Вярнуцца: 2006

№ 42 (778)


Крыніца: pawet.net.



№ 42 (778) 18 КАСТРЫЧНIКА 2006 г.


100 гадоў з дня нараджэння Марыі Жыдовіч

Беларускі мовазнавец М. А. Жыдовіч нарадзілася 19 кастрычніка 1906 г. ў в. Дукора Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Скончыла Менскі педагагічны інстытут імя А. М. Горкага (1938). Працавала ў БДУ (1943-46, 1959-77), Інстытуце мовазнаўства АН БССР (1946-59). Доктар філалагічных навук (1958), прафесар (1959), заслужаны дзеяч навукі БССР (1971). Памерла 12 лістапада 1977 г.

Асноўныя кірункі навуковых заці-каўленняў М. А. Жыдовіч - гісторыя беларускай мовы і беларуская дыялекталогія. У канд. дысертацыі (1944) даследавала лексічныя, фанетычныя і марфалагічныя рысы помніка бел. пісьменства 16 ст. - Супрасльскага летапісу. У манаграфіі «Назоўнік у беларускай мове. Ч. I. Адзіночны лік» (1969), напісанай на матэрыяле старажытных помнікаў бел. пісьменства, дадзеных народных гаворак і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, твораў беларускіх пісьменнікаў паказала станаўленне сістэмы скланення назоўнікаў, развіццё на працягу стагоддзяў іх граматычных катэгорый - роду, ліку, склонаў, катэгорыі адушаўлёнасці - неадушаўлёнасці і інш. Аўтар высветліла, як сістэма скланення назоўнікаў у беларускай мове ад пяці тыпаў у стараж. часы трансфарма-валася ў працэсе гістарычнага развіцця ў сучасную, якая складаецца з трох тыпаў, і змены адбыліся «не за кошт знікнення таго ці іншага тыпу скланення, а за кошт перагрупіроўкі, выкліканай аб'яднаннем назоўнікаў па граматычнаму роду» (с. 6-7).

Разам з М. В. Бірылам і Ю. Ф. Мац-кевіч М. А. Жыдовіч з'яўляецца аўтарам «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаво-рак і збіранні звестак для складання дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1950). Яна - адзін з аўтараў і рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка менска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1-3, 1970-77), адзін з укладальнікаў «Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі» (т. 1, 1990).

М. А. Жыдовіч удзельнічала ў напісанні першых у беларускім мовазнаўстве калектыўных дапаможнікаў («Нарысы па гісторыі беларускай мовы». Мн., 1957) і падручнікаў («Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія». Мн., 1957) для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэта і пед. інстытутаў. З Я. М. Рамановіч і А. К. Юрэвіч яна з'яўляецца ўкладальнікам «Бібліяграфічнага ўказальніка літаратуры па беларускаму мовазнаўству» (1960), з А. Д. Васілеўскай, Я. М. Рамановіч і А. К. Юрэвіч - бібліяграфічнага паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825-1965)» (1967).


Гістарычны альманах: паўтысячы старонак пра нацыянальнае жыццё

11 кастрычніка ў Гародні былі прэзентаваныя два апошнія тамы недзяржаўнага " Гістарычнага альманаха ", кожны аб ' ёмам па 250 старонак . Ён выходзіць з канца 90- х гадоў , рэдагуюць яго гарадзенскія гісторыкі дактары навук Алесь Краўцэвіч і Алесь Смалянчук . У выданні асвятляюцца тэмы , якія афіцыйная гістарыяграфія замоўчвае або асвятляе аднабока . Альманах з ' яўляецца органам Беларускага гістарычнага таварыства .

Беларускае гістарычнае таварыства - незарэгістраваная арганізацыя, у ёй удзельнічаюць каля пяцідзесяці дактароў і кандыдатаў навук па ўсёй Беларусі. Паводле Алеся Краўцэвіча, выпускаючы свой альманах, яны пасутнасці ратуюць сёння твар усёй беларускай навукі, робячы гэта разам з часопісам "Беларускі гістарычны агляд", што выдаецца ў Менску.

Алесь Краўцэвіч прадставіў апошні - 12-ы том альманаха, што прысвечаны Беларускай сялянска-работніцкай Грамадзе, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў другой палове 20-х гадоў і была разгромлена польскімі ўладамі.

- Забыліся ў Беларусі на юбілей заснавання Грамады, ён не адзначаўся. Хаця гэта самая масавая палітычная партыя ў Еўропе ў свой час была, больш за сто тысяч сяброў, нацыянальны гонар, з выразнай нацыянальнай афарбоўкай і нават з камуністычнай афарбоўкай, што нібы пасуе цяперашнім уладам. Ніхто не адзначаў, мы гэта адзначылі.

Паводле Алеся Смалянчука, сёння ўлады не жадаюць узгадваць ні пра якія гістарычныя падзеі, дзе была прысутнасць беларускага нацыянальнага руху, нацыянальнай свядомасці, бо гэта не ўпісваецца ў рамкі інтэграцыі з Расеяй. Адметнасцю выдаванага імі альманаха Алесь Смалянчук лічыць публікацыю дыскусый на тэмы беларускай гісторыі.

- Фактычна гэта новая з'ява ў беларускай гістарычнай перыёдыцы - публікацыя дыскусый. Мы запісваем іх на дыктафон, а потым пераносім на паперу. І вельмі часта атрымліваецца, што гэтыя дыскусіі аказваюцца значна больш цікавымі, чым многія матэрыялы. Чытаеш іх і адчу-ваеш наколькі жывой можа быць гістарычная навука".

Сяргей Астраўцоў, Гародня.

На здымку: намеснік рэдактара "Гістарычнага альманаху" Алесь Смалянчук (злева) і рэдактар выдання Алесь Краўцэвіч.


Пра праблему беларускіх перакідных календароў

Блізіцца Новы год, і ў рэдакцыю газеты "Наша слова" паступаюць пытанні, дзе купіць беларускамоўны перакідны каляндар. ТБМ своечасова парупілася пра гэта і мае такі адказ з Міністэрства інфармацыі.

Старшыні ГА

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Трусаву А.А .

Аб перакідных календарах

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш ліст з прапановай рэкамендаваць выдавецтву "Беларусь" уключыць у план выпуску на 2007 год некалькі перакідных тэматычных баларускамоўных календароў разгледжаны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Паведамляем, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь выдавецтвы, у тым ліку і дзяржаўныя, валодаюць поўнай творчай і фінансавай самастойнасцю. Органы дзяржкіравання ў іх гаспадарчую дзейнасць не ўмешваюцца і якіх-небудзь указанняў па выпуску тых ці іншых выданняў не даюць.

Інфармуем таксама, што выпушчаны выдавецтвам "Беларусь" перакідны баларускамоўны каляндар на 2005 год "Асветнікі Беларусі", тыраж якога склаў 10 000 экземпляраў, нягледзячы на рэкламу, да гэтага часу не прададзены. Сёння нерэалізаваныя рэшткі названага календара складаюць 3 740 экземпляраў. Ажыццяўленне гэтага праекта абярнулася для выдавецтва прамымі стратамі на суму каля 8 мільёнаў рублёў. Нават больш запатрабаваны сярод пакупнікоў адрыўны каляндар "Родны край", выпушчаны выдавецтвам "Беларусь" у мінулым годзе, прадаваўся даволі марудна. Яго нерэалізаваныя рэшткі па стану на 01.06.2006 складаюць каля 450 экземпляраў.

Выдавецтва "Беларусь", якое зараз знаходзіцца ў цяжкім фінансава-эканамічным стане, павінна вельмі ўзважана падыходзіць да тэматычнага планавання, звяртаючы асаблівую ўвагу на запатрабаванасць будучага выдання ў пакупнікоў і, у канчатковым выніку, на эка-намічны эфект ад яго выдання. Улічваючы вопыт мінулых гадоў і насычанасць рынку ў адпаведны перыяд пера-кіднымі календарамі, у якіх інфармацыя падаецца адразу на дзвюх дзяржаўных мовах, выдавецтвам прынята рашэнне абмежавацца выпускам адрыўнога баларускамоўнага календара на 2007 год "Родны край".

У далейшым пытанне аб выданні перакідных беларускамоўных календароў будзе вырашацца выдавецтвам "Беларусь" з улікам кан'юнктуры рынку.

Намеснік Міністра І.М. Лапцёнак.

Выйсцяў з гэтай сітуацыі ажно два:

1. Масава звяртацца ва ўсе інстанцыі па такія календары і ствараць тым самым "кан'юктуру рынку";

2. Змірыцца з тым, што ёсць.

Яраслаў Грынкевіч.


ЛАЎРЭАТАМ НОБЕЛЕЎСКАЙ ПРЭМІІ ПА ЛІТАРАТУРЫ СТАЎ ТУРЭЦКІ ПІСЬМЕННІК АРХАН ПАМУК

Камітэт па Нобелеўскіх прэміях Шведскай акадэміі аб'явіў імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Ім стаў турэцкі пісьменнік Архан Памук , аўтар раманаў "Чорная кніга", "Мяне клічуць Чырвоны", "Белая цвердзь" і іншых твораў. Нобелеўскі камітэт прысудзіў прэмію "таму, хто ў пошуку меланхалічнай душы свайго род-нага горада здолеў адкрыць новыя сімвалы сутыкнення і перасячэння культур".

Нагадаем, што ў спісе кандыдатаў на атрыманне гэтай самай прэстыжнай міжнароднай узнагароды фігуравалі таксама беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін . Як і іншыя прэтэн-дэнты, за выключэннем спачылых, яны застаюцца сярод кандыдатаў на атрыманне прэміі ў будучым годзе. Так, да прыкладу, народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў не адзін год знаходзіўся ў гэтым спісе. Усяго ж з 1901 года Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымалі 103 чалавекі.

Нобелеўская прэмія - штогадовая ўзнагарода, названая ў гонар яе заснавальніка, шведскага вынаходніка і прамыслоўцы Альфрэда Бернхарда Нобеля (1833-1896). Прэмія прысуджаецца за працы ў галіне фізікі, хіміі, фізіялогіі або медыцыны, літаратуры, эканомікі, а таксама за дзейнасць па ўмацаванні міру.

Юры ДАВІДОЎСКІ, БелаПАН.


РОЛЯ КУЛЬТУРЫ Ў БЕЛАРУСКІМ ВЫЗВОЛЬНЫМ РУХУ

Даклад прэзідэнта Рады БНР Івонкі Сурвілы ў Вільні падчас Дзён беларускай культуры , прысвечаных 100- годдзю "Нашай нівы"

Дазвольце прывітаць ўсіх удзельнікаў гэтае канферэнцыі ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ ўсё на выгнанні і выказаць глыбокую удзячнасць Літоўскай дзяржаве за гэтую магчымасць прыцягнуць увагу на ролю культуры у жыцці нацыі. Хаця Рада БНР заўсёды ўважала адным з сваіх прыярытэтаў абарону беларускай мовы і культуры, якія сталіся найвялікшымі ахярамі савецкага акупацыйнага рэжыму ў Беларусі на сваім паседжанні 12 жніўня ў Нью Ёрку, сябры Прэзыдыюму вырашылі зрабіць актыўнае інфармаванне свету пра беларускую культуру часткай сваёй палітычнай дзейнасці.

Паважаныя ўдзельнікі Канферэнцыі, дарагія сябры! ЖЬІВЕ беларускі народ! ЖЫВЕ Беларусь!

Жывём мы, таму што не гледзячы на дзвесце гадоў здзеку і нішчэння таленты у нас прадаўжаюць расці, як грыбы у лесе.

Пасля свайго павароту з Беларусі амерыканскі пасол Джордж Крол пісаў, што ён так моцна палюбіў Беларусь між іншым таму, што зямля нашая столькі дала чалавецтву вялікіх людзей. Нажаль, мала хто пра гэта ведае.

Чужынцы сістэматычна прысвойвалі іх, пакідаючы нам толькі войны і беды. А ўсё беларускае яны нішчылі. Афіцыйная прапаганда дасюль папракае, што да Першае Сусветнае вайны не было у Беларусі ніводнага універсітэта. Хто ж у гэтым вінаваты? Наш народ заўсёды цаніў адукацыю, але дасюль здабывае яе ў чужамоўных установах, не ў беларускіх.

Але не гледзячы на ўсе высілкі адабраць ад нас гэты наш найвялікшы скарб і нашую культуру, яна жыве.

Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Янка Брыль, Вольга Іпатава, Аляксей Марачкін, сям'я Маркаўцоў і сотні іншых прызнаных пісьменнікаў і мастакоў выраслі і здабылі славу у паняволенай краіне. А колькі тысячаў яшчэ няведамых талентаў родзяцца кожны год на нашай шчодрай зямлі.

Паўтару нажаль свет пра гэта не ведае, нядаўна не ведаў, нават пра існаванне Беларусі. БССР паслухмяна выконвала загады Масквы. У ІSО Міжнароднай Арганізацыі Нормаў нават мову нашую называлі ў калонцы прысвечанай назову мовы на яе бацькаўшчыне "Белорусским езыком". Трэба было Канадзе дамагацца, каб назоў гэты быў зменены на «Беларускую мову».

Эміграцыя зрабіла шмат высілкаў, каб пра Беларусь ведалі. Нашая politique de presence г.зн. старанне быць прысутнымі, часта у вядучых ролях, у шматлікіх міжнародных арганізацыях была адным з нашых поляў акцыі. Але высілкі нашыя не заўсёды давалі спадзяваныя вынікі, бо Бацькаўшчына не толькі іх не падтрымоўвала, а ім пярэчыла. Гэта я асабіста перажыла стараючыся паправіць ілжу, якую пісалі пра нас французкія энцыклапедыі. БССР мела іншыя заданні.

Пасля незалежнасці ў гады адраджэння праца нашая сталася лягчэйшай. Фактычна праз нейкі час мы нават думалі, што нашая роля аджыла свой век, што вольная Беларусь і без нас абыдзецца.

Думалі мы так, праўда не доўга. Хутка сталася відавочным, што свет не звяртае ўвагі на Беларусь. Уся дапамога ішла тым, пра каго ведалі. Беларуская дыяспара пачала арганізоўваць дапамогу сама. У Англіі, у Канадзе, у Амерыцы стварыліся арганізацыі дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, ведаю, што ў Канадзе мы гэтым спрычыніліся да павароту Беларусі на карту свету.

Здабылі мы адначасна такую вялікую колькасць прыяцеляў для Беларусі ў бядзе. Прыяцеляў, якія шчыра палюбілі наш народ і ўсялякімі спосабамі стараліся яму памагчы. Але якім было зусім абыякава, аж пакуль рэжым не пачаў адмаўляць іх дапамогу, хто кіруе краінай і які яе палітычны лёс.

I вось тут паўстала пытанне. Ці робім мы ўсё, што магчыма, каб здабыць прыяцеляў для незалежнай, еўрапейскай дзяржавы, якой мы хочам, каб Беларусь сталася. Я не раз казала моцна у гэта веру што Беларусь страціла сваю незалежнасць у 1918м годзе, таму што не мела сяброў.

Сёння, нашая дзяржава зноў у вялікай небяспецы. Мы, а таксама нашыя добразычлівыя суседзі, вельмі шмат робім, каб не дапусціць да новага паняволення беларускага народу, якой была б анексія ў форме Саюзу з Расеяй. Мы моцна ўдзячныя за дапамогу і супрацоўніцтва Літве, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі. Калі ходзіць пра рэшту вольнага свету, дык з рэдкімі выняткамі, нашыя палітыкі не лічаць інфармацыю пра беларускую культуру часткай свае палітычнае дзейнасці.

Нядаўняе асабістае дасведчанне некалькі дакладаў пра беларускае мастацтва для канадыйцаў звярнула маю ўвагу на ролю, якую можа адыграць нашая культура ды інфармаванне пра яе для асэнсавання Беларусі светам не толькі як, магчыма, найбольш пацярпелай у ХХм стагоддзі зямлёй Еўропы, але і як краінай з развітай культурай, якая заслугоўвае на пачэснае месца між іншымі культурамі свету. Яе нішчэнне цяперашняй ўладай ёсць злачынствам супраць чалавецтва.

Пра гэта мы ў прынцыпе заўсёды ведалі, але, магчыма, нашыя палітыкі не звярталі дастаткова ўвагі на тое, што якраз нашую культуру акупанты вызначылі сваім прыярытэтам для знішчэння. Яны добра ведалі пра ролю культуры ў жыцці. На месца нашай беларускай культуры, падсоўвалі нам, як лепшую навязвалі нам сваю. Гэта мы, безумоўна, бачылі, але не дастаткова пра гэта гаварылі.

Былі на гэта прычыны. Трэба было спешна ратаваць наш народ. Фізічнае вынішчэнне наступствы Чарнобылю не чакалі. Але ці задумаўся хтось, які гэта край Чарнобыль забрудзіў ? Чым ён жыве, што ён стварыў. Пра гэта свет не ведаў. Ведаў пра Чарнобыль і нам спачуваў. Ведаў пра Лукашэнку і не разумеў, чаму ён яшчэ ўсё пры ўладзе. Але пра нашую творчасць, пра нашую прыгожую мову, пра нашую багатую культуру не ведаў. I яшчэ не ведае.

Таму і так цяжка нам здабываць прыяцеляў для незалежнае, поўнавартаснае дзяржавы Беларусі.

Дык што рабіць? Спадзяюся, што мы хоць некалькі адказаў на гэтае пытанне знойдзем падчас гэтае канферэнцыі. З майго боку, я хацела б звярнуць увагу на некалькі спешных нашых заданняў.

За выняткам аднае Анталогіі беларускай паэзіі у перакладзе Веры Рыч нават найвыдатнейшыя творы нашых сённяшніх пісьменнікаў не існуюць у перакладах на мовы свету, даступныя бальшыні чытачоў. Асабіста агітую нашыя фундацыі, каб гэтым заняліся. Дасюль нажаль рэдкія перакладзеныя творы нашых пісьменнікаў перакладаліся з расейскай мовы, у бальшыні выпадкаў не перакладчыкамі, для якіх мова, на якую перакладалі, была роднай, кожны перакладчык і аўтар ведае, што гэта абсурд.

Увагу шматлікіх рапарцёраў, якія пішуць пра Беларусь, трэба прыцягнуць на прыгаство і культуру нашага краю не толькі на яго беды. Прыкладам, у галіне турызму хто ведае, што Беларусь мае такую багатую спадчыну ў стылі барока. А аматараў барока у свеце безліч.

У заходнім свеце Беларусь не здолела дасюль стварыць ніводнай кафедры беларусаведы. Я вырасла ў Францыі. Сваёй культурай Францыя займае сапраўды пачэснае месца між краінамі свету, але для гэтага яна мае ў большых краінаў свету свае інстытуты, свае сярэднія школы, курсы французкай мовы. Гэта робіцца на дзяржаўным узроўні. Тое самае робіць Нямеччына, Англія, Амерыка. Яны разумеюць цану культуры.

На гэтым спынюся. Хацела сёння падзяліцца маімі думкамі пра патрэбу інфармаваць свет пра наш уклад у культурную скарбніцу чалавецтва. Час, каб гэты уклад быў успрыняты светам, як доказ развіцця нашага народу і ягонае спеласці заняць пачэснае месца ў сям'і паўнавартасных дзяржаваў гэтае планеты.

Івонка Сурвіла, верасень 2006 г.


Не збядняць роднай мовы

Гэтыя прыметнікі фіксуюцца тлумачальнымі слоўнікамі як сэнсава тоесныя словы: « Сіняваты , -ая, -ае. 3 сінім адценнем, па колеру блізкі да сіняга. Сіняватыя вочы. Сінявы , -ая, -ае. Тое, што і сіняваты» (Тлумача-льны слоўнік беларускай мовы. Т.5. Кн. 1. Мінск, 1983. С.140). « Белаваты , -ая, -ае. Трохі белы, не зусім белы» (ТСБМ, Т.1, с. 303). « Бялявы , -ая, -ае. Не зусім белы, белаваты» (Тамсама, с.461).

Аднакнігавы тлумачальны слоўнік (1996) падае на сваіх старонках толькі ўтварэнні на -авы, -явы , разглядаючы іх як адэкваты да словаў з суфіксам -ават-/ -яват- . Напрыклад: « Бяля-вы , -ая, -ае. Не зусім белы; белаваты. Узнімаўся бялявы туман » (ТСБЛМ, с.101). « Танклявы , -ая, -ае. Не зусім тонкі, танкаваты» (Там-сама, с.652).

Такіх словаўтвара-льных варыянтаў зафіксавана слоўнікамі шмат: бела-ваты - бялявы, гаркаваты - гаркавы, кіславаты - кіслявы, радкаваты - рад-кавы, русаваты - русявы, саладкаваты - саладкавы, танкаваты - таклявы і інш.

Утварэннямі на -авы, -явы актыўна карысталіся класікі беларускай літаратуры; шырока бытуюць яны ў жывой народнай мове, фальклорных тэкстах і мастацкіх творах сучасных мастакоў слова. Вось некаторыя прыклады: Бялявае месячнае святло лягло на зямлю (Чорны). Іду, а над крыніцаю бялявы туман сцелецца, і дыхае аселіца пахучай медуніцай. (Гілевіч). З другога боку высокая танклявая елка праціскаё скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы (Колас). Вася выбраўся на дарогу і непа-далёк убачыў знаёмую танклявую постаць (Мележ). Пад стрэхамі вісяць ледзякі. У цяні яны сінявыя , на сонцы - празрыста-ружовыя (Бя-дуля). Сінявае неба над галавой стала падобна на вялікае возера (Савіцкі).

Перакладныя акадэмічныя слоўнікі, падаючы ўтварэнні на -авы, -явы як адпаведнікі да рускіх з суфіксамі -оват-, -еват- , звычайна суправаджаюць іх паметай «размоўнае», а нейтральнымі адэкватамі тут выступаюць словы з суфіксамі, супольнымі з рускай мовай: « Кіслявы , разг. кисловатый. Кіславаты, кисловатый» (Беларуска-рускі слоўнік. Т.1. 1988. С. 601, 602). « Сінявы разг. синеватый. Сіняваты синеватый» (Беларускарускі слоўнік, Т.2. 1989. С.463.).

Такую стылёвую кваліфікацыю прыметнікаў на на -авы, -явы ў «Беларуска-рускім слоўніку» 1988-1889 гг. нельга лічыць справядлівай. Тлумачаль-ныя слоўнікі паралельныя ўтварэнні з суфіксамі -ават, -яват- і -ав-, -яв- справядліва разглядаюць як раўнапраў-ныя і ў стылёвых адносінах лексічныя адзінкі. Такую ацэнку гэтых словаўтва-ральных варыянтаў бачым і ў «Слоўніку беларускай мовы. Арфаграфія. Арфа-эпія. Акцэнтуацыя. Слова-змяненне. Мінск, 1987».

Адцісканне ўласна-беларускіх словаў на на - авы-, -яеы- - адэкватаў да рускіх на на -оватый, -ева-тый і замацаванне ў якасці нарматыўных утварэнні з аналагічнымі з рускай мо-вай суфіксамі, відаць, мела на мэце хутчэй наблізіць нашую мову да ўсесаюзнага стандарту - рускай мовы. Між тым беларускім пры-метнікам з суфіксам -ават- (-яват-) у рускай мове ня-рэдка адпавядаюць іншыя лексемы - складаныя сло-вы з другой часткай «-вид-ный, -образный» . Напрык-лад: Зерняваты с.-х. - зерне-видный. Клінаваты - кли-новидный, клинообразный (Беларуска-рускі слоўнік. Т.1. 1988. С.516, 605). Піла-ваты - пилообразный, пи-льчатый. Шылаваты - шиловидный, остроконечный (Беларускарускі слоўнік. Т.2. 1989. С.222, 223).

Як відаць, беларускія прыметнікі з дзвюхфанемным суфіксам -ав- (арфаграфічна і -яв- ) і чатырохфанемным -ават- (-яват-) маюць неадэкватнае з рускай мовай значэнне. Яны досыць «эканомна» выяўляюць сваю семантыку і трывала замацаваліся ў лексікаграфічных даведніках, што знайшло сваё адлюстраванне і ў най-ноўшых слоўніках, напрыклад у трохтомавым «Беларуска-рускім слоўніку» 2003 года, дзе ўтварэнні на -авы, -явы не маюць стылёвых абмежаванняў і падаюцца як нейтральныя словы. Напрыклад: кіслявы - кисловатый, сінявы - синеватый, танклявы - тонковатый і пад.

Павел Сцяцко


Канферэнцыя БАРЦ у Магілёве

7-8 кастрычніка г . г . у ваколіцах Магілёва адбылася канферэнцыя Беларускай асацыяцыі рэсурсовых цэнтраў ( БАРЦ ). Удзел прымалі прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі , а таксама з Менска ( усяго 32 асобы ).

Вёў рэй выканавец абавязкаў кіраўніка БАРЦа Хрыстафор Жэляпаў.

Ад Гарадзеншчыны бралі ўдзел Валеры Задаля (Гародня), Алесь Дзергачоў (Смаргонь), Генадзь Кіенка (Шчучын).

На парадак дня былі вынесены, сярод іншых, пытанні

- Стан сеткі БАРЦа і 3-га сектару;

- Барц як складнік Асамблеі НДА Беларусі;

- Інфармацыйная палітыка БАРЦа.

Інфармацыю па гэтых праблемах зрабілі кі-раўнікі абласных сетак БАРЦа і мясцовых рэсурсовых цэнтраў. Распрацаваны кірункі дзейнасці БАРЦа ў бліжэйшы час.

Што тычыцца Гарадзенскай вобласці, то ёсць неабходнасць прааналізаваць стан дэмакратычных сілаў у кожным горадзе вобласці па кірунках:

- НДА (незалежна ад іх рэгістрацыі);

- Колькасць сяброў (хаця б прыкладная);

- Асобы, з якімі можна падтрымліваць сувязь у сэнсе грамадскага жыцця;

- Людзі цікавых заняткаў (краязнаўцы, народ-ныя ўмельцы, літаратары);

- Актыўная моладзь (студэнты, якія займаюцца ў Гародні).

Калі будуць падведзены канчатковыя вынікі Магілёўскай канферэнцыі, вывучаны стан спраў у нас, то правядзём абласную нараду кіраўнікоў рэсурсовых цэнтраў, дзе вызначымся з магчымай дзейнасцю. Ёсць цікавыя напрацоўкі і праекты.

Валеры Задаля, Гародня.


Беларуская школа ў Гародні была, але ці будзе?

Кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч многа часу аддаў пошукам у Гародні будынкаў , у якіх мясціліся беларускія школы . У нейкім сэнсе яму пашанцавала, бо ў выніку мае багатую інфармацыю…

- Знайсці ў Гародні мясціны, дзе ў розныя часы знаходзілася беларуская школа, было не проста. Ад-нак настойлівасць заўсёды прыводзіць да поспеху. У першую чаргу гэта Барыса-Глебскі манастыр. На мес-цы сучаснага драматычнага тэатра было памяшканне, дзе з 1916 года працавала беларуская пачатковая, а трохі пазней - беларуская прытулкавая школка. Тут жа восенню 1920 года адчы-нілася гарадзенская бела-руская гімназія, якую пазней перавялі ў так званы Архірэйскі дом (зараз вул. Горкага, 2/2).

Менш паўгода праіснавала беларуская школа ў будынку былой Пушкінскай вучэльні (сучасны педагагічны каледж па вуліцы Леніна). Адтуль яна была вымушана перабрацца на вуліцу Палявую (вул. Карбышава, 10), а потым - у былую Марыінскую гімназію (старое крыло дзяржуніверсітэта).

Наступны будынак - Сапёрная, 6 (сучасная вул. Дзяржынскага, насупраць тэатра лялек). Апошняе памяшканне ажно да свайго закрыцця ў 1927 годзе школа мела па вуліцы Паўночнай (Валковіча, 1). Тут знаходзіцца філіял сельскагаспадарчага універсітэта).

- Ужо гэты пералік сведчыць, што беларускае школьніцтва ў Гародні мае сваю гісторыю. Аднак ці можна гаварыць пра першую беларускую школу па ліку наогул?

- Першая беларуская пачатковая школка з'явілася ў Гародні ў красавіку 1916 года. Гэта быў перыяд нямецкай акупацыі. У канцы Першай сусветнай вайны ў Гарадзенскім павеце існавала 17 беларускіх школак, з іх дзве - у Гародні.

Усё змянілася, калі ў траўні 1919 года ў горад прыехаў прафесар Львоўскай семінарыі Рафал Ваз-някоўскі. Ён прыступіў да выканання абавязкаў польскага школьнага інспектара. За кароткі час ягонай працы прозвішча Вазнякоўскі сталася сінонімам польскага пераследавання беларускай асветы.

Кульмінацыя супрацьстаяння польскіх школьных уладаў і мясцовых беларусаў прыйшлася на восень 1919 года. Тады беларуская школа і настаўніцкі Саюз былі выселены з бу-дынка былой Пушкінскай вучэльні. Усё адбылося раптоўна. У час экзаменаў у беларускую школу ўварваліся блізу 20 чалавек на чале з ахоўнікам польскага школьнага інспектара і пачалі забіраць школьныя рэчы. Пры гэтым, ахоўнік паводзіў сябе надзвычай груба, лаяўся, нават выцяў кулаком кіраўніка школы, а таксама параніў руку іншаму настаўніку дзвярыма.

- Беларусы ва ўсе часы цярпелі здзек і пераслед, Але, тым не менш, пакрыху рабілі сваю справу…

- Вясной 1920 года ў горадзе налічвалася тры беларускія школкі - агульная, прытулкавая і занё-манская. У гарадзенскай агульнай школе працавалі Уладзімір Федарук, Іван Тарасевіч, Алена Грынкевіч, Уладзімір Шалешка і Усевалад Аляхновіч. У прытулкавай - Серафіма Кішка, Меланія Алюшкава, Ганна Кухарчук, Аўгення Маль-чэўская. У занёманскай - Дзяніс Мікалай і Драздоўскі Кастусь. Большасць з іх закончыла беларускія на-стаўніцкія курсы ў Вільні.

У час кароткага па-навання бальшавікоў летам 1920 года стан беларускага школьніцтва мала чым змя-ніўся. "Мы просім не літасцівую падачку, - пісалі настаўнікі ў мясцовы Рэўкам, патрабуючы выплаты грошай, - а законную заробленую заплату... Далей так жыць не магчыма. …Няўвага да нашага становішча дасць нам выснову думаць, што нам прыйдзецца і далей працаваць, не ў лепшых варунках, як пры пане Р. Вазнякоўскім... ".

- Вы пералічылі на-стаўнікаў роднай мовы. Але вядома, што адкрыццю беларускай гімназіі спрыялі Браніслаў Тарашкевіч і Ва-цлаў Іваноўскі…

- 29 лістапада 1920 года ў Гродне адчынілася беларуская гімназія. Настаўнікамі працавалі П. Тамашчык, В. Кулікоўскі, У. Курбскі, Я. Натусевіч, Трыпуза, А. Мальчэўская, Г. Кухарчук, М. Алюшкава, С. Баран, Аляксандра Смоліч. Да іх праз кароткі час далучыўся С. Рак-Міхайлоўскі.

Для іншагародніх вучняў пры гімназіі існавала "бурса" (інтарнат) па Ерусалімскай вуліцы (сучасная Антонава). Спіс рэчаў, якія трэба было мець, каб пасяліцца ў бурсе, быў даволі вялікі - сорак фунтаў жытняй і дзесяць ячменнай мукі, дзесяць - крупаў, два фунты сала, свой ложак, сяннік і два камплекты спальнай бялізны…

Сапраўды, шлях да ведаў быў для беларуса не простым.

Тым не менш, польская ўлада толькі чакала зручнага моманту, каб кан-чаткова расправіцца з беларускім рухам. І ў першую чаргу - з беларускай адукацыяй. "У апошні час, - чытаем ў мемарыяле Гарадзенскага БНК, - пачалася кампанія супраць беларускай асветы. Так, напрыклад, кіраўнікамі беларускіх школ прызначаюць палякаў і ім выдаюць надбаўкі, тады як беларускія настаўнікі ніякіх даплат не атрымоўваюць. Для гімназіі наогул не адпускаецца ніякіх сродкаў, таму ў гэтым навуча-льным годзе яна не распачне заняткаў…".

- Такія адносіны да беларускага навучання не маглі не сказацца на беларускай школе…

- У Гарадзенскім павеце на 1921 год засталося толькі чатыры беларускіх школкі. Апошняя, у Гародні, ужо сваім выглядам павінна была адштурхоўваць бацькоў ад жадання аддаваць сюды сваіх дзяцей. "Адзіная беларуская школа ў Гародні, - пісала "Сялянская праўда", - знаходзіцца ў страшэнным заняпадзе. Улады не дазваляюць адчыніць апошняй клясы, і вучні змушаны, каб скончыць школу, паступаць да польскай".

Апошнія гады ў гарадзенскай 7-мі класнай беларускай школе працавалі: Мікалай і Марыя Андрушэвічы, М. Гаўрылюк, М. Жэжнеўская, З. Зяленская, Я. Ярашэвіч і М. Яр-маловіч. Нязменным дырэктарам на працягу амаль шасці гадоў заставаўся Уладзімір Федарук. Пасля ліквідацыі школы летам 1928 года ён кіраваў курсамі беларускай мовы для настаўнікаў мясцовых школ.

Напрыканцы 20-х гадоў пасольскі клуб "Змаганне" зрабіў спробу адрадзіць беларускую асвету ў горадзе. Нават рабіў захады па адкрыццю беларускай гімназіі! У Гародні двойчы быў пасол (дэпутат) Грэцкі, які даў даручэнне мясцоваму ТБШ знайсці адпаведнае памяшканне і дамовіцца з настаўнікамі, у тым, з ліку выпускнікамі Пражскага універсітэта. Аднак ў хуткім часе адбыўся разгром беларускіх арганізацый, таму гэтыя планы не ажыццявіліся.

- Пасля, у верасні 1939 года, зноў вызваленне прынесла на штыках Чырвоная Армія. Беларуская школа павінна была святкаваць сапраўднае адраджэнне…

- Так, трывала і надоўга ўсталявалася Савецкая ўлада. Аднак беларуская асвета аказалася "падарункам данайцаў". Папросту навучанне па-польску настойліва перараблялася ў навучанне па-руску. Сапраўдны сэнс той палітыкі стаў зразумелым толькі зараз. Цяпер у беларускай Гародні не засталося ніводнай беларускай школы.

- Узнікае думка, што беларускае навучанне і бе-ларуская школа ў 20-я гады былі таму, што ўладу ў горадзе нейкі час трымалі менавіта беларускія патрыёты. Як толькі прыходзілі "вызваліцелі", то адразу рабілі ўсё на свой капыл…

- Не хацелася б так меркаваць, але гістарычная рэтраспектыва сведчыць менавіта пра гэта.

Гутарыў Антон Лабовіч.


ЯНУ ГРЫБУ - 70

14 кастрычніка гэтага года справіў 70- гадовы юбілей нязменны старшыня арганізацыі ТБМ Кастрычніцкага раёна г . Менска Ян Янавіч Грыб . Напярэдадні гэтай даты размову з ім для "Нашага слова" правяла Алена Анісім.

Ян Янавіч, думаю, што чытачам "Нашага слова" будзе цікава даведацца пра Вас больш падрабязна. Раскажыце, адкуль Вы родам, хто па прафесіі.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на беларускім Палессі сярод густых лясоў у вялікай сям'і нарадзіўся хлопчык Янка. Рана застаўся без бацькі. Справа ў тым, што перад вайной яго хацелі раскулачыць і завезці з усёй сям'ёй у Сібір, як рабілі з многімі спраўнымі гаспадарамі. Адзін знаёмы падказаў, што ў раёне патрэбны фінінспектар, і бацька як чалавек пісьменны і разумны мог бы працаваць на гэтай пасадзе. Дзякуючы гэтаму сям'я ўцалела ад пагрозы раскулачання. Але з прыходам немцаў нехта данёс пра гэты факт супрацоўніцтва з Савецкай уладай, і бацьку на 5ы дзень вайны забілі немцы. А па матчынай лініі ўсіх дзядзькоў расстраляў Сталін.

Застаўшыся без гаспадара, маці з малымі дзецьмі начамі ўцякала пад Баранавічы да радні. Пасля вайны, каб як уладкавацца, дзеці папрыпісвалі гады і разляцеліся па свеце. Браты мае падаліся ў тагачасны Ленінград у ФЗВ, а я трапіў пад Кіштым. Вывучыўся на газазваршчыка. Там жа скончыў аэраклуб. Лёс закінуў аж пад кітайскую мяжу. Лятаў паўтара гады. Пасля камісія спісала па стане здароўя. Для мяне гэта была трагедыя. Шчыра прызнацца, да гэтага часу перажываю. Нічога болей не трымала мяне на чужыне, вырашыў вярнуцца на радзіму. Бо ўжо ў той час уведаў, што такое настальгія. Так трапіў у Менск, паступіў у БДУ на фізфак, аддзяленне радыёфізікі і электронікі, скончыў у 1965 г. Шмат гадоў працаваў на "Інтэграле", пасля перайшоў працаваць у вучэльню электронікі. З выкладчыка па электронным абсталяванні пайшоў на пенсію.

Як Вы прыйшлі ў ТБМ ?

Падчас перабудовы ў мяне пачаўся больш асэнсаваны шлях да беларускасці. Дагэтуль я таксама задумваўся над такім пытаннем: Чаму мы, беларусы, так рахмана ідзём на асіміляцыю?

Першай арганізацыяй беларускага грамадскага руху для мяне стаў "Мартыралог", затым стварыўся БНФ. У сваім Кастрычніцкім раёне я арганізоўваў структуру БНФ. А затым было створана Таварыства беларускай мовы, да чаго я далучыўся таксама. Дарэчы, ва ўжо згаданай вучэльні электронікі за тры гады да пенсіі я чытаў лекцыі па электроніцы пабеларуску. І яшчэ адзін штрых. Калі ў 90я гады грамадзяне паверылі ў свабоду, я утварыў АТ "Кросны". Дакументацыю мы вялі пабеларуску, уключаючы кампутарныя праграмы. Да нас завітвалі сябры беларускай дыяспары з Кліўленда, Аўстраліі. Моцна падтрымлівалі нас з Мінгарвыканкама, некаторыя тагачасныя дэпутаты Вярхоўнага Савета. Пасля змены ўлады мы, як камерцыйная структура, самараспусціліся. Аналізуючы, што сталася з многімі прадпрымальніцкімі структурамі за гэты час, лічу, што зрабілі правільна.

Ян Янавіч, паколькі Вы даўні сябра ТБМ, падзяліцеся сваім меркаваннем, якая самая эфектыўная форма дзейнасці нашай арганізацыі?

Папершае, добра, што ў нашай арганізацыі ёсць газета. Кепска, што мы слаба яе распаўсюджваем. Падругое, падчас дзейнасці нашай раённай арганізацыі мы некалькі гадоў праводзілі наступную работу ў дзіцячых садках, школах сумесна з Універсітэтам культуры: ладзілі вечарыны. Тэмы мы выбіралі такія, якіх не было ў навучальных праграмах. Напрыклад, развіццё музычнага мастацтва ад старажытнасці і да сучасных дзён. Запрашалі вядомых бардаў, гісторыкаў і іншых спецыялістаў. Такім чынам, гісторыя, культура, асветніцтва выступалі ў адзінстве. Гэтыя мерапрыемствы мелі каласальны поспех. На вялікі жаль, апошнія гады два правесці такога роду сустрэчы немагчыма па прычыне баязлівасці дырэктараў школ і вучэльняў. Акрамя таго, гэта ж патрабуе і матэрыяльных выдаткаў. Ну і безумоўна, збор подпісаў грамадзян за ужыванне беларускай мовы ў многіх сферах нашага жыцця таксама надзвычай карысная і патрэбная справа.

Апошняе пытанне. Пра што марыце для сябе, для нашай арганізацыі, для роднай Беларусі?

Калі мая ўнучка была малая (гадоў з шэсць назад), я ёй сказаў, што да Бога можна прамаўляць на сваёй роднай мове і малітва будзе пачутая. Аднойчы міжволі я аказаўся сведкам, як мая ўнучачка малілася. Даруйце, я не магу пра гэта казаць без слёз. Яна прасіла ва Ўсявышняга, каб беларуская мова і культура паважаліся на Беларусі і квітнелі. Гэта і ёсць мая мара.

Дзякуй Вам за размову. Мы жадаем Вам добрага здароўя і здзяйснення не толькі Вашай, а і нашай агульнай мары.


Успаміны Эдварда Вайніловіча

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Губернатарства ў Менску было нялёгкай працай. Напрыклад, падчас адной з дэманстрацый моладзі Менска быў такі выпадак, калі тагачасны губернатар граф МусінПушкін, каб прадухіліць бурныя эксцэсы і захаваць адносны парадак і спакой, сам пайшоў разам з моладдзю (16 лютага 1905 г), за што быў адхілены ад пасады.

Але вернемся да нашай агульнай тэмы. Параза ў Японскай вайне, з'езды земцаў, пастановы і нарады сходаў землеўладальнікаў і шляхты, працоўны рух усё гэта, нарэшце, прымусіла ўрад задумацца над правядзеннем рэформаў. Адзін за адным пачалі выходзіць "свабодалюбныя" маніфесты: 6 жніўня 1905 г., 17 красавіка 1905 г., 26 лютага 1906 г.

Самае вялікае ўражанне, выклікаў Указ ад 17 красавіка 1905 г., які прадастаўляе волю веравызнання. Я памятаю, быў першы дзень Вялікадня, калі перад замкам у Савічах спынілася паштовая карэта з прыбылым да мяне нарачным, які прывёз з Менска радасную вестку. Гэты Ўказ выклікаў моцныя эмоцыі, папершае, таму, што закранаў самыя адчувальныя струны чалавечай душы, а менавіта яго сумленне; а падругое, калі для правядзення ў жыццё іншых указаў патрэбныя былі яшчэ адпаведныя акалічнасці, то тут кожны быў сам сабе і гаспадар, і суддзя. Хоць, як пазней аказалася, і ў гэтай вобласці мае веды спатрэбіліся.

Я тут жа адправіўся на святочнае Богаслужэнне ў прыходскі касцёл у Цімкавічах і распавёў аб гэтым плябану і шматлікай дробнамаянтковай шляхце, якая сабралася тут. Радасці не было канца. Толькі за адзін дзень некалькі чалавек, сілком прылічаных да пануючай рэлігіі, заявілі аб сваёй прыналежнасці да каталіцкага Касцёла, а форму для падобных заяў я асабіста склаў у плябаніі, каб ужо ў гатовым выглядзе раздрукаваць і перадаваць зацікаўленым асобам. Затым гэтая форма была перададзеная мітрапаліту Шэмбеку, які ўлетку гэтага ж года наведаў з візітам Менск і Нясвіж. Мітрапаліт гэтую форму зацвердзіў і рэкамендаваў святарству.

Хачу адзначыць, што ўказам ад 17 красавіка 1905 года скарысталася вялікая колькасць людзей, якія знаходзіліся ва ўмовах навязанага праваслаўнага веравызнання. Але пасля таго, як пытанні былі ўрэгуляваныя, хваля актыўнасці паступова спадала, а жыццё ўваходзіла ў старое рэчышча, без ускладнення адносін паміж людзьмі, якія належаць да розных канфесій. Адзінае, што стала больш прыкметным, гэта вялікая стараннасць у пытаннях набожнасці і пышнасці абрадаў сярод праваслаўнага насельніцтва, якое раней разлічвала на прывілеі пануючага веравызнання і прававую апеку.

Аднак, вярнуся да ўжо згаданаму візіту Яго Высокапраасвяшчэнства мітрапаліта Шэмбека ў Менск, паколькі ён стаў вялікай падзеяй для нашай правінцыі.

Менская епархія была створаная 15 лістапада 1798 г. на падставе распараджэння Папы Пія VI і згоды імператара Паўла I.

Першым Менскім біскупам і заснавальнікам у Менску Дабрачыннага Таварыства быў Якуб Дзядзерка, дарэчы, далёкі сваяк нашай сям'і, які падарыў чары для хатняй капліцы ў Савічах. Таму таксама ў presbiterium (алтарнай частцы) Менскага Кафедральнага сабора доўгі час віселі партрэты імператара Паўла I і біскупа Дзядзеркі, не ведаю, чаму іх пазней прыбралі. Затым, пасля падзей 1863 года, а дакладней у 1869 годзе, апошні біскуп Адам Вайткевіч быў высланы, а епархія зачыненая ўрадам. Аднак, гэтае скасаванне не было прызнана Апостальскім Пасадам, і кожны Мітрапаліт Магілёўскі, атрымліваючы прызначэнне на пасаду, павінен быў дадаткова атрымліваць "экзэкватар" на Менскую епархію. Такім чынам, пасля 50гадовага перыяду пераследаванняў і кіравання ў прыходах і дэканатах Кулакоўскіх, Юргевічаў і Санчыкоўскіх "et tutti quanti" прыезд у Менск Менскага Мітрапаліта і біскупа стаў знамянальнай падзеяй, а прадстаўнічая асоба Шэмбека больш за ўсё гэтаму імпанавала.

Адбылася гэтая падзея ў 1905 годзе. Цягнік прыбыў на Віленскі вакзал. Прадстаўніцкія пакоі вакзала былі "ad hoc" адчыненыя. У іх чакалі дэлегаты ад горада і правінцый. Мітрапаліт у парфіры і доўгай мантыі ўваходзіць, дабраслаўляючы па дарозе прысутных, якія станавіліся на калені. Пасля майго кароткага вітальнага выступу Мітрапаліт сеў у адкрыты ландо, і мы накіраваліся ў бок Кафедральнага сабора. Праязджаючы па галоўных вуліцах горада, Мітрапаліт дабраслаўляў сабраных вернікаў, якія прывіталі высокага дзеяча канфесіі, само існаванне якой на працягу доўгага перыяду знаходзілася пад пытаннем. Назаўтра адбыўся ўрачысты ўезд у Кафедральны сабор і, натуральна, абед з прамовамі і шэрагам афіцыйных візітаў, як гэта звычайна бывае ў такіх выпадках.

Прадстаўнічая знешнасць і манера трымацца, тактоўныя паводзіны і годнасць Мітрапаліта зрабілі моцнае ўражанне на менскіх службоўцаў. Святарства, якое гэтулькі гадоў не мела правадыроў, праніклася павагай да духоўных улад, а насельніцтва спакоем, бачачы ў асобе Мітрапаліта Шэмбека, моцнага духоўнага настаўніка і абаронцу.

Не меней годным, а, магчыма, нават больш урачыстым, быў наступны выезд Мітрапаліта ў Нясвіж, прымеркаваны да цырымоніі пахавання ўладальніка маярата князя Антонія, памерлага ў Берліне 4 снежня 1904 г. Князь Антоні быў часова пахаваны ў Пшыгодзіцах (каля Познані). Улетку на ўрачыстае перапахаванне князя ў сямейным склепе маярата ў Фарным касцёле Нясвіжа прыехаў Мітрапаліт.

Мітрапаліт быў сустрэты конным початам, які складаўся з мясцовай дробнамаянтковай шляхты ў Гарадзеі (Замір'і) на чыгуначнай станцыі, размешчанай за дзве мілі ад Нясвіжа. Почат, узначалены другім сынам князя Ежым Каралем Радзівілам, на добрых конях суправаджаў яго да самога Нясвіжа.

Недалёка ад былога касцёла Айцоў бернардынаў, (у будучым царквы), была ўсталяваная трыумфальная арка, поруч якой па ўсеагульным жаданні і ўхвале я сустрэў Мітрапаліта вітальнай прамовай. Яго Праасвяшчэнства быў апрануты ва ўрачыстыя адзенні. Пад звон званоў ён у маім суправаджэнні ўвайшоў у Фарны касцёл, адкуль пасля адпраўлення малітвы накіраваўся ў пакоі замка. Але літаральна адразу ж адчуў недамаганне, прычым у такой ступені, што ў пахаванні князя Антонія прыняць удзелу не змог. Гэта было пачаткам цяжкай хваробы. мітрапаліта, ад якой ён ужо не змог акрыяць. Хвароба зламала ў росквіце сіл чалавека, неабходнага нашай дзяржаве для вяртання незалежнасці і павагі да нашых грамадзян пецярбургскімі ўладамі, якім ён імпанаваў сваёй адукацыяй, графскім тытулам і тактам. Падуладнае яму святарства змушанае было выконваць уведзеную ім строгую дысцыпліну, якая расхісталася з прычыны доўгай адсутнасці пастырскай улады.

З гэтага моманту падзеі ў краіне пачынаюць імкліва развівацца. Выйшаў Указ аб прызначэнні выбараў у заканадаўчыя палаты, гэта значыць у Думу і Дзяржаўную Раду. Пачатак працы быў абвешчана на 27 красавіка 1906 года. Менская губерня павінна была накіраваць у Дзяржаўную Раду толькі аднаго чальца, абранага на з'ездзе землеўладальнікаў, якія маюць юрыдычна пазначаны цэнз. А ў Думу губерня накіроўвала 9 дэлегатаў, сярод якіх 8 прадстаўнікоў ад насельніцтва незалежна ад саслоўя. Выбары ў Думу праходзілі ў губернскім горадзе не непасрэдна, а з ліку абраных на павятовых сходах.

Паколькі Аграрнае Таварыства было арганізацыяй, якая ахоплівала ўсе сферы дзейнасці землеўладальнікаў, а першае выбарчае права амаль выключна перадавала выбары ў рукі гэтага класа, натуральна, што сярод чальцоў Таварыства закіпела праца. У губерні і паветах пачалі праводзіцца з'езды, паседжанні, ствараліся выбарчыя камітэты.

Напярэдадні агульнага перадвыбарнага збору ў салонах спадарыні Кастравіцкай сабраліся ўплывовыя асобы, каб распрацаваць асноўныя прынцыпы гэтага мерапрыемства.

Гаворка ішла не толькі аб вылучэнні кандыдатаў, але і аб прынцыпах іх вылучэння. Адны прапаноўвалі правесці выбары такім чынам, каб былі прадстаўленыя ўсе нацыянальнасці і ўсе сацыяльныя класы. Іншыя настойвалі на тым, каб у перадвыбарнай барацьбе кожны мог выпрабаваць свае магчымасці і перавагі, і прыхільнікамі сваіх поглядаў укамплектаваць заканадаўчы орган. Меркаванні разыходзіліся, вялася вострая дыскусія. Першы прынцып, прапанаваны мной, быў падтрыманы з перавагай у адзін голас, аддадзены ў апошні момант шаноўнейшым Аляксандрам Скірмунтам. Такім чынам, было вырашана аддаць адзін голас у Думе землеўладальніку расейскага паходжання, паколькі колькасць расейскіх абшарнікаў у губерні дзякуючы Снежаньскаму Выключнаму Праву было досыць вялікім, і было б неразумным ігнараваць іх права. Аднак; назаўтра, на агульным перадвыбарным сходзе галасы размеркаваліся паіншаму, і для таго, каб забяспечыць перавагу пры канчатковым галасаванні, прыйшлося ўступіць у блок з яўрэйскай партыяй, а таксама з гарадской, забяспечваючы голас Розенбаўму і адвакату Янчэўскаму. Такім чынам, падчас афіцыйнага галасавання ў дваранскай зале пад старшынствам маршалка А.З. ДалговаСабурава, у якасці дэпутатаў у Дзяржаўную Думу ўвайшлі наступныя асобы: ад буйных землеўладальнікаў Раман Скірмунт, князь Еранім ДруцкіЛюбецкі, Яўстах Любаньскі і Вішнеўскі; ад дробных землеўладальнікаў Мар'ян Масоніюс; ад гарадской інтэлігенцыі адвакаты: Аляксандр Лядніцкі і Віктар Янчэўскі; ад яўрэйскай грамады адвакат Розенбаўм; ад сялян Голоўчыц. Прадстаўнікі сялянскай партыі, старшынём якой быў валасны пісар Грудзінскі (пазней нацыяналіст), некалькі раз прыходзілі да мяне, імкнучыся перавабіць на свой бок як мінімум палову галасоў. Але гэта было непажаданым, бо гэтая партыя дзейнічала з дабраславення мясцовага архірэя і была настроеная ў духу нацыянальнага сацыялізму. Як аказалася, падчас выбараў у 2ю Дзяржаўную Думу "першыя скрыпкі" яна ўсётакі "прыбрала да рук". Такім чынам, было б неразумным адмаўляцца ад сваіх правоў ў яе карысць. У Думу балатаваўся таксама горача падтрымоўваны прафесарам Мар'янам Здахоўскім Мікалай Бжэскі дырэктар дэпартамента ў Міністэрстве скарбу, які валодае невялікім маёнткам у Барысаўскім павеце, паляк, жанаты таксама на прыгожай польцы (абодва праваслаўныя), чалавек вялікага таленту, працавіты і любячы свой Край. Нягледзячы на высокую пасаду, веравызнанне і месца сваёй працы, ён узначальваў у Пецярбурзе Польскі дом, у якім і мне не раз даводзілася бываць падчас знаходжання ў сталіцы, як і на выдатнай яго дачы, размешчанай у Terjokach. Але Бжэскі, які мог бы быць кампетэнтным прадстаўніком у думскіх камісіях, саступіў сваё месца больш вядомым і папулярным у правінцыі кандыдатам.

(Працяг у наступных нумарах.)


Новыя кнігі на сядзібе ТБМ

Новыя ды рэдкія кнігі, слоўнікі, энцыклапедыі ("Беларуская мова", "Археалогія і нумізматыка Беларусі", "Этнаграфія Беларусі"), беларускую музыку ды фільмы на CD можна прыдбаць, наведаўшы менскую сядзібу ТБМ з панядзелка па пятніцу (15.00-19.30). Тэл.: 8-029 7074001. Апошняя з тутэйшых музычных навінак - "Беларускія народныя казкі" на CD.


АБВЕСТКА

Людміла Дзіцэвіч запрашае шточацвер а 18-й гадзіне на творчыя сустрэчы па тэме: " Я магу жыць лепей ". Наступная сустрэча 19-га кастрычніка а 18-й гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасу: Румянцава, 13.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX