Вярнуцца: 2006

№ 43 (779)


Крыніца: pawet.net.



№ 43 (779) 25 КАСТРЫЧНIКА 2006 г.


МІКОЛУ ГІЛЮ - 70

ГІЛЬ Мікола (сапр. Г і л е в і ч Мікалай Сымонавіч; н. 15.6.1936, в. Слабада Лагойскага р-на Менскай вобл.), бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). З 1961 у газ. «Літаратура і мастацтва» (у 1990-96 гал. рэдактар); у 1972-77 у час. «Маладосць». Друкуецца з 1952. Першая кн. апавяданняў «Ранішнія сны» (1973) прысвечана нашаму сучасніку. Героі Г. звычайна гараджане ў першым пакаленні, таму характары іх выяўляюцца на псіхал. стыку горада і вёскі. У аповесцях «Слабодскі парламент» (1968), «Вяртанне» (1972), «Тацянін чэрвень» (1976), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1981), «Дзень пачаўся» (1984) і інш. выяўляе высокія маральныя якасці вяскоўцаў, спрадвечную нар. мудрасць, вернасць роднаму куту. Упершыню ў бел. л-ры ставіць праблему вяртання былога вяскоўца з горада ў вёску. Піша і для дзяцей («На лясной вуліцы», 1975; «Самы галоўны чалавек», 1980; «Ёсць на зямлі крыніца», 1983). На бел. мову пераклаў раман В. Бубніса «Пад летнім небам», аповесці І. Эркеня «Сям'я Тотаў», «Выстаўка ружаў» (з Л. Каўрус), аповесць "Кат" і раман "Карлік" П. Ф. Лагерквіста (з Г. Шупенькам.)


ХV з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў

22 кастрычніка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры прайшоў XV чарговы справаздачна-выбарчы з'езд грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікаў" (СБП).

З 494 зарэгістраваны сяброў СБП на з'езд сабралася 272 дэлегаты, што бы-ло прыемнай нечаканасцю нават для кіраўніцтва Саюза. Ва ўмовах стварэння альтэрнатыўнага грамад-скага аб'яднання - Саюза пісьменнікаў Беларусі - і стратай Саюзам беларускіх пісьменнікаў сваёй уласнасці, а таксама няпэўнага стаўлення да СБП некаторай часткі літаратараў пісьменнікі Беларусі праявілі самаадданую мужнасць, не кінуліся наўцёкі з апальнага Саюза, а пацвердзілі, што іх гонар і годнасць вышэй за любую кан'юктуру, а іх адданасць Беларусі, беларускай літаратуры, мове, культуры не можа нікім ставіцца пад сумніў. Дэлегаты з'езду пацвердзілі сваё сяброўства ў шэрагах СБП, астатнія сябры Саюза змогуць зрабіць гэта шляхам падачы адпаведных заяваў

На парадак дня з'езду былі вынесены справаздачны даклад старшыні СБП Алеся Пашкевіча, Рэвізійнай камісіі, выступленні літаратараў і гасцей, выбары кіраўніцтва аб'яднання і прыняцце рэзалюцыі.

Аднак дэлегатаў з'ездзу хвалявалі не гэтулькі чысціня шэрагаў і выбары-перавыбары, колькі будучыня Саюза, вясёлкавым якое не назавеш. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч адзначыў, што ніколі перш беларускія пісьменнікі не збіраліся на свой з'езд у такіх неспрыяльных умовах: "Амаль як падпольшчыкі ў часы акупацыі, сабраліся пагаварыць пра свае прафесійныя справы і клопаты людзі, якія самааддана працуюць на ўзбагачэнне духоўных скарбаў народа, на ўзвышэнне аўтарытэту краіны..., на гонар і славу Бацькаўшчыны".

Пытанне недаўмення: як так можа быць, што родная, незалежная дзяржава Беларусь так гняце і цісне людзей, якія больш за ўсё ў жыцці гэтую Беларусь любяць, чулася ў словах і чыталася ў вачах дэлегатаў з'езда. Гэтае пытанне вісела ў паветры, гэтае пытанне дэлегаты павезлі з сабой. На гэтае пытанне многія спрабавалі адказаць. Ці адказалі, не так важна, важна тое, што ўсе пераканаліся, што такіх адносін дзяржавы да сваіх творцаў быць не можа, бо гэта не правільна, не рацыянальна, не па-людску і тым больш не па-Боску.

(Працяг на ст. 2-3.)


Магілёўскай абласная канферэнцыя ТБМ

19 кастрычніка адбылася канферэнцыя Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Заслухаўшы справаздачы намесніка старшыні Алеся Агеева, старшыні рэвізійнай камісіі Міхася Булавацкага, дэлегаты канферэнцыі абралі новы склад рады, рэвізійнай камісіі. Старшынём арганізацыі абраны дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя Аркадзя Куляшова, кандыдат філалагічных навук Яраслаў Клімуць, яго намеснікамі - Наталля Лебедзева, Алег Дзячко - кіраўнік Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Наш кар.


Зьніч прапанаваў гімн пісьменнікаў

Выступаючы на 15- м з ' ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў паэт Зьніч ( інак Мікалай ) прапанаваў гімн пісьменнікаў . Хоць такога пункта ў павестцы дня не было, мы лічым важным давесці гэтыя радкі да нашых чытачоў.

..ня хлебам адзіным жывы чалавек...

а перад усім - Словам Божым...

і ведаў наш брат-беларус зь веку ў век:

маліся, працуй - і Гасподзь дапаможа...

...творым запаветнае...

бурым запаветнае...

Госпадзі, немачным дапамажы,

каб з Богачалавекам агульначалавечык

нарэшце злучыўся й па-Божаму жыў...


...Бог -

Валадар ўсіх багацьцяў Сусьвету...

мы - толькі міг- карыстальнікі іх...

дай, каб Табою пастаўленай мэтай

мы кіраваліся ў дзеях сваіх...


... творым запаветнае,

бурым запаветнае...

Госпадзі, немачным дапамажы,

каб з Богачалавекам агульначалавечык

нарэшце злучыўся й па-Божаму жыў...


...перабудовамі ды рэвалюцыямі

сытыя мы аж да горла й вышэй...

Вечнай Нябеснай Тваёй Канстытуцыяй,

Божа, пакрый нас і нашых дзяцей...


...творым запаветнае...

бурым запаветнае...

Госпадзі, немачным дапамажы,

Каб з Богачалавекам агульначалавечык

Нарэшце злучыўся й па-Божаму жыў...

ЗЬНІЧ.


ХV з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў

На з'ездзе выступалі, як знакамітыя пісьменнікі, так і маладыя сябры Саюза. У самым пачатку слова мелі сябар рады ТБМ пісьменніца Вольга Іпатава і Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

У сувязі з неардынарнымі ўмовамі правядзення з'езду замежных гасцей было не шмат, але шчыры сябар Беларусі старшыня Нацыянальнай суполкі пісьменнікаў Украіны, старшыня камісіі Вярхоўнай рады Украіны Валадзімір Яварыўські з Кіева прыляцеў. Ён не толькі вітаў з'езд і абяцаў усебаковую падтрымку, але і ўручыў відным беларускім пісьменніка залатыя адзнакі украінскай пісьменніцкай арганізацыі, а старшыню СБП Алеся Пашкевіча перавязаў вышываным украінскім ручніком.

Віншаванні з'езду і абяцанне сваёй усебаковай падтрымкі даслала старшыня Саюза пісьменнікаў Масквы Рыма Казакова. Гэта пры тым, што беларускія ўлады абвінавачваюць СБП ў русафобіі, нацыяналізме і шавінізме.

Празаік Алесь Пашкевіч абраны старшынём Саюза беларускіх пісьменнікаў на другі тэрмін. Такія вынікі безальтэрнатыўнага галасавання.

Апрача Пашкевіча на пасаду старшыні саюза былі прапанаваныя кандыдатуры паэтаў Сяргея Законнікава і Міхася Скоблы, але яны ўзялі самаадводы. Па выніках галасавання Алесь Пашкевіч набраў 249 галасоў з 261.

Былі абраны Рада СБП ў складзе 35 чалавек і Рэвізійная камісія ў складзе 5 чалавек.

Кандыдатуры чатырох намеснікаў старшыні аб'яднання будуць зацверджаны на пасяджэнні рады СБП, што адбудзецца ў найбліжэйшымі днямі.

Нагадаем, першы раз Алесь Пашкевіч быў абраны старшынём СБП у 2002 годзе на XIV з'ездзе творчага аб'яднання.

Перад новым кіраўніцтвам аб'яднання стаяць вельмі важныя задачы па арганізацыі працы ў новых умовах, без усялякай надзеі на дапамогу з боку дзяржавы. Апрача таго, неабходна вырашыць праблему з памяшканнем для Саюза, а таксама выдання сваёй газеты.

ХV з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў - ззаду, творчасць і праца - напера-дзе.

Наш кар


Чытачам патрэбна добрае, шчырае, праўдзівае пісьменніцкае слова

(Слова Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча па адкрыцці ХV з'езду беларускіх пісьменнікаў)

У пятнаццаты раз за амаль тры чвэрці стагоддзя беларускія пісьменнікі сабраліся на свой з'езд.

На чатырнаццаці з іх ваш пакорны слуга быў: адзін раз у 1949 годзе, з гасцявым білетам, і трынаццаць разоў - як дэлегат.

Што нас, працаўнікоў на ніве беларускай літаратуры, збірала раней, у былыя часы, і што сабрала сягоння? Можна сказаць і так: жаданне пабачыцца, паглядзець адзін адному ў вочы, спытаць пра здароўе, пра што новенькае напісаў ці напісала. І гэта праўда. Ну вядома ж: і пабачыцца, і спытаць. Але перш за ўсё, я думаю, нас сабрала неабходнасць пераканацца, што мы - разам, пераканацца, што мы - паранейшаму адзінаверцы, што нас, як і ўчора і заўчора, яднае памяць і запавет папярэднікаў яднае вялікая непарыўная традыцыя служэння роднаму слову, роднаму народу, яднае сыноўскі клопат пра лёс МаціРадзімы, пра лёс Бацькаўшчыны.

Увогуле пісьменніцкі з'езд - гэта свайго роду агледзіны, падсумаванне вынікаў працы за апошнія гады, разгляд і абмеркаванне жыццёваважных задач і праблем развіццця нацыянальнай літаратуры, культуры, духоўнага стану грамадства ў цэлым. Скажам адразу: яшчэ ніколі беларускія пісьменнікі не збіраліся на свой з'езд у такіх неспрыяльных, нялюдскіх умовах. Амаль як падпольшчыкі ў часы акупацыі, сабраліся пагаварыць пра свае прафесійныя справы і клопаты людзі, якія самааддана працуюць на ўзбагачанне духоўных скарбаў народа, на ўзвышэнне аўтарытэту краіны, ці, кажучы высокім стылем, на гонар і славу Бацькаўшчыны. І "забяспечыла" нам гэтыя экстрэмальныя ўмовы ніхто іншы, а свая родная ўлада, свая дзяржава, якая адабрала ў нас, літаратараў, наш родны дом і выкінула Саюз беларускіх пісьменнікаў на вуліцу - Саюз, які сярод усіх іншых творчых саюзаў рэспублікі заўсёды быў галаўным, першым, вядучым у жыцці грамадства. Дарэмна радавалася ўлада. Наш Саюз быў, ёсць і будзе галаўным, першым! Бо гэта не чыясьці прыхамаць, гэта прадвызначана самім Госпадам Богам - прадвызначана значэннем і роляй мастацкай літаратуры ў гістарычным лёсе народа, багаслаўлёнай місіяй пісьменніцкага слова на зямлі.

Выдатны ўкраінскі пісьменнік Валадзімер Яварыўскі на Шаўчэнкаўскім свяце ў Адэсе ў траўні гэтага году сказаў: "Калі б у нас не было Шаўчэнкі, мы былі б у спіску даўно забытых народаў." Вялікая святая праўда!

Дык жа скажам услед за нашым украінскім пабрацімам, што і наш беларускі народ быў бы сёння ў спіску даўно забытых, калі б у нас не было Купалы, Коласа, Багдановіча. Калі б не вернасць роднаму беларускаму слову іх наступнікаў, а гэта значыць - калі б не вялікая беларуская літаратура, без якой не было б ні беларускай нацыі, ні сучаснай беларускай дзяржавы. Аксіёма - для ўсіх хоць трохі адукаваных людзей. Чаму ж яна ў нас, у Беларусі, не ёсць аксіёмай для "власть предержащих", для тых, хто ў дзяржаўнай палітыцы вядзе рэй.

Рэч у тым, што мы жывём і працуем у сітуацыі зусім асаблівай. Такой няма ні ў адной сувярэннай дзяржаве Еўропы. Такой драматычнай, а дакладней - трагічнай сітуацыі. Бо хіба гэта не трагедыя народа, калі сама дзяржава душыць яго нацыянальны дух, дратуе і плюндрыць аснову асноў яго культуры - яго Богам дадзеную мову? Гэта - нечуванае нешта. Проста ў галаве не ўкладваецца, каб свая ж дзяржава чыніла такое злачынства супроць мовы, якая абвешчана ў канстытуцыі дзяржаўнай, і якую яна першнаперш абавязана падтрымліваць і культываваць у штодзённым грамадскім жыцці. Іначай сказаць, сама дзяржава робіць усё, каб ліквідаваць галоўнае апірашча беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці - мову. Свая ж дзяржава праводзіць палітыку ліквідацыі беларускай школы, свабоднага беларускага друку, палітыку загнання ў рэзервацыю беларускай кнігі. Кожны дзень па дзяржаўных СМІ, асабліва па тэлебачанні, антынацыянальныя, антыбеларускія сілы дэманструюць сваё панаванне ў краіне - дэманструюць здзекліва, у абразлівых да нацыянальнай культуры формах, І ўсё гэта прыкрываюць непрыстойным крыкам пра клопат аб нацыянальнай літаратуры і мастацтве. Вайна супроць мовы свайго народа - аказваецца, гэта клопат аб нацыянальнай культуры! Узорная катэгорыя цынізму на дзяржаўным узроўні.

Што могуць і што павінны ў такіх умовах рабіць пісьменнікі: трэба і ў творчасці, і ў грамадскай чыннасці непахісна трымацца курсу на нацыянальнае адраджэнне на панаванне беларускай мовы ў незалежнай беларускай дзяржаве, і крок за крокам ісці наперад дабівацца поспеху. Без гэтага - усякая іншая грамадскакарысная дзейнасць траціць сэнс. Пісьменнікі абавязаны гаварыць народу праўду. Праўду і толькі праўду. Нічога так не баяцца ворагі беларушчыны, як праўды. Так было, і так ёсць. Час патрабуе ад кожнага з нас вельмі сур'ёзнай працы. У гэтакі час толькі літаратурныя блазны забаўляюцца пустымі забавамі. Мы не маем права на гэта. Пакінем забавы на пасля, на лепшыя часы. У нашых шэрагах ёсць пісьменнікі, якія для ўсіх нас даюць прыклад такой сур'ёзнай самаахвярнай працы на нашу вялікую непераможную ідэю. Хацеў бы назваць многіх, але назаву толькі два імені. Не магу не назваць. Гэта - рэдактар часопіса "Наша вера", кіраўнік выдавецтва "ПроХрысто" Крысціна Лялько і рэдактар часопіса "Дзеяслоў" Барыс Пятровіч. Вялікія працаўнікі, слаўныя людзі. Будучыня, заўтрашняя Беларусь ацэніць іх самаахвярнасць.

Нам, свядомай патрыятычнай беларускай інтэлігенцыі, зацятыя ворагі беларушчыны бессаромна інкрымінуюць грэх русафобіі, непрыязнасць да рускай мовы, літаратуры, культуры. А ведаюць жа крывадушнікі, што мы паважаем мову братняга народа і добра ведаем яе, і любім рускую літаратуру, і з удзячнасцю прымаем да сэрца рускае мастацтва, гэтак жа, хачу падкрэсліцдь, як і мову, і літаратуру, і мастацтва братняй Украіны. Але мы не прымаем русіфікацыі - русіфікацыі ўсяго нашага культурнага і духоўнага жыцця. Не прымаем - і ніколі не прымем! Не прымем, бо ведаем, што русіфікацыя - гэта наша нацыянальная смерць. Гэта - галоўны спосаб асіміляцыі беларускага этнасу, гэта шлях да поўнай страты намі сваёй нацыянальнай самабытнасці, да канчатковай страты сваёй мовы і культуры. Крывадушнікі выдатна гэта разумеюць і наводзяць цень на пляцень. Адкажам ім, сябры, што і мы ведаем іх сапраўдныя мэты і заданні, як ведаў гэта сто гадоў таму Янка Купала, калі пытаў: "Чаго вам хочацца, панове?", як ведаў гэта яшчэ раней вялікі Францішак Багушэвіч, першы народны паэт Беларусі:

"Ну дык жа адстаньце!

Нашто я вам трэба?

Ці каб ваш хлеб есці

Ці рабіць вам хлеба?"

Нашы чытачы, верныя сябры беларускай літаратуры, як сведчаць сустрэчы і размовы з імі, бачаць Саюз беларускіх пісьменнікаў у вобразе шматлікага воінства на ратным полі Роднага слова, воінства, асененага імёнамі вялікіх апосталаў нацыянальнага духу, воінства, на харугвах якога золатам шытыя словы "Свабода!", "Незалежнасць!", "Родная мова!".

Чытачы радуюцца і вітаюць, калі бачаць, што пісьменнік усімі сіламі душы процістаіць хлусні, крывадушнасці, цынізму. Чытачы высока цэняць і не хаваюць пачуцця ўдзячнасці, калі бачаць, што пісьменнік імкнецца сваёй таленавітай творчасцю памагчы людзям бараніцца ад страху, ад гвалту над іх сумленнем, ад гібельнага маральнага ўпадку.

Чытачам, што б ні казалі скептыкі і песімісты, патрэбна добрае, шчырае, праўдзівае пісьменніцкае слова. Дык будзем жа гаварыць гэтае слова!

І будзем верыць: ад яго цяпла, як ад промняў вясновага сонца, набрыняюць і распусцяцца ў душы пупышкі свабоды. І будуць кветкі. І будуць плады. І плады выспеюць і дадуць насенне.

Па даручэнні Рады СБП абвяшчаю ХV з'езд беларускіх пісьменнікаў адкрытым.

22 кастрычніка 2006-га года.


Нам трэба прарываць іфармацыйную блакаду

Выступленне Вольгі Іпатавай на ХV з'ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў

Сёння, як звычайна на з'ездах, мы ўшаноўвалі памяць нашых калегаў, што памерлі за апошнія чатыры гады. Яны застануцца ў нашай памяці, застануцца ў літаратуры - хто ў большай, хто ў меншай ступені. Разам з імі мы ўшаноўвалі таксама і памяць нашых вялікіх папярэднікаў, тых, хто аддана служыў Беларусі, хто захоўваў дух і мову нашага шматпакутнага народа - імёны іх усім вядомыя.

Але я хацела б узгадаць тут і тых, хто не стаў сталым пісьменнікам, чые першыя творчыя высілкі былі абарваныя ГУЛАГАМ, высылкай з радзімы, здзекам і гвалтам з маладой душы, што вінаватая была толькі ў адным - у любові. У любові да роднай зямлі, да свабоды, да беларускага слова. Гэта Жэня Шастак з Наваградка, ад якой засталося толькі некалькі вершаў, Надзея Дземідовіч, чые ўспаміны пра катаванні ў сталінскіх лагерах і дзесятак вершаў былі выдадзеныя мізэрным накладам на сродкі родзічаў, і яшчэ многія з тых, пра каго мы ўжо не ўведаем ніколі...

Калі многія з нас ўступалі ў творчы пісьменніцкі саюз, мы наіўна верылі, што страшныя таталітарныя часы ўжо назаўсёды прайшлі, што сталінізм ніколі не вернецца на зямлю, якая мела найвялікшую ў былым СССР колькасць знішчаных за гады таталітарызму пісьменнікаў і дзеячоў культуры - ажно пад 80 адсоткаў.

Аднак сталінізм вяртаецца - і не толькі лініяй Сталіна, яго бюстам пакуль што толькі ў адной Свіслачы Гарадзенскай вобласці ці партрэтам ў музеі Баграціёна ў Ваўкавыску(там ужо рыхтуецца такая экспазіцыя). Ён вяртаецца ўсё большымі рэпрэсіямі супраць іншадумцаў, гвалтам , якому вось ужо колькі гадоў падвяргаецца наш творчы саюз. І ўсё за тое ж самае, за тое, чаму мы не здраджваем і не здрадзім ніколі - за родную мову, за вольнасць думкі і слова, за святло народнае душы, якую стагоддзе за стагоддзем знішчалі суседзі, а таксама і свае янычары, што шчыравалі з яшчэ большым, чым чужынцы, імпэтам.

І гэтае янычарства асабліва бачнае з узнікненнем праўладнага пісьменніцкага саюзу. Здаецца, стварылі сваю супольнасць, пакляліся ў вернасці сённяшняй уладзе, атрымаўшы ад яе хто які "паёк" - дык тварыце, шчыруйце, спаборнічайце узроўнем вашай прозы ды паэзіі! Ажно не - ім трэба знішчыць наш саюз, забараніць нават выступаць перад сваімі чытачамі - бо менавіта тут, у нашым творчым саюзе, сабралася лепшае, што ёсць на сёння ў беларускай літаратуры, тут жыве той вольналюбны дух, якім толькі і можа стварацца Літаратура з вялікай літары. І вось кіраўнікі шчыруюць, прыцягваюць да барацьбы з намі дзяржаўныя структуры, не разумеючы, а то і не жадаючы разумець, што ніякім загадам не прымусіш чытача любіць тое, у што ўкладзена чорная зайздрасць, а не любоў, пыхлівая натуга, а не палёт думкі, прынізлівае служэнне сіле, а не духу.

Упэўненая, што нам трэба не згінаць галовы перад іхнімі дзеяннямі, не маўчаць, а змагацца - напрыклад, тэрмінова аспрэчваць юрыдычна незаконнае распараджэнне міністра адукацыі аб тым, што нашыя выступленні мусяць адбывацца з дазволу праўладнага творчага саюза!

Але досыць пра іх! На сённяшнім з'ездзе нам трэба казаць пра тое, што мы мусім сёння сабраць у адно ўсе нашыя сілы, нашую мужнасць і гатоўнасць змагацца за Беларусь - тую Беларусь, якая жывіла нашых папярэднікаў, якая давала ім сілы і натхненне, а не тую аперэтачнаглянцавую, з чужой мовай і чужой ментальнасцю, якую спрабуюць нам навязаць сённяшнія ідэолагі. Гэта патрабуе пэўныя высілкі і пэўныя ахвяры - але я веру, што мы здольныя і на гэтыя высілкі, і на ахвяры. У гэтам нам падаюць прыклад людзі, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь і стваралі свой беларускі Дом у краінах, дзе ім давялося жыць. Па цэнтах, па даляру, не маючы яшчэ свайго жытла, збіралі яны сродкі на беларускія цэрквы, на беларускія кнігі, на асяродкі, якія не далі ім растварыцца і забыцца на радзіму. І яны пакінулі нам вялікі духоўны скарб, які пакрысе ўсё ж вяртаецца на радзіму, нягледзячы на розныя перашкоды. Вяртаецца праз мужнасць даследчыкаў літаратуры, такіх, напрыклад, як Лідзія Савік, якую пасля выхаду выдатнай кнігі пра беларускую эміграцыйную літаратуру "Пакліканыя" пазбавілі працы ў Інстытуце літаратуры. Такіх прыкладаў нямала, але яны адначасна сведчаць пра тое, што мы, беларускія пісьменнікі, беларуская інтэлігенцыя, не складаем рук і што змагацца можна і трэба ў любой сітуацыі.

Вазьміце, да прыкладу, палітзняволенага Паўла Севярынца, які ў глухой вёсачцы Сітна здолеў стварыць гурток ТБМ і які на нашых вачах вырастае ў бліскучага публіцыста. Аляксандр Казулін у турме звяртаецца да народу і аб'яўляе галадоўку. А Андрэй Клімаў, а сын нашага калегі Цімафей Дранчук, а маладафронтаўцы! Вось хто варты сёння нашай самай глыбокай павагі і, калі хочаце, нашай творчай увагі. Пісьменнік у гэты час не можа замыкацца ў сваёй самоце і гордым самакапанні, ён мусіць дзейнічаць, як дзейнічае наш калега, галоўны рэдактар газеты "Наша слова" і "Лідскага летапісца" Станіслаў Суднік..

Перш за ўсё нам трэба прарываць інфармацыйную блакаду, якая ўтварылася са стратай піьменніцкай газеты і часопісаў. Праўладны "ЛІМ" не дае інфармацыі ні пра дні беларускалітоўскай культуры, якія нядаўна адбыліся ў Літве, ні пра нашыя выступленні, ні нават пра смерць творцаў з гэтага саюзу ( за рэдкім выключэннем). Я ведаю, што ў Слоніме выспявае думка стварыць пісьменніцкую газету па ўзору "Нашага слова", але мяркую, што па першым часе мы маглі б пачаць хаця б з інфармацыйнага бюлетэню накшталт таго, што выпускае "Бацькаўшчына". Хацелася б, каб знайшоўся тут, у зале, нехта з тых, хто мог бы заняцца такім бюлетэнем, а мы, старэйшыя, дапаможам, як і з чаго пачаць.

Другое. Нам неадкладна трэба стварыць Інтэрнэтаўскае выданне Саюза беларускіх пісьменнікаў, накшталт бібліятэкі, якая ўтрымлівала б як творы ненадрукаваныя ( а іх сабралася нямала), так і тыя, што былі надрукаваныя мізэрнымі тыражамі). Гэта дасць магчымасць не толькі сабраць у адно нашыя творчыя здабыткі, але, перш за ўсё, знаёміць беларускую і міжнародную грамадскасць з творамі сучаснай літаратуры сябраў нашага Саюзу як у Беларусі, так і за мяжой. Думаю, нам змогуць дапамагчы творчыя саюзы нашых суседзяў, якія ўжо прапаноўвалі сваю падтрымку. Нам не трэба саромецца звярнуць да іх па дапамогу, бо міжнародная пісьменніцкая салідарнасць можа зрабіць многае, тым больш што ніводзін творчы саюз на постсавецкай прасторы не зведаў такога гвалту і , не пабаюся сказаць гэтае слова, разбою, як наш.

Вядома, пра ганарары тут не ідзе гаворка (многія з нас ужо ўвогуле забыліся, што гэта такое), аднак жа па гэтай праграме можна будзе хаця б рабіць кампутарны набор і размяшчэнне ў Інтэрнэце, бо праца "ў стол" не стымулюе, а часта і нишчыць творчыя сілы - самае дарагое, што нам з вамі даў Усявышні.

І дадзены гэты дар - каму большы, каму меншы-не дзеля таго, каб падграбаць пад сябе ці то славу, ці то нейкія матэрыяльныя даброты, хаця кожнаму, вядома, хочацца і выдадзеных кніг, і ўвагі, і любові чытачоў. Аднак бывае час - і зараз якраз такі - калі толькі пісьменнік зможа сказаць зняверанаму грамадству, што свет усё ж пабудаваны не на хлусні, на гвалце ці няволі. І вось гэтага права - ці абавязку - не можа адабраць у нас нічый і ніякі дэкрэт ці указ. І сённяшні наш з'езд - яркае сведчанне таго, што беларуская літаратура жыве і будзе жыць.


Жыве Беларусь!

Братам па пяру і крыві ахвярую


Насуперак грозным тыранам, ;

насуперак Злу і Мане

жывём не ў балотным тумане,

жывём не ў сьляпым табуне...


Жывём, як Купала і Колас

калісь загадалі нам жыць...

Жывём без аглядкі на голас,

што зранку да ночы сіпіць:


- Прадайце Радзіму і Мову,

аддайце на зьдзек прыбышу

і Бога, і роднае Слова...

Прадайце сьвятую Душу...


Я - бог, бо я ўладу вяршу!..


I нехта з нашчадкаў Іуды,

хто страхам і здрадаю жыў,

злавіўся на д'яблаву вуду,

душу у ламбард залажыў,


ня згледзеўшы нават, што цэннік

ад часу Пілата ўсё той -

трыццатнік - за брата, хоць геній,

хоць зеўрае лоб пустатой...


Ды, дзякаваць Богу, ёсьць Людзі,

якіх не прадаць, не купіць,

чый Дух не скарыўся аблудзе,

каго - ні разьбіць, ні спыніць!


Дык станем, браты мае й сёстры,

у шчыры і шчыльны хаўрус

і так, як Малітву, - узьнёсла

прамовім: - Жыве Беларусь!

Эдуард Акулін.


"Дух -- гэта, людзі, Я"

Пад такім назовам 28 кастрычніка ў Гарошкаве адбудзецца першае свята паэзіі у гонар Дня народзін паэта Анатоля Сыса.

У імпрэзе бяруць удзел родныя і сябры паэта, а таксама: Анатоль Вярцінскі, Віктар Ярац, Іван Штмінер, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Эдуард Акулін, Алесь Бяляцкі, Міхась Скобла, Ларыса Раманава, Кася Камоцкая, Андрэй Мельнікаў і іншыя вядомыя беларускія паэты і барды.

Запрашаюцца ўсе, каму на справе, а не на словах даргі і несмяротны Дух беларускай Паэзіі і Песні.

Пачатак імпрэзы а 14 гадзіне ў Заспенскім Доме культуры (Рэчыцкі раён). Праезд аўтобусамі: Менск-Рэчыца. Рэчыца-Гарошкаў.


Творы спадара Рыгора гучаць па-англійску

На жаль, сёлета Рыгору Барадуліну не была прысуджана Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры. Але Народны паэт Беларусі і яго кніга "Ксты" застаюцца ў чарадзе спаборцаў. Шчаслівая падзея можа здарыцца ў наступным годзе ці пазней. Аднак факт застаецца фактам - шаноўны майстар слова з Беларусі рэальна прэтэндуе на самую прэстыжную ўзнагароду і свеце.

Пра гэта гаварылася ў час сустрэчы ў Літаратурнай гасцёўні Гарадзенскага гарадскога аддзялення Таварыства беларускай школы. Прысутныя завіталі, каб паслухаць аднаго з перакладчыкаў зборніка "Ксты" на англійскую мову загадчыка кафедры замежных моваў Інстытута пасля дыпломнай адукацыі ГрДУ імя Я.Купалы, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Івана Бурлыку. Ён пераклаў 75 адсоткаў вершаў, змешчаных у кнізе.

- Справа ў тым, што правілы прадстаўлення на Нобелеўскую прэмію патрабуюць, каб пад адной вокладкай зборніка, прадстаўленага да намінацыі, былі тэксты на мове аўтара і адной з прызнаных міжнародных. Мы абралі англійскую, бо ў нашай краіне яна мае найбольшае распаўсюджанне і ёсць перакладчыкі высокага ўзроўню.

Спадар Іван расказвае, што ідэя зрабіць мастацкі пераклад твораў Рыгора Барадуліна належыць кандыдату філалагічных навук Але Сакалоўскай. Менавіта яна вырашыла сабраць вершы дзядзькі Рыгора духоўнага і філасофскага кшталту ў адным выданні. Сваёй задумай падзялілася з пробашчам Чырвонага касцёла, што ў Менску, ксяндзом Уладзіславам Завальнюком. Той горача падтрымаў прапанову. Такім чынам, уся работа была зроблена з кастрычніка 2004 года па чэрвень 2005. Менавіта з чэрвені адбылася першая прэзентацыя кнігі. Тады ж узнікла задума вылучыць зборнік "Ксты" (без малога 800 старонак) на Нобелеўскую прэмію. Быў створаны аргкамітэт на чале з узгаданым кс. Уладзіславам.

Гэта, так бы мовіць, лёгкі пераказ храналогіі падзей. Цяпер у многіх інтэрвію, публікацыях амаль не гучыць тое, што перакладчыкаў чакала агромністая праца. Дарэчы, і саміх тлумачоў, якія вызваліся падставіць плячо аказалася зусім мала. Не таму, што ў Беларусі, няма выдатных знаўцаў той жа англійскай мовы. Знайшліся розныя прычыны…

Рыгор Барадулін у час адной з прэзентацый адзначыў: "Я хачу падзякаваць за працу перакладчыкаў і рэдактараў зборніка. Кожны з іх таксама дастойны прэміі".

Гэтыя словы ды каб Богу ў вушы! Работа, зробленая беларускімі перакладчыкамі, вартая таго. Ужо само адчуванне, што яны здолелі зрабіць амаль немагчымае, дае права, каб імёны гэтых слаўных людзей ведала ўся краіна - Марыля Васючэнка,Вольга Гапеева, Зміцер Занеўскі, Мікола Савіцкі, Алена Таболіч, Алена Шчука…

І, канечне, наш Іван Бурлыка! Гэты чалавек, па яго ж прызнанні, тры месяцы не адрываўся ад пісьмовага стала, перагарнуў шмат дапаможнай літаратуры. Бяда яшчэ ў тым, што няма прыстойнага беларускаанглійскага слоўніка. Але каб нават і быў, то там не знайшлося б многа якіх слоў, выкарыстаных паэтам.

Калі вам даводзілася чытаць творы гэтага Мастака слова, то пераканаліся, што зрабіць пераклад яго вершаў паанглійску вельмі складана. Асабіста я, слухаючы Івана Бурлыку, які спачатку чытаў твор сп. Рыгора пабеларуску, з жахам думаў: "Божухна, як жа перакладчык здолее перадаць сэнс канкрэтнага слова ці радка!". Тым больш, псалмы Давідавы, біблейскія балады, песню над песнямі Саламонаву…

Спецыялісты нездарма лічаць вершы Р. Барадуліна вельмі складанымі для перакладу. Тут і непаўторнае спалучэнне гукаў роднай мовы, словы, уласцівыя радзіннаму кутку паэта, яго новатворы.

Сп. Іван Бурлыка прывёў шмат прыкладаў бяздумных перакладаў, зробленых англамоўнымі тлумачамі з вершаў беларускіх аўтараў. Смех дый годзе! Чалавек з той жа Англіі не разумее сэнсавага значэння многіх слоў. Атрымліваецца, проста механічны набор фраз, штучна знітаваны рыфмай. Тут нельга гаварыць пра мелодыку, аўтарскі стыль, глыбіню вобраза. Усе зведзена да прымітывізму, пабудовы мёртвай калькі, якая не дае ніякага ўяўлення пра краіну аўтара, яе непаўторнасць, успрыняцце паэтам хвалюючых яго праблем.

- Мне даводзілася часцяком звяртацца да спадара Рыгора, каб удакладніць яго думку, увасобленую ў вобраз, вызначыць, напрыклад, на якім слове трэба зрабіць сэнсавы акцэнт. Кожны ўспрымае прачытанае пасвойму. А мне як перакладчыку належыць перадаць аўтарскую задуму, глыбіню яго пачуццяў, а не рабіць халодны пераказ. Атрымаецца, нібыта англамоўнаму чытачу прапаную паглядзець на жыццё беларуса з іншай краіны праз аконнае шкло.

Іван Бурлыка, штодзённа займаючыся перакладам, пасвойму ўспрымае і асобу Рыгора Барадуліна праз яго паэзію. Нездарма ж кажуць, што аўтар у кожны радок укладае часцінку свайго сэрца, вызначае ўласную грамадзянскую пазіцыю.

Гэта цвёрды і непахісны чалавек з добрым сэрцам і адкрытай душой. Яго вершы вылучаюцца глыбінёй думак, вельмі дасканала апрацаваныя. Гэта віртуоз у тэхніцы валодання разнастайнай палітрай паэтычных сродкаў. Таму творы такога нестандартнага паэта надзвычай цікава перакладаць. Яшчэ не зроблены 100працэнтны англамоўны варыянт, а ўжо хвалюе думка: як жа атрымаецца? Ці загучыць радок!

Прысутныя на вечарыне слухалі вершы спадара Рыгора ў перакладзе Івана Бурлыкі англійскую мову. Гэта трэба проста слухаць і ўнікаць у мелодыку іншаземнага гучання. Дарэчы. 12 лістапада Рыгор Барадулін мяркуе прыехаць у Гародню і наладзіць тут прэзентацыю сваёй ужо знакамітай кнігі "Ксты". Яго будзе суправаджаць вядомы і непаўторны хор мінскага Чырвонага касцёла. Але як адзначыў у сваім лісце ксёндз Уладзіслаў Завальнюк у Нобелеўскі камітэт, "зборнік не мае аніякіх прыкметаў канфесійнай або нацыянальнай абмежаванасці. Трывожныя пытанні пра лёс цывілізацыі і чалавека, якія ставіць аўтар, прадыктаваныя дысгарманічным ХХм стагоддзем, а стваральны пафас і прадчуванне адноўленай гармоніі існавання робяць гэтую кнігу адной з самых значных мастацкіх з'яваў ХХІга стагоддзя".

Нам трэба ганарыцца, што значную частку перакладу гэтай кнігі, намінаванай на атрыманне Нобелеўскай прэміі і галіне літаратуры, зрабіў наш зямляк, выдатны знаўца англійскай (і не толькі!) мовы Іван Бурлыка.

Антон Лабовіч, Гародня.


Іван Бурлыка Нарадзіўся 14 лютага 1958 года ў в. Гаравічы Наварудскага раёна. Беларускі мовазнавец, педагог. Кандыдат філалагічных навук (1987). З сялянскай сям'і. Скончыў дзевяць класаў СШ у Амневічах, дзесяты - у Ваўковічах (Наваградскі раён).

Вучыўся на факультэце англійскай мовы Менскага педагагічнага інстытута замежных моваў (1975-1980). Служыў у войску (1980-1982). Выкладаў на кафедры замежных моваў Гарадзенскага медыцынскага інстытута (1982-191).

Завочна скончыў аспірантуру інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі (1987). Працаваў перакладчыкам у СП "Беларусь-будканструкцыі" (1991-1995).

З 1995 года дацэнт кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства (адначасова ў 1997-1998 - загадчык аддзялення беларускай філалогіі) Гарадзенскага універсітэта імя Я. Купалы.

Даследуе праблемы фанетыкі гаворак Гарадзеншчыны, методыкі выкладання замежных моваў у ВНУ. Друкуецца як мовазнаўца з 1984 года. Выдаў навучальны дапаможнік для студэнтаў "Сустрэчы з англамоўным светам" (Гродна, 1998).

Аўтар методыкі паскоранага навучання дарослых англійскай мове. Для гэтага ім напісаны шэраг навучальных дапаможнікаў (Бурлыко И.Г., Бурлыко Н.В., Бурлыко С.И. Английский язык. Пособие по развитию устной речи. - Гродно, 2004. - 344 с.; И.Г. Бурлыко. Английский язык. Курс для продолжающих. - Гродно, 2004. - 204 с.; І.Р.Бурлыка. Практыкум па вуснай англійскай мове. - Гродна, 2004. - 340 с.; І.Р. Бурлыка. Англійская мова. Гродна, 2006. - 180 с. і іншыя навучальныя дапаможнікі).

Шэраг навуковых артыкулаў і дакладаў у падтрымку гэтай методыкі былі апублікаваныя ў навуковых выданнях Беларусі, за мяжой і выкладзены падчас шматлікіх навуковых канферэнцый. Акрамя гэтага, займаецца прафесійнымі перакладамі навуковай літаратуры з беларускай і рускай мовы на англійскую, а таксама мастацкіх твораў. Яго працы рэгулярна публікуюцца ў штогодніку-альманаху "Год Беларускі" пад рэдакцыяй Сакрата Яновіча (Польшча).

Зараз перакладае на англійскую кнігу С.Яновіча "Запісы веку".

На здымку: Іван Бурлыка. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX