Вярнуцца: 2005

№ 31 (717)


Крыніца: pawet.net.



№ 31 (717) 17 ЖНІЎНЯ 2005 г.


125 гадоў з дня народзінаў Гальяша Леўчыка

Гальяш Леўчык (сапр. Ляўковіч Ілья Міхайлавіч; 20.07.1880, г. Слонім - вер. 1944), беларускі пісьменнік. Скончыў Слонімскую павятовую навучальню. З 1896 служыў у Слоніме ў канцылярыі міравога суддзі, пісарам у каморніка. У 1904-14 чарцёжнік у магістраце Варшавы. З 1907 супрацоўнічаў з газетай "Наша ніва". У 1908 друкаваў у "Нашай ніве" вершы. У 1912 выдаў у Вільні зборнік паэзіі "Чыжык беларускі". Спрыяў дзейнасці беларускага студэнцкага зямляцтва ў Варшаве, у 1912-14 член Варшаўскага беларускага гуртка. З сярэдзіны 1920-х супрацоўнічаў з Амерыканскай місіяй ме-тадыстаў, пераклаў на беларускую мову спеўнікі ("Божая ліра, 1933). Асуджаў рэжым польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Выступаў за свабоду роднага слова ("Душыцелям слова", нап. 1927). Цяжар народнай трагедыі паказаў у "Калыханачцы" ("Песні аб астрожнай долі", 1926). У 1932 г. напісаў філасофска-метадыцыйныя паэмы ў прозе "Хараство" і "Чалавек". У публіцыстыцы выступаў за права беларусаў на сваю культуру. Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, Ю. Славацкага, М Някрасава і інш. Яго зборнік "Беларускі жаваранак" не выйшаў з друку.


55 гадоў Пятру Краўчанку

13 жніўня споўнілася 55 гадоў сябру Рады ТБМ Пятру Краўчанку.

Пётр Кузьміч Краўчанка (нар. у г. Смалявічы Менскай вобл.), дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, кандыдат гістарычных навук (1976). З 1985 сакратар Менскага гаркаму КПБ. У 1990-94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на на 45-48-й сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995-96, старшыня камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

У канцы 1980-х стаў на пазіцыі Нацыянальнага адраджэння, садзейнічаў адраджэнцкім працэсам у Менску і Беларусі, наладжванню добрых стасункаў з беларускай дыяспрай.

Пасля вяртання з Японіі перайшоў да актыў-най працы на ніве нацыянальнага адраджэння, садзейнічаў правядзенню многіх адраджэнцкіх мерапрыемстваў, у тым ліку ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі ў гонар Наталлі Арсенневай у Вільні, арганізацыя святкавання 95-х угодкаў Ларысы Геніюш і інш.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Пятра Кузьміча з 55-годдзем і зычаць плёну на ніве служэння нашай роднай Беларусі.


Нам не патрэбна рускамоўная хваля

Сп. Яну Канторчыку,

часоваму паверанаму

ў справах Федэратыўнай Рэспублікі Германія

у Рэспубліцы Беларусь

220034, г. Мінск, вул. Захарава. 26

Паважаны спадар Амбасадар!

Дасылаем Вам чарговыя 47 подпісаў грамадзян Беларусі, якія хочуць слухаць "Нямецкую хвалю" па-беларуску, тым больш, што зараз на гэтыя мэты выдзяліў грошы са свайго бюджэту Еўразвяз. Дарэчы, палітыка Еўразвязу накіраваная на падтрымку нацыянальных моў усіх краін без выключэння. Таму вяшчаць за грошы Еўразвязу на Беларусь па-руску будзе зусім незразумелай справай.

Звяртаю Вашую ўвагу на тое, што сярод падпісчыкаў такія вядомыя людзі як пісьменнікі Вольга Іпатава, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Міхась Скобла, Станіслаў Суднік, кіраўнікі Партыі БНФ Вінцук Вячорка і Аляксей Янукевіч, рэжысёр Валер Мазынскі.

Дасылаем Вам нумар газеты ТБМ "Наша слова", у якім надрукаваны адказ на наш ліст у рэдакцыю "Нямецкай хвалі".

З павагай старшыня ТБМ - Алег Трусаў.


Галоўнаму рэдактару

перадач на замежных мовах

радыёстанцыі "Нямецкая хваля"

сп. М. Зорычу

Шаноўны спадар Зорыч!

Ваш адказ на наш ліст мы надрукавалі ў нашай газеце "Наша слова" і дасылаем Вам адпаведны нумар.

Нядаўна мы даведаліся, што Еўразвяз выдзяляе Вам значную суму грошай для вяшчання на Беларусь. Агульнавядома, што нацыянальныя мовы ўсіх краін-удзельніц Еўразвязу маюць роўныя правы, у тым ліку эстонская і мальтыйская.

Ніхто не збіраецца ўводзіць нейкую мову, напрыклад, англійскую, у якасці афіцыйнай мовы Еўразвязу. Таму вельмі лагічна, што калі нямецкая дзяржава не мае грошай, каб беларусы чулі на "Нямецкай хвалі" родную мову, гэта можна і трэба зрабіць за грошы Еўразвязу.

З павагай старшыня ТБМ - Алег Трусаў.


ПАСОЛЬСТВА ФРГ СПАДЗЯЕЦЦА, ШТО "НЯМЕЦКАЯ ХВАЛЯ" НЕ АДМОВІЦЦА АД ПЛАНАЎ ПА СТВАРЭННІ ПЕРАДАЧЫ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ СЛУХАЧОЎ

12 жніўня пасольства ФРГ у Беларусі распаўсюдзіла заяву ў сувязі з лістамі пратэсту супраць арганізацыі перадач радыёстанцыі "Нямецкая хваля" па беларускай тэматыцы на рускай мове.

Як паведамляў БелаПАН, "Нямецкая хваля" выйграла тэндар Еўракамісіі і восенню гэтага года плануе пачаць выпуск штодзённай інфармацыйнай праграмы аб Беларусі і для Беларусі на рускай мове. Аднак супраць рускамоўнага вяшчання выступілі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і нацыянальна арыентаваных рухаў. Сярод іх - кіраўнік грамадскай арганізацыі "Таварыства беларускай мовы" (ТБМ) Алег Трусаў, палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Івонка Сурвіла, Вінцук Вячорка, палітолаг Віталь Сіліцкі.

Паводле інфармацыі пасольства ФРГ, перад радыёстанцыяй "Нямецкая хваля" стаіць выбар: трансляваць абмежаваны па часе інфармацыйны блок на рускай мове, матэрыялы якога ўяўлялі б цікавасць для беларускіх слухачоў, або захаваць усё ў ранейшым выглядзе, без спецыяльных перадач па беларускай тэматыцы. Планаў аб стварэнні на радыё праграмы на беларускай мове не было, адзначаецца ў заяве.

Пасольства таксама паведамляе, што "Нямецкая хваля" вядзе вяшчанне на мовах, колькасць якіх абмежавана, і "не мае фінансавых сродкаў для стварэння праграмы на беларускай мове". На думку пасольства, намаганні радыёстанцыі па стварэнні перадачы для Беларусі "заслугоўваюць прызнання".

"Апытанні грамадскай думкі, якія праводзяцца незалежнымі інстытутамі ў Беларусі, пацвярджаюць важную ролю рускай мовы як адной з дзвюх дзяржаўных, асабліва ў палітычнай сферы", - падкрэсліваецца ў заяве германскай дыпмісіі.

Пасольства выказвае надзею на тое, што лісты з выказваннем пратэсту не стануць для "Нямецкой хвалі" падставай адмовіцца ад планаў па стварэнні інфармацыйнай перадачы для беларускіх слухачоў.

М. РАХЛЕЙ, БелаПАН.


Мовазнаўчы досвед

Якія словы больш адпавядаюць сучаснай норме беларускай мовы?

Постаць - асоба. Першае слова нашыя слоўнікі падаюць з надта збедненай семантыкай: "Постаць. ж. Стан., фігура" (ТСБМ, т.4. с. 294). (Тут і амані-мічная адзінка: "Постаць 2 ж. Палоска жыта або іншай збажы-ны, занятая адной жняёй у час жніва").

Сучасны ж нацыянальны друк выкарыстоўвае лексему постаць з значэннем, адпаведным расейскаму слову личность. Вось некаторыя прыклады: Збіранне і рэгістраванне постацяў культуры - справа складаная, якая патрабуе вялікіх калектыўных намаганняў... Аўтар ўсведамляе, што сабраныя ім постаці зусім не вычэрпваюць той вялікай колькасці асоб з тэры-торыі Гродзеншчыны, што плённа працавалі ці працуюць зараз на культурнай дзялянцы жыцця (Аляксей Пяткевіч. Людзі культуры з Гродзеншчыны: Даведнік - Гродна, 2000. - 356 с. С.3,4). У выбраную на з'ездзе Раду ТБМ увайшло 58 чалавек. Сярод іх такія відныя постаці нацыянальнай літаратуры і культуры, навукі і адукацыі, як Я. Брыль, Р.Гарэцкі, В. Шаранговіч, У. Калеснік, А. Мальдзіс, Ф. Янкоўскі, Г. Бураўкін (Ніл Гілевіч. Ад ідэі да заснавання // Наша слова. № 21 (656). 2004 . 2 чэрвеня, с.3). Прыказкі малююць збіральны вобраз працоўнага беларуса. З іх скупых радкоў паўстае велічная постаць духоўна багатага, шчодрага душой і сэрцам, непрыміры-мага да ўціску, добразычлівага, мудрага, вострага на язык чалавека (Рыгор Шкраба. Сіла слова. Мінск, 1958, с. 35). У Віцебскай вобласці, лічы, у адным раёне нарадзіліся магутныя постаці беларускай літаратуры, народныя пісьменнікі Беларусі, лаўрэаты шматлікіх прэмій - Быкаў і Бара-дулін (Наша слова. № 22 (708). 2005. 15 чэрвеня). І постаці на-стаўнікаў доўга трымаюцца ў памяці, калі іх урокі ператвара-юцца ў адкрыцці (Роднае слова. 2005. № 6, с.112).

У адмысловай кнізе "Постаці ў гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы" (Гродна: ГрДУ, 2005. - 203 с.) аўтар-складальнік пра-фесар В.П. Таранцей піша: "Адной з прычын, якая падштурхнула аўтара ўзяцца за напісанне кнігі аб людзях Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, было жаданне расказаць, як мага болей, аб супрацоўніках, жыццё якіх, педагагічная і навуковая дзейнасць аказалі важкае ўздзе-янне на гісторыю развіцця нашай ВНУ. Дарэчы, гэтыя людзі былі самі па сабе асобадмі з энцыкла-педычнымі ведамі, разнабаковымі інтарэсамі. Адным словам, былі постацямі на даволі адметным шляху ВНУ" (с.5).

Як бачым, лексема постаць (постаці) ў маўленні вы-датных беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў, знаных нацыяналь-ных выданняў мае значэнне "вы-бітная асоба", адпаведна таму, што ў "Тлумачальным слоўніку" прыпісваецца слову асоба (ТСБМ, т.1, с. 285-286). Аднак асоба - слова шматзначнае. Да таго ж, яно мае і іранічную афарбоўку "чала-век, які трымае сябе важна, ганар-ліва; персона", а таксама "пра чалавека (часцей жаночага полу), калі не хочуць назваць яго імя" (тамсама). Відаць, гэта і паспры-яла таму, што лексема постаць сёння замяняе ў нацыянальным друку свайго сіноніма асоба.

У перыядычных выданнях гэтае слова стала і назвай адмы-словай рубрыкі.. напрыклад, у "Народнай волі" (№ 128 (2189) за 5 ліпеня 2005 года: " Постаці: Рыгор Крушына: невядомы кла-сік".

Дарэчы, з гэтым значэннем слова постаць выкарыстоўваец-ца і ў мовах нашых суседзяў, што засведчана перакладнымі слоўні-камі: "украінск. постать - лич-ность, польск. postac - личность, лицо, персона, postac historyczna - историческая личность". Такім чынам, больш адпаведным бела-рускім эквівалентам да рас. лич-ность ёсць слова постаць (а не асоба).

Падпольны і падпольніцкі - нелегальны, патаемны (тайны), канспірацыйны. Слова падпольны не фіксуюць беларускія слоўнікі 1920-х гадоў. Гэта пазычанне з расейскай мовы (подпольный), дзе яно ад подполье (подпольный); якое ад пол (под-пол-.- э). Пера-кладныя слоўнікі падаюць наступ-ныя іх беларускія адпаведнікі: "Пол м. падлога; Подполье 1. (помещение под полом) падмосце; (погреб) склеп; (подвал) сутарэн-не" 2. перен. падполле. Подполь-ный 1. падмастовы, склепавы, сутарэнны; 2. перен. падпольны (РБС-53, с. 463, 449; РБС-82, т.2, с.614).

Рас. подпольный подполье) былі перанесеныя ў беларускую частку слоўнікавага артыкула (падпольны, падполле) як палі-тычныя тэрміны дзеля рэалізацыі ідэі "зліцця нацыяў". У слоўніку В. Ластоўскага засведчана на-ступнае: "Подпольный, які знахо-дзіцца пад завалам, памосткам, у порубе, склепе; тайны, скрытны, падземны" (Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коў-на, 1924. - Выданне факсімільнага тыпу. Мінск: Навука і тэхніка, 1990. с. 489).

У сучасным перыядычным друку на месцы падпольны выка-рыстоўваецца і наватвор пад-польніцкі - утварэнне ад падпо-льнік (падпольнік + ск - і- падполь-ніцкі) - адэквата пазычанага з расейскай мовы падпольшчык (падпольщик).

У суседніх славянскіх мо-вах з гэтым значэннем ужываюцца свае ўтварэнні, што фіксуецца сучаснымі перакладнымі слоўні-камі: польск. podziemny, nielegalny, tajny (рас. подпольный, нелегаль-ный); nielegalniak (подпольщик); чэшск. ilegalni, podzemni; славацк. ilegalni, podzemny (рас. подполь-ный).

"Тлумачальны слоўнік бе-ларускай мовы" да слова падпо-льны падае сінонімы нелегальны, тайны (ТСБМ, т.3, с.555), а слова падполле і з тлумачэннем "дзей-насць, накіраваная супраць улад, якая праходзіць тайна, ва ўмовах строгай канспірацыі, а таксама жыццё ў такіх умовах..." (Там-сама).

З прааналізаванага відаць, што адмысловымі беларускімі адпаведнікамі да рас. подпольный ёсць нелегальны, патаемны (тайны), канспірацыйны, а наймен-нямі асобы - нелегальнік, патаемнік, канспірацыйнік (рас. подпольщик).

Павел Сцяцко


"КАБ СВЕДЧЫЛІ ПРА БЕЛАРУСЬ"

Так называецца кніга ўспамінаў Марыі Ганько, якая выйшла ў серыі, заснаванай Міжнародным грамадскім аб'яднаннем Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына". Гэтая серыя вяртае імёны і добрыя справы беларусаў замежжа, якіх пасляваенны лёс рассыпаў па свеце. Спадарыня Марыя змагла напісаць кнігу не толькі пра жыццё і дзейнасць свайго мужа Міколы Ганько, але і пра бела-русаў Канады, пра іх нялёгкі выгнанніцкі лёс, грамадскія і сямейныя справы многіх нашых суайчыннікаў. Кніга чытаецца з незвычайнай цікавасцю і не толькі таму што створана лёгка. нязму-шана, але і таму, што пра жыццё беларусаў у гэтай краіне мала напісана. Хіба што прыгадваецца фундаментальная праца Раісы Жук-Грышкевіч "Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча". Але гэтая змястоўная дакументальная кніга была выдадзена ў Таронта 1993 г. і на Бацькаўшчыне больш вядомая вузкаму колу літаратараў і гісто-рыкаў, хто займаецца даследаван-нем беларускай дыяспары, піша пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў беларус-кага замежжа, якія жывуць у розных краінах свету.

У кнізе Марыі Ганько сабраныя не толькі ўласныя ўспаміны пра мужа, сумеснае шчас-лівае жыццё, аповяды сяброў, артыкулы і дзённік самога Міко-лы, але і шматлікія дакументы, лісты, а ў дадатку даюцца звесткі пра беларускіх вядомых дзеячаў і беларускія арганізацыі замежжа, якія згадваюцца ў кнізе па ходу апавядання. Выдатная беларуская мова, эмацыянальная насыча-насць, сардэчнае цяпло падачы матэрыялу ў адпаведнай храна-логіі незабыўных гадоў, праве-дзеных разам усё гэта выклікае моцнае пачуццё суперажывання і разумення ў чытача. Лёс і дзей-насць Міколы Ганько пасля пра-чытання гэтай кнігі паўстаюць узорам сапраўднага служэння беларускай нацыянальнай ідэі нашага суайчынніка, дзе б ён ні жыў - на Бацькаўшчыне ці ў далёкім замежжы. Са старонак кнігі яскрава паўстае асноўная сутнасць служэння гэтай ідэі, якую Мікола спавядаў да апошніх дзён свайго жыцця. У яго разуменні нацыянальная ідэя - гэта захаван-не вернасці далёкай радзіме, лю-боў да роднай мовы, гісторыі, лепшых традыцый жыцця народа. А галоўнае - паўсядзённая праца дзеля таго, каб у свеце ведалі пра шматпакутную краіну ў цэнтры Еўропы, якую на працягу многіх стагоддзяў разбуралі, вынішчалі генафонд нацыі розныя войны, акупацыі, рэвалюцыі, калектыві-зацыі, сталінскія гулагі, ката-строфы, дыктатары. Усё гэта Мікола добра ведаў і праз лёс сваіх дзядоў, што жылі на Вало-жыншчыне, і бацькоў, якія набылі хутар у Калядзіне, непадалёку ад Маладзечна, дзе ў 1924 годзе ён і нарадзіўся. Старэйшы брат Міко-лы - Міхась (1918), грамадскі дзеяч, публіцыст, паэт - у гады вайны быў кіраўніком Саюза Беларускай Моладзі, актыўным сябрам якога стаў і Мікола, які паспеў да гэтага на вы-датна скончыць сямігод-ку і адміністрацыйна-гандлёвую школу ў Ма-ладзечне, якую заснаваў Барыс Кіт. Як згадваецца ў кнізе, "... Саюз быў для яго арганізацыяй бела-рускага нацыянальна-патрыятычнага кшталту. Вучні былі ў анямелым захапленьні, што нешта робіцца беларускае, чымта беларускае..." Вось гэтаму беларуска-му Мікола працягваў шчыра служыць, апы-нуўшыся на выгнанні з 1944 года. Спачатку ў Аўстрыі (дзе разам з А. Грыцуком, паэтамі Але-сем Салаўём і Уладзі-мірам Дудзіцкім выдава-лі часопіс "Пагоня" і га-зету "Зь Беларускага Жыцьця", каб "словам адгукацца да суродзічаў і абуджаць у іх надзею на будучыню й жаданьне змагацца далей"), а з 1948 года ў далёкай Канадзе, дзе ў гэтым жа годзе былі закладзены пачаткі Згуртавання беларусаў Канады - створана Часовая Управа Згурта-вання Беларусаў Канады, першым старшынём якой быў абраны Кас-тусь Акула. У 1950 г. заступнікам старшыні Згуртавання абралі Міколу Ганько, быў створаны статут Згуртавання, пачалі выда-ваць часопіс "Беларускі Эмі-грант".

"З таго часу. - успамінае спадарыня Марыя, - пачынаецца зафіксаваная ў друку (яна пача-лася яшчэ ў раннім юнацтве) больш чым пяцідзесяцігадовая нястомная, адданая й шчырая праца Міколы Ганька ў грамад-скім жыцці беларусаў, у дадзеным выпадку беларусў Канады. І пра-ца гэтая абарвалася толькі зь ягонай сьмерцю..."

Кнігу трэба ўважліва чы-таць, бо нельга ў кароткай рэцэнзіі пераказаць яе глыбокі і цікавы змест. Яна дае інфармацыю (ак-рамя ўсяго іншага) пра многія бакі жыцця і дзейнасці нашых суай-чыннікаў: як яны выжывалі ў першыя гады ў невядомым, чу-жамоўным свеце, як дапамагалі адзін адному, засноўвалі касы ўзаемадапамогі, набывалі агуль-ную маёмасць, засноўвалі цар-коўнае жыццё (БАПЦ), беларускі выдавецкі фонд, выдавалі газеты, часопісы, кнігі, наладжвалі кан-такты з іншымі суполкамі бела-русаў у розных правінцыях Кана-ды, сустрэчы з беларусамі ЗША, Згуртаваннем беларусаў Арген-тыны, адзначалі нацыянальныя святы і найперш Дзень 25 Сака-віка, праводзілі розныя імпрэзы, выставы, што ладзіліся ў Таронта, дзе заўсёды вывешваўся бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, якія спрэчкі і размежаванні адбы-валіся ў беларускім асяроддзі паміж прыхільнікамі БНР і БЦР, творы якіх беларускіх пісьмен-нікаў чыталі, якія вершы вывучалі і якія песні спявалі, як аргані-зоўвалі дапамогу дзецям Чарнобыля і шмат, шмат іншых спраў.

Незвычайна цікава чытаць ліставанне паміж Міколам і паэтам Алесем Салаўём, адкуль мы даведваемся пра складаны лёс гэтага выдатнага паэта, з Ула-дзімірам Дудзіцкім, які выехаў у далёкую Паўднёвую Амерыку, у Венесуэлу і паведамляў пра беларускае нацыянальнае жыццё ў гэтай экзатычнай краіне, лісты іншых знаёмых і сяброў Міколы, не кажучы ўжо пра "Дзённік Міколы Ганька", ягоныя цікавыя глы-боказмястоўныя артыкулы ("Наш шлях да дзяржаўнасьці", "Грама-дзкі боль", "На дзень памяці сьв. Кірылы Тураўскага", "Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква", "Два гады працы пара-фіяльнай рады парафіі царквы сьв. Крылы Тураўскага ў Таронта", "Прывітаньне да гасьцей ХХ сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі", "Становішча і прапановы", "Лісты да Старшыні Рады БНР сп. Язэпа Сажыча", "Даклад на Дзень герояў Беларусі" і інш.) І на фоне гэтых грамадскіх падзей, што складалі асноўны змест і сэнс жыцця Міколы і Марыі, іх па-плечнікаў, быццам падсвечваючы яго, у кнізе разгортваецца другая сюжэтная лінія - іх асабістыя ўзаемаадносіны - яе прыезд у Канаду да сваякоў, першае зна-ёмства з Міколам, якое перарасло ў каханне, стварэнне шчаслівай сям'і, сяброўства. Супольныя справы з іншымі беларускімі се-м'ямі, паступовы рост высокай матэрыяльнай забяспечанасці вольных людзей у вольнай краіне...

Кніга прываблівае і сваім знешнім афармленнем: на воклад-цы прыгожы партрэт Міколы на фоне беларускага арнаменту, акіянскага цеплахода, на якім беларусы пакідалі родную хату, ад'язджаючы ў далёкія краіны... Старонкі яе аздоблены шматлікімі фотаздымкамі, копіямі дакумен-таў, якія пацвярджаюць добрыя патрыятычныя справы нашых землякоў за межамі Бацькаўшчыны, куды вяртаюцца яны з небыцця ўжо ў кнігах, якія трэба ведаць і чытаць.

Лідзія Савік


АЛЕСЕВЫ ЖЫЦЦЁВЫЯ ВІТКІ

17-га жніўня Алесю Жамойціну - 50

Неяк неўпрыкмет жыццё наматала на Алесе-ву жыццёвую шпульку ўжо пяцьдзесят віткоў. Сённяяму якраз пяцьдзесят.

Лёс нямала пакідаў яго па свеце, перш чым ён прыбіўся да Багушэвічавых Кушлянаў. Быў машыністам, вадзіў цеплавозы на чыгунках. Скончыў універсітэт. Вучыўся ў аспіран-туры. Літаратар. Паэт. Аўтар паэтычнага зборніка "Азірнуўшыся, не скамянею". Але распавядаць пра Алеся Жамойціна - гэта найперш распавядаць пра Кушляны, пра Францішка Багушэвіча, пра кушлянскі сядзібны мемарыял. То як жа Алесь прыбіўся ў Кушляны?

А. Жамойцін:

- А хіба пан забыўся, як гэта было? Гадоў з двац-цаць таму вы з дзядзькам Міхалам завіталі ў Доцішкі. Там я тады настаўнічаў... У Доцішках у сваю пару перад паўстаннем - 1863 года настаўнічаў і малады Фран-цішак. Я пра гэта чуў і парупіўся што-кольвек рас-пытацца ў тутэйшага лю-ду. Мне пашчасціла наспат-кацца з унукам старога паўстанца Свечкам.

От тады я і "захва-рэў" на Багушэвіча. Пачаў сачыць, што робіцца ў Куш-лянах. А якраз набліжалася 150-ая гадавіна з дня наро-дзінаў Францішка Багушэ-віча, і пачалася гаворка пра стварэнне ў Кушлянах ме-марыяльнага музея. Патрэ-бны быў дырэктар, і хтось прапанаваў маю персону. От з тое пары я дырэктар Кушлянскага мемарыялу.

Ул. Содаль:

- І што для цябе, Алесь, Багушэвіч, Багушэ-вічава творчая спадчына?

А. Жамойцін:

- Пра гэта адным словам не скажаш. Мяне асоба Францішка Багушэві-ча цікавіць усебакова і як грамадзяніна, і як паэта. Я яму прысвяціў цэлую нізку вершаў "Дудка між кайда-наў".

Ул. Содаль:

- Так, Алесь, і ты на ўсе сто адсоткаў адпавя-даеш Кушлянам, Багушэві-чавай сядзібе, музею Фран-цішка Багушэвіча. Ты не толькі аўтар вершаў, пры-свечаных Багушэвічу, але, і гэтае самае цікавае, трошкі граеш на ягонай радаснай дудцы. Ці не гэта адна з тых акалічнасцяў, якая паспры-яла табе пачуць на поўную моц голас Багушэвічавай "Дудкі Беларускай"?

А. Жамойцін:

- Безумоўна, уменне граць да дудцы дапамагае разуменню паэтавай душы, глыбіні яго паэтычнага сло-ва.

Ул. Содаль:

- Алесь! А як табе бачацца некаторыя моман-ты нашае гісторыі з сядзібы Францішка Багушэвіча?

А. Жамойцін:

- Гледзячы якія...

Ул. Содаль.

- Ну, скажам. моў-ныя... За што вельмі турба-ваўся Францішак...

А. Жамойцін:

- Мы захавалі мову і рэшткі звычаяў. Нас не адзін раз хацелі пазбавіць гэтага скарбу. Але Бог даў беларусам здольнага на-шчадка вешчуноў Франці-шка Багушэвіча, каб узняць да жыцця аслабелую на той час традыцыю прамоўле-нага слова.

І як бы ні пнуліся новыя русіфікатары, Фран-цішак Багушэвіч змусіць шмат каго абачыцца, аду-мацца, як гэта было напры-канцы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў. У наш музей завітваюць не толькі пілі-грымы з Беларусі, але і з Расіі, і я ім распавядаю пра нашага Францішка Багушэ-віча нашаю мовай.

Ул. Содаль:

- Алесь, ці уляўляеш ты сваё жыццё без Кушля-наў?

А. Жамойцін:

- Уяўляюць уяўляю: усё ў жыцці можа быць. Але калі б такое сталася, безу-моўна, гэта быў бы для мяне вялікі стрэс. Я ўсё ж за гэтулькі гадоў зжыўся з Кушлянамі, кушлянцамі, з паэтавы духам. Пра гэта мае вершы, думкі.

Ул. Содаль:

- Алесь, як ты ду-маеш, чаго не стае яшчэ Кушлянам? Ці можна яшчэ неяк памножыць славу Ку-шлянаў, іх прыцягальную моц? Чаго ім яшчэ не стае? Ці, можа, інакш: якім цябе бачацца, наступныя дзе-сяць гадоў, і калі будзем адзначаць тваё шасцідзе-сяцігоддзе?

Алесь Жамойцін:

- Пра гэта я шчэ не думаў. Але мушу пра гэта думаць. Балазе, нас усіх чакае і больш блізкі і больш значны юбілей: у 2010 годзе (сто сямідзесятая гадавіна з дня народзінаў Кушлян-скага песьняра з дня наро-дзінаў - аўтара "Дудкі Беларускай". От у гэтым рэ-чышчы я і мушу рупіцца сэрцам і душою..

Алесь Жамойцін цікавы суразмоўца. З ім ці-кава пагутарыць на любую тэму. Ён можа парадзіць, як паправіць здароўе. Мне давялося аднойчы быць ягоным пацыен-там. І я сведчу: магія ягоных рук лучыць ма-гію цяпла. Такая ж магія і ягонага слова.

Алесь сам водзіць экскурсіі. Кожная ягоная экскурсія - гэта твор. Ён не ведае паўтораў, збі-тых штампаў. Асабліва апантаны ён ля паў-станцкага стэнда, дзе крывыя вострыя косы-шаблі, бел-чырвона-бе-лая сцягі. Здаецца, ля гэтага стэнда ён сам гатовы зліцца з паў-станцамі Кастуся Ка-ліноўскага, з Франціш-кам Багушэвічам...

Рэдакцыя "Нашага слова" і Таварыства беларускай мовы шчыра вітае апантанага рупліўцу на палетку Багушэвічавай спадчыны з яго паўвекавым юбілеем і жадае яму здзейсціць усе свае творчыя парыванні і задумы.

Уладзімір Содаль


Калі міліцыя не можа палавіць нацыянал - бальшавікоў

Як паведамлялі срод-кі масавай інфармацыі, у ноч з 23 на 24 ліпеня невя-домыя здзейснілі напад на сядзібу ТБМ. Уваходныя дзверы і шыльду аблілі чорнай фарбай. На вокны і дзверы наляпілі налепкі з эмблемай НБП (нацыянал-бальшавіцкая партыя). Намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім з гэтай нагоды звярнулася ў РУУС Партызанскага раёна г. Менска. Але ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па гэтаму факту было адмоўлена, пра што ТБМ атрымала паведамленні датаваныя 29.07. 2005 і 3.08.2005. Паводле дасланых папераў міліцыя вінаватых не знайшла, шкода нанесеная Таварыству складае ўсяго 300000 рублёў, а крымінальная адказнасць наступае пасля нанясення шкоды ў памеры 40 базавых велічынь (1020000 рублёў). Учыненае злачынства цягне толькі на "дробнае хуліганства".

У сувязі з гэтым Сакратарыят ТБМ накіраваў чарговую заяву, але ўжо ў больш высокую інстанцыю.


Старшыні

Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

г. Мінск, пр-т Незалежнасці,

Сухарэнку С. М.

г. Мінск, 220623,

пр. Незалежнасці, 17

Паважаны Сцяпан Мікалаевіч!

У ноч з 23 на 24 ліпеня 2005 г. на сядзібу ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" быў зроблены напад. Уваходныя дзверы і шыльду невядомыя аблілі чорнай фарбай. На вокны і дзверы наляпілі налепкі з эмблемай НБП (нацыянал-бальшавіцкая партыя). Па факту гэтага здарэння мы звярнуліся ў РУУС Партызанскага раёна (талон-паведамленне № 2058).

Аднак звяртаем Вашу ўвагу, што на сайце Мінскага аддзялення забароненай Расійскай нацыянал-бальшавіцкай партыі інфармацыя пра гэту акцыю з безумоўнай яе падтрымкай з'явілася задоўга да афіцыйнага паведамлення. А менавіта, па электронным адрасе belnbp.fastbb.ru яна была змешчана ў 2 гадзіны 28 хвілін 24 ліпеня, тады як наша заява зарэгістравана пасля 13 гадзін 24 ліпеня. У сувязі з гэтымі фактамі заяўляем наступнае.

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" з'яўляецца зарэгістраванай грамадскай арганізацыяй. Мы дзейнічаем строга ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Наша арганізацыя можа прывесці шматлікія выпадкі канструктыўнага супрацоўніцтва з органамі ўлады Беларусі адносна рэальнага функцыянавання беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай у нашай краіне. Таму мы патрабуем ад Вас даць афіцыйную ацэнку дзеянням невядомых асоб, якія ўчыняюць злачынствы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пераследуючы легальныя беларускія грамадскія арганізацыі. Просім Вас прыкласці ўсе намаганні да іх затрымання і пакараць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Мы лічым, што дзеянні па выяўленні і затрыманні злачынцаў безумоўна паспрыяюць умацаванню дзяржаўнай бяспекі нашай краіны і павысяць аўтарытэт Вашай структуры ў вачах беларускіх грамадзян.

Прынята рашэннем Сакратарыяту ГА 29.07.05.

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.


Сітцы - малая радзіма Ігната Дамейкі?

У Сітцах, што знаходзяцца ў Докшыцкімраёне Віцебскай вобласці ідзепадрыхтоўка да ўстаноўкі памяткіў гонар Ігната Дамейкі. Выпускнік Сітцаўскай школыГіль Генадзь, якіжыве ў Менску і займаеццадробным бізнэсам, даўзгоду прафінансаваць гэтую задуму.

У народзе кажуць: "Той родны куток, дзе закапаны пупок". Дык дзе ж закапаны пуп Ігната Дамейкі? Дзе яго малая радзіма?

У навуковай літаратуры сцвярджаецца, што Ігнацы нарадзіўся ў Медзведцы, што на Наваградчыне (цяпер гэта Карэліцкі раён). Зразумела, у Медзведцы і Сачыўцы прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Маці вучонага - Караліна з сям'і Амкудаў была родам з Сачыўкаў (там яна і пахавана ў 1832 г.). Бацька Ігната - Гіпаліт памёр у1809 г., пахаваны ў Міры (ля касцёла).

Род Дамейкаў - гэта не прышлы род з Польшчы ці Жмудзі, а мясцовы, "ліцвінскі". Разгалінаванасць роду і яго шматлікасць, вялікая радня - бліжэйшая і далейшая, якая жыла тады па ўсёй ЛітвеБеларусі, дае меркаваць, што было да каго ездзіць у госці ды хрысціцца ў розных касцёлах. Напрыклад, метрыка бацькі Ігната аказалася ў Заслаўі.

Малодшы брат Ігната - Казімір быў хрышчаны ў Параф'янаўскім касцёле, што ля Сітцаў (цяпер Докшыцкі рн. Віцебскай вобл.).

Аўтар "Польскага гярбоўніка" Адам Банецкі (1901 г.) сцвярджае на падставе касцельнай метрыкі, запісанай у Параф'янаве, што недалёка ад Сітцаў, Ігнат Дамейка прыйшоў на свет у 1802 г. На тым, што Ігнат быў хрышчоны ў Параф'янаўскім касцёле настойваеі адзін з нашчадкаў вучонага Мар'юш Германовіч, які цяпер жыве ў Францыі і які прыязджаў на Карэліцкія чытанні 1996 і 1997 гг.

А раз хрысцілі Ігната ў Параф'янаве, то радзіўся ён на гэтай зямлі - у Сітцах, ці Анкудаве (недалёка ад Сітцаў быў фальварак Анкудава), бо не было неабходнасці везці у Параф'янаўскі касцёл з Медзведкі.

Значыць, пуп Ігната закапаны ў Сітцах, бо роды тады прымалі бабкіпавітухі альбо акушэрка. Аналізуючы ўсё гэта, няцяжка прыйсці да высновы, што Сітцы і з'яўляюцца калі не малой радзімай Ігната, то тым мейсцам, дзе закапалі яго пупок, г. зн. радзінны куток.

... У Сітцах павінна быць мемарыяльная дошка ў гонар роду Дамейкаў. Выпускнік Сітцаўскай СШ Гіль Генадзь Часлававіч, які жыве цяпер у Менску, даў згоду фінансаваць усталяванне памяткі, і гэта цешыць.

Падрыхтоўка ўжо ідзе, і ёсць надзея, што задума здзейсніцца.

Юры Гіль, гісторык.


Шматпакутны Скарына

Здаецца, мы ўжо пачынаем любіць і паважаць нашу гісторыю і культуру. Можа, менавіта гэта і прывяло да таго, што Нясвіжскі палац і Дуга Струве сёлета былі ўключаны ў спіс культурных каштоўнасцяў свету ЮНЕСКА. Але пагаворым толькі пра Менск. Сёння ў сталіцы шмат зроблена для таго, каб яе твар выглядаў прыгожа. Чыстыя вуліцы, мора кветак. Светлыя дамы, прыбра-ныя паркі і скверы - усё гэта робіць наш горад утульным для жыцця, вясёлым, ветлівым. Шмат чаго зроблена для аднаўлення старыны. Як-ніяк, а Менск - адзін з найста-ражытнейшых гарадоў краіны! У Верхнім горадзе кіпіць праца па аднаўленні старых будынкаў. Менск зноў набыў Ратушу - ся-рэдневяковы сімвал вольнага горада - Гандлёвыя Рады, Гасцін-ны двор. Хутка ажыве і старая гасцініца "Еўропа". Гэта ўсё дае надзею, што менчукам патрэбна іх гісторыя.

Але хочацца пагаварыць пра нашыя вуліцы, а дакладней пра іх назвы - мікратапаніміку горада. Ужо здавалася, што пасля бурных 90-х гадоў мінулага ста-годдзя нашыя ўлады пачалі разу-мець, што натварыла бязглузная палітызацыя назваў вуліц і сталі асцярожней ставіцца да гэтай "творчасці". Пасля таго, як на карту горада вярнуліся спрад-вечныя назвы: Раманаўская Сла-бада, Гарадскі Вал, Даўгаброд-ская, Ігуменскі тракт і інш., з'я-вілася надзея на адраджэнне. І нават шматлікія новыя назвы гучаць цікава і самабытна: вуліцы Янкі Лучыны і Прушынскіх у Лошыцы, Вязынская, Мядзель-ская, Вілейская, Расонская ў вёс-ках, якія толькі ўвайшлі ў мяжу горада. А гэта ўсё наша гісторыя! "Асноўнай уласцівасцю тапані-мічных найменняў з'яўляецца іх устойлівасць, жывучасць, з пры-чыны чаго яны служаць самымі старажытнымі помнікамі, якія дазваляюць пранікаць у глыбіню гісторыі, культуры і мовы". Усе мае сябры і знаёмыя, нават і тыя, хто не жыве ў сталіцы, здзіўляліся апошнім перайменаванням, якія прайшлі па Указу Прэзідэнта ад 7 траўня 2005 г. № 261. А я толькі думаў аб нашым пешадрукары, якому ніяк не могуць знайсці падыхо-дзячую вуліцу. У 1989 г. вуліцу Францішка Скарыны пера-йменавалі ў вуліцу Алешага. У 1990 г. імя нашага славутага асветніка далі вуліцы Акадэміч-най, а ў 1991 г. яго ж імя атрымаў і Ленінскі праспект. Да 1997 г. улады ўпэўніліся, што Скарына ўжо добра ўвекавечаны ў назвах вуліц горада і вярнулі Акадэміч-най вуліцы яе імя. Ужо ўся краіна прывыкла да назвы цэнтральнай магістралі сталіцы, як неўзабаве Скарына быў перанесены ва Ўручча, у выніку чаго з карты знік старажытны тапонім Барысаўскі тракт. Ці, можа, і станцыю наза-вуць па-іншаму? Падаецца, быц-цам мы не ведаем, што нам рабіць і з нашай незалежнасцю. Яна таксама цягаецца па карце гора-да. Спачатку плошчу Леніна і станцыю метро перайменавалі ў Незалежнасці, потым станцыі вярнулі былую назву, а Незалеж-насць цяпер разлілася па ўсяму праспекту. І гэта пры тым, што перайменаванне - справа не тан-ная! Такіх тапанімічных ляпсусаў у Менску хапае. Вось яшчэ адзін з іх. У 1990 г. вуліцы Жданава было надана новае імя - Жылуновіча. Выдатна, але ж у Малым Трасцян-цы існуе вуліца Цішкі Гартнага. І нікога не здзіўляе тое, што гэта імёны аднаго і таго ж чалавека!

Навошта займацца пустой тратай грошай і часу? Безумоўна, Беларусь - краіна - партызанка. У нас хапае герояў Вялікай Ай-чыннай, памяць аб якіх неабходна ўшаноўваць, але навошта яшчэ больш палітызаваць карту горада? Наш горад і так амаль цалкам страціў сваю тапанімічную сама-бытнасць. З тых рэдкіх "нітачак", якія сапраўды засталіся жыхарам сталіцы ў спадчыну, фактычна немагчыма сплесці каларытны дыван менскай мясцовасці. І гэта ў горадзе, якому сёлета спаўня-ецца 938 год! Няўжо мы не разу-меем, што назвы вуліц, плошчаў, урочышч і вёсак, якія ўжо сёння зніклі ў мяжы горада - гэта, побач з палацамі, цэрквамі, адметнымі будынкамі, наша непаўторная гісторыя і культура. Яе неабходна зберагаць, захоўваць для нашых дзяцей і перадаваць далей у спад-чыну. Хочацца толькі прывесці шэраг такіх цікавых і самабытных назваў, якія былі на карце горада да таго, як іх замянілі на Маркса, Энгельса, Леніна, Герцана, Кірава, Фрунзе, Варанянскага. Пляхана-ва, Казлова... Услухайцеся ў гэтыя назвы: Францысканская, Бернардзінская, Дамініканская, Валокі Полацкія, Вялікая Татар-ская, Ляхаўка, Уборкі, Пярэспа, Траскоўшчына, Кашары, Пагу-лянка. Весялоўка, Аднопаль, Ціва-лі... Іх безліч, але замест таго, каб заняцца рэанімацыяй менскай тапанімікі, кампетэнтныя людзі "кідаюць" па карце горада Ска-рыну! Я лічу, што павінна існаваць камісія, якая распрацуе план ад-наўлення старых назваў, што будзе апірацца на гістарычныя даследванні ў гэтай галіне. А іх праводзілася безліч! Можа тады назвы зноў будуць належаць наро-ду і стануць візітоўкамі беларус-кай зямлі. Яны будуць расказваць пра саміх сябе, дапамагаць нам жыць, натхняць і цешыць нас. І такія назвы будуць фармаваць грамадзяніна-патрыёта, які будзе глыбока адчуваць сваю повязь з гісторыяй, ахвотна аддаваць сябе росквіту дарагой і адзінай Бацькаўшчыны.

Павел Сімчанка,гісторык.


Б А Б Р Ы

Паважаны сп. рэдактар звярнуцца да вас нас змусіла вось якая праблема. У час вандровак па сельскай мясцовасці з мэтай збору матэрыялаў, нас проста ўразіла хуткае змяншэння колькасці вясковага насельніцтва. Шмат вёсак, якія існавалі яшчэ 5-7 год назад, цяпер не існуюць. Таму мы паспрабавалі напісаць гісторыю некаторых вёсак ў народных паданнях і легендах, шкада але ўжо некаторых носьбітаў няма у жывых.

Шаноўная рэдакцыя мы прапануем свой першы нарыс пра вёску Бабры Лідскага раёна.

У цэнтры вёскі знаходзіцца яе галоўная славутасць - Крыжа-ўзвіжанская царква, пабудаваная у 1810 годзе. Згодна з мясцовымі паданнямі менавіта з пабудовай царквы, жыхары звязваюць паходжанне назвы вёскі. Лічыцца, што раней вёска назы-валася Чаплічы і стаяла ў нізіне. А калі пабудавалі царкву, то вёску перанеслі да царквы на ўзвышша, а паколькі чаплі жывуць у нізі-не, а бабры на ўзвышшах, то новую вёску назвалі Бабры.

У 1810 годзе царква буда-валася як уніяцкая, а пасля 1839 г. стала праваслаўнай. Каля царквы расце дуб у чатыры абхваты. Згодна аповядаў ужо нябожчыка дзеда Бенядзікта, гэтае дрэва, пад час асвячэння храма у 1810 г. пасадзіў нікому яшчэ невядомы падлетак, а ў будучым знакаміты ўсяму свету паэт-дэмакрат Адам Міцкевіч. Ад дзеда Бенядзікта мы пачулі, яшчэ адну цікавую гіс-торыю, згодна з мясцовымі па-даннямі менавіта ў Бабрах Вялікі князь Гедзімін павінен быў па-будаваць замак, а не ў Лідзе. Але вышла наадварот. Каля царквы знаходзіца яшдчэ адна мясцовая знакамітасць, камень-следавік з выявай следа Маці Божай. Наогул камяні-валуны з поўнасцю і з часткова выбітай выявай слядоў чалавека або розных жывёл, шы-рока распаўсюджанны ў Еўропе і Азіі, трапляюцца і ў Афрыцы. На Беларусі вядома каля сямідзесяці такіх камянёў, якія сканцэнт-раваны на поўначы і ў цэнтры краіны. У большасці выпадкаў гэта адзін след ў натуральную велічыню, але сустракаюцца і два: звычайна, след дарослага і дзіцяці. Бываюць каменні са слядамі жы-вёл (аленя, зайца, мядзведзя, лі-сіцы, ваўка, казы, ката)

Паводле меркаванняў не-каторых навукоўцаў ў другой палове другога тысячагодзя да нашай эры ў канцы бронзавага веку ўзнік культ камянёў-сле-давікоў. У той час існавала стро-гая забарона ствараць выявы багоў. Але зварот да небачнага бога вымушаў чалавека шукаць адзнакі яго бачнай прысутнасці. Таму і з'явіліся выявы "слядоў бога".

З прыходам хрысціянства многія следавікі сталі прошчамі. У народзе вада са следавікоў лі-чыцца гаючай і святой. Камень ў Бабрах не з'яўляецца выключэннем. Раней гэты камень зна-ходзіўся на лузе за вёскай, а ў 20-х гадах мінулага стагодзя айцец Аляксандр перавёз яго пад царкву і асвяціў, кажуць айцец Аляксандр распаўсюджваў беларускую газету "Раніца" і прапаноўваў прыхаджанам падпісвацца на яе.

У 1966 г. царква была прымусова зачынена. Людзі баранілі свой храм, як маглі - лямант жанчын быў чуцён за шмат кіла-метраў ад вёскі, мужчыны не пускалі міліцыянтаў у царкоўную браму. Толькі пасярод ночы, на наступныя суткі царква была захоплена. Вынік быў жудасны быў знішчаны царкоўны архіў. Паводле сведчанняў вяскоўцаў кнігі былі проста выкінуты ў гразь і патаптаны. У 1991 г. царква была адрамантавана і зноў адчынена. Зараз ў яе два разы на месяц прыязджае бацюшка і праводзіць службу. Падчас апошняга нашага прыезду вяскоўцы доўга спрача-ліся, колькі іх засталося 46 ці 48, амаль усе яны пенсіянеры. Перспектыў у сваёй вёскі вяскоўцы не бачаць, лічаць, што за 6-8 гадоў яна знікне. Тут узнікае балючае пытанне, што будзе з храмам, дубам, каменем?

На наш погляд дяржаве неабходна ўзяць пад ахову не толькі ў Бабрах, але ва ўсёй краіне помнікі архітэктуры і археалогіі, бо ў адваротным выпадку іх чакае незайздросны лёс капліцы ў Цвер-бутах, якая была знішчана ў самым канцы 20 стагоддзя.

Міхась Бурачэўскі, Уладзімір Круцікаў, Лявон Лаўрэш.


П А Р Ц Э Л Ы

Алесь МАКРАЦОЎ


* * *

Сусед глядзеў

На луг вачмі касца,

Затым на лес -

Вачамі дрывасека...

* * *

Саюз

Расейскага дома

З беларускімі

Сенцамі...

* * *

Культура...

Гумусны слой

Пясчанай глебы

Айчыны...

* * *

Геніяльныя

Творы мастацтва...

Рэха

Творчасці Бога.

* *

Дуб векавечны -

Вялікая літара

Сказа

Тутэйшай прыроды...

* * *

Народ

Без сваёй мовы,

Што мастак

Без палітры...

* * *

Складае

На трох мовах:

Талент

Пачаў кусціцца...

* * *

Нібыта шэдэўр

Без рамы,

Народ

Без сваёй

Дзяржаўнасці...

* * *

Вятры

Дабра і зла

Хістаюць

Лістоту душ...

* * *

Між дрэў

Еўрапейскага гаю

Знявечанае дрэва

Беларусі...

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX