Вярнуцца: 2006

№ 33 (769)


Крыніца: pawet.net.



№ 33 (769) 16 ЖНIЎНЯ 2006 г.


Спачатку руская мова, потым расейская свядомасць

Падрыхтаваны дакумент пра выкладанне гісторыі Беларусі па-расейску

Міністэрства адукацыі падрыхтавала рашэнне пра перавод выкладання гісторыі Беларусі на дзвюхмоўны варыянт. Ад пачатку 1990-х незалежна ад мовы навучання школы прадмет "Гісторыя Беларусі " выкладаўся толькі па-беларуску. Ад каго сыходзіць ініцыятыва Мінадукацыі? Чым аргументуецца чарговая ініцыятыва змяншэння долі беларускай мовы ў школьным навучанні?

Пазнаёміцца з праектам дакумента можна ў "Настаўніцкай газеце", але атрымаць каментар ад непасрэднага выканаўцы распрацоўкі можна будзе бліжэй да верасня. Адказная за дакумент чыноўніца міністэрства Надзея Ганошчанка пайшла ў адпачынак. Тым не менш яе падначаленая Алена Карповіч падзялілася сваімі ведамі пра распрацоўку:

-- Я не ведаю, адкуль ідзе ініцыятыва. Яна (Надзея Ганошчанка) не змагла мне гэтага пракаментаваць. Як я разумею з размовы з ёю, загаду яшчэ няма, яна будзе выходзіць на працу ў часе адпачынку, але сказаць адназначна, калі яна будзе, я не магу.

Тым часам у школах мала хто ведае пра планы па пераводу часткі выкладання гісторыі Беларусі на расейскую мову. Напрыклад, дырэктарка менскай гімназіі нумар 23 Ніна Нікіціна па-просту не паверыла такой інфармацыі:

-- Абсурд роду чалавечага! Гутарка вядзецца пра тое, што гэта і далей будзе пашырацца, бо гісторыю сваёй дзяржавы трэба вучыць на сваёй мове.

Але спецыяліст Міністэрства адукацыі Алена Карповіч перакананая:

-- Мяркую, што да 1 верасня загад мусіць быць, і выкладанне гісторыі Беларусі мусіць быць на дзвюх мовах. I падручнікі мусяць выйсці з выдавецтваў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў ўжо заявіў у медыях, што як толькі атрымае дакумент на рукі, ТБМ распачне захады пратэсту. У прыватнасці ўжо адпраўлены запыт у Міністэрства адукацыі. А старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка даў такі каментар:

-- З аднаго боку, сітуацыя, безумоўна, дзіўная, хоць і не такая дзіўная, бо мы прызвычаіліся да такой нестабільнасьці - у нас вельмі нестабільная сітуацыя ў адукацыі. I можна зрабіць выснову - ці будзе яна стабільная ва ўсёй краіне?.

Тым часам супрацоўнікі Мінадукацыі спасылаюцца на беларускае заканадаўства, дзе зацверджана афіцыйнае дзвюхмоўе.


Пра тое, як ставіцца моладзь да намеру Мінадукацыі выкладаць гісторыю Беларусі па-расейску, карэспандэнт радыё "Свабода" пытаўся ў ля станцыі метро "Кастрычніцкая".

(Юнак: ) "Нашыя родныя прадметы павінны вы-кладацца толькі на нашай роднай мове - гэта значыць, на беларускай!'"

(Дзяўчына: ) "Гэта будзе дрэнна. Я лічу, што гісторыя Беларусі павінна выкладацца толькі на беларускай мове."

{Дзяўчына: ) "Я нарадзілася ў Расеі, таму я лепей разумею расейскую мову. Калі б у мяне гісторыя Беларусі выкладалася па-расейску, я б не сядзела па дзве гадзіны над падручнікам, каб проста зразумець тэкст".

(Юнак: ) "Мы супраць! I без таго няма беларускай мовы ў нашым асяроддзі! Расейская культура падмяняе беларускую ў Беларусі..."

(Дзяўчына: ) "Гісторыя павінна выкладацца на беларускай мове. Гісторыя Беларусі - таму і на беларускай!"

(Юнак:) "А калі мы з самага нараджэньня размаўляем па-расейску, то было б лепей, каб гісторыя Беларусі выкладалася па-беларуску. Але каб быў выбар..."

(Юнак:) "На расейскай мове? Не разумею, як гэта магчыма наогул... Не павінна так быць! Павінен быць выбар! Жадаеш па-расейску вучыць - вучы, жадаеш па-беларуску - вучы па-беларуску!"

(Дзяўчына: ) "Як мо-жна выкладаць гісторыю роднага краю па-расейску?! Адмоўна, канешне! Нашыя бацькі яе вывучалі па-беларуску! I хто такое прыду-маў? Мне было б цікава паразмаўляць з гэтым чалавекам, каб даведацца, як у яго ўзнікла такая ідэя?! На адукацыю расейская мова не паўплывае, а вось на свядомасці можа сказацца крыху нядобра..."

Севярын Квяткоўскі.

(Працяг тэмы на ст. 2.)


У Зэльве ўшанавалі памяць Ларысы Геніюш

12 жніўня ў Зэльве, як і штогод, прайшло ўшанаванне памяці Ларысы Геніюш. Група людзей прыйшла да помніку паэтцы, які ўсталяваны на падворку Зэльвенскай царквы. Хлопцы ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама там з'явіўся айцец Мікалай (Алег Бембель) з Жыровіцкага манастыра.

Знянацку з царквы выйшлі святар з памочнікам і пачалі абурацца, чаму айцец Мікалай з'явіўся не на сваёй тэрыторыі без дазволу мясцовага бацюшкі. Непаразуменне было палагоджана, пагатоў што паехаць у Зэльву, каб ушанаваць памяць Ларысы Геніюш, айца Мікалая дабраславіў архімандрыт.

Пасля гэтага ўсе накіраваліся на могілкі, дзе пахавана сужэнства Ларыса і Янка Геніюшы. На магіле айцец Мікалай прачытаў малітву. Неўзабаве з'явілася гарадзенская моладзь. У Зэльву хлопцы і дзяўчаты прыехалі рэйсавым аўтобусам, ад царквы да могілак яны прыйшлі пешшу. У іх былі два бел-чырвона-белыя сцягі. Неўзабаве прыехалі міліцыянты і загадалі іх згарнуць.

Усяго ля магілы Ларысы Геніюш сабралася каля 30 чалавек. Увесь гэты час у Зэльве ішоў вельмі моцны дождж.

Сяргей Астраўцоў.


175 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Каратынскага

КАРАТЫНСКІ Вінцэсь Аляксандравіч (15.8.1831, в. Селішча Наваградскага пав., цяпер у Карэліцкім р-не - 7.2.1891), бел. паэт і публіцыст. Адукацыю набыў самастойна. Працаваў хатнім настаўнікам у в. Валоўка каля Любчы, з 1850 сакратаром У.Сыракомлі, з 1853 у Барэйкаўшчыне пад Вільняй. Друкаваўся з 1856. Супрацоўнік час. «Teka Wilenska» («Віленскі зборнік», 1857-58), газ. «Kuryer Wilenski» («Віленскі веснік», 1860-66). 3 1866 у Варшаве, супрацоўнік «Gazety Warszawskiej» («Варшаўскай газеты»). З 1858 уваходзіў у склад Віленскай археалагічнай камісіі і Статыстычнага к-та ў Вільні. На польск. мове ў Вільні выдаў паэтычны зборнік «Чым хата багата, тым рада» (1857), паэму «Таміла» (1858), вершаваны памфлет «Выпіў Куба да Якуба» (1859). З твораў на бел. мове зберагліся вершы «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» (дадатак да прывітальнага адраса Аляксандру II), «Да-лі бог-то, Арцім» (прысвя-чэнне А. Вярыгу-Дарэўскаму), элегія «Туга на чужой старане». Магчыма, меў дачыненне да напісання вер-шаваных твораў антыцар-скага зместу «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух сусе-даў». Аўтар гіст.-краязнаўчых нарысаў «Карціны з берагоў Нёмана», «Наваградчына і Наваградак», артыкулаў, прысвечаных ураджэнцам Беларусі («Некалькі падрабязнасцей пра сям'ю, месца нараджэння і маладосць Адама Міцкевіча», «Дадатак да біяграфіі Адама Міцкевіча», «Ігнат Дамейка», «Саламон Рысінскі», «Канстанцін Тышке-віч», «Яўстафій Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч), матэрыялаў пра бел. гарады Валожын, Вілейку, Віцебск, Слуцк, Стоўбцы ва «Усеагульнай энцыклапедыі» С. Аргельбранда. Артыкулы і нарысы К. напісаны на ўзроўні сучасных яму ведаў, маюць асветніцкі характар. Пераканаўча давёў, што А. Міцкевіч нарадзіўся не ў Завоссі, а ў Наваградку. Перакладаў на польскую мову творы Ж.П. Беранжэ, А. Пушкіна, М. Лермантава, Г. Гейне, П. Кукальніка і інш. Выдаў збор твораў Сыракомлі (т. 1-10, 1872), разам з А. Плугам падрыхтаваў выданне выбранай паэзіі Сыракомлі (т. 1-5, 1890). Творы К. на бел. мову перакладалі Р. Баравікова, Р. Барадулін, Г. Дубянецкая, П. Бітэль, У. Мархель, Г. Тумаш.


УЛАДЗІМІРУ ДАБРАВОЛЬСКАМУ - 150

11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія - 7.5.1920), бел. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел. нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смалешпчыны, нар. тэатр і інш. Асн. працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1-4, 1891-1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер'і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Д. запісаў бел. нар. песні в. Данькава Смаленскага пав. (апубл. ў 1887).


- Ці не плануецца перавесці на рускую мову таксама выкладанне беларускай мовы і літаратуры?

Такое пытанне задала карэспандэнтка газеты "Звязда" Таццяна ПАДАЛЯК начальніку аддзела выкладання грамада-знаўчых дысцыплін упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзеі ГАНУШЧАНКА ў інтэрвію з нагоды захадаў Міністэрства адукацыі па пераводзе выкладання гісторыі Беларусі на рускую мову. Мы лічым патрэбным давесці да ведама і чытачоў "Нашага слова" ўсё гэтае інтэрвію.


Шквал званкоў абрушыўся на рэдакцыю: няўжо і праўда, што гісторыю Беларусі ў беларускіх школах будуць выкладаць па-руску? Гэтае пытанне я адрасавала начальніку аддзела выкладання грамадазнаўчых дысцыплін упраўлення вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Надзеі ГАНУШЧАНКА.

- Перш за ўсё я хацела б адзначыць, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам аб адукацыі і За-конам аб мовах - грамадзянам нашай краіны гарантавана права выбару мовы навучання і выхавання. Гэта пазіцыя таксама зама-цавана ў новым Законе «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», які прыняты 5 ліпеня гэтага года. Вызначэнне статусу школ або класаў па мове навучання ажыццяўляецца па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, з улікам пажадання навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў.

Другое, на што хачу звярнуць увагу. У 2006 годзе зацверджаны новыя Правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецы-яльныя навучальныя ўстановы. Абітурыенты маюць права здаваць профільныя іспыты на беларускай або рускай мове (па выбару). Гэта датычыцца і гісторыі Беларусі - на шэрагу спецыяльнасцяў уступны іспыт па гэтай дысцыпліне ўведзены як профільны.

Калі мы дапі права выбару абітурыентам, калі наша заканадаўства дае права выбару мовы навучання сярэднім і вышэйшым навучальным установам, то мы павінны стварыць адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права і забяспечыць іх адпаведнай вучэбнай літаратурай - падрыхтаваць падручнікі і выдаць іх і на беларускай, і на рускай мовах.

- На беларускай мове падручнікі па гісторыі Беларусі ўжо выдадзены...

- Яны выдаваліся ўвесь час і будуць выдавацца пастаянна для ўсіх навучальных устаноў з беларускай мовай навучання і для навучальных устаноў з рускай мовай навучання (па іх выбару); школы забяспечаны імі поўнасцю, ніякіх праблем няма. Але павінны быць таксама і падруч-нікі на рускай мове.

Права выбару - вельмі важны аспект. На сёння ў нашай сістэме адукацыі вучэбная літаратура выдаецца на васьмі мовах.

Яшчэ адзін важны нюанс. Сёння мы хочам, каб гісторыю Беларусі ведалі і суседнія краіны. Яны лепш разумеюць напісанае па-руску. У нас, безумоўна, існуюць падручнікі па гісторыі Беларусі і на рускай мове. Для ВНУ - гэта падручнік у дзвюх частках пад рэдакцыяй Якава Трашчанка, дацэнта Магілёўскага дзяржаў-нага універсітэта імя Куляшова. Есць і «Очерки по истории Беларуси» П. Чыфынава для ВНУ, праграма па гісторыі Беларусі для ВНУ таксама выдавалася на рус-кай мове.

Зараз, як вы ведаеце, мы падрыхтавалі і выдалі вучэбныя дапаможнікі «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (в кан-тэксце Другой сусветнай вайны)» - як для ВНУ, так і для сярэдніх устаноў. Кнігі выдадзены на дзвюх мовах. Хачу адзначыць, што яны выклікалі вялікую цікавасць у нашых суседзяў. Мы падарылі 18 абласцям Расіі гэтыя выданні. У іх 70 працэнтаў матэрыялу - аб укладзе беларускага народа ў Перамогу над фашызмам. Такім чынам, з гераічнай старонкай гісторыі нашай дзяр-жавы могуць пазнаёміцца іншыя краіны, і асабліва моладзь. Калі будуць падручнікі на рускай мове, то больш будуць ведаць пра Беларусь у свеце - пра яе складаную, цікавую гісторыю, сучаснае раз-віццё, культуру, навуку. У асобных краінах, на жаль, сёння яшчэ мала ведаюць пра Беларусь.

- Калі нашы дзеці будуць вучыць гісторыю Беларусі па-руску, то ў свеце больш даве-даюцца пра нашу краіну?..

- Я кажу пра неабход-насць мець падручнікі на рускай мове. Тым больш, у нашы ВНУ паступаюць і абітурыенты з Расійскай Федэрацыі і іншых краін - мы зацікаўленыя ў тым, каб і яны ведалі нашу гісторыю.

У рамках Саюзнай дзяржа-вы мы праводзім алімпіяду для школьнікаў «Расія-Беларусь: гіс-тарычная і духоўная еднасць». У ёй бяруць удзел вучні з усіх рэгіё-наў нашай рэспублікі і з многіх рэ-гіёнаў Расійскай Федэрацыі. А пы-танні ў асноўным прысвечаны лі-таратуры і гісторыі. Беларускія вучні вывучаюць гісторыю Расіі, рускую літаратуру. А расійскія вучні не маюць дадатковай маг-чымасці знаёміцца з гісторыяй Беларусі, беларускай літаратурай, бо ў іх няма адпаведных дапа-можнікаў.

- I ўсё ж, калі гаварыць пра беларускіх школьнікаў: што значыць «права выбару»?.. Пасля міністэрскага рашэння ва ўсіх рускамоўных школах гісторыя Беларусі будзе - аўтаматычна - выкладацца па-руску? А, дапусцім, калі вучань захоча працягваць вывучаць гісторыю па-беларуску - ці будзе ў яго гэта «права выбару»?

- Яшчэ раз паўтару. вы-канаўчыя і распарадчыя органы ў адпаведнасці з заканадаўствам выбіраюць, на якой мове будзе працаваць навучальная ўстанова, - на рускай або беларускай. Акрамя таго, навучанне ў шэрагу ўстаноў ідзе на дзвюх мовах: у рускамоўных школах ёсць класы, у якіх навучанне вядзецца па-беларуску.

Мы даём права выбіраць. Гэта значыць, рускамоўная школа можа пакінуць вывучэнне гісторыі Беларусі на беларускай мове.

- Чытачы пытаюцца: ці не з'яўляецца гэта рашэнне штуч-ным, «высмактаным з пальца»? У якасці аргумента прыводзяць «моўнае» цэнтралізаванае тэсці-раванне. Колькі сёлета было вы-пускнікоў беларускамоўных сярэд-ніх школ?

- У 11-х класах сёлета навучалася каля 95 тысяч вучняў: з іх амаль 22 тысячы - на беларус-кай мове і 73 тысячы - на рускай.

- А цэнтралізаванае тэсці-раванне па беларускай мове зда-вала больш за 75 тысяч чалавек, па рускай - больш за 96 тысяч. Калі супаставіць лічбы: многія выпу-скнікі рускамоўных школ выбралі тэст па роднай мове. Гэта свед-чыць пра тое, што яны ведаюць родную мову і хочуць, каб асяродак яе ўжывання пашыраўся.

- Гэта так. А давайце паглядзім на ЦТ па гісторыі Бе-ларусі. Яго праходзіла 31 600 абітурыентаў. 6455 чалавек зда-вала тэст на рускай мове. Гэта пры тым, што навучанне па прад-мету вядзецца на беларускай мове. Мне здаецца, гэта даволі значная лічба ў дадзенай сітуацыі.

Да нас у міністэрства пе-рыядычна паступалі звароты ад-носна таго, што мы не даём магчы-масці вывучаць гісторыю Белару-сі на рускай мове.

- Чытачы просяць удакладніць: ці не плануецца перавесці на рускую мову таксама выкла-данне беларускай мовы і літаратуры?

- Ну, гэта пытанне, адчуваю, з разраду жартаў. Зразумела, у нашай краіне такога адбыцца не можа. Наогул, у 2001 годзе Міні-стэрствам адукацыі прынята пра-грама дадатковых мераў па па-шырэнню выкарыстання беларус-кай мовы ў сістэме адукацыі. Адпаведныя захады прымаюцца, у тым ліку і ў гарадской мяс-цовасці. Да 1 верасня гэтага года будзе выдадзена 175 найменняў падручнікаў і вучэбных дапа-можнікаў для агульнаадукацый-ных устаноў (тыраж - 6 063 497 экзэмпляраў), з іх 81 найменне - на беларускай мове (тыраж - 2 607 500 экзэмпляраў).

- Дарэчы, а колькі бела-рускіх школ у Мінску?

- У сталіцы 234 сярэднія агульнаадукацыйныя навучаль-ныя ўстайовы, з іх 4 беларуска-моўныя гімназіі і 43 школы з дзвюма мовамі навучання.

- Дзякуй за гутарку.

Таццяна ПАДАЛЯК, "Звязда", 12.08.2006 г.


ТУТ НАША ЎСЁ

Ніколі не надумаў бы, што ён мяне "паправіць", гэты выса-каваты, гадоў пад сорак, муж-чына. Я стаяў на пошце, каля акна, на шкле якога было напісана: "4". Ён, напэўна, каля першага. Дзяў-чына папрасіла ў мяне пашпарт. Я адказаў, што ніколі не патрабуюць яго ад мяне, і патлумачыў:

-Не першы год, не першы раз бываю тут.

Мужчына паправіў:

- Не першы, а первый.

- Першы, а не первый,- адказаў я цвёрда.

Ен сумеўся, а я скары-стаўшыся з гэтага дадаў

- Калі я, мінуўшы наш Смаленск, буду пад'язджаць да вашай Масквы, то скажу па-ва-шаму. А тут мяне не вучыце. Дома ведаю, як сказаць. Тут наша ўсё - і Радзіма, і Мова

Перавучваць патрыётаў - дарэмныя намаганні. Дадам яшчэ: чалавек столькі разоў чалавек, колькі ведае моў. Так што па-трэбна разабрацца, каму каго вучыць.


Праз які дзесятак хвілін у краме хацеў купіць кілаграм цукру. Прадаўшчыца прапанава-ла ў папяровай упакоўцы. Не астыўшы ад замежнага "настаўніка" неспакойна адказаў:

-- Не буду пераплачваць. І так уся слодыч ад той цаны горк-не.

Я павярнуўся, каб ісці, ды раптам наўздагон начуў:

-У нас рассыпной есть сахар.

- Мне ж цукар патрэбны.

- Калі ласка, - сказала прадаўшчыца.

-- Дзякуй, за "калі ласка".

Сплаціўшы папяроўкамі кошт, стаў чуць збоку і борздзенька ўціскаў набытак у тэчку.

- І мне таксама цукру. Два кілаграмы,- сказала дзяўчына, якая стаяла за мной у калейцы.

Алесь Стадуб, Ліда.


ЗДРАДНАЯ НЕМАТА

Не спяваць, а дакранацца

Голасам да нематы. -

Вось адзінае мастацтва,

На якое здатны ты.

Леанід Дранько-Майсюк.


Кожны чалавек заўсёды імкнецца да нечага лепшага, да якогась ідэалу. Усім нам хочацца крышачку большага, чым ёсць. Большай павагі, больш увагі ад калегаў, кіраўніцтва, ад суседзяў.

Напэўна, гэта пахвальна - імкнуцца да ідэалу. Але ж, мабыць, ніколі нам не дасягнуць гэтага. Як зрабіць, каб было добра нашай Радзіме? Яна, пакутная, ніколі не скажа нам таго слова, якое мы так ад яе чакаем. Але мы. яе сыны і дочкі, павінны пачуць тое слова! Ну вось - маўчыць, а мы і шчаслівыя - значыць ўсё добра ёй. Тады і мы маўчым. Але ці ўсё добра? Хто ж нам "даў" права такое - маўчаць? Дзе мы набраліся гэтай брыды? Дзе Нашае, Роднае слова? Калі, скажыце, яно будзе гучаць на Беларусі на поўную моц? Калі ўжо перастануць крычаць у твар ці за спіною ў цябе: "Апазіцыянер! Апазіцы-янер!".

І гэта ўжо толькі за тое. што ты мовіш роднаю моваю! Адкуль, з якіх часоў гэтае цемрашальства? Цікава ведаць, хто навязвае нам гэтыя стэрэатыпы "варожае мовы" - той мовы, што была ў беларусаў спрадвеку?!

Гэта толькі Яна - Беларусь, - і гэтыя палі, лугі і куточкі маюць рацыю маўчаць, бо не надзяліў іх Бог маўленнем. А мо яны не маўчаць?! Мо яны пакутуюць, ды не могуць сказаць нам пра свае пакуты? Мы павінны ўмець пачуць іх. Нас жа Бог надзяліў розумам, каб мы паклапаціліся пра сваю Радзіму.

А калі ж мы будзем маўчаць - ведайце, ніколі: ні пры жыцці, ні апасля смерці не даруе Яна нам гэтых здзекаў. Не выму-шайце ж Беларусь саромецца за Вас, не рабіце так, каб святое знішчалася і засмечвалася "паўсюльіснай" трасянкай і расей-шчынай. Дапамажыце ж нашай Беларусі, бо па-іншаму загіне яна. А куды мы без яе?...


Моўчкі сонца палымнее

На маўклівы крыж дарог...

Беларусь маўчаць умее

Гэтак сама ж, як і Бог.

Леанід Дранько-Майсюк.


Юля Бондар, дзевяцікласніца 5-ай школы г. Менска.


Малітва беларуская

О, Божа Вялікі, мы - Твае дзеці,

Мы - беларусы на гэтай планеце.

Каб наша дзяржава расла і квітнела,

Каб нашыя сэрцы дабром багацелі,

На літасць Тваю спадзяёмся мы, Божа.

Хто верыць у Бога, той зло пераможа.


Мы самі ў цемры яго нажывалі,

Калі самавольства сваё шанавалі.

Нам сорамна, Божа, нам крыўдна прызнацца

Ў нашай няпраўдзе, у нашым жабрацтве.


Спаўна мы спазналі сірочае долі.

Наш Бацька і Творца, мы просім: даволі!

Твайго прабачэння мы просім: памілуй.

З надзеяй і верай мы просім: прымі нас.

Прымі пад ахову Тваю беларусаў

Да веры і праўды - ад зла і спакусаў.


Прымі, як дзяцей, пад бацькоўскую руку.

Заўжды мы ўдзячны Табе за навуку,

Як трэба любіць, дараваць і змагацца

За права пачэснае Божымі звацца.


Па волі Тваёй ды паўстане дзяржава.

На векі вякоў Твая сіла і слава!

Мікола Бакас.


Жыве беларускі ліцэй

У ліпені навучэнцы беларускага ліцэя, якія ўжо трэці год існуюць і навучаюцца нефармальна, былі ў Польшчы. Першая два тыдні яны навучаліся ў Варшаве, а тотым два тыдні ў Гданьску. Прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі і, асабліва, мэр Гданьска шмат зрабілі каб забяспечыць навучанне і пражыванне беларускіх дзяцей і іх выкладчыкаў, што хочуць вучыцца і вучыць на роднай беларускай мове. Нягледзячы на невыносную спёку дзеці вучыліся вельмі старанна, асабліва карыстаючыся хімічнай і фізічнай лабараторыямі і кампутарным класам. Шмат было цікавых экскурсій і сустрэч. Так, 15 ліпеня, у чарговую гадавіну Грунвальдскай бітвы частка выкладчыкаў наведала Грунвальскае поле. Год назад там пабывалі і ўсе ліцаісты. Акрамя музеяў і помнікаў архітэктуры старажытнага Гданьска, ліцаісты і выкладчыкі наведалі музеі і гістарычныя месцы ў Гдыні і Сопаце, сустракаліся з беларусамі Гданьска, выступалі з канцэртам на гданьскім кірмашы.

27 ліпеня быў праведзены ўрок незалежнасці, калі выкладчыкі ліцэя, дэпутаты ВС 12 склікання; Лявон Барчэўскі, Валянцін Голубеў і Алег Трусаў расказалі, як прымалася Дэкларацыя аб незалежнасці Беларусі ў ліпені 1990 года, і як праз год яна набыла моц Канстытуцыі.

Была ў ліцаістаў і добрая магчымасць адпачаць на пляжах Гданьска і Неля, наведаць заапарк, паслухаць арганны канцэрт у старынным гатычным храме, азнаёміцца з дзейнасцю ківача Фуко ў двары гданьскай палітэхнікі.

Зараз ліцаісты адпачываюць і ў сярэдзіне верасня зноў прыступяць да заняткаў на роднай мове.

Наш. кар.


Андрэй Хадановіч

* * *

Дзясятая ранку. Кракаўскае Прадмесьце.

Жоўтае сонца глядзіцца ўва ўсе сьветлафоры.

Лаўкі пасьля дажджу, і ня маеш дзе сесьці.

Хіба паклаўшы пад задніцу ўласныя творы.


У інтэрнэце - вітаньні зь Менску і Львова,

а ў галаве - толькі ранішняя дрымота.

Як наркаман, натхненьня шукаеш нэрвова

пад калёнаю Зыгмунта-Жыгімонта.


Сонечнае праменьне адсоўваючы рукамі,

прыслухоўваесься да лякальнага землятрусу:

трое жаўнераў, пабліскваючы штыкамі,

прагрукаталі ля помніка Баляславу Прусу.

Варшава.

* * *

Прыходзіць да Мар'енштату - нібы ўжываць цытату,

а ты толькі рады, што гэтае ўжо было;

а ты ўжываеш цытату й прыходзіш да Мар'енштату,

бо зноў западаеш і зноўку не западло.


Шчасьлівы, што сонца й што пысу шчэ не набілі,

сядаеш за круглы столік, як рыцар Івэйн.

Навокал прыпаркаваныя аўтамабілі,

а ты з гарачым віном, што тут не завецца "глінтвэйн".


А ты не ўстаеш і йдзеш - сядаеш і едзеш.

(Аўтабіяграфіі горшыя ад біяграфій аўто.)

І афіцыянт падміргне табе: " Kto ty jesteś ?"

І ты аднавокаму скажаш проста: "Ніхто".

Варшава.

* * *

дзьве лыжкі солі на шклянку цёплага мора

якое цячэ з валасоў і на твары ня стыне

ляціш празь мяжу на сустрэчу са сьветлым tomorrow

і ўпадаеш у мора ў раёне гданьска і гдыні


вільготны вецер зранку мазгі прамывае

зьвіліны вашых маршрутаў - на гданьскіх мапах

міма цябе пралятаюць аблокі птушкі трамваі

караблі з вэстэрплятэ і электрычкі на мальбарг


вучыш замежныя мовы па караоке

джаз-фэстывалі чаек на молах і пірсах

кожная дзеўка анёл найчасьцей каравокі

на языках без касьцей сустракаецца пірсінг


у плянэтарыі сьпіш пад коўдрай вялікай мядзьведзіцы

і загараеш пад хмарным небам на злосьць прагнозам

істота якая здалёк чырвонаю скураю сьвеціцца

выкладчык Ліцэю паэт з абгарэлым носам


а потым дашлеш па пошце альбо напішаш у посьце

верш-апраўданьне сам сабе абаронца

што ты тут паводзіўся як і належыць госьцю

не згараў на буйках і не заплываў за сонца

Гданьск.


Л і ц э й

Аднойчы, неўзабаве пасля свайго абрання дэпутатам, Алег Трусаў запрасіў мяне на гутарку і прапанаваў узначаліць стварэнне нядзельнага беларускага ліцэя.

Мы ўжо даўно абмяркоўвалі гэтую справу, і, тым не менш, прапанова прымусіла задумацца. На той час я быў, як звычайна, вельмі загружаны: рабіў фільм па апавяданні Васіля Быкава «Адна ноч», а таксама шэраг перадач «Ліра» на беларускім тэлебачанні. Наперадзе мяне чакаў новы цікавы праект - праца над фільмам пра Францішка Скарыну, і я апантана вывучаў усё, што тычылася эпохі, у якой жыў і працаваў вялікі беларускі асветнік. Акрамя таго, паддаўшыся моднай тады плыні, мы з сябрамі стварылі кааператыў. Закупілі ўласную відэаапаратуру і пачалі здымаць фільмы па замове розных устаноў. У плане прыбытку і заробкаў справы ў нас ішлі надзвычай добра.

Праўда, такі занятак не прыносіў асаблівага творчага задавальнення, але мы спадзяваліся назапасіць такім чынам дастаткова грошай для рэалізацыі сур'ёзных творчых праектаў.

Таму прапанова Алега Трусава паставіла мяне перад выбарам. Я разумеў, што брацца за гэтую справу трэба будзе пасапраўднаму, а дасягненне сапраўднага выніку запатрабуе поўнай аддачы ўсіх сіл і часу. Гэта азначала адмову ад многіх жыццёвых планаў і рэзкую перамену ў самім жыцці. I ўсё ж вырашальную ролю пры прыняцці рашэння адыгралі ў той момант менавіта постаці і ўчынкі Скарыны, Быкава, Якуба Коласа, бо тады, працуючы над сваімі фільмамі, я знаходзіўся ў арбіце маральных каштоўнасцяў менавіта гэтых выбітных асобаў. З кааператывам я развітаўся лёгка і без асаблівых шкадаванняў, папрасіўшы прабачэння ў сваіх сяброў. Але наконт кіно ў мяне былі іншыя планы. Я збіраўся зрабіць усё неабходнае для стварэння сапраўднага стацыянарнага беларускага ліцэю, а потым сысці, перадаўшы кіраванне ліцэем таму, хто будзе здольны заняць у ім месца дырэктара. У глыбіні душы я спадзяваўся, што такі чалавек абавязкова знойдзецца і гэта дазволіць мне вярнуцца да справы, якую я на той час лічыў самай галоўнай рабіць кіно.

Першае афіцыйнае рашэнне аб стварэнні беларускага ліцэя было прынятае на паседжанні суполкі Таварыства беларускай мовы Савецкага раёна горада Менска. Здаецца, гэта было напачатку верасня 1989 года. Адбылося паседжанне ў будынку выканкама гэтага раёна, на вуліцы Якуба Коласа. Дарэчы, беручы пад увагу, што маё прозвішча Колас і што ліцэй праз пэўны час будзе таксама насіць імя Коласа, цяпер у гэтым супадзенні таксама, пры жаданні, нехта можа ўбачыць нейкую прадвызначанасць лёсу.

Памятаю, што, акрамя нас з Трусавым, на тым паседжанні былі Ірына Коваль, якая потым доўгі час працавала ў нас загадчыцай бібліятэкі, а таксама Вячаслаў Каладзінскі, які на той час выкладаў этнаграфію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, і школьная настаўніца Ала Кажэра.

Паседжанне прайшло даволі хутка. Сход падтрымаў прапанову стварыць нядзельны ліцэй. Мяне абралі дырэктарам, а Алу Кажэру і Вячаслава Каладзінскага - маімі намеснікамі.

Вырашылі прасіць раённыя ўлады, каб нам дазволілі займацца ў бібліятэцы імя Янкі Купалы, а таксама звярнуцца ў Міністэрства адукацыі, каб атрымаць дазвол на вызваленне навучэнцаў будучага нядзельнага ліцэя ад летняй практыкі і ад заняткаў у вучэбнавытворчых камбінатах, дзе вучні старэйшых класаў павінны былі тады вучыцца адзін дзень на тыдзень. Перадусім гэта было задумана, каб заахвоціць старшакласнікаў да навучання ў нашым ліцэі, а таксама каб кампенсаваць дадатковую нагрузку, якая павінна была легчы на ліцэістаў. Што да зместу навучання, то мы ўжо тады вырашылі, што, акрамя мовы і літаратуры, ліцэісты будуць вывучаць тую інфармацыю па гісторыі і культуры Беларусі, якая адсутнічала ў праграмах беларускіх школ, а таксама найбольш важныя звесткі аб сусветнай гісторыі і культуры ў выкладанні на беларускай мове.

Для атрымання дазволу на вызваленне будучых ліцаістаў ад летняй практыкі і заняткаў у вучэбнавытворчых камбінатах мы з Трусавым неўзабаве накіраваліся ў Міністэрства адукацыі да міністра Міхаіла Дземчука. Разам з ім на сустрэчы ў кабінеце быў Аляксандр Казулін, на той час - памочнік міністра, На сустрэчы Казулін збольшага маўчаў, але мне добра запомніліся яго вясёлыя вочы і добразычлівая, але і крыху хітраватая ўсмешка, якая, здавалася, ніколі не сыходзіла з ягонага твару.

Дасведчаны ў справах стасункаў з начальствам, Алег Трусаў лёгка здабыў дазвол на правядзенне заняткаў нядзельнага ліцэя ў памяшканні бібліятэкі імя Янкі Купалы на вуліцы Веры Харужай.

I вось недзе ў верасні 1989 года мы правялі там, у актавай зале, першы арганізацыйны сход будучых выкладчыкаў. На яго сабралася даволі вялікая грамада, у тым ліку - Міхась Ткачоў, Вінцук Вячорка, Вячаслаў Ракіцкі, Уладзімір Адамчык, Анатоль Сідарэвіч, Павел Церашковіч і шэраг іншых, добра вядомых на той час асобаў. На тым сходзе зноў галасавалі, каб зацвердзіць мяне дырэктарам ліцэя. Акрамя таго, мы абмеркавалі і зацвердзілі пералік вучэбных дысцыплін і размеркавалі іх паміж будучымі выкладчыкамі. Паколькі справа была абсалютна новая і ўсё пачыналася з нуля, то выкладчыкам было прапанавана самім напісаць праграмы пад тую колькасць гадзін, якая была вызначана на іх прадметы. Нягледзячы на тое, што ўсё рабілася на чыстым энтузіязме і ніякай аплаты за працу не прадугледжвалася (дый у далейшым ніякай аплаты за стварэнне праграм ніхто так і не атрымаў), усе пагадзіліся з вялікай ахвотай. I ўвогуле на тым сходзе адчувалася нейкая магутная энергетыка, якая ўзнікае, калі збіраецца вялікая колькасць таленавітых людзей. Менавіта гэтая энергія і стала тым палівам, якое дагэтуль сілкуе справу ліцэя.

Навучанне ў нядзельным ліцэі было вырашана зрабіць платным. Аплата была даволі сімвалічная - пяць ці дзесяць рублёў на месяц, - але меркавалася, што плата за навучанне дысцыплінуе навучэнцаў, прымусіць іх больш сур'ёзна і адказна ставіцца да заняткаў. Акрамя таго, гэтыя грошы павінны былі дазволіць нешта плаціць выкладчыкам, а таксама пакрываць мінімальныя выдаткі навучальнага працэсу.

Поўны тэрмін навучання ў ліцэі быў разлічаны на чатыры гады, з восьмага па адзінаццаты клас, а набіраць першых навучэнцаў мы вырашылі адразу на ўсе чатыры курсы. Пасля таго сходу ў шэрагу беларускіх газетаў з'явілася аб'ява пра набор у нядзельны Беларускі гуманітарны ліцэй.

"Лёс ліцэя."

Уладзімір Колас


13 жніўня споўнілася 50 гадоў з дня смерці Якуба Коласа

ЯКУБ КОЛАС , Народны паэт Беларусі (1926), сапраўднае імя Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч, нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. ў засценку Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы). У 1902 г. скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам (1902-06) у в. Люсіна Ганцавіцкага і в. Пінкавічы Пінскага раёнаў, у Верхменскім народным вучылішчы Смалявіцкага раёна, у Вільні ў газеце «Наша ніва» (1907-08), у Пінскім прыходскім вучылішчы (1912-14). У 1915-18 гг. служыў у арміі. У 1918-21 гг. працаваў настаўнікам, школьным інспектарам на Кур-шчыне. Пасля пераезду ў Менск выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме і БДУ. Працаваў у навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. Удзельнічаў у стварэнні і працы Інбелкульта (з 1922), пазней - АН БССР. Акадэмік АН БССР (1928). У 1929-56 гг. віца-прэзідэнт АН БССР. У 1935 годзе ўдзельнічаў у працы Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У розныя гады быў дэпутатам Вяр-хоўнага Савету СССР і БССР, з'яўляўся старшынём Беларускага рэспубліканскага камітэту абароны міру. Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Я. Колас - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР 1946 года за вершы ваенных гадоў і Дзяржаўнай прэміі СССР 1949 года за паэму "Рыбакова хата".

Памёр 13 жніўня 1956 г.

Акрамя шматлікіх мастацкіх твораў, самыя вядомыя з якіх - паэмы "Новая зямля", "Сымон-музыка", раман-трылогія "На ростанях", Я. Колас - аўтар публіцыстычных твораў. Разам з гэтым ён выдаў падручнікі "Другое чытанне для дзяцей беларусаў" і "Методыка роднае мовы", перавёў на беларускую мову паэму "Палтава" А. Пушкіна, асобныя творы Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча, Р. Тагора і іншыя.


Якуб Колас - адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. На працягу дзесяцігоддзяу воляю лёсу яму было наканавана ісці ў першым шэрагу працаўнікоў і рупліўцаў роднай культуры. Гэты шлях адзначаны выдатнымі здабыткамі у галіне паэзіі і прозы, драматургіі і публіцыстыкі. Літаратурная творчасць, навуковая і грамадская дзейнасць Я. Коласа адыгралі вялікую ролю ў развіцці і ўзбагачэнні бела-рускай мовы. Народны пісьменнік плённа распрацоўваў і памнажау выяўленчыя магчымасці роднага слова, павышаў яго мастацка-эс-тэтычную годнасць і грамадскі прэстыж. Пісьменніцкая праца нялёгкая нават у спрыяльныя гістарычныя перыяды. Колас жа пачаў служэнне Бацькаўшчыне сваім пяром у той час, калі само слова Беларусь успрымалася ў штыкі, не кажучы ўжо пра беларускую мову. Яму наканавана было стаць у шэраг самых першых, як у жыцці даводзіцца амаль кожнаму хоць адзін раз. Колас жа сумеў застацца ў шэрагу самых першых усё жыццё, што па сілах ужо вельмі нямногім.

14 жніўня ў 15.00 сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў усклалі кветкі на магілу класіка беларускай літаратуры на Вайсковых могілках у Менску.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Адным словам, Рада Аграрнага таварыства "a bien merite de la patrie", і ўсё тое, што яна зрабіла, што распрацавала, мела значэнне не толькі для Менскай губерні, але і для ўсяго Заходняга фронту, камандаванне якога размяшчалася ў Менску. Я ніколі не выходзіў ад генерала Эверта з "пустымі рукамі", не атрымаўшы дабро на рашэнне праблем, звязаных з патрэбамі і патрэбнасцямі Таварыства. Ён заўсёды даваў аб'ектыўную адзнаку нашай дзейнасці. Але самае галоўнае тое, што Рада Таварыства змагла дабіцца ад вайсковых уладаў удзелу прадстаўнікоў Таварыства ва ўсіх арганізацыях і камісіях, створаных на перыяд ваеннага часу, якія самааддана абаранялі інтарэсы аграрыяў. Нарэшце, па прыкладзе прафесійных і саслоўных аб'яднанняў, якія з'яўляліся з мэтай абароны сваіх правоў, Рада Аграрнага таварыства выступіла з ініцыятывай стварэння "Саюза землеўладальнікаў" і "Інфармацыйнаправавога бюро" для вывучэння стратаў, выкліканых ваеннымі акалічнасцямі. Тое, што Таварыства старалася ўмацаваць і абараніць і ў якасці спадчыны гістарычнай культуры перадаць будучым пакаленням, было змецена бальшавікамі, але гэта ўжо не віны Таварыства. Для дакладнасці жадаю адзначыць, што эмігранцкаму руху ўжо тады былі ўласцівыя анархічныя і сацыялістычныя тэндэнцыі, як і ў пачатковы перыяд адраджэння Польшчы. Натоўпы ўцякачоў, нягледзячы на наяўнасць пракладзеных дарог і шырокіх гасцінцаў, ахвотней ішлі, старанна абыходзячы палоскі і двары сялян, па нівах і пасевах, вытоптваючы іх, паколькі яны былі абшарніцкімі.

Жаданне знішчаць усё абшарніцкае было настолькі велізарным, што, нават атрымліваючы гатовыя і сухія дровы для вогнішчаў, яны аддавалі перавагу таму, каб ламаць платы і агароджы маёнткаў і спальваць лясныя дрэвы і складзеныя ў дварах землеўладальнікаў дошкі.

Яны высякалі новыя хвоі, не выкарыстоўваючы тыя пні і галінкі, ссечаныя іх папярэднікамі, якія валяліся пад нагамі. І не было ні адной установы, ні аднаго органа ўлады, да якога можна было б апеляваць.

У дадзеным выпадку Таварыства ізноўтакі вінавацілася ў тым, што яно, як арганізацыя, аб'ядноўвашая эліту Краю, не занялося справамі ўцякачоў і пытаннямі, звязанымі з дапамогай ахвярам вайны. Аб разуменні Таварыствам надзённых праблем бягучага моманту і ўсведамленні ім сваёй грамадскай адказнасці самым лепшым чынам сведчаць сабраныя ў першыя дні вайны 100.000 рублёў для пацярпелых ад вайскоўцаў дзеянняў. А тое, што яно саступіла месца ізноў створаным арганізацыям: Цэнтральнаму Грамадзянскаму Камітэту і Польскаму таварыству дапамогі ахвярам вайны, то ў дадзеным выпадку Аграрнае таварыства яшчэ раз давяло сваю разважлівасць. Адзначым таксама, што такая вялікая арганізацыя, якая мела сур'ёзныя сродкі, як Цэнтральнае Аграрнае Таварыства ў Каралеўстве, адкуль уласна і перамяшчаліся хвалі ўцякачоў, таксама саступіла месца ЦГК, і што ні адно з таварыстваў не выйшла на гэтую арэну. Прычым прычына такога ўстрымання ляжыць нашмат глыбей. А усё проста. З хвалямі ўцякачоў насоўваліся хвалі дэмакратычных настрояў. Аграрныя ж таварыствы, якія складаліся з землеўладальнікаў, былі кансерватыўнымі; прычым мясцовыя яго прадстаўнікі не заўсёды разумелі настроі прышэльцаў, з прычыны чаго ўзнікалі калізіі, раздражненне, самыя лепшыя сябры станавіліся ворагамі. Мусіць, ніхто мяне не зможа абвергнуць у тым, што арганізацыі, блізкія па духу і якія складаліся ў асноўным з мясцовай інтэлігенцыі і ўцякачоў (змушаных і дабраахвотных), прыхільнікі самых модных поглядаў, рэдка дзе дружна маглі працаваць. Мясцовыя землеўладальнікі працавалі ў розных аддзелах Грамадзянскага Камітэта і Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны. Аграрнае таварыства, як калектыўная арганізацыя ніколі не ўступала з іншымі арганізацыямі ў палеміку і не складала ім канкурэнцыі, (і гэта пахвальна), а толькі давала прытулак у сваіх сценах, заходзячы ў сваёй гасціннасці так далёка, што госці не раз забывалі нават аб абавязках госця перад гаспадаром.

На гэтым я жадаю скончыць свае ўспаміны, якія тычацца дзейнасці Аграрнага таварыства. Магчыма, не адзін раз у далейшым я буду вяртацца да гэтай тэмы, бо Таварыства канцэнтравала ў сабе ўсе жыццяздольныя сілы краіны, удзельнічала ва ўсіх асноўных абласцях жыцця правінцыі, часта імі кіравала, і заўсёды рашуча выказвалася ў тым або іншым пытанні. Але гэтая выява была б няпоўнай, калі б я забыў распавесці аб абедах, якія наладжваліся маёй сястрой Ядвігай Кастравіцкай пры правядзенні агульных збораў Таварыства. Пра сястру, як і пра сябе, пісаць не зусім зручна, але ўмаўчаць аб той ролі, якую яна выконвала ў жыцці нашай арганізацыі, я не магу.

Інтэлігентная і гасцінная жанчына, якая актыўна займалася грамадскім жыццём, яна наладжвала ў Менску для ўдзельнікаў агульных збораў "палітычныя абеды", на якія ад яе імя я запрашаў прыезджых дэлегатаў, а таксама вядомых чальцоў Таварыства.

Складана пералічыць усіх тых, хто пабываў у яе салонах. Не было ні аднаго пытання, якое б не закраналася на гэтых абедах, звязаных з дзейнасцю Таварыства, а пазней не выносілася б на агульнае абмеркаванне і зацвярджэнне. Дыскусіі праходзілі ажыўлена, кожны вольна мог выказаць свае погляды і перакананні. Старка і віно пад дасціпны жарт гаспадыні ажыўлялі бяседы, патрапіць на якія лічылася вялікім гонарам, і мне як старшыню лягчэй было арыентаваць гасцей на калектыўную працу, а таксама згладжваць існыя адрозненні ў іх поглядах і меркаваннях. Адзначаю велізарную заслугу сваёй сястры і дзякую за плённае супрацоўніцтва.

Зборы Аграрнага таварыства і паседжанні Рады праводзіліся на афіцыйнай мове і на гэтай ж мове пратакаляваліся. Аднак, паводле актаў так званай вольнай эпохі, на падставе пастановы Камітэта Міністраў ад 1 траўня 1905 года агульны збор 6 снежня 1905 года я адкрыў на польскай мове, папярэдзіўшы ўдзельнікаў аб магчымасці перакладу на афіцыйную мову для тых, хто не разумее польскай мовы. Пераклад не спатрэбіўся, а рэакцыя залы была ашаламляльная. Але неўзабаве пасля гэтага мы атрымалі ад губернатара папярэджанне і растлумачэнне з міністэрства, што Аграрнае таварыства як арганізацыя, падпарадкаваная міністэрству, і справаздачная перад ім, павінна карыстацца на паседжаннях афіцыйнай мовай. Пасля амаль 12гадовага перапынку, а, дакладней, пасля лютаўскіх падзей 1917 года, а менавіта 5 сакавіка 1917 г., мы ізноў вярнуліся да сваёй мовы... Невядома, як надоўга...

IV

Пасля доўгага разгляду ў вярхах і ўзважвання ўладамі розных канцэпцый, накіраваных на скарачэнне ўдзелу мясцовага абшарніцкага элементу ў дзейнасці, звязанай з самакіраваннем, нарэшце чарга дайшла і да Менскай губерні. Пытанне стаяла аб перадачы ў веданне "земстваў" фінансавых, эканамічных і культурных пытанняў. Усё гэта праводзілася з велізарным спазненнем, паколькі ўрад паранейшаму сумняваўся ў "лаяльнасці" нашых землеўладальнікаў і горача жадаў захаваць у Краі дзеянне "выключнага права". Паколькі я з самага пачатку, гэта значыць з 1903 і да 1917 года быў чальцом павятовага і губернскага земстваў, з невялікім трохгадовым перапынкам падчас працы ў Дзяржаўнай Радзе, лічу сваім абавязкам прадставіць увесь працэс стварэння земскіх інстытутаў у губерні.

Перад уступленнем у сілу 1 чэрвеня 1903 года ў Менскай губерні "Палажэння аб выпраўленні земскай гаспадаркі", прынятага 2 красавіка 1903 года, Менск наведаў міністр унутраных спраў У. К. Плеве ў суправаджэнні Н. А. Зіноўева будучага чальца Дзяржрады, а таксама Любімава службоўца па адмысловых даручэннях, будучага Варшаўскага губернатара. Час ужо быў неспакойны, на міністраў палявалі, таму ў горад Плеве ехаў з вакзала вакольнымі шляхамі, з занавешанымі вокнамі карэты. Карэта заехала проста ў двор будынка губернскага кіравання, дзе ў зале паседжанняў яго ўжо чакалі прадстаўнікі розных устаноў, у тым ліку і прэзідыюм Рады Аграрнага таварыства. Пасля паседжання чальцы прэзідыюму былі запрошаныя ў яго кабінет, дзе і былі азнаёмленыя з намерамі ўраду ўвесці ў нас земскае самакіраванне, але на адмысловых для нашага Краю ўмовах. Ён пры гэтым пацікавіўся, ці пажадаюць мясцовыя землеўладальнікі ўдзельнічаць у гэтых інстытутах. Я адказаў, што ўсе "выключныя правы" мы разглядаем, як зневажальныя для нашых землеўладальнікаў, якія заўсёды ахвотна адклікаюцца на любое запрашэнне ўраду і заўсёды добрасумленна выконваюць свае абавязкі, не даючы, такім чынам, ніякіх падстаў для недаверу. У сувязі з гэтым мы патрабуем ураўнавання нас у правах з землеўладальнікамі ўнутраных губерняў Расіі. Але, паколькі мы кіруемся прынцыпамі ўдзелу ў любой дзейнасці, звязанай з нашым Крам, заяўляем, што будзем прымаць удзел у ізноў ствараных інстытутах.

Міністр адказаў, што не варта новыя законы ўспрымаць як нейкае "выключнае права", бо падобным чынам плануецца рэфармаванне земстваў ва ўсёй Расіі, а Менская губерня павінна пацвердзіць мэтазгоднасць гэтых намераў. На гэтым паседжанне скончылася. Я спыняюся на тых падзеях падрабязна, каб паказаць, які рэакцыйны настрой ужо тады пераважаў, асабліва, калі ўлічыць, што паводле закону ад 2 красавіка 1903 года ўся дзейнасць павінна была канцэнтравацца ў губернскіх земствах. Аб павятовых земскіх зборах нават не згадвалася. На губернскіх земскіх зборах павінна было выконвацца лікавая перавага чальцоў вырылістаў, і па два прадстаўнікі ад кожнага павету, прызначаных урадам.

Нельга сказаць, што гэты паступовы пераход ад кіравання "губернскага распарадчага камітэта" да земскага, нават у рамках закона 1903 года, быў для нас бескарысным. Мы, пазбаўленыя магчымасці на працягу шэрагу гадоў прымаць удзел у эканамічным і культурным жыцці Краю, на першых паседжаннях пачуваліся сляпымі кацянятамі.

(Працяг у наступных нумарах.)


РУСКІЯ ТВАРЫ БЕЛАРУСКІХ ТАВАРАЎ

Сусветная глабалізацыя і індустрыялізацыя зрабілі так, што пэўную краіну ў свеце прадстаўляюць не толькі яе гістарычныя дасягненні і помнікі, а таксама і тавары, якія вырабляюцца ў гэтай краіне і экспартуюцца ў іншыя. Кожнае прадпрыемства прыкладае намаганні, каб яго прадукцыя стала пазнавальнай і вядомай. Для гэтага існуюць гандлёвыя маркі і брэнды. Часцей за ўсё яны маюць арыгінальнае гучанне і паказваюць на краіну паходжання тавару. Прыкладам можа быць піва. Усім вядома, што "Staropramen" паходзіць з Чэхіі, "Zywiec" з Польшчы, "Неіneken" з Галандыі, "Ноlsten" з Германіі, "Svyturys" з Літвы, "Оболонь" з Украіны, "Балтика" з Расіі.

Стварэнне сваіх брэндаў характэрна і для Беларусі. Для стымуляцыі гэтага працэсу праводзяцца розныя конкурсы, такія як "Прадукт года", "Брэнд года" і іншыя. Але беларускія вытворцы не заўсёды стараюцца надаць назвам беларускае гучанне. Ствараецца ўражанне, што беларусам вельмі цяжка адыйсці ад ідэалогіі "западоруссизма". Справа нават не ў рускамоўных этыкетках (можа экспарт у Расію сапраўды такі, як распавядае дыктар на БТ і таму мае сэнс усё пісаць паруску, бо пабеларуску расіяне не прачытаюць, беларускі алфавіт для іх вельмі складаны ў рускім гучанні назваў беларускіх тавараў. Вельмі папулярнымі, як і ў Расіі, становяцца назвы ў форме прозвішчаў. Але формы гэтыя чамусьці рускіх прозвішчаў, якія заканчваюцца на ,,ов", "ін", "Бобров" (Бабруйскі піўзавод), "Пивин" (Маладзечанскі піўзавод), "Савушкин продукт" (Берасцейскі малочны завод), "Неманофф" (Гарадзенскі лікёрагарэлачны завод). Іншыя назвы таксама вельмі часта маюць рускае гучанне і напісанне. Рагачоўскі малочны завод "раскручвае" брэнд "Рогачёвъ" (пішацца з цвёрдым знакам), Барысаўскі малаказавод "Здравушка", Пастаўскі малаказавод "Поставы городок", Віцебскі піўзавод "Николаевское".

Хаця ёсць іншыя прыклады, калі назвы гучаць арыгінальна і пабеларуску (нават на рускай мове назва кажа пра беларускае паходжанне). I гэта не перашкаджае вытворцам "прабівацца" на расійскі рынак. Цікава, што беларускія назвы больш характэрныя для тавараў з Менска і заходніх рэгіёнаў "Крыніца" і "Аліварыя", "Ашмянскі пачастунак", "Панские", "Малочны гасцінец", "Сузор'е смаку". Арыгінальныя мілагучныя назвы маюць гатункі хлеба ў Менску "Старажоўскі", "Радзівілаўскі", "Траецкі", "Нарачанскі" і іншыя.

На паліцах магазінаў можна сустрэць шмат іншых прыкладаў, як беларуска, так і рускамоўных. Але, пакуль, перавага на карысць апошніх, што можа быць паказчыкам нацыянальнай свядомасці. Да еўрапейскай тэндэнцыі яднання з захаваннем сваіх нацыянальных і рэгіянальных асаблівасцяў беларусы яшчэ не прыйшлі. Выказванні чыноўнікаў аб падтрымцы беларускамоўных брэндаў (часам такое можна пачуць) застаюцца толькі словамі, што яшчэ раз падкрэслівае стаўленне дзяржавы да роднай мовы. Дарэчы, такая сітуацыя з гандлёвымі маркамі ва Ўсходняй Еўропе толькі ў нашай краіне. Усе, без выключэння, краінысуседзі Беларусі вельмі актыўна ствараюць нацыянальныя брэнды і паспяхова выходзяць з імі на міжнародны рынак.

Р. 5. Назвы пададзены на той мове, на якой ужываюцца.

Павел Давідоўскі, фота аўтара.


З "Калі ласка" смачней

На этыкетцы маслатлушчавага прадукта, які выпус-каецца ў в. Чурыла-вічы Менскага раёна ААТ "ПродАктив" усяго чатыры бела-рускія словы "Калі ласка" і "Купляйце бе-ларускае" , а прадукт адразу набывае прыцягальнасць. Уявіце сабе масла з назвай "Пожалуйста". Ад такога нават у Чурылавічах адмовіліся. Хаця, для іншых нашых вытворцаў усё магчыма. Яны і матам напішуць, абы ў Расіі іх зразумелі.

Наш кар.


Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

В управлении ГАИ МВД Республики Беларусь рассмотрено Ваше письмо об издании книги «Правила дорожного движения» на белорусском языке.

В части официального издания полагаем необходимым отметить, что в соответствии со статьей 62 Закона Республики Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» от 10 января 2000 г. № 361-3 (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2000 г., № 7, 2/136) официальное опубликование нормативных правовых актов осуществляется на том государственном языке, на котором они приняты (изданы).

Опубликование нормативного правового акта на других языках допускается только при наличии его официального перевода на соответствующий язык, утвержденного соответствующим государственным органом (должностным лицом) в порядке, уста-новленном для принятия (издания) этого акта.

Вместе с тем сообщаем, что Министерство внутренних дел не вправе осуществлять коммерческую деятельность, в том числе связанную с подготовкой кандидатов в водители механических транспортных средств и изданием какой бы то ни было печатной продукции. Вопросы преподавания Правил дорожного движения и издания печатной продукции на тему безопасного поведения на дорогах на белорусском языке определяются самой организацией, осуществляющей такую деятельность.

Начальник A.M. Менделев.


Весткі з Віленшчыны

29.07.2006 г. у Вільні, у сядзібе ТБК адбылася прэзентацыя кніжкі Уладзі-міра Пецюкевіча "Узняўся белы птах", якая выйшла накладам 500 экз. (выдавецтва Т-ва беларускай культуры, Вільня). Гэта песні, вершы, балады (564 старонкі) Ул. Пецюкевіча, плямянніка ўсім вядомага Мар'яна Пецюкевіча, вучонага - этнографа, заходне-беларускага дзеяча. Не-маючы дзяржаўнай пад-трымкі ў Беларусі гэты зборнік выйшаў дзякуючы матэрыяльнай (грашовай) падтрымцы сястры паэта - Марылі Пецюкевіч, якая жыве цяпер у Італіі, але прыехала ў Вільню на прэзентацыю кніжкі, дзе і адбылася сустрэча радні Пецюкевічаў, якія жывуць ў Літ-ве, Беларусі, Італіі. Польшчы.

Апроч самога аўтара кніжкі Уладзіміра Пецю-кевіча прыехаў з Менска і кампазітар Зміцер Даўгалёў, які прыняў актыўны ўдзел у гэтай імпрэзе. Дарэчы, на вершы аўтара кніжкі Зміцер Даўгалёў напісаў музыку, якая прагучала тут, як у запісе, так і ў выка-нанні кампазітара.

Прагучала 30-хвілін-ная араторыя "Зорка палын", таксама песні "Ай ды полька", "За маладых" і шмат іншых, якія вельмі спадабаліся прысутным.

Шмат хто атрымаў ці набыў гэтую кніжку "Узняўся белы птах", у тым ліку і аўтар гэтай зацемкі. У сваю чаргу Юры Гіль падараваў сваю кніжку "Засьцянковая хатка" Ул. Пецюкевічу і Дзіму Даўгалёву ды запрасіў на наступны год прыехаць у Вашунова, у Засцянковаю хатку. Такса-ма Юры Гіль папрасіў напі-саць музыку на свой вершык. "Хвала засценку".

"У ціхім, далёкім засценку

Цудоўная хатка стаіць.

Там песня і родная мова

Заўсёды з малітвай гучыць.


Прыпевак:

Засценак, засценак,

засценак,

Прыгожы і любы мой кут,

Засценак, засценак,

засценак,

Пуп недзе закопаны тут...

(Усяго вершык-песня на 6 слупкоў плюс прыпе-вак.)

Трэба спадзявацца, што на наступнай імпрэзе ў Вашунове гэтая песня прагучыць, калі усе мы будзем з Божай волі жывы і здаровы.

Ю. Гіль.


МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ МАЕ НАМЕР ПРАЦЯГВАЦЬ ПЕРАМОВЫ З РАСІЯЙ НА ПРАДМЕТ ВЯРТАННЯ СЛУЦКІХ ПАЯСОЎ

Міністэрства культуры Беларусі плануе прадоўжыць перамовы з расійскім бокам на прадмет вяртання ў беларускія музеі славутых слуцкіх паясоў. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік міністра культуры Валерый Гедройц.

"Слуцкія паясы, якія з'яўляюцца нацыянальным набыткам Беларусі, з'явіліся ў музеях Расіі ў гады ўваходжання Беларусі ў СССР. Тады рух у рамках адной вялікай краіны дазваляў іх вывозіць за межы БССР, часцей за ўсё гэта рабілі калекцыянеры. Рознымі шляхамі паясы трапілі ў некалькі музеяў Расіі, у тым ліку музеі СанктПецярбурга і Масквы. Толькі пасля набыцця Беларуссю незалежнасці ў 1990я гады павысілася цікавасць да культурных каштоўнасцяў, якія маюць нацыянальнае паходжанне, і ўзнікла ідэя вярнуць слуцкія паясы ў Беларусь", - расказаў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, згодна з расійскім заканадаўствам каштоўнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, але з'яўляюцца нацыянальным набыткам іншай краіны, могуць быць вернуты ў абмен на каштоўнасці, якія ўяўляюць цікавасць для Расіі. У сувязі з гэтым Міністэрства культуры Беларусі неаднаразова прапаноўвала Расіі ў абмен на слуцкія паясы розныя творы выяўленчага, дэкаратыўнапрыкладнога і рэлігійнага мастацта. Але на сёння самым вялікім дасягненнем у перамоўным працэсе стала выстава "Слуцкія паясы", якая праходзіла ў Менску ў другой палове 2005 года і была арганізавана сумесна з маскоўскім Дзяржаўным гістарычным музеем. У гэтым маскоўскім музеі знаходзяцца чатыры літыя, з срэбнымі і залатымі ніткамі слуцкія паясы XVIII стагоддзя. Аднак пагадненне аб узаемавыгадным абмене пакуль не дасягнута, паведаміў намеснік міністра.

"Гэта праблема вельмі складаная. Мы таксама не хочам дзяліцца і лічым за лепшае ўсё захоўваць у сябе", - зазначыў В. Гедройц. Паводле яго слоў, вялікія надзеі звязаны перш за ўсё з развіццём інфармацыйных тэхналогій і фармаваннем электроннага каталога ўсіх твораў нацыянальных музеяў у Беларусі і Расіі. Гэта аблегчыць пошук страчаных каштоўнасцяў і падбор варыянтаў іх абмену.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.


Аповед пра невядомыя войны

У пачатку года "Издательство АСТ" (Россия, Республика Тува) пад рубрыкай "Невядомыя войны" выдала кнігу Анатоля Тараса "Войны Московской Руси с Великим Княжеством Литовским и Речью Посполитой в XIV - XVII вв.".

Гэта салідны том аб'ёмам 50 друкарскіх аркушоў і накладам 3000 асобнікаў вельмі хутка выклікаў цікавасць сярод аматараў беларускай гісторыі. Рэцэнзентам гэтага навуковапапулярнага выдання з'яўляецца беларускі гісторык і дыпламат, старшыня таварыства дружбы "Беларусь - Польшча" Леанід Лойка. Паспрабуем і мы пагартаць гэтую цікавую і арыгінальную кнігу і выказаць сваю думку наконт некаторых навуковых гіпотэз і фактаў, пададзеных на яе старонках.

Для напісання сваёй працы аўтар выкарыстоўвае грунтоўныя публікацыі гісторыкаў ХІХ, ХХ і пачатку ХХІ ст. з розных краін. Сярод іх пераважаюць рускія і беларускія крыніцы, ёсць таксама польскія, украінскія і літоўскія. Істотным недахопам з'яўляецца тое, што назвы ўсіх беларускамоўных і магчыма, некаторых украінамоўных публікацый у спісе літаратуры А. Тарас чамусьці прывёў у рускім перакладзе, што недапушчальна. Тым больш, што шмат якія публікацыі, напрыклад, Міколы Ермаловіча, на рускую мову яшчэ не перакладаліся.

Варта зазначыць, што аўтар не ўзгадвае ў гэтым спісе працы знакамітых беларускіх гісторыкаў Міколы Улашчыка і Анатоля Грыцкевіча, археолага Георгія Штыхава - аўтара шматлікіх школьных падручнікаў па гісторыі Беларусі, пісьменнікаў Уладзіміра Арлова, Вольгі Іпатавай, Канстанціна Тарасава і іншых. Пры гэтым шмат якія яго высновы, а таксама ілюстрацыі супадаюць з іх публікацыямі. Такія адносіны да сваіх папярэднікаў наўрад ці можна вітаць.

Слабае веданне сучаснай беларускай археалогіі і этналогіі прыводзіць аўтара да розных памылак і недакладнасцей. Напрыклад, на ст. 11 ён піша, што ў Полацкае княства ўваходзіла сённяшняя Менская вобласць. На сам рэчы паўднёвая Меншчына з яе гарадамі Слуцкам і Клецкам - гэта землі дрыгавічоў, якія ніколі не належалі Полацкай дзяржаве.

На старонцы 13 А. Тарас адзначае, што ў антычныя часы на тэрыторыі Беларусі жылі кельты, але гэта ніяк не пацвярджаецца вынікамі археалагічных даследаванняў. Вядома, нейкія сувязі з кельтамі праз гандаль і іншыя кантакты ў мясцовых плямёнаў (балцкіх і раннеславянскіх) былі. Але сцвярджаць, што тыя трывала жылі на нашай зямлі ніяк не выпадае.

Аўтар прытрымліваецца версіі, што слова "Літва" паходзіць ад "Люцічы" і спачатку мела форму "Лютва". Версія цікавая. але варта было б разгледзець і іншыя тлумачэнні гэтай назвы, асабліва зробленыя літоўскімі гісторыкамі і паспрачацца з імі.

Даволі арыгінальная думка аўтара на конт таго, што ў старажытнасці слова "літва" адносілася да баявой дружыны, прычым аргументацыя грунтуецца на аналізе беларускага і рускага фальклору.

Аўтар таксама абыходзіць пытанне балцкага (некаторыя лічаць - фінаугорскага) племені Літва і тэрыторыі яго рассялення. Дастаткова толькі прыгадаць спрэчкі паміж Ермаловічам і Улашчыкам аб месцазнаходжанні летапіснай Літвы.

Апавядаючы пра паходжанне беларускага герба "Пагоня", аўтар прыводзіць толькі адну версію, ігнаруючы іншыя. У першую чаргу гэта працы Міхася Ткачова, які падрабязна тлумачыць гістарычнае паходжанне гэтага слова.

Ігнаруе аўтар і працу Алеся Белага "Хроніка Белай Русі", прысвечаную паходжанню тэрміна "Белая Русь". Згадваецца чамусьці толькі праца Вітаўта Чаропкі, беларускага пісьменніка, які прафесійным гісторыкам не з'яўляецца.

Пра беларусаўліцвінаў, жыхароў Смаленшчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны згадваюць ужо рускія крыніцы XVII ст. Невыпадкова, што захапіўшы ў 1772 г. Усходнюю Беларусь Кацярына ІІ стварыла "Беларускую губернію", у якую часткова ўвайшлі вышэйзгаданыя землі. Пра беларусаў пісалі і некаторыя рускія пісьменнікі яшчэ першай паловы XVIIІ ст.

Варта адзначыць, што спачатку беларусамі рускія называлі сялян і мяшчан, беларускую шляхту называючы "літвою" ці "палякамі". І гэта, відаць, не выпадкова. Рэч Паспалітая - канфедэрацыя "двух народаў" - палякаў і ліцвінаў. Але тады народам называлі толькі шляхту. Сяляне і мяшчане народам не былі, бо не мелі права галасаваць на сойміках і соймах. Таму невыпадкова, што ў канцы XVIIІ - першай палове ХІХ ст. ліцвінамі былі Касцюшка, Адам Міцкевіч (яго радзіма - гэта "мая Літва"), Радзівілы, Сапегі і г.д. Іх сяляне не мелі нацыянальнасці да адмены прыгону ў 1861 г. і таму менавіта яны сталі першымі беларусамі ў канцы ХІХ ст.

Аднак, згодна перапісу 1897 г. беларусамі ўжо называліся і прадстаўнікі нашай шляхты, прычым сярод усёй шляхты яны складалі большасць. Дарэчы, менавіта з дробнай шляхты выйшлі ідэолагі беларускага адраджэння і новай беларускай нацыі Францішак Багушэвіч і Янка Купала. Таму нельга пагадзіцца з аўтарам, які на ст. 19 сцвярджае, што "толькі пасля 1945 г., дзякуючы русіфікатарскай палітыцы партыйнага кіраўніцтва СССР і БССР, тэрмін "беларусы" паступова распаўсюдзіўся і ў сельскай мясцовасці".

Большасць жыхароў Беларусі ўсвядомілі сябе беларусамі яшчэ ў 1897 г. пад час перапісу, а потым дзякуючы абвяшчэнню БНР 28 сакавіка 1918 г. У 1921 г. у Рызе прадстаўнікі бальшавіцкай Расіі і Польшчы ўжо добра ведалі, што яны дзеляць па жывому менавіта беларускі народ. Іншая справа, што ў БССР, асабліва ў 20я гады ХХ ст. нацыянальнасць "беларус" была канчаткова замацавана, а ў Заходняй Беларусі рабілася ўсё каб зменшыць колькасць нацыянальна свядомых беларусаў. Таму і з'явіліся тады на Палессі "тутэйшыя", а шмат каталікоў запісалася палякамі. Частка іх нашчадкаў лічыць сябе палякамі і зараз, але роднай мовай называе беларускую.

Нельга пагадзіцца з аўтарам у тым, што сённяшнія літоўцы (летувісы) не мелі сваёй пісьменнасці. Мелі, пачынаючы з ХVІ ст., але гэта была мова літоўскага касцёла, бо пасля таго як жмудзінаў і іншых балтаў ахрысцілі ў XIV ст., яны не разумелі казань у касцёле ні на латыні, ні папольску. Таму на іх мове ў першую чаргу стваралі рэлігійныя тэксты. І толькі Данелайціс у канцы ХVІІІ ст. канчаткова зрабіў гэтую мову літаратурнай, агульнай для нашчадкаў аўкштайтаў і жмудзінаў.

Але аўтар мае рацыю ў тым, што архіўных дакументаў часоў ВКЛ на гэтай мове не вядома. Таму і называе большасць літоўскіх гісторыкаў старажытнабеларускую мову ВКЛ "канцылярскай". Але сённяшні літовец на гэтай мове - мове "літоўскіх" князёў у адрозненне ад беларуса нічога не зразумее. Вельмі падрабязна аўтар спыняецца на ўзнікненні ВКЛ і яго ранняй гісторыі. На яго думку, першы князь, а потым кароль дзяржавы, Міндоўг быў яцвягам, што вельмі спрэчна.

Памыляецца А. Тарас, калі піша, што нашу старадаўнюю сталіцу Вільню (ст. 41) Сталін падарыў літоўцам вясной 1940 г. Гэта адбылося ў кастрычніку 1939 г. Іншая справа, што летам 1940 г. да Літоўскай ССР было далучана яшчэ некалькі раёнаў БССР, у тым ліку і славуты горадкурорт Друскенікі.

Трэба сказаць, што Князь Гедымін ніяк не мог заваяваць на Падляшшы горад Гайнаўку, бо гэты горад узнік зусім нядаўна. На ст. 42 аўтар паведамляе. што горад Віцебск у 947 г. заснавала кіеўская княгіня Вольга, але ніякіх доказаў у падтрымку гэтага гістарычнага міфу ён не прыводзіць.

Блытаецца аўтар кнігі пры апісанні нашчадкаў князя Гедыміна. На ст. 44 ён адзначае, што ад старэйшага сына Гедыміна Манвіда пайшлі вядомыя рускія арыстакратычныя роды, напрыклад, Булгакавы і Галіцыны. Але на суседняй 45 старонцы піша, што Манвід, які памёр у 1343 г. дзяцей не меў.

Ёсць памылкі і пры апісанні старажытнай Гародні. Так, А. Тарас паведамляе. што Давыда Гарадзенскага пахавалі "каля сцяны Барысаглебскага манастыра" (ст. 55). Але ў той час гэтага манастыра яшчэ не было, ён узнік у ХV ст. быў драўляны і нейкіх асаблівых "сценаў" проста не меў. Аднак ёсць паданне, што Давыда пахавалі каля Барысаглебскай Каложскай царквы, збудаванай у ХІІ ст.

Недакладнае і апісанне гарадзенскага дзядзінца, пазней каменнага замка. У ХІІ ст. гэта быў адзіны дзядзінец на Беларусі, які меў не толькі драўляныя але і мураваныя ўмацаванні - сцены, складзеныя з тонкай цэглы-плінфы. Рэшткі гэтых сцен прасочаны пад час раскопак і А. Тарас прыводзіць на ст. 55 іх рэканструкцыю (праўда не згадваючы аўтара). Потым, у ХІІІ ст. сярод гэтых умацаванняў з'яўляецца мураваная круглая вежа - стоўп ці "данжон". Менавіта так выглядаў гарадзенскі замак у час князя Давыда. На ст. 53 спадар Тарас паведамляе, што мураваны замак узведзены тут пасля 1398 г., але на старонцы 89 піша, што Ягайла яшчэ ў 1390 г. захапіў у Гародні спачатку драўляны горад (Ніжні Замак), а потым мураваны Верхні Замак (якога тады яшчэ не існавала).

Памыляецца аўтар кнігі, калі піша, што зараз беларускія татары кампактна пражываюць у Шчучынскім раёне Гарадзенскай вобласці (ст. 89). На самой справе гэта Іўеўскі раён Гарадзеншчыны. Менавіта тут, у Іўі, існавала адзіная ў БССР мячэць. Зараз татары маюць свае храмы не толькі ў Іўі, але і ў Слоніме, Наваградку, Смілавічах і іншых населеных пунктах Беларусі.

Вельмі добра апісана ў кнізе Грунвальдская бітва і ўдзел у ёй беларусаў. Дарэчы, аўтар сёлета быў на Грунвальдскім полі. Там паранейшаму няма ніякіх згадак пра беларусаў, але ёсць дзяржаўны сцяг Літоўскай рэспублікі.

А. Тарас падрабязна асвятляе ўстойлівы міф пра ўдзел у бітве "трох рускіх смаленскіх палкоў". На самой справе гэта беларускія палкі з Воршы, Мсціслава і Смаленска. Акрамя іх згадваюцца яшчэ 17 харугваў з тэрыторыі сённяшняй Беларусі, у тым ліку з Менска і Полацка.

Каштоўнасць кнігі ў тым, што палітычная і ваенная гісторыя Беларусі і Расеі падаецца паралельна, пры гэтым маецца інфармацыя пра гісторыю Лівоніі, Польшчы, Швецыі, Крымскага ханства, Украіны і некаторых іншых суседзяў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Кніга змяшчае шмат ілюстрацый і цытат з публікацый як рускіх. так і беларускіх гісторыкаў розных часоў, палітычных поглядаў і кірункаў. Вельмі добрая, лаканічная і даступная мова кнігі, шмат кароткіх біяграфій розных асоб.

Шкада толькі, што А. Тарас нічога не піша пра беларускага гісторыка Лаўрэна Абэцэдарскага і яго паслядоўнікаў, якія замацавалі ў школьных і універсітэцкіх падручніках і нават у акадэмічных выданнях савецкай пасляваеннай Беларусі шмат тых міфаў, якія ён грунтоўна абвяргае. Толькі адзінкі тады змагаліся з імі. Гэта Мікола Улашчык, Анатоль Грыцкевіч, Мікола Ермаловіч і Міхась Ткачоў (калі не лічыць публікацый беларускай эміграцыі).

Вельмі падрабязна апісана лівонская вайна. Адзінае, што можна дадаць, гэта тое, што частка Лівоніі, якая стала калоніяй ВКЛ, засталася ёю і пасля стварэння Рэчы Паспалітай, была агульнай уласнасцю Кароны і ВКЛ да 1795 г. (т. зв. кандамініюм). Пры апісанні Люблінскай вуніі варта было б расказаць пра захоп Польшчай Падлесся і пра шляхецкі рэферэндум на Украіне. У выніку яго Мазырскі павет выйшаў са складу Кіеўскага ваяводства і назаўжды застаўся ў складзе ВКЛ.

Вельмі дакладна сфармуляваў спадар Тарас вынікі Лівонскай вайны для насельніцтва Прыбалтыкі. "Поўнае разграбленне Лівоніі маскавітамі і жахлівыя здзекі з насельніцтва выклікалі ўсеагульную нянавісць жыхароў Прыбалтыкі да маскавітаў. Праз 130 год гэтыя пачуцці абнавілі войскі Пятра І, якія ўварваліся ў Эстляндыю, Ліфляндыю і Курляндыю. Усе 20 год Паўночнай вайны рускія салдаты зноў рабавалі і палілі, гвалтавалі і забівалі жыхароў гэтых краін. Прайшло яшчэ 180 год і ў 1940 годзе сюды рушылі матарызаваныя орды "чырвоных рускіх", следам за якімі прыйшлі камісары НКУС. Зноў пачаліся рабаванні (зараз ужо пад лозунгам ліквідацыі гарадской і вясковай буржуазіі), зноў пачаліся пакаранні смерцю і высяленні. Між іншым, сучасныя расейцы, не жадаючы нічога ведаць аб злачынствах, неаднаразова зробленых іх продкамі, вельмі крыўдзяцца на "коварных и неблагодарных" прыбалтаў: "За что они так не любят русских?" І да гэтых слоў Анатоля Тараса нельга нічога дадаць.

Значную частку кнігі займаюць падзеі ХVІІ ст. у Расіі, т. зв. "Смутное время". Аўтар вельмі падрабязна расставіў розныя палітычныя акцэнты і зрабіў вельмі дакладныя высновы з падзей тых далёкіх часоў. Цытую: "Але маскавіты што ў ХVІІ ст, што ў ХХ, былі і застаюцца перакананымі, што адказнасць за любыя дзеянні прыватных асоб з іншых краін нясуць улады гэтых краін. Па сённяшні дзень яны адстойваюць сваю ўлюбёную тэорыю змовы (хазараў, габрэяў, татараў, масонаў, палякаў, каталіцкага касцёла, езуітаў, шведаў, немцаў, амерыканцаў, ісламскіх фундаменталістаў - патрэбнае падкрэсліць) супраць безабароннай Русі. Ва ўсім і заўсёды вінаватыя толькі замежныя ворагі і ўнутраныя "агенты ўплыву". Пры гэтым яны катэгарычна не жадаюць хоць зрэдку глядзець на сябе ў люстэрка".

Вельмі добра аўтар кнігі паказаў, як ужо ў пачатку ХVІІ ст. разышліся ў розныя бакі беларуская і руская ментальнасці. З аднаго, заходняга боку гэта ментальнасць вольнага еўрапейскага чалавека, прадстаўніка краіны, дзе нават сяляне мелі асабістую свабоду. З другога - усходняга - гэта рабская ментальнасць азіята, нашчадка Залатой Арды, краіны, дзе чалавечае жыццё ніколі нічога не каштавала.

Прывядзем яшчэ адну цытату, у якой Анатоль Тарас тлумачыць, чаму каралевіч Уладзіслаў так і не стаў сапраўдным царом Масковіі: "Несумяшчальнасць еўрапейскай і азіяцкай ментальнасцяў не давала спадзяванняў на яго (план заняцця царскага пасаду Уладзіславам - А.Т. ) практычную рэалізацыю. Калі на троне не ўтрымаўся ІлжэДзмітры І, маскавіт па паходжанні, які добра ведаў норавы сваіх суайчыннікаў, то ў каралевіча, атрымаўшага еўрапейскае выхаванне, шанцаў было яшчэ меней. Русі быў патрэбны такі цар, як Пётр Вялікі, які змог бы змагацца з варварствам варварскімі метадамі".

У гэтыя часы ментальнасць беларусаў і палякаў, асабліва шляхты, была даволі блізкай, але рускія добра іх адрознівалі. Так, у грамаце Мініна і Пажарскага, якую яны ў 1611 г. разаслалі па ўсіх рускіх гарадах, гаворка ідзе пра польскіх і "літоўскіх" людзей (а не толькі палякаў) і нават пра "літоўскага", а не польскага караля.

Дарэчы, адным з кіраўнікоў войска акупантаў, які найдаўжэй за іншых сядзеў у Крамлі, быў беларус, мазырскі харунжы Восіп Будзіла са сваім палком. Менавіта ён, "палкоўнік Мазырскі" першым падпісаў 21 верасня 1612 г. адмову ад капітуляцыі на ўмовах князя Пажарскага. Дарэчы, ён напісаў успаміны аб аблозе Крамля і Масквы паўстанцамі ў 1611 - 1612 гг. Было б вельмі добра перакласці іх на беларускую мову і надрукаваць.

Дакладна раскрываецца ў кнізе А. Тараса і вельмі пашыраны міф пра Івана Сусаніна. Гэты міф быў прыдуманы ў пачатку ХІХ ст. і ўдасканалены кампазітарам Фёдарам Глінкам у 1836 г. Ён прыдумаў, што Сусанін завёў у лес вялікі польскі аддзел, дзе яны заблукалі і загінулі ад холаду і голаду. Самога ж Сусаніна палякі засеклі шаблямі. Паколькі Сусанін у Глінкі ратаваў цара, то яго опера атрымала назву "Жыццё за цара". У 1939 г. тэкст оперы перарабілі, і Сусанін ратаваў ужо не цара, Міхаіла Раманава, а жыхароў Кастрамы. У 1990 г. оперу зноў падправілі, і Сусанін зноў ратуе цара. Знайшлі нават месца падзеі, якой не было - гэта Юсупаўскае балота, дзе паставілі помнік мужнаму рускаму селяніну.

Але гісторык Кастамараў лічыў, што Івана Сусаніна Багдашкава схапіла шайка звычайных бандытаў, т. зв. "воровских казаков", і замучылі яго зза грошай. У 1619 г. селянін Багдан Сабенін звярнуўся да цара Міхаіла з заявай, што яго цесця Івана Сусаніна Багдашкава дапытвалі літоўскія людзі (беларусы - А.Т. ) на прадмет месцазнаходжання цара. Ніхто гэтыя факты не правяраў, але казка спадабалася цару і яго маці. Яны далі зяцю Івана грошы і грамату, дзе цесця аб'явілі героем.

У ХІХ ст. прозвішча Багдашкаў пераблыталі з імем па бацьку - Сусанін. Потым з'явіліся злосныя палякі, глухі лес і балота. У якасці сучаснага прыкладу згадаем міф пра Аляксандра Матросава.

Апошнія раздзелы кнігі прысвечаны вайне 1645 - 1667 гг., вайне, у якой загінуў ад рукі "братняга народа" кожны другі жыхар Беларусі і ВКЛ. Карыстаючыся працай Генадзя Сагановіча "Невядомая вайна" і іншымі пісьмовымі крыніцамі, аўтар вельмі падрабязна перадаў ход вайны, лёс насельніцтва Беларусі, страту ілюзій з боку праваслаўных на абарону іх ад магнатаў і шляхты рускім праваслаўным царом. Падрабязна апісваецца гераічная абарона Мсціслава, Быхава, Слуцка і іншых гарадоў, паўстанне ў Магілёве і шырокі партызанскі рух супраць акупантаў на апошняй стадыі вайны. Пасля гэтай вайны мы страцілі кожнага другога беларуса, а ў некаторых мясцовасцях на ўсходзе да 70% насельніцтва.

Можна параіць аўтару зрабіць беларускамоўны варыянт кнігі і дадаць раздзел пра войны ХVІІІ ст., асабліва пра лёс Беларусі пад час Паўночнай вайны.

Кніга спадара Тараса з'яўляецца вельмі сур'ёзным гістарычным даследаваннем, і я раю чытачам грунтоўна з ёй азнаёміцца.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.


СВЯТЛО ЯГО ДУШЫ

Ад рэдакцыі: У наступным годзе спаўняецца семдзесят гадоў з часу смерці многіх слынных дзеячоў Беларусі, перш за ўсё пісьменнікаў, расстраляных і замучаных сталінскім таталітарным рэжымам менавіта ў чорным і страшным 1937 годзе. Пісьменніца Вольга Іпатава падрыхтавала серыю арты-кулаў пра тых, хто беззапаветна любіў Беларусь і служыў ёй усім сэрцам, хто будаваў незалежную дэмакратычную краіну і каго зрабілі "ворагам народу". Пісьменніца наведала родныя мясціны Сымона Рак-Міхайлоўскага, Вацлава Ластоўскага, Ігната Дварчаніна і іншых волатаў беларушчыны. Сёння мы друкуем першы з ейных артыкулаў, якія носяць агульную назву "Святло яго душы" пра Ігната Дварчаніна.

Ліпеньскі мітынг 1931 году ў весцы Алекшыцы Бераставіцкага павету скончыўся гвалтоўным яго разгонам паліцыяй, якая наляцела з Гародні, а так-сама арыштам выступоўцаў - дэпутатаў польскага Сойму. Адным з іх быў бе-ларускі паэт, публіцыст і доктар філасофіі Ігнат Дварчанін, што быў абраны ад Наваградскай выбарчай акругі як абаронца беларусаў супраць нацыянальнага і палітычнага ўціску, што разгортваўся супраць на-сельніцтва Заходняй Беларусі. Пасля хуткага суду ён апынуўся ў Равічскай турме.

Хутка, 30 жніўня 1931 году, "дзеля выратавання краіны", быў распушчаны і сам сойм, што азначала згортванне тых дэмакратычных свабод, што былі дэкляраваныя для беларусаў пры падпісанні Рыжскай дамовы.

Цяпер тысячы іх апынуліся ў турмах. Зрэшты, і да гэтага часу паслам - удзельнікам беларускага пасольскага клуба "Зма-ганне" жылося несалодка - іх збівалі, перашкаджалі працаваць. Але турэмнае зняволенне паслоў сталася той дзеяй, якая выклікала шырокі грамадскі рэзана-нас. У траўні 1932 году з рэзалюцыяй пратэсту і ма-ральнай падтрымкі змагароў выступілі Янка Купала, Кузьма Чорны, Якуб Колас, Валянцін Таўлай і іншыя вядомыя дзеячы. Сярод правадыроў дэмакратычнага руху ў Заходняй Беларусі, пра каго шмат пісала прэса БССР, ёсць і імя Ігната Дварчаніна.

Тады яму было трыц-цаць сем гадоў. Зусім малады чалавек. Але за пля-чыма яго было цяжкае і складанае жыццё: акопы і жахі першай сусветнай вайны і выратаванне свайго параненага камандзіра, якога ён выцягнуў з-пад куляў, вучоба ў Арыенбаўмскай школе прапаршчыкаў, удзел у Першым з'ездзе беларусаў-воінаў Заходняга фронту, дзе ён быў абраны членам Выканаўчага камітэту, удзел у працы арганізацыйнага з'езда Беларускай сацыялістычнай грама-ды (БСГ), а таксама Усебеларускага Кангрэсу у снежні 1917 году, які быў разагнаны бальшавікамі. А яшчэ - праца ў Маскве і арганізацыя таварыства беларускіх вучоных, вучоба ў Празе і абарона ў гэтай еўрапейскай сталіцы доктарскай дысертацыі па тэме "Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе."

... Калі па Равіцкай турме разнесліся чуткі аб тым, што, паводле дамовы між СССР і Польшай будзе праведзены абмен паліт-вязнямі, Ігнат Дварчанін палічыў, што, калі ён па-трапіць у лік "абменнікаў", гэта будзе пачаткам яго новага, вольнага жыцця ў Савецкім Саюзе, у ідэалы якога ён верыў усёй душой. І калі ў ліку сарака паліт-вязняў (а сярод іх былі Бра-ніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, П. Валошын і іншыя), пера-ходзіў дзяржаўную мяжу, ён не хацеў аглядацца назад: ззаду заставіліся турмы і пераследы, наперадзе -воля і здзяйсненні! Ён адчуваў у сабе велізарныя сілы і ду-шэўны пад'ем, адчуваў веру і надзею ў свой лёс...

Але наперадзе ў яго былі толькі чатыры гады...

Зрэшты, амаль ніко-га з тых, хто пераходзіў тады тую дзяржаўную мяжу і спадзяваўся на светлую будучыню ў першай сацы-ялістычнай краіне свету, не мінулі жорсткія, нечалаве-чыя здзекі сталінскай таталітарнай сістэмы. Уцалелы ад смерці Павел Сцяпанавіч Крынчык, якому ўдалося параўнаўча мірна дажыць свае гады ў Слоніме, расказваў мне, што пастаянна адчувае сябе чалавекам другога гатунку - і гэта ўжо ў 70-я гады! Я прасіла яго напісаць успаміны пра ўсё перажытае, але ён таго не зрабіў - ці то не захацеў узгадваць сваё страшнае мінулае, як не хацелі таго ўзгадваць і іншыя вязні ста-лінскіх концлагераў, ці то пабаяўся магчымых рэпрэ-сій. Але якраз з ягоных ску-пых аповедаў узнікалі амаль забытыя да таго часу воблікі змагароў за свабоду беларускага народу, за дэ-макратыю і правы чалавека (хаця тады гэта называлася трохі іначай). І хаця амаль усе яны, былыя камсамоль-цы і камуністы трыццатых гадоў, былі рэабілітаваныя савецкай уладай, гаварыць пра іх было не тое што заба-ронена, але - не віталася, нібы яны ўсё яшчэ заста-валіся НЕ ТЫМІ камсамо-льцамі ці камуністамі, якіх гэтая ўлада ўздымала і якім пастаянна давала ўсё новыя і новыя прывілеі як сябрам адзінай у краіне палітычнай партыі. Так, яны былі са-праўды НЕ ТЫМІ: гэтыя людзі, нягледзячы на тое, што паверылі ў ідэалы ка-муністычнай партыі, былі выхаваныя на ідэалах дэма-кратыі - а не так званага "дэмакратычнага цэнтра-лізму", на павазе да правоў асобы, а не на "рэвалюцыйнай мэтазгоднасці", на агульначалавечай, а не вузка партыйнай маралі. І таму яны аб'ектыўна былі праціўнікамі гэтай партыі, што яна беспамылкова адчувала і ўжо па адной гэтай прычыне не дароўвала ім таго, што яны змаглі выжыць у страшных жорнах сталінскай машыны, што яны ўвогуле вярнуліся адтуль, хаця і змучанымі, знявечанымі. Але часта не зломленымі да канца.

Большасць жа - не вярнулася.

Не вярнуўся і Ігнат Дварчанін.

І году не прайшло пасля яго пераезду з Заход-няй Беларусі ў Менск, дзе ён адразу ж узяўся апантана працаваць над складаннем беларускага слоўніка, як 16 жніўня 1933 году ў кватэру, дзе ён жыў (Падгорны завулак, дом № 4) уварваліся чэкісты і прад'явілі яму абвінавачванне ў стварэнні так званага "Беларускага нацыянальнага цэнтру", які нібыта меў на мэце звяржэнне савецкай ўлады. Ра-зам з Ігнатам Дварчаніным па гэтай справе ішло яшчэ 95 чалавек. Семнаццаць з іх суд прысудзіў да расстрэлу, але затым - да 10 гадоў турэмнага зняволення, якія яны мусілі адбываць у Салаўках. Разам з Ігнатам быў асуджаны яго брат Іларыён, які таксама вучыўся ў Пра-зе, а ў Менску працаваў намеснікам дырэктара ў Беларускім дзяржаўным паляўнічым заказніку.

Але карнікі баяліся, што і ГУЛАГ не прымусіць замаўчаць чалавека, чый талент публіцыста і грамадскага дзеяча жывіўся лю-боўю да роднай Беларусі. Ім трэба было прымусіць яго замоўкнуць канчаткова.

Ігната Дварчаніна прывезлі назад ў Менск і там зноў катавалі.

Расстралялі яго 8 снежня 1937 году па пастанове судовай тройкі НКУС па Ленінградскай (!) вобласці ад 27 лістапада 1937 года, праз 11 дзён пасля прысуду. Месца яго пахавання невядомае. Хутчэй за ўсё, яго скінулі разам з іншымі ахвярамі ў агульную брацкую магілу і закапалі, як закопваюць жывёлу - без ніводнага слова шкадавання, без апявання і ўспомнення - хто яны, гэтыя людзі, былі і што зрабілі для народу...

І ўсё ж імя Ігната Дварчаніна не захіліла чорнае, бяздоннае Небыццё. Яго ўзняў выдатны чалавек Дзятлаўшчыны, стваральнік музея народнай славы Міхаіл Петрыкевіч. Гэта ён стукаўся ў дзверы зачыне-ных тады для грамадскасці архіваў, гэта ён дабіўся, каб на радзіме Ігната Дварчаніна - вёсцы Погіры-спачатку паставілі мемарыяльную дошку на месцы яго колішняй хаты, а пасля каб адкрылі помнік выдатнаму сыну зямлі беларускай, а таксама і найменавалі ву-ліцу ў яго гонар. У час адкрыцця помніка ў Дзятлаве выступілі пісьменнікі Янка Брыль і Уладзімір Ка-леснік, былы паплечнік І. Дварчаніна . кампазітар А. Шыдлоўскі, былы вучань Віленскай беларускай гімназіі Міхаіл Макулік і многія іншыя. Дырэктар школы Міхаіл Марук нават пры-свяціў свайму земляку вершаваныя радкі. І няхай яны не надта прафесійныя, усё ж ўшанаванне памяці І. Двар-чаніна вельмі важнае для нас, нашчадкаў, таму хочацца прывесці тут некалькі радкоў з гэтага верша:

А сёння знакамітая нагода

Успомніць Вас,

Ігнаці Дварчанін,

Змагар за шчасце

нашага народа,

Пачэсны

сярод нас грамадзянін...


...У цэнтры Дзятлава, недалёка ад музею, стаіць гэты помнік работы скульптара Уладзіміра Летуна. Мы прыйшлі да яго з дырэктарам музею Хведарам Красюком, які пераняў даследчыцкую і грамадзянскую працу Міхала Міхайлавіча Петрыкевіча. Ён жа і падарыў мне кнігу "І. С. Дварчанін", напісаную А. Я. Місарэвічам і М. Д. Каралёвым і выдадзеную яшчэ ў 1995 годзе на сродкі раёну. Хаця нельга пагадзіцца з асвятленнем некаторых фактаў біяграфіі І. Дварчаніна, (асабліва аб ролі нацыя-нальнага фактару ў дзейнасці тагачасных грамадскіх арганізацый), у цэлым гэта ўсё ж першая ў Беларусі асобная кніга пра чалавека, пра якога ў біябіблія-графічным слоўніку "Беларускія пісьменнікі ( т.2, стар. 335), сказана наступнае: "Пасля разгрому Грамады і арышту яе кіраўнікоў (Б. Тарашкевіча. С. Рак-Мі-хайлоўскага і інш.) І. Двар-чанін становіцца адной з цэнтральных фігур нацыянальна - вызваленчага руху Заходняй Беларусі".

У гэтай кнізе сабраная частка літаратурнай спадчыны Ігната Дварчаніна, асабліва цікавыя яго вершы і пераклад ( пад псеўданімам І. Гудок) паэ-мы Аляксандра Блока "Дванаццаць", а таксама ягоная публіцыстыка. Чытаць яе сёння надзвычай цікава: больш яскрава бачыцца цяпер разбуральніцкая праца тых, хто хацеў ( і каму ўдалося гэта ў вялікай ступені) падзяліць беларускіх патрыётаў на прыхільнікаў камунізму і паслядоўнікаў ідэалаў беларускай Народнай Рэспублікі. Час прымірыў усіх - і тыя, і тыя бязлітасна знішчаліся сталінскай таталітарнай сістэмай, усе яны у рэшце рэшт былі сабраныя ў турмы і канцэнтрацыйныя лагеры, і калі другія добра ведалі, хто іх ворагі, і змагаліся з імі заўсёды, то першыя, такія, як Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін толькі ў вязніцах спасцігалі, што дарога да свабоды беларусаў адна - праз ідэалы незалежнай, свабоднай, дэмакратычнай краіны, дзе няма - і ніколі ўжо не будзе - удушэння Свабоды, за якую яны, хаця і варагуючы адны з другімі, змагаліся ўсё ж - разам.

Аднак выклікае вялікую трывогу тое, што ў краіне, якая яшчэ не ачуня-ла ад праяваў таталітарыз-му, дзе выдатныя беларусы толькі пачынаюць займаць у народнай памяці належнае ім месца, зноў аднаўляецца імя і справы Сталіна. "Лінія Сталіна" паўстала нібы ў насмешку над ягонымі ахвярамі, і таму, гледзячы на помнік, міжволі думалася пра тое, што, як расказваюць жыхары Дзятлава, хутка якраз па гэтай плошчы, дзе стаіць помнік І. Дварчаніну, пройдзе рэканструкцыя, і помнік будуць ставіць кудысьці на новае месца. А вось куды? І ці будуць уво-гуле яго ставіць дзе б там ні было, ці ціха знясуць у невя-домым кірунку?

Не хочацца нават прагназаваць такое. Аднак грамадскасць Дзятлава мусіць ведаць, дзе і як будзе ўсталяваны помнік слаўнаму сыну гэтай зямлі, і павінна прыняць удзел у абмеркаванні яго далейшага лёсу. Ёсць нейкія рысы ўшанавання памяці І. Дварчаніна, якія дадаюць гэтай насцярожанасці. Напрыклад, у Погірах вуліца Ігната Дварчаніна абазначаная на рускай мове - а ён жа быў перш за ўсе беларускім на-цыянальным дзеячом!. Мемарыяльная дошка на мес-цы, дзе стаяла ягоная хата, амаль не бачная з вуліцы, і да яе трэба прабірацца праз асабісты гародчык сямейства Саўчанкаў, дзе гаспадыня, праўда, пакуль што ветліва пускае ў свае кветкі. Аднак вельмі цяжка, нават стоячы насупраць, прачытаць надпіс, які зроблены на дошцы: "На гэтым месцы стаяла хата, у якой нарадзіўся асветнік, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў былой Заходняй Беларусі Ігнат Сымонавіч Дварчанін (1885 -1937)."

Вяскоўцы выказвалі думку, што было б лепей устанавіць камень, і пажадана, каб камень з гэтай мемарыяльнай дошкай стаяў менавіта на вуліцы, дзе лацвей было б ладзіць кожны год у дзень нараджэння І. Дварчаніна хаця якую-кольвек імпрэзу. 27 траўня (дата нараджэння) вельмі прыдатны для такіх імпрэзаў тэрмін - заканчваецца школьны год, школьнікі на-строеныя радасна і светла. І хаця школы ў Погірах ужо няма, аднак у суседняй Жукоўшчынскай школе, якая, дарэчы, носіць імя І. Дварчаніна, ёсць невялікі музей, звязаны з яго імем і дзейнасцю. У Дзятлаўскім музеі яму прысвечаны асобны стэнд. Але школьнікі на вуліцах Дзятлава, дзе я правяла невялікае апытанне, з цяжкасцю ўзгадвалі, хто гэта такі. Значыць, не так часта яго ўзгадваюць на уроках памяці на пачатку навучальнага году, як гэта прынята ў школах.

Такія імёны, як імя Ігната Дварчаніна, павінны памятаць і шанаваць нашчадкі. Бо святло яго душы выпраменьваецца і сёння. Яно - абярог для нас, сённяшніх, якім зноў пагражае небяспека ператварыцца ў манкуртаў...

Вольга Іпатава.

На здымках: Вольга Іпатава са школьнікамі каля мемарыяльнай дошкі на месцы хаты ў в. Погіры Дзятлаўскага раёна, дзе нарадзіўся І. Дварчанін. Помнік Ігнату Дварчаніну ў Дзятлаве.


НАВАТ ВЕЦЕР ГНЁЗДЫ ЎЕ

Пры садзеянні Беларускага ПЭН-цэнтра выйшла кніга Рыгора Барадуліна "Руны Перуновы". Укладальнікі: А.Камоцкі, Ул.Сіўчыкаў; прадмова Ул. Някляева; мастак А.Кашкурэвіч.


Суразмоўца Паэта зусім не чытач. Суразмоўцы Паэта - Ён і Яна. Бог і Вечнасць. Больш размаўляць Паэту няма з кім і няма пра што.

Але што да Паэта Богу і Вечнасці? Калі наперад ведаюць яны ўсё тое, што ён скажа, бо самі ж і нашэптваюць, і падказваюць яму магічныя словы, падаюць таямнічыя знакі...

Ім цікава: "Ці ўгадае?" - іх займае Гульня.

Паэт - дзіця, Бог і Вечнасць - таксама дзеці.

Тым часам нехта з дарослых будзе сур'ёзна даводзіць мне, што Рыгор Барадулін - у адрозненне ад Янкі Купалы - версіфі-катар. Што ж, няхай сабе, але з адным істотным удак-ладненнем: у адрозненне ад геніяльнага паэта Янкі Купалы геніяльны паэт Рыгор Барадулін яшчэ і геніяльны версіфікатар.

Як-ніяк стагоддзе прамінула.

Адлегласць у сто гадоў наша паэзія прабегла, нібы алімпійка. Нягледзячы на ўсе бар'еры на дыстанцыі. На ямы з крывёй, на лесапавалы. Гэта фенаменальная з'ява ў сусветнай культуры, з чаго і вынік феномен Рыгора Барадуліна. І не самоціцца б нам, жалячыся, што ўсё нашае прахне, а шчаслівіцца тым, што красуе.

Зашмат у белым свеце суму беларускага. Дальбог, замнога.

І старац зношаны і маладзён,

Ніхто і не падумае,

што зрэшты

Ён - саркафаг

сваіх пражытых дзён.


"Першыя - навечна першыя і палепшыць іх немагчыма", - напісаў у прадмове да барадулінскага "Збору твораў" Васіль Сёмуха, маючы на ўвазе Купалу, Коласа, Багдановіча. Яно так. Як і тое, што ўжо цяпер відавочна: Барадулін разам з імі, роўны сярод роўных.

Роўных яму няма ся-род сучаснікаў. Ён адзіны, хто здолеў, як і тыя першыя, якіх немагчыма палепшыць, увабраць у сябе ці не ўсю беларускую спрадвечнасць. У якой нават вецер гнёзды ўе.

Хрышчоны ва ўніяцтве, ён называе сябе кры-вічом і кшчоным паганцам. Друвінам. Называе нездарма, бо ўвабраў у сябе ці не ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы з ім усю мову кры-віцкую. Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове і выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным - альбо дасюль не створаным - беларускім свеце.

Музыка не патрабуе перакладу, паэзія не перакладаецца. Геніяльны паэт роўны самому сабе толькі на сваёй мове. Рыгор Барадулін якраз гэткі паэт, роў-ны самому сабе адно па-беларуску. Зрэшты, як і народ роўны самому сабе толькі на сваёй зямлі з усім сваім.

Яно не азначае, што не трэба мкнуцца ў свет… Яшчэ як трэба - мы і так ужо ўсіх пераседзелі ў лясах ды балотах. Пакуль выжывалі - жыццё йшло...

Уладзімір Някляеў,

паэт, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра.


Да спадара Алеся, у Гудзевічы…

Да Алеся Мікалаевіча Белакоза мы завіталі знянацку. Была нагода, то чаму яе не выкарыстаць? А менавіта, уручыць гэтаму шырока знанаму чалавеку невялікую колькасць асобнікаў зборніка, прысвечанага яго жыццю і дзейнасці.

У музеі, вядома, былога дырэктара не было. Затое яго жонка, Вера Ігнатаўна, разам з іншымі работнікамі займаліся справай. Ды якраз той, якая дадала Гудзевіцкаму культурнаму асяродку таксама павагі і прызнання. Спадарыня Вера ткала знакамітыя тутэйшыя гальштукі, а іншыя - закладкі для кніг. Гэтыя нешырокія палоскі пераліваліся рознымі колерамі, вабілі вока. Сапраўды, выдатны напамінак аб наведанні музея для кожнага наведвальніка. Ды толькі хіба хопіць на ўсіх!..

Спадар Алесь і на гэты раз не змяніў сваім прынцыпам. На пінжаку свяціўся значок з колерамі нацыянальнага сцягу краіны. Сам быў рухавы. З вуснаў не сыходзіла лагодная ўсмешка. Аднак мы ведалі, як не проста даецца яму кожны крок. Старая хвароба нагі нагадвала пра сябе кожнае імгненне нясцерпным болем.

У адной з залаў музея і адбылося ўручэнне зборніка. Так не хацелася, каб імпрэза нагадвала афіцыйнае мерапрыемства з яго сур'ёзным падыходам і зашпіленасцю на ўсе гузікі. Але слова за слова, жарт за жартам - і рассеялася напружанне (якніяк, яно спадарожнічае любой справе такога кшталту). Спадар Алесь сам падтрымаў гутарку, быў у добрым гуморы, і ягоныя былыя падначаленыя стараліся стварыць абстаноўку, якая найбольш адпавядала б такому моманту.

Склалася ўражанне, што спадар Алесь не на ніякай пенсіі, а паранейшаму працуе ў сваім музеі. Урэшце, сюды ён завітвае часцяком па просьбе экскурсантаў, якія просяць, каб менавіта ён правёў іх па залах і расказаў пра экспанаты. Не таму, што іншыя супрацоўнікі музея горш ведаюць гісторыю роднага краю. Так склалася за доўгія гады, што людзі едуць у Гудзевічы "да спадара Алеся", які заснаваў музей без малога 40 гадоў назад і праз яго рукі прайшлі ці не ўсе экспанаты. А гэта звыш 13 тысяч адзінак. Якія тут могуць быць крыўды!

Мы вярталіся ў Гародню пад моцным уражаннем, пакінутым нядаўняй сустрэчай з волатам беларускай нацыянальнай культуры. І кожнаму падумалася: няхай лёс накануе Алесю Мікалаевічу сілы і моцы на доўгі час, бо ў перспектыве яго 80годдзе (нар.11 верасня 1928 г.) і 40годдзе адкрыцця ім для наведвальнікаў на тады яшчэ школьнага музея (1968 г.).

А што, Алесь Мікалаевіч, дамо рады дачакацца гэтых дат! Вы ж не такія выпрабаванні прайшлі, каб цяпер проста жыць пенсіянерам …

Антон Лабовіч, Гародня.

На здымках: спадар Алесь (10 жніўня 2006 года); Вера Ігнатаўна і Алесь Мікалаевіч каля партрэта сваёй добра знаёмай Зоські Верас. Фота аўтара.


Пра зборнікі, якія ёсць, і запланаваныя

Наш актыўны аўтар з Горадні Антон Лабовіч апошнім часам выдрукаваў зборнікі "Ратуша", "Педагог Владимир Баран", "Партрэты знаных і нязнаных", "Мудры настаўнік Алесь Белакоз"…

- Спадар Антон, пра што гэтыя выданні?

- Найперш адзначу, што я аддаю перавагу дакументалістыцы. Гэта значыць, што ўзгаданыя работы пабудаваны на фактычным матэрыяле. Тут нічога не прыдумана, асновай з'яўляюцца дакументы, даследаванні, успаміны, фотаздымкі, архіўныя дадзеныя.

Брашура "Ратуша" прысвечана аналізу дзейнасці аднайменнага Гара-дзенскага абласнога гра-мадскага аб'яднання, ство-ранага ў 1996 годзе. Аб'яднанне працавала да восені 2003 года.

Зборнік "Педагог Владимир Баран" расказвае пра жыццё аднаго з лепшых педагогаў Гарадзеншчыны, кавалера ордэнаў Леніна і "Знак пашаны", былога дырэктара СШ № 1 Гродна. Годны быў чалавек і вельмі моцны педагог, які ў маладыя гады вучыўся ў Варшаўскім універсітэце і адначасна працаваў разам з шырока вядомым выхавацелем Янушам Корчакам. Уладзімір Баран памёр ў 1991 годзе.

Выданне "Партрэты знаных і нязнаных" утрымлі-вае 28 партрэтных нарысаў і замалёвак пра асобаў, лёс якіх так ці інакш быў звя-заныя з Гарадзеншчынай. Напрыклад, упершыню падрабязна апавядаецца пра гарадзенскага паэта Лейбу Найдуса, які тварыў на мове ідыш і стаў прызнаным пісьменнікам яўрэйскай літаратуры. Памёр у 1918 годзе ў маладым веку, быў пахаваны ў Гародні. Ёсць допісы, прысвечаныя мужу знакамітай Ларысы Геніюш - Янку, і яе сыну - Юрку.

Іншыя матэрыялы пра акадэміка Юрыя Аст-роўскага, пісьмен-нікаў Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Аляксея Пяткевіча, Зоф'ю Налкоўскую, Элізу Ажэшку, Лідзію Ялоўчык, Міхася Ва-сілька, мастака Алеся Ліпеня, мясцовага кампазітара Яўгена Петрашэвіча. Дарэчы, у адной з публікацый даследуецца пазаштатная журналісцкая работа паэта Максіма Багдановіча ў яраслаўскай газеце "Голос"…

Зборнік "Муд-ры настаўнік Алесь Белакоз" ужо сваёй назвай нагадвае, пра каго там ідзе гаворка. Так, пра стваральніка аднаго з лепшых музеяў Беларусі Алеся Мікалаевіча Белакоза, які жыве ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна. Гэта, я вам скажу, асоба…

- Названыя работы, трэба думаць, не першыя ў вашай творчай біяграфіі?

- У свой час была напісана дакументальная аповесць "Раскажу аб тым, што ведаю". Яна прысвячалася супрацоўнікам міліцыі, іх жыццю і рабоце ў першае пасляваеннае дзеся-цігоддзе. Аповесць адзначана Дыпломам Міністэрства унутраных спраў Беларусі.

У выніку пошукаў і аналізу выдавецкай ініцыятывы з боку грамадскіх аб'яднанняў вобласці стала асобная друкаваная работа "Самвыдат" Гродзеншчыны". У перыяд з 1996 па 1990 у рэгіёны выдавалася шмат інфармацыйных бюлетэняў самага рознага кірунку.

Затым з'явілася да-кументальная праца "Ваў-кавыскі варыянт". Гэта аповед аб падзеях, якія адбываліся ў Ваўкавыскім раёне з верасня 1939 па чэрвень 1941 года.

Брашура "І думкі мкнуцца мімаволі..." - расказ пра сям'ю Багдановічаў - бацьку Адама, маці Марыю і, вядома, сына Мак-сіма, іх узаемаадносіны.

- А што цяпер на рабочым стале?

- Галоўная праца - біяграфічны нарыс пра пісь-менніка Аляксея Карпюка. Матэрыял збіраўся не адзін год. Ды і чалавек гэты быў неардынарным, надзвычай цікавай біяграфіі.

Паралельна рыхтую зборнік пра аднаго з гара-дзенскіх палітыкаў апош-няга часу. Таксама назапашваю матэрыял для практычнага дапаможніка для актывістаў грамадскага жыцця, якія хочуць больш глыбока зведаць журналістыку, ці лепш сказаць, рэпарцёрства, навучыцца рабіць школьныя газеткі, інфармацыйныя бюлетэні.

Гутарыў Уладзімір Кавалёў, Гародня.


Скрадзены крыж

Фантасмагорыя

Дзея адбываецца наяву і ў сне, на тым свеце, і на гэтым.

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Святы Пётра.

Еўфрасіння Полацкая.

Лазар Богша.

Валодш а - князь Полацкі.

Давыд (Даніла) - князь Смаленскі.

Васіль III - вялікі князь Маскоўскі.

Iван IV - цар Маскоўскі.

Мікалай I - імператар Расійскі.

Стэфан Батура - вялікі князь Літоўскі і кароль Польскі.

Базыль - архіепіскап Полацкі.

Вацлаў - нацдэм.

Панцеляймон - бальшавік.

Лаўрэнцій - дух апраметнай.

Анёл, падобны на святую Еўфрасінню.

Ферапонт - ігумен манастыра.

Ян - службовец НКУС.

Фрося - жонка службоўца.

Iваноў, Пятроў, Сідараў вайскоўцы НКУС.


I

У лесе пад разлапістай ялінай на лапніку спяць Іваноў, Пятроў і Сідараў. Яны ў армейскіх шынялях, пры зброі. Побач з імі пад жаночым паліто спяць Ян і Фрося.

Золкая раніца. Промні ўзыходзячага сонца прабіваюць галіны дрэў. У птушынае рознагалоссе ўрываюцца далёкія выбухі, чуваць гул пралятаючых самалётаў, роў машын і танкаў, асобныя стрэлы і чэргі з кулямётаў і нават нямецкая гаворка.

Усё гэта чуе Іваноў. Ён прыслухоўваецца, ці моцна спяць іншыя, потым асцярожна падымаецца з зямлі і спрабуе забраць прыгожы плоскі футарал памерам сантыметраў 50 на 30, на якім ляжыць рука Фросі. Жанчына праз сон адчувае небяспеку і падцягвае футарал да сябе.

Іваноў на момант замірае, а потым бярэ вінтоўку і, відаць, думае: ці перастраляць сонных, ці проста ціха знікнуць.

Сцэна паволі зацямняецца. Нехта з сонных бачыць сон: на прыступках каля ўваходу ў храм святога Спаса ў Полацку стаіць у промнях сонца ігумення Еўфрасіння. Да яе ўрачыста набліжаецца майстарювелір Лазар Богша. У руках у яго той самы дарагі футарал, які хацеў украсці Іваноў. Спыніўшыся перад ігуменняй, майстар кланяецца і хоча перадаць ёй футарал. А тая не спяшаецца. Спачатку тройчы хрысціць Богшу, потым адкрывае века футарала, дастае з яго крыж, які зіхаціць золатам, дарагімі камянямі і перламі, асяняе ім майстра, хрысціцца сама на жыватворны крыж і цуд рук чалавечых.


Еўфрасіння. Дзіва дзіўнае!.. Бязмежныя здольнасці твае, майстар Багуслаў...

Лазар Богша. З Божай дапамогаю, матухна. З божай дапамогаю, прападобная Еўфрасіння.

Еўфрасіння. Калі дойлід Іаан збудаваў храм святога Спаса, я падумала, што цуд гэты (звяртае ўвагу на храм) надоўга застанецца непераўзыдзеным на нашай Полацкай зямлі. А сёння мы маем новы цуд. (Цалуе крыж.)

Лазар Богша. Матухна сама сказала, што храм Спаса бу­дзе каўчэгам для крыжа, як крыж павінен быць годным каўчэгам для Дрэва жыватворнага ад крыжа Хрыстовага, каменя ад Труны Гасподняй і Часцінак святых мошчаў Дзмітрыя, Стафана і Панцеляймона.

Еўфрасіння. (ціха і вельмі пранікнёна). Крыж - невымоўны дар Божы. Крыж - пачатак пераўтварэння свету. «Паглядзі на зоркі нябесныя,- раіў Іаан Златавусты,- і кожны раз ты ўбачыш сярод іх знаменне крыжа, якое ўтвараецца спалучэннем зорак». Крыж?- абаронца сусвету. Ад гэтага часу наш крыж - абаронца нашае Айчыны, сімвал нашае вольнае дзяржавы, надзея нашага народа. Бо сказана: «Крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста адменена сама смерць, дараваны першагрэх, пекла пазбаўлена здабычы, даравана ўваскрашэнне, дадзена нам сіла пагарджаць існым і нават самой смерцю, адкрыты шлях да першаснага шчасця, адчынена брама райская».

Згубім святыню - усё згубім: і Айчыну, і Дзяржаву, і Шчасце людское, і само Жыццё на роднай Зямлі.

Лазар Богша. Няхай жа нас абароніць заклён на Крыжы жыватворным...

Еўфрасіння. (чытае з крыжа). «У лета 1161е кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні, і перлы на 100 грыўняў і яшчэ на 40 грыўняў. I хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі 300 і 50 разоў сямі сабораў святых айцоў і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён...»

Лазар Богша (прадаўжае чытаць тэкст па памяці). «Еўфра­сіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі». (Хрысціцца.)

Еўфрасіння. Зрабі мне яшчэ адну ласку, Лазар Багуслаў...

Лазар Богша. Рады паслужыць табе, матухна.

Еўфрасіння. Пакінь людзям памяць пра сябе...

Лазар Богша. А ты думаеш, што яны мяне забудуць?

Еўфрасіння. Па майстэрству свайму ты першы сярод ня­многіх. Напішы на крыжы: «Госпадзі, памажы рабу свайму Лазару, народжанаму Богшу, зрабіўшаму крыж гэты царквы святога Спаса і Еўфрасінні».

Лазар Богша. Можа, не варта, матухна?

Еўфрасіння. Варта, бо ты чалавек вольны. Ды й без таго варты. (Кладзе крыж у футарал, зачыняе яго.)

Лазар Богша схіляе галаву.


А я пайду ў хуткім часе... Дома асноўная работа зроблена. Ёсць манастыры, ёсць храмы, пішуцца кнігі, Кірыла Тураўскі скончыў «Слова пра паход Ігаравы». А да ўсяго гэтага і крыжабярэг са святынямі ерусалімскімі зроблены. Пара і Богу за ўсё аддзячыць. Памаліцца пайду... у святы Ерусалім...


II

Святло паволі згасае. У цемры свеціцца толькі крыж у футарале, які ляжыць на аналоі, накрытым абрусам у чырвонабелыя палосы. Промні адыходзяць ад яго ва ўсе бакі. За аналоем - Анёлахоўнік у абліччы Еўфрасінні. Пад скрыгат, грукат, выбухі і стрэлы, пад плач, енк і каманды на незразумелых мовах з'яўляецца дух апраметнай. Ён у чорнай накідцы і акулярахкружэлках, якія робяць яго падобным на агульнавядомага Лаўрэнція. (Сон ёсць сон, і
пры­сніцца можа любая пачвара.)

Пачынаецца змаганне духа апраметнай і Анёла за крыж. Яно выяўляецца ў форме дынамічнага танцабарацьбы, як гэта бывае хіба што ў балеце. Сіла самога крыжа выяўляецца ў здольнасці адштурхоўваць сілу злую і прыцягваць сілу добрую. Аднак верх бярэ сіла злая. Крыж знікае. Анёл пераможаны. Настае цемра.


III

Сцэна паволі асвятляецца. Перад намі - брама ў рай, пра што сведчыць адпаведная шыльда. Пад шыльдай - Святы Пётра. Пагрэўшыся на сонейку, ляніва звоніць у званочак. Аднекуль зза яго плячэй з'яўляецца святая Еўфрасіння ў абліччы Анёла. Зпад зямлі, з апраметнай (для гэтага можна выкарыстаць люк або аркестравую яму) вылазіць Лаўрэнцій. На ім тая ж чорная накідка, акулярыпенснэ, шапка генерала НКУС, у руцэ нагайка.


Святы Пётра (да Лаўрэнція). Што ў нас на сёння, нячыстая твая сіла?

Лаўрэнцій. Справа аб крыжы Еўфрасінні, святы апостал.

Святы Пётра (незадаволена). Больш за сем стагоддзяў разглядаем адну справу, а канцакраю не відаць.

Анёл. I, можа, нявінныя душы без суда і следства ў апраметнай гарацьпакутуюць?

Лаўрэнцій. Невінаватых не трымаем. А следства прадоўжана да трэцяга тысячагоддзя ў адпаведнасці з законам божым.

Святы Пётра. Злыдзень, не ўпамінай без патрэбы імя Гасподняга. I душы падазраваемых хоць на часіну з пекла выпусці!

Лаўрэнцій (крычыць у падзямелле). Мазурыкі, на прагулку па аднаму выхадзі!

З падзямелля, з самога пекла выходзяць душы грэшнікаў. Яны выглядаюць так, як рэжысёр іх бачыць. Хто плача, хто енчыць, хто пасабачы скавыча.

(Камандуе.) Галдзёж прэкраціць!.. I не вякаць.

Святы Пётра. Зшыхтуй і далажы як належыць!

Лаўрэнцій (камандуе). Па храналогіі праўлення, княжання, царавання і іншага кіравання станавісь!.. Жывоцікі падабраць! Падбародачкі не задзіраць! Насочкі падраўняць!.. Смірррна... Раўненне на святога Пятра!.. Па парадку нумароў разлічыся!

Дакладнасць выканання каманд сведчыць пра добрую вымуштроўку душ грэшнікаў. Як толькі яны заканчваюць разлік, Лаўрэнцій падыходзіць да першага нумара і, як рулю пісталета, упірае свой палец у грудзі той душы і сцёбае па халяве нагайкай, ад чаго чуваць амаль што сапраўдны стрэл. I так пасля кожнага, хто называе сябе, бы на расстрэле.

Валодша. Валодша - князь Полацкі.

Давыд. Давыд - князь Смаленскі.

Васіль IIІ. Васілій III - вялікі князь Маскоўскі.

Іван IV . Іван IV Жахлівы - цар Маскоўскі.

Мікалай I. Мікалай I - імператар Расійскі.

Стэфан Батура. Стэфан Батура - кароль Польскі.

Базыль. Базыль Лужынскі - архіепіскап Полацкі.

Вацлаў. Вацлаў - звычайны нацдэм.

Панцеляймон. - сапраўдны бальшавік.

Святы Пётра. Якія маюць заслугі перад Госпадам?

Лаўрэнцій. Прайшлі ўсе кругі пекла і 19 мытарстваў па поўнай праграме - за ляноту, абжорства, зайздрасць, няпраўду, ліхаімства, гнеў, ярасць, злапамятнасць, забойствы, чарадзейства, блуд, прэлюбы, садомскія грахі, ерась, неміласэрнасць і жорсткасць. Адзінае, што засталося,- гэта памытарыць за парушэнне заклёну і крадзеж крыжа прападобнай Еўфрасінні.

Анёл. Ці ж усе яны кралі той крыж?

Лаўрэнцій. Можа, і не ўсе кралі, але ж усе прызналіся, што кралі.

Святы Пётра. У цябе, жывадзёра, не прызнаешся... Гавары, князь Даніла,- мне вядома, што з цябе ўсё пачалося. I каб мне як на духу! Бо хутчэй вярблюд пралезе ў ігольнае вушка, чым злодзей у рай!

Давыд. Падсупоніў мяне князь Валодша з гэтым крыжам, і ўвесь тут сказ!

Валодша. А што мне яшчэ заставалася рабіць?

Лаўрэнцій. Прахвосты, прайдзісветы, хоць бы перад святым Пётрам паводзілі сябе як належыць!

Анёл. А можа, і не было б святатацтва з крыжам, калі б у Валодшы іншае выйсце было, а Даніла пісьменства разумеў бы?.. Цемната яго загубіла, як мне здаецца.

Лаўрэнцій. Няведанне пісьма не вызваляе ад адказнасці. А безвыходным становішчам нельга апраўдаць парушэння заклёну на крыжы, як статута ўнутранай службы войскаў энкэвэдэ!

Святы Пётра. Крыж вынеслі з храма святога Спаса і гэта найгоршае са злачынстваў.

Анёл. А казалі, што Валодша ратаваў Полацк і Полаччыну. А Даніла нібыта пагадзіўся не нішчыць палачан, калі адкупяцца.

Лаўрэнцій. Дзіўныя разважанні: абодва злодзеі чыстыя праведнікі! Святы Пётра, вазьмі іх да сябе ў рай без суда і следства.

Святы Пётра. Ты, параджэнне пекла, абвінавачвай. Анёл жа абараняць будзе, такая яго доля і задача. А я ў тваіх гнюсных парадах патрэбы не маю!.. Гавары, князь Валодша.

Валодша. Пад год 1186 злажыўся князь Смаленскі Давыд з князем Ноўгарадскім сынам сваім Мсціславам, Лагожскім князем Васількам ды Усяславам Друцкім, каб зямлю Полацкую разбурыць і выпаліць, мужчын перабіць, а жанчын і дзяцей малых на шчыт узяць. I перабілі б. I ўзялі б. I зямлю нашу ў агні і крыві патапілі б. Бо сіла ў разбойнікаў была неймаверная. Сабраў палачан на веча, яны і рашылі і ў пісьмёны занеслі: «Не можам стаць супраць ноўгарадцаў і смалян, і ашчэ пусцім іх у зямлю сваю, мір не сатварым з імі, многа нам зла сатвараць, пусту бо сатвараць зямлю нашу ідушчэ на нас, але пойдзем да іх на сумежжы і сатварым з імі мір». I пайшлі, і ворагаў сваіх сустрэлі з паклонам і аддалі ім дары многія.

Святы Пётра (пасля паўзы). Князь Даніла?!

Давыд. Тады ён мне, непісьменнаму, і падсунуў той крыж з заклёнам.

Лаўрэнцій. А гэта хіба сумленна?!

Святы Пётра. Памаўчы, злыдзень, пра сумленнасць, калі Анёл і той маўчыць. (Да Давыда.) Чаму не паказаў крыж з пісьмёнамі разумніку Смаляцічу - ён бы табе, тупому, прачытаў?! Чаму крыж не вярнуў Полацку, калі пра заклён даведаўся?!

Давыд. Памёр я ў хуткім часе, таму і не вярнуў...

Валодша. Ты і павінен быў памерці.

Давыд. Пасля такіх слоў зладзейскіх кожнаму зразумела, чаго ты дамагаўся, дорачы мне той крыж. I такі дамогся не толькі маёй смерці, але і пагібелі княства Смаленскага.

Святы Пётра. Чаму нашчадкі не вярнулі крыж у каўчэг полацкі?

Давыд. Пра гэта ў нашчадкаў трэба папытацца...

Святы Пётра. Анёл, ці ёсць у цябе хоць штонебудзь у абарону грэшных?

Анё л . Вядома ж, нешта ёсць. Крыж хоць і ўкралі, але ж бераглі. I за тое дзякуй.

Святы Пётра. Гавары...

Анёл. Больш за трыста гадоў жыватворны крыж захоўваўся ва Успенскім Смаленскім саборы. Меў вялікую славу і шанаванне, але нічога, акрамя пакут і смерці, не прыносіў смалянам. Княства Смаленскае чахла. Князі яго хітрылі паміж дзяржаваю Маскоўскай і ЛітоўскаБеларускім гаспадарствам, за што няраз былі бітыя і аднымі і другімі, аж пакуль Смаленскае княства не было далучана князем Вітаўтам да сваёй дзяржавы. Няраз смаляне паўставалі супраць сваіх прыгнятальнікаў, няраз былі біты імі неміласэрна. Праклён вітаў над грэшным горадам, а ўладары яго нібы забылі, што трымаюць у сябе чужы абярэг.

Святы Пётра. Гавары...

Анёл. Больш за трыста гадоў жыватворны крыж захоўваўся ва Успенскім Смаленскім саборы. Меў вялікую славу і шанаванне, але нічога, акрамя пакут і смерці, не прыносіў смалянам. Княства Смаленскае чахла. Князі яго хітрылі паміж дзяржаваю Маскоўскай і БеларускаЛітоўскім гаспадарствам, за што няраз былі бітыя і аднымі і другімі, аж пакуль Смаленскае княства не было далучана князем Вітаўтам да сваёй дзяржавы. Няраз смаляне паўставалі супраць сваіх прыгнятальнікаў, няраз былі біты імі неміласэрна. Праклён вітаў над грэшным горадам, а ўладары яго нібы забылі, што трымаюць у сябе чужы абярэг. Без ахоўнага крыжа патанала ў міжусобных звадах, здрадах і паняверцы і наша зямля Крыўская. З тым яна і сёння жыве... без крыжа.

Святы Пётра (да Лаўрэнція). Прыбяры з вачэй маіх і таго і другога.

Лаўрэнцій. Куды?

Святы Пётра. Не мне цябе вучыць, жывадзёра. Відаць, нам гэтай справы хопіць да другога прышэсця.

Давыд і Валодша брыдуцьспускаюцца ў апраметную.

Васіль IIІ. Лепш ужо судны дзень, чымся такія пакуты ад гэтага подлага смерда. (Глядзіць на Лаўрэнція.)

Іван IV. Мой Малюта Скуратаў - дзіцё нявіннае перад гэтым катам.

Лаўрэнцій . На злодзеях шапка гарыць. I не абыякая, а Манамахава.

Святы Пётра. Ніхто не пнецца ў пекла паперадзе бацькі!.. Гавары, вялікі князь Васіль III, а пасля цябе сын твой скажа... Іван?IV.

Васіль IIІ. Ёсць што гаварыць, ды няма чаго слухаць. Грэшны, як і ўсе іншыя. (Абводзіць рукою прысутных.)

Святы Пётра. За сябе гавары!

Васіль IIІ. Злажыўся я быў з імператарам Вялікай рымскай імперыі нямецкай нацыі Максімілянам. Далучыўся да нас Тэўтонскі ордэн і Данія. Ну, думаў, цяпер ужо раскрамсаем на кавалкі і Літву і Польшчу. Смаленск узяў без вялікіх цяжкасцяў. Мсціслаў, Крычаў і Прапошаск з зямлёй зруйнаваў. Бобрраку і Бярэзіну перайшоў. I, відаць, каб не той заклён на крыжы, то, можа б, і Віслу пера­скочыў бы...

Святы Пётра. Выходзіць, што ты заклён прачытаў.

Васіль IIІ (дзёрзка). Я вялікі князь Маскоўскі, а не нейкая там цемната Смаленская!

Святы Пётра. I крыж у сябе трымаў свядома?

Лаўрэнцій (пасля доўгай паўзы). Прыхапіў ён яго, як Смаленск браў. На золата і дарагія камяні паквапіўся. I таму не ў мітрапалічую казну паклаў, а ў сваю царскую, як трафей звычайны.

Анёл. Хто ведае, куды паклаў бы трафей кароль польскі Жыгімонт, калі б першы Смаленск узяў...

Святы Пётра. I то праўда...

Васіль IIІ. Хай бы лепш ён яго ўзяў з крыжам тым разам. Мо і праклён лёг бы не на мяне, а на яго. (У роспачы.) Паўсвета захапіць хацеў, а згубіў усё. Ад Маскоўскага княства адна ганьба засталася!

Лаўрэнцій. I крыж... чужы.

Васіль IIІ. I крыж... I граніца княства Літоўскага праз Мажайск пралягла...

Святы Пётра. Ці раскайваешся?

Васіль IIІ. А што цяпер раскайвацца? Гісторыю назад не адкруціш. I вялікую бітву пад Воршай у гетмана найвышэйшага Канстанціна Астрожскага не выйграеш і беларусцаў на калені не паставіш.

Святы Пётра. Кажуць, нібыта гетман перад бітвай з табой царкву наведаў і клятву перад Богам такімі словамі сказаў: «Калі міласцівы і ўсемагутны Бог дасць нам перамогу над бязбожным ворагам і перадасць у нашы рукі і яго людзей, такіх жорсткіх, як і шматлікіх, дзве царквы ў Вільні збудую».

Васіль IIІ. Нібы я не маліўся і не абяцаў?! Нібы я з войскам у 80 тысяч супраць яго 30 тысяч не быў упэўнены ў перамозе?! Нібы я не нарыхтаваў тысячы кайданаў для беларусцаў?! Усё пайшло прахам. I кайданы тыя гетман Астрожскі на маіх вояў надзеў!

Мая раць стала на рацэ Крапіўна ля Дуброўны. А яго да Дняпра падышла і пачала пераправы шукаць. Тут з ёю і рашыў пакончыць раз і назаўсёды ваявода мой Чалядзін. «Пачакаем,- кажа,- пакуль на гэты бераг не пераправіцца ўсё іх войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што без сумнення і вялікіх намаганняў мы зможам ці разбіць гэта войска, ці акружыць і гнаць аж да Масквы. Нарэшце, адзінае,- кажа,- што нам застаецца,- заняць усю Літву».

Мы пачалі першымі, але ліцвіны адбілі нашу атаку. Тады мы паспрабавалі прарваць флангі і выцяць з тылу. Але дапамога, якую паслаў гетман Астрожскі, і на гэты раз прымусіла нас адступіць. Апоўдні ж маё войска выцяла па ўсяму фронту. Завязалася жорсткая сеча. Гетман Астрожскі на кані быў у гушчы бітвы. Мой віж расказваў пасля, што гетман звярнуўся да сваіх вояў з такімі словамі: «Гэта наша звіцянства, і нас чакае трыумф! Браты мілыя, пакажыце звыклую мужнасць у гэты нялёгкі час! Будзьце мужнымі ў мужным целе! Няхай кожны акрыяе духам супраць непрыяцеля. Сам Бог стаіць на нашым баку! Ёсць нам абарона з неба! За мной смялей наступайце! А ў мужнасці чуйцеся слаўных бацькоў! Вось я сам перад вамі сваю галаву стаўлю! Першы ў непрыяцеля сваю шаблю пакрываўлю».

Святы Пётра. Дык жа хораша сказаў! Дзе цяпер душа гэтага Астрожскага?

Анёл. У нас, у раі.

Святы Пётра. Ну, і правільна. Значыцца, з беларусцамі была хрэсная сіла, а не з табой, злодзеем.

Васіль IIІ. Што і казаць, беларусцы мужна стрымлівалі наш шалёны націск. Але ж потым іх войска крок за крокам пачало адступаць, а пасля і зусім кінулася наўцёкі. Мая раць рынулася ўслед і... наскочыла проста на іх гарматы, перад якімі знянацку расступіліся іх шыхты. Мае лепшыя палкі апынуліся ў пастцы. Гарматы білі ім у твар. Астрожскі тым часам перашыхтаваў сваё войска і павёў яго ў апошнюю атаку. Мае палкі кінуліся наўцёкі. Толькі ноч спыніла знішчэнне рэшткаў майго войска. Нават ваявода Чалядзін не ўцёк. Яго дагналі і схапілі... Яшчэ ніколі маскоўскае войска не ведала такой сакрушальнай паразы. 30 тысяч забітых. У палон трапіла 46 ваяводаў і княжацкіх баяр, паўтары тысячы баярскіх дзяцей і каля 8 тысяч ваяроў.

Лаўрэнцій (да Святога Пётры). Ты думаеш, што ён пасля гэтага вярнуў палачанам іх крыж з заклёнам? Як жа, верне...

Іван IV. Яшчэ трэба падумаць, хто больш страціў: той, што пазбавіўся крыжа з заклёнам, ці той, хто яго прыдбаў...

Васіль IIІ. Таму і каюся, бо менавіта з гэтае прычыны і з тае паразы пад Воршай Масковіі спатрэбілася больш за 300 гадоў, каб канчаткова далучыць БеларускаЛітоўскае гаспадарства да сваёй дзяржавы і ненавісных беларусцаў на калені паставіць.

Святы Пётра. Злоба і нянавісць грызе душу тваю грэшную, князь Васіль. А вярнуў бы крыж, і на цябе сышла б даброта боская. А свайго заклёну на сваім крыжы беларусцы не спалохаліся б.

Васіль IIІ. Не паспеў вярнуць, бо памёр заўчасна.

Анёл. Ісцінна так.

Іван IV. Затое паміраючы, паспеў дабраславіць мяне, малалетняга, крадзеным крыжам з заклёнам, чым і зрабіў цараванне маё суцэльнай пакутаю. Быў бы на той час дарослым, праламаў бы тым крыжам чэрап такому бацьку, як праламаў яго сыну царскім посахам. Ненавіджу і не дарую ні бацьку, ні сыну!

Святы Пётра. Лепш бы падумаў, ці даруюць самому пра­шчуры і нашчадкі, не кажучы аб нявінна загубленых падданых... Абвінавачвай, Лаўрэнцій! Абараняй, Анёл!

Васіль IIІ. Душагуб душагуба абвінавачваць будзе... Крумкач крумкачу вочы выдзёўбваць...

Святы Пётра. Няхай сабе. Такая ў яго пасада. Ён за год губіў столькі, колькі ты за ўсё ваша цараванне з сынам не паспелі загубіць.

Лаўрэнцій. Перад намі - тыран, дэспат, забойца, садыст, кат, шавініст велікарускі!..

Іван IV. Ад буржуазнага мусаватыста чую!

Лаўрэнцій. Ён не толькі ўласнага сына забіў і мітрапаліта задушыў, але яшчэ і цэлыя чужыя народы раскрыжаваў. Сваіх таксама не мілаваў. Пад шаблямі апрычнікаў, як качаны, каціліся нявінныя галовы і сялян, і халопаў, і пасадскіх людзей, і іншых ворагаў народа.

Святы Пётра. Прахвост ты, Лаўрэнцій, і няма на табе крыжа. (Да Анёла). Абараняй душагуба, святая душа. (Да Лаўрэнція.) А ты, Вельзевул акаянны, памаўчы, і не корчы з сябе праўдалюбца.

Анёл. Раб божы самадзержац Іван Жахлівы за дзяржаву расейскую апекаваўся, землі збіраў, царства мацаваў, саборы будаваў, кнігі друкаваў, сам любіў пісаць лісты «нравоучительные».

Святы Пётра. Божа літасцівы, дзе ж месца яго акаяннай душы?!

Анёл. Няхай гэта вызначыць сам Бог.

Святы Пётра. Сапраўды. Яго шалі больш дакладныя.

Лаўрэнцій. Дык што, і Васю, і Ваню зноў у сізо да другога прышэсця і страшнага суда?

Іван IV. Прашу дазволіць зрабіць заяву.

Анёл. I я прашу... Няхай зробіць.

Святы Пётра. А хто пярэчыць.

Іван IV. Я, і ніхто іншы, вярнуў жыватворны крыж Полацку. I гэта павінна мне залічыцца за ўсе грахі мае папярэднія!

Святы Пётра. Што ж ты раней маўчаў?

Лаўрэнцій. Бадай што, ад сціпласці.

Іван IV. Увераваў я, браты мае, у вялікую цудадзейную сілу крыжа святой Еўфрасінні ды так моцна, што узяў святыню з сабою і прыйшоў да слаўнага града Полацка і павялеў архімандрытам і ігуменам і ўсяму свяшчэннаму сабору ісці ва град з цудадзейнымі абразы і з чэсным крыжам жыватворным, каб пакласці яго ў храме святога Спаса, як у запавеце паклала сама прападобная.

Святы Пётра (у захапленні). Святая душа!.. Хто хоча яшчэ сказаць? (Усталёўваецца цішыня.)

Лаўрэнцій. Шкада, што святой душы мову адняло, а то яна павінна была б сказаць, што ў лета 1563 самадзержац да Полацка не толькі сам прыйшоў з абразамі і крыжам з заклёнам, але і войскаў 280 тысяч вояў прывёў ды яшчэ 80 тысяч абозных, ды яшчэ вогненны нарад у 200 гармат. А чатыры з іх былі такія вялікія, што кожную з іх цягнулі па тысячы чалавек. Акрамя маскавітаў, у паходзе тым удзельнічалі казанскія, астраханскія і крымскія татары, нагайцы, чаркасы, чарамісы, чувашы, башкіры, мардва і чухонцы. Полацк спачатку аблажылі, потым з гармат абстралялі, дашчэнту спалілі. 11 тысяч палачанаў паланілі, 50 тысяч у Маскву сагналі, каля 700 палонных люта забілі. Перабілі і ўсіх іншаверцаў. Крыж, праўда, цар наш богабаязны сапраўды ў храме святога Спаса пакінуў. Відаць, ён каштаваў пералічаных ахвяр, закланне якіх прынесла супакой душы царасамадура.

Батура. Не па спакой душы душагуб у Полацк прыходзіў. Ведаў азіят, што пасля захопу Ерусаліма мусульманамі, праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага захапіла ідэя стварэння новага Ерусаліма. Пры ўмове, што сталіца наша Вільня духоўным цэнтрам не стала, а Кіеў быў глыбокай ускраінай княства нашага, Полацк, які меў мноства праваслаўных святыняў і рэліквій ад Канстанцінопаля, быў здольны прыняць на сябе місію другога Ерусаліма. Знішчэнне полацкіх святыняў, абразоў, рукапісаў, хронік мела не толькі ваенны, рабаўнічы сэнс. Масковія па тым часе сама прэтэндавала на ролю «новага Ерусаліма». Ці ж магла яна дараваць Полацку яго ўзвышэнне. Так, вынішчыўшы ўсё жывое і сушчае, разбойнік падараваў Полацку яго ўкрадзеную святыню і стаў дабрадзецелем. Больш за тое - ён яшчэ прысвоіць сабе ролю вызваліцеля знішчанага горада і будзе лічыцца такім амаль паўтысячы гадоў. Пшапрашам, паньства...

Святы Пётра (на Васіля III і Івана IV). Абодвух туды, адкуль прывёў. Яны не лепшыя за князёў.

Васіль ІІІ і Іван IV брыдуцьспускаюцца ў апраметную.

Прадаўжай, кароль Стэфан Батура... Толькі не мані. I Анёл і злыдзень усё пра цябе ведаюць.

Батура. Калі я адбіў Полацк у маскалёў, а манастыр з царквою Спаса аддаў езуітам, манахіні спачатку хавалі крыж Еўфрасінні, а потым перанеслі ва уніяцкі Сафійскі сабор. Гэтаму, бачыў Бог, я не пярэчыў і нічога такога пра крыж не чуў, акрамя хіба таго, што езуіты хацелі скрасці святыню, нават падробку яе зрабілі. Больш нічога не чуў... і граху за крыж за сабою не адчуваю.

Святы Пётра. Тады ідзі туды, адкуль прыйшоў, бо за табою іншыя грахі перад палачанамі.

Батура. Думаю, што яны не большыя за царскія. Калі я вызваліў Полацк ад маскавітаў, то пабачыў, што за 16 гадоў іх уладарання за 50 вёрст ад некалі цудоўнага горада зямля ператварылася ў пустэльню. У яго пасля гэтага яшчэ здараліся ўзлёты, але вярнуць сабе былую веліч ён ужо ніколі не змог.

Брыдзеспускаецца ў апраметную.

Святы Пётра. Ну, а ты, архіепіскап Базыль, што адчуваеш перад судом праведным?

Лаўрэнцій. А што ён можа адчуць акрамя сораму, калі яго хоць каліва ў душы засталося.

Анёл. Дарэмна ён так. У архіепіскапа Базыля, як мне здаецца, сумленне чыстае.

Лаўрэнцій. Сумленне чыстае ў імператара Мікалая I, бо ён адхіліў халуйскую задуму мітрапаліта ўсучыць яму крыж Еўфрасінні з усімі ягонымі заклёнамі.

Базыль. Свят! Свят! Свят!.. Згінь, нячыстая сіла!..

Лаўрэнцій. Тое, што я нячыстая сіла, мне па штату наканавана. Але ж чаму ты, прайдоха, у рай намыліўся.

Анёл. Для ўратавання святыні архіепіскап зрабіў столькі, як ніхто. У злога духа намеры злыя і несправядлівыя.

(Працяг у наступным нумары.)


МЯДОВЫ СПАС ПРЫЙШОЎ ДА НАС

ФАЛЬКЛОРНА-ЭТНАГРАФІЧНАЯ АКЦЫЯ "СВЯТА МЯДОВАГА СПАСА"

12 жніўня ў філіяле Нацыянальнага мастац-кага музея "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя" ў Менску пачалася другая фальклорна-этнаграфічная акцыя "Свята мядовага спаса".

Перад будынкам музея арганізавана выстава-продаж і дэгустацыя мёду новага ўраджаю, а таксама іншых прадуктаў пчалярства - пылку, збітню і г.д. Падчас акцыі журы вызначыла пчаляра года. Дзесяць прэтэндэнтаў на гэтае званне былі адабраныя па выніках конкурсу, што праходзіў на працягу апошняга месяца па ўсёй Беларусі.

Як паведаміла БелаПАН куратар праекта Кацярына Рудэнка, мэта акцыі - адраджэнне унікальных беларускіх праваслаўных традыцый, а таксама азнаямленне людзей з культурай развядзення пчол і тэхналогіяй вытворчасці мёду.

12 жніўня ў Доме Ваньковічаў таксама ад-крылася выстава "Казкі мядовага спаса", на якой прадстаўлена графіка сучасных беларускіх майстроў. 13 жніўня маленькія госці свята змаглі паўдзельнічаць у конкурсе ма-люнка, прадставіўшы на суд гледачоў свой твор на тэму "Залатая пчолка" і атрымалі салодкія прызы. У гэты ж дзень у музеі прайшла дабрачынная акцыя "Пчаляры - дзецям".

У дзень мядовага спаса, 14 жніўня, на пляцоўцы перад музеем адбылося выступленне выпускнікоў школы званароў пры Менскай епархіі і асвячэнне мёду.

Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.


ПРЫКЛАДНА 40 ПЧАЛЯРОЎ

12 жніўня ў сталічным Палацы мастацтваў адкрыўся фестываль "Мядовы спас".

Як паведаміў БелаПАН старшыня праўлення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Беларускія пчаляры" Міхаіл Халадзінскі, на фес-тываль прыехалі прыкладна 40 пчаляроў з усіх рэгіёнаў краіны. Сярод удзельнікаў фестывалю - прадпрыемствы, што займаюцца пчалярствам, манастыры Беларусі і індывідуальныя заводчыкі пчол.

У ліку абавязковых патрабаванняў да ўдзельнікаў фестывалю - наяўнасць флюараграфічнага абследавання, ветэрынарна-санітарнага па-шпарту пасекі, а таксама вынікаў абследавання мёду, праведзенага цэнтрам (лабараторыяй) гігіены і эпідэміялогіі.

На фестывалі "Мядовы спас" прадстаўлены мёд, сабраны ў розны час 2006 года і з розных кветак, - майскі, ліпавы, грэцкі, верасовы. Свята-Елісавецінскі манастыр прапануе мёд з манастырскіх пасек Алтая і Башкірыі. Упершыню на фестывалі прадстаўлены мёд з шалфею.

Мерапрыемствы фестывалю "Мядовы спас" адначасова пачаліся і на плошчы ля Кафедральнага сабора сталіцы. Апрача мёду і іншых прадуктаў пчалярства, свае мастацкія работы прадстаўляюць майстры народных промыслаў з усіх раёнаў краіны. Плануюцца выступленні самадзейных народных калектываў, відовішчныя шоу.

Паводле традыцыі ў мядовы спас, каб атрымаць багаты ўраджай у будучым годзе, пчаляр павінен пачаста-ваць усіх, хто пажадае, свежым мёдам, і найперш сірот і хворых. Да таго ж, куплены і асвечаны ў гэты дзень мёд, на думку вернікаў, набывае гаючую сілу. 14 жніўня на абедзвюх пляцоўках прайшло асвячэнне мёду праваслаўнымі святарамі.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць аб'яднанне "Беларускія пчаляры", Свята-Елісавецінскі манастыр, рэспубліканская мастацкая галярэя "Палац мастацтва".

Фестываль "Мядовы спас" у Палацы мас-тацтваў будзе працаваць да 20 жніўня. Уваход вольны.

Таццяна ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX