Вярнуцца: 2007

№ 02 (790)


Крыніца: pawet.net.



№ 2 (790) 10 СТУДЗЕНЯ 2007 г.


У новым годзе - новая праца

Паважаныя сябры! Вось і апынуліся мы з Вамі ў 2007 годзе. Год мінулы быў для нас годам нялёгкай, але стваральнай працы. У жніўні Міністэрства адукацыі перавяло выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў старэйшых класах рускамоўных школаў на рускую мову, а з адукацыйных стандартаў для ВНУ была выкінута беларуская мова, як абавязковы прадмет. Таксама абяцалі за некалькі тыдняў указам Прэзідэнта зацвердзіць новы правапіс.

Аднак нашая праца па пераадоленні гэтых русіфікатарскіх наступстваў (выступы ў СМІ, як дзяржаўных, так і недзяржаўных, і асабліва шматлікія лісты пратэсту накіраваныя ва ўладныя структуры) паступова пачалі даваць свой плён. Правапіс у новай рэдакцыі "лёг пад сукно", у многіх школах Беларусі захавалася беларускамоўнае вывучэнне гісторыі Беларусі, а ў выступах кіраўніка дзяржавы пачалі з'яўляцца новыя акцэнты.

19 снежня 2006 г. А.Р. Лукашэнка на нарадзе з рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ назваў ненармальнай сітуацыю, калі ў школах адзін урок беларускай мовы на тыдзень і шэсць урокаў англійскай. "Трэба ведаць перадусім сваю родную мову," рэзюмаваў ён у сваім выступе.

Таму наша галоўная задача актывізаваць зараз збор подпісаў на імя кіраўніка дзяржавы з прапановай абвесціць гэты юбілейны год, год 450-х угодкаў з Дня нараджэння Льва Сапегі і 125х угодкаў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, годам беларускай мовы і літаратуры. Мы зноў друкуем адпаведны бланк і просім усіх падпісчыкаў і чытачоў "Нашага слова" запоўніць яго з дапамогай вашых сяброў і суседзяў і адаслаць на адпаведны адрас.

Я выказваю шчырую ўдзячнасць нашым сябрам з Менска, Берасця, Дзятлава, Наваградскага, Мастоўскага, Карэліцкага, Шаркаўшчынскага, Бярэзінскага раёнаў і іншых гарадоў ды вёсак Беларусі, якія ўжо сабралі, даслалі і працягваюць збіраць вышэйзгаданыя подпісы грамадзян.

Мы вельмі ўдзячныя тым кіраўнікам нашых рэгіянальных структур, якія даслалі нам справаздачы аб працы сваіх арганізацый за 2006 год. Лепшыя з іх мы абавязкова надрукуем у нашай газеце. Чакаем таксама справаздач ад тых, хто гэтага яшчэ не зрабіў.

Зараз ідзе нялёгкая праца па зборы і перадачы ў Менск сяброўскіх складак за 2006 год. Мы вельмі ўдзячныя сябрам з Баранавічаў, Шаркаўшчыны, Ленінскага і Фрунзенскага раёнаў г. Менска, Наваполацка, Бярэзінскага і Асіповіцкага раёнаў, а таксама асобным сябрам ТБМ, якія ў снежні 2006 года пералічылі нам грошы і дапамаглі выжыць.

Але сітуацыя і зараз вельмі складаная. Каб заплаціць за выданне газеты, арэнду сядзібы, тэлефон і камунальныя паслугі давялося залезці ў даўгі, і таму грошы вельмі патрэбныя. Тым больш, што выдаткаў патрабуе і правядзенне чарговай Рады ТБМ, якую мы запланавалі на пачатак лютага. Таму чакаем ад вас канкрэтнай дапамогі.

Зараз мы ласылаем адпаведныя лісты і бланкі ў ніжэйшыя структуры ТБМ, а менавіта першасныя суполкі. Тыя арганізацыі, якія заплацілі складкі за 2006 год раней, могуць пачаць збіраць складкі за гэты год, скарыстаўшы бланкі за 2006 год, бо памеры складак пакуль не змяніліся.

Таксама просім працягваць працу па падпісцы на "Наша слова", бо зараз гэта можна зрабіць на чатыры месяцы (з 1 сакавіка 2006 г.).

Віншую вас усіх з надышоўшымі Калядамі і Новым годам.

З павагай

Старшыня ТБМАлег Трусаў.


Старшыні ТБМ Віленскага краю Юрасю Гілю - 65

11 студзеня 2007 года спаўняецца 65 гадоў самаадданаму змагару за Беларусь і Беларушчыну, старшыні ТБМ Віленскага краю Юрасю Гілю.

Як і ў кожнага беларуса, місія ў Юрася Гіля вельмі нялёгкая. Ён адстойвае інтарэсы беларусаў на векавечных беларускіх землях, але ў суседняй краіне. І робіць гэта ўпарта і натхнёна. Мы ведаем, што Гілю ў Літве не лягчэй, чым нам на Бацькаўшчыне.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць спадара Юрася з 65годдзем і зычаць яму далейшага імпэту і плёну на шляху да Беларусі.

На здымку: Юрась Гіль адкрывае ў Літве мемарыяльную дошку Францішку Багушэвічу.

(Пра Ю. Гіля чытайце на ст. 3.)


АДКУЛЬ МОЎНАЕ БЯЗЛАДДЗЕ НА БЕЛАРУСІ,

або яшчэ раз пра шэсць гадзін

Мяне, дый не толькі мяне, а шмат каго (нядаўна сам прэзідэнт звярнуў на гэта ўвагу) турбуе, чаму на Беларусі нібыта ўжо суверэннай усё не па-людску, усё дагары нагамі: ліквідуюцца беларускамоўныя школы, гімназіі, ліцэі; не ў пашане шмат якія беларускамоўныя газеты, нават тыя, што ўжо сталіся легендаю. Воляю нейкіх звышразумнікаў наша родная мова ў роднай краіне амаль цалкам выгнана з тэлевізійнага эфіру... Прыклады гэтай моўнай дысгармоніі на Беларусі можна доўжыць і доўжыць. То адкуль яна, тая дысгармонія?

З'ява гэтая не новая, яна праз усё жыццё турбавала і знанага нашага байкапісца і мовазнаўца Кандрата Крапіву. Яшчэ ў далёкім 1922 годзе, на ранку свайго творчага шляху, будучы акадэмік даў належны адлуп усім моўным горатэарэтыкам у сваім сатырычным вершы "Шчыраму латыністу". Верш гэты малазнаны цяперашнім чытачам. А між тым ён, як учора пісаны, ніколькі не страціў свае надзённасці.

Уладзімір Содаль.


ШЧЫРАМУ ЛАТЫНІСТУ

Што вы, людзі!? Што вы!? Што вы!? --

Не было таго ніколі,

Каб у нашай роднай школе

Беларускай нашай мовы

Шэсць гадзін было на тыдні, --

Яна ж дзецям аж абрыдне,

Ды няма з яе карысці --

Забіваць адно галовы;

Лепш ужыць французскай мовы

Ды латынскай, як калісьці!..

Кажуць, нават, што нядаўна

Хтось унёс праэкт, каб далей

У нашых школах выкладалі...

Па-кітайску (вось забаўна),

Беларус жа роднай мовы

Каб не мог ужыць і слова.

Трэба й мне адукавацца,

Бо й "Савецкай Беларусі"

Давядзецца скора, мусіць,

Па-кітайску друкавацца...

Латыніст заядлы, шчыры!

Пралупі ты зрэнкі шырай

Ды на дол спусціся з неба,

Наш таварыш безгаловы,

Дык убачыш, што нам мова

Беларуская тут трэба,

Як вада, як кавал хлеба,

Як расліне кожнай глеба.

11-ХІ-22 г. КРАПІВА.

("Савецкая Беларусь")


Міжнародная асацыяцыя беларусістаў перарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь

Згодна з пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 12 снежня 2006 г. Грамадскае аб'яднанне "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" зарэгістравана ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індыві-дуальных прадпрымальнікаў. Старшыня МАБ атрымаў пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага аб'яднання "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" за № 01722.

Новы юрыдычны адрас МАБ: вул. К. Маркса 31, філалагічны факультэт БДУ, Мінск 220050, Рэспубліка Беларусь.



Прэзентацыя трылогіі Васіля Якавенкі « Пакутны век » адбудзецца 17 студзеня 2007 года ў памяшканні Дома літаратара (Мінск, вул. Фрунзе, 5). Пачатак а 18-й гадзіне. Запрашаем Вас і Вашых блізкіх, сяброў і знаёмых на гэтую вечарыну.


Толькі два словы па-беларуску

Штосьці рэдка мы пачалі выязджаць у людзі, таму асабліва радаснай была сустрэча ў Менску з групай артыстаў Нацыянальнага заслужанага хору Украіны імя Г. Вяроўкі. Яны былі ў нашай сталіцы праездам курсам на Латвію, Эстонію, СанктПецярбург, Маскву. Дзякуючы пасольству Украіны ў Беларусі адбыўся адзіны дабрачынны канцэрт для навучэнцаў і выкладчыкаў музычнай гімназіікаледжа. Хто даведаўся пра гэтую падзею, той ахвотна далучыўся.

Сакавітая украінская мова, прыгожыя народныя строі, непадробны гумар і хараство песень, танцаў. Сцэна пераўтварылася ў вясковую хату, дзе мы ўбачылі не толькі абраз і ручнікі, але і чыгуны з вілкамі. Гаспадыня частавала сваіх гасцей, а гаспадар запрашаў святкаваць, як раней, у гонар "святых Андрыя і Міколы". На вечарынцы дзяўчаты варажылі, хлопцы жартавалі і распачыналі розныя гульні. Музыка і песні цешылі душу, майстэрства выканаўцаў - вышэй за ўсякую пахвалу. Здагадваюся, што вельмі многія на Беларусі любяць украінскія песні. А мне ўпершыню давялося паслухаць знакаміты хор. "Ніч яка місячна ... і над панамі я пан..," - спяваў некалі з вялікім пачуццём мой бацька. "Іванка, ты Іванка, сарочкавышыванка!". Добрая частка нашых песень гучыць на беларускай і украінскай мовах. Суседзі разумеюць адзін аднаго без перакладчыкаў.

Надзвычай цёпла віталі таленавітых артыстаў слухачы, часам выклікаючы на "біс". І прабачце, так сорамна было пачуць выступленне педагога гімназіікаледжа, даволі сардэчнае, на рускай мове. Можна ж вывучыць для прэстыжу хоць некалькі сказаў пабеларуску! Атрымалася, як заўсёды, лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Два словы - "Вялікі дзякуй" амаль усе ведаюць, і нарэшце яны прагучалі пад гучныя воплескі. Шчодры вечар! Добрым людзям у падарунак.

Яна Трубач.


Ад сябра ТБМ - роднай школе

Усе мы засталіся ўдзячнымі роднай школе, вясковай ці гарадской, і любімым настаўнікам, якія адкарывалі перад намі свет. Такой была незабыўная Людміла Баляславаўна Паўлоўская - выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 3 імя У. С. Караткевіча горада Оршы. Вучні сталі спецыялістамі, навукоўцамі, пісьменнікамі, таксама настаўнікамі і бацькамі. А што мы цяпер вяртаем сваёй школе?

Найперш, парупімся аб мове. Кожны ў стане аформіць падпіску на газету "Наша слова" школе ці іншай навучальнай установе, з якой падтрымліваецца сувязь. Ды мала ці што яшчэ можна арганізаваць: прэзентацыю кнігі, запрашэнне на экскурсію ці вандроўку, кансультацыю абітурыентаў і г.д. Зрабіце і раскажыце ўсім для назапашвання досведу.

З павагай, Яна Трубач.


СПРАВАЗДАЧА

рады Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" аб мерапрыемствах, праведзеных у статутных мэтах за 2006 год

У 2006 годзе праведзена абласная справаздачнавыбарная канферэнцыя (12.02.2006 г.), тры паседжанні абласной рады.

На радзе разгледжаны пытанні падрыхтоўкі і правядзення літаратурных сустрэч, прысвечаных памяці Васіля Быкава; быў зацверджаны план дзейнасці Віцебскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на 2006 год. План даведзены да ўсіх гарадскіх, раённых арганізацый і суполак.

Аказана дапамога Полацкай і Аршанскай гарадскім арганізацыям таварыства па іх арганізацыйным умацаванні, наладжванні кантактаў з уладнымі структурамі.

Вядзецца пастаянная праца з установамі і прадпрыемствамі па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў рэкламе, афармленні выпусканай прадукцыі. У 2006 годзе практычна на ўсіх маршрутах тралейбусаў. трамваяў і аўтобусаў ідзе інфармацыя на беларускай мове.

Віцебская абласная арганізацыя Таварыства супрацоўнічае з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і яго Віцебскай абласной арганізацыяй. Значнай падзеяй у культурным жыцці Віцебска і вобласці сталі літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя памяці Народнага пісьменніка Беларусі, нашага земляка Васіля Ўладзіміравіча Быкава. Сустрэчы прайшлі ў гарадскім парку 18 чэрвеня 2006 года і сталі сапраўдным святам для многіх соцень віцяблян. У святочных мерапрыемствах прынялі ўдзел жонка Васіля Ўладзіміравіча Ірына Міхайлаўна Быкава, вядомыя пісьменнікі Беларусі Алесь Пашкевіч (старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў), Сяргей Законнікаў, Анатоль Вярцінскі, Барыс Пятровіч (Сачанка), Уладзімір Някляеў, Анатоль Кудравец, Давыд Сімановіч, Франц Сіўко (старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў) і іншыя віцебскія літаратары. Актыўны ўдзел у свяце прынялі артысты тэатра імя якуба Коласа, была праведзена літаратурная віктарына па біяграфіі і творчасці Васіля Быкава.

У вераснікастрычніку 2006 года ў Віцебску і Полацку прайшлі сустрэчы з аўтарамі і рэдактарамі часопіса "Дзеяслоў". У сустрэчах прынялі ўдзел Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, паэты Леанід ДранькоМайсюк, Эдуард Акулін.

Віцебская абласная рада Таварыства прыняла ўдзел у адзначэнні юбілеяў знакамітых землякоў: Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законнікава, Анатоля Вярцінскага. У Полацку і Віцебску адбыліся творчыя сустрэчы з Генадзем Бураўкіным (34 снежня 2006 г.). Некалькі разоў сустракаліся з чытачамі ў раённай бібліятэцы Вольга Іпатава і Ўладзімір Арлоў.

Старшыня абласной рады І. Навумчык.


СПРАВАЗДАЧА

аб дзейнасці Полацкай гарадской арганізацыі

ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ў 2006 годзе

У студзені 2006 года арганізацыя, дзякуючы дабрачыннай дапамозе Полацкага паліграфічнага прадпрыемства "Спадчына Скарыны" выпусціла кішэнны каляндар з выявай СпасаПраабражэнскай царквы, фотаздымкам беларускага паэта Янкі Журбы і эмблемай ТБМ. Электронны макет каляндара зрабіў Сяргей Кузічкін. Каляндар быў уручаны ўдзельнікам вечарыны "Жыў такі паэт" у бібліятэцы імя Я. Журбы, прыхільнікам ТБМ.

12 траўня адбыўся справаздачнавыбарчы сход з удзелам старшыні абласной рады ТБМ Іосіфа Навумчыка, прадстаўнікоў мясцовай улады. Таварыства атрымала новы юрыдычны адрас у бібліятэцы імя Я. Купалы (вул. Марыненка, 42).

У траўні былі арганізаваны дзве сустрэчы Уладзіміра Арлова з вучнямі: у бібліятэцы імя Л. Талстога са старшакласнікамі СШ №1 (школа, дзе вучыўся пісьменнік) і ў бібліятэцыфіліяле №7 з вучнямі СШ № 6. Аўтары лепшых пытанняў былі адзначаны прызам кнігай з аўтографам. А 13 верасня Уладзімір Арлоў сустрэўся з дарослымі. Гэта былі прыхільнікі ТБМ. На выставе "Вітаем! Чытаем! Слухаем!" кнігі нашага земляка, якія ёсць у гарадскіх бібліятэках.

1 верасня ў рамках Скарынаўскага свята кнігі адбылася вялікая тэматычная вечарына 'Тучы, роднае слова!". У праграме: тэатралізацыя па "Калыханцы" Васіля Віткі; канцэрт ансамбля "Полацкія россыпы"; выступленні мясцовых літаратараў ("Наша слова", № 37, 13 верасня).

26 верасня ў дзіцячай бібліятэцы імя Л. Талстога і цэнтральнай бібліятэцы імя Ф. Скарыны адбыліся дзве сустрэчы з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, паэтам Леанідам ДранькоМайсюком і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў" Эдуардам Акуліным. Рэдкая ўвага перапоўненых залаў, шмат пытанняў, шчырыя апаладысменты, аўтографы, фотазымкі на памяць.

У кастрычніку для сяброў ТБМ была наладжана вандроўка па знакамітых мясцінах прыдзвінскага краю. Мы наведалі Празарокі, радзіму заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага; пабывалі на Ушаччыне у музеяхсядзібах Васіля Быкава ў Бычках і Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах, а таксама на мемарыяльным комплексе "Прарыў". Вёў экскурсію знакаміты краязнавец, былы дырэктар Полацкага экскурсбюро Іван Каліноўскі. Дадзены маршрут яго ўласная творчая распрацоўка. Таму вандроўка выдалася на дзіва цікавай і багатай на ўражанні.

Распрацавана і адобрана Радай праграма "Дзейнасць гарадской арганізацыі ТБМ на 2006-2008 г.г.". Вядзецца работа па павелічэнні колькасці сяброў гарадской арганізацыі. Інфармацыя аб дзейнасці нашай арганізацыі была змешчана ў 'Нашым слове", у абласной газеце "Народнае слова" і мясцовай "Полацкі веснік".

Старшыня гарадской арганізацыі Валянціна Крук.


Гасцінец з Вільні

Не гэтак даўно, падчас Дзён бела-рускай культуры ў Вільні - цяперашнім Вільнюсе - мне прывезлі зграбненькую, па-мастацку выразна аформленую кніжачку з выявай нейкага засценка. Кніжачка гэтая якраз мае і адпаведную назву - "Засьцян-ковая хатка". Я ведаў, што "Засьцянковай хаткай" называе свой засценак, свой падворак на Віцебшчыне пад Докышыцамі Юрась Гіль. Але на вокладцы белым, менавіта белым па карычневай выяве фрагмента засцянковай сядзібы з векавым крыжом накрэслена, што аўтар згаданай кніжачкі ніхто іншы як Юрась Пятрусёў. Кто ж ён, гэты Пятрусёў? Прыгадваю, з Івянца ў "Нашу Ніву" колісь пісаў М. Петрукоў, а тут Пятрусёў. Разгортваю кніжку. Ну, так і ёсць: аўтар згаданае кніжкі "Засьцянковая хатка" якраз і ёсць Юрась Гіль. Чытаю першыя радочкі гэтае кніжкі: "Што грошы? Яны як вада - ёсць і іх няма, а гэтая кніжачка - памяць і гімн роднаму краю. Яе людцы пагартаюць і дзеткі пачытаюць..."

Шчымліва знаёмыя словы! Я іх чуў калісь ад свае матулі. З іх амаль адзін да аднаго, пачынаецца і мая кніжачка "Кар-пілаўка", якую ў 2001 годзе выдаў Віктар Хурсік. І гэткае сугучча з Юрасём Гілем я адчуаю праз ўсю кніжку. І яно натуральнае. Мы з Юрасём Гілем аднадумцы. Абодва аднолькава адчуваем родную Беларусь, дарагія старонкі яе гісторыі. Дарагія і сугучныя мне і Юрасёвы парыванні. У мінулым годзе я выдаў сціплую, за свае сродкі, кніжачку "Святы той куточак фальварак Свіраны". Яна пра радзінныя Багушэвічавы Свіраны. Рупнасцю Юрася і ягоных віленскіх аднадумцаў у падвіленскіх Свіранах створаны цэлы Багушэвічаў мемарыял. Пра гэты мемарыял і мая кні-жачка. Яна напоўнена юрасёвымі вершамі пра Свіраны. Дбаючы пра свіранскі мемарыял. Юрась ні на хвілінку не забываўся і пра сваю засцянковую хатку. І наадварот, дбаючы пра засцянковую хатку на сваёй роднай Докшыччыне, яму ніколі з галавы не выходзілі і падвіленскія Багушэвічавы Свіраны. І хоць кніжачка цалкам прысве-чана роднаму засценку Юрася Гіля Вашунова, свіранская тэма, Багушэвічава тэма раз-пораз паўстае на старонках Гілёвай кніжкі. Тут і крэска "Ушанаванне памяці Ф. Багушэвіча", і Юрасёвы вершы, прысвечаныя Свіранам. Сярод іх - "Свіранскі шлях", " У Свіранах", "Да Свіранскай Божай Маці" і іншыя. База гістарычнага этнаграфічнага музея "Засьцянковая хатка" ў Вашунове вельмі добры трамплін, лічыць Юрась Гіль, для нацыянальнага Адраджэння і на Віленшчыне, і Юрась, дбаючы пра "Засьцянковую хатку" у Вашунове, ні на хвіліну не забываўся пра Багушэвічавы Свіраны. Апантаны да самазабыцця Беларуссю, беларушчынай, ён усе парыванні сваёй душы кладзе на алтар Бацькаўшчыне, роднаму краю, не патрабуючы ні ад кога нічога. Абы ў родным краі ўсё было па-людску, як у людзей. Каб была гармонія, суладдзе душ.

Юрасёва кніжка "Засьцянковая хатка" першая ў ягонай творчай практыцы. У яе ўвайшлі вершы розных гадоў, яго філасофскія развагі пра лёс сваіх родных, блізкіх, публіцыстычныя артыкулы. Ва ўсіх жанрах Юрась неўтаймоўны, часам супярэчлівы з самім сабою, бязлітасны асабліва да антыбеларускіх палітыкаў. І зусім іншы Юрась у сваіх вершах пра мову. Пранікнёны, пяшчотна ласкавы. Згадайма толькі адзін яго верш "Мая мова".

Ідзі, сьвятая наша мова,

Да вёсак, гарадоў і хат.

Няхай пачуе сваё слова

Мой добры сябра й родны брат.


Нясі сьвятло, нясі каганец,

Свой цяжкі крыж і свой ружданец

Сваім сынам у Белу Русь,

Сьмялей ідзі, сьмялей, ня трусь!


Цябе чакаюць нашы дзеткі

Ў роднай вёсцы, ў роднай хатцы.

Ты расцвітай, як тыя кветкі

На радасьць усім, як роднай матцы.


І зьнікне змрок і згіне хлам

Пачуўшы роднае тут слова,

І будзе сьвет і тут , і там

Квітней, гучы, мая ты, Мова!

Для Юрася Гіля няма больш высо-кага ідэалу як Беларусь. Дзеля Беларусі ён жыве, рупіцца і заклікае гэта рабіць усіх. І як прыклад гэтай рупнасці - і Свіранскі Багушэвічаў мемарыял і гісторыка-края-знаўчы музей "Засьцянковая хатка" ў Вашунове. І гэтая ягоная дарагая для нас кніжачка. Хай кожны з нас гэтак парупіцца пра сваю вёску, сваё мястэчка, свой засце-нак, і наколькі станем мы бацейшыя ду-хоўна, і, калі хочаце, маральна.

Кніжачка "Засьцянковая хатка" выйшла ў Вільні пад грыфам Таварыства Беларускай мовы Віленскага краю. Яна і завяршаецца Гімнам сяброў Таварыства беларускай мовы Віленскага краю. Думаю, чытачам "Нашага слова" будзе цікава пазнаёміцца з урачыстай песьняй-гімнам нашых віленскіх пабрацімаў.

Гімн сяброў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віленскага краю

Час надышоў за рукі ўзяцца,

За рукі ўзяцца.

І за свабоду нам падняцца,

Усім падняцца.

Мы выйдзем шчыльнай грамадой

На бой, на бой, на бой...


Дакажам, што народ няхілы,

Памогуць продкі нам з магілы.

Мы выйдзем шчыльнай грамадой

На бой, на бой, на бой...


За мову, сьцяг і герб "Пагоня"

Хутчэй сядайма ўсе на коні.

Мы выйдзем шчыльнай грамадой

На бой, на бой, на бой...


У белай пене іх пагонім -

Усю мы навалач разгонім.

Мы выйдзем шчыльнай грамадой

На бой, на бой, на бой...


Адродзім краю дух і цела

І сьцяг наш бел-чырвона-белы.

Мы выйдзем шчыльнай грамадой

На бой, на бой, на бой...


Хай нашу Беларусь Сьвятую

Наш розум, моц і гарт ратуе.

Мы выйдзем шчыльнай грамадой

На бой, на бой, на бой...

Уладзімір Содаль


Справаздачна-выбарная канферэнцыя ТБМ у Лідскім каледжы

27 снежня 2006 года ў Лідскім каледжы прайшла аб'яднаўчая справаздачна выбарная канферэнцыя ТБМ. Сёлета Лідскі педагагічны каледж і Лідскі тэхнікум зліліся ў Лідскі каледж. Адпаведную працэдуру мусілі прайсці і арганізацыі ТБМ.

На канферэнцыю былі вылучаны дэлегаты ад усіх суполак, прысутнічалі сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, старшыня Лідскай гарадской арганізацыі Станіслаў Суднік, старшыня Лідскай раённай арганізацыі Лявон Анацка, прадстаўнік ідэалагічнага аддзела райвыканкаму Алена Каралевіч.

Са справаздачай выступіў старшыня былой арганізацыі ТБМ педкаледжа Міхась Мельнік. Паводле сп. Мельніка на ўліку ў новай арганізацыі будзе стаяць 480 сяброў ТБМ . Гэта адна з найбуйнейшых першасных арганізацый краіны. У дакладзе Міхася Мельніка, выступленнях Станіслава Судніка, Лявона Анацкі, Яўгена Паца і інш. гучала высокая ацэнка дзейнасці арганізацый ТБМ і ў першую чаргу былой арганізацыі педкаледжа, якая заўсёды была асновай і апорай ТБМскага руху на Лідчыне. Выказвалася ўпэўненасць, што пры новым кіраўніцтве арганізацыя Лідскага каледжа прадоўжыць слаўныя традыцыі.

У выніку канферэнцыі ўтворана адзіная арганізацыя ТБМ Лідскага каледжа, абраны кіраўнічыя органы: рада з сямі чалавек і рэвізійная камісія з трох чалавек.

28 снежня на паседжанні рады старшынём абраны выкладчык беларускай мовы і літаратуры Юры Дарняк, намеснікам абраны Міхась Мельнік, скарбнікам Яўген Пац. Старшынёй рэвізійнай камісіі абрана Наталля Сціслевіч.

Даведка. Юры Зыгмунтавіч Дарняк, мае 28 гадоў, скончыў Берасцейскі універсітэт, ва універсітэце быў намеснікам старшыні суполкі ТБМ.

Яраслаў Грынкевіч.


Непатрэбная бібліятэка

На вячэрняй правер-цы ў руках у знаёмага хлоп-ца па мянушцы Салавей Сашка запрыкмеціў тоўсты стос кніг.

- Куды нясеш, на працу чытаць? - спытаў ён.

Салавей лічыўся ка-чагарам у сушылцы для дошак, праца гэтая была начная, спакойная - часу пачытаць хапала.

- Печку распальваць - нечакана адказаў той

- Ды ну! - здзівіўся Сашка - Дайка паглядзець.

Ён узяў з рук хлопца кнігі і прачытаў на вокладцы верхняй: "Уладзімір Караткевіч - Каласы пад сярпом тваім".

Ого! Калісьці ў турме ён чытаў Караткевіча: "Чорны замак Альшанскі" і "Дзікае паляванне караля Стаха", але гэтая кніга да яго яшчэ не трапляла.

Наступная мела назву "Лекцыі па гісторыі КПСС", і яё ён прапусціў. Трэцяя кніга так сама, як і першая, была на беларускай мове: "Бібліятэка беларускай прозы. Макар Паслядовіч" - прачытаў Сашка, назва і імя аўтара нічога яму не гаварылі і ён узяў апошнюю. На белай вокладцы тонкімі чорнымі літарамі было надрукавана "Максім Лужанін, том 2. Паэмы, вершы проза". Адкрыў яе на ўгад і прабег вачамі верхні слупок вершаў:

Я кроўнымі не паступлюся,

Ніколі ніякай руцэ

Не дам для маёй Беларусі

Выпісваць заморскі рэцэпт

- Аддай іх мне, - папрасіў Сашка качатара, - а табе знайду чым печку рас-пальваць.

- Бяры - адказаў Салавей - толькі хоця адну мне пакінь я ж працаваць цяпер іду.

- На, - Сашка працягнуў яму "Лекцыі па гісторыі КПСС". - А дзе ты іх бярэш?

- Ды ў спартыўнай зале, другія дзверы налева - там усё завалена імі.

Калонія - пасяленне месцілася на тэрыторыі былой вайсковай часткі, і спар-тыўная зала была абсталя-вана ў пакінутай салдацкай казарме. Сашка хутка знайшоў дзверы, пра якія яму гаварыў Салавей, яны былі з суцэльнага ліста жалеза і на іх вісела чырвоная шыльда "Памяшканне для захоўвання зброі". Ён моцна пацягнуў тую шыльду да сябе і апынуўся на парозе цёмнага вільготнага пакоя. Лям-пачкі тут не было, і ён яшчэ шырэй адчыніў дзверы.

Уся падлога была завалена кнігамі, яны не былі складзены ў стосы, а проста валяліся раскрытыя і парваныя, пакрытыя цвіллю і адсырэлыя. Хадзіць па іх ён не хацеў і таму нахіліўся каля самага парога. "Васіль Быкаў" - "Альпійская балада" прачытаў Сашка назву на першай, трапіўшай яму, пыльнай вокладцы. Да горла падкаціў камяк. Адчуванне было такое быццам ён трапіў ў разбураны нечыяй варварскай рукой фамільны склеп, дзе ўсе нябожчыкі выкінуты са сваіх трун, і іх косці валяюцца пад нагамі.

Ён ўжо хацеў ісці калі пачуў за спіной голас.

- Что тут, кнігі? А дзецекцівы есць? - Гэта адзін са спарцмэнаў так-сама зацікавіўся дзіўнымі жалезнымі дзвярамі.

- Ды не, тут толькі такія - Сашка паказаў апра-нутаму ў спартыўныя шор-ты спацеламу хлопцу кнігу Караткевіча.

- Так эта жэ на беларускай мове! - пакруціўшы галавой грэбліва паморшчыўся той - не, спасіба, я такіе не чытаю.

Сашка шчыльна зачыніў дзверы. "Трэба хаця б павесіць сюды замок" - падумаў ён, - "Гэта ўсё што можна пакуль зрабіць".

Ён яшчэ трохі пастаяў каля былой збройні: "Так-так, так-так" - пачуўся дробны стук тэніснага шарыка. Гэта пасяленцы гулялі ў пінг-понг. Каб на прагніўшай ад сырасці падлозе тэнісны стол стаяў роўна пад яго ножкі з абодвух бакоў былі падкладзены кнігі.

На другі дзень, увечары Сашка, як і абяцаў, прынёс Салаўю паперы на распалку. Гэта была падшыўка газеты "Працоўны шлях", якую павінен быў выпісваць кожны пасяленец.

- Прымай, гэта замест кніг - сказаў ён качагару, - і ў той пакой больш не хадзі. А, як скончацца газеты, я яшчэ прынясу.

- Добра, - паціснуў плячыма Салавей, - мне розніцы няма, што паліць.

Алесь Казак, Гезгалы.


У Менску адкрылася першая персанальная выстава скульптара па метале Андрэя Капустнікава

У сталічнай мастацкай галерэі "Універсітет культуры" 3 студзеня адкрылася першая персанальная выстава скульптара Андрэя Капустнікава "Б/У. Флора і фауна".

У экспазіцыі прадстаўлены работы, выкананыя з металу, пакрытага ржой. Гледачы змогуць убачыць скульптуры "Расамаха", "Робат", "Пеўнік", "Балерына", "Сабачка", "Падводная лодка".

Наведвальнікаў на адкрыцці выставы сустракалі ўдзельнікі менскага рыцарскага клуба "Меч і крумкач", апранутыя ў касцюмы, што спалучаюць у сабе рыцарскія кальчугі і сучаснае ваеннае абмундзіраванне. "Узброены" яны былі "аўтаматамі", створанымі А.Капустнікавым. У якасці ўваходных білетаў гледачам выдавалі кавалачкі бляхі.

Як расказаў скульптар журналістам на адкрыцці экспазіцыі, сам ён па адукацыі зубны тэхнік, скульптурай па метале займаецца з 1989 года. "Мяне вельмі прыгнятала аднастайнасць прадукту, які вырабляўся", - пракаментаваў ён змену прафесіі.

Паводле слоў А. Капустнікава, на выставе прадстаўлены работы розных гадоў, якія дэманстраваліся ў розных сталічных крамах і кафэ. Таксама наведвальнікі могуць убачыць фатаграфіі работ майстра са здымкаў расійскага фільма пад рабочай назвай "Трэцяе неба". Гэта паўмістычная карціна здымалася ў Салігорску, а А. Капустнікаў працаваў над дэкарацыямі фільма.

Выстава будзе працаваць да 21 студзеня.

Т. ДАРАШЧОНАК, БелаПАН.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX