Вярнуцца: 2005

№ 26 (712)


Крыніца: pawet.net.



26 (712) 13 ЛІПЕНЯ 2005 г.

16 - 17 ліпеня IV з'езд беларусаў свету

105 гадоў з дня народзінаў Уладзіміра Дубоўкі

Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка нарадзіўся 15.07.1900 г. у в. Агароднікі Пастаўскага раёна. Скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, Вышэйшы літ.- маст. ін-т імя В. Брусава (1924). У 1922-25 адказны сакратар пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР. У 1924-27 выкладчык бел. літаратуры ў Камуніст. ун-це народаў Захаду, у 1926-30 рэдактар Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР. У 1930 арыштаваны і асуджаны на высылку ў Яранск, у 1937 - на10 гадоў пазбаўлення волі. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Аўтар зборнікаў вершаў "Строма", "Трысцё" і інш., паэмаў "Там дзе кіпарысы", "Браніслава", прыгодніцкіх аповесцяў для дзяцей "Жоўтая акацыя", "Ганна Алелька" і іншых твораў. Шмат перакладаў.

Памёр 20.3.1976 г.


Яшчэ раз пра падпіску

Старшыня ТБМ Віленскага краю Юры Гіль шмат працуе на ніве беларушчыны. Праз "Наша слова мы стала даведваемся пра плён дзейнасці арганізацыі, якую ён ачольвае. Сёлета, годам, акрамя іншага, ён намагаецца зрабіць падарунак сваёй роднай Параф'янаўскай СШ Докшыцкага раёна - выпісаць на школьную бібліятэку газету ТБМ "Наша слова". Аднак да гэтага часу ягоныя добрыя намеры не знаходзяць паразумення ў адміністарцыі школы.

З гэтай нагоды спадар Гіль двойчы звяртаўся ў Міністэрства адукаці Беларусі. І за другім разам атрымаў ліст, у якім хоць і няма наўпроставага адказу на пытанне, чаму ён не можа выпісаць на школу газету "Наша слова", але ў ім шмат цікавай і карыснай інфармацыі. Таму лічым неабходным давесці поўны тэкст гэтага ліста да ведама настаўнікаў, адміністрацыі школ, усіх чытачоў "Нашага слова".


Гіль. Ю.

вул. Рудас, 36, кв. 16,

г. Вільнюс

У сувязі з Вашым паўторным пісьмом упраўленне агульнай сярэдняй адукацыі паведамляе наступнае.

Яшчэ раз пацвярджаем, што Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўпраўленням адукацыі аблвыканкамаў і камітэту па адукацыі Мінскага гарвыканкама арганізаваць у 2005 годзе падпіску ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, найперш на тыя выданні, заснавальнікам якіх з'яўляецца Міністэрства адукацыі. Гэта "Настаўніцая газета", газеты "Раніца", "Знамя юности", "Переходный возраст", журналы "Роднае слова", "Народная асвета", "Пралеска" "Пачатковая школа", "Беларускі гістарычны часопіс" і інш. а таксама на перыядычныя выданні рэдакцыйна-выдавецкай установы "Літаратура і мастацтва" (часопісы "Полымя", "Маладосць", штотыднёвік "Літаратура і мастацтва" і інш.).

Падпіска ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца па рашэнні педагагічнага савета ўстановы, найперш на выданні, неабходныя для арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу, і з'яўляецца добраахвотнай справай кожнай навучальнай установы.

Для станоўчага вырашэння Вашага пытання раім звярнуцца персанальна да тых настаўнікаў Параф'янаўскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна, каму неабходна газета "Наша слова" у навучальна-выхаваўчай дзейнасці, і арганізаваць ім падпіску на гэтае выданне.

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі У. К. Шчэрба.


ПАДЗЯКА

Гарадзенская абласная арганізацыя ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" выказвае шчыры "Дзякуй" кіраўніку фірмы "Свідравіна" Зылькову Сергею Паўлавічу, прадаўцу будматэрыялаў, інжынеру-кабельшчыку, эколагу за фінансавую дапамогу пры падпісцы на ІІ паўгоддзе 2005 года газеты "Наша слова" для 53 сельскіх бібліятэк і сярэдніх школ Гарадзенскай вобласці.

Ад імя абласной Рады ТБМ імя Ф. Скарыны

А. Місцюкевіч.


ШОСТАЕ ПАЧУЦЦЁ, ВОСЬМЫ ЦУД СВЕТУ...

Ёсць у нашай мове, як і ў шмат якіх іншых мовах, фразеалагізм шостае пачуццё - калька з французскай (sixieme sens) або англійскай (sixtn sense) моў. Ён абазначае "здольнасць інтуітыўна ўспрымаць, прадбачыць, угадаваць штонебудзь". Вось некаторыя прыклады ягонага ўжывання ў маўленні: " Ён смутна , шостым пачуццём , як заўсёды пазнаеш знаёмае , пазнаў словы , мабыць , першага прыпеву " (У. Караткевіч); "Я ганарыўся, радаваўся, што шостае пачуццё мяне не падвяло і што маё каханне з першага погляду мае пад сабой рэальную, урадлівую глебу" (У. Міхно); "Сабака, дзякуючы свайму шостаму пачуццю, загадзя ведаў аб лёсе свайго гаспадара і прыбег на апошняе з ім развітанне" (Ф. Аляхновіч).

Выток гэтага выразу, здаецца, зразумелы: чалавек і вышэйшыя жывёлы ўспрымаюць з'явы навакольнага асяроддзя з дапамогай пэўных органаў пяці пачуццяў - зроку , слыху , нюху , смаку , дотыку . Выразам шостае пачуццё назвалі інтуіцыю - як дапаўненне да гэтых пяці пачуццяў. Першы, лічэбнікавы кампанент гэтага фразеалагізму не можа быць заменены ніякім іншым. Але супаставім надуманую, памылковую, нелагічную замену ў такіх кантэкстах: "Нешта тут не так", сёмым пачуццём Аляксандр адчуваў, што ўсё тут намнога складаней" (І. Дуброўскі); "Пуол вышмыгнуў за дзверы. Ён нейкім дзесятым пачуццём улавіў: гэта той Яго Вялікасці Выпадак, які трэба хапаць за хвост" (П. Міська); "Люба нейкім, як кажуць, сёмым пачуццём адчувала, што размова Ашота па тэлефоне будзе тычыцца яе" (В.Праўдзін). У апошнім прыкладзе ёсць і стылеўказальная ці засцерагальная агаворка, як кажуць , але менавіта т а к не кажуць, дакладней, не павінны казаць.

Выраз шостае пачуццё паводле этымалагічнай асновы свайго ўзікнення мае падабенства да выразу восьмы цуд свету , які прыйшоў у нашу мову і многія іншыя мовы як калька з англійскай мовы (eighth wonder of the world ) і абазначае "штосьці дзіўнае, велічнае, незвычайнае". Два прыклады: "Калі і ёсць у нас нейкі варты самага шчырага здзіўлення і захаплення "кантэкст", дык менавіта наш "восьмы цуд свету", наша літаратура, якой адкрыта зайздросцілі самыя аўтарытэтныя знаўцы многіх народаў" (Г.Шупенька); "І вось у беднай краіне пачынаецца будаўніцтва прызначанага здзівіць свет хрустальнага палаца, восьмага цуду свету" (С. Букчын).

А склаўся гэты фразеалагізм так. У старажытныя часы лічылася, што на зямлі ёсць сем цудаў свету - грандыёзных надзвычайных збудаванняў: егіпецкія піраміды, вісячыя сады Саміраміды, храм Артаміды ў Эфесе, пахавальня Маўсола ў Галікарнасе, Калос радоскі (медная статуя на востраве Родас), маяк на востраве Фарос, статуя Зеўса ў Алімпіі. У наш час выкарыстоўваюць выраз восьмы цуд свету для абазначэння чагосьці новага, нечаканага, надзвычайнага, як бы адштурхоўваючыся ад згаданых даўнейшых сямі цудаў (дарэчы, з магічным лікам "сем", які называюць лікам гармоніі і нябеснай дасканаласці; параўнаем: сем піарамід, сем мудрацоў, сем дзён у тыдні, сем колераў вясёлкі, сем нот, сем адтулін галавы, сем шыйных пазванкоў...)

Зразумела, што, калі б хтонебудзь замест нарматыўнага, правільнага восьмы цуд свету ўжыў "дзевяты" ці "дзесяты" (цуд свету), гэта было б недарэчна, нелагічна. Памылкова, як недарэчным з'яўляецца і выкарыстанне замест правільнага шостае пачуццё памылковага "сёмае", "восьмае" "дзесятае" (пачуццё).

Са сказанага, аднак, не вынікае, што ў фразеалагізмах нельга замяняць лічэбнікавы кампанент. Усе мы ўжываем, напрыклад, сёмая вада на кісялі і дзесятая вада на кісялі , да сёмага поту і да дзесятага поту, сёмая (дзесятая) спіца ў коле . І гэтыя варыянты фіксуюцца слоўнікамі як нарматыўныя, цалкам прымальныя і дапушчальныя. Але такая варыянтнасць капанентаўлічэбнікаў пашыраецца звычайна на фразеалагізмы, у аснове якіх нерэальны вобраз, пабудаваны на тым ці іншым мастацкім прыёме: гіпербале, літоце, іроніі, алагізме і г.д. на пачатку свайго фразеалагічнага жыцця гэтыя выразы ўжываліся толькі з кампанентам сёмы (ў розных яго склонавых формах), які першапачаткова абазначаў дастаткова вялікі лік. Пасля сёмы акруглілі, паралельна сталі ўжываць і дзесяты . Сэнс фразеалагізму ад такой замены не змяняўся, адчувалася тая самая нерэальнасць вобраза.

Што да этымалагічнай асновы фразеалагізму на сёмым небе , то яе толькі адносна можна лічыць нерэальнай. Выток фразеалагізму - уяўленні старажытных грэкаў, арабаў пра будову свету: купал неба нібыта складаецца з сямі крыштальных сфер; на верхнім, сёмым небе, дзе знаходзіцца Бог, рай, царства нябеснае. На аснове гэтых уяўленняў склаўся фразеалагізм са значэннем "празмерна шчаслівы, вельмі задаволены": "Яны і бацькі іх будуць на сёмым небе" (Я. Колас); "Я быў, як кажуць, на сёмым небе" (М.Хведаровіч). Ён супадае сваім значэннем, вобразнасцю, лексічным значэннем, граматычнай стуктурай з такімі ж адпаведнікамі ў славянскіх, а таксама англійскай, нямецкай і некаторых іншых мовах. Фразеалагізм прыйшоў ва ўсходнеславянскія мовы, відаць, як калька з французскай мовы (au septieme ciel) .

Зыходная вобразнасць скалькаванага фразеалагізму сучаснымі носьбітамі мовы не ўсведамляецца, і гэтым можна вытлумачыць з'яўленне ў некаторых беларускіх гаворках варыянта на дзесятым небе . Варыянт стаў шырока выкарыстоўвацца і ў літаратуры: "На дзесятым небе быў, калі набіў зернем першы бункер" (А.Мальдзіс); "Ніна была на дзесятым небе ад радасці" (М.Лобан); "А калі ты падорыш мне дачку, а пасля і сына, дык мы на дзесятым небе будзем" (І.Козел); "Жэня быў на дзесятым небе ад радасці" (В. Праскураў). Ужыванне гэтага варыянта ў літаратурнай мове, народжанага па аналогіі з выразамі сёмая (дзесятая) вада на кісялі, да сёмага (дзесятага) поту , няма падставы кваліфікаваць як адхіленне ад нормы. Дарэчы, у сербскахарвацкай літаратурнай мове нормай лічыцца на деветом небу . У беларускіх слоўніках апошніх гадоў фразеалагізм падаецца ў форме на сёмым (дзесятым ) небе.

Калі цяпер вярнуцца да апісаных вышэй фразеалагізмаў шостае пачуццё і восьмы цуд свету і задумацца, а ці не можа і з імі здарыцца такое ж, як з выразам на сёмым небе , дык адказ павінен быць толькі адмоўным. Яны трывала захоўваюць і надалей будуць захоўваць сваю адзіную, безварыянтную форму ва ўсіх ці амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах.

Іван Лепешаў.


БЕЛАРУСКАЯ МОВА

Даклад сп. Змітра ВАЛАДКЕВІЧА, прачытаны на чэрвеньскім сходзе нью-ёрскага аддзелу БАЗА 12 чэрвеня 2005 года

12 чэрвеня ў грамадскай зале пры Саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне адбыўся чарговы сход Нью - Ёрскага аддзелу БАЗА . Былі разгледжаны падзеі ў Беларусі і вакол яе . Малады сябар аддзелу Зміцер Валадкевіч выступіў з дакладам пра беларускую мову і неабходнасць яе вывучэння . З невялікімі скаротамі прапануем гэты даклад нашым чытачам.

Я хачу данесці да вас наступныя словы пра нашую родную мову, каб вы лепш прыгледзеліся да таго нашага, што ёсць у нас, і пра што мы часам забываем. Таго нашага, што дае нам больш сілаў і што патрэбна для існавання нашай нацыі. Сілы ў нас заўжды ёсць! Толькі трэба адчыніць у нутры нас патайныя дзверы і мы вызвалім столькі жыццёвай энергіі, што нам проста і не снілася. І як раз цяпер нам неабходна гэтая энергія, калі на нашай радзіме творыцца вялікая несправядлівасць. Дык вось, адным з галоўных ключоў, якім мы адчынім гэтыя патайныя дзверы, і з'яўляецца нашая родная беларуская мова.

Паглядзіце на іншыя народы. Усе яны сталі на свае ногі, не з'яўляюцца адсталымі, яны гавораць на сваіх родных мовах! Гляньце на ўсход.... Краіна Ўзыходзячага сонца... Як далёка яна прасунулася ў сваім развіцці. Японцы маюць толькі адную дзяржаўную мову. Так і іншыя развітыя краіны.

А нашыя знакамітыя нацыянальныя дзеячы, як Францішак Скарына - хіба яны ўзбагачалі нашую мову толькі дзеля таго, каб мы яе забылі? Каб мы страцілі нашую нацыянальную еднасць, нашую культуру, неад'емнаю часткай якіх і з'яўляецца нашая родная мова?

Трэба браць прыклад з такіх нашых землякоў, як Скарына. Ён зрабіў шмат для беларускай нацыі, і ягонаю моваю была беларуская. Скарына - гэта наш гонар, традыцыя, нашая гісторыя. А гэта ўсё і ёсць нашая сіла! А сіла нам неабходная дзеля барацьбы з злачынцамі, якія жывуць у нашай краіне і забіваюць наш народ як фізічна, так і маральна. Выйграе толькі моцны. Дык давайце ж збяром усе нашыя сілы. Давайце гаварыць толькі пабеларуску. А расейская мова будзе замежнаю для нас і не будзем рабіць яе роднаю. Бо складаецца такое ўражанне, што мы з Расеі, калі гаворым парасейску. Давайце зробім так, каб усе мы гаварылі па беларуску. Давайце будзем ведаць нашу родную мову лепш за замежныя.

Успамінаю адзін выпадак са мною. Разгаварыўся быў з знаёмым амерыканцам. І ён спытаў мяне: "А як пабеларуску...?"

Я дакладна ня памятаю, якое слова ён хацеў ведаць, але факт у тым, што я не ведаў гэтага слова па беларуску, толькі парасейску ды паангельску. Тады ў мяне на душы стала неяк кепска.

Я лічу, што даведвацца новае пра нашую мову - гэта вельмі цікава. А падругое, нашы веды - гэта зброя супраць любога ворага. І калі ўсё скласці разам: і нашую мову, і веды пра родную мову, і веды па гісторыі, традыцыях беларусаў, тады мы знішчым тое зло, якое ёсць на нашай Радзіме! Таму я коратка прабягуся па гісторыі роднай мовы.

Першыя пісьмовыя помнікі з рысамі беларускамоўных асаблівасцяў з'яўляюцца у 13м ст. ("Дамова смаленскага князя Мсціслава з Рыгаю і Гоцкім берагам", 1229). Старабеларуская літаратурная мова сфармавалася у сярэдзіне 15га ст., калі беларускія рысы набылі ў пісьменнасці значэнне літаратурнай нормы.

У часы Вялікага Княства Літоўскага беларуская мова была дзяржаўнаю на тэрыторыі Княства. Ёй карысталіся таксама і ў Польшчы, напрыклад, каралі Ягайла і Жыгімонт. Ёй таксама карысталіся князі Малдовы і Валахіі. На ёй былі запісаныя законы, статуты ВКЛ. Вялікі ўнёсак у развіццё беларускай мовы зрабіў Францішак Скарына, які пераклаў на беларускую мову Біблію. Вялікі ўнёсак у развіццё нашай мовы зрабілі такія дзеячы, як С. Будны, В. Цяпінскі, Л. Зізані, Л. Карповіч, М. Сматрыцкі ды інш.

У 1617 ст. ст. беларуская мова ўжывалася ва ўсіх відах пісьмовасці. Аднак напрыканцы 16га ст. адбывалася ўзмоцненая паланізацыя. Таму беларуская мова пачала мэтанакіравана выцясняцца з дзелавой пісьменнасці польскаю моваю.

У 1696 годзе афіцыйна забаранілі ўжыванне беларускай мовы як дзяржаўнай і дзелавой. Але людзі ўжывалі яе ў вуснай гутарцы. Далучэнне Беларусі да Расеі ў 1772-1795 г.г. таксама спрыяла змяненню беларускай мовы. Новая літаратурная мова пачала стварацца ў першай палове 19га ст. на жывой гутарковай аснове. Пасля кастрычніцкага перавароту беларускі народ атрымаў права карыстацца роднаю моваю ва ўсіх сферах дзяржаўнасці і культуры. Літаратурная беларуская мова ў працэсе свайго развіцця сінтэзавала важнейшыя рысы большай часткі беларускіх гаворак. А што было далей, вы ведаеце? Яна пацярпела шмат уціску з боку камуністычных уладаў. Гэтыя рэпрэсіі даходзілі да таго, што фактычна яе забаранялі выкарыстоўваць. Нягледзячы на гэта, яна жыла. Жыла ў тых беларусах, якія не спалохаліся дзяржаўнага прыгнёту ды НКВДыстаў і КГБэшнікаў. Далей, пачынаючы дзесьці з 80х гадоў уціск ворагаў беларускай мовы прыняў іншую форму. Напрыклад, пачалі з'яўляцца розныя тэорыі, пабудаваныя на хлусні. Адныя даказвалі, што нашая мова дрэнна ўплывае на галасавыя з'вязкі, другія казалі - на інтэлект і г.д. Ужываліся розныя прыёмы ўздзеяння на беларускі народ: праз тэлебачанне, радыё, газеты. Нават зараз ёсць беларусы, якія ходзяць па беларускіх вуліцах і не ведаюць, што ім хлусяць, ім плююць у твар. Яны не заўважаюць гэтага. Такім людзям патрэбная дапамога. Трэба іх навучыць, даць веды і не баяцца ціску. Чаму гэта не можам быць мы? Мы будзем вучыць нашую мову, затым пачнем навучаць беларускай мове тых, хто ў гэтым мае патрэбу. Сіла ў праўдзе. Веды - гэта сіла. І сіла заўжды жыве ў нас. Нашая родная мова - гэта сіла. І гэту сілу мы можам выкарыстоўваць не толькі ў барацьбе, але і ў штодзённым жыцці. Мы пазбудземся нястачы, якая пазбаўляе нас сілы. А сілы нам вельмі не хапае сёння. Яе не хапае кожнаму беларусу, які жыве у Беларусі ці ў замежжы. Калі мы будзем ведаць родную мову, тады мы адчуем нашую нацыянальную годнасць. Мы адчуем, што ёсць такая нацыя, беларусы! Ёсць мы! Мы адчуем нашую еднасць, збяромся і пакажам ўсяму свету, хто ёсць мы! Чаму мы не лепшыя за Японію? Чаму мы не лепшыя за Нямеччыну альбо Амерыку? Ды ў кожным з нас ёсць усё, каб быць не горшымі за іншых! Мы можам быць нават лепшымі за амерыканцаў ці японцаў. Беларусь можа быць лепшаю за Японію ды Амерыку! Нам трэба толькі нашая родная мова! Мы павінны вывучаць яе!

Не трэба, каб мы гаварылі іншаземцам, што мы з Расеі. Давайце пакажам ім, што ёсць краіна Беларусь. Ёсць моцная краіна, якая мае усё, каб быць на ўзроўні іншых дзяржаваў. У яе ёсць усе шанцы перагнаць іншыя краіны. У нас ёсць свая родная мова. Ёсць незалежнасць! Дык навошта нам выкарыстоўваць у зносінах расейскую мову? Нам не патрэбная яна! Мы - беларусы!!! Мы маем уласную мову! І яна нашая, родная... І мы моцны народ, моцная нацыя! У нас, беларусаў, у генах закладзены той цудоўны механізм, што калі мы гаворым пабеларуску кожны дзень, то ён пачынае працаваць, вырабляць энергію, неабходную для нашай дзейнасці. Тады мы пачынаем думаць, як сапраўдныя беларусы. Мы тады ўжо не расейцы і не амерыканцы. І кожны з нас не горш за расейца, японца ці амерыканца. Давайце ж вывучаць і ведаць нашу родную беларускую мову!

Паводле "Беларус" №510.


59-ы штогадовы з'езд ЗБВБ

У суботу, 11 чэрвеня 2005 года, адбыўся 59-ы гадавы з'езд Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытані. Паседжанне пачалося а 2-й гадзіне папаўдні ў Беларускім Культурна-Рэлігійным цэнтры на 39 Holden Rd у Лондане.

Старшыня Галоўнай Управы ЗБВБ сп-ня Лёля Міхалюк адкрыла з'езд прывітаннем усіх удзельнікаў і папрасіла прысутнага а. Аляксандра Надсана памаліцца з усімі за поспех з'езду.

Пасля малітвы была абраная мандатная камісія ў складзе сп. сп. Г. Пікарды М. Баяроўскага і С. Будкевіча, якая зверыўшы картатэку сяброў ЗБВБ са спісам прысутных, дэкляравала з'езд правамоцным.

У прэзідыюм з'езду былі абраныя сп. сп. П. Шаўцоў. М. Пачкаеў, Ясіловіч. Старшыня саступаючай Управы здала справаздачу з дзейнасці ЗБВБ за апошні год. Яна таксама зачытала справаздачу аб фінансавых справах арганізацыі, бо скарбнік С. Пяткевіч з-за стану здароўя не змог пры-сутнічаць. Абсалютовыюм саступаючай Управе, які прапанаваў сп. С. Будкевіч, быў падтрыманы адзінага-лосна.

Пасля гэтага пачаліся выбары новай Галоўнай Управы. Пасля дыскусіі адносна кандытатаў на гэтую пасаду старшынём, як і раней, была абраная Лёля Міхалюк. Заступнікам Старшыні стаў Мікола Пачкаеў, сакратаром і скарбнікам Сяргей Пяткевіч. Ва Ўправу былі абраныя: П. Шаўцоў і А. Сенька, у наглядную раду спадары Ясіловіч, Вінаградаў і Калінін.

Новаабраная Старшыня ЗБВБ спн. Лёля Міхалюк падзякавала з'езду за давер і прапанавала закон-чыць з'езд адспяваннем нашага нацыянальнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Прыемна было бачыць на з'ездзе шмат новых маладых сяброў.

Пачастунак быў прыгатаваны сяброўкамі арганізацыі. Пры чарцы віна час праляцеў хутка, і трэба было вяртацца да сваіх куткоў.

Жыве Беларусь!

Сільвестар БУДКЕВІЧ Паводле газеты "Беларус" № 510..


Заявіць пра сябе па-беларуску

Па ўжо даўно забытай прычыне фестываль беларускамоўнай рок-музыкі "Басовішча" праходзіць у Польшчы. "Басовішча-2005" пройдзе 22-23 ліпеня, а на мінулым тыдні ў Менску адбыўся адборачны тур конкурснай часткі фестывалю.

Паводле слоў аднаго з арганізатараў адбору маладых беларускіх груп на ўдзел у "Басовішчы" Віталя Супрановіча: "Сёлета тут сабралася шмат групаў з ужо вядомымі імёнамі, вы-пушчанымі альбомамі і вя-лікім патэнцыялам."

Своеасаблівым лейтматывам вечарыны сталі словы: "Не спыніць" з песні групы "Водар Сусвет". Сапраўды колькі б не давялося адным ездзіць на з'езды ў Вільню ці Смаленск, а другім на фестывалі ў Польшчу, рух да нацыянальнага самавызначэння не спыніць. І хутка і з'езды і фестывалі будуць дома.

У фінале канцэрту перад падвядзеннем вынікаў адборачнага тура фестывалю "Басовішча-2005" на сцэну выйшаў лідар групы "Нейра Дзюбель" Аляксандр Кулінковіч і прысвяціў песню "Жыццё" памяці Васіля Быкава.

З 20 удзельнікаў было адабрана 7 груп, а ле і тых хто трапіў у фінал, і тых, хто застаўся за бартом, а таксама гледачоў і слухачоў больш за ўсё радавала, што так шмат людзей спявае па беларуску, а калі так шмат спявае, то колькі ж лухае?..

Наш кар.


Ксты...

Менавіта такую назву мае новая кніга класіка беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна. Яе прэзентацыя адбылася ў Чырвоным касцёле 23 чэрвеня. Укладальнікамі кнігі з'яўляюцца магістр тэалогіі ксёндз Уладыслаў Завальнюк і кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ала Сакалоўская. Праца над літаратурна-мастацкім выданнем працягвалася з кастрычніка 2004 года. У ёй выкарыстаны фотаздымкі з архіваў Сяргея Шапрана і Алы Сакалоўскай.

У прэзентацыі прынялі ўдзел і выступілі з прамовамі: Уладыслаў Завальнюк, Андрэй Абламейка, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч і заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Рагаўцоў, мастак Рыгор Сітніца, кіраўнік ПЭН - цэнтра Беларусі Лявон Баршчэўскі, паэты Генадзь Бураўкін і Уладзімір Някляеў, Ала Сакалоўская.

У зале прысутнічала шмат прадстаў-нікоў беларускай эліты: Сяргей Законнікаў, Сяргей Панізьнік, Адам Мальдзіс, Уладзімір Вішнеўскі, Арлен Кашкурэвіч, Вікторыя Кустава, і іншыя...

У мерапрыемстве прыняло ўдзел каля 200 чалавек. Менавіта такі наклад кнігі "Ксты". Усе прысутныя мелі магчымасць набыць яе ў шапіку ля касцёла. Амаль усе асобнікі літаратурна-мастацкага выдання былі прададзены, але некалькі кніг там яшчэ засталося.

Літаратурна-мастацкае выданне каштуе 7 тысяч. Хочацца падзякаваць Рыгору Барадуліну, які падараваў нам цудоўныя вершы, што былі напісаны ў 1996-2005 гадах.

Аляксей Шалахоўскі.


"АМЕРЫКА" па - беларуску

У Менску выйшаў Інфармацыйны бюлетэнь амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі "АМЕРЫКА".

Бюлетэнь выйшаў на беларускай мове фарматам А4 на 4х старонках і ўтрымоўвае шэраг цікавай і карыснай інфармацыі пра ўзаемадачыненні ЗША і Беларусі ў розных сферах жыцця.

У бюлетэні змешчаны "Зварот Пасла Джорджа Крола", заява Пасла Джорджа Крола "З Днём Перамогі", артыкулы "Намеснік пасла звярнулася да ўдзельнікаў сустрэчы з нагоды публікацыі кнігі аб амерыканскай дапамозе Беларусі", "Кандаліза Райс выказалася наконт Беларусі", "Ваенныя аркестры ЗША і Беларусі разам выканалі "Дзень Перамогі", "У пошуках Чарнобыля" (пра выставу працаў беларускага фотамастака Юрыя Плюшчава, які ажыццявіў гэты праект пры падтрымцы Амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі) Амерыканскі дырыжор выступіў з мінскім аркестрам", "Публічнае і прыватнае Даяны Уоркер" (пра выставу ў Менску фотаработ фотажурналіста часопіса "Тайм" Даяны Уоркер, а таксама шэраг іншых інфармацыйных матэрыялаў, у тым ліку адказ на пытанне "Якія дакументы трэба прадставіць, каб атрымаць візу?"

Наш кар.


Чалавек, чуйны да слова

Вядомы беларускі вучоны , доктар філалагічных навук , прафесар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы П . У . Сцяцко сведчыць , што мову , як і музыку , трэба чуць . Не кожнае вуха здольнае ўлавіць усе адценні слова . Тым больш , не кожнаму дадзена аналізаваць , параўноўваць , рабіць высновы , каб здабыткамі навукоўца карысталіся студэнты , пісьменнікі . журналісты ...


Дзе ён, той камертон, па якім Павел Уладзіміравіч звярае свой моўны лад?

- Відаць, маю здольнасць глыбока чуць і адчуваць хараство роднага слова трэба шукаць на Зэльвенскай зямлі, а канкрэтней, у ваколіцах вёскі Грабава, дзе мая радзіма. Мае бацькі, шаноўныя Ганна і Уладзімір, простыя земляробы, не прымянялі аніякіх мудрагелістых падыходаў у выхаванні дзяцей. Таму з дзяцінства ведаю, як аруць палетак, жнуць сярпом збажыну, косяць травастой, капаюць бульбу ці пасуць жывёлу. Я спецыяльна не прыслухоўваўся да размовы сялян. Гаварылі, як умелі, і мы, дзеці, рана спасціглі няхітрую гаворку маці, бацькі, родных, суседзяў.

Такімі былі мае першыя філалагічныя універсітэты.

- І тым ні менш, у школу вы пайшлі, маючы пяць з паловай гадоў. Але за год скончылі першы і другі класы. Пасля трэцяга адразу пачалі вучыцца ў пятым. Сямігодку ў мястэчку Дзярэчын скончылі на выдатна. Гэта таксама аб нечым кажа...

- Хіба толькі пра адно: трэба мець прагу вучыцца і здольнасці да навучання. Астатняе прыкладаецца. Пасля сканчэння Ваўкавыскай педагагічнай навучальні быў без выпрабаванняў залічаны ў Гарадзенскі педінстытут.

- Але залічылі студэнтам фізічна матэматычнага факультэта. Гэта як разумець?

- Як факт біяграфіі - і не больш. Я праз два месяцы зразумеў, што матэматыка - добра, але філалогія - яшчэ лепш. Таму перайшоў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта.

- Усё ж такі мовазнаўства! Мае калегі, газетчыкі, раней абавязкова паразважалі б пра хараство роднага слова, якое вабіла юначае сэрца, не давала спакойна спаць, трымалася ў памяці і, нарэшце, прывяло да адзіна правільнага выбару...

- Гэта як якому журналісту ўдасца "пераплавіць" факт ў вобраз. Адзін зробіць проста пераказ. Іншы ўкладзе ўсю душу ў прыгожае пісьменства, правядзе паралелі паміж звонкім словам і натурай чалавека, здольнай "чуць" моўныя гукі. У нас, на вёсцы, у даваенны час роўнай сярод роўных была польская мова, якой я таксама авалодаў дасканала. Час такі быў. Альбо іншае. Маці мая, Ганна, чатыры гады працавала на фабрыцы ў Расіі. Нам, малым, апавядала казкі паруску. Можна безапеляцыйна казаць пра паланізацыю ці русіфікацыю. Але можна сцвярджаць пра дабратворны ўплыў розных моваў на канкрэтную чалавечую душу, напрыклад, маю. Нікому яшчэ не зашкодзіла веданне некалькіх моваў. Кепска хіба таму, хто валодае, як ён сам лічыць, адной. Адсюль і нясцерпнасць да любой спробы пашырыць, скажам, выкарыстанне беларускай мовы ў грамадскім жыцці...

- Ваша вучоба прыпала на час студэнцтва будучага вядомага паэта Петруся Макаля. Якраз закончыў вучобу гродзенскі празаік Аляксей Карпюк. Яны тады рабілі першыя крокі ў літаратуру. Ці шляхі не перасякаліся?

- Ну як жа! Пятрусь быў маім аднакурснікам. Тады ўжо даволі ўпэўнена заяўляў пра сябе ў паэзіі. Сярод аднагодкаў быў зоркай першай велічыні. Я друкаваў рэцэнзіі на яго вершы. Што да Аляксея Нічыпаравіча, то мне таксама даводзілася пісаць літаратурна - крытычныя артыкулы на яго празаічныя творы. Увогуле з ім усталяваліся добрыя стасункі на многія гады.

- Ваш жыццёвы шлях перакрыжоўваўся са многімі іншымі вядомымі людзьмі, напрыклад, Кандратам Крапівой...

- Яшчэ студэнтам, а тым больш, працуючы выкладчыкам кафедры беларускай мовы і літаратуры, я захапіўся вывучэннем народнай мовы Гродзеншчыны. Пачаў грунтоўна распрацоўваць тэарэтычны курс "Сучасная беларуская мова". Падручнікаў такіх для студэнтаў ВНУ яшчэ не было. Відаць, руплівасць заўважылі, бо прапанавалі працаваць над кандыдацкай дысертацыяй. У Інстытуце мовазнаўства ў Мінску, я пазнаёміўся з Кандратам Кандратавічам Крапівой. Пазней ён быў афіцыйным апанентам пры абароне маёй кандыдацкай. Прысутнічалі таксама сябры навуковай рады Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Міхась Лынькоў, мовазнаўцы М.Бірыла, М.Булахаў, Ю.Мацкевіч. Загадчык кафедры беларускай мовы Мінскага педінстытута Фёдар Янкоўскі запрасіў да сябе на працу. Бачыце, што ні чалавек, то імя...

- Вартасць вучонага заўсёды можна ацаніць па яго друкаваных працах як сведчанні пэўнага ўнёску ў навуку. Але кніг навукоўцамі напісана шмат, аднак далёка не ўсе становяцца падручнікамі для тых жа студэнтаў і навучэнцаў, настаўнікаў...

- Адказаць можна вельмі проста, пералічыўшы надрукаванае. Можна папросту пакласці на стол тыя выданні: атрымаецца вялізны стос. Думаю, не ў гэтым рэч. Хіба хтосьці, пагартаўшы старонкі падручніка, уявіць сабе каласальную работу па зборы матэрыялу, апрацаванага і выкладзенага затым у кнізе? Вось напачатку маёй навуковай дзейнасці мне давялося збіраць матэрыял для "Дыялектычнага атласа беларускай мовы". Канечне, прыемна было, што гэтую працу прызналі лепшай на рэспубліканскім конкурсе, і грашовая прэмія не аказалася лішняй. Але хто падлічыць, колькі кіламетраў давялося прайсці ад вёскі да вёскі, з якой колькасцю суразмоўцаў пагутарыць, а затым - доўгія ночы даводкі сабранага да ладу!

- І тым не менш, ужо ў 1970 годзе былі выдадзены вашы кнігі "Народная лексіка" і "Дыялектны слоўнік (з гаворак Зэльвеншчыны)". Яшчэ праз два гады - новае выданне "Народная лексіка і словаўтварэнне". Затым манаграфія "Беларускае народнае словаўтварэнне". Пра высокую каштоўнасць іх засведчылі рэцэнзіі ў славістычных часопісах Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі...

- Ну, назапашанае не павінна ляжаць мёртвым грузам. На тое яна і навука, каб быць падмуркам да практычнага выкарыстання ведаў. Для мяне той перыяд памятаецца не толькі гэтымі выданнямі, але і абаронай доктарскай дысертацыі ў лютым 1980 года ў Акадэміі навук Беларусі. Варта ўдакладніць, што тады абарона доктарскай па лінгвістыцы патрабавала абавязковага ўдзелу апанентаў - вучоных трох краін усходнеславянскіх моваў. Ганаруся, што прысутнічалі А.М.Ціханаў (Масква, Расія), І.І.Кавалік (Львоў, Украіна), П.П.Шуба (Мінск, Беларусь). Сябрам спецыялізаванае рады па абароне доктарскай дысертацыі быў праўнук Льва Талстога - М.І.Талстой, загадчык аддзела дыялекталогіі і балканістыкі Інстытута мовазнаўства Акадэміі Навук СССР. Неўзабаве мне прапанавалі напісаць раздзел "Словаўтварэнне" для акадэмічнага выдання "Беларуская граматыка".

- У вашай навуковай працы значнае месца займае падрыхтоўка навучальных дапаможнікаў па беларускай мове для студэнтаў ВНУ і навучэнцаў педагагічных вучэльняў і каледжаў. Чым патлумачыць гэтае адгалінаванне ў навуковай дзейнасці?

- Гэта не адгалінаванне, а арганічная частка маёй даследчыцкай працы. Шчасце ў тым, што я з маладых гадоў не выходжу са студэнцкай аўдыторыі, добра ведаю праблематыку, узровень і глыбіню выкладання роднай мовы. У свой час сумесна з М.С.Яўневічам падрыхтавалі навучальны дапаможнік для студэнтаў філолагаў "Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы", разам з М.Ц.Кавалёвай выдалі дапаможнік для сярэдніх спецыяльных вучэльняў "Беларуская мова". Пабачылі свет таксама дапаможнікі "Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія", "Сучасная беларуская літаратурная мова. Лексікалогія. Фаналогія. Арфаграфія", падручнік для навучэнцаў педагагічных вучылішчаў "Беларуская мова. Частка першая". Кніга тройчы перавыдавалася, зацверджана Міністэрствам адукацыі як падручнік. Сёлета выйшла яе пятае выданне. Студэнтам філолагам і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры адрасаваны "Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў", падрыхтаваны сумесна з М.Гуліцкім і Л.Антанюк. Для студэнтаў прызначаны навучальны дапаможнік "Аналіз слова, словазлучэння, сказа", "Зборнік дыктантаў", "Праграма па сучаснай беларускай літаратурнай мове", "Пачатковы курс мовазнаўства"...

- З вашым імем звязаны стварэнне ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце кафедры польскай філалогіі, факультэта беларускай філалогіі і культуры, а ў межах яго - кафедры мовазнаўства, якую вы ўзначальваеце...

- У 1990 годзе я вярнуўся ў Гродна. Кіраваў кафедрай беларускай культуры, узначальваў распрацоўку навукова даследчай тэмы "Культура Гродзеншчыны", у выніку выдадзена шэраг нумароў штогадовага навуковага альманаха "Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры".

Кафедра мовазнаўства распрацоўвае тэму "Праблемы дасканалення сучаснага (савецкага) варыянту беларускай літаратурнай мовы". Напрацоўкі тэмы бяруць пачатак ў 60х гадах мінулага стагоддзя, калі па гэтай тэматыцы з'явіліся мае першыя артыкулы ў беларускіх перыядычных выданнях. Неаднаразова рабіў выступы на міжнародных канферэнцыях ў Празе, Варшаве, Мінску...

- Узровень беларускай мовы ў СМІ, мякка кажучы, выклікае трывогу. Калісьці, напрыклад, для газетчыкаў узорам была газета "Звязда". Нам раілі арыентавацца на гэтае выданне, калі ўзнікаюць праблемы з напісаннем таго ці іншага беларускага слова. Ваш дапаможнік "Уводзіны ў мовазнаўства" і праца "Культура мовы" нібыта спецыяльна падрыхтаваны для тых, хто займаецца журналісцкай і літаратурнай працай...

- Кніга "Уводзіны ў мовазнаўства" рэкамендавана Навукова - метадычным цэнтрам вучэбнай кнігі і сродкаў навучання Міністэрства адукацыі Беларусі ў якасці дапаможніка для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ. Па водгуках раблю высновы, што выданнем актыўна карыстаюцца ў практычнай рабоце студэнты філолагі Беларусі, а таксама студэнты факультэта ўсходнеславянскіх моваў Беластоцкага універсітэта Польшчы.

Што да грунтоўнай працы "Культура мовы", то тут могуць знайсці добрыя падказкі і газетчыкі, і педагогі, і выдаўцы, і студэнты - ўсе, хто хоча кваліфікавана пісаць пабеларуску, авалодаць натуральнай беларускай мовай, ачышчанай ад беспадстаўных запазычанняў ці калькаванняў на рускі лад, створаных недарэчных штучных структураў, неўласцівых роднай мове. Тут аналізуюцца відавочныя парушэнні нашай мовы, навязаныя ёй, прапануюцца шляхі выпраўлення сітуацыі. Адна бяда: ахвочых мець такі зборнік шмат, а кніга выйшла мізэрным накладам - усяго 2000 асобнікаў...

- А што адчувае доктар філалагічных навук, прафесар, які прысвяціў жыццё вывучэнню роднай мовы, атрымаўшы сёлета ўзнагароду - медаль імя вялікага асветніка Францішка Скарыны?

- Тое, што і кожны навуковец. Узнагарода з'яўляецца прызнаннем канкрэтных заслуг чалавека перад грамадствам, сведчаннем таго, што высілкі былі недарэмнымі, а праца карыснай.

Атрымаць узнагароду імя Скарыны мне, мовазнаўцу, прыемна ўдвая, бо гэты чалавек у сярэднявеччы першым ва Усходняй Еўропе пачаў друкаваць кнігі на па - беларуску, на старажытнабеларускай мове. З яго ласкі матчына слова і сёння ў пашане. Галоўнае, не даць прапасці багатай, жывой скарбніцы. Здабыткі заўсёды спатрэбяцца.

Гутарыў Антон Лабовіч Гродна.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX