Вярнуцца: 2006

№ 19 (755)


Крыніца: pawet.net.



№ 19 (755) 10 ТРАЎНЯ 2006 г.


Пастанова Сакратарыяту ТБМ аб пераходзе на дзейнасць па новай рэдакцыі Статута

14 красавіка 2006 года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала новую рэдакцыю Статута ТБМ. У сувязі з гэтым Сакратарыят пастанаўляе:

1. Прапанаваць галоўнаму рэдактару газеты "Наша слова" С. Судніку надрукаваць тэкст Статута для азнаямлення з ім усіх сяброў Таварыства.

2. Прапанаваць С. Судніку да 1 жніўня 2006 года выдаць Статут асобнай брашурай у колькасці 250 асобнікаў.

3. Прапанаваць усім старшыням суполак правесці да 1 верасня 2006 года справаздачна-выбарчыя сходы ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Статута, і выпіскі з пратакола сходу даслаць у Сакратарыят.

Пранята 3 траўня 2006 года.

Ад рэдакцыі. На старонках 5-8 мы друкуем новы Статут ТБМ. Статут зкампанаваны ў выглядзе, які прадугледжвае фармаванне кніжачкі на 12 старонак. Дастаткова разрэзаць старонкі газеты па лініях разрэзу, сагнуць па лініях згіну і скласці адпаведна з нумерацыяй.


У ВЯРХОЎНЫМ СУДЗЕ ПРЫПЫНЕНА СПРАВА ПА ЗЫСКУ МІНІСТЭРСТВА ЮСТЫЦЫІ АБ ЛІКВІДАЦЫІ САЮЗА БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ

5 траўня ў Вярхоўным судзе для запатрабавання неабходных дакументаў на нявызначаны тэрмін прыпынена слуханне грамадзянскай справы аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў" (СБП), ініцыяванага Міністэрствам юстыцыі. Такое рашэнне прыняў суддзя Ігар Мільто пасля задавальнення хадайніцтваў, вылучаных бакамі падчас працэсу.

Так, кансультант упраўлення грамадскіх аб'яднанняў Міністэрства юстыцыі Аляксандр Харытон прапанаваў запрасіць рашэнне Гаспадарчага суда Менска ад 2 сакавіка 2006 года аб высяленні СБП з займаных ім памяшканняў у сталічным Доме літаратара, а таксама журнал заказаў гандлёвавытворчага прыватнага унітарнага прадпрыемства "Тост". Як вядома, сярод прэтэнзій Мінюста да СБП названы "непасрэдныя адносіны" саюза да правядзення летам 2005 года ў кафэ Дома літаратара арганізацыйнага з'езда Беларускай сацыялдэмакратычнай партыі (Грамада). Аднак на ранішнім судовым пасяджэнні 5 траўня сведкі не прадставілі факты якоганебудзь удзелу СБП у правядзенні гэтага з'езда.

Адвакат адказчыка Галіна Бахціна прапанавала запатрабаваць з Партызанскага РУУС Менска матэрыялы папярэдняга следства або крымінальнай справы па факце мініравання залы кафэ Дома літаратара, у якім 24 ліпеня 2005 года адбыўся з'езд БСДП (Грамада), а таксама далучыць да слухання справы шэраг дакументаў, у тым ліку ліст начальніка ўпраўлення будынкаў рэспубліканскай уласнасці галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Алены Малой ад 25 красавіка 2006 года, у якім гаворыцца аб умовах заключэння арэнды памяшканняў з СБП у Доме літаратара.

У інтэрвію БелаПАН старшыня аб'яднання Алесь Пашкевіч выказаў меркаванне, што справа набывае зацяжны характар. "Слуханні паказалі, што рассыпаюцца ўсе найбольш "злосныя" парушэнні, інкрымінаваныя СБП Міністэрствам юстыцыі. Адзіным пытаннем застаецца праблема юрыдычнага адраса. Вось чаму наш адвакат прапанавала далучыць да справы матэрыялы, якія сведчаць аб тым, што на працягу трох гадоў мы вядзем перамовы з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта. Прычым зараз гэтая дзяржструктура гатова заключыць з намі дагавор аб арэндзе пры адной умове - вызваленні памяшкання бібліятэкі аб'яднання. Аднак для вырашэння пытання аб перадачы унікальных кніжных фондаў СБП неабходны пэўны час", - сказаў А. Пашкевіч.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


БІБЛІЯТЭКІ БЫЛО ЗАТРЫМАНА 12 УДЗЕЛЬНІКАЎ ФЛЭШ-МОБА "ГОД БЕЗ СКАРЫНЫ"

Каля новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску ўдзень 7 траўня было затрымана 12 удзельнікаў флэш-моба пад назвай "Год без Скарыны". Акцыя была прымеркавана да гадавіны падпісання ўказа аб перайменаванні сталічных праспектаў Скарыны і Машэрава ў праспекты Незалежнасці і Пераможцаў.

Як паведамілі арганізатары флэш-моба, яго ўдзельнікі павінны былі прыйсці да помніка Ф.Скарыну ў 15 гадзін і пачаць дэманстратыўна выпраўляць "памылкі" у падручніках гісторыі. Правесці акцыю паводле плана не атрымалася, бо ўсе падыходы да бібліятэкі перакрылі супрацоўнікі спецназу. 12 чалавек, якія прарываліся да помніка, пасадзілі ў аўтобус, дзе ў іх забралі пашпарты.

"Але маладыя людзі не разгубіліся, дасталі падручнікі гісторыі і правялі акцыю проста ў аўтобусе", - адзначаецца ў паведамленні арганізатараў. Пасля праверкі дакументаў удзельнікаў флэш-моба даставілі ва УУС Першамайскага раёна. Усе затрыманыя былі выпушчаны на волю пасля дагляду.

Зміцер УЛАСАЎ, БелаПАН.


70 гадоў з дня нараджэння Барыса Сачанкі

САЧАНКА Барыс Іванавіч (15.5. 1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. -5.7.1995), бел. пісьменнік. Брат І.І. Сачанкі. У 1943 з бацькамі вывезены ў Германію. Скончыў БДУ (1960). Працаваў у час. «Полымя», сакратаром Саюза бел. пісьменнікаў, у выдве «Мастацкая літаратура». У 1993-95 гал. рэдактар выдва «Беларуская Энцыклапедыя». Друкаваўся з 1956. Першы зб. прозы «Дарога ішла праз лес» (1960). Чалавек на вайне, жыццё вёскі, маральнаэтычныя дачыненні людзей - тэмы ранняй творчасці. Гіст. мінулае палескага краю раскрыта ў аповесцях «Варэйка Золата» (1964), «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976). Пра Вял. Айч. вайну аповесці «Палон» (1962), «Пакуль не развіднела» (1965), «Апошнія і першыя» (1966), «Аксана» (1968), раман «Чужое неба» (1975). У трылогіі «Вялікі лес» (1979- 83) асэнсаванне прац. і ратнага вычыну народа ва ўмовах акупацыі. Тэма Чарнобыля ў «Запісках аб радыяцыі» (нап. 1986-90), аповесцях «Родны кут» і «Еўка» (1987). У творах «Не на той вуліцы» (1974) і «Запіскі Занядбайлы» (1977), «Без пяці мінут «прахвесар» (1983) выкрываў мяшчанства, прыстасавальніцтва, графаманства, розныя аспекты побыту гараджан. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982 за кн. прозы «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), Літ. прэмія імя І.П.Мележа 1991 за кн. крытыкі і публіцыстыкі «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990). Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя або невядомыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, В. Ластоўскага, К. Сваяка, Л.Геніюш, У.Жылкі, А. Салаўя і інш. Склаў зб. паэзіі бел. эміграцыі «Туга па Радзіме» (1992), кн. ўспамінаў «На суд гісторыі» (1994) і інш. На бел. мову пераклаў аповесць Я. Гуцалы «Школьны хлеб», П. Андрэева (П. Абрасімава) «Аповесць пра майго сябра», кн. апавяданняў і аповесцяў І.Андрыча «Трывожны год», п'есы А. Салынскага, А. Галіна і інш.


Сёння Сцяпану Гаўрусёву споўнілася б 75

ГАЎРУСЁЎ Сцяпан Захаравіч (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. - 12.3.-1988), бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскую педнавучальню (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.Куля-шова 1987). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм - услаўленне ратнага і прац. вычыну народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. У душы рамант. героя паэзіі Г., «сонцапаклон-ніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, - няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Г. - прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне жарснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (1975, з А.Пысіным), паасобныя творы Я.Райніса, С.Капуцікян, Э.Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.


СПОЎНІЛАСЯ 65 ГАДОЎ БЕЛАРУСКАМУ ПАЭТУ І ДЗЕЯЧУ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭННЯ ЯЎГЕНУ ГУЧКУ

4 траўня адзначыў 65-годдзе беларускі паэт і дзеяч нацыянальнага адраджэння Яўген Гучок.

Я. Гучок нарадзіўся ў Слуцку (Менская вобласць), дзе скончыў сярэднюю школу. Пасля працы ў геалагічнай партыі і на мэблевай фабрыцы служыў у шэрагах Савецкай Арміі, скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта і аспірантуру пры ім. Працаваў настаўнікам і 30 гадоў - вядучым рэдактарам рэдакцыі гісторыі і геаграфіі выдавецтва "Народная асвета". Друкавацца пачаў у 1959 годзе ў Слуцкай раённай газеце. З'яўляецца аўтарам шасці кніг паэзіі, а таксама калек-тыўных зборнікаў, альманахаў паэзіі, прозы і дакумен-талістыкі. Перакладае на беларускую мову творы замежных паэтаў. Паэзія Я.Гучка апублікавана ў Расіі, Польшчы, ЗША і Чэхіі. Ён даследаваў пытанні беларускай гісторыі і культуры, у прыватнасці даказаў беларускае паходжанне нянькі вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна Арыны Радыёнаўны, радзімай якой з'яўляецца вёска ў Кобрынскім раёне Берасцейскай вобласці. Падрыхтаваў першую частку этнаграфічна-філалагічнага даследавання "Чаму мы страцілі этнонім "Літва", ці да гісторыі аднаго рабства", у якой даказвае ўгра-фінскае паходжанне племені літва. Распрацоўвае форму вершаў-трохрадкоўяў.

"Нібыта ветразь ветрам, вершы Яўгена Гучка туга напоўнены пачуццём і думкай, нябачным рэчывам праўды і смелай прастаты, чыё імя - шчырасць. Паэт цікавіцца рознымі бакамі жыцця, аднак не замыкаецца на сабе. Яго "я" вельмі беларускае. Вось чаму многія яго строфы лёгка запамінаюцца і іх хочацца паказаць іншым", - зазначае рэдактар адной з кніг паэта Алесь Змітровіч.

У інтэрвію БелаПАН гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Алег Трусаў нагадаў, што Я.Гучок браў актыўны ўдзел у стварэнні шэрагу культурна-асветных арганізацый, у тым ліку "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", а таксама БНФ "Адраджэньне". "Гэты неардынарны чалавек зрабіў вельмі шмат для развіцця беларускага кнігадрукавання. А яго філасофскія вершы прымушаюць думаць аб вечным і галоўным у жыцці кожнага чалавека. Трэба мець на ўвазе, што маладосць Яўгена Гучка прыпала на самыя цяжкія часы брэжнеўскага застою і пераследу беларускіх нацыяналістаў. Усе гэтыя выпрабаванні ён прайшоў з мужнасцю і годнасцю і зараз знаходзіцца ў росквіце сваіх талентаў", - падкрэсліў А.Трусаў.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


Яўген Гучок


Дарослым быць

Мне не жадалася

Ні на імгненне

Ў дзяцінстве;

Штодня ганебным

Падавалася

Старэйшых дзікае

Адзінства.


Заўжды было ім

Грошай мала.

А пра душу вось

Дык не дбалі;

Больш клапаціліся

Пра сала

І зорак з неба

Не хапалі.


Хлусіць - хлусілі,

Хабар песцілі,

Наўсцяж займаліся

Пляткарствам;

І паўставалі

У гэтым змесціве

Іх і мастацтва,

І лякарства.


А як начальнікаў

Баяліся,

Як прад уладамі

Трымцелі!

Ад промняў вольнасці

Хаваліся,

Свабодных словаў

Не хацелі.


Ніяк увагу

Не звярталі

На мовы роднай

Заняпад;

Яны нібы наперад

Джгалі,

А самі больш паўзлі

Назад.


Жылі-былі

Трава травою

Якую есць і топча

Скот;

Не дбалі ніякой

Парою,

Каб аб'ядноўвацца

Ў народ.


Амаль усе наўкол

Дымілі

І выпіць быў не супраць

Кожны...

Вязе адно што

Да магілы

Вазок духоўнасці

Парожняй.


Ці не таму

З гадоў малечых

Сябрую болей

З сонцам, з ветрам,

І з неба гэтага

Сінечай,

І з тым, што у іх

Схавана нетрах?!


Я і сягоння

Не дарослы

І гэтым светам

Не аброслы;

І калі ты такі,

Як я,

Чаму мы не адна

Сям'я?!


Год Ежы Гедройца

Ён прадбачыў незалежнасць Беларусі, Літвы і Украіны.

Ураджэнец Менска і яго жыхар, вучань мясцовай гімназіі Ежы Гедройц (19062000), прадстаўнік старажытнага "літоўскага" княжацкага роду, пасля вайны апынуўся спачатку ў Італіі, дзе стварыў Літаратурны інстытут у Рыме, а потым у Францыі, у прыгарадзе Парыжа Мэзон Лафіт, дзе доўгі час, пачынаючы з 1947 года, выдаваў славуты польскі месячнік "Культура". Спачатку ён рабіў яго адзін, а потым да яго далучыліся некалькі памочнікаў, сярод якіх былі генетычна звязаны з Беларуссю мастак Юзаф Чапскі, знакаміты празаік Густаў ГерлінгГрудзінскі, чые творы ў апошні час выходзяць асобнымі кнігамі ў беларускім перакладзе, а таксама будучы Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш, звязаны з Беларуссю хаця б праз свайго родзіча з Чарэі Оскара Мілаша,выдатнага літоўскага і французскага паэта і дыпламата.

Ежы Гедройц пражыў доўгае і працавітае жыццё. Спачатку яго сціпла называлі рэдактарам. Потым гэтае слова паважліва сталі пісаць з вялікай літары: Рэдактар! Урэшце ў 90х гадах мінулага стагоддзя прыйшло разуменне, што ён жа і Прарок. Бо яшчэ ў пачатку 50х гадоў мінулага стагоддзя, калі быў жывы сталінізм, калі польскія эмігранты, якія нарадзіліся ці выраслі на так званых "крэсах усходніх" і "сядзелі на чамаданах", рыхтуючыся на нейкай хвалі халоднай ці гарачай вайны вярнуцца ў месцы ранейшага прабывання, Прарок рашуча і ўпэўнена сказаў: "Распакоўвайце чамаданы!" Таму што там, дзе вашы Вільня, Гродна і Львоў, "крэсы ўсходнія" не адродзяцца. Там адродзяцца ці, дакладней нанава народзяцца незалежныя дзяржавы Беларусь, Літва і Украіна! Польскія суайчыннікі лічылі гэта прывіднымі мроямі рэдактараадзіночкі, абвінавачвалі яго ў здрадзе нацыянальным інтарэсам. А ён, як і заўсёды, цвёрда стаяў на сваім. I гісторыя паказала, што ён меў рацыю, бо валодаў прарочым дарам, мог прадбачыць хаду падзей.

I тады, калі яго прадбачанні спраўдзіліся, яго сталі называць яшчэ і Прарокам. Ці не першы раз гэта здарылася на навуковай канферэнцыі, якая праходзіла ў Вільні ў час саміту прэзідэнтаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (1997). Пад канец яе ўстаў рэдактар квартальніка "Літуанія" прафесар Леан Брадоўскі з Варшавы (дарэчы, таксама родам з Беларусі з Хацюхова каля Халопеніч, а хрышчаны, як і Ежы Гедройц, у Менску) і згадаў здзейсненыя прароцтвы свайго і нашага суайчынніка і прапанаваў яго ўганараваць яшчэ пры жыцці. I зала сустрэла гэтую прапазіцыю апладысментамі і стоячы. Апладзіравалі і абодва сустаршыні саміта прэзідэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас і прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі. Неўзабаве ў Літве Прарока ўшанавалі званнем Ганаровага грамадзяніна Літвы (1997) і ўзнагародзілі ордэнам Гедыміна (1998). А ў Беларусі стараннем Грамадскага аб'яднання "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" і Польскага інстытута ў Менску былі праведзены адпаведныя музейная выстава і Міжнародны "круглы стол" "Ежы Гедройц і Беларусь". На апошнім я расказаў аб асабістых сустрэчах з суайчыннікам, якія адбыліся ў Парыжы ў час дзвюх вельмі прадстаўнічых канферэнцый (1999). Адзін са сваіх дакладаў закончыў тым, што зачытаў рашэнне камітэта ГА "МАБ" аб наданні рэдактару "Культуры" годнасці Ганаровага сябра асацыяцыі і падперазаў яго тканым беларускім народным поясам, адмыслова вырабленым менскай "Скарбніцай". Да гэтага і пасля канферэнцыі адбыліся вельмі ажыўленыя размовы з Прарокам. Ён цікавіўся, ці захаваўся касцёл на Залатой Горцы, дзе яго хрысцілі, як выглядае сённяшні Менск, чым жыве сувярэнная Беларусь і, галоўнае, якія ў нас шанцы развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Цьмяна прарысоўваліся нейкія контуры далейшага супрацоўніцтва.

Але праз некалькі месяцаў, 14 верасня 2000 года, Прарока не стала. Паводле яго волі, на 636 нумары спыніла свой выхад "Культура". Але паранейшаму пад Парыжам дзейнічае заснаваны яшчэ ў Рыме Літаратурны інстытут, паранейшаму выходзіць квартальнік "Зэшыты гісторычнэ", дзе пэўнае месца (але не такое прыкметнае, як у "Культуры") займае беларуская тэматыка. Як і пры Ежы Гедройцу, тут рады кожнаму госцю з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

I вось паводле рашэння польскага сейма, ухваленага рашэннем такой аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, як ЮНЕСКА, у сувязі з тым, што сёлета, 27 ліпеня, спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Ежы Гедройца, бягучы год быў абвешчаны Годам Гедройца. Польскі інстытут у Менску і ГА "МАБ" склалі праграму супольных дзеянняў, якая прадугледжвае розныя спосабы ўшанавання памяці Прарока.

Найпершым крокам стала выданне невялікага зборніка "Ежы Гедройц і Беларусь", куды ўвайшлі матэрыялы аднайменнага "круглага стала" ў Менску, а таксама прысвечаныя нашаму суайчынніку выбраныя артыкулы з беларускіх, польскіх і рускіх перыядычных выданняў. Адкрываецца кніга "Жыццяпісам выдатнага гуманіста", падрыхтаваным Польскім інстытутам у Менску, заканчваецца ж кароткімі звесткамі пра аўтараў. Уклала зборнік Тамара Шкурко, а мне выпаў гонар быць яго навуковым рэдактарам.

На жаль, не ўсе матэрыялы "круглага стала" трапілі ў зборнік, бо не ўсе выступоўцы прадаставілі тэксты сваіх выступленняў. Няма змястоўнай прамовы Марэка Краўчыка (Варшава), які ўзначальвае Таварыства апекі над Архівам Літаратурнага інстытута ў Парыжы, дакладаў кандыдата філасофскіх навук Алеся Анціпенкі, доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча, рэдактара часопіса "Земя Лідзка" Аляксандра Колышкі. Але - асноўныя матэрыялы "круглага стала" ў зборнік увайшлі. Гэта даклады прафесара Міхала Гедройца (Оксфард, Вялікабрытанія) "Памяці апошняга Грамадзяніна Рэчы Паспалітай Многіх Народаў", вядомага беларускага лінгвіста Леаніда Акаловіча "Да паходжання прозвішча і радаводу Гедройцаў", былога дырэктара Скарынаўскага цэнтра кандыдата філалагічных навук Любові УладыкоўскайКанаплянік "Ежы Гедройц і беларуская перспектыва", былога дырэктара Польскага інстытута ў Менску дыпламата Томаша Нягодзіша (Дакар) "Будзем яго паслядоўнікамі!", рэдактара часопіса "Фрагмэнты" (цяпер "Архэ") Ігара Бабкова "Ежы Гедройц і посткаланіяльнае мысленне", былых супрацоўніц Скарынаўскага цэнтра Ірыны Тамільчык "Беларуская тэматыка на старонках "Культуры" і Валянціны Грышкевіч "Ежы Гедройц у беларускім друку", выкладчыка і краязнаўца Яўгена Іванова (Магілёў) "Край" прымае выклік "Культуры" і іншых.

У раздзел "З Гедройцам і без Яго" ўвайшлі такія выбраныя артыкулы з перыядычнага друку, як "Грамадзянін Першай Рэчыпаспалітай" Анджэя Раманоўскага (Кракаў), "Апошні грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага" Томаша Нягодзіша, "Парыжскія сустрэчы" Адама Мальдзіса, "У Парыжы памёр мудры чалавек з Менска" Марыны Загорскай і іншых. Шкада, што зза абмежаванага аб'ёму ў зборнік не патрапіў памайстэрску напісанае эсэ вядомага беларускага пісьменніка з Беласточчыны, сябра асацыяцыі беларусістаў Сакрата Яновіча.

Кніга ілюставана фатаграфіямі і рэпрадукцыяй, выйшла ў "Беларускім кнігазборы" накладам 500 асобнікаў. Акрамя яе ў сувязі з юбілеем выйдзе таксама паўтор "беларускага нумару". "Культуры", які рыхтуецца Ігарам Бабковым.

Урэшце, на пачатак чэрвеня бягучага года ў Менску запланавана Міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная 100годдзю з дня нараджэння Рэдактара і Прарока.

Адам Мальдзіс, ганаровы старшыня ГА "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў".


Максім Багдановіч і газета "Украинская жизнь"

З нагоды "Дня друку"

Артыкул Максіма Багдановіча "Краса і сіла" быў першым ягоным творам, надрукаваным у газеце "Украинская жизнь" (Масква, №2, 1914 г.). Публікацыя прысвячалася 100годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Пазней у гэтым выданні пабачылі свет работы "О гуманизме и неосмотрительности" (1914), "Белорусское возрождение" (1915), "На белорусские темы", "В.Самийленко", "Грицько Чупринка" (1916), "Деятельность Минского Белорусского комитета" (1917).

На першы погляд, што ж тут дзіўнага? У гэты час студэнт Яраслаўскага юрыдычнага ліцэя (з 1918 года пераўтвораны ва універсітэт) Максім Багдановіч узяў добры разгон як рэпарцёр, друкаваўся ў выданнях "Наша ніва" (Вільня), "Нижегородский листок", "Национальные проблемы", "Голос", "Сатирикон", "Русский экскурсант", "Жизнь для всех", "Северная газета", "Ежемесячный журнал", "Музыка". У перакладзе яго вершы змяшчаліся ва ўкраінскіх выданнях - "Рада" (Кіеў, 10.05.1909), "Літературнонавуковій вістнік" (чэрвень 1909).

І ўсё ж такі, чаму газета "Украинская жизнь" (1912 1917) прыцягнула ўвагу літаратара? Што гэта не выпадкова, сведчаць ранейшыя публікацыі Багдановіча. У 19111912 гадах ён перакладае мініяцюры А. Крымскага, вершы М. Чарняўскага, Олеся. Пад тэкстам стаіць подпіс: "С украинскаго перевелъ М. Богданович". Асабліва старанна працаваў над артыкуламі пра Шаўчэнку, пераклаў некалькі яго вершаў - "Н.И. Костомарову", "В неволе", "А.О. Козачковскому". У газеце "Нижегородский листок" быў змешчаны пераклад з Івана Франко - "На реке Вавилонской" (1913). Змясціў рэцэнзію на васьмітомнік У. Вінічэнкі (1880 1951), у якой высока ацаніў творчасць гэтага майстра слова.

Газетныя публікацыі, прысвечаныя ўкраінскім пісьменнікам, былі напісаны ў апошні тэрмін творчай дзейнасці Максіма Багдановіча і з'яўляліся даследаваннямі твораў ўкраінскіх пісьменнікаў плане метадалогіі.

Газету "Украинская жизнь" мог даслаць Максіму яго брат Леў, які гэтым часам вучыўся на фізіка матэматычным факультэце Маскоўскага універсітэта. Такую магчымасць нельга выключаць. Аднак яшчэ ў пачатку красавіка 1913 года ў лісце ў рэдакцыю "Нашай нівы" (Вільня) М. Багдановіч піша:"Вы мне не шліце аўтарскіх экземпляраў, я іх куплю...". Значыць, Максім мае магчымасць набываць патрэбныя выданні ўласным коштам, не чакаючы прысылкі. Не выключана, што ў Яраслаўлі "Украинская жизнь" распаўсюджвалася праз кнігарні ці паступала камусьці са знаёмых Максіма Багдановіча па падпісцы. Урэшце, у рэдакцыі газеты "Голос" (Яраслаўль), з якой Максім навязаў цеснае супрацоўніцтва, працавалі людзі з шырокім кругаглядам (Сцяпан Каныгін, Мікалай Магульскі, Мікалай Агурцоў, Аляксандр Цітоў, Ганна Зэліге, Уладзімір Віктараў)...

Вельмі верагодна, што газета "Украинская жизнь" спадабалася Максіму сваім акрэсленым стаўленнем да нацыянальнай годнасці украінцаў. Выданне давала рэзкі адпор любым спробам расійскіх ці польскіх шавіністаў сцвярджаць, што Украіна - не можа быць самастойнай дзяржавай, а толькі прыдаткам той жа Расіі ці Польшчы. Такая ж самая гаворка ў той час вялася і пра Беларусь. Яшчэ ў 1911 годзе расійскія і польскія рэакцыянеры пачалі чарговы ідэалагічны наступ, каб ачарніць беларускую патрыятычную грамадскасць і ўвесь нацыянальны рух. Супраць беларусаў актыўна выступалі чорнасоценскія выданні "Белорусская жизнь", "Новое время", "Вечерняя газета", "Виленский Вестник", нацыяналістычны польскі "Курьер Литовский". Тады з'явіліся вядомыя публікацыі М. Багдановіча "Хто мы такія", "На беларускія тэмы", "Беларусы" - ("Мы вялікі народ, нас 12 мільёнаў..."). Тут выкрываюцца дзеячы - антыбеларусы, правакатары.

У аўтарах публікацый ён знайшоў аднадумцаў. Выдаўцы газеты, у сваю чаргу, пабачылі ў рэпарцёры з Яраслаўля беларускага патрыёта, які ўяўляе родны край вольнай дзяржавай. Таму ахвотна друкавалі допісы невядомага юнака. Тым больш, што дасланыя матэрыялы вылучаліся глыбінёю даследавання, акрэсленай аўтарскай пазіцыяй. Гэта тычыцца таксама артыкула "О гуманизме неосмотрительности". Багдановіч аспрэчвае меркаванне Г. Курнатоўскага аб адсутнасці ў беларусаў права называцца нацыяй. Гэтыя думкі былі выкладзены ў дакладзе на пасяджэнні Таварыства славянскай культуры.

Максім Багдановіч, безумоўна, уважліва чытаў кожны даступны яму нумар "Украинской жизни". Часопіс выдаваўся на рускай мове. Гэта дазваляла даходзіць да шырока чытацкай масы, выказваць пазіцыю маскоўскіх украінцаў па нацыянальных пытаннях. Шмат друкавалася інфармацыі па культурнай тэматыцы. У 19121913 гадах было змешчана многа паведамленняў пра Лесю Украінку (Ларыса КвіткаКосач), яе новыя творы. Шырока адгукнулася газета на смерць гэтай паэткі (19.06. 1913). Былі змешчаны тэлеграмы смутку Івана Франка, Панаса Мірнага, Міхаіла Грушэўскага і іншых вядомых украінскіх пісьменнікаў. Максім даведаўся, што Леся Украінка была дачкой літаратаркі Алены Пчылкі, пляменніцай выдатнага вучонага і публіцыста Драгаманава.

Газета абавязкова з'вярталася да надзённых падзей. Паведамлялася пра дзейнасць украінскіх дэпутатаў у аўстрыйскім парламенце. Яны арганізаваны ў тры клубы - нацыянальнадэмакратычны, радыкальны і букавінскі. Адна па агульных нацыянальных праблемах выступаюць салідарна. трывогу выклікалі падзеі ў Ташкенце, дзе мясцовы губернатар узняў гвалт з таго, што тутэйшая украінская грамада піша свае абвесткі на украінскай мове. Чытачы маглі даведацца пра жыццё сваіх землякоў у Варшаве і Лондане, Берліне, Парыжы і Празе і нават у Бразіліі, ЗША і Канадзе. Быў змешчаны цікавы матэрыял "Профессор Т.Г. Масарик об украинском вопросе".

І ўсё больш звестак было з самой Украіны. Гаварылася пра яе тэрыторыю, найбольшую ў Еўропе. Змяшчаліся геаграфічныя карты краіны. Часта ўспаміналіся выбітныя асобы, найперш Тарас Шаўчэнка, Іван Франко, Леся Украінка.

Патрыятычныя публікацыі ва украінскай газеце моцна ўплывалі на светапогляд Максіма Багдановіча. Сугучнасць праблем Украіны і Беларусі заклікалі стаць на абарону свайго, роднага. Публіцыстыка паэта набывае рысы наступальнасці, закліку перайсці ад слоў да справы ў нацыянальным адраджэнні. Ёсць, відаць, перыяды, калі сапраўдны творца вызначае ўласную грамадзянскую пазіцыю ў барацьбе за народнае шчасце. Так сталася з Багдановічам ў пачатку ХХга стагоддзя, з Васілём Быкавым - у канцы ХХга стагоддзя. Гэтыя пісьменнікі па закліку сэрца сталі публіцыстамі, часова аддалі перавагу напісанні не вершаў і аповесцяў, а будзённых допісаў на патрэбу дня...

Максім Багдановіч надрукаваў у газеце "Голос" (Яраслаўль, 12.01.1916) рэцэнзію "Украинская жизнь", 1915, № 115". Аўтар у гадавым аглядзе выдання выказвае сваю падтрымку "национальной украинской точке зрения", якая выразна праводзілася рэдакцыяй. Найбольшую ацэнку атрымаў публіцыстычны аддзел часопіса, а сярод канкрэтных матэрыялаў - артыкулы Сымона Пятлюры і Міхаіла Грушэўскага. Міхаіл Сяргеевіч вядомы, як гісторык украінскай літаратуры, адзін з лідараў украінскага нацыянальнага руху.

Што да Сымона Пятлюры (1879 1926), то на газетныя выступы гэтага аўтара М. Багдановіч звярнуў увагу з першых прачытаных нумароў выдання. У 1915 годзе шырокі водгук выклікалі артыкулы Пятлюры "О польской прессе", "Сказание В.А.Маклакова об украинской интеллигенции". Сымон Васільевіч разам з Аляксандрам Салікоўскім рэдагаваў часопіс Заснавальнікам і выдаўцом быў Я. А.Шарамеценскі.

Асоба Сымона Пятлюры не патрабуе каментарыяў. Дзесяцігоддзямі імя гэтага чалавека савецкай гістарыяграфіяй трактавалася, як імя ўкраінскага нацыяналіста, ворага Савецкай улады. Патрыёты Украіны, наадварот, шануюць памяць аднаго з галоўных стваральнікаў Украінскай Народнай Рэспублікі, старшыні яе Дырэкторыі, барацьбіта за яе незалежнасць.

У Маскве Пятлюра апынуўся ў 1907 годзе. Ён граў значную ролю ва украінскім зямляцтве, уваходзіў у кола блізкіх людзей акадэміка Ф. Корша, вядомага абаронцы украінскай культуры. Сымон Васільевіч быў цесна звязаны з нацыяналістычнымі гурткамі "Кабзар" і "Грамада". Працаваў бухгалтарам у страхавым таварыстве "Расія". Пабраўся шлюбам з Вольгай Більской. У 1914 годзе публікаваў заклік "Вайна і ўкраінцы", у якім абверг хлусню пра нібыта аўстрыйскую арыентацыю украінцаў Расіі. На паверхню палітычнага жыцця яго вылучыла Лютаўская рэвалюцыя 1917 года.

У снежні 1915 года Максім Багдановіч быў у Маскве. Гэтыя некалькі дзён амаль не адлюстраваны ў яго біяграфіі. Вядома, што сустракаўся з вучоным Уладзімірам Пічэтам, які сказаў пазней, то паэт надзвычай цікавіўся гісторыяй Беларусі.

Ці была размова з Сымонам Пятлюрам, дакладна невядома. Аднак вельмі верагодна, што яны бачыліся. Не мог Максім абыйсці рэдакцыю газеты, у якой друкаваў свае артыкулы. Магчыма, нават перадаў чарговы матэрыял "На белорусские темы", які неўзабаве (люты 1916 года) быў змешчаны на старонках выдання.

Антон Лабовіч, Гародня.


Генацыд беларусаў у 400 гадоў

На думку кандыдата гістарычных навук Уладзіміра Сосны, генацыд беларусаў у апошнія 400 гадоў выкліканы адсутнасцю ў краіны рэальнага суверэнітэту. Пра гэта вучоны заявіў 27 красавіка на навуковай канферэнцыі па праблемах людскіх страт беларускага народа ў XX стагоддзі, якая адбылася ў Менску, у Гістарычнай майстэрні.

Паводле слоў вучонага, больш чым напалову скарацілася насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне XVII стагоддзя ў выніку казацкасялянскай вайны і вайны Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай. "Насельніцтва краіны цярпела велізарную шкоду ад войнаў і эпідэмій Паўночнай вайны пачатку XVIII стагоддзя, рускафранцузскай вайны 1812 года, першай сусветнай, грамадзянскай, другой сусветнай войнаў і наступстваў Чарнобыля", - сказаў У. Сосна.

"Пакуль існавала незалежнае ВКЛ, па нашай тэрыторыі не праходзіў смерч згубных войнаў. Звычайна ваенныя дзеянні не закраналі тэрыторыю ВКЛ, бо армія забяспечвала абарону краіны на яе межах. Аднак пасля ўваходжання ВКЛ у Рэч Паспалітую мы страцілі права весці незалежную знешнюю палітыку, а колькасць арміі была абмежавана. У выніку гэтага тэрыторыя ВКЛ аказалася неабароненай", - падкрэсліў вучоны. Паводле яго слоў, сітуацыя, пры якой лёс краіны вырашаўся "не продкамі беларусаў і не ў сталіцы беларускай дзяржавы", ускладнілася ў наступныя стагоддзі. "Толькі вяртанне рэальнага суверэнітэту дазволіць спыніць далейшае скарачэнне насельніцтва Беларусі", - заключыў У. Сосна.

Былы вязень фінскага канцлагера "Heposuо" Мікалай Дзенісевіч паведаміў, што пасля заканчэння савецкафінскай вайны да СССР адыйшла тэрыторыя плошчай 3,6 тыс. квадратных кіламетраў, адкуль у Фінляндыю было эвакуявана прыкладна 400 тыс. фінаў. "Замест іх КарэлаФінская ССР у 1940-1941 гадах была заселена мнагадзетнымі сем'ямі беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, якія цярпелі нястачы", - зазначыў М.Дзенісевіч. Паводле яго слоў, пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны Фінляндыя вярнула свае згубленыя тэрыторыі, захапіла прыкладна дзве трэці савецкай Карэліі і стварыла тут 14 канцлагераў. "З 50.200 чалавек зняволеных ад холаду, голаду і цяжкай працы ў гэтых лагерах загінула ад 25 да 70 працэнтаў вязняў", - сказаў М. Дзенісевіч. Па выніках працы ў Нацыянальным архіве Беларусі і шэрагу расійскіх архіваў ён напісаў кнігу, якая неўзабаве будзе выдадзена.

Марат ГАРАВЫ БелаПАН.


11 ЧЭРВЕНЯ Ў МЕНСКІМ ЧЫРВОНЫМ КАСЦЁЛЕ АДБУДЗЕЦЦА ПЕРАПАХАВАННЕ ПАРЭШТКАЎ ЗАСНАВАЛЬНІКА ХРАМА Э. ВАЙНІЛОВІЧА

11 чэрвеня ў Менску, у крыпце касцёла святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), адбудзецца перапахаванне парэшткаў Эдварда Вайніловіча (13.10. 1847, Сляпянка пад Менскам - 16.06.1928, Быдгашч, Польшча), на чые ахвяраванні быў узведзены гэты храм.

У інтэрвію БелаПАН настаяцель касцёла ксёндзмагістр Уладзіслаў Завальнюк зазначыў, што пытанні эксгумацыі парэшткаў Э. Вайніловіча і перанос яго праху на радзіму ўзгоднены з усімі дзяржаўнымі і рэлігійнымі структурамі ў Польшчы і Беларусі. "Дзякуючы намаганням польскіх гісторыкаў і краязнаўцаў у Варшаве была адшукана 91гадовая Ірэна Янджыевіч - унучка сястры Эдварда Вайніловіча. Ад усяго роду Вайніловічаў, прадстаўнікі якога жывуць у Беларусі, Вялікабрытаніі, Расіі і Польшчы, яна дала пісьмовы тэстамент на эксгумацыю парэшткаў Эдварда Вайніловіча і перапахаванне іх у Чырвоным касцёле", - сказаў У. Завальнюк. Паводле яго слоў, у падтрымку пераносу парэшткаў Э. Вайніловіча выказаліся многія вернікі Менска.

Цырымонія эксгумацыі адбудзецца ў Быдгашчы 8 чэрвеня з удзелам дэлегацыі з Менска. "У сувязі з тым, што на сродкі Эдварда Вайніловіча ў Быдгашчы быў узведзены шматпавярховы дом для дзяцейсірот, мэр Канстанцін Дамбровіч прапанаваў правесці ўдзячную сустрэчу з жыхарамі горада на галоўнай яго плошчы вечарам 8 чэрвеня. У цырымоніі чакаецца ўдзел беларускіх дыпламатаў ў Польшчы. Ад'езд з Быдгашчы запланаваны на раніцу 10 чэрвеня", - сказаў У. Завальнюк.

Паводле яго слоў, у Чырвоным касцёле мяркуецца правесці набажэнства з удзелам кардынала Казіміра Свёнтака, на якое будуць запрошаны прадстаўнікі розных канфесій, свецкіх уладаў і дыпламаты. "Крыпта з парэшткамі Эдварда Вайніловіча будзе даступнай для вернікаў. Ля яе можа будзе памаліцца, ускласці кветкі і паставіць свечкі", - зазначыў У. Завальнюк.

Ён лічыць, што гэтая акцыя стане крокам па вяртанні на радзіму імёнаў тых вялікіх постацяў, якія шмат зрабілі для свайго народа.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.

Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг матэрыялаў прысвечаных беатыфікацыі фундатара касцёла Св. Сымона і Алены

ў Менску Эдварда Вайніловіча)

У такім паскораным парадку стваралася грамадская думка, пад уплыў якой пачалі трапляць людзі, насуперак сваім глыбокім перакананням, і прыносілі ў ахвяру сваё жыццё і сваю маёмасць, хоць разумелі ўсю безгрунтоўнасць і бяссэнсоўнасць сваёй ахвяры.

Уваходзілі ў шэрагі "арганізацый", атрымлівалі мандаты ад ананімных урадаў; стваралі паўстанцкія аддзелы нават з невялікай колькасцю людзей. Урад не губляў часу дарма і выкарыстаў незавершаную сялянскую рэформу каб накіраваць барацьбу інтарэсаў на глебу народнага антаганізму, якога мы ніколі не адчувалі паміж абшарнікамі і сялянамі, нягледзячы на розніцу веравызнання. Для ілюстрацыі грамадскай атмасферы прывяду асабісты прыклад: я меў шчасце мець маці, якая бязмежна любіла мяне, і памятаю момант, калі яна мяне, 15гадовага юнака, угаворвала, каб, калі прыйдзе час, я стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны. І гэтая хвіліна прыйшла на маё шчасце мяне не было дома, калі ў Савічы з Слуцка прыйшла партыя на чале з найгодным палкоўнікам Машэўскім. Забралі маю вінтоўку, 6 коней і пісарчука, якога маці дабраславіла і праводзіла. Манеўравалі нядоўга, былі пабітыя на мяжы Ігуменскай воласці: Машэўскі быў забіты, Напалеон Абуховіч паранены. Сустрэў я іх у Слуцку іх вялі ў турму. А пісарчук следчай камісіі так падрабязна ўсё паднёс, што іх родных неадкладна арыштавалі і прывезлі ў Слуцк, а маёнткі канфіскавалі ва ўласнасць дзяржавы.

Мне ўрэзалася ў памяць: было гэта ўлетку, я быў на вакацыях дома. Бацькі затрымаліся ў Слуцку разам з настаўніцай і яе сёстрамі, я застаўся адзін на гаспадарцы. Прыехаў п'яны чыноўнік Вінаградаў з вядомым кіраўніком бацюшкам Мажэйкам з Цімкавічаў, казакамі і камандай т. зв. "ратнікаў", сялян. Двор атачылі вартаю і пачалі вопіс хатняй маёмасці, дзівячыся, што не знаходзяць грошай, якія нібы былі ў майго бацькі. Сяляне разваліліся на кушэтках. Зрывалі садавіну ў садзе, чыноўнік піў гарэлку. Працягвалася гэта некалькі дзён. Падтрымаць мяне прыехаў наш далёкі сваяк, сусед з Кукавічаў, Эразм Петразолін, але яму давялося з'ехаць ні з чым. Дзядзька мой Тадэвуш яшчэ быў маршалкам. Аказваецца, перад паездкай у Савічы Вінаградаў, атрымаўшы ўказанне ад вайсковага начальніка, казачага палкоўніка Астахава, які кіраваў тады ў Слуцку, заявіўся да дзядзькі з надзеяй на выкуп за ласку па пытанні секвестру, а дзядзька грэбліва паставіўся да яго і ў прыдачу яшчэ чымсьці пасарамаціў, на што Вінаградаў паскардзіўся. І калі пасля некалькіх дзён яго кіравання ў Савічах дзядзьку ўдалося атрымаць ад вайсковага начальніка ўказанне прыпыніць секвестр (судовае выкананне) да вынясення прысуду ў адносінах да маіх бацькоў, і гэтае распараджэнне конным ганцом было дастаўлена ў Савічы, Вінаградаў, упаўшы ў лютасць, закрычаў: "Гэта зрабіў ваш маршалак", і з'ехаў з лаянкай. Спыніўся я на гэтым, здавалася, такім малаважным, эпізодзе таму, што ўсё тое што адбылося аказала вырашальны ўплыў на маё далейшае выхаванне і наступнае маё жыццё. Падчас гэтага секвестру, з чалавека, які мог разлічваць на прыстойнае забеспячэнне, я ператвараўся ў чалавека без даху над галавой, без хлеба; я зразумеў, што трэба самому ўласнымі сіламі прабіваць дарогу ў жыцці. Адным словам, замест усепрасветы, якую марыў даць мне бацька, або вайсковага мундзіра, я адразу выбраў пэўную прафесію, якая давала мне спецыяльнасць, што я і ажыццявіў пасля заканчэння гімназіі.

Каб больш не вяртацца да Слуцка, усяго яшчэ некалькі слоў у гэтым месцы дапішу. Горад гэты размешчаны ва ўраджайнай мясцовасці, хоць у нізіннай і багністай пры канале, які спрамляў рэчышча р. Случ. Належыць да найбольш старажытных гарадоў у Краі. Безумоўна, на першых парах існавання горад апынуўся пад уплывам Турава і Кіева, звязваючыся з Кіевам водным шляхам праз Случ, Прыпяць, Днепр. Манахі Пячэрскай Лаўры змушаныя былі дабірацца да Пакроўскага клештара Святой Сёмухі чайкамі (лодкамі).

Старажытных помнікаў Слуцк не захаваў, бо быў поўнасцю драўляным. З дрэва лісцяных парод была выбудаваная славутая "Слуцкая Фара" (паводле прыказкі: "старэйшая за кальвінскую веру", якую з дзяцінства памятаю) поруч сучаснай Навапольнай вуліцы паміж Шашэйнай і пакінутай пасля яе званіцай. Пабудаваная яна была ў 1410 годзе на сродкі Жыгімонта Кейстутавіча. Звонку, у галярэі з боку вуліцы, было прымацавана распяцце, работы вядомай школы Віта Ствоша, вельмі шанаванае, якое ацалела, і мне ўдалося яго расстарацца і размясціць у пабудаваным мной Менскім Касцёле святых Сымона і Алены. Калі Фара прыйшла ў поўны заняпад, яе драўляныя бэлькі былі выкарыстаныя для пабудовы невялікай капліцы блізу плябаніі.

Калі я хадзіў у гімназію, ранейшых драўляных замкаў і палацаў, як верхняга, так і ніжняга, ужо не было. Сямтам яшчэ тырчалі рэшткі абаронных земляных насыпаў, і зарасталі чаротам старыя ямы і равы, якія некалі затрымоўвалі нашэсце татараў, Глінскага казацтва і Масквы пад камандаваннем Трубяцкога, якому аказала супраціў мясцовае праваслаўнае насельніцтва прыгарадаў: Трайчан і Астравы. У канцы вуліцы Шырокай добра захаваўся земляны бастыён, у цяперашні час поўнасцю знішчаны і забудаваны, над берагам р. Случы, насупраць яго ў 1812 г. перапраўлялася войска Напалеона, якое адыходзіла, і таму гэтае месца ракі было названа "Уцёкі".

У маю бытнасць там было звычайнае месца купання для вучняў. Падчас выраўноўвання насыпаў і ям былі знойдзеныя чатыры вялікія і адна невялікая гарматы, адвезеныя ў двор паліцыі. Яны ўраслі ў зямлю, але мне ўдалося іх адкапаць і ўсталяваць перад хатай у Савічах, як некалі ва ўладаннях Алелькавічаў. Акрамя кляштара ў Трайчанах з мураваным саборам і саркафагам апошняй Слуцкай князёўны "Альгердавага племені", як чытаем ў надпісе, у Слуцку налічалася каля 10 драўляных цэркваў, з якіх адна "Васкрасенская", быццам бы, не павінна быць маладзей за "Слуцкую Фару"; кальвінская кірха ў гатычным стылі пры гімназіі і мураваны касцёл з былым Бернардынскім кляштаром і слыннымі "бернардынскімі бэрамі" у садзе. Была і лютаранская кірха драўлянай пабудовы, але яна згарэла, а пляц зваўся паранейшаму лютаранскім.

Апісваючы Слуцк, грэшна было б не ўспомніць аб "persjarni" фабрыцы паясоў. Калі я наведваў школу, яшчэ існавалі старыя драўляныя пабудовы насупраць кальвінісцкай бурсы (інтарната), у якіх размяшчаліся станкі. У цяперашні час на гэтым пляцы пабудаваныя будынкі "Таварыствы Літасці", дзе размяшчаецца Земская Ўправа. Больш падрабязна пісаць пра Слуцк не буду, больш дакладныя і падрабязныя дадзеныя можна будзе знайсці ў "Геаграфічных слоўніках" і іншых крыніцах, павінен толькі дадаць адну асаблівасць, якая адрознівала сістэму кіравання князёў Алелькавічаў ад кіравання ў гэтым Краі спадчыннікаў князёўны Сафіі князёў Радзівілаў. Князі Алелькавічы з сваіх уладанняў выбіралі людзей, здольных да вайсковага рамяства і прыслужвання ў замку і сялілі іх у вёсках поруч Слуцка, вызваляючы іх ад паншчыны.

Так паўсталі поруч з горадам вёскі, дагэтуль званыя "выбранецкімі", такія як Бранава, Лучнікі і да т. п. яны сведчаць аб вызначанай спецыялізацыі. Аб тым, што такая спецыялізацыя існавала, і традыцыя яе засталася, сведчыць тое, што, выконваючы каля 40 гадоў ганаровы абавязак міравога суддзі і чуючы розныя мянушкі, я зацікавіўся мянушкай "Павежак павераны, давераны". Гэта быў селянін з "выбранецкай" вёскі, продак якога пры палацавай гармаце, кіраванай немцамі, быў "pulwersackiem", т.е. падаваў мяшочак з порахам для набівання ядра. Сяляне гэтых "выбранецкіх" вёсак выконвалі абавязкі пасланцаў, часта ў вельмі аддаленыя месцы, і гэта так увайшло ў традыцыі, што і дагэтуль на рынку ў Слуцку стаяць "выбранецкія" рамізнікі для найму ў розныя паездкі. Калі з пасагам апошняй Слуцкай князёўны Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў, жыццё правінцыі пачало групавацца вакол Ардынанцкага замка ў Нясвіжы, вакол якога ардынанты іншым спосабам, больш адпаведным ладу Рэчы Паспалітай, пачалі ўзводзіць забудовы, якія ў меру патрэбы маглі і замак абараніць і забяспечыць уплыў магутнага роду на грамадскую думку. І таму на шырокіх тэрыторыях і лясных высечках рассялялі гербавую шляхту на т. зв. "засценкі".

Некаторыя "засценкі" неслі выразна вызначаныя павіннасці, напрыклад даставіць каня з калёсамі і фурманам для запрошаных з замка вайсковых патрэб. А ўся без выключэння засцянковая шляхта складала партыю або радзівілаўскіх кліентаў, падпарадкаваных Віленскаму ваяводзе не толькі на "сейміках", але ў выпадку неабходнасці і на Волі пад Варшавай. Не кожны шляхціц умеў чытаць, але кожны меў хоць бы карабін, падвешаны на шнурку, і нагадваў аб сваіх правах. Вось з такімі звычаямі з'явіліся вакол Нясвіжа шляхецкія сядзібы. Адмысловая выгляд надавалі Краю розныя прывілеі, атрыманыя ардынатамі, напрыклад, магчымасць высечкі лесу і да т.п. У некаторай ступені гэта была каланізацыя. Гэтая шляхта рускім урадам паступова пазбаўлялася прывілеяў, пры адсутнасці адпаведных дакументаў, шляхам упісання ў сялянскі стан або ў т. зв. "аднодворцы". Яна захавала ў большасці каталіцкае веравызнанне, хоць і карысталася ў шматлікіх абласцях беларускай мовай, што не перашкаджала маліцца па польскіх кніжках у касцёле і спяваць рэлігійныя песні і гімны на польскай мове. Адпаведная свабода навучання на роднай мове, што настала пасля Ўказаў 1906 г., абудзіла ў засценках своеасаблівае пачуццё народнасці, якое ў далейшым працягвала развівацца самастойна.

Пасля падзей 1863 г. у Краі наступілі шматлікія канфіскацыі і секвестры (вынятка) маёнткаў у тых, хто тым або іншым спосабам быў датычны да гэтых падзей. Канфіскацыя абскарджанню не падлягала, маёнткі, забіраныя судовымі выканаўцамі, падвяргаліся прымусоваму продажу, што пры Ўказе ад 10 снежня 1865 г., які забараняў каталікам набываць нерухомасць, мала чым адрознівалася ад канфіскацыі, бо зза адсутнасці канкурэнцыі расейцы за бясцэнак (1/10) скуплялі маёнткі. Трэба сказаць, што ў маёнтку пры зямлі мала хто з іх затрымоўваўся, звычайна лес выразалі ў пень, а маёнткі падзялялі на невялікія ўчасткі, але гаспадар, як правіла, не вяртаўся, і такім чынам шмат агменяў культуры з беларускіх абсягаў сышло беззваротна.

Асаблівы ўплыў на Край аказаў выдадзены 14 сакавіка 1887 г. Найвысокі Ўказ нацыяналістычнага ўраду Аляксандра III аб замежніках, на падставе якога замежнік, які атрымлівае спадчыну або які набывае маёмасць, быў абавязаны або атрымаць расійскае падданства (грамадзянства), або ж на працягу трох гадоў прадаць свой маёнтак або землі. Гэты ўказ стаў чыннікам змушанага про-дажу велізарных зямельных угоддзяў, толькі ў Менскай губерні - 750 000 па-вітгейнаўскіх дзесяцін зямлі. Аб узнікненні гэтых земляў неабходна сказаць некалькі слоў.

(Працяг у наступным нумары.)


З успамінаў удзельніка травеньскага 1926 г. перавароту

(да 80- годдзя падзеі)

80 год назад, у траўні 1926 г. маршалак Польшчы Юзаф Пілсудскі здзейсніў г.зв. "травеньскі пераварот", у выніку чаго ў краіне была устаноўлена дыктатура аднаго чалавека.

Да чаго гэта прывяло -- трошкі ніжэй.

... Мой бацька Гіль Пётра, сын Міхала, 1904 г.н. якраз у гэты час служыў у Войску Польскім і прымаў удзел у гэтай "акцыі". Ён служыў у знакамітым 36 пяхотным палку, які быў раскватараваны ў самой Варшаве і непасрэдна пад-парадкоўваўся самому Ю. Пілсудскаму. Дарэчы, у гэты полк прызываліся толькі навабранцы з Віленшчыны, адкуль родам быў і сам Маршалак.

Жаўнеры вельмі ганарыліся гэтым, яны былі добра вымуштраваныя, падрыхтаваныя і верна служылі Ю. Пілсудскаму. Гэты 36 пяхотны полк удзельнічаў у разгоне Сейма, а таксама нёс ахову дзяржаўных устаноў і г.д.

Вось што мне запомнілася з расказаў бацькі пра гэты травеньскі пераварот 1926 г.

"... Я быў прызваны Глыбоцкім павятовым камісарыятам Віленскага ваяводства ў 1925 годзе і накіраваны ў 36 пяхотны полк Войска Польскага ў Варшаву. Мы былі добра вышка-лены і абучаны, усе з Віленшчыны, я быў станковым кулямётчыкам. У часы правядзення дэманстрацый у Варшаве мы заўсёды былі напагатове і ездзілі ў крытых аўтамабілях...

Кармілі нас на "убой", адчувалі сябе як "львы". Усе жаўняры гатовыя былі ў любы час аддаць сваё жыццё за свайго земляка Юзафа Пілсудскага, Маршалка Польшчы, які апекаваўся нашым палком.

Падчас дзяржаўнага травеньскага перавароту мне прыйшлося адчыняць дзверы ў будынак Сейму, куды Юзаф Пілсудскі з групай генералаў і старэйшых афіцэраў з шаблямі "нагала" увайшлі і разагналі паслоў Сейму, якія былі там (іх было невялікая колькасць, бо Сейм меў вакацыі). Потым я нёс службу па ахове будынка Сейму. У гэтым заключаўся мой удзел у самім травеньскім перавароце."

Непасрэдна рыхтаваў пераварот генерал Люцыян Жалігоўскі, які ў той час быў Міністрам абароны Польшчы. Гэта быў таксама наш зямляк, які яшчэ раней па ўказцы Ю. Пілсудскага арганізаваў на Віленшчыне "путч" супраць Літвы, ды стварыў г. зв. "Сярэднюю Літву", якую потым шляхам плебісцыту далучылі да Польшчы.

Што было прычынай травеньскага перавароту? Мне было вядома, што пасля таго, як выбралі прэзідэнтам Польшчы Войцяхоўскага, маршалак Пілсудскі адышоў ад дзяржаўнай працы і склаў з сябе назоў Начальніка Дзяржавы. Ён аддаліўся ў прыгарад Варшавы (Сулеювэк) і пачаў пільна сачыць за падзеямі ў Сейме, дзе вяліся бясконцыя бяссэнсовыя дыскусіі. Маршалку чамусьці не падабалася "Narodowa Demokracia". Яго паддтрымлівала не толькі афіцэрства, але і салдаты. Асабліва быў вялікі яго аўтарытэт у палках, якія былі размешчаны на Віленшчыне і, навогул, на "Крэсах Усходніх". Верныя яму вайсковыя часткі рушылі на Варшаву. Адбыліся невялікія сутычкі на вуліцах горада. Камандаванне войскамі пераняў сам Маршалак.

Урад з прэзідэнтам Вайцяхоўскім уцяклі з Варшавы ў Вільянова (прыга-рад Варшавы) і, бачачы, што ў іх няма падтрымкі, падалі заяву Маршалку аб злажэнні сваіх паўнамоцтваў.

Ю. Пілсудскі зноў стаў Начальнікам Дзяржавы, адмовіўшыся ад пасады Прэзідэнта краіны. Прэзідэнтам Сейм выбраў праф. Масьціцкага.

Усё было зроблена нібы "дэмакратычна" праз Сейм.

Гэты пераварот (травеньскі) адбыўся на працягу некалькіх дзён, менавіта 12-15 траўня 1926 г. ...".

Да перавароту палітыка польскіх уладаў пра-водзілася ў рэчышчы пала-нізацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў "крэсаў усходніх". Так, адзін з высокапастаўленных чыноўнікаў шавініст прэм'ер Скульскі заявіў, што за 50 год ніякіх беларусаў у Польшчы не будзе, што усіх беларусаў у Польшчы можна будзе пасадзіць на адной канапцы.

Аднак найбольшы пераслед давялося перажы-ваць беларусам у Рэча Паспалітай менавіта пасля тра-веньскага перавароту 1926 года. Пачалі бязлітасна злік-відоўвацца беларускія грамадскія і палітычныя арга-нізацыі, газеты і часопісы, школы, кааператывы.

Паланізацыя праводзілася праз касцёл і царкву.

Наступіла змрочная паласа ў жыцці беларусаў, якая працягвалася да верасня 1939 года, калі з Усходу прыйшло бальшавіцкае "святло".

Беларусы трапілі з агню ды ў полымя. Зноў рэпрэсіі, атэізм, вайна, гібель людзей ды русіфікацыя.

Народзе! Ты заслугоўваеш сваёй лепшай долі. Трэба змагацца за родную мову, Бацькаўшчыну, дэмакратыю.

Гэтае змаганне ідзе і працягваецца ў цяжкіх варунках сучаснага жыцця ў сучаснай Беларусі. У змаганні ўдзельнічае новае пакаленне - моладзь, і яна пераможа. Мы верым у гэта.

Юры Гіль, Вільня.


Віктарына з сумным вынікам

Слуцкія зачосы

З нагоды 25 сакавіка - Дня Волі, з якім звязана абвяшчэнне у 1918 годдзе Радай Усебеларускага Кангрэсу незалежнай дзяржавы БНР Слуцкая гарадская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны правяла праз незалежную газету "Кур'ер" віктарыну. У ёй чытачам належала назваць арганізацыю, што стаяла ля вытокаў незалежнасці, дзяржаўныя сімвалы - сцяг і герб, і адказаць на запыт, ці мела Случчына дачыненне да стварэння ў той год брыгады стральцоў. І хоць падпісчыкамі і чытачамі, хто купляе газету ў шапіках, з'яўляецца звыш 6 тысяч жыхароў . Слуцка, Салігорска, Капыля, Старых Дарог, на ўдзел у віктарыне адгукнулася ўсяго... тры чалавекі: пенсіянер і двое школьнікаў са слуцкіх школаў. Яны ж і далі правільныя адказы. Не адгукнуўся ніводзін настаўнік, культработнік, проста неабыякавы да гісторыі нашай дзяржавы чалавек! Вось дык узор нацыянальнага нігілізму - такога ва усім свеце не адшукаеш напэўна.

І гэта - не першы выпадак такой непавагі да свайго мінулага, спрадвечнага. Ужо каторы год у гадавіну Слуцкага збройнага чыну 27 лістапада ля будынка гісторыкакраязнаўчага музея, дзе госці з Менска, пераважна сябры КХП БНФ, ладзяць пад белчырвонабелымі сцягамі і выявай "Пагоні" мітынг з дазволу мясцовай улады, збіраецца не болей 1520 гараджанаў, часцей пенсіянераў з настаўнікаў, ды міліцыянтаў з аховы чалавек пяць. Месца для мітынгу - узбоч галоўнай вуліцы горада, паблізу ходнікаў. Міма праходзяць сотні дарослых, моладзі, і хоць бы хто прыпыніў крок дзеля цікаўнасці - з якой нагоды ладзіцца мітынг пад нацыянальным сімваламі? Усе кудысьці спяшаюцца, тым самым дэманструючы сваю абыякавасць, і страх, каб часам іх не западозрылі ў сімпатыях да БНФ. Тым болей, што кожны раз чалавек у цывільным прыходзіць сюды з кінакамерай.

І гэта ў горадзе, адкуль 85 гадоў таму 5 тысяч дабраахвотных стральцоў пайшлі на смерць, каб жыла незалежная Беларусь.

Мікола Кутнявецкі, г. Слуцк .


З ПАШАНАЙ ДА ІГНАТОЎСКАГА

19-20 красавіка 2006 г. на Камянеччыне прайшлі навукова-асветніцкія чы-танні, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага, які нарадзіўся 9 красавіка 1991 года ў сям'і народнага настаўніка ў вёсцы Такары Камянецкага раёна.

Славуты сын краю не забыты - сцвярджэнне таму Памятны знак Ігнатоўскаму на яго малой радзіме, багаты даведачны матэрыял у школах і бібліятэках раёна, яго імя - у раённай кнізе "Памяць"... І, добры пачын - сёлетнія навуковаасветніцкія чытанні, удзел у якіх бралі прадстаўнікі інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя М. Танка.

Свята адкрыў старшыня Агароднікаўскага сельскага Савета Барыс Данілюк. У Такарах ля знака, дзе сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, шаноўныя госці, удзячныя землякі Б. Данілюк гаварыў пра значнасць для Беларусі імені У.М. Ігнатоўскага, які знаходзіўся ля вытокаў навукі і культуры, бясконца многа зрабіў для беларускага народа і Айчыны.

У гады сталіншчыны Усевалад Макаравіч стаў ахвярай беззаконня і загінуў, але засталася аб ім памяць, ягоная праца. Б. Данілюк расказаў пра тое, з якой пашанай, энтузіязмам людзі ладзілі святое месца - Памятны знак. Сваю дапамогу прапанавалі школьнікі, мясцовыя жыхары, памежнікі. Побач - камень мудрасці з блізкага лесу. Хто ведае, можа на ім калісьці сядзеў малады Ігнатоўскі і марыў, каб Беларусь заняла свой пачэсны пасад між народамі. У гэты дзень да знака Ігнатоўскага з любоўю і пашанай былі ўскладзены кветкі, пасаджана памятная алея ў яго гонар: 40арабінак - нібы 40 яго навуковых працаў.

Высокаўская школа - санаторый гасцінна сустрэла ўдзельнікаў чытанняў. Чытанні пачаліся з прывітальных слоў арганізатараў мерапрыемства. Вялікую цікавасць выклікаў аповед старшыні раённага савета дэпутатаў Ніны Данілаўны Стасюк аб старажытнай зямлі Камянецкай, яе знакамітых ураджэнцах.

Прафесар, кандыдат гістарычных навук Пётр Рыгоравіч Ігнатовіч адзначыў, што У.М. Ігнатоўскі нарадзіўся ў самам сэрцы беларускай зямлі. Такія постаці, такія таленты дае свету найчасцей вясковая зямля, а не буйны мегаполіс.

Навуковаасветніцкія чытанні, мэта якіх - садзеянне захаванню і развіццю навуковакультурных і этнагістарычных традыцый беларускай супольнасці, доўжыліся ў Камянецкім гарадскім Доме культуры.

Асаблівай падзеяй гэтага дня стала урачыстае адкрыццё сціплай дошкі на будынку цэнтральнай раённай бібліятэкі; якой прысвоена імя У. М. Ігнатоўскага.

З прамовамі выступалі прафесар П. Р. Ігнатовіч, старшыня Камянецкага райвыканкаму С. Р. Радкавец, малады вучоны А.Я. Крапіўны, настаўнік гісторыі Камянецкай гімназіі Я.У. Антончык.

І. А. Жытко.


У памяць Міколы Ермаловіча

28 красавіка 2006 года ў Менску адбылася вечарына, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага гісторыка, пісьменніка, краязнаўца Міколы Іванавіча Ермаловіча, якую правёў Менскі культурна-асветніцкі клуб "Спадчына".

Спачатку прысутныя пачулі голас М.І. Ермаловіча, такі ясны, такі ўпэўнены. Потым старшыня клуба "Спадчына" Анатоль Белы коратка расказаў аб сустрэчах з М.І. Ермаловічам у клубе "Спадчына", аб яго дапамозе пры вырашэнні некаторых праектаў клуба, аб справах і намаганнях сяброў клуба "Спадчына", накіраваных на ўшанаванне памяці слыннага сына сваёй Бацькаўшчыны.

Дзею пачаў малітваю пад акампанемент піяніна сябар М.І.Ермаловіча, сусед, аднадумца і паплечнік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Лявон Аляксандравіч Цімохін. Затым гучалі яго вершы пра тую Беларусь, якую так шчыра любіў М.І. Ермаловіч.

Першае слова было прадстаўлена старшыні грамадскага аб'яднання "ТБМ імя Францішка Скарыны", кандыдату гістарычных навук Алегу Анатольевічу Трусаву. Прамоўца яскрава распавёў аб значэнні падвіжніцкай працы і грунтоўных даследаванняў М.І. Ермаловіча для гісторыі Беларусі.

Доктар гістарычных навук, прафесар Георг Васільевіч Штыхаў даў тлумачэнне аб летапіснай Літве і яе межах адпаведна канцэпцыі Міколы Іванавіча Ермаловіча аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага, адзначыўшы яго безкампраміснасць і мужнасць пры адстойванні сваёй канцэпцыі, якую ён ствараў, абапіраючыся на гістарычныя і летапісныя факты.

Сваімі ўспамінамі пра першыя сустрэчы з М.І. Ермаловічам у 1970 годзе падзяліўся вядомы беларускі драматург, кандыдат гістарычных навук Алесь Петрашкевіч, які ў той час працаваў адказным сакратаром Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Доктар тэхнічных навук, прафесар Аляксей Андрэевіч Саламонаў прачытаў верш Міколы Іванавіча Ермаловіча аб Беларусі і свой вершадказ, які як бы прадоўжыў думку М.І. Ермаловіча.

Пра знаёмства з М.І. Ермаловічам і ўсебаковую яго падтрымку распавёў археолаг, гісторык, кандыдат гістарычных навук М.М.Чарняўскі.

На вечарыне прысутнічалі родныя і блізкія М.І.Ермаловіча: дачка Алена Мікалаеўна Ермаловіч і пляменніца, дачка Лявона Іванавіча Ермаловіча, Людміла Леанідаўна Собаль. Успамінамі пра свайго слыннага дзядзьку, пра яго жыццё і працу, падзялілася з сябрамі клуба "Спадчына" Л.Л. Собаль.

Беларускі паэт, сябар клуба "Спадчына" Яўген Гучок адзначыў, што ў свой час у Дзяржынскай СШ М.І. Ермаловіча вучыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Паўла Антонаўна Стралкоўская, якая пазней, але ўжо ў Слуцкай школе вучыла Я. Гучка.

Пра сваю тэорыю разгляду канцэпцыі М.І. Ермаловіча аб утварэнні Вялікага Княства Літоўскага распавёў беларускі вучоны Аляксандр Пухоўскі.

На вечарыне быў прадстаўлены партрэт М.І. Ермаловіча (мастак Анатоль Крывенка) і тэматычнае палатно, якое адлюстроўвае сімвалічны, духоўны вобраз Вялікага Беларуса - Міколы Ермаловіча (мастак Алесь Цыркуноў).

Вечарына прайшла ажыўлена. Усе з цікавасцю слухалі неардынарныя выступленні слынных прамоўцаў, у выступленнях якіх была агульная думка: усё сваё свядомае жыццё М.І. Ермаловіч імкнуўся знайсці як мага больш гістарычных фактаў, якія сведчылі б аб існаванні Беларускай дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае.

Было радасна ўсведамляць, што на такім высокім навуковым узроўні была праведзена вечарына памяці слыннага беларускага вучонага Міколы Іванавіча Ермаловіча.

АнатольВалахановіч, пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнавец.


Не стала Леаніда Вінніка

1-га траўня 2006 года, не дажыўшы месяц да свайго 50-годдзя, пайшоў у іншы свет лідскі паэт Леанід Віннік, аўтар зборнікаў "Под погасшими звёздами" (1996), "Мелодии печального дождя" (1997), "Ностальгия" (1999), "Откровение" (2000), беларускамоўнай краязнаўча-біяграфічнай кнігі "Зоркі лідскіх небасхілаў" (2001) і рускамоўнай краязнаўча-біяграфічнай кнігі "Время и судьбы" (2004).

Леанід Віннік пісаў у асноўным па-руску. Але яго беларускамоўныя творы вызначаліся выдатным веданнем мовы, мілагучнасцю і пранікнё-насцю. Большасць з іх пакладзена на музыку. Песня "Горад мой" на словы Леаніда Вінніка з'яўляецца неафіцыйным гімнам Ліды. Яна гучала на "Славянскім базары" ў Віцебску. Доўгі час ёю пачыналіся перадачы Лідскага радыё.

Леанід Віннік меў няўрымслівую натуру: працаваў электрыкам на будоўлі трасы"Ніжневартаўск - Урангой", бондарам на возеры Байкал, будаўніком у БУ-133 г. Ліды, будаўніком у Туапсэ і на Камчатцы.

Займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, уваходзіў у розныя грамадскія арганізацыі Ліды.

Пахавалі Леаніда Вінніка 8 траўня на могілках Лідскай Слабадской каталіцкай парафіі.

Ён быў Паэт, зрабіў роўна столькі, колькі зрабіў, колькі яму было наканавана. Хай зямля яму будзе лёгкай, а ўспаміны пра яго застануцца светлымі.

Сябры Лідскай гар. арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, літаратурна-мастацкага аб'яднання "Рунь", літаратурнага аб'яднання "Суквецце".


Горад мой


Ласкай сонейка шчыра абліты,

ну куды толькі вокам ні кінь...

Прывітанне табе, горад Ліда,

добры дзень вам, мае землякі.


Я табою ганаруся,

ты заўсёды са мной,

прыгажэйшы па ўсёй Беларусі,

любы мой, горад мой.


Ты ў людзях сваіх, нібы ў зорках,

у старажытных легендах жывеш.

Б'юць маланкі высока-высока,

а тваіх не кранаюцца веж.


Я табою ганаруся,

ты заўсёды са мной,

прыгажэйшы па ўсёй Беларусі,

любы мой, горад мой.

Леанід Віннік.


ПРЫСВЕЧАНАЯ ГАДАВІНЕ З ДНЯ СМЕРЦІ ПАЭТА А. СЫСА

У сталічным Палацы культуры чыгуначнікаў 5 траўня адкрылася выстава жывапісу і графікі "Пан Лес", прысвечаная гадавіне смерці беларускага паэта Анатоля Сыса.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 40 твораў беларускіх мастакоў Алеся Квяткоўскага, Алеся Сушы і Аляксея Марачкіна.

Сярод выстаўленых А.Квяткоўскім шматлікіх твораў, прысвечаных паэту, ёсць і карціна "Пчаліная матка". Так хацеў назваць А. Сыс свой апошні паэтычны зборнік, які не ўбачыў свет.

А. Марачкін, які ілюстраваў кнігу паэта "Сыс", прадставіў тры жывапісныя работы, у тым ліку "У цішы начной. Прысвячэнне Анатолю Сысу". Мастак зачытаў раней невядомыя вершы А.Сыса, што захаваліся на абрыўках паперы і былі падараваныя яму паэтам. "Гэты неадназначны чалавек быў геніяльным паэтам. Ён, як зорка, прамільгнуў і згарэў на паэтычным небасхіле. Я думаю, Сыс меў рацыю, калі гаварыў, што па яго вершах будуць вымяраць беларускую паэзію будучага", - сказаў мастак. А. Марачкін прапанаваў заснаваць мастацкі плянэр памяці А. Сыса.

Пісьменнік Адам Глобус падкрэсліў, што ў гісторыі нацыянальнай паэзіі А. Сыс займае адно з вядучых месцаў. "У хрэстаматыю сусветнай паэзіі побач са "Словам пра паход Ігараў" я ўключыў творы Анатоля Сыса", - сказаў А. Глобус. Ён нагадаў, што А. Сыс быў сярод арганізатараў аб'яднання "Тутэйшыя", у склад якога ў канцы 1980х гадоў увайшлі найбольш яркія і дынамічныя прадстаўнікі новай хвалі адраджэння нацыянальнай гісторыі і культуры.

Анатоль Сыс нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 года ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 1982 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны універсітэ імя Ф. Скарыны. Друкавацца пачаў з 1974 года. У яго трох паэтычных зборніках "Агмень" (1988), "Пан Лес" (1989) і "Сыс" (2002) - зварот да гісторыі, роздумы над лёсам краіны, тэмы паэта, паэзіі і дзяцінства. Творчасці А. Сыса ўласцівая грамадзянскасць, міфалагічнасць і шчырасць. З'яўляецца аўтарам шэрагу эсэ і паэм "Алаіза" і "Агоньптушка", напісаных у 1988 годзе.

Марат ГАРАВЫ, БелаПАН.


Весткі з ТБМ Віленшчыны

Сябра Рады ТБК спадар Вацлаў Гульбіновіч, які працуе сянюнасам у г. Вільні, будзе прадстаўляць у грамадскай Радзе Дэпартамента нацменшасцяў Л.Р. інтарэсы беларускіх суполак Літвы, якія не прадпарадкоўваюцца беларускай амбасадзе ў Вільні. Да гэтага часу мы не мелі такога прадстаўніка, бо Згуртаванне, якое ўзначальвае спадар Л. Мурашка, карыстаючыся арыфметычнай большасцю сваіх суполак і бюракратычнай працэдурай вылучэння, не давала магчымасці вылучыць у Раду прадстаўніка ад незалежных беларускіх суполак, прасоўваючы сябе і свайго паплечніка Р. Вайніцкага.

Юры Гіль, старшыня ТБМ Віленскага краю.


Духоўны свет асобы ў творчасці слонімскіх паэтаў апошняга дзесяцігоддзя

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Вера і надзея на лепшае ў людзях прыходзіць да І. Войткі праз таінства творчасці, пра гэта сведчыць наступны маленькі верш:

У сваёй адзіноце

Не панна я, не мадонна.

У сваёй адзіноце

Рабыня я,

На ланцугу свайго часу,

На ланцугу свайго лёсу,

І толькі я птаха белая

З табою, маё пяро!

Верш гэты цікавы сваёй формай: у ім шмат паўтораў, ёсць унутраныя рыфмы (паннамадонна, свайгопяро), самыя важныя словы вынесены ў асобны радок (рабыня я), якія рыфмуюцца праз некалькі радкоў (рабыня - белая). Апошняя кантрасная рыфма нясе важную думку пра тое, якое вялікае значэнне мае паэтычная творчасць у жыцці І. Войткі. Тэма творчасці гучыць і ў вершы "Хоць я мамаю стала даўно". Паэтка разумее, што душу творцаў мелі і яе продкі, таму шкадуе, што не навучана ткаць, але працягвае яна справу радні: тчэ "песню са слоў".

Хоць я мамаю стала даўно,

Але я не засяду за кросны!

Не сатку я, матуля, радно,

І не вытку я раніцы роснай.


Я сную, мая мілая маці,

Слова роднага тонкую ніць,

Каб пасля з яго песню саткаці,

Што да сэрцаў людскіх паляціць.

Душа творцы ўбірае ў сябе ўсю прыгажосць роднай прыроды, якая ў вершах І. Войткі, на дзіва жывая, рухавая, напоўненая пачуццём. Аўтарка сочыць, як зіма правіць "празрысты, лёгкі баль пушыстых чараўніц", як лета "топча" сцежкі і збірае "зёлак дзіўныя ўсмешкі", як

Вострыць дождж стогаловы

На асфальце падковы,

Гожай срэбнаю грывай

На дарозе звініць.

Гоніць вецер карэту,

Што з лясоў і дуброваў,

А ў гэтай карэце

Пані Лета сядзіць.

Вось І. Войтка заўважае, як сосны "вітаюць" сонца, як "вясна свой голас падае". Тады ёй хочацца атрымаць ад прыроды "запал... маладое сілы", свежасці. Асабліва любіць паэтка лета, якое дорыць ёй сваю прыгажосць, а таксама дзён "букеты самых розных красак найпахучых вязак". І. Войтка заўважыла, як "вясёлы жнівень, быццам хлопчык босы, расчасаў у лета залатыя косы". Лета вабіць да сябе. Дурманіць пахамі кветак, кліча ў сваю краіну мрояў, не дае спакою няўрымслівай душы І. Войткі. Паэтка піша:

У галінах дрэў высокіх

На арэлях я ляцела.

Неба чыстыя аблокі

Мне махалі хмаркай белай.

Пад вяслом дажджоў цыбатых

Я плыла у мора мрояў.

На плячах вятроў крылатых

Не хацела я спакою

("Я жыла у нейкім лесе").

Бадзёры, вясёлы настрой І. Войткі, які адлюстроўвае яе адзінства са светам роднай прыроды, саступае месца журботна - чыстаму душэўнаму пачуццю, калі яна сталее. Тады засяроджана-ўдумлівыя развагі, жыццёвыя клопаты прыкмячаюць холад людскіх сэрцаў.

Першы снег беспрычынны -

На палі, на лагчыны.

Першы снег, як прыкмета

Адзіноты жанчыны.

Прыйдзе ён нечакана,

Як кудысьці спяшыць.

Першы снег, як прыкмета

Ачышчэнне душы.

("Першы снег беспрычынны").

Асабліва сугучны душы жанчыны сталага веку восеньскі матыў. Воень хоча паказаць сябе паўнаўладнай гаспадыняй у жыцці, хоць паэтка піша:

Я зраблю выгляд - яе не прыкмечу.

Толькі кладзе яна рукі на плечы,

Толькі аголеным дрэвам махае.

Восень, скажы мне, ну хто ты такая?

Што гэта... Можа, за лета расплата?

Восень шукае цяпер вінаватых.

("Восеньскі матыў").

Або:

Вось і восень. Вось і восень

Мы яе зусім не просім,

Мы яе зусім не хочам,

А яна глядзіць у вочы!

("Вось і восень").

Тэма восені пераклікаецца з тэмай кахання, якое перажывае жанчына сталага веку. А вось успаміны аб юнацкай любові поўняцца ўспамінамі аб леце, якое сімвалізуе юнацтва:

Успаміны змешаныя з бэзам,

Кветкамі й расою,

Хмелем лугавым і сінім лесам,

Са світаннем і з табою.

Ранкамі, шчаслівымі між намі...

Каханне ж сталай жанчыны становіцца больш важкім, самаахвярным, рэдкім і жаданым. Яно чакаецца, як чакаецца цуд. І. Войтка піша:

Спальваю сябе без вогнішча,

Згараю без папялішча,

І ніхто не сагрэе рук

На кастрышчы маёй душы,

Пакуль не знойдзеца той,

Хто яго запаліць.

Вывад можна зрабіць такі, што паказваючы сваю душу, І. Войтка сцвярджае, што загадка жаночай душы не можа быць разгаданай, тым больш загадка душы паэткі, бо паэзія - гэта тайна. Аднак варта падкрэсліць, што душа жанчыны - паэткі асабліва чуллівая, яна здольная тварыць цуды, бо наталяецца любоўю да Бацькаўшчыны, яе мовы, да продкаў і землякоў - любоўю святой, вернай і чыстай, любоўю да самазабыцця, якая не церпіць фальшу. Душа гэта нагадвае храм, які ўзносіцца да неба, каб сягаць у вечнасць да душаў продкаў, каб быць іх працягам. Без усяго гэтага душа жанчыныпаэткі проста не існуе, як не існуе яна без святасці і прыгажосці жыцця, роднай зямлі і без кахання.


Самаахвярная душа слонімскага паэта Міколы Канановіча.

У 2003 годзе выдавецтва "Беларускі кнігазбор" выпусціла ў свет першую кнігу слонімскага паэта Міколы Канановіча "І доўжыцца ноч..." Нарадзіўся аўтар у 1965 годзе ў вёсцы Вострава на Слонімшчыне, зараз працуе ў рэдакцыі: "Газеты Слонімскай".

Сама назва кніжкі М. Канановіча мае сімвалічнае значэнне: ноч, цемра - гэта знак бяды, гора. Настрой адчаю, безвыходнасці праходзіць скразной лініяй праз увесь паэтычны зборнік слонімскага паэта. Аднак хочацца прыгадаць словы Максіма - Багдановіча:

Кінь вечны плач свой аб старонцы!

Няўжо жа цёмнай ноччу ты

Не бачыш, што глядзіцца сонца

Ў люстэрка - месяц залаты?

Ці змог М. Канановіч у начным люстэрку месяца ўбачыць сонца шчасця, свабоды? Яму гэта ўдаецца ў тых вершах, дзе ажывае мінуўшчына Беларусі. Так, у вершы "На Гедымінавай гары" паэт перадае пачуцці закаханых, якія глядзяць на сучаснасць праз прызму вечнасці. І ўсё мінае: боль, скруха. Застаецца галоўнае - памяць, вечнасць, гонар за слаўнае мінулае беларусаў. Паэт звяртаецца да каханай:

Суцішся, мілая, і цішыню паслухай -

Якая вечнасць у яе вачах!

Турботы нашы, боль нямы і скрухі

Нібы застылі ў гэтых камянях...

М. Канавовіч шукае важныя жыццёвыя ісціны, якія даюць магчымасць убачыць святло дня ў сполахах ночы. У вершы "Выйсце" ён знаходзіць промень надзеі: "у спадчыну дзецям, як скарб, пакідаюць" беларусы сялянскую мудрую звычку "сеяць загоны, каб дух не ачах".

Святло ў пакутны лёс паэта нясе і юнацкае каханне, бо вочы каханай, "як агонь" сярод ночы. Але адзінокі паэт расстаўся з любай, і толькі яго распятае сэрца ловіць чуйна боль успамінаў:

Струны маёй душы,

Голас кране далёкі.

Я на кахання крыжы

Прашу для сябе палёгкі!

("Анатацыя кахання").

Каханне прыносіць святло ў ноч жыцця лірычнага героя М. Канановіча, які параўноўвае каханую з "кумачовым ветахам".

Ты хату вясной абсадзіш

Газонам любімых кветак,

Не помнячы пра разладдзе,

Як кумачовы ветах...

("Я вып'ю твае пачуцці").

Ветах стары месяц - сімвал кахання, якое датычыцца людзей сталага веку. Любоў нясе святло душы, назапашвае "ціхуткія слязінкі" святога пачуцця, але падманлівы грэх губіць душы закаханых, якія зноў акунаюцца ў цемень ночы, што не падпускае прывід шчасця:

І ноч перакрэсліць наш прывідны час

Не дасць уваскрэснуць нам з новай вясной,

І кола самоты замкнецца на нас,

І памяць не верне суладдзя з сабой.

("Анатацыя граху").

Дзіўна, але новае нараджэнне паэта пасля граху пачынаецца з моманту яго духоўнай смерці. Вось чаму парой свайго нарадждэння ён называе "Восень - абсурдны пачатак жыцця" чалавека пасля яго смерці. Смерць - пачатак жыцця ў вечнасці, калі цела прымае іншую форму. М. Канановіч піша:

Кола замкнецца. І спаляць лісцё.

Попел развеецца ветрам па свеце.

Таму новай формы прагне маё.

Непаўторна адзінае я на планеце.

Як бачым, ноч асвятляецца агнём, які паліць грэшную душу паэта - гэта агонь суду над сабою. Яго чыстая душа пакутуе ад цяжару граху, таму сама сабе выносіць прысуд - пакаранне духоўнай смерцю. Такі ж матыў гучыць у вершы "У парку". Паэт піша пра "жаданне зноў не нараджацца, каб кожны дзень не паміраць". Ён адзначае:

Жыву ні ноччу і ні днём,

Але выходжу спавядацца

Асеннім ледзяным дажджом

З жаданнем кволым - не вяртацца...

("Згарае ў сажу светлы дзень").

Пераможнымі акордамі і промнямі спагады ўрываецца ў жыццё М. Канановіча вясна, якая імкнецца ўнесці лад і гармонію ў жыццё, прымірыць сонца з марозам, дабро са злом, ноч і дзень:

Сонечны, ясны грамнічны дзень,

З даху пад сонцам падаюць кроплі,

А праз фіранкі на покуць прамень

Яскрава капеж адлюстроўвае звонкі.

("Грамніцы").

Але зноў ноччу, халоднай і цёмнай, паэт "паліць сябе датла, каб толькі не страціць веру" і толькі цяпло душы падтрымліваецца агеньчыкамі каханых вачэй. М. Канановіч бачыць іх святло ўначы, калі піша:

Я плыву ў гавань нашай ночы,

Маякамі - твае мне вочы.


Промень веры ажыўляе сэрца паэта, якое, як Праметэй, нясе ў змрочныя, цёмныя, грэшныя душы людзей агонь. Паэт піша:

А ты, сэрца, сірата ў Айчыне!

Дзе цяпло і дзе твой Божы дар? -

На марозе двух стагоддзяў стыне

І згарае разам, як Ікар.

("Да сэрца").

Паэту трэба зноў і зноў "нараджацца", каб ачышчаць перш за ўсё сваю душу, якая змагла б святым агнём "запаліць" іншыя сэрцы. Аўтар піша:

Я проста сёння лягу спаць раней,

І, можа быць,

ты Евай мне прыснішся,

І я, як той з легенды Праметэй,

Скажу "Маім агнём ты запаліся!"

("Я проста сёння лягу спаць раней").

М. Канановіч адносіць сябе да тых паэтаў, хто "з самотай прыйшоў" у гэты свет, хто пяе гімн "тутэйшаму чалавеку", таму мова паэзіі М. Канановіча, як ён піша, гэта "санскрыт, у якім пахавана вечнасць".

Аднак паэты закліканы любіць, таму ён не згаджаецца з тым, што мова беларусаў памірае. Ён нясе ў сэрцы "іскрынку", Божы дар любові, якая здольна разрастацца да памераў вечнасці. Паэт асуджае тых сваіх землякоўслонімцаў, якія не "заўважаюць беларускасці ў родным горадзе. Ён піша:

Тут у пачварным - боскасць,

У выкшталцоным - пошасць.

Жыцця ж - і сны не прарочаць.

("Горад").

Паэт не можа існаваць без роднай беларушчыны, таму "без надзеі на штось спадзяецца", "рыкашэтам пачуццяў крывавіць натомлены розум" , калі рамантычны "храм" душы рассыпаецца ад сутыкнення з пустэчай людскіх душ. І калі ўжо зусім невыносна, паэт шукае душэўнай падтрымкі ў роднай матулі, бо здрадзіць роднай мове - гэта для яго раўназначна таму, што здрадзіць маці:

Тэлефонны званок падчас серыялу -

Нарэшце на месцы матулю лаўлю.

А так усё тупае, корміць "зграю":

Курэй і катоў ды кароўку сваю.


Надзею на лепшае "грэе" ў душы і той, каго паэт называе "дзіўным народам". М. Канановіч піша:

І ўсё ж надзея дзіўнага народа

Жыве на долю лепшую й збавенне.

То чыста беларуская прырода -

Знаходзіць у надзеі суцяшэнне.

("Цывільны свет Раство Хрыстова славіць").

Спадзяванне на лепшае нагадвае паэту, што ён "гэтым летам не быў у грыбах, і сок ягад не цвіў на губах". Але ў сучасным свеце паэт нагадвае фантома (мадэль чалавека, прывід яго). Мастак слова адчувае "апакаліпсіс духу" (смерць духу) чалавека, таму піша, што творцу - паэту прыходзіцца

Выбіраць паміж злом і злом,

Выбіраць паміж смерцю і смерцю -

Як піць атруту нагбом

І пры гэтым - яшчэ не памерці.

("Вочы фантома").

Ад смерці духу паэта адратоўвае самаахвярная душа, якую ён "паслаў на плаху вар'яцкага свайго кахання", толькі ў гэтым ён бачыць "збавенне" ў вяках, таму зноў і зноў папярэджвае людзей аб захаванні такіх каштоўнасцей, як багацце душы, яе святасці, аб зберажэнні родных каранёў, каб жыхары Беларусі не сталі жабракамі духу. Паэт піша, што

І нігілісты - дзеці,

І іх бацькі банкруты -

Свайго жабрацтва цені,

Сваёй зямлі манкурты.

("За кратамі нягодаў").

Паэт ідзде па жыцці, як па "бязмежжы", каб "дайсці да Радзімы" праз тое, што "страцілі ўсё мы", бо ў яго "генах закладзены, як панацэя, кад выжывання". І ў гэтым паэту дапамагае вершаваная творчасць:

(Працяг у наступным нумары.)

Таццяна Трафімчык


Самабытны гісторык, няскораны чалавек

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

У кнізе "Вялікае Княства Літоўскае - Беларуская дзяржава" М.І. Ермаловіч даказаў, што ўтварэнне ВКЛ пачалося не з заваявання Новагародскай зямлі Літвой, а, наадварот, з заваявання Новагародскай зямлёй Літвы і што Міндоўг не быў заваёўнікам Новагародка, а быў сапраўдным гаспадаром Вялікага Княства Літоўскага - вялікім князем. У ёй слынны гісторык упершыню заявіў пра выключную ролю Новагародка ў аб'яднанні беларускіх зямель у адзіную самастойную дзяржаву. М.І. Ермаловіч першым з гісторыкаў, якія вывучалі Старажытную Беларусь, паказаў вялікую ролю навагародскага князя Войшалка, які пры падтрымцы новагародцаў і тураўцаў стаў заснавальнікам ВКЛ. Гэта была не проста навуковая шэраговая публікацыя, гэта быў узрыў у беларускай гістарычнай навуцы.

Сярод афіцыйных зашораных камуністычных беларускіх гісторыкаў, якія ў той час запраўлялі "беларускай навукай", пачаўся шум, гвалт і вэрхал. Як гэта - аматаргісторык і аматаркраязнавец, без згоды нас, старэйшых, "афіцыйных" гісторыкаў, сцвярджае тое, што яны, прафесары і акадэмікі, адмаўлялі дзесяцігоддзі.

Але новае слова ў беларускай навуцы пра ўзнікненне, станаўленне і развіццё Беларусі - абгрунтаванае, моцнае і праўдзівае было ўжо сказана вялікім "аматарамгісторыкам і аматарамкраязнаўцам", які не меў ні навуковых званняў, ні вучоных ступеняў.

У складанай сітуацыі таго часу, калі гісторыя Беларусі афіцыйна пачыналася з 1917 года, вывучэнне асаблівасцяў нашага дасавецкага мінулага не выклікала спрыяльнага стаўлення з боку партыйнага кіраўніцтва. Але ўсё ж шэраг беларускіх гісторыкаў у савецкія часы, абыходзячы "небяспечныя абагульненні", займаліся краязнаўчымі даследваннямі, якія закраналі падзеі гісторыі Беларусі з сівой мінуўшчыны да сучаснасці. Так, з лакальных гісторый пачала складвацца агульная беларуская гісторыя. Яе стваральнікамі былі Г.А. Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, А.І.Мальдзіс, А.С.Ліс і іншыя беларускія навукоўцы, для якіх краязнаўства стала сродкам адыходу ад стандартнай савецкай гістарычнай тэматыкі і звароту да нацыянальных каранёў і вытокаў.

У 1980 годзе М.І. Ермаловіч прапанаваў адзначыць "Тысячагоддзе Беларусі". Дата бралася ад першых звестак пра Полацкага князя Рагвалода і Тураўскага князя Тура, датаваных 980 годам. Гэтая дата адзначалася неафіцыйна ў колах перадавой беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Да юбілею беларускі мастак Я.С.Кулік падрыхтаваў паштоўку з выяваю "Пагоні", беларускія мастакі Мікола Купава і Уладзімір Крукоўскі падрыхтавалі паштоўку і плакат, якія распаўсюджваліся самвыдатам, а таксама быў выраблены медаль беларускай мастачкі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва Тамары Іванаўны Васюк.

Паштоўкі былі перавыдадзены ў Лондане, атрымалі шырокі розгалас і гісторыкакультурніцкая імпрэза набыла сэнс палітычнай акцыі. Справа "Тысячагоддзе Беларусі" даследвалася КДБ БССР, некаторыя ўдзельнікі гэтай гістарычнай імпрэзы выклікаліся для дачы тлумачэнняў у КДБ БССР.

Нетрадыцыйнае, несавецкае бачанне гісторыі Беларусі выклікала відавочнае незадавальненне беларускіх уладаў і адпаведных органаў, таму некалькі разоў на кватэру ў Маладзечна, дзе ў той час жыў М.І.Ермаловіч, прыходзілі супрацоўнікі КДБ БССР і прыносілі позвы з патрабаваннем з'явіцца і разабрацца з "извечной самостоятельностью белорусов". Следчым, якія выклікалі і гутарылі з М.І. Ермаловічам, трэба было дзесьці знайсці яго самвыдацкія творы, каб, вывучыўшы іх, спрачацца нараўне з вучоным аб яго неардынарнай канцэпцыі развіцця гісторыі Беларусі. Некаторым следчым гэта было не да спадобы і не пад сілу - многія з іх наогул не ведалі афіцыйнай гісторыі Беларусі, а некаторыя з іх не мелі нават адпаведнай адукацыі. Але трэба было трымацца прымаўкі: "Перш, чым змагацца з ворагам, трэба яго ведаць", і ім прыходзілася знаёміцца з канцэпцыяй вучонага. Бо не выпадкова, да слова кажучы, нават акружэнне рымскага папы ў барацьбе з камунізмам , які "распаўзаўся па ўсёй планеце", старанна вывучала творы К. Маркса, Ф. Энгельса, У.І. Леніна і іншых вядомых ідэолагаў камуністычнага будаўніцтва.

У адрозненні ад беларускіх гісторыкаў Уладзіміра Іванавіча Пічэты і Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, якія былі рэпрэсаваны і сядзелі ў турме, Ермаловіч, на шчасце, не зазнаў такіх, як яны, цяжкіх выпрабаванняў - і рэпрэсіі, і турмы, і ссылкі. Але і яму, жывучы ў Беларусі, спатрэбілася вялікая грамадзянская мужнасць. Нягледзячы на сваё слабое здароўе, у барацьбе за праўдзівую гісторыю Беларусі, ён праявіў сапраўдны волатаўскі дух, быў паслядоўны і бескампрамісны.

Арыгінальныя гістарычныя творы М.І. Ермаловіча доўга ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях беларускіх часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці, можна сказаць, масава пашыраліся, перадрукоўваліся і распаўсюджваліся самвыдатам сярод беларускіх навукоўцаў. І толькі з часу так званай перабудовы ў СССР, якая пачалася з 1985 года, некалькі навуковых прац М.І.Ермаловіча ўбачылі свет.

Вядомы беларускі вучоны М.М.Улашчык так пісаў пра М.І.Ермаловіча ў лісце беларускаму гісторыку В.П. Грыцкевічу 1 лістапада 1984 года: "...Я ніколі не пісаў рэцэнзій на яго [М.І.Ермаловіча] артыкул, а толькі выказаў погляд, што такое пытанне вымагае для свайго вырашэння вялікай эрудыцыі і шмат часу. Між іншым, зараз, калі погляды Ермаловіча прыняты Тарасавым і выказаны вялікім тыражом, пытанняў будзе больш і больш. На маю думку, гэта гіпотэза (зараз ніяк не больш) карысная тым, што ўзбудзіла цікавасць, але каб яе вырашыць, гэта значыць, каб адкінуць погляды, якія складаліся сотні гадоў, патрэбна эрудыцыя ўзроўню Лаўмянскага. Патрэбна навуковае веданне лацінскай і старанямецкай моваў і ўсіх еўрапейскіх моваў. Перш за ўсё патрэбна правяраць кожнае слова крыніц, лацінскіх і старанямецкіх, значна прасцей матэрыялы летапісаў..."

20 снежня 1985 года ўжо ў лісце да беларускага пісьменніка Э.В.Ялугіна М.М.Улашчык зноў звяртаецца да гіпотэзы М.І. Ермаловіча:

"...Цяпер пра Ермаловіча [...]

Ермаловіч на гэтым месцы апантаны, і за гэта яго трэба шанаваць. Яго гіпотэза - што не літоўцы заваявалі Беларусь, але наадварот, надта прывабная, і ў яго ўжо ёсць шмат прыхільнікаў, але гэта толькі гіпотэза, прытым у самай пачатковай форме. Адным з доказаў у Ермаловіча з'яўляецца наяўнасць на Беларусі паселішчаў з назваю «Літва». Сапраўды гэта доказ адваротнага: літоўцы сяліліся на Беларусі, ці ў Польшчы, ці на Украіне, для ваколічнага насельніцтва яны былі чужыя, літва, адсюль і назвы. Дарэчы, такіх назваў ёсць значна больш, чым у Ермаловіча... Каб гэтыя назвы загаварылі грунтоўна, трэба перш за ўсё ўстанавіць, калі яны заснаваны, бо, можа быць, і сто гадоў назад. Падругое, каб даць такім назвам кваліфікаваную інтэрпрэтацыю, трэба быць моваведам вельмі высокай кваліфікацыі, дасканала ведаць літоўскую і лацінскую мовы, а таксама і стараславянскую.

Але каб арыентавацца як след, трэба ўзяць крыніцы не толькі свае, але і нямецкія (сярэдневяковая лаціна і старанямецкая мова). У нас пакуль такіх спецыялістаў няма і, відаць, будуць не скора... Калі ў нас будзе спецыяліст [прафесар Лаўмянскі] такога рангу, тады праблему, узнятую Ермаловічам, можна будзе ставіць на навуковы грунт..."

Навуковыя працы М.І. Ермаловіча адрозніваюць летапісныя паняцці "літоўцы" і "Літва", якія многія даследчыкігісторыкі неправамерна атаясамліваюць з сучаснымі этнічнымі паняццямі. У сваіх разважаннях і вывадах М.І. Ермаловіч меў не менш аргументаў, чым яго апаненты, якія як і ён, карысталіся аднымі і тымі ж нешматлікімі летапіснымі звесткамі.

Грунтоўны аналіз рускіх, беларускалітоўскіх летапісаў, нямецкіх і польскіх гістарычных хронік далі магчымасць аўтару старанна прасеяць гісторыю Полацкай, Тураўскай і і ншых беларускіх земляў і адкінуць пустую мякіну, выказаць свае слушныя і трапныя меркаванні, згадкі, заўвагі.

Канцэпцыя М.І. Ермаловіча адпавядае высновам беларускіх археолагаў аб тым, што да VIII - IX стагоддзяў на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Яны паступова на працягу стагоддзяў асіміляваліся беларускім насельніцтвам ажно па XVI стагоддзе (прыклад - раён Вільні і сучаснага літоўскабеларускага пагранічча). Польскі гісторык Е. Ахманьскі ў свой час звярнуў на гэта ўвагу даследчыкаў мінуўшчыны. Ён адзначаў, што астраўкі літоўскага насельніцтва на беларускіх землях у канцы XIV стагоддзя, калі адбывалася хрышчэнне язычнікаўлітоўцаў, перайшлі ў каталіцтва.

У сваіх працах М.І. Ермаловіч адзначае, што значная перашкода для аб'ектыўнага асвятлення пачатковага перыяду гісторыі ВКЛ - гэта атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Літоўскай рэспублікі. Ён падкрэслівае, што стварэнне ВКЛ са сталіцаю ў горадзе Навагрудку найперш адпавядала інтарэсам беларускіх феадалаў. І невыпадкова ў ВКЛ пануючае месца заняла беларуская культура, а беларуская мова стала дзяржаўнаю моваю і моваю міждзяржаўных зносін. Трэба яшчэ дадаць, што беларускія гісторыкі 20 - 30х гадоў ХХ стагоддзя, былі менш зашораныя навуковымі штампамі і называлі ВКЛ беларускалітоўскай дзяржавай.

Шматлікія і шматгранныя гістарычныя працы М.І.Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фарміраванне сучаснай грамадскай думкі і вывучэнне гісторыі Беларусі.

Па прычыне палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы М.І. Ермаловіча не маглі з'явіцца ў тагачасным савецкім галоўлітаўскім афіцыйным друку. З пачаткам перабудовы ў былым СССР убачылі свет кнігі М.І. Ермаловіча: "Па слядах аднаго міфа"(тры выданні - 1989, 1991, 2001), "Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяды " (1990), "Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд" (1994), "Вялікае Княства Літоўскае Беларуская дзяржава" (2003) і іншыя творы вядомага гісторыка.

У гісторыі старажытнай Беларусі IX-XIV стагоддзяў М.І.Ермаловіч вылучаў тры перыяды: полацкі (ІХ - сярэдзіна ХІІІ стагоддзі), новагародскі (сярэдзіна ХІІІ - пачатак ХІV стагоддзяў), віленскі (1316 - 1385 гады). Беларускі гісторык лічыў, што славянскія плямёны далі пачатак беларускай, украінскай і вялікарускай народнасці пасля іх перасялення ва Усходнюю Еўропу ў залежнасці ад таго, на якой тэрыторыі яны пасяліліся, і якое карэннае (неславянскае) насельніцтва суіснавала разам з імі.

У VIII - IX стагоддзях на сучаснай тэрыторыі Беларусі жылі балцкія плямёны. Да канца XIV стагоддзя яны асіміляваліся. На думку М.І. Ермаловіча, беларусы не збалтызаваныя славяне, а аславяненыя балты. Асіміляцыя балтаў адбывалася на працягу ўсёй далейшай гісторыі аж да нашага найноўшага часу. Мікалай Іванавіч выказаў меркаванне, што найгалоўнейшай з'явай этнагенезу беларусаў і фарміравання іх тэрыторыі з'яўляецца ўзаемапраніканне і змешванне дрыгавіцкага, крывіцкага і радзіміцкага насельніцтва. М.І.Ермаловіч лічыў, што палачане былі першым вынікам дрыгавіцкакрывіцкага зрашчэння, што стала асновай для ўзнікнення Беларусі і беларусаў.

На думку М.І. Ермаловіча, з ІХ стагоддзя да сярэдзіны ХІІІ стагоддзя вядучую ролю ў гісторыі Беларусі іграў горад Полацк, потым Новагародак (Наваградак).

Асаблівую ўвагу М.І. Ермаловіч звяртаў на палітычную гісторыю зямель Беларусі - Полацкая, Тураўская, Новагародская і іншыя. Ён дэталёва разглядзеў падзеі ў Беларусі ў ІХ - ХІІІ стагоддзях на аснове вялікай колькасці гістарычных першакрыніц, крытычна падышоў да поглядаў іншых гісторыкаў, адхіліў тэзіс рускай дарэвалюцыйнай і савецкай навукі пра заваяванне летувісамі (літоўцамі) беларускіх зямель у другой палове ХІІІ стагоддзя.

М.І. Ермаловіч у сваіх працах характарызуе Вялікае княства Літоўскае, як беларускую дзяржаву. Самастойнасць і арыгінальнасць мыслення М.І. Ермаловіча, крытычныя адносіны да прадстаўнікоў афіцыйнай савецкай гістарычнай навукі, арыгінальныя высновы, падмацаваныя строгаю сістэмаю доказаў, параўнанне фактаў з розных летапісаў і замежных хронік дазволілі яму прапанаваць чытачам і прафесійным гісторыкам сваю новую канцэпцыю старажытнай гісторыі Беларусі.

Паводле палітычных матываў галоўныя працы М.І. Ермаловіча не маглі з'яўляцца ў афіцыйным друку, таму ў 1979 - 1980 гадах памнажаліся самвыдатам, напрыклад, праца "Па слядах аднаго міфа: Ці было літоўскае заваяванне Беларусі?".

Былі і такія выпадкі, калі самвыдацкі памнажаліся тыя працы Ермаловіча, якія нават былі апублікаваны ў афіцыйным друку. Напрыклад, так рабіліся копіі з арыгінальнай працы М.І.Ермаловіча "Балцкія плямёны" ("Голас Радзімы", № 5, 1981).

У машынапісным выглядзе памнажалася праца "У духу застойнага часу". Гэты артыкул М.І. Ермаловіч напісаў у адказ на артыкул дактароў гістарычных навук Інстытута гісторыі АН БССР В.І. Мялешкі і З.Б. Капыскага "Фактам вопреки" ("Советская Белоруссия", 28.07.1987). Пасля таго, як рэдакцыя газеты "Советская Белоруссия" катэгарычна адмовілася друкаваць яго артыкул , ён актыўна стаў распаўсюджвацца ў машынапіснай форме. Значна пазней ён быў апублікаваны ў часопісе "Студэнцкая думка" (№3, 1989 г.). (Да ведама, часопіс "Студэнцкая думка" - грамадскапалітычнае і культурнаасветніцкае выданне найперш студэнцкай суполкі "Світанак", потым Згуртавання Беларускіх Студэнтаў і Задзіночання Беларускіх Студэнтаў).

За такія новыя погляды на гісторыю Беларусі ў свой час ён шмат цярпеў.

У 1966 годзе начальнік Маладзечанскага абласнога ўпраўлення КДБ БССР Іваноў дзесьці выступаў і казаў пра М.І. Ермаловіча: "Вот и у нас есть такое живое ископаемое - свой динозавр". І далей: "Смотрите, что он говорил в 1947, 1948, 1950, 1953... годах".

Вось яно што! Значыць сачылі! Сачылі і публічна абражалі! Мікалай Іванавіч Ермаловіч быў ужо з таго часу (а можа і раней), як кажуць, пад каптуром!

(Працяг у наступным нумары.)

Анатоль Валахановіч


Пакліканы Радзімай

28 красавіка 2006 года у Менску адбылася прэзентацыя кнігі беларускага журналіста, паэта, эсіста Міколы Емельянавіча Лавіцкага "Радзімы покліч (вершы, эсэ, успаміны)", якая выйшла ў Вільні ў выдавецтве "Наша будучыня" ў 2006 годзе.

У кнігу ўвайшлі вершы, эсэ, успаміны, навэлы, замалёўкі і развагі аўтара пра сваё жыццё, пра родных і блізкіх, пра мінулы час, сучаснасць і шчымлівазанепакоены погляд у будучыню. Змешчаны ў кнізе і вершы, прысвечаныя сябрам, паплечнікам, аднадумцам.

Частка твораў гэтага зборніка друкавалася ў рэспубліканскіх, абласных і раённых газетах, у тым ліку "Аўтазаводзец", "Наша слова", "Народная воля", альманаху "Скрыжалі Спадчыны", "Спадчына - 3".

Верш паэта "На Дзень Волі" гучаў па радыё "Свабода" (Прага) і ўвайшоў у зборнік "Верш на Свабоду", які выйшаў у Празе ў 2002 годзе.

Кніга выйшла акурат да 60годдзя аўтара, і так атрымалася, што ўсе выступоўцы віншавалі Міколу Емельянавіча з юбілеем і выхадам яго першай ластаўкі ў літаратурнай дзейнасці - кнігі "Радзімы покліч".

Шчыра віншавалі Міколу Емельянавіча, як аўтара і як юбіляра Аляксандр Саламевіч, Анатоль Белы, Мікола Савіцкі, Алесь Цыркуноў, Мікола Несцярэўскі, Анатоль Валахановіч, Надзея Сармант, Людміла Дзіцэвіч, Тамара Гянджумян, Уладзімір Содаль і іншыя сябрыаднадумцы. Старшыня ТБМ імя Францішка Скарыны Алег Трусаў пажадаў плёну у творчай працы і падарыў кнігу "Энцыклапедычны даведнік ВКЛ" (І том).

Пра папулярнасць і аўтарытэт Міколы Лавіцкага яскрава сведчыць той факт, што павіншаваць яго са славутым юбілеем прыйшоў народны хор Менскага аўтазавода ў складзе больш чым 20 чалавек і выканаў і для прысутных і для вінавайцы ўрачыстасці шмат народных песень. Вёў мастацкі рэй нязменны канферансе Язэп Гарэцкі.

Гучалі беларускія песні ў выкананні археолагабарда Пятра Русава і салісткі Нацыянальнага беларускага хору імя Р.Р. Шырмы Таццяны Матафонавай, і дапамагаў маме на падтанцоўцы сямігадовы Адасік.

Калі падумаць, то вельмі цікавы чалавек Мікола Емельянавіч. Добразычлівы, сціплы, сумленны, спагадлівы, самаахвярны, таварыскі, але цвёрды, адказны - вось такія рысы характару ў гэтага чалавека. Але ён яшчэ і рамантык: любіць падарожнічаць па родных мясцінах на ровары, яго прывабліваюць валошкі ў жыце і лыжнягарэзніца.

А якім змястоўным і незаспакоенным з'яўляецца яго жыццё!

Нарадзіўся ён у 1946 годзе ў сям'і рабочагачыгуначніка. Вучыўся ў Багданаўскай і Раснянскай школах, у прафесійнатэхнічнай навучальні, у вячэрняй школе рабочай моладзі, у трохгадовай школе майстроў Менскага аўтазавода, у Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ на аддзяленні журналістыкі. Працаваў на чыгунцы, у калгасе, на Менскім аўтазаводзе: кавалёмштампоўшчыкам, тэрмістам, электраманцёрам, майстрам. Людзі яму давяралі і пагэтаму абралі старшынёй прафкама аўтамабільнай вытворчасці, намеснікам старшыні прафкама аб'яднання "Белаўтамаз".

Грамадская дзейнасць - гэта другая лінія яго жыцця. Ён з першых дзён у шэрагах змагароў за родную мову - ветэран грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Каля дзесяці гадоў быў старшынём рады ТБМ Заводскага раёна горада Менска, тройчы абіраўся старшынём рэвізійнай камісіі ТБМ, быў першым намеснікам старшыні Цэнтральнай рады. Сябар Менскага культурнаасветніцкага клуба "Спадчына". Пра дапамогу Міколы Лавіцкага клубу "Спадчына" сведчыць той факт, што ён асабіста паклапаціўся, каб перавезці з Менска ў Яраслаўль (яшчэ ў 1993 годзе) помнік класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу. У яго вялікая ўпэўненасць ў правільнасці поглядаў сацыял-дэмакратаў, і таму ён з'яўляецца сябрам гэтай партыі.

І яшчэ Мікола Емельянавіч вельмі любіць сваю сям'ю, сваю малую Радзіму і родную сваю Беларусь. Гэта адчуваецца ў кожным радку яго твораў:

Я цярпеў за цябе шмат гадоў.

Боль пакуты адсюль.

Без цябе мяне роўненька нуль.

Ты і радасць мая, і любоў!

Вось такія словы знайшоў ён для сваёй пакутлівай Бацькаўшчыны!

З дароўя і шчасця табе,

сын сваёй Радзімы!

Ты вялікі, ты моцны, ты малады!

І яшчэ не праляцелі

гады твае залатыя!

Авэ Марыя! Авэ Марыя!

Анатоль Валахановіч, пісьменнік, гісторык, журналіст, краязнаўца.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX