Вярнуцца: 2005

№ 23 (709)


Крыніца: pawet.net.



№ 23 (709) 22 ЧЭРВЕНЯ 2005 г.


Кузьме Чорнаму - 105

ЧОРНЫ Кузьма (сапр. Раманоўскі Мікалай сапр. Раманоўскі Мікалай Карлавіч) нарадзіўся 24 чэрвеня ў былым маёнтку Боркі Капыльскага раёна. Беларускі празаік, публіцыст, драматург. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916-1919), у БДУ (1923-25). У 1920-22 сакратар валаснога рэўкаму, настаўнік у в. Цімкавічы Капыльскага раёна, справавод Слуцкага павятовага ваенкамата. У 1924-28 працуе ў газеце "Беларуская вёска", старшыня літаратурна-мастацкага аб'яднання "Узвышша" (1926-31), галоўным літаратурным кансультантам кабінета маладога аўтара пры СП БССР (1932-37), супрацоўнік газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" (1941-44), часопіса "Беларусь" (1944).

Друкаваўся з 1921. Першыя зборнікі апавяданняў "Апавяданні" і "Срэбра жыцця" (1925). Пазней выйшлі зборнікі апавяданняў "Па дарозе", "Пачуцці", "Хвоі гавораць" "Вераснёвыя ночы". У 1927-28 выйшаў першы раман "Сястра", у 1928 - раман "Зямля". Наступныя раманы "Вецер і пыл" і "Ідзі, ідзі" (няскончаны), аповесці "Лявон Бушмар", "Вясна", п'еса "Лета" пішуцца ў першыя гады калектывізацыі.

Раман "Бацькаўшчына" адкрывае задуманы Чорным цыкл гістарычных раманаў. Самастойнымі часткамі задуманага цыклу выступаюць раманы "Трыццаць год", "Трэцяе пакаленне", аповесць "Люба Лук'янская".

Будучы цяжка хворым, у гады вайны Чорны піша раманы "Пошукі будучыні", "Вялікі дзень", "Млечны шлях", аповесці "Скіп'ёўскі лес", "Сумлліцкая хроніка", іншыя творы.

Памёр Кузьма Чорны 22 лістапада 1944 г. Пахаваны на вайсковых могілках у Менску. Яго імем названы сярэдняя школа ў Цімкавічах, вуліцы ў Менску і Нясвіжы.


Новае выданне ТБМ

Пабачыў свет каляровы плакат, выдадзены да 75-х угодкаў Уладзіміра Караткевіча. На фоне Куцеінскага манастыра - адкрыты светлы лік 38-гадовага пісьменніка. Выкарыстана фота Сяргея Панізьніка. Дызайн зрабіў сябра ТБМ Ігар Марачкін. Таварыства выказвае шчырую ўдзячнасць ахвярадаўцам, коштам якіх надрукаваны гэты юбілейны плакат. Ён мае зручны для аздаблення фармат А 4, і знайсці яго можна у сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13, Менск.

У хуткім часе на аснове плаката будзе выпушчаны і кішэнны каляндарык на 2005-2006 навучальны год. Замаўляйце каляндарык як падарунак і памятку пра незабыўнага Уладзіміра Караткевіча.

Наш кар.


Вострая брама Сяргея Дубаўца

У кастрычніку 1997 года ў эфіры Радыё Свабода прагучала перадача "Вострая Брама". З тае пары мінула амаль 8 гадоў, цягам якіх кожны тыдзень па нядзелях пад музычныя акорды Брамса гэтая перадача бярэ ў палон мільёны беларускіх сэрцаў, што адчуваюць трывогу за родную краіну. Яна пазнаецца таксама па адметным тэмбры голасу аўтара Сяргея Дубаўца. "Вострая Брама" - супольны праект Радыё Свабода і рэдакцыі газеты "Наша Ніва". Сімвалічна, што робіцца гэтая перадача ў Вільні, дзе калісьці друкавалася "Наша Ніва" і дзе знаходзіцца помнік дойлідства 16 стагоддзя Вострая Брама - набытак беларускай культуры, шчодра апеты ў паэзіі. Днямі бібліятэка Радыё Свабода папоўнілася новым выданнем, якое ўвабрала ў сабе выбраныя перадачы "Вострай Брамы". У кнізе ёсць таксама змест "Вострай Брамы" за сем гадоў і паказальнік асобаў.

Перадача "Вострая Брама" ў 1998 годзе была ўганараваная прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага Пэн-цэнтра.

Наш кар.


Віншуем Сяргея Запрудскага

Віншуем нашага актыўнага сябра Сяргея Мікалаевіча Запрудскага з абраннем на пасаду старшыні камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Шчыра верым, што цікавасць вучоных свету да беларускай культуры і гісторыі ўзрасце. А наша гасцінная краіна будзе годна іх прымаць і вітаць. Жадаем Сяргею Мікалаевічу плённай працы і поспехаў на гэтай важнай і пачэснай грамадскай дзялянцы.

Сакратарыят ТБМ.


Ён жыў сярод нас

Не згасайце, свечкі памяці

Акадэмік Ю.М. Астроўскі быў адным з заснавальнікаў ТБМ імя Ф. Скарыны ў Гродне. Падчас устаноўчай канферэнцыі сказаў: "Не будзе нацыянальнай свядомасці - не будзе і беларускай мовы". Вучоны спрыяў шырокаму ўжыванню роднай мовы ў падрыхтоўцы навуковых паведамленняў, вядзенні справаводства. Яго вельмі турбавалі праблемы набыцця вышэйшай адукацыі на беларускай мове. У сценах Інстытута біяхіміі, які ўзначальваў вучоны, працаваў актыў гарадскога грамадскага аб'яднання "Паходня".

Выдатны беларускі вучоны, медык, яркі дзеяч Беларускага Адраджэння Юры Астроўскі нарадзіўся 29 чэрвеня 1925 года ў Менску ў сям'і беларускіх інтэлігентаў. Бацька - педагог і літаратар, выпускнік БДУ, дырэктар Слонімскай гімназіі, быў арыштаваны органамі НКУС. Маці была акушэрамгінеколагам.

Юры перажыў цяжкія гады акупацыі і ваеннага ліхалецця, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. У 1950 годзе закончыў медыцынскі інстытут. Мог пацярпець за свае лаяльныя адносіны да Саюза Беларускай Моладзі (СБМ). Будучага прафесара і акадэміка выратавалі ад арышту талент і інтэлект, апантанасць у навуковых доследах, тое, што над студэнтам апекаваўся "бацька" беларускіх біяхімікаў і маладых навукоўцаў дацэнт В.А.Бандарын.

Аднак выпускнікавыдатніка Ю.Астроўскага размеркавалі на працу ў Полацкую санэпідстанцыю. Там падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю. У 1956 годзе яго запрасілі асістэнтам кафедры біяхіміі Віцебскага медінстытута. А праз тры гады (1959) Юрый Міхайлавіч прыехаў у Гародню, дзе заняў пасаду загадчыка кафедры біяхіміі ў медыцынскім інстытуце.

Так пачынаўся зорны шлях акадэміка. Па ўзору навуковадаследчай суполкі В.Бандарына ён стварыў студэнцкае навуковае таварыства, а пазней праблемную лабараторыю. У выніку вялікай працы сёння існуе прызнаная Гарадзенская біяхімічная школа, выхаванцамі якой з'яўляюцца звыш 70 дактароў і кандыдатаў навук.

Яшчэ ў 1965 годзе малады прафесар выказаў ідэю арганізацыі першай навуковай установы ў Заходняй Беларусі. Кадравым ядром павінна была стаць праблемная лабараторыя вітаміналогіі пры Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце, а з 1970 года - Аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў АН БССР.

Адной з падстаў арганізацыі акадэмічнага цэнтра былі распрацаваныя прафесарам Ю.Астроўскім статыстычныя дадзеныя, абгрунтоўвалася неабходнасць беларусізацыі акадэмічнай і інстытуцкай навукі, таму што прысутнасць прадстаўнікоў карэннай нацыі ў навуцы Беларусі была непрапарцыянальна нізкай. Да выпраўлення гэтай гістарычнай і палітычнай недарэчнасці Юры Астроўскі звяртаўся неаднаразова.

З часам гарадзенскі аддзел АН БССР пераўтварыўся ў Інстытут біяхіміі (1985). Кіраўнік установы Ю.М.Астроўскі быў абраны членкарэспандэнтам (1977), акадэмікам (1986) Акадэміі Навук. У 1978 годзе яму было нададзена званне Заслужанага дзеяча навукі Беларусі.

- Распрацаваная ім канцэпцыя малекулярнай вітаміналогіі, біяхімічных механізмаў канцэрагенэзу і алкагалізму ўвасоблена ў васьмі доктарскіх і 60 кандыдацкіх працах яго вучняў, абагульнены ў васьмі манаграфіях і 300 навуковых публікацыях, - тлумачыць вучань Ю.М. Астроўскага, членкарэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Андрэй Майсяёнак.

Юрый Міхайлавіч першым у рэгіёне папярэдзіў аб небяспецы наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Пратэставаў супраць утойвання праўдзівай інфармацыі, патрабаваў прыняцця прафілактычных захадаў для аховы здароўя людзей. Ён быў актыўным барацьбітом з п'янствам і алкагалізмам, заснаваў у 1990 годзе гродзенскі філіял Усесаюзнага наркалагічнага цэнтра, удзельнічаў у супрацьалкагольнай агітацыі.

Прымаў удзел у выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990м годзе. Гэта прынесла яму вялікія непрыемнасці, моцна падарвала здароўе. Памёр у канцы снежня 1991 года.

Акадэмік Юры Астроўскі быў творчай, рознабакова таленавітай асобай. Ён разумеў музыку і сам валодаў інструментам. Яго вершы і публіцыстычныя нататкі склалі зборнік "Душу раскрыўшы насцеж". Многа эпісталярных твораў вучонага засталося незакончанымі. Яны прысвячаліся моладзі, медыцынскай навуцы, беларускаму Адраджэнню. Сярод яго сяброў і добрых знаёмых былі Ларыса Геніюш, Зоська Верас, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Міхась Ткачоў і іншыя.

Антон Лабовіч, Гародня


З творчай спадчыны Юрыя Астроўскага

Як сведчыць пісьменнік Аляксей Пяткевіч, Юрый Астроўскі пісаў вершы з 1943 года і да апошніх дзён жыцця. Гэта была гаворка асаблівай, паэтычнай мовай з самім сабой. Нам цікава ведаць, чым жывіўся дух гэтага неардынарнага чалавека, якія думкі заклікалі да творчасці.

Не будзем строгімі да мастацкіх вартасцяў вершаваных радкоў. Не толькі таму, што пісаў непрафесіянал. Частка гэтых экспромтаў, занатаваных пад уражаннем пэўных абставін і настрояў, склалі зборнік "Душу раскрыўшы насцеж".

Вершаваныя і празаічныя радкі вучонага вылучаюцца значнасцю, драматызмам думак, а некаторыя і лірычнай вытанчанасцю, натуральнасцю паэтычнага бачання свету.


НА РОСАХ У ВІЛЬНІ

Ранічкай ціхай прыйшоў я на Росы.

Тут, сярод продкаў, вандроўнік не першы.

Шчыра прызнацца, тады я не ведаў,

Што можа вандроўка закончыцца вершам.

Проста вось так, як у Вільні заўсёды,

Час не губляў на вакзале дарэмна.

Крочыў па вуліцах без перашкоды.

Смутак будзіў гэты горад таемна.

Наша мінулае памяць згубіла.

Тут наша ўсё скамянела на плітах.

Продкаў далёкіх шукаў між магілаў,

Кімсьці зняслаўленых, кімсьці забытых.


СМАЛЕНСК

Той не далёкі час

Быў пры бацьках, пры нас -

Смаленск быў беларускаю сталіцай.

Пасля яго адкінулі ад нас

На ўсходзе ла Расеі прытуліцца.

У прымаках яе ...

Вось я сярод смалян,

Нібы сярод зямлян,

Таўкуся на вакзале, ясны пане!

І размаўляюць тут

Так, як мой родны кут,

Вясковы люд і нават гараджане ...

Ну, ведама - прымак.


НЕ АБ ТЫМ

Не аб тым ідзе гаворка,

Што нам соладка, што горка.

Не пра холад, не пра голад,

А пра тых, хто духам молад.

Той і слухае, і бачыць,

Калі трэба, перайначыць

Гэты вэрхал навакольны, -

Ці ён кепскі, ці ён добры...

Ці ў нязгодзе ён з законам,

З нашай праўдай, з нашым плёнам ,

Ці далёка ён за светам,

Засакрэчаны сакрэтам...


РОЗДУМЫ

***

Нашу зямлю раздзіралі і дзялілі ў XVII-XIX ста - годдзях , гандлявалі па частках у грамадзянскую вайну , аддалі Вільню ЛітССР , хаця літоўцы там былі ў меншасці , кінулі пад танкі Гітлера , а затым ізноў перамолвалі снарадамі і бомбамі ў 1943-1944 гадах Не пытаючыся , забіралі нашых дзяцей і кідалі іх пад кулі ў Венгрыі , Чэхаславакі , В ' етнаме , Афганістане . Дзеля якіх нацыянальных інтарэсаў тварыўся ўвесь гэты антынародны здзек , каму ў нас патрэбныя далёкія і заморскія тэрыторыі ?

***

Людзі не гаспадары краіны , а дзяржаўны інвентар , за якім патрэбны нагляд , каб ён быў спраўны , прадукцыйны і паслухмяны . Усё астатняе нікога не хвалюе .

***

Кожную ноч незваротна знікалі нашы суседзі, нашы сябры, старыя камуністы, дзеці рабочых і сялян, простыя і сумленныя працаўнікі, вінаватыя толькі ў тым, што былі сумленнымі людзьмі, а не сляпымі падхалімамі. Яны былі беларусамі і гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць іх у нацыяналізме. Хто адкажа за гэтыя дзесяткі тысяч жыццяў? Чаму гэтыя злачынствы замоўчваюцца? Яны вартыя Нюрнберскага працэсу.

***

Нейтральны пояс на Захадзе - самая вартая гарантыя ад мілітарысцкіх хвароб Расіі, абарона ад яе імперыялістычнага мінулага, і гарантыя мірнага будучага.

***

Больш мы не будзем палігонам для высвятлення адносін Расіі з Еўропай. Мы не будзем ваяваць самі, мы раздзелім забіяк зонай міру і спакою. Незалежнасць, нейтралітэт, свабода, мірнае будаўніцтва і дабрабыт народа - вось нашы галоўныя намеры.

***

Для распаўсюджання праўды выкарыстоўвайце ўсе сродкі, уключаючы дзяржаўнае выдавецкае і любое ішае друкарскае абсталяванне, бо ўсё яно - народная маёмасць і ўсё зробленае на ім (у тым ліку праўдзівая інфармацыя!) належыць народу.


Свята плуга

Сабантуй, альбо свята плуга, адбыўся 11 чэрвеня ў Ратамцы. Гэта свята падобнае на беларускія дажынкі. Але ёсць і свае адметнасці - нацыянальныя. Яно не можа адбыцца без гонак на конях, джыгітоўкі і сілавых спаборніцтваў. Цвярозасць - старадаўняя традыцыя. На Беларусі гэта мерапрыемства святкуецца шосты раз з ініцыятывы мінчаніна, старшыні грамадскага аб'яднання татар "Чышма" Джанібека Нігматуліна. Як правіла, Сабантуй прымяркоўваецца да заканчэння вясновых сельскагаспадарчых работ, калі ўжо бачны іх вынік. Час унёс свае дапаўненні, пашырыў яго змест. На свяце цяпер ушаноўваюць не толькі лепшых сельскагаспадарчых працоўных, але і з іншых галін вытворчасці і ўстаноў. Гэты Сабантуй быў прысвечаны 60годдзю Перамогі ў вайне з гітлераўскім фашызмам, 1000годдзю Казані і Дню Расіі, які адзначаецца 12 чэрвеня.

У Татарстане гэта свята, як і дажынкі, апякуюцца дзяржавай. У нас арганізоўвалася грамадскімі аб'яднаннямі татар "Чышма" і "Зікр ульКітаб". Адзін з фундатараў - тутэйшае гандлёваэканамічнае прадстаўніцтва Татарстана.

Наш тавараабарот з Рэспублікай Беларусь складае 381 млн. даляраў, а два гады назад складаў усяго 10 млн. Сёння гэта першае месца сярод краін СНД. Эканамічна звязаны 66 прадпрыемстваў з двух бакоў. Нашаму прадстаўніцтву ўсяго толькі тры гады. Сабантуй уваходзіць у пералік святаў ЮНЕСКА. Гэта, як правіла, 78 відаў ігравых і культурных мерапрыемстваў..., сказаў Ірэк Гафіятулін, кіраўнік гандлёваэканамічнага прадстаўніцтва.

Татары - дысперсны народ. Усяго 25% жыве ў Татарстане - 7 млн. Сабантуй праводзіцца ў 56 рэгіёнах Расіі. Наперадзе ў нас вялікае свята - 1000 - годдзе Казані. Татарстан будзе святкаваць яго 2528 жніўня, на якім абяцаў прысутнічаць прэзідэнт Беларусі, сказаў Дамір Гісметзінаў, намеснік старшыні Выканкаму Сусветнага кангрэсу татараў, заслужаны работнік культуры Татарстана.

Сабантуй у Ратамцы пачаўся з уступнага слова намесніка старшыні аргкамітэта Ільдара Мубаракшына. Ён прадставіў прысутных гасцей. А іх было шмат. Гэта прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністарў Рэспублікі Беларусь, пасольства Расійскай Федэрацыі, кіраўніцтва рэлігійнага аб'яднання мусульман Беларусі, Ждановічскага выканкаму, грамадскіх аб'яднанняў нацыянальных супольнасцяў у Беларусі: азербайджанцаў, дагестанцаў, рускіх, немцаў, чувашоў і іншых. Былі названы вельмі паважаныя татары, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, перадавікі працы. Як і належыць па традыцыі, ім былі ўручаны падарункі. Вітаў прысутных прафесійны мастацкі калектыў артыстаў Татарстана на чале з народным артыстам Татарстана Равілем Харысавым. З вітальным словам звярнуўся генеральны дырэктар рэспубліканскага цэнтра па конным спорце і конегадоўлі Віктар Міхадзюк, які і даў дазвол на адкрыццё свята і ўзняцце адпаведнага сцяга, права зрабіць якое было даручана аксакалам, удзельнікам мінулай вайны, перадавікам працы коннаспартыўнага комплекса і пераможцу па барацьбе "Курэш" на мінулым Сабантуі. Потым выступіў аташэ па культуры пасольства Расійскай Федэрацыі Алег Алёхін. Ірэк Гафіятулін зачытаў прывітальныя словы прэзідэнта Татарстана. Дамір Гісметзінаў, вітаючы ўдзелькаў Сабантуя, перадаў ліст падзякі прадстаўніку Расійскага пасольства ў Беларусі Аляксандру Блахіну, у якім гаворыцца, што выканкам Сусветнага кангрэсу татараў выражае яму падзяку за вялікі ўнёсак у духоўнае аб'яднанне татарскага народа, узаемнага ўзбагачэння нацыянальных культур, умацавання дружбы між народамі. Ён падарыў пасольству відэадыск, прысвечаны 1000-годдзю Казані.

На Сабантуі выступалі: калектывы мастацкай самадзейнасці з Гародні, Бабруйска, Менска. Песнямі, вершамі, добрымі словамі павіншавалі са святам прадстаўнікі грамадскага аб'яднання "Руское общество" лаўрэат рэспубліканскіх фестываляў Уладзімір Курак і паэтперакладчык, старшыня гэтага аб'яднання Міхась Ткачоў. Выступоўцаў было шмат.

Незвычайную цікавасць выклікалі спартыўныя спаборніцтвы, асабліва гонкі на конях, джыгітоўка. Усё было добра, прыстойна. Проста і не заарганізавана. Ахвочыя маглі пакаштаваць тоесёе з прысмакаў, якімі гасцінна частавалі жанчынкі ў вопратцы татарскага строю, паўдзельнічаць у конкурсах, калектыўна сфатаграфавацца.

Моцная гукаўзмацняльная сістэма, што месцілася на спецаўтобусе, разносіла на ўсю ваколіцу Ратамкі словы выступоўцаў на татарскай і рускай мовах. Я пакідаў свята з сумным настроем. Святая зямля беларуская, як яе назваў у вітальным слове прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўцоў, не пачула з вуснаў ніводнага выступоўцы ні слова той мовы, якая для многіх старажылых беларускіх татараў была і ёсць роднай, не кажучы ўжо пра саміх беларусаў, якіх у Беларусі не 25%, як у Татарстане, і якія апынуліся зза сваёй даверлівасці ў такім стане, пры якім дзяржслужбоўцам, рознага кшталту асобам дазваляецца ігнараваць мову карэннага насельніцтва, выбіраючы рускую, тым самым патураючы прадстаўнікам русіфікацыі. Я не лічу павагай да карэннага этнасу ўдзел запрошаных беларускіх фальклорных гуртоў і выкананыя беларускія песні іншымі артыстамі, якія, сапраўды, унеслі своеасаблівы каларыт і настрой, што вымусіла шмат каго пусціцца ў танцы.

Трэба спадзявацца, што ў наступныя святы будуць падобраныя вядоўцы, якія валодаюць дасканала не толькі татарскай і рускай мовамі, ды і самі кіроўцы грамадскіх аб'яднанняў татар "Чышма" і "Зікр ульКітаб" не пасаромяцца, не пагрэбуюць беларускага красамоўства. Назву ж зямлі дае мова. Зямля наша беларуская і павінна быць роднай як беларусу, так і тым, хто мяркуе тут працягваць свой род, бо няма мовы, няма і народу, а мы ўсе разам складаем адзіны народ - беларускі.

Мікола Лавіцкі.


Да роднай мовы цягнецца і немаўля

Ва ўтульнай зале Лідскага гарадскога дома культуры гучала літоўская мова. Вучні нядзельнай школы, што працуе пры аб'яднанні лідскіх літоўцаў "Рута", дакламавалі на роднай мове вершы, спявалі песні. Гэта была свайго роду справаздача дзяцей перад сваімі бацькамі і выха-вацелямі. Пра вынікі чарговага навучальнага года коратка паведаміла прысутныя старшыня згуртавання Марына Міцюкевіч.

Пачаты юнымі артыстамі канцэрт прадоўжылі дарослыя: спевакі і музыкі створанай пры аб'яднанні капэлы. А напрыканцы вучні атрымалі памятныя падарункі.

У заключэнне варта сказаць вось пра што. Разам з вучнямі сваеасаблівым героем урачыстасці было немаўля. Сядзячы на руках матулі, маленькі карапуз не зводзіў сваіх вачэй ад сцэны і замест апладысментаў, як заўважылі старэйшыя, з задавальненнем дарыў зале гук адабрэння. "Я - а-у" ці нешта падобнае.

А. Жалкоўскі.


Падведзены вынікі конкурсу на лепшы дзіцячы мастацкі твор, прысвечаны Аршанскай бітве

Мінулы год для Беларусі быў знамянальным. Краіна адзначыла 490я ўгодкі Вялікай Перамогі пад Воршай. З гэтай нагоды Грамадскі аргкамітэт правёў шэраг мерапрыемстваў па ўшанаванні славутай падзеі нашай гісторыі: адбылася навуковая канферэнцыя, з ініцыятывы творчай суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў - выстава "Слава Воршы праз стагоддзі", а таксама конкурс дзіцячых малюнкаў "Аршанская слава" (кіраўнік праекту - Мікола Купава). Свае творы на конкурс даслалі юныя таленты з Барані, Бягомля, Маладэчна, Менска, Наваполацка, Янава. Надзвычай арыгінальныя, яскравыя ды праўдзівыя - яны сведчаць пара цікавасць дзяцей да беларускай вайсковай гісторыі. Днямі падведзены вынікі гэтага конкурсу. Журы ў складзе М.Купавы (старшыня), Ул.Сіўчыкава, У. Квартальнага, Л.Грышчука у прысутнасці некаторых бацькоў, сваякоў ды саміх юных мастакоў абвясціла пераможцаў конкурсу.

Першую прэмію атрымалі Леанід і Арцём Барздовы з Барані за малюнак "Ля рэчкі Крапівенкі. Загад гетмана Астрожскага".

Другой прэміяй адзначаныя творы - Ганны Хімковай з Наваполацка "Бітва пад Воршай", Руслана Зуёнака "Князь Астрожскі" і Вітаўта Купавы "Гетман Астожскі пад Воршай" з Менска, Дар'і Паляк з Бягомля "Канстанцін Астрожскі".

Уладальнікамі трэцяй прэміі сталі Святлана Вядзёрчык "Бітва пад Воршай" і Вольга Мірчук "Аршанскі замак" з Янава, Вадзім Цывілька "Перамога пад Воршай" і Алеся Жыткевіч з Менска "Аршанская бітва", Паліна Пірагова з Наваполацка "Бітва пад Воршай".

Экспазіцыя мастацкіх твораў, дасланых на конкурс, разгорнутая ў сядзібе Таварыства беларускай мовы і трывае ўжо больш за паўгода, дзе кожны, каго цікавіць творчасць юных мастакоў, можа пабачыць і працы пераможцаў, і ўсю выставу цалкам.

Наш кар.


У ВЯНОК ПЕСНЯРУ

28 чэрвеня 1942 года не стала Янкі Купалы. Трагічна абарвалася жыццё народнага песняра. Сын сваёй Бацькаўшчыны, Купала заўсёды быў з родным народам - і ў горы, і ў радасці. Можа таму і сёння яго слова ўспрымаецца чуйна і глыбока. Бо яно дапамагае будаваць жыццё, вартае свабоднага чалавека.

У дзень памяці песняра а 8-ай гадзіне ў касцёле святога Роха на Залатой горцы адбудзецца Імша, а ў 16 гадзін - ускладанне кветак да надмагільнага помніка Янку Купалу на Вайсковых могілках (вул. Казлова).

Саюз беларускіх пісьменнікаў, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, сябры Міжнароднага фонду паэта запрашаюць усіх ахвочых прыняць удзел ва ўшанаванні памяці Янкі Купалы, аддаць даніну павагі таленту паэта і грамадзяніна, ускласці кветкі любові, пашаны, надзеі.


Запамінальныя сустрэчы

У вірлівым ХХІ стагоддзі часта пераацэньваюцца тыя ці іншыя каштоўнасці. Тое, што некалі было не ў пашане, цяпер неверагодна ўзвышаецца, і тое, што было ў узвышэнні - апускаецца ў нябыт. І тыя ці іншыя персаналіі таксама то ўзвышаюцца, то забываюцца.

Нешта падобнае здарылася з лёсам Першага Прэзідэнта Чэхаславакіі Томашам Масарыкам (1850 - 1937). У часы Сталіна ён лічыўся ворагам Савецкага Саюза. Пры вывучэнні ў школе гісторыі Чэхаславакіі тэрмін "кліка Масарыка - Бекеша" меў адмоўнае значэнне. І.В.Сталін не любіў лідэраў Чэхаславакіі.

Томаш Масарык - адзін з заснавальнікаў і ідэолагаў Ліберальнай Чэшскай народнай партыі ў 1900 - 1920 гадах, якая актыўна выступала за аўтаномію Чэхіі ў межах Аўстра - Венгрыі. У 1915 годзе, будучы ў эміграцыі з Эдуардам Бекешам, стварыў у Парыжы Чэшскі (Чэхаславацкі) нацыянальны савет, які арыентаваўся на дзяржавы Антанты і Чэшскі легіён у Расіі. У 1917 годзе варожа сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю, падтрымліваў антысавецкі контррэвалюцыйны рокаш Чэхаславацкага корпуса. У 1918 годзе вярнуўся ў Прагу. У 1918, 1920, 1927, 1934 гадах выбіраўся Прэзідэнтам Чэхаславацкай Рэспублікі, якая была абвешчана ў кастрычніку 1918 года. Выступаў супраць рэвалюцыйнага руху, быў прыхільнікам вырашэння праблем шляхам дыскусіі і дамоўленасці паміж людзьмі розных поглядаў. У 1918 - 1935 гадах, будучы Прэзідэнтам Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэшскай нацыянальнай мовы і культуры.p

Вось Томашу Масарыку ў сувязі з яго 155 - годдзем з дня народзінаў і была прысвечана вечарына ў Доме літаратара 29 красавіка 2005 года, наладжаная амбасадай Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі і культурна - асветніцкім клубам "Спадчына". У вечарыне прымалі ўдзел сябры клуба "Спадчына", пісьменнікі, вучоныя, мастакі, прадстаўнікі грамадскасці Менска.

Імпрэзу адкрыў уступным словам старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы, які выказаў упэўненасць, што ўдзельнікі сустрэчы атрымаюць новыя звесткі аб тым, якое месца ў культурна асветніцкім жыцці Беларусі займае Чэхія, як вырашаліся нацыянальныя праблемы ў гэтай братняй краіне, якім павінен быць сапраўдны народны лідар, каб вывесці сваю краіну на шлях самастойнасці.

Узнёсла і з вялікай удзячнасцю прысутныя прынялі прывітальнае слова Часова Паверанага ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі Уладзіміра Румла, які адзначыў, што "ідэалы свабоды, роўнасці і ўзаемнай адказнасці - гэта ідэалы Масарыка", і што Першы Прэзідэнт Чэхаславаччыны верыў, што толькі пры дапамозе розуму, дыскусіі і дамоўленасці людзі розных поглядаў, выслухаўшы адзін аднаго, могуць прыняць рашэнне на карысць сваёй Радзімы.

Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч, абапіраючыся на факты, расказаў аб мэтанакіраваным змаганні чэхаў супраць анямечвання, за нацыянальную культуру і родную мову. Гісторыя сведчыць, што Томаш Масарык яшчэ ў дзяцінстве зразумеў ролю роднай мовы для кожнага народа, а будучы прэзідэнтам, станоўча вырашыў гэтую праблему. Прафесар заклікае нашых палітыкаў, якія думаюць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2006 года, звярнуцца да досведу іншых народаў у нацыянальнакультурным адраджэнні.

Змястоўным было выступленне прафесара Арсеня Ліса, у якім ён распавёў аб той рэальнай дапамозе з боку ураду Чэхаславакіі і прэзідэнта Томаша Масарыка, якую яны аказвалі беларускім студэнтам, што вучыліся ў чэшскіх вучэльнях, якія выхадцы з Беларусі набылі ў Чэхаславакіі адмысловыя спецыяльнасці і трывалыя веды ў розных галінах адукацыі, якім быў жыццёвы і палітычны шлях Масарыка, і якія думкі выказвалі аб яго дзейнасці паплечнікі і сучаснікі.

Доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксей Саламонаў засяродзіў увагу прысутных на гістарычных паралелях станаўлення самастойнай дзяржаўнасці Беларусі і Чэхіі, на асаблівсцях адносін вярхоўных уладаў гэтых краін да этнакультуры, мовы і самастойнасці сваіх народаў. А ў вершы "Мову родную чуем душою" боль, любоў і спадзяванні аўтара: мову мы зможам абараніць і прытуліць да сябе.

Прафесар Мікола Савіцкі закрануў трагічныя падзеі 1968 года, сведкам якіх яму давялося стаць і быць у вачах чэхаў савецкім акупантам. Але ён з удзячнасцю ўспамінаў, што адносіны да яго з боку чэшскіх калег змяніліся і сталі шчырымі, калі яны даведаліся, што ён беларус. Дзякуючы Чэхаславакіі і Празе, лічыць прафесар, ён зразумеў змест сапраўднага патрыятызму і нацыянальнай годнасці і стаў на шлях Беларускага нацыянальнага адраджэння.

Паэт Сяргей Панізьнік адзначыў, што "сталіца Чэхіі стала сапраўднай Мекай беларускай духоўнасці..." і прачытаў свае вершы аб Чэхіі і Празе,поўныя светлых думак пра неразрыўнасць мінулага, сучаснага і будучага.

Палымяна прачытаў свой твор, прысвечаны Томашу Масарыку і чэшскаму краю, паэт Яўген Гучок.

Свае думкі аб лёсавызначальным значэнні Чэхіі і яе Першага Прэзідэнта, аб Празе, дзе ў 2030 гады склаўся значны асяродак беларускай інтэлігенцыі, выказалі гісторык Уладзімір Ляхоўскі і паэт Міхась Скобла.

Як заўсёды, не засталіся ўбаку мастакі Алесь Цыркуноў і Анатоль Крывенка.

Карціна Алеся Цыркунова "Светазарны мур чэшскабеларускай еднасці і мовы" - глыбокасімвалічны жывапісны твор: ля помнікаў Яну Гусу і Францішку Скарыне месцяцца славутыя прадстаўнікі Чэхіі і Беларусі, а астатнія (32 асобы з паўтысячы) - кагорта найбольш славутых дзеячоў і гадаванцаў Карлава універсітэта, што ўславілі нашу Айчыну.

Партэт Першага Прэзідэнта Чэхаславаччыны Томаша Масарыка (мастак Анатоль Крывенка) быў прэзентаваны Чэшскай амбасадзе ў Беларусі, як знак удзячнасці і павагі да чэшскага народа. Прэзентаваў свой твор чэшскім сябрам і Народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч, а сам ён быў ганараваны Камітэтам ушанавання клуба "Спадчына" медалём Язэпа Драздовіча і дыпломам.

Мабыць, у кожнага з прысутных узнікалі свае думкі, калі яны слухалі песню Пятра Русава на словы Ларысы Геніюш "Бывай, залацістая Прага..."

Ад імя сяброў клуба "Спадчына" і найбольш свядомай інтэлігенцыі праз Часова Паверанага ў справах Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі Уладзіміра Румла была перададзена Падзяка Прэзідэнту Чэхіі Вацлаву Клаусу, Ураду Чэхіі і братняму чэшскаму народу за падтрымку беларусаў у іх змаганні за нацыянальную волю, дзяржаўнасць, а таксама лісты з просьбай даць дазвол на адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў Празе на доме, дзе жыла Ларыса Геніюш і дапамагчы ў перакладзе вядучых прац Томаша Масарыка і другіх чэшскіх мысліўцаў на беларускую мову.

Вячаслаў Сіўчык, вядомы змагар за незалежную Беларусь, выказаў думку, што ўшанаванне памяці Томаша Масарыка ў наш час - вельмі значная падзея, і са шкадаваннем зазначыў, што ў свой час (1991 - 1994 гады) беларусы не скарысталі магчымасці для стварэння беларускачэшскіх структур (таварыстваў, фондаў і інш.), не ўславілі Томаша Масарыка, не назвалі ў яго гонар вуліцу ў Менску, але выказаў перакананне, што змены ў лепшы бок адбудуцца, і беларусы вернуцца ў Еўропу і праз беларускачэшскія стасункі.

Вечарына прайшла змястоўна, цікава, захапляльна, а гэта значыць, што была пройдзена яшчэ адна старонка багатых беларуска чэшскіх адносін у культурным і навуковым жыцці.

Але на гэтым стасункі беларускай інтэлігенцыі і Чэшскай амбасады не закончыліся. Пятага чэрвеня сябры клуба "Спадчына" у ліку другіх былі запрошаны на адкрыццё выставы работ чэшскіх фотамастакоў. На фатаграфіях адлюстраваны лёсавызначальныя моманты на шляху Чэхіі да самастойнасці з 1968 па 2004 год.

Там жа адбылася сяброўская сустрэча з чэшскімі дэпутатамі. Сустрэча была цёплай і запамінальнай, і, як знак сяброўства і паразумення, прадстаўнікам Чэхіі ў памяць аб гэтай сустрэчы старшынём клуба "Спадчына" Анатолем Белым былі падораны медалі з выявай "Пагоні" - сімвала змагання за волю, бюлетэні, альманахі, каляндары, якія адлюстроўваюць кірунак дзейнасці клуба.

Яшчэ больш прыязная атмасфера панавала на канцэрце, які ладзілі чэшскія дэпутаты. Песні гучалі на чэшскай мове, але ўсе прысутныя мелі магчымасць зразумець іх змест, чытаючы пераклады песень на беларускую мову:

Сёння тваім крокам

перашкаджае каменьне,

Аднак тваю песьню

нельга спыніць.

Сёння тваім крокам

перашкаджае каменьне,

Але пачынай гэты шлях.

Святочна, узнёсла, бадзёра гучалі струны гітар, і, гледзячы на вясёлыя твары чэхаў і іх добразычлівыя ўсмешкі, унікаючы ў словы песень, верылася ў недалёкае лепшае будучае.

Надзея Сармант. Анатоль Валахановіч.


Новыя паступленніў Бібліятэку ТБМ

Беларускі клясычны правапіс: Збор правілаў: Сучасная нармалізацыя. - Вільня-Менск, 2005.

Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. - Менск: Беларускі кнігазбор, 2004. - (Бібліятэка "Баць-каўшчыны". Кн. 3).

Дранчук В. Белавежская пушча: Рэзалюцыя SOS: Хроніка красы і змагання (1995-200?). - Менск: Каўчэг, 2004.

Ёрш С. Рыцар Свабоды: Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі як ідэоляг арганізатар беларускага нацыянальнага антынацыскага супраціву. - Менск, 2004.

Еўрапейскі Саюз: Што гэта такое?: Кароткі інфарматар / Пад рэд. І.Лялькова. Менск-Варшава, 2004.

Жарнасек І. Будзь воля Твая: Раман. - Менск: Про Хрысто, 2004.

Месца выданьня - Парыж: Выбраныя старонкі часопіса "Моладзь" (1948-1954) / Уклад. М.Скобла. - Менск: Беларускі кнігазбор, 2004.

Панізьнік С. Пры сьвячэньні…: Зб. вершаў. - Вільня: Наша будучыня, 2004.

"Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года" Яна Чачота: Гістарычны эпас беларусаў / Уклад. В.Ліцьвінкі. - Менск: Тэхнапрынт, 2004.

Таболіч А. Таямніцы мастацкага перакладу: English - Belarusian. - Менск.: Беларускі кнігазбор, 2004.

Юрэвіч Л. Мэмуары на эміграцыі: Крыніцазнаўчае дасьледаваньне. - Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. - (Бібліятэка "Бацькаўшчыны". Кн. 4).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX