Вярнуцца: 2007

№ 07 (795)


Крыніца: pawet.net.



№ 7 (795) 14 ЛЮТАГА 2007 г.


100 гадоў з дня нараджэння Алеся Звонака

ЗВОНАК Алесь (Пётр Барысавіч; 14.2.1907, Мінск - 2.2.1996), бел. паэт. Скончыў БДУ (1931). Узначальваў Полацкую філію «Маладняка». Працаваў на Бел. радыё, у АН Беларусі, рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». у 1936 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне адбываў у Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Раннія зб-кі паэзіі «Буры ў граніце» (1929), «На лініі агню!» (1932), «Мая Радзіма» (1935), паэмы «Каршун» (1930) і «Загай» (1931) вызначаюцца рамантычнай узнёсласцю, квяцістасцю стылю, імкненнем да абагульненага паказу рэчаіснасці. Асн. матывы кніг «Табе адной» (1957), «Запаветнае» (1961), «Россып» (1967), «Прадчуванне» (1974), «Санеты» (1982), «Ружовая чайка» (1985), «Святлацені» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1992) - паэтызацыя працы і прыроды, філас. роздум пра жыццё, час, каханне і смерць. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Аўтар кн. артыкулаў і ўспамінаў «Неспакойныя сэрцы» (1973), п'есы «Навальніца будзе» (паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях», пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1959), сцэнарыяў навук.-папулярных фільмаў «Якуб Колас» (1962), «Вобразы і думы» (1965). Пераклаў на бел. мову «Дуэль. Іоныч» А.Чэхава (1931), «Апошні з Удэге» А. Фадзеева (з Хведаровічам, 1935), «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш. Руставелі (з Хведаровічам, 1966) і інш.


Зварот Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

21 лютага многія краіны свету адзначаюць Дзень роднай мовы. Гэта традыцыя была запачаткавана рашэннем ЮНЕСКА і бярэ свой адлік з 1999 г. З кожным годам гэтае свята набывае ўсё больш шырокі рэзананс у розных грамадствах свету.

Сёлетні 2007 год адметны для нашай краіны і роднай беларускай мовы. У гэты год мы адзначаем 125-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх адданасць роднаму слову і свайму народу служаць прыкладам сапраўднага патрыятызму для ўсіх грамадзян Беларусі незалежна ад іх нацыянальнасці.

Рада ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаецца да грамадзян Рэспублікі Беларусь з заклікам прыняць актыўны ўдзел у святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы і стала карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай.

Прыняты Радай ТБМ 4.02.2007 г.


Часопісу "Роднае слова" - быць!

Заява Рады Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Часопіс "Роднае слова" даўно і трывала заняў месца сярод найбольш аўтарытэтных беларускамоўных выданняў гуманітарна-асветніцкага кірунку. На яго старонках выступаюць пісьменнікі, мастакі. кампазітары, педагогі, метадысты, настаўнікі, маладыя даследчыкі.

Педагагічнае выданне ад самага пачатку заняло актыўную пазіцыю ў адраджэнні нацыянальнай культуры. пашырэнні беларускай мовы. Увесь час яно скіроўвае ўвагу сваіх чытачоў на канструктыўны шлях - шлях паразумення і згоды.

Літаратуразнаўчыя і лінгвістычныя матэрыялы арганічна спалучаюцца тут з артыкуламі па выяўленчым мастацтве. тэатры, музыцы, архітэктуры. кінамастацтве і нават спорту.

Сваімі публікацыямі часопіс "Роднае слова" актыўна спрыяе выхаванню патрыятызму, далучэнню маладога пакалення да духоўнай спадчыны нашага народа, да найлепшых узораў айчыннай і сусветнай класікі.

Часопіс "Роднае слова" павінен заставацца самастойнай установай, каб плённа рэалізаваць праграму па паляпшэнні стану беларускай адукацыі. Бо такія рубрыкі часопіса як "Школа і нацыянальнае адраджэнне", "Методыка і вопыт", "Калі закончыўся ўрок" прапаноўваюць выкладчыкам роднай мовы і літаратуры найноўшыя тэхналогіі сучаснай методыкі і спрыяюць удасканаленню навучальных і выхаваўчых працэсаў.

Мы спадзяёмся, што Міністэрства адукацыі і надалей будзе падтрымліваць "Роднае слова" як асобнае выданне.

Прынята на пасяджэнні Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"4 лютага 2007 г.


За беларусізацыю грамадскага транспарту

Па звестках на мінулы чацвер 1228 жыхароў Салігорска паставілі свае подпісы за беларусізацыю грамадскага транспарту. Акцыю наладзіла Салігорская суполка Маладога фронту.

Маладафронтаўцы плануюць таксама накіроўваць звароты з патрабаваннямі пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы, фірмы і арганізацыі горада.


Украінцы не забыліся пра 125-годдзе Якуба Коласа

Адбылася прэзентацыя выдання "Новай зямлі" Якуба Коласа на ўкраінскай мове. Пераклад - Валера Стралка. Кніга выдадзеная ў выдавецтве "Украінскі пісьменнік" за кошт дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны. Наклад 5 тысяч асобнікаў.

Прадмову да кнігі напісаў беларускі паэт і грамадскі дзеяч Анатоль Вярцінскі. Прэзентацыя адбылася ў рамках Менскай міжнароднай кніжнай выставы.

Паводле "Радыё "Свабода".



5 лютага 2007 года ТБМ праводзіць прэзентацыю кнігі Вінцэся Мудрова "Альбом сямейны", якая выйшла у серыі "Бібліятэка свабоды". Прэзентацыя праводзіцца ў Палацы мастацтваў на вул. Казлова, 3 у Менску, другі паверх. Пачатак у 14.00. Уваход вольны.


З ініцыятывы ТБМ

У канцы 2006 года РУППС "Белпошта" выпусціла канверт з выявай Лідскага замка. Упершыню у гісторыі беларускай філатэліі на паштовай прадукцыі з'явілася выява Вялікага князя Гедзіміна. Канверт выдадзены з ініцыятывы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Канверт выдала Барысаўская фабрыка "Дзяржзнака". Дызайнер А. Грахоўская.


Справаздача старшыні ГА " Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" Алега Трусава аб дзейнасці ў 2006 годзе

Шаноўнае спадарства!

Мінулы год быў для нас надзвычай няпросты. Гэта год прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, у ходзе якой дзесяткі сяброў ТБМ пацярпелі як актыўныя ўдзельнікі гэтага палітычнага працэсу. Шмат людзей адбылі суровае пакаранне, атрымалі штрафы, былі звольненыя з працы альбо мусілі пакінуць месца вучобы, паехаць за мяжу, каб там прадоўжыць сваё навучанне.

У жніўні Міністэрства адукацыі перавяло вывучэнне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў рускамоўных школах з беларускай мовы на рускую, а крыху пазней з Адукацыйных стандартаў ВНУ была выдалена беларуская мова як абавязковы прадмет навучання.

Напрыканцы жніўня ўлады абвясцілі аб будучых зменах у беларускім правапісе, ды абмеркавання ў грамадстве па гэтым пытанні не прапанавалі.

Але дзейнасць ТБМ не толькі не спынілася, але і актывізавалася. I план працы, прыняты на 2006 год, ў асноўным быў выкананы.У мінулым годзе было праведзена два пасяджэнні Рады і 18 пасяджэнняў Сакратарыяту. На студзеньскай Радзе быў прыняты Статут ТБМ з удакладненнямі і папраўкамі, якія зробленыя у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Закона аб грамадскіх арганізацыях. Аднак Міністэрства юстыцыі зрабіла шэраг заўваг і вярнула дакумент на дапрацоўку. Нягледзячы на гэта, нам удалося хутка выправіць хібы і зарэгістраваць Статут у новай рэдакцыі ўжо 14 красавіка 2006 года. Ён быў надрукаваны у "Нашым слове" і, дзякуючы гэтаму, трапіў да ўсіх нашых структур.

На другім пасяджэнні Рады, якое адбылося ў лістападзе, было прынятае рашэнне аб заснаванні Установы інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", а таксама зацверджаны яе Статут і дырэктар Станіслаў Суднік, які вельмі аператыўна зарэгістраваў выдавецкую структуру ў Лідскім райвыканкаме, а 12.12.2006 года у Гродзенскім аблвыканкаме.

Тут дарэчы адзначыць, што цягам гадоў Таварыства вядзе змаганне з чыноўнікамі Саюздруку за распаўсюджанне беларускамоўнай прэсы: "Нашай нівы", Рэгіянальнай газеты, а таксама "Нашага слова" у Менску, Віцебску, Менскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях. На пасяджэннях Сакратарыяту былі прынятыя заявы "Беларуская прэса знікае з прылаўкаў газетных кіёскаў нашай сталіцы", заява ў абарону беластоцкай "Нівы" і ў сувязі з яе 50годдзем. За мінулы год было выдадзена 52 нумары "Нашага слова", пры гэтым да 19 верасня газета выходзіла на 12ці палосах, у апошні квартал у асноўным на 4х. Падпіска на газету вагалася каля 1000 асобнікаў. Выданне прадавалася ў Гарадзенскай, Віцебскай і Берасцейскай абласцях і ў пачатку года ў г. Менску. Наклад быў у межах ад 2000 да 3000 асобнікаў. За справаздачны перыяд газета падала велізарны аб'ём беларусазнаўчай інфармацыі.

Газета "Наша слова" пасля прэзідэнцкіх выбараў засталася практычна адна з нямногіх на беларускамоўным полі, якая афіцыйна працягвала барацьбу за беларускую мову, за беларускую культуру.

Жыццядзейнасць ТБМ, станоўчыя вынікі яго працы наўпрост звязаныя з пастаяннымі стасункамі унутры структуры ад абласных арганізацый да кожнай суполкі і нават асобных сяброў з іншымі грамадскімі арганізацыямі (ЗБС "Бацькаўшчына", Саюз беларускіх пісьменнікаў, Ветэраны Адраджэння, партыя БНФ, ГА БНФ "Адраджэньне"), а таксама з уладнымі структурамі рознага ўзроўню.

Дзякуючы еднасці Таварыства, паспяхова працягваецца акцыя па зборы подпісаў пад зваротам на імя кіраўніка краіны "Абвесцім 2007 года годам беларускай мовы і культуры". Пра тое, што нашыя патрабаванні былі пачутыя можна меркаваць па апошніх выказваннях А. Лукашэнкі на сустрэчы 23 лістапада з украінскімі журналістамі і 19 снежня мінулага года на нарадзе з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў вышэйшых навучальных устаноў. Ён назваў ненармальнай сітуацыю, калі ў школах адзін урок беларускай мовы на тыдзень і шэсць урокаў англійскай. "Трэба ведаць перадусім сваю родную мову. Дзеці ў Беларусі ўжо ўвогуле не разумеюць на тэлебачанні перадачаў на беларускай мове, не чытаюць газет пабеларуску", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

ТБМ падтрымала ініцыятыву БНФ "Адраджэньне" па зборы подпісаў за адмену рашэнняў Міністэрства адукацыі аб выкладанні гісторыі геаграфіі Беларусі ў школах паруску. На адным з пасяджэнняў Сакратарыяту была прынятая заява "Беларускую гісторыю неабходна вывучаць на беларускай мове".

Можна сказаць, што мы працуем у адным звязку з пісьменнікамі. Літаратары, сябры ТБМ, па запрашэнні рэгіянальных структур Таварыства часта выступаюць у чытацкіх аўдыторыях краіны. У цяжкія для Саюза пісьменнікаў часіны Таварыства заўсёды падтрымлівае СБП. Мы білі трывогу, калі навісла пагроза над пісьменніцкай бібліятэкай. Была прынятая заява сакратарыяту "Унікальнаму кнігазбору пагражае небяспека". А калі паўстала неабходнасць захаваць гэтую бібліятэку, намаганнямі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ была дасягнутая дамоўленасць з мясцовай вертыкаллю, якая прапанавала транспарт для перавозкі літаратуры і месца яе захавання ў адной з бібліятэк Ліды. Пакуль кнігазбор знаходзіцца ў Мінойтах. Напрыканцы года нашае супрацоўніцтва набыло новую форму. Як вы, напэўна, заўважылі, у "Нашым слове" з'явілася старонка "Беларусь літаратурная", якую мы рыхтуем разам з Саюзам пісьменнікаў. Ужо пабачылі свет два выпускі гэтай рубрыкі.

У выніку стасункаў намесніка старшыні Сяргея Кручкова з шэрагам грамадскіх арганізацыяў, як у нашай краіне, так і ў замежжы быў сфармаваны аргкамітэт па стварэнні незалежнага тэлеканала "Беларусь". Урад Полыпчы прыняў рашэнне аб стварэнні пры грамадскім польскім тэлебачанні спадарожнікавага беларускамоўнага тэлеканала, рэальнае вяшчанне якога плануецца распачаць з другога паўгоддзя 2007 года.

Амерыканскай карпарацыяй Oracle прынятае рашэнне аб стварэнні беларускамоўных лакалізаваных прадуктаў гэтай кампаніі. Таксама кампанія Microsoft: (ЗША) прыняла рашэнне да сярэдзіны 2007 года стварыць беларускамоўную версію праграмы Microsoft Word Модуль па беларусізацыі будзе даступны праз Інтэрнэт.

Мы аказалі дапамогу ў падрыхтоўцы нямецкабеларускага слоўніка. Неўзабаве з'явіцца электронны варыянт гэтага слоўніка. Акрамя гэтага праз які месяц у Інтэрнэце будзе электронны арфаграфічны слоўнік беларускай мовы, які змяшчае болып за 180 000 словаў.

Няпростай справай з'яўляецца працэс ліставання з рознымі дзяржаўнымі ведамствамі, установамі, прадпрыемствамі па пытанні пашырэння ўжытку нашай роднай мовы. Амаль цэлы год вялася перапіска з урадавымі структурамі, ад якіх мы патрабавалі выдаць новыя Правілы дарожнага руху на беларускай мове. Нашая настойлівасць змусіла адпаведныя ведамствы разабрацца, хто гэтым павінен займацца, і напрыканцы года МУС Рэспублікі Беларусь паведаміў, што імі накіраваны запыт на кнігу ў адпаведнае выдавецтва.

Мы звярталіся з запытамі па афармленні вадзіцельскіх пасведчанняў, іншых дакументаў пабеларуску, пра выкарыстанне беларускай мовы ў працы Дарожнай аўтамабільнай інспекцыі, аб выпуску латарэі, выданні беларускамоўных перакідных і насценных календароў, аб адсутнасці мовы на пакунках лекавых сродкаў, прадуктовых тавараў, парфумнакасметычнай прадукцыі, аб мове службовых бланкаў, невыкананні Міністэрствам адукацыі Пастановы № 48 "Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі" (2001 г.), з нагоды пераводу раённай газеты "Веснік Чэрыкаўшчыны" на рускую мову. Пісалі мы ў "Народную волю" Іосіфу Сярэдзічу наконт рускамоўнага варыянту квіткоў на падпіску, галоўнаму рэдактару "СНплюс" пра цікавы артыкул Сяргея Законнікава на рускай мове. Хадайнічалі перад Мінскім аблвыканкамам аб увекавечанні памяці Ібрагіма Канапацкага, білі трывогу пра знішчэнне дамоў " 4, 6 па вул. Рэвалюцыйнай, якія з'яўляюцца помнікамі архітэктуры і знаходзяцца пад дзяржаўнай аховай. Перыядычна мы звяртаемся па моўным пытанні да кіраўніцтва Беларускага тэлебачання з патрабаваннем выпуску праграмы "НАВІНЫ" на беларускай мове, прынялі адмысловую заяву "Мы за трансляцыю футбольных матчаў пабеларуску".

Але, як бачым, нічога не памянялася. Міністэрства адукацыі на нашыя запыты наконт стварэння нацыянальнага універсітэта працягвае сцвярджаць, што гэта немэтазгодна. Ужо не першы год мы дасылаем лісты пра ўключэнне на разгляд сесіі парламенту праекту Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змен і дапаўненняў у закон РБ "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь". Аднак зусім нядаўна атрымалі яшчэ адзін адказ, з якога вынікае, што гэтае пытанне не ўнесена ў праект Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі законапраектаў на 20062010 гг., а гэта азначае, што яно не будзе разглядацца.

Аднак не ўсё так кепска. Дзякуючы нашым захадам, з'явіліся дзве цалкам беларускамоўныя радыёстанцыі "Еўрапейскае радыё для Беларусі" і "Радыё Рацыя", загаварылі пабеларуску "Нямецкая хваля" і "Радыё Швецыі", пашырылася сфера выкарыстання беларускай мовы на транспарце, родная мова загучала ў трамваях. Уся філатэлістычная прадукцыя суправаджаецца тэкстамі на беларускай мове.

Мы першыя звярнуліся да адпаведных уладных структураў з патрабаваннем аб святкаванні 125х угодкаў народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У выніку 29 студзеня 2007 года выйшаў адпаведны указ № 57 "Аб мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню 125годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа", прычым на беларускай мове. Створаны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы да святкавання юбілеяў. Ва ўстановах адукацыі прадугледжваецца арганізацыя канферэнцый, паэтычныя чытанні, вечары паэзіі, конкурсы на лепшы твор, малюнак, выкананне твораў Купалы і Коласа, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, дзеячамі беларускай культуры і інш.

Мы стараемся, наколькі гэта магчыма, заўважаць і падтрымліваць рупліўцаў беларускай мовы. Напрыклад, былі дасланыя падзячныя лісты прадпрыемствам, якія пачалі выкарыстоўваць роднае слова. Гэта фабрыка "Камунарка", Чавускі масласырзавод, ААА "ПрадАктыў", ЗП "ІКАРТАЙМ" (за аздабленне кавы) і шмат каму яшчэ. Мы ўдзячныя Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, якое прыслухоўваецца і па магчымасці ўлічвае нашы прапановы па выпуску паштовай прадукцыі на беларускай мове. Шмат гадоў нам спрыяе Федэрацыя беларускіх прафсаюзаў, дзякуючы фінансавай падтрымцы якой мы маем магчымасць падпісаць шэраг школьных бібліятэк на "Наша слова", выпісаць іншыя беларускія выданні.

Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе нам даводзілася бараніцца самім і бараніць сваіх сяброў і структуры. З 3 на 4 красавіка 2006 года быў зроблены чарговы напад прадстаўнікоў незарэгістраванай арганізацыі "Нацыяналбальшавіцкая партыя" на сядзібу. Дзверы і шыльда сядзібы былі заклеены ўлёткамі фашысцкага зместу з заклікамі да забойства "ворагаў". (Папярэдні напад быў у ліпені 2005 г.). Аднак зламыснікі не знойдзены і не пакараныя, нягледзячы на нашыя звароты ў самыя высокія ўладныя структуры. Нам удалося захаваць юрыдычны адрас Полацкай гарадской арганізацыі, якая апынулася пад пагрозай страты сваёй легітымнасці. Мы змагаліся за Салігорскую, Аршанскую, Слонімскую, Асіповіцкую і іншыя арганізацыі. Аднаўляецца дзейнасць Гомельскай абласной арганізацыі ТБМ. Мы ўзялі ўдзел у абароне старшыні Баранавіцкай гарадской арганізацыі Віктара Сырыцу ад мясцовай ўлады, якая наладзіла ператрус на кватэры, падчас якога нібыта былі знойдзены баявыя патроны.

Культурнаасветніцкая дзейнасць ТБМ плённа працягваецца. У першай палове мінулага года, са студзеня па чэрвень, адбылося 80 грамадскіх лекцый і сустрэч на гістарычную і культурнаасветніцкую тэматыку у Мінску, Заслаўі, Баранавічах, Маладэчна. Сярод выступоўцаў былі пісьменнікі Уладзімір Арлоў, Вольга Іпатава, Уладзімір Содаль, гісторыкі Анатоль Грыцкевіч, Аляксей Кароль, Захар Шыбека, Міхась Чарняўскі, філолагі Алена Анісім і Людміла Дзіцэвіч, мастак Аляксей Марачкін і іншыя актывісты ТБМ. Сярод прысутных, а іх было болей за тысячу, знаходзіліся людзі розных прафесій і ўзростаў. Яны значна паглыбілі свае веды, дзякуючы, як лектарам, так і раздадзенай літаратуры.

Некаторыя са слухачоў папоўнілі шэрагі сяброў ТБМ. Сярод прысутных заўжды было шмат моладзі. Слухачы атрымалі бязвыплатна каля 700 асобнікаў розных цікавых кніг і брашураў, шмат нумароў газеты "Наша слова", беластоцкай "Нівы" і "Народнай волі". Мы плануем аднавіць гэтую праграму праз некалькі месяцаў. Паспяхова праходзяць заняткі семінара "Я магу жыць лепей", які вядзе Людміла Дзіцэвіч.

У сядзібе ТБМ рэгулярна ладзіліся мастацкія выставы і прэзентацыі розных беларускіх выданняў.

У адпаведнасці з планам дзейнасці Таварыства праз газету "Наша слова" былі адзначаны гістарычныя даты, юбілеі беларускіх дзеячаў і сяброў ТБМ. Адзінае, што мы не зрабілі, дык гэта не выдалі запланаваных кішэнных каляндарыкаў.

ТБМ здолела ўтрымацца ў нялёгкай палітычнай сітуацыі і нават пашырыла свой уплыў у некаторых рэгіёнах Беларусі. Вельмі добра працавалі нашы структуры ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Светлагорску, Лідзе, Горадні, Слуцку, Шаркаўшчыне, Менску, Заслаўі, Магілёве, Баранавічах, а таксама Пінскім, Жыткавіцкім, Бярэзінскім раёнах. Прывяду некалькі прыкладаў канкрэтных спраў нашых структураў. Маладыя сябры Слабадской суполкі ТБМ г. Ліды у жніўні месяцы пачалі працу па расчыстцы фундамента сядзібы Ігната Дамейкі ў вёсцы Заполле Лідскага раёна.

На працягу 10 гадоў Баранавіцкая рада ТБМ (кіраўнік Віктар Сырыца) рыхтавала радыёперадачы "Люблю наш край" на гарадскім радыё. У 2006 годзе было падрыхтавана 28 выпускаў. На жаль, перадача перастала выходзіць. Ніхто прычын яе ліквідацыі не патлумачыў. 21 траўня сябры Баранавіцкай рады правялі традыцыйную святочную імпрэзу, прысвечаную падзеям, якія адбыліся на Мілавідскай зямлі 143 гады таму. Віцебская абласная і гарадская арганізацыі ТБМ (старшыні Іосіф Навумчык і Валянцін Арлоў) арганізавала шмат сустрэчаў пісьменнікаў з жыхарамі горада.

Гарадзенская гарадская арганізацыя (кіраўнік Аляксей Пяткевіч) зладзіла адмысловыя вечарыны, прысвечаныя 100годдзю "Нашай Нівы", 85годдзю ТБШ, 230годдзю "Газэты Гродзеньскей".

Па ініцыятыве і пры ўдзеле Светлагорскай арганізацыі (старшыня Тэльман Маслюкоў) выяўлена месцазнаходжанне былога горада Казімір, які існаваў у 17 ст., і на гэтым месцы пачатыя археалагічныя даследаванні. Слуцкая гарадская арганізацыя (старшыня Мікола Курыльчык) адзначыла Міжнародны дзень роднай мовы, 85годдзе Слуцкага збройнага чыну, Дзень волі, 890годдзе Слуцка.

Полацкая гарадская арганізацыя (старшыня Валянціна Крук) выпусціла кішэнны каляндарык з выявай паэта Янкі Журбы на фоне СпасаПраабражэнскай царквы і эмблемай ТБМ.

Пінская раённая арганізацыя (кіраўнік Уладзімір Гук) увесь год вяла работу па ўшанаванні памяці знакамітых сыноў і дачок Беларусі ў школах Плотніцы, Бобрыка, Парэчча, Бярозавіч, Кончыцы, Пласкінь і інш.

Мікуліцкая суполка Бярэзінскага раёна (старшыня Леанід Красоўскі) арганізавала падарожжа ў Нясвіж і Мірскі замак.

Заслаўская суполка "Нашчадкі Рагнеды" (старшыня Вольга Шарэйка) даследуе гісторыю і сучаснасць Заслаўя, удзельнічала ў конкурсе па гісторыі Польшчы, падтрымлівае сувязь з літаратурным музеем Ул. Караткевіча ў Оршы, грамадскімі аб'яднаннямі: "Экапраект", "Чазенія", "Мастак", ТБШ, "Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын".

Актыўна працуюць сябры Жыткавіцкай раённай арганізацыі (старшыня Васіль Нікановіч), дзе у шасці суполках налічваецца 68 сяброў.

Шаркаўшчынская раённая арганізацыя (старшыня Ада Райчонак) стварыла літаратурнамастацкі музей, які мае каля ста твораў мастакоў Беларусі і шмат кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў. Тут праводзяцца экскурсіі, літаратурныя вечарыны, сустрэчы з дзеячамі культуры. Правялі плянэр, прысвечаны Рыгору Барадуліну, выдалі каталог па выніках плянэру, прысвечанага юбілею Ул. Караткевіча "I адчуеш Радзіма".

Зараз у базе дадзеных налічваецца 5379 сяброў. На тэрыторыі Беларусі дзейнічае 110 рэгіянальных структур, з якіх 56 зарэгістраваныя ў мясцовых органах улады.

У нашыя шэрагі актыўна ўступае моладзь, вучні старэйшых класаў, студэнты. Усяго за 2006 год на пасяджэннях Сакратарыяту прынята 79 чалавек, зарэгістравана дзве суполкі, адну з якіх узначаліў і стварыў Павел Севярынец, які адбывае 2гадовае пакаранне на хіміі ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёна за арганізацыю масавых пратэстаў. У складзе Маласітненскай суполкі 10 сяброў. Яны паведамілі нам пра тое, што 30 снежня 2006 года, якраз у дзень свайго нараджэння, Павел Севярынец атрымаў станоўчы адказ з Полацкага райвыканкама на прапанову ўстанавіць на месцы замчышча "Сітна" (16 ст.) мемарыяльную пліту з беларускамоўным надпісам і ўключыць аб'ект у адзін з турыстычных маршрутаў на Полаччыне. Гэта абнадзейвае.

Цягам снежня 2006 і студзеня 2007 года вялася вялікая праца па зборы сяброўскіх складак і ахвяраванняў на дзейнасць ТБМ, што дазволіла нам вырашыць надзённыя фінансавыя праблемы.

Наша задача актыўна працаваць і ў гэтым годзе.


Слова пра сябра

На мінулым тыдні не стала кіраўніка суполкі ТБМ Магілёўскага прадпрыемства "Хімвалакно" Леаніда Драздова.

Лявон Драздоў быў з тых мужчын , каго смела можна назваць рыцарамі - па трапяткіх адносінах да жанчыны , па адказнасці за сваё слова , па сумленнасці душы .

Ён любіў беларускую літаратуру , тонка і чуйна адчуваў паэзію . І гэта надавала яму моцы змагацца за яе , прапагандаваць паўсюдна , дзе толькі можна , што для навакольнага , спрэс русіфікаванага , пакорліва - згодлівага і абыякавага чынавенства , мусіць , было дзіўна і нават дзіка . Ад гэтага моцна пакутаваў , і дасюль памятаю ягоныя балесныя вочы , калі ён не змог " прабіць " паўторнае выступленне групы пісьменнікаў на сваім аб ' яднанні " Хімвалакно ", дзе мы выступалі першы раз недзе ў 2003 годзе . Усё ж разам з нястомным Алегам Дз ' ячковым дамогся іншага памяшкання , і на новую сустрэчу прынёс букет капрызнадалікатных лілеяў - і гэта ў заснежаным Магілёве !

Спагадлівы і сардэчны , далікатны і светлы , ён стаў сябрам нашай сям ' і - прысылаў лісты , збіраўся прыехаць да нас ў вёску . Любіў вандраваць па Беларусі і фатаграфаваць тое , што западала ў душу .

З 2007ым годам павіншаваў нас фатакарткамі з тых вандровак. Мне асабліва да спадобы прыйшоўся Глыбоцкі касцёл - ён быў зняты знізу так, што здавалася, што ўвесь гэты вытанчаны і строгі будынак зараз уздымецца ў высокае, бяскрайняе неба.

Хто ж мог думаць, што душа Лявона Драздова неўзабаве сама ўздымецца да вечных неспасцігальных вяршыняў і паляціць ад нас?

Няхай увойдзе яна ў той куточак Ірыю, дзе жыве і тчэцца нябесная Беларусь - вольная, шчаслівая, вечная…

Вольга Іпатава.


Да 200-годдзя Напалеона Орды

9 лютага Ліда пачала адзначаць 200годдзе з дна нараджэння вялікага беларуса, мастака і кампазітара Напалеона Орды.

У Лідскім гістарычнамастацкім музеі адкрылася выстава рэпрадукцый Напалеона Орды. Усяго выстаўлена больш за 60 рэпрадукцый з малюнкаў, акварэляў і літаграфій мастака. Адзіны ў музеі арыгінал літаграфіі Лідскага замка знаходзіцца ў дрэнным стане і не выстаўляўся. Затое на выставе былі прадстаўлены практычна ўсе навейшыя выданні, прысвечаныя творчасці Напалеона Орды. Намаганнямі ТБМ дастаўлены альбом з 260 каляровымі рэпрадукцыямі, які толькі што выйшаў у Літве, Таварыства польскай культуры прадставіла два альбомы, выдадзеныя ў Польшчы. Сам музей наўпрост з выдавецтва атрымаў новы беларускі альбом "Напалеон Орда. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі", які яшчэ не паступаў у продаж.

Выстава яшчэ да адкрыцця займела шырокую прэсу і яшчэ да адкрыцця музей атрымаў 35 заявак на экскурсіі, чаго тут не было ніколі.

Не абыйдзены ўвагай аказаліся і Ордапатрыёт і Ордакампазітар. Пра жыццёвы і творчы шлях распавядала мастацтвазнавец Тацяна Нікіфарава, а студэнткі Лідскай музычнай вучэльні Жмуро Наталля і Радзівонік Аксана (канцэртмайстар Кандрашова Лілея Жыгангізаўна) выканалі два паланэзы Напалеона Орды (сольмажор і мібемольмажор "Аўрора"). Наогул жа Лідская музычная вучэльня рыхтуе на красавік месяц вялікі канцэрт з твораў Напалеона Орды.

Да 200годдзя Напалеона Орды беларуская дзяржава і беларускае грамадства падыйшлі нарэшце так, як павінны падыходзіць да юбілеяў усіх годны сыноў і дачок Бацькаўшыны. Ідуць шматлікія выданні, адбіта манета, на выхадзе марка і канверт. "Белпошта выдала насценны каляндар на 12 месяцаў", нават, што надзвычай уражвае, даволі далёкая ад мастацтва арганізацыя "Мінскводбуд" пад дэвізам "Смага мінае, крыніцы застаюцца" выдала да 200годдзя Н. Орды насценны каляндар "Маляўнічая Бацькаўшчына". Прыемна адзначыць, што ўсе беларускія выданні выходзяць на беларускай або беларускай і англійскай мовах.

Акадэмія навук рыхтуе канферэнцыю, а аркестр Міхаіла Фінберга канцэрт. Будзе праведзена і шэраг іншых мерапрыемстваў.

Яраслаў Грынкевіч.

На здымках: 1. Адкрыццё выставы, рэй вядзе Тацяна Нікіфарава; 2. Гучыць паланэз сольмажор; 3. Выданне Мінскводбуда; 4. Камплект паштовак з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.


Ягоная калыска - Наваградчына

На 74-м годзе жыцця адышоў у вечнасць выдатны мастак, шчыры беларус Віктар Сташчанюк. Беларуская культура панесла нічым незаменную страту. Жыццё і творчы шлях гэтага непераўзыдзенага майстра гістарычных рэканструкцыяў былі цесна знітаваныя з малой і вялікай радзімай. Малой - гэта старажытная Наваградчына, вёсачка Сёгда, дзе ён нарадзіўся, адкуль пайшоў у свет і куды заўжды вяртаўся ў хвіліны радасці альбо самоты. І вось апошняя сцяжынка вяртае яго на зямлю продкаў, дзе ён знойдзе вечны супакой. Вялікая радзіма - Беларусь - заўсёды хвалявала спадара Віктара, і ён знаходзіў у сабе сілы служыць ёй, дзяліцца здабыткамі свайго таленту. Яго творчае жыццё знітаванае з сталіцай нашай краіны Менскам, дзе ён жыў са сваёй маці. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральнамастацкага інстытута ў 1970 годзе ён актыўна ўдзельнічае ў выставах. Асаблівае месца ў творчасці займаюць гістарычныя рэканструкцыі замкаў і архітэктурных ансамбляў Наваградка, Заслаўя, Менска, Полацка. Аднак Віктар Пятровіч - мастак шырокага дыяпазону: ён асвоіў жывапіс, графіку, дэкаратыўнаужытковае мастацтва, пластыку малых формаў, аўталітаграфію. Аформіў шмат кніг, сярод якіх варта згадаць такія як "Адкуль наш род" Ул. Арлова, "Пінская шляхта" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае" М. Ермаловіча, "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы". Адметная старонка яго творчасці - дызайнграфіка паштовых канвертаў і марак. Віктар Сташчанюк быў душой творчай суполкі "Пагоня". Плённа працаваў у складзе яе Рады, дзе праяўляў бескампрамісную высокую грамадзянскую пазіцыю. Ён меў багаты досвед у архітэктуры, дзякуючы якому распрацаваў генеральнае рашэнне музеясядзібы, дзе ў засценку Пунькі нарадзіўся Язэп Драздовіч. Гэтая праца пакуль што застаецца на паперы, але мы верым, прыйдзе час і ягоныя планы рэалізуюцца.

Віктар Сташчанюк валодаў паэтычным дарам. Ён выдаў кнігу вершаў "У прасторы часу", якую аздобіў графічнымі творамі. У паэтычных радках і малюнках мастака - замілаванасць прыгажосцю роднага краю, боль за пагарджаныя святыні і надзея на адраджэнне.

Мы ўсё ж у будучыню

нашу верым.

І ў свеце станем

бачнымі здалёк.

Дабразычліўцам

мы адчынім дзверы.

Краіна возьме

жыццядайны крок.

Віктар Сташчанюк быў прапагандыстам родна-га слова, перажываў за яе сённяшні стан і верыў у яе неўміручасць.

Ды не ўмёрла

яшчэ наша Слова.

І нясцерпны

ў душы яго крык.

Творчая суполка "Пагоня", Таварыства беларускай мовы смуткуюць з прычыны смерці таленаві-тага мастака, надзейнага сябра і выказваюць шчырае спачуванне яго родным і блізкім.

Аляксей і Ірына Марачкіны.


Сярэднявечная музыка ў шляхетнай Гародні

Аднойчы , выступаючы ў Берасці , артысты гурта беларускай сярэднявечнай музыкі " Стары Ольса " звярну - ліся ў залу : " Прывітанне , Гародня !" Напэўна, музыкі даўно хацелі наведаць наш старажытны горад над Нёманам. Што і казаць, гарадзенцы самі з нецярпеннем чакалі іх канцэрту. І, нарэшце, у адзін лютаўскі вечар жыхары Гародні цягам двух гадзін атрымлівалі асалоду ад чароўных гукаў медывалі. Старадаўнія беларускія ды еўрапейскія танцы, рыцарскія балады, ваяркія песні, творы прыдворнай музыкі XV-XVI стагоддзяў перанеслі гледачоў на княжацкі баль. Напэўна, кожны аматар сярэднявечнай музыкі адчуў сябе сапраўдным ліцьвінам, жыхаром Вялікага Княства Літоўскага...

"Стары Ольса" працуе ўжо больш за сем гадоў. За гэты час музыкі запісалі восем музычных альбомаў. Істотнай асаблівасцю гэтага гурта з'яўляецца тое, што ўсе без выключэння музычныя інструменты робяцца па старадаўніх тэхналогіях дзеля таго, каб рэканструяваць аўтэнтычны тэмбр і гук. У Гародню "Стары Ольса" прыехаў у поўным складзе: Зміцер Сасноўскі, Ілья Кубліцкі, Андрэй Апановіч, Алесь Чумакоў, Сяргей Тапчэўскі і Аксана Касцян.

Мне ўдалося пагутарыць з лютністам і ўдарнікам гурта - спадаром Ільём Кубліцкім.

- Ілья , скажы , калі ласка , якія ўражанні застануцца ў цябе ад сённяшняга канцэрту і гарадзенскай публікі ?

- Было вельмі нечакана, што ўсе квіткі прадаліся. Мы тут першы раз. У Менску мы выступаем часта. Нас там ведаюць, а ў Гародні - толькі па запісах, напэўна. Так што, вельмі прыемна было.

- У адным з інтэрвію ты зазначыў, што мара кожнага артыста - калі паўнюсенькая зала і квіткоў вольных няма. Я думаю, што сёння гэта мара здзейснілася...

- О, ну так! (Смяецца.)

- Скажы, калі ласка, а чаму менавіта Сярэднявечча? Чым цікава гурту "Стары Ольса" гэтая эпоха?

- Гэта вельмі цікавы кірунак насамрэч. Тым больш, ён вельмі мала распрацаваны ў Беларусі. У нас усё больш з'яўляецца гуртоў, якія цікавяцца сярэднявечнай музыкай. У Расіі, напрыклад, больш цікавяцца ірландскай музыкай. Дзякуй Богу, што ў нас з'явіліся гурты, у якіх не толькі еўрапейская музыка сярэднявечная, але яны шукаюць і беларускія песні.

- Адзін з жанраў рэпертуару "Старога Ольсы" - беларускія канты. Дарэчы, яны сёння не выконваліся...

- Канты - гэта духоўныя спевы. Мы асабліва не выконваем іх. У нас ёсць адна песня "Багародзіца" ў апошнім альбоме. Духоўны гімн Вялікага Княства Літоўскага.

- Дарэчы, палякі лічаць, што гэта іх старажытны гімн...

- Насамрэч гэта не так. Ёсць некалькі версій з'яўлення гэтай песні. Але ўсе даследчыкі пацвердзілі, што гэты чалавек не мог яе напісаць. Нажаль, я не памятаю яго прозвішча. Гэта нейкі польскі святар. У "Багародзіцы" выразна выступаюць беларусізмы. Трохі ёсць і польскіх словаў, але гэты твор быў менавіта ў Княстве Літоўскім.

Упершыню гімн заспяваўся на Грундвальскай бітве. І пасля Грундвальскай бітвы сталі дапрацоўваць, прыдумваць новыя слупкі. Мы выканалі менавіта тое, што запісана было ў ХV стагоддзі, пасля Грунвальдскай бітвы. Менавіта так яна выконвалася. А потым палякі пачалі ўжо называць "Богородзіца", хаця ў іх такога слова канешне няма. Гэта беларускае слова. Яны сталі прыдумваць дадатковыя мелодыі. Стагоддзі ішлі, і гімн усё больш распрацоўваўся. Але я яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мы выканалі варыянт самы старадаўні, як гэта і было ў XV стагоддзі.

- "Стары Ольса" мае за плячыма досвед у здымках відэакліпаў. Ролік "У карчме" стаў першым кліпам на беларускую сярэднявечную музыку. А ці могуць аматары гурта чакаць у бліжэйшым часе з'яўлення новых відэаролікаў?

- Так, могуць, канешне. Ужо ёсць матэрыял для новага кліпа. Толькі трэба зрабіць мантаж. Гэта кліп на песню "Ліцьвін" са "Скарбаў ліцьвінаў". Мы перапісалі нанава фанаграму. Пановаму загучала песня. У праекце ўдзельнічалі беларускія рыцарскія клубы. Спадзяемся, атрымаецца добры кліп.

- Будзем чакаць! Скажы, калі ласка, што за каларытная асоба змешчана на вокладцы апошняга альбома гурта "Гераічны эпас"?

- Фёдар Міхееў, кіраўнік "Княжага Гуфа". Мы з гэтым клубам пастаянна супрацоўнічаем. І ў кліпе яны здымаліся. Адны з арганізатарў будучага кліпа "Ліцьвін", дарэчы.

Гэта фігура вельмі падыходзіць да музыкі, спеваў. Нам падалося, адлюстроўвае змест. Альбом дастаткова "крывавы" атрымаўся.

- Пра ваяроў?

-Так.

- Цікава даведацца пра тэатр "Яварына": хто гэта, чым займаецца калектыў, дзе выступаюць?

- Яны выступаюць з намі па фестывалях. Вельмі часта Польшчу наведваем разам. Нядаўна ў Эстоніі былі. Мы пастаянна праводзім сярэднявечныя дыскатэкі ў Менску: раз на год, напэўна, ці два нават бывае. І яны таксама ўдзельнічаюць. Людзі прыходзяць, хочацца патанчыць, і "Яварына" вучыць. Потым тэатр займаецца агнявым шоў. Fireshow паказвалі не раз у Польшчы. Таксама ў іх ёсць задумкі рабіць мініцюры на старадаўнія беларускія тэмы. Такія сярэднявечныя мініспектаклі будзем рабіць.

- А ці можна далучыцца да гэтай творчай суполкі, каб навучыцца танчыць?

- Ну, як бы майстаркласы яны не праводзяць. Тут прафесійныя танцоры, навучэнцы універсітэта культуры.

-То бок, як у фітнесклуб, каб навучыцца лацінскім танцам, у "Яварыну" дзеля сярэднявечных танцаў прыйсці нельга?

- Пакуль такой ідэі я не чуў. Можа, калі і гэтым зоймемся...

Мы наступны альбом збіраемся рабіць танцавальным: еўрапейскія танцы. Тут быў альбом спеваў, а зараз будзе альбом танцаў.

- Кшталту як сёння гралі?

- Так, але гэта будуць новыя творы. Акрамя адной, якая гучала, - "Сцяжынкай д'ябла". Венгерскі танец.

- "Мочыць вусны пенна цёмна піва..." - пяецца ў адной песні "Старога Ольсы". Дарэчы, яна не выконвалася сёння. І ўсё ж якім півам любяць пачаставацца самі спадары музыкі?

- Самае любімае - "Аліварыя". Я люблю цёмнае, а астанія - светлае. А гэта песня проста не наша, а Сідаровіча. І не сярэднявечная. Яна пад акардыён выконваецца..

- Але ўсё роўна страшэнна папулярная.

- Так, мы ведаем. (усміхаецца) Але я думаю, што ёсць вельмі добрыя сярэднявечныя песні. Усё ж такі мы прапагандуем сярэднявечную культуру.

- Вялізны дзякуй за такое цікавае і змястоўнае інтэрвію, спадар Ілья!

Хрысціна Марчук.


Беларусь літаратурная

МАЙСТАР

70 гадоў з дня нараджэння Міхася Стральцова

Віктар Філімонавіч Карамазаў прынёс рукапіс гэтага артыкула ў « Беларусь літаратурную » і засмучаўся , што пісьменнікі не маюць сёння магчымасці выказацца . « Вы ж паглядзіце , колькі імёнаў занядбана ! Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі друкуюць пісьменнікаў з свайго пісьменніцкага саюза . Яны красуюцца ў сямейных інтэр ' ерах на тэлебачанні , ім прадастаўляюць радыёэфір . А сапраўдныя творцы - за кадрам . Любы дасведчаны чытач скажа : сёння міжнародную прэмію можна даць толькі аднаму паэту - Уладзіміру Някляеву . Але колькі паэтаў беспадстаўна прагнуць гэтай славы! І не толькі маладых. Але і сталых, тых, хто некалі насіў свае творы на рэдагаванне Міхасю Стральцову,- і з жалем дадаў,- Міхась жа на прэміі ўжо ніколі не будзе прэтэндаваць...»

Нехта не дапамог Стральцову выдаць кніжку, нехта ў 1996-м напісаў брудны артыкул пра яго... Зайдроснікі жывуць і сёння. Але вечнасць - з Творцам.

"Блакітны вецер" - гэтак Міхась Стральцоў назваў сваю першую кнігу. Кніжачку? Памер - дзяціная далонька. І за далонь дзіцяці танчэйшая. І вокладка - шматок паперы. Але ж - кніга.

"Дома" - першае апавяданне ў першай кнізе.

Год - 1962.

Той год я памятаю, між іншага, дарогай з Мінска ў Крычаў, дадому, як у вагоне прыгараднага цягніка, ад Воршы да Крычава, чытаў Стральцова "Дома".

Першы радок памятаю і цяпер: "Доўгім і вузкім дваром яны дайшлі да пуні."

А далей з кнігі, хоць тры радкі:

Сцяпан зняў з прабоя клямку, і вароты са скрыпам расчыніліся. З пуні патыхнула моцным, такім знаёмым Сцяпану пахам сырой зямлі і свежага сена. Ён дастаў з кішэні карабок і асцярожна чыркнуў запалкай.

У той час я захапляўся Іванам Буніным. Якраз, крыху раней, выйшла першая для нас, савецкіх чытачоў, кніга яго апавяданняў, і яна шмат гадоў ляжала на маім пісьмовым стале. Бывала, сядзеш за стол, Буніна разгорнеш, старонку прачытаеш: Божа, як усё на месцы - слова, гук, пах, рух, водар, настрой. А як вярнуўся з Мінска, на стол да Буніна лёг і "Блакітны вецер". Чытаў Страль-цова і думаў - сябе не раз лавіў на гэтым - тое, што пра Буніна: якая ўсюды, у кожным слове і паміж слоў, дакладнасць і паўната.

Праз дваццаць пяць гадоў, узяўшы новае выданне Стральцова, ужо выбранае, я захацеў убачыць, як ён, на схіле свайго нядоўгага жыцця, рыхтуючы перавыданне ранніх твораў, іх перачытваў, рэдагаваў, ці шмат сябе самога, маладога, правіў, як звычайна робяць у літара-туры, бо гэта натуральна сваё палепшыць з вышыні творчага ды жыццёвага досведу, новых адчуванняў. Параўнанне тэкстаў апавядання "Дома", першага выдання і апошняга, падрыхтаванага аўтарам, здзівіла: ні слова перайначанага ці выкінутага. Падумалася: «Што гэта? Творчы прынцып?» Але гэтую думку адвяргалі нязначныя праўкі ў іншых творах, дзе ў той жа час быў поўны давер першаму тэксту. Загадак няма. Міхась Стральцоў прыйшоў у літаратуру адразу безумоўным майстрам. А гэта з'ява надзвычай рэдкая.

Лёс майстра не бывае лёгкі. Не столькі ў сэнсе самаахвярнасці і абавязку. Яму наканавана зайздрасць акружэння. У Моцартаў заўсёды ёсць Сальеры. Былі Сальеры і ў Стральцова. Нават з вядомых паэтаў і празаікаў. Але яго майстэрства ніхто ніколі не мог аспрэчыць. Нават сам Стральцоў - сам над сабой рэдактар.

У праграмным вершы "Размова з часам" ён выкажацца: «Мой голас у веку наступным пачуеце.»

І не памыліцца.

Але, перачытваючы яго ў ХХІ веку, да якога ён не дажыў, мы задумваемся над загадкаю майстэрства Стральцова, як сам ён некалі думаў над загадкаю Максіма Багдановіча. І тут кожны з нас, яго чытачоў, мае права на свае разгадкі гэтай прыгожай загадкі.

«Калі маўчыць душа, гібее розум наш», -

засцерагаў Міхась Стральцоў у вершы "Засця-рога" ад забыцця, нагадваў, што першае - душа і пачуццё. Не слова і не думка - душа і пачуццё. Што слова, думка, адзіная, якіх паэт чакае, знойдуцца, калі душа працуе, не спіць, калі яна не хлуслівая, калі ў ёй гарыць святло, пануе чысціня. Ён усё жыццё рупіўся пра чысціню душы, бярог яе ад ілжы і бруду, даходзячы да самаахвярнасці. Рэальнасць, у якой ён жыў, гарантый не давала. І гэта яго хвалявала, засмучала, трывожыла, прымушала маўчаць. Адзіным ратункам была повязь з роднай вёскаю, з сваім маленствам. Таму так часта ў творах ён туды вяртаецца:

Хачу я з тым, з маленства хлапчуком,

Свае гады ў дарозе пераняўшы,

Спаткацца...

Там, дома, яго душа і гэтыя творы - лепшыя ў Стральцова: "Дома", "Адзін лапаць, адзін чунь", "На чацвёртым годзе вайны", "Смаленне вепрука" і ншыя.

Там бачыў свой ратунак - у родным Сычыне. І адчуваў, асабліва пасля таго, як Сычын апынуўся ў радыяцыйнай зоне, што яго родная планета плыве з-пад ног. Шукаў выйсце для душы? У сустрэчы з хлопчыкам - сваім маленствам?

Хачу пабачыць толькі той пагляд,

Яго пагляд, - я помню, быў ён сіні.

А далей што?

І ўсё, і ўсё. Сагрэцца б толькі ім.

Цяпер бывай, - пара і развітацца.

І больш нічога.

Бо -

Захад стаў як дым.

Залеглі цені. Стала нанач брацца.

А далей ужо тое, што ён сказаў у "Засцярозе":

Калі душа маўчыць, не гаварыце лепш.

Сказаў - перасцярог усіх.

Сказаў сабе таксама.

І замаўчаў. Быў век ХХ.

Век ХХІ - чытаем Міхася Стральцова.

Віктар КАРАМАЗАЎ, фота аўтара.


Пясняр залатой Крывіі...

" Беларуская музычная альтэрнатыва " рыхтуе да выдання чарговы дыск з серыі " Беларускі музычны архіў ", які прадставіць самую поўную ў зборы нацыянальнай дыскаграфіі панараму творчасці вядомага беларускага барда і паэта , намесніка старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў , намесніка галоўнага рэдактара літаратурна - мастацкага часопіса " Дзеяслоў " Эдуарда Акуліна . Гэтая кружэлака ўключае нізку песень , што складаюць змест ранейшых альбомаў барда - " Мая Крывія " і " Як яна і я " і адрасуецца ўсім аматарам беларускай бардаўскай песні і збіральнікам рарытэтаў з серыі " Беларускі музычны архіў ".

Зямля векавых бароў,

Зямля васільковай рані,

Зямля залатых буслоў

У промнях касых

світання...

(Э. Акулін "Мая Крывія")

Рамантычнагераічная віхура нацыянальнага Адраджэння 80-90 гадоў ХХ стагоддзя паклікала да актыўнай культурніцкай і палітычнай дзейнасці маладых таленавітых беларусаў з розных крывіцкіх земляў: вёсак і хутароў, гарадоў і мястэчкаў. Гістарычна, акрамя змагання за незалежнасць краіны, ім было наканавана сцярушыць саўковае лушпінне з таго, што ў той час прадукавалася пад шыльдай "нацыянальная культура". А галоўная задача таго і цяперашняга часу - акрэсліць сапраўды нацыянальны дыскурс і кантэкст культурнай прышласці Бацькаўшчыны, знайсці спосабы яе трывалага існавання ў розных гістарычных варунках. А на пачатку шляху, як і пасля рэваншу антыбеларускіх сілаў у незалежнай Беларусі 1995 года, тыя варункі выглядалі даволі цмянымі…

Таму ў шыхты нацыянальнага Адраджэння час рэкрутаваў самых адданых і акрыленых прыхільнікаў Беларускай Ідэі. "На гэтую справу (справу Адраджэння) разам падхапіліся многія і многія - і з розных бакоў. Тут былі і калектыўныя "ветэраны" нацыянальнага руху ("Майстроўня", "Талака", "Бабілон"…), і толькі паўсталыя аб'яднанні, рухі, партыі…, што без стомы гарталі старонкі мінулага, каб увідавочніць наяўнасць сапраўды нацыянальных каштоўнасцяў і сярод іх найвелькую - саму беларускую нацыю…"- так малюе пачатак рашальнага для Беларусі сацыяльнага зруху ХХ стагоддзя вядомы беларускі філосаф В. Акудовіч у сваёй новай кнізе "Код адсутнасці" (Мн. "Выд. І. П. Логвінаў", 2007, стар. 109). Кім былі гэтыя людзі: апосталамі новага часу ці бажавольнымі, апантанымі прывіднымі ідэямі? Час мусіць адказаць і на гэтае пытанне. Але, разважаючы пра лёсы "адраджэнцкай" генерацыі канца ХХ стагоддзя, нельга не згадаць аб панаванні рэнесансавага ўніверсалізму, звышняга паклікання, якое было характэрна для маладых творцаў нацыянальнай хвалі пачатку 90ых гадоў. Іх талентам і ахвярнасцю, часам, гераічнымі ўчынкамі і геніяльнымі радкамі, як у паэта Анатоля Сыса, закладвалася традыцыя новага ( вызваленага ад сацартаўскіх догмаў) беларускага прыгожага пісьменства, адкрываліся невядомыя старонкі нацыянальнай гісторыі, асвойваліся мастацкія далягляды, што запанавалі ў эпоху рокнролу, персанальных кампутараў і Інтэрнэту. Таму, ў адрозненне ад інтэлектуальна выкшталцоных адраджэнцаў "нашаніўскага" перыяду, цяперашнім "тутэйшым" давялося працаваць з аглядкай на стракатыя плыні і жанры масавай культуры, ад дэтэктыўнага рамана да бардаўскіх спеваў і фолкмадэрну. Такія патрабаванні да нацыянальнага Адраджэння і да яго чыннікаў высунула новая эпоха - эпоха постмадэрну. З розных прычынаў многія з пасталелых прадстаўнікоў часоў Адраджэння 8090 гадоў так і засталіся ў наіўнарамантычным палоне тых часін, а потым натуральна сыйшлі з дыстанцыі, іншыя ж і цяпер засталіся ў перадавых шыхтах Беларушчыны, і , як сапраўдныя атланты, трымаюць на сваіх плячах нябёсы нацыянальнай культуры.

Сярод знакамітых зорных постацяў таго часу і сёння застаецца вядомым і, галоўнае, вылучаецца чытачамі і слухачамі сярод іншых, паэт, бард і перакладчык Эдуард Акулін. І хоць Акулінбард, а менавіта гэтая ягоная творчая іпастась прадстаўлена на прэзентаваным дыску, працуе ў традыцыйнакласічным, "багдановічаўскім" кірунку, ягоныя песні нязменна звяртаюць на сябе прыхільную ўвагу слухачоў, а дыскі і магнітаальбомы знаходзяць пачэснае месца ў фанатэках беларусаў розных пакаленняў.

Менавіта традыцыяналізм у класічным разуменні гэтага слова ў спалучэнні з вытанчаным да ўзроўню апрацаванага дыямента меладызмам, што нясе ў сабе адбітак уяўлення аб ідэальнай, чыстай Красе сярод шматлікіх прыхільнікаў барда - і ёсць таямніцай прыцягальнасці песеннай творчасці Эдуарда Акуліна. Гэтаму безумоўна спрыяе тонкі лірызм ягонай паэзіі, пранікнёная любоў да роднага краю, празрыстая чысціня і філіграннае гучанне паэтычнай радка…

Каб зразумець, дзе існуе тая запаветная "зямля векавых бароў, зямля васільковай рані, зямля залатых буслоў…" ("Мая Крывія"), трэба абавязкова зрабіць пілігрымку на Веткаўшчыну - у вёску Вялікія Нямкі, якая з'яўляецца для Э. Акуліна ягонай паэтычнай Мекай. А ў якасці біблейскага Іярдана ягоны паэтычны човен гайдае на сваіх сонечных хвалях рака Бесядзь... Менавіта тут у 1963 годзе з'явіўся на свет будучы паэт і бард. Чуйная душа вясковага хлапчука хутка выявіла захапленне Хараством - непаўторнымі краявідамі, родным словам, паэтычным вобразам… Сваім літаратурным дэбютам Эдуард Акулін, на той час дзесяцікласнік, лічыць публікацыю ў 1979 годзе на старонках часопіса "Бярозка" верша "Бесядзь", які быў прызнаны журы адным з лепшых сярод удзельнікаў конкурсу "Я табе, Беларусь, песню шчыра пяю"... Малады паэт стаў лаўрэатам названага конкурсу. Думаецца, гэты факт у далейшым абумовіў літаратурны лёс Эдуарда Акуліна.

Яшчэ адна акалічнасць, якая стала каталізатарам новай грані творчасці, - ужо песеннай, - вызначылася падчас вучобы Э. Акуліна ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсітэце. У гэты час Эдуард і ягоныя сябры стварылі адзін з першых у нашай краіне беларускамоўных рокгуртоў. Назва камандзе была дадзена па пачатковых літарах прозвішчаў удзельнікаў: Бяляцкі (Так, так! Першы беларускі намінант на Нобелеўскую прэмію міру, знакаміты на ўсю Еўропу старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" прайшоў школу рокмузыкі!), Акулін, Скачынскі (цяпер - кіраўнік Веткаўскага аддзела культуры), Кавалёў (настаўнічае ў Жлобінскім раёне на Гомельшчыне) - "БАСКІ". Але назва "БАСКІ" - гэта няпроста выпадковы збег літар. Для маладога гурта - баскі (невялікі народ у Іспаніі) сталіся ідэалам ахвярнага змагання за нацыянальнае вызваленне і незалежнасць...

Гісторыя "Баскаў" дала падставу вядомаму беларускаму музычнаму аналітыку Вітаўту Мартыненку ў кнізе "222 альбомы беларускага року і не толькі…" заўважыць: "…Эдуарду Акуліну зусім не чужыя вострыя рытмы року. Гэта ж яшчэ калі не было ні "N.R.M.", ні "Бонды", узнікла ў 1981 годзе ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсітэце імя Францішка Скарыны першая нацыянальна з'арыентаваная каманда… На жаль, не спявае ён песень, тэксты да якіх у тыя ж 80я пісаў адмыслова на замову рокгуртоў "Рэй", "Белы крук" ("Лябірынты", "Азірніся", "Плянэта камянёў", "Голас вякоў")… Творчасць у рокгурце, стварэнне тэкстаў для "Баскаў", на замову для іншых выканаўцаў прынесла першы і вельмі важны плён ў кампазіцыі і выкананні песень на свае вершы, першы канцартовы досвед і энергію для новых паэтычных знаходак і эксперыментаў".

(Заканчэнне ў наступным нумары.)


Расійская Азіятчына

У лістападзе 1997 годзе ў газеце "Белоруссия" была апублікавана гутарка Анатоля Аўруціна з Веніанімам Блажэнным. Газета адрэкамендавала Веніаніма Блажэннага «гостем Белоруссии», найстарэйшым паэтам рэспублікі. І што ж мы ад гэтага найстарэйшага паэта рэспублікі пачулі? Пра Францішка Багушэвіча ён сказаў: псеўданімы ягоныя - Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава - дурацкія, а вершы "не очень грамотные". Не лепшы водгук і пра Паўлюка Багрыма: «Сотворили классика. А этот сельский кузнец написал одно единственное, причём не очень складное стихотворение».

Так. Ні больш, ні менш. Ні даць, ні ўзяць. У гэткім духу вялі між сабою гутарку пра нашу літаратуру "найстарэйшы паэт рэспублікі" і Анатоль Аўруцін і далей: "Сидит у меня как-то один московский писатель и из любопытства листает книгу "Пісьменнікі Савецкай Беларусі". Гляжу, гость мой начинает постепенно от смеху давиться. «В чём дело?» А он давай повторять вычитанные писательские псевдонимы - Чарот, Трус, Чорны, Глобус. «Это же не псевдонимы писательские, говорит, это какие-то бандитские клички».

Дасталося ад іх і Янку Купалу. Працытаваўшы Купалоавы радкі:

Змачу пйорка ў ватрамэнту

Ды як чыркну па паперы, -

Крэнту-мэнту, крэнту-мэнту,

Як быкі, стаяць літэры.

Анатоль Аўруцін паэтычна абвясціў: «Отношение в Беларуси к людям, творящим на русском языке, я бы назвал агрессивно-варварским. Мало того, в республике, почти все население которой говорит по-русски, все без исключения литературные журналы и издательства возглавляют люди, сами пишущие на белорусском языке. За все послевоенные годы ни одному русскоязычному писателю ни разу не присудили никакой серьёзной литературной премии. Не в премиях дело и не их количеством измеряется талант! Дело в агрессивном неприятии достижений русской культуры, на которых, по существу, и взросла культура белорусская. Хило, очень хило, но взрослела, дав миру десяток-полтора имён настоящих творцов. Вспомните, в России ярким цветом буйствовал «серебряный век». Блок писал о «Прекрасной даме», творили Куприн, Бунин, Горький, а в Белоруссии только начинали сочинять не очень грамотные «вирши» под дурацкими псевдонимами «Мацей Бурачок» и «Сымон Рэўка з-пад Барысава"...

Працягваючы пакеплівацца з пісьма беларускіх пісьменнікаў, той жа старэйшы паэт рэспублікі, талена-віты Веніямін Блажэнны ні з таго ні з сяго, раптам ставіць побач імя Мацея Бурачка з імем Блока, усклікаючы: "Какая между ними пропасть!" Навошта ўсе гэтыя пасажы? Багушэвіч пісаў не для вас. Ён пісаў для свайго народу, і народ яго разумеў. Ягоныя словы былі для беларусаў бальзам жывых крыніц. Навошта крыўляцца? Паўтаруся: не для вас гэта пісалася!

У 1892 годзе на выхад першага паэтычнага Багушэвічавага зборніка "Дудка Беларуская" ў Львове выйшла цэлая кніжачка - водгук львоўскіх масквафілаў. Да чаго ўжо былі абураныя львоўскія масквафілы на кракаўскага палітыкана Мацея Бурачка за ягоную "Дудку Беларускую", за ягонае паімкненне гэтай "Дудкай" разбіць магутнасць расійскай імперыі! Але і яны з годнасцю ад-значалі творчыя вартасці гэтага зборніка. А тут, напрыканцы дваццатага стагоддзя, калі ўсе крытэрыі вывераны, такія памыі на такое для беларусаў светлае імя. Інакш гэта, як расейскай азіятчынай, і не назавеш. Мінула амаль дзесяць гадоў, як «Белаоруссия» апублікавала зняважлівыя ацэнкі Блажэннага. Можна было б і не звяртаць на іх ўвагі. Але ж мы кожны дзень яднаемся з Расіяй. Калі гэтае яднанне будзе і далей ісці ў такім духу, у такім рэчышчы, то ратуй нас, Божа, ад такога яднання.

А галоўнае, напісанае пяром не высечаш і сякерай. Навекі вечныя застанецца гэтая знявага, гэта грэблівая абраза, што б ужо ні рабіў, якім ялеем не мазаў яе. І вось такія людзі, як Анатоль Аўруцін, сёння начале пісьменніцкай суполкі (прынамсі А. Аўруцін першы яе сакратар). Чаго можа чакаць Беларусь ад таго сакратара?!

Уладзімір Содаль.


КОЛА ДЗЁН ЯЎГЕНА ПЯСЕЦКАГА

Яўген Пясецкі нарадзіўся ў Смалявічах у 1949 годзе. Адразу пасля заканчэння школы быў прыняты на працу фотакарэспандэнтам у Смалявіцкую раённую газету «Ленінскі заклік». Потым была тэрміновая служба ў войску, вучоба ў БДУ. З 1971 года Яўген працуе фотажурналістам ў газеце «Звязда» і насёння з'яўляецца адным з самых сталых звяздоўцаў. Ён даволі сціплы і інтэлігентны чалавек. Час ад часу ў «Звяздзе» з'яўляецца яго рубрыка «Фотаслова», у якой здымкі Яўгена дапаўняюцца яго ж вершамі. Многія з іх у перакладзе на рускую мову друкаваліся ў анталогіях беларускай паэзіі ХХ стагоддзя, якія пабачылі свет у Маскве ў 1998 і 2001 гадах, і іншых выданнях. Зараз у выдавецтве Віктара Хурсіка падрыхтавана да друку кніга выбраных вершаў Пясецкага «Кола дзён». Прапануем увазе чытачоў штокольвечы з яе.

***

Калі няма дарогі на зямлі,

Калі шляхі каменне заступіла -

Руш па нябёсах - і не трэба крылы,

Па небу кроч, як па сваёй раллі.


Усё тваё спрадвеку ад дзядоў:

Сівая пушча, светлыя крыніцы,

Сняжніца ў снежні, ў жніўні бліскавіцы -

Усё тваё, а не чужых багоў.


Нікому у прыгон не зацугляць

І на акрайцы Край мой не парэзаць -

Хай камяні знямелыя стаяць -

Не заблукаюць тыя, хто не звераць.

***

Яна ўваскрэсла і з Крыжа сышла

Так ціха - нават птушкі не пачулі,

І адступілася смяротная імгла

Перад святлом Пакутніцы-матулі.


Шыпшыны дзіды хцівыя скарылі,

Як басанож аблогамі ішла,

І зоркі велікодныя свяцілі,

Каб не мінуць сцяжыны да жытла.


Яна прынесла сырадою у збанах

І прытуліла зблудзіўшага сына,

І ведаў толькі Крыж гаротны шлях

Жанчыны той па імені Айчына.

***

Варажы на мяне, каханая,

Хай вядзе да цябе дарога -

Снегавеем бяссонным стану я,

Каб хутчэй да твайго парога.


Варажы на мяне, мая любая,

У замову збіраючы словы -

Ад любой ацалюся згубы я

Тым святлом у начы зімовай.


Тым святлом, што ў тваім акенцы

Праз завейную далеч убачана...

А як стану сляпцом ў паняверцы -

Аніколі тады не прабач ты мне.

***

Гэта ён, а не я,

Мкне выгнаннікам з роднага краю,

Гэта ён у самоце

Над зжоўклым аблогам ляціць,

Ён трывае,

Калі летні дзень пагасае,

Дык чаму ж тады мне

У грудзях гэта восень баліць?

Гэта ён, а не я,

Уваскрэсне ў вясновых праменнях,

Гэта ён пасля сцюжнай катоўні

Сустрэне сяброў,

Ён узыдзе раслінкаю

Нават на ўмерлых каменнях,

Дык чаму ж тады мне

Восень дорыць надзею ізноў?

***

Беларускай паэтцы Ніне Загорскай


Там, дзе мяжа законамі успета,

Дзе межамі цугляюць бег жыцця,

Толькі адно пакінуў лёс паэту,

Толькі адно - бязмежнасць пачуцця.


Бязмежна верыць і любіць бязмежна,

Ды, калі сцюжа гоніць з гнёздаў птах,

Не ратавацца з чарадою у замежжах,

А несці крыж па спадчынных шляхах.


Каб некалі, на сконе доўгіх сцежак,

Убачыць у люстэрку дзён сваіх,

Як хтось падобны па той бок памежжа

Таксама ў шчырым роздуме прыціх.



Той час, калі знікае ЛІСЦЕ,

завецца восенню у пушчаў;

той час, калі знікае ВЕЦЕР,

завецца нерушам у хваляў;

той час, калі знікае СОНЦА,

завецца прыцемкам ў нябёсаў -

а як назваць мне, беларусу,

той час, калі знікае МОВА?

Няма на свеце гэткай назвы,

бо як знямее мая мова -

чым выкажу, што я жывы?

***

Не зняважу святых мясцін

І ў паганцы ісці не бяруся,

Але ведаю: Божы Сын

Уваскрос на маёй Беларусі.

Расцвілі васількі ўкруг Крыжа

Ад крывіцкай дрыгвы да Палесся,

Ён ўваскрос і прыйшоў на жах

Тых, хто гэтыя кветкі бэсціў.

Ён прыйшоў абвясціць прысуды

Тым, хто Волю забраў у аковы,

Тым, хто песціў ў сабе Іюду

І крычаў: «Раскрыжуйце Мову!»

Ў ліхалецці расстайных дарог

Майму беламу краю не счэзнуць,

Бо заўжды ўваскрасае Бог

Там, дзе кожны з нас

прагне ўваскрэснуць.


ГОНАР ЦІ СОРАМ?

Не сакрэт, што пакідалі Саюз беларускіх пісьменнікаў і пераходзілі ў супрацьлеглы - створаны Мікалаем Чаргінцом - многія творцы з надзеяй на вялікія ганарары ў дзяржаўных часопісах, надзеяй на выданне сваіх кніг за дзяржаўны кошт, з надзеяй атрымаць дзяржаўныя пасады, адным словам, з надзеяй на матэрыяльны дабрабыт. Жаданне пісьменнікаў на годнае жыццё зразумела. Хто аб іх апошнім часам не выціраў ногі? У большасці з іх заробкі мізэрныя, а дома ж сем'і. Між тым групавы забег да годнага жыцця наўрад ці можна прызнаць патрыятычным. Зараз дзяржава лічыць капейкі, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ледзьве зводзяць канцы з канцамі (хоць і трубяць пра «росквіт» беларускай культуры), дырэктар выдавецкага холдынга моліць, каб яму неслі хаця б што напісанае (калі такое было!), таму мы раім нашым «сябрам» проста пагартаць свае ранейшыя творы ды хоць гэтым і ўсцешыцца. Некаторыя рэчы давядзецца чытаць пад коўдрай: настолькі яны «ненадзённыя», могуць выклікаць не толькі чырвань на твары, але і непажаданыя для іх аўтараў наступствы.


Як, прыкладам, гэтыя два вершы:

Афіцэрам войска БНР

Вы ўстаньце зь нябыту, спадары-афіцэры,

І мяне расстраляйце за маўчаньне, спакой,

І за тое, што я гэтулькі часу ня верыў,

Ні ў Бога, ні ў д'ябла, а ўладзе чужой.


Не счарнеліся вашыя з Пагоняй пагоны,

Нібы сонца і стужкі ў пакутнай зямлі...

Бальшавіцкая шашка бліскавіцай шалёнай

Адбірала жыццё і забірала палі,


На якіх вы ўзрасталі, спазнаваючы Волю.

Вас нямнога было, і вас ня знае народ.

Ды мы вашай крыві не забудзем ніколі:

Ні праз пяць, ні праз дзесяць, ні праз тысячу год.


Беларускага войска залатыя пагоны,

Родных рэчак, азёр вы залочыце дно.

Колькі год мы трывалі ў бальшавіцкім палоне

І самоту па Волі залівалі віном.


Дык устаньце зь нябыту, спадары-афіцэры!

Нам не ўстаць аніколі з пакутнай зямлі...

Чую голас зь нябыту над прастораю шэрай,

Дзе мы столькі гадоў, быццам нямыя жылі.

Балада Слуцкага паўстаньня

У маскаля ў крыві рука,

У маскаля крывавы штык.

Ён - бальшавік і ён чужы,

Баіцца нашага штыка.

І бальшавіцкі д'яблаў крык

Ляціць зь бязбожнае душы.


Паўстаньце ўсе! Ён - азіят,

І ён са зброяю - вар'ят,

І ён не дасьць жыцьця, ён сам

Спаліў свой дом і божы Храм.

А на чужой зямлі - ён пан,

Бо зброя ёсць, а так - балван.

Не працаваць, адно забіць,

Вантробы спіртам апаліць.

І разбурыць, і зруйнаваць,

Мастацкія вартасці ў гэтых вершаў ёсць. Аднак, яны не пазбаўлены факталагічных памылак. Ну які ж маскаль бальшавік? У рынкавых адносінах ён даўно нас абагнаў. А вось чужы ён, маскаль, ці не - тут пытанне складанае. Мы б раілі аўтару не спяшацца з высновай. Бо да 1917 маскаль быў вораг, з 1917 па 1994 год - ні тое, ні сёе; з 1994 па 2006 - сябар; з 2006 - зноў вораг. Добра, шаноўны, што вы патрапілі ў эру варагоўства, але ж калі зноў загадаюць сябраваць?..

Творчасць пісьменнікаў з Саюза Купалы і Коласа - па-за палітыкай. У адрозненне ад згаданага аўтара яны пішуць свае творы незалежна ад палітычнага ці эканамічнага надвор'я. Таму і надалей плануюць мацаваць сувязі з прагрэсіўнымі пісьменнікамі Расіі, Украіны і іншых краін. Яны -- на службе ўсяго народа і за дружбу ўсіх народаў.

Творца.


50 Алесю Пісьмянкову… споўнілася б...

На радзіму сэрца кліча

Гарачае лета 2003 года. Мы з Алесем Пісьмянковым і яго сынамі, Максімам і Алёшкам, ляжым на пахучым лузе, якраз у вусці рэк Бесядзь і Сураў. Пільна ўзіраюся ў сіняе бяздонне з надзеяй распазнаць нераспазнанае і бачу, як самалёт пакідае за сабой снежную паласу. Зараз ён пяройдзе звышгукавы парог палёту, і паветра страсяне магутны выбух. Божа, колькі разоў я глядзеў на гэтае відовішча, калі адбываў радоўку ў полі, калі ішоў па ўтравелай дарозе ў лес аж да самай Пожары, што здалёк гарэла беластвольнымі бярозкамі. Я заўсёды спыняўся, углядаўся ў расколатае бы саннай дарогай неба і марыў.

Так было і ў гэты раз. Раптоўны выбух страсянуў усё наваколле і, здалося, што гарачае паветра шуганула ўшыркі па самлелай траве лугу, пакацілася аж да залацістага сасонніка, што велічна ўзвышаўся над берагамі рэк.

- Ты ведаеш, - звярнуўся да мяне Алесь, - у маленстве я любіў падоўгу назіраць за самалётамі.

Ад пачутага ў мяне пераняло дух. Мы, я і ён, цікавалі за аднымі і тымі ж самалётамі. Яны падымаліся з аэрадрома ў Палошкава, што на Клімаўшчыне, і несліся на трэніровачныя палёты ў заходнім напрамку, пралятаючы Бялынкавічы, Кубракоўку, Бароўку, Дзяражню і маю Калодзецкую. Мы прайшлі з ім пасля школы адну і тую ж раённую газету ("Сцяг камунізму" - Касцюковічы), адзін і той жа універсітэт (БДУ імя У. І. Леніна), жылі некаторы час у адным інтэрнаце на Паркавай, а пазнаёміліся зусім нядаўна. Шкада.

Мы ўважліва сачылі за самалётам, з нецярпеннем чакалі таго глухавата-раскацістага гуку, ад якога куры кідаліся на курасадню.

- Не ведаю, як мне давядзецца далей жыць, - прызнаўся Алесь, - пасля таго, як не стане бацькоўскага дома. У Мінску я не пачую такіх выбухаў, не падыхаю такім густым, насычаным травамі паветрам, не ўбачу вось гэтага хараства, што акаляе нас над Бесядзю.

Крыху прыўзняўся, сеў, падцягнуўшы ногі да падбародка.

- Ведаеш, я баюся, што не перажыву гэтага, - сказаў ён. - У мінулым годзе мы з Колем (малодшым братам Алеся - В.П. ) аддалі далёкім родзічам бацькоўскі дом, пакуль тыя збіралі грошы, каб разлічыцца за жытло. Дык вось мне давялося жыць некалькі дзён у лазні - не хацелася (хутчэй выхаванне і інтэлігентнасць не дазваляла. - Аўт. ) назаляць сваёй прысутнасцю маладой сямейнай пары. Прызнаюся, я ледзь вытрываў тыя дні. Не мог змірыцца з думкай, што родавым гняздом будзе карыстацца нехта іншы, што прыехаць у Бялынкавічы будзе праблематычна.

Крыху пазней, пасля дзвюх паездак у Бялынкавічы, Пісьмянковы ўсё ж прадалі дом, з надзеяй на тое, што ён будзе дагле-джаны, а значыць, радаваць вока ўсім, у тым ліку і ім.

Верш "Дом і дым" напісаны якраз у той час, калі Алесь з братам канчаткова вырашылі прадаць дом.

Слязінку змахну крадком

У родным кутку святым:

Тут быў і ў мяне свой

Дом,

І над домам плыў

Дым.

Які б ні бываў садом

У гэтым жыцці крутым,

Я знаў: у мяне ёсць

Дом

І над домам ёсць

Дым.

Апошні раз Алесь Пісьмянкоў глытнуў радзіннага дыму ў Велікодныя дні 2004 года. У Мінск прыехаў самотны, заклапочаны. Сказаў, што ў Бялынкавічах амаль усю ноч не спаў, хаця і патурбаваўся пра начлег сусед, сябар, Аляксандр Скугар. Доўгі час блукаў каля дома, потым праседзеў на беразе Бесядзі.

Праз дзень Алеся Пісьмянкова не стала. Засталася высокадухоўная паэзія і прызнанне ў любові да тых вытокаў, з якіх калісьці пачалося яго жыццё.

...Я не знаю вачэй дабрэйшых,

Я не знаю дзядоў мудрэйшых,

Я не знаю крыніц чысцейшых,

Я не знаю лясоў гусцейшых,

Я не знаю спагадней слоў,

чым тыя, што тут знайшоў:

на зямлі,

дзе калісь прарос,

дзе ўзрос, сталеў...

Віктар Патапенка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX