Вярнуцца: 2007

№ 10 (798)


Крыніца: pawet.net.



№ 10 (798) 7 САКАВІКА 2007 г.


Дарагія жанчыны, чароўныя кветкі нашай краіны!

Таварыства беларускай мовы віншуе Вас з прыгожым і светлым святам Вясны!

Наша гісторыя багатая на імёны славутых, знакамітых жанчын, захавальніц роднага слова: Уршуля Радзівіл, Саламея Русецкая, Эмілія Плятар, Эліза Ажэшка, Цётка, Магдалена Радзівіл, Палута Бадунова, Наталля Арсеннева, Ларыса Геніюш, Стэфанія Станюта ды шмат іншых. Многія сучасныя жаночыя постаці складаюць гонар беларускай культуры і сваёй руплівасцю, талентам напаўняюць нашу нацыянальную духоўную скарбонку.

Мы жадаем усім жанчынам нашай Бацькаўшчыны моцнага здароўя, бадзёрасці, духоўнай натхнёнасці. Няхай святло роднай мовы дапамагае Вам прайсці праз усе жыццёвыя выпрабаванні і не пакідае Вас у шчаслівыя моманты. Няхай у Вашым доме бруіцца-звініць, не перасыхае крынічка роднага слова. Няхай мужчыны, што знаходзяцца побач з Вамі, атуляць Вас клопатам і ўвагай. А цеплыня Вашага сэрца напоўніць дабром і пяшчотай наш агульны дом - Беларусь!


Уладзіміру Крукоўскаму - 70

КРУКОЎСКІ Уладзімір Якаўлевіч (н. 6.3.1937, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.), бел. мастак-плакатыст. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1972). З 1979 маст. рэдактар час. «Маладосць», у 1982- 84 - «Мастацтва Беларусі», з 1989 - «Спадчына». Аўтар плакатаў: «Помнікі архітэктуры - нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціх «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), а таксама шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф. Скарыну, Міколе Гусоўскаму, В. Цяпінскаму, К. Каліноўскаму, Цётцы (А. Пашкевіч), М. Багдановічу, Я. Купалу, Я. Коласу, I. Луцкевічу, Я. Драздовічу і інш. Творы адметныя лаканізмам адлюстравання, выразнасцю колеру, трапнасцю сюжэту.

(Пра У. Крукоўскага чытайце на ст. 3.)


3 сакавіка споўнілася 940 гадоў з дня першага ўспаміну ў летапісах пра горад Менск

3 сакавіка 1067 года адбылася славутая бітва пад Менскам, у якой сустрэліся войскі Усяслава Чарадзея Полацкага і трох сыноў Яраслава Мудрага. Пад гэтым днём летапісы і фіксуюць першы ўспамін пра Менск. Паводле склаўшайся традыцыі гэты дзень трэба і лічыць днём заснавання горада. Наогул, гэта даволі рэдкі выпадак, калі вядомы не толькі год, але і дзень. Кіеўскі князь Ізяслаў і яго браты перахапілі Ўсяслава на Нямізе, калі ён вяртаўся з паходу на Наваградак, які імкнуўся ўзяць пад сваю руку. Няма ніякай падставы верыць кіеўскаму летапісу, што Ўсяслаў гэтую бітву прайграў, бо пасля бітвы абодва войскі рушылі на ўсход, каб ізноў сустрэцца каля Воршы. Пры гэтым Яраславічы ішлі паперадзе, а Ўсяслаў іх даганяў.

Улады Менска чамусьці не адзначаюць гэтую дату. Затое а 6-й вечара актывісты незарэгістраваных арганізацыі "Мо-ладзь БНФ", "Малады фронт" разам з прадстаў-нікамі іншых моладзевых рухаў вырашылі ўшанаваць памяць бітвы на Нямізе і ўсклалі кветкі каля станцыі метро "Няміга". Такім чынам яны адзначылі бітву якая была 940 гадоў таму.

Нягледзячы на тое, што ў Менску а палове на шостую пачаўся моцны дождж, моладзевыя актывісты прыйшлі на станцыю Няміга, а адтуль пайшлі шэсцем у бок Палаца спорту. Кожны ў руках трымаў дзве белыя і адну чырвоную кветкі, а таксама сцяжкі з выявай герба Менска. Моладзь таксама лічыць, што менавіта дату бітвы на Нямізе 940 гадоў таму, пад якой Менск упершыню ўзгадваецца ў летапісах, трэба лічыць днём горада.

Будзем спадзявацца, што да 950-х угодкаў Мен-ска гарадскія ўлады аднясуцца больш паважліва, як, дарэчы, і іншыя палітыкі.

Наш кар.

На здымках: рэканструкцыя Менска Іллі Немагая і гравюра панарамы Менска, 1770 г.


Рэклама і мова

24 лютага ў Менску прайшоў семінар "Беларускамоўнае прасоўванне прадуктаў: тэхналогіі, метады і інструменты". У ім меліся браць удзел прадстаўнікі буйных міжнародных кампаній, што выкарыстоўваюць у Беларусі рэкламу на беларускай мове. Нягледзячы на іх адсутнасць, мерапрыемства прайшло згодна з планам. Усе прысутныя з ахвотай удзельцічалі ў дыскусіях, узважваючы плюсы і мінусы ад выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе таго ці іншага прадукта. Для нашай арганізацыі факт правядзення такога семінара надзвычай паказальны: некалькі гадоў таму пад эгідай ЮНЕСКА мы самі былі арганізатарамі "круглага стала" па такой жа праблематыцы і, аналізуючы тагачасную сітуацыю, мусілі канстатаваць амаль поўную адсутнасць беларускамоўнай рэкламы (за выключэннем Gallina Blanca). На сённяшні дзень на Беларусі, як было адзначана арганізатарамі семінара, 14 замежных фірмаў у сваёй рэкламнай кампаніі выкарыстоўваюць беларускую мову. Зважаючы на тое, што гэта надзвычай паважлівыя і вядомыя ў свеце фірмы (Samsung, Renault, Pepsi і інш.), факт для ўсіх прыхільнікаў роднага слова, як і сяброў Таварыства беларускай мовы ў прыватнасці, станоўчы.

Зразумела, нас не можа заспакойваць такая сітуацыя, бо, шчыра кажучы, уласнабеларускія фірмы не надта цешаць нас беларускім словам, нягледзячы на ўсе захады грамадзян па змяненні такой ганебнай практыкі. Аднак, дзякуючы аналізу рэкламнай дзейнасці на беларускай мове, што і адбывалася падчас семінару, можна значна глыбей зразумець сутнасць працэсаў і выпрацаваць неабходныя эфектыўныя метады, каб беларускае слова заняло трывалае месца ў рэкламе, а значыць і ў бізнэсе.

Наш. кар.


Новае пазітыўнае мысленне ў ТБМ-канструктыўны шлях паразумення

Выступ першага намесніка старшыні ГА " ТБМ імя Ф. Скарыны" Людмілы Дзіцэвіч на Радзе ТБМ 4 лютага 2007 года

Ад пачатку свайго ўтварэння Таварыства бе-ларускай мовы гуртавала людзей, якія працуюць са словам,- пісьменнікаў, вы-кладчыкаў, журналістаў, навукоўцаў. Ды і газета мае назву-"Наша слова". І гэта не выпадкова. І сёння нам усім трэба ўсвядоміць вялікую сілу слова і выкарыстоўваць гэтую сілу шы-рэй, бо слова ёсць як канстатацыя факта, так і праект на будучыню.

Мы пражылі пэўны перыяд са словам як канстатацыяй фактаў ў развіцці нашай мовы. За выключэннем некалькіх гадоў у пачатку 90-х, мы канстатавалі, на жаль, найбольш негатыўнае: зачыніліся беларускамоўныя школы, садочкі, газеты, часопісы, курсы па выкладанні мовы і інш. Мы назвалі гэты перыяд "лямантам" па мове. Палямантаваць, пастагнаць-гэта так соладка для беларуса, што класік Колас нават прысвяціў гэтаму сваё апавяданне. Ды і лямантаваць, калі хата гарыць, - гэта проста неабходнасць, сродак для паратунку. Але нам трэба памятаць, што негатыў ёсць норма жыцця, ён высвечвае пазі-тыўнае. І негатыўныя з'явы-гэта як лямпачка ў добрай машыне, якая сігналіць, што закончылася палі-ва. Можна злавацца на гэтую лямпачку, можна яе адключыць, але тады ўзнікае пагроза стаць "колам" на пустой дарозе.

Сёння ТБМ як магутная, уплывовая арганізацыя збірае сігналы такіх "лямпа-чак" па пагрозлівых з'явах для існавання нашай мовы. І нам важна разумна адносіцца да такіх сігналаў, цаніць іх, бо толькі тады мы зможам скласці дзейсную стратэгію і тактыку для нашай шматтысячнай гра-мады. Нам не трэба забываць, што суцэльны лямант на працягу доўгага перыяду-гэта погляд ў мінулае ці на лепшы выпадак у сён-няшняе, што там няма перспектывы. За гэтым перыядам стогну павінны ісці перыяды аналізу фактаў, складанне стратэгіі і так-тыкі, здзяйснення гэтых захадаў, падвядзення вынікаў і складання новых стратэгій і тактык на новы перыяд. І гэты алгарытм вядзе нас у будучыню.

Мне прыемна канстатаваць, што гэты перыяд ляманту ў нашых шэрагах паспяхова заканчваецца. Мы вельмі прыгожа і канст-руктыўна выстагналіся. Але выкідаць такі важны досвед не трэба, можна пакласці яго ў архіў. А цяпер пара прымяняць найноўшыя тэхналогіі па выкарыстанні сілы слова. Дарэчы, іх з поспехам прымяняюць высокаразвітыя краіны. Тэхналогій шмат- гэта і НЛП (нейралінгвістычнае прагра-маванне), і пазітыўнае мыс-ленне, і карыстанне цверджаннямі, ці афірмацыямі, і аўтатрэнінг і інш.

Галоўнае, нам трэба быць у любой пазіцыі не супраць, а за. Нам, тэбэ-эмаўцам, важна ўсвядоміць, што шклянка напалову пус-тая і шклянка напалову поўная-гэта аднолькавыя па факце шклянкі, але пер-шае мысленне-цягне нас у мінулае, а другое-вядзе наперад. І сёння нам трэба скласці шэраг аманімічных праяў у моўных пытаннях, каб выйсці на канструктыў-ны шлях развіцця мовы ў грамадстве.

Так, найперш, трэба вызначыць стан мовы на сучасны перыяд з улікам функцыі слова як праекта. Нам трэба, каб мову не толькі любілі, але і карысталіся ёю паўсюдна? Значыць ужо сёння нам трэба яе называць не падчаркай ў нашай хаце, а гаспадыняй. Для нас жа наша мова-княгіня, уладарыня, сонца высокае, зорка найясней-шая. Для некага гэта не так? Ну і няхай жыве ў сваім свеце, а нам трэба свой ладаваць і людзей туды цягнуць. І не трэба лаяцца з людзьмі, якія не разумеюць святасці сваёй мовы. Лепш ім паспачуваць, што вузенечкая ў іх думка. Але свя-домасць на тое і дадзеная, каб пашырацца.

Нам трэба не ганіць, а хваліць любую беларускую мову і любы правапіс: і "трасянку", і дыялектную, і наркамаўку, і тарашкевіцу, і нават беларускую рускую мову, бо там нашае вымаўленне, там шмат нашых слоў, беларускае дыханне, беларуская пабудова сказаў і словазлучэнняў.

Па-другое, работу з людьмі трэба таксама перавесці ў пазіцыю пазітыўнасці. Мы ўжо добра палаяліся з тымі беларусамі, хто не гаворыць на мове і пана-зывалі іх манкуртамі і здраднікамі. І гэта было патрэбна. Цяпер нам трэба навучыцца гэтых людзей цаніць. За што? А ў маўленні кожнага ёсць нешта бела-рускае, хоць слоўка ці два. Нам трэба ўзяць у практыку выразы: "Дзякуй за беларускія словы", "Дзякуй за мову", "Дзякуй за бела-рускае вымаўленне", "Дзякуй за любоў да мовы". У людзей пасля такой ствара-льнай гутаркі пачынаюць свяціцца вочы, і яны пачы-наюць хацець гаварыць па-беларуску. А захацець- гэта нават важней, чым рабіць, бо колькі работ мы робім, не хочучы. Я пачала праводзіць такі эксперы-мент: хваліць людзей хоць за адно слова, прамоўленае па-беларуску ў гутарцы са мной у краме, на пошце, у транспарце і інш. І што вы думаеце? Паступова ў кан-тактах са мной гэтыя людзі пераходзяць на беларускую мову.

Па-трэцяе, нам трэба перавесці стасункі з чыноўнікамі, супрацоўнікамі дзяржаўных арганізацый на стваральную аснову. Добрыя вынікі для ТБМ далі ліставанне і асабістыя кан-такты старшыні ТБМ Алега Трусава з корпусам беларускага чыноўніцтва ў краіне, досвед кантактаў Станіслава Судніка ў Лідзе.

Нам трэба ўсвядо-міць, што наш чыноўнік ужо тым найлепшы, што ён наш, беларускі, бо толькі 15 гадоў назад мы мелі 75% нача-льства з самых розных краін. Цудоўны моўны аналітык Леанід Лыч выдатна данёс да грамадскасці інфарма-цыю пра гэты ганебны цэнз у 25% для беларусаў на займанне кіраўнічых пасад у БССР. І нам трэба выспельваць ў душы чыноўніка не тое, што ён сёння гатовы душыць мову ва ўгоду вы-шэйшаму начальству, каб карміцца самому і карміць сям'ю. Нам трэба разумець, што сёння на высокіх крэс-лах сядзіць шмат такіх пора-леановічаў, якія з-за вялікай любві да свайго народа гатовы яго ж і душыць і пля-жыць за тое, што ён такі нехлямяжы. І тым, хто на сёння яшчэ не прачытаў гэтае цудоўнае апавяданне Уладзіміра Караткевіча "Паром на бурнай рацэ" як пралог да рамана "Нельга забыць, мацна раю прачы-таць. Мы тады лепш зразу-меем душу нашага начальства. Нам трэба вырошч-ваць тыя зернеткі сімпатыі і любві да сваёй мовы ў яго душы, а яны там ёсць, прод-кі ж яго-беларусы. Як гэта зрабіць? З дапамогай яго вялікасці слова як праекта. Трэба казаць чыноўніку пра яго сімпатыю да мовы сва-ёй, дзякаваць за гэтую беларускасць, прапаноўваць нейкія захады па замацаванні і пашырэнні нашай мовы ва ўсіх сферах жыцця. Самае галоўнае-не лаяць яго, а віншаваць з абраннем на пасаду, хваліць і знайсці за што. Наша шчасце, што мы можам яму казаць-гэта ж наша родная мова. І той пласт нашай мовы, які ляжыць у яго душы, зварухнецца, праб'ецца, адгукаючыся на добразычлівасць.

Па-чацвёртае-праца з моладдзю. Гэтыя маладыя людзі сёння найбольш цэняць павагу да сябе, ува-гу. І іх трэба хваліць. Хва-ліць за імкненне да мовы беларускай і іншых моў, вучыць не лаяцца, а спра-чацца, весці дыскусію, хва-ліць і называць самыя леп-шыя рысы чалавека, бо яны ёсць ў кожным. Я заўсёды хвалю сваіх студэнтаў, на-зываю іх разумнымі, тале-навітымі, здольнымі ўжо першага верасня, яшчэ не пачуўшы іхняга адказу, бо я ўпэўненая, яны такія і ёсць, а калі нехта гэтаму не адпавядае, то проста не здагадваецца пра гэта, і я з дапамогай слова як праекта "дастану" з яго найлепшае. Таму і адказы маіх студэнтаў на заліках і экзаменах даволі грунтоўныя, адышлі ў нябыт такія з'явы, як суцэльнае маўчанне на іс-пытах.

Студэнты часта ў мяне пытаюць, чаму іх бацькі ганяць, лаюць, гавораць негатыўныя словы. А хто вучыў нас, бацькоў, пазітыўнаму мысленню? Нас прывучалі да думкі: "Как тебе не стыдно!" А сорам, як іржа, раз'ядае ў нас імкненне ствараць добрае. І сёння нам трэба стварыць сетку псіха-лагічных семінараў у ТБМ, каб набыць неабходныя веды па выніковасці кантактаў. Ды і само ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" стала вельмі ўплывовым ў грамадстве пасля цэлай серыі семінараў на гістарычныя, філалагічныя, маральныя тэмы, пасля шматлікіх кан-сультацый для хлебапекараў, кандытараў, транспартнікаў, чыгуначнікаў, што нам пісаць на пакунках з харчам і што нам слухаць у нашым транспарце. А слаганам "Хлеб нашых продкаў", аўтаркай якога з"яўляецца сакратар ТБМ Ірына Марачкіна , захап-ляецца, відаць, кожны, бо з ім наша прадукцыя выдае смачнейшай.

Такім чынам, яшчэ раз пра асноўнае:

*Перыяд ляманту, ганьбавання і лаяння хай сыходзіць ў мінулае.

*Мы вучымся быць не супраць, а за.

*Будзем за нашу мову, а не супраць іншых.

*Будзем за нашага носьбіта нашай мовы, хай яна ў яго пакуль недаска-налая.

*Будзем за нашага чыноўніка, і ён лепшы, чым не беларускія, бо ў ім знахо-дзіцца пласт нашай мовы і на гэтым мы можам з ім паразумецца.

*Будзем за нашу моладзь, і яна самая залатая моладзь у свеце, бо ў ёй ляжыць і разгортваецца пласт нашай мовы.

*ТБМ- магутная, уплывовая арганізацыя, якая працуе на найноўшых тэхналогіях вырашэння моўных праблем у краіне і з'яўляецца вельмі неабходнай структурай у дзяржаве, бо яна - крыніца інфармацыі і кансультатыўны цэнтр па моўных пытаннях.

Я толькі трошкі пацягнула за нітачку праблем, якіх назапасілася ў нашым Таварыстве. Кожны можа вызначыць кола сваіх. Але самае галоўнае-выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы, не забываючыся на пазітыўнае мысленне і маўленне як асноўнае для стварэння спрыяльнай моўнай сітуацыі.


Што ж мы за людзі?

На гэтае спрадвечнае пытанне амаль паўстагоддзя спрабуе адказаць і Уладзімір Крукоўскі. Супярэчлівыя, непадобныя адзін да аднаго па творчым імпэце арцельцы - сябры Саюза мастакоў. У іх адны і тыя ж корачкіпасведчанні, адно і тое ж неба над галавой. Творчая дзялянка на ўсіх адна - Беларусь. Яе б і хацелі падзяліць, на свой капыл перайначыць, але яна не дзеліцца… Шматгалосая творчая арцель то буйна віруе, то аціхае, ціха існуе, як галодны конік без торбы аўса галоднай зімой. Хто жыве прыгожымі ўспамінамі: было, было, бубны грымелі, ад слаўных гучных спеваў вушы закладвала, а паважаныя партначальнікі ў майстэрні забягалі. А больш шчаслівейшыя і цяпер на мякенькіх пярынках спяць, хрыбет у цёплых плынях Пірынеяў грэюць.

Уладзімір Крукоўскі пэўна з тых творцаў, якія стаміліся ад спрэчак пра мастацтва, яго шляхі і кірункі, пра ролю мастака ў "вірлівым" грамадстве, дзе народ з беднаты сваёй абмінае і палацы мастацтва, і музеі, абходзіцца без іх. Народу і так добра. І без разумных кніг, і без сваіх сямейных хронік. Ім не рупіць няспешна ўглядвацца ў пажоўклыя сямейныя фоткі, адшукваць нешта новае ў тварах сваіх дзядоў і бабуль.

І крыўдна. І балюча. Але каму пажалішся, да Бога далёка, а штодзённыя клопаты побач, за дзвярыма. А калегі-"варштатнікі" у сваім балоце буднямі шэрымі цешацца.

Радавод не карагод у пеўчым полі

Я і сам пытаюся пра рэчы наіўныя. Праўда адна, здавён адказ існуе… Ад хлеба і солі галава не заболі. А як хлеба пад'ясі, дык звонкі гармонь папрасі. У народнай праўдзе ўсё даўно па паліцах раскладзена. Што найдзешавей - не ахоўваецца, а тое, што даражэй - у куфры пад таемным донцам хаваецца. Радавод не харавод, а прыгадка нечаканая. І сляза сама пакоціцца, гукне з памяці нешта такое…

Мала хто з нас пахваліцца такім набыткам, як мастак Уладзімір Якубавіч Крукоўскі. У майстэрні мастака на ўнушальным аркушы ватману дрэва дзіўнае - радавод Крукоўскіх. Каб такі займець, трэба прыкласці мазоль ды цярпенне, энцыклапедычную апантанасць і ўпартасць, калі хочаце. Паспрабуйце ў наш час бяспамяцтва, раўнадушша і абыякавасці ўзводзіць падмурак радаводу. Столькі ў нябыт прабегла часу, падзей якіх адгрымела. Нехта з дасціпных гісторыкаў падлічыў, што за стагоддзе на агромістай, адной шостай частцы сушы на дзіва "стваральна-разбуральнай" імперыі, на абшарах былога СССР пражыло амаль 400 мільёнаў. І ўявіце, гэты агромісты ваяўнічы натоўп усё рабіў не па розуму, а па загаду. Не тое будаваў, не тыя песні спяваў: ого, атрымаецца відок, сотня такіх як Дзюрэр асіліць не здолее, каб намаляваць карціны жахаў.

На радаводзе Крукоўскіх свае горкія адмеціны, свой немы папрок, свая сляза, свая праўда і свая прыгадка.

Якуб Крукоўскі і яго дыярыюш

Бацька Ўладзіміра - Якуб - чалавек моцнага гарту, пражыў нялёгкае, поўнае выпрабаванняў жыццё, не хапіла чатырох гадоў да стогадовага юбілею. У кастрычніку 1987 года, калі Якубу было 84 гады, ён пачаў свае "Успаміны". І роўным, "канторскім", прыгожым почыркам пачаў свой жыццёвы дыярыюш. Нарадзіўся ў 1903 годзе ў мястэчку Адзеркі. Жыла вялікая сям'я Крукоўскіх у вёсцы Загалле, на Любаншчыне, Ляхавіцкай воласці, Бабруйскага павету, Менскай губерні. А ў той сям'і - 13 чалавек. Займаліся гаспадаркай, хатнімі клопатамі. З вялікіх дубоў, якіх тут мелася нямала, рабілі борці для пчаліных вуллёў. Галоўная задача ў гаспадарцы: назапашванне натуральнага гною, бо 25 дзесяцін зямлі былі дзярновападзолістымі.

Архіў і яго "лекавы пыл"

Уладзімір Крукоўскі - адзін з прадаўжальнікаў, а на пэўным адмерку часу, пачынальнікаў такога няўдзячнага віду мастацтва, як плакат. А якім ён павінен быць? Сягаючы ў гісторыю плаката, можна заўважыць, як плакат выконваў ролю насценнага надзвычайнага камісара. Хто ж як не ён нахабна рыкае на цябе, паказваючы пальцам, пагражаючы "мосінскім" карабінам:

- А ты запісаўся добраахвотнікам у Чырвоную армію?

І, канешне, пабяжыш, запішашся, атрымаеш стрэльбу, рэчмяшок і чаравікі з абмоткамі. А не запішашся, дык крыўдуй на сябе. І не плач, калі матросы ўхопяць за каршэль і пацягнуць да цаглянкі, зробяць "файер".

Росквіт савецкага плаката мае дакладны адмерак часу - 1941 - 1945 год. Шапкамі ворага закідаць не ўдалося. Пайшлі ў ход імкліва - слёзнае сталінскае: "дарагія браты і сёстры", аднаўленне закрытых храмаў, слязліва-малітоўных плакатаў. Па звестках энцыклапедыі за гады вайны іх выпусцілі мільёны. І чаплялі ўсюды, дзе крочыў савецкі чалавек. І выціскалі слязіну ў сівых і ў маладых байцоў. "Радзіма - маці" была злоснай мачахай, а цяпер моліцца на кожным кроку: "Воин Красной армии, спаси!»

Беларускі ж плакат мала «цешыўся» на збуцвелых платах, плошчах гарадоў і мястэчак. Адно гукаў на выбары, а вось памастацку выкананы, адмысловы, красаваўся на выставах ды конкурсах. А калі ж і вырываўся на вуліцы, дык у дзіўным фармаце, калі сонца хавалася за небакрай: улёткі, перадвыбарчы тлум.

У творчым актыве мастака Крукоўскага нямала годных работ на балючую тэму. І глядзеліся б яны, годна красаваліся б на відных месцах гаманкое сталіцы, на скрыжаваннях дарог, у захірэлых на творчае сумоўе райцэнтраў і мястэчак, амярцвелых вёсак. Ролю плакатаў выконваюць «агіткі-гуканні» расейскае папсы, малавядомых пяюх і скулёжных ансамбляў, ім вальготна на беларускай прасторы, пруцца сюды з дзіўным нахабствам, бесцырымоннасцю. Беларусь трасе кішэнямі і гукае да сябе расейскі гоп са смыкам, шчодра ў ладкі пляскаючы…

Хто ж гукне мову ратаваць

У Беларусі мастацкаму плакату аніяк не жывецца, вялікая прагаліна ў творчым працэсе, а вось у Маскве ад плаката дыхнула …сталіншчынай. Пад час маёвага падарожжа ў сталіцу ў вітрынніку багатага супермаркета на Арбаце я заўважыў нешта новенькае. Шакаладна-цукерачны Сталін поруч з Варашылавым на фоне шчаслівага савецкага народа: "Любімы Сталін - шчасце народнае". Выцяглі з прагнілых ад часу схоўняў і на людзі. Цешся, Масква! А ў цэнтральнай кнігарні на Арбаце выбар сталініяны на дзіва багаты, больш сотні плакатных агітак.

У нас агіткі ў метро, трамваях, тралейбусах. Агітуюць за лепшыя бэбахі, за пральныя радасці, за аўто і каштоўнасці.

Але ж ніхто не гукае ратаваць мову, літаратуру, помнікі культуры і спадчыны, ісці з горда паднятай галавой.

Уладзіміру Якубавічу Крукоўскаму не семдзесят вёсен у сакавіку 2007, а два разы па трыццаць пяць. Такі ж імпэтны, "задзірысты", на гострае слаўцо багацей. І плёну табе, бацькі Якуба сын.


МАР'ЯН МІСЕВІЧ

7сакавіка - 60 гадоў сябру Падсвільскай суполкі ТБМ імя Францішка Скарыны - Мар'яну Мечыслававічу Місевічу, чалавеку-патрыёту, неабыякавамуда стану нашага беларускага чалавечага існавання.

Мар'ян - мой аднакласнік па дзвюх школах (Перадоль-скай і Падсвільскай).

У яго поўным імені вышыхтоўваюцца ў радок тры прапісныя "М" - Мар'ян Мечыслававіч Місевіч. Калі ласка, заўважце: Спачатку ідзе звонкае Мар'ян. Затым паступовае змякчэнне, злашчаннасць, да шэпту. Якая беларускасць у імені!

Мы з ім, як кажуць, ягады (а я скажу грыбы) з аднаго поля. Бо я ж Баравік. У Мар'янавым прозвішчы ёсць нейкая "міс ці місіс". Пэўна лёсава ягоная беленькая прыгажунька Алеся, хто так расквечвае сядзібу, так умее падтрымліваць утульнасць, парадак, нават, разводзіць пчол, радасна ўсміхацца, спяваць са сцэны і любіць (сёння яшчэ і ўнукаў). I, безумоўна, таксама адчуваць і разумець глыбокі сэнс роднага быць сябрам суполкі ТБМ; на ўсіх літаратурнамузычных вечарах спяваць і ўпрыгожваць нашу сябрыну. Так, яна, нібы місіс, але, хутчэй за ўсё - спадарыня.

А ў прозвішчы Мар'яна ёсць, мусіць, сэнс патрыятычнай місіі...

Бо, нават, і цяпер цягне ў жыццё сваю (фантазію?) ідэю... Пра яе, мабыць, пазней пагаворым. Ужо тады, як падрыхтуюцца да росквіту яе пупышкі...

А сёння я спрабую асэнсаваць Мар'янаў пераход з настаўніцкай пасады ў прыватнае прадпрымальніцтва. Ён безумоўна любіць вучняў і свой матэматычнавыкладчыцкі занятак. Але ж яго бярэдзіла марная трата каштоўных хвілін жыцця ў школьнай мітусні. Урочны час добра. А паміж урокамі? Школьны расклад ніяк не ўладкоўваецца з улікам інтарэсаў кожнага настаўніка. Пустыя, не запоўненыя выкладаннем гадзіны, цягнуцца для жыццядзейнага чалавека, як пакаранне. I прыбытку ніякага. Настаўніцкая праца не ўзбагачае матэрыяльна, а выцягвае энергію.

У сувязі з гэтым я падумала і пра сябе. Мяне, журналістку па спецыяльнасці, лёс звязаў з дзіцячай бібліятэкай у Падсвіллі ж не было рэдакцыі. Пяро сваё я накіравала ў творчае русла хоць для мастацкіх гурткоў для духоўнаітэлектуальнага развіцця дзяцей і стварэння для іх радасці. Я адчувала ў сабе нейкую педагагічную струнку, натхненне, гарэнне, радасць. Але ж гэта матэрыяльна ніяк не аплочвалася. У нас, чамусьці, зусім не цэніцца разумоваінтэлектуальная мастацкая праца. I бібліятэчная з кнігай. Таму я ёсць такі матэрыяльнанішчымны чалавек...

Мар'ян стаў прыватным прадпрыймальнікам. I трошкі апярыўся. Хоць і гэта сёння даецца таксама нялёгка і са стратамі.

Так, у ягоным характары свая Мар'янаўская кемлівасць. Можа гэта, менавіта, матэматычны разлік? Ён дыпламатычны, назіральны і азіральны. (выжывальны). Але ж і годна выпрастаны. Ёсць і нейкая прыродная чэпкасць. I спадчыннасць дзядзька Стась працаваў у краме...

Дарэчы было б згадаць і бацькоў. Калі б мы не жылі так блізка, я напісала б вялікі ліст да Мар'яна. Але ж... I ўсё роўна да такой даты, хоць нейкія фарбы з дзяцінства, ды трэба высвеціць. I крыху паэтычна:

Сама сябе прысню я ў сне,

Дзе родны бусел нёс мяне

I з дзюбы выпусціў у снег...

Я ж прызначалася вясне...


Нёс і цябе такой парой...

Ды ты асілак, ты герой...

Так цяжка даляцець з табой.

...Залетуценіў снег вадой.

Ты нарадзіўся 7 сакавіка. Твой бусел скінуў цябе пазней і колькі кустоў далей... А да школы (Перадольскай) мы збягаліся клінам, бо я ўжо мерыла снег зпад Мазнева, з хутарка на ўзгорку. Вясной, восенню бегла палявымі сцежкамікруцелькамі. А ты?.. Больш па гасцінцы топаў?..

У Падсвільскую (памятаеш?) часам, усе ішлі ланцужком... Аднак вы з братам Віцем і Тадзікам Драздовічам часта раней за Веру Смірнову праскоквалі.

Мая мама пазычала ў твайго бацькі капылы, каб пашыць ці адрамантаваць мне такіясякія чаравікі. Мечык шыў, рамантаваў абутак. Мой бацька слясарнічаў: рабіў бляшанкі (малакаадстойнікі), скрабачыкі, таркі і ўсялякі металічны посуд, патрэбны ў сялянскай гаспадарцы.

I, як бывала, у нашу маленькую хатку прыходзіў Мечык, яна рабілася гучнавясёлай, нібы ў яе сабраліся адны гумарысты. Мечык імкнуўся здабыць тут розную інфармацыю. I ў яго нешта атрымлівалася, хоць вушы не ўспрымалі гукаў. Як кажуць, не чуў ні язачкі. Мама мне тлумачыла, што ў дзяцінстве ён страціў слых. Але, мусіць, тады ўжо ён меў слоўнікавы запас. Моўная памяць рабіла яго актыўным суразмоўцам. Ён, то нараспеў гучна вымаўляў словы, То паказваў. Ён прыгаварваў: "Я чуў..." Мне было пацешна., бо Мечык пры тым залівіста смяяўся. На твары свяцілася жартоўная радасць. Тата з мамай умелі з ім гаварыць пра ўсё. Я не. Але любіла быць у кампаніі. Бацька мой, нават, здаецца, іграў яму на гармоніку. I Мечык "чуў" чалавек добры. шчыры, жыццярадасны.

Маці твая, Лёня, ганарылася табой. Увачавідкі выяўлялася ў ейным паглядзе чалавечая годнасць.

Заўваж: далёкая, доўгая хадзьба ў школу не адбіла ў цябе ахвоты да прафесіі настаўніка. Ты старанна вучыўся ў школе, быў моцным у матэматыцы і набыў адпаведную спецыяльнасць.

Ты зусім не гісторык, не мовазнаўца, а так уважліва пачаў цікавіцца айчыннай гісторый, абараняць годнасць роднай мовы. Я разумею бывае ў чалавеку нейкая свая асабістаунутраная боская школа. Жыцейская школа. Яна маці патрыятычнай культуры.

Цябе, Мар'ян, любілі вучні. Вунь якую спартыўнатурысцкую выхаваўчую дзейнасць вёў ты ад пачатку стварэння клуба "Рамантык". З усмешкай, даверам. спакоем і энергіяй працаваў на здароўе і рамантыку дзяцей.

А згадай сваю палітычнаасветніцкую сценгазету "Світанак" у гады нашай радаснай надзеі на адраджэнне. Як толькі ты паспяваў да пачатку ўрокаў адратаваць яе выцягнуць з лужыны, з гразі (кожны дзень) і абнавіць новымі матэрыяламі перыёдыкі?.. Без усмешкі я не аглядаюся ў тую пару і твайго грамадзянскага руху. Я ж бачыла, якія разведчыкі з цямнечы (вечарам і ранкам, як дояць кароў) палявалі на твой гераічны "Світанак".

Гэта найцікавы час, Мар'ян!

Жыве Беларусь! I разам з Ёй і наша Надзея, Вера і Любоў да Боскага Святла Бацькаўшчыны.

Марыя Баравік, м. Падсвілле, Глыбоцкі раён.


"ЛЁС ЛІЦЭЯ" І ВІЛЬНЯ

Дагэтуль Беларусь ня зьгіне,

ня кане ў нябыце сьне,

пакуль у нябеснай сіні

заступніца Ефрасіньня

моліцца за яе.

("Дагэтуль" Э. Акулін.)

У апошнюю суботу лютага ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве (ТБК) адбылася сустрэча з дырэктарам вядомага далёка паза межамі Беларусі ліцэя імя Я. Коласа Уладзімірам Коласам, гэтым разам адбылася ў Вільні прэзентацыя яго кнігі "Лёс ліцэя", наладжаная таварыствам. Чакалі і пісьменніцу Вольгу Іпатаву, але ж толькі пад час мерапрыемства даведаліся, што яна захварэла і не зможа быць з намі разам. Кожны хто заходзіў у ТБК пытаўся ;"А ці будзе сп. Вольга?" І былі расчараваныя адмоўным адказам, асабліва журналісты. Іх гэтым разам было нямала; і з радыё "Палонія", і з літоўскага радыё і тэлебачання, беларускія журналісты, акрэдытаваныя ў Вільні.

Традыцыйна мерапрыемства пачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, ён прадставіў гасцей. Ул.Колас галоўная асоба мерапрыемства. Уражаннямі пра кнігу падзяліўся Хведар Нюнька і аўтарка гэтага допісу. Кніга "Лёс ліцэя" аўтабіяграфічная, частка гісторыі нашай Бацькаўшчыны,звязаная з лёсам беларускай мовы і адукацыі на роднай мове. Чытаеш і здзіўляешся мужнасці выкладчыкаў, навучэнцаў, і ў першую чаргу бацькоў, якія не забралі сваіх дзяцей, а разам змагаюцца і перамагаюць.

Ул. Колас распавёў пра гісторыю ўтварэння навучальнай установы, аб сваіх паплечніках і з гонарам адзначаў што ўсе выпускнікі ліцэя паступаюць у ВНУ, прыемна, што і мая вучаніца Адэля Дубавец закончыла ліцэй, а цяпер друкуецца ў часопісе "Дзеяслоў". Наступная прамоўца выкладчыца геаграфіі і завуч ліцэя Ірына Сідарэнка, яе выхаванцы занялі на Сусветнай алімпіядзе ў Паўднёвай Афрыцы трэцяе месца, адзначаны ліцэісты прызавымі месцамі і па іншых прадметах. Гэта было ў 2002 годзе. Зараз ліцэй знаходзіцца ў складаных умовах, яго спрабуюць зліквідаваць. Умовы падпольнага навучання, вучобы ў выгнанні вось ужо чатыры гады, у якіх апынуўся ў апошнія гады ліцэй, з боку здаюцца небяспечнымі, цяжкімі і ненармальнымі. Але ж гэта і ёсць магчымасць пасапраўднаму змагацца, ахвяраваць дзеля Праўды, Дабра і Справядлівасці, і мець столькі сяброўаднадумцаў, прыхількаў ва ўсім свеце, і ў першую чаргу ў Вільні. Разам сіла. Пра гэта і кніга.

У прыватнасці Ул. Колас піша: "Ліцэй здолеў утварыцца і захавацца перад усім дзякуючы таму, што вакол яго аб'яднала свае намаганні вялікая колькасць шчырых беларусаў. Упэўнены; калі такое адчуванне еднасці, прыналежнасці да свайго народа, адданасці сваёй Бацькаўшчыне аб'яднае нас усіх, беларусы абавязкова здолеюць развітацца са сваёй змрочнай спадчынай і адбудуюць нармальнае, годнае і заможнае жыццё. Гэта і ёсць галоўны ўрок, які ўсім нам дае ліцэй". А самае галоўнае ёсць конкурс паступаючых, ёсць ахвочыя вучыцца, значыць ёсць і будучыня ў ліцэя, а яна звязана з Вільняй, у якой ужо часткова адбываюцца лекцыі. Уразіла прысутных і канцэртная праграма навучэнцаў у ТБК, яны выканалі некалькі песень, у тым ліку і гімн ліцэя, але асабліва кранула "Малітва" ў сольным выкананні А. Вараб'ёва. Гэта не першая і не апошняя сустрэча ў ліцэі.

Сябра ТБК Алесь Адамковіч прадоўжыў цыкл лекцый "Беларускія карані на Віленшчыне", ён расказваў пра ксяндзоўмарыянаў, дапоўніў расказ пра біскупа Юрыя Матулевіча. Змястоўны артыкул пра Ю.Матулевіча з багатым ілюстраваным архіўным матэрыялам Алесь Адамковіч змясціў у літоўскай гістарычнай газеце "VORUTA", журналістам якой з'яўляецца дакладчык. Вядома, сябры таварыства пазнаёміся з нумарамі гэтага года, аформлена падпіска ў бібліятэку, а на мерапрыемстве ўсе ахвочыя мелі магчымасць падпісацца бясплатна на тыднёвік.

Зала ТБК упрыгожана ў класічным стылі: на стале, на сцяне выцінанкі ў форме разгорнутай кнігі. Дызайнам і афармленнем займаецца мастачка Хрысціна Балаховіч.

Напрыканцы імпрэзы прысутныя атрымалі кнігу Ул. Коласа "Лёс ліцэя" з аўтографам аўтара.Такія сустрэчы духоўна ўзбагачаюць, яднаюць.

Леакадзія МІЛАШ, г. Вільня

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX