Вярнуцца: 2007

№ 11 (799)


Крыніца: pawet.net.



№ 11 (799) 14 САКАВІКА 2007 г.


120 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна

ГАРУН Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Менскага р-на - 28.7.1920), бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў менскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучэльні. Працаваў у Менску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максі-малістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я. Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Менск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віца-старшыня Усебеларускага з'езду 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919-20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагяіся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.Сумны) - гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.Купалы і Я.Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Г. - яе ідэйна-тэматычнае 6агацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П'ера і Каламбіна» аб'ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п'есы для дзіцячага тэатра, прасяхнутыя жыцце-сцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

На здымку: новае выданне ТБМ каляндарык да 120-годдзя Алеся Гаруна, падыхтаваны мастаком Ігарам Марачкіным.


РЭВІЗІЯ ШКОЛЬНЫХ ПРАГРАМ,

або "падарунак" да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа

Рэспубліканскаму грамадскаму аб'яднанню "Таварыства беларускай школы" стала вядома пра што ўзбуджана ў апошні час гавораць на калідорах і ў кабінетах Міністэрства адукацыі, установе даволі памяркоўнай і законапаслухмянай. Ну, канешне ж, пра юбілейны год - 125годдзе класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалу і Якуба Коласа. Вось сутнасць асноўных падарункаў, падрыхтаваных гэтым ведамствам да юбілеяў класікаў.

Амаль з самага пачатку навучальнага года ідзе напружаная праца па змяненні школьных навучальных праграм па беларускай і рускай літаратурах. Цяпер ужо школьнікі будуць вывучаць рускамоўных пісьменнікаў, якія ўваходзяць у новаствораны саюз пад кіраўніцтвам генерала Мікалая Чаргінца. Каго ўключаць у праграму дадзена права не спецыялістамлітаратарам Нацыянальнай Акадэміі навук і педагогам вышэйшых навучальных устаноў, а саманазваным "правільным" пісьменнікам. Асноўнымі дарадцамі тут былі Георгій Марчук і Раіса Баравікова. Але галоўнае слова застаецца за генералам, які павінен уключыць у праграму новыя імёны замест выкрасленых у Адміністрацыі прэзідэнта. Праграмы ўжо прайшлі ўсе раней вызначаныя інстанцыі, як іх узялі на вышэйшую рэвізію, дзе было прапанавана выкрасліць наступныя творы народных пісьменнікаў: п'есу "Тутэйшыя" Янкі Купалы, аповесць Васіля Быкава "Аблава", усю паэзію Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча (акрамя двух вершаў у 11 класе), а таксама ўсе творы Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Арлова, Вітаўта Чаропкі і інш. Не спадабалася рэвізорам, што вывучаецца шмат твораў Уладзіміра Караткевіча, прапанавалі замяніць назву раздзела "Эпоха Адраджэння (літаратура ХІV-пач. ХVІ стст.)" на іншае і г.д.

Самая вышэйшая інстанцыя патлумачыла вельмі коратка сутнасць самых вялікіх і эпахальных змен у развіцці нацыянальнай асветы - "не адпавядае ідэалогіі дзяржавы". Якой жа такой ідэалогіі не адпавядае ідэйны змест праграмных вершаў Рыгора Барадуліна ("Трэба дома бываць часцей..."), Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна і іншых? Як вядома, яны выяўляюць агульначалавечыя, хрысціянскія ідэі і створаны на высокім прафесійным узроўні. На іх выхаваны тысячы беларусаў. Якая ж гэта такая маецца на ўвазе іншая ідэалогія, што супярэчыць агульначалавечым, хрысціянскім, нацыянальным прынцыпам? Гэта зноў нашым дзецям, унукам прыйдзецца вывучаць новых прыкармушачных паэцікаў, перавучвацца, каб здаць іспыты для паступлення ва універсітэт? Колькі ўжо будуць змяняцца праграмы, правілы паступлення? Навошта такое глумленне над дзецьмі? Усёроўна прыйдзецца некалі вяртацца да агульначалавечых нормаў.

Як вядома, п'еса "Тутэйшыя" Янкі Купалы з'яўляецца своеасаблівай лакмусавай паперкай дзеля выяўлення чалавечнасці, інтэлігентнасці, беларускасці. На ёй спатыкнуўся не адзін чыноўнік, пазнаўшы сябе ў адмоўным вобразе, створаным Купаламдраматургам. Не падабаецца сучаснаму бюракрату, што яна выкрывае «Праблемы "тутэйшасці", прыстасавальніцтва, манкурства, рэнегацтва і іх вырашэнне» (з праграмы).

Такія кардынальныя змены праграм, якія істотна скіроўваюць у невядомы бок палітычны вектар ад напрацаванага шляху нацыянальнай літаратуры і педагогікі, здзяйсняюцца ўпершыню, вызначаюцца стратэгічнай неабачлівасцю і непрафесіяналізмам. Нельга не прызнаць адно - робіцца вельмі паслядоўна і настойліва, жорстка і безаглядна.

Алесь Лозка, старшыня РГА "Таварыства беларускай школы".


РУКІ ПРЭЧ АД БЕЛАРУСКАГА СЛОВА

Сойм Партыі БНФ 10 сакавіка 2007 г. у сувязі з планамі перагляду школьных праграмаў прыняў адпаведную заяву, у якой у прыватнасці гаворыцца:

"Ідэйныя нашчадкі Мураўёва-вешальніка і Лукі Бэндэ... выдалі распараджэнне, паводле якога з школьных праграмаў выкідаюцца творы Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, выключаюцца са сьпісаў літаратуры для вывучэння і пазакляснага чытання творы С. Алексіевіч, С. Законнікава, В. Іпатавай, У. Арлова, М. Скоблы, В. Чаропкі і іншых, выключаюцца з ілюстрацыйных матэрыялаў творы мастака А. Марачкіна. Манкурты замахнуліся на Купалу і Быкава, выкрасліўшы з праграмы "Тутэйшых" і "Аблаву". Пры выкладанні забаронена ўжываць назву перыяду "Літаратура нацыянальнага адраджэння".

Партыя БНФ выказвае абурэнне з прычыны дзікунскага замаху на нашую культуру, мэта якога - прамыўка мазгоў новым пакаленням беларусаў, у якіх, на думку цэнзараў, не павінна быць нават думкі пра феномен таленавітай, моцнай, патрыятычнай беларускай літаратуры. Гэты замах робіцца менавіта цяпер, калі незалежнасць Беларусі апынулася пад сур'ёзнай пагрозай у выніку імперскіх дзеянняў Масквы, калі жыццёва неабходная кансалідацыя ўсіх беларусаў вакол нашых каштоўнасцяў, нашай культуры, мовы, гістарычнай памя-ці."

Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне арганізаваць конкурс школьных сачы-ненняў па забароненых творах, праводзіць літаратурныя сустрэчы і імпрэзы ў Менску і рэгіёнах з удзелам гэтых пісьменнікаў, а таксама правезці па рэгіёнах выставу Аляксея Марачкіна, якая зараз выстаўленая ў сядзібе Партыі БНФ.

Наш кар.


У Менску будзе вуліца імя Напалеона Орды

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Паведамляем, што пытанне аб наданні адной з вуліц г. Мінска імя таленавітага піяніста, кампазітара і мастака, творчасць якога была неразрыўна звязана з Беларуссю, Напалеона Орды будзе вынесена на разгляд Камісіі па найменаванні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых састаўных частак г. Мінска.

Начальнік упраўлення В.І.Кураш.


Рыгор Мiкалаевiч Вячорка

27.02.1934 - 4.03.2007

Нарадзіўся на Мерлiнскіх хутарах у цяперашнім Столiнскiм раёне. Нашчадак патомных мяшчан Гарадной (па бацьку) і ДавыдГарадка (па маці). Скончыў Пiнскi фiнансавакрэдытны тэхнiкум, эканамiчны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта, аспiрантуру. Вучоны, публiцыст, спецыялiстпрактык у галiне макраэканамічнага рэгулявання і прагнозу, фінансаў і крэдыту, рэфармавання формаў уласнасці. Кандыдат эканамiчных навук. Грамадскi дзеяч: дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусi 10га i 11га склiканняў, у 19861990 гг. старшыня Планавабюджэтнай камiсii Вярхоўнага Савета.

Працаваў у сiстэмах Сельгасбанка, Дзяржаўнага банка, Брэсцкую абласную кантору якога ўзначальваў у пачатку 70х гг. З 1974 г. у Менску. Працаваў памочнiкам першага сакратара ЦК КПБ П.М.Машэрава, быў загадчыкам эканамiчнага аддзела ЦК. На гэтых пасадах займаўся распрацоўкай і рэалізацыяй стратэгіі эканамічнага развіцця краіны, увядзення эканамічнага стымулявання, укаранення навукаёмістых тэхналогіяў, індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі.

У 19891994 гг. - першы намеснiк старшынi Дзяржплана (Дзяржэканомплана) у рангу міністра. Стаў адным з стваральнікаў нацыянальнай праграмы эканамічных рэформаў, кiраўнiком рабочай групы па стварэнні "Праграмы пераходу Рэспублікі Беларусь да рынкавай эканомікі", ухваленай у 1992 г. Вярхоўным Саветам і падтрыманай экспертамі Міжнароднага валютнага фонду і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Праграма забяспечвала стварэнне эканомікі незалежнай беларускай дзяржавы. У 19941998 гг. эксперт у Дэпартаменце эканамічнага аналізу і прагназавання Нацыянальнага банка.

Выкладаў у БДУ, БДЭУ, Беларускай акадэміі кіравання, Інстытуце прыватызацыі і мэнэджмэнту і інш. Удзельнічаў у навуковых канферэнцыях Лонданскай школы эканомікі, Інстытута Адама Сміта ў Парыжы, Інстытута Усясветнага банка ў Вашынгтоне, цэнтра міжнародных эканамічных даследаванняў у ФранкфурценаМайне і г.д. Мае больш за 100 навуковых публікацыяў, у тым ліку 3 манаграфіі. Некалькі гадоў быў рэдактарам эканамічнага аддзела ў "Беларускім банкаўскiм бюлетэнi". Асноўныя тэмы - фінансавакрэдытная справа, макраэканамічны аналіз і прагноз, рынкавыя рэформы, інтэграцыя беларускай эканомікі ў сусветную.

Арганізатар супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансавакрэдытнымі арганізацыямі: Міжнародным валютным фондам, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Усясветным банкам і г.д. Прадстаўляў Беларусь на сесіях ЮНІДО ў Вене, Эканамічнай рады ААН у Жэневе і інш. У пачатку 90х гадоў эфектыўна адстойваў эканамічныя інтарэсы Беларусі на перамовах краінаў СНД. Быў удзельнiкам канферэнцый i круглых сталоў незалежных даследчых цэнтраў на актуальныя для беларускай эканомікі тэмы, у тым лiку міжнароднай канферэнцыі «Беларуская нацыянальная валюта - праблемы і перспектывы» (2003).

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума медалямі, дзвюмя Ганаровымі граматамі, Граматай Вярхоўнага Савета Беларусі. Заслужаны эканамiст Рэспублiкi Беларусь, ганаровы член калегii Мiнiстэрства эканомiкi.

Рыгор Вячорка цiкавiўся праблемамi захавання беларускай культурнай спадчыны i мовы, асаблiва гаворак Палесся. Працаваў над пашырэннем "Альпенскага слоўнiка" (Альпень недалёка ад Мерліна), выдадзенага ў 2004 г. Берасцейскай Радай ТБМ iмя Ф. Скарыны. Дадаваў новыя словы, удакладняў значэнне і вымаўленне дыялектызмаў, характэрных для гаворкі злiквiдаваных у 1961 г. Мерлiнскiх хутароў i не зафiксаваных мовазнаўчымi экспедыцыямi. Апошнiя гады працаваў над успамiнамі пра сваё жыццё, звычаi i абрады Палесся.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні родным і блізкім нябожчыка, няхай памяць пра Р. М. Вячорку будзе доўгай і светлай.


Купала, Піфагор, герб Магілёва і мапа Беларусі

19 лютага ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова адбылося ўзнагароджанне пераможцаў "Беларускага пяціборстваVI". Чытачам "НС" ужо вядома, што такое спаборніцтва ладзіцца ў Магілёве сіламі абласной арганізацыі ТБМ пры падтрымцы грамадскага аб'яднання "Кола сяброў", якое, на жаль, па рашэнні суда ў мінулым годзе спыніла сваё існаванне, не пераадолеўшы ўнутраных супярэчнасцяў. Такім чынам, працяг праекту "Беларускае пяціборства" зараз пад вялікім пытаннем. Шукаем новых фундатараў. Калі нашы пошукі будуць безвыніковымі, "Беларускае пяціборства" знікне з адукацыйнай прасторы краіны. І будзе шкада, бо ўсё ж пяціборства было і пакуль ёсць ці не адзіным люстэркам, у якім таленавітыя старшакласнікі маглі б агледзець годнасці і хібы сваёй агульнай адукацыі і скарыстаць вынікі такога агляду для хаця б частковага яе ўдасканалення.

Што ні кажы, але, вырваўшыся з путаў, з казарменасці савецкай школы, беларускія (не толькі беларускія, але зараз гаворка пра іх) настаўнікі кінуліся ў другую крайнасць. У савецкай школе адпаведна камуністычнаму прынцыпу "роўнасці" усе вучні навучаліся па аднолькавых праграмах, дзе ўсялякія "ўхілы", "спецыялізацыі", "профілі" не прадугледжваліся. Факультатыўныя заняткі, прадметныя гурткі, на якіх вучням можна было больш грунтоўна заняцца цікавай для сябе навукай, былі паза межамі праграмы, і гэты пазапраграмны апендыкс па прычыне нізкай аплатнасці і нізкай патрабавальнасці з боку наглядных органаў скарыстоўваўся настаўнікамі часта не па прамым прызначэнні. Адпаведна ж праграме вучні павінны былі станавіцца "ўсебакова развітымі", г.зн. аднолькава развівацца і ў веданні моваў, і ў веданні матэматыкі, хіміі, геаграфіі, і ў веданні анатоміі, астраноміі ды інш. Гэтая аднолькавасць і атрымоўвалася, праўда на досыць нізкім узроўні (як сказаў аднойчы Чэрчыль Сталіну з іншай нагоды: "У вас роўнасць у беднасці").

Зараз, калі вучні маюць шырокі выбар спецыялізацыі, пачынаючы з пачатковых класаў і нават садкоў, яны ды іх бацькі актыўна скарыстоўваюць такія магчымасці. Але... Настаўнікі, успрыняўшы нарэшце неўсебаковую развітасць сваіх навучэнцаў як норму, сталі дапускаць (як норму ж!) развітасць занадта аднабокую. Напрыклад, калі дзіця праяўляе схільнасць да вывучэння хіміі, біялогіі, паглыблена засвойвае гэтыя навукі з дапамогай дадатковай літаратуры, дадатковых заняткаў, на што патрабуецца пэўны і немалы час, то яму "дазваляецца" амаль не траціць часу на іншыя вучэбныя дысцыпліны. "Дазваляецца" - гэта значыць яму ставяць самыя высокія адзнакі за прымітыўныя адказы, паказваючы тым самым, што гэткіх маленькіх ведаў тут дастаткова. Частковая рацыя ў тым ёсць. Бо навошта ж чалавеку, які ўжо свядома абраў сабе лёс біёлага, вывучаць інтэгралы ці вытворную лагарыфмічнай функцыі?

Але бяда ў тым, што ў гэтыя "іншыя", неабавязковыя дысцыпліны часта трапляюць дысцыпліны, найнеабходнейшыя культурнаму, інтэлігентнаму чалавеку - гісторыя, геаграфія роднай краіны, яе літаратура, родная мова. І вось тут настаўніцкія паблажкі зразумець цяжка. Але гэта ўжо стала прыкрай нормай: навучэнцы, якія актыўна займаюцца фізікай, матэматыкай (у гэтых кірунках асабліва!), амаль не вывучаюць дысцыплін гуманітарнага профілю, маючы па іх пачварна прымітыўныя ўяўленні з тым не менш высокімі настаўніцкімі адзнакамі. І гэтая з'ява, як ні дзіўна, найбольш прыкметная ва ўстановах высокага ўзроўню кшталту Лужаснянскай школыінтэрната на Віцебшчыне ці ліцэя пры БДУ. Магілёўшчына тут, на жаль, не выключэнне.

Усвядоміўшы гэтую адукацыйную хваробу і небяспеку, якую яна нясе для будучыні нашай радзімы, ініцыятыўная група магілёўскіх тэбээмаўцаў і распачала праект "Беларускае пяціборства". За шэсць гадоў яго правядзення набыты цікавы і карысны досвед, зроблены шэраг назіранняў.

Вучань, здараецца, і не ўсведамляе той небяспекі, якую нясуць яму настаўніцкія паблажкі. Атрымоўваючы высокія адзнакі, ён натуральна мяркуе, што і яго веды на прыстойна высокім узроўні. І толькі па сканчэнні школы, трапіўшы ў культурны асяродак людзей, ён пачынае адчуваць недахопы сваёй агульнай адукацыі і спрабуе нешта запознена паправіць.

"Беларускае пяціборства" дапамагае яму ўсвядоміць гэта на дватры гады раней. Дватры гады ў тым узросце - вялікі тэрмін, за які шмат чаго можгна зрабіць, калі зразумець, што гэта трэба зрабіць. І гісторыя пяціборства поўніцца прыкладамі (аб іх шмат гаварылася ў прэсе), калі таленавіты хлопец, філігранна развязваючы матэматычныя задачы, спыняўся ў кроку ад прызавога месца зза непрыстойна нізкіх для яго адзнак па мове ці па гісторыі. Збянтэжаны нечаканасцю такога выніку ён пачынаў пэўную працу над сабой і гэта давала плён: праз год ці два на такім жа пяціборстве ён паказваў значна лепшы ўзровень валодання роднай мовай і значна папоўненыя веды ў гісторыі сваёй радзімы. Важна тое, што "да радзімы вярталіся" найбольш інтэлектуальна адораныя маладыя людзі.

Чарговае пяціборства, на жаль, не парадавала журы выніковасцю. Хаця ёсць і прыемнае: па малавядомых звестках з біяграфіі Янкі Купалы нашага славутага паэта многія ўдзельнікі ўсё ж распазналі, паведаміўшы, які юбілей у гэтым годзе чакаецца і працытаваўшы радкі з яго твораў. Прыемна адзначыць, што настаўнікі пра Купалу даюць звестак болей, чым тое патрабуецца праграмай. "Натуральна, - усміхнулася б тут Ганна Бандарэнка, настаўніца, якой аўтар гэтых радкоў гатовы пакланіцца, - столькі павыкідалі з праграмы, Ларысу Геніюш нават памінаць забаронена, трэба ж нечым праграмы папаўняць..."

А гістарычнае пытанне пяціборства на гэты раз было звязана з фактам двухгадовай даўніны: нарэшце адміністрацыя прэзідэнта дала згоду на зацвярджэнне гістарычнага герба Магілёва, якому ўжо амаль тры з паловай стагоддзі, і з 2005 года гэты герб зноў стаў сімвалам нашага горада. Аргкамітэт пяціборства вырашыў празандаваць, як настаўнікі гісторыі распавядаюць сваім навучэнцам пра гісторыю гэтага славутага герба. Выявілася: ніяк! Ніводзін з удзельнікаў пяціборства (на восемдзесят працэнтаў магілёўцаў) не змог нічога патлумачыць, з якіх часоў і з якой нагоды Магілёву нададзены гэты герб (герб, які дарэчы ўпрыгожвае дыпломы пяціборства). Цікава, а ці ж ведаюць пра тое самі настаўнікі?

Ды якія б вынікі ні былі, але перамога ёсць перамога. Заўсёды прыемна гаварыць пра пераможцаў. На гэты раз І прыз зноў дастаўся Святлане Дзенісевіч з Дрыбіна (зараз навучэнка абласнога ліцэя № 1), пераможцы мінулагодняга пяціборства. Святлана не змагла паўтарыць той цудоўны вынік па мове, калі прыдзірлівае журы не змагло знайсці ў яе тэксце ні воднай памылкі, на гэты раз некалькі памылак у яе былі знойдзены, але тым не менш якасць мовы прызнана лепшай і, акрамя першага прыза, дзяўчына атрымала адмысловы прыз за лепшую мову.

На другім месцы - Юля Чудакова, дзевяцікласніца абласнога ліцэя № 3. Юля атрымала таксама адмысловыя прызы за лепшыя адказы на пытанні з літаратуры і з геаграфіі. Паспрабуйце ўявіць сабе мапу Беларусі і пералічыць яе сталіцу і абласныя цэнтры спачатку ў парадку з усходу на захад, затым - з поўдня на поўнач. Калі вы гэта зробіце з аднойдвума памылкамі, то віншуем - у вас добрая візуальная памяць. Юля не зрабіла тут ні воднай памылкі.

На трэцім месцы - Мікіта Кісялькоў (11 клас гарадской гімназіі № 1), выхаванец Ганны Бандарэнкі.

А зараз пра яшчэ адзін вынік апошняга пяціборства: на гэты раз ніхто з удзельнікаў пяціборства не змог цалкам развязаць матэматычную задачу, такое на пяціборстве ўпершыню. Матэматычныя задачы пяціборства па сутнасці нескладаныя, для іх развязвання ведаў трэба няшмат, але яны заўсёды змяшчаюць элементы, якія патрабуюць кемлівасці і логікі. Задачу, тэкст якой прыведзены ніжэй, можна развязаць з дапамогай адной толькі тэарэмы Піфагора (больш знакамітай тэарэмы няма!), але...

Але паспрабуйце. Спадзяюся, што сярод чытачоў "Нашага слова" маюцца людзі, здольныя паразважаць над нескладанай матэматычнай задачай. Вынікі вашых разважанняў можаце паведаміць на ніжэйпададзеныя адрасы. Будзе вельмі прыемна атрымаць ад кагосьці поўны развязак гэтай задачы і прызнаць тым самым, што беларусы розумам не абдзеленыя.

Плёну!

Беларускае пяціборства-VI. Заданне 1 (матэматыка):

а) Разлічыце невядомую дыяганаль чатырох-вугольніка АВСК, калі вя-домыя яго стораны АВ = 25 м, ВС = 15 м, СК = 20 м, АК = 30 м і дыяганаль ВК = 25 м.

б) Разлічыце невядомую дыяганаль чатырох-вугольніка АВСК, калі вя-домыя яго стораны АВ = 25 м, ВС = 20 м, СК = 15 м, АК = 30 м і дыяганаль ВК = 25 м.

Рашэнне задачы б iстотна адрознiваецца ад рашэння задачы а . Чым? (Гаворка, натуральна, ідзе не пра адказ, які відавочна будзе іншым, а пра што?)

Чакаем вашых лістоў з развязкамі.

Міхась Булавацкі, старшыня журы "Беларускага пяціборства",

212030, Магілёў, а.с.3;


А якая пазіцыя гарвыканкаму?

Актывісты Гарадзенскай гарадской і абласной арганізацый грамадскага аб'яднання Таварыства беларускай мовы (ТБМ) імя Францішка Скарыны атрымалі адказ на зварот у гарвыканкам наконт карыстання беларускай мовай кіроўцамі тралейбуснага і аўтапарка ў час аб'яўлення прыпынкаў.

Намеснік старшыні В.Н. Лявонаў абмежаваўся адпіскай (чытай копію ліста за подпісам адказнай асобы). Пералічаецца колькасць "абсталяваных аўтаінфарматарамі "адзінак рухомага саставу" (36 з 288 наяўных: 30 тралейбусаў і 6 аўтобусаў). Ну і, канешне, "накіравана пісьмо аб правядзенні работы сярод кіроўцаў аўтобусаў"…

Сябры ТБМ чакалі, што сп. Лявонаў паведаміць, чаму змяншаецца колькасць "абсталяваных аўтаінфарматарамі адзінак", чаму так упарціцца рабіць аб'явы прыпынкаў пабеларуску кіраўніцтва аўтапарку, чаму ўвесь час выдумляюцца наўмысныя прычыны, каб замарудзіць выкананне, здавалася б, простай справы - рабіць аб'явы прыпынкаў у беларускім горадзе Гародні пабеларуску хаця б на 50 працэнтаў. Ёсць Канстытуцыя, ёсць Законы…

Дарэчы, сп. Лявонаву не пашкодзіла б перачытаць Закон аб дзяржаўнай службе. Там ёсць радкі, якія тычацца яго асабіста. Як дзяржаўны службовец, ён абавязаны ведаць дзяржаўныя мовы, г.зн. і беларускую таксама і карыстацца ёю ў паўсядзённай рабоце. Калі, напрыклад, атрымаў ліст на беларускай мове, як у нашым выпадку, так і адкажы пабеларуску. Інакш атрымліваецца знявага носьбітаў дзяржаўнай беларускай мовы, прыніжэнне годнасці тытульнай нацыі. А гэта пахне распальваннем нацыянальнай нецярпімасці…

І яшчэ. А раптам будзе створана камісія па праверцы ведання дзяржаўнымі службоўцамі дзяржаўных моваў! А гэтага якраз патрабуе Закон. Сёння, на жаль, не так настойліва. А заўтра, глядзіш, зменіцца сітуацыя. Многім выканкамаўцам акажацца не пад сілу пацвердзіць сваё права займаць дзяржаўныя пасады. Крыўдна будзе…

Такія думкі выклікаў ліст з гарадскога органа кіравання. Адным словам, ліст ёсць, руху наперад няма.

Антон Лабовіч, Гародня.


"Новы Час" - яшчэ раз

У пачатку сакавіка ў Менску яшчэ раз аднавіла выхад газета "Новы Час". Газета заснавана Менскай гарадской арганізацыяй ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". Галоўны рэдактар Алена Анісім. Аб'ём 16 старонак. Наклад 2500.


Мая Наваградчына

Прыміце мой зямны паклон

Ад Навагрудчыны гарыстай,

Ад яе ніў, дзе спее лён,

Ад яе рэк, азёр празрыстых.


І ад імшараў, і лугоў

Таксама кланяюся нізка,

Ад яе плёсаў і бароў,

Знаёмых з самае калыскі.


Я вас вітаю ад зямлі,

Не раз Міцкевічам апетай,

Дзе ў хлебным золаце палі

Цяплом матулі рук сагрэты.

Беларусь - мая песня

Беларусь - гэта сцежкі ў сасновым бары,

Гэта голас, знаёмы з калыскі.

Беларусь, цябе любяць малы і стары,

Прад табой я схіляюся нізка.


Беларусь - наша песня, і сонца, і хлеб,

Слова матчына нас сагравае.

Я з дзяцінства люблю цябе сэрцам навек,

І не вабіць краіна другая.


Беларусь, ты для ўсіх - дабрыні этыкет,

Так спрадвеку было і так будзе.

Працай славяць цябе на ўвесь белы свет

Твае шчырыя, мірныя людзі.


Беларусь, мы з табою - браты па крыві,

Ты патрэбна, як маці дзіцяці,

Дык заўсёды красуйся і ў шчасці жыві,

Беларусь - наша родная маці.

Па чыстаму Нёману песня плыве

Па чыстаму Нёману песня плыве,

А ў песні той лёсы людскія,

Няспешна, свавольна ўдалеч нясе

Ён воды свае гаманкія.


Пра вернасць, каханне і шчасце для ўсіх

У песні той шчыра пяецца,

Выток жыватворны для песень сваіх

З народных глыбіняў бярэцца.


У песні - нясцерпны наш смутак і боль,

У песні - Чарнобыля рэха,

Трывога зямлі шматпакутнай маёй,

Прыроды ўсёй чалавека.


Няхай выпраменьвае сонца святло

У хвалях ракі серабрыстых.

Дык зробім жа, людзі, усё для таго,

Каб Нёман заўсёды быў чыстым.

Прырода - наша маці.

Калі, сышоўшы з роднага парога,

Акінеш вокам удалечыню,

У сэрцы адчуваецца трывога

За ўсю прыроду родную сваю.


Чарнобыль гора прычыніў нямала,

Запомніцца надоўга нам усім.

Неспадзявана гэткая навала

Прыроду амаль знішчыла зусім.


Папрок вялікі хочацца сказаць тым,

Хто безаглядна вылівае аміяк:

Запомніце: прырода - гэта маці,

Якую крыўдзіць нельга аніяк.


Я заклікаю ўсіх людзей заўсёды

Планету ад бясчынстваў бараніць.

Давайце будзем берагчы прыроду,

У дружбе з ёю пастаянна жыць.


І пачуццё такое не пакіне,

Мы будзем клапаціцца пра яе,

Бо кожны з нас любіць зямлю павінен,

Дзе нарадзіўся, вырас і жыве.


Вера Жых


Вяртанне дадому Чэслава Немана

Дзіцячы пісьменнік Віктар Кудлачоў вучыўся з Чэсем Выдрыцкім у адным класе . Таму яго ўспамін на адкрыцці ў Гарадзенскім музеі Максіма Багдановіча выставы " Свет Чэслава Немана " быў выслуханы з падвоенай увагай . Прысутныя таксама пабачылі дакументальныя і творчыя матэрыялы пра жыццёвы шлях спевака , працы выкладчыкаў , студэнтаў і выпускнікоў Беларускай акадэміі мастацтваў . Імпрэза была арганізавана якраз у дзень нараджэння славутага спевака - 16 лютага.

Імя Чэслава Немана ў суседняй Польшчы не патрабуе каментарыяў. Ён заняў сваё месца сярод тых прадстаўнікоў нацыі, якім ганарыцца народ. Польскі спявак, музыкант, кампазітар. Славуты лідэр еўрапейскай рокмузыкі ХХга стагоддзя…

А на Гарадзеншчыне, у Шчучынскім раёне ў вёсцы Старыя Васілішкі, дагэтуль стаіць простая сялянская хата сям'і Выдрыцкіх. У бацькі было фартэпіяна, патэфон.

Тут правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады будучы шырока вядомы артыст, уладальнік дзесяткаў "залатых дыскаў", лепшы польскі музыкант ХХга стагоддзя.

У 1957 годзе Выдрыцкія пераехалі ў Польшчу на сталае жыхарства. Тады Чэславу было 17. Ён закончыў вясковую сямігодку. Год правучыўся ў Гарадзенскай музычнапедагагічнай вучэльні. Атрымаў атэстат за сярэднюю школу…

У лістападзе 1976 ён вернецца сюды, на бацькоўскі падворак, знаходзячыся на гастролях у Беларусі, у тым ліку і ў Гародні. Захаваліся фотаздымкі. Суперзорка эстрады сфатаграфаваўся са сваім сябрам дзяцінства, з якім заўсёды падтрымліваў стасункі, знаёмымі па вёсцы. Кажуць, пахмурна пахадзіў па родным пляцы. Хата, хлеў, сад пакрыху прыходзілі ў запусценне. Ніколі не паводзіў сябе фанабэрыста. Быў тым самым Чэсем, як і раней.

Адказваючы на пытанні ў час канцэртаў, казаў:

Карані мае тут, на Гарадзеншчыне.

Як музыкант сведчыў:

Я іду ад фальклору.

Думаецца, не трэба тлумачыць, ад якога фальклору. Найперш, мясцовага, беларускагапольскага, і не толькі. Пазней ён удакладняў: "Вельмі люблю песні "По диким степям Забайкалья", "Степь да степь кругом". Ды і творчы псеўданім Неман таксама з жыцця. Проста і ясна як наша славутая рака. Гэта не мудрагелістая прыдумка сучасных маладых выканаўцаў, якія "бяруць" слухача калі не голасам "пад фанеру", то хаця б гучным імем…

Ён меў рознабаковы талент. Прызнанне публікі ўпершыню атрымаў у Шчэціне ў 1962 годзе. Дэбют у конкурсе маладых талентаў Польшчы можна прызнаць удалым - у дзесятцы лепшых. Чэслаў быў арганізатарам і салістам ансамбля "Блакітначорныя". Спяваў у групах "Акварэль", "НёманЭнігматык", "НёманАэраліт". У 1973 годзе былі зроблены запісы на гуканосьбітах - пласцінках, магнітных стужках. Яго сольныя канцэрты адбыліся ў Францыі, Германіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Швейцарыі, Італіі, Швецыі, Югаславіі, ЗША, Канадзе, Індыі…

Ён нядрэнна маляваў. І гэта можна прасачыць па экспанатах выставы. Сам афармляў вокладкі сваіх пласцінак. Сам ствараў музыку да ўласных песень, тэатральных спектакляў, кінафільмаў, кампазіцый на вершы аўтараў многіх народаў свету, сінтэзуючы музыку камп'ютарных праграм…

Ён памёр 17 студзеня 2004 года ў Варшаве.

Што да хаты сям'і Выдрыцкіх у вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна, то шырыцца думка, каб стварыць тут мемарыяльны музей Чэслава Немана. Гэта стала б добрым падарункам не толькі прыхільнікам творчасці спевака. Радзіма Чэслава Немана стане прыцягальным кутком для шматлікіх турыстаў.

Пра гэта кажа і мастацтвазнаўца Яўген Шунейка, адзін з натхняльнікаў арганізацыі выставы ў музеі Максіма Багдановіча. Сам ён прапанаваў чатыры карціны ўласнай работы, аформіў экспазіцыю.

Антон Лабовіч, Гародня.


Спадчына" ў Інтэрнэце: віртуальнае падарожжа ў Беларускі Музей

Ужо не раз даводзілася распавядаць пра тыя мастацкія творы, якія захоўваюцца ў залах Музея выяўленчага мастацтва (фонд А. Белага) у Старых Дарогах. У васьмі экспазіцыйных залах музея зберагаюцца больш тысячы твораў сучаснага выяўленчага мастацтва - палотны вядомых беларускіх жывапісцаў, скульптурныя выявы і кампазіцыі, вялізная калекцыя медалёў, рарытэтныя экспанаты - старажытныя мапы, медалі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, творы Я. Драздовіча і нават адзіны ў Беларусі мастацкі твор В. Ваньковіча. Цэлая зала адведзена партрэтам Уладароў Беларусі - князям Полацкім і Вялікім князям ВКЛ. Асаблівы гонар стваральнікаў музею - мемарыяльная экспазіцыя, прысвечаная незабыўнаму Беларускаму Генію - пісьменніку Васілю Быкаву.

Вялікую цікавасць для наведвальнікаў музея ўяўляюць і помнікі вядомым беларускім пісьменнікам і паэтам, нязломным палітычным дзеячам нацыянальнадэмакратычнага руху Беларусі пачатку мінулага стагоддзя…

Так, музей у Старых Дарогах - адзін з першых у Беларусі прыватных музеяў, які спецыялізуецца на зборы і прапагандзе выключна нацыянальнага мастацтва. Музей з'яўляецца мастацкай скарбонкай падзей беларускай гісторыі і беларускіх гістарычных персаналій. У гэтым сэнсе музей Анатоля Белага выконвае функцыю нацыянальнага музея і па многіх якасных і колькасных паказчыках ужо пераўзыходзіць свайго дзяржаўнага "калегу".

У тым, што гэта так, хутка можна будзе ўпэўніцца, калі наведаць у Інтэрнэце сайт, прысвечаны культурнаасветнаму клубу "Спадчына" і музею выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах. Сайт цяперака знаходзіцца ў стадыі актыўнай распрацоўкі, але і зараз ужо можна даведацца пра некаторыя старонкі дзейнасці клуба і музея.

Няхай наведвальнікаў не бянтэжыць тое, што галоўная старонка змяшчае толькі адзін матэрыял, у якім вядзецца расказ пра музей і ягоныя фонды. Стваральнікі сайта пад кіраўніцтвам натхняльніка гэтай працы Анатоля Белага, вырашылі, што спачатку трэба зрабіць вартае запаўненне сайту, а толькі пасля заняцца параднай старонкай.

Віртуальнае падарожжа па экспазіцыях музея ў Старых Дарогах пачынаецца з агляду сядзібы музея. Дзеля гэтага карыстальніку патрэбна націснуць "мышкай" на адпаведную назву: "Сядзіба музея". І наведвальнік сайту адразу можа пазнаёміцца з многімі цікавымі помнікамі вялікім Беларусам, што ўсталяваныя на тэрыторыі музея.

Далей наведвальнік сайту можа перайсці ў памяшканні музея. Ужо цяпер на сайце яны змогуць трапіць у персанальныя галярэі мастакоўсяброў клуба "Спадчына" Л. Шчамялёва, дынастыі мастакоў Ціхановічаў, У. Кульваноўскага, А. Пятрухны, беларускага мастакаэмігранта з Францыі В. Жаўняровіча і іншых.

Напрыклад, у галярэі мастака М. Несцярэўскага змешчана ўнікальная калекцыя скульптурныя партрэтаў вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага, усяго некалькі сот экспанатаў. Гэта каласальная праца, як для захавальніка музея А. Белага, так і для распрацоўшчыкаў сайта.

На старонках сайта клуба "Спадчына" і музея А. Белага можна пазнаёміцца з графічнымі і скульптурнымі працамі беларускіх мастакоў у раздзелах "Графіка", "Скульптура". У галярэі "Медальернае мастацтва" ўпершыню прадстаўлена ўнікальная калекцыя медалёў з фондаў музею А. Белага. Такой раскошы не мае нават Нацыянальны мастацкі музей!

Вельмі карыснай для выкладчыкаў гісторыі і ўсіх тых, хто цікавіцца мінуўшчынай нашай краіны будзе наведванне тэматычнай выставы "Уладары старажытнай Беларусі". Бо толькі тут яны змогуць пазнаёміцца з навукова абгрунтаванай і мастацкі выверанай іканаграфіяй беларускіх князёў і палкаводцаў…

Нягледзячы на тую вялікую працу, што вядзецца распрацоўшчыкамі сайта і яго куратарам А. Белым, нельга не заўважыць прыкрую памылку, што "ўлезла" у адрас сайта, які значыцца так spadchina.narod.ru

Думаю, што нікога з клуба "Спадчына" не трэба пераконваць, што адрас сайта - яго візітоўка. І любыя памылкі ў ім толькі ўскладняюць шлях да яго патэнцыяльных наведвальнікаў. Упэўнены, стваральнікі сайта хутка выправяць недарэчнасць і заменяць у адрасе "i" на больш прыдатнае беларускаму вымаўленню слова "спадчына" "y". Да таго ж, больш патрыятычна было б, калі беларускі сайт займеў нейтральны ці, лепш, беларускі хостынг і дамен у адрасе.

Анатоль Мяльгуй.

На фота аўтара: хутка па гэтых залах Музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд А. Белага) мы зможам зрабі

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX