Вярнуцца: 2006

№ 7 (743)


Крыніца: pawet.net.



№ 7 (743) 15 ЛЮТАГА 2006 г.


21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы


85 гадоў з дня народзінаў Івана Мележа

МЕЛЕЖ Іван Паўлавіч (8.2.1921, в. Глінішча Хойніцкага р-на - 9.8. 1976), беларускі сав. пісь-меннік. Нар. пісьменнік БССР (1972). Скончыў БДУ (1945). Удзельнік Айч. вайны. Працаваў у час. "Полымя" (1945-47), у апараце ЦК КП(б)Б (1950-51). З 1966 сакратар, у 1971-76 нам. старшыні праўлення СП БССР. Друкаваўся з 1939 (вершы). Першае апавяданне "Сустрэча ў шпі-талі" апублікаваў на бел. мове ў 1944. Адно з ранніх апавяданняў - "У завіруху" - высока ацэнена К. Чорным, яно потым дало назву зборніку (1946). Ужо раннія апавяданні і аповесць "Гарачы жнівень" (1948) вызначылі тыя асноў-ныя кірункі, шляхі, па якіх М. вырастаў у выдатнага пісьменніка,- гэта вёска і вайна, лёс чалавечы і народ-ны ў суровых выпрабаваннях 20 ст. У 1950-52 напі-саў першы раман "Мінскі напрамак", які потым, пры перавыданнях, грунтоўна перапрацоўваў у 60-70-я г. М. адзін з першых у пасляваен. л-ры зрабіў героем шырокапанарамнага твора рэальнага ўдзельніка Айч. вайны, асобу гіст. маштабу (I. Д. Чарняхоўскага). Адзін за адным выйшлі зборнікі яго новых апавяданняў: "Блізкае і далёкае" (1954), "У гарах дажджы" (1957), "Што ён за чалавек» (1961). Цікавымі былі спробы, по-шукі і ў драматург. жанры: п'еса "Пакуль вы маладыя" (1956, паст. Бел. тэатрам імя Я. Купалы, 1957) - з жыцця інтэлігенцыі, гісторыка-рэв. драма «Дні нараджэння» (1958, паст. там жа, 1959). Найвышэйшае дасягненне творчага жыцця пісьменніка - трылогія "Палеская хроніка", што склалася з рама-наў "Людзі на балоце" (1961. Літ. прэмія імя Я. Коласа 1962), "Подых навальніцы" (1964- 65), за якія яму пры-суджана Ленінская прэмія 1972, і «Завеі, снежань» (1976). Сваю хроніку М. пачынаў як лірычны твор. У арт. "Жыццё, якое я зве-даў" ён пісаў: "Людзі на балоце" я назваў бы лірычным раманам". Працягваў у "Подыху навальніцы" хроніку як раман-даследаванне: "Чым болып я думаю над тым, якой павінна быць літаратура, тым болып пераконваюся ў думцы, што літаратура, мастацкая літаратура - таксама навука..." (арт. «I сёння, і заўтра, і заўсёды!», 1966). Закончваў "Палескую хроніку" (надрукаваныя і асабліва ненадрукаваныя ім раздзе-лы рамана «Завеі, снежань») як твор драматычны, трагедыйны. Па жанру гэта бліз-ка да трагедыйнага эпасу - бел. сястра "Ціхага Дона" М. Шолахава. Трылогія М., матэрыялы да яе (надрука-ваны ў 10-томным Зборы яго твораў) стаяць у шэрагу найважнейшых мастацкіх, гісторыка-мастацкіх дакументаў пра 1920-я г. Да сваёй гал. кнігі М. ішоў праз усё творчае і наогул амаль усё свядомае жыццё. Ён уклаў у "Палескую хроніку" самае дарагое, запа-ветнае, важнае- усё, што перажыў, зведаў, зразумеў, і змог сказаць сваё. бел. слова аб тым, што хвалюе ў 20 ст. сотні мільёнаў людзей. У 1975 выйшла кніга літ.-крытычных артыкулаў, нарысаў і публіцыст. выступленняў пісьменніка «Жыццёвыя клопаты» (Дзярж. прэмія БССР імя Я. Коласа 1976), у 1977 - "Першая кніга" (дзённікі, запісы ваен. гадоў). Паводле "Палескай хронікі" Бел. тэлебачаннем пастаўлены 3-серыйны тэлеспектакль (1975). У 1979 - тэлеспектакль па раману «Завеі, снежань». Бел. тэатр імя Я. Купалы паставіў спектакль «Людзі на балоце» (1966). Па матывах гэтага рамана К. Цесакоў стварыў радыё-оперу «Барвовы золак» (1983). Выдадзены фотаальбом «Сказ пра Івана Мележа» (1984). Рэжысёры В. Тураў і Дз. Зайцаў экрані-завалі "Палескую хроніку" (кіпафільмы "Людзі на балоце", 1982, «Подых навальніцы, 1983).

Яго імем названы вуліцы ў Менску і Хойні-ках, імя пісьменніка прысвоена школе ў в. Глінішча, бібліятэцы у Гомелі, цеплаходу. У Менску на доме, дзе ён жыў, мемарыяльная дош-ка. У Глінішчы адкрыты літаратурны музей Івана Мележа. У 1980 устаноўлена літ. прэмія СП БССР імя Мележа.

А. М. Адамовіч.


200-я ўгодкі Канстанціна Тышкевіча

Кантанцін Піевіч [5(17).2.1806, Лагойск - 1(13).7.1868], бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат Я.П. Ты-шкевіча. Вучыўся ў Полац-кім езуіцкім, Забельскім дамініканскім калегіюмах. Скончыў Віленскі ун-т (1828). У 1828-36 у мін-ве фінансаў Царства Польскага. З 1836 жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян, цукровыя з-ды, Лагойскую палатняную мануфактуру і інш.; на аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцяў. У 1861 удзельнічаў у рабоце Менскага губернскага к-та па сялянскіх пытаннях. Шмат вандраваў па Расіі і замежжы, чл. навук. т-ваў у Вільні, Кракаве, Маскве, Празе, Парыжы, Лондане. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцяў, чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Менскай губ., ічныя планы гарадзішчаў.

(Пра К. Тышкевіча чытайце на стар. 4. )


МІКОЛУ КУПАВУ - 60

Мікола Купава нарадзіўся 31 студзеня 1946 г. у Оршы. Закончыў Менскае мастацкае вучылішча (1968), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1978). Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1978 г. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Аўтар партрэтаў К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, Цёткі, К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Я. Коласа і іншых дзеячаў беларускай культуры; серый "Шляхамі Янкі Купалы" (1980), "Якуб Колас. Маладыя гады" і "Родны кут Якуба Коласа" (абедзее 1982), "Купалавы Ляўкі" (1997), "Шляхамі Язэпа Драздовіча (1996 - 1998) і інш. Адзін з аўтараў беларускай дзяржаўнай сімволікі "Пагоні" і бел-чырвона-белага сцяга. Яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным Мастацкім. музеі, Коласаўскім і Купалаўскім музеях і інш. За афармленнс энцыклапедычнага даведніка "Францыск Скарына і яго час" уганараваны медалём Францыска Скарыны.

(Пра Міколу Купаву чытайце на стар. 5. ).


З РАНЕЙ НЕ АПІСАНЫХ ВЫРАЗАЎ

У 1993 годзе ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя" пабачыў свет падрыхтаваны мной двухтомны "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы". Яго наклад - 15000 асобнікаў (у сённяшніх умовах гэта лічба здаецца неверагоднай, фантастычнай). У слоўніку пададзена 5 755 фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Кожны з іх атрымаў трохбакову (семантычную, граматычную і ствлістычную) характарыстыку.

Неад'емным кампанентам слоўнікавага артыкула выступае ілюстрацыйны матэрыял - прыклады-цытаты. Яны з'яўляюцца дадатковым сродкам семантычнай інфармацыі пра фразеалагізм. Садзейнічаюць асэнсаванню фразеалагічнага значэння, пераконваюць у сапраўдным існаванні ў пэўным выразе таго ці іншага значэння або значэнняў, сфармуляваных у дэфініцыях, паказваюць тыповыясінтаксічныясувяз і фразеалагізма са словамі, даюць поўнае ўяўленне пра нарматыўнае функцыянаванне выразу ў маўленні, пацвярджаюць пададзеныя напачатку звесткі семантычнага. Граматычнага і ствлістычнага плана.

У прадмове да ФСБМ сказана, што ў ім выяўлена і па магчымасці поўна апісана фразеалогія беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане. Фразеалагічны ж склад нашай мовы. Нягледзячы на крайне неспрыяльныя ўмовы для яе функцыянавання і развіцця, увесь час папаўняецца. І я пастаянна пры чытанні беларускіх кніг, часопісаў, газет "палюю" за новымі выразамі. Іх сабралася амаль 600.

Адны з гэтых выразаў склаліся зусім нядаўна і сталі актыўна ўжывацца ў перыядычным друку і мастацкіх тэкстах: выціраць ногі аб каго, галаўны боль, дах паехаў у каго, не прасыхаць, перакрываць кісларод каму, так бы мовыць, уставаць з каленяў, цягнуць коўдру на сябе і г.д.

Другія (іх няшмат) былі і раней вядомыя ў асобных гаворках, адзначаліся ў ыялектных слоўніках ці зборніках прыказак і прымавак, а цяпер прыжываюцца на старонках мастацкай і публіцыстычнай літаратуры: ажадскоквае ад зубоў у каго, зайцы поле гнояць у каго, каму, з пекла родам, ні ачарніць ні абяліць і інш.

Трэція - існавалі ў літаратурнай мове, відаць, і раней, але па розных прычынах не трапілі ў ФСБМ, пераважна таму, што не бло пацвярджальных, апраўдальных цытат пра жыццё гэтых выразаў у маўленні.

Сярод фразеалагізмаў, што склаліся зусім нядаўна, ёсць і такія, аўтарства якіх вядомае. Так, выраз ружовы туман паходзіць з назвы апавядання (1995) Васіля Быкава. Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем "стан ілюзорнага. Таталітарна-савецкага ўспрамання рэчаіснасці" ўжо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойч ў тэксце апавядання, у тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, "можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане. Дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка". Нядаўна ўзнікшы, выраз набыў "крылатасць", што модна было б пацвердзіць васьмю прыкладамі яго выкарыстання ў друку ("Полымя", "Маладосць", "ЛіМ"), у творах Р. Тармолы-Мірскага, Л. Рублеўскай, С. Грышкевіча. Вось толькі два прыклады: "Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменнікам, які першы выйшаў з ружовага туману" (С. Дубавец); "Гісторыя літаратуры 20-50 і пазнейшых гадоў яшчэ чакае ўдумлівага асэнсавання. У ёй быў не толькі ружовы туман, узведзеная ў закон фальсіфікацыя" (У. Казбярук).

Або такі выраз, як працэс пайшоў. Ён паходзіць з маўлення М. С. Гарбачова, які ў публічных выступленнях (1985-1991) даволі часта ўжываў яго. Пра гэта ўзгадвае. напрыклад, А. Кудравец: "Міхаіл Гарбачоў ставіў яе (перабудовачную рэйку) на вышыню. Дазволеную статутам КПСС, плюс дадаваў некалькі сантыметраў ад сябе. Астуджаючы і супакойваючы нецярплівых словамі: "Працэс пайшоў"! Цяпер выраз выкарыстоўваецца ва ўсходнеславянскіх мовах са значэннем "незваротны, неабарачальны рух у развіцці чаго-небудзь пачаўся", напрыклад: "Армяне ўзяліся наладзіць збыт цацак у суседнюю дзяржаву. Разлічвцца абяцалі не бартэрам, а звонкай манетай. І, як кажуць, працэс пайшоў" (А. Брава).

Частка выразаў, сабраных за апоняе дзесяцігоддзе, апісанна ў адным з раздзелаў майго даведніка "У слоўнікавую скарбонку" (1999). Яшчэ больш за 160 выразаў апублікавана на старонках часопіса "Роднае слова". А некаторыя раней не апісаныя фразеалагізмы цяпер прапануюцца ўвазе чытачоў "Нашага слова". Звычайна існаванне выразу ў літаратурнай мове ілюструецца (дзеля эканоміі (месца) адным прыкладам, і толькі ў некаторых выпадках больш чым адным (калі гэта нечым абумоўлена: наяўнасцю варыянтнасці або проста каб пацвердзіць, што маем справу не з адзінкавым ужываннем аднаго якога-небудзь аўтара). Выкарыстаны пашыраныя ў лексікаграфічнай практыцы скарачэнні: разм. (размоўны), праст. (прастамоўны). Функц. Не зам. (функцыянальна не замацаваны), адабр. (адабральны), неадабр. (неадабральны), іран. (іранічны), дзейн. (дзейнік), вык. (выказнік), акал. (прыслоўна-акалічнасны), азн. (азначальна-прыметнікавы). Асаб. (асабовы), безасаб. (безасабовы). Абагульн. (абагульнены), ужыв. (ужываецца, ужыванне). Знач. (значэнне), абстр. (абстрактны), сін. (сінонімы), ант. (антонімы)


Брынды біць

Разм. Неадабр. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. Асобы. Гультаяваць, займацца пустымі справамі. Сін.: абіваць бакі (у 2 знач.); адлежваць бакі (у 2 знач.); біць байды; біць бібікі; біць лынды (у 1 знач.); біць тылылы; валяць дурня (у 2 знач.); вераб'ям дулі паказваць; ганяць сабак; корцыць гультая; лічыць варон (у 2 знач.); ляжаць на баку; пляваць у столь; сабакам сена касіць (у 1 знач.); сачка давіць. Кінь ты, Мікіта! Нам з табой трэба справай займацца. А брынды біць заўсёды паспеем! Хадзем! (М. Зарэцкі).


За дзесятую гару

Акал. Разм. Вельмі далёка (ехаць, трапіць, загінуць і пад.). сін.- дзе Макар козы пасе (у 1 знач.); за блізкі свет; за свет; за свет вочы; куды крумкач касцей не заносіў; куды Макар цялят не ганяў (у 1 знач.); к чорту на рогі; на край свету (у 1 знач.). гэтыя гаротныя сярмяжнікі прыпаміналі яму бацькоў і панурую вёску, закінутую, як камок гразі, за дзесятую гару (У. Галубок). Што там Янінаму бацьку каштавала як след папарасіць падпалкоўніка закінуць жанішка-самазванца куды-небудзь за дзесятую гару. Каб яго адтуль і бура не прынесла. (А. Ветах).


Зайцы поле гнояць у каго, каму

У безас. Ужыв. Разм. Іран. Хто-небудзь кепска, нядбайна вядзе сельскагаспадарчыя справы. А ці не таму нам так не хапае грошай з зарплаты, што кормім мы тыя калгасы і саўгасыц, у якіх зайцы поле гнояць (в. Гроднікаў). У нас па-ранейшаму, вобразна кажучы. Зайцы поле гнояць ды коні такія дагледжаныя, што на выгане вароны на спіны садзяцца (Нар. Воля. 9.09.1998).


Заліць крывёю што

Функц. Не зам. Неадабр. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. Асобы ці сукупнасці асоб. Забіць. Знішчыць ці пакараць шмат людзей (у выніку тэрору, ваенных дзеянняў і пад.). я раскажу калі-небудзь, як залілі крывёю няшчасны Крычаў (У. Караткевіч). Бальшавікі залілі крывёю палову зямных абшараў (ЛіМ. 17.07.1998).


Бандыт, разбойнік з вялікай дарогі

Азн. Функц. Не зам. Самы заўзяты, з крайнім праяўленнем кепскіх якасце. Сін.: вышэйшай маркі; першай гульдыі (у 1 знач.); першай рукі (у 2 знач.). выходзіць, мы разбойнікі з вялікай дарогі. Рабаваць вас хочам, праўда? (В.Іпатава). ты. Гаспадыня, не зіркай спадылба. Мы не бандыты з вялікай дарогі. Так што варушыся, паказвай, чым багата (Л.Маракоў).


З душы верне

У безас. Ужыв. Разм. Неадабр. 1. каму-небудзь агідна. Гідка, праціўна. Моташна (часцей ад якіх-небудзь харчовых прадуктаў). Ну. Не будзе ў нас бульбы, дык гэта ж заўтра. А сёння ў нас пакуль што ёсць, мінулагодняя яшчэ, аж з душы верне ўжо (В. Казько).

2. Прыкра. Невыносна. Няма сіл трываць што-небудзь агіднае. Як пойдзе муж раніцаю, дык толькі апоўначы вяртаецца. І заўсёды на падпітку. "З патрэбнымі людзьмі п'ю". А зірнеш на гэтых "патрэбных" - з душы верне. Слізкія ўсе, нібы вужакі (В. Кадзетава).


З ліхвой

Акал. Разм. Больш, чым трэба (вярнуць. Акупіцца і пад.). Сін.: з гакам (у 2 знач.); з лішкам (у 2 знач.). зямля непадкупна с умленная: падкармі яе, напаі, потам сваім палі - дасць. Не падмане, верне з ліхвой (М.Лобан). жыццё пылінку вечнасці сваёй пазычыць пад настрой, але адразу цярпець прымусіць крыўду і абразу, вярнуць пазыку хочучы з ліхвой (Р. Барадулін).


З паветра

Акал. Разм. Часцей неадабр. Невядома з чаго і раптоўна (зарабіць, займець і пад.). ах, самахват. Які ты кемлівы ... З паветра грошы выцадзіў (І. Валасевіч). Улада не сама па сабе паяўляецца на свет, не з паветра ўзнікае (ЛіМ. 12.12.1997).


Гасцей з усіх валасцей

У безас. Ужыв. Разм. Вельмі многа і з розных мясцін. Калі Куляшову надышоў 60-гадовы юбілей. Было гасцей з усіх валасцей (Р. Барадулін). У "Зборніку беларускіх прыказак" І. І. Насовіча (1874) выраз прыводзіцца з такім тлумачэннем: "Жартаўліва кажуць наконт вялікага сходу".


Зух з калом (колам) да мух

Разм. Іран. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. Асобы. Смелы, самаўпэўнены сярод слабыў. Сін.: зух супраць мух. - Пайшлі, Арсень, - рашуча рыкнуў Шлык. - Абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў. - А ты таксама зух з колам да мух, - адгыркнуўся начальнік (Ў. Караткевіч). Сяляне сталі частаваць спадара прыстава кухталямі. Каб не местачкоўцы. Натоўкалі б прыставу пысу да нясхочу. - Га! Зух з калом да мух! - атурзвалі мяшчане зламыснага шляхцюка (А. Наварыч). Зіруць хаця б вокам на жывёльны і раслінны свет Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. "Зух з калом да мух", - з'едліва думаю пра сябе. Ты ўжо фізічна не можаш гэта здейсніць (С.Лобач).


І дуды вобземлю

У безас. Ужыв. Разм. Ужыв. Звычайна ў канцы складанага сказа. На гэтым усё закончана. Пра канчатковую развязку чаго-небудь. Сін.: і дзела (справа) з канцом; і канцы ў ваду (у 2 знач.); і квіта. Пане Мікіта; і не знайся; канцы з канцамі; па ўсім. Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў. Пакуль яшчэ там нікога няма, пісаць... аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразунайшло людзей. І пачаўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю (К. Чорны). Помніцца маміна: "Усё, кацец, і дуды вобземлю... (Гэта) нашае. З Міршчыны, (гаворыцца) у поўным адчаі ці проста малайцавата (Я. Брыль).


На гвалт

Акал. Разм. 1. няўхільна, неадкладна. Абавязкова (трэба рабіць што-небудзь). Або насоўваецца, скажам, хмара навальнічная, дзядзьку Арэсю трэба на гвалт спяшацца па ячмень. Які і не звязаны, у жменях ляжыць... (Я. Брыль).

2. па дапамогу пры нябяспецы (крычаць, галасіць і пад.). бадай ты спрахла! Дзе ж дарога? На гвалт крычы гарадавога! (Я. Колас). Аналагічны выраз з такімі ж двума значэннямі фіксуецца ва ўкраінскіх слоўніках.


На знос.

Разм. 1. акал. Звыш магчымага, не шкадуючы сябе (працаваць). Таццяна працуе з 8 раніцы да 8 вечара. Што называецца, на знос. Вернеццавечарам, тое-сёе зробіць дома, перакінецца некалькімі словамі з сынам, дапаможа зрабіць урокі - і ў ложак. (М.Дзелянкоўскі).

2. азн. Вельмі цяжкая, з поўнай аддачай сіл, да знямогі (праца). У гэтых маладых людзей прафесія бязлітасная, што вымагае жорсткай дысцыпліны. Працы на знос. (С. Берасцень).


На крывой кабыле (казе) не аб'едзеш каго.

У абагульн. - асаб. Знач. Разм. Не ашукае, не перахітрыш. Сін.: на мякіне не правядзеш каго. Зразумела. Што Калеснікаў "кампрамат" дорага каштуе і гэтага чалавека на крывой казе не аб'едзеш. Караленя пайшоў тым жа шляхам. Што і шантажыст-вымагальнік (В.Праўдзін). барысевіча на крывой кабыле не аб'едзеш. Хітрун, якіх пашукаць (ЛіМ. 7.09.2001). а ты яго на крывой казе не аб'едзеш (Г.Юрчанка).


Не жук на палачцы

Вык. Разм. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. Асобы ці абстр. Прадмета. Не дробязь. Не пусцяковіна. Справа сур'ёзная. Сін.: не жарты (у 1 знач.); не кот наплакаў (у 2 знач.); не фунт ізюму; не хаханькі (у 1 знач.); Камсорг базы і статус афіцэра ў сяржанта - гэта табе не пісар, не пасыльны. Не афарміцель які, не жук на палачцы (М. Гіль).

Выраз не фіксуецца як у беларускіх, так і ў рускіх, украінскіх, польскіх слоўніках літаратурных і дыялектных моў,але сустрэўся ў паэме "Страна Муравия" а. Твардоўскага, "малая радзіма" якога суседнічае з усходняй часткай Беларусі, а бацька нарадзіўся ў былой Магілёўскай губерні: "Чистов, Прокофий Павлович, бобыльский бывший сын, не жук тебе на палочке. А честный гражданин".

Иван ЛЕПЕШАЩ


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства адукацыі разгледзела Ваш зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб адкрыцці нацыянальнага класічнага універсітэта і паведамляе наступнае.

У рэспубліцы функцыянуе 43 вышэйшых дзяржаўных і 10 прыватных навучальных устаноў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй па 360 спецыяльнасцях. На сённяшні дзень вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны поўнасцю забяспечваюць падрыхтоўку спецыялістаў па ўсіх напрамках эканомікі і сацыяльнай сферы.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законамі Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і аб мовах студэнты вышэйшых навучальных устаноў маюць магчымасць выбіраць мову навучання па асабістаму жаданню. Пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27.08.2001 № 48 зацвержана "Праграма дадатковых мер па пашырэнні выкарастання беларускай мовы ў сістэме адукацыі", у якой прадугледжана акрыцце беларускамоўных плыняў, аддзяленняў і вучэбных груп у гуманітарных і тэхнічных вышэйшых навучальных установах.

Міністэрствам адукацыі сумесна з рэктарамі ВНУ праводзіцца значная работа по пашырэнню беларускамоўнага выкладання вучэбных дысцыплін.

На сённяшні дзень у некаторых вышэйшых навучальных установах існуюць беларускамоўныя плыні, аддзяленні, вучэбныя групы. На шэрагу факультэтаў устаноў адукацыі: "Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка", "Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт", "Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітет", "Магілёўскі дзяржаўны універсітет", у Беларускім дзяржаўным універсітэце і іншых ВНУ створаны беларускамоўныя плыні. Ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка" атрымліваюць адукацыю на беларускай мове звыш 3000 студэнтаў. Звыш 1200 студэнтаў навучаецца на беларускай мове ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт". У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце дзейнічае Цэнтр беларускай мовы і культуры, у якім праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай мовы і культуры, працуюць гурткі па перакладу з беларускай мовы на замежную і наадварот.

У большасці вышэйшых навучальных устаноў існуюць вучэбныя групы, у якіх выкладанне вучэбных дысцыплін ажыццяўляецца на дзвюх мовах (рускай і беларускай). Адукацыйным стандартам прадугледжана выкладанне курса "Прафесіянальная лексіка" ва ўсіх навучальных установах на беларускай мове. Выкладанне гісторыі Беларусі таксама ажыццяўляецца на беларускай мове.

У сувязі з гэтым лічым нямэтазгодным і эканамічна неабгрунтаваным адкрыцц1 новай вышэйшай навучальнай установы.

Першы намеснік Міністра А. І. Жук.


Аддзел распаўсюду газеты "Наша Ніва" звяртаецца да незалежных грамадскіх арганізацый з прапановай арганізаваць у наяўных памяшканнях пункты продажу незалежнай прэсы.

3 1 студзеня 2006 году абласныя і рэспубліканскія аддзяленні "Саюздруку" перасталі распаўсюджваць многія незалежныя выданні. У цяперашняй сітуацыі людзі маюць асабліва вострую патрэбу атрымліваць аб'ектыўную інфармацыю. Досвед працы ТБМ і БНФ у Менску паказавае, што незалежная прэса карыстаецца аўтарытэтам і мае значны попыт. У месцах яе продажу гуртуюцца людзі, з'яўляюцца дадатковыя наведнікі. Таму з'яўленне такіх месцаў продажу ў іншых гарадах Беларусі мэтазгодна і з палітычных, і з эканамічных меркаванняў.

Аддзел распаўсюду газеты "Наша Ніва" гатовы штотыдзень дастаўляць асобнікі газеты і роднасных нам выданняў і ўпэўнены, што іншыя газеты і выдавецтвы таксама падтрымаюць гэты праект.

Усіх зацікаўленых просім кантактаваць з Аляксандрай Дынько:


Аддзел распаўсюду газеты "Наша ніва" і часопіса А R СНЕ прапануе стаць распаўсюднікам у вашым рэгіёне.

Наша газета выходзіць штотыднёва ў чацвер. Ацаніўшы колькасць патрэбных Вам асобнікаў, Вы замаўляеце іх у аддзеле распаўсюду і атрмліваеце зручным Вам шляхам (праз пошту ці з нагодай).

Кошт 1 асобніка - 1500 бел. руб, з якіх Вам належыць 33%.

Атрыманую суму Вы адсылаеце ў якасці ахвяравання на наш рахунак ці перадаяце з аказіяй.

Часопіс АRСНЕ выходзіць 10 разоў на год. Кошт 1 асобніка - 5 000 бел.руб., з якіх Вам належыць 30%. Атрыманую суму Вы адсылаеце ў якасці ахвяравання на рахунак ці перадаяце з аказіяй.

Кантакты з Рэдакцыяй:


Збор сродкаў на кнігу Сыса

У Рэчыцы (Гомельшчына) рыхтуецца зборнік паэзіі Анатоля Сыса. Сродкі можна пералічыць на рахунак аддзелу культуры Рэчыцкага райвыканкаму № 3735000170040 у філіяле № 323 АСБ "Беларусбанк", УНП 400001176.

Кожны, хто дапаможа, прытуліцца да выдання, будзе згаданы ў кнізе.


Беларускамоўныя садкі ў Менску

Аповед з метадычнымі рэкамендацыямі

Дзіця ў першыя тры гады жыцця не толькі пераймае фанетыку, граматыку ды іншыя фактары правільнага маўлення, але і вучыцца логіцы, закладае падмурак для будучых поспехаў у розных відах дзейнасці.

Хай спраўдзяцца спадзевы тых, хто лічыць. што беларускамоўнасць дастаткова падтрымліваць пры міжасабовых зносінах у хаце. Але верагоднасць таго, што дзіцё не будзе адчуваць сябе іншаземцам, калі беларускамоўнасць працягнецца паза домам і пашырыцца на такія сферы жыцця, як музыка, спорт, гульні і першыя пацалункі, нашмат большая.


З чаго пачаць?

Каб дзеці не думалі. што акрамя бацькоў гэткі спосаб камунікаваць ніхто не выкарыстоўвае, трэба своечасова паклапаціцца пра беларускі садок. Тут вашае дзіцё знойдзе сяброў. у яго з'явіцца асабістае жыццё і новыя ўражанні. Але каб з вашым меркаваннем ахвотна лічыліся і выхавацелі, і адміністрацыя. вас павінна быць шмат, і статус Ваш у садку павінсн быць афіцынна замацаваны. Спадзявацца на адну нянечку, якая абяцала з вашым малым збольшага гаварыць панаску, бесперспектыўна.

Неабходна гуртавацца вакол цалкам беларускіх садкоў з зацверджаным статусам. Майце на ўвазе: практычна ва ўсіх існых у Менску на паперы бсларускамоўных групах гавораць парасейску і толькі раз на тыдзень праводзяць заняткі пабеларуску, мову вывучаюць пры дапамозе гульні "Перакладчык".

Цяжка спадзявацца, што ўсе беларускамоўныя аднагодкі вашага дзіцяці пры дапамозе нейкай чароўнай сілы самаадвольна скіруюцца ў абраны вамі садок. Клапаціцца пра напаўняльнасць будучай групы трэба з першых дзён цяжарнасці: размаўляйце з будучымі мамамі, матывуйце, пераконвайце. Апытайце знаёмых, хто ведае аналагічныя сем'і. Штогод толькі ў менскім ЗБСе ствараюцца каля дзесяці сем'яў, а ёсць яшчэ каталіцкія асяродкі, пісьменнікі, культурнікі, настаўнікі, палітыкі - да з'яўлення дзіцяці міжсобку яны беларускамоўныя. А потым пераход на расейшчыну робіцца спосабам спрасціць жыццё.


Пачынаць як мага раней

Святкаванне першага дня народзінаў малога - нагода сустрэцца і паразмаўляць пра планы: у якім узросце хто збіраецца ў садок, на якую ўстанову арыентуецца большасць. колькі чалавек трэба знайсці. Пытанні нельга адкладаць. Нараджальнасць у Менску больш не зніжаецца, а вось зачыненыя на капрамонт і перапрафіляваныя садкі адкрываць не збіраюцца. Чэргі і перапоўненыя групы - сталічная рэальнасць. Таму, калі вы прыйдзеце ў траўні з жаданнем запісацца ў беларускую групу канкрэтнага садка. можа высветліцца, што група ўжо ўкамплектаваная, і большасць бацькоў дамаглася ейнай расейскамоўнасці. Цягнік сышоў.

Таму, як толькі споўніцца годзік вашаму дзіцяці, наведайце аддзел адукацыі па месцы прапіскі і па месцы жыхарства (і там, і там вас абавязаны абслугоўваць), захапіўшы з сабой пашпарт і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Зайдзіце ў кабінет загадчыка аддзелу дашкольнага выхавання ды папрасіце, каб у адмысловым журнале адзначылі, з якога часу вы маеце патрэбу ў садку (яслях). Звычайна такая заяўка адразу робіцца на канкрэтны садок. Аднак у вашым раёне беларускамоўных груп і садкоў можа не быць (беларускія яслі наагул адны ў Менску). Тады трэба напісаць заяву на імя начальніка аддзелу адукацыі з просьбай забяспечыць вашаму дзіцяці магчымасць атрымання адукацыі і выхавання на беларускай мове. Зарэгіструйце заяву ў сакратара, запішыце сабе ўваходны нумар, зрабіце копію, і толькі пасля гэтага аддавайце адрасату.

Усе вышэй пералічаныя крокі надзвычай важныя, рэкамендую не абмінаць іх. Падкрэслівайце, што попыт на беларускія садкі ёсць. Наяўнасць такіх зваротаў, як мінімум, стане фармальнай перашкодай для змяншэння колькасці існых беларускіх груп.


Прыклад на Кахоўскай

Калі вы здолееце назбіраць групу аднадумцаў у сваім раёне - прымайце віншаванні. Але маладыя сем'і жывуць у розных кутках горада. Таму пакуль кампраміснае месца сустрэчы - цэнтар. Вось тут і высвятляецца, чаго каштуюць заявы пра адданасць Бацькаўшчыне... Няўцямныя спробы апраўдацца выходзяць у тых, хто нават у сваёй сям'і лузэр і сарамліва хавае сваіх падрослых маскалікаў за фразамі: "жонка вырашыла", "мама руская", "дзед татарын", "цяжка вазіць", "баімся смаркачоў" ...

Што да ўласнага досведу, то мы аддалі свайго сына ў яслі ў паўтара гады. Выбралі садок №187, што на Кахоўскай, 64а (ля кінатэатра «Кіеў»). У садку - шэсць груп, усе беларускія, наша - асабліва. Мы самі кантралюем і спевы, і фізкультуру, і сцэнары святаў. і працу псіхолага. У групе 15 дзетак, палова - з беларускамоўных сем'яў. Бацькі астатніх з ахвотай падтрымліваюць ініцыятывы зладзіць беларускія Калядкі ці набыць новыя кніжкі. Людзі возяць дзяцей і з Малінаўкі, і з Чырвонага Бору. Не ўсе маюць машыны, але хутка прыстасаваліся падвозіць адзін аднога.


Ад А да Я

1. Пад'ехаць у абраную дзіцячую школьную ўстанову (далей - ШУ). Можаце зайсці з дзіцём да загадчыцы і пазнаёміцца, паведаміць свой намер стаць наведвальнікамі ўстановы. Таксама варта паглядзець групу, перамовіць з будучымі выхавацелямі і высветліць, якія рэчы спатрэбіцца набыць, да якога рэжыму дня і харчавання пераходзіць, каб пачаць адаптацыю. Не шкодзіць загадзя разведаць аптымальныя шляхі даезду і ўсе магчымыя варыянты перасоўвання на грамадскім транспарце.

2. З пашпартам аднаго з бацькоў і пасведчаннем аб нараджэнні дзіцяці наведаць спецыяліста па дашкольным выхаванні ва Ўпраўленні адукацыі таго раёну, дзе месціцца садок. Калі вы прапісаныя ў іншым месцы, то вам паспрабуюць адмовіць. Праявіце настойлівасць, і вас запішуць ў журнал уліку тых, хто мае патрэбу ў паслугах садочка.

3. У траўні Вам неабходна будзе пад'ехаць ва Ўпраўленне адукацыі ізноў. каб узяць накіраванне.

4. Да пачатку жніўня накіраванне неабходна аднесці ў садок і аддаць загадчыцы. Яна вам прапануе падпісаць дамову з садком. Настойліва рэкамендую пры гэтым папрасіць для азнаямлення Статут ДДУ. Там вы знойдзеце адказы на масу пытанняў, якія патэнцыйна могуць узнікнуць.

5. Перш чым пачаць наведваць садок, трэба прайсці медагляд. Накіраванне на яго можна ўзяць ва ўчастковага педыятра яшчэ ў пачатку лета, каб пазбегнуць чэргаў у жніўні. Давядзецца завітаць да такіх спецыялістаў, як хірург, неўрапатолаг, акуліст, лор, лагапед і інш., а таксама здаць аналізы. Але варта памятаць. што дзень, калі медкарта дзіцяці будзе цалкам аформленая, з'яўляецца днём, з якога дапамога па даглядзе скарачаецца на 50%. Акрамя медкарты выдаецца даведка, якая мае сілу толькі тры дні.

6. Першы час можаце прыходзіць у садок усёй сям'ёй і гуляць з іншымі дзеткамі на пляцоўцы, потым пачнеце заставацца на гадзінку дзве, паступова ў вас вызваліцца дзень ад восьмай да пятай (а то і да сёмай) гадзіны. У многіх мам ад такой раптоўнай і доўгачаканай свабоды дах едзе, але праз які месяцдва з'явяцца новыя клопаты, а неўзабаве - і новыя дзеці. I вы са здзіўленнем будзеце думаць: "Як жа мы раней абыходзіліся без садочка?"

Крысціна Вітушка. "Наша Ніва", № 5.


СЛОВА ДА ЮБІЛЕЮ МІХАСЯ МІЦКЕВІЧА

Максім і Гаўрыла Гарэцкія і іх блізкія ўсё жыццё сябравалі з сям'ёй Якуба Коласа. Гэта ў спадчыну перадалося і мне. Калі я ў 1971 г. пераехаў з Масквы ў Менск, я з вялікай прыхільнасцю і сардэчнасцю сустракаўся з Данілам і Міхасём, якія сваім абліччам так нагадвалі любага дзядзьку Якуба і якія мелі такіх сімпатычных родных, асабліва дачок Веру і Марыю.

З вялікай радасцю шчыра віншую дарагога Міхася са слаўным юбілеем. Міхась заўсёды прывабліваў мяне сваёй магутнай постаццю, спакойным аптымістычным характарам, ясным розумам, выдатным гумарам, добразычлівасцю. Калі мы сустракаемся, ён заўсёды здзіўляе мяне эпіграмай ці надзённым невялічкім вершам, надзіва выразнымі, яскравымі, напоўненымі вострай сатырай і іскрыстым гумарам. Адразу адчуваеш, што перад табой - сын Якуба Коласа, нашчадак вялікага песняра, якому перадаўся талент паэта.

Як сапраўды таленавіты чалавек, Міхась мае вялікія здольнасці не толькі да паэзіі і літаратуры (ён у гэтай галіне мог стаць выдатным паэтам), але і да іншай творчай дзейнасці. Як і яго бацька, які быў вучоным-акадэмікам і 27 гадоў віца-прэзідэнтам Акадэміі навук, Міхась - таленавіты навуковец НАН Беларусі. Ен доктар тэхнічных навук, спецыяліст у галіне тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў. За дасягненні ў навуцы адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Міхась Міцкевіч - грамадскі дзеяч (старшыня Таварыства ірландска-беларускай дружбы), чэмпіён Беларусі па стэндавай стральбе (майстар спорту), цудоўны бацька, які ўзгадаваў таленавітую дачку Марыю - матэматыка і вядомага грамадскага дзеяча (старшыня дзіцячага фонду "Сакавік"). Міхась і Марыя з гонарам і годнасцю працуюць на ніве нацыянальнага адраджэння, прапаганды спадчыны Якуба Коласа і Янкі Маўра і ўшанавання іх памяці. А як цікава слухаць успаміны Міхася пра бацьку і разважанні пра яго творчасць!

Дарагому Міхасю ў яго юбілей жадаю высока і доўга несці славу коласаўскага роду!

Радзім ГАРЭЦКІ.


31 студзеня гэтага года сыну Якуба Коласа, шчыраму беларусу, вядомаму адмыслоўцу ў вобласці электрафізічных метадаў апрацоўкі матэрыялаў, доктару тэхнічных навук Міцкевічу М.К., споўнілася 80 гадоў, з якіх 56 ён прысвяціў даследаванням і распрацоўкам у вобласці электраэразійнага спосабу апрацоўкі матэрыялаў. У знамянальным 1943 годзе годзе рэгістрацыі выбітнага вынаходства Б.Р. Лазарэнкі і Н.І. Лазарэнкі, ён з атэстатам выдатніка быў залічаны ў Авіяцыйны інстытут і ў хуткім часе ўпершыню азнаёміўся з гэтым выдатным спосабам на кафедры рэзання металаў. У 1946 годзе Міхась Канстанцінавіч пераязджае на радзіму у Менск, дзе заканчвае Беларускі палітэхнічны інстытут. Дыпломную працу па ліставой штампоўцы выконвае пад кіраўніцтвам С. І. Губкіна, які прымае свайго дыпломніка на працу ў Фізікатэхнічны інстытут Акадэміі навук БССР, у лабараторыю электрафізікі, якою кіраваў Некрашэвіч І.Г.

Натхнёны новымі ідэямі і зачараваны абаяннем такой яркай асобы, як Лазарэнка, І. Г. Некрашэвіч удакладняе тэматыку лабараторыі ў кірунку вывучэння з'явы электрычнай эрозіі. Паколькі лабараторная база адсутнічала, ён накіроўвае маладога адмыслоўца на Менскі трактарны завод, дзе патрабавалася засваенне і пашырэнне выкарыстання новых метадаў апрацоўкі металаў: электраэразійнага прашывання, легіравання паверхні і аноднамеханічнага спосабу завострывання прылады. Там пачалося практычнае вывучэнне і асэнсаванне гэтых працэсаў. У хуткім часе ўсталёўваюцца творчыя сувязі з супрацоўнікамі акадэмічнай лабараторыі ЦНИЛЭЛЕКТРОМ з Б.Н. Залатых і вызначаецца ўхіл даследаванняў у бок вывучэння фізічных асноў новых спосабаў апрацоўкі.

Разам з таленавітым фізікам І. А. Бакута пачынаецца доўгі шлях у глыбіні неведанных раней працэсаў. Супрацоўніцтва фізіка і тэхнолага аказалася вельмі плённым. Сумеснымі распрацоўкамі методык даследаванняў, прыстасаванняў, прылад і т.д. намацваўся свой кірунак у тэорыі і практыцы новых метадаў апрацоўкі. Даследаваннямі электраэразійнай апрацоўкі матэрыялаў былі адкрыты чыннікі нестабільнасці працэсу пры выкарыстанні сталяў у якасці электродаў, устаноўлена роля вібрацый у працэсе апрацоўкі і на гэтай аснове была знойдзеная свая ніша ў стварэнні новага кірунку ў вырабе падзяляльных штампаў. Паўстала мноства новых пытанняў, рашэнню якіх былі прысвечаныя распрацоўкі М.К. Міцкевіча і яго аспірантаў, яго калегаў. Спатрэбілася стварэнне спецыялізаваных установак для рэалізацыі новых тэхналагічных працэсаў. У гэтых мэтах была створаная група СКТБ з АП пры лабараторыі. М.К. Міцкевічам быў сфармуляваны прынцып "тэхналагічнай пары", тэарэтычна і эксперыментальна ўсталяваная сувязь паміж плошчай апрацоўкі і прадукцыйнасцю працэсу, прапанаваная методыка азначэння мэтазгоднасці выкарыстання выразання драцяным электродам або прашывання профільным у залежнасці ад памераў і ліку паражнін у дэталях, серыйнасці т.п. Была таксама высунутая і абгрунтаваная ідэя стварэння тэхналагічных ліній электраэразійнай апрацоўкі. На аснове аналізу выкарыстаных у практыцы тыпаў падзяляльных штампаў была праведзеная класіфікацыя іх і распрацавана шэсць тыпавых тэхналагічных працэсаў, заснаваных на калькаванні профільным электродам і камбінаванні калькавання і выразання драцяным электродам. Для кіравання велічынёй зазору паміж пуансоном і матрыцай быў выкарыстаны спосаб апрацоўкі з электродам, які рухаецца арбітальна. Для азначэння аптымальных параметраў гэтага працэсу была прапанаваная фізікаматэматычная мадэль яго.

Распрацаваная групай СКТБ з АП абсталяванне было выраблена Барысаўскім заводам аўтатрактарнага электраабсталявання, гэтымі ўстаноўкамі былі абсталяваныя заводы галіны "Союзаўтаэлектрапрыбор", а таксама шэраг іншых прадпрыемстваў. Тэхналогія атрымала галіновае ўкараненне. Спецыялізаваныя ўстаноўкі былі ўтрая таней за ўніверсальныя станкі і забяспечвалі больш высокія дакладнасныя характарыстыкі.

Навуковыя асновы новага кірунку ў вырабе штампаў былі пакладзеныя ў аснову доктарскай дысертацыі Міцкевіча М.К. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі кандыдацкія дысертацыі Мрочак Ж.А., Дэвойна І.Г., Малышкін У.К., Эйзнер Б.А. двое з іх сталі дактарамі навук. Вынікі даследаванняў і распрацовак публікаваліся галоўным чынам у часопісе "Электронная апрацоўка матэрыялаў". Міцкевіч М. К. аўтар больш двухсот публікацый, у тым ліку вынаходстваў і патэнтаў.

Спадарожна з распрацоўкамі навуковых асноў электратэхналагічных працэсаў Міцкевіч М.К. надаваў увагу аднаму з найболей простых, даступных і эфектыўных спосабаў умацавання дэталяў электраэразійнаму легіраванню. Так, былі ўсталяваныя асноўныя чыннікі, якія перашкаджаюць атрыманню высокай суцэльнасці тонкапластавых пакрыццяў, а таксама распрацаваны спосаб нанясення лакальных тоўстапластавых пакрыццяў электрычнымі імпульснымі разрадамі. Акрамя таго, пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзелам распрацаваны шэраг тэхналагічных працэсаў, заснаваных на вядомых схемах электраэразійнага формаўтварэння паверхні. Да іх ліку адносяцца тэхналагічныя працэсы вырабу шклаформ, прэсформ, фасонных нажоў для дрэваапрацоўкі, накатных ролікаў і сегментаў з унутраным спіральным профілем, фільер для харчовай прамысловасці і інш.

Сярод яго захапленняў фатаграфія. За гады камандзіровак, вандраванняў назапашаны велізарны фотаархіў. І ў ім гісторыя сустрэч на канферэнцыях, у лабараторыях, на дэманстрацыях і т.п.

Міхась Канстанцінавіч не пазбаўлены і паэтычнага дару нямала прысвячэнняў сваім калегам цёплага, жартаўлівага характару, а таксама эпіграм выйшла зпад яго пяра.

Яго веды і досвед былі запатрабаваныя як у працы ў якасці старшыні ГЭК машынабудаўнічага факультэта палітэхнічнага інстытута, так і ў якасці эксперта экспертнай рады па тэхналогіях ВАК Рэспублікі Беларусь. М.К. Міцкевіч з'яўляецца старшынём Таварыства сяброўства Беларусь Ірландыя, прымае актыўны ўдзел у выхаванні моладзі, выступаючы ў школах і інстытутах.

За распрацоўкі тэхналогіі вырабу падзяляльных штампаў М.К. Міцкевіч уганараваны Дзяржаўнай прэміяй БССР у 1980 годзе, узнагароджаны бронзавым, срэбным і залатым медалямі ВДНГ СССР. Не гледзячы на самавіты век, ён поўны энергіі, не без гумару, як і раней, працягвае актыўную дзейнасць.


ПРА МІКОЛУ УЛАШЧЫКА

(Да 100-годдзя з дня нараджэння)

У апошнім нумары газеты "Наша слова" прачытаў пра М.М. Улашчыка і вырашыў далучыць успаміны пра свае сустрэчы з ім.


Невялікая адысея з Міколам Улашчыкам.

У жніўні 1981 года сакратар парткама саўгаса "Канстанцінава" Гарцуеў А.П. прыехаў да мяне на кватэру:

Хутчэй збірайся, ёсць патрэба. З Мядзеля пазванілі, што прыехаў з Масквы вучоны, каб агледзець альшэўскую сядзібу.

Я заўпарціўся:

А што я сталічнаму навукоўцу ў Альшэве пакажу? Закінуты парк ды занядбаную сядзібу? Будзе сораму на ўвесь Саюз.

Не хвалюйся. Вучоным шыкбляск не патрэбен. Раскажы яму паданні пра мінулае, пакажы забудовы, сажалкі, Блакітныя азёры.

Ля саўгаснай канторы сустрэў мяне статны чалавек. Запомнілася моцная сялянская рука, якую ён працягнуў мне для прывітання. На маё "здравствуйте" вучоны з Масквы адказаў пабеларуску "Добры дзень" і прадставіўся: "Мікола Ўлашчык"

У Альшэва вёз нас на "пікапчыку" Гарцуеў А.П. Жонку вучонага Наталлю Маркаўну парторг пасадзіў да сябе ў кабіну, а мне з Мікалаем Мікалаевічам прапанаваў залезці ў фургон. М. Улашчык усеўся на скрыпучай табурэтцы, а я на запасным коле. Праз няшчыльныя дзверы ўнутр трапляў пыл. На маё здзіўленне гэта не бянтэжыла госця.

Завёзшы нас у Альшэва, парторг паехаў па сваіх справах, паабяцаўшы, што падумае, як нас забраць адсюль назад.

Мы прайшліся берагамі сажалак наведалі Блакітныя азёры, азнаёміліся з сядзібнымі забудовамі. Назад вярталіся не менш экзатычна: па нас прысламі... саўгасны хлебавоз. Шафёру загадалі перавезці нас трыма рэйсамі, бо поруч з шафёрам у кабіне можна ехаць аднаму пасажыру. Вечарэла.

- А што там у фургоне? - запытаў М.М. Улашчык

- Латкі з-пад хлеба, адказаў шафёр.

- А туды залезці нельга?

- Можна, але толькі паўз-ком па полках.

Мікалай Мікалаевіч гля-нуў на мяне хітравата:

- Ну што, рызыкнём.

Уціснуўшыся між палічак (лежачы) прыехалі ў Камарова.


На прыступках крамы.

Пакуль чакалі машыны, каля гадзіны сядзелі на прыступках альшэўскай крамы. Увесь гэты час Мікалай Мікалаевіч задаваў і задаваў мне пытанні, уважліва выслухоўваў мае адказы.

Мне ўдалося выведаць, што ён прыехаў у Альшэва з тае нагоды, што тут у маёнтку захоўваўся Альшэўскі летапіс - помнік беларускалітоўскага летапісання 16га стагоддзя, які ён змясціў у 37м томе "Поўнага збору рускіх летапісаў". Гэта спіс пашыранай рэдакцыі Хронікі ВКЛ і Жамойцкага, адзін са старажытнейшых, у якім падаецца гісторыя ВКЛ ад легендарнага Палемона да сярэдзіны 15 стагоддзя, а таксама хроніка збор каротка датаваных звестак 1307-1535 гг.

Пра сябе ён прыгадаў, што выхадзец з сялян з вёскі Віцкаўшчына Дзяржынскага раёна Менскай вобласці, што працуе ў Маскве і часта наведвае Бацькаўшчыну, мясціны, звязаныя з летапісамі і гэта адна з такіх паездак.


Крэскі да біяграфіі і творчасці М.М. Улашчыка.

Нарадзіўся ён 14 лютага 1906 года. Скончыў Менскую вячэрнююю школу, педфак БДУ, універсітэт. Абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Чатыры разы рэпрэсаваны. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі АН ССР. Вучоны з сусветнымі імем. Летапісец гісторыі беларускага народа, апублікаваў больш 100 навуковых прац, у якіх прасочваюцца тры асноўныя кірункі: гісторыя Беларусі эпохі феадалізму. Гісторыяграфія айчыннага краязнаўства і вывучэнне і выданне рускіх і беларускалітоўскіх летапісаў. Апошняму кірунку аддаў амаль 10 год.

Значэнне 32га і 35га тамоў летапісаў нельга пераацаніць. Археограф даў у рукі гісторыкаў, літаратуразнаўцаў, мастацтвазнаўцаў і моваведаў цікавы і каштоўны матэрыял па гісторыі і культуры беларусаў.

Аўтар упершыню разгледзеў 17 беларускалітоўскіх летапісаў. У канцы жыцця напісаў гістарычнаэтнаграфічны нарыс "Была такая вёска".

Ён вылучаўся энцыклапедычнымі ведамі і глыбокай павагай да гістарычных фактаў, навуковай сумленнасцю і аб'ектыўнасцю. За сухімі лічбамі ўмеў бачыць лёсы людзей далёкіх эпох, адчуваць подых часу, сапраўдную паэзію ў роднай Мінуўшчыне.


Сняцца сны аб Беларусі.

Памёр М.М. Улашчык на 81 - м годзе жыцця ў Маскве. Выконваючы яго запавет, пасля крэмацыі яго пахавалі ў Менску на Чыжоўскіх могілках побач з жонкай. На цёмнашэрым валуне - надмагіллі выбіты купалаўскія радкі: "Мне сняцца сны аб Беларусі" .

Беларусы не забываюць свайго земляка. Памяці вучонага была прысвечана навуковая канферэнцыя ў Менску, матэрыялы якой выйшлі пад назвай "М.М. Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі". У 2001 годзе ў серыі "Беларускі кнігазбор" "Гісторыка-літаратурная памяць" выйшла кніга яго выбраных твораў, пра яго змешчаны артыкул у энцыклапедычным даведніку "Хто ёсць хто сярод беларусаў свету"! (2000 г.)

Сядзіба Халмінскіх Альшэва размешчана на тэрыторыі школьнага раёна Камароўскай СШ. З нагоды сотых угодкаў са дня народзін М. М. Улашчыка з вучнямі школы праведзены гутаркі "М.М. Улашчык - выдавец Альшэўскага летапісу".

І. Драўніцкі, в. Камарова, кіраўнік групы "Валошкі" Камароўскай СШ Мядзельскага раёна.


Даследчык гарадзішчаў і курганоў

Да 200 - годдзя Канстанціна Тышкевіча

Хутка, а дакладней 17 лютага гэтага года, мы будзем адзначаць 200годдзе з дня нараджэння нашага славутага земляка Канстанціна Тышкевіча

Старэйшы з братоў. Канстанцін Тышкевіч, нарадзіўся 5(17)2.1806 г. у родавым маёнтку Лагойск і першпачатковую адукацыю атрымаў ў хатніх умовах пад кіраўніцтвам нейкага Гусака. Затым вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіюме. Скончыўшы курс у Віленскім універсітэце, пераехаў у Варшаву, дзе служыў у Міністрэстве фінансаў. У 1830х гадах Канстанцін вярнуўся ў бацькоўскі маёнтак Лагойск, дзе і пачаў займацца навукамі. Ён сабраў вялікую колькасць кніг і рэдкіх рукапісаў. Звярнуўшыся па прыкладу малодшага брата да мясцовых старажытнасцяў, заняўся раскопкамі курганаў у Лагойскім графстве, стварыў выдатнейшую археалагічную калекцыю мясцовых старажытнасцяў і вельмі вялікую частку яе перадаў у Румянцаўскі музей (адкуль яна трапіла ў Гістарычны музей у Маскве). К. П. Тышкевіч прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці малодшага брата Яўстафія і ахвяраваў яго музею шмат экспанатаў. У 1857 г. Канстанцін здзейсніў унікальнае падарожжа - плаванне па рацэ Віліі (682 вярсты) ад яе вытоку да вусця ў Коўне. Зроблена гэта было на свае сродкі, і працягвалася падарожжа чатыры месяцы. Гэта "адзінае ў сваім родзе плаванне лягло ў аснову кнігі К. П. Тышкевіча "Вілія і яе берагі". У гэтай кнізе і ў шэрагу іншых выданняў атрымалі адлюстравае раскопкі аўтара, якія ён праводзіў падчас вандровак. Але кніга ўбачала свет толькі пасля смерці аўтара у 1871 г. у Дрэздане.

Пры жыцці Канстанцін Тышкевіч акрамя шэрагу дробных прац паспеў апублікаваць толькі некалькі буйных, самая значная з якіх у 1865 г. была выдадзена на рускай мове, а ў 1868 г. з дапаўненнямі на польскай.

Калі малодшы брат яго абмяжоўваўся раскопкамі курганаў, то Канстанцін звяртаў увагу і на гарадзішчы. Ён першым на Беларусі пачаў складаць тапаграфічныя планы гэтых помнікаў. Ім складзены планы 10 гарадзішчаў не толькі ў былых уладаннях Тышкевічаў (Лагойск, Свідна, Дабрынева, Баравы Млынок. Сукромна), але і за іх межамі (Заслаўе, Чашнікі, Ула, Біржы). Даследчык зрабіў спробу класіфікацыі гарадзішчаў у залежнасці ад месцазнаходжання і размяшчэння на іх земляных умацаванняў. Гарадзішчы з валамі па перыметры пляцоўкі ён лічыў "ахвярнымі гарадзішчамі". Да ліку такіх адносіў Паненскую гару ў Лагойску, на якой у дахрысціянскія часы адбываліся язычніцкія абрады.

Варта таксама адзначыць, што К. П. Тышкевіч шмат даследаваў і беларускіх курганоў. На думку вучонага, раскопкі "магіл", гэта ужо навука! Ён пачаў ёю цікавіцца у 1833-1834 гг. - тады ж , кал іда яе звярнуўся і яго брат Яўстафій Тышкевіч у тыя ж 30я гады. К.П. Тышкевіч раскопваў курганы галоўным чынам у сваім родным Лагойскім графстве і сам прызнаецца, што раскапаў іх "сотні". Вынікі ўсяму гэтаму падводзіла яго капітальная кніга "Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі", якая выйшла ў 1865 г. у Вільні. Дарэчы, экзэмпляр гэтай кнігі захоўваецца ў Фундаментальнай бібліятэцы НАН Беларусі імя Я. Коласа. У ёй аўтар робіць класіфікацыю курганных насыпаў, падзяляе іх на 5 груп у залежнасці ад выконваных функцый. Сярод іх - курганы з пахаваннямі воінаў, якія загінулі ў баях, і з магіламі прадстаўнікоў мясцовых племён.

К. П. Тышкевіч прыдаваў вялікае значэнне і методыцы раскопак, якую ён заўсёды імкнуўся ўдасканальваць. Ён першы сфармуляваў канкрэтную задачу раскопак - напластаванні павінны быць з дакладнасцю рассечаны так, каб яны правільна выявілі пласты, з якіх складзены". Падчас вядзення дэталёвых дзённікаў раскопак ён зрабіў шмат дакладных назіранняў над пахавальным абрадам беларускіх курганаў, многія з якіх неабходныя і зараз (паміж Бярэзіной, Гайнай і Віліяй трупаспаленні сустракаюцца радзей, чым на суседніх тэрыторыях; у Вілейскім павеце і далей уніз па Віліі ў курганах пераважаюць сярпы і г.д.)

К.П. Тышкевіч першы ў айчыннай археалогіі звярнуў увагу на ганчарныя клеймы курганных гаршчкоў, аднак сапраўднага прызначэння іх не зразумеў. Ён лічыў, што гэтыя знакі на гаршчках маюць чыста сімвалічнае значэнне, звязанае з рэлігіяй, і супастаўляў іх са знакамі на таварных пломбах з Драгічына. На думку Катлярэўскага А.А. гэтыя клеймы трэба звязваць з інстытутам прыватнай маёмасці, а таксам з рамяством: гаршчкі выраблены на ганчарным крузе. Знакі, на іх паказаныя - няма сумнення - належаць ужо фабрычным клеймам. І гэтае меркаванне было, як цяпер ужо вядома, найбольш дакладнае.

Таксама хочацца яшчэ дадаць, што К. П. Тышкевіч праявіў сябе і як краязнавец. Ён паклаў пачатак вывучэнню гісторыі Лагойска, Заслаўя, Астрашыцкага Гарадка і іншых населеных пунктаў, падтрымліваў сувязі з навуковымі таварыствамі ў Парыжы, Лондане, Празе, Кракаве, Маскве. Вільні. Краязнаўчую і навуковую дзейнасць спалучаў з грамадскай. У 1861 г. старэйшы Тышкевіч удзельнічаў у рабоце Менскага губернскага камітэта па сялянскіх пытаннях.

Памёр Канстанцін Піевіч 1(13). 7. 1868 года. Пахаваны ў Лагойску.

На вялікі жаль, нейкі час імёны братоў Тышкевічаў былі несправядліва забытыя, але зараз, падчас культурнага адраджэння, іх памятаюць, пра іх гавораць, імі ганарацца нашчадкі. Памяць аб нашых знакамітых продках увекавечылі ў Лагойскім гістарычна-краязнаўчым музеі, які носіць іх імя, а ў хуткім часе плануецца адкрыццё мемарыяльнай залы.

Жыгунова С. І., г. Лагойск.


Гэта Купава

21 студзеня гэтага году Міколу Купаву - адраджэнцу Новай хвалі споўнілася 60 гадоў, узрост, калі можна на бальшаку сваёй дарогі прыпыніцца, сесці на прыдарожны камень, зняць з пляча торбу, якая ужо за гэтыя гады прырасла да цябе і паволі разглядець свае набыткі: што растрэлася па дарозе, а што захавалася...

Не збіраюся пісаць пра свайго сябра нейкую акадэмічную манаграфію, а тым болей пакрываць ягоную постаць пазалотаю. Проста неяк хочацца, па-людску, па-сяброўску з па-шанай і павагай, дзе з гумарам, а дзе з жартам прыгадаць тое, што не кожнаму бачыцца... Пішаш пра некага... Малюеш нечы вобраз, а перш за усё выяўляеш сябе...

І усё ж такі пра яго... Гэта Купава


Першая сустрэча

А было тое неяк здаецца пад восень у Палацы Мастацтва на прыканцы 70х гадоў. Ужо не дужа памятаю, што была за выстава ў сценах выставачнай залы, але помніцца гэтая высокая постаць з пшанічнаспелымі вусамі і светлым позіркам. Я бачу, як ён, малады чалавек, побач з якім Яўген Кулік і Генадзь Сокалаў ідзе насустрач, як да доўняго свайго сябра.

- Вы не знаёмы? пытаецца Яўген і дадае, - гэта Купава...,і дадае, - Мікола...

Я цісну ягоную цёплую жменю і адчуваю, што нашыя шыхты папоўніліся яшчэ на аднога воя...

Я адразу апынуўся ў палоне ягоных задумаў, ці як кажуць, сёння праектаў. А. Мікола ўсё сыпаў і сыпаў гаварыў і гаварыў... з таго "рога ўсяго многа"...

І да гэтага часу ён захаваў энергію і апантанасць беларускасцю. Часам узвальвае на сябе такую ношу, што ў двух не асіліць. І хай сабе бярэ, хай узвальвае. І ведаю, што не ўсё даводзіцца да ладу, але гэта не праблема толькі Міколы. Гэта і нашыя праблемы, нашай супольнасьці.

Я глядзеў на ягоны прыгожы твар, і здавалася мне нібыта ён сышоў з нейкай сувенірнай беларускай паштоўкі, а саламяны капялюш, быў як ніколі да твару Міколу. І гэта толькі ўзмацняла маё ўражанне. Востры на язык Рыгор Барадулін пасля скажа як звяжа: "Этнаграфічны Беларус!..."

А Мікола на гэтыя, жарты не дужа звяртае ўвагі. Ён самадастатковы, пасёння торыць сваю сцяжыну ўпарта і настойліва.


А ты ўзяў аўтограф у Купалы?

Неяк на персанальнай выставе ў родным горадзе Ворша (Мікола тамака нарадзіўся) у выставачнай зале тоўпілася шмат люду. І маладыя, і старыя. Настаўнікі прывялі сваіх дзетак, каб тыя пабачылі свайго земляка і ягоныя творы. Мікола, як заўсёды, быў урачысты, аж цвіў.

Дзеткі класа трэцягачацвёртага нясмела падыходзілі да вусатага дзядзькі у гальштуку. Той раздаваў ім свае паштоўкі, буклеты.

Шчаслівы вучань нечакана адораны такім падарункам, падбег да свайго сябра, аднакласніка і ціха, на змоўніцку азіраючыся па баках пытаўся у яго: "А ты ўзяў аўтограф у Купалы?" "Во, дзеткі падумаў я, гэта ж трэба, некалі будуць расказваць сваім дзецям - бачылі самога Купалу."

Гэта яшчэ нішто - усміхаецца Мікола. Неяк тэлефаную ў музей Янкі Купалы здаецца па заяўцы гэтай важнай установы павінен нешта адмысловае намаляваць. Падымае трубку сам дырэктар Аляксей Кулакоўскі з вёскі Кулакі. - "Хто гэта?" чую на другім канцы. "Купава", - адказваю. "Купалы няма, раздражнёна адказвае глухаваты Кулакоўскі, і перастаньце жартаваць." Я яму зноў адказваю, што я Купава Мікола - мастак. "Ну, тады прыязджай... Пагляжу на цябе."

А ўвогуле, - прадаўжае мой сябра, у Воршы, дзе жыла мая маці суседзі яе іначай не называлі, як Купаліха.

У гэтым сугуччы прозвішчаў ёсць вялікі сэнс. Значыць жыве памяць пра геніяльнага паэта. І сваім прозвішчам, ужо не кажучы пра мастацтва, Мікола нагадвае кожнаму з нас, што мы ёсць і будзем, пра што сказаў у свой час ягоны зямляк славуты Ул. Караткевіч.


Толькі "Пагоня"...

У канцы 70х пачатку 80х, мы збіраліся на паддашку ў Яўгена Куліка. Марыцлі пра іншую будучыню. Якой будзе Беларусь. І што належыць зрабіць, нам мастакам. За плячыма ўжо былі выставы прысвечаныя юбілеям Міколы Гусоўскага, Цёткі... І раптам узнікла чарговая ідэя ў Міколы.

- Хлоцчы давайце, хоць сабе нелегальна, а створым суполку мастакоў аднадумцаў. Нас жа нямала! Паглядзіце на удзельнікаў, хто прычыніўся да гэтых выстаў, што абуджаюць нашую гістарычную свядомасць...

І назавём гэтую суполку "Пагоня", - усміхаючыся іранічна, ведаючы насамрэч сітуацыю ў краіне, дзе за кожным з нас пільна сочыць КДБ , збівае гарачы ўздым Міколы Яўген Кулік.

- А што!? Чаму не? Толькі "Пагоня"! адказвае на гэта наш сябра. Сапраўды будзем гуртавацца вакол нашага аб'яднаньня з гучнай назвай "Пагоня".

Пад час новай Адраджэнскай хвалі 8090х ужо легальна будзем ладзіць выставы, прапагандаваць ідэі Беларускасці. І ў першых шэрагах будзе Мікола Купава, як кіраўнік "Пагоні".

Зменіцца час... Нашую "Пагоню" будуць ціснуць з усіх бакоў, не даваць магчымасці штогод ладзіць выставы прысвечаныя дню Волі 25 сакавіка. Але, нягледзечы на гэта, мы і сёння працягваем нашую працу. І не толькі мы мастакі. Як бы цяжка не было, а тая ручаіна першых мрояў і захапленняў ніколі не будзе перасыхаць.


"Нет такой даты!"

Якія толькі не ўзнікалі ідэі на славутым паддашку! Супольна з Яўгенам Куліком. Міколам Купавам, Міколам Ермаловічам вырашылі адзначыць 1000 - годзе Беларусі. Першыя згадкі пра нашыя землі сягаюць у далёкі 980 год, а тут на дварэ 1980 г. Мікола і Яўген шчыруюць на сваёй дзялянцы рыхтуюцца нелегальна выдаць паштоўку. Я ў гэты час пішу сваю "Рагнеду". Паштоўкі вытвараныя маімі сябрамі трапляюць за мяжу. Там іх тыражуюць, не называючы прозвішчы аўтараў, але з надпісам: "Выдадзены нелягальна ў Беларусі". Усё гэта натуральна трапляе пад пільнае вока КДБ.

У Саюзе мастакоў узняўся вэрхал, старшыня творчага саюза былы партызан Віктар Грамыка дасылае ліст у Акадэмію навук БССР з просьбай растлумачыць, ці ёсць такая гістарычная дата. Навукоўцы моршчаць свае лысыя лабаціны. Ім ненавісныя ідэі гісторыка Міколы Ермаловіча, які сцвярджае гэтую дату у сваіх рукапісах "Летапісная Беларусь", вядуць перамовы з адпаведным адзелам ЦК КПБ і прысылаюць свой лістпрысуд былому партызану: - "Нет такой даты!"


Рагнеда, Вітаўт і ўся гістарычная хроніка.

У Міколы слаўная сямейка прыгожая ладная жонка Алена, з якой ён пазнаёміўся яшчэ тады, калі яна працавала у Фондзе Культуры. Пабраліся. Натуральна пайшлі дзеткі, як грыбочкі ў летнія дажджы першую дачушку Мікола называе Рагнеда, пройдзе нейкі час на свет з'яўляецца Вітаўт...

- Ай, які малайчына, - кажу Міколу. Якія імёны, як гэта па нашаму, па беларуску.

Задумаў я, - усміхаецца Мікола, адрадзіць усю нашую гістарычную хроніку.

Дай Божа, яшчэ на зломак - журтую ў адказ.

Сямейка ягоная на дзіва мілая і прыгожая. Набярыце ягоны хатні нумар тэлефона, і вы пачуеце родныя галасы на роднай мове чаго часам не пачуеш ад дзетак нашых пісьменнікаў, я ўжо не кажу пра музыкаў, ды кампазітараў.

Па імёнах, дзетак можна зрабіць высновы, у які бок мы рухаемся. Ці да забыцця, усеагульнай глабалізацыі, ці да сваіх каранёў. Усё ж такі цепліцца надзея на апошняе. Чуем родныя: Вераніка, Алеся, Славамір, Хрысціна, Францішак. А калі б яшчэ гучала: Рагвалод, Усяслаў, Прадслава, Ізяслаў, мы б яшчэ болей вызначыліся ў гэтым свеце! Стагоддзямі нашыя імёны ламаліся на расейскі капыл. Гэтае я адчуваў з самога дзяцінства. Маю маці ўсе звалі Хадора,па бацьку Хролаўна, а савецкія пісакі пісалі праз "Ф". Сама яна ніяк не магла вымавіць гэтае "ФЭ", а ўсё "Хведзька", "Хвасоль", "Хвартух"

(Працяг будзе.)

Алесь Маара


ВЫМУШАНАЯ АВАНТУРА

Версія гістарычнай драмы. Час падзей 1600-1606 гг.

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Уласеў. Як я ўжо сцвярджаў перад вялікім гасударом, той Дзмітрый, якога я назіраў, не злодзей, не прапойца і зусім не тупіца. Ён падаўся мне абаяльным, тава-рыскім, гаваркім і, галоўнае, адукаваным і культурным еўрапейцам гадоў 23-25 ад роду. Праўда, не прыгажун, але надзвычай сур'ёзны. Па характары пылкі і ўражлівы. Адменна носіць гарнітур, выдатна валодае канём і зброяй, бліскуча фяхтуе і танчыць, з годнасцю трымаецца сярод асоб знатных і дзяржаўных. Нарэшце, у яго закахана адна з першых прыгажунь Польшчы, між іншым, як і ён у яе. Свабодна валодае польскай і рускай моваю, але говар яго не маскоўскі. Не думаю, што яму калі-небудзь даводзілася пастрыгацца ў манахі, каб пазбегнуць смяротнай кары за зладзействы.

Тацішчаў (разгублена). Што ж гэта атрымоўваецца ў такім разе?..

Уласеў. І яшчэ: у паводзінах яго нельга не заўважыць перакананасці ў законнасці правоў сваіх. Нічым іншым, дарэчы, нельга патлумачыць яго свабоду паводзін, царскую годнасць, упэўненасць і адкрытасць, што даходзіць часам да неасця-рожнасці.

Гадуноў. Я ва ўсіх вас і пытаюся, чым патлумачыць яго імкненне аддаць сваю справу супраць мяне на суд усёй зямлі? Адкуль у яго гэта?.. Хоць прыдумка з Грышкам Атрэп'евым мне падабаецца... Маўчыце?! Маўчыце таму, што не ведаеце ці сказаць баіцеся... Давядзецца папытаць у царыцы Марфы. Яна як ніхто ведае і сказаць не пабаіцца. Князь Васілій, дапа-мажы старой прыйсці сюды...


Шуйскі падымаецца з каленяў і няўпэўненымі крокамі на замлелых нагах выходзіць. Вяртаецца з Марфай, якую спрабуе падтрымліваць пад локаць, а яна адбіваецца ад яго і з цяжкасцю падыходзіць да цара і царыцы. Паклонам іх не ўда-стойвае. Апранута ў манаскае. Шуйскі падсоўвае Марфе крэсла.


Марфа. Не мітусіся, халуй! Перад царом пастаю...

Гадуноў. Царыца-маці, каб папя-рэдзіць смуту ў дзяржаве, мы тлумачым падданым нашым, што згіблы па трагічнай выпадковасці ваш сын князь Дзмітрый Іаанавіч аніяк не мог уваскрэснуць з мёртвых раней агульнага ўваскрашэння. Ваша слова аб смерці сына, на пахаванні якога вы прысутнічалі, будзе мець выра-шальнае значэнне ў справе ўміратварэння народа і ўратаванні царства ад смуты і падзення... (Паўза зацягваецца.) Толькі два словы, царыца, нам тут і з Лобнага месца народу: жывы ці мёртвы ваш сын Дзмі-трый?..

Марфа. Я не ведаю, мёртвы ён ці жывы...


Гадуноў чакае адказу. Мар'я ўстае са свайго трона. Напружанне прысутных дасягае мяжы.


Людзі, якіх ужо няма на свеце, казалі мне, што яны выратавалі Дзмітрыя і звезлі яго за мяжу.


Схапіўшы падсвечнік, Мар'я з істэ-рычным крыкам: "Старая сучка" кідаецца да Марфы, каб выпаліць ёй вочы. Басманаў зрываецца з месца, каб стаць паміж жан-чынамі. Галіцын і Тацішчаў выводзяць іх з палаты ў розныя дзверы і вяртаюцца.


Гадуноў (у форме загаду). Князю Шуйскаму і іншым, хто прымаў удзел у пахаванні царэвіча, цалаваць крыж перад народам, што яны хавалі менавіта царэвіча, а не каго іншага. І клясціся на крыжы столькі разоў, пакуль чэрнь і люд імяніты ў тое не павераць. Казаць, што Марфа пацвердзіла смерць сына.


Шуйскі кланяецца.


Прыдумка яго свяцейшаства наконт беглага манашка сама па сабе не благая і паслу Уласьеву варта пакласці яе ў аснову пратэстацыі каралю Жыгімонту, зрабіўшы асаблівы націск на тым, што мы, цар і самадзержац усяе Русі дзівімся, якім звы-чаем кароль прыняў у сваёй дзяржаве і паверыў злодзею Атрэп'еву, не паслаўшы да нас па праўдзівыя весткі пра валацугу. Да гэтага дапоўніць, што калі б той прайдзісвет Грышка і сапраўды быў князь Дзмітрый угліцкі, з мёртвых уваскрэслы, то ён не ад законнай, а ад сёмай жонкі цара Іаана Васільевіча. У пратэстацыі запатра-баваць, каб кароль Жыгімонт пакараў смерцю памянёнага Грышку Атрэп'ева і дарадцаў яго.


Уласеў схіляецца ў паклоне.


Князю Васілію Галіцыну не спадзя-вацца на караля Жыгімонта, а неадкладна арганізаваць пошук азначанага Грышкі, схапіць і прывесці ў Маскву. Мы яго на Лобным месцы ў клетцы народу паказваць будзем як Лжэдзмітрыя. Што да сапраўд-нага Лжэдзмітрыя, то яго лепш за ўсё ядам на той свет адправіць.


Галіцын схіляе галаву.


Цябе, любімец мой Пётра Басманаў прашу: захапіць Ноўгарад Северскі пакуль яшчэ яго не захапіў названы Лжэдзмітрый. І трымаць да апошняга уздыху. Застанешся жывым, на дачцэ сваёй ажаню і з галавы да пят азалачу.

Басманаў. Захаплю і ўтрымаю, вялікі гасудар!

Гадуноў. Думнаму двараніну Міхайле Тацішчаву ўстанавіць неадступнае назіранне за царыцай Марфай. Хоць сапраўдны, хоць падстаўны сын, а праявіць інтарэс да "мамачкі" ці лістом, ці пасланцом сваім.

Тацішчаў. Касцямі лягу, вялікі гасудар!

Гадуноў. Мне твае маслы без па-трэбы... а Марфіны беражы, як свае. Не дай Бог, каб яна нам яшчэ раз спатрэбілася...


VII

На прыёме ў караля Жыгімонта нунцый Рангоні і канцлер Сапега.


Рангоні. У гутарцы з царэвічам Дзмітрыем я даў яму ясна зразумець, што за дапамогу ад вашай каралеўскай вялікасці і яго свяцейшаства папы, найпершым крокам прэтэндэнта на маскоўскі пасад павінна быць адмова ад веры грэчаскай і ўступленне ў лона царквы рымскай.

Жыгімонт. А навошта такая спешка?

Рангоні. І тым не менш, нават будучы юнаком дастаткова амбітным і нават фанабэрыстым, асабліва не пярэчыў. Гутаркі нашы доўжыліся яшчэ і яшчэ, і нарэшце ён даў урачыстую клятву, сцвер-джаную ўласным подпісам, што будзе паслухмяным сынам апостальскага пасаду. Затым я яго прычасціў і мірапамазаў. На споведзі ён быў у аднаго з езуітаў. Ні пра што заганнае не паведаў, а ў грахах нязначных дзіцячых і юнацкіх прызнаўся. Дарэчы, з маёй парады напісаў пасланне папе. На жаль, думкі свае выклаў так лоўка і не канкрэтна, што ў ім няма ні яўнага прызнання каталіцтва, ні станоўчага абяцання за свой народ. Усё абмежавалася двухсэнсоўнымі выказваннямі прыхільнасці. Такім чынам, папа можа тлумачыць яго словы на сваю карысць, а ён пакінуў сабе магчымасць тлумачыць іх у сэнсе цярпімасці рымска-каталіцкага спавядання нароўні з іншымі спавяданнямі ў сваёй дзяржаве.

Жыгімонт. Выходзіць, што не такі ўжо прастачок гэты царэвіч?

Сапега. І не злодзей і тупіца, як піша Гадуноў у сваёй пратэстацыі.

Рангоні. Наадварот, ён падаўся мне разумным, даволі адукаваным, чыстым як анёл, але надзвычай эмацыянальным і палкім, як і ўсякі юнак у яго ўзросце. Дарэчы, а можа, і не дарэчы з першых хвілін сустрэчы з дачкой князя Мнішака закахаў-ся, як хлапчук, і ўжо паспеў прапанаваць прыгажуні руку і сэрца.

Жыгімонт. Шкада...

Рангоні. ?..

Жыгімонт. Мы меліся прапанаваць царэвічу іншую нявесту.

Рангоні. На жаль, гэта ўжо ці пакуль яшчэ абсалютна немагчыма. Царэвіч літаральна згубіў галаву.

Жыгімонт. Які ж цар будзе з безга-ловага царэвіча?..

Сапега. Для Масковіі гэта не праб-лема. Брацец царэвіча Дзмітрыя Фёдар Іаанавіч таксама розумам не вызначаўся, але мух ротам лавіў спраўна... пакуль Гадуноў шапку Манамаха на свае вушы не нацягнуў.

Жыгімонт (незадаволена). Гэта не аргумент на карысць Дзмітрыя.

Сапега. Я, ваша мосць, індыферэнтна стаўлюся да Дзмітрыя і толькі пракамен-таваў факт, паколькі некалі асабіста вёў мірныя перамовы з царом Фёдарам.


Уваходзіць Цырымоніймайстар.


Цырымоніймайстар. Ваша кара-леўская мосць, з аўдыенцыяй царэвіч Дзмітрый Іаанавіч!


Уваходзіць Дзмітрый у суправаджэнні Мнішака. Жыгімонт, Рангоні і Сапега ўстаюць. Цырымоніймайстар выходзіць.


Дзмітрый (урачыста). Ваша кара-леўская і вялікакняская вялікасць, мы надзвычай рады сардэчна вітаць Вашу мосць і выказаць запаўненні ў нашай найвышэйшай павазе да Вашай найсвятлейшай асобы. Карыстаючыся шчаслівай магчымасцю мы выказваем наша захапленне цудоўнай краінай і рэспублікай абодвух народаў Рэччу Паспалітай і яе гасцінным народам. Семнаццаць гадоў нашага жыцця ў вашым Каралеўстве і Вялікім Княстве прайшлі як шчаслівы сон, які не толькі залячыў раны маёй душы. Ягелонскі універсітэт і яго цудоўныя настаўнікі пакінулі ў маім сэрцы і свядомасці незабыўныя ўражанні і ўдзячную памяць. Найлепшыя ўспаміны нашага дзяцінства і юнацтва, звязаныя з Каралеўствам і Вялікім Княствам, назаўсёды застануцца ў нашай удзячнай памяці і будуць зарукай узаемапавагі і супрацоўніцтва нашага царства з Вашай рэспублікай абодвух народаў. Нех жые пшыязнь! І мы просім дазволу абняць Вашу каралеўскую вялікасць па рускаму звычаю і з сыноўняй шчырасцю.


Ступіўшы адзін аднаму насустрач, царэвіч і кароль абдымаюцца.


Жыгімонт. Высокашаноўны царэвіч Дзмітрый Іаанавіч, мы крануты вашай шчырасцю і вашымі найлепшымі адносінамі да нашага Каралеўства і Вялікага Княства, а таксама і вашымі запэўніваннямі пра нашы будучыя дружалюбныя, добрасуседскія, а можа і саюзныя адносіны пасля вашага ў вышэйшай ступені законнага вянчання на сталец расійскі. Мы зробім усё магчымае, каб вы карысталіся ў нашай краіне дапамогай і падтрымкай у барацьбе за гістарычную справядлівасць, хоць і не адкрыта, паколькі абставіны таго патрабуюць. На першыя патрэбы вы будзеце атрымоўваць з маёй казны 40 тысяч злотых у год. Натуральна, што нам хацелася б пачуць запэўніванне пра тое, што першым крокам царэвіча пасля каранацыі будзе перадача Кароне нашага Смаленска і зямлі Северскай.

Дзмітрый. Клянуся гонарам: спаконвечныя беларускія гарады і землі будуць вернуты намі Вялікаму Княству, а тым самым і вялікаму князю Жыгімонту.

Мнішак (нечакана, усхвалявана, пратэстна). Дазвольце, але ж ваша царская светласць ужо пры сведках (паказвае на Рангоні) адпісала Смаленск і землі Северскія мне і маёй жонцы...

Дзмітрый (пад добразычлівую ўсме-шку). Мая светласць дапусціла паспешлівасць па недасведчанасці ў царскіх справах, а сустрэўшыся з яго вялікасцю каралём, перадумала. Можа цар перадумаць ці не можа?.. Па-мойму на тое ён і цар.


Усміхаюцца і кароль, і нунцый, і канцлер.


Мнішак (разгублена). Але ж я купіў ужо больш за паўтары тысячы ўзброеных наймітаў?!

Дзмітрый. Будзем гэта лічыць сціп-лым пасагам панны Марыяны.

Жыгімонт. Царэвіч вырашыў парад-ніцца з ваяводам?..

Дзмітрый. Так... з яго дачкою... рашуча і беспаваротна!

Жыгімонт (пасля кароткай паўзы). На развітанне хацеў бы запэўніць князя Дзмітрыя, што мы будзем пільна сачыць за разгортваннем падзей і па меры нашых сіл і магчымасцяў садзейнічаць поспеху царэ-віча. Пра некаторыя канфідэнцыяльныя нюансы стасункаў з намі сёння ж дамоўцеся з канцлерам Вялікага Княства. (Глядзіць на Сапегу, потым падае руку Дзмітрыю.)


Дзмітрый, Мнішак і Рангоні выходзяць.


Жыгімонт (задаволена пацірае ру-кі). Ведаеш, Леў, ён мне падабаецца. Рашуча падабаецца. Праз яго ў Масковіі можна такога піва заварыць - чарцям тошна стане, не тое, што Гадунову. Кара-цей, трэба рыхтаваць Барысу добрую вайну, і мы будзем адпомшчаны за яго хамства да майго вялікага пасольства і наогул да Рэчы Паспалітай.

Сапега. Божа барані, ваша мосць. Божа барані парушаць кволае перамір'е і ўвязвацца ў вайну, якую абавязкова выкарыстаюць Турцыя, той жа гаспадар Міхай і кароль Швецыі. Ці ваша мосць думае, што ён забыўся пра карону, якую кароль хоча ў яго адабраць?

Жыгімонт. Але ж другой такой магчымасці не будзе!

Сапега. І не трэба! І слава Богу, калі не будзе. Каб ублытацца ў вялікую вайну, нам і гэта магчымасць без патрэбы.

Жыгімонт. Канцлер не хоча адпом-сціць Барысу за сваё прыніжэнне?

Сапега. Помста ў палітыцы апошняя справа. І згубная...

Жыгімонт. Маё прадчуванне... Мае пачуцці...

Сапега. Кароль і вялікі князь не можа, не павінен паддавацца пачуццям. Нават у юнага царэвіча развага, разлік...

Жыгімонт. Леў, мякка кажучы, ты проста не рашучы чалавек.

Сапега. Я асцярожны, абачлівы канцлер.

Жыгімонт. На цябе дрэнна ўплы-ваюць Радзівілы.

Сапега. Яны не могуць на мяне не ўплываць, інакш яны не былі б Радзівілы, а я не быў бы канцлерам ад ліцьвінаў-беларусцаў.

Жыгімонт. А на мяне яшчэ пазаў-чора паўплываў і моцна пасланец ад баяраў маскоўскіх Ляпуноў. Ён вельмі абнадзеіў мяне і ад імя тых жа баяраў прасіў, каб Карона дапамагла царэвічу войскам.

Сапега. Гэта зусім неабавязкова, больш за тое- небяспечна.

Жыгімонт. Гэта не доказ, а голыя словы. Ці інтрыга Радзівілаў.

Сапега. Даліся каралю гэтыя Радзі-вілы.

Жыгімонт. Даліся, бо яны некара-наваныя каралі ў Вялікім Княстве.

Сапега. Як ваша мосць не можа зразумець таго, што калі Карона на сваіх піках і шаблях панясе царэвіча на маскоўскі пасад - гэта ў вышэйшай ступені абразіць магутнага суседа. Пры няўдачы царэвіча Гадуноў і тыя ж баяры ператвораць смуту ў адзіны магутны кулак супраць Рэчы Паспалітай і адпомсцяць ёй вельмі жорстка.

Жыгімонт. Але ж мы ўжо ўблыталіся ў справу гэтага Дзмітрыя.

Сапега. Пакуль ублытаўся толькі Мнішак. А каралю і вялікаму князю варта было б, як я думаю, застацца ў баку, у цяньку, як у нас кажуць.

Жыгімонт. Я не хачу быць ні ў баку, ні у цяньку! Такія магчымасці выпадаюць, можа, раз у стагоддзе. А Масковія ніколі не стане нашым саюзнікам па дамове. Яе можна ўтаймаваць толькі сілай зброі.

Сапега (рашуча). Усё што Рэч Паспалітая можа сабе дазволіць ва ўмовах, што склаліся - гэта сваіх разумных і абачлівых дарадцаў пры Дзмітрыю.

Жыгімонт. А нунцыя Рангоні і ваяводу Мнішака канцлер такімі не лічыць?

Сапега. У канцлера вельмі стрыма-ныя адносіны да абодвух, асабліва да ваяводы.

Жыгімонт. За што канцлер так не любіць Ежы Мнішака?

Сапега. На простае пытанне просты адказ: за прыродную схільнасць да інтрыгі, авантуры, неразборлівасці ў сродках, фанабэрыю, хцівасць і разбэшчанасць. Ці, можа, вашай каралеўскай вялікасці не вядома пра яго ўдзел у бруднай справе патурання разбэшчанасці караля Жыгімонта Аўгуста, у раскраданні каралеўскага скарбу? Можна і зразумець Мнішака - да гэтага часу ён спусціў накрадзенае. А тут падвярнуўся царэвіч і ваявода на ім, наіўным і недасведчаным, вырашыў адразу паправіць сваё фінансавае становішча і зрабіць кар'еру сабе і дачцэ. Можна зразумець гарачага юнака, які, можа, яшчэ і не ведаў пачуцця кахання і прыняць пад увагу ўражанне, якое на яго зрабіла Марыяна - істота, што ў вышэйшай ступені валодае якасцямі, якія даюць польскім жанчынам такое высокае месца ў вышэйшым свеце. А тут - царэвіч. І панна Марыяна зразумела, што ёй адкрываецца выключны выпа-дак выключным чынам уладкаваць свой лёс.

Жыгімонт. А калі ўсё перайначыць. Я ж не выпадкова намякаў на сваю сястру... Леў, вазьміся за гэту справу.

Сапега. Не, ваша мосць.

Жыгімонт. Чаму?

Сапега. Мне вядомыя выказванні многіх старажытных мысляроў і разумных людзей нашага часу. Яны ўсе трактуюць каханне на карысць закаханых і ніхто і нішто, акрамя жыцця, не можа ўтаймаваць яго, нават калі яно вядзе да трагедыі. Такая яго цудоўная, але сляпая і неадольная сіла. Прыклад таму каханне Жыгімонта Аўгу-ста да Барбары Радзівіл...

Жыгімонт (пасля роздуму). Засму-ціў ты мяне сёння, Леў Іванавіч, і вельмі. Як бы не пасварыцца каралю з канцлерам...

Сапега. Не зрабі я гэтага, то застаў-ся б непраўдзівым і скрытным перад кара-леўскай вялікасцю. А гэта не ў маіх правілах.

Жыгімонт (нечакана, пасля паўзы). А канцлер верыць у тое, што перад намі быў сапраўдны царэвіч?

Сапега. Як казаў некалі Францішак Скарына, "таямніца сія над розумам маім..."

Жыгімонт. Не прыбядняйся, розум у цябе растаропны... Да новых сустрэч.


Сапега кланяецца і выходзіць.


VIII

Дзмітрый на прыёме ў Сапегі.


Дзмітрый. Леў Іванавіч, нічога страшнага не здарылася. (Смеючыся.) Авідзій жа кажа, што каханне развівае знаходлівасць.

Сапега. А Пліній Старэйшы і Платон у гэтай далікатнай справе глядзіць глыбей: першы перасцерагае, што крывадушная любоў горш за нянавісць, а другі папя-рэджвае, што любімае нярэдка асляпляе таго, хто любіць. І мы ўсе ў траіх не пра тваё каханне.

Дзмітрый. Не будзем пра гэта, Леў Іванавіч...

Сапега. Вядома, не будзем. Ёсць клопаты і больш важныя.


Уваходзіць Чалавек Сапегі. Рэспек-табельны мужчына ў еўрапейскім гарні-туры, белых пальчатках, з трысцінай, пад цыліндрам капа валасоў, дагледжаная кароткая барада і вусы. Элегантна кланя-ецца, папярэдне зняўшы цыліндр.


Чалавек Сапегі. Честь имею явить-ся по вашему велению по своему хотению, как сказывается в русских сказках…

Сапега (падаўшы руку Чалавеку). Мы чакалі. (Дзмітрыю.) Гэты рэспекта-бельны шляхціц - мой чалавек. Праз яго мы будзем зносіцца ў асноўным вусна і ў рэдкіх, але важных выпадках пісьмова. Любыя тэксты любой велічыні ён здольны даслоўна запамінаць з першага прачытання і пры неабходнасці прыпамінаць даслоўна. Не выключана, што з'яўляцца царэвічу ён будзе знянацку і не толькі ў цяперашнім выглядзе, але і ў такім вось. (Бярэ Чалавека за бараду і яна застаецца ў руцэ Сапегі.)


Здзіўлены Дзмітрый запускае пальцы ў чупрыну Чалавека Сапегі.


Чалавек Сапегі. Пардон, князь, чупрына свая. (Забірае ў Сапегі бараду.)

Сапега (Дзмітрыю). Вопраткаю ён будзе карыстацца самай рознай, па абста-вінах. (Чалавеку.) Найперш, дружа мой, неадкладна зоймешся пошукам беглага з Масквы ў Вялікае Княства, а можа і ў Польшчу манашка Грышкі Атрэп'ева, якога ў сваёй грамаце манастырам і святарам цэркваў усяе Русі патрыярх Іоў назваў Лжэдзмітрыем. Сапраўднага ж царэвіча Гадуноў загадаў ядам са свету звесці. Так што, Дзмітрый Іаанавіч, вуха трымай востра. А калі мой Чалавек з маімі людзьмі названага Грышку знойдуць і ў твой стан прывядуць, будзеш як уласнае вока берагчы яго і народу паказваць, каб усякі ўсвядоміў, хто ёсць царэвіч сапраўдны, а хто расстры-га, валацуга і злодзей ад Іова і Гадунова.

І другое. Ад зброду валанцёраў, якіх Мнішак збірае па гарадах Польшчы, па магчымасці адмаўляйся на карысць каза-коў спачатку паўднёвых, а потым і север-скіх і даводзь канфлікты з ваяводам Мніша-кам да кіпення, каб я меў падставы адхіліць яго ад гетманства ў тваім войску. Калі гэта мне зрабіць не ўдасца, я адклічу яго ў Кракаў, прыдумаўшы нейкую патрэбу ў ім.

Асноўная ж мая парада, Дзмітрый Іаанавіч, вучыся людзям дараваць і не спяшайся караць. А зараз я завязу цябе да Мнішака і Рангоні. Бадай што, зачакаліся ястрабы голуба... (Выходзіць разам з Дзмітрыем.)


Чалавек Сапегі няспешна прыклей-вае бараду, адзявае цыліндр, глядзіцца ў люстрэрка і выходзіць.



Дзея другая


IX

Апусціўшы долу позіркі бы ў паха-вальнай скрусе стаяць перад тронам патрыярх Іоў, Васілій Шуйскі, Васілій Галіцын, Міхайла Тацішчаў і Фёдар Мсціслаўскі.

У істэрыцы перад імі мітусіцца Гадуноў.


Гадуноў. Падлюкі, баязліўцы, здра-днікі, а не ваяводы царскія! Пакінулі Мараўск, не ўтрымалі Чарнігаў, здалі Рыльск, Курск, Сеўск, Кромы! А людзішкі, якія за богамярзотныя зладзейскія справы свае тут, у Маскве, і прыгавораныя на спаленне ці высылку за злыя плевелы герытычныя, у Літву збеглі і разам з мужыкамі-сеўрукамі да злодзея Грышкі далучыліся! Мы загадалі рушыць раццю да Ліўнаў, а ваяводы Петра Шарамецьеў і Міхайла Салтыкоў Хрушчову плакаліся: "нам трудна супраць прыроджанага гасу-дара ваяваць"...

Тацішчаў. А Васілій Смірноў і Булгакаў малодшы на гулянцы пілі за здароўе Дзмітрыя...

Гадуноў. Ведаю! Усё ведаю... Схапіў мярзотнікаў і скараю горлам неадкладна! (Амаль спакойна.) Усе вы за маёй спінаю яго здароўе п'яце... Усе!.. Зноў жа князь Рубец Масальскі як апошні паршывы баязлівец аддаў злодзею Пуціўль - самы важны горад ў Северскай зямлі. Самы галоўны! З усіх ваяводаў толькі мой верны і адданы Басманаў, як Перасвет перад татарамі, супраць самазванца трымаецца. А баярын Дзмітрый Шуйскі тым часам у Бранску адседжваецца замест таго, каб дапамагчы абаронцу царскаму. Ды яшчэ асмельваецца падмогу прасіць!.. А я яе дзе вазьму, падмогу тую?.. (Цяжка падыходзіць і садзіцца на трон, бярэ ў рукі дзяржаву і скіпетр.)

Тацішчаў (лісліва). Вялікі гасудар, якую ім яшчэ падмогу? Бягуць то ад трох тысяч ахочага зброду Мнішака ды двух тысяч запарожцаў.

Мсціслаўскі. У самазванца ўжо не тры і дзве, а пятнаццаць тысяч пад рукой і па большасці казакоў северскіх і нашых, рускіх.

Гадуноў (ціха, паныла, безнадзей-на). І не дзіва. Ваяводы і баяры зямель маіх ужо ў паласе 600 вёрст як апошнія псяюкі і здраднікі аб'яўляюць сябе за самазванца, а іншых ваеначальнікаў сабе падначаленых вяжуць і да яго прыводзяць, а той іх самалічна развязвае і жыццё даруе. Яны тут жа яму і прысягаюць. Ці вы мо думаеце, што цар вам казкі расказвае?..

Мсціслаўскі. Добра, каб казкі, але ж бяда яшчэ і ў тым, што войскі зусім высілены і разбэшчаны: адны перадаліся непрыяцелю ці разбегліся; казакі ж, забыў-шы на крыжовае цалаванне, гасудару здрадзілі; іншыя ад доўгага стаяння зму-чыліся і збяднелі, а то і па дамах разышліся; многія ж імянітыя ў маёнтках сваіх і вотчынах зашыліся, службы не служаць ні самі, ні дзеці іх, ні халопы. Жывуць у сваё задавальненне, не думаючы пра пагібель дзяржавы і святой царквы.

Гадуноў. Праўду глаголіш, князь Фёдар, святую праўду!.. (Пасля паўзы рэзка, зло.) Але на каго жалішся? Каго палохаеш? Ты мяне, князь не палохай! Я гэтага не дазволю! А таму і аддаю не пад чыю іншую, а пад тваю дзясніцу свае апошнія паўста тысячаў ратнікаў супраць тых пятнаццаці тысячаў разбойнікаў самазванца. Ці не табе выпала ўстаяць і перамагчы, слаўны воін Фёдар Мсціслаўскі?!

Мсціслаўскі. Гатовы галаву скла-сці, вялікі гасудар!

Гадуноў. На шчыт ляжаш - паха-ваем як героя. Са шчытом вернешся і перамогай - жаню цябе на дачцэ сваёй, а Казань і Северскую зямлю ў пасаг атры-маеш.

Тацішчаў. Гасудар, уся Масква ведае, што дачка царская Басманаву абяцаная...

Гадуноў. Як разбалбатаў, то ведае. Ну і што з таго. Абодва ваяводы дачкі царскай вартыя. Абодва і пацвердзяць сваё права на яе руку і сэрца ратным вычынам.

Тацішчаў. Вешчыя словы мудрага дзяржаўцы і бацькі.

Гадуноў. Іншых не сказываем... Ты, князь Фёдар, пра пагібель царства і святой царквы заўважыў. Я да слова таксама скажу. Твайму праасвяшчэнству, патрыярх Іоў, і табе князь Галіцын, скажу. Данос са Смаленска маю, ад якога да Масквы рукой падаць, пра тое, што тамтэйшыя папы з ліцьвінаў-беларусцаў да і нашы таксама ў адносінах да самазванца ў герасі выкрыты, да здрады народ схіляюць. Раблю выгавар царскі ваяводу смаленскаму за мяккацеласць да здраднікаў, а ён мне плачацца, што яго людзі, бачыце, саромеюцца катаваць духоўных. І ад цябе, князь Галіцын, а гэта і твая епархія па віжаванні, і ад патрыярха Іова патрабую за хісткасць і здраду катаваць любога і кожнага, агнём паліць і мячом секчы ўсякага! Інакш, яны нам усім на Лобным месцы галовы секчы будуць. А ты, князь Галіцын, пакуль цэлы, усім ваяводам, акрамя Басманава, перакажы маё царскае слова пра тое, што яны справу вайны вядуць нядбайна: колькі раці пагубілі, а Лжэдзмітрыя так і не злавілі! Атрутнікі ж твае самазванцам схоплены і памілаваны. А чаму памілаваны, сам падумай! А падстаўнога патрыяршага Грышку Атрэп'ева сапраўдны Лжэдзмітрый раней за цябе знайшоў і пры сабе трымае, каб народу паказваць. Так што караць на Лобным месцы, як было задумана, пакуль няма каго, з чым патрыярха Іова і князя Галіцына мы і віншуем. А народ тым часам перакон-ваецца, Грышка наш падстаўны царэвіч, а Дзмітрый ёсць сапраўдны. Мяркую, што цяпер князь Галіцын яшчэ лепш ведае, чым яму ў першую чаргу займацца трэба... з розумам і растаропнасцю, а то як бы... А ты, князь Шуйскі таксама бліжэй да Сеўска перабірайся ды падстаў свой плячук князю Мсціслаўскаму. На тым усіх з Богам пакуль і адпускаю. Ідзіце і без манашка Грышкі і Лжэдзмітрыя жывых ці ўсмерчаных не вяртайцеся. А мы з яго свяцей-шаствам за душы вашы памолімся.


Усе, акрамя Іова, кланяюцца і выходзяць.


(Працяг у наступным нумары.)

Алесь Петрашкевіч


За вашу і нашу волю

Галерэя ДМ - гэта абрэвіятура кавярні Фальварак "Добрыя Мыслі" ў якой ужо на працягу трох год штораз ладзяцца высокапрафесійныя мастацкія выставы. Такая выключна каштоўная для нашага грамадства з'ява сталася магчымай толькі, з руплівай ласкі, гаспадыні сп. Ірыны Каліноўскай і групы дасведчаных у нашай культуры дзеячаў, да якіх яна з'вярнулася ў свой час па параду.

Кожны, хто ўпершыню пераступіў гэты парог, прыкіпае душой да той дабратворнай атмасферы, таго жыццесцвярджальнага асяродку, якімі тут прасякнутае нават паветра. Яго душа, розум і сэрца напачатку быццам дранцвеюць, як бы трапіўшы з холаду ў кіпень, затым ажываюць і чалавек гэты ўжо надалей зноўку імкне сюды, каб наталіць тут найперш свае асмяглыя пачуцці, а потым і вусны.

Чарговаю з'яваю ў гэтай утульнай галярэйцы сталася мастацкая выстаўка прымеркаваная да 168 гадавіны з дня нараджэння Вікенція Канстанціна Каліноўскага. Ён у дваццаць пяць гадоў узняў народныя масы на гераічны чын дзеля вызвалення з расейскага ярма. Паўстанне 186364 гадоў было жорстка задушана царскім рэжымам, а Каліноўскі, скончыўшы свой мужны палёт на мураўёўскай шыбеніцы, стаў нацыянальным героем БеларусіЛітвы. Паўстанне было ўпісана залатымі літарамі ў нашу гісторыю, як бліскучае імгненне ў спрадвечнай барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны.

Адлюстраванне тэмы паўстання ў беларускім выяўленчым мастацтве сягае ў самую глыбіню гістарычнай падзеі. Першымі ў мастацкай творчасці яго ўвасобілі непасрэдныя ўдзельнікі падзей, мастакі Міхал Эльвіры Андрыёлі, Генрых Дмахоўскі, Аляксандр Ельскі, Казімір Альхімовіч, Альфрэд Ромэр і іншыя. Іх творчасць яскравы прыклад позняга рамантызму.

Пачатак ХХ стагоддзя знамянальны зваротам новага пакалення мастакоў да вобраза Кастуся Каліноўскага, якога адным з першых у гэтую эпоху выдатна ўвасобіў у пластыцы Аляксандр Грубэ. Вялікі ўклад у распрацоўку вобраза Каліноўскага ўнёс класік беларускага жывапісу Пётра Сергіевіч. У 50я гады ім былі на грунце цэлай галярэі падрыхтоўчых малюнкаў і эцюдаў створаны манументальныя палотны з адлюстраваннем герояў паўстання. Ў далейшым да гэтай тэмы звярталіся многія мастакі 5080 гадоў ХХ стагоддзя, такія як скульптар Заір Азгур, графік Сямён Герус, жывапісцы Раіса Кудрэвіч і Адольф Гугель, Леанід Шчамялёў і іншыя.

Пра гэтую велічную постаць было досыць глыбока і поўна ўжо сказана, але яна як той квет лілеі ці эдэльвейса, дакуль будзе існаваць наша Айчына, будзе вабіць да сябе ўсё новыя пакаленні творцаў. Каштоўнейшыя складнікі яго фенаменальнасці як бездакорная, боская чысціня і непахісная вера ў вольную будучыню нашай Айчыны памножаныя на цалкам адданую любасць да свайго народу, як і служэнне яму да самаахвярнасці, былі ёсць і будуць з'яўляцца тым прыцягальным магнітам і незгасальным светачам на ўсім працягу нашай далейшай гісторыі.

Як паказвае жыццё ў будучыні ў народнай памяці застаюцца толькі тыя постаці і падзеі, ушанаванне якіх адбываюцца не па загаду уладных асобаў, а з прыватных ініцыятываў, безкарысліва і дабрачынна, на сродкі і ахвяраванні самой грамадскасцю. Менавіта гэтак праходзіла і адкрыццё названай імпрэзы. Тут, традыцыйна пасямейнаму цёпла і шчыра выступалі многія аўтарытэтныя добра і малавядомыя прадстаўнікі нашай культуры і навукі, як Аляксей Марачкін і Адам Мальдзіс, Уладзімір Пецюкевіч і Генадзь Тумаш; вядомыя артысты і спевакі, як Марыя Флар'яновіч з вершам Уладзіміра Караткевіча "Нявесце Каліноўскага", ці Уладзімір Цімашэвіч з песняй "Шумныя бярозы". Апантаная прамова вядучага Міколы Купавы змянялася дружным акапэльным спевам патрыятычных песняў жаночага хору. Выступы памяркоўныя і разважлівыя, часам пераходзілі ў бурныя дыскусіі, дзе выказваўся клопат пра далейшы лёс ўшанавання асобы правадыра паўстання 1863 года. Усім ахвочым выступіць сталася месца і часу, як выпадковым наведвальнікам сп. Юліі Міцько, расчулена праспяваўшай народную песню, так і сябрам ад клуба "Спадчына", ці то паэту Яўгену Гучку, ці рупліваму Аляксею Саламонаву, ці Анатолю Беламу...

Экспазіцыя арганізаваная творчай суполкай "Пагоня" пры Беларускім саюзе мастакоў, бальшынёю прадстаўленых тут твораў уяўляе рэтраспекцыю з раней выкананых сучаснымі мастакамі жывапісных твораў як: Аляксея Марачкіна сатырычнасаркастычны вобраз ката Мураўёва; Віктара Маркаўца краявіды, якія адлюстроўваюць родныя мясціны нязломнага змагара ды Фелікса Янушкевіча прысвячэнні песнярам нашай мінуўшчыны, а таксама графічныя творы Яўгена Куліка, Арлена Кашкурэвіча і Міколы Купавы. Пэўнае ўяўленне аб паўстанні дае прадстаўленае і раней створаныя плакаты Уладзіміра Крукоўскага. Выключэннем з'яўляюцца толькі два творы Алеся Цыркунова. Адзін з іх прысвечаны непасрэдна кіраўніку вызвольнага паўстання і выкананы сёлета, а другі залетась, які фактычна рэанімуе постаць выбітнага мастака і паўстанца Альфрэда Ізыдора Ромэра, паменшанай копіяй з яго палатна "Хрыстос і сірата". Твор гэты на столькі шматзначны, што заслугоўвае асаблівай гаворкі, найбольшую ўвагу яму надае глыбокая філасафічнасць. Гэты твор фактычна сімвалізуе апафеоз ўсяму вызвольнаму руху, ад шматлікіх рабаўнікоў на нашых землях, як мінулых, так і будучых часоў.

Значную частку экспазіцыі складаюць творы нашых мастакоў папярэднікаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя распачалі справу ўслаўлення геройскага чыну Кастуся Каліноўскага. Гэта найперш Міхась Філіповіч. Пётра Сергіевіч досыць прадстаўлены рознымі эцюдамі, якія ствараюць атмасферу паўстанскага асяродку. Цудоўныя графічныя творы Міхася Сеўрука праз адлюстраваныя на іх архітэктурныя забудовы быццам вяртаюць нас у тыя трывожныя часы.

Кожны з гэтых твораў заслугоўвае пільнай увагі і патрабуе засяроджанага разгляду. Толькі ў гэтым выпадку можна атрымаць ад кожнага з іх тую эстэтычную асалоду і веды, якімі шчыра тут дзеляцца творцы. Навакольнае асяроддзе названага інтэр'еру досыць удала спрыяе гэтаму. Такім чынам, калі душа ваша адчувае патрэбу сумоўя, асмягла бадзяючыся па няўтульных азызлых і прымарожаных завулках рабіце высновы. Калі розум ваш няспынна свідруюць, быццам кропля за кропляй розныя думкі, якімі вы імкняцеся падзяліцца, а сэрца перапаўняе чуллівае жаданне рабіце высновы. У такім разе вам варта наведаць названую Галерэю ДМ, якая знаходзіцца на вуліцы Магілёўскай, 12.

Алесь Сьвікрос.


Беларусы памятаюць Кастуся Каліноўскага

2 лютага ў менскім Фальварку "Добрыя мыслі" беларуская грамадскасць адзначыла 168я ўгодкі з дня нараджэння рэвалюцыянерадэмакрата, паэта і публіцыста, аднаго з кіраўнікоў паўстанння 18631864 года на Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Нагодай для ўрачыстага збору прадстаўнікоў сталічнай інтэлігенцыі, грамадскіх арганізацый і творчых суполак, партый і палітычных рухаў стала адрыццё мастацкай выставы, прысвечанай Кастусю Каліноўскаму. Ініцыятарам гэтай мемарыяльнай імпрэзы выстулі ўдзельнікі мастацкай суполкі "Пагоня" пры падтрымцы культурнаасветнага клуба "Спадчына".

Мастацкая выстава, што адкрылася ў Фальварку "Добрыя мысьлі", сапраўды неардынарная для сённяшняй Беларусі з'ява, бо на ёй прадстаўлены ўнікальныя экспанаты: карціны і эцюды мастакоў класікаў выяўленчага мастацтва Беларусі М. Філіповіча, П. Сергіевіча, Міхася Сеўрука, а таксама, творы нашых сучаснікаў: А. Кашкурэвіча, А. Марачкіна, Я. Куліка, М. Купавы, В. Маркаўца, А. Цыркунова, Ф. Янушкевіча, плакаты У. Крукоўскага. Усе творы тэматычна прысвечаны К. Каліноўскаму і паўстанню 18631864 года. Наведвальнікі фальварку "Добрыя мыслі" маюць магчымасць азнаёміцца з гэтымі мастацкімі палотнамі і яшчэ раз адчуць маштаб асобы Кастуся і веліч ягонага чыну.

Вядовец мемарыяльнай вечарыны (таксама ў гэты дзень іменіннік) мастак М. Купава падрабязна нагадаў сабраўшымся ў гэты памятны для ўсіх беларусаў дзень біяграфічныя звесткі пра жыццё і змаганне Кастуся Каліноўскага. Вядовец імпрэзы адзначыў, таксама, вялікі ўклад, які зрабілі беларускія мастакі ў справу вяртання гэтага імя ў кантэкст беларускай гісторыі і культуры. Вядомы беларускі даследчык, прафесар А. Мальдзіс нагадаў невядомыя акалічнасці напісання аповесці "Восень пасярод зімы", галоўны герой якой стаў прататыпам Кастуся Каліноўскага...

Старшыня клуба "Спадчына" А. Белы ўспомніў пра тое, як удзельнікам "Спадчыны" даводзілася ўпершыню арганізоўваць мастацкія выставы, прысвечаныя К. Каліноўскаму. Таксама сябры клуба "Спадчына" паэты Я. Гучок, У. Пецюкевіч чыталі свае пранікнёныя вершы, што яны прысвячалі Кастусю Каліноўскаму - Гаспадару зпад Вільні...

Усе ўдзельнікі вечарыны адзначалі, што гераічная постаць Кастуся Каліноўскага будзе ў гісторыі Беларусі самым яскравым прыкладам служэння Радзіме, мужнага змагання за яе светлую будучыню - незалежнай, дэмакратычнай і заможнай Беларусі.

Анатоль Мяльгуй.


Беларуская кніга

7-8 лютага 2006 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылася Міжнародная навуковапрактычная канферэнцыя "Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры". Арганізатарамі канферэнцыі выступалі Міністэрства культуры РБ, Міністэрства інфармацыі РБ, бібліятэка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, Беларуская асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў.

Канферэнцыя арганізавана пры падтрымцы Выканкаму Саюза Незалежных Дзяржаў, Інстытута Польскага ў Менску, Шведскага інстытута, пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і пасольства Сувярэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна ў Рэспубліцы Беларусь.

Правядзенне навуковага форуму спецыяльна прымеркавана да XIII Менскай міжнароднай кніжнай выставыкірмашу "Кнігі Беларусі 2006". Мэта канферэнцыі садзейнічаць даследаванню традыцый і навацый беларускай кніжнай культуры, стварэнню навуковаінфармацыйнай прасторы і адукацыйнага асяроддзя, якія паспрыяюць яе развіццю. Праблемнае поле канферэнцыі абумоўлена сучасным цывілізацыйным працэсам, арыентаваным на глабалізацыю інфармацыйнага грамадства, месцам традыцыйнай кніжнай культуры ў кантэксце развіцця электронных камунікацый. У гэтай сувязі актуальнай з'яўляецца тэматыка форуму, якая ахоплівае пытанні тэорыі, гісторыі, мастацтва кнігі і сучаснага стану беларускай кніжнай культуры, захаванасці і рэканструкцыі вядомых кніжных збораў Беларусі; арганізацыі падрыхтоўкі навуковых кадраў і навуковадаследчыцкай работы ў галіне кнігазнаўства.

Канферэнцыя выклікала вялікую цікавасць навуковай грамадскасці. Аб сваім намеры прыняць удзел у яе рабоце заявілі болын за 150 спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Славакіі, сярод якіх кнігазнаўцы, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы, педагогі, а таксама прадстаўнікі розных галін кніжнай справы: бібліятэкары публічных, навуковых і бібліятэк ВНУ; выдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі усе, каму не абыякавы лёс беларускай кнігі.

З прывітальным словам на ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі выступілі міністр культуры РБ Матвяйчук Уладзімір Фёдаравіч, рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Грыгаровіч Ядвіга Дамінікаўна, выканавец абавязкаў сакратара Старшыні Выканаўчага камітэта СНД Гаркун Уладзімір Гіляравіч і інш.

У рамках канферэнцыі арганізаваны семінар па рэстаўрацыі і кансервацыі рэдкіх кніг доктара Івана Галамбаша, загадчыка аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага Архіва ў Браціславе (Славакія), вядомага сваімі унікальнымі аўтарскімі працамі для Аўстрыйскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Вене; выставы беларускіх мастакоўграфікаў, кнігпераможцаў конкурсу "Мастацтва кнігі" краін СНД у 2004 і 2005 гг. з фонду Музея гісторыі Садружнасці Незалежных. Дзяржаў; прэзентацыі найбольш цікавых і значных выдавецкіх праектаў кнігавыдаўцоў Беларусі, у тым ліку выставыпрэзентацыі старажытнай картаграфіі Беларусі ў выданнях УП "АртыФэкс". Па выніках канферэнцыі праведзены "круглы стол" з прыняццем праграмнага дакумента аб шляхах вырашэння праблем у галіне навукі, адукацыі і практыкі кніжнай справы ў Беларусі.

Канферэнцыя прымеркавана да 10годдзя стварэння аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі БДУ культуры і мастацтваў, дзейнасць якога адлюстроўвае выстава друкаваных прац супрацоўнікаў аддзела.

Для гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі арганізавана музычная праграма з выступленнем вядомых творчых калектываў БДУ культуры і мастацтваў.

Арганізатары спадзяюцца, што канферэнцыя дапаможа аб'яднаць намаганні вучоных, педагогаў і практыкаў кніжнай справы для вырашэння надзённых праблем развіцця беларускай кніжнай культуры.

Прэс-рэліз БДУКМ


Гістарычная сустрэча ў сядзібе Таварыства беларускай мовы

23 снежня, зімовым халодным вечарнам у сядзібе ТБМ адбылася гістарычная сустрэча на тэму: "Княгіня Соф'я дачка князя Вітаўта", дзе галоўным героем быў наш беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў.

Але гэтая сустрэча праходзіла не так як звычайна. Першую палову сустрэчы правяла намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Яна распавяла гаворку пра тое, што ў 2004 годзе Таварыству беларускай мовы споўнілася 15 год. На гэтай сустрэчы была прадстаўлена кніга "Летапіс ТБМ, 19892004 гг.", дзе асвечана ўся дзейнасць гэтай арганізацыі. Алена Анісім расказала пра структуру Таварыства, пра перыяд прыцяснення, пра сяброў, якія актыўна дапамагаюць арганізацыі, пра вялікі і непамерны ўклад у дзейнасць арганізацыі Алега Анатолевіча Трусава. Цікава было даведацца мне і гасцям сустрэчы, што менавіта з падачы ТБМ у нашым радыёэфіры гучыць 75% музыкі беларускіх спевакоў і гуртоў. Таксама з падачы ТБМ немецкая радыёхваля "Deutsche Welle" вяшчае на беларускай мове і яшчэ, па ініцыятыве ТБМ была адчынена беларуская гімназія ў цэнтры горада. Але, канешне, гэта не ўсе вынікі дзейнасці ТБМ, гэта самыя значныя. Выступ Алены Анісім быў закончаны заклікам уступаць у вялікае кола сяброў ТБМ.

А потым прыйшоў Кастусь Тарасаў і павёў сваім апавяданнем у глыбіні нашай беларускай гісторыі. Было расказана пра сям'ю Соф'і Вітаўтаўны, пра каханне, шлюб, пра пераезд у Маскоўскую дзяржаву. Было б вельмі цікава прачытаць раман пра гэту яскравую жаночую постаць. Таксама на сустрэчы была паведзена гаворка пра гераізм. Абмяркоўвалася: гераізм - гэта прыродная якасць альбо ён у нас выхоўваецца. Прынялі удзел у абмяркаванні ўсе ўдзельнікі. Сярод іх быў і знаёмы нам Валахановіч Анатоль Іосіфавіч.

Цікава мне было паслухаць гаворку і пра імя Сафія. Чаму ў гісторыі ўсе моцныя духам жанчыны насілі гэта імя? Гэтыя пытанні таксама з цікавасцю абмяркоўвалася.

Ну і напрыканцы сустрэчы Кастусю Тарасаву былі зададзены пытанні Валахановічам Анатолем Іосіфавічам наконт аповесці "Пагоня на Грунвальд".

У цэлым гэта сустрэча была цікавая, таму што было цікава, таму што была раскрыта цікавая гістарычная жаночая асоба. Маё пажаданне, каб такіх сустрэч было больш і каб на іх прыходзіла свядомая моладзь беларуская.


Студэнтка 250 гр. ФІДК, БДУКіМ Марыя Бучына.

Памёр Пётр Марціноўскі

1-га лютага пакінуў нас рупліўца беларускай мовы, сябра ТБМ, сябра рэспубліканскай Рады ТБМ у 90-х гадах, кіраўнік Зэльвенскага літаб'яднання "Зоры над Зальвянкай", паэт, эсэіст, краязнаўца, сябар Ларысы Геніюш і аўтар кнігі ўспамінаў "Наша Лорка", настаўнік Дзярэчынскай сярэдняй школы, цудоўнай душы чалавек Пётр Марціноўскі.

Вечная яму памяць.


Зоры над Зальвянкай

оры над Зальвянкай не пагаслі,

Зоры над Зальвянкаю сумуюць,

Што больш не засвецяцца ўсмешкай,

Што больш голас Пётры не пачуюць.


Зоры над Зальвянкай

будуць плакаць

Кроплямі расы з лугоў мядовых

І застынуць у вірах Зальвянкі,

Як жамчужыны ў ільдах зімовых.

Зоры над Зальвянкай

плакаць будуць,

Покуль белакрылыя анёлы

Душу светлую Пятра ў нябёсы

Ўзнясуць на крылах кволых.


Бо збіральнік зоркаў над Зальвянкай

І рупліўца беларускай мовы

Заслужыў пашаны многа.

Молімся мы, плачам і смуткуем,

Просім ласкі для яго мы ў Бога.

Алена Таболіч, сябра ТБМ.


Сустрэчы ў ТБМ

16 лютага - Міхась Чарняўскі.

"Захаванне і вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры"

23 лютага - Міхась Чарняўскі.

"Захаванне і вывучэнне помнікаў гісторыі і культуры"

Вул. Румянцава, 13. Пачатак а 18-й гадзіне.

Уваход вольны.


РЫЖСКАЯ ДАМОВА ПРА ПАДЗЕЛ БЕЛАРУСІ

(Да 85-годдзя падпісання Рыжскага міранага дагавору 1921 года)

18 сакавіка 1921 г. у Рызе савецкай расійска- украінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай дэлегацыяй, з другога быў падпісаны мірны дагавор, якім фармальна спынялася савецка-польская вайна 1919 - 1920 гадоў. Быў зроблены без удзелу нават беларускай савецкай дэлегацыі БССР, падзел тэрыторыі нашай краіны, утварыліся Усходняя Беларусь (БССР) і Заходняя Беларусь (у складзе Польшчы), з'явіліся і такія назвы. Рыжская дамова 1921 г. шмат у чым вызначыла далейшы лёс беларускага народа, які быў гвалтоўна падзелены на часткі.


1. Беларусь і заканчэнне савецкапольскай вайны.

Падчас наступу польскіх войскаў на пазіцыі Чырвонай Арміі ў Беларусі ў жніўні 1919 г. імі была занята тэрыторыя ЛітоўскаБеларускай ССР, штучнага марыянеткавага ў дачыненні да Масквы дзяржаўнага ўтварэння (якое, дарэчы, кіравалася кампартыяй бальшавікоў Літвы і Беларусі, што ўваходзіла як тэрытарыяльная арганізацыя у склад Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў). У склад ЛітБел, як яе скарочана называлі, уваходзіла толькі тэрыторыя Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў. Тэрыторыя Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі яшчэ 16 студзеня 1919 г. (праз 15 дзён пасля стварэння БССР) аддзелены ад БССР і ўключаны ў склад Расійскай савецкай федэрацыі (РСФСР). А ўжо 28 лютага 1919 г. па прапанове ЦК РКП (б) з Масквы Літоўская ССР і Беларуская ССР утварылі новую марыянеткавую, буферную дзяржаву - ЛітоўскаБеларускую ССР (ЛітБел.) са сталіцай у Вільні.

Калі ўлетку 1919 г. тэрыторыя ЛітБел была занятая польскімі войскамі, зноў па загаду з Масквы ЛітБел была скасавана без якоганебудзь заканадаўчага акту. Урад РСФСР ад гэтага часу лічыў тэрыторыю Беларусі ўжо расійскай. Пра гэта сведчаць шматлікія штампы і пячаткі рэвалюцыйных камітэтаў (часовых органаў савецкай улады). Створаных загадзя ў Смаленску пры штабе Заходняга фронту пры падрыхтоўцы наступу яго войскаў на Беларусь у 1920 г. на пячатках былі надпісы "Борисовский ревком Минской губернии РСФСР" ці "Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР".

Паколькі савецкі ўрад Расіі лічыў тэрыторыю Беларусі расійскаю (пра БССР ужо забыліся), то падчас мірных перамоў у Маскве з урадам Літоўскай дэмакратычнай рэспублікі ён фактычна гандляваў беларускай тэрыторыяй, як сваёй. Каб перацягнуць Літву і яе армію (з дзвюх дывізій) на свой бок ды скіраваць яе супраць Польшчы. Урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2м артыкуле мірнай дамовы вызначалася дзяржаўная мяжа "паміж Расіяй і Літвой", што ішла з Захаду ад Аўгустова, у 30 кіламетрах на поўдзень ад Гародні, якая перадавалася Літве. Потым па Нёмане да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка і Любчы, потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расійскам баку (пры гэтым мяжа ўстанаўлівалася ля ўскраін абодвух гарадоў з трох бакоў). Далей лінія мяжы ішла на поўнач. Вілейка, Новы Мядзел, Маркаўшчына і Друя заставаліся на расійскім баку, а на захад ад іх ужо была, паводле гэтай дамовы, літоўская тэрыторыя.

Пасля наступу Чырвонай Арміі на Заходнім фронце ў ліпені 1920 г. Беларусь была зноў занятая савецкімі вайскамі. У жніўні 1920 г. калі войскі Чырвонай Арміі былі разбіты пад Варшавай, у Менску пачаліся мірныя перамовы паміж савецкай расійскаукраінскай дэлегацыяй і польскай аб прыпыненні ваенных дзеянняў і падпісанні мірнага дагавору. Чырвоная Армія адступала. Але савецкая дэлегацыя, нягледзячы на гэта, патарабвала, каб усе тэрыторыі Украіны і Беларусі былі перададзены Савецкаму боку. 2 верасня 1920 г. перамовы былі спыненыя. Польскія войскі працягвалі наступ. Хоць 31 ліпеня 1920 г. была зноў абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, яе прадстаўнікі на перамовы савецкім бокам запрошаны не былі, каб можна было дамаўляцца аб міры за кошт беларускай тэрыторыі. Ды і новая БССР была ўтворана толькі на тэрыторыі 18 паветаў - Менскай і Гародзенскай губерняў.

Пасля ўдала праведзенай аперацыі ля Нёмана польскія войскі ўзмацнілі тэмп свайго наступу на ўсход. Камандуючы Заходнім фронтам Чырвонай арміі М. М. Тухачэўскі загадаў сваім арміям, што адступамі да 2 кастрычніка 1920 г. заняць лінію старых расійскагерманскіх акопаў 19151918 гг. і затрымацца тут. Аднак гэтая задача не была выканана. Польскія войскі яшчэ больш узмацнілі тэмп наступу з мэтай заняць больш тэрыторыі да моманту заключэння перамір'я на перамовах у Рызе. Кіраўнік Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы маршал Ю. Пілсудскі загадаў заняць Вільню і стратэгічныя пазіцыі: пераправы праз Нёман паблізу ад Менска, тэрыторыю на ўсход ад важнай чыгуначнай лініі ВільняЛідаБаранавічыЛунінец, а таксама стварыць шырокі "калідор" паміж савецкімі войскамі і Літвой, пачынаючы ад Маладэчна і на поўнач да Друі.

У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі падыходзілі ўжо да Маладэчна, Койданава, Слуцка, набліжаліся да Менска. 11 кастрычніка яны занялі Слуцк, а ўжо пасля падпісання перамір'я 15 кастрычніка адзін польскі батальён на два дні заняў нават і Менск.


2. Перамовы ў Рызе.

Савецкі ўрад У. І. УльянаваЛеніна ў такіх абставінах вырашыў хутчэй заключыць уРызе перамір'е і папярэдні мір, каб спыніць далейшы наступ польскіх войскаў. Перад большавікамі стаяла яшчэ праблема ліквідацыі групоўкі белага генерала П. П. Урангеля ў Крыме і на поўдні Украіны да пачатку зімы. Грамадзянскую вайну ў Расіі трэба было скончыць хутчэй, бо хваля сялянскіх паўстанняў супраць улады бальшавікоў і іх палітыкі "ваеннага камунізму" у дачыненні да сялянства ахапіла ўсю Расію ад Тамбоўскай губерні і да Сібіры ўключна У.І. Ленін у сваім заключным слове на нарадзе старшынь уездных, валасных і сельскіх выканаўчых камітэтаў Маскоўскай губерні 15 кастрычніка 1920 г. адзначыў: "Становішча Савецкай рэспублікі надзвычай цяжкае, што нас і прымусіла спяшацца з мірам перад зімовай кампаніяй. Нас прымусіла спяшацца з мірам жаданне пазбегнуць зімовай кампаніі, разуменне таго, што лепш мець горшую граніцу, г.зн. атрымаць меншую тэрыторыю Беларусі і мець магчымасць меншую колькасць беларускіх сялян вырваць зпад прыгнёту буржуазіі, чым падвергнуць новым цяжкасцям, новай зімовай кампаніі сялян Расіі. Вось прычыны".

Крыху раней, 21 верасня 1920 г. у сталіцы Латвіі Рызе мірныя перамовы аднавіліся, але зноў без прадстаўнікоў Савецкай Беларусі. Старшынём савецкай расійскаукраінскай дэлегацыі быў А. Іофэ, сябрамі дэлегацыі - С. Кіраў. Дз. Мануільчык, Л. Абаленскі. Старшыня ваеннарэвалючыйнага камітэту БССР А. Чарвякоў (тагачасны фармальны кіраўнік Беларускай савецкай дзяржавы) прыехаў у Рыгу, але А. Іофэ пасля кансультацыі з савецкім расійскім урадам Леніна нават не дапусціў яго да перагавораў, паведаміў яму, што ўвогуле ўся тэрыторыя БССР можа быць перададзена Польшчы, таму яму ў перагаворах не трэба ўдзельнічаць. А. Чарвякову было ласкава дазволена быць толькі экспертам савецкай дэлегацыі.

Польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесці польскія і савецкя войскі з тэрыторыі Беларусі (уключаючы Смаленшчыну, якая лічылася ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі і была ўключана ў склад БССР 1 студзеня 1919 г. пры яе абвяшчэнні). Польская дэлегацыя таксама прапанавала савецкай правесці на ўсёй тэрыторыі Беларусі рэферэндум (пры адсутнасці савецкіх войскаў) для самавызначэння беларускага народу. Аднак савецкая делегацыя ад такой прапановы адмовілася, бо ведала, што народ прагаласуе за незалежнасць, Расія не хацела страціць выгадны стратэгічны плацдарм на Захадзе ад тэрыторыі самой Расіі, пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.

Перад самым падпісаннем перамір'я і папярэдняга мірнага дагавору Савецкі ўрад лічыў, што можна саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (г.зн. былой Менскай губерні), з Барысавам, Ігуменам (Чэрвенем), Бабруйскам, і Мазыром на ўсходзе. За гэта савецкі бок прапанаваў польскаму аддаць частку тэрыторыі на Заходняй Украіне: там глебы лепшыя і ўраджай большы. А ў Расіі ў гэты час быў голад. Іофэ атрымаў дырэктыву ад ЦК РКП(б) па гэтаму "абмену"тэрыторыяй.

Паведаміўшы пра дырэктыву ЦК партыі бальшавікоў А. Чарвякову, А. Іофэ наўпрост заявіў яму, што з Польшчай заключае мір Расія, а не Беларусь. Чарвякоў змаўчаў. Так Беларуская ССР была прынесена ў ахвяру і магла б зусім не існаваць. (Нагадваем, што тагачасная Віцебская і Гомельская губерні былі ў складзе РСФСР).

Аднак польская дэлегацыя нечакана адмовілася ад такога "падарунка". Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі і ўплывовы палітык і сябра дэлегацыі Станіслаў Грабскі лічылі, што далучэння да Польшчы тэрыторыі тагачаснай БССР з мяжой за Бярэзінай будзе для іх дзяржавы небяспечным: зашмат у ёй будзе беларускага насельніцтва і гэта створыць потым унутрыпалітычны крызіс, бо беларусы будуць змагацца за сваю незалежнасць. Такім чынам, хоць і маленькая, Беларуская ССР засталася.


3. Заключэнне перамір'я і папярэдняга міру.

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе быў падпісаны "Дагавор аб перамір'і і прэлімінарных (папярэдніх - А.Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай - з другога".

Паводле папярэдняга мірнага дагавору Польшча прызнавала Беларускую ССР і Украінскую ССР, г. зн. згаджалася на падпарадкаванасць іх тэрыторыі бальшавікам у Крамлі. Паводле гэтай дамовы ў Рызе была вызначана ўсходняя дзяржаўная мяжа Польшчы з Украінай і Беларуссю.

У 1м артыкуле дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. было запісана: "Расія і Украіна адмаўляюцца ад усіх правоў і дамаганняў на землі, якія знаходзяцца на захад ад гэтай мяжы". Трэба заўважыць, што савецкая дэлегацыя адмаўлялася ад беларускай тэрыторыі, а беларускіх дэлегацый ні ад урада БНР, ні ад урада БССР на перамовах не было. Таму кіраўніцтва БНР не пагадзлася з гэтым дагаворам, а кіраўніцтва БССР прыняло яго без усялякага пратэсту.

Лінія дзяржаўнай мяжы праходзіла па густа населеных раёнах Беларусі. Савецкія і польскія дэлегаты дзялілі тэрыторыю нават не зважаючы на сувязь вёсак паміж сабою. Здарыўся такі выпадак, што адзін з польскіх дэлегатаў звярнуўся да савецкіх з просьбай пакінуць адну з вёсак на польскім баку: "Там жыве мая любімая цешча". Савецкія дэлегаты паступілі "гуманна", аддаўшы разам з цешчай і ўсю вёску.

Да дагавора была прыкладзена карта. Аднак вырашальным пры вызначэнні дзяржаўнай мяжы быў тэкст дагавора.

Янка Купала крыху раней пісаў пра такі падзел тэрыторыі Беларусі паміж суседзямі ў вершы "Новы год" (30 снежня 1919 г.):

Ідзеш у край, які бязбожна

Жыўцом парэзалі на часці,

А брат проць брата

стаў варожка

І памагае край раскрасьці.

Дзяржаўная мяжа паміж тагачаснай тэрыторыяй БССР (у складзе якой былі Барысаўскі, Менскі. Ігуменскі, Слуцкі, Мазырскі, і Бабруйскі паветы былой Менскай губерні) праходзіла на поўнач і захад ад Бягомля і далей на захад ад Плешчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага. Далей мяжа ішла ад вёскі Коласава (у Польшчы), потым на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Нясьвіжа (у Польшчы) на Цімкавічы (на баку БССР) далей на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Клецка (у Польшчы) на Цімкавічы, далей на поўдзень да МаскоўскаВаршаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад Філіпавічаў, далей найкарацейшым шляхам да ракі Лані ля вёскі Чудзін (у Польшчы), далей па рацэ Лань да яе ўпадзення ў раку Прыпяць, далей на поўдзень да Украіны.

Дадаткам да гэтае дамовы была дамова аб перамір'і паводле якой ваенныя дзеянні на фронце спыняліся праз 6 дзён ад моманту падпісання дагавора аб перамір'і і папаярэдніх умовах міру, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24й гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Войскі абодвух бакоў заставаліся на пазіцыях, якія зоймуць да 19 кастрычніка. Але была неспрыяльная ўмова для Чырвонай Арміі: "Расійскаукраінскія войскі павінны знаходзіцца не бліжэй за 15 кіламетраў ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту". Гэта значыць, што польскія войскі мелі права наступаць яшчэ 6 дзён, а пасля гэтага савецкія войскі павінны былі адступіць яшчэ на 15 кіламетраў.

Такім чынам, спачатку паміж абодвума франтамі (польскім і савецкім) вызначалася нейтральная ў вайсковых адносінах зона шырынёй 15 кіламетраў. На паўночным участку фронту ад раёну Нясвіжа да Заходняй Дзвіны польскія войскі павінны былі спыніцца на лініі дзяржаўнай мяжы, а савецкія адыйсці на 15 кіламетраў ад яе. А на поўдзень ад Нясвіжа польскія войскі пасля падпісання перамір'я наступалі яшчэ 6 дзён і спыняліся на лініі свайго найбольшага прасоўвання, а часткі Чырвонай Арміі адступалі ад іх яшчэ на 15 кіламетраў. Так прадухіляліся ваенныя сутычкі ў перыяд замерэння.

Фактычна гэтая ўмова давала перавагу польскім войскам, бо яны за 6 дадатковых дзён занялі значную тэрыторыю на поўдні БССР, чым маглі ўплываць на далейшы ход мірных перамоваў у Рызе.

Ужо пасля падпісання перамір'я польскія войскі наступалі далей. Так. На поўнач ад Радашковічаў у баях 13 і 14 кастрычніка польская кавалерыя захапіла 5 тысячаў палонных. 17 кастрычніка на поўначы Беларусі польскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу.


Нацыянальныя сьвятыні

Часам роспачна становіцца ад думкі, што многае з таго каштоўнага і адметнага, што напрацавала беларуская эміграцыя, можа проста згубіцца і кануць незваротна. А зь ім і частка нашых нацыянальных Ведаў і Высноваў, што - як найкаштоўнейшыя рэчы з пажарышча - вывозілі за акіян людзі, якія вырашылі не скарацца перад бальшавізмам. Акідваючы вокам бібліятэку, што засталася пасьля сьв. пам. Уладыкі Мікалая, я заўсёды баюся, ці хопіць у нас сіл і ўвагі, каб перагледзець, перачытаць, вылучыць каштоўныя зерні з гэтага мора перыёдыкі, сістэматызаваць іх і перавыдаць.

Юрка Віцьбіч (сапр. Юры Стукаліч) - адна з найбольш калярытных асобаў эмігранцкае літаратуры. Мне ён найбольш блізкі і цікавы сваім імпэтам і на-мерамі. Юрка Віцьбіч у форме мастацкага нарысу зьберагаў, занатоўваў тыя нацыянальныя легенды і гістарычныя факты, якім ў савецкай афіцыйнай гістарычнай міталёгіі не было месца. Найбольш буйная ягоная праца - кніга "Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі" (зрэшты, не мастацкі твор, а збор фактычнага матэрыялу), якую ён так і не пасьпеў завер-шыць, была знайдзена праз амаль 20 год пасьля ягонай сьмерці ў эмігранцкіх архівах, дапрацавана Лявонам Юрэвічам і выдадзена ў 1996 годзе БІНіМ-ам у ЗША. Сучасным эмігрантам Юрка Віцьбіч найбольш знаёмы па зборніку гістарычных нары-саў і артыкулаў "Мы дойдем!", выдадзеным ім самім ў 1975 годзе на расейскай мове з разьлікам на шырокае кола расейскамоўных чытачоў.

...У мяне ў руках ма-ленечкая кніжачка. Памерам зь дзіцячую брашурку, 32 старонкі бяз вокладкі. Папера рудая, настолькі патрапаная і лядаштая, што толькі мо пінцэтам і кранацца да яе. Якая сымбалічна-гіранічная назва лягла мне далоні! - "Нацыянальныя сьвятыні"... Год вы-даньня - 1944. Месца - Бэрлін.

Ці мо ня першы збор-нік ягоных надзвычайных гістарычных мастацкіх нарысаў, напісаных яшчэ не ў эміграцыі. Некаторыя зь іх мне знаёмыя - пераапрацаваныя, яны ўвайшлі ў кнігу "Мы дойдем!". Астатнія ...ці былі яны калі перавыдадзеныя - я ня ведаю. Але мне вельмі хочацца падзяліцца імі з маімі суайчыньнікамі. Адзін зь іх - найбольш дарагі мне як мянчанцы - я і прапаную чы-тачам " … ".

Ірына Варабей, Таронта


Абарані нашую Радзіму - Беларусь

(Абраз Менскае Божае Маці)


Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,

Учынкам нашым пашлі ўмалот.

Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай

Краіну нашу і наш народ.

Н.Арсеньнева. Малітва.

Ёсьць у стольным слаўным Менску, на Нізкім Рынку, вуліца імя прафэсара Іваноўскага. За даўнейшыя часы яна называлася Юр'еўскай ад сьціплае царквы сьвятога Юрага Пераможцы, што знаходзілася тут, пасьля - Ракаўскай, ці то ад шляху да маленькага, але старажытнага мястэчка Ракаў, ці то ад складаў тутэйшага купца і бурмістра Янкі Рака; пасьля бальшавікі перайменавалі яе ў гонар свайго саматканага пісьменьніка Астроўскага, а ейная сучасная гордая назва паходзіць ад пралітае на ёй крыві адного з найсумленьнейшых рацараў нашае Бацькаўшчыны. І вуліцу Іваноўскага ўжо больш як тры стагодзьдзі ўпрагожвае сабой праваслаўны Пятрапаўлаўскі сабор.

Гэты славуты сабор, таксама, не аднойчы пераймяноўвалі. Яго пабудавалі ў 1611 годзе і асьвяцілі ў імя сьвятых апосталаў Пётры і Паўла. Без малога два вякі быў ён непахіснай цьвярдыняй, вакол якое гуртаваліся беларусы ў змаганьні з польскім каталіцызмам за сваю нацыянальную самабытнасьць. У 1795 годзе па асабістаму загаду Кацярыны ІІ сабор перасьвяцілі ў імя ейнага анёла - сьвятой вялікапакутніцы Кацярыны. Зразумела, што такі загад меў на ўвеце ня столькі рэлігійную, колькі палітычную мэту. Адначасна і пазьней будынак і звонку, і ўнутры старанна перабудоўваюць на цыбульны маскоўскі лад. Таму зусім не выпадкова мянчане называлі гэтую сьвятыню не Кацярынскім саборам, а Жоўтай царквой, бо толькі пяшчаны колер нагадваў аб ягонай ранейшай архітэктуры. За бальшавікоў, над гвалтоўна зачыненым імі ў 1939 г. саборам, зьявілася шыльда:

Харчовы склад
№7
Загадчык З.Рубінчык


Праз два гады яе скінуў абураны нямецкі жаўнер, на спражцы якога ёсьць хрысьціянскі дэвіз: "З намі Бог".


Зьняважаную сьвятыню вельмі ўрачыста пасьвяцілі зноў у імя апосталаў Пётры і Паўла. І на франтоне будынку можна заўважыць цяпер толькі адпаведнае ягонаму высокаму прызначэньню евангельскае выслоўе: "Дом Мой домам малітвы нарачэцца."

Шмат што гаворыць беларускаму сэрцу старажытны Пятрапаўлаўскі сабор. Таму вельмі характэрна, што якраз у ім захоўваецца найвялікшая сьвятыня сталіцы. Яна знаходзіцца зьлева, каля слупу, які падтрымлівае скляпеньне будынку. Колькі прыступкаў вядуць да яе. Гэта цудатворны абраз Божае Маці. На думку мастакоў, яму ня менш, чым тысяча год. Тое самае сьцьвярджаюць і гісторыкі. Мінула блізу што 500 год, як яна цудоўна заявілася тут, а таму і атрымала назву Менскае. Заўсёды ў часе шматлікіх крывавых войнаў, або ў гадзіны асабістага цяжкага гора ішлі да свае сьвятыні мянчане. Адно пакаленьне зьмяняла другое, але сьвяты абраз заставаўся як іхняя спадчына нашчадкам, як надзейны вартаўнік тысячагадовага гораду. І вельмі паказальна, што першы гэрб гэтага гораду ўяўляе з сябе вобраз Божае Маці.

...Толькі што скончылася вячэрня. У саборы паўзмрок, і толькі мігаціць мноства сьвечак перад абразом Менскае Божае Маці. Прачулым голасам чытае сівы сьвятар акафіст...

З кадзіла, што трымае ў руках дыякан, узьнімаецца ўгору пахучы фіміям. Таксама ўзьнімаюцца да неба шчырыя малітвы вернікаў. І вось гэтае мініятурнае дзяўчыны - настаўніцы прагімназіі, і вось таго суровага жаўнера Краёвае Абароны, і юнакамашыністага чыгункі, і дзеда ў сялянскім кажушку. А калі сьвятар канчае ікос, яны ўсе, схіляючы галовы, ціхутка, з глыбокай верай далучаюцца да хору: "Радуйся Нявеста Ненявесная."


...У 988 г. з грэцкага гораду Карсуні, або Хэрсанэсу, быў перанесены ў Кіеў абраз Божае Маці. Яго паставілі ў толькі што пабудаванай царкве Нараджэньня Божае Маці, або Дзесяціннай. Яна знаходзілася тут больш, чым 500 год, пакуль на Кіеў не напала Крымская гарда на чале з ханам МахмэтГірэям. Тады адзін татарын, садраўшы са сьвятога абразу каштоўныя аздобы, кінуў яго ў Дняпро.

Увечары 15 жніўня 1500 г. мянчане нечакана заўважылі на Сьвіслачы дзіўнае зьзяньне. Яно ахутвала невядомы ім дагэтуль абраз Божае Маці, але ўцекачы - кіеўляне адразу пазналі яго. Абраз вельмі ўрачыста перанесьлі ў сабор Менскага замку. Гэты замак стаяў пры ўтоку Нямігі ў Сьвіслач, а сабор там, дзе ў канцы ХІХ ст. жыды пабудавалі свае яткі. Цікава, што пасьля Кіеву - стольнага гораду Ўкраіны, абраз апынуўся ў Менску, якому гісторыя рыхтавала ролю сталіцы Беларусі. Ня менш дзівосна, што тагачасны Менскі сабор, таксама, як Дзесяцінная царква, быў прысьвечаны Нараджэньню Божае Маці. Каля сьвятога абразу адразу пачалі здарацца цуды, і летапісцы засьведчылі найбольш вялікае зь іх.

У 1505 г. вялізная гарда МахмэтГірэя падыйшла да Менску. Рыхтуючыся да няроўнае бойкі, мянчане адправілі перад сьвятым абразом малебень. Пасьля, натхнёныя малітвай, з крыкам: "Памром за наскую Божую Маці!", яны са зброяй у руках сустрэлі татараў. МахмэтГірэй спаліў Менск, але самы замак ня здолеў узяць. Калі паланіўшы 100 тысячаў сялянаў, хан хутка варочаўся на Крым, дык нечакана сустрэў пад Клецкам беларускае (літоўскае) войска. Ягоная горда была зьнішчаная дашчэнту. Далася ў знакі МахмэтГірэю нашая Беларусь!

...Мігацяць лямпады і сьвечкі. Спакой і цішыня пануюць у саборы. Чытае стары сьвятар:

- Радуйся, Хрысьціна ўсіх наможэньне і заступленьне.

І моляцца нашчадкі тых волатаў, што перамаглі МахмэтГірэя.

...Бязьлітасны час паступова разбурыў і замак, і ягоны сабор. Таму ў 1616 г. сьвяты абраз перанесьлі ў царкву вуніяцкага Духаўскага манастыру. Ён займаў тут частку Высокага Месца, якая тады называлася Лужай і на якой цяпер узвышаецца былы будынак губэрнскіх установаў. Вуніяты таксама, як і праваслаўныя, шанавалі абраз. Характэрна, што ў 1733 г. архімандрыд Любянецкі адказаў манастыру 1000 талераў, каб адмысловая капэля штодзённа раніцай і ўвечары выконвала ў гонар Менскае Божае Маці велічны рэлігійны гімн: "Вітаю Цябе, Каралева!"

Яшчэ ў ХVІІ ст. на месцы Духаўскае царквы пабудавалі Пятрапаўлаўскаю. Пасьля далучэньня вуніятаў да праваслаўя, яе ператварылі ў катадральны сабор і пачалі грунтоўна перарабляць, зьнішчаючы ў ім усё беларускае. Усёж, левы прыстол сабору быў асьвечаны у гонар нашага выдатнага пісьменьніка і красамоўцы Кірылы Тураўскага, а правы - у гонар абразу Менскае Божае Маці. Тутжа знаходзіўся і сьвяты абраз, перад якім заўсёды маліліся вернікі. У 1852 г. мянчане апранулі яе ў новую прыгожую серабраную рызу і штодня пасьля літургіі перад ёю, укленчыўшы, сьпявалі трапар: "Пад Тваю міласьць прыбягаем, Багародзіца Дзева."


Шмат катаў і барбараў бачылі на працягу свае гісторыі беларусы, але ўсе яны - ад хана МахмэтГірэя да генэралгубэрнатара Мураўёва - блякнуць у параўнаньні з бальшавікамі. У 1921 г. бальшавік Позэрн зьдзірае з абразу Менскае Божае Маці срэбную рызу і карону, упрыгожаныя брыльлянтамі. Усе гэтыя каштоўнасьці пайшлі ня столькі на змаганьне з голадам у Паволжы, колькі на брудныя справы Камінтэрну. Улетку 1936 г. бальшавікі падрываюць Пятрапалаўскі Катадральны сабор. Яны зьнішчаюць гэты сьвяты будынак, зразумела не таму, што ён парушаў архітэктурны ансамбль беларускага гораду, а вылучна таму, што ён быў Домам Божым. Пры гэтым зьнікае непараўнальна больш каштоўны для вернікаў, чым золата і брыльлянты абраз Божае Маці. Праз два гады зьнікае таксама высокамастацкая копія з яе, што захоўвалася ў Марыйскім катадральным касьцёле і заўсёды шанавалася беларусамікаталікамі. Каб падкрэсьліць свой зьдзек над рэлігіяй, бальшавікі скарысталі тую пляцоўку, дзе знаходзіўся сабор, для вандроўных зьвярынцаў.

Калі нямецкая армія вызваліла Менск, праваслаўныя мянчане знайшлі абраз свае Божае Маці. Гэтая рэлігійная гістарычная і мастацкая сьвятыня пяць год знаходзілася ў дзіравым дрывотніку пры гістарычным музэю. Дырэктары музэю Гэршанок і Бэйлін намагаліся, каб зьнішчыць яе, але дарэмна. Сьвяты абраз перанесьлі ў толькі што адноўлены былы Кацярынінскі, а цяпер Пётрапаўлаўскі сабор.


...Акафіст скончыўся, вернікі паступова разыйшліся па хатах. Ціхі містычны паўзмрок яшчэ гусьцей спавіў сабор. Гарыць толькі адна лямпада, асьвятляючы лік Менскае Божае Маці. Перад ёю стаіць на каленях маленькая бабуня ў белай сьвітцы. Ейная галава павязаная саматканай хусткай, на нагах - лыкавыя кавярзьні. Старая, відаць, знарок засталася адна, каб выказаць усё, што камянём ляжыць на ейнай душы і, магчыма, нецікавае для іншых людзей. Яна навет не заўважае, што паблізу, у закутку, стаіць іншы вернік. Бабуня, пэўна, ведае колькі малітваў, але хіба зьмесьціш у іх усё тое асабістае, што ёй трэба цяпер сказаць? І яна разпаразе хрысьціцца, кланяецца і усхвалёвана шэпча, шэпча...

- Царыца Нябесная... Узьвідзь мяне, старую Піліпіху з Малых Лядаў. З адхутаным сэрцам стаю я цяпер перад Табой. Даруй, што прыйшла да Цябе ў адзенейку латаным ды ў абуцейку стаптаным. Уцякачка я - віцебская. Няма ў мяне, Прачыстая, ні сямьі, ні хаты... Аднаж я засталася, як тая бяроза прыдарожная, пяруном падбітая... Піліп мой яшчэ за царскую вайну загінуў у тых Карпатах. І няма ведама, дзе ягоная магіла, і ніхто над ёю не галасіў. Успамяні Матка Божая, жаўнера Піліпа за званамі галоснымі, за сьвячамі яснымі... А бальшуна майго бальшавікі расстралялі ў тым Вяліжы, на тым Пакроўскім полі... Добры хлапец быў, і закатавалі яго ворагі лютыя... Можа, у тэй рэчцы вады менш цячэ, чым сьлёз я па ім выплакала... Успамяні, Матка Божая, паўстанца Міхалку. Супакой яго, пакутніка, у царсцьве нябесным... А малодшы мой па тым баку ў арміі. Забралі яго ў другую мабілізацыю. Дапамажы яму трапіць у палон, адвядзі яд яго, Прачыстая, кулі сьмяротныя... Паздароў, Матка Божая, Касьцюка. Лепш мяне прыбяры, толькі няхай ён жыве...

Бабка Піліпіха схіляецца да падлогі. Плечы ейныя дрыжаць і тады зьвяртаюся да Божае Маці я - сьціплы беларускі пісьменьнік:

- Найсьвяцейшая БагародзіцаДзева, абарані радзіму нашую Беларусь і зьнішчы ейных ворагаў. Пайшлі перамогу харобрым жаўнерам нашае Краёвае Абароны ў сьвятым змаганьні з ворагамі Бацькаўшчыны. Ахутай сваёй ласкай усіх шчырых беларусаў - і праваслаўных, і каталікоў, і вуніятаў, і тых, што не знайшлі яшчэ дарогі да Бога.

Я, нязначны, прашу ў Цябе, Найясьнейшая Спадарыня, штодзённага натхненьня і крыху хлеба. Дапамажы мне зноў пабачыць роднае Наддзьвіньне і любы Віцебск. А калі давядзецца загінуць у змаганьні за шчасьце і волю майго беларускага народу, папрасі, Прасьвятая Богамаці, у Сына Свайго дараваньня грахоў маіх. Амінь.

(Надрукавана з захаваннем арфаграфіі выдання.)


МАЦЕЙ ДОГЕЛЬ

Камітэт гісторыі навукі і тэхнікі Польскай Акадэміі Навук і Таварыства польскай культуры на Лідчыне выпусцілі кнігу Яраслава Куркоўскага "Мацей Догель (1715-1760)" . Гэта пятая кніга з серыі пра знакамітых лідзян. Кніга выдадзена на польскай і беларускай мовах.

Рэдактар серыі - доктар гістарычных навук, прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова.


Прадмова

I вось сярод шматлікага кола славутных дзеячоў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якія нарадзіліся на Лідчыне і звязаныя з ёй, з'яўляецца новая постаць, Мацея Догеля, які апрацаваў і выдаў першы ў Рэчы Паспалітай дыпламатычны кодэкс пад назвай Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae (Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага).

Нарадзіўся Мацей Догель на пачатку XVIII стагоддзя ў маёнтку ГЕМБУЛЫ (ГІМБУТЫ над Жыжмай?), недалёка ад Ліды, паходзіў з дробнай шляхты. Хто ж мог у той час прадбачыць, што ў будучыні ён стане адной з галоўных постацяў, якія належалі да інтэлектуальнай эліты ў часы панавання ў Польшчы караля Аўгуста III Саскага?

Жыццёвы шлях Мацея Догеля пачаўся ў папулярнай піярскай школе ў Шчучыне, звычайна называным Літоўскім альбо Наваградскім. Ва ўзросце ўсяго толькі 15 гадоў уступіў у Ордэн айцоў піяраў. Ягоны далейшы шлях праходзіў праз двор надворнага літоўскага маршалка Сцыпіёна дэль Кампы, які знаходзіўся ў Шчучыне, дзе Мацей быў прыняты на працу ў якасці настаўніка яго сына, з якім, між іншым, адпаведна тагачасным звычаям, падарожнічаў у Лейпцыг і Парыж. Будучы за мяжой некалькі гадоў, Догель выкарыстаў гэты побыт для паглыблення сваіх ведаў па філасофіі і праве.

Пасля вяртання ў Польшчу, пачаўся новы, найважнейшы перыяд ягонага жыцця, які вынікаў з прыналежнасці да Ордэну піяраў, а таксама з ягоных навуковых захапленняў. Гэта віленскі перыяд, калі Догель быў рэктарам піярскага калегіюма, які пазней быў аб'яднаны з шляхецкім канвіктам на ўзор варшаўскага Шляхецкага калегіюма. Адначасова незалежна ад дыдактычных і арганізацыйных абцяжаранняў сістэматычна, з вялікім захапленнем збіраў зыходныя матэрыялы для найважнейшай працы ягонага жыцця, г.зн. Дыпламатычнага кодэкса. У рэалізацыі гэтага вялізнага пачынання прадугледжанага на 8 тамоў, але незакончанага, на жаль, пры жыцці аўтара значна дапамог навуковы выезд у Францыю, Германію і Галандыю дафінансаваны каралём Аўгустам III Саскім. Не хачу, аднак, падмяняць АЎТАРА, аддадзенай ў рукі ЧЫТАЧОЎ кнігі, якая ўключае захапляльную аповесць пра непадатлівую барацьбу піяра з выдавецкімі клопатамі, а таксама распаўсюджваннем гэтай незвычайна вартаснай працы, якая была недаацэнена тады яшчэ ГРАМАДСКА нясталымі спажыўцамі.

Прэзентаваны томік уключае, апрача таго, выразнае дыдактычнае вымаўленне, паказваючы, як дзякуючы здольнасцям, якія аб'яднаны з працавітасцю і настойлівасцю пры імкненні да мэты, можна прайсці праз не надта доўгае жыццё, якое працягвалася ўсяго толькі 45 гадоў, шляхам з невялікага маёнтку на ЛІДЧЫНЕ да самых высокіх колаў разумовай эліты ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Аўтарам кнігі з'яўляецца доктар Яраслаў КУРКОЎСКІ гісторык навукі і культуры, навуковы работнік Польскай акадэміі навук у Варшаве, аўтар шматлікіх навуковых пубпікацый, якія адносяцца, галоўным чынам, да XVIII ст., а таксама высока цэненых падручнікаў па гісторыі для сярэдніх школаў. Адно з ягоных навуковых даследаванняў, якое выклікала вялікае зацікаўленне, было прысвечана піярскай школе ў Шчучыне яе настаўнікам і вучням, сярод якіх быў таксама і Мацей Догель. Спадзяюся, што таксама асоба выдатнага піяра з XVIII ст., як і тэкст зпад пяра выдатнага аўтара, дапамогуць прызнаць новую кнігу з цыклу "Славутыя папякі Лідчыны", не толькі як прыдатную для чытання, але таксама і прыемную.

Праф. Ірэна

Стасевіч Ясюкова,

навуковы рэдактар серыі.


Ад аўтара

Мабыць, мала хто з сучасных жыхароў Ліды ведае асобу Мацея Догеля, выдатнага гісторыка, выдаўца гістарычных крыніцаў, стваральніка Дыпламатычнага кодэкса Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, піяра, настаўніка ў піярскіх калегіюмах, арганізатара і школьнага рэфарматара. Ягонае не надта доўгае жыццё прыпала на нялёгкі перыяд у гісторыі Рэчы Паспалітай, на час панавання каралёў саксонскай дынастыі Ветынаў Аўгуста II (16971733) і Аўгуста III (17331763). Быў сведкам заняпаду польскага парламентарызму, барацьбы магнацкіх груповак, падзей "вайны за польскі трон " (17331736) і грамадзянскай вайны. Пад старасць жыцця быў сведкам сямігадовай вайны (17561763), якая ахапіла многія еўрапейскія дзяржавы. Падчас гэтай вайны ваюючыя войскі адносіліся да Рэчы Паспалітай як да "заезджай карчмы", рэквізавалі харчы, захоплівалі мужчынаў у войска, нішчылі, рабавалі вёскі і гарады. З другога боку можна сказаць, што лёс быў да яго ласкавы. Догель паходзіў з нязначна экспанаванага сацыяльнага кола бяднейшай шляхты, з малой вёскі, размешчанай недалёка ад Ліды, але, нягледзячы на гэта, стаў вядомым у краі, а нават, і за мяжой, актыўна ўдзельнічаў у інтэлектуальным жыцці эпохі, пазнаў шмат выдатных асобаў свайго часу, прыняў актыўны ўдзел у важнай рэформе адукацыі піярскіх школаў, якую праводзіў Станіслаў Канарскі. Яна прынесла плён не толькі ў Рэчы Паспалітай, але таксама паўплывала на асветніцкія змены ў іншых еўрапейскіх краінах. Тым больш, неабходным з'яўляецца згадванне біяграфіі Мацея Догеля і лёсаў ягоных найважнейшых дасягненняў: Дыпламатычнага кодэкса, Калегіум нобіліюм (Collegium Nobilium) і піярскай друкарні ў Вільні.


Жыццяпіс

Пра першыя гады жыцця Мацея Догеля, па сутнасці, вядома няшмат. Нарадзіўся 6 жніўня 1715 года ў адным з дробнашляхецкіх засценкаў, дзе жыў род Догеляў, які быў вельмі разгалінаваны і карыстаўся ажно трыма гербамі: Дзялоша, Тры Трубы, Лада. Біёграфы Догеля ўжо ад XIX ст. падаюць назву Гембулы (Гембуле) такой назвы, аднак, не маюць спісы мясцовасцяў Лідчыны. Быць можа, што гутарка вядзецца пра Гімбуты, але няма інфармацыі аб пражыванні там Догеляў. Таксама герб будучага творцы дыпламатара выклікае сумненні: указваецца герб Дзялоша, калінікалі таксама герб Трубы (напр. як у гярбоўніку Баніцкага і ў біяграме ў Польскім біяграфічным слоўніку Уладзіслава Канапчынскага). Падчас хрышчэння атрымаў імя Дамінік. Адукацыю распачаў у піярскай школе ў Шчучыне і там закончыў 7 класаў. Працягваў навуку ў Любяшове, дзе 14 лютага 1730 г. уступіў у ордэн піяраў, прымаючы манаскае імя Мацея ад св. Дамініка. Мяркуючы па рэчах, які ўзяў з сабою ў паслушніцтва, сям'я яго не была найгорш забяспечана матэрыяльна: разам са "значнымі прадметамі хатняга ўжытку" меў у распараджэнні таксама 66 зл., "што ўласнаручна ў прызначанай для гэтага кнізе запісаў". Два гады пазней атрымаў пасвячэнне ў духоўны сан і распачаў працу настаўніка, спачатку ў шчучынскім калегіюме. З таго часу датуецца, праўдападобна, блізкая сувязь Догеля з Юзафам Сцыпіёнам дэль Кампа, лідскім старастам, з 1739 г. літоўскім надворным маршалкам, уладальнікам Шчучына. Трэба дадаць, што Сцыпіёны (якія прыбылі ў Рэч Паспалітую з Італіі ў часы панавання караля Жыгімонта Старога) неаднаразова праяўлялі сваю прыхільнасць да піяраў, а асабліва да калегіюмаў у Шчучыне, Воранаве, Лідзе, а таксама ў Вільні. На бяднейшых, слабейшых гаспадарча, радзей заселеных тэрыторыях Літвы, у значнай ступені большы, чым у Кароне поспех фонду залежаў ад удзелу, матэрыяльнага статусу і значэнне радоў, якія імі апекаваліся. Гэтая апека ў выпадку шчучынскага калегіюма мела пастаянны характар выразныя доказы прыхільнасці роду Сцыпіёнаў да тамашніх піяраў бачым да канца існавання школы (г.зн. да 1832 г.).

Школа ў Шчучыне ў трыццатых гадах XVIII ст. перажывала, хутчэй за ўсё, паспяховы перыяд. Ведаем напр., што ў 1735 г. тут вучылася ажно 170 вучняў, а ў 1742 г. у самым калегіюме знаходзілася 30 манахаў (у гэты час ў літоўскай правінцыі большасць піяраў знаходзіліся ў найстарэйшым асяродку у Любяшове дзе было паслушніцтва). Вынікала гэта м.і. з таго, што ў Шчучыне правінцыяльныя ўлады арганізавалі адно з 6 аддзяленняў установы адукацыі настаўнікаў, а менавіта аддзяленне, якое спецыялізавалася ў навучанні філасофіі. Што цікава, там павінны былі выкладаць усходнія мовы.

Разам з працай у школе Мацей Догель, напэўна, распачаў выконваць абавязкі хатняга настаўніка Сцыпіёнаў. Аднак, ужо ў 1736 г. бачым яго ў складзе настаўнікаў віленскага калегіюма, спачатку настаўнікам сінтаксісу і граматыкі (17361737 навучальны год), а ў 173940 навучальным годзе выкладчыкам паэзіі і прэфектам школы. У тым жа 1740 г. у Вільні ў езуіцкай друкарні з'явілася першая публікацыя маладога піяра, панегірык гексаметрам у гонар Агінскіх з нагоды прыняцця ашмянскага староства князем Тадэвушам Францішкам Агінскім (17121783), пісарам вялікім літоўскім. Школьныя "пахвалы" былі выражаны таксама польскімі вершамі як піша Караль Эстрайхэр "асаблівай польскай мовай, на лацінскай мове і старажытных успамінах Грэцыі і Рыма аснаванай". Гэта выразныя сляды дыдактычнай працы ў Вільні Мацея Догеля тагачаснага настаўніка паэзіі. Гэта таксама прычына для пошуку пратэкцыі сярод найбольш уплывовых радоў, у часе вельмі важным для віленскіх піяраў. З часу абаснавання іх у Вільні (1722) адбывалася спрэчка аб праве навучання з езуітамі, якія кіравалі Віленскай Акадэміяй. Піяры, якія неаднаразова атрымлівалі прыхільныя папскія дэкрэты Бенедыкта XIII, прайгралі, аднак, у краі справу ў асэсарскім судзе. Прысуд з сакавіка 1738 г. загадваў ім закрыць школы ў Вільні і ваколіцах.

Спроба выкананя прысуду адбылася толькі 26 красавіка 1741 г., калі вызначаныя каралём камісары "у суправаджэнні 300 чалавек коннай шляхты, прадстаўнікоў магістрату і цэхаў адправіліся ў піярскі калегіюм. Піяры зачынілі брамы, і гэтая кавалькада, } пасля размовы з піярам, выйшаўшым да іх за браму, вярнулася ў магістрат нічога не зрабіўшы; камісары задаволіліся напісаннем акту здарэння. Праз два месяцы, па распараджэнні нунцыя, піяры зачынілі публічную школу, застаючыся "пры ўнутраным канвікце" (для 24 маладых шляхціцаў і 6 бедных вучняў). Паміж 1739 і 1741 гадамі два бакі ажыўлена займаліся прапагандысцкай дзейнасцю (м.і. падчас выбараў сойму) і настойліва шукалі багатых саюзнікаў.

(Працяг у наст. нум.)

Яраслаў Куркоўскі


З вуліцы Наваградскай да Варшавы і Парыжа

Культурная прастора

Зміцер Вайцюшкевіч - арыгінальны сучасны выканаўца і кампазітар, які вельмі чуйна ставіцца да вершаванага беларускага радка. Ен плённа супрацоўнічае са старэйшынамі роднай паэзіі, такімі як Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, з вядомымі мэтрамі - Алесем Камоцкім, Леанідам Дранько-Майсюком, Міхалам Анемпадыставым. Пранікнёныя, светлыя рамантычныя балады пра мора і зоры, дождж і снег, унутраны свет чалавека, краіну, дзе нараджаюцца мары і надзеі, падабаюцца слухачам розных узростаў. Падарожнічае па свеце добры трубадур, збірае у да-рожную сумку тырольскія вальсы, лэмкоўскія песэнкі, скандынаўскія сагі і японскія казкі, каб пасля падарыць усёй грамадзе. Чака-юць яго паўсюль дарослыя і дзеці, асабліва на свята...

Папулярнасць спевака пашыралася з выхадам альбомаў: "Цацачная крама", "Паравіны года", "Паравоз кахання", " Месяц і сонца", складзеных з вялікім густам. А твор з аднаіменнага праекту "Я нарадзіўся тут" стаў знакавым для сённяшнега пакалення аматараў сучаснай беларускай музыкі. Нядаўна З. Вайцюшкевіч вярнуўся з Польшчы, дзе прайшла прэзентацыя яго новай праграмы. Малады выканаўца падзяліўся з намі ўражаннямі аб гэтай падзеі.

- Разам з калектывам "WZ-Orkiestra" мы прынялі ўдзел у трох канцэртах у Польшчы. У Варшаве у Новым Тэатры адбылася прэ-зентацыя японскага альбома "Месяц і сонца". Мы вельмі хваляваліся, але публіка прыняла нас даволі цёпла. Таксама мы прынялі ўдзел у традыцыйным фестывалі "Маланка" з мэтай папулярызацыі лэмкоўскай культуры. Гэта вясёлая імпрэза прайшла ў цэнтральным Доме Культуры з удзелам украінцаў, беларусаў, ангельцаў і немцаў, якія жывуць ці вучацца ў Поль-шчы. Народу было так шмат, што не было дзе стаць, як селядцоў у бочцы. Наведвальнікаў свята частавалі ўкраінскай ежай: баршчом, блінамі, агуркамі. Гэтыя паслякалядныя дні былі напоўнены святлом, радасцю і сяброўскімі сустрэчамі.

- Вы ужо не упер-шыню прыязджаеце ў Польшчу?

- Так, мне даводзілася выступаць у буйных і маленькіх гарадах, такіх як Кракаў, Гданьск, Беласток, Люблін, Уроцлаў. У мяне, як чалавека народжанага ў Заходняй Беларусі, ёсць асаблівая цікавасць да культуры нашых суседзяў. Па -польску спяваю, чытаю, стараюся выкшталцоўваць веданне мовы. Што датычыцца іншых прац, то лічу, што адзін з нашых апошніх праектаў на вершы У. Мая-коўскага, таксама удалы. 24 сакавіка ў Варшаве ў Малым Тэатры адбудзецца прэзентацыя названага пра-екту. А яшчэ яна пройдзе ў Парыжы ў сядзібе ЮНЭСКА і ў Расейскай амбасадзе.

- Зміцер, вы шмат падарожнічаеце па свеце, і ў выніку гэтых творчых ванд-ровак нараджаюцца новыя песні, супольныя музычныя праекты і дыскі. Нагадайце, у якіх краінах Вы неслі бела-рускае слова.

- Геаграфія нашых выступленняў пралягае ад Казахстана да Прыбалтыкі. За 12 год сцэнічнай дзейнас-ці я пабываў з канцэртамі ў Расіі, Літве, Латвіі, Нямеч-чыне, Фінляндыі, Нарвегіі, Італіі.

Наш італьянскі пра-ект меў назву "Бэла, чао!". Гэта была сваеасаблівая праява ўдзячнасці гаспада-рам, якія прымалі летам на аздараўленне дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў Беларусі. Італьянскія песні гучалі на беларускай мове, а нашыя "Бывайце здаровы, жывіце багата", "Іншым часам" - на італьянскай мове, і пасля яны вышлі запісаныя на асобным дыску. Мы пабывалі ў горадзе Мадэне, наведалі тыя мясціны, дзе нарадзіўся Лучана Павароці, і дзе вырабляюць машыны "Ферары".

Найбольш запомнілася падарожжа ў Нарвегію ў 2003 годдзе, калі наш ка-лектыў ва Ф'ердзе ўдзель-нічаў у фестывалі музыкі ў стыле этна, арганізаваным Еўрапейскім вяшчальным саюзам.

У тым мерапрыемстве, якое можна параўнаць з Еўрабачаннем, былі прадстаўнікі Афрыкі, Еўропы, Амерыкі, адбываліся вельмі ўдалыя канцэрты, цёплыя сустрэчы. Да нас падыходзіла шмат людзей, яны цікавіліся жыццём нашай краіны, нашай культурнай спадчынай, імкнуліся вывучаць беларускую мову.

- Пасля далёкіх падарожжаў, мабыць, болей ця-гне на Радзіму? Раскажыце, калі ласка, пра той куточак, дзе вы жылі з маленства.

- Канешне, маёй калыскай быў Нёман. Я нарадзіўся ў горадзе Бярозаўцы на вуліцы Нёманскай. Пазней сям'я жыла на Нава-градскай (там і зараз жы-вуць сваякі), а ў школу я хадзіў на вуліцу Лідскую, што вымагала 15 хвілін хады. Малыя, мы цікавіліся ўсім навакольным светам, глядзелі як дабудоўваліся асобныя карпусы на гуце, знакамітым шклозаводзе "Нёман".Часта прыязджалі хлопцы з Ліды, чулася наво-кал беларуска-польская га-ворка, такая мілая, знаёмая. Нарадзіўшыся ў 1970-тым годзе, я падрастаў разам з Незалежнасцю.

- У Вашых песнях шмат трапяткіх словаў пра каханне, пра цеплыню хат-няга ачага, пра пяшчоту і ласку матулі, і таксама шмат суму па былым...Нагадайце, калі ласка, пра Вашу мату-лю.

-Маю маму завуць Лідзія Іпалітаўна Вайцюш-кевіч. А дзеда па-сапраў-днаму звалі Імполем. Ен паходзіў з Ляхавічаў. У маленстве, памятаю, у тым мястэчку стаяла паўразбу-раная царква, да якой мы, дзеці, бегалі.

Мая мама - вельмі простая, добрая і файная жанчына. Паўжыцця яна была занята ў гандлі, у далейшыя гады працавала на шклозаводзе. Часам мне даводзілася ёй дапамагаць, аднойчы некалькі зменаў працаваў за яе ў цэху. Ма-ма была адношчыцай. З гарачай печы чырвонае, распаленае шкло бяруць на шчыпцы і перадаюць далей на апрацоўку.

Знакамітыя майстры на гуце выраблялі вазы, мазаіку, плафоны для тар-шэраў, шклянкі, дробную пластыку, біжутэрыю. У нас у хатах у ва ўсіх былі вырабы з рознакаляровага шкла, посуд, сувеніры, яны і зараз захоўваюцца дома ў мамы.

Спяваў я з самага дзяцінства. Ведаў, што існуе на свеце такі цуд, як кахан-не, яшчэ з дзіцячага садка. Адчуванне лірыкі было з самага пачатку. Але, калі мне было тры з паловай годзікі, бацька загінуў. Яго звалі Янак, ён быў вельмі добрым і таленавітым ча-лавекам, музыкантам, вя-домым на Бярозаўскіх і Лід-скіх абшарах. Ён іграў на тубе (басовы інструмент), гітары і спяваў, выступа-ючы ў мясцовым Доме ку-льтуры.

Відаць, мне перадалося праз яго захапленне музыкай. У школе я зай-маўся у гуртку, у духавым аркестры, а пасля паступіў у Лідскую музычную наву-чальню, у клас кларнета. У Менску скончыў навучаль-ную установу па класу ва-кала, затым - Дзяржаўны Універсітэт культуры.

Цяпер, калі мама слухае мае спевы, то яна плача. Ці то ад шчасця, ці то ад расчуленасці...

- А калі вы зразумелі патрэбу спяваць па-беларуску?

- Гэта адбылося у 1992 годдзе. Надзвычай важнымі для мяне былі фальк-лорныя экспедыцыі 1993, 96, 98 гадоў, у якіх мы ўдзель-нічалі разам з "Палацам". У першай экспедыцыі у 1993 годдзе на Магілеўшчыне і Гомельшчыне з намі была дачка Івонкі Сурвілы - Паўлінка. Яна добра ведала англійскую, нямецкую і іншыя мовы, але не казала ні слова па-нашаму. Мы хацелі адкрыць ёй шмат прыгожых мясцін, навучыць трошку размаўляць па-беларуску.

Тыя песні, цудоўныя, пяшчотныя, што запісваліся пад час экспедыцыяў, выкарыстоўваліся ў музычнай творчасці "Палаца", "Крыві". У тыя гады я пазнаёміўся з Лявонам Вольскім, з Касяй Камоцкай і іншымі, і адчуў імкненне да прыгожага мастацкага слова. Вельмі рады, што пазнаёміўся з паэзіяй Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Разанава, Адама Глобуса і пасябраваў з самімі аўтарамі.

- У сваёй творчасці Вы развіваеце хрысціянскія традыцыі. З ранейшых прац слухачам вельмі падаба-ецца супольны альбом "Свя-ты вечар". У гэтым годдзе вы таксама выступілі з не-звычайным калядным кан-цэртам. Ен пачаўся з пяш-чотных калыханак, такіх, якімі мабыць, Марыя люля-ла калісьці маленькага Ісу-са.

- Так, зараз я сам - бацька. У мяне падрастае пяцігадовы сын Андрэй. І таму натуральна, што мне захацелася скласці калы-ханкі для дзяцей на вершы Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага і Міхала Анемпадыстава, Віктара Шведа з Беластоку. Гэты трады-цыйны від спеваў улагоджвае душу, навівае добрыя думкі, цешыць і малых, і старых. На дыску, які вый-дзе восенню, будуць калы-ханкі для дарослых і для душы.

- Час ад часу вы ажыццяўляеце дабрачынныя акцыі, наведваеце дзіцячыя дамы і садкі .

- Так. Але гэта раблю не толькі я адзін, а разам са сваімі сябрамі - музыкамі і бізнэсоўцамі.

У гэтым годдзе мы з Лявонам Вольскім і Алегам Хаменкам выступалі ў Дзяржынскім дзіцячым доме. Проста мы адчулі неабходнасць зрабіць нешта канкрэтнае - даць кожнаму дзіцяці сваю валізку з бананамі і цукеркамі, парадавацца і паспяваць разам з імі.

- А як складваюцца Вашыя стасункі з іншымі артыстамі?

- З усімі прадстаўнікамі незалежнай беларускай сцэны ў мяне вельмі добрыя адносіны. Мы збіраемся з сябрамі, дыпламатычна абмяркоўваем усе пытанні, заўсёды ў нас ідзе шчыры дыялог.

І канешне, кожнаму з нас патрэбен час на тое, каб узбагаціць выяўленчыя му-зычныя сродкі, папоўніць эмацыянальныя рэзэрвы, прааналізаваць зробленае, і асэнсаваць свае месца і шлях на беларускай музыч-най прасторы.

- На заканчэнні, скажыце, калі слухачы зноў змогуць з Вамі сустрэцца?

- Наступны наш канцэрт адбудзецца ў Менску 8 сакавіка. Гэта будзе новая праграма на вершы Уладзіміра Някляева.

Гутарыла Э. Оліна. На здымку: З. Вайцюшкевіч, г Менск . Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX