Вярнуцца: 2005

№ 24 (710)


Крыніца: pawet.net.



№ 24 (710) 29 ЧЭРВЕНЯ 2005 г.


У памяць ксендза Адама Станкевіча

25 чэрвеня ў Вільні ў Базыльянскіх мурах адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць ксендза Адама Станкевіча - рэлігійнага, культурнаасветніцкага і палітычнага дзеяча, аднаго з тэарэтыкаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20га стагоддзя, колішняга пасла польскага Сойму, выдаўца, аўтара многіх кніг і артыкулаў па беларускіх пытаннях. Мемарыяльная дошка месціцца на будынку, дзе ў міжваенным часе была Віленская беларуская гімназія і дзе ён таксама выкладаў. За дзень да таго высветлілася, што з гэтага будынка знікла мемарыяльная дошка, прысвечаная Наталлі Арсенневай.

Мемарыяльная дошка ў памяць ксендза Адама Станкевіча з'явілася дзякуючы працы Таварыства беларускай культуры ў Літве і дапамозе літоўскага парламентарыя Вацлава Станкевіча, які паходзіць з той самай вёскі Арляняты на Ашмяншчыне і знаходзіцца ў сваяцтве з сям'ёй Адама Станкевіча. На дошцы з барэльефам пабеларуску і палітоўску напісана "Ксёндз пробашч Адам Станкевіч, ахвяра бальшавіцкага тэрору", пазначаныя даты жыцця. Гэтая дошка годна працягвае галярэю скульптурных партрэтаў беларускіх дзеячоў, створаных лідскім скульптарам Рычардам Грушам, сярод якіх барэльефы А. Міцкевіча, І. Дамейкі, І. Гашкевіча, А. Дамбавецкага і інш.

Урачыста адкрытая дошка ў гонар ксендза Адама Станкевіча будзе часова захоўвацца ў Таварыстве беларускай культуры ў Вільні, пакуль грунтоўна не вырашыцца пытанне яе захаванасці, бо ўсяго ў Вільні было скрадзена ўжо 9 беларускіх мемарыяльных дошак.

Наш кар.


Петрусю Броўку - 100

Пятрусь Броўка, Народны паэт Беларусі, акадэ-мік АН Беларусі, заслужаны дзеяч навук Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, нарадзіўся 25 чэрвеня 1905 года ў в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Працаваў на розных паса-дах. З 1940 г. рэдактар часопіса "Полымя". У 1948 - 67 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1967-80 галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя".

Друкаваўся з 1926 года. У сваёй творчасці П. Броўка абапіраўся на сацыялістычнае ўспрыняцце рэчаіснасці. Рэалістычны змест паэзіі Пятруся Броўкі паглыбляецца ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя вершаў і паэ-маў пяру П. Броўкі належыць раман "Калі зліваюцца рэкі", паводле якога Г. Вагнер напісаў балет.

(Пра Пятруся Броўку чытайце на ст. 2.)


Выдатнаму музыку Беларусі Васілю Купрыяненку - 55 год

Музыкавіртуоз, кампазітар, збіральнік народных найгрышаў, мелодый і песень, таленавіты інтэрпрэтатар іх на сцэне Васіль Купрыяненка нарадзіўся 29 чэрвеня 1950 года ў Магілёве.

Любоў да народнай музыкі напэўна закладзена ў ім генетычна, бо толькі яна запаланіла яго душу з дзяцінства і гучыць праз ўсё жыццё, паклікала ў Беларускую кансерваторыю, якую Купрыяненка скончыў у 1975 годзе. Разуменне непераўзыдзенага ўзроўню народных найгрышаў, мелодый да танцаў і песенных напеваў прымусіла высокаадукаванага музыку запісваць іх, пераносіць на сцэну, захоўваючы іх простую геніяльнасць, прыродную аўтэнтычнасць, не змяняючы іх лірызаваную рытмастылістычную структуру на "афрыканскую".

Чатыры гады пасля заканчэння кансерваторыі (з 1974 па 1975 гг.) таленавіты музыка, які авалодвае дасканалай ігрой амаль на ўсіх беларускіх народных інструментах, праходзіць выдатную музычную школу на пасадзе канцэртмайстра ў фальклорнахарэаграфічным ансамблі "Харошкі". Але марай жыцця яшчэ з тых пор стала стварэнне ансамбля беларускай народнай музыкі, які б арганічна дапаўняў Акадэмічную капэлу Рыгора Шырмы і Народны хор Генадзя Цітовіча - выдатных спеўных калектываў Беларусі. І гэтую мару Васіль Купрыяненка ажыццявіў у 1984 годзе, стварыўшы і ўзначаліўшы Дзяржаўны ансамбль народнай музыкі "Свята", у праграмах якога панароднаму геніяльна былі ўраўнаважаны песня, музыка і танец. Заканамерным і справядлівым было прысуджэнне ў 1987 годзе за гэту працу звання заслужанага артыста Беларусі, хаця, улічваючы сутнасць справы, тут лепш адпавядала б званне Народнага артыста (дзіўна, што такое званне ў апошні час даюць не тым, хто займаецца народным мастацтвам, а "страшэнна далёкім" ад яго эстрадным спевакам).

З'яўленне "Свята" Купрыяненкі ў беларускім мастацтве стала сапраўдным святам беларускай культуры пасля названых калектываў Шырмы і Цітовіча. Гадзінамі канцэртныя залы купаліся ў прыгожых родных мелодыях, песнях, найгрышах, любаваліся танцамі, панароднаму прыгожымі постацямі і строямі ўдзельнікаў калектыву. Кіраўнік яго быў прыцягальным цзнтрам, вядучым артыстам, нават у добрым сэнсе "штукаром" на сцэне (напрыклад, мог іграць на гармоніку ў шпагаце і шмат іншае). Але пры гэтым ён не толькі адбіраў лепшае з сабранага фалькларыстаміпапярэднікамі, але і сам пастаянна жыў не на менскіх асфальтах, а ў гушчы музычнага побыту народа і збіраў, запісваў, таленавіта аранжыраваў, не перайначваючы на чужы лад жывых парасткаў народнай музыкі. Адным са шматлікіх такіх унікальных прыкладаў можа быць цэлы вялікі сімфанічны твор па матывах кароценькай песенькіцярэшкі фрывольназабаўляльнага абраду паўночназаходняй Беларусі "Жаніцьба Цярэшкі", які аўтар і дырыжор Васіль Купрыяненка выканаў з камерным аркестрам Германіі. Такіх прыкладаў можна прывесці безліч.

Унікальнай кампазітарскай працай Васіля Купрыяненкі стала спаўненне мары першага фалькларыстазбіральніка і выдаўца 6 зборнікаў беларускіх народных песень у 18371846 гг., Яна Чачота. Апошні ў 18421844 гг. напісаў па матывах гістарычных легенд паданняў старажытных ліцьвінаўбеларусаў 55 балад пад назвай "Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года". Ян Чачот, дабраславёны на гэтую працу Адамам Міцкевічам, у лісце да сябра пісаў: "Я мару, каб яны спяваліся ў народзе".

Пасля паўтаравекавога знаходжання ў архіве, пераважная колькасць балад была пакладзена на мелодыі Васілём Купрыяненкам і спяваюцца, за што, дарагі сябра, беларускі народ шчыра дзякуе цябе за споўненую гістарычную місію. А ўсе твае сябры жадаюць табе новых творчых здзяйсненняў, адпаведных твайму таленту, і добрага здароўя.

Васіль Ліцьвінка.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Васіля Купрыяненку з 55-годдзем, зычаць яму плёну і натхнення ды нязломнай апантанасці ў служэнні на гонар і славу нашай любай Беларусі.


З Я М Л Я К

Кожны ўшацкі школьнік ведаў, што Пятрусь Броўка - наш зямляк. Пуцілкавічы зусім недалёка ад Вушачы. Шмат каму імпанавала, што ў вершах земляка ўпамінаецца нашая Ушаччына. Але аднойчы за любімага земляка ледзь не палова класа атрымала двойкі.

Вучылі на памяць верш "Пасылка". Гэта пра тое, як усе ў калгасе ладзяць пасылку, вядома ж, Сталіну. Дома ў школьнікаў галеча, посніца. Ну і нейчая маці, слухаючы, як пакутуе дачушка, завучваючы даволі доўгі верш (бо дары прыносілі і пчаляры, і садоўнікі, і пастухі), не вытрымала і паправіла адно слова ў радку. І калі першая, каго выклікала настаўніца да дошкі, дайшла да гэтага радка, яна і прадэкламавала:

У нашым калгасе

жанчынамі пашуць -

І ложыць старая

ручнік вышываны.

Пашуць замест пашана . Як разумею цяпер; беднай настаўніцы Сібірам дыхнула. Абарвала вучаніцу, паставіла двойку. І колькі пасля ні выходзілі, усе, як у вядомым акцёрскім анекдоце пра Валабуева, чыталі "пашуць" .

Колькі разоў наважваўся расказаць Петрусю Усцінавічу, але, загаварыўшыся, забываўся. Затое ягоны шафёр, калі ўзначальваў акадэмік Броўка "Беларускую Савецкую Энцыклапедыю", у добрым настроі не за рулём чытаў вершы па школьнай праграме, дзе пра Сталіна было шмат, як і ва ўсіх паплечнікаў паэта.

Пры жыцці Пятрусь Броўка быў папулярны шырока. Як на кожную папулярную асобу, былі і на яго брахлівыя вершыкі. Ён быў аптыміст, які на вачах аўдыторыі напампоўваў сябе пафасам. І тады ляцеў, забыўшыся на зямлю. Грамадзянскі пафас, як раней казалі, трымаў яго і маральна, і фізічна. Усё вырашаў хутка, нахапку. Быў такі ідэалагічны сакратар ЦК Гарбуноў. Любіў на сходах у Саюзе пісьменнікаў даваць указанні, ставіць задачы, вызначаць накірункі. Гэта на яго абароне (калі з ЦК ссылалі ў ганаровую ссылку ў Акадэмію навук) сказаў без кроплі гумару Кандрат Крапіва: "Мае звыш 500 навуковых прац". Ішлі выбары ў акадэмікі. Дык нехта не з гуманітарыяў і не са "светапоглядных" дактароў навук, акадэмікаў дадаў: "...улічваючы ўсе нататкі ў раённых газетах". І гэты Гарбуноў як вястун з ЦК выступаў раз перад пісьменнікамі, ставячы за мэту напісаць сучасныя частушкі, нарысы пра перадавікоў. Ён быў тым апошнім з цэкоўскіх, які пры пісьменніках яшчэ стараўся гаварыць пабеларуску. І дадаў: "Броўка частушак, напеўна, не напіша". "Е" замест "э" надавала слову іншы змест. Зала заўсміхалася: напеўна не напіша. Броўка адразу ж пахваліў ідэі Гарбунова і канкрэтна даў заданні: даручыць падумаць Тарасу Хадкевічу, даручыць падумаць Міколу Ткачову. Ведаў, што пярэчыць цэкоўскаму - тое ж самае, што дзьмуць супраць ветру, а "падумаць" да нічога не абавязвае.

На пачатку 70х гадоў была паездка на Ушаччыну да Петруся Броўкі і на Полаччыну да Генадзя Бураўкіна і Алеся Савіцкага.

У Пуцілкавічах сталы накрытыя былі пад ліпамі. Проста ў разорах халадзіўся каньяк. Быў райкам партыі як не ў поўным складзе, прадстаўнікі абкаму. Абавязвала фігура Петруся Броўкі. А яшчэ Алесь Савіцкі быў прадстаўніком ЦК на грэшнае ўшацкае зямлі. Хапала тостаў, хапала чаго піць пад тосты. Начавалі на сене ў хляве ў Броўкавай пляменніцы Настассі. Ды не дужа спалася. І вырашылі не па пратаколе пакаштаваць Настассінай бражкі. Апошняе, што яшчэ помнілася, дык гэта, як мы з Петрусём Усцінавічам, седзячы на падлозе, звесіўшы ногі ў адчыненую яму, па чарзе раскручвалі слоік і цадзілі ўжо ажамеры.

У сярэдзіне гэтага застолля, ці, дакладней будзе сказаць, падложжа, Броўка прапанаваў мне ўступіць у партыю. Вяла супраціўляючыся, я толькі запытаўся, а хто рэкамендацыю дасць. Броўка адказаў, што ён дасць рэкамендацыю. А другую рэкамендацыю даць прапанаваў Савіцкаму, але той, наколькі помню, не дужа гэтаму ўзрадаваўся. Пасля, калі настойліва прапаноўвалі мне ўступіць у партыю парторгі Грамовіч, Кулакоўскі, у мяне быў дужа цвярозы козыр: рэкамендацыю даваў мне сам Пятрусь Усцінавіч, калі пілі, а цвярозы ні разу пра гэта не заікнуўся. Гэта было паратоўным кашчунствам. Ад мяне адставалі. З гэтай паездкі мяне цвяроза ўразіла пільнасць Алеся Савіцкага. З сабою ўзяў я магнітафон "Вясна", няўклюдны, прымітыўны. І ўвесь час стараўся яго ўключыць. Помню, па дарозе дамоў уключыў магнітафон, бо ўсе былі вясёлыя. Назаўтра на плёнцы нічога не было. Думаю, Алесь Ануфрыевіч выключыў своечасова.

Бачачы сябе на партрэтах, у школьных падручніках, Броўка не дужа насіўся са сваёй славай. Любіў жарт, разумеў яго.

На адным з пісьменніцкіх з'ездаў у Маскве ўрадавы прыём прыпаў на 25 чэрвеня - дзень нараджэння Броўкі. З сярэдзіны застолля Броўка выйшаў. Пайшоў яго праводзіць. Ідзём па крамлёўскім двары, а імяніннік і кажа: "З усіх цароў люблю Пётру. І не толькі таму, што цёзка. Гэта ж ён пасылаў Меншыкаву запіску: "Пришли Катьку, страшно есть хочется".

Мяккім голасам заўважаю:

А нам здавалася, што вашае пакаленне толькі кароткі курс ведала.

І гэта ведала! - успамінна ўсміхнуўся мой суразмоўца.

Неяк я ў панібрацкім запале выгукнуў: "Цісну Вашу лапу!" і сумеўся. Броўка скрасіў маю збянтэжанасць: "А калі дзяўчыне дагодзіш, яна цябе гладзіць, прыгаворвае: "Лапушка мая". Адна актрыса з Віцебска пасля мне неяк хвалілася, што мае вершы Броўкі, напісаныя ў яе гонар. Пафас паэт любіў ва ўсім.

Апранаўся Броўка сціпла, але ўсё на ім заўсёды было вымыта і адпрасавана. А напярэдадні 70годдзя, на пачатку чэрвеня 1975 года, давялося ўбачыць зеляка зусім пазямляцку зямнога.

Званю ў дзверы. Адчынаяе мне выхудалы чалавек сталага веку ў традыцыйных шырспажывецкіх трусах і майцы. Жонка Алена Міхайлаўна было затукала на яго, чаму ў такім выглядзе, але гаспадар запярэчыў, што я свой.

Пачынаўся дужа спякотны чэрвень, а былому франтавому фотакарэспандэнту Аркашову захацелася як мага болей нарабіць кадраў юбіляра ў поўным парадзе, што называецца. На канапе ляжыць пінжак, дзе пачэплены ўсе ордэны, усе знакі і адзнакі.

Во, паглядзі, які цяжар на сабе трымаў, ды яшчэ пад сонцам. Ледзь не сканаў. І навошта мне гэта?

Крыху перавёў дых, паспакайнеў і тут жа дадаў:

Тут, Грышка, уся гісторыя беларускай савецкай літаратуры.

І смутак, і гонар, гаркота і асалода - усё, як у жыцці. Перада мной быў не ўсемагчыма аблаўрэачаны і ордэнаўвешаны Пятрусь Усцінавіч Броўка, а просты, як бы абскублены, ушацкі дед Стахван. І блізкі ён быў мне, і зразумелы. А сялянская ашчаднасць праявілася і ў маленькай заўвазе:

Але я ўзяў стары пінжак, бо добрага шкада, каб дзюркі круціць...

Гэткі ж самотны і бездапаможны ляжаў ён у двухпакаёвым нумары ў лечкамісіі. Глядзеў тэлеперадачу пра Ушаччыну.

Даверліва распавядаў Броўка, як падчас агрэсіі, якую пазней пасавецку сарамліва назвалі канфліктам на фінскай мяжы, Янка Купала хваліў Фінляндыю, фінскі народ, як абураўся ганебнай вайной. Значыць, давяраў Петруську (так пад добры настрой называў маладога сябра), бо за такія размовы абодва маглі апынуцца далёка на поўначы.

Праўда, я не спытаўся пра лесніка Шыманскага, які быў у купалаўскіх Ляўках, а ў вайну сустрэў Броўка гэтага яўна "мастацтвазнаўцу ў цывільным" у Маскве.

Затое пачуў распавяданне, як зайшоў неяк Броўка да аднаго пісьменніка. Той некуды адхінуўся, а на стале ў машынку закладзены ліст. Зірнуў госць, аж гэта данясенне ў нядрэмную ўстанову. А ўнізе подпіс: Беразняк . Спалохаўся я, успамінаў Броўка, адышоўся і гляджу ў вакно, як быццам нічога і не бачыў. Зусім нядаўна адзін наш паэт, які ад званка да званка адбыў сталінскія курорты і застаўся чалавекам і выдатным майстрам, пацвердзіў гэты псеўданім рупліўца, толькі ўдакладніў: Беразак. І мне прагадалася студэнцкая паездка на Случчыну, дзе ўпершыню пачуў, як на бярэзнік казалі там беразак . Гэты пісьменнік, якога цяпер называюць старэйшым, а раней удумлівым, што азначала занудлівым майстрам, родам лічыцца са Случчыны.

Страх, які перадаўся і маладзейшым, асабліва ўчэпіста трымаў Броўку. Ён, страх гэты, называўся пільнасцю. Ужо недзе ў канцы 70х гадоў пайшлі мы з Броўкам у "Юбілейны" гатэль да Якава Хелемскага, які асабліва шмат і выдатна пераклаў на рускую мову Петруся Усцінавіча. За невялікай чаркай разгаварыліся. Хелемскі пахваліў прызнанага мэтра: "А ты, Пятрусь, стаў пісаць лепей і лепей". Броўка ўзвіўся ў радасным забыцці: "А што раней? Нельга ні пра каханне, ні пра што людскае. Толькі ўра партыі, ура Крамлю!" Мяне як нячысцік пацягнуў: "Пятрусь Усцінавіч! Круціцца!" - і паказваю пальцам. Броўка ў запале не заўважае. Раптам, крыху астыўшы, пытаецца: "Што круціцца?" Жэстамі паказваю, што "службовы" магнітафон. "Ну, няхай круціцца. Не баюся я!", толькі на секунду паўза, і Броўка кажа: "Пойдзем на вуліцу, тут неяк душна. На вуліцы ж - вясна..."

Распавядаў мне Броўка і пра свае паездзіны ў Латвію ў саракавым годзе.

Па Рызе, яшчэ неаб'едзенай і неабабранай далучальнікамі да вялікага канцлагера, ідуць двое ў вайсковай форме, на грудзях па ордэну. Гэта Пятрусь Броўка і Міхась Лынькоў. Стомленыя і галодныя. Трэба ж недзе папасвіцца.

Броўка прапануе пашукаць нейкую сталоўку. Лынькоў толькі і паўтарае: "Уюнаша, я ўсё ведаю, бо за мяжой быў" (здаецца, у Чэхаславаччыне).

Пагадзіліся на тым, што зойдуць у маленькі рэстаранчык. І зайшлі.

Рэстаранчык утульны. Буржуі ў смокінгах. Амаль памаякоўскаму ядуць ананасы і жуюць ярабкоў. Неяк паасабліваму ціха і одумна. Буржуі адчуваюць сумны фінал, праўда, да канца не ўяўляючы, што іх чакае.

Калі зайшлі двое вайскоўцаў, усе неяк насцярожыліся і трывога, і цікаўнасць. Госці глядзяць у мяню. Броўка прапануе: "Возьмем нейкае варыва ды катлеты". Лынькоў за сваё: "Уюнаша, я ўсё ведаю..." Кліча афіцыянта і называе страву "Otto Schwarz». Афіцыянт ніякавее і перапытвае палатышску і на чужой яму расейскай мове, што панысаветы будуць есці. Броўка, як ўсягды, нервуецца і кажа, што трэба нешта прасцейшае і зразумелае. Лынькоў павышае голас і на ўсю зальку гучыць: "Otto Schwarz!" усе перастаюць есці і піць. Броўка: "Пойдзем мы адсюль". Лынькоў зноў сваю фразу паўтарае.

І тут пачалося.

Нясуць, як любіў некалі казаць Анатоль Астрэйка, мора закусі. Падносы ўгінаюцца. Гэта ўжо ў нейкі цырк ператвараецца. З'есці ўсё немагчыма. Буржуі ўжо не могуць стрымаць смех. Броўка: "Давай заплоцім і хутчэй выйдзем". Ды есці немагчыма. Як гэта ў Вушачы кажуць, пабарляліся троху. Заплацілі ды пад рогат выскачылі галодныя.

А трапілі пісьменнікіардэнаносцы ў самы элітны рэстаран (пасялянску думалі, раз маленькі, значыць, сціплы) і страва "Otto Schwarz" - фірменная для ўрачыстых вячэраў на дзесяць персонаў.

Ужо ў сямідзесятых гадах з усмешкай узгадваў, бывала, Броўка зноў пра пездзіны.

Дні савецкай літаратуры ў Польшчы. Якраз толькі што была задушана Пражская вясна. Савецкая імперыя ўкараняла панцыркамунізм (танкавы камунізм).

Едуць у глыбіні Польшчы. На дарогу, вядома, добра ўзялі таго, што мацуе дружбу спаміж народамі. У камфартабельным аўтобусе, як любілі пісаць журналісты, лёгкае ажыўленне. Але паступова яно затухае.

І ў нейкае паўзе стары польскі крытык падымае палец і гучна абвяшчае: "Польска чэка на свэго Дубчэка!" Маўклівая хвіліна. І рэзкі голас грунтоўнага крытыка рашуча перакрывае крытыка: "Я естэм стары сталініста, курва тваю маць". І ў збянтэжанай цішыні слабы голас празаікавай жонкі: "Мільч, холера..."

І зноў ужо грунтоўная цішыня на астатнія болей за дзвесце кіламетраў дарогі.

За савецкім часам акрамя жаху і галечы было і гумару. Усялякага.

Петрусь Юстынёнак (як звалі Броўку ў Пуцілкавічах да ўсіх пасадаў і ўзнагародаў) казаў і пра такі выпадак.

У вайну збіралі грошы на армію. І канкрэтна аднойчы на танкі. Усе давалі колькі маглі і не маглі. Здаў грошы і мітрапаліт. Прымала грошы камсамолка і запісала, што грошы здаў метрополит. Бо ведала метро і палітрукоў.. пра мітру і чуць не магла.

Былі, як цяпер, смешнаватыя, а на той час сумнаватыя здарэнні. Выходзіў чарговы том Збору твораў Броўкі з публіцыстыкай ды ўспамінамі. Я рэдактар Збору твораў. Выклікае намеснік галоўнага, аўтар эпахальных тамоў, ледзь не напісаў апухальных, і катэгарычна: "Ну, што, даскакаўся? Пішы тлумачальную запіску!", а ў карэктуры такая памылка: замест "партыя бачыць найдалёка" набралі "недалёка". Выходзіць, памылка палітычная, а не граматычная. Ведаючы, што Броўка б выгарадзіў мяне, адказваю, што тлумачальную запіску варта пісаць нам абодвум, бо ён жа, былы газетчык і пільны камуніст, падпісваў у набор тэкст. Абмяк. Броўку пра гэта не казаў, каб не расхваляваць без патрэбы.

А хваляваўся, здаралася, зямляк за земляка. Звоніць. Чую, узбуджаны нечым. Думаю, нехта нейкія чубы звёў. Прыходжу. Здагадаўся. "Гэта Вы наконт дэпутацтва, кажу, дык я б там не глядзеўся і аднаго б склікання не ўтрымаўся". - "Ну, дык ты не перажываеш?" - пытаецца. Адказваю, што не. "Падзякуй, кажа ўзрушана, сябрам і адной установе, бо такую характарыстыку далі як нацыяналісту і ненадейнаму". "У мяне, тлумачу, з гэтай установай любоў узаемная". А ж гэта Броўка вырашыў мяне зрабіць дэпутатам Вярхоўнага Савета. У тыя часы нават пазнейшае фармальнасці не было, ЦК і КДБ назначалі дэпутатаў. Калі пачалася гэтая валтузня, праз добрых людзей мяне папярэджвалі, каб не хадзіў да Навума Кісліка дамоў, не брахаў на ўладу. Бо тое, пра што гаварылася ў Навума, праслухвалася.

Праз колькі часу дайшло да мяне: болей за ўсё расхваляваўся Броўка не гэтулькі за тое, што я не прайшоў у дэпутаты, а што ўпершыню яго не паслухалі. Можа, пачалі і яму не давяраць.

На пасадзе старшыні Саюза пісьменнікаў Броўку паважалі. Падначаленыя непасрэдна па апараце СП ставіліся багавейна. Так, калі атрымаў я першы ордэр на кварэру, на хаду вырашылі замачыць. Генадзь Кляўко, Уладзімір Нядзведскі і я запрасілі раздзяліць радасць доўгі час нязменнага сакратара Міколу Ткачова. Пасля працоўнага дня селі ў кабінеце Броўкі (гэта ў старым яшчэ будынку) за Броўкаў стол. Каньяк, хлеб, сырыя яйкі. Асушылі па аной. Толькі я разбіў яйка аб аналагічныя "запчасткі" бронзавага каня, што ўпрыгожваў старшынёўскі стол, як Ткачоў прапанаваў перайсці на другі паверх. Бо гэта ж конь Петруся Усцінавіча. І "запчасткі" ў каня як бы Броўкавы.

Пра ідыятызм не вясковага жыцця, а савецкага, асабліва літаратурнага, можна казаць бясконца. І пры канчыне Броўкі ідыятызм гэты праявіўся.

Стаю ля труны. Дарагі мне чалавек. Старэйшы таварыш. Ушацкі. Усе словы блытаюцца ў галаве. Раптам падыходзіць нехта з рухавых членаў Саюза і віншуе мяне. Недаўменна, хутчэй машынальна пытаюся, з чым гэта? Той член і кажа: "Тваё прозвішча ёсць пад некралогам у "Правде". Не каменціруючы мінулае, зазаначу, што ў Саюзе пісьменнікаў сапраўдная вайна была - у падпісанты пад некралогам не трапіла цэлая група таварышаў на чале з Кірэнкам. Дабіліся праз ЦК, каб паўторна далі некралог усе беларускія газеты, дзе былі падпісаны ўсе, хто любіў бачыць сваё прозвішча разам з членамі ЦК.

Пра такіх партыйных работнікаў і членаў Саюза пісьменнікаў у Петруся Броўкі было добрае сырамятнае сялянскае слоўца - хамуты!

Рыгор Барадулін


Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А. А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск-34

Аб выпуску паштовай маркі і мастацкага маркіраванага канверта

Паважаны Алег Анатольевіч!

На Ваша пісьмо паведамляецца, што паштовая марка з выявай Лідскага замка будзе выпушчана ў паштовым блоку. Паштовы блок "Архітэктура старажытнай Беларусі" будзе складацца з дзвюх марак з выявамі Лідскага і Гродзенскага замкаў . Спецгашэнне паштовага блока адбудзецца ў г. Гродна. Выпуск блока запланаваны на жнівень 2005 г. дакладную дату выпуску ў абарачэнне Вы можаце атрымаць пазней у выдавецкім цэнтры "Марка" РУП "Белпошта" по тэлефоне 200 03 87.

Адначасова паведамляем, што выпуск мастацкага маркіраванага канверта з выявай Лідскага замка ўключаны ў тэматычны план выдання знакаў паштовай аплаты на 2006 год.

З павагай намеснік міністра - Н. С. Гаўрылава.


КАБ ВЕДАЛІ І ШАНАВАЛІ...

Не першы раз сустракаюць ў Бешанковічах пісьменніцу Вольгу Іпатаву. Тут карані матчынай радні, якая была актыўнай удзельніцай барацьбы з фашызмам (медалямі за гэта былі ўзнагароджаны ейны дзядзька Хведар ды маці Марыя). Тут сама яна вучылася спазнаваць роднае беларускае слова ды хадзіла ў вясковую школку ў вёсцы Забелле.

Сёлета яна прывезла ў раённую бібліятэку кнігі беларускай паэзіі ў перакладах на балгарскую і рускую мовы, а таксама і свае ўласныя кнігі, пазнаёмілася з паэзіяй свайго калегі, а таксама мясцовага барда Георгія Станкевіча і з выпускамі газеты "Кардон", які ажыццяўляе старшыня Бешанковіцкай суполкі ТБМ Валянціна Гракун. Яна перадала таксама фатакарткі і кнігі ўраджэнца раёна Сяргея Законнікава і выказала спадзяванне, што бібліятэка будзе праводзіць выставы твораў свайго выдатнага земляка, якому, дарэчы, у наступным годзе споўніцца 60 гадоў.

В. Іпатава адзначыла высокі ўзровень песняў Георгія Станкевіча, іх выкананне аўтарам і запрасіла яго ўдзельнічаць у З'ездзе беларусаў свету, які адбудзецца 1617 ліпеня ў Менску. Там жа прайшла і дыскусія аб свабодзе творчасці і грамадзянскай супольнасці, па поваду якой Валянціна Гракун прысвяціла сталічнай госці прачулыя і цёплыя радкі аб тым, як важна сустракацца не толькі з чытачамі, але і з мясцовай інтэлігенцыяй, даваць ёй зарад бадзёрасці і натхнення.

"Беларускія пісьменнікі ўжо даказалі, што яны служаць беларускаму Слову, а не ўладзе, якая, на жаль, ніяк не можа зразумець, што аснова любой дзяржавы - перш за ўсё нацыянальная ідэя і нацыянальныя інтарэсы, а не міфічныя аб'яднанні і не растварэнне ў іншым этнасе" - заявіла Вольга Іпатава. "Як бы нам ні было цяжка, але мы спадзяёмся, што моладзь ўсё болей паварочваецца да свайго роднага, беларускага. І нашая праца ўсё ж застанецца ў беларускім народзе і дасць свой плён".

Юрка Трубец.

На здымку : Ягор Фядзюшын, Вольга Іпатава, Валянціна Гракун, Георгі Станкевіч.


ДАРОГУ МОВЕ

З цяжкасцямі, але ўсё ж прабівае сабе дарогу беларуская мова на Кругляшчыне.

Вось нядаўна па ініцыятыве раён-нага вузла паштовай сувязі на паштовых скрынках раёна зроблен надпіс "Белпошта", размешчаны лагатып гэтай установы і надпіс "Выняцце пісем адбываецца ў -- гадзін. Выхадны нядзеля, панядзелак"

Я не ведаю, ці зроблены падобны надпіс на паштовых скрынках у Менску, іншых гарадах і раёнах Беларусі, а вось што ў суседнім Талачыне яшчэ з савецкіх часоў захаваўся надпіс "Почта" магу засведчыць асабіста , бо там бываю даволі часта.

І ў самай справе. Чаму б гэты досвед не пашырыць па ўсёй Беларусі?

Святаслаў Маканёк, Круглае.


НА ПАКЛОН ДА БЫКАВА

9-га чэрвеня, у нядзелю, нацыянальна арыентаваная грамадскасць адзначала чарговую гадавіну з дня нараджэння Васіля Быкава. Ужо два гады, як няма з намі апостала духу, і зараз мы яшчэ больш выразна разумеем незваротнасць гэтай страты. Зноў і зноў спрабуем асэнсаваць веліч яго пісьменніцкага таленту і значнасць грамадзянскай пазіцыі.

Менавіта ў гэты дзень сябры Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны накіраваліся на радзіму Васіля Уладзіміравіча, у Бычкі, каб пакланіцца яго памяці, пагутарыць з людзьмі, якія ведалі майстра слова, прыняць удзел у літаратурнакраязнаўчых чытаннях непасрэдна ў адноўленай хаце, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады пісьменніка. З вітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Віцебскай абласной рады І.А. Навумчык. Ён прыгадаў свае сустрэчы з Васілём Уладзіміравічам, спыніўся на працы таварыства ў плане ўшанавання памяці класіка нашай літаратуры. Ад імя арганізацыі ў музей былі перададзены асобнікі выдання "Васілёва зорка" - мастацкалітаратурнага праекту па выніках плянэру, праведзенага на радзіме Васіля Быкава 513 жніўня 2004 г. Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама В.А. Сулецкая перадала на захаванне музею малюнкі, зробленыя рукой Быкава. Усе выступоўцы падкрэслівалі тую неацэнную значнасць асобы пісьменніка ў жыцці нашага грамадства, якая, відаць, да канца яшчэ не асэнсаваная.

Асабліва кранальнымі былі ўспаміны роднай сястры майстра слова - Валянціны Уладзіміраўны. Яна прыгалада дзяіцячыя і юнацкія гады брата, яго інтарэсы і захапленні, выказала падзяку грамадскасці за памяць пра Васіля.

На працягу ўсяго дня чыталіся вершы, прысвечаныя пісьменніку.

Сярод удзельнікаў чытанняў былі і вядомыя на Віцебшчыне паэты, у прыватнасці, Давід Сімановіч, Лера Сом, Галіна Варатынская. Многія прысутныя ўпершыню адкрылі для сябе надзвычай таленавітага паэта і барда з Бешанковічаў Георгія Станкевіча. Яго патрыятычныя, лірычныя вершы і песні нікога не пакінулі абыякавым, увесь час суправаджаліся шчырымі апладысментамі і просьбамі праспяваць яшчэ.

Дзякуючы намаганням І.А. Навумчыка стала магчымым паралельнае правядзенне выязнога пасяджэння абласной рады ТБМ, дзе былі вылучаны дэлегаты для ўдзелу ў Рэспубліканскім з'ездзе арганізацыі, які мае адбыцца восенню.

Удзельнікі літаратурнакраязнаўчых чытанняў выказаліся за тое, каб зрабіць падобную імпрэзу традыцыйнай і праводзіць яе якраз у дзень нараджэння Васіля Быкава.

Юрась Бабіч, сябар Віцебскай абласной рады.


Памяці В. БЫКАВА


Ш Л Я Х

Ты з чужбіны вярнуўся

Да вытоку свайго,

А па ўсёй Беларусі

Гаманіла жніво...

Ад балюча знаёмых

Скрыжаванняў дарог,

На хвілінку дадому

Завярнуў цябе Бог.


Позірк добры і хмуры

Цэлы Свет пазнае...

І на твары культуры

Нашай - рысы твае.

Дзве жахлівыя лічбы

Палыхнулі бядой -

І прыкрыта люстэрка

Беларуссю - ўдавой.


Шлях апошні-няблізкі

Аднаму не прайсці,

Будуць людзі па Мінску

Крыж жалобны нясці...

А па ўсёй Беларусі -

Там дзе хлеб - васількі...

Ты за нас не хвалюйся,

Мы ж - твае землякі.


Наша неба нам -- мора,

Пушча нам - благадаць,

Нашы вочы -- азёры,

Дык чаму - не спяваць?

Беларусь - наша маці,

Неразрыўны мы з ёй,

А, каб праўду шукаці,

Шлях у кожнага - свой.

Васілёк.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзімір. Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Алякс. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галай Аркадзь Апанасавіч Гняткоў Валеры Грынько М.У. Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля М. Данілава Таццяна Даніловіч Мар'яна Даўматовіч Іван Уладзімір. Дрожынава Іна Аркадз. Ермакова Святлана Сярг. Ермалёнак Вітольд Антон. Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вік. Жукоўскі Ігар Жыгальская Вольга Анат. Залацілін Аляксандр Вал. Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зуёнак Васіль Васільевіч Ільініч Наталля Валянцін. Кавалёнак Л. П. Казлова Алена Казляк Любоў Кардаш Наталля Аляксан. Кароткі Мікалай Мікітавіч Картавенкава Галіна Пятр. Касяк Кастусь Кітурка Ірына Фёдараўна Кобер Таіса Корзун Валянціна Краснеўскі Віталь Сяргеев. Крываручанка Ігар Мікал. Ксянзоў Кірыл Уладзімір. Кулак Жанна Язэпаўна Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васіл. Лапкоўскі Алег Мікалаев. Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандр. Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Максімава Кацярына Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машынская Ірына Антон. Мікалаеўская Анастасія І. Місарэвіч Таццяна Іван. Місцюк Уладзімір Мікал. Місцюкевіч Аляксандр І. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцін. Мулашкіна Лізавета Дзм. Муха Анатоль Міхайлавіч Найдзёнава Вера Недзялкаў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Нікалаеўская Вольга Ігар. Новікава Марыя Сярг. Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Паўлоўская Ганна Валер. Пашкевіч Мікалай Іванав. Пашкевіч Таццяна Валер. Піскун Андрэй Анатольев. Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладз. Пятроў Аляксандр Алякс. Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамук Алена Русаў Пятро Аляксандр. Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Самасюк Аляксандр Міх. Сарокін Арцём Адамавіч Семяненка Максім Уладз. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Л. Смола Таццяна Стрыгельская Наталля А. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыч Ніна Лявонцеўна Сяменчык Настасся Мікал. Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Ул. Талапіла Алесь Львовіч Талерчык Тамара Васіл. Танкевіч Аляксандр Яўген. Ткачова Вольга Трацяк Вера Усцінава Людміла Нікіф. Хасанаў Ігар Хрол Часлаў Часлававіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цыганкоў Генадзь Васіл. Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарткоў Мікола Альгерд. Чыгір Клаўдзія Сцяпан. Чысцякоў Аляксей Уладз. Шалупенка Васіль Іванавіч Шымірка Анатоль Шычко Святлана Вячасл. Шэравера Руслан Уладзім. Язерскі Сяргей Яўцюшкіна Таццяна Ал. Ячачка Віктар


Сэрцу куток дарагі

Вясной гэтага года годна адзначылі беларусы Вільні 165-я ўгодкі з дня нараджэння Францішка Багушэвіча.

У Савічунскай бібліятэцы знаходзіцца куток паэта, кнігі даследчыка яго творчасці Ул. Содаля і Адама Мальдзіса.

Вучні беларускай школы Вільні наладзілі сяброўскія адносіны з вучнямі Рукайняйскай школы, сумесна ладзілі вечарыну, чыталі вершы Фр. Багушэвіча, аналізавалі яго творчасць. Пазней разам пасадзілі каля бібліятэкі, што знаходзіцца на вуліцы Фр. Багушэвіча, алею паэта, прапалолі зімнія кветкі. Напрыканцы арганізавалі круглы стол, дзе зноў чыталі вершы паэта. У апошнюю суботу траўня я зноў наведала радзіму паэта, прысутнічала на мерапрыемстве, якое ладзіў старшыня ТБМ Юрась Гіль. Адбылося асвячэнне крыжа ў Свіранах, асвяціў ксёндз Юзаф з Вострай Брамы, усе прысутныя прайшлі крыжовы шлях, чыталі малітвы пабеларуску. На мерапрыемстве выступілі Юрась Гіль, ён чытаў свае вершы, прысвечаныя Ф. Багушэвічу, старшыня ТБК Хведар Нюнька, прадстаўнікі адміністрацыі Віленскага раёна. Выступоўцы атрымалі ў падарунак кнігу Ул. Содаля "Святы той куточак, фальварак Свіраны" Дзейнічала выстава прац Таццяны Маркавец з Менска.

Кніга у асноўным адлюстроўвае дзейнасць старшыні ТБМ імя Фр. Скарыны Юрася Гіля. Гэта яго шматгадовымі намаганнямі ў Савічуках і Свіранах знаходзяцца памятныя дошкі, на скрыжаванні дарогі Свіраны - Кулі ўсталяваны крыж, пасаджаны дэкаратыўныя дрэўцы і кветкі.

У кнізе змешчаны фотаздымкі, на якіх адлюстраваны падзеі апошніх дзесяці год у гонар Фр. Багушэвіча. Я з задавальненнем прачытала кнігу. Яна асабліва цікавая для вучняў нашай школы, якія вывучаюць творчасць паэта і маюць магчымасць часта наведваць гэты дарагі для нас куточак Багушэвічавай радзімы. У кнізе змешчаны фотаздымак вучаніцы нашай школы Маргарыты Стральчэні з партрэтам паэта, які яна малявала да 160годзя Фр. Багушэвіча, у гэтым годзе Маргарыта закончыла 12 класаў і паступіла ў Менскі медыцынскі універсітэт, у кнізе ўпамінаецца яшчэ адна вучаніца нашай школы Наташа Танана, якая з Кулёў ездзіла ў Вільню, каб вучыцца ў беларускай школе, у гэтым годзе яна таксама закончыла 12 класаў і паступіла ў Наваполацкі універсітэт. Наташа атрымала ў падарунак кнігу. Кніга Ул. Содаля "Святы той кутачак фальварка Свіраны" яшчэ адна ахвяра ў скарбонку памяці паэта, дарагі падарунак для сучаснікаў, каму не абыякавы лёс роднай мовы, хто клапоціцца аб спадчыне Фр. Багушэвіча.

Леакадзія Мілаш, г. Вільня, настаўніца.

На здымках: 1. Свіраны, 28 траўня 2005 г. 2. Свіраны, 28 траўня 2005 г. Леакадзія Міла


Пра Быкава - у поўны голас

Крысціна Сегень , студэнт ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Кулік і вучань СШ №32 Гародні Зміцер Дуброўскі прызнаны пераможцамі конкурсу сачыненняў на тэму " З Васілём Быкавым у сэрцы ". Такое рашэнне было прынятае сябрамі рады Гарадзенскага гарадскога грамадскага аб ' яднання ветэранаў вайны , працы і Узброеных Сіл .

У дзень нараджэння Народнага пісьменніка ў памяшканні гэтага грамадскага аб'яднання сабраліся прыхільнікі творчасці Васіля Уладзіміравіча. Тут жа размясціўся музей Быкава. На стэндах знайшлі адлюстраванне шматлікія экспанаты. Ёсць рэдкія фотаздымкі, дакументы, уласныя рэчы празаіка, дасланыя з Менска жонкай В.Быкава-Ірынай Міхайлаўнай.

- Мы марым, што конкурс па творчасці Васіля Быкава, які пражыў у Гародні 25 гадоў, стане традыцыйным і будзе праводзіцца штогод, - кажа старшыня аб'яднання Мікалай Мельнікаў.

Гэтым разам удзел прымалі дзевяць навучальных устаноў - школ і гімназій. Іншыя кіраўнікі школ папросту адмахнуліся ад прапановы з боку грамадскай арганізацыі ўдзельнічаць у конкурсе, маўляў, не было загаду ад кіруючых органаў народнай адукацыі горада ці раёна.

Шэраг сачыненняў было па такіх творах Васіля Быкава, як "Аблава", "Жураўліны крык". Сяргей Кулік паразважаў аб уплыве твораў пісьменніка на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Шмат намаганняў прыклалі ў правядзенні конкурсу паплечнікі М.А. Мельнікава Ніна Іванаўна Лідская, Аляксей Сідаравіч Дземідовіч, Яўгенія Серафімаўна Багданава.

Антон Лабовіч, г. Гародня.


Калі хочаш стаць літаратарам…

Літаратурнае аб'яднанне "Наднёманскія галасы" ГрДУ імя Я. Купалы восем гадоў узначальвае выкладчыца Святлана Тарасава. Нядаўна яна брала ўдзел у творчай нарадзе кіраўнікоў і актывістаў літаратурных аб'яднанняў Гародні.

- Мы сабраліся ў Гарадзенскай гарадской бібліятэцы № 10. Тут, дарэчы, часцяком праводзяцца мерапрыемствы падобнага кшталту. І цяпер нас было блізу 30 чалавек. Гэта былі прадстаўнікі літаратурных аб'яднанняў "Грані", настаўнікаў горада, літаратурнай майстэрні "Нябесны знак" і іншых.

Што да нашага літаратурнага аб'яднання "Наднёманскія галасы", то яно працуе з 60х гадоў мінулага стагоддзя. Сотні маладых людзей з творчай жывінкай прайшлі праз гэтую школу. Тут дзяліліся досведам, выказвалі свае думкі пра літаратурнае майстэрства Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль, Апанас Цыхун, пісьменнікі маладзейшага пакалення - Ала Петрашкевіч, Марыя Шаўчонак, Юрка Голуб…

- Вашым непасрэдным папярэднікам на пасадзе кіраўніка аб'яднанне быў выкладчык універсітэта Мікола Мікуліч. Да яго з таленавітай моладдзю працаваў паэт Міхась Губернатараў…

- Вы хочаце сказаць, што прыйсці на змену гэтым асобам не так проста? Гэта так. Было выдадзена некалькі паэтычных зборнікаў. Напачатку і ў сярэдзіне 90х гадоў назіраўся творчы ўздым, выкліканы з'яўленнем у аб'яднанні таленавітай моладзі, найперш Юрася Пацюпы, Анатоля Брусевіча, Юрыя Гуменюка. Іх імёны і цяпер на слыху. Кожны мае свой непаўторны голас. Пазней далучылася Васіліся Пазнухова. Яе вершы вылучаюцца свежасцю вобразаў, адметным мысленнем. Цяпер Васіліса жыве ў Лідзе.

Што і казаць, шкада расставацца з разумнымі хлопцамі і дзяўчатамі, але яны атрымоўваюць дыпломы, уладкоўваюцца на работу, ствараюць сем'і. Узыходзяць, так бы мовіць, на чарговую жыццёвую прыступку. Мы падчас нядаўняй нарады раіліся, як зрабіць так, каб творчы чалавек пасля заканчэння універсітэта не страціў сувязяў з літаратурным аб'яднаннем, арганічна перайшоў у іншае, "дарослае". Гэта магчыма, калі будзе абмен інфармацыяй паміж літсуполкамі, пастаяннага зацікаўлення лёсам маладых паэтаў і празаікаў.

- Філасофія жыцця якраз і заключаецца ў тым, што нехта адыходзіць, а нехта з'яўляецца. Літаратурныя старонкі абласной "Гродзенскай праўды", універсітэцкай шматтыражкі, газет "Перспектива", "Аркуш", "Вечерний Гродно" змяшчаюць творы пачаткоўцаў, у тым ліку і студэнтаў.

- Гэты працэс непарыўны. Штогод у верасні мы запрашаем усіх ахвочых студэнтаў далучыцца да нашага літаратурнага аб'яднання. Тут працую не толькі я, але і мае калегі з розных факультэтаў. Зараз творчыя студэнты выпускаюць свае бюлетэні, дзе друкуюцца, ствараюць Інтэрнэтсайты факультэтаў, груп, інтэрнатаў, уласныя. Трэба парупіцца, каб не ўпусціць з поля зроку таленавітага чалавека.

- І ўдаецца?

- Пра гэта найлепш сведчыць практыка. Вось Ганна Аўчыннікава ў пачатку года надрукавала свае вершы ў часопісе "Дзеяслоў". У яе амаль гатовы першы зборнік. Будзем старацца, каб знайсці магчымасць надрукаваць яго.

З'яўляюцца ў друку спробы пяра Алесі Бялянік, Юлі Стрыжовай, Вольгі Астроўскай, Наталлі Мелікавай, Віктара Праневіча, Яўгена Скрабутана, Дзмітрыя Томчыка. Заўважу, што цяперашняя "інтэрнэтаўская" моладзь спрабуе сілы не толькі ў чыста літаратурных жанрах, але імкнецца праявіць сябе ў журналістыцы, літаратурнай крытыцы, эсэістыцы. Гэта новая рыса сучаснага нам сябра літаратурнага аб'яднання.

- Моладзі ўласцівы максімалізм. Яна калі ўжо захопіцца камп'ютэрам, то за вушы не адцягнеш. Усё іншае нібыта сыходзіць з парадку дня…

- Гэта як сказаць. За ўсіх не скажу, а вось мае падапечныя ахвотна адгукаюцца на прапановы выступіць перад школьнікамі, аднакурснікамі, ладзяць вечарыны, сустракаюцца з вядомымі пісьменнікамі, як нядаўна з Нілам Гілевічам.

Часцяком ездзім па знакамітых мясцінах. Былі ў пасёлку Астрына - радзіме Цёткі (Алаізы Пашкевіч), наведалі Вязынку, непарыўна звязаную з імем Янкі Купалы. Падтрымліваем сувязі з літаратурнымі аб'яднаннямі іншых ВНУ. Урэшце, пісьменнік не можа жыць адасоблена, ён павінен быць у гушчыні жыцця, чытаць свае творы, слухаць заўвагі і крытычныя водгукі, якімі б яны горкімі не былі. Так нараджаецца чалавек як творца.

Інтэрвію правёў Антон Лабовіч, Гародня.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX