Вярнуцца: 2006

№ 40 (776)


Крыніца: pawet.net.



№ 4 0 (776) 4 КАСТРЫЧНІКА 2006 г.


130 гадоў з дня нараджэння Яна Булгака

БУЛГАК Ян (6.10.1876, в. Асташына Наваградскага р-на Гарадзенскай вобл. - 4.2.1950), беларускі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст. Скончыў рус. класічную гімназію ў Вільні (1897). Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў; 1897-99). З 1905 займаўся фатаграфіяй. У 1910 пазнаёміўся з мастаком Ф. Рушчыцам. З 1912 у Вільні. У 1919-39 кіраўнік лабараторыі маст. фатаграфіі пры Віленскім ун-це. Заснавальнік і старшыня фотаклуба Польшчы, Віленскага фотаклуба, саюза польскіх мастакоў-фатографаў, польск. фатаграфічнага т-ва. Апубл. шмат здымкаў бел. нар. тыпаў, краявідаў, вёсак, гасп. пабудоў бел. сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Менскам», «Жабракі беларусы пад Менскам», «Беларус з Меншчыны», «Вечар (Меншчына)», «Краявід з Ашмянскага павета», «Месячнае неба. Багданаў», «Ціша. Возера Нарач», «Белавежская пушча» і інш.). Аўтар прац пра Рушчыца (у кн. «Фердынанд Рушчыц», Вільня, 1939), артыкулаў пра бел. фальклор і краязнаўства, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тыс.) згарэла ў 1944. Многія яго фота захоўваюцца ў архівах і б-ках Вільні і Варшавы.


Валянціне Вяргей - 60

ВЯРГЕЙ Валянціна Сяргееўна (н. 28.9.1946, г. Петрыкаў Гомельскай вобл.), беларускі археолаг. Канд. гіст. навук (1984). Скончыла БДУ (1968). Працавала ў БДУ (1969 - 71), Гарадзенскім педагагічным ін-це (1971-75), з 1978 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Асн. кірунак навук. дзейнасці - гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Бел. Палесся ў жал. веку. Выявіла і абследавала каля 100 археал. помнікаў на Бел. Палессі. Даследавала паселішчы Лемяшэвічы, Курадава, Гарадзішча, Сошна (Пінскі р-н), Струга (Столінскі р-н) і інш. Адзін з аўтараў кнігі «Беларуская археалогія» (1987). Сябар ТБМ.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць Валянціну Сяргееўну з юбілеем і зычаць ёй імпэту і плёну ў працы на карысць Беларусі, сілаў у змаганні на ніве нашай беларускай гісторыі, беларускай мовы і культуры.


Кніжныя навінкі

Выйшаў « Ангельска - беларускі слоўнік » на 30 000 слоў пад рэдакцыяй Сяргея Шупы. Слоўнік - вынік шматгадовай працы Валянтыны Пашкевіч і групы супрацоўнікаў Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў ЗША і Канадзе.

У англійскай частцы прадстаўлены амерыканскі варыянт англійскай мовы (галоўным чынам напісанне і вымаўленне), у беларускай частцы ўжываецца «тарашкевіца» у сучаснай нармалізаванай форме. Набыць слоўнік можна у Менску («Акадэмкніга», сядзіба БНФ, выдавец Зміцер Колас).

У выдавецтве «Беларускі кнігазбор» выйшла кніга перакладаў Алены Таболіч «Ліхтарык глогу» . У ёй прадстаўлены пераклады англамоўных паэтаў на беларускую мову, якія перакдадзены ўпершыню. Асобны раздзел - перастварэнні беларускай паэзіі пра Нёманскі край на англійскай мове. Рэдактары - Міхась Скобла і Джэймс Торсан. Набыць кнігу можна ў Менскім лінгвістычным універсітэце ( пакой В 208).

Наш карэспандэнт.


Быццам бы можна выбіраць...

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Міністэрства адукацыі разгледзела Ваш зварот па пытанню выкладання гісторыі Беларусі ў рускамоўных школах на рускай мове і паведамляе наступнае.

Выданне падручнікаў па гісторыі Беларусі на рускай мове абумоўлена шэрагам прычын.

Гэта звязана з перыядычнымі зваротамі грамадзян у міністэрства адносна таго, што мы не даём магчымасці вывучаць гісторыю Беларусі на рускай мове. У сувязі з увядзеннем новых Правілаў прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы абітурыенты маюць права здаваць профільныя іспыты на беларускай або рускай мове (па выбару), уключаючы і гісторыю Беларусі. Мы павінны стварыць грамадзянам нашай краіны адпаведныя ўмовы для рэалізацыі права выбару мовы навучання і выхавання і выдаваць падручнікі па дадзенаму прадмету на беларускай і рускай мовах.

Вызначэнне статусу школ або класаў па мове навучання ажыццяўляецца па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў ў адпаведнасці з заканадаўствам нашай краіны. У шэрагу ўстаноў навучанне ажыццяўляецца на дзвюх мовах: у рускамоўных школах ёсць класы, у якіх навучанне вядзецца на беларускай мове.

Такім чынам, падручнікі па гісторыі Беларусі будуць выдавацца таксама на дзвюх мовах. Пры гэтым падручнікамі на беларускай мове будуць забяспечаны ўсе агульнаадукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання і ўстановы з рускай мовай навучання (па іх выбару).

Намеснік Міністра К. С. Фарыно.


220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"


Паважаны спадар Трусаў!

Упраўленнем ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь разгледжаны пытанні, якія, на Ваш погляд, парушаюць правы беларускамоўных грамадзян. Па сутнасці пытанняў паведамляю:

1. У адпаведнасці з п. 30 "Положения о порядке приема квалификационных экзаменов на получение права управления механическими транспортными средствами", зацвержанага пастановай МУС Рэспублікі Беларусь ад 30.12.2002 г. №297, вадзіцельскае пасведчанне афармляецца літарамі рускага алфавіта з лацінскай транслітарацыяй. Такі парадак афармлення адпавядае патрабаванням Канвенцыі аб дарожным руху. Між іншым, тэкст Канвенцыі на французскай, англійскай, нямецкай, іспанскай і рускай мовах падпісаў у 1968 годзе ад імя ўраду БССР тагачасны начальнік ДАІ Зубовіч А.В.

2. Пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродка афармляецца на рускай мове, як адной з дзяржайных моў Рэспублікі Беларусь. Па жаданні грамадзяніна пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродка можа быць аформлена на беларускай мове.

5 і 6. У адпаведнасці з пунктам 4.1.17 Дзяржаўнага стандарту Рэспублікі Беларусь 1140-99 «Знакі дарожныя. Агульныя тэхнічныя ўмовы»: «... на знаки 5.14, 5.20.1, 5.20.2, 5.21.1, 5.21.2, 5.22.1-5.27, 5.31, 5.32.1-5.32.3, 5.40, 5.41, 6.12, 7.5.3, 7.5.7, 7.9 надписи должны наноситься на белорусском или русском языке (предпочтительнее - на белорусском языке)».

Аднолькавы падыход да дарожных знакаў, якія не прадугледжаны СТБ 1140, і ўсталёўваюцца толькі з дазволу УДАІ МУС Рэспублікі Беларусь (шыльдачкі з блакітным фонам і надпісам белага колеру і іншыя).

Такім чынам дзяржаўны стандарт дазваляе рабіць надпісы і на рускай мове, і Дзяржаўтаінспекцыя МУС Рэспублікі Беларусь не мае падставы для выдачы прадпісанняў па пытаннях парушэння дзяржаўнага стандарту.

7. Як Вам паведамлялася раней, пытанні, якія тычацца выдавецкай дзейнасці, у прыватнасці друкавання Правіл дарожнага руху на беларускай мове, знаходзяцца па-за кампетэнцыяй УДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.

Вырашэнне пытанняў, якія пазначаны ў Вашым лісце пад нумарамі 3 і 4 знаходзяцца ў кампетэнцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.

Звяртаю Вашу ўвагу на тое, што ДАІ - гэта Дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя, а не "дарожная аўтамабільная інспекцыя", як напісана ў лісце да нас.

Начальнік А.М. Мендзелеў.


Трымацца свайго роднага слова

Халадок - праха - лода . "Цяністыя хвоі, бя-розы, вольхі надзейна хавалі ад спякотнага ліпеньскага сонца. З Дняпра веяла пра-халодаю"

"Прахалода" пера-несена ў беларускую мову з рускай [стараславянізм з непаўнагалосным "ла" (прохлада) перароблены ў варыянт з уходнеславянскім паўнагалосным коранем - холод --> халод- ]. Яно фіксуецца з наступным апісаннем значэння: "Прахалода, ж. Умераны холад, які выклікае прыемнае адчуванне" (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, Мінск, 1996. С. 504). Гэта - копія слоўнікавага артыкула (пераклад) з кнігі: С.Н. Ожегов. "Словарь рус-ского языка" (Москва, 1982. С. 557): "Прохлада, ж. Уме-ренный холод, вызывающий приятное ощущение".

У беларускай мове паняцце 'свежае халадна-ватае паветра, вецер' перадаецца словам халадок : "Павеяла ранішнім халадком" (Колас). "Тлумачаль-ны слоўнік беларускай мовы" (Том 5. Кн. 1, 1984. С. 171) падае яго з шасцю зна-чэннямі: "Халадок, м. 1. Памянш.-ласк. да холад, невялікі холад. 2. Свежае халаднаватае паветра, ве-цер // Халаднаватае на-двор'е, невысокая тэмпера-тура паветра. 3. Цяністае месца, цянёк. 4. Час сутак, калі ўжо спала або яшчэ не наступіла спёка. 5. перан. Пра адчуванне лёгкага холаду (ад хвалявання, страху і пад). 6. перан. Стрыма-насць, раўнадушнасць у адносінах да каго-, чаго-н." Бачым тут ўстойлівыя зва-роты з гэтым словам: "аці-раць халадкі" ('ухіляцца ад работы'), з халадком : а) без цікавасці, старання (рабіць што-н.); б) раўнадушна ад-носіцца да каго-н."

Слова халадок як ле-ксічнуюю норму (да рус. прохлада ) замацаваў "Бела-руска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926). На с. 333 чытаем: "Халадок, м. - прохлада", У акадэмічныя слоўнікі "прахалода" (прохлада) трапіла дзеля рэалізацыі Пастановы СНК БССР 1933 года, "скіраванай на пры-мусовае сбліжэнне беларускай мовы з рускай" (Б. Плотнікаў. Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў // Роднае слова. 2000. № 12. С. 13). Таму гэтая лексема і падаецца ў слоўнікавым артыкуле першай, а пасля ўжо - беларускае слова-адпаведнік: "Прохлада ж. прахалода, ж. халадок, м." (Русско-белорусский сло-варь. Москва, 1953, С. 548).

Пра штучнасць у беларускай мове лексемы "прахалода" сведчыць пера-клад вытворных слоў, дзе не згадваецца гэтае слова: "прохладно - халаднавата, прохладность - халаднава-тасць, прохладный: 1) ха-ладнаваты; 2. перен. Халад-наваты, абыякавы". I ўстойлівае словазлучэнне мае толькі "халадок" : "рабо-тать с прохладцем (прохладцей) - працаваць з халадком" . I да дзеясловаў з гэтым коранем беларуская мова мае свае адмысловыя адпаведнікі: прохладить - ахаладзіць, астудзіць; про-хлаждать -ахалоджваць; прохлаждаться - ахало-джвацца, астываць (Там-сама). Перавыданні "Русско-белорусского словаря" 1953 года пацвердзілі гэта ("Русско-белорусскнй словарь" 1993. Т. 3. С. 116, а таксама выданні РБС 1999, 2002 гг.).

Такім чынам, нату-ральным адпаведнікам да рус . прохлада ёсць халадок . Яго марфемная будова (ха-лад-ок) выразна выяўляе праз суфікс -ок значэнне памяншальнасці і ласка-льнасці (пяшчоты). Таму так натуральна гучыць кола-саўскае "Павеяла ранішнім халадком ".

Унікнуць, ухіліцца, абысці, абмінуць, мінуць - пазбегнуць. Слова пазбег-нуць - калькаванне рус. избегнуть (з унікненнем стараславянскай прыстаўкі из- ). Яго не фіксавалі слоўнікі 20-х гадоў XX стагод-дзя. Пра штучнасць "пазбегнуць" сведчыць яго марфемная будова па-збегнуц ь, бо няма ў беларускай мове "збегнуць" , а ёсць збегчы , збегаць . Адпаведнікамі рус. избегнуть ёсць натураль-ныя словы, зафіксаваныя перакладнымі слоўнікамі. Так, у "Русско-белоруском словаре" пад рэдакцыяй Я. Коласа, К. Крапівы, П. Гле-бкі (Москва, 1953. С. 171) бачым: "Избегнуть... унік-нуць, ухіліцца, абысці, аб-мінуць, мінуць". Паўторана гэта і "Русско-белорусским словарём" 1993 года і паз-нейшымі перавыданнямі (1999, 2002).

У тлумачальныя сло-ўнікі пазбегнуць (рус. избегнуть ) перанесенае з рускіх лексікаграфічных крыніцаў разам з тлумачэннем яго значэння. Параўн.: "Избегнуть, сов. чего. Избавиться, спастись от чего-н." (С.О. Ожегов. "Словарь русского языка." М., 1982, с. 213) і "Пазбегнуць зак. чаго. Зба-віцца, выратавацца ад чаго-н." (Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. 1996, с. 422).

Такім жа штучным для беларускай мовы ёсць і слова пазбягаць (рус. избежать ), натуральнымі адпа-веднікамі якога выступа-юць усё тыя ж адмысловыя беларускія словы ў форме незакончанага трывання - унікаць, ухіляцца, абходзіць, абыходзіць, абмінаць, мінаць . (Русско-белорусскнй словарь. 1993. Т. 1. С. 542). I гэта зразумела: у рускай мове ибегнуть, избежать выступаюць як паралельныя лексічныя адзінкі, што за-сведчана згаданым "Слова-рём русского языка" 1982 года. На старонцы 213 чы-таем: "Избегать, избегнуть. Избавиться, спастись от чего-н.".

Зазначым да гэтага, што слова пазбягаць мае тры значэнні: 1. Збегчы, спус-ціцца ўніз - пра ўсіх, многіх. 2. Сцячы - пра ўсё, многае. 3. Збегчы, уцячы - пра ўсіх, многіх" (Тлумачальны сло-ўнік беларускай літаратур-най мовы. С. 423).

Дык ці ёсць патрэба навязваць гэтай натураль-най беларускай лексеме яшчэ і штучны амонім?

Няўхільны, немінучы - непазбежны. Прыметнік непазбежны -утварэнне ад дзеяслова пазбегнуць , у шту-чнасці якога для беларускай мовы мы ўжо пераканаліся. Адпаведнікамі рус. избежать (избегнуть) , як было ўжо даведзена, выступаюць словы ўхіляцца, мінаць і інш. Ад іх конфіксавым споса-бам (прыстаўкі ня-/не- і суфіксы -н-, -уч- ) і ўзніклі беларускія словы няўхільны, немінучы як натуральныя адпаведнікі рус. неизбеж-ный . "Неизбежный - немінучы, непазбежны, няўхільны" (Русско-белорусскнй словарь. М., 1953, с. 305; Русско-белорусскнй словарь. Мн., 1993, т.2, с. 201). А слова непазбежны , якое падаецца ў слоўнікавым артыкуле, - усё тая ж да-ніна часу - дзеля "збліжэн-ня беларускай і рускай моў". Пра гэта сведчыць і дэфініцыя (азначэнне) слова: "Непазбежны, -ая, -ае. Такі, якога нельга пазбегнуць..." (Тлумачальны слоўнік бела-рускай літаратурнай мовы, с. 388). Як і ў даведніку: С.Н.Ожегов. Словарь рус-ского языка (1982, с. 356): "Нензбежный... Такой, кото-рого невозможно избег-нуть..."

Павел Сцяцко


Пра горад Казімір у Беларусі

У № 37 "Нашага слова" ад 13 верасня 2006 года (на с. 12) змешчана інфармацыя Светлагорскай арганізацыі ТБМ пра пошук горада Казіміра (на тэрыторыі цяперашняга Светлагорскага раёна), што існаваў кароткі час у сярэдзіне ХУІІ ст. і быў знішчаны маскоўскімі і казацкімі войскамі ў 1655 г.

Да гэтай інфармацыі магу дадаць наступнае. Назва Казімір ужывалася ў Беларусі яшчэ ў ХУІІ стагодзі для новых частак некаторых гарадоў, што ўзнікалі пазней за старыжытную, асноўную частку горада (Старое места ў розных гарадах). Так, у Нясвіжы пра пашырэнні гарадскога паселішча ў 80-х гадах ХУІ ст., якое разбудоўваў уладальнік горада Мікалай Крыштаф Радзівіл па мянушцы Сіротка, спачатку за Слуцкай брамай (тады гэта мяжа горада) на другім баку ракі Ушы да 1586 г. быў пабудаваны Новы горад (Новае места). А ў 1626 г. у Нясвіжы існавала ўжо прадмесце Казімір на паўночны захад ад Старога горада (Старога места). У інвентары (апісанні) Нясвіжа 1673 г. адзначаны стары горад і два прадмесці - Новы горад і Казімір. Жыхары прадмесцяў пра пасяленні не мелі спачатку ўсіх тых правоў, што мелі паўнапраўныя гараджане - мяшчане. Таму існавала для іх нават вызначэнне - прадмяшчане. Толькі з цягам некалькіх дзесяцігоддзяў прадмесці атрымлівалі правы часткі горада, а іх жыхары - поўныя правы мяшчан, у тым ліку самакіраванне.

Практыка стварэння новых гарадскіх пасяленняў побач са Старым горадам ужывалася магнатамі да сярэдзіны ХУІІ ст., да вялікай вайны цара Аляксея Міхайлавіча з Рэччу Паспалітай, калі расійскія і союзная ім у той момант казацкія войскі займалі ў 1654-1667 гг. тэрыторыю Беларусі і руйнавалі або поўнасцю знішчалі беларускія гарады Стварэнне ж да гэтай вайны новых гарадскіх паселішчаў давала магнатам магчымасць ствараць новыя асяродкі рамёслаў і гандлю ды атрымліваць пастаянныя прыбыткі ад эканамічнай дзейнасці гараджанаў шляхам збірання падаткаў і збораў ад мяшчанаў.

У ХУІІ ст. на ўсходзе Беларусі ў маёнтках Сапегаў - у Горках таксама, акрамя ўласна горада, у 1683 г. існалі прадмесці Зарэчча і Казімірава.

Бабруйскае староства лічылася дзяржаўнай латыфундыяй. Таму каралева Польская і вялікая княгіня БеларускаЛітоўскай дзяржавы Цэцэлія Рэната, першая жонка караля і вялікага князя Уладзіслава ІУ Вазы, якая карысталася прыбыткамі са староства, і надала прывілей аб стварэнні ў Бабруйскім старостве горада Казіміра на месцы Слабады. А назву Слабада атрымлівалі новаствараныя або новаствораная вёскі, пасяленцы ў іх атрымлівалі пэўныя ільготы - вызваленне ад павіннасцяў і падаткаў на пэўны перыяд, часам да 1015 гадоў. Зразумела, з такіх часова вызвленых сялян лягчэй было зрабіць мяшчан з іх гарантаванымі вольнасцямі. Звычайна ж пасля пэўнага перыяду на жыхароў Слабодаў накладваліся звычайныя для іншых сялянаў павіннасці і падаткі і ад былой, часовай волі заставалася назва вёскі.

Што тычыцца самой назвы Казімір для гарадскіх паселішчаў, то гэтая назва звязана з імем Святога Казіміра (1458-1484), другога сына польскага караля і вялікага князя БеларускаЛітоўскай дзяржавы Казіміра Ягелончыка (Ягайлавіча), які быў малодшым сынам Ягайлы. Князь Казімір Казіміравіч быў вельмі рэлігійным чалавекам, займаўся дабрачыннасцю, часта наведваў Вільню, дзе і памёр. Казімір пахаваны ў каралеўскай капліцы Віленскага кафедральнага сабора. Пасля смерці быў кананізаваны і лічыцца патронам Вільні і нябесным апякуном земляў Вялікага Княства Літоўскага. У Каталіцкім касцёле лічыцца святым ва ўсім каталіцкім свеце. Дзень Святога Казіміра адзначаецца асобнай службай 4 сакавіка.

Дарэчы, Казімірава Слабада існавала і ў старажытным Мсціславе.

Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, прафесар.

На здымках: рэчы, знойдзеныя пры раскопках Казіміра.

Ад рэдакцыі. Назву Казімір гарадскія прадмесці атрымоўвалі таму, што святы Казімір лічыўся акрамя ўсяго апекуном рамеснікаў, і ў першую чаргу кавалёў. Свята Святога Казіміра святкуюць 4 сакавіка па ўсёй Беларусі, а на Віленшчыне ў гэты дзень ладзіцца народнае свята "Казюкі".

Назву Казімір маюць многія неселеныя пункты Польшчы, у тым ліку адзін з раёнаў Кракава, былое прадмесце, якое ўлілося ў горад у 1791 годзе.


"Крынічка" - кніжка для беларускіх дзетак

У выдавецтве "РАДЫЁЛА-плюс" (г. Менск) выйшла хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту "Крынічка", укладальнік Раіса Шастак.

У кнігу ўвайшлі найлепшыя ўзоры фальклору, творы беларускіх і замежных пісьменнікаў, якія размешчаны ў хрэстаматыі па тэматычных раздзелах.

Кніга адрасуецца дзецям малодшага школьнага ўзросту і іх бацькам, настаўнікам і выхавацелям, студэнтам ВНУ, навучэнцам педагагічных вучэльняў і каледжаў.

Мастак Алена Карповіч.

Наш карэспандэнт.


Анатоль чытаў свае вершы

Многія з прысутных ўпершыню слухалі яго вер - шы ды яшчэ ў выкананні самога аўтара . Анатоль Брусэвіч надрукаваў сваю другую па чарзе кнігу - " Падаю ў неба ". Вечар су - стрэчы ў паэтам адбыўся ў Літаратурнай гасцёўні Га - радзенскага гарадскога ад - дзялення Таварыства бела - рускай школы , у офісе якога сабралася амаль 50 чалавек .

Хто ж такі Анатоль Брусэвіч?

Яму не давялося пераказваць біяграфію, бо прысутныя мелі на руках інфармацыйныя ўлёткі. Лiтаратурнай творчасцю заняўся ў 1989 годзе, калi ўпершыню надрукаваў верш на старонках часопiса "Бярозка". Яшчэ школьнiкам рэгулярна друкаваўся у рэспублiканскiх i абласных перыядычных выданнях ("Маладосць", "Першацвет", "Свiцязь", газетах "Лiтаратура i мастацтва", "Чырвоная змена" i iнш.), калектыўных зборнiках ("Кола", "Vita"). З'яўляецца аўтарам цiкавай i адметнай сваёй жыццёвай i мастацкай сутнасцю кнiгi вершаў "Дуэль" (1992).

Заўважым, што першы паэтычны зборнік Анатоля быў выдадзены ў дзяржаўнай друкарні, калі юнаку было толькі 16 гадоў і ён вучыўся ў школе. Таленавітага хлопца прыгарнула да сябе знакамітая паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Данута Бічэль, запрасіла ў гурток "Вянок, які працаваў пры музеі Максіма Багдановіча. Яна ж дапамагла, як гаворыцца, давесці да ладу і спробы пяра юнага паэта.

Поспех прыйшоў рана. Аднак чарговая кніга выйшла толькі цяпер, лічы, праз 14 гадоў. Чаму? Магчыма згас былы юнацкі парыў? Не. Вершы паранейшаму складаў, друкаваўся. Аднак і пра рэаліі надзённага жыцця не забываў. Закончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы (1999), магістратуру (2000), дзе для магістарскай дысертацыі абраў тэму "Фактары беларускай культуры ў "Баладах і рамансах" Адама Міцкевіча". Вывучэнне творчасці гэтага вялікага паэта працягнуў, працуючы над кандыдацкай дысертацыяй. Яна мела назву "Фактары беларускай культуры ў творчасці Адама Міцкевіча віленскаковенскага перыяду" (2003).

Вырашыў і "сямейнае пытанне". Узяў шлюб у 2002 годзе. Жонка Вольга працуе ў Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве "Гроднаэнерга". Дачка Моніка мае чатыры гады.

Сам жа з 2003 года выкладае ў ГрДУ імя Янкі Купалы.

З літаратурай па-ранейшаму сябруе.

Плённымi сталi для маладога лiтаратара i навукоўца апошнiя гады. Падрыхтавана да друку манаграфiя "Фактары беларускай культуры ў творчасцi Адама Мiцкевiча". Праца спрыяе вырашэнню важных тэарэтычных пытанняў, звязаных з беларускапольскiм лiтаратурным сумежжам, раскрывае мала даследаваныя рысы творчасцi Адама Мiцкевiча, якiя грунтуюцца на беларускай эстэтыцы i культуры.

Вядомы паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Юрка Голуб неяк адзначыў:

Анатоль Брусэвiч удала працуе ў галiне беларускай паэзii. Ён аўтар цiкавай i адметнай сваёй жыццёвай сутнасцю кнiгi вершаў "Дуэль". Яго творы апошняга часу выдзяляюцца праблематыкай i памкненнямi, якiя цiкавяць найперш маладых сучаснiкаў. Паэт надзiва арыгiнальна ўмее ў сваiх радках спалучаць грамадскае i асабiстае, валодае майстравiтым почыркам i зайздросным густам, а таму вершы Анатоля нясуць у сабе надзейны жыццёвы зарад.

Гэта яшчэ раз пацвердзілі нядаўнія публікацыі адбылася ў літаратурнамастацкім часопісе "Дзеяслоў" (№3 (22), травеньчэрвень 2006).

У час сустрэчы сярод прысутных было многа якраз студэнтаў. Вершы аўтара ў яго ўласным выкананні яны ацэньвалі апладысментамі. Стрыманым, як і належыць майстру паэтычнага слова, быў выступ Дануты Бічэль. Яна выказала сваё бачанне паэзіі Анатоля Брусэвіча. Адзначыла непаўторнасць яго матываў і ўвагу да праяў жыцця пад вуглом уласнага асэнсавання. Што да літаратурных плыняў, то тут Анатоль Брусэвіч, лічыць сябе дэкадэнтам. Аднак галоўнае не ў гэтым, а ў таленце, пабачаным чытачом у радках канкрэтнага твору.

Як бы ў працяг гэтай тэмы ў адной з гутарак добра сказаў літаратурны крытык, доктар філалагічных навук, выкладчык ГрДУ імя Я. Купалы Ігар Жук:

Творчасць Анатоля Брусэвiча, а яго апошнiя выступленнi ў перыядычным друку прадстаўляюць нам таленавiтага аўтара ў яго безумоўным творчым росце, уяўляецца мне насычанай глыбокiм сэнсам i духоўным пачаткам. Аўтар у сваiх вершах не цураецца эксперыментаў у слове, пiша свежа, з адчуваннем радзiмы i зямлi, уласных карэнняў.

Свае думкі на па-сяджэнні Літаратурнай гасцёўні выказалі пісьменнікі Юры Гумянюк і Юрась Пацюпа, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сільверстава. Яна, дарэчы, пра-чытала вершы і Анатоля, і свае, адзначыла, што калісьці раілася з Анатолем, працуючы над уласным творам.

Студэнтка ГрДУ імя Я. Купалы Таццяна Сікорская выканала песню на верш Анатоля Брусэвіча. Акампанаваў ёй уганараваны многімі міжнародны-мі прэміямі, вядомы гітарыст Уладзімір Захараў.

А што ж далей?

Анатоль адказаў на гэтае пытанне, проста і коратка:

Жыць і працаваць. Але калі гаворка ідзе пра літаратурную дзейнасць, то, вядома, займацца паэзіяй. Твораў на гэты час назапашана столькі, што трэба зноў рыхтаваць чарговы зборнік.

Трэба дадаць, што пiсьменнiк вылучаецца актыўнай жыццёвай i, калі хочаце, грамадзянскай пазiцыяй. Як выкладчык унiверсiтэта, ён прымае самы непасрэдны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах. Імкнецца спрыяць духоўнаму сталенню творчай моладзi, выхоўваць яе ў адпаведнасцi з высокiмi маральнаэтычнымi прынцыпамi i агульначалавечымi каштоўнасцямi.

А яшчэ Анатоль Брусэвіч ў час сустрэчы з'вярнуўся да прысутных, а праз іх да ўсёй творчай моладзі Гродна, прыняць удзел у конкурсе, аб'яўленым Літаратурнай гасцёўняй ТБШ. Можна прапанаваць свае творы ў любым жанры. Журы напярэдадні Новага года падвядзе вынікі і абвесціць пераможцаў, якіх чакаюць прызы. Адно з пасяджэнняў Літаратурнай гасцёўні будзе прысвечана якраз ушанаванню пераможцаў.

Антон Лабовіч, Гародня.

На здымках: пра вершы А. Брусэвіча гаворыць Данута Бічэль; песню на словы А.Брусэвіча выконваюць Уладзімір Захараў і Таццяна Сікорская; вершы чытае аўтар Анатоль Брусэвіч; сваімі ўражаннямі дзеліцца студэнта ГрДУ імя Я.Купалы;

Фота аўтара.


Стыпендыяты праграмы Каліноўскага атрымалі размеркаванне

Беларускія студэнты, якія вучацца ў Польшчы па праграме для пацярпелых ад рэпрэсіяў, бліжэйшымі днямі прыступаюць да заняткаў у розных ВНУ гэтай краіны. Былі пэўныя складанасці пры размеркаванні студэнтаў пасля падрыхтоўчых курсаў у канкрэтныя ВНУ і на спецыяльнасці. Не ўсе слухачы былі задаволеныя, але ў асноўным усе праблемы былі вырашаныя.

Беларускія студэнтыудзельнікі праграмы імя Кастуся Каліноўскага выступілі па польскім тэлебачанні з публічнай падзякай ураду, паведаміў адзін з іх Зміцер Чарткоў:

У тры разы болей студэнтаў засталося ў Варшаве ў нармальных ВНУ і на жаданых спецыяльнасцях. Засталіся толькі невялікія карэкціроўкі ўсёй праграмы, выпадкі з артыстычнымі вучэльнямі, з інтэрнатамі, але ўсё гэта вырашаецца.

Цяпер незадаволеных размеркаваннем амаль няма - гаворыць супрацоўніца офісу праграмы Каліноўскага Ірына Лаўроўская, амаль усе 260 беларускіх студэнтаў раз'ехаліся па сваіх ВНУ, толькі ў Варшаўскі унівэрсітэт - 50, у Ягелонскі - 10, а таксама ў іншыя прэстыжныя ВНУ Беластока, Познані, Гданьска.

Стаўленне ў Польшчы да стыпендыятаў праграмы імя Кастуся Каліноўскага пазітыўнае,- зазначае выкладчыца Варшаўскага унівэрсітэта Ганна Энгелькінг: Была цяпер нейкая інфармацыя, што ёсць вялікі гармідар, замяшальніцтва, што арганізацыйна польскі бок не дае сабе рады на пачатку акадэмічнага года. Але я мяркую, што гэта пераходнае, што гэта натуральна на пачатку і напэўна перабольшана. Грамадства ж ставіцца да гэтай праграмы вельмі прыхільна, усе разумеюць, што так, мы хочам дапамагаць.

Аляксандар Мілінкевіч, які падпісваў дамову пра стварэнне праграмы імя Каліноўскага, нядаўна ездзіў у Варшаву, калі ўзніклі супярэчнасці ў часе размеркавання ў ВНУ.

Такія праграмы разбураюць страх. А гэта адна з самых галоўных мэтаў у нашай дзейнасці. Калі з'язджае студэнт, якога мы абаранілі, то на яго месца прыйдзе 5 і 10. Калі ж мы не абаронім гэтага аднаго, то будзем маргіналізавацца. Я шчыра кажу, што гэта будучая эліта Беларусі, абсалютная большасць з іх вернецца.

Валер Каліноўскі.


З ПЕРАЖЫТАГА

Адны здарэнні, па-дзеі, выпадкі з асабістага жыцця з цягам часу амаль зусім забываюцца, а іншыя, - можа, таму, што яны ў нейкай меры ледзь не лёса-вызначальныя, - не сціраюцца з памяці, так і паўстаюць перад вачыма. А можа, і таму, што пра іх даводзілася неаднойчы расказваць то аднаму, то другому. Ды і цяпер напісаць пра адзін незабыўны жыццёвы эпізод прымусіў мяне мой калега па працы, якому, па ягонай просьбе я што-нішто распавёў пра сябе.

... Была вясна 1949 года. Я тады працаваў у Свіслацкай сярэдняй школе, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Першы год працы пасля заканчэння (двухгадовага) Аршанскага настаўніцкага інстытута імя Янкі Купалы. Пры раз-меркаванні мне вызначылі Гарадзенскую вобласць, а аблана накіраваў у Свіслач.

Аднойчы дырэктар школы паклікаў мяне ў свой кабінет і сказаў, што званілі з райкама камсамолу:

- Хочуць правесці канферэнцыю чытачоў, прасілі, каб я параіў ім аднаго з літаратараў выступіць на той канференцыі. Я адразу ж назваў ім Ваша прозвішча. Схадзіце да іх сёння пасля ўрокаў.

Маладая жанчына, здаецца, другі сакратар райкаму, родам, як я даве-даўся ад яе, з Магілёўш-чыны, размаўляла са мной па-руску, а калі ў маіх адказах не разумела якога-небудзь слова, дык ветліва перапытвала, прасіла пера-класці. Тады яшчэ я, камсамолец, выхаваны ў марксісцка-ленінскім духу дружбы народаў, не адчуваў, што "в своей стране я словно иностранец", вялізную масу начальнікаў з ліку "прыезджых" вытлумачваў "неда-хопам мясцовых кадраў" і лічыў гэта нармальнай з'я-вай, і нават у думках не абураўся, што рэктарам Аршанскага настаўніцкага інстытута быў Сагацелян (з Арменіі), а дырэктарам Свіслацкай СШ - Сафонаў (з Кубані). Тады яшчэ не было ніводнага выпадку, каб на-чальнік у размове са мной сказаў: "Говорите на человеческом языке".

Праўда, мяне часам здзіўляла, што не толькі на маёй радзіме, у Дубровенскім раёне, але і тут, у Сві-слачы, начальства размаўляе з падначаленымі не на іх роднай мове і, як здавалася, у душы лічыць іх асобамі ніжэйшага гатунку. Толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў я зразумеў, што і тады, і пасля праводзілася планавая, з далёкім прыцэлам русіфікацыя нашага краю. На пачатку 1990-х гадоў стала вядома з архіўных партыйных матэрыялаў, што ў 1953 годзе "са 150 кіраўнічых работнікаў органаў міліцыі заходніх аб-ласцей мясцовым ураджэнцам быў толькі адзін чалавек", "у апаратах Баранавіцкага абкама і гаркама партыі, Берасцейскага і Гарадзенскага гаркама партыі, Ваўкавыскага райкама партыі няма ні аднаго работніка з мясцовага насельніцтва" (гэтыя звесткі нядаўна паўтораны ў мемуарах Ніла Гілевіча). Гэтак жа рабілася не толькі ў Беларусі, напрыклад, у Латвіі, як паведамлялася падчас гарба-чоўскай перабудовы, карэн-нае насельніцтва (латышы) складала ўжо толькі 52 пра-цэнты. А ў тыя часы, у 1949 годзе, мне і ў галаву не прыходзіла рабіць якія-не-будзь абагульненні і браць пад сумненне савецкі лад і родную, самую, як думала-ся, спрвядлівую ўладу.

Вернемся, аднак, у райкамаўскі кабінет. Там адбылася прыкладна такая размова:

- Ведаеце ж, канешне, што кніга Барыса Палявога "Повесть о настоящем человеке" адзначана Сталінскай прэміяй, і, напэўна, прачыталі яе? - запытала сакратар.

- А як жа! Ведаю, прачытаў, з вялікім задавальненнем. Выдатны твор!

- Плануем праз два тыдні правесці чытацкую канферэнцыю па гэтай кні-зе. Рыхтуем каля 10 выступоўцаў. Хацелася б, каб Вы таксама выступілі і ў асноўным гаварылі пра мастацкі бок гэтай аповесці, пра майстэрства пісьменніка. Разлічвайце на 7-10 хвілін.

- Я, зразумела, даў згоду, падзякаваў за запрашэнне.

Нагадаю, што тады і пазней, калі чыя-небудзь кніга ўдастойвалася Сталінскай прэміі, то для аўтара гэта было як бы знакам прыжыццёвай кананізацыі, а сама кніга ўсяляк прапагандавалася, выдавалася масавым накладам, пера-кладалася на мовы народаў Савецкага Саюза. Абмяр-коўвалася на чытацкіх канферэнцыях.

Імя Б. Палявога мне было добра знаёмае яшчэ да гэтай "Повести...", але не як празаіка, а як ваеннага ка-рэспандэнта "Правды". Яго шматлікія цікавыя, захап-ляльныя нарысы даводзіла-ся чытаць і на фронце ў 1944-1945 гадах, і ў шпіталі, дзе лячылі пасля ранення, і ў пасляваенны армейскі час.

Пасля той размовы з камсамольскім сакратаром я яшчэ раз прачытаў "По-весць...", цяпер ужо досыць уважліва. Зрабіў шмат выпісак. Прадумаў сваё выступленне. Накідаў план, дзе былі і выпісаныя з твору прыклады.

Помніцца, я схадзіў у гарадскую бібліятэку, доўга гартаў мастацкія часо-пісы і падшыўкі цэнтраль-ных газет. Знайшоў там артыкулы пра Б. Палявога і яго аповесць. Даведаўся, што ў даваенны час аўтар больш як дзесяць гадоў працаваў у газете, быў журналістам. Апублікаваў адну нязначную аповесць пра рабочы клас. "Повесть о настоящем человеке" станоўча ацэньвалася ў друку, былі і сякія-такія крытычныя заўвагі. Адна з іх - пра газетны стыль асобных мясцін у аповесці. Гэта і мне шмат разоў кідалася ў вочы пры чытанні кнігі.

У вялікай зале, дзе была канферэнцыя, людзей сабралася сотні дзве, пераважна моладзь. Былі і настаўнікі з нашай школы. Пярэднія рады крэслаў паспелі заняць старшакласнікі, усе яны пераросткі: не вучыліся ў гады нямецкай акупацыі. На сцэне за сталом прэзідыюма - некалькі жанчын, супрацоўнікаў райкама камсамолу, і, здаецца, два ці тры асноўныя дакладчыкі.

Усе, хто выступаў перада мною, гаварылі ці чыталі з лісткоў па-руску, многія з выразным беларускім акцэнтам. А калі далі слова мне, то я не паспеў і вымавіць першую фразу пра выключна багаты ідэйна-патрыятычны змест аповес-ці, як адна з дам, што былі ў прэзідыюме, нечакана пера-біла мяне:

- Говорите, пожалуй-ста, по-русски, ведь мы обсуждаем произведение русского советского писа-теля.

Я прыпыніўся на хвіліну, а пасля, пазіраючы на сцэну, сказаў, што ў гэтай зале сядзяць нашы настаў-нікі, з якімі я заўсёды размаўляю па-беларуску, школьнікі-старшакласнікі, якім я выкладаю беларускую мову і літаратуру, і што тут амаль усе астатнія - мясцовыя людзі, тутэйшыя, беларусы. Два ці тры чалавекі з залы выгукнулі:

- Няхай па-нашаму, па-беларуску кажа!

Падахвочаны гэтымі выкрыкамі, я дадаў, што неяк выходзіць ніякавата: жывём у Беларусі, а высту-паць на роднай мове нельга; ім, тутэйшым, за польскім часам не дазвалялі гаварыць па-беларуску, а цяпер, калі Заходняя Беларусь вызвалена Чырвонай Арміяй, мы ўсе маем гэта права.

Некалькі чалавек запляскалі ў далоні. Другая дама са сцэны, пашаптаў-шыся з суседкай сказала:

- Говорите по-белорусски, товарищ Лепешев!

Стараючыся не паўтараць ужо сказанага па-пярэднімі выступоўцамі, я напачатку ахарактарыза-ваў аповесць Б. Палявога як выдатны твор савецкай літаратуры з непаўторным сюжэтам, пабудаваным на рэальнай аснове. Гаварыў пра сваё вельмі добрае ўражанне ад чытання гэтай кнігі, пра вобразы асноўных і другарадных герояў аповесці, выдатнае ўменне аўтара індывідуалізаваць мову персанажаў, пра запамінальныя пейзажныя карціны, мноства арыгінальных, яркіх эпітэтаў, параўнанняў, разгорнутых метафар. І ўсё гэта пацвярджаў адпаведнымі прыкладамі. Ніколькі не прыніжаючы гэтай аповесці, я зазначыў, што ў ёй часам адчуваецца прывычны для аўтара стыль журналіста і ў добрую прозу іншы раз урываецца газета. Памятаю, што прыводзіў прыклады некаторых, як мне, чытачу, здавалася, непраўдападобных ці непе-раканальных сітуацый, сказаў пра неаднаразовае, да-кучлівае паўтарэнне выразу "ключик подобрать" у абмалёўцы камісара. Завяршыў свой выступ нейкай загадзя прадуманай канцоўкай у гонар вобразу Мярэсева і яго жывога прата-тыпа лётчыка Аляксея Марэсева, што і выклікала ў слухачоў дружныя воплескі.

Пасля канферэнцыі тая самая сакратар райкаму, што давала мне заданне выступіць, шчыра падзяка-вала за, як сказала, цудоўны выступ. А нехта напісаў у карныя органы данос, што нібыта я на канферэнцыі займаўся антысавецкай агітацыяй, спрабаваў ачарніць мастацкі твор, удастоены Сталінскай прэміі, выказваў нацыяналістычныя погляды. Хутчэй за ўсё, у зале падчас канфэрэнцыі сядзеў і які-небудзь маёр-чэкіст у штацкім.

Праўда, гэтае абвінавачанне ўсё ж не атры-мала далейшага развіцця, але стала "началом всех начал" дало чэкістам зачэпку-штуршок да глыбокага капання ў маёй біяграфіі. Яны ўчапіліся за адзін важкі для іх нібыта праступак, хоць пра яго ведалі, аднак не лічылі падсуднай справай і "смершаўцы", калі я слу-жыў у савецкім войску, і мясцовыя, раённыя кадэбісты, калі дэмабілізаваўся з арміі, і аршанскія чэкісты, калі вучыўся ў інстытуце. Гэта - маё вымушанае кароткачасовае знаходжанне ў паліцыі пры канцы нямец-ка-фашысцкай акупацыі.

Як цяпер ацэньваюць, 1949 год па сваім нястрымным шквале масавых рэпрэсій быў падобны на 1937 год. Хлынула магутная плынь новай сацыяльнай прафілактыкі. Тады асуджалі за "палітыку", як правіла, на 25 гадоў.

У кастрычніку 1949 года мяне прыгаварылі да 10 гадоў "Архіпелага", завезлі да мора-акіяна, у ГУЛагаўскія лагеры Находкі і Спаска. "Там Іван Якаўлевіч, - як пісаў пра мяне журналіст В. Жураўлёў, - зведаў тое ж, што і Іван Дзянісавіч у "крамольным" апавяданні Салжаніцына: канвой, барак, рабскую працу, баланду, шмон, парашу".

Пры Хрушчове ў 1955 г. я быў адпушчаны на волю, а затым пасля маіх шматлікіх скаргаў органы КДБ правялі "пераправерку". У выніку суд адмяніў ранейшы прыгавор і апраў-даў мяне "за отсутствием состава преступления". У пастанове суда аб рэабілітацыі сказана, што пераправеркай устаноўлена: "Лепешев в полицию мо-билизован в принудительном порядке, никакго участия в карательных операци-ях не принимал. Наоборот, поддержывал связь с партизанами, за что был арес-тован немцами и содержался в тюрьме до их изгнания. После изгнания немецких оккупантов Лепешев был призван в Советскую Ар-мию, принимал участие в борьбе с немецкими окку-пантами, был дважды ранен, награждён».

З Масквы былі вернутыя мне раней адабраныя медалі "За адвагу", "За баявыя заслугі", "За ўзяцце Кенігсберга" і "За перамогу над Германіяй". У адпаведнасці з існым тады заканадаўствам, мне, як беспадстаўна рэпрэсаванаму, а пасля рэабілітаванаму, выплацілі кампенсацыю - адвалілі аж цэлых 235 рублёў (два месячныя аклады па ранейшым, да арышту, месцы працы). Смех дый годзе. але, як кажуць, дзякуй і за гэта, з паршывай авечкі хоць воўны жмук.

Вось такія бываюць перыпетыі пры таталітарным рэжыме.

Іван Лепешаў, прафесар, доктар філалагічных навук.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX