гэтую першую лімаўскую публікацыю пра Сяр-гея Хмару, выказаў сваё абурэнне. Ён абураўся тым, што Хмара з 1945 года "сядзеў на Пятровым пасадзе Ватыкану", што "Сіняк-Хмара ніколі не навучыўся беларускае мовы і быў ужо ведамым графаманам у паэ-зіі", што "падтрымліваў і праслаўляў шарлатана "па-трыярха" Рыжага-Рыскага", што ў "1952 г. нама-гаўся захапіць Беларускі Выдавецкі Фонд і газэту "Беларускі Эмігрант", а калі тое не ўдалося, пачаў выдаваць сваю газэту "Беларускі Голас" і г.д.

У газеце беларускіх вайскоўцаў "Во славу Родины" (8 красавіка 1992 г.) нехта М. Маліноўскі з Баранавіч напісаў "несколько слов воинствующей нена-висти" пад загалоўкам "Иверс против Чигрина" (Іверс - маецца на ўвазе слонімскі паэт Анатоль Іверс - Іван Дарафеевіч Мі-ско - С.Ч.). Справа ў тым, што апісаная дзейнасць Сяргея Хмары ў лімаўскім артыкуле не спадабалася паэ-ту Анатолю Іверсу, і ён аб гэтым выказаў сваю ўлас-ную думку на старонках літаратурнага выдання. А Маліноўскі паводле двух апублікаваных матэрыялаў напісаў свой. У ім ён бяз-доказна ганьбіў Сяргея Сі-няка і абараняў Анатоля Іверса. Але, на жаль, спадар Маліноўскі шмат чаго не ведаў тады пра лёс гэтых таленавітых, але розных па-свайму характару і мерка-ваннях паэтаў.

У канцы 30-х - па-чатку 40-х гадоў у Слоніме іх усе добра ведалі. Яны пісалі вершы, выступалі на літаратурных вечарах, су-стрэчах, друкаваліся ў мяс-цовай і віленскай прэсе. Гэта былі - Сяргей Хмара-Сіняк, Анатоль Іверс і Сяр-гей Новік-Пяюн. А яшчэ іх аб'ядноўвала тое, што яны любілі свой край, свой на-род, размаўлялі на роднай мове. Пры паляках два Сяр-геі і Анатоль былі пад на-глядам польскай паліцыі, пасля 1939 года - пад піль-ным вокам НКВД, у гады вайны - страх быў і перад немцамі, і перад савецкімі партызанамі. Менавіна вай-на скразною лініяй прайшла праз лёс гэтых хлопцаў, яна іх разлучыла назаўсёды. Сяргею Хмары (старэйшы за іх быў і больш дасведча-ны) удалося ўцячы на Захад, Сяргей Новік-Пяюн у снежні 1944 годзе быў арыштаваны органамі НКВД, а праз год адпраўлены на 10 гадоў на Калыму. Анатоля Іверса арышты мінавалі, хаця нем-цы расстралялі ягоных жон-ку і бацьку. А сам паэт, жывучы ў Слоніме, да самай смерці насіў кляймо "нацы-яналіста". Пасля вайны, як пісаў Васіль Быкаў у сваёй кнізе "Доўгая дарога да-дому", Анатоль Іверс "быў звольнены з працы, выклю-чаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смала-курні ў лясгасе"(Васіль Бы-каў. Доўгая дарога дадому. Мн., 2002, с.319).

Мне пашанцавала ў жыцці з гэтымі людзьмі быць добра знаёмым, шмат гадоў сябраваць. З Анато-лем Іверсам сустракаліся і гутарылі часцей, бо жыў ён са мною побач у адным нашым родным Слоніме. З Сяргеем Новікам-Пяюном сустрэчы адбываліся і ў Слоніме, і ў Менску ў яго-най маленькай кватэры на вуліцы Купрыянава. А вось спаткацца з Сяргеем Хма-рам не давялося, хаця мы дзесяць гадоў перапісваліся. Шмат гэтыя людзі мне рас-павядалі пра сваё жыццё-быццё, найперш пра акупа-ваны немцамі Слонім. І што дзіўна, што кожны з іх у сваім трагічным лёсе абві-навачваў сяброў. Паэты адыйшлі на той свет, але так і не памірыліся. Хаця Сяргей Хмара гэтага хацеў, часам дасылаў ім свае газеты і часопісы. Але хлопцы маў-чалі. І хто з іх у чым быў вінаваты - сёння цяжка судзіць. Кожны з іх ратаваў сябе, як мог. І кожнаму з іх у жыцці было нялёгка. Тым не менш, слонімскія паэты не скарыліся, не прапалі, не зніклі. Ды і пражылі яны доўгія жыцці: Сяргей Новік-Пяюн - 88 гадоў, а Анатоль Іверс і Сяргей Хмара - па 87 гадоў. Бог, як кажуць, адмераў ім аднолькава.

І ўсё ж самым нераз-гаданым, розным і супя-рэчлівым быў у жыцці і застаецца ў гісторыі бе-ларускай літаратуры і гіс-торыі нацыянальнага руху Сяргей Хмара-Сіняк. Нават месца яго нараджэння пада-ецца па-рознаму. Адны вы-данні пісалі, што ён на-радзіўся ў Пінску, другія - у Адэсе, трэція - у Слоніме. Ды і сам ён паведамляе ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Адэсе (Запісы Беларускага Інстытута на-вукі і мастацтва. Выпуск 24. Нью-Ёрк, 1999, с.149). І ўсё ж Сяргей Сіняк нарадзіў-ся не ў Адэсе і не ў Пінску, а ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён) 25 траўня 1905 года. А калі яму споўніўся год, бацькі, у пошуках працы, выехалі на Украіну, пасля ў Варшаву, а потым, калі пачалася Пер-шая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні.

У 1918 годзе пры не-высветленых абставінах загінуў бацька. Сяргей Сі-няк з маці і з малодшаю сястрою вярнуліся ў род-ную вёску. Вучыцца хлоп-чыку не было за што. Таму, пасля расійскай пачатковай школы, ён займаўся сама-адукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску, асабліва зачытваў-ся раманамі Генрыка Сянке-віча. І вельмі шмат праца-ваў: пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком… На працы заўсёды дабіваўся справяд-лівасці. Аднойчы нават кі-нуў каменем у панскага аканома за тое, што няпра-вільна і мала налічылі за-робак. Аканом выгнаў яго з работы і даў мянушку "бун-тар". Пасля "бунтара" вы-ганялі з будаўніцтва дарогі за арганізаваны штрайк, пасля, калі працаваў касцом у маёнку, і з іншых месцаў.

У пачатку 20-х гадоў Сяргей Сіняк наладжвае кантакты з сябрамі Беларус-кай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі задання-мі ездзіць у Варшаву, Віль-ню, Слонім. Ён хутка зна-ёміцца з беларускімі вай-скоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі - Ра-муальдам Зямкевічам, Галь-яшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляк-сандрам Уласавым і з ін-шымі. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ. У Берасцейскім аб-ласным архіве знаходзіцца, як пацвярджэнне, пасвед-чанне на імя Сяргея Сіняка, што ён з'яўляўся сябрам ТБШ (ф.2042, оп.1, сп.8869).

У сярэдзіне 20-х га-доў Сяргей Сіняк уступае ў Беларускую Сялянска-Ра-ботніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізоў-вае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.

У 1930 годзе Сяргея Хмару выбіраюць сакрата-ром пасольскага клуба "Змаганьне" у Пінску, ён спрабуе закласці беларус-кую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год юнак пра-цуе інструктарам Галоўнай Управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштоў-вае польская дэфензіва і разам з Браніславам Тараш-кевічам саджае ў турму. У час працэсу Грамады поль-скі пракурор-абвінаваўца назваў С.Сіняка "лятучым рыцарам Грамады". Нао-гул, Сяргей Сіняк пры па-ляках, пры саветах і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адся-дзеў каля 11 гадоў у турмах. У сваёй аўтабіяграфіі (збо-рнік "Мы", выданне суполкі "Ускалось" на чужыне, 1949) ён пісаў: "Мае школы - Лукішкі, турмы ў Слоні-ме, Гародні, Пінску, Берасьці, канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і шмат ін-шых". Пра яго актыўнасць і смеласць у Заходняй Беларусі паведамляла нават Тэ-леграфнае Агенцтва Савец-кага Саюза (ТАСС). Гэтае паведамленне апублікавалі ўсе газеты былой вялікай краіны. "Слоним (Западная Белоруссия). 13 октября. Заместителем начальника городского отряда рабочей гвардии Слонима работает широко известный в Западной Белоруссии молодой, талантливый поэт Сергей Хмара. С оружием в руках он охраняет свой город и организует борьбу с притаившимся остатками офи-церских бандитских шаек. До прихода в Слоним Красной Армии поэт находился в концентрационном лагере Картуз-Береза. В польских тюрмах, казематах и ла-герях он провел 6 лет. В своих произведениях Сергей Хмара писал о тяжелой доле угнетавшихся панами хлеборобов Западной Белоруссии и выражал уверенность в том, что скоро настанут времена, когда крестьяне будут свободными и счаст-ливыми. Сбылись слова поэ-та, эти времена настали" - пісала газета "Социалистическая Якутия" 17 кастрычніка 1939 года.

Са зброяй у руках Сяргей Сіняк не ваяваў, а вось пяром валодаў добра. Першы надрукаваны верш з'явіўся ў газеце "Беларус-кая крыніца" у 1925 годзе. Ён меў назву "Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме". А праз тры гады паэты і празаікі За-ходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік "Рунь веснаходу", дзе побач з вершамі Хведара Ільляшэвіча, На-таллі Арсеньневай, Міхася Васілька, Яўгена Бартуля і іншых аўтараў надрукаваны і творы Сяргея Хмары-Сіняка. А вось першы паэтычны зборнік "Бунтарнае" і кніга прозы "Шляхам барацьбы" загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва "Рунь". Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў "Жураўліным шляхам" Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні.

Зборнічак быў невялікі, ён налічваў усяго 24 вершы. Паэт шчыра апіс-ваў жыццё сваіх землякоў з яго праблемамі і традыцы-ямі. Цікава і дасціпна паказаў вобразы землякопаў і краўчых, а таксама вобраз вёскі. Гэтыя паэтычныя ра-дкі гучалі як заклік да жыцця і змагання. Але ў кожным вершы адчувалася нейкая самота і адзінота:

Неба начой

было яснае, яснае!

Белае, белае, - як малако.

Недзе жалеза

затворамі ляснула,

Сумна зайржаў ў хляве конь.

Мацнейшымі ўсё ж былі ў зборніку радкі, пры-свечаныя Прыпяці, Палессю і наогул - роднай прыродзе:

Цэлы дзень

у паветры сонным

Кос гарыць пажар.

Плача кнігаўка і звоне

Травяны абшар.

Паэт вылучаўся сярод сваіх равеснікаў вына-ходніцтвам новых беларускіх слоў, якімі любіў насычаць свае вершы. Праўда, не ўсе яны ў нашай мове прыжыліся. Напрыклад, такія словы як "запраўляч", "шувары", "ладунак".

У 1937 годзе Сяргей Сіняк у Дзятлаве арганізоўвае літаратурную сустань "Маладая Ўскалось". Плануе разам са сваімі равеснікамі і старэйшым слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам выдаваць аднайменны літаратурны часопіс. Але палякі не дазволілі.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Сяргей Чыгрын

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX