Вярнуцца: 2005

№ 22 (708)


Крыніца: pawet.net.



№ 22 (708) 15 ЧЭРВЕНЯ 2005 г.


"Жыццё маё - экспедыцыя..."

Сёлета Яўген Канстанцінавіч Петрашэвіч адзначыць 75- я ўгодкі (18.06.1930). У Гародні яго ведаюць як музычнага педагога , кампазітара . У маладыя гады вучыўся ў музычнай школе. Пазней - у Менскай музычнай вучэльні па класе баяна і кампазіцыі. А далей - праца ў музычнай школе, кіраўніцтва аркестравай групай народнага ансамбля песні і танца "Нёман", хорам аблсафпрафа.

Сапраўдны ўзлёт творчых сіл адбыўся са стварэннем ўзорнага фальклорнага ансамбля "Гарадзенскія дударыкі". Былі канцэртныя паездкі па роднай Беларусі, Літве, Польшчы, Францыі, Нарвегіі, Швецыі і іншых краінах. Вядома, не забываліся на Гарадзеншчыну.

Гэтыя скупыя радкі адлюстроўваюць пэўныя прыступкі біяграфіі. А колькі перажытых хвалюючых мінут! Аграмадная зала, паўнюткая людзей - і ты на сцэне са сваімі маладзенькімі юнымі музыкантамі. Як атрымаецца? Ці адчуюць прысутныя ўсю прыгажосць фальклору? Шчырыя апладысменты пасля выступлення здымаюць гэтыя пытанні. Так карпатліва, год за годам, стваралася дзіцячая група, якая ставіла за мэту адраджэнне народных святкаванняў - Каляд, Купалля. Дзеці самі майстравалі атрыбуты, каб перадаць святочны настрой, - "казу", зорку, папарацькветку...

Цяпер Яўген Канстанцінавіч, нарэшце, пачаў разбірацца са сваімі рукапісамі. Ажно сам здзівіўся, калі большменш прывёў да ладу створанае цягам дзесяцігоддзяў. Падабраў у будучы зборнік 38 песень на ўласную музыку і на вершы Я.Насуты, М.Танка, Я.Кавалюк, М.Мельніка, У.Шурпы, С.Судніка, Д.Бічэль, Р.Барадуліна, Я.Журбы, У.Сацюры, Л.Кебіч, Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і іншых.

Другі рукапіс утрымлівае 21 песню. Назву прыдумаў мудрагелістую, аднак зразумелую - "Купаллерусалле". Тэксты ў розныя часы злажыў сам, рыхтуючыся да канцэртаў, падбіраючы рэпертуар. Музыка таксама зпад уласнага пяра. Гэтыя "купалінкі" у выкананні "Дударыкаў" заўсёды ўспрымаліся на "біс". Але якое Купалле без вясёлых карагодаў, русалак (вось адкуль русалле!), вадзянікаў?..

Наспеў час расказаць і ўласна пра "Гарадзенскіх дударыкаў". Гэткую назву будзе мець і задуманы зборнічак. Змянілася некалькі пакаленняў юных музыкантаў. Нехта звязаў жыццё з культурай, нехта абраў іншы жыццёвы шлях. Але былыя юныя артысты назаўсёды застануцца вернымі бацькоўскай спадчыне. Падабраў пакуль што 19 найбольш папулярных песень, якія паспяхова выконвала група. Падзяліўся думкамі з сябрамі па мастацтву. Тыя (вось дзіва!) пачалі нагадваць песні з рэпертуару "Дударыкаў" дваццацігадовай даўніны. Набралася яшчэ не менш 15. Гэта так званыя вяснянкі, юр'еўскія, валачобныя, забаўляльныя...

З'явілася думка сабраць пад адной вокладкай песні, прысвечаныя постацям, а таксама гарадам. Сярод знакамітых асобаў, напрыклад, Касцюшка, Шырма, Рагачэўскі і іншыя. Услаўленыя ў песнях гарады - Гародня, Ліда, мястэчка Орля...

А вось да апрацоўкі фальклору рукі пакуль што не даходзяць. Усё жыццё запісваў спевы вясковых выканаўцаў. Жартавалі бабулькі з яго просьбаў праспяваць "штонебудзь ранейшае". Не разумелі, навошта запісвае на паперы "нашае, простае". А ён таксама пажартаваць мастак. Умомант разгаворыць людзей. Глядзіш - ужо заспявалі. Пішы толькі, не лянуйся. Пад 100 песень далі тыя экспедыцыі па вёсках Гарадзеншчыны. Калі апрацаваць, даць адпаведны каментарый, чым не зборнічак?

Пра ўласныя "дарослыя"вершы размовы не заводзіць. Пакуль не да гэтага. Ёсць над чым працаваць.

Вось так ідзе насустрач свайму 75ці гадоваму юбілею Яўген Петрашэвіч, аўтар вакальнахаравых і вакальнаінструментальных кампазіцый, шматлікіх песень, рамансаў. Увесь у клопатах, творчых задумах, сустрэчах, паходах па інстанцыях. Прыцішаць хаду не збіраецца. Папершае, характар мае няўрымслівы, творчы. Падругое, даўно заўважыў: "Жыццё маё - экспедыцыя".

Антон Лабовіч, Гародня

Сакратарыят ТБМ рэдакцыя газеты,"Наша слова" шчыра віншуюць шаноўнага дударыка з 75-годдзем, зычаць яму творчага плёну ды здароўя дзеля працы на карысць Бацькаўшчыны.


НОВЫМ СТАРШЫНЁМ МІЖНАРОДНАЙ АСАЦЫЯЦЫІ БЕЛАРУСІСТАЎ АБРАНЫ СЯРГЕЙ ЗАПРУДСКІ

Кандыдат філалогіі , дактарант Беларускага дзяржаўнага універсітэта , сябар Рады ГА " ТБМ імя Ф . Скарыны " Сяргей Запрудскі абраны старшынём грамадскага аб ' яднання " Міжнародная асацыяцыя беларусістаў " ( МАБ ). Яго абранне адбылося 8 чэрвеня на справаздачнаперавыбарным пасяджэнні дэлегатаў IV міжнароднага кангрэсу беларусістаў у Менску.

Ранейшы кіраўнік асацыяцыі, вядомы вучоны, доктар філалогіі, прафесар Адам Мальдзіс абраны ганаровым старшынём МАБ. Як растлумачыў прысутным прафесар Генадзь Цыхун, Адам Мальдзіс па стане здароўя не жадае далей узначальваць МАБ. Сам Мальдзіс на кангрэсе прысутнічаць не мог, паколькі знаходзіцца ў бальніцы.

Выступаючы перад дэлегатамі кангрэса, Сяргей Запрудскі адзначыў, што апошнія пяць гадоў былі даволі цяжкімі для дзейнасці асацыяцыі. Пасля таго як Адам Мальдзіс пакінуў Нацыянальны навуковаасветны цэнтр імя Ф.Скарыны, дзе знаходзіўся юрыдычны адрас аб'яднання і працавалі многія члены МАБ, пачаліся праблемы з арэндай памяшкання. "Сёння МАБ не мае свайго памяшкання, ніякай аргтэхнікі і нават электроннага адраса", - сказаў С.Запрудскі. Ён выказаў падзяку членам асацыяцыі, грамадскім аб'яднанням Беларусі, фондам Вялікабрытаніі, Германіі і Швейцарыі за падтрымку ў арганізацыі цяперашняга кангрэса.

Новы старшыня МАБ мяркуе, што адной з першачарговых задач асацыяцыі з'яўляецца адкрыццё ўласнага інтэрнетсайта для выстаўлення навін і бібліяграфіі па праблемах беларусазнаўства.

Доктар біялогіі, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Мікуліч лічыць, што новае кіраўніцтва МАБ павінна надаць асаблівую ўвагу захаванню фондаў асацыяцыі. "Яны знаходзіліся ў будынку былога Скарынаўскага цэнтра, дзе зараз робіцца капітальны рамонт", - сказаў вучоны. Паводле яго слоў, фонды, якія складаюцца з падарункаў вядомых айчынных і замежных даследчыкаў беларускай гісторыі і культуры, "зараз знаходзяцца пад пагрозай пашкоджання і знікнення".

Членамі міжнароднага камітэта МАБ абраны 18 прадстаўнікоў Беларусі і 16 - замежных краін, у ліку якіх вучоныя Аўстрыі, Германіі, Венгрыі, Канады, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі і Швейцарыі.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


Вызначаны пераможцы "Беларускага пяціборства-IV"

Напрыканцы траўня ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А. Куляшова адбылося ўзнагароджанне пераможцаў "Беларускага пяціборстваIV". Такое спаборніцтва сярод найбольш здольных навучэнцаў 911 класаў школ, гімназій і ліцэяў Магілёўшчыны з 2001 года ладзіць сумесна з універсітэтам пры істотнай падтрымцы грамадскага аб'яднання "Кола сяброў" Магілёўская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У адрозненне ад традыцыйных абласных алімпіяд па асобных дысцыплінах тут спаборнікі павінны прадэманстраваць шырокі спектр сваёй адукацыі, бо ім прапануецца матэматычная задача, пытанні па гісторыі Беларусі, па беларускай літаратуры і адной з прыродазнаўчых дысцыплін. Падаваць свае развязкі адказы трэба на беларускай мове, якасць якой з'яўляецца пятым паказчыкам. Па суме гэтых пяці балаў вызначаюцца пераможцы "Беларускага пяціборства".
Пераможцы ранейшых пяці борстваў зараз навучаюцца ў БДУ, БНТУ, Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім медыцынскім універсітэце, БеларускаРасейскім універсітэце, іншых прэстыжных ВНУ Беларусі, а таксама некаторых замежных ВНУ. Але дзе б яны ні навучаліся, валоданне роднай мовай, веды гісторыі сваёй краіны, яе літаратуры, якія яны папоўнілі дзякуючы ў тым ліку ўдзелу ў пяціборстве, не сталі лішнім цяжарам ні для каго з іх. А тое, што "Беларускае пяціборства" спрыяе духоўнаму ўзбагачэнню маладых людзей, пашырае гуманітарны кругагляд навучэнцаў, схільных найперш да матэматыкі і фізікі, пацверджана ўжо шматлікімі выразнымі прыкладамі, неаднаразова апісанымі ў беларускай прэсе.

На гэты раз перамогу атрымаў Віталь Гаравы (Магілёў, 11 клас абласнога ліцэя № 2). Ён быў лепшым на абласной матэматычнай алімпіядзе. На другім месцы Алена Крыкуненка (Магілёў, 10 клас абласнога ліцэя № 3). На трэцім Шастакоў Зміцер (Шклоў, 10 клас абласнога ліцэя № 3).

Уручаны таксама спецпрызы ў асобных намінацыях. Спецпрыз за лепшую мову атрымаў Алесь Грышановіч з Асіповіцкай беларускай гімназіі. Спецпрыз за лепшае веданне беларускай літаратуры чарговы раз атрымаў Іван Сенчанка з вёскі Новы Быхаў Быхаўскага раёна (11 клас абласнога ліцэя № 5). Адзначым, што Іван ужо трэці раз удзельнічае ў "Беларускім пяціборстве" кожны раз атрымоўвае такі спецпрыз, выяўляючы ўражліва багатыя веды літаратуры сваёй краіны. Спецпрыз за лепшае веданне гісторыі сваёй радзімы дастаўся Зміцеру Мачалаву (Магілёў, 10 клас абласнога ліцэя № 2). Лепшыя веды ў прыродазнаўчых навуках прадэманстраваў Грыб Уладзімір (Горкі, сярэдняя школа № 3). Нарэшце, спецпрыз за лепшы развязак матэматычнай задачы падзялілі тры галоўныя прызёры, бо толькі яны здолелі дакладна прайсці ўсе парогі прапанаванай удзельнікам нібыта нескладанай матэматычнай сітуацыі.

Прызы ўручалі дырэктар сацыяльнагумані тарнага каледжа Пётр Рабзонаў (па даручэнні рэктара універсітэта), старшыня настаўніцкай суполкі ТБМ, якая арганізуе і праводзіць пяціборства, Іна Івашкевіч дырэктар грамадскага аб'яднання "Кола сяброў" Алесь Асіпцоў.

На дамове аб сумесных дзеяннях універсітэта і ТБМ па выкананні праекта "Беларускае пяціборства" стаіць подпіс сённяшняга міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. Але, на жаль, пяціборства застаецца пасёння толькі адметнасцю Магілёўшчыны. Яго аргані затары гатовыя падзяліцца сваім досведам з зацікаўленым прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў.

Вось урывак з ліста трохкратнага чэмпіёна пяціборства па літаратуразнаў стве Івана Сенчанкі, які ён даслаў аргкамітэту "Беларускага пяціборства":

"Дзякую за Беларускае пяціборства". Гэта адно з нешматлікіх (калі не адзінае) спаборніцтва, якое дае магчымасць выкарыстоўваць самыя разнастайныя веды, як па дакладных навуках, так і па гісторыі ды культуры нашае Радзімы... Было б добра, каб кожны рэгіён праводзіў падобныя спаборніцтвы, а лепшыя, магчыма, змаглі б паўдзельнічаць у рэспублі канскім спаборніцтве..."

Спадзяёмся, некалі пажаданне Івана стане явай.

Міхась Булавацкі.


"Музей - дзецям"

Да Міжнароднага дня абароны дзяцей

Кожная краіна мае сваю культуру, свае традыцыі, звычаі, уласныя святы. Але ёсць і агульнае, што аб'ядноўвае самыя розныя народы... Сёння гэта Міжнародны дзень абароны дзяцей, які збірае разам дзяцей і дарослых ва ўсім свеце.

30 траўня напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей Дзяржаўны літаратурны музеі Янкі Купалы ладзіў Свята "Музей - дзецям". Адметнасць яго у тым, што сёлета яно праходзіла ў маляўнічым парку імя Янкі Купалы ля фантана "Купалінкі".

Усіх удзельнікаў мерапрыемства сустрэў прывітальным словам дырэктар музея Сяргей Вечар. Адкрыў свята сваім выступленнем ў гэты цудоўны дзень на мяжы вясны і лета выдатны фальклорны калектыў "Кірмаш" СШ № 200 з эстэтычным ухілам Заводскага раёна г. Мінска пад кіраўніцтвам Алы Маленькіх і Таццяны Баран.

Беларуская зямля славіцца сваёй багацейшай народнай культурай. Шмат стагоддзяў беларусы назапашвалі найкаштоўнейшую спадчыну. Што б ні ствараў чалавек - храмы, жыллё, адзенне, бытавыя рэчы, карціны, вершы, песні і г. д., ён рабіў гэта сваімі рукамі і з бюбоўю да людзей і сваёй радзімы. І той скарб, які пакінулі нашы продкі расказвае нам пра гістарычную мінуўшчыну: пра тое як жыў чалавек, чым цікавіўся і што любіў, у што верыў.

На мерапрыемстве былі выкарыстаны элементы музейнапедагагічнага занятка "На Купалле на святое..." Пры дапамозе музейных прадметаў: ручнік радзінны, жалейка, гуслі, кашуля, пояс, фартух, саламяны капялюш дзеці даведаліся пра нараджэнне і дзяцінства Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, яго захапленні, пазнаёміліся з народнымі легендамі, паданнямі, рамёствамі. Хлопчык і дзяўчынка з аўдыторыі выступілі нават у ролі мадэляў, апрануўшыся ў народнае адзенне. Метад "пытанняў і адказаў" стымуляваў дзяцей да актыўнага ўспрымання і засвойвання інфармацыі.

Свята працягнуў конкурс вырабаў з саломкі "Сонейка ў далонях". У ім браў удзел гурток саломапляцення аддзела "Паўночны" клуба "Юнацтва" Цэнтра пазашкольнай работы "Золак". Хлопцы і дзяўчаты, якія займаюцца гэтым старажытным майстэрствам, прынеслі з сабой самыя прыгожыя, самыя дарагія сэрцу вырабы з саломкі і зрабілі невялічкую выставу. Кіраўнік гуртка Алена Дзегцярова прадставіла сваіх выхаванцаў - юных таленавітых майстроў. Усе прысутныя мелі магчымасць паглядзець на гэтую прыгажосць, паслухаць саміх майстроў, даведацца, што іх натхніла на тую ці іншую працу.

Вельмі актыўна дзеці ўключыліся ў галасаванне, для якога была выкарыстана эмблема свята "сонейка". Дзеці аддавалі свае "сонейкі" за таго удзельніка, вырабы якога ім больш за ўсё спадабаліся. Пакуль журы падлічвала вынікі і вызначала пераможцаў (1, 2, 3 месцы, сімпатыі гледачоў), свята ўпрыгожваў фальклорны калектыў "Кірмаш" СШ № 200 з эстэтычным ухілам.

Удзельнікі конкурсу былі ўзнагароджаны ганаровымі Дыпломамі музея Янкі Купалы ў розных намінацыях, якія ўручыў дырэктар, і памятнымі падарункамі: кнігамі па гісторыі Беларусі ад Грамадзянскай ініцыятывы "Партнёрства". Таленавітыя дзеці атрымалі шыкоўныя выданні "Таямніцы Полацкай зямлі", "Адкуль наш род" з аўтографамі аўтара Уладзіміра Арлова, вядомага беларускага літаратара, даследчыка гісторыі нашага краю. Не засталіся без ўвагі і астатнія ўдзельнікі свята: кожны з прысутных атрымаў зарад бадзёрасці, добры настрой і сувенір ад музея Янкі Купалы.

Вольга Курылёнак, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы


У ВЯНОК ПЕСНЯРУ

28 чэрвеня 1942 года не стала Янкі Купалы. Трагічна абарвалася жыццё народнага песняра.

Сын сваёй Бацькаўшчыны, Купала заўсёды быў з родным народам - і ў горы, і ў радасці. Можа таму і сёння яго слова ўспрымаецца чуйна і глыбока. Бо яно дапамагае будаваць жыццё, вартае свабоднага чалавека.

У дзень памяці песняра а 8-ай гадзіне ў касцёле святога Роха на Залатой горцы адбудзецца Імша, а ў 16 гадзін - ускладанне кветак да надмагільнага помніка Янку Купалу на Вайсковых могілках (вул. Казлова).

Саюз беларускіх пісьменнікаў, Дзяржаўны літа-ратурны музей Янкі Купалы, сябры Міжнароднага фонду паэта запрашаюць усіх ахвочых прыняць удзел ва ўшанаванні памяці Янкі Купалы, аддаць даніну павагі таленту паэта і грамадзяніна, ускласці кветкі любові, пашаны, надзеі.


Іх яднала сапраўдная дружба

Гародня памятае Васіля Быкава

Адной з мэтаў нядаўняга прыезду Рыгора Барадуліна ў Гародню было наведанне пакоя , у якім актывісты гарадскога грамадскага аб ' яднання ветэранаў вайны , працы і Узброеных Сіл размясцілі экспанаты , прысвечаныя жыццю і творчасці Васіля Быкава .

- Добра , што ёсць рупліўцы , якія клапоцяцца , каб імя Васіля заставалася ў памяці людзей . Гэтаму служыць вось ужо і музей пісьменніка . Пакрыху назапашваюцца экспанаты . Аднак ужо сёння можна многа чаго даведацца, завітаўшы ў гэты пакой.

Дзядзька Рыгор выказаў шмат цёплых слоў на адрас кіраўніка ветэранскага аб'яднання Мікалая Мельнікава, які з'яўляецца ініцыятарам стварэння музея Васіля Быкава ў Гародні.

Знакаміты паэт сустракаўся з Аляксеем Пяткевічам, Юркам Голубам, жонкай Аляксея Карпюка - Інай Анатольеўнай, іншымі асобамі. Яны ўспомнілі пра свае сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам.

Рыгор Барадулін уважліва слухаў аповяды пра свайго даўняга дружбака - Васіля. Іншае ён пачуў упершыню. Асабліва факты і падзеі канца 50х - пачатку 60х гадоў мінулага стагоддзя.

- Лічыў, што ведаю жыццяпіс Васіля. Прачытаў яго біяграфічную кнігу "Доўгая дарога дадому" і зразумеў, што не зусім. Таму паездкі, збор матэрыялаў - справа майго гонару. Мы павінны ведаць пра Быкава як мага больш. А з часам, упэўнены, з'явяцца кнігі.

А нам застаецца здзіўляцца: гэта ж трэба, каб так распарадзіўся лёс! У Віцебскай вобласці, лічы, у адным раёне нарадзіліся магутныя постаці беларускай літаратуры, Народныя пісьменнікі Беларусі, лаўрэаты шматлікіх прэмій - Быкаў і Барадулін!

Антон Лабовіч


Васіль Быкаў сам пра сябе і іншых

Чэрвень месяц у біяграфіі Васіля Быкава займае асаблівае месца. Пісьменнік нарадзіўся 19.061924. Памёр 22.06.2003. З таго смутнага дня прайшло два гады. Яшчэ адна нагода перагарнуць старонкі зборніка ўспамінаў Васіля Уладзіміравіча "Доўгая дарога дадому" (г/а Беларускае Таварыства "Кніга", Мн. 2003 г.). Шмат старонак мемуараў прысвечана жыццю пісьменніка менавіта ў гэтым горадзе. Сюды ён прыехаў у 1947 годзе. Працаваў мастакомафарміцелем, стыльрэдактарам абласной газеты "Гродзенская праўда". Сюды вярнуўся ў 1956 годзе пасля вайсковай службы на Далёкім Усходзе. Быў супрацоўнікам, літкансультантам газеты, вызваленым сакратаром абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 года жыў у Менску.

Мала хто ведае, што невялікае апавяданне на рускай мове "В первом бою" Васіль Быкаў упершыню апублікаваў у "Гродзенскай праўдзе" таксама менавіта 19 чэрвеня 1949 года. Гэта быў дзень нараджэння аўтара. Яму споўнілася 25. Апавяданне дазваляе чытачу нашых дзён зразумець пошукі маладога пісьменніка сваёй тэмы і ўласнага стылю. Былы артылерыст распавядаў пра тое, што вярэдзіла сэрца, пра што ведаў. Ва ўспамінах Васіль Уладзіміравіч узгадвае эпізод з франтавога жыцця, калі надарыўся амаль такі ж выпадак. Супадае па гучанні і прозвішча галоўнага героя.

Была яшчэ адна невялікая публікацыя ў абласной газеце. Замалёўка пра двух хлопцаў, якія прыехалі ў Гародню са Скідаля здабываць рабочую прафесію. Допіс у мажорным стылі. Юнакі паспяхова пераадольваюць цяжкасці, бацькі могуць імі ганарыцца. Вылучаецца падыход аўтара да абрысоўкі герояў. Гэта ўжо не сухі журналісцкі пералік фактаў, а спроба стварыць малюнак, ажывіць дзеянне дыялогам, трапнай дэталізацыяй. Так працуюць тыя, хто піша нарысы і апавяданні.

У тым жа годзе Васіль Быкаў быў прызваны з рэзерву ў армію. Апынуўся ажно да Далёкім Усходзе. Той перыяд падрабязна раскрыты ва ўспамінах. Можна толькі пашкадаваць, што багаты фактычны матэрыял пісьменнік не "пераплавіў" у чарговую аповесць.

Другі перыяд гарадзенскага жыцця Васіля Уладзіміравіча, звольненага па скарачэнні з войска, пачаўся з праблем. Паспрабаваў горкі хлеб беспрацоўя. Узніклі цяжкасці з жытлом. На шчасце, зноў запрасілі ў рэдакцыю абласной газеты стыльрэдактарам. Пасля смерці паэта Міхася Васілька ў 1961 годзе быў пераведзены на пасаду літкансультанта.

З творчымі работнікамі газеты адносіны не склаліся. Ужо былі надрукаваны першыя аповесці. Наменклатурначыноўніцкая раць сустрэла іх у штыхі. Асабліва раз'ярыліся штатныя і адстаўныя афіцэры. "Не так трэба паказваць вайну, нельга прыніжаць подзвіг савецкага салдата", - гэты штамп з дзіўным пастаянствам дублявалі газеты. Не спрыяў наладжванню таварыскіх адносін характар пісьменніка - стрыманы, адасоблены, закрыты для многіх. Армейскі быт прывучыў быць няшматслоўным, уважлівым да людзей. Тут першаму сустрэчнаму душу не адкрыеш.

Тым больш, што з'яўленне пахвальных водгукаў у замежным друку выклікала суцэльны шквал крытыкі. Калі вораг хваліць, значыць ёсць за што! У вокны пісьменніка паляцелі цагліны. Неяк у пад'ездзе перанялі незнаёмыя моцныя хлопцы і крыху намялі бакі. Адзін паспеў шэптам папрасіць прабачэння, вінавата прамовіў: "Самі разумееце, загад"...

На партыйных сходах камуністы падкрэслівалі, што ў Гародні акапаліся агенты імперыялізму Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк, якія скажаюць савецкі лад жыцця. Нават Сяргей Прытыцкі прычыніўся да крытыкі пісьменнікаў. Не дзіва, што самыя блізкія знаёмыя пры сустрэчы пераходзілі на другі бок вуліцы.

Зведаў пераслед і іх таварыш па няшчасці гісторык Гарадзенскага медыцынскага інстытута Барыс Клейн. Яго прагналі з працы. Ледзьве ўладкаваўся грузчыкам.

Пра гэта многія гарадзенцы ведаюць. Аднак ацэнка тых падзей менавіта Васілём Быкавым - зусім іншая справа. Стрыманыя ўспаміны адлюстроўваюць яго стаўленне да іншых кіраўнікоў Гародні і вобласці таго часу, перадаюць напружаную атмасферу сярэдзіны 70х мінулага стагоддзя, паказваюць пакуты гнаных. Асабліва гэта тычыцца Аляксея Карпюка, з якім Быкава лучыла даўняе аднадумства.

Васіль Быкаў выканаў свой абавязак перад беларусамі. Успаміны лагічна завяршаюць яго жыццёвы шлях, займаюць пачэснае месца сярод твораў гэтага аўтара.

Антон Лабовіч, Гародня.


Музей В. Быкава ў Гародні працуе

Барысу Кіту

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч!

Мы, супрацоўнікі н-вялікага пакуль і першага не толькі на Гарадзеншчыне, а, напэўна, і ў Беларусі музея Васіля Быкава і сябры Гарадзенскага гарадскога грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл, дзе створаны музей, віншуем Вас з 95-годдзем нараджэння.

Ваш юбілей для нас - вялікае свята, і мы разам з усімі на беларускай зямлі, што дала свету такога вялікага чалавека і вучонага, радуемся таму, што Вы ёсць і ўбелёны сівізною, адораны мудрасцю, крочыце па жыцці, дорыце людзям плады свайго таленту, дабрыню і чалавекалюбства. За гэта Вам вялікі дзякуй і найлепшыя пажаданні з нагоды 95х угодкаў з дня нараджэння ад усіх нас.

І ведаеце, Барыс Уладзіміравіч, у дні святкавання Вашага такога саліднага юбілею мы не толькі зычым Вам ад усяго шчырага беларускага сэрца моцнага здароўя і ўсяго лепшага ў жыцці, але і зноў гаворым, што нам сёння як свежае паветра, як глыток чыстай крынічнай вады, патрэбны Ваша слова і знак увагі як Вялікага беларуса касмічнага кшталту да сваёй радзімай старонкі Беларусі і яе славутых постацяў. У нашай нялёгкай дарозе з церняў да зор - хоць бы зямных, да лепшага жыцця гэта вельмі важна і неабходна.

Шаноўны Барыс Уладзіміравіч, мы далёкія ад высокіх пышных слоў, але напярэдадні Вашага юбілею дазвольце без усялякага перабольшвання сказаць, што Вы з Быкавым - два вялікія беларусы: адзін прасцёр свой розум і энергію ў вышыні, каб людзі маглі сягнуць у касмічныя далі, а другі выбраў для свайго таленту чалавечае сэрца і пранік у яго духоўныя глыбіні сваім мастакоўскім словам праўды. І хоць Ваша і яго праца палягала ў розных сферах дзейнасці, але Вы ўсё роўна як два крылы адной вялікай і магутнай беларускай птушкі, якая хоць і не ва ўсю яшчэ распасцёрла свае крылы над зямлёй, але трымае даволі высока нашу годнасць і вартасць у свеце.

Сябры Гарадзенскага грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл пад кіраўніцтвам былога дацэнта Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, інваліда вайны 1941-1945 г.г., старшыні Рады задаліся высакароднай мэтай стварыць музей вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. І вось калі яны пачалі збіраць матэрыял аб яго жыцці і творчасці, то сутыкнуліся і ўбачылі непадзельнасць і знітаванасць лёсаў Васіля Быкава і Барыса Кіта на тэму ажыццяўлення і ўсталявання Беларушчыны на нашай роднай зямлі.

З кнігі В. Быкава "Доўгая дарога дадому" даведаліся аб яго знаёмстве і цесных стасунках з Вамі ў Нямеччыне. Тым больш, што Ірына Міхаўлаўна Быкава перадала кніжку Лідзіі Савік "Космас беларуса" пра Вас і з вашым подпісам і добрымі пажаданнямі Васілю Быкаву. А нядаўна ад яе мы атрымалі кніжку да Вашага юбілею "Грамадзянін свету". Цяпер у музеі да Вашага 95годдзя рыхтуецца асобны альбом "Васіль Быкаў і Барыс Кіт" з эпіграфам "Іх сяброўства ўвасабляе вялікі дух беларускай зямлі".

Дасылаем Вам даведку пра Гарадзенскі музей Васіля Быкава, які стаў для ўсіх нас, супрацоўнікаў музея і сяброў Рады аб'яднання, усіх ветэранаў, асабліва ўдзельнікаў вайны 19411945 г.г., высакароднай мэтай: увекавечыць памяць вялікага сына зямлі нашай.

З любоўю і вялікай пашанай да Вас, надзеяй на сяброўства і супрацоўніцтва

Мельнікаў Мікалай Аляксандравіч - кіраўнік Гарадзенскага музея Васіля Быкава, старшыня Рады грамадскага аб'яднання ветэранаў, дацэнт, удзельнік вайны 19411945 г.г.

Лідская Ніна Іванаўна - супрацоўніца, журналіст.

Дземідовіч Аляквей Відаравіч - супрацоўнік.


Мікалаю А. Мельнікаву

Загадчыку Музэя

Імя Васіля Быкава

230029 Городня, Беларусь

вул. Горкава 62-35.

Вельмі Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

Шчыра дзякую за Ваш ліст з павіншаваньнем майго 95годняга юбілею і з Вашымі цудоўнымі словамі аб маёй дзейнасьці у жыцці.

Віншую Вас і усіх Вашых супрацоўнікаў з Нагоды заснаваньня ў Горадні музэя імя Васіля Быкава, нашага аднаго з найвялікшых пісьменнікаў, філёзафа і прарока, а таксама жадаю Вам шмат посьпехаў у развіцці гэтай так важнай для Беларусі і яе адраджэньня ўстановы.

Як я ужо пісаў ў кнізе "Грамадзянін Сьвету", сторонкі: 8795, год 2001, маёй сустрэчы і суседзва з Васілём Быкавым ў Франкфурце на Майне, быў адным з найбольш шчасьцлівых гадоў у маім жыцьці.

З найлепшымі пажаданьнямі Вам і ўсім Вашым супрацоўнікам

шчыра Ваш заўсёды

Барыс Кіт.

Жыве Беларусь!


490 гадоў Ішчалнскай парафіі

У цяперашні час Ішчална з'яўляецца тыповай паміраючай вёскай на Шчучыншчыне. У ёй дажываюць свой век два дзесяткі пенсіянераў, якія нават не маюць каня, і таму вымушаныя іншы раз араць свае гароды на сабе, упрогшыся ў плуг па чатыры чалавекі. Пройдзе яшчэ якіх 78 гадоў, і наогул, ці застанецца тут хоць адзін сталы жыхар, і што станецца з вялікім і прыгожым барочным касцёлам пабудаваным ў 18 -м стагоддзі, які дамінатай узвышаецца над вёскай разам з высокай 30 мятровай трубой, рэштай цагельнага завода. Аўтарам давялося пазнаёміцца з кронікай, якая вялася ў касцёле і інвентарамі, пачынаючы з 1717 года, і даведацца, што гэта вёска раней была даволі значным мястэчкам, з сваеасаблівай цікавай гісторыяй.

Першы запіс аб падзеях ў Ішчалне датуецца 1515 годам. У гэтым годзе падкаморыем надворным Вял. Кн. Літоўскага, старастам Эйшышскім Андрэем Давойнам у Ішчалне быў закладзены драўляны касцёл пад назвай Святой Троіцы. Фундатар ахвяраваў на яго ўтрыманне частку сваёй маёмасці. Згодна акта аб заснаванні ад 30 красавіка 1515 года Ішчалнскі маёнтак быў абавязаны дастаўляць у касцёл штогод дзеля яго ўтрымання дзесяціну з сваіх ніў, а ад сялян па 0,5 бочкі жыта з валокі, сцірту сена, рыбу тры разы на тыдзень, а таксама мёд і воск. Гэтым актам за касцёлам замацоўваліся 4 валокі і 12 моргаў зямлі разам з сажалкай. Узамен за гэтыя прынашэнні касцёл абавязываўся чытаць тры святых імшы кожны тыдзень. У 1573 годзе Станіслаў Давойна, вядомы ваявода полацкі, актам ад 1573 года дабавіў касцёлу тры вёскі з 380 прыгоннымі і абавязаў маёнтак аплочваць утрыманне трох ксяндзоў у дапамогу да пробашча. Сяляне ж былі павінны даваць на касцельныя патрэбы 20 грошаў, бочку жыта, авечку, курыцу і 20 яек ад валокі. Касцёл узамен павінен быў адпраўляць за іх тры святыя імшы на тыдзень (адну за грахі, другую за душы родных, трэцюю аб пяці ранах Ісуса). З інвентароў бачна, што зямельныя ўладанні касцёла да пачатку 18га стагоддзя павялічываліся, бо яму ахвяраваліся і землі, і маёмасць, і прыгонныя. У 1708 годзе Ішчална была занята шведскімі войскамі, аб чым ёсць запіс у інвентары 1717 года. Імі былі паразбіваны касцельныя званы, а сам касцёл у 1711 годзе давялося перабудоўваць. Нажаль пажар 1713 года, калі гарэла плябанія, знішчыў асноўныя парфіяльныя дакументы, таму звесткі аб падзеях да пажару такія сціплыя. У тыя часы развівалася і само мястэчка, бо ёсць запіс у кроніцы, што кірмашы у ім адбываліся штотыднёва, дзейнічалі карчма і крамы. Пачынаючы з 30х гадоў 18га стагоддзя маёмасць касцёла пачала памяншацца. Кроніка звязвае гэта з анархіей і беззаконнем, якія панавалі ў часы за Саксамі. Асноўныя страты былі нанесеныя наездамі суседзяў, якія відаць не вызначаліся вялікай набожнасцю. Так дзве валокі касцельнай зямлі былі захоплены ўладальнікамі Жалудокскага маёнтка, альбо як сведчыць кроніка хрысціянін і шляхціц пан Юбівевіч, уладальнік Гернік высек вялікі кавалак касцельнага лесу і разараў яго сабе пад поле. Некалькі валок касцельнай зямлі прыўлашчыў сабе і васілішскі эканом. Нягледзечы на ўсе скаргі, прашэнні і іншыя захады захопленая зямля так вернутая і не была. Пачынаючы з 1750 года становішча выпраўляецца дзякуючы новаму ўладальніку Ішчалнскага маёнтка Язэпу Валу, які ахвяраваў касцёлу новыя землі, і на свае сродкі, замест драўлянага, пабудаваў новы касцёл з цэглы у 1755-1761 гадах.

Новы касцёл быў пабудаваны на тым самым месцы што і стары з аднолькавай с істэмай алтароў.

У 1770 годзе у мястэчку з мэтай барацьбы з жабрацтвам быў адчынены шпіталь для калек, які дзейнічаў потым пад назвай багадзельня аж да сярэдзіны 19-га стагодддзя. Была спроба адчыніць і школу ў Ішчалне. Для навучання шляхецкіх дзяцей у 1771 годзе былі выдзелены адпаведныя сродкі. Аднак шляхта, спасылаючыся на сваю беднасць, адмаўлялася пасылаць вучыцца сваіх дзетак. Некаторы час школа дзейнічала. Але вучыліся у ёй дзеці месцічаў і сялян, і атрымоўвалася, што сродкі выкарыстоўваліся як бы не па прызначэнні. На час апошняга падзелу Рэчы Паспалітай школьная справа ў мястэчку канчаткова заглухла.

Не мінулі Ішчалну падзеі паўстання Т. Касцюшкі. У абоз кіраўніка аддзела паўстанцаў Хлявінскага была забрана ўся касцельная скарбонка а таксама срэбныя аклады і кароны з абразоў. На тэрыторыі парафіі адбылося некалькі сутычак паміж царскімі войскамі і паўстанцамі. Нельга не адзначыць дзейнасць пробашча парафіі Алексы Кнікоўскага, якому за пашырэнне звестак аб войнах Напалеона давялося, па прыгавору суда праслужыць два гады (17991801) у салдатах расійскага войска. У 1801 годзе ён быў амніставаны з аднаўленнем духоўнага сану.

Інвентар 1801 года сведчыць аб здрабненні мястэчка. У парафіі у той час пражывала 1500 католікаў і 1300 уніятаў, адсутнічала карчма. І толькі два разы ў год адбываліся малалюдныя кірмашы на Св. Троіцу і Св. Ганну.

У 1820 годзе маёнтак спрабаваў пры падпісанні дамовы накінуць на касцёл вялізарнейшы цяжар, а менавіта каб касцёл чытаў штогод цэлых 175 св. імш, з якіх 25 спевамі. Касцёл на думку пробашча сіламі трох ксяндзоў мог прачытаць 140 св. імш з іх 10 са спевамі. Урэшце справа вырашылася палюбоўна і абодва бакі згадзіліся на 150 св. імш у год, з якіх 15 са спевамі.

У 1821 годзе невядомыя злодзеі абрабавалі касцёл. Былі скрадзеныя ўсе срэбныя рэчы і нават срэбныя бляшкі з рыз былі паспораты, а з абразоў зняты алавяныя аклады. Страты вялікімі намаганнямі былі адноўленыя апекунамі касцёла. У 1844 годзе Расійскі ўрад сканфіскаваў большую частку касцельнай зямлі пакінуўшы з 29 валок зямлі і трох валок лесу касцёлу толькі 33 дзесяціны зямлі.

Закранула Ішчалну і паўстанне К. Каліноўскага. Ксёндз касцёла Адам Фалькоўскі зачытаў Маніфест нацыянальнага ўраду проста з касцельнай кафедры. Па даносу парфіяніна Штурмы з вёскі Влокі ён быў схоплены, а 25 чэрвеня 1863 года расстраляны на выгане ў Лідзе. Непасрэдны ўдзел у паўстанні прымаў парафіянін Ян Сямашка, за што быў сасланы у Сібір, а яго маёнтак Гернікі сканфіскаваны.

Са старажытных часоў патронам усёй парафіі лічыўся Св. Юры. Таму на дзень Св. Юрыя ў Мураванскую царкву збіраліся вернікі ўсіх канфесій, каб пакланіцца абразу Святога. Тады, менавіта каб адвучыць сваіх прыхаджан хадзіць у праваслаўную царкву, у 1897 годзе касцёл набыў абраз з выявай Св. Юрыя. У справе паланізацыі мясцовых жыхароў асабліва адзначыўся кс. Адам Савіцкі, які кіраваў парафіяй у 18991902 гадах. Ён амаль у кожнай сваёй прамове, як адзначае кроніка, асаблівы націск рабіў на тое, што мясцовая мова ёсць польская мова, толькі скажоная варожымі мовамі. Перад Першай сусветнай вайной у парафіі пражывала 4400 жыхароў.

Немцы занялі Ішчалну ў жніўні 1915 года пасля жорсткіх і ўпартых баёў у выніку якіх вялікія страты панесла мірнае насельніцтва. Згарэла некалькі дамоў, гаспадарчых пабудоў, сядзіба ў Вялікім Мажэйкаве і іншае. Перад прыходам немцаў стары пробашч з'ехаў ў Ліпнішкі, а пакуль прыехаў новы, немцы два тыдні знаходзіліся ў касцёле і нанеслі яму вялікія страты. Была забрана ўся бялізна, два кубкі, знішчана шмат рыз, якімі накрывалі коней, сапсаваны арган, а пасярэдзіне храма быў зроблены вялікі сметнік поўны розных адкідаў. Іхнія войскі пакінулі Ішчалну ў студзені 1919 года. Пасля іх на кароткі тэрмін парафія была занята чырвонымі. Але ўжо ў сакавіку мястэчка занялі польскія войскі. Чырвоныя, адступаючы, утварылі на тэрыторыі парафіі лінію абароны В. МажэйкаваДамоўцыАгароднікі, якую утрымлівалі тры тыдні. Зза нешматлікасці сілаў, як з аднаго, так і з другога боку баі насілі характар партызанскіх сутычак і не нанеслі вялікай старты насельніцтву. У часе другога наступу чырвоных і іх адыходу нічые войскі ў парафію не заходзілі. У 1921 годзе польскі урад значна павялічыў зямельны надзел касцёлу да 41 га. У 1939 годзе парафія налічывала 4050 жыхароў, а само мястэчка 423 чалавекі, дзейнічала пачатковая школа і цагельны завод, з якога, як адзначае кроніка, мястачкоўцы мелі неблагі прыбытак, дзейнічала швейная навучальня для дзяўчат. У верасні 1939 года бальшавікі вярнуліся ў мястэчка. Касцёл быў зачынены ў 1949 годзе. Парафіяне шмат разоў пісалі лісты да ўлад з прашэннямі аб аднаўленні дзейнасці касцёла. Нарэшце ў 1954 годзе было дазволена ксяндзу з Белагруды раз на месяц чытаць св. імшу. Так працягвалася да 1991 года, пачанаючы з якога дзейнасць парафіі была адноўленая.

Лявон Лаўрэш

Уладзімір Круцікаў


МЫ ЗАЎСЁДЫ БЕЛАРУСЫ

Люблю мой край, старонку гэту,

Дзе я радзілася і расла

Лёс у далёкія гады закінуў іх у ЗША там і пачалі будаваць свае хаты, ладзіць па беларуску вечарыны. Затым пабудавалі царкву св. Еўфрасінні Полацкай, а побач Беларуска-Амерыканскі цэнтр у г. Саўт-Рыверы шмат Нью Джэрсі, пасадзілі парк, усё гэта рабілася талакой, а размаўлялі толькі па бела-руску.

Вось Тося Мідвядок і Стась Дашкевіч кажуць: "Нашы дзеці і ўнукі ведаюць што іх радзіма Бела-русь, мы ім кажам заўсёды пра гэта".

Не вясёлая прычына правяла на Бацькаўшчыну Стася і Тосю (яны брат і сястра), старэйшая іхняя Вольга адыйшла ў іншы свет, і вось слёзы гора і слёзы шчасця, што на роднай зямлі, зліліся ў адно, і як прыемна іх беларуская мова з акцэнтам заакіянскім, але такая мілагучная, здаецца іх слова кладзецца на сэрца.

З захапленнем яны хадзілі па Востраве слёз, па плошчы Я. Коласа, скверы Я. Купалы. з'ездзілі у род-ную вёску, дзе расінкі як слязінкі. Успамнілі той калодзеж "журавель", уздыхнулі водарам лесу. Днямі яны паляцелі ў Амерыку, там дзеці ўнукі, праўнукі, а сэрца часткова і самыя добрыя словы засталіся тут у родным краі, у мілай Беларусі.

А будучы з невялікім гуртом артыстаў (запрошаным на фэст беларусаў Амерыкі), сам пабачыў, як ладзілі беларусы вечарыны ў парку Саўт-Рывера, пяклі дранікі, спявалі:

"Купалінка, Купалінка,

цёмная ночка,

цёмная ночка,

А дзе ж твая дочка"

Танчылі "Лявоніху" "Карапэн" "Дзевачка Надзя", а размаўлялі ўсе па беларуску. Слова роднае, слова мілае, грэла душу і сэрца.

Мікола Котаў, сябар Беларуска-Амерыканскага цэнтра г. Саўт - Рывера ЗША.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX