Папярэдняя старонка: 2006

№ 10 (746) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 10 (746) 8 САКАВIКА 2006 г.


Са святам, дарагія беларусачкі !


Любыя беларусачкі!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" сардэчна віншуе Вас з самым радасным і хвалюючым святам - Днём 8га сакавіка. Міжнародны жаночы дзень недарэмна супадае з надыходам вясны, пары, з якой абуджаецца не толькі прырода, але і лепшыя чалавечыя пачуцці. Найвышэйшае жаночае прызначэнне - быць маці. Невыпадкова 2006 год абвешчаны Годам маці. Праз матчына ласкавае слова вырастае любоў да роднай мовы, любоў да Бацькаўшчыны, любоў да людзей.

Жадаем вам, нашыя самыя прыгожыя ў свеце беларускія жанчыны і дзяўчаты сардэчнай цеплыні, душэўнай раўнавагі, надзейных паплечнікаў на працы і ў сям'і, і абавязкова шчаслівай бліжэйшай будучыні.

Сакратарыят ТБМ.


Сэрца маці

Так, як маці :

ніхто цябе не разумее,

Яна словам суцешыць

заўсёды ў бядзе.

Ад матуліных слоў

цэлы свет харашэе,

Не, ніхто не заменіць,

матуля, цябе...

Я. Крупенька.

Самыя лепшыя словы на ўсёй зямлі маці, матуля. У розных краінах свету яны гучаць парознаму, але заўсёды з нейкай асаблівай цеплынёю.

Маці дала нам жыццё, радавалася нашай першай усмешцы, першым нясмелым крокам. Пацалунак матулі, словы яе суцяшэнняў лячылі боль лепш за любые лекі. А матчына калыханка гэтая пранікнёная сімфонія любові, прасякнутая сонцам. З яе, быццам з чысцюткай крынічкі, пачынаецца ўсё лепшае ў чалавеку, у ёй выток святога пачуцця адданасці Радзіме, якую мы называем дарагім і светлым імем маці!

Мы ведаем яе пяшчотны голас, які не пераблытаеш ні з чыім больш. Ён ласкава журчыць, нібы ручаёк. Хочацца да прытуліцца і, не кранаючыся з месца, доўга слухаць.

Мы ведаем цёплыя і мяккія матчыны рукі, якія прыбяруць у хаце, прагатуюць ежу, прылашчаць нас.

А вочы! Ні ў кога няма такіх дзіўных, прыгожых вачэй! Па іх можна нават здагадацца пра настрой роднага чалавека. У радасныя моманты жыцця матуліны вочы блішчаць, нібы алмазы, а калі здараецца штонебудзь дрэннае, робяцца вельмі сумнымі.

Часта, пакідаючы дом, мы не бяром з сабою яе фотаздымак, не пасылаем ёй паштовак, забываем патэлефанаваць. Маці ўсё зразумее і прабачыць: забыўчывасць, няўважлівасць, жыццёвую памылку.

Мая матуля мой лепшы сябар. Нікога больш ва ўсім свеце я так не люблю, як яе, Толькі ёй можна расказаць аб сваіх перажываннях і марах.

Толькі ёй можна даверыць самае таемнае і папрасіць парады. Яна заўсёды мяне зразумее і абавязкова дапаможа. Шмат чаго можна сказаць пра сваю маці. Яна і сябар, і настаўнік, і верны таварыш.

У маці самае вернае і чулае сэрца: у ім ніколі не пагасне любоў, яно ні да чаго не застанецца абыякавым. На свеце сярод людзей жыве кароткае апавяданне. Кажуць, што яно з французскага фальклору, Яле яно ўжо належыць усім людзям, чалавецтву:

"Закаханы юнак усё рабіў, што прасіла ці загадвала яго каханая. Нарэшце юнак павінен быў прынесці ёй матчына сзрца, Яно ўжо ў сынавых руках. Несучы, выцяўся, і пачуў:

Што, сынок? Баліць? Вельмі баліць?"

Пра маці можна гаварыць бясконца, і пакуль жыве маці, пакуль сустракае нас яе ласкавая ўсмешка, пакуль у дні поспехаў і страт ёсць каму сказаць пявучае слоза "мама", мы адчуваем сябе маладымі і дужымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні. I чым даўжэй маці будзе з намі, тым ярчэй будзе гарэць наша сэрца. Пагэтаму трэба берагчы, шанаваць і любіць сваіх маці, не гора, а радасць і кветкі прыносіць ім.

Таня Грасюкова, вучаніца 8 "Г" класа СШ № 2 г. Чавусы.


75 гадоў Паўлу Місько

МІСЬКО Павел Андрэевіч (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Менскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972-80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друхуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980), аповесці «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), раман «Мора Герадота» (1976), раман «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1-2, 1989-92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль ад-мірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п'ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы. На бел. мову пераклаў паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок» і інш.

СА.Андраюк, І.У. Саламевіч.


"Дзівак-чалавек" і мора

Апавядальніку, раманісту, фантасту, драматургу, прыгодніку Бульбобаў, паэту, перакладчыку, случаку Паўлу Андрэевічу Міську на Поўню жыцця - 75 годдзе з дня нараджэння.


У хоку хорамы чуваць:

Ахвярна хукаю на хайку...

Апостал Павел кажа:

- Пайку

Чужую грэшна спажываць.

Верш-танка сустракаў у Танка,

Басё бадаў Арлоў, Бадак...

Мне ж беларуская альтанка

Дае натхненне!

-Я бядак,

Апостал Павел! Падсвядома

Парушыў рытмы метранома.

Затое маятнік "Місько"

Вальсуе шпаркія прабежкі, -

Каб Герадотавы прамежкі

Злучалі з морам азярко.

Усмешкамі яснелі сцежкі!

Вы творчыя злучылі ўзмежкі-

Нібыта маятнік Фуко.

Хай юбілеіцца хвалько.

Бульбоб свой горб

Бярэ ў запрэжкі!

Сяргей Панізьнік.


Беларускім пісьменнікам забаронены доступ у беларускія навучальныя ўстановы

Начальникам управлений образования облисполкомов.

Председателю комитета по образованию

Минского горисполкома.

Руководителям учреждений, обеспечивающих получение

среднего специального и высшего образования.

В связи с созданием общественного объединения "Союз писателей Беларуси" (председатель Н. И. Чергинец) поручаем принять меры по недопущению проведения в учреждениях образования мероприятий по линии общественного объединения "Союз белорусских писателей", других мероприятий с участием литературных деятелей, без согласования с местными органами власти, a также по организации сотрудничества с государственными издательствами и редакциями литературно-художественных изданий РИУ «Литература и искусство». Министерство образования обращало внимание руководителей учреждений образования на необходимость организации подписки на печатные издания РИУ "Литература и искусство" (письмо or 09.09.2005 № 12-01-03/2624). В целях пропаганды художественной литературы организации эффективной работы по идеологическому и духовно-нравственному воспитанию учащейся и студенчесхой молодежи поручаем обеспечить проведение творческих встреч с писателями и иных культурно-массовых мероприятий с их участием только по согласованию с общественным объединением "Союз писателей Беларуси".

Министр А. М. Радьков.


Хто вас без нас да душы прыкладзе?

Як паведамляецца ў друку, цяпер усе мерапрыемствы з удзелам літаратараў ва універсітэтах, тэхнікумах, школах будуць курыраваць мясцовыя ўлады разам з "Саюзам пісьменнікаў Беларусі", а членам "СБП" уваход туды будзе недаступны.Такое распараджэнне міністра Аляксандра Радзькова атрымалі нядаўна начальнікі упраўленняў адукацыі, кіраўнікі ўстаноў сярэдняйспецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Нам пашчасціла, таму што наша сустрэча з сучасным класікам беларускай літаратуры, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і зладжаная сябрамі ТБМ, адбылася за тыдзень да выхаду названай дырэктывы.

А гэта значыць, што навучэнцы аднаго з менскіх каледжаў усё ж мелі магчымасць пачуць аўтарытэтны голас актыўнага грамадскага дзеяча, нястомнага падарожніка і прадстаўніка Беларусі на самых паважных форумах, гуманіста, шчырага лірыка, паэтапесенніка Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.

З яго вуснаў пачулі маладзёны адказы на хвалюючыя пытанні сучаснасці, дакрануліся да незамутнёнай дробязнасцю і мутуснёй крыніцы паэзіі, адагрэлі душу цёплым і мілагучным родным словам. Г.М. Бураўкін засяродзіў увагу юнакоў і дзяўчат на тым, што адрознівае сапраўдную літаратуру ад дэтэктыўных аднаднёвак, што вылучае пісьменніка з шэрагу чынавенскіх прыстасаванцаў, і параіў навучэнцам у сваёй будучай прафесійнай дзейнасці больш папулярызаваць літаратуру на беларускай мове, якая застанецца на стагоддзі нашым нашчадкам. Паэт упэўнены ў тым, што на Беларусі ёсць маладыя таленты, здольныя ўзбагаціць новымі здабыткамі літаратуру ХХ1 стагоддзя, і ім належыць будучыня.

Аб тым, як дапамагае чалавеку сяброўства, пашырае далягляд асобы, трываліць думкі, мацуе веру, распавёў вядомы публіцыст юнакам, якія толькі пачынаюць свой жыццёвы шлях. Паэту давялося ў маладыя гады вучыцца і жыць побач з такімі слыннымі асобамі як Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, працаваць і сябраваць з Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, быць знаёмым з Уладзімірам Мулявіным, Пятром Клімуком, Леанідам Шчамялёвым і іншымі. Стасункі з сябрамі духоўна ўзбагацілі паэта, сталі часткай яго ўласнага жыццёвага досведу.

Няспешная размова з моладдзю ішла пра такія святыя рэчы, як зберагчы родную зямлю, адстаяць яе гонар і незалежнасць, абараніць ад радыяктыўнага распаду і чарнобылю бездухоўнасці, як узняцца душой да ўсяго высокага і светлага, шанаваць сяброўства, берагчы каханне, сям'ю, Айчыну. Юнакі павіншавалі Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна з набліжаючымся 70годдзем і пажадалі дарагому госцю шмат здароўя, аптымізму і творчага плёну.

На памяць вучні атрымалі кнігу з аўтографам паэта, дзе ёсць пранікнёныя радкі:

"Верце,

Мы можам яшчэ

абудзіцца,

І прыбяром

ад дарогі карчы,

І прынясе

нам святло зараніца,

І пахаваюцца

ў змрок крумкачы..."

Э.Оліна, Менск.

На здымку : Г.М. Бураўкін на сустрэчы з вучнямі.


ГЭТА БЫЛО ЯЕ ПРЫЗВАННЕМ

Пабачыў свет другі том навуковай спадчыны Ніны Іванаўны Гілевіч "Таямніцы роднага слова".

Ніна Іванаўна была прыродным філолагам, з рэдкім - ад Бога - чуццём слова, фразы, інтанацыі, падтэксту,- як у жывой народнай мове, так і ў творах мастацкай літаратуры. Шчыры, гарачы чытач беларускай прозы і паэзіі, яна асабліва пільна і ўважліва ставілася да мовы пісьменніка, імкнучыся спасцігнуць таямніцы слова, сакрэты майстэрства, адметнасці мастацкага пісьма. Усё гэта захапляла яе надзвычайна яшчэ са студэнцкіх гадоў (дыпломную работу пісала па мове апавяданняў М. Лынькова).

Натуральна, у яе філалагічных сімпатыях перавагу мелі пісьменнікі, якія вызначаліся і незвычайным багаццем, і відочнай адметнасцю, самабытнасцю мовы - як на ўзроўні лексікафразеалагічным і сінтаксічным, так і на ўзроўні псіхалагічным, эмацыйным, інтэлектуальным і эстэтычным. (Прымітыўныя творы, хоць і густа перасыпаныя дыялектызмамі, прастамоўнымі фразамі, яе не цікавілі). Яна высока цаніла мову многіх сучаснікаў, выдатных і проста вядомых майстроў слова - за рэалістычнасць пісьма, за псіхалагічную дакладнась, за вобразнасць, за даверлівую інтанацыю. Але паколькі яе «слабасцю» было слова жывое, з гушчы жыцця, «з першых вуснаў», слова трапнае, дасціпнае, вострае, ёмкае, то ў яе былі ў гэтым плане любімцы: з класікаў - Ф. Багушэвіч, Я. Купала, Я. Колас, М. Гарэцкі, К. Чорны, з сучаснікаў - Я. Брыль, I. Пташнікаў, В. Адамчык. Асабняком ад іх, але і разам з імі - У. Караткевіч, пісьменнік, хоць і іншага стылю, іншага пісьма, але пісьма яркага, кідкага. каларытнага, якое ёй вельмі падабалася.

На філфаку Белдзяржуніверсітэта Ніна Іванаўна на працягу сарака гадоў чытала лекцыі па стылістыцы і культуры мовы. А мова пісьменніка - гэта, можна сказаць, яе мовазнаўчае «хобі», паралельнае зацікаўленне, якое ішло ад любові да літаратуры, да вобразнага мастацкага слова. Многае з напісанага ёю засталося незавершаным. Гэта неаб'яднаныя ў адно цэлае фрагменты і накіды, матэрыялы да артыкулаў: сотні выпісак, прыкладаў, слоў і сказаў. Усё гэта ёсць сведчаннем таго, што Ніна Іванаўна спадзявалася на яшчэ доўгую вялікую працу дзеля роднага слова, дзеля выхавання пашаны да яго і любасці. На вялікі жаль, лёс не судзіў ёй гэтага.

Рэдактар кнігі Ніл Гілевіч.

Наш кар.


Аляксей Мікуліч. Беларусы ў генетычнай прасторы: Антрапалогія этнасу

(Мн.: Тэхналогія, 2005. 138 с: іл.)

Падсумаванне.

Манаграфія падводзіць вынікі больш чым трыццацігадовых экспедыцыйных даследванняў, праведзеных вядомым антрапагенетыкам Аляксеем Мікулічам у Рэспубліцы Беларусь і на сумежных тэрыторыях краінсуседзяў Расійскай Федэрацыі, Летувы, Украіны. Аб'ектам іх было пераважна вясковае насельніцтва як носьбіт найбольш характэрных генетычных і канстытуцыйных асаблівасцяў прабацькоўскіх папуляцый. Вывучэннем было ахоплена каля 120 групавых выбарак. Яны фармаваліся з асобаў, якія маюць продкаў мясцовага паходжання да 45 калена.

Даследванне генафонду сучасных лакальных папуляцый Беларусі паказала цэласнасць беларускага этнасу, яго гамеастаз у часе і прасторы, а таксама наяўнасць генагеаграфічнай кампаненты ў этнічнай гісторыі. На карце генетычных адлегласцяў ад сярэдніх беларускіх частот генаў у насельніцтве Усходняй Еўропы пабудаванай на аснове значнай колькасці ДНКмаркёраў (57 алеляў 21 локусу), яскрава відаць асаблівасць генафонду беларусаў, да якіх далучаюцца карэнныя жыхары Пскоўшчыны, Ноўгарадчыны, Смаленшчыны, Браншчыны, Віленскага краю і Украінскага Палесся. Кампактны арэал беларускага генафонду на гэтай карце ў агульных рысах адпавядае абшару рассялення беларусаў у гістарычнай рэтраспектыве. Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць шматвектарнай дывергенцыі гэтага арэалу, якая выяўляе даўнейшыя кірункі міграцыі.

Вядома, што "еўрапеізацыя" ўсходнееўрапейскага, пераважна расейскага, насельніцтва спынілася пад татарамангольскім уплывам. Вывучэнне генафонду беларусаў практычна не выявіла прысутнасці ў ім прыкмет мангольскай расы. Гэта пацвярджае гістарычныя звесткі пра тое, што Беларусь не зазнала татарамангольскай няволі. Цікава таксама адзначыць, што агульная тэндэнцыя зменлівасці ў межах беларускага арэалу мае мерыдыянальны кірунак з поўдня на поўнач, тым часам як для расейскага арэалу яе кірунак перпендыкулярны з захаду на ўсход, г. зн. шыротны.

Кожны з трох усходнеславянскіх этнасаў, згодна з антрапалагічнымі дадзенымі, мае сваю адметнасць. Яны сфармаваліся ў рознай геаграфічнай прасторы, на асобных субстратных праасновах. Змешчаная ў кнізе графічная інтэрпрэтацыя абагульненых характарыстык іх генафондаў дазваляе наглядна ўбачыць ступень сваяцтва і адрознення. "Этнічныя воблакі" беларусаў і ўкраінцаў даволі кампактныя і на пададзенай дыяграме істотна перакрываюцца. Расейскае ж "воблака" вельмі размытае, і толькі нязначная доля яго перакрываецца з папярэднімі. Калі ўкраінскае "этнічнае воблака" наогул не мяжуе з фінавугорскімі, а беларускае толькі кранаецца іх, то цэнтр "этнічнага воблака" расейскіх папуляцый знаходзіцца ў адным кластэры з фінавугорскімі, а не славянскімі этнасамі.

Аляксей Мікуліч аргументавана аспрэчвае высновы маскоўскіх калегаў пра тое, што ядро расейскага генафонду нібыта знаходзіцца на паўночным захадзе расейскага этнічнага арэалу (Пскоўшчына, Ноўгарадчына) з далучэннем часткі земляў, якія сёння знаходзяцца ў складзе Рэспублікі Беларусь. Ён адзначае, што да беларусаў Прыдзвіння генетычна вельмі блізкія карэнныя жыхары Пскоўскай і Ноўгарадскай, як і Смаленскай абласцей. (I гэтаму факту ёсць гістарычнае тлумачэнне агульныя крывіцкія карані.) Але гэта зусім не дае падставы вылучаць іх з беларускага этнічнага арэалу.

Супастаўленне дадзеных генагеаграфіі з матэрыяламі археолагаў дае вельмі цікавыя вынікі. Геаграфічная структура сучаснага беларускага генафонду шмат у чым адпавядае арэалам старажытных археалагічных культур. Напрыклад, прыдзвінская генагеаграфічная правінцыя накладваецца на тэрыторыю распаўсюджання нарвенскай культуры (43е тысячагоддзі перад Н.Х.) эпохі неаліту і паўночнабеларускай культуры (канец 3га першая палова 2га тысячагоддзя перад Н.Х.) ранняга бронзавага веку. А заходнепалескі рэгіён знаходзіцца ў межах распаўсюджання культуры шнуравой керамікі Палесся (XVI11-XIV стагодцзі перад Н.Х.) і лужыцкай культуры (ХVХІV стагоддзі перад Н.Х.) бронзавага веку, а таксама паморскай культуры (ІVІІ стагоддзі перад Н.Х.) жалезнага веку. Гэта важкі аргумент на карысць генетычнай непарыўнасці пакаленняў.

Анапіз антрапагенетычнага і генадэмаграфічнага матэрыялу прыводзіць аўтара да высноваў пра глыбокую старажытнасць беларускага этнасу. Сучасная карціна беларускага генафонду сфармавалася як шляхам доўгатэрміновага прыстасавання ў выніку натуральнага адбору, так і ў працэсе этнічнай кансалідацыі. Карыстаючыся "генетычным гадзіннікам", аўтар вызначае, што папуляцыі карэнных жыхароў Беларусі вядуць свой радавод цягам не меней як 130140 пакаленняў, гэта значыць пачынаючы сама пазней з сярэдзіны 2га тысячагоддзя перад Нараджэннем Хрыстовым.

На думку аўтара, адзінства паходжання, асаблівасць мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры, наяўнасць цягам некалькіх стагоддзяў сваёй дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, перавага эміграцыйных працэсаў над іміграцыйнымі спрыялі кансалідацыі адметнай і трывалай этнічнай супольнасці беларусаў.


З РАНЕЙ НЕ АПІСАНЫХ ВЫРАЗАЎ

У 1993 годзе ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" пабачыў свет падрыхтаваны мной двухтомны "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы". Яго наклад - 15000 асобнікаў (у сённяшніх умовах гэта лічба здаецца неверагоднай, фантастычнай). У слоўніку пададзена 5 755 фразеалагізмаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Кожны з іх атрымаў трохбаковую (семантычную, граматычную і стылістычную) характарыстыку.

Неад'емным кампанентам слоўнікавага артыкула выступае ілюстрацыйны матэрыял - прыкладыцытаты. Яны з'яўляюцца дадатковым сродкам семантычнай інфармацыі пра фразеалагізм, садзейнічаюць асэнсаванню фразеалагічнага значэння, пераконваюць у сапраўдным існаванні ў пэўным выразе таго ці іншага значэння або значэнняў, сфармуляваных у дэфініцыях, паказваюць тыповыя сінтаксічныя сувязі фразеалагізму са словамі, даюць поўнае ўяўленне пра нарматыўнае функцыянаванне выразу ў маўленні, пацвярджаюць пададзеныя напачатку звесткі семантычнага, граматычнага і ствлістычнага плана.

У прадмове да ФСБМ сказана, што ў ім выяўлена і па магчымасці поўна апісана фразеалогія беларускай літаратурнай мовы ў яе сучасным стане. Фразеалагічны ж склад нашай мовы, нягледзячы на крайне неспрыяльныя ўмовы для яе функцыянавання і развіцця, увесь час папаўняецца. І я пастаянна пры чытанні беларускіх кніг, часопісаў, газет "палюю" на новыя выразы. Іх сабралася амаль 600.

Адны з гэтых выразаў склаліся зусім нядаўна і сталі актыўна ўжывацца ў перыядычным друку і мастацкіх тэкстах: выціраць ногі аб каго, галаўны боль, дах паехаў у каго, не прасыхаць, перакрываць кісларод каму, так бы мовіць, уставаць з каленяў, цягнуць коўдру на сябе і г.д.

Другія (іх няшмат) былі і раней вядомыя ў асобных гаворках, адзначаліся ў дыялектных слоўніках ці зборніках прыказак і прымавак, а цяпер прыжываюцца на старонках мастацкай і публіцыстычнай літаратуры: аж адскоквае ад зубоў у каго, зайцы поле гнояць у каго, каму, з пекла родам, ні ачарніць ні абяліць і інш.

Трэція - існавалі ў літаратурнай мове, відаць, і раней, але па розных прычынах не трапілі ў ФСБМ, пераважна таму, што не было пацвярджальных, апраўдальных цытат пра жыццё гэтых выразаў у маўленні.

Сярод фразеалагізмаў, што склаліся зусім нядаўна, ёсць і такія, аўтарства якіх вядомае. Так, выраз ружовы туман паходзіць з назвы апавядання (1995) Васіля Быкава. Гэта знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем "стан ілюзорнага, таталітарнасавецкага ўспрамання рэчаіснасці" ўжо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, у тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, "можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка" . Нядаўна ўзнікшы, выраз набыў "крылатасць", што модна было б пацвердзіць васьмю прыкладамі яго выкарыстання ў друку ("Полымя", "Маладосць", "ЛіМ"), у творах Р. ТармолыМірскага, Л. Рублеўскай, С. Грышкевіча. Вось толькі два прыклады: " Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменнікам, які першы выйшаў з ружовага туману" (С. Дубавец); "Гісторыя літаратуры 2050 і пазнейшых гадоў яшчэ чакае ўдумлівага асэнсавання. У ёй быў не толькі ружовы туман, узведзеная ў закон фальсіфікацыя" (У. Казбярук).

Або такі выраз, як працэс пайшоў . Ён паходзіць з маўлення М. С. Гарбачова, які ў публічных выступленнях (19851991) даволі часта ўжываў яго. Пра гэта ўзгадвае. напрыклад, А. Кудравец: "Міхаіл Гарбачоў ставіў яе (перабудовачную рэйку) на вышыню, дазволеную статутам КПСС, плюс дадаваў некалькі сантыметраў ад сябе, астуджаючы і супакойваючы нецярплівых словамі: "Працэс пайшоў"! Цяпер выраз выкарыстоўваецца ва ўсходнеславянскіх мовах са значэннем "незваротны, неабарачальны рух у развіцці чагонебудзь пачаўся" , напрыклад: "Армяне ўзяліся наладзіць збыт цацак у суседнюю дзяржаву. Разлічвацца абяцалі не бартэрам, а звонкай манетай. І, як кажуць, працэс пайшоў" (А. Брава).

Частка выразаў, сабраных за апошняе дзесяцігоддзе, апісанна ў адным з раздзелаў майго даведніка "У слоўнікавую скарбонку" (1999) . Яшчэ больш за 160 выразаў апублікавана на старонках часопіса "Роднае слова". А некаторыя раней не апісаныя фразеалагізмы цяпер прапануюцца ўвазе чытачоў "Нашага слова". Звычайна існаванне выразу ў літаратурнай мове ілюструецца (дзеля эканоміі (месца) адным прыкладам, і толькі ў некаторых выпадках больш чым адным (калі гэта нечым абумоўлена: наяўнасцю варыянтнасці або проста каб пацвердзіць, што маем справу не з адзінкавым ужываннем аднаго якоганебудзь аўтара). Выкарыстаны пашыраныя ў лексікаграфічнай практыцы скарачэнні: разм . (размоўны), праст. (прастамоўны), функц. не зам. (функцыянальна не замацаваны), адабр. (адабральны), неадабр. (неадабральны), іран. (іранічны), дзейн. (дзейнік), вык. (выказнік), акал. (прыслоўнаакалічнасны), азн. (азначальнапрыметнікавы), асаб. (асабовы), безасаб. (безасабовы), абагульн. (абагульнены), ужыв. (ужываецца, ужыванне), знач. (значэнне), абстр. (абстрактны), сін. (сінонімы), ант. (антонімы).


Брынды біць

Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы.) Гультаяваць, займацца пустымі справамі. Сін.: абіваць бакі (у 2 знач.); адлежваць бакі (у 2 знач.); біць байды; біць бібікі; біць лынды (у 1 знач.); біць тылылы; валяць дурня (у 2 знач.); вераб'ям дулі паказваць; ганяць сабак; корчыць гультая; лічыць варон (у 2 знач.); ляжаць на баку; пляваць у столь; сабакам сена касіць (у 1 знач.); сачка давіць. Кінь ты, Мікіта! Нам з табой трэба справай займацца. А брынды біць заўсёды паспеем! Хадзем! (М. Зарэцкі).


За дзесятую гару

Акал. Разм. Вельмі далёка (ехаць, трапіць, загінуць і пад.). сін. дзе Макар козы пасе (у 1 знач.); за блізкі свет; за свет; за свет вочы; куды крумкач касцей не заносіў; куды Макар цялят не ганяў (у 1 знач.); к чорту на рогі; на край свету (у 1 знач.). Гэтыя гаротныя сярмяжнікі прыпаміналі яму бацькоў і панурую вёску, закінутую, як камяк гразі, за дзесятую гару (У. Галубок). Што там Янінаму бацьку каштавала як след папрасіць падпалкоўніка закінуць жанішкасамазванца кудынебудзь за дзесятую гару. Каб яго адтуль і бура не прынесла. (А. Ветах).


Зайцы поле гнояць у каго, каму

У безас. ужыв. Разм. Іран.) Хтонебудзь кепска, нядбайна вядзе сельскагаспадарчыя справы. А ці не таму нам так не хапае грошай з зарплаты, што кормім мы тыя калгасы і саўгасы, у якіх зайцы поле гнояць (В. Гроднікаў). У нас паранейшаму, вобразна кажучы, зайцы поле гнояць, ды коні такія дагледжаныя, што на выгане вароны на спіны садзяцца (Нар. Воля. 9.09. 1998).


Заліць крывёю што

Функц., не зам. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці сукупнасці асоб. Забіць. Знішчыць ці пакараць шмат людзей (у выніку тэрору, ваенных дзеянняў і пад.). Я раскажу калінебудзь, як залілі крывёю няшчасны Крычаў (У. Караткевіч). Бальшавікі залілі крывёю палову зямных абшараў (ЛіМ. 17.07.1998).


Бандыт, разбойнік з вялікай дарогі

Азн. Функц. не зам. Самы заўзяты, з крайнім праяўленнем кепскіх якасцяў. Сін.: вышэйшай маркі; першай гільдыі (у 1 знач.); першай рукі (у 2 знач.). Выходзіць, мы разбойнікі з вялікай дарогі. Рабаваць вас хочам, праўда? (В.Іпатава). Ты, гаспадыня, не зіркай спадылба. Мы не бандыты з вялікай дарогі. Так што варушыся, паказвай, чым багата (Л.Маракоў).


З душы верне

У безас. ужыв. Разм. Неадабр. 1. Камунебудзь агідна, гідка, праціўна, моташна (часцей ад якіхнебудзь харчовых прадуктаў). Ну, не будзе ў нас бульбы, дык гэта ж заўтра. А сёння ў нас пакуль што ёсць, мінулагодняя яшчэ, аж з душы верне ўжо (В. Казько).

2. Прыкра, невыносн, няма сіл трываць штонебудзь агіднае. Як пойдзе муж раніцаю, дык толькі апоўначы вяртаецца, і заўсёды на падпітку. "З патрэбнымі людзьмі п'ю". А зірнеш на гэтых "патрэбных" - з душы верне. Слізкія ўсе, нібы вужакі (В. Кадзетава).


З ліхвой

Акал. Разм. Больш, чым трэба (вярнуць, акупіцца і пад.). Сін.: з гакам (у 2 знач.); з лішкам (у 2 знач.). Зямля непадкупна сумленная: падкармі яе, напаі, потам сваім палі - дасць, не падмане, верне з ліхвой (М. Лобан). Жыццё пылінку вечнасці сваёй пазычыць пад настрой, але адразу цярпець прымусіць крыўду і абразу, вярнуць пазыку хочучы з ліхвой (Р. Барадулін).


З паветра

Акал. Разм. Часцей неадабр. Невядома з чаго і раптоўна (зарабіць, займець і пад.). Ах, самахват, які ты кемлівы ... З паветра грошы выцадзіў (І. Валасевіч). Улада не сама па сабе паяўляецца на свет, не з паветра ўзнікае (ЛіМ. 12.12.1997).


Гасцей з усіх валасцей

У безас. ужыв. Разм. Вельмі многа і з розных мясцін. Калі Куляшову надышоў 60гадовы юбілей, было гасцей з усіх валасцей (Р. Барадулін). У "Зборніку беларускіх прыказак" І. І. Насовіча (1874) выраз прыводзіцца з такім тлумачэннем: "Жартаўліва кажуць наконт вялікага сходу".


Зух з калом (колам) да мух

Разм. Іран. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Смелы, самаўпэўнены сярод слабых . Сін.: зух супраць мух . - Пайшлі, Арсень, рашуча рыкнуў Шлык. - Абыдземся без гэтага салапёкі, каб ён на хлеб спяваў. - А ты таксама зух з колам да мух, адгыркнуўся начальнік (У. Караткевіч). Сяляне сталі частаваць спадара прыстава кухталямі. Каб не местачкоўцы, натаўклі б прыставу пысу да нясхочу. - Га! Зух з калом да мух! - атурзвалі мяшчане зламыснага шляхцюка (А. Наварыч). Зірнуць хаця б вокам на жывёльны і раслінны свет Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. "Зух з калом да мух", з'едліва думаю пра сябе. Ты ўжо фізічна не можаш гэта здейсніць (С. Лобач).


І дуды вобземлю

У безас. Ужыв. Разм. Ужыв. звычайна ў канцы складанага сказа. На гэтым усё закончана. Пра канчатковую развязку чагонебудзь. Сін.: і дзела (справа) з канцом; і канцы ў ваду (у 2 знач.); і квіта, пане Мікіта; і не знайся; канцы з канцамі; па ўсім. Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нікога няма, пісаць... аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу найшло людзей. І пачаўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю (К. Чорны). Помніцца маміна: "Усё, кацец, і дуды вобземлю... (Гэта) нашае, з Міршчыны, (гаворыцца) у поўным адчаі ці проста малайцавата (Я. Брыль).


На гвалт

Акал. Разм. 1. Няўхільна, неадкладна, абавязкова (трэба рабіць штонебудзь). Або насоўваецца, скажам, хмара навальнічная, дзядзьку Арэсю трэба на гвалт спяшацца па ячмень, які і не звязаны, у жменях ляжыць... (Я. Брыль).

2. Па дапамогу пры нябяспецы (крычаць, галасіць і пад.) . Бадай ты спрахла! Дзе ж дарога? На гвалт крычы гарадавога! (Я. Колас). Аналагічны выраз з такімі ж двума значэннямі фіксуецца ва ўкраінскіх слоўніках.


На знос

Разм. Акал. Звыш магчымага, не шкадуючы сябе (працаваць). Таццяна працуе з 8 раніцы да 8 вечара. Што называецца, на знос. Вернеццавечарам, тоесёе зробіць дома, перакінецца некалькімі словамі з сынам, дапаможа зрабіць урокі - і ў ложак. (М. Дзелянкоўскі).

2. Азн. Вельмі цяжкая, з поўнай аддачай сіл, да знямогі (праца). У гэтых маладых людзей прафесія бязлітасная, што вымагае жорсткай дысцыпліны, працы на знос (С. Берасцень).


На крывой кабыле (казе) не аб'едзеш каго

У абагульн. - асаб. знач. Разм. Не ашукае, не перахітрыш. Сін.: на мякіне не правядзеш каго. Зразумела, што Калеснікаў "кампрамат" дорага каштуе, і гэтага чалавека на крывой казе не аб'едзеш. Караленя пайшоў тым жа шляхам, што і шантажыствымагальнік (В. Праўдзін). Барысевіча на крывой кабыле не аб'едзеш, хітрун, якіх пашукаць (ЛіМ. 7.09.2001). А ты яго на крывой казе не аб'едзеш (Г. Юрчанка).


Не жук на палачцы

Вык. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці абстр. прадмета. Не дробязь. Не пусцяковіна. Справа сур'ёзная. Сін.: не жарты (у 1 знач.); не кот наплакаў (у 2 знач.); не фунт ізюму; не хаханькі (у 1 знач.); Камсорг базы і статус афіцэра ў сяржанта - гэта табе не пісар, не пасыльны, не афарміцель які, не жук на палачцы (М. Гіль).

Выраз не фіксуецца як у беларускіх, так і ў рускіх, украінскіх, польскіх слоўніках літаратурных і дыялектных моў, але сустрэўся ў паэме "Страна Муравия" А. Твардоўскага, "малая радзіма" якога суседнічае з усходняй часткай Беларусі, а бацька нарадзіўся ў былой Магілёўскай губерні:

"Чистов,

Прокофий Павлович,

бобыльский бывший сын,

не жук тебе на палочке,

а честный гражданин" .

Іван ЛЕПЕШАЎ


15 гадоў Грамадзе (сучаснай беларускай сацыял-дэмакратыі)

Беларуская сацыялдэмакратыя мае свае глыбокія карані. Яны сягаюць аж у пачатак мінулага стагоддзя. Тады ўзнікла першая беларуская палітычная партыя "Грамада". Яе развіццё было спынена Кастрычніцкім пераваротам і далейшымі наступамі камуністычнай ідэалогіі. Аднаўленне палітычнага руху гэтага кірунку пачалося ў 1990 годзе.

"Трыццаць першы і апошні", - ахарактарызаваў доктар гістарычных навук, прафесар Міхась Ткачоў чарговы з'езд КПБ. "Яны (камуністы) не стануць на шлях сацыялдэмакратыі, а калі і стануць, то акрамя яе імітацыі ў іх нічога не атрымаецца" , гаварыў ён на адным са сходаў аднадумцаў, далей запэўніваў, што "мы прыйшлі да высновы, што ў грамадскапалітычным жыцці рэспублікі павінна заняць належнае месца беларуская сацыялдэмакратыя" .

У вытоках адраджэння сацыялдэмакратычнай Грамады стаялі выдатныя беларускія вучоныя, грамадзяне самаадданыя нацыянальнаму Адраджэнню краіны, сябры Таварыства беларускай мовы. Акрамя згаданага раней першага старшыні БСДГ Міхася Ткачова, гэта Алег Трусаў, Міхась Чарняўскі, Анатоль Сідарэвіч, Анатоль Ляўковіч, Марыя Мацюкевіч, Ул. Емяльянчык, Міхась Раманюк, Інэса Ушацкая.

Аргкамітэт па стварэнні (адраджэнні) Грамады быў створаны 2 снежня 1990 года. А 23 сакавіка 1991 года ў Менску адбыўся Устаноўчы з'езд БСДГ. Партыя аб'яднала ў сваіх шэрагах нацыянальна свядомых, дэмакратычна настроеных грамадзян, заявіўшых аб адстойванні незалежнасці, краіны, правоў і свабод наёмных працоўных, развіцця нацыянальнай культуры. Традыцыйныя сімвал сацыялдэмакратыі Еўропы ружа на фоне нацыянальнага сцягу стаў партыйным штандарам - сімвалам беларускай сацыялдэмакратыі.

Адчуванне палітычнай свабоды ў тыя часы спрыяла амбіцыям асобных палітыкаў, якія не пагадзіліся папоўніць Грамаду сваім інтылектам і пачалі ствараць новыя партыі "пад сябе", партыі-фантомы сацыялдэмакратычнага кірунку (гэта Партыя народнай згоды, Партыя здаровага сэнсу і інш.)

Але жыццёвая рэчаіснасць дала штуршок аб'яднаўчаму працэсу. Перашкодай на яго шяху сталі, як і цяпер, амбіцыі асобных палітыкаў. Аб'яднанне Грамады з партыяй Народная згода, якое адбылося 29 чэрвеня 1996 года, змяніла назву на Народную Грамаду. Але частка прывых сацыялдэмакратаў грамадоўцаў не пагадзілася са стратай назвы і рэзкім паваротам Народнай грамады ўлева "Мы адродзім Грамаду" - адказалі яны адпаведнай заявай.

З 1998 года стала існаваць дзве "Грамады". Грамада Статкевіча і Грамада Шушкевіча. Але настаў час пазбыцца амбіцый і ўзурпатарства асобных партбосаў.

Пацярпелі фіяска, тыя, хто горача калісь гаварыў пра Саюз дэмакратычных сіл, пра тэорыю спеласці ў аб'яднаўчым працэсе. Яны зараз на ўзбочыне палітычнага жыцця. Шкада, што з лідарамі такога кшталту адышло ад палітыкі нямала актыўных свядомых грамадзян. Таму аб'яднанне абедзвюх партый пачалося знізу на ўзроўні рэгіянальных струкрур.

Мінулы год прынёс чарговае аб'яднанне Грамады з Народнай грамадой (розныя часткі аднаго ж і таго цела). І зноўтакі зза амбіцый асобных кіраўнікоў засталося паза аб'яднаўчым працэсам нямала партыйцаў з абодвух бакоў. Аднак большасць вось ужо год дзейнічае разам, і вынікі відавочныя.

Цяпер аб'яднаная Сацыялдэмакратычная партыя (Грамада) сустракае сваё 15годдзе моцнай палітычнай партыяй. Яна вылучыла свайго кандыдата ў прэзідэнты старшыню партыі Аляксандра Казуліна, сабраўшы неабходных для рэгістарцыі подпісаў амаль столькі, колькі сабрала аб'яднаная дэмакратычная кааліцыя пяць партый і процьма розных грамадскіх арганізацый за свайго вылучэнца Аляксандра Мілінкевіча.

Партыя здольная ўзяць адказнасць за далейшае развіццё нашай Бацькаўшчыны, валодаючы неабходным патэнцыялам інтэлектуальных уласных сілаў. У яе праграме ёсць месца для культурнага адраджэння беларускага народа, яго мовы і гісторыі.

Мікола Лавіцкі, старшыня рэвізійнай камісіі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", ветэран СДП(Г).


Успомнім тых, хто не змірыўся

Кожны раз, калі прысутнічаю на набажэнстве ў храме, з вялікім задавальненнем гляджу на вернікаў. Пры гэтым асаблівае замілаванне атрымліваю, калі бачу сярод вернікаў моладзь. Паступова ўсё больш людзей цягнецца да сапраўднай веры, цёплых і шчырых адносін, духоўнай існасці. Аднак так было не заўсёды. Гісторыя апошняга стагоддзя паказала нам, якой вялікай пагрозай і злом для чалавецтва з'яўляецца свет без рэлігіі.

У народаў былой Расейскай імперыі пачатак найбольш жорсткіх пераследванняў вернікаў прыпадае на 1917 год. З гэтага часу пачынаецца татальная барацьба з рэлігіяй, выкараненне хрысціянскіх каштоўнасцяў. Асабліва трыццатыя гады 20га стагоддзя ўвайшлі ў гісторыю, як гады "вялікага тэрору", жорсткай дзейнасці судовых, а яшчэ ў большай меры пазасудовых органаў:"двоек", "троек", асобных нарад ОДПУ і НКУС. Забараняліся рэлігійныя святы, а з 1930 года пачалося "изьятие культовых сооружений". Хрысціянскія святыні ператвараліся ў клубы, збожжасховішчы, гаражы, або проста знішчаліся. У лістападзе 2005 года ў газеце "Наша слова" быў надрукаваны артыкул "Хрысціянскія святыні Шклова", дзе была спроба прасачыць гістарычны лёс хрысціянскіх збудаванняў нашага горада і ваколіцаў. Але ў першую чаргу ахвярамі ваяўнічага атэізму станавіліся, менавіта, людзі.

Спадзяючыся захаваць рэлігійныя традыцыі, насельніцтва як магло, баранілася і аказвала супраціўленне. Яскравым прыкладам такога супраціву з'яўляецца барацьба рабочых папяровай фабрыкі "Спартак" горада Шклова за святкаванне Вялікадня. Архіўныя крыніцы паведамляюць, што ў красавіку 1927 года на фабрыцы быў скліканы дэлегацкі сход, на парадку дня якога было адно пытанне, каб зрабіць 24 красавіка (свята Вялікадня) працоўным днём. Яшчэ да дэлегацкага сходу адбыўся раскол: большасць членаў фабкаму стаяла за святкаванне Вялікадня. Таму, пачуўшы прапанову старшыні фабкаму Несцяровіча, каб перанесці святкаванне на 3 траўня, прысутныя пачалі шумець, імкнучыся перашкодзіць выступленню старшыні. Затым выступіў рабочы Сямён Свірыдзенка: "Калі наш фабкам большасцю галасоў пастанавіў Вялікдзень святкаваць, дык не можа быць размовы аб несвяткаванні такога, магчыма тут вы і пастановіце не святкаваць Вялікадня, але мы ўсё роўна на гэтым не супакоімся і склічам канферэнцыю, на якой пастановім так, як гэта хочацца нам, большасці". З натоўпу пачуліся крыкі: "Так, правільна". Затым выступіў рабочы Сідараў Пётр: "... святкаваць мы будзем і на свята на працу не пойдзем". Рабочы Чарняўскі Фёдар: "... яны хочуць нас адлучыць ад нашай веры, але мы сябе ў крыўду не дадзім". Тым не менш, вынікі галасавання былі наступныя: за перанос Вялікадня25, супраць19. Падняўся вялікі шум, і тады рабочыя Сідараў і Галавяшка звярнуліся да прысутных пакінуць клуб. Праз некалькі дзён адбылася канферэнцыя, але ў знак пратэсту супраць змены парадку дня, большасць рабочых сыйшла і сарвала правядзенне канферэнцыі. Між тым на канферэнцыі выступіў рабочыкаталік Сарока Станіслаў, які сказаў: " Мне асабіста не важна тое, што я адсвяткаваў свой Вялікдзень, але мне важна тое, калі Вялікдзень будуць святкаваць усе веруючыя як каталікі, так і рускія, нам у гэтых адносінах трэба злучыцца і не слухаць розных . . . камуністаў". Як вынік , фабрыка 24 і 25 красавіка не працавала.

У 1937 годзе ў Шклоўскім раёне назіраліся масавыя выступленні сялян за аднаўленне зачыненых цэркваў. Вось як аб гэтым паведамляецца ў дакладной запісцы Шклоўскага райкаму партыі ў ЦК КП(б)Б ад 21 красавіка 1937 года: "7 красавіка, у дзень Дабравешчання, чалавек звыш 500 сялян сабраліся ў вёску Нічыпаравічы да царквы з патрабаваннем адчыніць царкву. . . Усёй гэтай падрыхтоўкай і выступленнем кіраваў поп Уладзіміраў, які служыў у Нічыпаравіцкай царкве да яе зачынення. . . Восем чалавек арыштаваны, усе аднаасобнікі, паантысавецку настроеныя элементы. . . У вёсках Стары Шклоў Рыжкавіцкага сельсавету і Барэцкі КаменаЛаўскага, дзе царквы зачынены, але не адчужаны, назіраецца некаторае ажыўленне з боку часткі аднаасобнікаў і калгаснікаў за адчыненне гэтых цэркваў. . ." У адпаведнасці з палітычнай атмасферай таго часу арганізатары выступленняў былі абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і выкарыстанні рэлігіі ў контррэвалюцыйных мэтах.

13 чэрвеня 1937 года "невядомыя" разбілі і зрабавалі абраз Божае Маці ў славутым касцёле ў вёсцы Фашчаўцы. Далейшых здарэнняў не трэба было чакаць доўга 9 кастрычніка "за касцёл" былі ўзяты ксёндз Пётр Януковіч, арганіст Марцін Сякацкі, старшыня касцёльнага камітэту Ігнат Давідовіч, бацька і сын Крупенькі, і яшчэ 9 іншых парафіянаў. Пасля працэсу, што апісваўся ў шклоўскіх газетах, яны былі растраляны на працягу тыдня. Як успаміналі жыхары, ксёндз раней казаў ім:" Вучыцеся хрысціць, бо не стане ксяндзоў". Будынак касцёла ацалеў у гады апошняй вайны, а вось 24 снежня 1967 года "касцёл лёгка ўзняўся і апаў. Снег быў чырвоны быццам ад крыві, ад цаглянага пылу". Народная чутка расказвала, што на мурах касцёла быццам бы з'явілася Божае Маці, якая плакала. Увогуле Фашчаўская парафія цікавая з'ява на Беларусі. Вось як пісаў пра гэты касцёл у пачатку 20 стагоддзя, святар Канстанцін Стэповіч, вядомы ў беларускай літаратуры як паэт Казімір Сваяк: "Стройны касцёл, найвялікшы на Беларусі, ёсць асяродкам парафіі. Кругом гавораць чыстай мовай беларускай. Айцы езуіты калісці далажылі вялікай працы, каб беларус не страціў сваёй мовы. Выдалі яны беларускі катэхізм, навучалі па беларуску, вучылі песняў. . . Ідуць туды ахвотна і не чуваць між імі жыцця распушчанага, немаральнага. . Вялікія святыфэсты збіраюць у Хвашчоўцы цэлыя грамады беларусаў, нават з мест далёкіх бо далёка разышлася слава Дзевы Марыі Хвашчоўскай."

Сціплыя звесткі захаваліся аб тых людзях, якія сталі ахвярамі таго жудаснага часу. Акрамя тых, што згаданы ўжо вышэй, архіўныя крыніцы паведамляюць нам наступныя прозвішчы праваслаўных і каталіцкіх святароў, рэлігійных актывістаў, меўшых дачыненне да Шклоўскіх мясцін:

1. Афанасьеў Міхаіл Іванавіч, святар. Асуджаны ў 1933 годзе, расстраляны.

2. Баравік Ян, ксёндз. Расстраляны 27 жніўня 1937 года ў Менску.

3. Бекарэвіч Павел Аляксеевіч, святар. Асуджаны ў 1930 годзе на 3 гады высылкі.

4. Валуська Нікіфар Пятровіч, святар. Асуджаны ў 1937 годзе на 10 гадоў.

5. Вярыга Юзаф, ксёндз. Арыштаваны ў 1933 годзе. Праўдападобна, быў расстраляны напрыканцы 30х гадоў.

6. Гуслеў Міхаіл Ягоравіч, святар. Асуджаны ў 1937 годзе, расстраляны.

7. Каваленка Анісім Аляксандравіч, святар. Асуджаны ў 1930 годзе на 5 гадоў.

8. Казлоў Фама Захаравіч, дыякан. Асуджаны ў 1930 годзе на 5 гадоў.

9. Карповіч Павел, ксёндз. Арыштаваны 5 красавіка 1927 года і сасланы ў Вятку, дзе знаходзіўся на працягу 4х гадоў.

10.Карпушаў Кірыла Венядзіктавіч, член царкоўнага савету. Асуджаны ў 1937 годзе, расстраляны.

11. Кузькоў Гаўрыла Ільіч, актыўны царкоўнік. Асуджаны ў 1937 годзе, расстраляны.

12. Курневіч Восіп Пятровіч, святар. Асуджаны ў 1932 годзе на 5 гадоў.

І3. Лазуркевіч Сяргей Міхайлавіч, святар. Асуджаны ў 1937 годзе, расстраляны.

14. Рэмухаў Ігнат Фаміч, стараста царквы. Асуджаны ў 1933 годзе, расстраляны.

15. Самініч Васіль Іванавіч, святар. Асуджаны ў 1930 годзе, на 10 гадоў.

16. Снытко Міхаіл Ксенафонтавіч, дыякан. Асуджаны ў 1933 годзе на 5 гадоў.

17. Стальмакоў Захар Васільевіч, царкоўны стараста. Асуджаны ў 1932 годзе на 3 гады.

18. Сцяпанаў Антон Ціханавіч, святар. Асуджаны ў 1932 годзе на 3 гады , у 1937 на 10 гадоў.

19. Трызонаў Іван Антонавіч, царкоўны стараста. Асуджаны ў 1937 годзе, расстраляны.

20. Туманаў Гаўрыла Іванавіч, святар. Асуджаны ў 1929 годзе на 3 гады высылкі.

21. Шаціла Альбін, ксёндз. Першы раз арыштаваны ў жніўні 1929 года і вызвалены ў 1930 годзе. Паўторна арыштаваны ў студзені 1932 года і асуджаны на 10 гадоў, сасланы ў Салаўкі. Расстраляны 3 лістапада 1937 года.

22. Ярашэвіч Станіслаў Антонавіч, ксёндз. Арыштаваны ў 1937 годзе.

Праўдападобна, быў расстраляны ў Менску ў тым жа годзе.

Безумоўна, архіўныя крыніцы захавалі не ўсе прозвішчы. Ахвярамі ваяўнічага атэізму стала значна болып людзей, і гэта толькі ў адным Шклоўскім раёне. Знішчэнне рэлігійных каштоўнасцяў праз пэўны час прынясе вялікае зло ўсяму нашаму насельніцтву. Таму зноў хочацца прыгадаць словы Вялікага Хрысціяніна Яна Паўла II, які яшчэ зусім нядаўна звяртаўся з імі да пілігрымаў з Беларусі: "Свабоду недастаткова толькі мець, яе неабходна пастаянна здабываць, тварыць." Аб гэтым неабходна помніць заўсёды.

А. Грудзіна, горад Шклоў, студзень 2006 года.


Беларуская гісторыя ў вобразах: раман у палотнах

У прыватным музеі выяўленчага мастацтва ў Стары Дарогах (фонд Анатоля Белага) экспануецца шмат розных палотнаў. У асноўным рэалістычнага кірунку, хоць ёсць у яго экспазіцыі творы мадэрнісцкага кшталту, экспрэсіянісцкага і імпрэсіянісцкага кірункаў. Няма ў яго калекцыі толькі ўзораў сацыялістычнага рэалізму. Бо Анатоль Яфімавіч лічыць, што сама дэфініцыя "сацыялістычны рэалізм" была для мастакоў таямніцай - ніхто дакладна не ведаў, што гэта такое. Затое, галоўная устаноўка была ў тым, што сацыялістычна рэалізм - гэта такі від мастацтва, які адлюстроўваў рэачаіснасць такой, якой яна павінна быць для дабрабыту краіны і сацыялістычнай Радзімы.

Тут важнай была ні нейкая праўда жыцця, а тое, якой была накіраванасць гэтага адлюстравання. Таму трэба было паказваць рэчаіснасць такой, якой гэта было патрэбна, хоць гэтага магло і не быць на самой справе.

Другая ўстаноўка сацрэалізму: гэты кірунак мастацтва павінен быў быць сацыялістычным па зместу і нацыянальным па форме. Але ніколі гэтая ўстаноўка сацыялістычнага рэалізму не праяўлялася, і не віталася, калі ў творах сацрэалізму яна і з'яўлялася.

Безумоўна, мастацтва без нацыянальных каранёў было толькі фармальна мастацтвам. І Анатоль Яфімавіч у сваім музеі паказвае суайчыннікам тое, што ёсць іншае мастацтва - глыбока нацыянальнае.

Цяпер А. Белы і яго паплечнікі з клуба "Спадчына" заняты ажыццяўленнем градыёзнага мастацкага праекту по ўвекавечанню памяці знакамітых беларусаў - дзеячоў Беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Па словах спадара Белага, гэты праект закладзе падмуркі новага кірунку выяўленчага мастацтва ў Беларусі. Аб працы над яго ўзорамі і пра яго сутнасць распавядае Анатоль Белы:

-Так, сёння мастакісябры клуба "Спадчына" шмат працуюць, каб паказаць беларусам вобразы тых выбітных дзеячоў Адраджэння, якія заклалі падмурак Беларускай Дзяржаўнасці і Незалежнасці. Для гэтага, напрылад, мастаком Алесем Цыркуновым напісана вялікая карціна "Студэнтыбеларусы Пражскага ўніверсітэту і іншых навучальніых устаноў Чэхіі". На гэтым палатне адлюстраваны партрэты больш за 30 маладых беларусаўстудэнтаў, якія навучаліся ў Чэхіі і ў будучым сталі самымі знакамітымі дзеячамі беларускай культуры і навукі.

Мастак Алесь Пушкін на сваёй карціне адлюстраваў беларускіх студэнтаў, што ў свой час вучыліся ў Віленскім універсітэце. Набытыя імі веды яны аддалі сваёй Бацькаўшчыне. Гэтыя людзі з'яўляюцца захавальнікамі нацыянальнай ідэі і ідэалаў Беларускага Адраджэння.

Трэцяя карціна створана народным мастаком Беларусі Уладзімірам Стальмашонкам і прысвечана выдаўцам і аўтарскаму калектыву часопіса "Калосьсе". Вакол гэтага выдання былі згуртаваны самыя таленавітыя, інтэлектуальныя сілы тагачаснай Вільні і Заходняй Беларусі. З часопісам "Калосьсе" супрацоўнічалі Танк, Васілёк, Станкевіч, Бярозка, Шырма - цэлае суквецце дзеячоў беларускай культуры, якія ўнеслі неацэнны ўклад у нацыянальную культуру. Многія з аўтараў і выдаўцоў "Калосься" былі рэпрасаваныя, а некаторыя па чатыры разы, як, напрыклад, Рыгор Шырма.

Наступны твор выяўленчага мастацтва будзе прысвечаны дзеячам, якія заснавалі першую палітычную партыю на Беларусі - "Беларускую сацыялістычную Грамаду" (19021903). На ёй будуць прадстаўлены партрэты заснавальнікаў БСГ, партыі, сябры якой поўнасцю адарваліся ад пупавіны пальшчызны, заявілі аб імкненні да нацыянальных ідэалаў беларускага народа. Спачатку ў выглядзе беларускай нацыянальнай аўтаномі, а после і аб поўнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Твор на гэтую тэматыку ўдзяўся стварыць мастак Анатоль Крывенка.

У гэтым годзе спаўняецца 100годдзе з моманту заснавання газеты "Наша Ніва" і мастка Уладзімір Стальмашонак бярэцца стварыць карцінупрысвячэнне супрацоўнікам рэдкалегіі газеты "Наша Ніва". Бо вядома, што рэдакцыя гэтага выдання была мазгавым цэнтрам усяго беларускага нацыяынальнавызваленчага руху.

Трэба адзначыць, што ў музеі Я. Купалы ў Менску ёсць матэрыялы і палотны, прысвечаныя дзеячам "НН". Але там ніколі не было партрэту Уласава, братоў Луцкевічаў і іншых дзеячоў, якія былі звязаны з нацынальнавызвольным рухам Беларусі. На карціне У. Стальмашонка будзе прадстаўлена каля 20 асобаў, якія мелі адносіны з "Нашай Нівай", так званага "нашаніўскага перыяду" гісторыі Беларусі. Па задуме аўтара, гэты твор павінен стаць сапраўднай мастацкай квінтэсенцыяй у адлюстраванні ўсяго нацыянальнавызвольнага руху і тых, хто клапаціўся аб філасофскім абгрунтаванні незалежнасці Беларусі.

-Ці звярталіся вы да выдаўцоў сучаснай "Нашай Нівы" з прапановай аб сумеснай працы ў гэтым, вельмі важным для сучаснасці, накірунку культурніцкай працы?

-Я ім прапанаваў ажыццявіць сумесны праект. Але супрацоўнікі "Нашай Нівы" катэгарычна адмовіліся, матывуючы тым, што яны запланавалі свае выдавецкія праекты і не хацелі б улазіць у выяўленчае мастацтва.

Заўважу, мы ў кіраўнікоў сучаснай "Нашай Нівы" не прасілі грошы. Мы прапаноўвалі супрацоўніцтва - шырока паказаць перыяд стварэння і працу рэдакцыі "Нашай Нівы", наладзіць агульнае абмеркаванне, зрабіць агульную імпрэзу, прысвечаную гэтай падзеі…

Але рэдакцыя сучаснай "Нашай Нівы" поўнасцю адмовілася ад супрацоўніцтва, у чым я бачу нейкі рэцыдыў мястачковасці, які зусім не спрыяе кансалідацыі нацыянальных сіл.

-Але, Анатоль Яўхімавіч, вернемся да мастацкіх праектаў "Спадчыны". Над якімі яшчэ палотнамі працуюць беларускія мастакі, каб папоўніць прыватны музей у Старых Дарогах?

-У 2006 годзе адзначаюцца 85я ўгодкі з дня заснавання такога важнага інстытута нацыянальнавызвольнага руху, як "Беларускай сялянскаработніцкай Грамады". Гэта гісторыя Заходняй Беларусі, гісторыя барацьбы беларускага народа. Гэтай даце таксама будзе прысвечана асобная карціна, што мы змесцім у музеі выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах.

Зноў жа, у гэтым годзе адзначаецца 85годдзе з дня стварэння "Таварыства беларускай школы", заснавальнікамі якой сталі Б. Тарашкевіч, А. Уласаў і іншыя. ТБШ, "Грамада" ў свой час замаглі прыцягнуць у свае шэрагі 150 тысячаў сяброў! Гэта была моцная нацыянальная сіла... Нам сёння трэба вывучаць іх досвед, чаму яны змаглі, а мы не. Я думаю, ёсць над чым прызадумацца.

Мастак А. Пушкін будзе рабіць карціну, прысвечаную выпускнікам Віленскай беларускай гімназіі - кузні беларускіх нацыянальных кадраў. Хоць гэтая гімназія давал толькі сярэднюю адукацыю, але ў той час гэта была вартасная адукацыя і вельмі цанілася. На карціне будуць прадстаўлены заснавальнік Віленскай гімназіі - Іван Луцкевіч, некаторыя яе выкладчыкі. А іх было каля дзесяці чалавек. Гэта людзі, якія рабілі цяжкую працу народнай адукацыі ў неспрыяльных умовах.

Хачу нагадаць, што ў гэтым годзе будзе адзначацца і 100гадовы юбілей выдавецтва "Загляне сонца ў наша ваконца". Ужо створана адна карціна, прысвечаная гэтаму юбілею. Яе аўтар Г. Грак. Твор выкананы ў тэхніцы кампьютарнай графікі - зусім новай для Беларусі. Тэхніка вельмі цікавая. Я заказаў мастаку два асобнікі гэтай карціны. Адзін з іх я хацеў бы прэзентаваць музею Я. Купалы.

-Як вам, як кіраўніку праекту, удаецца здабыць такую рэдкую сёння іканаграфію, каб будучыя карціны адпавядалі гістарычнай праўдзе?

-Я вывучаю гэтую праблему дасканальна. І гэта займае ў мяне адпаведны час: на карціну ў мяне траціцца да аднаго месяца непружанай працы. Каб скараціць тэрміны падрыхтоўкі матэрыялаў, я вяду пошукі выяў для некалькіх карцін адразу.

Падругое, я сам збіраю архіў іканаграфіі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Карыстаючыся дапамогай сябрафатографа я пераздымаю гэтыя выявы. Напрыклад, у мяне цяпер ёсць каля 10 выяў Тарашкевіча, некалькі здымкаў Б. Кіта, Р. Астроўскага і іншых.

Пад гэтымі выявамі я пазначаю (бывае толькі прыкладна) той год, які адпавядае часу, што адлюстраваны на здымку. Тады гэтую выяву я прапаноўваю мастаку, як узор, калі яна падыходзіць па ўзросту той асобы, што будзе выяўлена на карціне.

-Дзевяць вялікіх палотнаў - гэта рэальнае папаўненне скарбонкі музею ў Старых Дарогах. Ці ёсць для іх падыходзячае памяшканне?

-Так, карціны будуць захоўвацца ў маім музеі. Пад іх размяшчэнне будзе аддадзена новая зала, якая і будзе прысвечана толькі гэтым творам. Другога месца для іх размяшчэння ў Беларусі пакуль няма.

Усе асобы, прадстаўленыя на нашых карцінах, будуць названыя паімённа: іх прозвішчы будуць напісаны на задніках карцін, а таксама, на спецыяльных шыльдах пад карцінамі.

-Сваім праектам разам з мастакамі вы ставіце значна больш шырокія задачы, чым толькі ўшанаванне памяці і заслугаў лепшых сыноў Беларусі…

-Упершыню хачу дасягнуць таго, каб тыя карціны, якія ствараны высілкамі сяброў клуба "Спадчына", прадставілі гледачам, пасутнасці, новы кірунак у беларускім выяўленчым мастацтве. Гэта кірунак нацыянальнагістарычны. Бо гэты кірунак як нацыянальны па форме, так і нацыянальны па зместу. Яго сутнасць такая: форма з'яўляецца змястоўнай, а змест аформлены ў нацыянальным каларыце і кірунку. Таму я лічу, у твораў нацянальнагістарычнага кірунку можна назіраць поўнае дыялектычнае спалучэнне формы і зместу. І гэта дае мне права гаварыць аб стварэнні новага стылю ў выяўленчым мастацтве - нацыянальнагістарычнага.

У Беларусі гэтага кірунку, як асобнага, не было. Калі хто і рабіў нешта ў гэтай вобласці, то гэта было фрагментарна, спантанна, неасаэнсавана, часта пляжылася...

Былі свае дасягненні і ў А. Крывенкі, і ў М. Несцярэўскага, былі цікавыя творы такога кшталту і ў А. Цыркунова, А. Марачкіна, Я. Куліка і іншых. Але ў іх былі толькі эпізадычныя спробы. А тут мы ствараем гістарычна вартасныя тэматычныя карціны. Нагадаю, тэматычная карціна - з'яўляюцца вышэйшым творам, эталонам выяўленчага мастацтва. Толькі яны могуць гаварыць пра развіццё нацыянальнага мастацтва. Гэтак сама, як раман у літаратуры.

Гутарыў Анатоль Мяльгуй.


ВЫМУШАНАЯ АВАНТУРА

Версія гістарычнай драмы. Час падзей 1600-1606 гг.

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Рангоні. Падзеі, ваша вялікасць, клічуць нас да дзеянняў, прадпісаных самім панам Богам...

Жыгімонт. Калі па праўдзе, ваша эмінэнцыя, то здаецца, я згодны з канцлерам Сапегам. А ён лічыць, што прыгажуня і разумніца Марыяна не палае каханнем да Дзмітрыя, як ён да яе. Хутчэй прага пашаны, славы і багацця, асляпіўшыя яе бацьку, спакусілі і дачку...

Рангоні. Рубікон пяройдзены, ваша вялікасць. І ці варта цяпер...

Жыгімонт (перапыняе). А за Рубі-конам - што?..


XVII

У сялянскай хаце пры свечцы ў тры-вожным чаканні сядзяць Васілій Шуйскі
і Васілій Галіцын.


Галіцын. Яго толькі па смерць пасылаць...

Шуйскі. А ён па яе, кашчавую, і пасланы...

Галіцын. На душы трывожна. Не было б бяды?..

Шуйскі. Усё будзе, як задумана. У Малчанава рука моцная і нож востры. А Шарафедзінаў душыць майстар. З царом Фёдарам і Мар'яй не без цяжкасцяў, але ж вунь як справіліся!.. Проста бляск...

Галіцын. Бляск... а грэх душу гняце. А зараз зноў...


Трайны стук з вуліцы, Шуйскі ад-мыкае дзверы. У зімовай вопратцы ўваль-ваецца Тацішчаў.


Шуйскі. Ну?!

Тацішчаў. Вады! А лепш бы...


Галіцын напаўняе медную конаўку з глінянага гляка. Тацішчаў прагна апа-рожнівае яе. Пераводзіць дыханне, садзіцца да стала, здымае аблавуху і б'е ёю аб падлогу.


Здаецца адпусціў...

Шуйскі. Хто каго адпусціў?

Тацішчаў. Страх, а хто яшчэ?

Шуйскі. Які яшчэ страх? І не мямлі!

Тацішчаў (памаўчаўшы). Такое бачыў... упасі і пранясі... Галаварэзы то нашы прамахнуліся...

Шуйскі (не верачы сваім вушам). Як прамахнуліся?!

Тацішчаў. Са стральцамі-ахоўні-камі мы хутка дамовіліся. Яны і Малчанава, і Шарафедзінава ў палац царскі прапусцілі. А тыя недацёпы на калідоры шум узняллі. Нашы галаварэзы збеглі ўдала, а семярых стральцоў, што на варце стаялі, схапілі. Да раніцы я хаваўся, а потым пераапрануўся і пайшоў суд-расправу над здраднікамі царскімі глядзець. Стральцы былі пастаў-лены каля палаца. Потым Басманаў прывёў тых семярых. Цар гаварыў з балкона ды так, што ў мяне ў носе зашчыпала.

Галіцын. Чым жа ён цябе так расчу-ліў?

Шуйскі. Брахаў, відаць, як заўсёды, сабака паршывы.

Тацішчаў. Каб брахаў, хто б яго слухаў?.. А стральцы літаральна апупелі. І не дзіва. Мне, кажа, вельмі шкада вас. Вы грубыя, неабчэсаныя і няма ў вас любові. Навошта вы заводзіце смуты? Бедная наша зямля і так пакутуе. Што ж вы хочаце яе давесці да канчатковага разору? За што вы хочаце загубіць мяне? У чым вы можаце мяне абвінаваціць? Пытаю я ў вас! Вы гаворыце, што я не сапраўдны Дзмітрый! Абвінавацце мяне, дакажыце і вы тады вольныя пазбавіць мяне жыцця! Мая маці і баяры таму сведкі. Я, кажа, жыццё сваё ў небяспеку не дзеля свайго вяртання аддаваў, а дзеля таго, каб пазбавіць народ ад крайняй галечы і няволі пад гнётам гнюсных здрад-нікаў. І далей: мяне, маўляў, да гэтага божы перст паклікаў. Магутная рука дапамагла авалодаць тым, што належыць мне па праву. Гаварыце, гаварыце прама, гавары-це свабодна, за што вы мяне не любіце?!

Сам у слязах, а стральцы ўкленчылі і загаласілі праўдзіва: «Цар-гасудар, змілуйся, мы нічога не ведаем. Пакажы нам тых, што нас агаворваюць!» Басманаў і падштурхнуў тых семярых, што нам пра-даліся на загубу цара. Вось, кажа, яны, хрыстапрадаўцы... Разарвалі ўсіх на ка-валкі - дзе рука, дзе нага... А мне паду-малася грэшным дзелам: скажы ён такое слова слёзнае і душэўнае дваранам і баярам думным, і нас разарвуць і кішкі расця-гаюць... Так пэўна толькі Хрыстос перад смерцю гаварыў. А мы як папугаі заморскія талдычым адно і тое ж: самазванец, лжэцар, злодзей...

Шуйскі. Баязлівец ты, Міхайла, і дурань. Такім і падохнеш.

Тацішчаў. А ты мяне не дурач і не канфузь ні за што, ні пра што. Я табе не халоп з канюшні! Цар мяне самога надысь дараваў, як я яго абхаміў без дай прычыны. Таму што ёсць у яго божая іскра за душой. Ці пра лютасць Гадунова забыліся?!

Шуйскі. Калі ён дараваў хамства, то мы табе адступніцтва не даруем. І замо-чыць цябе той жа Шарафедзінаў, як цара Федзьку замачыў. І я табе скажу...

Тацішчаў (паныла). Гэты замочыць, як ад цябе каманду пачуе...

Галіцын. Вось і сядзі моўчкі, калі князь Васілій Іванавіч гаварыць нава-жыўся!..

Шуйскі ... каб у цябе не толькі ў носе зашчыпала, а дых пятлёю перахапіла. Змову нашу самазванец з дапамогай сакратара свайго Бучынскага раскрыў. Безабразаў мне дакладна данёс. І баяры цяпер будуць сядзець як мышы пад венікам. А мы ў хаце гэтай... А ты, Міхайла, як царом пашкада-ваны, з вернымі людзьмі і пачнеш у народзе ропат падымаць ды плёткі плесці. Пады-маць ды наказ мой памятаць, што аднымі чуткамі, што цар у нас не сапраўдны, ні храна не падымеш. Народ любіць і верыць злодзею, што ён не злодзей і не самазванец. І мацней за ўсякую вышэйшую ўладу гатовы караць ворагаў царскіх. Назаві толькі хто цара не сапраўдным, той і прапаў: хоць ён баярын, хоць дваранін, хоць князь, а то і міранін просты - зараз укакошаць ці ўтопяць. У іх адзін адказ: «Як жа не сапраўдны, калі маці родная прызнала яго?» А таму, Міхайла, будзеш узбуджаць ропат народа і ў першую чаргу таго, які цямней ды дурней і найперш тым, што цар замежнікаў любіць, у іх вопратцы ходзіць, абжыраецца і ўпіваецца з інавернымі герэтыкамі, пастоў не блюдзе, музыку завёў, у манастыроў хоча ўсё багацце і зямлю адабраць, казну траціць без толку, вайну з туркамі хоча распачаць, дражніць шведаў Жыгімонту ва ўгоду, а галоўнае, пры дапамозе царыцы і палякаў паганых святую Русь пад Рым падвесці збіраецца, а баяр хоча звесці ўсіх пад корань.


Раздаецца стук у дзверы. Галіцын задзімае свечку.


XVIII

Царская спачывальня. У лёгкай ба-льнай сукенцы і залатых упрыгожваннях прыбягае Марына і кідаецца на царскае ложа. Ад знямогі раскідвае рукі, скідае туфелькі, адпачывае.

Уваходзіць Дзмітрый. Апрануты ён ў еўрапейскае, святочнае.


Марына (з палёгкай). Змарылася да паўсмерці...


Стаўшы на калені перад ложкам пад балдахінам Дзмітрый нахіляецца над Ма-рынай. Вусны іх зліваюцца ў доўгім па-цалунку. Нарэшце Марына вызваляецца
і садзіцца на ложы.


Так і задыхнуцца можна...

Дзмітрый. Я і задыхаюся з таго моманту, як сустрэў вясельны картэж. А тут гэта каранацыя, вянчанне, вяселле, балі, пірушкі, танцы каторы дзень без перадыху. Як не задыхнуцца? А начаваць ты ўцякаеш да сваёй гофместэрыні...

Марына. А ты думаў...

Дзмітрый. Я толькі пра гэта і думаю. І сёння ты ад мяне не ўцячэш. (Горача цалуе Марыну.) А зараз я распрану цябе без гофместэрыні.

Марына (ускочыўшы з ложа). Не! Не! Не!..

Дзмітрый. Як не? Ты ж не толькі царыца, але і жонка мне?..

Марына. Я яшчэ і матуляй стаць хачу сыночку нашаму... (Прыхінаецца да Дзмітрыя.)

Дзмітрый (абдымаючы Марыну). Мілая, харошая, любая мая Марыначка, а я табе пра што?

Марына. З-за гэтага вяселля ты п'еш каторы дзень. Усё адно як хочаш, каб наш сынок быў падобны на таго недапечанага цара Фёдара?.. Вось і ўцякаю...

Дзмітрый. Я гэта сёння з самай раніцы зразумеў.

Марына. Нарэшце...

Дзмітрый. І віна не прыгубіў нават. Ці не бачыш? Цвярозы, як...

Марына. Бачу, таму і не ўцякаю. (Лашчыцца да Дзмітрыя цалуе яго.)


Дзмітрый абдымае Марыну, рука яго расшнуроўвае сукенку за спіною. Гэту уверцюру перапыняе рэзкі стук у дзверы спачывальні.


Дзмітрый (у ярасці). Хто?! (Хапае турэцкую шаблю.) Засяку, мярзотніка! (Адчыняе дзверы.)


На парозе ўстрывожаны Басманаў.


Басманаў. Даруй, гасудар! Але ў Маскве змова супраць цябе.

Дзмітрый. Глупства!

Басманаў. Але ж пра гэта і немцы даносяць...

Дзмітрый. Я пра змову і слухаць не жадаю! І даносчыкаў буду караць! (Выш-турхоўвае Басманава за дзверы.)

Марына (забірае ў Дзмітрыя шаблю і кідае яе на падлогу.) Супакойся, мілы. Калі ведаюць пра змову, то і папярэдзяць яе. А ты распрані мяне, калі ўжо абяцаў. Я ж табе не толькі царыца. (Задзімае свечкі.)


Сцэна зацямняецца. Пасля музычнай паўзы на прасцэніюме з'яўляюцца некалькі чалавечых фігур. Да царскай спачывальні асцярожна прабіраюцца Міхайла Тацішчаў і Грыгорый Валуеў. Іх сустракае Басманаў з палашом у руцэ. Звоняць званы, чуваць стрэлы, нарастае шум натоўпу. Ідзе ярасная бойка Басманава з Тацішчавым і Валуевым. Апачывальня асвятляецца асоб-нымі блікамі.


Дзмітрый (ускочыўшы з ложа). Марына- да гофместэрыні!


Марына выбягае праз запасны вы-хад. Дзмітрый бегае па спачывальні.


Шабля! Дзе мая шабля?!

Голас Басманава. Гасудар, ра-туйся!

Дзмітрый (знайшоўшы шаблю). Я ім не Барыс! (Адчыняе дзверы.)


Басманаў, адбіваючыся ад Таці-шчава, аказваецца ў спачывальні, замыкае яе дзверы. Ён паранены. Дзмітрый у разгубленасці.


Басманаў. Ай, гасудар, гасудар, не паверыў сваім верным слугам.

Дзмітрый (крычыць). Я ім не Гаду-ноў!


Змоўшчыкі спрабуюць выбіць дзверы.


Басманаў. Ратуйся, я памру за цябе!


Дзмітрый выбягае праз запасны выхад. Дзверы расчыняюцца. Кароткая схватка і Басманаў падае мёртвым ад ўдару кінжала Тацішчава пад сэрца. Змоў-шчыкі прабягаюць праз спачывальню. Спа-чывальня зацямняецца, прасцэніюм асвят-ляецца. З палаца даносіцца плач і лямант жанчын. Прастору запаўняе трывожны перазвон. На прасцэніюме з'яўляецца Таці-шчаў з трыма змоўшыкамі. Да іх падбягае Валуеў.


Тацішчаў (пагрозліва). Ну, што? Упусцілі голуба сізага, недавяркі лапавухія!

Валуеў. Не ўпусцілі. Па пераходу пераляцеў голуб у каменны палац і з другога паверху сігануў ў акно пад ахову стральцоў. Вывернуў нагу, ударыўся галавою, абамлеў, але яшчэ дыхае.

Тацішчаў. Сюды яго цягні!

Валуеў (да аднаго са змоўшчыкаў). Дапамажы мне, Ваейкаў!


Валуеў і Ваейкаў знікаюць і адразу ж валакуць за ногі апрытомнеўшага Дзмі-трыя. Тацішчаў адыходзіць убок, кліча да сябе Ваейкава.


Тацішчаў. Пашукай, і тэрмінова, князя Шуйскага... Васілія. Скажы няхай царыцу Марфу прывядзе.


Валуеў знікае.


Валуеў (Дзмітрыю). Ну што, нечас-цівую польку ў жонкі ўзяў, казну мас-коўскую ў Польшчу хацеў вывезці, а нам лацінскіх папоў прывезці?.. Гавары, свістун, хто ты ёсць, завуць цябе як?..

Дзмітрый (прыпадняўшыся на ло-каць). Вы ведаеце, што я цар Дзмітрый. Вы мяне прызналі і вянчалі на царства. Калі цяпер не верыце, спытайце маці маю; вынесіце мяне на Лобнае мейсца, дайце гаварыць народу...

Тацішчаў (падышоўшы бліжэй, Валуеву). Дабраславі яго, Грыша, на размову з народам, пакуль маці не пры-йшла...

Дзмітрый. А-а... Думны дваранін Тацішчаў... Пашкадаваў я цябе, халуя хамаватага...


Валуеў страляе ў Дзмітрыя з ка-рабіна. З'яўляецца Шуйскі і Галіцын з царыцай Марфай. Яна доўга глядзіць на забітага Дзмітрыя, хрысціцца, шэпча малітву.


Шуйскі. Гавары, царыца Марфа, ці твой гэта сын?!

Марфа. Было б мяне спытацца, калі ён жывы быў, а цяпер, як вы яго забілі (хрысціцца), ён ужо не мой...



Эпілог


Леў Сапега і Крыштоф Радзівіл за сталом.


Сапега. Прадчуванні ў мяне самыя дрэнныя, князь Крыштоф.

Радзівіл. А можа, падмацаванне ў тысячу шабель, якое прывёў у Маскву Мнішак, якраз і ўмацуе бяспеку Дзмітрыя?..

Сапега. Бяспеку, можа, і ўмацуе, але не яго становішча ў такой краіне. Потым, чым больш у Маскве палякаў, ліцвінаў ды і тых жа казакоў, тым больш шансаў у змоўшчыкаў узбудзіць народ супраць чужынцаў-лацінянаў,

Эпілог


Леў Сапега і Крыштоф Радзівіл за сталом.


Сапега. Прадчуванні ў мяне самыя дрэнныя, князь Крыштоф.

Радзівіл. А можа, падмацаванне ў тысячу шабель, якое прывёў у Маскву Мнішак, якраз і ўмацуе бяспеку Дзмітрыя?..

Сапега. Бяспеку, можа, і ўмацуе, але не яго становішча ў такой краіне. Потым, чым больш у Маскве палякаў, ліцвінаў ды і тых жа казакоў, тым больш шанцаў у змоўшчыкаў узбудзіць народ супраць чужынцаў-лацінянаў, католікаў, казацкай вольніцы, якіх прывёў цар. Высакародны ўчынак Дзмітрыя з памілаваннем Васілія Шуйскага не зменшыў у гэтым амбітным родзе смяртэльнай нянавісці да новага цара.

Радзівіл. Леў Іванавіч, не будзем браць цара голай рукой. Малады, энергіч-ны, разумны, адукаваны, выхаваны ў лепшых еўрапейскіх традыцыях. Потым, папярэджаны своечасова. Народ яго прыняў і ўберагчы павінен...

Сапега. Павінен, а ці ўберажэ? І як яшчэ павядзе сябе Марына? Сам ведаеш, хто у яе дарадчыкі. І ці хопіць волі ў закаханага ўтрымаць яе ў пэўных рамках? Жанчына амбітная і каталічка фанатычная.

Радзівіл. Пыха, асабліва польская, яна заўсёды пыха. І нас, Радзівілаў, больш непакоіць пыха караля Жыгімонта. Ці не ахвяруе гэты швед не толькі Мнішакам і яго дачкою, але і Дзмітрыем у імя ўласнага вацарэння на маскоўскім пасадзе ці ў лепшым выпадку ён уважыць баяраў і дасць ім у цары свайго сына Уладзіслава...

Сапега. Гэта было б тое самае, што і аддаць сына ў закладнікі ці нават у ахвяру малоху бясконцых войнаў Масковіі з Рэччу Паспалітай.

Радзівіл. Вы ўвесь час думаеце пра горшае...

Сапега. Работа ў мяне такая, князь Крыштоф. Я не магу, не павінен дапусціць горшага. Дзмітрый - гэта адзіны шанец спыніць войны калі не назаўсёды, то надоўга. Шаней павярнуць Русь ад азіяцкай дэспатыі да людскасці, да Еўропы.


Уваходзіць Чалавек Сапегі ў даро-жнай вопратцы. Ён без барады. Стомлена спыняецца каля дзвярэй. Запытальна глядзіць на Сапегу, пераводзіць погляд на Радзівіла.
Паўза зацягваецца.


Сапега (сам сабе). Здаецца прад-чуванне мяне не падманула. (Радзівілу.) Мой чалавек з Масквы...

Чалавек Сапегі. Цар Дзмітрый забіты...


Сапега і Радзівіл устаюць з крэслаў.


Сапега (пасля доўгай паўзы). Вялі-кая ідэя і надзея - таксама... (Пасля паўзы.) Ва ўгоду нейкаму чарговаму самазванцу яны забілі свайго сапраўднага дынастыч-нага цара.

Радзівіл. Забойства справакавалі Мнішак? Пасол Рангоні? Марына?..

Чалавек Сапегі. Мяркую, што падставу дала ахова Мнішака. Ахвочага войска ў Маскве назбіралася больш, чым патрэбна было Дзмітрыю. Рангоні трымаў сябе асцярожна, Марына - прыстойна. Каб царэўна-інаверка не выклікала нараканняў хрысціян праваслаўных, Дзмітрый дамогся яе прычашчэння ў патрыярха, яна навед-вала грэчаскую царкву, ела мяса ў суботу, пасцілася ў сераду, і пятніцу, апраналася ў адпаведнасці з праваслаўным звычаем. Кротасцю сваёю, розумам і прыгажосцю за некалькі дзён выклікала любоў многіх баяраў і знакамітых асобаў і добрыя адносіны ў народзе. Цару давала парады больш займацца справамі дзяржаўнымі, збліжацца з рускімі, спыніць святкаванне сваёй перамогі.

Сапега. Упіваўся лёгкай перамогаю, каханнем і царскай раскошаю і не бачыў дамоклавага мяча...

Чалавек Сапегі. Так, Леў Іванавіч. Зацяжное святкаванне каранацыі і царскага шлюбу з любай жанчынай, а таксама павальнае п'янства прышлага ахочага войска вывела яго з падпарадкавання не толькі вайсковых начальнікаў, але і ваяводы Мнішака. Пачаліся гвалт, рабункі і нават смертазабойствы нават ціхмяных маска-вітаў.

І ноччу раздаўся набат. Вуліцы запоўнілі тысячы людзей, а сярод іх і атрады воінаў-маскавітаў, падрыхтаваныя змоў-шчыкамі. Сярод важароў змовы былі заўважаны князі Галіцыны, Шуйскія, Тацішчавы, Куракіны ды іншыя. Яны і кінулі ў натоўп кліч ратаваць цара, якога нібыта хочаць забіць палякі і ліцвіны. Натоўп, а з ім і змоўшчыкі-кінжальшчыкі пад зверхнасцю Васілія Шуйскага з крыжам у адной руцэ і мячом у другой кінуліся да царскага палаца. Няшчасце адбылося ў лічаныя мінуты, паколькі варта палаца была знята змоўшчыкамі яшчэ звечара... Потым пачалося збіенне перапітага войска на вуліцах і ў папярэдне памечаных дамах. Загінула каля чатырох тысяч, сярод іх многія знатныя асобы. Мнішакі, а ў іх ліку і Марына, Вішнявецкія, Любамірскія, Тарло, а таксама паслы Гансеўскі і Алясніцкі ацалелі і былі ўзятыя пад варту тымі ж баярамі-забойцамі. А раніцай нехта з натоўпу на Лобным мейсцы выкрыкнуў Васілія Шуйскага, і ён стаў чарговым самазванцам пасля Гадунова.


Павісае доўгая прыкрая паўза.


Сапега (свайму чалавеку). Пера-апраніся, адпачні з дарогі, а потым мы яшчэ пагаворым...


Чалавек Сапегі кланяецца і вы-ходзіць. Зноў прыкрая паўза.


Радзівіл. Дзе ж вы так прамахнуліся, шаноўны канцлер?

Сапега. Гэта не проста прамашка, князь Крыштоф. Гэта пачатак канца Вялі-кага Княства Літоўскага, Рускага і Жа-мойцкага.

Радзівіл. Усведамленне гэтага вамі, шаноўны наш сябар і паплечнік Леў Іва-навіч, аблегчае маё прызнанне ад усяго роду Радзівілаў, што, якім бы наш род магутным не быў, ён бадай што не здолее ў далейшым супрацьстаяць ці пярэчыць намерам караля і яго атачэння ў адносінах да Масковіі. Можа, разам з Каралеўствам і Княства наша ўстаіць перад азіятчынай... А вікторыя была такой блізкай і такой магчымай.

Сапега. Польскае каханне і расійскае дзікунства пазбавілі свае народы адзінай і апошняй магчымасці жыць у вечным міры і згодзе. І па наканаванні божым немагчыма змяніць ні суседзяў нашых, ні месца майго ліцвінска-беларускага народа паміж імі.

Заслона.


Алесь Петрашкевіч


Я і мая Бацькаўшчына

Гімн Роднаму краю

Бацькаўшчына мая, родная Беларусь, Маці мая, Зямля маіх бацькоў і дзядоў... Тут яны жылі і працавалі, маліліся Богу і пра-доўжалі свой род.

Дзе б я не быў, у Сібіры ці ў Вільні, заўсёды ёсць туга па Радзіме.

Шчыміць у грудзях, баліць сэрца. Але ў думках я заўсёды залятаю да Цябе, родная мая зямля - Маці. Ты гаротная і працавітая, дабразычлівая і шчырая... Крыва-вая зямля пад Белымі Крыламі - гэта Ты, мая Маці-Беларусь! Я - твой сын, ты мяне нарадзіла і ўзгадавала. З матчыным малаком я прыняў Хрысціянскаю веру і родною Мову, каб не памерці.

Бацькаўшчына! Родны кут, каханы. Я люблю Цябе. тваё поле, лес і сенажаць, што развярнуліся ўсім сваім хараством перад маімі вачыма. Я люблю Цябе, бо я частка гэтага. Люблю Цябе, мая Мова, родная, беларуская. Ты для мяне - неацэнны скарб, уліты ў маю душу маёй роднай маткай, калі я быў яшчэ ў калысцы.

Мне мроіцца, як ідуць і пяюць дзяўчаты, а сонца садзіцца за лесам. Гэта кранае за сэрца. Песня іх ліецца ўсюды і зліваецца з песняй салаўя і адбіваецца рэхам тут ля маёй роднай хаткі.

"Засцянковая хатка", - так гучыць яна сёння. Яе ведаюць шмат хто і многа дзе. Бо тут у бацькоўскай хаце я стварыў на-родны музей, каб захаваць спад-чыну сваіх бацькоў і дзядоў, а ў гэтым годзе выпусціў сваю кніжку пад такім назовам, якую прысвяціў сваім бацькам і брату, што спа-чываюць на Параф'янаўскіх мо-гілках. Гэта кніжачка і гімн род-наму краю. Сям'і і людзям...

Пры хатцы ёсць і каплічка, у якой ёсць дзе і Богу памаліцца. Сюды прыходзяць людзі, дзеткі, прыязджаюць святары, каб пра-весці набажэнства і прайсці па Малой Вашуноўскай Кальварыі, дзе ўстаноўлены крыжы і стацыі. Тут праводзім заўсёды Крыжовы Шлях Ісуса Хрыста. Малебен вядзецца на роднай мове.

Гучыць тут родная песня, сюды прыязджаюць самадзейныя ансамблі, нават, і з самой Вільні.

... Мой кут, мая хата - адзіная прастора, якую нельга страціць. За гэтую прастору я малюся і змагаюся ў імя Айчыны, Бацькаўшчыны.

Водар малой Радзімы, а гэта мой родны засценак Вашу-нова, заўсёды ў маім сэрцы: "... ціхая крывенькая вулачка, мат-чын садок са смачнымі яблыкамі; сажалачкі, чыгунка, лес, поле - усё тут міла і прыгожа".

Сёлета, менавіта 1 ліпеня 2006 г., напярэдадні Будскага Фэсту (Будслаў знаходзіцца ў 20-км ад Вашунова) ля "Засцянковай хаткі" будзе асвечанана фігура Маці Божай Засцянковай, якая з'яўляецца апякункай не толькі хаткі, але і ўсяго засценка. Я напісаў ужо Малітву да Яе:


Мая малітва

да Маці Божай Засцянковай Вашуноўскай


Матачка Божая, Маці Засценка,

Я голасна клічу Цябе.

Будзь з намі, заўсёды будзь з намі;

Сэрцы свае аддаём мы Табе.

Авэ Марыя...


Матачка Божая, Хросная Маці,

Ты ўсіх нас цяпер пашкадуй.

Вылеч нам раны на сэрцы

І ласкаю нас адаруй.

Авэ Марыя...


Матачка Божая, Маці Святая,

Чыстымі думкамі нас запалі.

Светам нябесным нашы галовы

Матачка Добрая нам асвяці.

Авэ Марыя...


Матачка Божая, Маці Засценка,

Нашым людзям памажы.

Ласкаю Бога Спрадведчнага

Ад грэху, ліхоццяў аберажы.

Авэ Марыя...


Матачка Божая, Маці Нябесная,

Нашаму Краю

Ты вольнасць падай,

Каб Верай і Праўдай

Табе мы служылі,

Дарогу знайшоўшы

да Бога ў Рай.

Авэ Марыя...


Матачка Божая, Маці Засценка,

У песнях і мольбах мы славім Цябе

Вечная памяць і вечная слава

Авэ Марыя, Табе .

Амэн.

... Гасцінная і добрая мая хатка. Яна заўсёды запрашае добрых людзей. Гэта стала ўжо традыцыяй.

Мая маці, а яе ласкава ўсе называлі "Баба Фэля" ніколі не выпускала з хаты, не пачаставаўшы людзей. Сюды людзі ішлі са сваімі радасцямі, горам і бядой і заўсёды атрымлівалі добрую параду.

Маці была глыбока набожнай жанчынай. Яна заўсёды імкнулася знайсці дарогу да Бога, і яна яе знайшла. Я ў гэтым упэўнены.

Пражыла яна амаль 80 год і ўсё ў працы і малітве. А памерла ціха, спакойна, нібы заснула. Пахавалі яе на Параф'янаўскіх могілках, побач са сваім Пятрусём (маім бацькам). Бо так яна захацела. У той дзень, калі яе хавалі, у Параф'янаўскім касцёле жалобна званілі званы. Усе ведалі, што праводзілі "Бабу Фэлю" ў апошні шлях. У касцёле праведзены быў малебен (святая імша), труна з нябожчыцай стаяла перад алтаром. Яна гэтага заслугоўвала.

Ужо потым Маці мне прыснілася і сказала: "Мне вельмі тут добра... яна вітала ў аблоках", а ў хаце абнавіўся абраз "Святая сям'я"

Гэта быў для нас усіх добры знак.

Яшчэ пры жыцці Маці я неяк сказаў: "Мамуся, я напішу некалі кніжку пра свой край, свой род і сваю сям'ю..." Яна адказала: "Толькі абы што не пішы...".

Вот гэта "абы што" з'явілася ў друку у гэтым годзе пад назовам "Засцянковая хатка".

Прэзентацыя маёй кніжкі адбудзецца 1 ліпеня 2006 г. (у 12.00.) у в. Вашунова Докшыцкага рна Віцебскай вобл.

"Засцянковая хатка" запрашае ў Вашунова - мой родны куточак Тваёй, Маці - Беларусь, Зямлі!

І ў заканчэнне працытую некалькі сваіх патрыятычных радкоў да Бацькаўшчыны.

Бацькоўскі кут

і Матчына старонка,

З Святым куточкам

у засценку там.

Мой родны край,

Радзімая Зямелька,

Я мушу пакланіцца

Ўсім вам!

Юры Гіль,

Вільня - Вашунова.


Суд над "Нівай"

У Дзень закаханых, дакладна на адну хвіліну да вызначанай гадзіны папрасілі ў залу нумар шэсць Беластоцкага раённага суда адзінаццацёра абвінавачаных, звязаныхз былой Праграмнай радай "Нівы". Такая пунктуальнасць у судах рэдкасць, беручы пад увагу тое, што на вакандзе справа тыднёвіка не была першай у гэты дзень. Так вось поўным ходам пачаўся працэс былога шэфа Праграмнай рады, галоўнага бухгалтара і дзевяці іншых членаў рады тыднёвіка, якія незалежна ад прапановы пракуратуры аб спыненні справы ў адносінах да іх, самі хочуць ачысціцца ад абвінавачанняў.

Яцак Сянкевіч (чарговы пракурор, які займаецца справай "Нівы") з пракуратуры БеластокПоўдзень ледзь не паўгадзіны прадстаўляў акт абвінавачання. З кожнай хвілінай усё цішэй. Адзін з абвінавачаных Юры К. устаў і папрасіў, каб адчытваў ён абвінавачанні гучней і больш разборліва.

- Зразумела, - прагучала з боку пракурора.

У судах у падобнай сітуацыі абвінавачанага да голасу на яго просьбу дапускае (або і не) старшыня судзейскага складу. У гэты раз так не было. Суддзя Кшыштаф Казлоўскі быццам бы недачуў і не заўважыў просьбы Юрыя К.

Раней аднак пракурор пачаў ад пералічвання абвінавачанняў і параграфаў, пад якія яны падходзяць, наконт былога шэфа Праграмнай рады Яўгена М. Пачаў ад абвінавачанняў у "вядзенні рахункаводства насуперак правілам закону аб рахункаводстве, падаванне несумленных дадзеных, а дакладна шляхам неадпаведнага кваліфікавання коштаў і прыбыткаў у справаздачных перыядах, нехраналагічнае вядзенне рахункаводчых кніг, адсутнасць дакументацыі, якая апісвае прынятыя прынцыпы рахункаводства..." Падобныя абвінавачанні прагучалі таксама ў адносінах да галоўнага бухгалтара Марыі П., а некаторыя з іх - лягчэйшага калібру ("дапушчэнне падавання несумленных дадзеных") у адносінах да апошніх. Двойцы галоўных абвінавачаных пракуратура паставіла галоўныя абвінавачанні, якія датычаць несумленнасці ў вядзенні рахункаводства ў 20012002 гадах і фальшаванне інфармацый у заявах на датацыі, сярод гэтага падаванне завысокіх інфармацый аб тыражы.

Яўген Мірановіч выступіў з заявай: "Ні адзін грош з публічных датацый не быў выкарыстаны на мэты іншыя, чым статутныя. Ні адна залатоўка не была змарнаваная ні прысабечаная (...). Заплатай за грамадскую дзейнасць былі прыніжаючыя допыты, бранне адбіткаў пальцаў, наезды паліцыі на кватэры, распазнавальныя здымкі ў газетах з чорным паяском на вачах і лавіна зневажальнай лухты распаўсюджванай пры любой нагодзе. (...) Ніколі не было ніякай сувязі паміж паказанай у заяве колькасцю тыражу і колькасцю прададзеных экземпляраў а сумай прызначаных Міністэрствам культуры датацый" , - пачулі людна сабраныя ў зале журналісты, сярод іх незалежнай прэсы з Беларусі ды верныя чытачы "Нівы".

Бухгалтарка Марыя П. прызналая да ўчынення некаторых памылак, але не да віны. Сказала м. інш.:

- Я не прысабечыла грошай.

- Рахункаводства было адпаведнае патрэбам нашым і такога як мы згуртавання.

- У агульных справаздачах я зрабіла некалькі памылак, бо раней я рабіла нататкі і некаторыя магла памылкова расчытаць.

- Міністэрства пасля назначэння датацыі не патрабавала карэктур.

Дзевятка апошніх абвінавачаных таксама не прызнала сябе вінаватымі, не давала дэталёвых тлумачэнняў і не адказвала на пытанні.

- Мае веды зводзіліся да ведання, што бухгалтарка называецца Марыя, - дадаў адзін з іх.

- Я не разумею пастаўленых мне абвінавачанняў, - адзначыў другі.

- Маем давер да спадарыні Марыі П., - з націскам сказала чарговая абвінавачаная.

Праз паўтары гадзіны суд вызначыў чарговы тэрмін разбору. 10 сакавіка будуць дапытваць шасцёра сведкаў, сярод іх кантралёра НКП Роберта Скварку, заключэнні якога давялі да накіравання справы "Нівы" ў пракуратуру.

Да разбору ўважліва прыслухоўваўся старшыня сенацкай Камісіі па правах чалавека і законнасці Збігнеў Рамашэўскі. Тым часам, згодна з заявай віцастаршыні ПіС Адама Ліпінскага, ці следства супраць членаў рады "Нівы" вялося правільна, мае праверыць урад:

- Калі пацвердзіцца, што паявіліся нейкія няправільнасці, будуць наступствы, заявіў віцастаршыня ў размове з газетай "Rzeczpospolita". Як можна было спадзявацца, каментарыі ў справе разбору паявіліся таксама і ў беларускім друку. "Советская Белоруссня" цынічна інфармавала: "В общем, странно всё это. Особенно в свете обвинений, которые раздаются из Варшавы: мол, Минск прнтесняет польское меншиство. Ничего из вышеперечисленного в Беларуси не наблюдается и в помине".

Раіна Стэфанчук.

"Ніва", 26.02.2006.


Вось такія былі пачаткі "Нівы"

Размова з Георгіем ВАЛКАВЫЦКІМ

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

- "Ніва" друкавала таксама і палемічныя тэксты наконт хібаў у дзейнасці БГКТ, папікала ў бюракратызме (славутая навагодняя батлейка 1957 г.), "збаўцы" БГКТ стараліся "прыбраць да рукі «Ніву»" як Уладзімір Станкевіч...

- Я не хачу нічога кепскага сказаць пра БГКТ. Ды мне падабалася свабода. Ужо ў першай прамове новы старшыня ("Ніва", 21 верасня 1958 г.), дакараў "некаторых актывістаў", што прабуюць "не прыкмячаць значных дасягненняў" БГКТ і ўсіх абвінаваціў у блізарукасці. Аб'явіў "бязлітасную барацьбу" польскаму і беларускаму нацыяналізму, "урэальніў дарогу да агульнай мэты". Ахарактарызаваў гурткі, загадаў пазбіраць складчыны, пры кожным аддзеле стварыць эстрадную групу. Вызначыў "Ніве": кожны член і сімпатык БГКТ меў стаць карэспандэнтам "Нівы".

- Сярод ніўскіх рубрык пастаянная была "Хроніка БГКТ", "Людзі БГКТ", дзе прадстпаўляліся актывісты і простыя дзеячы Таварыства. Вось пра Кастуся Майсеню, дзе са здымка спаглядае ён малады, тады дырэктар будаўнічага павятовага прадпрыемства ў БельскуПадляшскім, кіраўнік павятовага аддзела Беларускага таварыства ў БельскуПадляшскім ("Ніва", 4.02.1958 г.). Рубрыкі пра вясковых настаўнікаў і настаўнікаў роднай мовы, інфарматаварыства ў БельскуПадляшскім ("Ніва", 4.02.1958 г.). Рубрыкі пра вясковых настаўнікаў і настаўнікаў роднай мовы, інфармацыі пра выдавецкія планы БГКТ, дакладныя аналізы дзейнасці Таварыства ў цэнтры і глыбінцы. Пісалі таксама дзеячы, настаўнікі, сяляне пра важнае для іх і набалелае. Цэлая старонка адводзілася на "Лісты... лісты... лісты..." Відаць, што беларускія справы гэта і арганізацыйныя, і ўсё, што роднае і важнае ў мясцовасцях Беласточчыны, і ўсё гэта кранала сэрцы карэспандэнтаў і проста чытачоў, якія браліся за аловак і пісалі ў сваю газету. Таму "Ніва" не была нейкім бюлетэнем Таварыства ды партыі, а жывой газетай, якую чакалі ў кожнай хаце. Ці станкевічаўскаму праўленню БГКТ была даспадобы нейкая "разняволенасць" беларускага тыднёвіка?

- Уладзімір Станкевіч быў родам з Бераставіцы, як і першы сакратар ПАРП у Беластоку Аркадзій Лашэвіч. Пра Лашэвіча было вядома, што ён - беларус, але гэтага не падкрэсліваў. Дарэчы, тыя лікі беларусаў на дзяржаўных ці партыйных пасадах гэта міфы. Калі нават які і трапляўся, дык хаваўся з гэтым, стараўся не паказваць, а нават даказаць, што ён не беларус, нават маючы тыпова беларускае прозвішча. Лашэвіч ніколі ў Таварыства не зайшоў. Наш старшыня падкрэсліваў дружбу з першай асобай у ваяводстве, праводзіў "рытуальныя" "размовы з Лашэвічам" у час пасяджэнняў Прэзідыюму ГП БГКТ. "Arkadziusz? Czesc! Tu Stankiewicz. Jak tam nasze sprawy?" Я спачатку не разумеў, чаму старшыня Станкевіч так шчыра запрашае мяне на розныя мерапрыемствы і ўласныя выезды. Аж зразумеў: трэба яму прыдворны пісьменнік, каб занатоўваць падзеі ды хваліць у газеце, як "першага".

- У Таварыства пайшоў быў Сакрат Яновіч. Ды гепісцкія функцыянеры С. Яновіч і Віктар Швед успамагалі рэдакцыю пяром. Станкевіч адышоў з пасады старшыні (1960), пакінуўшы па сабе Лідзію Бялецкую, якая прайшла гулагі, вярнулася ў 1956 г. Пабеларуску не гаварыла.

- Пасля "Апошняга пасяджэння" - навагодняй батлейкі ў "Ніве" (1962) Лідзія Бялецкая "ўзняла буру ў шклянцы". Героямі "Пасяджэння" былі: старшыня ГП (стары і новы), функцыянеры ГП - Юзвюк, Яновіч і Хлябіч ды паэт Барскі. Партрэт старшыні ў выкананні карыкатурыста не спадабаўся, як і іншыя яе партрэты ў "Ніве". Далажыла Лашэвічу аб маім непадпарадкаванні. На малюнку пад сталом валяліся парожнія бутэлькі! Угнявіў яе таксама першакрасавіцкі жарт пра кубак "Нівы", на які мела не паскупіцца "Betesca".

- Уладам не заўжды падабаюцца жарты. "Ніва" займалася справамі першараднымі, так сказаць, вартымі першых старонак растучай у сацыялістычную сілу краіны, але змяшчала таксама лісты, якія краналі паасобныя лёсы.

- Як допіс з просьбай паратунку ад Волькі Парфянюк са Збуча, якой суседка Наталля Б. заманьвала ейную курыцу да сябе на падворак. Да каго, як не да "Нівы" мела звярнуцца бедная сялянка (1,50 га), калі тая Наталля Б. - жонка старшыні грамадскай рады?..

- Самыя тэмы, так сказаць, прыходзілі ў "Ніву". Журналісты, разведвалі "тэрэн", самі вучыліся прафесіяналізму (адзіным журналістам са спецыялістычнай адукацыяй быў Міхась Хмялеўскі), а быў час, што... уся рэдакцыя вучылася. Уладзімір Паўлючук нават працуючы ў "Ніве" абараніў доктарскую дысертацыю.

- Быў такі час. Усе пайшлі ва універсітэт, нават наша машыністка Ніна Бручко. Вядома, шмат часу ішло ім на навуку, цяжка было выканаць план. Запрапанаваў я кожнаму рубрыкі і тэмы. На аўтарах мне залежала. Прапанаваў я пастаяннае супрацоўніцтва і пазарэдакцыйным аўтарам. Некаторыя крыўдзіліся: не друкуе "Ніва" іх тэкстаў. Вось Лена Глагоўская друкуе ў апошні час лісты Мар'яна Пяцюкевіча: "Ніва" несумленная, не друкуе ягоных матэрыялаў. А я ж памятаю - ішоў тэкст, толькі што пакуль сапраўды той допіс паказаўся, прайшло шмат часу. Гэта не сённяшняя тэхніка, кожны нумар тыднёвіка рыхтаваўся месяц наперад.

- Прафесар Белаказовіч успамінае, што "Ніва" адмовілася яго друкаваць.

- Дык жа гэта няпраўда. Перастаў нам проста дасылаць матэрыялы.

- У сваіх успамінах не забываеце пра ніўскія падзеі менш ці больш важныя. Дэбюты, нядрэнныя тэксты, карэспандэнтаў, іхняе паходжанне... Хваліце сваіх журналістаў, стары састаў, і новы - па чарзе, як Вы іх знаходзілі. Маецца такое ўражанне, што мелі Вы шчаслівую руку.

- Я і сам сустракаў шчаслівых людзей, якім я спадабаўся. Пачынаючы ад тых, хто мяне запрыкмеціў і запрапанаваў заданне. 3 удачлівым камандзірам і салдатам удачна. 3 таго першага саставу, калі нават хто і адышоў, то не пры мне памёр.

- Пералічвалі Вы ўжо па чарзе, хто прыходзіў у газету. Хто адціснуў свой след на старонках і ў свядомасці чытачоў, беларусаў. Вера Леўчук, Сакрат Яновіч, Уладзімір Паўлючук, Васіль Баршчэўскі, Міхась Хмялеўскі, Міхась Кураш, Мацей Канапацкі, Яніна і Пятро Чэрнякевічы, Віктар Рудчык, Мікола Гайдук, Янка Целушэцкі, Міхась Шаховіч - да адыходу ў "Кантрасты"... Юрка Трачук - да 1985 года, Ада Чачуга. Мела я гонар таксама быць адабранай з групы прэтэндэнтаў і прынятай Вамі ў калектыў як наймалодшы ў той час працаўнік, праўда, пасля 12гадовага супрацоўніцтва з газетай. Бывае, памяць падводзіць. Вы захавалі дакументы, лісты, нататкі, і памяць у Вас адметная. Што думаеце пра "адкрыцці", якія трапляюцца асабліва ў апошні час?

- Гэтыя "рэвеляцыі", бывае, моцна разыходзяцца з праўдай.

- Можаце развеяць "міфы" ці звычайныя хібы ў памяці? Я, як адзін з Вашых чытачоў, адчуваю давер Вашым словам.

(Працяг будзе.)

Размаўляла Міра Лукша. "Ніва", 26.02.2006.


ВАСІЛЮ СУПРУНУ - 80

іч (н. 10.3.1926, в. Глоўсевічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. краязнавец, археолаг, пісьменнік. Вучыўся ў Слонім-скай настаўніцкай семінарыі, скончыў Менскі пед. ін-т (1969). Настаўнічаў. У 1947 рэпрэсаваны. Пакаранне адбываў у Інце і Варкуце. Вярнуўся на Беларусь у 1956. 25 гадоў працаваў на будаўніцтве. Друкуецца з 1943. У вершах патрыят. пафас, роздум над няпростым часам: зб-кі «Крык» (1993), «Рэха абуджаных дзён» (1994), «Незабыўныя ксівы» (1997), «Жьшь для Беларусі» (1998). Як археолаг у 1963-69 вёў даследаванні ў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях. Кн. «За смугою часу» (1994), «Дзеі над Шчарай» (2000) прысвечаны археал. помнікам і гісторыі Слонімшчыны.

Я. Саламевіч.


Бусел на хаце - мір на зямлі

У сакавіку з кожным днём сонца прыгравая мацней. Прыкветна скараціліся ночы. Сонца глядзіць ласкава і прыветліва. Птушкі абвяшчаюць наваколле аб надыходзе вясны.

8 сакавіка - жаночы дзень, дзень вясны, радасці, кахання... Мужчыны робяць падарункі сваім любым, а жанчыны хочуць, каб гэтак было кожны дзень на працягу года.

У сакавіку шмат іншых святкаў: народных і рэлігійных.

Так, 13 сакавіка - дзень Васіля і Марыны.

У народзе казалі так: "У гэты дзень можна было прасці толькі тую воўну, якую не трэба слініць. Прасці лён і пяньку нельга ў гэты дзень, таму што, маўляў, можна "адслініць замураваную зіму" , у выніку чаго надыдуць зімовыя халады".

14 сакавіка - дзень Аўдакеі (Яўдокі).

Імя гэтай святой гучала і ў мужчынскай форме: "Аўдакей". Сярод сялян гэты дзень меў рытуальныя правілы. Калі мужчынам дазвалялася ўсё рабіць па гаспадарцы, то жанчынам нельга было прасці, а толькі гатовыя ніткі сукаць. А рэзаць можна было толькі тымі ножніцамі, якімі стрыглі авечак. Людзі у некаторых месцовасцях на Аўдакеі прыкмячалі, што калі ў гэты дзень "сонца добра свеціць і вол нап'ецца зпад страхі, то вясна будзе добрая" . У іншых мясцовасцях казалі так: "Калі на Аўдакея курыца зпад страхі нап'ецца, то на Дабравешчанне - вол" . Розным сваім надвор'ям Аўдакея давала свае прагнозы на будучае, бо яна "дзержа ў руце лета" .

Цёплы дзень варажыў цёплую вясну і лета і асабліва ўдалы сенакос; дождж - абяцаў ураджай на жыта; туман - на струковыя расліны; мароз гразіў прымарозіць пазней грэчку ў час яе цвіцення; рэдкія для гэтае пары завірухі, мяцеліцы прадказвалі вялікі холад на ўвесь год.

Да дня Аўдакеі як правіла, сыходзіў ужо снег, нярэдкім быў і галалёд, адчуваўся першы веснавы месяц, таму ў народзе гаварылі так: "Святы Аўдакей сокі збіраець" , альбо "На Яўдокі голы бокі" .

15 сакавіка - дзень Фядота, "мяцеліца ў дзень Хвядота падавала селяніну знак на няўдалы сенакос улетку: "На Хвядота занос - усё сена знясе".

19 сакавіка - па каталіцкім календары - Дзень Юзафа (Язэпа). На Вілейшчыне даўней гэты дзень увязвалі з прылётам бусла (бацяна). Гэты дзень народная прыказка мовіць: "Як Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою" . Яснае надвор'е прыносіла спадзяванні на добры ўраджай. Гэты дзень якраз прыпадае на перыяд паста вялікоднага, на які забараняліся шлюбныя вяселлі, а калі гэта часам здаралася, то ў народзе гаварылі: "Святы Язэп сярод посту шлюб дае толькі прахвосту".

Сёлета на Дзень Язэпа, прыпадае абвешчанае на 19 сакавіка 2006 г. галасаванне на пост Прэзідэнта Беларусі.

21 сакавіка - дзень святога Бенядыкта. У гэты дзень нарадзіўся ў 1840 г. Францішак Багушэвіч, якому пад час хрышчэння ў Рукойнскім касцёле далі яшчэ і імя - Бенядыкт.

Кожнаму свядомаму беларусу імя Францішак Бенядыкт Багушэвіч - святое. Ён ушанаваны належным чынам у ф. Свіраны, дзе створана святыня пад адкрытым небам - мемарыял, ды ў 2005 г. выйшла кніжка Ул. Содаля "Святы той куточак фальварак Свіраны".

Ушанаванне яго імені працягваецца. Мяркуецца гэта зрабіць і ў самой Вільні, менавіта ў касцёле св. Баўтрамея, што на Зарэччы, ды ўстанавіць Мемарыяльную дошку на будынку па вул. Арклю, 20 (Конская), дзе ён жыў пад час вяртання пасля амністыі ў Вільню. А вярнуўся ён якраз 25 сакавіка. На Звеставанне, "як тыя буслы".

25 сакавіка - Дабравешчанне (Звестанне), па каталіцкім календары. Вялікае Свята, у гэты дзень нават птушка гнязда не робіць. Лічыцца, што ў гэты дзень прылятаюць буслы.

Бусел (бацян) - прыгожая, велічная птушка, яна адна з сімвалаў Беларусі:

Ёсць цікавая кніга Ул. Караткевіча "Зямля пад белымі крыламі". Яна натхняе да любові да роднай зямлі, Беларусі, куды прылятаюць буслы з выраю. Пад іхні прылёт вельмі добра думаецца пра родны кут, свой засценак, пра "Засцянковую хатку", куды ў хуткім часе, як тым буслам, прыдзецца паехаць, каб устанавіць ужо зробленаю буслянку на стрэшцы роднай хаткі ды самога "бусла", з надзеяй, што яны там звіюць сваё гняздо і прынясуць шчасце людзям ды мір на зямлі.


ЗВЕСТАВАННЕ

Гняздо бусла над стрэшкай роднай хаткі,

Сімвал добрай весткі Боскай Маткі.

25-ты дзень сакавіка, Звеставанне -

Пара надзеі, веры і кахання.

Бацян не толькі весткі носіць,

Ён дзяцей і мір у сям'ю прыносіць.

Калі мы ўсе тут нешта важым,

Тады ў голас: "Мір", - мы скажам

А я скажу сваёй тут маці:

"Мір на зямлі - бацян на хаце!"


Вясна прыйшла, буслы прыляцелі,

Мы так чакалі, мы так хацелі.

Юры Гіль.


Наша праца ў сакавіку

Напрыканцы лютага мы здолелі давесці да ладу шмат важных спраў. Была даслана ў Міністэрства юстыцыі. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй закона "Аб грамадскіх арганізацыях", інфармацыя аб дзейнасці ТБМ за 2005 год.

Па стану на 1 лютага 2006 г. у кампутарнай базе ТБМ меліся звесткі пра 4911 сяброў ТБМ. З іх у Менску налічваецца 1966 чалавек. Гарадзенскай вобласці - 832, Віцебскай - 667, Менскай - 558, Берасцейскай - 387, Гомельскай - 359 і Магілёўскай - 148. Аднак на самай справе сяброў ТБМ значна болей. Іх лік пераважае 7000 асобаў.

Але спіса сяброў паступаюць марудна, асабліва з Магілёўскай і Менскай абасцей. Таму прашу Вас гэтую работу паскорыць, бо адпаведыя бланкі дасланыя ў кожную суполку. Зараз мы маем 5 зарэгістраваных абластных (разам з Менскай гарадской) структур, а таксама 42 раённыя і гарадскія структуры і 7 асобных суполак пастаўленых на улік. Асабліва мяне клапоціць наша становішча на Гомельшчыне, дзе мы маем толькі тры зарэгістраваныя структуры ў Светлагорску, Мазыры і Жыткавічах. Прыпынілася дзейнасць абласной арганізаціі, даўно не чуваць пра працу Гомельскай гарадской арганізацыі (кіраўнік сп. Зміцер Паўлавец). Гэта адзіная гарадская ў буйным абласным цэнтры, якая не стаіць на ўліку. Аднак у Гомелі актыўна дзейнічае некалькі асобных суполак і я вельмі прашу іх сяброў сабрацца разам, правесці гарадскую справаздачна - выбарчую канферэнцыю і паспрабаваць стаць на ўлік.

28 лютага у Міністэрстве юстыцыі былі перададзены адпаведныя змены ў статут ТБМ, прынятыя на паседжэнні апошняй Рады ТБМ 29 студзеня.

У канцы лютага мы атрымалі новую дамову аб працягу арэнды нашай сядзібы па вуліцы Румянцава, 13 да 4 студзеня 2007 года.

У канцы лютага ў нас узніклі праблемы з дастаўкай газеты "Наша слова" ў г. Менск. У "Саюздруку" прайшла рэформа сістэмы дастаўкі, і мы пакуль што ў яе не ўпісаліся. Апошнія нумары пашлі ў Менск па пошце, і мае месца значная затрымка. Мы прымаем меры для таго, каб сістэма дастаўкі запрацавала ізноў. Просім сачыць за шапікамі і набываць газету.

Што тычыцца падпіскі, то за апошнія два месяцы колькасць падпісчыкаў вырасла яшчэ амаль на сотню і складае зараз 1157 чалавек. Мы шчыра дзякуем усім сябрам ТБМ, якія папулярызуюць нашую газету і спадзяёмся, што нашымі агульнымі намаганнямі ў 2м квартале колькасць падпісчыкаў яшчэ павялічыцца. Рубеж у 1500 падпісчыкаў не такі далёкі.

З 1 сакавіка уступіла у сілу Пастанова Рады ТБМ аб новых памерах сяброўскіх складак на 2006 год у кожную суполку мы даслалі адпаведныя бланкі скарбовых лістоў і цяпер чакаем ад Вас складак. Вельмі дзякуем тым суполкам, якія ужо даслалі складкі за 2006 год і просім прабачэння за некаторыя недакладнасці і памылкі у нашых лістах: (а іх даслана у суполкі некалькі сотняў).

Таксама друкуем Пастанову Рады аб памерах сяброўскіх складак (узносаў).

Жадаю Вам усім плённай працы.

Старшыня ТБМ


МАЦЕЙ ДОГЕЛЬ

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Догель распачаў друк, нягледзячы на тое, што ўсяго падпісалася 20 асобаў як падае Машынскі упэўнены ў пратэкцыі караля і заахвочаны багатымі панамі. 16 лістапада 1758 г. на ўрачыстай аўдыенцыі ў Варшаве Догель з пашанай уручыў каралю Аўгусту III першы том. Гэты том уключаў дакументы, якія датычылі нямецкіх дзяржаваў, Чэхіі, Венгрыі, Францыі, Венецыі, Іспаніі, Галандыіі, наддунайскіх княстваў, а ў другой частцы датычылі правінцый, якія калісьці належалі Польшчы. Разам налічвалася там 480 дакументаў з 10671732 гадоў.

У тым самым годзе ў піярскай друкарні ў Вільні была выдадзена іншая праца Догеля, якая была цесна звязана па тэматыцы з кодэксам ( "Limites Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae" ), якая ўключала канвенцыі, якія акрэслівалі межы Рэчы Паспалітай. Як пісаў Я.А.Залускі: " Мацей Догель вучоны піяр , мой сябра , з рукапісу кнігарні князя новагродскага ваяводы з Прусаў шаноўных Ябланоўскага выдаў "Limites Regni..." . А тут маеш межы Польшчы , Літвы , Прусаў , Сілезіі , Прымор ' я , Расіі , Інфлянтаў , турэцкай зямлі і Брандэрбургіі " . Частка накладу прысведчана Юзафу Аляксандру Ябланоўскаму, другая ж Станіславу Вінцэнтаму Ябланоўскаму, а таксама Ігнацыю Сцыпіёну дэль Кампу разам з інфармацыяй, што таму апошняму піяры былі ўдзячны за друк Дыпламатычнага кодэкса, аднаўленне друкарні і забяспячэнне яе каштоўнымі рукапісамі.

Наступіў цяжкі для піяра 1759 год. Публікацыі не прыносілі спадзяваных вынікаў, і ўжо ў студзені ён павінен быў прасіць у Я.А. Залускага аб настойлівай іх рэкламе, бо прыгатаваныя тамы чакалі друку, а не хапала толькі фінансавых сродкаў. Тым часам (інфармацыя датуецца 17 красавіка) 700 асобнікаў першага тома дарэмна ляжалі на складзе. У хвіліны сумнення Догель марыў толькі аб тым, каб вярнуць грошы тым 20 асобам, якія вырашыліся падпісацца. Адчуваецца таксама горыч у сцвярджэнні, што "гэты край" не заслугоўвае каштоўных публікацый. Восенню піяр паслаў 100 асобнікаў першага тома ў Гданьск і 100 у Крулявец. Гэтая апошняя пасылка вынікала з умовы з тамашнім кнігагандлёўцам Янам Кантэрам, з якім у 1758 г. Догель заключыў вечны кантракт на продаж кнігі за межамі. Пачынанне, аб чым даведваемся з пазнейшых адносін, прынесла толькі страты: "высланая вялікая колькасць асобнікаў" , тамы I і V, напрацягу 13 гадоў не прынеслі ні граша, а калі разышлася вестка аб банкроцтве фірмы, толькі судовы працэс прымусіў вярнуць непрададзеныя асобнікі і грошы, а таксама скасаваць умову.

Але гэта не было канцом клопатаў вучонага піяра. Супраць публікацыі 2 тому, які датычыў Расіі і 3 тому, які быў прысвечаны Літве, запратэставаў (дзейсна!) прадстаўнік пецярбургскага двара. У гэтай сітуацыі Догель вырашыў прыгатаваць 5 том, які ўключаў бы матэрыялы пра Курляндыю (лен Рэчы Паспалітай), тым больш, што нядаўна была спрэчка пра каралеўскую пасаду, а тытул караля Курляндыі атрымаў сын Аўгуста III, каралевіч Караль. 1 верасня 1759 г. піяр звяртаўся да Я. А. Залускага па дапамогу, каб знайсці інвестытуру князя Фрыдэрыка курляндскага, учыненай ў Вільні 20 ліпеня 1633 г. каралём Уладзіславам IV. Да гэтай справы вярнуўся Догель у лісце 4 лістапада, просячы яшчэ пра іншыя дакладныя дадзеныя. Нарэшце тры тыдні пазней (25.ХІ) дзякаваў за тлумачэнні, якія адносіліся да Інфлянтаў і дадаў, што пяты том ўжо знаходзіцца ў друку і будзе прысвечаны князю Каралю.

Непрыемнасці сустракалі яго таксама з боку ўладаў літоўскай правінцыі. Ведаем, што падчас любяшоўскай капітулы (1759) былы правінцыял Себасцян Выкаўскі настойваў, каб Догель пакінуў капітулу. Гэта павінен быў быць выраз асуджэння за вольныя аперацыі з маёнткам віленскіх піяраў (асабліва за самавольную змену "фундушнага пляцу і камяніцы на іншыя").

Догель абараніўся, бо меў спецыяльны дазвол з нунцыятуры, "які вызваляў яго ад касцельных цэнзураў". Гэтае здарэнне паказвае, аднак, што дынамічная дзейнасць піяра выклікала моцную апазіцыю ў ордэне, а канфлікт узнік яшчэ раней (паколькі Догель спасылаўся ўжо загадзя на нунцыятуру). Можна меркаваць, што ў нерадасным душэўным стане вучоны піяр дабіраўся ў студзені ў Варшаву, каб уручыць пяты том князю Каралю. Напэўна, верыў у змену лёсу і ў хуткае пазбаўленне ад клопатаў. Затрымаўся ў варшаўскім калегіюме піяраў, напэўна, у Доме ксяндзоў выкладчыкаў, які знаходзіўся разам з усім піярскім комплексам на вуліцы Длугей. Там, аднак, наступіла вяртанне хваробы, якую схапіў яшчэ ў Літве. Можа менавіта празмерная паспешлівасць у тым, каб скіраваць да сябе прыхільнасць двара і атрымаць патрэбную падтрымку, спрычыніліся да хуткай смерці? Да смерці спрычынілася і нязручнае падарожжа, і клопат па прычыне "няўдзячнасці правінцыі", для якой зрабіў столькі дабра. На чацвёрты дзень пасля прыезду Догель адчуў унутраныя болі, якія паступова ўзмацняліся. 24 лютага, нягледзячы на лячэнне трыма варшаўскімі дактарамі, Догель памёр маючы няпоўныя 45 год. Дадамо, што два дні пазней ад падобнай хваробы памёр ў варшаўскім калегіюме прэфект музыкі Юст (Францішак) Каспар (1717-1760).


Спадчына

Трывалым і важным дасягненнем Мацея Догеля аказаліся выдавецтва і друкарня. Пад канец пяцідзесятых гадоў, пасля працы над двума тамамі ягонай тэхнічна цяжкай працы, друкарня пачала выпускаць таксама іншыя друкі. Ужо пасля смерці свайго арганізатара яна сталася найлепшай друкарняй ў Вялікім Княстве Літоўскім. Забяспечвала калегіюм патрэбнымі падручнікамі і навуковымі дапаможнікамі, што рабіла магчымым увядзенне новых прадметаў і новых метадаў навучання, а таксама развіццё канвіктнага тэатру. Адначасова разам з прадукцыяй для патрэбаў калегіюма выразна вызначыўся іншы кірунак яе дзейнасці, які запавядаўся ўжо ў публікацыі Догеля: былі гэта важныя для ўсяго грамадства гістарычныя публікацыі (як напр. пераклады Салігнацыя і Вальтэра), а таксама каштоўныя матэматычнапрыродазнаўчыя апрацоўкі (як слаўная праца Станіслава Баніфацыя Юндзіла "Апісанне раслін у правінцыі Вялікага Княства Літоўскага з 1791 г. ") ды мастацкая і рэлігійная літаратура і т.д. Уключна да 1799 г. было выдадзена 320 назваў і больш чым 4 тыс. аркушаў. Пасля 1816 г. друкарня была аддадзена ў арэнду, а калі арандатар пасля канфлікту з цэнзурай адмовіўся ад яе, пачала прыходзіць у заняпад. Перастала існаваць каля 1840 году.

Лёсы галоўнай працы Догеля "Дыпламатычнага кодэкса..." аказаліся вельмі складнымі. Правінцыял піяраў Каспер Тшэшкоўскі даручыў працягваць працу Догеля Яну Канту Выкаўскаму (17311806) і Мацею Тукале (17271807).

Абодва піяры ў 1764 г. апублікавалі з матэрыялаў Догеля 4 том, які ўключае дакументы пра Прусію. Як ужо ўпаміналася, прыняць выдавецтва марыў таксама сам Канарскі, аднак, літоўскія піяры не згадзіліся. У гэты час зацікавіўся ўсёй справай новакаранаваны кароль Станіслаў Аўгуст (1764-1785) і яго акружэнне. Піярам быццам дазволілі працягваць працу, аднак, была забаронена публікацыя дакументаў, неправераных у Варшаве, дзе пад наглядам самаго караля і міністраў пераглядаў акты вялікі каронны пісьменнік Яцак Афодскі (1711-1780) і штаб каралеўскіх сакратароў на чале з Антоніям Касакоўскім. Адменены таксама фармальны дазвол на друк. Падчас гэтых прац выявіліся недасканаласці калекцыі Догеля. З'явілася нават задума перадрукаваць з папраўкамі апублікаваныя ўжо тамы. Дакументы, пасля перапісання, праходзілі праз шэраг рук, канчатковае рашэнне прымаў кароль, пасля азнаямлення з меркаваннямі міністраў. Дадамо, што ў Варшаве адбываўся адбор матэрыялу не толькі адносна арыгінальнасці, але таксама з пункту гледжання сучасных палітычных патрэбаў. Нягледзячы на шматгадовыя намаганні заканчэнне публікацый не адбылося. Падзелы Рэчы Паспалітай і смерць Агродскага (1780) канчаткова спынілі гэтыя працы.

3 сабраных матэрыялаў Догеля і яго наступнікаў карысталіся некалькі пакаленняў польскіх гісто-рыкаў, пачаўшы ад Адама Нарушэвіча (1733-1796). Лёсы гэтых матэрыялаў былі складаныя. Трэба памятаць, якой вялікай была гэтая калекцыя, састаўленая ў некалькіх варыянтах, выпраўленая многімі асобамі, таксама пасля смерці Догеля. Калі Адам Нарушэвіч прыступіў да працы над гісторыяй Польшчы, кароль запатрабаваў ад віленскіх піяраў выдаць яму рукапісы тамоў. Пасля тамы былі вернуты з Варшавы ў Вільню. Ведаем, што ў 1817 г. віленскі рэктар Рафал Даніловіч з дазволу правінцыяла Аляксандра Глагоўскага, прадаў віленскія рукапісы Догеля бібліятэцы тамашняга універсітэта . Пасля яго ліквідацыі ў межах рэпрэсій пасля лістападаўскага паўстання, дакументы трапілі ў Царскую бібліятэку ў Пецярбурзе (1836). Пасля атрымання незалежнасці Польшчы, рукапісы Догеля, разам з захопленымі калекцыямі, былі вывезены з Расіі (адпаведна пастанаўленню Рыжскага міру 1921 п), а пасля былі знішчаны падчас II Сусветнай вайны. Частка матэрыялаў Кодэкса ў арыгіналах ці копіях знайшлася таксама ў іншых калекцыях, як напр. Мікалая Румянцава, Тадэвуша Чадскага, Таварыства сяброў навук. З тых рукапісаў некаторыя дайшлі да нашых часоў, як напр. том дакументаў, які датычаць Літвы і Мазоўша (у апрацоўцы Выкаўскага і Тукалы), цяпер захоўваемы ў Курніцкай бібліятэцы каля Познані.

Нялёгка выказаць у меру аб'ектыўнае меркаванне пра вялікую працу Мацея Догеля. Ёсць вялікая колькасць памылак і недакладнасцяў. Значэнне выдання, як гістарычнай крыніцы, зніжае агульны характар апісання дакументаў, адсутнасць прэзентацыі іх знешніх рысаў (як напр. дадзеных пра пячатку), адсутнасць інфармацыі, з якога архіву паходзяць, ці складзены на паперы ці пергаменце. Догель не ўказваў нумары кнігаў метрыкі, а толькі невыразна зазначаў напр. "з архіву Вялікага Княства Літоўскага" ( "et archivo Magni Ducatus Lithuaniae" ) . Выключэннем з'яўляюцца дакументы з кракаўскага архіва, якія мелі дакладныя спасылкі (кніга, нумар, старонка). Догель, на жаль, не змяшчаў таксама каментарыі, а ні павучальныя, а ні тэкставыя. Без патрэбы таксама падаваў тэкст менш важных дакументаў у поўнай версіі, сустракаюцца паўтарэнні.

Нягледзячы на ўсякія крытычныя заўвагі, трэба падкрэсліць значымасць кодэкса для інтэлектуальнай культуры Рэчы Паспалітай XVIII ст., а таксама яго немалаважнае міжнароднае значэнне. Разумелі гэта ўжо сучаснікі. Выдатны польскі гісторык эпохі Адам Нарушэвіч, збіраючы свае славутыя "Тэкі" рэкамен-даваў цалкам перапісаць друкаваныя тамы калекцыі Догеля. Высокую адзнаку паставілі піяру знаўцы між-народнага права на мяжы XVIII і XIX стст.: Георг Фрыдрых Мартэнс (1756-1821), нямецкі юрыст, ды-пламат, прафесар міжнарод-нага права ў Гетындзе і Дзітрых Генрых Людвіг фон Амптэда (1746-1803), юрыст, гановерскі дыпламат, выхаванец Рыцарскай школы ў Люнебурзе і універсітэта ў Гетындзе. Дзве вялікія працы Мартэнса, напісаныя на французскай мове ўвялі працу Догеля ў тагачасны канон найважнейшых еўрапейскіх публікацый у галіне міжнароднага права. Дадамо, што Мартэнс ведаў таксама публікацыі іншых польскіх піяраў, якія пасля Догеля працавалі над распаўсюджваннем ведаў пра палітыку і міжнароднае права: Целестына Калішэўскага, Фульгента Абермаера, Вінцэнтага Скшэтускага і Францішка Сярчынскага. Несумненна гэта сведчанне важнай ролі, якую адыграў ордэн піяраў у галіне выдавецтва гістарычных крыніц ў Рэчы Паспалітай XVIII ст. Менавіта гэтай групе піяраў ўдзячны мы за тое, што як сцвярджае знаўца гэтай праблематыкі Станіслаў Хуберт "адзнака калекцый іншых народаў, зробленая Картэнсам, прыводзіць да высновы, што не толькі дзяржавызахопнікі, але акрамя Францыі, Англіі, можа Іспаніі і Галандыі, а ні Партугалія, а ні Данія і Швецыя, а ні Швейцарыя не мелі больш багатых калекцый трактатаў і выданняў, чым Польшча да 1795 г. Калекцыі Догеля і Сярчынскага 1791 г., якая замыкае гэтую прыгожа развітую дзейнасць польскіх вучоных, гэта навуковыя выданні ў найлепшым значэнні гэтага слова; рысы гэтай не страцілі да сённяшняга дня". З пэўнасцю можна сказаць, што Мацей Догель быў сярод іх выключнай асобай, быў прыкладам для пераймання як узор вучонага, арганізатара, настаўніка.

Яраслаў Куркоўскі


Доўгачаканая сустрэча

23 лютага ў сядзібе ТБМ адбылася доўгачаканая сустрэча для мяне з археолагам Міхасём Чарняўскім. Патрэбна адзначыць, што ён не толькі археолаг, а і вядомы гісторык, краязнавец, чалавек, які вельмі плённа працуе па вывучэнні белых плямаў нашай гісторыі. На гэты раз тэма была цікавая і недаследаваная ў нашай гісторыі. Называлася яна так: "Антысавецкія маладзёвыя рухі пасля вайны". Гаворка Міхася Чарняўскага наконт гэтага была падобна на вандроўкі па сакрэтных матэрыялах і архівах савецкай эпохі. Ішла гаворка пра антысавецкія маладзёвыя групоўкі ў Баранавічах, Слоніме і пра падполле ў Мядзельскай школе. Менавіта гэтую школу Чарняўскі распавёў вельмі падрабязна, таму што гэта яго малая радзіма. І ў сувязі з гэтым было ўзгадана імя кіраўніка падполля змагара, сапраўднага і адданага чалавека Расціслава Лапіцкага. Была ўзгадана яго біяграфія, на падставе якой можна напісаць раман, альбо зняць кінастужку. Цікава даведацца, што ў гісторыі сваёй краіны таксама ёсць такія асобы, з якіх патрэбна браць прыклад сучаснай моладзі. Але на жаль сталінскія каты 28 кастрычніка 1950 года забілі яго. На мой погляд, гэты чалавек даказаў, што машына ўлады ніколі не заб'е ідэі, думкі і ніколі не заб'е сапраўдную асобу.

І напрыканцы сустрэчы было ўзгадана шмат людзей, лёс якіх вайна змяніла не ў лепшы бок. Гэтыя людзі былі па розныя бакі межаў ад сваіх бацькоў, каханых і сем'яў. На падставе іх лёсаў можна напісаць раманы, праз якія можна вучыць гісторыю краіны тых часоў.

Хачу зноў заклікаць моладзь, якая цікавіцца гісторыяй нашай краіны і вядомымі асобамі, каб часцей наведвалі сядзібу ТБМ.

Марыя Бучына.


"Нёман" і сёння мае моцныя прытокі

Да 50-годдзя выдання

Выхад з друку зборніка твораў пісьменнікаў вобласці " Нёман " стаў прыкметнай з ' явай ў літаратурным жыцці Гарадзеншчыны 1956 года . На падзею адгукнуліся рэцэнзіямі газеты "Гродзенская праўда", "Літаратура і мастацтва". Словы падзякі гучалі на адрас рэдакцыйнай калегіі - А . Д . Колас ( рэдактар ), А . Н . Карпюк , А . В . Каткоў , І . Я . Навіцкі , П . С . Пестрак , А . А . Салаўёў , Л . І . Храмава .

Вокладку аформіў мастак Д . М . Парахня . Малюнкі да тэкстаў выканалі Г . Б . Пагажэльскі і В . І . Фрыдрыхсон .

Сёння кожны экземпляр з былога накладу ў пяць тысяч асобнікаў стаў бібліяграфічнай рэдкасцю .

У прадмове складальнікі паведамляюць, што зборнік утрымлівае 47 твораў мясцовых аўтараў. Напрыклад, "аб барацьбе класавых сіл расказвае ў сваёй аповесці "Раманюкі" малады празаік Аляксей Карпюк". Нарыс Якава Мараша прысвечаны гісторыі Гародні. Нарысы Андрэя Коласа, Пятра Барэйкі, Янкі Шаіркі расказваюць аб людзях працы. Сельская настаўніца Ларыса Марушка ў сваёй п'есе "Зарука шчасця" паспрабавала прааналізаваць глыбінныя змены, "якія адбыліся ў эканоміцы і культуры".

У зборніку змешчаны вершы Міхася Васілька, Пятруся Макаля, Яўгена Гольскага, Яўгена Еўсцігнеева, Гаўрыіла Шутэнкі, Івана Юшчанкі, Міколы Арочкі, Мікалая Ільінскага, Сяргея Бандарэнкі і іншых.

Асобным абзацам падкрэслена, што "творчасць пачынаючага празаіка Васіля Быкава прадстаўлена двума яго апавяданнямі "Тупое пяро" і "Страта".

Укладальнікі зборніка нагадалі, што Гарадзеншчына мае багатыя літаратурныя традыцыі. Тут нарадзіліся і тварылі Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Алаіза Цётка, Кастусь Каліноўскі. У Прынёманскім краі пачыналі сваю творчасць Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай, той жа Аляксей Карпюк.

З вышыні пражытых 50 гадоў відавочна, чаго дасягнулі ў літаратуры аўтары зборніка, на той час невядомыя шырокаму колу чытачоў. Васіль Быкаў стаў зоркай першай велічыні не толькі ў беларускай літаратуры. Пэўных вышынь дасягнуў Аляксей Карпюк. Праз два гады яго дэбюту ў зборніку "Нёман" з друку выйдзе яго першая кніга "Дзве сасны" (1958). Пісьменнікфрантавік стане лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, Заслужаным дзеячам культуры Беларусі. Прызнаннем чытачоў дагэтуль карыстаюцца яго творы "Данута", "Вершалінскі рай", "Пушчанская адысея", "Карані", "Белая дама", "Мая Джамалунгма", "Партрэт", "Свежая рыба"...

Міхась Васілёк памёр у 1960 годзе. Але яго кнігі вартыя ўвагі, а творчасць - вывучэння.

Гаўрыіл Шутэнка жыў у Навагрудку. Надрукаваў шэраг паэтычных зборнікаў. З Сяргеем Бандарэнка мне пашчасціла сустракацца ў час работы ў Ваўкавыску, дзе жыў гэты таленавіты паэт. Сапраўдны інтэлігент, педагог, ён шмат ведаў і быў адкрытым на гутарку.

Андрэй Колас, які пачынаў свой шлях у журналістыку ў Ваўкавыскай раённай газеце, пасля рэдагаваў абласную газету, рэспубліканскае выданне. На Гарадзеншчыне быў арганізатарам абласной арганізацыі Саюза журналістаў Беларусі. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны баявымі ўзнагародамі, быў адзначаны ў мірны час двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Знак Пашаны. Яго нарысы і сёння можна вывучаць, як прыклад працы журналіста ў гэтым складаным жанры.

Імя Міколы Арочкі не патрабуе каментарыяў. Яго творчасць у беларускай паэзіі займела сваё пачэснае месца. Шаноўны доктар філалагічных навук жыве ў Гродзенскай вобласці.

Літаратуразнаўца, прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта Аляксей Пяткевіч удакладніў, як склаўся лёс іншых аўтараў альманаха "Нёман". Яўгенія Сідаровіч (дзявочае прозвішча) з Гарадзенскага раёна вядома ў нашыя дні як Аўгіння Кавалюк. Паэтка мае некалькіх зборнікаў.

Аляксей Калоша актыўна друкаваўся ў газетах і часопісах. Пасля заканчэння Гарадзенскага педінстытута напачатку 60х гадоў мінулага стагоддзя нібыта адышоў у цень. Яго кніг паэзіі не выдадзена.

Паэтычную творчасць Фаіны Таранкі працягвае яе дачка Галіна Самойла. Гэтая таленавітая аўтарка жыве ў Гародні, мае некалькі зборнікаў.

Вучоныгісторык Якаў Мараш стаў доктарам навук, прафесарам, працаваў да канца жыцця ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Яго пяру належаць навуковыя работы і гісторыкакраязнаўчыя нарысы, газетныя артыкулы.

Пасля выдання зборніка "Нёман" засвяцілася паэтычная зорка Дануты Бічэль, якая пачала друкавацца ў 1958 годзе, а вучыцца ў Гарадзенскім педінстытуце з 1957. На Зэльвеншчыне ў гэты час падрастаў Юрка Голуб. У 1963 годзе у друку з'явіліся яго першыя вершы.

У 1966 годзе як паэтка заявіла пра сябе выпускніца адной са школ Слоніма Алена Руцкая. У гэты ж год былі надрукаваны празаічныя творы Артура Цяжкага.

Пазней чытачы пазнаёміліся з пробамі пяра Людмілы Кебіч, Рычарда Бялячыца, братоў Анатоля і Васіля Дэбішаў, Юрыя Гуменюка, Юрася Пацюпы, Уладзіміра Мазго, Хрысціны Лялько...

Антон Лабовіч, Гародня.


Зімовая фантазія

Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы сардэчна запрашае на выставу "Зімовая фантазія". Выстава адбылася дзякуючы супрацоўніцтву музея з Менскім дзяржаўным турысцкаэкалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі.

Менскі дзяржаўны турысцкаэкалагічны цэнтр дзяцей і моладзі ўжо больш чвэрці стагоддзя з'яўляецца адзінай профільнай установай па турысцкаму, краязнаўчаму, экскурсійнаму і экалагічнаму кірунках выхаваўчай работы вучнёўскай моладзі, забеспячэнні рэалізацыі іх творчых здольнасцяў, арганізацыі занятасці і вольнага часу дзяцей і падлеткаў з улікам інтарэсаў і патрэб кожнага.

Для дзяцей і вучнёўскай моладзі ў аддзеле экалогіі і аховы прыроды цэнтра дзейнічаюць розныя гурткі і аб'яднанні па інтарэсах: «Экалогія горада», «Экалогія раслінаў», «Юныя эколагі», «Эказнайка», «Флорадызайн», «Зялёная архітэктура», «Прырода і дызайн», «Прырода вакол нас», «Прырода і чалавек», «Аматары прыроды», «Біёлаг», экалагічнытэатр студыя «Былінебыліцы» і тэатр экалагічнай моды, камп'ютарны кабінет, клуб ралявога мадэлявання і гістарычнай рэканстукцыі «Срэбны Адзінарог».

З 2001 года цэнтр арганізуе выставы дзіцячых творчых работ з прыроднага матэрыялу. Тэматыка выстаў разнастайная: "Вясенні капеж", "Кветкавая вясёлка", "Восеньскія матывы", "Зімовая фантазія" і іншыя. Правядзенне фларыстычных выстаў з прыроднага матэрыялу ператварае навучальнавыхаваўчы працэс у цікавую гульню, якае фармуе пазітыўнае самаадчуванне.

Новы год і Каляды адны з самых значных святаў, фларыстычнае афармленне якіх выдатная тэма для фантазій. Стварыць цудоўны, казачны настрой - асноўнае прызначэнне навагодняга афармлення. А для таго, каб расказаць зімовую казку, дастаткова і тонкага намёку...

Калядны вянок просты спосаб перадаць навагодні настрой, віхар музыкі і весялосці. Пры яго стварэнні выкарыстоўваюцца плады, парасткі і лісце кустарнікаў і дрэў, аксэсуары традыцыйных калядных колераў - чырвонага, зялёнага, залатога, срэбранага. Колеры заўсёды асацыююцца са святам Дзеда Мароза.

Замшэлыя яловыя галіны, якія прывабліваюць у лесе сваім казачным выглядам - выдатны матэрыял для калядных дрэў і фларыстычных елачак. Змененыя прапорцыі дадаюць у кампазіцыю асаблівы шарм, робяць яе больш цікавай і элегантнай.

Новы год пара падарункавага багацця. Дарыць у гэтае свята можна ўсё, што заўгодна. А можна і пафантазіраваць на тэму каляд, увасобіўшы свае ідэі ў стварэнні рога багацця, дары якога ўяўляюць сабой сняжынкі, шышкі, мудрагелістыя галінкі, залаты шнур, стразы.

Запрашаем усіх ахвочых наведаць выставу "Зімовая фантазія", якая працягнецца да 10 красавіка. Музей працуе кожны дзень з 1000 да 1700, акрамя панядзелка і аўторка.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX