Папярэдняя старонка: 2007

№ 19 (807) 


Дадана: 19-03-2020,
Крыніца: pawet.net.



№ 19 (807) 16 ТРАЎНЯ 2007 г.


СЯРГЕЮ ПАНІЗЬНІКУ - 65

ПАНІЗЬНІК Сяргей Сцяпанавіч (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.), бел. паэт і перакладчык, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ. Скончыў Магілёўскую мед. вучэльню (1962), ф-т журналістыкі Львоўскай вышэйшай вайскова-паліт. вучэльні (1967). З 1967 вайск. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982-96 у выдве «Юнацтва», адначасова ў 1992-94 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф. Скарыны, у 1996-99 вучоны сакратар Літ. музея Я. Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабры-дзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша ддя дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п'е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы - грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гісг. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш. гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" шчыра віншуюць сябра Рады ТБМ, паэта Сяргея Панізьніка з 65-годдзем і зычаць яму далейшага плёну на ніве нацыянальнага адраджэння.

(Вершы С. Панізьніка чытайце на ст. 4.)


Пад ляжачы камянь вада не цячэ

У траўні і чэрвені нам трэба падвесці вынікі нашай працы ў першай палове года, перад доўгімі летнімі вакацыямі, калі студэнты і вучні знікаюць з нашага далягляду да верасня.

Пачнём з падвядзення вынікаў. Дзякуючы нашым намаганням краіна пачала святкаваць юбілей Льва Сапегі. У гэтым нумары мы ўпершыню друкуем выяву памятнага знака ў гонар Сапегі ў яго на радзіме ў мястэчку "Астроўна" ў Бешанковіцкім раёне на Віцебшчыне. Другі знак павінен у гэтым годзе з'явіцца ў Ружанах на Берасцейшчыне, дзе Сапегі мелі свой замак і палац. Вядуцца перамовы аб паскарэнні вырабу помніка Сапегу ў Слоніме (аўтар - вядомы скульптар Іван Міско).

Мы выдалі два кішэнныя каляндарыкі да юбілеяў Алеся Гаруна і Янкі Брыля. Усе ахвочыя могуць атрымаць іх у нашай сядзібе, альбо у старшынь нашых структур у вялікіх гарадах. Актыўна ваходзіць кожны тыдзень наша другая газета "Новы час". Зараз на яе ўжо можна падпісацца, пералічыўшы грошы на рахунак рэдакцыі. Уся інфармацыя пра гэта ў сядзібе ТБМ.

Я вельмі ўдзячны нашым сябрам, якія здолелі давесці падпіску на "Наша слова" да 1070 асобнікаў, перайшоўшы тысячную мяжу. Асаблівую ўдзячнасць трэба выказаць акрамя структураў ТБМ з Менска, сябрам ТБМ з Горак, дзе колькасць падпісчыкаў зараз большая, чым у некаторых абласных гарадах, у тым ліку і ў Магілёве.

Зараз трэба захаваць падпісчыкаў у чэрвені, калі пачнецца падпіска на другое паўгоддзе.

Дарэчы, з чэрвеня мы плануем павялічыць аб'ём газеты"Наша слова" да 812 старонак, і таму гэта можа зацікавіць, як аўтараў, так і чытачоў.

Яшчэ не ўсе буйныя структуры здалі складкі за мінулы год. У першую чаргу гэта суполкаі з Берасця, Маладзечна, Пінска, Ваўкавыска, Ліды і некаторых іншых раёнаў. У красавіку пералічалі складкі і сабралі ахвяраванні нашыя сябры з Горак і Смілавічаў (Чэрвенскі раён), за што мы ім вельмі ўдзячныя.

5 красавіка Міністэрства юстыцыі зацвердзіла новая змены ў нашым Статуце. Пункт, 1.7. Статута зараз гучыць так:

1.7. ТБМ можа ажыццяўляць у ўстаноўленым парадку прадпрымальніцкую дзейнасць толькі ў тым выпадку, калі яна неабходна для ўстаўных мэтаў, дзеля якіх яно створана, адпавядае гэтым мэтам і адпавядае прадмету дзейнасці ТБМ. Такая дзейнасць можа ажыццяўляцца ТБМ толькі шляхам утварэння камерцыйных арганізацый і (ці) удзелам у іх.

Такім чынам, кожная зарэгіставаная структура ТБМ можа зарэгістраваць сваю выдавецкую структуру. Гэта ўжо зрабілі Лідская і Менская гарадскія арганізацыі ТБМ. Вельмі важныя для нас і новыя версіі пунктаў 3.8. і 3. 9. нашага Статута.

3.8. Суполкі могуць аб'ядноўвацца ў раённыя (гарадскія) арганізацыі.

3.9. Раённыя (гарадскія) арганізацыі ТБМ ствараюцца пры наяўнасці не менш, чым дзвюх суполак або 10 сяброў ТБМ. У гарадах з раённым дзяленнем гарадскія арганізацыі ТБМ ствараюццца пры наяўнасці не менш чым дзвюх раённых арганізацый або 50 сяброў ТБМ.

Цяпер існаванне асобных суполак у гарадах ці раёнах неабавязковае, як гэта было раней. Дастаткова толькі мець спіс як мінінум 10 сяброў на тэрыторыі ўсяго раёна ці горада і арганізацыю ўжо можна ставіць на ўлік, не дзелячы яе на асобныя суполкі. У абластных гарадах і ў г. Бабруйску павінна быць ці дзве раённыя арганізацыі ці 50 сяброў ТБМ.

У сувязі з гэтым просім усіх кіраўнікоў даслаць нам новыя спісы сваіх сяброў з іх подпісамі ў неабходных для легальнага існавання памерах.

Неабходныя ўзоры бланкаў мы вышлем у чэрвені ў кожную структуру якая стаіць на дзяржаўным уліку.

Зараз мы стварылі новы сайт ТБМ (захаваўшы пры гэтым стары), на якім мы выставілі новы статут ТБМ, і з ім можа азнаёміцца кожны ахвочы.

З 30 красавіка мы аднавілі нашыя гістарычныя сустрэчы ў сядзібе ТБМ і іншых месцах. Ахвочыя могуць сустрэцца з такімі вядомымі пісьменнікамі, гісторыкамі, мастакамі і журналістамі як Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Содаль, Анатоль Грыцкевіч, Захар Шыбека, Аляксей Кароль, Аляксей Марачкін, Уладзімр Колас, Алена Анісім і іншымі. Плануюцца іх выезды ў гарады Заслаўе, Маладзечна, Асіповічы і Баранавічы. Сачыце за абвесткамі ў газеце "Наша слова" і іншых газетах, на нашым сайце, тэлефануйце ў сядзібу ТБМ. Прысутныя на семінарах змогуць таксама бясплатна атрымаць цікавыя кнігі, брашуры і газеты.

Трэба працягнуць збор подпісяў за вяртанне абавязковага выкладання беларускай мовы ў ВНУ нашай краіны, асабліва дабівацца адпаведнага запісу ў новы закон аб вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Таму, за працу сябры, бо пад ляжачы камень вада не цячэ.

З павагай

старшыня ТБМ Алег Трусаў

Канферэнцыя Менскай абласной арганізацыі ТБМ

У нядзелю (29-га красавіка) у менскай сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Менскай абласной арганізацыі Таварыства. Са справаздачным дакладам па дзейнасці арганізацыі за перыяд з 2005 па 2006 гады выступіла яе старшыня - спадарыня Таццяна Трубач. Аб выніках працы Рэвізійнай камісіі за гэты ж перыяд часу дала справаздачу спадарыня Ганна Аксючыц.

Пасля таго, як дэлегаты заслухалі абодва даклады, адбыліся выбары старшыні Менскай абласной арганізацыі, а таксама выбары ў Раду і зацвярджэнне складу Рэвізійнай камісіі Менскай абласной арганізацыі.

Большасцю галасоў новым старшынём быў абраны прадстаўнік маладой генерацыі ТБМ, сябра Маладзечанскай гарадской арганізацыі, студэнт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь спадар Алейнік Юры Леанідавіч. Ягоным намеснікам стаў старшыня Слуцкай гарадской арганізацыі ТБМ спадар Курыльчык Мікола Пятровіч.

У склад Менскай абласной Рады былі абраныя 5 асобаў: Трубач Таццяна Георгіеўна (Заслаўе), Малаш Юры Леанідавіч (Заслаўе), Алейнік Юры Леанідавіч (Маладзечна), Борын Алег Мікалаевіч (Салігорск) і Курыльчык Мікола Пятровіч (Слуцк).

Старшынём Рэвізійнай камісіі абраны Лаеўскі Дзяніс Уладіміравіч (Маладзечна). У склад Рэвізійнай камісіі таксама ўвайшлі Бародка Зміцер Міхайлавіч (Барысаў) і Палівода Святаслаў Мікалаевіч (Маладзечна).

З запрошаных гасцей на Канферэнцыі прысутнічаў Кіраўнік спраў ТБМ сп. Сяржук Гуркоў, а таксама старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ спня Алена Анісім, якая распавяла аб аднаўленні газеты "Новы час", што пасля доўгага перапынку распачала стала выходзіць з сакавіка гэтага году.

Госці пажадалі новаабраным кіраўнікам і радцам плённай працы на карысць Таварыства і Беларусі.

Падрыхтаваў Сяржук Гуркоў.


Пачувацца нашчадкамі Каліноўскага...

Гутарка карэспандэнта газеты " Наша слова " са старшынём Гомельскай абласной грамадскай арганізацыі " Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ", пісьменнікам Анатолем Бароўскім .

- Спадар Анатоль! Гэты год у тваім жыцці звязаны зь юбілеем?

- Ды як сказаць... Я пражываю жыццё на год раней. Як гэта? Нарадзіўся пад час вайны, у траўні сорак трэцяга... Але бацькі мой дзень нараджэньня запісалі на год раней. Бо былі праблемы пасля вайны. Маглі задаць бацьку пытанне: як гэта я нарадзіўся тады, калі па ўсёй краіне ішла вайна? А бацька, Мікола Сямёнавіч, з Ельшчыны, настаўнік. На акупаванай тэрыторыі кароткі час вучыў дзяцей у школе, а потым адправіўся на фронт... Маці, нябожчыца, расказвала, як да іх у хату прыходзіў Ян Налепка, камандзір чэхаславацкага партызанскага атрада, хаця называлі ўсе яго па псеўданіме - Рэпкін. Прасіў чамусьці маці, каб яна дазволіла патрымаць немаўля на руках, - мусіць, любіў дзяцей. А праз колькі месяцаў, сёмага лістапада, калі яго атрад спрабаваў захапіць Давыд-Гарадок, загінуў у баі... Але гэта, так бы мовіць, да слова. Пагэтаму я і ў школу пайшоў на год раней, як і служыць у войска...

- Твая працоўная кніжка не ўмясціла ў сябе запісы тваіх пасадаў і месцаў працы, кадравікі завялі і другую... Гэта што, як раней казалі, "лятун"?

- Мне ў нейкім сэнсе пашанцавала, што я паспытаў рознага хлеба. Гэта мне вельмі спатрэбілася потым, калі я ўзяўся за пяро. Бацькі пераязджалі з месца на месца. Не ведаю, чаму, але бацьку, як настаўніка, пераводзілі з адной школы ў другую. І я вучыўся ў розных школах - то ў "рускай", то ў беларускай. Мешаніна атрымоўвалася... А сярэднюю школу заканчваў у Асавецкай СШ, дзе выкладалі паруску, а я давучваўся ўжо са сваімі падручнікамі на роднай мове, не жадаючы да канца ламаць свой светапогляд. Добра, што на гэта настаўнікі не звярталі ўвагі.

Пасля школы адразу падаўся ў настаўнікі. Загадчык Петрыкаўскага райана Краўчанка, пабачыўшы мой атэстат сталасці, згадзіўся прызначыць мяне настаўнікам у Турбінскую пачатковую школу. А за мяне пайшлі прасіць яго мае старэйшыя настаўнікі - Анатоль Кашэвіч і Лёня Канавалаў. Тое было дзевятага студзеня 1961 года... А восенню я паступіў у Мазырскі педагагічны інстытут - на факультэт пачатковых класаў. А вясной наступнага года мяне "забрылі" ў войска. Служыў ў Нямеччыне. У арміі шмат пісаў (у асноўным, па начах) - у армейскія газеты, у беларускія. Пасля службы, перавёўшыся на завочнае аддзяленне, пачаў працаваць у Мазырскай раёнцы. Прапанавалі працу ў райкаме партыі. Быў без кватэры, таму згадзіўся, мяркуючы, што яе атрымаю на пасадзе інструктара. Але нечакана мяне зноў "паклікала Радзіма" - на два гады лейтэнантам у Полацк: начальнікам клуба без клуба. Вярнуўся ў Мазыр, пачаў працаваць у таварыстве "Веды" - адказным сакратаром. Гаркам партыі - год. Намеснікам дырэктара вучэльні геалогіі. Падчас працы напісаў нарыс "На далёкай буравой" і адаслаў у "Чырвоную змену". Нарыс атрымаў першае месца ў конкурсе і мяне тадэшны рэдактар Валодзя Касько запрасіў на працу ў рэдакцыю. Пятнаццаць гадоў быў уласным карэспандэнтам па Гомельскай вобласці... Пасля гэтага ў Гомелі на розных пасадах - рэдагаваў газету пра Чарнобыльскую катастрофу "Красавік86", у гарвыканкаме...

- Сапраўды, шляхі пакручастыя. Ты сказаў, што ўсё тое спатрэбілася потым... Якім чынам?

- Спатрэбілася ў творчай працы. Працаваў у райкаме партыі - бачыў, што гэта за праца, бачыў хлусню, несправядлівасць, падман, знявагу... Яшчэ больш у глыбокую багну ўскочыў, калі працаваў у гаркаме партыі, "першым" тады быў Анатоль Малафееў. Дыктатар ён быў страшэнны, усе дрыжэлі перад ім і баяліся, калі каго выклікалі на бюро. Пры мне чалавека пасля бюро схапіў інфаркт і ён памёр там жа, у гаркаме. Тады я і зразумеў, што такое партыя, хто такі Ленін, і хто такія служкі гэтай крывавай арганізацыі... Таму, калі я выпісваў вобразы ці факты таго часу ў сваіх аповесцях, мне не трэба было браць у некага інтэрвію, усё адбывалася на маіх вачах, а пры іх метадах уздзеяння на маю асобу, я сам ледзве не адправіўся на той свет...

- Пра гэта...

- Пра гэта я часткова напісаў у сваёй кнізе "Пякельны рай". Рай нам абяцалі бальшавікі і камуністы, а атрымалася, што мы пабудавалі пекла... Самае сапраўднае. І яшчэ сяння не можам выблытацца з яго, яшчэ пячэ некаторых настальгія па эсэсэсэры, пагэтаму і працягваюцца гульні са стварэннем клона з той жа абрэвіятурай...

- Вось мы і падышлі да Анатоля Бароўскага - пісьменніка. Настаўнік, журналіст, творца... Што гэта для цябе?

- Я сяння нікому не падпарадкоўваюся. Ні начальнікам, ні кіраўнікам. А толькі Богу і ідэі адраджэння. Мне ніхто не ўказвае, як трэба пісаць, пра каго трэба пісаць. І - пра што пісаць. Пра сённяшні час я паталагічна пісаць не магу. Я "жыву" падзеямі альбо стопяцьсот гадоў таму назад, альбо ў будучыні... Жыву сяння часам Кастуся Каліноўскага, калі было паднята паўстанне супраць расейскіх прыгнятальнікаў. Думаў, што зраблю аповесць. Але атрымалася так, што мне стала цесна ў рамках гэтага жанру. Чым больш я стаў паглыбляцца ва ўзаемаадносіны Вікенція Канстанціна Каліноўскага і яго нарачонай Марыі Ямант, у іх светлае і боскае каханне, у прычыны паразы паўстання, у супярэчнасці таго часу, тым ясней станавілася, што прыйдзецца адмовіцца ад ранейшай задумы, і твор перарастае ў раман. Калі яго скончу, не ведаю. Можа, гэта твор усяго майго жыцця...

Напісаў раманфантасмагорыю "Спакушэнне" - часопісны варыянт быў у "Полымі". Чамусьці захацелася перакласці яго на расейскую мову. Чаму? Бо, думаю, трэба, каб ведалі пра мяне і ў суседняй дзяржаве. Пра што раман? Пра тое, як чалавека на кожным кроку падсцерагае спакушэнне, пра тое, як адрозніць дабрыню ад зла, сапраўднае ад прывіднага... Раман пра каханне, пра адказнасць чалавека на гэтай зямлі. Нас штодзённа падсцерагае д'ябал, сатана. Пра тое, як трэба чытаць Біблію - пасланне Бога да нас...

- А што, дарэчы, Анатоль, напісана за ўвесь час?

- Дарогу ў літаратуру, лічу, даў мне слынны Генадзь Бураўкін. Гэта ён, калі рэдагаваў часопіс "Маладосць", падпісаў у 1978 годзе да друку маю аповесць "Тросніца". І ў №2 наступнага года яна ўбачыла свет. Пасля гэтага - "Каліна пад акном" ("Мастацкая літаратура"), праз нейкі час кніга прозы - "Азірніся ў каханні", у тым жа выдавецтве, кніга публіцыстыкі "Цеплыня", "Чорны бусел - белы цень" - пра чарнобыльскую катастрофу. Дарэчы, у мінулым годзе ў сааўтарстве з нямецкай пісьменніцай Лізэлотэ Потэц мы яе выдалі ў Нямеччыне - яна ўключыла ў кніжку сваё бачанне чарнобыльскай праблемы...

Асобна потым у часопісе "Маладосць" друкаваліся аповесці "Да свайго берага", "Бронікафганец", фантастычнаалегарычная аповесць "Ахутавана", "Сцеражыся майго гневу"... Нешта чакае свайго выхаду, а нешта яшчэ ляжыць у стале, і рукі не даходзяць скласці з іх яшчэ некалькі кніжак. Мо і не рукі тут вінаваты, а недахоп "зеляніны"... Але гэта праблема ўжо ўсіх творцаў.

- Ведаю, што адпраўляешся зрэдку на эцюды - малюеш. Акрамя гэтага заявіў сябе як паэт. Пэндзаль і паэзія - хобі?

- Ды не. У рамане "Спакушэнне" галоўны герой - мастак. Пакуль пісаў раман, пражыў жыццё чалавека з пэндзлем. Герой прызнаецца ў каханні і чытае жанчыне свае вершы. Не прасіць жа мне сваіх сяброў - Анатоля Зэкава ці Генадзя Бураўкіна, каб яны напісалі "прызнанне" для майго героя... Чаму ж не магу сам тое зрабіць? Пагэтаму магу сказаць так - паэзія дапамагае прозе, а проза - паэзіі, маляванне - прозе і паэзіі, і наадварот... Здаў у друк кнігу вершаў "З бліскавіцай заручуся". Сам яе афармляў, даў шмат сваіх малюнкаў. Дарэчы, выдаю яе тарашкевіцай. Уступнае слова напісаў мой сябра Анатоль Зэкаў.

- Спадар Анатоль? Ты - рамантык і ідэаліст. Фантазёр у сваіх творах. А ў жыцці што цябе сама найбольш абрадавала б?..

- Быў бы шчаслівы, калі б, прыйшоўшы ў храм, пачуў бы літургію на роднай мове... Калі б вакол сябе чуў штодзённа родную мову, без расейскіх мацюкоў і непрыстойных выразаў... Калі б па тэлебачанні і радыё не пачуў бы ніводнага слова на земежнай мове - ні ў песнях, ні ў словах дыктараў; калі б, ідучы па сваім горадзе ці па Менску, чытаў назвы вуліцаў і праспектаў на роднай мове, каб героі айчынных фільмаў гаварылі на нашай мове... Быў бы шчаслівы, каб нашая грамадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы" абудзіла ў сэрцах і душах людзей пачуццё годнасці і гонару за сваю нацыю, каб і кіраўнік дзяржавы быў у першых радах, як і належыць па абавязку... Бог даў нам зямлю і мову. І - чалавечую годнасць. І было ад Яго папярэджанне, што ніколі не атрымае жаданага той, хто звяртаецца ў малітвах да Яго не на сваёй мове, не напаткае шчасце таго, хто грэбуе сваім родным і згінаецца перад чужымі сімваламі і ідаламі...

Мы ўсе павінны адчуваць сябе нашчадкамі Кастуся Каліноўскага.

- Спадар Анатоль! Дзякую за гутарку! Рэдакцыя зычыць вам добрага здароўя, поспехаў у творчасці, новых кнігаў, і плёну ў нашай агульнай працы на ніве адраджэння. І - просьба: ці не маглі б вы прапанаваць з вашай кніжкі для нашых чытачоў некалькі вершаў?

- З задавальненнем! І вам дзякую за зычанне і віншаванні з нагоды дня маіх народзінаў!

Наш кар.


Анатоль Бароўскі

Айчыне

Трызьню ў сьне васількова-жытнёвым полем,

мрою штодня, што вырасьцеш волатам-Дрэвам,-

магутным і непахісным, не баючыся маланак,

перакананы - так яно будзе і сапраўды.

Бо навошта ж лёс выдзяліў табе нечалавечыя пакуты

і жаданьне заставацца навекі вечныя вольнай,

дамогшыся ў рэшце рэшт сваёй роднай мовы, -

толькі на ёй у Бога адмолім свае грахі...

Трызьню роськвітам тваім, мая любая Айчына,

мрою сьветла, што слава твая ўзьляціць да зораў,

зычу моцы Табе і шчасьлівай Долі.

Перакананы - так яно будзе і напраўду.

Бо навошта ж жыцьці свае аддавалі

слынныя сыны - Касьцюшка і Каліноўскі?!

Выпрамімся. Уздымем горда русявыя да неба галовы

і крыкнем ва ўсю моц нашых горлаў:

«Жыве, браткі, нашая радзіма - Беларусь!..»

Сейбіт

Генадзю Бураўкіну

Іду я па мінным полі,

стужкай мне сьціснулі вочы…

Ці то сам я выбраў такую долю,

ці мне Бог яе напрарочыў?..

Крок ступлю - узрываецца сэрца,

адначасна і радасьць - яшчэ жывы!

А душа вырываецца, птушкай б'ецца, -

яе клічуць зь нябёс журавы…

Другі крок - і губляю сьвядомасьць,

ды не падаю - доўжу аднак бяду,

мрою - ў полі, ля роднага дома,

я босы зь сявенькай па полі іду…

Трэці крок - я раблю асьцярожна,

але дзесьці ў сабе я хаваю ўздых…

Усё жыцьцё пражываў так дзень кожны, -

бы празь міннае поле - усе гады…

На чацьвёртым - грымнула… ў небе, -

не адчуў чамусьці сваіх ног я і рук…

Плыў ужо птахай над пульхнаю глебай,

радасна песьню мне баяў жаўрук.

Пяты крок - ні ў раі я, ні ў пекле, -

слодыч мройнасьці - радасьці ўзьлёт, -

як казала крушніцкая бабуля мне Тэкля -

добра, як сьмерць саладзей за мёд.

Шосты крок - крычыць нехта: «Ня трэба!..»

Ня пускае наперад… і мне ж нельга назад…

Не пасею… як сейбіт у полі я хлеба, -

няўжо падсьцярог мяне ён - снарад?!

Сьпелым калосьсем хвалюецца жыта,

чую зь нябыцьця незабыты той гук…

Колькі стагодзьдзяў няўзнак перажыта, -

поле ж маё дасявае Андрусь - мой унук.


Добры дзень паважаная рэдакцыя.

Дзякуй вам за патрэбную, але няпростаю спаву злучаць усіх, каму дарагая наша мова і культура.

У №15 за 11 красавіка гэтага года змешчана меркаванне Алеся Яжэвіча аб артыкуле сп. Л. Дзіцэвіч "Новае пазітыўнае мысленне ў ТБМкансруктыўны шлях паразумення".

Прапаную апартунізм ці канфармізм сп. Дзіцэвіч злучыць з жорскім прэсінгам Алеся Яжэвіча і гэтым аднавіць працу ТБМ і пакінуць лепшае, што ёсць у нашай агульнай справе беларусізаціі. Прапаную канкрэтныя справы.

- Упэўнена, што мае сэнс выпусціць шэраг паштовак і значкоў, нашлёпак са слоганамі:

1) "Каб любіць Беларусь нашу мілаю трэба мовай яе размаўляць";

2) "Найкаштоўнейшы здабытак культурымова".

- А таксама па магчымасці шырока распачаць палеміку ў друку на тэмы:

а) Калі чыноўнік, любога рангу, не карыстаеца мовай краіны, вялікі сумніў, што такі чыноўнік здолен прынесці карысць краіне;

б) А калі чыноўнік нават не здольны вывучыць мову, то вялікі сумніў у ягоных інтэліктуальных здольнасцях, а гэта ўжо пагроза нацыянальнай бяспецы.

- Дабівацца ўнесці ў заканадаўства краіны закон аб абавязковай публічнай здачы іспыту па роднай мове ўсім кандыдатам у дэпутаты і чыноўнікам.

- Заснаваць народныя прэміі за лепшыя беларускамоўныя перадачы на ТБ і радыё ( у рэшце рэшт, калі ўлада сёння гэта не робіць, то гэта не значыць, што гэта не павінна існаваць).

Давайце разам вызначымся:

а) як павінны выглядаць народныя ўзнагароды;

б) намінацыі;

в) працэс вылучэння намінантаў;

д) галасаванне;

ж) дзе і як праводзяць узнагароджанні.

Таксама лічу патрэбным больш значна скарыстоўваць інтэлектуальны патанцыал ТБМ. Напрыклад, думаю я не адна б з задавальненем авлодала беларускай лацініцай, праслухала б лекцыі аб падабенстве і адрозніванні беларускай і іншых славянскіх моваў, пажадала б больш дасканала пазнаёміца з Статутам ВКЛ (што у ім было перадавога на час стварэння, што актуальна і сёння); пазнаць адкуль нашы прозвішчы, назвы гарадоў і рэк; што такое паганства ў гістарычнай Літве (без апошняга не магчыма стараць гістарычныя кнігі), аб старабеларусакай, ці дакладней, ліцьвінскай кухні і шмат іншага, што тычыца нашай культуры, нашага самавызначэння. Назіраю, што гэта ўжо даўно мусіруецца ў калянавуковай газеце "Аналитическая газета "Секретные расследования", якая карыстаецца попытам, яе наклад скаладае 18390 эк.

А што тычыцца апартунізму, канфармізму, радзікалізму дык гэта звычайная справа ў жыцці. Галоўнае не кусаць адзін аднаго, канструктыўна ставіцца да крытыкі і "шукаць кансэнсунс", як казаў адзін вядомы рэфарматар.

Беларусь будзе жыць, пакуль мы будзем жыць і дзейнічаць.

Зычу ўсім добрага настрою, добрага здароўя і плёнай працы.

І. Лойка.


ЯК "НАША СЛОВА" АДЗАВЕЦЦА

Інжынерам і прарабам чалавечых душ прысвячаецца

Пачну з завяршальнага фрагмента артыкула Лявона Баршчэўскага "Дзе ж праўда, спадар Казлоў?", што ў сярэдзіне сакавіка 2007 года быў выдрукаваны ў тыднёвіку "Наша слова". Ён піша: "...не ведаю: ці варта даваць каштоўную газетную плошчу тым людзям, якія гавораць НЕ СВАІМІ словамі?" Гэта ён пра гутарку ў папярэднім нумары таго ж тыднёвіка з рэдактарам "ЛіМа" Анатолем Казловым, прыўрочаную да юбілею старэйшай газеты творчай інтэлігенцыі. (Нешта ні разу не чуў я (ў жывым эфіры) крытыкі на адрас сваіх работадателей ад супрацоўнікаў радыё "Свабода" (хоць вусныя завугольныя скаргі даводзілася выслухоўваць неаднойчы) альбо іншых апазіцыйных выданняў (не раз спачуваў уціску з боку кіраўніцтва супрацоўнікам газет "Народная воля" і "Наша Ніва"). А вось ад А. Казлова вы патрабуеце сказаць "Б", не даючы яму вымавіць "А"...

Дык мы ж агульначалавечыя дэмакратычныя каштоўнасці на мэце маем, спадар Галубовіч, скажуць яны мне, а не талстоўскае "непротивление злу"... Што ж, я разумею ваш пасыл, як і ведаю тое, што "лепш быць воўкам, чым гаўкаць з сабачай будкі", хоць воўчая воля і сабачая няволя ў нечым сходныя. Іх яднае першароднасць. Мабыць, гэтак як нас беларушчына...

Пабыўшы ў розных лагерах, хачу шчыра зазначыць: і левыя і правыя ў пытаннях ідэалагічнай барацьбы аднолькавыя: яны нават творчых людзей дзеляць на "нашых" і "вашых"... Адсюль вынікае і іх спрадвечны дэвіз: бі сваіх, каб чужыя баяліся.

Але па вялікім рахунку, артыкул спадара Баршчэўскага задумваўся на абструкцыі магчымых новаўвядзенняў у школьныя праграмы па літаратуры: на крытыцы міністэрства адукацыі і кіраўніцтва СПБ, што не навіна. Аднак, каб зрабіць прэснаваты змест агульнай рэплікі больш уежным , ён усё ж, памаякоўску кажучы, "исперчил" яго прозвішчамі беларускіх літаратараў, як вялікіх (вядома ж, "сваіх"), так і дробных (вядома, "чужых", праўда не называючы, а загнаўшы іх у глухі безвыходны падтэкст). Цікава, для чаго і каго гэта пісалася? Бо - пра немагчымае па сутнасці. Ну, хіба Арлоў, Някляеў, Бураўкін, Законнікаў ды Іпатава (між іншым, усе, апроч Арлова, пенсіянеры) пойдуць, скажам, на маё, Марукова, Зэкава, Наварычава, Федарэнкава месца і будуць рачкаваць па 8 гадзін у дзень на ніве зарослай пырнікам і ад таго не надта ўрадлівай беларускай літаратуры за такія грашы (у рублёвых асігнацыях, канечне ж)?..

А падругое, няўжо названыя мной рэдактары холдынгавых выданняў, што маюць тыражы за 3000 асобнікаў кожнае, менш таленавітыя і прафесійныя, чым названыя Баршчэўскім? А калі браць мастацкую творчасць (адкінуўшы калялітаратурную кан'юнктуру), то зноў жа, ці пераважаць тыя г этых ? Пытанне рытарычнае . Ды і Алеся Разанава, шаноўны Лявон Пятровіч, не прыбірайце вы "да рук", не праватызуйце, бо з якой гэта пары ён стаў "вашым" ці "нашым"? Разанаў - панад усімі. Вось бы з каго абодвум бакам прыклад браць (на каго раўняцца)... Найперш - у творчасці, але і ў мудрай грамадзянскай пазіцыі таксама. Пачытайце ім напісанае і сказанае (прааналізуйце сумленна пражытае і перажытае ім), у тым ліку і на радыё "Свабода". Здаровая глыбокая нацыянальная пазіцыя сучаснага інтэлектуала і творцы, без бздуры і эмацыянальных дзіцячых уcплёскаў ды пустых мыльных пухіроў... Учытайцеся ды ўслухайцеся.

Зрэшты, няхай гэта вырашаць чытачы...

Даўно заўважна, што для некаторай часткі вельмі свядомых беларусаў галоўным стала не справу зрабіць , а своечасова прагаварыць яе (а іншым разам, і ўвогуле загаварыць), засвяціцца , як кажуць...

Прамінулае святкаванне Дня Волі ў нечым таксама гэта пацвердзіла. І калі многія былі ўражаныя тым, што на шэсце прыйшло даволі шмат моладзі, то я быў засмучаны, што пераважная бальшыня яе была, на жаль, рускамоўнаю... Пра што і з кім дыскутаваць тут чалавеку, які больш як чвэрць свайго жыцця свядома паклаў (і пакладзе яго даастатку!) на алтар адраджэння беларушчыны... І калі ўжо мы з вамі не можам паразумецца на беларускай мове, то на рускай - пагатоў. Ці вы думаеце іначай? Зрэшты, вам лягчэй, вы разумееце і размаўляеце на шмат якіх мовах, то, пэўна, і з гэтай моладдзю сумоўе знойдзеце...

І ў працяг тэмы: чаму палітычна заангажаваныя літаратары апелююць не да рускамоўных выданняў ("СБ", "7 дней", "Знамя юности" і да т.п.), а да беларускамоўных ("ЛіМ", часопісы "Полымя", "Маладосць")? Ёсць над чым задумацца людзям, якія змагаюцца за нацыянальную беларускую ідэю.

Дарэчы, у гасцінай холдынга РВУ "Мастацкая літаратура" як вісела так і вісіць выдатная карціна Алеся Марачкіна (спадар Баршчэўскі ў сваім артыкуле ўпамінае і дыскрымінацыю гэтага таленавітага мастакаадраджэнца)... І ніхто яе здымаць не збіраецца. Бо - мастацтва .

У звязку з гэтым, пра публікацыю тэкстаў і твораў тых ці іншых літаратараў у выданнях холдынга. Колькі раз прасілі (у тым ліку і я асабіста) даць новыя творы "апазіцыйных" літаратараў! Не даюць, кажуць, "западло" у вас друкавацца, гэта ценем ляжа на наш імідж барацьбітоўадраджэнцаў (альбо: няхай першым Янка ў вас надрукуецца, а я ўжо следам за ім, а Янка наадварот кажа, няхай спачатку Алесь паспрабуе, а я пасля яго)... Але не ўпомні ты пра іх новыя кніжкі альбо юбілеі ці, не дай Бог, пра чый зямны скон - першым ворагам акажашся і крыўды да канца жыцця не абярэшся! Некралог на смерць сябра СБП напісаць для "ЛіМа" ці хоць бы па тэлефоне яго замовіць няма каму (ат, можа, Галубовіч напіша)... "Дзеяслоў", праўда, рэгулярна выдаюць і апошнім часам дадатак пры газеце "Наша слова" (нешта тыпу раёнкі)... Скажуць, што ты наязджаеш на сваіх хлопцаў, ты ж ведаеш, у якіх умовах яны жывуць і працуюць, праяўляючы мужнасць і гераізм у змаганні з праклятым таталітарызмам... Ведаю. Таму і кажу.

Зімой, пасля чарговага з'езда СБП я меў столькі папрокаў з боку калег і ў прэсе (канкрэтна ад С. Законнікава) за тое, што не ў той графе і не так тлуста "паставіў птушачку" аб праведзеным мерапрыемстве... І што ж маем сёння пасля таго: анічога не маем, нават таго, што яшчэ нядаўна было...

Вы ўсё плачаце па Васілю Быкаву (спадзяючыся займець за гэта адпаведныя палітычнаму часу дывідэнды), як быццам Беларусь такая бедная, што апроч адышоўшага генія, ужо і не мае нікога ( "няхай жа хоць будзе Янка Купала" ), збоку выглядае, што аднаго Быкава ведаеце і выдаеце, пра яго аднаго гаворыце (з прымешкам Барадуліна). Але ж, прабачце, спадарства, мастацкая проза В. Быкава выдадзена і шмат разоў перавыдадзена і яшчэ будзе перавыдавацца, бо сапраўды вартая. Бо талент вялікі і непараўнальны.

Але што ж вы ўсё за яго спіною хаваецеся, пакажыце народу нарэшце і свае ўласныя (як вы пішаце: выдатныя ) творы мастацкай літаратуры. Ці настолькі яны ўжо адпаведныя, каб несмяротнай нацыянальнай класікай быць названымі?!

А хто ж, даражэнькія, (пакуль вы сябе знакамітых выдаеце, дарэчы, як "левыя", так і "правыя") падумае пра іншых - гаротных, сіратлівых і сціплых творцаў - пра Міколу Купрэева, скажам (якому 25 мая 70 гадоў споўнілася б). Рукапіс яго прозы так ніхто і не парупіўся выдаць, хоць менавіта на радыё "Свабода" У. Арлоў са шчырым спачуваннем кажа, што "пасьля кожнага Міколавага візыту ў рэдакцыю я доўга ня мог дасягнуць душэўнага спакою, спрабуючы ўявіць, як ён жыве - хворы, незразуметы ... " То чаму ж, маючы такую спагаду да чалавека і яго творчасці на словах, не зрабіць нешта на справе - парупіцца агульнымі высілкамі ды выдаць не такую ўжо і вялікую па аб'ёме літаратурную спадчыну апальнага пісьменніка, хоць частачку якога гранта на гэта выдзеліўшы? Не можам, кажуць, няма грошай, самі вунь прарабамі працаваць на будоўлю ходзім... Ну, што ж, выдадзім М. Купрэева ў холдынгу, як, дарэчы, пазалетась Васіля Гадульку выдалі (дзякуй вялікі Л. Дайнеку за спансіраваны ім літаратурны праект). А прэзентацыю пасмяротнага зборніка "Голас" да юбілею трагічнага таленавітага паэта (17 мая 2006 года яму было б 60 гадоў) хіба парупіўся хто зрабіць? Гэтыя выклятыя паэты, відаць, слабымі апазыцыянерамі былі, пра дэмакратыю мала дбалі, за свабоду Айчыны не змагаліся, а ўсё пісалі ды пісалі свае ціхія словы беларускага смутку і любові. Тым і жыць у народзе сваім будуць. Творчасцю.

Між іншым, В. Іпатава, як і Л. Баршчэўскі, пра ўсё тыя ж змены ў школьных праграмах па літаратуры абураючыся, параіла чыноўнікам ад асветы ўключыць у планавыя праграмы і тых (маладзейшых), хто, на яе думку, сваёй творчасцю гэтага ўжо заслугоўвае, а менавіта: А. Пашкевіча, Б. Пятровіча, Э. Акуліна і М. Скоблу... Ну, хоць бы для блізіру, як колісь Пятрусь Броўка, якім Юрасём ці Андрэеем разбавіла Вольга Міхайлаўна кіраўнічую вярхушку СБП (прычым выстаўленую па пасадным ранжыры)... У такім разе, апазіцыйнае спадарства, няма чаго здзіўляцца з'яўленню ў тых жа праграмных раскладах Мікалая Іванавіча, Анатоля Юр'евіча, Віктара Аляксандравіча і Міхаіла Паўлавіча... Будзьце ж адэкватнымі .

Напрыканцы свайго артыкула спадар Баршчэўскі ўвогуле ўзвышаецца (а мо прыніжаецца?) да ўласнай персоны. Піша, які ён бедны і з усіх бакоў загнаны, але ж дабрадушны і непрымірымы. Калі прыйшла нагода, маўляў, узяў ён, і аддаў кіраўніцтва ПЭНЦэнтрам у надзейныя рукі Уладзіміра Някляева... таму, што ён Паэт ...

Ну, калі ўжо так прыпіраеце да спавядання, то няхай вам пры нагодзе раскажа спадар А. Бяляцкі, як я яму пры адных колішніх (дэмакратычных) выбарах таксама сякоетакое кіраўнічае месца саступіў (пра ўсякае іншае казаць устрымаюся). А што да "хрушчоўкі, то і я, мілейшы Лявон Пятровіч, лепшай "квадратнай долі" ні пры якай уладзе не заслужыў, хоць законная магчымасць была, і права меў, і першым у Літфондзе на чарзе стаяў, як кажуць, ды, пэўна, і вам вядома, куды (і каму) усё магчымае сплыло (між іншым, ужо пры Лукашэнку)... І нарэшце - наконт вашай падпрацоўкі прарабам на будоўлі - гэта, скажу, у вас яшчэ не горшы варыянт; мне даводзіла на заводзе і металёвую стружку падмятаць, і цэментны раствор на насілках цягаць, і на свінаферме смярдзючай электрыкам быць, і на слупы жалезабетонныя без апахмелкі лазіць... Як бачыце, далёка вы ад мяне стаялі, шаноўны Лявон Пятровіч, са сваёй інтэлігенцкай беларучнасцю... Таму - і пра мараль, і пра чалавечы гонар - не талдычце, будзь ласка, штрэйкбрэхеру Галубовічу. Лепш сваім сябрам ды калегам сядытады пра тое напамінайце...

Многія, пэўна, скажуць, ну чаго гэты ЛеГАЛ зноў на ражон лезе, прамаўчаў бы, ціха пасміхнуўшыся, як усе мудрыя людзі робяць (заадно б, можа, з цягам часу бліжэй да "сваіх" падпусцілі)...

Але я ўпарты і думаю, што мы павінны весці пазітыўны дыялог. Няхай і не надта далікатны. І не толькі з уладай, але і паміж сабой... Пабеларуску і за беларускае. Айчына ж адна.

Леанід ГАЛУБОВІЧ.


У паралельным свеце

Вершы Сяргея Панізьніка

Ясната

Згубілася хвіліна ў цемнаце:

напэўна, на душы былі пацёмкі.

I пацерак жыцця няма нідзе.

У палітычных зацемках - круцёлкі.

Па сходнях неба веташок брыдзе.

У невідочным спыніцца Сумежжы...

Баюся: не сатрэцца ў грамадзе

той Час, які дзяржаве не належыць?

У звадзе, у забульканай вадзе

мігцяць ад нерашучасці пярсцёнкі.

Хвіліна як асва на барадзе:

уджгнула так, што захацеў сцюдзёнкі.

Памацаў неба: Маладзік пры мне!

А Час не для аблуды па паперцы:

- Хто йдзе па левай, правай баразне?

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Я - напрамкі. Чакаюць на паверцы.

Унучцы Міланьцы

1

Дзе закапана пупавіна, -

заземлены душа і лёс.

Ступіць на ганак не павінна

планіда з кропелькамі слёз.


Міланька першы крок спаволіць,

каб на прыступачцы жыцця

сустрэў Анёл, які намоліць

прастор, абраны для дзіця.


Дарога ўецца ля парога

ўзлятае з ганачка-стальца. . .

І толькі пупавіна строга

душу трымае ля вянца -


гнязда бацькоўскага, прытулку

любові, роднасці , красы...

... Гляджу: Міланька - скок! - на вулку,

а ружа - хоп! - за валасы.

2

Хто на чарзе

бутонам пахваліцца?

Пад ружамі півоні расцвілі.

Стараецца

суквецці даць зямліца.

А хто там на чарзе,

дзе мы плылі

праз палісад бутонамі любові -

на прадаўжэнне звонкай пекнаты?

Цвіце Міланька

з кветкамі півоні...

. . . . . . . . . . . .

Узносіць палісаднік малады

і нашы радаводныя гады.

У паралельным свеце

Шкада, няма знаёмцаў

у паралельным свеце.

Не ведаю я слоўцаў

сустрэць іх і прывеціць.


Напэўна, там - шчасліўцы,

анёламі ў іх дзеці...

Няўжо адны рупліўцы

у паралельным свеце?


I што яднае з намі,

тых, верхніх, або ніжніх?

Прыслужнымі, панамі

вядзе іх Светлакніжкнік?


А мы - жывыя творы!

Лёс круціць нас і верціць.

Дзяржава нам не дворык

у паралельным свеце.

Фальклорны ўсмех

- Хто цяпер ка мне прытуліцца...

Хоць да статуі прыўкленч.

Дзе ты, дзеўка на ўсю вуліцу?

Стала бабай на ўсю печ.


Мой дзядок амаль дзюралевы...

Пры гаршчку стаіць гаршчок.

Сталі мы - усе - дзіравыя

ад падэшваў аж да шчок.


Ну й жыццё: лягла не клята я,

не прымятаю ўстаю.

Крошкі дзеду з куранятамі

са спадніцы выдаю:


- Цып-цып-цып-цып...

Пуль-пуль-пуль...


I не цоп!

I не пад куль.


ПАД НЕБАМ КУПАЛЫ І КОЛАСА

Калі краіна ўшаноўвае сваіх вялікіх песняроў ,

яна і памяць умацоўвае ,

яна і праўду ўратоўвае

і справядлівасць для вякоў

Гэтымі радкамі Даві-да Сімановіча, якія сталі своеасаблівымі эпіграфамі, пачыналіся купалаўскі і коласаўскі ўрокі ў віцебскіх бібліятэках імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Абодва творчыя заняткі прайшлі па старонках кнігі Давіда Сі-мановіча "Подорожная Александра Пушкина" (у якой ёсць эсэ пра песняроў) і па яго публікацыях "Лета ў Ляўках", "Якуб Колас на Віцебшчыне".

І аўтар, і бібліятэкары, і настаўнікі, і вучні віцебскіх школ № 21 і 35 разам узнаўлялі жыццёвыя і творчыя старонкі класікаў. Гучалі вершы ляўкоўскага перыяду Купалы, урыўкі з коласаўскіх паэм "Новая зямля" і "Сымон-музыка". Вельмі важным для школь-нікаў было тое, што на працягу гэтых творчых гадзін узгадвалася тое, што было звязана з песнярамі на Ві-цебшчыне - і пачатак працоўнай дзейнасці Янкі Купалы ў Беліцы, і настаў-ніцтва Якуба Коласа ў вёсцы Сані на Талачыншчыне, і прыезды пісьменнікаў на Віцебшчыну, іх сустрэчы і выступленні (Якуб Колас у 1926 годзе вітае адкрыццё Беларускага другога дзяржаўнага тэатра, які пазней, у 1944 годзе будзе з гонарам несці яго імя, ставіць па яго творах спектаклі). На купалаўскім уроку шмат узгадвалася пра лета ў Ляўках, калі былі створаны многія творы вялікага пісьменніка. Студэнты віцебскай музычнай вучэльні імя Салерцінскага выконвалі народныя песні, якія любілі песняры.

Гэтыя сустрэчы з моладзю сталі першымі ластаўкамі 125-гадовага юбі-лею вялікіх класікаў ў Прыдзвінні, які сёлета мы адзначаем.

Ацём Арашонак, г. Віцебск.


ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ФАКУЛЬТЭТ МАСТАЦТВАЎ І ГІСТОРЫІ КУЛЬТУРЫ КАМБІНАВАНАЯ ПРАГРАМА "БЕЛАРУСІСТЫКА"

Бакалаўрскія праграмы:

«Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія»

«Ахова і выкарыстанне культурнай спадчыны»

«Візуальны дызайн і медыя»

«Тэорыя і практыка сучаснага мастацтва»

Магістратура:

«Ахова і інтэрпрэтацыя культурнай спадчыны»

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА ЎСІХ БАКАЛАЎРСКІХ ПРАГРАМАЎ

• вочная і завочная формы навучання;

• актыўнае выкарыстанне ў навучанні сучасных інфармацыйных тэхналогій;

• фундаментальная міждысцыплінарная падрыхтоўка ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук;

• фармаванне камунікатыўных і крэатыўных навыкаў;

• валоданне дзвюмя замежнымі мовамі і магчымасць вывучэння літоўскай мовы і культуры;

• на большасці факультэцкіх праграмаў лекцыі і семінары праводзяцца на беларускай, рускай, англійскай, французскай і нямецкай мовах;

• атрыманне дыплома дзяржаўнага ўзору Літоўскай Рэспублікі, які прызнаецца ў краінах Еўрапейскага Саюзу.


Аснову камбінаванай праграмы "Беларусістыка" складае разуменне гісторыка-культурнай спадчыны як аднаго з важнейшых рэсурсаў палітычных, сацыяльных, культурных і эканамічных трансфармацый, што забяспечваюць інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую прастору.

"ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ І КУЛЬТУРНАЯ АНТРАПАЛОГІЯ" - гэта

• дыплом "бакалаўр гісторыі" еўрапейскага ўзору;

• грунтоўныя веды па беларускай, еўрапейскай і сусветнай гісторыі, культурнай антрапалогіі, этналогіі, археалогіі;

• унікальная магчымасць жыць і вывучаць гісторыю ў горадзе, вуліцы якога памятаюць вялікага князя Гедзіміна, першадрукара Францішка Скарыну, паэта Адама Міцкевіча і паўстанца Кастуся Каліноўскага. У Вільні жывуць традыцыі шматнацыянальнага Вялікага Княства Літоўскага, дзе пераважаў дух нацыянальнай і рэлігійнай талеранцыі;

• сустрэчы і кантакты з вядомымі беларускімі гісторыкамі, пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі і палітыкамі.

• Выпускнікі праграмы могуць працаваць навуковымі супрацоўнікамі музеяў, экскурсаводамі, выкладчыкамі гістарычных дысцыплінаў, выступаць у якасці экспертаў па праблемах гістарычнай спадчыны, весці самастойныя даследа-ванні ў галіне гістарычнай навукі альбо працягваць навучанне ў магістратуры.

Кіраўнік праграмы: доктар гістарычны навук Аляксандр Фёдаравіч Смалянчук,



Двухмоўе "Камунаркі"

На прадукцыі менскай кандытарскай фабрыкі тэхналагічныя надпісы выкананы , як правіла , на рускай мове . Але назва пішацца на дзвюх дзяржаўных мовах .

Што ж, дзякуй і за гэта.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX