Вярнуцца: 2005

№ 30 (716)


Крыніца: pawet.net.



№ 30 (716) 10 ЖНІЎНЯ 2005 г.


Усебеларускі паклон Ларысе Геніюш

6 жніўня ў Зэльве прайшоў шэраг мерапрыемстваў да 95годдзя вялікай беларускай патрыёткі, паэткі і высокай душы чалавека Ларысы Геніюш. У аргкамітэт, які ўзначальвалі Пётр Краўчанка і Міхась Скобла ўваходзілі сябры Саюза пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з Менска, а таксама сябры Зэльвенскіх і Лідскіх арганізацый ТБМ і "Партнёрства".

6 жніўня ў Зэльву сабраліся людзі, якія высока цэняць грамадзянскі вычын Вялікай Беларускі. Прыехалі дэлегацыі з Менска, Гародні, Беластока, Ліды, Слоніма, Свіслачы, Мастоў, Баранавічаў, Гомеля, Вілейкі, людзі з іншых месцаў.

На памінальную службу ў зэльвенскую Троіцкую царкву сабралася каля 150 чалавек. Адпраўлялі набажэнства на беларускай і старарускай мовах ажно чатыры святары.

Пранікнёныя словы святара пра хрысціянскасць натуры Ларысы Геніюш у некаторай ступені павінны былі згладзіць непаразуменне, што мела месца тут за дзень да імпрэзы, і ў выніку якога сябры клуба "Спадчына" не змаглі ўстанавіць на помніку табліцу з імем Ларысы Геніюш і словамі "Божа, барані Беларусь". Ад А. Белага і скульптара А. Шатэрніка запатрабавалі дазвол на ўстаноўку табліцы ад мясцовых органаў улады, а як той дазвол возьмеш, калі і сам помнік без іх дазволу пастаўлены.

Аднак гэтае непаразуменне толькі ўзмацніла ўзнёслы пафас літаратурнай часткі імпрэзы, якая праходзіла каля помніка. Неба плакала над лёсам гнанай пры жыцці і гнанай пасля смерці вялікай дачкі Беларусі, а выступоўцы ў вершах, прозе, песнях выказвалі ўпэўненасць, што ўсё гэта не на век, што "100ыя ўгодкі паэткі мы будзем адзначаць у оперным тэатры".

Выступалі паэты Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, дарадца чэшскай амбасады Герман Хромы, старшыня ТБМ Алег Трусаў, старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксей Пяткевіч, барды Вольга Цярэшчанка, Зміцер Сідарэвіч, Галіна Ярашэвіч. Тут жа адбылася прэзентацыя кнігі эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш, "Каб вы ведалі", якая выйшла якраз да 95годдзя. Укладальнік Міхась Скобла, фундатары Міхась Макей (Зэльва), Валянцін Дубатоўк (Гародня), Аляксандр Казулін (Менск).

Ад царквы удзельнікі імпрэзы накіраваліся на Зэльвенскія могілкі да магілы Ларысы і Янкі Геніюшаў. Тут адбылося жалобнае набажэнства і невялікая імпрэза, рэй у якой вяла Антаніна Хатэнка. Вянок да помніка Геніюшам усклалі Пётр Краўчанка і Герман Хромы. Гімн "Магутны Божа" завяршыў гэты дзень памяці нікім нескаронай жанчыны, сімвала беларускай нацыі. Дзень гэты яскрава паказаў, што нам не пагражае змрок бяспамяцтва. Мы памятаем і будзем памятаць сваіх вялікіх прашчураў. Сёння ў большасці сваёй заходняя Беларусь з'ехалася ў Зэльву, заўтра прыедуць у Свіслач да Каліноўскіх, усходнія рэгіёны збяруцца ў Полацк да Ефрасінні або ў Воршу да Караткевіча, у Вязынку да Купалы або ў Бычкі да Быкава, і так заўсёды і так усюды, бо пакуль жыве нашая памяць, датуль і жыве сама вольная і незалежная Беларусь, датуль жывём мы.

Яраслаў Грынкевіч.


ДЫЯЛЕКТЫЗМЫ Ў МОВЕ ТВОРЧАСЦІ ПІСЬМЕННІКА-ЭМІГРАНТА МАСЕЯ СЯДНЁВА

У мове твораў беларускага пісьменніка М. Сяднёва (1913-2001), паэта, празаіка, літаратурнага крытыка, публіцыста, перакладчыка, што правёў значную частку жыцця за акіянам, у ЗША, вялікае месца займае дыялектная лексіка. Пісьменнік, які нарадзіўся і вырас на Магілёўшчыне, а менавіта ў в. Мокрае Касцюковіцкага раёна, актыўна ўводзіў у сваю творчасць дыялектызмы, пашыраныя ў яго роднай мясцовасці. Гэта лексіка - фанетычныя і лексіка-граматычныя дыялектызмы, што адлюстроўваюць асаблівасці вымаўлення і словазмянення некаторых слоў, характэрныя для роднай гаворкі пісьменніка (яна належыць да паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы). Таксама ў мове твораў М. Сяднёва вылучаюцца адметнасцю свайго напісання і вымаўлення ўласна лексічныя ды-ялектызмы і г. зв. этнаграфізмы. Разгледзім іх больш падрабязна.

Дыялектызмы могуць уводзіцца ў моўную тканіну твора некалькімі асноўнымі шляхамі.

1. Яны выкарыстоўваюцца пісьменнікам свядома - для стварэння моўнай характарыстыкі персанажаў-носьбітаў канкрэтнай гаворкі пэўнага дыялекту (у дадзеным выпадку паўночна-ўсходняга, у рамане "І той дзень надышоў").

2. Словы, уласцівыя пэўнай беларускай гаворцы, дапамагаюць стварыць моўны каларыт канкрэтнай мясцовасці - пры гэтым яны сустракаюцца не ў мове персанажаў, а ў аўтарскім маўленні і служаць сродкам апісання, абмалёўкі пейза-жа, ужываюцца ў расказе аб тых ці іншых падзеях, што адбываюцца ў названай мясцовасці. Аўтар выкары-стоўвае іх таксама свядома.

3. Дыялектныя словы і выразы (фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі) могуць трапляць у мастацкі тэкст, створаны пісьменнікам, не-свядома ці, дакладней, падсвядома: калі ў мове асоб-ных твораў яны амаль не вылучаюцца сярод іншай лексікі. У гэтым выпадку дыялектызмы не адносяцца ні да мовы канкрэтнага персанажа, ні да мовы аў-тара. Лексіка мастацкага твора набывае стракатасць за кошт ужытых аўтарам у ёй дыялектных слоў, якія з'яўляюцца ў асноўным эмацыянальнымі, экспрэсіўнымі, вобразна-метафарычнымі.

Фактычны матэрыял быў сабраны на падставе вывучэння мовы выданняў М. Сяднёва, якія выйшлі ў свет за мяжой: зборнікаў лірыкі "Патушаныя зоры" (Нью-Ёрк - Мюнхен, 1975), "Ачышчэньне агнём" (Глен Коў - Нью-Ёрк, 1985), "А часу больш, чым вечнасьць" (Глен Коў - Нью-Ёрк, 1989) і раманаў "Раман Карзюк" (Нью-Ёрк - Мюн-хен, 1985), "І той дзень надыйшоў" (Глен Коў - Нью-Ёрк, 1987). Усе спасылкі ў тэксце будуць зроблены па гэтых выданнях: у дужках пазначаны першыя літары назваў кніг - ПЗ, АА, АЧ, РК, ІТ, а далей ідзе нумар старонкі, на якой заўважана тая ці іншая лексема. Ніжэй будзе апісаны і прааналізаваны невялікі "слоўнік", складзены з дыялектызмаў, знойдзеных у мове твораў пісьменніка-эмігранта М. Сяднёва, які ўключае каля 600 лексічных адзінак. Знач-ная частка змешчаных у ім слоў знаходзіць свае адпаведнікі ў "Краёвым слоў-ніку ўсходняй Магілёўш-чыны" І. Бялькевіча (Менск, 1970) і ў іншых слоўніках дыялектнай лексікі.

1. Лексіка, характэр-ная для пэўнай мясцовасці, падзяляецца на семантыч-ныя групы ў залежнасці ад значэння слоў, якія ўвахо-дзяць у яе склад. Гэта сло-вы, што абазначаюць на-ступныя прадметы, з'явы або паняцці.

Назвы праметаў по-быту, прылад працы, разнастайных рэалій быцця вёскі: агарода (ПЗ, 268) "агароджа", адцінак (АА, 171) "паварот", аськепкі (РК, 185) "асколкі".

Назвы асоб паводле прафесіі, віду заняткаў, асаблівасцяў характару: бадзяк (РК, 75) "бадзяга", харашунька (РК, 51) "прыга-жуня".

Назвы тых ці іншых якасцяў, прымет: кантава-ты (РК, 189) "каражакава-ты", праціўны (РК, 245) "агідны, брыдкі", спушча-ныя (РК, 187) "апушчаныя".

Назвы дзеянняў: ашалеў (РК, 52) "звар'яцеў, страціў розум", пагаманіла (РК, 198) "пагаварыла", сіляем (ІТ, 78) "ядзім, сёр-баем".

Назвы прымет дзеян-ня: наўздагонку (РК, 300) "наўздагон", упярод (РК, 246) "наперад", цяперка (РК, 75) "цяпер".

Дыялектызмы, ужытыя М. Сяднёвым у мове яго твораў, маюць звычайна тое ж значэнне, што і словы роднай мясцовасці пісьменніка, зафіксаваныя ў слоў-ніках, у якіх адлюстравана спецыфічная магілёўская гаворка. Словы, уласцівыя асобнаму рэгіёну, у творчасці пісьменніка-эмігранта дапамагаюць стварыць адметны, непаўторны моўны каларыт.

З прыведзенага моўнага матэрыялу відаць, што ў творчасці М. Сяднёва сустракаюцца дыялектызмы, якія належаць да розных часцін мовы: а) назоўнікі; б) якасныя і адносныя прымет-нікі; в) дзеясловы ў спрагальных (у тым ліку ў розных асабовых) і неспрага-льных формах; г) прыслоўі розных лексіка-семантычных разрадаў - часу, месца, спосабу дзеяння і інш.

ІІ. У дыялектнай лексіцы мовы твораў пісьмен-ніка-эмігранта можна так-сама вылучыць некалькі груп у адпаведнасці з напісаннем і адлюстраваным ім вымаўленнем слоў. (Тут ідзе гаворка не пра значэнне, а пра форму слова.) Сваёй формай адрозніваюцца ад агульнапашыраных лексем дыялектызмы наступных груп.

Лексіка-фанетычныя вылучаюцца вымаўленнем асобных гукаў ці іх спалу-чэнняў, месцам націску, г.зн. гучаннем і арфаграфі-яй: абяруч (РК, 240) "аберуч", гастрыня (ПЗ, 80_ "вастрыня", дрыўляны (ПЗ, 28) "драўляны".

Лексіка-граматычныя дыялектызмы характа-рызуюцца своеасаблівасю ўтварэння граматычных форм. Гэта ўласціва наступ-ным часцінам мовы. Дзея-словы могуць ужывацца з постфіксам -ся (-ца) у тых выпадках, калі ў літара-турнай мове ў выкары-станні гэтай марфемы няма неабходнасці: адыходзілася (РК, 35) "адыходзіла", нале-жыцца (РК, 182) "нале-жыць", сьлізгаліся (РК, 299) "слізгалі". Інфінітыў мае нулявы канчатак: адсеч (ПЗД, 223) "адсекчы", есьць (ПЗ, 27) "есці", закласьць (РК,137) "закласці". Асобныя спрагальныя формы вызначаюцца адметнасцю свайго ўтварэння: бача (ІТ, 127) "бачыць" дыша (ІТ,165) "дыхае", прастыніць (РК, 85) "астыне".

Своеасабліва ўтва-раюцца дзеепрыметнікі про-шлага часу залежнага ста-ну: загінутыя (ПЗ,263), не-заступлены (АА,182), пра-воджаныя (РК,8), а таксама дзеепрыметнікі цяпераш-няга часу незалежнага ста-ну: зьневажаючыя (ПЗ,168) ляжачая (АА,192), непамі-раючая (ПЗ,43).

Прыметнікі, лічэбні-кі, займеннікі ў некаторых формах набываюць дыялек-тны канчатак - эй : аднэй (ПЗ,38) "адной", такей (ІТ, 126) "такі".

Не ўласцівы літаратурным формам постфікс -ка маюць прыслоўі, дзеясло-вы, безасабовае слова няма: ёсцька (АА,158), нямашка (ПЗ,62), цяперка (РК,74).

Лексіка-словаўтва-ральныя дыялектызмы ад-розніваюцца ад літаратур-най лексікі сваімі марфема-мі: адзаду (РК,42) "ззаду", здагнаў (РК,79) "дагнаў", прастыла (АА,207) "асты-ла".

Уласна лексічныя дыялектызмы - гэта мясцо-выя назвы агульнавядомых прадметаў, паняццяў і з'яў: зызьлі (РК,159) "мерзлі", наўкрыў (РК,72) "наперака-сяк", цяцюха (ІТ,15) "ліха-манка".

Этнаграфізмы - сло-вы, ужытыя для абазначэння мясцовых прадметаў ці з'яў: берасьцянка (АА,151) "бера-сцяная дудка", піхцір (ІТ,66) "частка воза, куды склад-ваюць свежаскошаную тра-ву".

Вялікая частка дыя-лектнай лексікі мовы твораў М. Сяднёва знаходзіць свае адпаведнікі ў слоў-ніках, у якіх адлюстраваны лексічны запас роднай магілёўскай гаворкі пісьмен-ніка. Безумоўна, параўнан-не лексем нашага "слоўнічка" з уключанымі ў слоўнікі мясцовымі лексічнымі адзін-камі патрабуе працяглага часу і грунтоўнага аналізу. Аднак, тым не менш, у выніку нашых назіранняў уда-лося заўважыць наступнае.

У слоўніку І. Бялькевіча (па сваёй структуры тлумачальным, каля 20 тыс. слоў) знойдзены такія лек-семы, ужытыя пісьменнікам М. Сяднёвым: авантурнік (РК, 10) "1. Авантурнік, ашуканец. 2. Дуроснік (дураслівец), свавольнік (с.39); агнішча (ПЗ,43) "Вогнішча" (с.40); адгон (ІТ, 32) "Пера-гон, двойчы перагнаная са-магонка" (с.43); адменны (РК,17) - адменный "Выдат-ны, асаблівы" (с.46); айдзе (РК,236) "Дзе" (с.50); ам-сьціслаўскі (АА,157) - ам-сьціслаўскій "Мсціслаўскі" (с.52); балесьць ІТ, 123) у інш. знач. "Хвароба" (с.81); баржджэй (ПЗ,267) - бар-джэй "Барзджэй, хутчэй, скарэй" (с.82); баўкаць (ПЗ,245) "1. Званіць, біць у звон. 2. Гаварыць, распус-каць нядобрыя чуткі" (с.82); бахаць (ПЗ,186) "1. Бухаць, стукаць. 2. Спаць" (с.83); век-вяком (ПЗ,113) "1. Заў-сёды, на працягу доўгага часу. 2. Ніколі" (с.106), вонках (ІТ,84) "На дварэ" (с.112); Вялікадне (ІТ,226) "Вялікдзень" (с.128); двору (ІТ,18) "Дадому, дамоў" (с.149) і інш. Тут прыведзена 14 супадзенняў.

Слоўнік І. Насовіча (па структуры адначасова тлумачальны і перакладны, 13 тыс. слоў) таксама ад-люстроўвае шэраг лексем з мовы твораў М. Сяднёва: авантурнік (РК,10) "1) То же, что авантюрист. 2) Пройдоха, плут. 3) Чудак" (с.2); айдзе (РК,290) "Где" (с.4); амсьціслаўскі (АА,157)- амсціславскій "Мстислав-ский" (с.6); баржджэй (ПЗ, 267) - баржджей "Поско-рее, ни мало не медля" (с. 15); баўкаць (ПЗД, 245) "Звонить в колокал" (с.11); бахаць (ПЗ, 186) "1) Производить ударами или стрельбою сильные звуки. 2) Па-дать, говоря относительно малых детей. 3) гл. д. сов. разбахаць . Бросать на пол" (с.16); вазёкацца (Рк,51) "1) Возиться, бороться, тягаться друг с другом. 2) Суетиться, возиться с чем, занимаясь ка-кою-либо работою" (с.63); век-вяком (ПЗД, 113) "Всег-да, бесконечно" (с.105); вог-нік (РК, 42) у інш. знач. "Струп на руке или лице. Огневица" (с. 63); вонках (ІТ,84) "Вне, на дворе" (с. 66); Вялікадне (ІТ, 226) "Пра-здник Светлого воскресения Христова" (с. 48); двору (ИТ, 18) - вдвору "Домой" (с.47); дзыгаць у знач. "біць" (РК, 170) "Выбегать" (с. 132), дзяцёнак (ІТ, 182) "Ребёнок" і інш.

Назіраецца 14 супадзенняў (у абодвух выпад-ках было ўзята для параўнання 14 лексем, або 2,3% ад агульнай колькасці слоў у "слоўнічку"). Пры гэтым, як бачым, каментарый у двух слоўніках адрозніваецца, паколькі складальнікі ставілі перад сабой розныя задачы. Калі І. Бялькевіч хацеў адлюстраваць у сваім слоўніку менавіта мясцо-вую, магілёўскую гаворку (таму яго слоўнік больш прыдатны для вырашэння задачы параўнання дыя-лектызмаў М. Сяднёва з магілёўскім), то І. Насовіч імкнуўся да як мага паўней-шага паказу характэрных рыс беларускай мовы ў цэ-лым. Паколькі слоўнік І. Бялькевіча ствараўся ў больш блізкі для жыцця і творчасці М. Сяднёва час (ХХ ст.), то супадзенняў дыялектнай лексікі ў ім з дыялектызмамі мовы тво-раў гэтага пісьменніка зна-ходзім больш. Значная ко-лькасць слоў з мовы твораў М. Сяднёва зафіксавана ў абодвух слоўніках (9 з 14, або 64%): 1) авантурнік ; 2) амсціслаўскі ; 3) баржджэй ; 4) баўкаць ; 5) бахаць ; 6) век-вяком ; 7) вонках ; 8) Вялі-кадне ; 9) двору .

Гэта сведчыць аб тым, што вялікі пласт дыялектнай лексікі застаўся, па сутнасці, нязменным на працягу ХІХ-ХХ стст. Дыялектызмы, уласцівыя Магілёўшчыне, вылучаюцца ў асобную групу слоў, якія выкарыстаў пісьменнік у мове сваёй творчасці.

Святлана САЧАНКА


Часоваму Паверанаму ў справах Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь сп . Яну Канторчыку

220034, г . Мінск , вул . Захарава , 26

Паважаны спадар амбасадар !

Дасылаем Вам 42 подпісы выкладчыкаў, бацькоў і навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэя, які два гады назад быў пазбаўлены беларускімі ўладамі магчымасці навучацца на дзяржаўнай беларускай мове.

Зараз ліцэісты ўжо другі месяц як вучацца ў Польшчы. Яны са здзіўлен-нем і абурэннем даведаліся аб тым, што нямецкая дзяржаўная радыёстанцыя "Нямецкая Хваля" вырашыла праводзіць перадачы на Беларусь не па-беларуску. Гэта пытанне было паднята на сустрэчы ліцэістаў з былым Міністрам замежных спраў Польшчы, а зараз дэпутатам Еўразвяза ад Польшчы Браніславам Герэнікам. Ён адказаў, што гэтае рашэнне пярэчыць прынцыпам Еўразвяза, які выдзяляе вялікія сродкі на падтрымку нацыянальных моў і культур усіх краін, што ў яго ўваходзяць. Таксама ён адзначыў, што, калі нямецкі бок паважае беларусаў, то перадачы на Беларусь павінны ісці па-беларуску.

Таксама дасылаем Вам 23 подпісы жыхароў Віцебска, якія хочуць слухаць "Нямецкую Хвалю" па-бе-ларуску.

Нашу перапіску з ня-мецкай амбасадай і Ваш адказ мы надрукавалі на старонках газеты "Наша слова" і дасылаем Вам адпаведны нумар газеты.

Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.

З павагай Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алег Трусаў.


Шаноўныя чытачы "Нашага слова"!

Як стала вядома ў рэдакцыі, радыёстанцыя "Нямецкая хваля" выйграла тэндар "Еўразвязу" для арганізацыі радыёвяшчання на Беларусь. Радыёстанцыя ў сувязі з гэтым плануе яшчэ ў два разы павялічыць аб'ём вяшчання на Беларусь і разглядае магчымасць пачаць вяшчанне на месяц ці два раней.

Кіраўніцтва радыёстанцыі паведаміла, што Інтэрнэт-сайт "Нямецкай хвалі" для Беларусі будзе рабіцца і на беларускай мове. Але што тычыцца самога вяшчання, то пакуль радыёстанцыя на саступкі не ідзе. Таму, шаноўнае спадарства, подпісы і лісты, лісты і подпісы - іншага шляху ў нас няма.


"Лупі па зорцы хоць з гармат, яна свяціць не перастане"

"Залучаны на вечнасць" (прысвячэнне Васілю Быкаву)


"Дзяды" ахуталі зямлю

Смугой

кастрычніцкай парошы.

І зноў агонь па Васілю

Адкрылі сталінцы як бошы.


Глядзяць

у снайперскі прыцэл,

Як Сталін, лютымі вачыма,

А ў Васіля пяро ў руцэ

І толькі праўда за плячыма.


Мана шалее нездарма,

Ды ўрэшце

зразумець у стане:

Лупі па зорцы хоць з гармат,

Яна свяціць не перастане.

Кожнае слова з гэтага прысвячэння ўздымае буру пачуццяў і думак з таго часу, як выпісала верш (не памятаю адкуль, нават аўтар там чамусьці не быў указаны; і зараз, на жаль, не ведаю - хто гэта) і паклала на стол з аўтарскімі тэкстамі на экзамен па беларускай літаратуры для сваіх чатырох адзінаццатых класаў у 1990 годзе... (Тады можна было карыстацца падчас экзамену па беларускай літаратуры - абавязковым дзесяцігоддзямі, а цяпер - не! - мастацкімі творамі.)

Спадзяюся, і зараз мае 32-33гадовыя вучні, далучаючыся тым ці іншым чынам да Быкава, успамінаюць іх.

За два гады як не стала Васіля Быкава, быкаўская любоў (а гэта ёсць боль), і менавіта гэтая любоўболь не дае спакою ні творцам, ні іх прыхільнікам. Неадольная патрэба далучыцца, пастаяць побач, удумацца ў слова Быкава і ў слова пра Быкава, каб быць адзіным светам з гэтай Праўдай, Людскасцю, Вечнасцю. І пяшчотнае барадулінскае "Васілёк" і агульнавядомае (the best) - "Апостал нацыі" - жыве, трывожыць, кліча бесперастанку. І таму не прагледзець абвестку, не прапусціць ніводную выставу, вечарыну, свята - клопат амаль кожнага дня. А потым пачытаць: водгукі, уражанні, прафесійныя нататкі пра тую ці іншую імпрэзу, прысвечаную Васілю Быкаву, якая сталася з'явай. І зноў - радавацца, часам не пагаджацца, бачыць памылкі ў некаторых аўтараў артыкулаў і адчуваць гэтую самую любоўболь.

Да 80-гадовага юбілею Васіля Быкава творчая суполка "Пагоня" з віцебскімі мастакамі наладзіла выставу сваіх твораў ва Ушацкай выставачнай зале. Пазней на радзіме народнага пісьменніка ў вёсцы Бычкі прайшоў плянэр, прысвечаны Васілю Быкаву, і гэтая выстава дапоўнілася творамі ўдзельнікаў плянэру. На пачатку 2005 года выстава працавала ў Віцебску.

У траўні ў Касцёле св. Сымона і св. Алены выстава ізноў разгарнула экспазіцыю.

Праз некалькі дзён у сталічным Палацы мастацтва адкрываецца выстава "Залучаны на вечнасць" (прысвячэнне Васілю Быкаву). Партрэты Васіля Быкава пэндзля У. Тоўсціка і М. Моўчана, ілюстрацыі да твораў Васіля Быкава народнага мастака Арлена Кашкурэвіча займалі на выставе цэнтральнае месца. У святло квецені карцін Уладзіміра Сулкоўскага, любімых і дарагіх сэрцу вялікага пісьменніка краявідаў, мае студэнткі БДЭУ бегалі неаднаразова: пагрэцца... (так яны казалі). Ужо добра вядомы твор Аляксея Марачкіна "Мая Атлантыда" прыцягваў, заварожваў, выклікаў захапленне і ўзнёслыя водгукі гледачоў, выходзячы за рамкі акрэсленай тэмы, уяўляючы сабой роздум беларуса пра сваю спадчыну.

Мікола Купава паказаў сядзібу бацькоў Быкава ў Бычках, той дом, у якім гадаваўся Васіль Быкаў. Акрамя гэтай працы, якую мастак завяршыў непасрэдна да выставы, увагу гледачоў прыцягвалі творы Міколы Купавы на ваенную тэматыку, якія канцэптуальна ўпісваюцца ў тэму Васіля Быкава.

Жывапісныя палотны М. Рагалевіча, У. Хадаровіча, І. Барадулінай - усё прысвячалася Вялікаму Быкаву, як ёсць Вялікая Праўда, якой прысвяціў жыццё Васіль Быкаў. Менавіта Праўда, як адзначыў у сваім выступе на адкрыцці гэтай выставы Радзім Гарэцкі, аснова ў творах Быкава, у яго асобе чалавека і грамадзяніна.

У цэлым выстава "Залучаны на вечнасць" стала значнай з'явай у беларускім мастацтве. Сабраць усё, што ёсць у выяўленчым мастацтве на тэму Васіля Быкава, жывапіс, графіка, скульптура немагчыма, і такой задачы арганізатары выставы не ставілі. Няхай яны будзяць "думы беларусаў" у музеях, бібліятэках, іншых зборах, дзе стала прапісаліся.

Жыве мара ў сэрцах мастакоўскіх пра вялікую выставу, яе можна і трэба зрабіць, напрыклад, на 85ыя ўгодкі пісьменніка. Рупіцца Саюзу мастакоў Беларусі ёсць аб чым. ...І пра тое, што залу для выстаў, прысвечаных Васілю Быкаву, лепш выдзяляць у чэрвені... (людзі шукалі абвестак, дзе пабыць з Быкавым напярэдадні яго дня народзінаў).

Мастакі суполкі "Пагоня" згладзілі ўражанне у пярэдадзень дня нараджэння Васіля Быкава 18 чэрвеня абноўленую выставу пад гэтай жа назвай адкрылі ў 1ай гарадской бібліятэцы імя Л. Талстога. Яна - асаблівая: цёплая, сямейная, добрая, напоўненая спагадай і любасцю і да Васіля Быкава, і ўдзельнікаў гэтай прыгожай імпрэзы адзін да аднаго. І кожнае выступленне заслугоўвала быць данесеным да кожнай беларускай душы. Рэжысёр Уладзімір Арлоў, Лідзія Савік, Ірына Міхайлаўна Быкава...

"Для нас Быкаў вечны, заўсёды жывы, для нас ёсць толькі дзень яго народзінаў..." На гэтыя словы Ірына Міхайлаўна адказала сваім болем - які страшны для яе дзень яго смерці... Ёй, я думаю, найгарчэй без Васіля. Маленькая трапяткая жанчына, удава вялікага чалавека, не стрымала слёз.

Арлен Кашкурэвіч і яго анёлахоўнік (як называюць яе сябры сям'і) - жонка Людміла адной сваёй прысутнасцю дарылі высокасць, светласць, "выкшталцонае" адчуванне годнасці, калі хочаце шчасця.

Такім чынам, дзень нараджэння Васіля Быкава быў ушанаваны годна і прыгожа.

Выстава ў бібліятэцы імя Л. Талстога будзе доўжыцца да канца жніўня. Далучыцеся! Вялікі дзякуй вам, неабыякавыя людзі!

Наш кар.


Чайкоўскаму П.,

вул. Брыкета, 26-58

220003, г. Мінск

Ваша заява ад 12.07.2005 г. разгледжана. Звесткі для грамадзян праз гучную сувязь аб прыбыцці і адпраўленні аўтобусаў на аўтавакзалах "Маскоўскі". "Цэнтральны" і "Усходні" даводзяцца да пасажыраў на рускай мове. Звесткі аб парадку набыцця білетаў, ільготах, паслугах - на беларускай мове. Гэта абумоўлена агульным попытам на паслугі пасажырскага транспарту, у тым ліку і тымі абставінамі, што пераважная колькасць спажыўцоў паслуг карыстаецца ў быце рускай мовай. Акрамя таго, гэта не супярэчыць патрабаванням нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць прымяненне дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.

Ажыццяўляць усе аб'явы на дзвюх мовах, пры склаўшыхся вялікіх аб'ёмах звестак, без выкарыстання дадатковых тэхнічных сродкаў у дадзены момант немагчыма.

Разам з гэтым паведамляем, што філіял "Мінскі аўтавакзал" пачаў распрацоўку аўтаматызаванага працоўнага месца "Дыктар", якое дазволіць здейсніць, у тым ліку, і Вашы патрабаванні.

Таксама паведамляем, што пытанне прыцягу да адказнасці вінаватых па факту фармальнага разгляду заявы (№ 8-01-14/1325 от 11.10.2004 г) будзе разгледжана пасля вяртання супрацоўнікаў аўтавакзала з водпуску.

Генеральны дырэктар - У. Г. Сасноўскі.


ПАЛІТОЛАГ В. СІЛІЦКІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ВЯШЧАННЕ НА БЕЛАРУСЬ НОВАЙ ПРАГРАМЫ "НЯМЕЦКАЙ ХВАЛІ" ПАВІННА ВЕСЦІСЯ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ

Лідар Партыі БНФ Вінцук Вячорка і вядомы палітолаг Віталь Сіліцкі выступілі з заявай наконт моўнай палітыкі Еўрапейскага саюза датычна інфармацыйнай прасторы Беларусі. Падставай для заявы стала рашэнне Еўракамісіі аб пашырэнні вяшчання на Беларусь радыёстанцыі "Нямецкая хваля" на рускай мове.

Як раней паведамляў БелаПАН, "Нямецкая хваля" выйграла тэндар на стварэнне альтэрнатыўнага радыёвяшчання на Беларусь, аб'яўлены Еўракамісіяй. Плануецца стварэнне штодзённай 30хвіліннай праграмы на рускай мове з навінамі і інфармацыяй пра Беларусь, а таксама з краін Еўропы і еўрапейскіх устаноў. Чакаецца, што трансляцыя новай перадачы пачнецца восенню.

"Такі падыход з'яўляецца вынікам поўнага неразумення працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, звязаных з адраджэннем беларускай дэмакратычнай нацыі, - гаворыцца ў заяве Вячоркі і Сіліцкага. - Следам за афіцыйнай прапагандай лукашэнкаўскага рэжыму еўрапейскія бюракраты спрабуюць насадзіць грамадскай свядомасці думку пра бесперспектыўнасць і фактычна неіснаванне попыту на беларускую мову сярод грамадзян Беларусі. Не былі ўзяты пад увагу ні досвед паспяховых беларускамоўных медыйных праектаў (такіх як газета "Свабода" і радыё "101.2"), знішчаных уладамі, ні вынікі перапісу насельніцтва 1999 г., згодна з якімі больш за тры чвэрці грамадзян краіны прызнаюць беларускую мову роднай".

"Яшчэ больш абсурдным", на думку аўтараў заявы, выглядае рашэнне аб вяшчанні на Беларусь расійскай рэдакцыяй "Нямецкай хвалі" - "людзьми, для якіх Беларусь з'яўляецца ўсяго толькі пабочным заняткам і ад якіх нельга чакаць глыбокага ведання і разумення працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі".

"Адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці ёсць неабходная ўмова дэмакратызацыі любой нацыі. Неразуменне гэтага факта вядзе толькі да ўмацавання тэндэнцый, што садзейнічаюць умацаванню дыктатуры ў Беларусі", - падкрэсліваецца ў заяве.

В. Вячорка і В. Сіліцкі зазначаюць, што яны не выступаюць за выдаленне рускай мовы з беларускай медыйнай прасторы, а толькі пратэстуюць супраць палітыкі выдалення мовы беларускай. "Беларусы і беларускамоўныя грамадзяне маюць права слухаць навіны і на сваёй мове. Афіцыйны Менск штодзённа парушае гэтае права, практычна знішчыўшы беларускае слова на дзяржаўным ТБ і радыё. Сёння да гэтай палітыкі далучыўся і ЕС", - гаворыцца ў заяве.

Варта зазначыць, што супраць вяшчання новай праграмы "Нямецкай хвалі" на рускай мове выступілі таксама вядомыя дзеячы беларускай эміграцыі Івонка Сурвіла і Зянон Пазняк.

Ірына ЛЕЎШЫНА, БелаПАН.


Свіраны, Свіраны...


"Віленскі край, Свіранскі кут!

Заўжды з табой я ў думках тут,

Вясну жыцця я сустракаю.

І гімн-малітву прачытаю..."

(Ю. Гіль)


Тут, у Свіранах, што на Віленшчыне 9(21) сакавіка 1840 г. нарадзіўся Францішак Багушэвіч.

Пры ўсіх цяжкасцях і складанасцях яго імя (класіка беларускай літаратуры) у Багушэвічавых Свіранах, якія знаходзяцца за 25 км. ад Вільні належным чынам ушанавана і гэтая справа працягваецца. Аўтару гэтых радкоў прыемна на душы, бо стараўся і ажыццявіў сваю задуму, каб ушанаваць памяць бацькі нашага Адраджэння - Францішка Багушэвіча, якому сёлета - 165я ўгодкі з дня народзін.

У гэтым годзе выйшла кніжка Ул. Содаля "Святы куточак фальварак Свіраны" прэзэнтацыя якой адбылася пад час імпэзы ў Свіранах 28 траўня 2005 г.

Пра Ф. Багушэвіча неаднаразова паведамлялася ў "Нашым слове" ды і іншых газетах. Але не лішнім будзе зрабіць адпаведную інфармацыю і цяпер, бо рыхтуецца яшчэ адно мерапрыемства па ўшанаванні памяці паэта ўжо ў самой Вільні.

У канцы верасня г. г. плануецца ўстанавіць Мемарыяльную Дошку на вул. Арклю (Конскай), 20 на будынку бібліятэкі, а ў самой бібліятэцы стварыць куток паэта. На наступны год, магчыма, выйдзе і кніжка пад назовам "Ф. Багушэвіч у Вільні"...

Але вернемся ў Свіраны, на радзіму паэта. Назоў фальварка Свіраны находзіць ад слова "свіран", г.зн. невялікі будынак, пабудова для дабра, збожжа і дзе захоўвалі таксама саланіну, кумпякі ды іншыя харчы - сыр, масла. Туды нават зладзеям было цяжка залезці, бо дах умоцаўваўся яшчэ "закатам" з бярвенняў, а замок быў кавальскай работы з "сакрэтам".

Ул. Содаль у сваёй кніжцы "Свіранскія крэскі" паведамляе, што падчас музейнай экспедыцыі ў Свіраны ў 1989 г. на дварышчы тутэйшага гаспадара Ярмалковіча ён набыў адмысловы, кавальскай работы ключ, якім калісьці замыкалі замок на свіране, і цяпер з гонарам ён усім паказвае - ключ ад Свіранаў!

А я хачу дадаць, што ад такога ж свірана ў мяне ёсць кавальскай работы з "сакрэтам" замок, які цяпер захоўваецца ў "Засьцянковай хатцы ў Вашунове .

Такім чынам, ключ і замок у нашых руках! Напэўна пагэтаму мяне і Ул. Содаля нешта злучае ў справе ўшанавання Ф. Багушэвіча.

Я жыву ў Вільні, а сп. Содаль у Менску. Паміж намі дзяржаўная мяжа, але мы лістуемся, сустракаемся, дапамагаем адзін аднаму і робім агульную справу па ўшанаванні памяці Ф. Багушэвіча. Гэта радуе і цешыць.

...Свіраны цесна звязаны з Рукойнамі, якія ўпамінаюцца ў летапісе з 1435 г.

А вось у "Литовских епархиальных ведомостях" чытаем: "Имение Свираны (21 верста от Вильны) некогда принадлежало князьям Гольшанским. Часть Свиран, с фольварками Крошты и Шешоли, достались Константину Острожскому в качестве приданного, которое он получил за женою своею Татьяной из князей Гольшанских. Эта часть Свиран, пожалованная в 1552 г. князем Константином Острожским Пречистинскому собору, отдана была Рутским в обмен на Руту". "...Другая часть тех же Свиран, састоявшая из ф. Жемойтели была пожалована в 1538 году епископом виленским Павлом Гольшанским недавно построенному виленским архиднаконом Иосифом Ясенским в Рукойнях костёлу с целью отвлечь окрестных (правоверных) жителей от посещения божниц... (так окрещены, конечно, православные храмы) и обращение их к истинно католической вере... Эта часть Свиран, т. е. ф. Жемойтели, по её отдаленности от Рукойни, доставлявшая незначительный доход Рукойнскому плебану, была продана в 1628 г. виленским епископом Естафнем Воловичем троицким базилианцам за 1400 коп. грошей..."

Такім чынам з Свіранамі звязана імя выдатнага беларускага ваяра, кашталяна віленскага, гетмана і сябра Рады ВКЛ Кастуся Астрожскага, які не адзін раз з сваім вайсковым ды дзяржаўным початам ездзіў свіранскімі дарогамі. У гэты кут ён пачаў стала наведвацца з 1509 г. пасля таго, як атрымаў частку свіранскай зямлі ў пасаг ад наваградскага ваяводы князя Сымона Гальшанскага за дачкой Таццянай.

Гэты князь з дозвалу Вялікага князя Жыгімонта І пабудаваў царкву Святой Тройцы ў Вільні. А ў "Литовских епархиальных ведомостях" за 1885 г. змешчана вялікая публікацыя "Виленский СвятоТроицкий монастырь". Тут цэлая старонка прысвечана Свіранам. Высвятляецца, што Свіраны амаль да канца 30х гг. 17 стагоддзя належалі Успенскаму Збору, які з даўніх часоў яшчэ называлі Прачысцінскай мітрапольнай царквой. У 1639 г. Свіраны перайшлі Троіцкаму манастыру. Віленскія базыліяне атрымалі іх узамен на маёнтак Рута Наваградскага ваяводства, хаця засталіся незадаволеныя такім абменам, бо Свіранам належала каля трох маргоў зямлі.

У Свіранах быў базыліянскі кляштар і каплічка, аб чым узгадваюць старажылы ды рэшткі чырвонай дахоўкі ад гэтых пабудоў.

А вось што запісана пра Свіраны ў "Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў" за 1890 г.: "...фальварак і казённы маёнтак над безымяннай ракой... адзін дом, шэсць жыхароў, млын. Сядзіба над ракой сярод альшанніку, магілы часоў 1812 г., калісьці ўласнасць Віленскіх базыліянаў, цяпер - урада"

Сапраўды, да 1863 г. Свіранамі валодалі айцы - базыліяне, пасля паражэння паўстання царскія ўлады ліквідавалі манастыр, а касцёл у Рукойнах быў ператвораны ў праваслаўную царкву. Фальварак Свіраны Рукойнскай воласці Віленскага павету на 37 дзесяцін зямлі належаў гэтай царкве аж да 1905 г.

Лічыцца, што ў свой час Багушэвічы арандавалі гэты фальварак аж да пераезду сям'і ў родавы маёнтак Кушляны ў 1846 г.

У Свіранах нарадзіўся не толькі Францішак, але і іншыя дзеці Багушэвічаў якія сыпаліся адзін за другім: Уладзіслаў (1835 г ); Анастас і Нарцыс, двойня (1836 г.); Ганна (1838 г.); Францішак (1840 г.); Валяр'ян (1841г.) толькі Апалінар нарадзіўся ўжо ў 1846 г. у Кушлянах.

На пытанне: "Якое дачыненне мелі Багушэвічы да Свіранаў?" - адказ дала ўнучка паэта Станіслава Тамашэўская. Яна так вытлумачыла: "Таму дзядуля (Ф. Багушэвіч) быў народжаны ў Свіранах, што яго маці паходзіла з тых мясцінаў".

Паэтава маці Канстанцыя паходзіла з роду Галаўнёў, дзяды яе былі ўніятамі. Дзядзька яе Андрыян Галаўня быў біскупам і ў першай трэці 19 ст. кіраваў Літоўскай уніяцкай епархіяй. Меў тытул аршанскага епіскапа.

Хрысцілі малога Француся ў Рукойнах, якія знаходзяцца за 7 км. ад Свіранаў. У касцельнай кнізе запісана: "Года Божага, тысяча васемсот саракавога, месяца сакавіка дзевятага дня ў Рукойнскім парафіяльным рымскакаталіцкім касцёле ахрышчана вадой і святым алеем дзіця па імені Францішак Бенядзікт".

Вазілі хрысціць Француся Багушэвічавы сваякі і суседзі - Фелікс Галаўня і Петранеля Пастаевіч. Другая пара кумоўдзядзька Ігнат Пастаевіч і Тэкля Галаўня, ехалі за сведак. Хрысціў будучага паэта ксёндз Юзаф Мікуцкі. Была тады субота, месяц марац, высакосны год, вясновае раўнадзенства...

Гэта была пара агледзінаў пчолаў, як яны зімуюць. А 22 сакавіка - Саракі! З сакавіцкім жаўруком 1840 г. зазвінеў і галасок Француся, які і цяпер абуджае нас: "Не забывайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!" "Яна для нас святая, бо ад Бога данная"

Мы не забылі мовы, не забылі і нашага Песняра. Яго імя ўшаноўваецца, бо яно святое для нас, як і сам Францішак Багушэвіч.

Створаны ў Свіранах народны мемарыял у гонар паэта ды выпушчаныя кніжкі - сведкі гэтаму.

"Зямля у нас цяпер святая,

Святым зрабіўся і Франусь.

Святы наш край,

святая мова...

Святая наша Беларусь.

Аман ."


Юры Гіль

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX